Другі - народа рускага пясьняр,
На поўначы ўсёй верш яго вядомы.
Жылі ня блізка, дый адчулі самі
Па стрэчы, што былі даўно сябрамі,
I душы іх вышэй, чым перашкоды.
З паэмы "Дзяды", пераклад Сержа Мінскевіча.
Гэтак пісаў найвялікшы паэт Адам Міцкевіч пра другога найвялікшага паэта Аляксандра Пушкіна. Ніхто з іх тады і падумаць не мог, што праз столькі гадоў нейкі кавалачак маўклівай зямлі дзіўным чынам звяжа іх памяць у будучых пакаленнях. Зямля пакорлівая чалавеку. Яна дазваляе на сабе секчы дрэвы і будаваць дамы, а потым іх зносіць, яна дазваляе араць сябе і нават мяняць яе да непазнавальнасці - аднаго толькі яна не дазволіць ніколі: вырваць з яе памяць.
Падвіленскае мястэчка Маркуці назаўсёды злучана з Міцкевічам. Бо тут гучалі яго крокі і жылі яго думкі, тут было месца яго сталых прагулак і месца збораў філаматаў, тут выявілася ідэя, якая кінула Міцкевіча ў кібітку і завезла яго ў Расію, дзе ён пазнаёміўся з Пушкіным.
А праз гады адбыліся дзіўная рэчы. Сам Аляксандр Пушкін ніколі не быў у Маркуцях. Але па волі лёсу, прыгарадны маёнтак Маркуці не толькі апынуўся ва ўладанні яго сына, але і 11 снежня 1935 г. стаў апошнім абшарніцкім маёнткам роду Пушкіных, гэтак сталася са дня смерці с.п. Варвары Алексееўны Пушкінай, нявесткі вялікага рускага паэта.
* * *
Пэўна многія з гэтых дубоў і высокіх сосен з берагоў ракі Віленкі на Маркуцкіх гарах, засталіся яшчэ з тых часоў, калі іх бачыў Міцкевіч.
Як дзіўна. Яны атачаюць старую пушкінскую сядзібу, а ў гасцінай, у куце, паміж дзвюма шафамі, стаіць дрэва. Старая калода слыннай сасны, апетай Пушкіным, на металічнай шыльдзе бачу надпіс:
На границе владений дедовских, на месте том,
Где в гору подымается дорога,
Изрытая дождями,
Три сосны стоят: одна поодаль,
Две другие друг к дружке близко.
Гэта сасна зламалася 5 ліпеня 1895 г. падчас буры і была прывезеная ў Маркуці з радавога маёнтка Пушкіных Міхайлаўскае. Можна было б сказаць: вяршыня да вяршыні - але не, дрэвы вялікіх паэтаў сышліся ў Маркуцях зусім выпадкова, зусім спантанна.
Міністр Мельнікаў
Бо Маркуці, якія ўваходзяць у так званы вялікі горад Вільню, некалі належалі п. Гадлеўскаму. У 1867 г. маёнтак набыў тагачасны міністр шляхоў зносін Расійскай імперыі генерал А. П. Мельнікаў, бо яму спадабалася гэта чароўнае месца. Прыкладна тады ж ён пабудаваў сучасны дом у стылі старарускай сядзібы. Яго дачка Варвара выйшла замуж за малодшага сына Пушкіна Рыгора, і Маркуці перайшлі ў валоданне роду Пушкіных.
Сам Мельнікаў меў і іншую маёмасць, у тым ліку і ў былой Люблінскай губерні, якая ў выніку рэстуцыйных працэсаў вярнулася ў рукі сапраўдных уладальнікаў.
Хто б не памятаў
Да Маркуцёў мы беглі па пагорках уверх і ўніз, і як жа прыгожа там было. Памятаю сваё ранняе дзяцінства, калі тут яшчэ стаялі лясы. Дарогі сярод яроў, дарогі якія спадалі вадаспадамі. Зелянінай іх укрываў арэшнік, а вакол дубы, дубы і сосны. Унізе па камянях, як і дагэтуль, цякла рака Віленка, вакол якой па гальцы беглі струмені. Трава, старыя дрэвы, птушкі і кветкі.
У гэтым раі, пасярэдзіне, адразу за вуліцай Субач, тады "Сіроцкай", на ўзгорку, у вялікай купе дрэў, кустоў і зеляніны, ляжала нерухомасць Пушкіных. Плот з зялёных слупоў, агароджа з дроту (мірны час яшчэ не ведаў калючага дроту), аддзяляла парк ад навакольнага сусвету. Парк быў прыгожа дагледжаны, меў ставы з лебедзямі. На дзіва, з-пад старых дрэў, як чужы, выглядваў купал царквы. У тыя часы жыццё за паркавай агароджай было для нас чужым. У браму заязджалі "пралёткі" і павозкі, а таксама першыя ў нас аўтамабілі, ездзілі туды "действительные советники", губернатары, архірэі, карнеты лейб-гвардыі, генералы і іншая знаць - род Пушкіных належаў да расійскай арыстакратыі не толькі па духу.
Водились Пушкины с царями,
Из них был славен не один.
- пісаў сам паэт, хоць яшчэ і ведаў, што яго ўнучка па-кудзелі Соф'я, дачка малодшай дачкі Наталлі, выйдзе замуж за вялікага князя Міхаіла Міхайлавіча.
З таго часу ўцякло многа вады па камянях Віленкі. Рэвалюцыя, выгнанне, эміграцыя, і … супольны вораг, усе разам сцерлі знешні слой з чужынцаў, і засталася толькі блізкая кожнаму культурнаму чалавеку памяць пра вялікага паэта.
Апошняя зямельная маёмасць Пушкіных
Аднак, вяртаючыся да пытання пра тое, як віленскае мястэчка Маркуці аказалася апошнім маёнткам і як бы сямейным гняздом некалі заможнага роду Пушкіных, варта расказаць пра іх генеалогію.
У Пушкіна было два сына: Аляксандр і Рыгор. Старэйшы Аляксандр у 1851 г. скончыў Пажскі корпус і ў 1851 г. паступі у лейб-гвардыі конны полк. У выніку даслужыўся да чына генерал-лейтэнанта кавалерыі і памёр у 1914 г. Пакінуў шмат дзяцей з двух шлюбаў. Ад другога шулюбу меў сына Мікалая і дачку Алену, якія жывуць у Бруселі і Парыжы. З першага - сына Рыгора і дачок Марыю і Ганну. Мікалай спачатку ваяваў з бальшавікамі ў 1-м Сумскім гусарскім палку, потым у адмысловым аддзеле, які ахоўваў асоб царскай крыві ў Крыме, і пасля цяжкіх выпрабаванняў быў прымушаны эміграваць.
А ўнук Рыгор цяпер знаходзіцца ў Маскве і мае пастаянную пенсію ад савецкага ўраду. Марыя і Ганна таксама жывуць у Расіі.
Іх бацька (старэйшы сын паэта) атрымаў у спадкі вялікія маёнткі у Ніжагародскай губерні: Болдзіна, Львоўку і Кісцянёўку. Зразумела, што гэтыя маёнткі былі канфіскаваны, і старэйшая лінія паэта засталася без сямейнага гнязда.
Малодшы сын Рыгор (не трэба блытаць яго з пляменнікам, які жыве ў Маскве) атрымаў у спадкі любімы маёнтак бацькі Міхайлаўскае. Ён таксама служыў у лейб-гвардзейскім конным палку і, як я ўжо пісаў, ажаніўся з дачкой міністра Мельнікава.
У стагоддзе Пушкіна (1899 - Л. Л.), маёнтак Міхайлаўскае, як культурная каштоўнасць, быў прададзены дзяржаўнаму скарбу, і малодшы сын паэта перанёс сваю рэзідэнцыю ў Маркуці.
Такім чынам Маркуці сёння засталіся адзінай зямельнай маёмасцю сям'і паэта. Рыгор Пушкін памёр у 1905 г.
С. п. Варвара Пушкіна
11 снежня 1935 г. ва ўзросце 80 гадоў памерла нявестка вялікага паэта, уладальніца Маркуцёў.
Яна прымала актыўны ўдзел у культурным жыцці рускай калоніі. Ваколічныя людзі кажуць, што яна заўсёды была добрай і ветлівай і заўсёды падтрымлівала з імі добрыя стасункі. Маёнтак Маркуці меў невялікую тэрыторыю, з'яўляўся часткай горада, і на яго зямлі будаваўся раён Паплавы. Яшчэ і сёння ў крывых вулачках гэтага прадмесця жыве каля 200 арандатараў зямлі маёнтка. Іншая зямля маёнтка таксама была распарцалявана ці аддадзена ў арэнду.
Застаўся толькі парк
Парк, праз які прайшла бура гісторыі: вайна, акупацыя, яшчэ адна акупацыя. Вырваны штыкетнік, зламаная агароджа, спілаваныя дрэвы. Навакольныя пагоркі агаліліся - там, дзе некалі шумелі дубы, сёння гуляе марозны вецер. Надышлі часы бяды і няшчасця. Маркуці збяднелі, сцежкі пазарасталі травой. Даўно няма лебедзяў.
У 1915 г. Варвара Пушкіна выехала ў Пецярбург, але вярнулася восенню 1918 г. і яшчэ застала нямецкую акупацыю. З гэтага часу нікуды больш не з'язджала. Бальшавікі засталі яе ўдома. Яны парэзалі некалькі партрэтаў імператараў, скралі шмат лістоў, дакументаў, фотаздымкаў і іншых каштоўных пушкінскіх рэчаў, спалі на більярдным стале, але ўсё ж пайшлі дахаты. Дом вытрымаў і гэтае выпрабаванне.
Унук віленскага генерал-губернатара
Некалькі гадоў у маёнтку гаспадарыў Назімаў, унук віленскага генерал-губернатара. Сям'я Назімавых з даўніх часоў сябравала з родам Пушкіных. Іх маёнткі калісьці суседнічалі з сядзібамі паэта. Унук генерал-губернатара, ужо пажылы Назімаў, чалавек адметны сваёй годнасцю, прыбыў у Вільню пасля эміграцыі ў Эстоніі і прыняў кіраванне апошнім і ўжо заняпалым маёнткам Пушкіных. Тут яго сустрэла смерць апошняй гаспадыні, і зараз ён выступае гарантам яе апошняй волі (тастаманта).
Што стане з Маркуцямі?
Дом-помнік
Сённяшнім снежнем без снегу я муціў доўгі час трэсціся па слізкай дарозе. Брама замкнута на замок. Пахаванне адбылося ўчора. Варвару Аляксееўну пахавалі на сямейных могілках каля яе сына і мужа, на ўзгорку, насупраць царквы ў парку Маркуцёў. Тут жа ўзвышаецца помнік з каталіцкім крыжам: "Marie Pelichet", нарадзілася ў 1826 г. .. - гэта бабулька-бона.
Праз веранду, сені, пярэдні пакой і калідор уваходзім у дом. Каб нехта спытаў пра ўражанне, я б адказаў, што ўбачыў тут жывы музей. Нават не з-за памяці пра Пушкіна, а проста нібыта нехта перанёс мяне на 80 і болей гадоў у мінулае, у асяроддзе, так добра знаёмае з рускай літаратуры, асяроддзе "барской усадьбы".
Дом цікавы і як музей і адначасова праз ўсведамленне таго, што яшчэ тыдзень таму ён яшчэ жыў паўсядзённым жыццём і сваімі ўспамінамі, якія так адрозніваюцца ад сучаснага дня. Ад вялікага партрэта Пушкіна да тысяч фотаздымкаў, развешаных па сценах, складзеных у скрыні ці альбомы. Над бюро Рыгора Пушкіна ўсімі бляскамі эпалетаў зіхацяць дзесяткі мундзіраў - ад пышных кавалергардаў да афіцэраў артылерыі. Я сказаў бляскам? Пажоўклыя, збляклыя, з плямамі ад мух.
Стаіць фатэль паэта, а над ім палічка з маёнтка Міхалаўскае. Газавая лямпа. Прыгожыя бюро, крэслы і карціны, якія малявала сама Варвара Пушкіна, партрэты імператараў, фіранкі, тканыя ў сядзібе, нейкія сурвэткі, нейкія вышываныя падушкі. Пакоі абабітыя тканінамі, якія вытканы яшчэ прыгоннымі сялянамі і нават столь пакрытая гэтым жа дамашнім вырабам. Шафкі - шафачкі, старыя паляўнічыя прыборы, каля іх зашклёныя паліцы напоўненыя лістамі, сёння многія з іх - каштоўныя дакументы.
З пакоя ў пакой, а іх усіх трынаццаць, і на кожным кроку - памяць.
Што будзе з Маркуцямі?
Будучы спадчыннік - камуніст
У свой час, с. п. Варвара Пушкіна мела намер пакінуць усю спадчыну свайму ўлюбёнаму пляменніку па сястры, які жыве ў Расіі. З вялікай цяжкасцю атрымала дазвол на яго прыезд. Прыехаў з жонкай. Па дыванах, тканых яшчэ прыгоннымі, увайшлі яны ў стары дваранскі дом. Жонка пляменніка ўдае з сябе данскую казачку, але бадай што, родам яна з … Адэсы. Камуністка. Муж знаходзіцца пад яе ўплывам. Цяжка было жыць з імі пад адным дахам. Праз год вярнуліся ў Расію.
Тастамант
Згодна з апошнім тастамантам маёмасць падлягае продажы і падзелу, грошы павінны быць падзелены паміж асобнымі спадкаемцамі (напрыклад, жыве яшчэ дачка Варвары Пушкінай ад першага шлюбу). Сам дом і ўсё ўнутры яго з навакольным садам, пераходзіць ва ўласнасць Віленскага рускага таварыства з тым, каб нічога ў ім не змянялася і ўсё засталося, як было раней. Жыццё скончылася - застаўся музей.
Для гэтага дома не трэба прыстасоўваць свае нацыянальныя амбіцыі. Пушкін быў вялікім паэтам, адным з найвялікшых у свеце. І таму ўсе яго рэчы ў гэтым доме і сам дом яго апошняй нявесткі, назаўсёды застанецца каштоўнасцю, якая злучае нас з культурай.
Маркуці Міцкевіча і Маркуці Пушкіна.
J. M.[Мацкевіч Юзаф] Ostatnia posiadłość ziemska Puszkinów. Po zgonie synowej poety w Markuciach // Słowo. 1935. № 348.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.