Ад перакладчыка: гэты рэдакцыйны артыкул, верагодна, напісаў Людвік Абрамовіч.
Вялікі князь маскоўскі Іван ІІІ быў ініцыятарам частых наездаў і пагранічных інцыдэнтаў з Літвой. У змове з татарамі ён арганізоўваў збройныя выправы, рабаваў і паліў вёскі і гарады і нават забраў некалькі пагранічных паветаў. Таму вялікакняскі літоўскі двор вырашыў праз шлюб зрабіць з ворага спакойнага суседа. Вялікі князь Аляксандр пачаў дабівацца рукі дачкі Івана Алены. Перамовы ішлі цяжка, бо абодва бакі бачылі гэтую справу выключна палітычнай.
Маскоўскія ўмовы былі не толькі вельмі цяжкімі, але і наўпрост былі накіраваны супраць самой княжны. Яна мела быць бязвольнай прыладай палітыкі свайго бацькі. У выпадку, калі яна выходзіла замуж за Аляксандра, Алена не толькі павінна была захаваць сваё веравызнанне, але ёй забаранялася стаць каталічкай, нават калі яна сама гэтага пажадае. Таму нікога не магла здзівіць умова, што дзе б яна не жыла, яна павінна мець у сваім двары ці замку праваслаўную царкву (не капліцу!) для адпраўлення набажэнства. Гэтак маладой жанчыне была наканавана цяжкая і няўдзячная роля апосталкі праваслаўя на захадзе.
А палітычная роля? З гэтага часу пад яе выключнай апекай будуць знаходзіцца ўсе праваслаўныя на землях ВКЛ, прычым яна павінна была пільнаваць - не маючы ніякай выканаўчай улады - каб іх колькасць не памяншалася, а наадварот расла. Уся жаночая частка двара Алены павінна была складацца з праваслаўных баярынь і нават уся прыслуга павінна была быць грэцкай веры. Кожнае парушэнне гэтай шлюбнай дамовы ў вачах Івана Васільевіча будзе дастатковай нагодай да пачатку ваенных дзеянняў супраць новай айчыны Алены. Трэба толькі ўдумацца ў гэтыя небывалыя ў сваім родзе ўмовы, каб зразумець ўвесь трагізм маладой княжны, якая пакінула крамлёўскія церамы і прыехала ў такую чужую для яе Літву, дзе сутыкнулася з жахамі жыцця, поўнага фальшы і здрады, якія бацька прыгатаваў сваёй "любімай" дачцэ ў новай айчыне.
Знаходзячыся ў цяжкай сітуацыі, вялікі князь Аляксандр быў прымушаны згадзіцца на такія цяжкія і нават недарэчныя для ўнука Ягайлы ўмовы. Можа, ён меў надзею, што такім чынам атрымае спакой у стасунках з Масквой, з якой яму было цяжка змагацца ўласнымі сіламі.
Аляксандр адразу адчуў моцнае расчараванне. Шлюб з Аленай адбыўся ў 1495 г., аднак ён не прынёс такога патрэбнага для Літвы спакою з Масквой. Перад усім Іван Васільевіч не заплаціў запісанага ў дамове пасагу, і Алена прыбыла ў Вільню, не маючы нават патрэбнага адзення, якое ёй быў вымушаны купіць малады муж, каб яна не кампраметавала вялікага князя, бо сама стала ўжо вялікай літоўскай княгіняй. Ведаем, што тагачасны віленскі двор не быў яшчэ надта багатым і пыхлівым, якім стаў потым. Іван, не зважаючы на ўсё гэта, адразу пасля шлюбу пачаў засыпаць Аляксандра скаргамі на тое, што яго дачцэ ў Вільні робіцца вялікая крыўда. Увесь час у Вільню з Масквы прыязджалі розныя паслы, нястомна імчаліся ганцы са скаргамі на тое, што да гэтага часу ў віленскім замку не пабудавана праваслаўная царква, і таму княжна мусіць хадзіць у гарадскую царкву, на тое што яе шлюб адбыўся не ў царкве, а ў катэдральным касцёле, што літоўскія дваране не маюць належнага шанавання да праваслаўя, што прымацаваныя да Алены фрэйліны - каталічкі, і інш. Уступчывы Аляксандр на ўсе гэтыя крыўды і скаргі адказваў з вялікай ветлівасцю, якая межавала нават з пакорай. Як з рогу багацця на Івана сыпаліся каштоўныя і вялікія дары, а шчодрасць да Алены не мела межаў. Таксама вялікія падарункі атрымлівалі амбасадары і пасланцы Масквы, якія былі прыстаўлены Іванам сачыць за дачкой і даносіць у Маскву. Аднак усё гэта было дарэмна. Іван ІІІ не меў сентыментаў і толькі шукаў нагоды для прычэпак. Узурпаваўшы сабе тытул цара ўсёй Русі, уладар Масквы толькі чакаў часу, каб па яго разуменні атрымаць праўныя падставы дамагацца беларускіх тэрыторый, што і прывяло ў 1500 г. да вайны Івана разам з татарамі супраць Літвы. Але мы адышлі ад нашай тэмы трагедыі жонкі караля Алены.
Шлюб Аляксандра з Аленай маскоўскай пахаваў усе надзеі і не прынёс шчасця Літве. І хто ведае, дакуль завялі б Івана яго хітрасць і каварства, калі б не важныя палітычныя падзеі, якія нечакана спынілі далейшыя інтрыгі Масквы. Адной з такіх падзей было стварэнне Польшчай шырокай антытурэцкай лігі, другой - нечаканая смерць ад апаплексіі караля Альбрыхта, якая зрабіла вялікага князя ВКЛ Аляксандра яшчэ і польскім каралём. Тое, што не зрабіла шчодрасць і дыпламатычнасць Аляксандра, хутка зрабіла калектыўная моц. Аднак калі ў Мельніцкім акце польская шляхта адмовілася падтрымаць караля ў яго барацьбе з Масквой, Іван Васільевіч не марудзіў з выкарыстаннем выгаднай кан'юнктуры і высунуў новыя прэтэнзіі да зяця: Аляксандр сам каранаваўся на польскі трон, але не каранаваў сваю жонку. Відочна, Іван не жадаў зразумець таго, што польскае права не дапушчала каранацыі асоб, якія не належалі да рымскага касцёла. Наогул, праваслаўная Алена ў доўгім спісе польскіх жонак польскіх каралёў была асобай незвычайнай і адзінай такой з'явай.
Вядома, што Аляксандр зрабіў у Вавелі для жонкі грэцкую капліцу, дзе адбываліся набажэнтвы і ўсходнія спевы праваслаўнага духавенства разыходзіліся па ўсіх каралеўскіх мурах, якія стылёва належалі да эпохі сярэднявечнай готыкі. Гэта моцна раздражняла польскіх магнатаў і настройвала іх супраць Аляксандра і Алены. Кароль загадаў дваранам тытулаваць яго жонку каралевай і тое ж прасіў у вышэйшых дзяржаўных дастойнікаў, таму, з бегам часу, да такога тытулавання прызвычаіліся, і яно ўвайшло ў звычку. Аднак уся сям'я караля ў душы была супраць гэтага. Незадаволены ўсім гэтым маскоўскі ўладар няспынна настройваў сваю дачку супраць яе новай радзімы, намаўляў яе ўвесь час патрабаваць ад мужа пасадаў, бенефіцый і кляйнотаў. Казаў, што пасля смерці мужа, Алена нічога не атрымае ад дзяржавы, бо некаранавана як каралева. Каб яго навука і парады не прайшлі марна для дачушкі, клапатлівы Іван штогод прысылаў да яе новых духоўных асоб, якія з аднаго боку павінны былі трымаць Алену пад уплывам бацькі, а з іншага, як шпіёны павінны былі цікаваць за ўсім і даносіць у Маскву. Як бачым, на долю Алены не выпаў лёс са звычайнымі для яе становішча дварцовымі інтрыгамі, а выпаў выключны лёс, які вымагаў ад яе нязвыклага маральнага гарту.
Алена знаходзілася паміж молатам і кавадлам, яе душыла крывадушнасць і фальш. Яна баялася прама выступіць супраць волі свайго бацькі, перад якім дрыжала з дзяцінства. Але розум, а можа і сэрца, схілялі маладую жанчыну ў бок мужа, караля Аляксандра, які быў добры да яе і, вагаючыся, тым не менш выконваў нават яе празмерныя жаданні. Бясспрэчна, у Алене ішла цяжкая ўнутраная барацьба, калі па загадзе бацькі яна была прымушана рабіць нешта такое, што не прымала сэрца, сумленне і доўг, і неаднаразова яна атрымлівала загад выступіць супраць мужа і новай айчыны. З бацькоўскага дома яна не атрымала нават пасагу, а ад мужа мела шмат багатага, вышытага золатам адзення, каштоўныя футры, цудоўныя шпалеры з тканіны, цэлыя штукі парчы і турэцкай тканіны, мноства высакаякасных кляйнотаў і шмат рознай маёмасці. Маскоўскі церам не выхаваў Алену да самастойнага жыцця, не прыгатаваў да ролі жонкі манарха вялікай заходняй дзяржавы. Што ж яна магла зрабіць у той страшэннай сітуацыі, якая стварылася вакол яе? Не раз яна па-жаночы, нясмела, жалілася ў лістах да бацькі, пра тое, што ён занадта верыць шпіёнам, што ніхто яе не прымушае змяніць веру і ніхто тут не прыгнятае праваслаўны народ. На такі сардэчны ліст дачкі Іван звычайна адказваў рэзка, абвінавачваючы яе ў няпраўдзе: "Ты, дачка, у сваім лісце шмат і недарэчна да нас пісала - не павінна ты была пісаць такія рэчы. Пісала нам, што быццам табе ў грэцкай рэлігіі не было ніякага прымусу ад мужа. Гэта няпраўда, нам добра вядома, што твой муж нядаўна да цябе пасылаў "адшчапенца" ад грэцкага закона - смаленскага ўладыку, а таксама епіскапа смаленскага і манахаў-бернардынаў, каб ты прыступіла да рымскага закона - не да цябе адной пасылаў, да цэлай Русі, якая трымаецца грэцкага закона, каб навярнуць ў рымскі закон". І што павінна была рабіць Алена з такім шалёна ўпартым чалавекам? Ён бачыў толькі тое, што адпавядала яго планам.
Такі цяжкі і напружаны, напаўваенны стан яе жыцця цягнуўся гадамі, ажно да смерці Івана ІІІ у 1503 г.
Калі трон перайшоў да сына і роднага брата Алены Васіля, адбылося невялікае паляпшэнне, якое, аднак, хутка закончылася. Васіль Іванавіч слепа прытрымліваўся палітыкі свайго бацькі і няспынна ціснуў на сястру, каралеву Алену, каб яна ні на крок не адступала ад праваслаўя, павыганяла з свайго двара каталічак і атачыла сябе праваслаўнымі, бо і сапраўды, у Літве хапала моцных радоў грэцкай веры. І Васіль дабіўся таго, што не змог зрабіць яго бацька - дайшло да таго, што ўвесь двор Алены пачаў складацца з маскавітаў і маскавітак, хаця жонкі літоўскіх баяраў не ўхіляліся ад Алены. Жывучы сярод так ненавіснага ў Літве і Польшчы атачэння, Алена страціла сваю першапачатковую прыхільнасць да абодвух народаў, звыклася з новым атачэннем і ўсё больш падпадала пад уплыў свайго брата Васіля.
Гэта выявілася падчас цяжкай хваробы Аляксандра ў Вільні, калі Алена ўспомніла бацькоўскі запавет збіраць маёмасць і скарб на выпадак свайго ўдоўства. Пачала тады складваць каштоўныя рэчы, якія атрымала ад мужа, у некалькі вялікіх скрыняў і схавала свае скрыні ў віленскіх бернардынаў. Законнікі, кіруючыся сваімі прынцыпамі, напачатку не жадалі прыняць яе дэпазіт, і трэба было прыкласці шмат намаганняў, каб, спасылаючыся на волю Аляксандра, які быў асаблівым дабрадзеем ордэна, яны прынялі скарб пад сваю пільную апеку.
У 1506 г. у Вільні памёр кароль і вялікі князь Аляксандр, ён быў пахаваны ў склепе мясцовай катэдры. Вялікім князем абралі брата памёршага - Жыгімонта, які хутка быў абраны і каралём Польшчы. Адной з яго першых спраў стала шчодрае і багатае забеспячэнне ўдавы караля. Па жаданні Алены, яе сталай сядзібай стала месца далёкае ад Кракава і нават Вільні, але блізкае да такой мілай для яе маскоўскай мяжы. Гэта жаданне магло выклікаць падазрэнне, бо дазваляла лёгка падтрымліваць сувязь з царом Васілём і Масквой, але каралеўская сям'я згадзілася і на гэта. Кароль Жыгімонт І прывілеям ад 04.01.1507 г. забяспечыў будучыню сваёй братавой пажыццёвым наданнем ёй замка Бельск разам з гарадамі Суражам і Бранскам з валасцямі вакол гарадоў, з усімі даходамі, якія давала гэта маёмасць: "І са ўсімі баярамі і службамі путнымі, і людзьмі цяглымі, і даннікамі Бельскага павета, і з іх усімі землямі, і з данню грашовай, мядовай, баровай, кунічнай, і з копшчынамі, і з мытнымі грашамі, і з чыншам". З гэтага надання кароль выключыў толькі не вельмі значны даход з вайсковай каморы ў Бельску, неабходны для патрэб ВКЛ. Жыгімонт такім чынам жадаў забяспечыць спакой на межах ВКЛ і прыхільнасць цара Васіля.
Паменшыўшы па парадзе цара свой двор, Алена пачала збіраць капіталы. Для каго? Ніхто гэтага не ведаў бо аўдавела яна бяздзетнай, і гэта толькі падвышала самотнасць жанчыны.
Гэтак прайшло некалькі гадоў. Удава караля цалкам самотна жыла ў сваім Бельскім замку. Вяльможаў з Літвы, Русі ці Польшчы, якія яе наведвалі, прымала вельмі рэдка і выразна без ахвоты, таму ад яе хутка ўсе адсунуліся. Толькі праваслаўная ліцвінка княжна Заслаўская, таксама з роду Рурыкавічаў і нават далёкая сваячка Алены, засталася разам з удавой. Увесь астатні двор Алены, па традыцыі, складаўся з радавітых маскавітаў.
Дзякуючы такому свайму атачэнню, Алена заўсёды мела аднабаковую інфармацыю і таму радыкальна памяняла свае першапачатковыя ўяўленні і нават свой характар. У першыя гады замуства яна была, з-за добрага сэрца, агульнапаважанай жанчынай, была прыязнай да свайго мужа і новай айчыны і заўсёды бараніла Аляксандра ў лістах да бацькі. Зараз усё змянілася. Іван, пагражаючы дачцэ божым неблагаславеннем і бацькоўскім пракляццем, змог разбудзіць у ёй крайні эгаізм. А пасля смерці мужа яна адчула сябе ў Літве цалкам чужой а з бегам часу стала хцівай на грошы. Колькасць скрынь з каштоўнасцямі, якія яна дэпанавала ў віленскіх бернардынаў, паступова павялічвалася да чатырнаццаці.
Маючы дзіўны давер да бернардынаў-лаціннікаў, а не праваслаўных чарняцоў з цэркваў Св. Тройцы ці Св. Духа ў Вільні, Алена часам рабіла інспекцыю каштоўнасцям і сачыла за тым, каб усе скрыні з некранутымі пячаткамі былі на месцы. Калі падскарбі Алены прыязджаў для кантролю, ён для гэтага напачатку мусіў атрымаць дазвол ад гвардыяна, а зрабіўшы кантроль, пакінуць гвардыяну распіску.
Пасля пэўнага зацішша справа Алены зноў стала актуальнай. Для Жыгімонта, які знаходзіўся ў Вільні, новае маскоўскае пасольства стала цалкам нечаканым. Пасольства пажалілася каралю на тое, што каралеву Алену, нягледзячы на яе ўдоўства і спакойнае жыццё ў Бельску, усе роўна намаўляюць да пераходу ў лацінскі абрад і пераследуюць за грэцкае веравызнанне.
Перад усім Васіль шукаў casus belli, повад да вайны, да якой Масква вельмі рыхтавалася. Кароль Жыгімонт на маскоўскія закіды адказаў, што ўжо даўно не думае пра навяртанне Алены і з яго акружэння гэта таксама нікому не трэба. У канцы аўдыенцыі маскоўскі пасол папрасіў дазвол наведаць Алену на адваротным шляху, і кароль з задавальненнем гэта дазволіў. Хутка пасольства выехала з Вільні.
У Бельску Алена з вялікай радасцю і задавальненнем прыняла маскоўскае пасольства. Відочна, што, акрамя выказвання павагі дачцэ Івана, маскоўскі пасол меў яшчэ і іншыя намеры і прасіў Алену дазволіць размаўляць з ёй адзін на адзін. Удава караля прызначыла яму дзень, гадзіну і месца ў адной з праваслаўных цэркваў Бельска. Каб ніхто не падслухаў, узяла з сабой толькі княжну Заслаўскую. Пакінуўшы яе ў царкве, сама выйшла на прылеглае поле (могілкі?) і там, на адлегласці ад людзей, мела з паслом вельмі важную размову, якая датычыла жыццёвых інтарэсаў як Літвы і Польшчы, гэтак і Масквы. Яна паведаміла паслу, што вырашыла пакінуць Літву і назаўсёды вярнуцца ў Маскву. Што датычыць яе скарбаў, схаваных у кляштары віленскіх бернардынаў і ў розных замках, дык яна жадала патроху перавезці іх у Браслаў і перадаць свайму брату цару Васілю, каб той меў дастаткова сродкаў для вайны з Літвой і Польшчай, якія яна зараз ненавідзіць усёй душой, бо памятае, як яе не дапусцілі да каранацыі, памятае, як яе не ўспрымалі і стараніліся. Мала таго, Алена жадала, каб брат Васіль, на чале шматтысячнага войска нечакана напаў на Браслаў і перавёз яе скарб у Маскву. Пры гэтым захапіў пажыццёва аддадзеныя ёй воласці і замкі і адлучыў гэту вялікую тэрыторыю да Масквы. Перадаўшы ўсё гэта паслу, адпусціла яго дадому.
Зараз цяжка зразумець, ці нарадзіўся гэты праект у галаве Алены, ці быў ёй падсунуты кімсьці з маскоўскіх дваран ці духавенства, якія яе атачалі. Аднак ён моцна абурыў яе сяброўку княжну Залескую. Хоць яна і была праваслаўнай з Рурыкавічаў, але адчувала сабе ліцвінкай у сэнсе прыналежнасці да дзяржавы і не толькі не была здольнай удзельнічаць у планаванай здрадзе, але і жадала каб на яе не ўпала нават цень міжвольнага ўдзелу ў гэтай акцыі.
Што было ёй рабіць? Пра ўсё княжна паведаміла Аляксандру (Альбрэхту - Л. Л.) Гаштольду, які знаходзіўся ў гарадзенскім замку. Вельмі амбітны і казачна багаты, гэты магнат марыў [...] калі не пра каптур вялікага князя, дык, як найменей, хацеў вылучыць з Літвы для сябе нейкае ўдзельнае княства са сталіцай ў Гародні. Любіў, каб яго называлі "князям гарадзенскім", але афіцыйна гэтага тытулу не ўжываў. Ён вёў уласную тайную палітыку і любіў па жыцці хадзіць сваімі дарогамі. Не дбаючы на каралеўскія ласкі і добрыя стасункі, гэты літоўскі вяльможа не напісаў пра намеры Алены каралю а, карыстаючыся з побыту ў Гародні некалькіх бернардынаў, якія вярталіся пасля місіі ў Вільню, паслаў праз іх ліст да знакамітага віленскага гвардыяна а. Яна з Камарова (Камароўскага), паведаміўшы гвардыяну пра небяспечныя планы Алены і парадзіў яму не выдаваць дэпазіту, які захоўваўся ў віленскіх бернардынаў "нават самой каралеве Алене". Адначасова радзіў, каб віленскія бернардыны самі пра ўсе паведамілі каралю і чакалі яго выраку.
Віленскі гвардыян Камароўскі моцна занепакоіўся. Разумеў, што праблемы з дэпазітам Алены могуць пахіснуць добрае імя кляштара і ордэна. Інфармацыя пра скарб Алены, якая павінна быць тайнай, стала шырока вядомай. Тады Камароўскі вырашыў як найхутчэй пазбыцца гэтага дэпазіту і звярнуцца з просьбай да віленскага ваяводы Радзівіла, каб гэты першы ў Літве дзяржаўны дастойнік забраў сабе скарб Алены. У якасці аргумента сказаў Радзівілу, што паколькі Алена не была каранавана, а засталася толькі вялікай княгіняй, дык менавіта ваяводзе павінна належыць апека да скарбам. На такую прапанову віленскі ваявода Радзівіл адказаў:
"Пажартавалі з вас, ойча гвардыне і ашукалі! У гэтых скрынях, дакладна, няма ніякіх кляйнотаў і каштоўнасцяў, а ёсць толькі простыя камяні, якія беглая маскавітка, толькі для людскіх вачэй у вас пакінула як быццам багаты дэпазіт, а сапраўдныя скарбы ў іншым месцы схавала".
"Не, міласцівы пане ваявода, - адказаў на гэта гвардыян, - гэта ёсць сапраўдныя каштоўнасці і кляйноты, якія я на ўласныя вочы бачыў, калі ў Вільню прыязджаў падскарбій Алены з яе лістом і пячаткай. Тады адчынілі адну са скрынь і вынялі з яе сорак залатых і срэбных кубкаў, якія яна загадала прывезці да яе ў Бельск. Тады ж бачыў мноства бясцэнных кляйнотаў у пудэлках рознай велічыні, якія знаходзіліся ў той скрыні, і я перакананы, што ў іншых скрынях маюцца такія ж каштоўнасці".
Ваявода паверыў гэтым словам Камароўскага і пачаў выпытваць яго пра тое, адкуль гвардыян ведае пра планы Алены і пра збройны замах Масквы на землі Літвы. Гвардыян адказаў, што яму гэта ў лісце напісаў Гаштольд, на што ваявода адказаў яму гэтак:
"Я сам … ва ўласныя рукі гэту справу не вазьму, але буду радзіцца з панамі літоўскімі. На ўсялякі выпадак, абавязваю вас, ойча гвардыян, пільна сцерагчы гэты дэпазіт, і не выдаваць нікому, нават каралеве Алене, а калі нехта захоча забраць скарб гвалтам, дык паведаміць мне, і я адразу паспяшаюся з дапамогай".
Патрэба ў такой дапамозе з'явілася хутка. Неўзабаве, пасля апісанага выпадку, у віленскіх бернардынаў з'явіліся пасланцы Алены з яе лістом, у якім быў загад выдаць усе яе скарбы. Гвардыян а. Камароўскі адказаў, што дэпазіт зараз знаходзіцца пад апекай ваяводы і без яго дазволу, выдадзены быць не можа. Не дапамог ні гнеў, ні просьбы ні пагрозы пасланцаў - яны паехалі з нічым. І ваявода і гвардыян добра разумелі, што разгневаная каралеўская ўдава ужыве іншыя спосабы, каб дабіцца сваёй мэты. Баяліся, каб падбухтораны сястрой цар Васіль, жадаючы здабыць горад разам з дэпазітам, зараз жа пойдзе на Браслаў і Вільню.
Асцярожнасць прымушала думаць пра небяспеку сталіцы і ўсяго краю. З гэтай мэтай ваявода Радзівіл склікаў нараду чатырох паважаных літоўскіх дыгнітарыяў. Разам яны вырашылі, што асабіста паедуць да Алены і ад імя караля Жыгімонта будуць імкнуцца дамовіцца з ёй. Так і зрабілі. Каб Алена не магла адмовіцца, сказалі, што ведаюць усе яе намеры, а менавіта: назаўсёды пакінуць Літву, план вывазу сабраных скарбаў і нават намер адарваць ад Літвы памежныя тэрыторыі. Пры сустрэчы паведамілі Алене, што ёсць каралеўскае пажаданне, каб яна не пакідала Бельскі замак і не збіралася ехаць у Браслаў. Гэта быў фактычна хатні арышт удавы караля, і не дзіўна, што выслухаўшы такія пажаданні літоўскіх паноў, Алена ўпала ў гнеў і ўсяляк іх абазвала. Тады адзін з літоўскіх паноў звярнуў яе ўвагу, што не трэбы так клясці паслоў, бо справу дэпазіту ўзнялі не яны, а віленскія бернардыны, якія і ёсць пачынальнікі ўсёй гэтай буры. Але гэта не супакоіла Алену і яна як найгорш развіталася ў літоўскімі панамі. У яе з'явілася думка адпомсціць бернардынам праз забарону плаціць ім са сваіх валасцей міластыню, прызначаную яшчэ віленскаму кляштару каралём Аляксандрам.
Хутка стала вядома, што літоўскія паны занадта злоўжывалі магчымасцю казаць ад імя караля. Яны даведаліся, што няма добрай рацыі перашкаджаць удаве былога караля і братавой Жыгімонта І пакідаць Бельскі замак ці ехаць у Браслаў. Тады ваявода Радзівіл даслаў да Алены ліст пра тое, што ёй нішто не перашкаджае рабіць гэтыя справы і адразу, атрымаўшы навіну, Алена з 5 асобамі выехала з Бельска. Ці заехала ў Браслаў, ці адразу паехала ў Маскву, зараз ужо невядома. Аднак яна не мела прадчування, што гэта будзе яе апошняя дарога … Праз некалькі тыдняў па Літве разышлася пагалоска, што яна "хутка памерла … атручана". Бернардынскі хранікёр Ян з Камарова гэтак падае прычыну атручэння: паны баяліся яе здрады, бо некалькі тысяч маскоўскага войска з'явілася ў ваколіцах Браслава, і толькі інфармацыя пра смерць Алены прымусіла іх адступіць у межы сваёй дзяржавы.
Трагічная і загадкавая смерць дачкі Івана ІІІ і Зоф'і Палеолаг, жонкі караля - Алены, здарылася 29 студзеня 1513 г., на 18-м годзе яе жыцця ў Літве і 7-м годзе ўдаўства. Расійскія гісторыкі няслушна пішуць пра яе намер уцячы ў Маскву са скарбамі і даводзяць, што Радзівіл захапіў яе ў царкве і ўвязніў у Троцкім замку.
Па яе жаданні, Алену пахавалі ў падзямеллях Прачысценскага сабора ў Вільні, прычым, над яе магілай першапачаткова быў размешчаны абраз Маці Божай Адзігітрыі, які яна атрымала ў дар ад бацькі і прывезла з Масквы ў Вільню. Срэбная магільная табліца была аздоблена трыма гербамі: маскоўскім, літоўскім і польскім. Гэта пахаванне існавала да 1800 г., калі з яго была знятая табліца, якая ўжо больш ніколі не была вернута на сваё месца. Цяжка зараз сказаць, які лёс мелі парэшткі Алены.
Эпілогам трагедыі Алены была галосная справа яе дэпазіту. Як толькі сціхлі жалобныя пахавальныя спевы ў Прачыстай царкве, скарб Алены пачаў лічыцца безгаспадарчым, што ўзбудзіла розныя апетыты. На яго меў вялікія прэтэнзіі брат нябожчыцы, маскоўскі цар Васіль, які нядаўна быў разбіты пад Смаленскам і ледзь уратаваўся уцёкамі. Таму ён не меў ніякага шанцу збройна ўзяць Вільню і забраць сабе скарб. Меў жаданне стаць гаспадаром скарбу і Гаштольд, які свае амбітныя сепаратысцкія планы добра падпарадкоўваў клопатам аб узрастанні асабістага багацця. Таксама на скарб прэтэндавалі літоўскія паны, якія даводзілі, што спадкі беспатомна памёршай вялікай княгіні належаць толькі дзяржаве Літва.
Аднак перамаглі спрытныя віленскія бернардыны, большасць з якіх была палякамі. Яны так накіравалі справу, каб уся велічэзная маёмасць Алены (400 000 дукатаў, на такую суму ў той час можна было правесці не адну, а некалькі войнаў), дасталася выключна Польшчы. Зрабілі яны гэтую справу нягледзячы на тое, што ваявода Радзівіл быў верны традыцыям самастойнай Літвы і не падтрымліваў бернардынаў у гэтай справе. Таму манахі абмінулі ваяводу і падчас побыту караля ў Познані знайшлі да яго іншую дарогу. Кароль, які нічога не ведаў пра дэпазіт, усцешыўся навіной і адразу загадаў Радзівілу і яшчэ чатыром літоўскім дастойнікам, правесці інвентарызацыю скарбу з усіх 14-ці куфраў, потым перавезці скарб у Віленскі замак і трымаць яго пад апекай ваяводы да прыезду караля. Ваявода Радзівіл з прыкрасцю сустрэў гэты загад, але падпарадкаваўся волі караля. Скарб складаўся з грошай, каштоўнасцяў, вопраткі, шпалераў, габеленаў, футраў і г. д. і чатыры натарыюсы - тры лаціннікі і адзін грэцкай веры, ад ранку да вечара перапісвалі рэчы нябожчыцы.
24 чэрвеня таго жа года (1522 г.? - Л. Л.) ў Вільню прыехаў кароль Жыгімонт. Ваяводам ужо стаў Гаштольд, а пасаду падскарбія заняў Абрам (Абрам Езафовіч? Але ён памёр у 1519 г. - Л. Л.). Гэтым асобам было загадана прывезці дэпазіт у Віленскі замак, для перавозкі спатрэбілася 16 коней. Пасля агляду скарбаў нават прызвычаены да багаццяў кароль быў моцна ўражаны колькасцю і якасцю рэчаў. Ён добра ўзнагародзіў паноў, якія праводзілі інвентарызацыю, а айцу-гвардыяну віленскіх бернардынаў абяцаў спрыяць свецкім кар'ерам яго родных братоў. Каралева Бона загадала для віленскага касцёла бернардынаў зрабіць арнаты з залатой парчы і прыгожых персідскіх тканін з куфраў Алены, але пасля ад'езду з Вільні кароль і каралева, верагодна, забыліся пра свае абяцанкі.
Кажучы пра гэта, нават кс. Часлаў Багдальскі, які дрэнна ставіўся на ліцвінскага сепаратызму, аўтар кнігі "Бернардыны ў Польшчы" [1], на падставе якой мы напісалі гэты нарыс, заўважыў: "Засталася толькі … абяцанка-цацанка". Звычайна менавіта такую ўзнагароду атрымліваюць людзі духоўнага стану, якія кіруюцца ўтылітарнымі поглядамі.
Skarby królowej Heleny // Pregląd Wileński. 1934. № 11. S. 2-5.; 1934. № 12. S. 2-5.; 1934. № 13. S . 2-4.; 1934. № 14. S. 2-4.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
[1] Bogdalski Czesław. Bernardyni w Polsce. 1453-1530. T. 1-2. Kraków, 1933.