Папярэдняя старонка: Заходняя Беларусь

Знаходка пахавання вялікага князя ВКЛ і караля Аляксандра і вялікіх княгінь і каралеў Лізаветы і Барбары ў 1931 г. 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 12-07-2023,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Знаходка пахавання вялікага князя ВКЛ і караля Аляксандра і вялікіх княгінь і каралеў Лізаветы і Барбары ў 1931 г. // Наша слова.pdf № 28 (80), 12 ліпеня 2023.

Спампаваць




Зіма 1930-31 гг. была вельмі працяглай, і нават ужо 10 красавіка будучы славуты пісьменнік Юзаф Мацкевіч надрукаваў у віленскай газеце "Слова" артыкул "Набліжаецца ледніковы перыяд". Але ўжо з канца красавіка пацяплела, і ў Вільні адбыўся моцны патоп - апоўначы 22 красавіка на вуліцы ў цэнтры горада пачала выходзіць рака Вілія, значна вырасла і Віленка. 24 красавіка з'явілася небяспека затаплення гарадской электрастанцыі, тады б горад застаўся без электрычнасці. Увечары вада была ўжо за 15 метраў ад сцен катэдры, а на наступны дзень затапіла падземную частку храма. Аднак прэса запэўнівала, што мурам катэдры нічога не пагражае.

Каля каралеўскай крыпты ў Вільні, 22 верасня 1931.

У нядзелю, 26 красавіка, вада пачала спадаць. У выніку падтаплення катэдры былі падмытыя яе падмуркі, што прывяло да парэпання сцен і таму ўзнікла пагроза абвальвання будынка. Дрэннай прыкметай стала апусканне падлогі ў катэдральнай капліцы св. Казіміра і ў левым нефе храма. У гэтай сітуацыі летам 1931 г. са спецыялістаў Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя быў створаны Камітэт выратавання Віленскай базылікі, кіраўніком якога стаў вядомы архітэктар, прафесар Юліюш Клос. Сітуацыя была небяспечная, бо сабор будаваўся на няўстойлівым грунце - навукоўцы ведалі, што ў 1769 г. вежа тагачаснай катэдры абрынулася і забіла некалькі духоўных асоб.

Першай задачай камітэта ратавання катэдры стала дбайнае абследаванне падполля сабора. Пасля таго, як былі адсунуты пліты падлогі, 26 жніўня 1931 г. у капліцы св. Казіміра пад алтаром знайшлі урны з сэрцам і вантробамі караля Уладзіслава IV (Уладзіслаў Ваза, 1595-1648), які памёр у Мерачы.

Чэрап Барбары з Радзівілаў. Фота Яна Булгака.

Аднак толькі 21 верасня ў 8-45 падчас працы на фундаменце ў галоўным нефе катэдры, непасрэдна перад прэсбітэрыем, было знойдзена замураванае памяшканне - сярэднявечная пахавальная крыпта, да якой раней не мелася доступу. Тут знайшліся парэшткі караля і вялікага князя Аляксандра і абедзвюх жонак Жыгімонта Аўгуста - Лізаветы з Габсбургаў (1526-1545) і Барбары з Радзівілаў (1520-1551). Асобамі, якія першымі ўвайшлі ў пахавальную крыпту, сталі памочнік прафесара Клоса архітэктар Ян Пекша і тэхнік Казімір Вількус. Вількус потым успамінаў: " Паразважаўшы, мы дамовіліся, што я зайду першым і асвятлю ўваход знутры. Я ўціснуўся першым і асвятліў уваход для Пекшы. Калідор сапраўды быў вельмі вузкі але я, ідучы паперадзе, асвятляў падлогу, і гэтак мы патрапілі ў невялікі склеп памерам 3х4 м. Перад вачыма паўстаў дзіўны від. Перад уваходам, у гразі і друзе, у святле ліхтарыка я нешта ўбачыў. Спачатку падумаў, што гэта шлем, але гэта быў чалавечы чэрап з каронай. Я скіраваў святло ўправа - у куце крыпты, на камені, які тырчаў са сцяны, красавалася карона".

Зразумеўшы каштоўнасць знаходкі, Пекша паведаміў пра яе прафесару Клосу і ваяводскаму кансерватару др. Станіславу Лоранцу, якія зрабілі ўсе неабходныя адміністрацыйныя крокі. З гэтага моманту і пачалося вывучэнне пахавальнай каралеўскай крыпты.

22 верасня газета "Слова" паведаміла пра знаходку парэшткаў караля і вялікага князя Аляксандра і жонак караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста - Лізаветы і Барбары з Радзівілаў: "… у падзямеллі віленскай базылікі пры работах па ўмацаванні падмуркаў 21 верасня 1931 г. у галоўным нефе, непасрэдна перад прэсбітэрыем, знойдзена раней старанна замураваная сярэдневяковая крыпта са зводчатымі скляпеннямі ў якую няма ніякага ўваходу з базылікі. Намеснік кіраўніка работ, архітэктар Ян Пекша быў першым, хто знайшоў крыпту пасля таго, як былі адсунуты пліты падлогі і выдалены друз. А 13-й гадзіне ў крыпту ўвайшлі кс.-рэктар катэдры Савіцкі, кіраўнік работ праф. Клос, кансерватар др. Лоранц, праф. Фердынанд Рушчыц, др. Маралоўскі і архітэктар Пекша. Яны пацвердзілі, што без усялякага сумнення знойдзены каралеўскія парэшткі. Пра знаходку адразу паведамілі Віленскаму ваяводу Бэчкавічу і мітрапаліту кс.-арцыбіскупу Ялбжыкоўскаму … Высветлілася, што склеп з-за дбайнай маскіроўкі не адчыняўся ад пачатку XVII ст. … Труны караля Аляксандра і каралевы Лізаветы ў выніку збуцвення цалкам распаліся. Першасная драўляная падлога крыпты таксама збуцвела …".

"Учора ў нас быў незабыўны момант, - пісаў Фердынад Рушчыц. - Мы сталі першымі, бліжэйшымі сведкамі факту эпахальнага значэння. Каралеўская пахавальня знойдзена! Калі я, кіруючыся амаль толькі інстынктам, ішоў учора апоўдні да катэдры, я ўбачыў у падлозе перад прэсбітэрыем выкапаную яму. Памочнік Клоса, малады архітэктар Пекша, наш былы студэнт, выглянуў з ямы і сказаў мне на вуха, што магілы, якія так старанна расшукваліся, знойдзены, але, магчыма, яны разрабаваны і косці пераблытаны".

Катэдру зачынілі для наведвальнікаў. Дзеля правядзення навуковых даследаванняў у крыпту была праведзена электрычнасць, паліцыя пачала ўзмоцнена ахоўваць катэдру і, улічваючы наяўнасць пахавання каралёў, была выстаўлена ганаровая варта.

Праф. Юліюш Клос, каментуючы знаходку, заўважыў, што пасля кананізацыі св. Казіміра, кароль Жыгімонт Ваза вырашыў пабудаваць уласную капліцу, бо каралеўская капліца (потым капліца Валовічаў) стала занадта малой. Ён заключыў пагадненне з біскупам Валовічам (у 1623 г.), паводле якога тагачасную каралеўскую капліцу (потым - беззаганнага Зачацця) пакінуў кс.-біскупу ў абмен на месца, дзе зараз капліца св. Казіміра, каб пасля перабудовы падмуркаў, уладкаваць пад ёй крыпту. Труны каралеў Лізаветы, Барбары і караля Аляксандра былі часова перанесены ў сярэдневяковую гатычную крыпту пад галоўным нефам каля прэсбітэрыя. Парэшткі знаходзіліся ў звычайных драўляных трунах, бо лічылася, што гэта часовае сховішча. Потым, верагодна, пераканаўшыся, што падземныя воды перашкодзяць працам, работы былі спынены, а пра каралеўскія парэшткі забыліся, і яны засталіся тут назаўсёды. Пра месца іх спачыну ніхто не ведаў, можа, толькі невялікая група пасвечаных, і таму ні казакі, ні, пазней, архітэктар Ваўжынец Гуцэвіч, які ў апошняй чвэрці XVIII ст. перабудаваў катэдру ў стылі класіцызму, не знайшлі гэтага пахавання. Капліцу Валовічаў з 1623 па 1630 г. будаваў Данкерс дэ Рэры. Праз 6 гадоў было закончана будаўніцтва капліцы св. Казіміра.

Рэдактар віленскага "Слова" Станіслаў Мацкевіч напісаў цікавы нарыс пра сваё начное наведванне катэдры ў дзень яе адкрыцця, нарыс добра перадае пачуцці яго сучаснікаў:

"Была ўжо 11-я гадзіна ночы, калі я дабраўся да катэдры і папрасіў дазволу ў кс.-пралата Савіцкага. Не магу дапусціць, каб дзверы каралеўскай крыпты замуравалі, пакуль я ўсё не ўбачу сам. Усе тут прысутныя: кс.-пралат Савіцкі, Рушчыц, Маралоўскі, Клос, Пекша, як гэта і павінна быць у такія хвіліны, усе вельмі ўзрушаныя. Яны стаяць пасярод асветленага пустога сабора. Майстар Гудзейка, рабочыя. Адзін з рабочых, які яшчэ, як і я, нічога не бачыў, просіць, каб яго пусцілі паглядзець.

Трэба павярнуцца і ўваходзіць у яму задам. На ўваходзе ўстаноўлены жалезныя дзверы. Напаўсляпое трывожнае электрычнае святло. Першае, што кідаецца ў вочы - зелень чэрапа караля Аляксандра. Потым бачыш карону на чэрапе, потым зрок прызвычайваецца, і бачыш голень, бачыш рэшткі шкілета. Час ад часу, у блукаючым святле лямпы, будзе кідацца ў вочы парча на труне Барбары з Радзівілаў - такая выразная, такая прыгожая і такая шляхетная, ці дакладней фрагмент гэтай парчы з залатым узорам на белым фоне. Гэтак жа, як і карона на галаве Аляксандра Ягелона - усё такое простае і адначасова дасканалае, сапраўдны подых ранняга Рэнесансу, які цяпер, як у казцы, як у сне, расказвае нам свае таямніцы.

- Гэты мур яшчэ сярэднявечны?

- А гэты?

- Гэты таксама.

- А тут, збоку, над парэшткамі каралевы і вялікай княгіні літоўскай Лізаветы з дома эрцгерцагаў Габсбургаў, вось гэта прыгожая, цудоўная, невысокая карона з 20 сегментаў, залатая звонку і заплямленая знутры. Ляжыць тут жа залаты ланцужок і таблічка. Чытаю літары, словы.

Медальён 3 трыма гербамі, знойдзены ў магіле Барбары з Радзівілаў.

Сёння тут сапраўдная містэрыя, гэты склеп з гэтымі залатымі рэнесанснымі каронамі, робіць уражанне не магілы, а нейкай калыскі, нейкага цэнтру, дзе хаваецца каралеўская думка, дзе сярод цаглін і камянёў, нібы б'юцца залатыя сэрцы заснулых каралеў. Якое прыемнае, якое тужлівае і якое вялікае ўзрушэнне! Бачу, што прысутныя тут адчуваюць тое самае. Незабыўныя начныя гадзіны ў катэдры, у гэтым склепе з халоднай цэглы, якая здаецца мне цёплай калыскай.

Вялікае, вялікае адкрыццё! Прабудзіліся ад сну тыя, хто сімвалізуе наш народ, нашу гісторыю. Мусім стаяць тут з самай глыбокай і самай урачыстай малітвай …".

А вось, што пісала іншая віленская газета:

Парэшткі Барбары з Радзівілаў, малюнкі прафесара Ежы Хопена.

"Адразу за атворам, сярод старога бруду, спачываў ўкаранаваны чэрап караля Аляксандра. Паціна афарбавала каралеўскія скроні ў зялёны колер, чало пакрылася іржой стагоддзяў. Каля чэрапа караля ў беспарадку ляжалі ягоныя косці, а далей, сярод жалезных клямароў, якія раней замыкалі труну, косці ног і гнілыя дошкі труны. Каралеўская карона, у якой быў пахаваны Аляксандр, зверху абсыпана вапнай якая падала са скляпення, але яе стылістыка выдае паходжанне з пачатку XVI ст., карона добра захавалася і не мае пашкоджанняў.

Сярод лужын грунтовай вады і сярод бэляк, паралельна парэшткам караля ляжала труна-саркафаг Барбары з Радзівілаў.

Труна, дзякуючы вельмі адпорнаму матэрыялу і пласцінам волава, якія яе пакрывалі, перажыла разліў ракі і адносна добра захавалася.

Паўзе прамень ліхтара і цалю за цаляй адкрывае рэнесансную парчу, у якую была захутана труна каханай жонкі караля. Сярод фларыстычнага арнаменту бачны добра захаваўшыся герб (інсыгнія) Літвы і радавы герб Радзівілаў. На куце саркафага бачна медная пласціна - метрыка труны. Вечка труны абараняе яе змесціва ад цікаўнага вока.

Тут, пад вечкам спачывае каралева, апошнім жаданнем якой было вярнуцца ў Вільню. Пры жыцці яна так любіла спевы тутэйшых салаўёў. Тут яна пражыла самыя шчаслівы хвіліны са сваім каралеўскім мужам-каханкам.

Побач з саркафагам Барбары, сярод друзу і абломкаў, бязладна спачываюць раскіданыя ў беспарадку і пашкоджаныя вадой, якая часта наведвала каралеўскую магілу, парэшткі каралевы Лізаветы. Ад яе труны і вопраткі нічога не засталося. На вышыні 1,4 м над каралеўскімі парэшткамі - гатычныя скляпенні, потым прасеўшы мур і зламаная арка.

Побач, на выступе сцяны ляжыць надмагільная дошка, рэнесансная карона і залаты ланцуг, які нябожчыца, верагодна, мела на шыі. Ёсць меркаванне, што пахаванне патрывожылі праз шмат гадоў пасля таго, як сюды былі пакладзены каралеўскія целы, і таму рэчы каралевы Елізаветы выняты з пашкоджанай труны і пакладзены побач.

Таксама ёсць гіпотэза, што першапачаткова гэты склеп не прызначаўся да каралеўскіх пахаванняў, і сюды, дзеля бяспекі, парэшткі былі схаваныя ў 1658 г."


Толькі 28 кастрычніка 1931 г. камісія адкрыла саркафаг каралевы Барбары з Радзівілаў, які захаваўся лепш за два іншыя. Працы з саркафагам Барбары цягнуліся да сярэдзіны лістапада.

Саркафаг каралевы Барбары зрабілі ў Кракаве з улікам таго, што цела каралевы будзе перавезена ў Вільню, бо такой была яе апошняя воля і Жыгімонт Аўгуст пакляўся выканаць яе. Перад тым, як зачыніць труну з целам каралевы, яе напоўнілі спецыяльнай сумессю вапны і попелу, якая мела захаваць цела і прадухіліць заўчаснае раскладанне падчас 4-х тыднёвага шляху ў Вільню. Закрыўшы вечка труны, яе абцягнулі скурай, на якую паклалі покрыўку з цудоўнай залацістай тканіны ў выглядзе рэнесанснага крыжа.

Вядома, што ў чэрвені 1551 г. з Кракава праз Ваўкавыск, Масты, Ражанку, Шчучын, Васілішкі і Радунь кароль і вялікі князь ВКЛ Жыгімонт праводзіў парэшткі сваёй жонкі - каралевы Барбары з Радзівілаў. Вось як гэта апісаў Міхал Балінскі: "Чорнай масці коні цягнулі воз з парэшткамі каралевы, а за ім у глыбокім смутку на кані ўсю дарогу ехаў кароль. Калі жалобная працэсія ўваходзіла ў вёску ці мястэчка, Жыгімонт Аўгуст злазіў з каня і пешкам ішоў за труной. Ніякае дрэннае надвор'е ці іншыя праблемы не маглі яго прымусіць змяніць хаду працэсіі. Труну з парэшткамі каралевы на ноч заносілі ў касцёл, і чарговы пробашч разам з іншымі мясцовымі духоўнымі асобамі служыў жалобную службу па памерлай".


Аднак вернемся ў 1931 г.

Перад адкрыццём труны каралевы Барбары крыж-покрыўку асцярожна знялі і паклалі на спецыяльна падрыхтаваны стол. У дзённым святле вочы прысутных ўбачылі, гэтую шыкоўную стужку з цвёрдай залацістай тканіны, вытканай з тоўстай залатой ніці.

Толькі 29 кастрычніка былі зняты апошнія два блокі вапнавай сумесі, якая пакрывала парэшткі каралевы, і гэтая праца заняла ўвесь дзень. 30 кастрычніка ачышчаны частка труны каля чэрапа і скіпетра Барбары, а таксама вакол таблічкі, якая ляжала ў тканіне, першапачаткова пакрываўшай цела каралевы. Надпіс на таблічцы адрозніваўся ад надпісу на вечку труны, з яго можна было даведацца, што ў тут ляжыць каралева Барбара, другая жонка караля і вялікага князя, якая памерла 8 траўня 1551 г. Карона, скіпетр і інсыгніі з-за старажытнасці пакрыліся пацінай.

На скрыжаванні крылаў крыжа покрыўкі труны каралевы Барбары меўся медальён з трыма гербамі: Польшчы, Літвы і Радзівілаў, а ў аснове крыжа на тканіне захаваліся цудоўныя і дасканалыя фларыстычныя ўзоры эпохі Рэнесансу.

Калі быў зняты слой сумесі для кансервацыі, стаў бачны цалкам счарнелы чэрап каралевы Барбары ў пахавальнай кароне, а таксама частка костак шыі, пляча і ключыцы, на якіх ляжаў доўгі, плецены ланцуг з чыстага золата. На жаль, акрамя шкілета і металічных упрыгожанняў, нічога не засталося ад шатаў каралевы.

Сярод іншага, даследчыкі мелі надзею знайсці рэшткі валасоў Барбары (як у выпадку з каралевай Лізаветай). Парэшткі каралевы Барбары былі грунтоўна даследаваны анатамічна з мэтай вызначэння прычыны смерці маладой жанчыны, бо трэба было вызначыцца, ці памерла яна з-за атручвання (як казала легенда), ці з-за хваробы раку, ці з-за нейкай жаночай хваробы.

Агляд парэшткаў каралевы Барбары ў 1931 г. не дазволіў выявіць хваробу, ад якой яна памерла. Падчас агляду стала вядома, што каралева мела "гарманічнае цела" - было б дзіўна адваротнае, бо Барбара была жанчынай незвычайнай прыгажосці. Каралева мела 160,2 см росту - як на той час, гэта не мала. Медыкі звярнулі ўвагу на бездакорны стан яе зубоў. Не выявіла хваробу і вывучэнне парэшткаў, якое яшчэ раз зрабілі сучаснымі метадамі ў 2001 г. але, сённяшнія навукоўцы схіляюцца да таго, што хвароба ад якой памерла Барбара - рак шыйкі маткі.


Прафесары Фердынад Рушчыц і Ежы Хопэн малявалі і малявалі каралеўскія парэшткі, а Ян Булгак рабіў фотаздымкі. Партрэтыст Казімір Квяткоўскі намаляваў карціну з дзесяткам асобаў у крыпце, але прапусціў у ёй прафесара Клоса, прафесар не падабаўся мастаку. Замест гэтага ён намаляваў постаць Пекшы, чым пакрыўдзіў др. Лоранца, які не дараваў Пекшу, што той увайшоў у крыпту першым без яго і Клоса.

'Над труной Барбары з Радзівілаў', карціна Казіміра Квяткоўскага.

Восенню 1931 г. даследаваннем покрыўкі на труне і вапнавай сумесі нястомна займаўся віленскі прафесар Маралоўскі, які выявіў на зацвярдзелай вапне сляды кароны і барозны з адбіткамі савана, які пакрываў твар Барбары.

На костачцы аднаго з пальцаў левай рукі Барбары, знайшлі прыгожы залаты пярсцёнак з дыяментам, бірузой і рубінам. Таксама каля костачак правай рукі ў вапне знойдзены залаты пярсцёнак з 2 дыяментамі і яшчэ адзін залаты пляцёны пярсцёнак.

Пасля завяршэння гістарычна-анатамічных даследаванняў, каля 9-й раніцы 7 лістапада 1931 г. парэшткі каралевы Барбары былі складзены ў дубовую труну і каля 18-й гадзіны яе труна пастаўлена каля трунаў з парэшткамі караля і вялікага князя Аляксандра і вялікай княгіні і каралевы Лізаветы.


Цікава, што адкрыццё каралеўскіх магіл у саборы таксама прывяло да канфлікту паміж дзяржавай і касцёлам. Арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі падзякаваў прэм'ер-міністру Аляксандру Прыстару за дапамогу, на што кіраўнік ураду адказаў, што гэта не дапамога, а абавязак дзяржаўных уладаў. Намеснік міністра рэлігійных веравызнанняў і народнай асветы ксёндз Браніслаў Жангаловіч адзначыў пасля гэтага: арцыбіскуп мяркуе, што каралеўскія парэшткі належаць касцёлу, а прэм'ер - што ўладам Рэспублікі Польшча. Нягледзячы на тое, што Жангаловіч быў святаром, ён стаў на бок ураду. Аднак Жангаловіча вельмі абурыла, калі ключы ад сабора запатрабавалі падваявода Янкоўскі і кансерватар др. Лоранц, які, па словах ксяндза, быў "сацыялістам", а таксама "ерэтыком і кальвіністам".


Трэба адзначыць, што знаходка каралеўскага някропаля значна падняла статус Вільні, якая да гэтага часу лічылася сталіцай самай занядбанай часткі Польшчы. Нобелеўскі лаўрэат Чэслаў Мілаш успамінаў: "… Вільня ў тыя часы была глухаманню (Мілаш ужыў больш моцнае польскае слова "zadupiem", але я не знайшоў яму адпаведніка - Л. Л.): тут мелася вельмі вузкая база культурных людзей, калі адкінуць яўрэяў, якія размаўлялі і чыталі на ідыш ці па-расейску і "тутэйшы" люд, які наогул нічога не чытаў, дык хто заставаўся? Трошкі інтэлігенцыі шляхецкага паходжання, наогул даволі тупой". Канешне, меркаванне Мілаша радыкальнае, але блізкае да ісціны. Каралеўскі някропаль прыдаў сапраўдны сталічны бляск гораду, спрыяў выдзяленню яму сродкаў на культурныя патрэбы і падштурхнуў цікавасць жыхароў усяго края да гісторыі і культуры. Пра знаходку каралеўскіх парэшткаў паведамляла і тагачасная заходнебеларуская прэса. Трэба дадаць, што на хвалі цікаўнасці да гісторыі ў 1936 г. у пракат выйшаў фільм "Барбара з Радзівілаў", ролю Барбары сыграла галоўная зорка польскага кіно таго часу Ядвіга Смасарская. Гэта была першая ў Польшчы гістарычная драма такога відовішчнага маштабу. Менавіта гэты фільм стаў першым фільмам, паказаным па тэлебачанні.

Вельмі важнай наяўнасць каралеўскіх пахаванняў, сталася потым для Вільнюса як сталіцы Летувіскай рэспублікі.

Крыніцы:

· aż. Zbliża się epoka lodowa // Słowo. №81 10 kwietnia 1931.

· Kurjer Wileński. № 216, 22 września 1931.

· P. Śledziewski, Kościół św. Anny - św. Barbary intra muros castri vilnensis //Ateneum Wileńskie. R. IX (1934), S. 30.

· Słowo. №217, 22 września 1931.

· M.J. Odnalezienie grobów królewskich w Bazylice Wileńskiej // Dziennik Wileński. № 218 września 1931.

· Ilustrowany Kuryer Codzienny. №302, 01 listopada 1931.

· M. Balinski. Pamietniki o krolowej Barbarze. 1840. T. 2. S. 305.

· Słowo. № 252(2760), 1 listopada 1931.

· G.-J. Česnys, R. Jankauskas, V. Urbanavičius, Queen Barbora Radvilaitė: review of remains and reconstruction

· of documentary portrait // Acta Medica Lituanica. Supplement. № 8, 2001. S. 18-24.

· Słowo. № 258(2766), 8 listopada 1931.

· Ilustrowany Kuryer Codzienny. №302, 01 listopada 1931.

· Miłosz C. Zaczynając od moich ulic, Paryż, 1985. S. 35.

· Chryścijanskaja Dumka. №15, 10 kastryčnika 1931.

· Koper Sławomir, Stańczyk Tomasz. Ostatnie lata polskiego Wilna. Warzawa, 2020.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX