Папярэдняя старонка: Янковский Плакид

Некалькі унiверсітэцкіх успамінаў   


Аўтар: Янкоўскі Плацыд,
Дадана: 10-12-2011,
Крыніца: XIX СТАГОДДЗЕ: Навукова-літаратурны альманах. Кніга другая. Мн., 2000. C. 153-157.



Заняткi перад iспытамi, у час да якога адносiцца нашае апавяданне, слушна называлiся крыжовымi днямi ў акадэмiчным календары. Усялякi рух у горадзе цiшэў цi не на палову, бо колькасць той маладой, вясёлай, бегатлівай, смехатлівай моладзi, што вечна за чымсьцi спяшаецца, сягала за дзесяць, за двадцаць тысяч чалавек. I раптам увесь гэты маляўнiчы тлум, як па чыiмсьцi загадзе цi закляццi станавiўся сур'ёзным, смутнеў, збiваўся ў маленечкiя групкi i знiкаў дзесь, нiбы пачыналiся рэкалекцыi. "Ну, дзякуй Богу, панiчы ўжо вучацца! А калi быць з коньмi?" - пыталiся час ад часу, злёгку прыадчыняючы дзверы, гарадскiя маклеры i фурманы. Выраз «ужо вучацца» выглядаў трохi анахранiчна i запознена як за некалькi дзён да вакацый, але ён, не крыўдзячы нiчым запалу i працавiтасцi старанных вучняў, надаваўся зараз, у такiм рэдкiм заўсёды прымяненнi, да цэлай грамады. Гэта быў час неабмежаванай яшчэ анiякімі правіламі свабоды прысутнасцi цi непрысутнасцi на лекцыях. Статус навучэнца унiверсiтэта, per excellentiam [1] акадэмiка, набываўся законна i сапраўдна толькi запiсам у альбом: цэлы год моладзь была прадастаўленая сама сабе, нiбы талент эвангелiчны, аднак належала апасля здаць экзамен альбо амэн, як любiў гаварыць адзiн стары выкладчык.
Далёкiя мы ад пахвалы таго старога, на волю лёсу даверанага, парадку iнструкцыi, аднак не можам не здзіўляцца, што не менш за дзве трацiны навучэнцаў прысвячалi сябе навуцы з любоўю i запалам, так што нават юнакi, для якіх унiверсiтэцкая адукацыя была больш прыгожай аздобай, чым сродкам да змянення лёсу, старанна працавалi разам з беднымi студэнтамi цэлы год, i толькi трэцяя частка злоўжывала, так бы мовiць, стрыманасцю, заўсёды спадзеючыся на сваю здольнасць, памяць, настойлiвасць, дапамогу таварышаў, а пры самым няўдалым збегу абставiн - i на само шчасце, што як- небудзь атрымаецца, i год часу не змарнуецца на той непрыемнай апошняй стаўцы. Вох! Год часу для юнака, які ўсёй душой i з палкім дыханнем нудзiцца i гонiцца за надзеяй, - гэта найдаражэйшы i самы жаданы скарб ад тых нешматлiкiх дзён, поўных пакутаў i хвароб, якія ўсё-такi, з ласкi неба, вельмi любяць нават на схiле жыцця, iмкнучыся затрымаць старасць.
Калi ж вялiкiя былi намаганнi нават вучняў старанных у тым часе, як трэба было здаць iспыты за гадавы курс, то справы тых, што абяцалi сабе кампенсаваць недахоп ведаў у днi рэпетыцый i апускалiся урэшце на «можа», былi сапраўды роспачныя. Як горача яны малiлiся ля Вострай Брамы, як сардэчна сцiскалi рукi вучняў-выдатнікаў, як пiльна сачылi за гадзiнамi рэпетыцый, як заўчасна прыходзiлi на iх, з якiм ушанаваннем i ўвагай слухалi лекцыю...
(...)
- Цi ёсць у вас хоць цэлая свечка? - сказаў, адкрываючы шафу,
Марцінкевiч. - Гэтага недапалка не хопiць нават i да поўначы! Iдзi ж выпрасi ў брата Чэслава яшчэ трохi. А тым часам было б зусiм не дрэнна, калi б паставiлi самавар.
