Артыкулы пра пошукі магілы Вітаўта
Ад перакладчыка:
Прапаную падборку перакладаў артыкулаў з віленскай прэсы 1930-х гг., прысвечаных тэме месца пахавання вялікага князя ВКЛ Вітаўта.
Першым ідзе пераклад рэдакцыйнага артыкула "Пшэглёнду Віленскага", напісанага ў 1930 г. яшчэ да археалагічных раскопак у Віленскай катэдры, якія адбыліся ў 1931 г. Аўтар артыкула (верагодна - рэдактар выдання) пераказвае вядомую да таго часу інфармацыю пра магілу Вітаўта і аптымістычна лічыць, што парэшткі вялікага князя захаваліся да нашага часу.
Другі пераклад - цікавы артыкул слыннага віленскага знаўцы старажытнасцяў доктара Станіслава Лорэнца, напісаны і надрукаваны ў 1933 г. У ім д-р Лорэнц падае больш рэалістычную інфармацыю пра лёс парэшткаў вялікага князя
Трэці пераклад - тэкст з "Пшэглёнду Віленскага" за 1935 г., у якім пераказваецца і аналізуецца артыкул гісторыка мастацтва кс. доктара Слядзеўскага, надрукаванага ў тым жа годзе ў выданні "Пакс".
Магіла вялікага Вітаўта
Пра месца вечнага спачыну вялікага літоўскага ўладара мы ведаем сёння не толькі тое, што раней ведаў Адам Кіркор, інфармацыя якога была ў свой час надрукавана ў малавядомай сёння кнізе "Базіліка Літоўская", выдадзенай у Кракаве ў 1886 г., але і з працы Ул. Загорскага пра Віленскую катэдру св. Станіслава, у якой ён падаў вынікі даследаванняў Кіркора ў кароткім пераказе.
Вялікі князь Вітаўт у сваім тастаманце ад 21 кастрычніка 1430 г. выказаў пажаданне быць пахаваным у катэдральным касцёле св. Станіслава пад алтаром св. Міхала Арханёла разам са сваёй жонкай Ганнай. Праз 6 дзён, 27 кастрычніка 1430 г. ён памёр. Кароль Ягайла, унук Вітаўта - вялікі маскоўскі князь Васіль, вялікі князь Свідрыгайла і шмат іншых паноў, якія прыехалі з-за мяжы на з'езд ў Трокі, з вялікай урачыстасцю перавезлі парэшткі Вітаўта з Трокскага замка ў Віленскую катэдру. Тут была выканана яго воля - вялікага князя пахавалі пад алтаром св. Міхала Арханёла каля жонкі Ганны.
Дзе знаходзіўся алтар св. Міхала Арханёла? Маем пра гэта дакладную інфармацыю ў апісанні пахавання Вітаўта, напісаную літоўскім храністам: "Паклалі ягонае цела ў Вільні, у замку, у касцёле святога Станіслава, з левага боку ад алтара, каля дзвярэй у закрыстыю". Таму відочна, што алтар св. Міхала стаяў недалёка ад дзвярэй сакрыстыі, парэшткі знаходзіліся не ў асобнай капліцы пры катэдры, а ў галоўным гмаху, у хоры з левага боку. З актаў капітулы ведаем, што перад пажарам 1530 г. сакрыстыя месцілася ў паўднёвай частцы даўняга касцёла.
Бельскі і Стрыйкоўскі пісалі, што для помніка Вітаўту была ўжыта вялікая ваенная харугва з выявай вялікага князя на кані. Пажар 1530 г. знішчыў гэты помнік.
Самы працавіты з віленскіх даследчыкаў, праф. Міхал Гамаліцкі, які старанна вывучыў акты капітулы і зрабіў неабходныя з іх выпісы, станоўча сцвярджаў, што магіла Вітаўта ў катэдры, адбудаванай Бернардам Занобі пасля пажару, знаходзіцца ў паўднёвай частцы прэзбітэруюма і хора капітулы, бліжэй да сярэдзіны вялікага алтара, паміж першай і другой парай калон касцёла. Без сумневу, у тым месцы, дзе спачывае Вітаўт, павінен знаходзіцца і супольны, сямейны склеп даўніх літоўскіх князёў, якіх хавалі тут ажно да пабудовы каралеўскай капліцы.
Калі месца першай магілы Вітаўта з-за перабудовы касцёла пасля пажару 1530 г., прыйшлося вылічваць, дык з самай вялікай пэўнасцю можна сказаць, што другая магіла, куды былі перанесены яго парэшткі, знаходзілася ў самай глыбіні паўночнага нефа. Бо менавіта тут быў пастаўлены слаўны алтар Вітаўта.
У касцёле, адбудаваным і ўпрыгожаным пасля страшнага пажару 1530 г., быў адноўлены фундаваны Вітаўтам алтар, які і атрымаў назву Вітаўтавы. У ім знаходзіўся абраз св. Міхала Арханёла ў памяць аб першапачатковым алтары над магілай вялікага князя. Ад Старавольскага нам вядомы наступны надпіс на помніку з 1573 г. Надпіс на лаціне, я прыводжу ў перакладзе: "Бона Сфорца, каралева польская і інш., знакамітаму ўладару Аляксандру Вітаўту, вялікаму літоўскаму князю, які мае вялікія векапомныя заслугі перад сваёй айчынай і слаўнаму на цэлы сусвет, яшчэ падчас свайго жыцця загадала збудаваць мармуровы помнік з яго выявай. Пазней, Валяр'ян, біскуп віленскі для дабрачынцы гэтага касцёла, да яго алтара гэтае надмагілле паставіў і косці яго, перад тым нягодна пахаваныя, у надмагіллі замкнуў. 1573 г.".
Новапабудаванае надмагілле з выявай князя знаходзілася ў глыбіні паўночнага нефа, па праваму баку вялікага алтара. Парэшткі Вітаўта ў драўлянай скрынцы ці ў алавянай труне, згодна з агульнапрынятым звычаем былі ўмураваны ў сцяну касцёла каля таго самага алтара. Гэты алтар пасля пажару 1610 г. ужо ніколі больш не аднаўляўся.
Калі ж пасля 18 гадоў пасля пажару касцёл быў адноўлены, капітула ўспомніла пра надмагілле Вітаўта. Ва ўхвале генеральнай капітулы ад 16 траўня 1628 г. напісана: "Аднаўленне надмагілля добрай памяці вялікага князя Аляксандра Вітаўта праз дабрачынцаў віленскай катэдры. Калі Бог даруе людзям вялікія дабрадзействы і па-бацькоўску вымагае ад нас ушанавання і ўдзячнасці да продкаў, дык тым болей заслугоўваюць удзячнасці князі і можнаўладцы нашай зямлі, шчодрасцю якіх квітнее касцёл Божы з усімі сваімі служкамі. З-за таго, што векапомны і непераможны вялікі князь літоўскі Вітаўт быў дасканалым дабрачынцам і апекуном маці і жыццёдайніцы нашай - віленскай катэдры, шчодра надаў большую частку яе добраў і маёмасці, таму віленская капітула, поўная ўдзячнасці, адновіць яго алтар і надмагілле з выявай".
Аб выкананні гэтага акта капітулы нічога невядома. Прасвятая капітула запісала сваю ўдзячнасць вялікаму князю ў генеральнай ухвале і на гэтым спынілася. А потым знікае без слядоў і памяць пра само існаванне алтара Вітаўта і абавязковае набажэнства па вялікім князі робіцца каля іншага алтара.
Падчас поўнага заняцца Вільні расіянамі (1655-1661), з-за абароны замкаў, якія стаяць каля катэдры, храм доўгі час стаяў спустошаны. І толькі праз шмат дзесяткаў гадоў пасля вышэйпрыведзенай ухвалы, капітула зноў успомніла пра Вітаўта і выдала новую генеральную ўхвалу ад 8 кастрычніка 1667 г. Вось што было напісана ў новым дакуменце: "Капітула генеральная. Аднаўленне надмагілля найяснейшаму, некалі літоўскаму князю Вітаўту. Знакамітыя дабрадзействы, якімі добрай памяці в. кн. Вітаўт узбагаціў гэтую галоўную святыню ВК Літоўскага, і будзе годна і праўдзіва, калі яе капітула засведчыць сваю ўдзячнасць помнікам … Таму генеральны сход пастанавіў, не ашчаджаючы коштаў, узнесці для свайго самаўладнага некалі дабрачынца, дасканалае надмагілле ў катэдральным касцёле".
З гэтага часу і ажно да 1769 г., калі разбурылася гадзіннікавая вежа, што прымусіла да поўнай рэстаўрацыі касцёла, не было ніякіх перашкод да выканання ўхвалы капітулы. Чатыры страшныя пажары 1706, 1737, 1748, 1749 гг. абышлі катэдру. Але ўхвала не была выканана. Ніколі ў наступныя часы нават не згадваўся ні сам Вітаўт, ні яго надмагілле.
Калі пасля падзення гадзіннікавай вежы прыйшоў час перабудовы катэдры, пэўна, ні віленскі біскуп Масальскі, які пачаў перабудову касцёла, ні знакаміты архітэктар Гуцэвіч, які па ўласным плане выканаў працы, нават не ведалі пра ранейшае існаванне надмагілля і алтара Вітаўта, і, магчыма, не шмат ведалі і пра самога Вітаўта.
Зараз месца, дзе стаяла надмагілле Вітаўта, было дакладна вылічана вучоным Міхалам Гамаліцкім, які зрабіў для гэтага вялікую працу. Гэтым месцам ёсць неф, у якім Тамаза Рыгі (Righie) паставіў каласальную статую "Міласць Бога".
Рыгі ламаў мур, каб зрабіць паўкруглае паглыбленне ў сцяне для сваёй статуі. Пры гэтым ён мог выграбці і міжвольна выкінуць парэшткі Вітаўта. Але гэта магло адбыцца толькі ў тым выпадку, калі б надмагілле і труна за ім месціліся пасярэдзіне алтара. Праф. Гамаліцкі лічыць, што ўсярэдзіне, дзе зараз стаіць велічэзны твор Рыгі, раней быў крыж і алтарны абраз, стаяла тут і дараносіца са Святымі дарамі. Таму немагчыма нават дапусціць, каб надмагілле і труна з парэшткамі знаходзіліся ў самай сярэдзіне алтара. Павінны яны былі быць размешчаны з боку эпісталы алтара (эпістала алтара - правы бок алтара, каля глядзець вачыма вернікаў - Л. Л.). Тады труна павінна была захавацца недатыкальнай, і косці самога вялікага героя Літвы і да гэтага часу знаходзяцца ў сцяне. А сёння іх сцеражэ помнік Вітаўту, які нядаўна з'явіўся і пра які мы зараз раскажам.
З 1610 г. у віленскай катэдры не было ніводнага помніка Вітаўту. Пакуль у нашы часы знакаміты археолаг і заснавальнік музея і Археалагічнага таварыства ў Вільні граф Яўстах Тышкевіч, пры падтрымцы жыхароў Вільні, вырашыў уваскрэсіць у катэдры памяць пра вялікага князя Вітаўта. Ён вырашыў паставіць сціплы помнік на тым самым месцы, дзе, згодна з меркаваннямі прафесара Міхала Гамаліцкага, знакамітага гісторыка Мікалая Маліноўскага і пралата Мамерта Гербурта, спачывалі парэшткі Вітаўта і дзе, падобна і сёння, яны знаходзяцца глыбока ў сцяне.
27 траўня 1853 г. гэты помнік быў адкрыты і высвечаны. Ён складаецца з мармуровай табліцы, устаўленай ў камень-пясчанік, які раней здабываўся каля палаца Пацаў у Езне. На табліцы адноўлены даўні надпіс часоў біскупа Валяр'яна Пратасевіча (гл. вышэй). Да ранейшага надпісу былі дададзены некалькі сказаў на латыні, якія ў перакладзе гучаць наступным чынам: "Такі помнік некалі быў пастаўлены недалёка ад гэтага месца, у тым самым паўночным нефе і знішчаны пры пажары 1610 г., у 1853 г. для вечнай памяці быў адноўлены з паўторам першаснага надпісу".
Вось і ўсё, што ў свой час ведаў Кіркор і што мы зараз ведаем пра магілу князя Вітаўта.
Grób Witolda Wielkiego // Pregląd Wileński. 1930. № 2. S. 2-6.
Лёс парэшткаў Вітаўта
Здавалася б, не трэба ўжо будзе вяртацца да тэмы, чаму не былі знойдзены парэшткі в. кн. Вітаўта ў падзямеллях Віленскай базылікі і чаму знайсці іх там было немагчыма. Цікавую інфармацыю пра парэшкі вялікага князя ў XIX ст. у свой час падалі віленскія гісторыкі Гамаліцкі і Кіркор, два гады таму грунтоўны тэкст на гэтую тэму напісаў праф. Маралоўскі ў "Атэніюме Віленскім" і, нарэшце, вывучэнне падзямелляў катэдры ў 1930-32 гг., пра якія пісала прэса, вырашыла шэраг важных пытанняў. Аднак інфармацыя, якая з'явілася ў прэсе ў апошнія дні аб прыгатаванні труны, у якую павінны быць складзены парэшткі в. кн. Вітаўта, можа заблытаць чытача і даць фальшывую надзею, што існуе магчымасць знайсці магілу вялікага князя. Таму ў гэтым артыкуле я перакажу вядомую навукоўцам інфармацыю.
Аб першасным месцы пахавання в. кн. Вітаўта мы ведаем не шмат. У прывілеі на Ігуменскую маёмасць, нададзеную віленскім біскупам за некалькі дзён да смерці ў 1430 г., Вітаўт загадвае пахаваць яго ў магіле, дзе ўжо спачывала яго Ганна - каля алтара св. Міхала Арханёла. Абапіраючыся на Хроніку Быхаўца, дзе напісана: "Паклалі ягонае цела ў Вільні, у замку, у касцёле святога Станіслава, з левага боку ад алтара, каля дзвярэй у сакрыстыю" і беручы пад увагу, што перад пажарам у 1530 г. гэтая сакрыстыя знаходзілася на паўднёвым баку катэдры, можна вылічыць месца першаснай магілы Вітаўта, якая павінна была знаходзіцца ў паўднёвай частцы сучаснага прэзбітэруюма і хору капітулы, бліжэй да сярэдзіны вялікага алтара, паміж першай і другой парай калон касцёла.
Аднак гэтую гіпотэзу трэба лічыць беспадстаўнай. Муры сучаснай катэдры паходзяць з часоў адбудовы, пачатай пад кіраўніцтвам Бернарда Занобі ў 1534 г. Аб катэдры часоў Вітаўта, акрамя адкрыццяў 1931 г., мы маем мала інфармацыі. Сапраўды знойдзены фрагменты бакавых калон і франтальнай сцяны каля фундамента першай ад увахода калоны, якая аддзяляе галоўны неф ад правага, бакавога нефа. Аднак не ўдалося вылічыць агульныя памеры гмаха і форму прэзбітэруюма. Таксама загадкавымі ёсць рэшткі крыпты XV ст. у галоўным нефе каля чацвёртай паўднёвай калоны і рэшткі муроў пад падлогай правага бакавога нефа насупраць біскупскай капліцы. У любым выпадку можна цвердзіць, што ўнутранае ўладкаванне храма значна адрознівалася ад сучаснай планіроўкі, і таму месца першаснай магілы в. кн. Вітаўта дакладна вылічыць немагчыма.
Аднак гэта для нас не настолькі важна, бо маем цалкам пэўную інфармацыю пра далейшы лёс парэшткаў в. кн. Вітаўта на працягу XVI і ў першай палове XVII ст. Ведаем, што надмагільную пліту з выявай Вітаўта загадала зрабіць каралева Бона, але гэта пліта не была ўсталявана ў катэдры. Пабудовай надмагілля, для якога ўжо была гатова пліта, займаўся біскуп Пратасевіч. Тэкст, напісаны на пліце, вядомы ад Старавольскага з "Monumenta Sarmatorum", дакладна паказвае, дзе знаходзяцца парэшткі вялікага князя і не дазваляе выдумляць галаслоўныя гіпотэзы (гл. гэты тэкст вышэй, у папярэднім артыкуле - Л. Л.)
Маем інфармацыю, што косткі Вітаўта ў XVI ст. былі перазахаваны неадпаведна яго годнасці. Вельмі проста можам зразумець, чаму так атрымалася. У часы грунтоўнай перабудовы і пашырэння катэдры ў 1534-1557 гг. як найменей на 1 м быў падняты узровень падлогі - рэшткі падлогі катэдры Вітаўта ў мінулым годзе знойдзены на глыбіні 1,67 м ад узроўню сучаснай падлогі, і што яшчэ важней - памеры і планіроўка будынка істотна змяніліся. Менавіта таму магіла з трунамі Вітаўта і яго жонкі Ганны была зруйнавана. Невядома, што сталася потым з труной в. кн. Ганны, але можна выказаць здагадку, што абедзве труны пасля заканчэння перабудовы катэдры былі размешчаны ў адной з новых катэдральных крыпт.
Відочна, што звычайная крыпта не была годным месцам для знакамітага дзяржаўнага дзеяча, вялікага князя і дабрадзея катэдры Вітаўта, і таму, выкарыстаўшы пліту, якая да таго часу ўжо існавала, біскуп Пратасевіч зрабіў новае надмагілле каля фундаванага Вітаўтам алтара св. Міхала Арханёла і тут склаў косці князя і княгіні. Менавіта надпіс на пліце надмагілля прымушае адкінуць ідэю аб магчымасці пахавання ў сцяне храма за надмагіллем. Гэта магло б быць цалкам магчымым, калі б надмагілле складалася з пліты, непасрэдна прымацаванай да сцяны. Аднак, бачым у надпісе выразную розніцу паміж плітой, выкананай па загадзе Боны, і надмагільным помнікам, выканананым праз біскупа Пратасевіча, да якога мацавалася пліта Боны. Надмагілле складалася з тумбы, дзе знаходзіліся косткі, і пліты з выявай на тумбе.
Алтар св. Міхала Арханёла знаходзіўся ў канцы левага бакавога нефа, у тым месцы, дзе была ўзнесена каласальная скульптура Тамаза Рыгі "Міласць Бога". Гэты быў не першапачатковы гатычны алтар, але новы, рэнесансны, на які пайшлі грошы з фундуша Вітаўта. А надмагілле мусіла знаходзіцца паміж сучасным вялікім алтаром і нішай скульптуры. Таму тут у 1853 г. на сцяне слушна была прымацавана памятная табліца і партрэт Вітаўта. Трэба адзначыць, што барочны партрэт, які паходзіў з Брэст-Літоўскага, відочна, не з'яўляецца партрэтам з XV ст., як дапускалі ў XIX ст., а размешчаны на табліцы абраз Найсвяцейшай Панны не мог быць падарункам Вітаўту ад Мануля Палеолага, бо ён больш позні і паходзіць, як найраней, з канца XV ст.
У першай палове XVII ст. надмагілле было ўжо ў нездавальняльным стане, і 16 траўня 1628 г., як вынікае з актаў капітулы, з-за ўдзячнасці да Вітаўта, капітула вырашыла адрамантаваць надмагілле з выгравіраваным на ім абразом, канонік Жагель прызначыў для гэтага 100 зл. Нагляд за працай быў даручаны каноніку Шульцу. Але гэтае рашэнне не было выканана, праўдападобна з-за таго, што яшчэ доўгі час пасля пажару 1610 г. катэдра рамантавалася. У дакументах капітулы пасля 1628 г. не бачым больш згадвання пра магілу Вітаўта. І толькі 9 кастрычніка 1697 г. з'яўляецца наступная ўхвала, у якой капітула пастанавіла для ўшанавання памяці вялікага князя, не шкадуючы грошай, зрабіць splendidum epitaphium (прыгожы помнік - Л. Л.). Ва ўхвале няма ані слова аб парэштках Вітаўта ці аб ранейшым надмагіллі, якое, як бачым, не існавала, і таму капітула вырашыла пабудаваць новы, дасканалы помнік.
А што сталася паміж 1628 і 1697 г. з касцямі і надмагіллем? На гэта пытанне можа быць толькі адзін адказ. Калі б надмагілле было знішчана да 1655 г., мы б мелі пра гэта адпаведны запіс у дакументах капітулы. Таксама ўсе важныя звесткі занатоўваліся пасля 1662 г., калі капітула вярнулася ў Вільню. Таму надмагілле мусіць быць знішчана, праўдападобна, у 1655 г., маскоўскае войска тады не толькі з-за сваволі разбіла ўсе катэдральныя надмагіллі, але і таму, што жаўнеры шукалі ў магілах упрыгожванні і каштоўнасці. Таму іх не магло не зацікавіць надмагілле, надпіс на якім выразна паказваў яго прыналежнасць да вялікага князя. Помнік быў разбіты і, калі ў ім меліся каштоўнасці, разрабаваны. Апекавацца косткамі Вітаўта не было каму - капітулы не было, а месцічы мелі ўласныя клопаты.
Калі ў 1661 г. пасля вызвалення горада ў Вільню першым прыбыў дэлегат капітулы канонік Гізкі, катэдра тады ўжо не мела вежаў і даху, скляпенні былі зруйнаваны, унутры знаходзілася шмат трупаў жаўнераў, забітых пры падзенні будаўнічых канструкцый, з-за няспраўных каналаў падлога была заліта вадой. Можна з пэўнасцю дапусціць, што косткі вялікага князя былі раскіданы ў 1655 г., бо было б цалкам непраўдападобна, каб яны захаваліся ў разбітай магіле на працягу 6 гадоў, калі ў катэдры драпежнічалі чужыя жаўнеры. Таму яшчэ меней праўдападобна было б лічыць, што косткі можна было б знайсці ў 1661 г. сярод друзу, у які часткова ператварылася катэдра. З дакументаў, якія маем, карыснай ёсць толькі адна інфармацыя: "Надмагілле в. кн. Вітаўта было разбіта і абрабавана ў часе маскоўскага наезду, а косткі яго былі раскіданы і расцярушаны". Магчыма, косткі вялікага князя і зараз знаходзяцца ў катэдры сярод тысяч іншых безыменных костак у друзе пад падлогай.
Таму зразумела, чаму да гэтага часу не знойдзены і не могуць быць знойдзены парэшткі в. кн. Вітаўта. Хацеў бы, аднак, сказаць пра яшчэ адно распаўсюджанае меркаванне, якое цалкам аспрэчвае 1,5 года вывучэння падзямелляў катэдры. Згодна з версіяй, якая не абапіраецца ні на якія дакументы, біскуп Пратасевіч гатаваў магілу для сябе і таму прыбраў парэшткі Вітаўта з ранейшай крыпты і памясціў іх у помніку ў Вітаўтавай крыпце. У 1909 г. пры рамонце касцельнай падлогі за некалькі крокаў у бок сакрыстыі ад алтара вікарыяў, быў знойдзены невялікі склеп. Гэтую крыпту вывучалі кс. пралат Курчэўскі, кс. пралат Савіцкі і др. Загорскі. Падаю яе апісанне з манаграфіі кс. Курчэўскага пра Віленскую катэдру: "Склеп быў засыпаны друзам і завалены камянямі. Пры уборцы друзу і камянёў, быў знойдзены абломак брунатнага мармуровага помніка з прыгожай разьбой і гербом Држэвіца, якім меў біскуп Пратасевіч, а таксама два чэрапы ў біскупскіх піўстках (шапачка біскупа, якая прыкрывае танзуру - Л. Л.) , адна асоба была больш маладая а другая больш старая. Потым былі знойдзены кавалкі труны і спарахнелы шкілет, апрануты ў пантыфікальны ўбор. На мёртвых пальцах досыць добра захаваліся ядвабныя пальчаткі, якія, што бачна па характары працы, былі выраблены ў XVI ст. Ад тонкіх ядвабных арнатаў і далматыкаў засталіся толькі кавалкі тканіны. Грунтуючыся на гэтым адкрыцці, а таксама на паданні аб тым, што біскуп Пратасевіч аднавіў для сябе магілу Вітаўта, доктар Загорскі (пад яго даглядам ішлі працы па вывучэнні крыпты) выказаў гіпотэзу, што знойдзеныя парэшткі належалі гэтаму біскупу, а пры перабудове касцёла разам з ім быў пахаваны яшчэ адзін біскуп […], але гэта цалкам памылковая гіпотэза. Адна са знойдзеных пальчатак знаходзіцца зараз (гэта ў 1933 г. - Л. Л.) у Музеі таварыства аматараў навук г. Вільні, і можна спраўдзіць, што вырабленая яна значна пазней за XVI ст.
Пасля адкрыцця гэтай крыпты, з'явіліся цалкам фантастычныя ідэі, што знойдзеныя ў ёй косткі, могуць быць косткамі Вітаўта. Гэта можна аспрэчыць, грунтуючыся на дакументах архіва і на тэксце надпісу на помніку. Аднак ёсць і іншыя доказы: па-першае, крыпта пабудавана не пазней за другую палову XVII ст. - гэта бачна па яе цэгле, і па-другое, легенда, што як быццам, біскуп Пратасевіч спачыў у крыпце недалёка ад алтара Вітаўта (св. Міхала Арханёла) грунтуецца на непаразуменні і не адпавядае рэчаіснасці […]".
Lorentz Stanisław. Losy szatków W.Ks. Witolda// Kurjer Wileński. № 186(2727), 16 lipca 1933.
Абуджаная надзея
У пошуках парэшткаў Вітаўта
У сувязі з адкрыццём у Віленскай базыліцы замураванай крыпты з каралеўскімі парэшткамі зноў паўстала пытанне, дзе ж знаходзіцца магіла в. кн. Вітаўта і ці ёсць хоць якая надзея знайсці яе. Кансерватар доктар Лорэнц у вялікім артыкуле "Лёс парэшткаў Вітаўта" у "Кур'еры Віленскім" (гл. вышэй - Л. Л.) дакладна выклаў хаду пошукаў, прааналізаваў увесь архіўны матэрыял і на гэтым грунце прыйшоў да высновы, што няма ніякіх дадзеных, на падставе якіх можна было б вылічыць месца вечнага спачынку парэшткаў вялікага князя, таксама ён выказаў перакананне, што косткі ўжо Вітаўта немагчыма ідэнтыфікаваць сярод тысячаў безыменных костак, якія спачываюць у друзе пад падлогай.
Здаецца, што пасля такіх высноў пытанне знята і трэба развітацца з марай знайсці косткі Вітаўта.
Калісьці з № 7 - 8 "Пакс" ("Pax") за 1934 г. кс. Валяр'ян Мяйштовіч выступіў з сенсацыйным артыкулам, у якім выказаў здагадку, што магілу Вітаўта трэба шукаць пад даўняй Кейзгайлаўскай (ці св. Міхала) капліцай, сёння - капліцай св. Антонія.
Ідэі кс. Мяйштовіча выклікала пярэчанне з боку Камітэта ратавання Віленскай базылікі, які гэтыя высновы назваў баламутствам і з націскам падкрэсліў, што паколькі гістарычныя дадзеныя кажуць, што парэшткі Вітаўта расцярушаныя падчас маскоўскага наезду ў 1655 г., ідэнтыфікаваць немагчыма, пры тым, што даследаванні ў падзямеллях касцёла, якія знаходзяцца паблізу ад апошняй вядомай нам з гісторыі магілы вялікага князя і паблізу ад фундаваных ім алтароў, вяліся з вялікай стараннасцю.
Аднак насуперак катэгарычнасці камісіі, вядомы ў нас гісторык мастацтва кс. доктар Слядзеўскі, паставіўся да ідэй кс. Мяйштовіча больш прыхільна, зацікавіўся пытаннем і грунтоўна яго праштудзіраваў, а потым выклаў свае меркаванні на старонках таго жа "Пакса" у № 2 за гэты год (1935 г. - Л. Л.).
Перад усім кс. Сядзеўскі цвердзіць, што мы "маем самыя пэўныя доказы таго, што косткі Вітаўта не знаходзіліся працяглы час у адной магіле. На пачатку, згодна з яго ўласнай воляй, вялікага князя пахавалі ў катэдры, якую ён сам фундаваў, каля алтара св. Міхала, дзе ўжо была пахавана яго жонка, смаленская княжна, Ганна. Потым ossa Vitoldi (лац. косткі Вітаўта - Л. Л.) былі пахаваны ў падзямеллях былой Каралеўскай капліцы св. Казіміра. Потым яны былі перанесены ў саркафаг пры новым алтары св. Міхала ў глыбіні паўночнага бакавога нефа, каля ўсходняй сцяны. Нарэшце, праўдападобна, яны былі сакрэтна схаваныя ў падзямеллях катэдры, у месцы "схаваным ад вока гісторыі".
Згадаем даследаванні кс. Слядзеўскага аб месцы пахавання Вітаўта да часу маскоўскай вайны ў сярэдзіне XVII ст. і спынімся на яго думцы, што парэшткі Вітаўта былі перанесены ў падзямеллі Каралеўскай капліцы пасля яе рэстаўрацыі (каля 1535 г.) разам з парэшткамі св. Казіміра і караля Аляксандра. З бегам часу там жа былі пахаваны і каралева Альжбета, і каралева Барбара.
Калі наступілі панурыя часы пад Масквой, біскуп і капітула пакінулі Вільню. Яны вывезлі з сабой рэліквіі св. Казіміра, акты дыяцэзій і капітулы, каштоўнасці. Першая сесія капітулы па-за Вільняй адбылася ў капітульным маёнтку Брашэвічы 3 лютага 1656 г. Хутка стала вядома, што ў Караляўцы памёр біскуп Тышкевіч. 15 траўня на пасаду віленскага біскупа кароль намінаваў віленскага пралата Завішу-Даўгялу. Але і той памёр у бежанстве. У траўні 1658 г. пралат Бялазор прыехаў у Берасце ў якасці намінанта на пасаду смаленскага біскупа. Там у яго спыталі, куды ён падзеў вывезеныя з Вільні кляйноты? Пралат адказаў, што частку перадаў для абароны дзяржавы, а частку схаваў. Пра месца гэтай схованкі ён мог сказаць толькі двум выбраным членам капітулы, бо інакш была небяспека страціць каштоўнасці. Капітула пагадзілася з гэтай думкай.
Кс. Слядзеўскі не шмат кажа пра "сакрэтны прывілей" капітулы, пра падмуркі таямнічасці тых часоў і тагачасных людзей. Але ёсць падставы думаць, што ўсё ж мог існаваць сакрэт з маўчаннем (адтуль і ціша ў актах капітулы) аб справе месца, дзе былі схованы каралеўскі парэшткі з каштоўнасцямі, і разам з імі - можа быць - і парэшткі Вітаўта.
Зараз цяжка даведацца, хто з асоб ведаў пра месца патаемнага ўкрыцця і рабіў схованку. Магчыма гэта быў сам біскуп Тышкевіч з дапамогай нанятых муляраў, але ён памёр у Караляўцы і знёс тайну ў магілу. Мог гэта зрабіць канонік Ключэўскі, які заставаўся ў Вільні замест біскупа падчас маравой заразы перад самым прыходам маскоўцаў, а потым таксама памёр у бежанстве. Апошнім мог быць кусташ катэдры, катэдральны пралат Белазор, які памёр пад Вільняй у 1665 г.
Так ці інакш, але для даследчыка справы аб месцы пахавання Вітаўта важным з'яўляецца пытанне маўчання капітулы. Бо пачынаючы з канца XVII ст., як нажом адцятая, перарываецца традыцыя памяці пра рэальную магілу Вітаўта. Яе лёс такі ж цёмны і таямнічы, як і лёс каралеўскіх магіл да верасня 1931 г. Памяць пра гістарычныя падзеі ў Вільні другой паловы XVII ст. разам з адсутнасцю каралеўскай крыпты пад сучаснай капліцай св. Казіміра, вяло да таго, што яшчэ за дзень да знаходкі каралеўскіх магіл ўсе лічылі, што ўсе каралеўскія парэшткі страчаны таксама, як і парэшткі Вітаўта. Аднак, аказалася, што парэшткі караля Аляксандра і іншых даўніх каралёў з кляйнотамі знайшліся ў падзямеллях у добра і прафесійна замаскаванай крыпце. […]
Таму кс. Сядзеўскі лічыць, што парэшкі Вітаўта трэба шукаць там, дзе іх да гэтага часу не спадзяваліся знайсці. Пэўна, яны схаваны ў такім кутку катэдры, да якога яшчэ ніхто не дабіраўся. […]
Karol Waga. Obudzona nadzieja // Pregląd Wileński. 1935. № 3-4. S. 6-8.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.