Мы забылі вам нагадаць, што кватэра Адама [2] месцiлася ў кляштары кармелiтаў босых, на трэцiм паверсе, які паводле цяперашняга спосабу маўлення пазначылi б як другi. Але да гэтага неалагiзму, напэўна, нiколi б не прызвычаiлiся браты кармелiты i не змяншаецца ад гэтага спосабу анi адной прыступкi на лесвiцы (як нам раз распавялi ў абарону старога звычаю), бо досыць ужо цяганiны з-за двух календароў, не прымаючы той навiны, мажлiва, з якой антысацыяльнай мэтай, мы вымушаныя застацца пры старым, рэакцыйным выразе.
Келлi на ўсiх трох паверхах кляштару (цяпер ужо значна пераробленага i прыстасаванага да iншых мэтаў) былi такiя шматлiкiя i маленечкiя, што ўвесь кляштар мажлiва было палiчыць мадэллю нейкага аграмаднага будынка, для якога магло б хапiць жыхароў гэтага места. Увесь трэцi паверх кляштар часта аддаваў вучням унiверсiтэта. Плата была невялiкая i кватаранты мелi за абавязак толькi два першыя абеты манаскага закону: з тае прычыны, што ў другiм з iх - "убостве" - яны былi такімі загартаванымі i прыкладнымі, што няраз нават не былi здольныя заплацiць у час за кватэру, натуральна, што значная была зручнасць пражывання i паразумення з абодвух бакоў. Адныя толькi навучэнцы медычнага факультэта мелi дадатковае i надта суровае правiла - не рабiць прэпаратаў i анатамiчных даследаванняў пад пагрозай хуткага высвячэння (выгнання) з кляштару. Раз цi два, праўда, спакусiлiся яны дазволiць сабе гэтае прыемнасцi, але калi ў абодвух выпадках ксендз-прыёр аказаўся няўмольным i цвёрдым ва ўмове, то гэта мела станоўчы ўплыў на будучае. У цэлым, спосаб жыцця бяднейшых вучняў, што гняздзiлiся пад страхой разам з ластаўкамі, досыць добра стасаваўся са звычаямi кляштару. Лагоднасць i рахманасць, уласцiвыя славянскаму характару, спрыялі таму, што абыходзiлася без крыку, звадак, оргiй i паядынкаў. А апошняга (i гэта з'яўляецца, напэўна, адной з найлепшых рысаў былога унiверсiтэта) мы нiколi не бачылi прыкладу i не чулi нават пра яго. Хоць яшчэ нiхто не сказаў пра баязлiвасць цi бессардэчнасць славянскага племенi. Бо добрасумленная адвага далёкая ад юнацтва i бачная толькi пры пiльнай патрэбе. Закрануўшы гэтую тэму, трэба яшчэ зазначыць, што тая шматлiкая моладзь не мела нараканняў з боку гараджан нi за адну гучную бойку, нi за адну начную пагулянку, нi за адну chаrivari1, нi за адзiн шумны паход, - словам, нi адным намерам i злоўжываннем весялосцi. Але, нягледзячы на гэта, нiчога жывейшага, нiчога весялейшага i мiлейшага нельга сабе ўявiць перад асобна ўзятым выглядам i паводзiнамi той выбранай моладзi. Ды нават ейнымi свавольствамi i штукамi кiравала якаясь прыстойнасць, якiсь верны i беспамылковы iнстынкт, што не дазваляў нiколi перайсцi межы i забыцца на меру.
(...)
Праз колькi дзён было штогадовае закрыццё унiверсiтэта. Пасля падзячнага набажэнства ў касцёле Св. Яна i ўзнёслай прамовы унiверсiтэцкага прапаведнiка, які сваiм голасам i постаццю (як паўтаралi адзiнагалосна ўсе, хто калi-небудзь чулi Maury), дзiўным чынам нагадваў слаўнага кардынала, адбылося ў актавай зале ўрачыстае вучонае пасяджэнне. Якое ж яно было прыгожае i прадстаўнiчае! Наперадзе рэктарскi скiпетр, паважна-пунсовыя тогi прафесараў, мантыi i берэты дактароў, словам, тая старажытная атмасфера, у якой вучоныя мужы, калi б i хацелi, не маглi б быць падобнымi да рэшты бедных смяротных. Усё гэта праймала мiжвольным ушанаваннем, пра якое, вiдаць, капланы муз ведалi здаўна, калi сваiм паседжаннем надалi статус Сенату Акадэмii. Не толькi шматлiкiя госцi з гораду i правiнцыi, але нават самi навучэнцы унiверсiтэта, хоць i знаёмыя са сваiмi выкладчыкамi, не маглi не паддацца глыбокаму ўражанню, калi бачылi ўсiх iх перад сабой. Слаўнейшыя i ўлюбёныя iмёны ў тысячных шэптах плылi па зале, бо кожны з гасцей хацеў пазнаць i забраць з сабой у памяцi хоць вобраз тых людзей, што навукай прыносiлi пекную i чыстую славу краiне: шмат пазнавала па самой постацi знакамiтых асоб, шмат памылялася, i прыходзiлася iм не лёгка, бо цяжка разлучацца з сваёй марай, адтуль здзiўленнi, недавер, жарты, смех, словам, той гоман, бязвiнны i спакойны, як сама прычына, што сабрала гэты шматлiкi і разнастайны сход.
Усё гэтае, аднак, дзеялася ў глыбiнi залы, наводдаль ад узвышэння, на якім па абодвух баках сядзелi прафесары i стаялi бюсты iх слаўных папярэднiкаў. Якое ж то было шляхетнае i ганаровае суседства!
Паблiзу ад гэтага ганаровага ўзвышэння заўсёды панавала глыбокая цiшыня i ўвага. Прафесары чыталi даследаваннi па прадметах кожнага факультэта. Мусiлi то быць, напэўна, доўгiя i досыць нялёгкiя гадзiны для паненак i дылетантаў, бо працы ішлi альбо вельмi вучоныя, альбо чыталiся на замежных мовах. Але што ёсць прыкрасць быцця ў параўнаннi з прыемнасцю слоў "што было!" Затое настаўнiкi школ, кандыдаты ў настаўнiкi i найлепшыя вучнi слухалi тыя прамовы з найвялiкшай уважлiвасцю. Не чутно нiдзе, праўда, у такiх выпадках, французскiх воплескаў, бо абражалi б яны годнасць навукi i ў разлiк знакамiтых дакладчыкаў не ўваходзiла нiякай лiслiвасцi краёвай думцы, нi палiтычныя гульнi, нi мiгатлiвыя водблескi жартаў. Аднак кожная думка, пекная, новая, узнёслая, была несумненна схопленная, адзначаная ў памяцi, захаваная ў пачуццях слухачоў. Прымушала, да гэтага i неабходнасць да ўзнёслай, так бы мовiць, рапсадычнай увагi. Даследаваннi, чытаныя на паседжаннях унiверсiтэта, вельмi рэдка друкавалiся i тое па большай частцы за межамi, чым на месцы. Было гэта, з аднаго боку, агульнай рысай прафесараў былога Лiтоўскага унiверсiтета, асаблiва мясцовых, што, ацэньваючы сваё месца i працы знакамiтых калегаў, нялёгка аддавалi свае працы на суд грамадства; з другога боку, недахоп перыядычных выданняў i прадпрымальнiцкай ахвоты з боку кнiгавыдаўцоў (якія абмяжоўвалiся нейкiмi элементарнымi справамi i не маглi яшчэ лёсавацца з нашай публiкай) было таму прычынай.
Увесь гэты ўрачысты абрад замыкала прамова рэктара, развiтальная, вiншавальная, бацькоўская, пекныя ўзоры якое мы маглi б убачыць у «Зборы твораў Яна Снядэцкага». Але найiстотнейшая для моладзi i нават для ўсiх сабраных, была, бяспрэчна, тая частка вучонага абраду, калi сакратар Рады унiверсiтэта чытаў пастановы факультэтаў i выклiкаў найлепшых вучняў, якім рэктар уручаў прэмii i ганаровыя граматы, слушна ацэненыя высока, бо даставалiся заўсёды толькi найздольнейшым. Пад тыя ганаровыя ўзнагароды, як калiсь пад вянец, iшла моладзь з нейкiм нават рэлiгiйным пачуццём. На самой справе, выраз твару кожнага з тых шчаслiвых, часам нават неспадзявана для iх паклiканых да ўзнагароды, змяняўся то бледнасцю, то румянцам, мог бы быць параўнаны толькi з тым святым i неапiсаным злучэннем шчасця i клопату, што такую незямную чароўнасць надае маладой пары ў хвiлiны, калi ля алтара мяняюцца мiж сабой пярсцёнкамi... 157

[1] per excellentiam - пераважна, звычайна.
[2] Мажліва, гаворка пра Адама Міцкевіча.

пер. В. Алісіёнка
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX