Папярэдняя старонка: Мемуары

Коўш Зоя. Успаміны   


Аўтар: Коўш Зоя,
Дадана: 01-05-2014,
Крыніца: Коўш Зоя. Успаміны // Спадчына №6-1995. С. 223-267.



Зоя Каўшанка (1911-1994) - беларуская дзяячка, дачка беларуснага праваслаўнага сьвятара Аляксандра Каўша (расстраляны немцамі). Скончыла Віленскую беларускую гімназію i юрыдычны факультэт Віленскага ўнівэрсытэту. Удзельнічала ў Беларускім Студэнцкім Саюзе. У часе акупацыі працавала ў Беларускім Нацыянальным Камітэце ў Вільні, што i паслужыла падставаю для яе арышту савецкімі ўладамі. Фрагменты мэмуараў Зоі Каўшанкі ўжо публікавала «Наша Ніва». Плянуецца выданьне кнігі ейных успамінаў.

На ўсход каціліся цягнікі. На дзьвярах вагонаў замкі, вокны закратаваныя калюшчым дротам, канвой ашчэрыўся кулямётамі ды аўтаматамі. На кажным прыпынку салдаты старанна абстукваюць кажную дошку вагона, ці дзе не пашкоджана, каб не было ўцечкі грузу. Груз жывы, i за кажную ўцечку вартавыя адказваюць сваёй галавою. У вагонах цішыня; хіба што часам прарвецца надрыўны кашаль ці стогн. Канвой патрапіць змусіць маўчаць сваіх падапечных.

Цягнікі каціліся далека на ўсход, куды не сягалі ваенныя хвалі, у засьнежаную тундру, у дрымучую тайгу, перарываючы гудкамі паравозаў ды грукатам колаў яе першазданную цішыню. Нядаўна тут яшчэ не ступала нага чалавека, былі толькі зьвярыныя сьцежкі. Сіняе чыстае неба, бліскучы сьнег прыгадваюць тыя перадгістарычныя часы, калі чалавек яшчэ ня. ведаў, што такое зьдзек i няволя. Багаты край. Яго багацьці неабходныя для ўмацаваньня магутнасьці імпэрыі, для ix здабыцьця патрэбныя надлюдзкія высілкі міліёнаў, дзясяткі міліёнаў людзкіх ахвяраў. Цяпер сярод першабытнае прыроды праложаны чыгуначныя ды аўтамабільныя трасы, зьявіліся жылыя астраўкі па некалькі баракаў, абнесеных густой сеткай калюшчага дроту. Навакол вышкі; на вышках вартавыя, гатовыя прашыць аўтаматнай чаргой кажнага, хто б адважыўся наблізіцца да драцяное агароджы. Цягнікі спыняюцца ў тайзе ці тундры, выкідаюць свой груз, i натоўпы прамерзлых згаладнелых людзей цягнуцца ў гэтыя загародкі. Панурыя твары, згаслыя вочы, на абліччах таўро безнадзейнасьці.

Загарнулася адна картка ў жыцьці чалавека, разгарнулася новая, а на ёй нехта жорсткі, бязьлітасны напісаў лёс, супраціўны таму, які прызначыла яму прырода. Чалавек родзіцца вольным, маё вольны дух. Хто мае права пазбавіць яго волі гэтага найвялікшага скарбу, дадзенага яму прыродай, трымаць у загоне, як быдла?

Скончыліся доўгія месяцы допытаў у вастрозе, калі тыя, каго дапытвалі, часта не маглі зразумець, чаго ад ix хочуць, у чым ix абвінавачваюць, а тыя, хто дапытваў, не заўсёды ведалі, аб чым маюць дапытваць, у чым абвінаваціць, ды проста майстравалі абвінавачаньне, каб не апынуцца на месцы тых, каго абвінавачвалі, каго дапытвалі. Нэрвовае напружаньне бяссонных ночаў i галодных дзён вастрожных камэраў замянілася тупой безнадзейнасьцю лагера. Чаго можа спадзявацца бязвольная істота, быдла, аб чым можа думаць рабочы конь у дрэннага гаспадара? Людзі жылі, рухаліся без удзелу свае сьвядомасьці. Жыцъцё сталася проста існаваньнем. Ці ня ўсё роўна, колькі гадоў чалавеку адмерылі - дзесяць ці дваццаць пяць: дарогі адсюль няма. Калi пашэнціць адбыць дзесяць, дазволу на выезд адсюль не дадуць, пакінуць на пасяленьне. Калі прысуд быў вынесены завочна, т. зв. «Особым совешчаніем», пасьля адбыцьця дзесяцёх гадоў тое ж «ОСО» можа дадаць яшчэ дзесяць на той падставе, што чалавек яшчэ «не исправился». Аб тым, каб вытрымаць тут дваццаць пяць, ні ў кога i думкі не было. Людзі былі адрэзаныя ад нармальнага жыцьця назаўсёды.

Дні ішлі за днямі, падобныя да сябе як дзьве кроплі вады. Пад'ём - людзі схапляюцца з нараў, нацягаюць на сябе ўсю вопратку, якую маюць, сьпяшаюцца ў сталовую, каб атрымаць кавалак хлеба, адтуль - на развод. Каля лагернае брамы чакае нарадчык i канвой. Нарадчык выклікае рабочыя брыгады адна за адной. Кажная брыгада мусіць выслухаць сакрамэнтальную формулу начальніка канвоя: «Увага, брыгада паступае пад кіраўніцтва канвоя. Крок управа, крок улева лічыцца пабег, канвой страляе без папярэджаньня». Пасьля доўгія кілямэтры дарогі праз засьнежаную тундру. Пара ад воддыху замярзае на твары, твар пакрываецца ценкай скарынкай лёду. Вецер зьбівае з ног, не хапае паветра. Сэрца працуе з апошняе сілы ад хуткае хады i ад недахопу тлену. Здаецца, вось яшчэ раз стукне і затрымаецца, назаўсёды. Навакол не вІдаць нічога. З бакоў, згары, пад нагамі толькі рухлівая маса сьнегу без канца і краю, i у гэтым бязьмежным сьнежным акіяне, як сьнегавыя камкі, фігуркі жанчын-вязьняў, маленькія, бязрадныя сярод грознае стыхіі. Навакол не чуваць нічога, апрача шуму пургі, біцьця ўласнага сэрца i вокрыкаў канвоя «падцянісь». Кажны крок - гэта пакута, трэба напружваць усе сілы, каб адарваць ногі ад зямлі. Ці будзе канец гэтай дарозе? Здаецца, яна цягнецца ў нейкі няведамы жахлівы сьвет.

Нарэшце, дарога пройдзена. Вязьні атрымліваюць рабочыя прылады: кайло, лапату, лам - такія неадпаведныя для кволых жаночых рук. Пачынаецца змаганьне з адвечнай мерзлатой. Мерзлая зямля пад ударамі кайла адбіваецца маленькімі драбкамі. За ўвесь рабочы дзень можна выкалупаць кайлом ямку як для куркі на гняздо; колькі ні высільвайся - больш ня выдзяўбеш. Граніт можна раскалоць моцнымі ўдарамі, адвечную мерзлату ніяк не расколеш. А норма - адзін кубамэтар на чалавека. Такое колькасьці ніхто не патрапіць выдзяўбаць нават за тыдзень. Пры невыкананьні нормы зьніжаецца лайка, а яна i так маленькая. Па нейкай няведамай асацыяцыі ў памяці ўсплываюць радкі верша:

А за сьцяной сьмяецца поле,
Зіяе неба з-за вакна.

Тыя нявольніцы князя Радзівіла прынамсі праз вакно бачылі неба i сонца, калі ткалі яму залатыя паясы, гэтыя ж пакутніцы Сталіна ня бачаць ня толькі сонца, але i неба, бо навакол пурга, быццам нехта праз аграмаднае сіта сее сьнег на бязьмежным прасторы. Рукі, хаця i ў ватных рукавіцах, так адубелі, што ня могуць больш трымаць кайло. Кажны ўдар па мерзлаце адбіваецца рэхам у збалелым сэрцы. Сілы недзе ўцякаюць, а зь імі разам жыцьцё, вось яго засталося ўжо зусім мала - некалькі кропляў. Хочацца легчы на ледзяную зямлю, няхай сьнег засыпле i настане вечны спакой магілы, ды раз ужо скончацца гэтыя пакуты. Але брыгадзір пільна сочыць за работай. Яна хаця i сама вязень, але вымагае працы ад іншых, бо, калі брыгада будзе стала недавыконваць Норму, яе здымуць з брыгадзірства i скіруюць на «общие» работы, інакш кажучы, самой давядзецца даўбаць мерзлату. Зноў кайло ўдарае у мерзлую зямлю, як у крамень. А час цягнецца, здаецца, канца рабочаму дню ня будзе. На гадзіньнік тут ніхто не паглядае, бо ніхто яго ня мае; гадзіньнікі былі забраныя пры арышце. Нарэшце канвой здымае брыгаду. Рабочы дзень скончаны. Жанчыны здаюцъ інструмант - нарэшце рукі адпачнуць ад гэтых абрыдлых прыладаў пакуты; устанаўліваюцца парамі, канвой лічыць, i пачынаецца адваротная дарога у жылую зону, ці, інакш кажучы, у лагер. Хочацца бегчы, каб хутчэй вырвацца з пургі, з марозу, абагрэцца у зацішным кутку, дыхаць нармальна, поўнымі грудзямі, але вычарпаныя сілы не дазваляюць, перашкаджаюць валёнкі, на якіх дзесяць нумароў вялікшыя ад нагі колькі ні накручвай ганучаў, усё роўна ix не напоўніш. Валёнкі цягнуцца за нагамі, як злая доля за чалавекам. Цяжка таму, хто не прывык да такога абутку, спатыкаецца, намульвае ногі, брыдзе па калена ў сьнезе. А канвой пакрыквае: «падцянісь». На вахце зноў лічаць, параўноўваюць, ці зыходзіцца колькасьць брыгадных картак з колькасьцю людзей. Бяда, калі малаграматныя вахцёры ня могуць даць сабё рады з такім рахункам: вязьні часам яшчэ гадзіну мусяць мерзнуць пад вахтай. Нарэшце ўпусьцілі ў жылую зону. Брыгадзір не стаіць над душой, не чуваць вокрыкаў канвоя, адчуваецца адпружаньне, палёгка. Хутчэй у барак, скінуць лішнюю вопратку - бушлат, ватнія нагавіцы, крыху абмыцца - i ў сталовую, атрымаць міску «баланды» - зупы з кіслай капусты з крупамі, кавалак варанае рыбы, а там - самае прыемнае месца за ўвесь дзень - нары. У бараку поўна. Нары ў два паверхі, на нарах жанчыны, у паджылым веку i зусім маладзенькія дзяўчаткі, трапілі сюды яшчэ падлеткамі. Адныя пакінулі сям'ю, дзяцей, па другіх маткі выплакалі вочы бяссоннымі начамі. Некаторыя сьвядома змагаліся супраць несправядлівасьці, іншыя i самыя ня ведаюць, за што i па што тут апынуліся. Згас вясёлы агеньчык у дзявочых вачах, абмерзла i патрэскалася скура на твары, закарэлі рукі ад кайла i лапаты. Усе яны палітычныя вязьні. Чуецца рожнамоўная гутарка. Тут сабраныя жанчыны з розных краінаў сьвету. Кацілася па Эўропе з усходу хваля гвалту i прымусу, вось i падхапіла кажнага, хто быў на яе шляху, i закінула сюды, у гэтае адлюдзьдзе. Няволя на ўсё жыцьцё, адсюль дарогі няма.

Яшчэ адзін рабочы дзень адышоў у нябыт. Кажная занята сваёй справай, гэта ix вольны час: хто латае вопратку, хто расчэсвае валасы, хто гутарыць. Хутчэй бы праверка, адбой ды заснуць, хаця б у сьне вырвацца з гэтае краіны жаху, на пару гадзін перанесьціся ў падсьвядомасьці туды, дзе сьвеціць сонца, дзе родныя твары, дзе людзю яшчэ ўмеюць сьмяяцца, цешыцца жыцьцём. Нарэшце зьяўляецца наглядчык, дае каманду: «шум прекрати». Усе выстройваюцца ў адну лінію па сярэдзіне барака. Наглядчык выклікае прозьвішча, выкліканая адказвае свой нумар, які заўсёды носіць на рукаве (о, гэты нумар, ён неадлучны ад вязьня, як нацельны крыж ад веручага хрысьціяніна, зь ім вязень ідзе i ў магілу), сваё імя, імя бацькі, стацьцю i срок. Праверка скончана, дзьверы барака зачыняюць звонку на штабу i на замок, Зусім як калісьці у беларускіх вёсках зачынялі коні, каб ix не пакралі цыганы. На вокнах. краты. Hi краты, ні замкі тут не патрэбныя - тундра найлепшы стораж, прайсьці па ёй тысячы кілямэтраў ніхто не патрапіць: узімку занясе сьнег, улетку заесьць машкара, але трэба ж дакучыць чалавеку, панізіць яго чалавечы гонар, змусіць яго яшчэ раз адчуць, што ён пазбаўлены свабоды, што ён стварэньне ніжэйшага гатунку. Пісьменьнікі часта ўжываюць выразы: «жыцьцё цячэ, жыцьцё плыве»; тут яно спынілася, як у дрыгве, дзе чорная вада стаіць бяз руху і куды не упадзе ні сонечны прамень, ні адаб'ецца блеск месяца, ні сяйва зор. Ды й ці не было гэта чорным бязоднем, у якое лёс сапхнуў людзей?

Вось у такія варункі давялося трапіць, атрымаўшы срок, таўро палітычнага вязьня, або «контры», на ўсё жыцьцё, перабыўшы этап зь яго перасыльнымі вастрогамі, дзе у перапоўненых камэрах з трудом можна было знайсьці месца для спаньня на бруднай падлозе, каля дзьверы або парашы, бо ўсе месцы на нарах былі занятыя блатнымі i тымі, хто патрапіў пасябраваць зь імі за нейкія прадметы жаноцкае вопраткі. Я такое магчымасьці ня мела, бо тое, што было, на мне, было ўжо так вынашана, што ніякай вартасьці мець не магло. Адзінай больш-менш вартаснай рэччу былі боты. Блатныя на ix ласа паглядалі, дзеля гэтага не скідала ix ні ўдзенъ, ні ўночы. Бачыла, што з кажным кілямэтрам этапу мароз мацнее, i застацца бяз ботаў значыла застацца бяз ног. Дзіўна, як у гэтых людзей разьвіта прывязанасьць да матэрыяльных рэчаў, нават у такім становішчы, у якім яны знаходзіліся. А боты былі ўсё-ткі замежныя, што для ix мела асаблівую вартасьць. Як я была ўдзячная лесу, што мяне арыштавалі ўзімку, усё ж на мне была больш-менш цёплая вопратка.

Змучаная перасылкамі, падарожжам у вагонзаку, дзе кармілі салёнай рыбай, а вады не давалі (канвой рабіў сабе забаву з таго, што ставіў вядро з вадой перад кратамі, так што вязьні ваду бачылі, а піць не даваў), зьмерзлая, згаладнелая, аканчальна аслабелая, прыбыла ў Ухту, месца майго прызначэньня. Зноў перасылка. Тут на дзіва малалюдна, У бараку халадно, але месца на нарах даволі. Тулімся адна да аднае, нацягаем на сябе ўсе лахманы, якія маем. Зноў лазьня, як i на ўсіх перасылках, зь яе прыніжальнымі працэдурамі, далікатна званымі санабработкай. Ня столькі чалавек мыецца, колькі яшчэ раз упэўніваецца, што яго чалавекам ня лічаць. Суцэльны ланцуг прыніжэньняў, зьдзекаў. Пасьля лазьні лекарскі агляд. Лекары аглядаюць, ставяць катэгорыю, хто да якое працы здольны. Атрымліваю трэцюю - найлягчэйшая праца, хаця сумляваюся, ці я наагул да якое-небудзь працы здольная, але, відаць, на ix думку, i ад мяне яшчэ можна мець нейкую карысьць. На перасылку прыяжджаюць кіраўнікі лагпунктаў i выбіраюць вязьняў, як нейкую жывёлу ці нявольнікаў у даўныя часы на рынку - з той рожніцай, што агляд ужо за ix зрабілі лекары, ім застаецца толькі выбраць па фармулярах, дзе прастаўлена катэгорыя. Кажны з гэтых «купцоў», як ix празвалі вязьні, хоча атрымаць мацнейшых фізычна. Мне з маёй трэцяй катэгорыяй давялося чакаць даволі доўга. Слабых кіраўнікі лагпунктаў ня надта хочуць браць. Яны таксама мусяць выконваць плян, а з такога, які ледзь на нагах трымаецца, няшмат карысьці. Нарэшце, прыйшоў i мой чарод. Прыехалі трое: начальнік лагера, лагерны лекар ды яшчэ нехто трэці зь імі, перагледзелі фармуляры, выбралі, што ім трэба, у тым ліку i мой. Кажуць, у саўгас, работа лёгкая, аджыўленьне добрае, жанчыны цешацца. У цяжкім становішчы кажны спадзяецца на лепшае, хаця надзея часта ашуквае.

Пачатак лагернага жыцьця на ўсіх лагпунктах аднолькавы: праверка па фармулярах, лазьня, выдача абмундураваньня: бушлат, целагрэйка, ватныя нагавіцы, бельле. Як правіла, новапрыбылы вязень атрымлівае абмундураваньне, моцна паношанае яго папярэднікамі ды неадпаведнага разьмеру. Калі бушлат вісіць як на вешаку, гэта яшчэ не бяда, можна падперазаць, перашыць гузікі, але калі валёнкі на дзесяць нумароў большыя ад нагі, гэта ўжо зусім дрэнна, асабліва таму, хто ніколі такога абутку не насіў: спатыкаецца на кажным кроку, намульвае ногі да крыві. Накруціць парцянкі таксама трэба ўмець: што ж рабіць таму, хто паняцьця аб гэтым ня мае. Пасьля гэтага вязьня прызначаюць у брыгаду, запаўняюць на яго брыгадную картку, ён атрымлівае месца ў бараку. Заўтра пайка лагернага хлеба i выхад на работу з брыгадай. Бытавыя варункі былі ўсё-ткі крыху лепшыя, як у трыццатых ці на пачатку саракавых. Тут ужо былі баракі, пабудаваныя нашымі папярэднікамі.

Якія ж цяжкія першыя лагерныя дні. Здаецца, уся істота чалавека кажным сваім нэрвам пратэстуе супраць гвалту i зьдзеку. Кажнаму жывому стварэньню ўласьцівая воля, i кажнае стварэньне вельмі цяжка пераносіць яе страту. Калі ў часе сьледзтва вязень яшчэ захоўваў сваю індывідуальнасьць, яшчэ думаў, змагаўся за свой лес, сьледчыя органы займаліся ім як асобнай адзінкай, дык у лагеры ён ставаўся толькі нумарам, кропляй у акіяне такіх самых вязьняў. Сьвядомасьць страты свае індывідуальнасьці прыгнятала ня менш, чым усе вонкавыя недахопы.

Спадзяваная лёгкая праца ў саўгасе абярнулася лесапавалам - праца, на якую звычайна ў нармальных варунках адбіраюць маладых дужых мужчын. Тут вось на гэтую працу былі скіраваныя жанчыны з трэцяй катэгорыяй, амаль інваліды. Што ж, гэта быў «идейно чуждый элемент», прызначаны Сталіным на зьніштажэньне, а перад тым трэба было выцягнуць зь ix хаця б маленькую карысьць для ўмацаваньня тае імпэрыі, якая, захапіўшы ix бацькаўшчыну, вынесла ім сьмяротны прысуд.

Раніцай пяць кілямэтраў па замерзлай рэчцы на работу. Лес, як у першабытныя часы. Вярхушкі соснаў маячаць у сінім бясхмарным небе, што i вокам не дасягнеш. Навакол срыбрысты бліскучы сьнег. Якая харашыня. Няўжо яна створана дзеля таго, каб чалавек яшчэ мацней адчуваў сваю нядолю? Адлігі тут ня бывае, ветру таксама, i дзеля гэтага сьнёг усю зіму сыпучы, як пясок.

Чатыры жанчыны занятыя пры сьпілоўцы дрэваў. Яны ўжо тут ня першы дзень, асвоілі гэтае ўмельства, да таго ж яны дужэйшыя, атрымліваюць вялікшую пайку. Такая праца вымагае спрыту i ўмельства, бо пры найдрабнейшым недаглядзе сасна можа зваліцца ня ў той бок i прыціснуць пілоўшчыкаў. Такія ж дахадзягі, як я, мусілі каціць бярвеньні да рэчкі на сплаў прыблізна паўкілямэтра. Ногі правальваюцца ў сыпкім сьнягу да калена, выцягнеш адну нагу - затанула другая, рэшткі сілаў ідуць на тое, каб выцягаць ix са сьнегу, а трэба ж каціць перад сабой аграмаднае бервяно, яго трэба падштурхваць жэрдкамі, але жэрдкі таксама ня маюць апоры ў сьнягу, тонуць да самае зямлі. Ня праца, а пакута. Каля рэчкі гарыць вогнішча, паляць непатрэбнае гальлё -«сучкі», пры ім грэюцца канвой i брыгадзір. Зьбіраць i паліць сучкі, бязумоўна, лягчэй, чым каціць бярвеньні,- блатная работа, i брыгадзір ставіць на яе тых, хто ёй падабаецца, а падабаецца той, хто можа нешта даць з пасылкі ад сваякоў. Я пакуль што пасылак не атрымліваю i нічога ёй даць не магу, вось яна i зрабіла на мяне данос адпаведнаму начальству, быццам я сказала: на савецкую ўладу працаваць ня буду. Адпаведнае начальства выклікала мяне, каб высьветліць справу, прыгразіла яшчэ адным срокам, але ўсё абышлося. Мусіць, яна была ўжо ведамая сваім празьмерным стараньнем. Праўда, работнік зь мяне быў ніякі, бо, па-першае, я была зусім зьнясіленая вастрогам, па-другое, ня мела ніякага дасьведчаньня ў падобнага роду рабоце. Валёнкамі, якія былі, мусіць, на дзесяць нумароў вялікшыя за нагу, нацерла на пяце крывавы паўхір, кажны крок адзываўся вострым болем. На працу i з працы я цягнулася як сьлімак, адзін з канваіраў вёў мяне асобна, далёка ад брыгады, бо часам я адставала на якія паўкілямэтра.

Спадзяваньні на тое, што ў саўгасе будуць паіць малаком, таксама ня зьдзейсьніліся. Замест малака атрымлівалі па кубку адвару з хвоі - як сродак ад цынгі. Адразу пасьля прыбыцьця ў лагер напісала ліст да маці, падала ёй свой адрас. Маці тэлеграфічным пераказам зараз жа прыслала сто рублёў. Я ўсьцешылася, што змагу купіць сабе ў лагернай крамцы нешта зьесьці: пры маім стане поўнага зьнемажэньня ад голаду гэта было вельмі дарэчы, але мяне чакаў ужо начальнік КВЧ (культурно-воспитательная часть) i сказаў, што я мушу аддаць гэтыя сто рублёў на «фонд мира», іначай буду несавецкім чалавекам. Савецкім чалавекам я ніколі не была, але пацьвердзіць гэта ў тых абставінах, у якіх я знаходзілася, значыла сьцягнуць на сябе яшчэ адзін срок, можа, большы ад маіх дзесяцёх. Мне заставалася толькі расьпісацца ў атрыманьні грошай i ў «дабраахвотным» ахвяраваньні ix на «фонд мира». На-т пісала маці, каб грошы мне больш ня слала, а калі зможа, прыслала пасылку. Спадзявалася, што прадуктаў на «фонд мира» начальнік КВЧ не забярэ, Доўга вагалася, пакуль папрасіла ў маці пасылку, бо ў тым, што яе матэрыяльныя варункі цяжкія, у мяне не было сумліву, але ведала, што безь яе дапамогі не падужаю. Ня ведала толькі, што яе здароўе было шмат горшае ад майго. Начальнік КВЧ, аднак, не завагаўся забраць ад галоднага вязьня кавалак хлеба. Вязень, пакрыўджаны ўжо тым, што яму адабралі свабоду, увесь час яшчэ быў прадметам эксплюатацыі з боку рожных дробных начальнікаў i падначальнікаў ды нават такіх жа вязьняў.

Што мне запамятавалася добрага з ухцінскіх лагероў, гэта клімат: сухая марозная зіма, раньняя, як на тыя шыроты вясна. У красавіку вязьні мусілі аддаваць валёнкі i атрымліваць чаравікі, бо ў валёнках было ўжо мокра, сьнег таяў. Прыгожая прырода: Навакол узгоркі, пакрытыя лесам, вясной мноства кветак, якіх не даводзілася бачыць на Беларусі. Аднак гэты клімат не ішоў на здароўе тым, хто да яго не прывык. Хутка пасьля прыезду ў людзей пачыналі набракаць ногі - вынік недахопу тлену ў паветры. Хадзіць было цяжка, працаваць яшчэ цяжэй. I ў выніку ўсіх гэтых абставінаў я трапіла ў лагерны шпіталь. Не прыпомню, каб мяне там чымсьці лекавалі, але ня трэба было хадзіць на работу, i гэта ўжо само па сабе было лекам, да таго ж аджыўляньне было крыху лепшае.

Шмат дапамог мне ў тую цяжкую хвіліну лагерны лекар Сямён Ільліч Крыстальны. Старэйшы ужо чалавек, сам адбыў дзесяць гадоў па абвінавачаньні ў атручаньні Горкага. Быў маскоўскім лекарам, i падграбла яго кадэбістская мятла, калі трэба было змайстраваць чарговы працэс. Жонка i сын адмовіліся ад яго, як тады гэта практыкавалася, i гэтым нанесьлі яму яшчэ адзін удар. Пасьля адбыцьця сроку права на выезд ён не атрымаў i застаўся працаваць вольнанаёмным як лагерны лекар. У зьняволеньні лёс зьвёў яго з маладзенькай дзяўчынай. Жыла яна да арышту ў Румыніі, была палымянай камсамолкай. Паверыла хлусьлівай савецкай прапагандзе, што ў Савецкім Саюзе ўжо зьдзейсьнены ўсе спрадвечныя лятуценьні людзкасьці, i нелегальна перайшла мяжу. Тут зараз жа была арыштавана i атрымала дзесяць гадоў за шпіянаж. У гэтым бязодні гора ЯНЫ знайшлі свае сямейнае шчасьце. Сам адбыушы срок, Сямён Ільліч быў чулы на нядолю вязьняў, рабіў усё, што было ў моцы лекара, каб палегчыць ix лёс. Мяне ён пратрымаў у шпіталі даволі доўга. Праўда, да гэтага ў мяне былі паважныя прычыны.

Вялікае дзякуй i нізкі паклон лагерным лекарам тыпу Сямёна Ільліча Крыстальнага. Прайшоўшы цяжкі шлях вязьня, яны схаваліся дапамагчы зьняволеным у меру сваіх магчымасьцяў, ды ня раз з гэтае прычыны ўваходзілі ў канфлікт з лагерным начальствам.

Колькі за гады майго зьняволеньня давялося спаткаць рожных характараў - ад высакашляхотных да нікчэмна подлых. Тут кажны меў нагоду выказаць сябе асабліва яскрава.

* * *

У лагеры мне ўпершыню давялося сустрэцца з жанчынамі з праступнага асяродзьдзя. Было ix ня так шмат, колькасна пераважалі палітычныя вязьні, але чулася ix перавага. Лагернае начальства, наглядчыкі імкнуліся не даводзіць да канфлікту зь імі, ня кажучы ўжо пра брыгадзіраў. Гэта былі жанчыны-забойцы, прафесіянальныя зладзейкі, некаторыя былі ўжо рэцыдывісткамі і адчувалі сябе ў месцах зьняволеньня як у сябе ўдома. Ды фактычна гэта i быў ix дом, бо іншага ў ix не было. Мусіць, i тыя жанчыны-праступцы, зь якімі Мне давялося спаткацца, калісьці былі мілымі, можа нават прывабнымі дзяўчатамі, але такімі, якімі я ix пабачыла, яны былі проста жахлівым зьявішчам, i я не магла ўявіць ix сабе іншымі, здавалася, што яны нарадзіліся такімі. Іx вонкавы выгляд, спосаб захаваньня выклікаў адразу, хаця яны i зьвярталі шмат увагі на сваю вопратку, маляваліся, накручвалі валасы. Але гэта было, мусіць, усё, што засталося ў ix ад ix жакочасьці. Даволі было глянуць на вочы, на выраз твару, каб імкнуцца пазьбягаць зь імі сустрэчы. Усе курылі, любілі гарэлку i агідна лаяліся, бяз лаянкі яны проста не маглі гаварыць, лаянка была ў ix як соль да стравы. Нягледзячы на свае вонкавае i маральнае нежаночае аблічча, у ix была непераможная цяга да мужчын. Тут яны забываліся нават пра элемэнтарны сорам.

Не скажу, каб у ix была нейкая асаблівая нянавісьць да палітычных вязьняў, яны проста лічылі сябе вышэйшай клясай, называлі нас контрай. Ды, можа, яны тут i сапраўды былі вышэйшай клясай, бо былі тут сталымі жыхарамі, якім i не павінна было быць іншага месца, а тыя, каго яны называлі контрай, былі людзьмі прыпадковымі. Усё жыцьцё, за малымі перапынкамі, праходзіла ў месцах зьняволеньня. Калі яны i выходзілі на волю, дык сябры не пакідалі ix без свае ўвагі, цягнулі зноў у сваё асяродзьдзе, адмовіцца яны не маглі, бо ў гэтым асяродзьдзі існавалі свае законы, быў свой суд, які выносіў пастановы i вельмі часта прысуд сьмерці, які выконвалі сябры засуджанага, а за невыкананьне ім пагражаў такі самы прысуд. На волі яны былі толькі гасьцямі. Хвіліна свабоды - i зноў вастрог, сьледзтва, суд, i зноў «исправительно-трудовые», дзе яны ў асяродзьдзі сяброў дасканаліліся ў сваёй прафэсіі. Яны ні да кога не пісалі лістоў i ні ад кога не атрымлівалі ні лістоў, ні пасылак, але ніхто з «контры» ня мог атрымаць пасылкі, каб не падзяліцца зь імі. Калі прыходзіла пошта, чакалі каля вахты, i калі хто не хацеў даць частку, па дарозе адбіралі ўсё.

З адной такой прадстаўніцай угалоўнага асяродзьдзя давялося ляжаць побач у шпіталі. Гэта была нават прыгожая дзяўчына, каб не яе адпіхаючы выраз твару. Наташа, такое было яе імя, атрымала дзесяць гадоў пастановай суда «исправительно-трудовых» за ўдзел у забойстве, роўна столькі, як я за ўдзел у працы К-ту. На маю бяду, яна пачула да мяне сымпатыю, якая амаль не абыйшлася мне вельмі дорага. Наташа прыносіла з лагернае кухні то пару кавалкаў рыбы, то яшчэ нешта лепшае ад лагернае пайкі i казала мне есьці разам. Менавіта казала, а не прапанавала,як чалавек, які можа казаць ці загадвацъ. У мяне ўсё ў сярэдзіне перавярталася ад гэтых яе пачастункаў, бо Наташа была хворая на сыфіліс, кажны здаровы чалавек уздрыгнуўся б есьці з аднае міскі з такім хворым. Лагерны шпіталь быў маленькі, адзін пакой на дзесяць ложкаў i дзяліць па роду хваробы не было магчымасьці, а Наташа якраз захварэла яшчэ на нейкую хваробу, якая вымагала стацыянарнага лекаваньня. Адмовіцца я не магла, бо гэта выклікала б яе абурэньне, а ў гневе гэты народ небясьпечны. Апрача забойства, у ix быў яшчэ адзін спосаб расправы: расстаўлялі два пальцы на руцэ ў форме вілкі i зьнянацку з усяе сілы ўбівалі ў вочы свае ахвяры. Чалавек траціў зрок назаўсёды. Аднак неяк Бог сьцярог, абыйшлося. Найбольш папулярным заняткам у ix была гра ў карты. Грошы яны ня мелі, стаўкай было жыцьцё чалавека. Таму, хто прайграе, казалі кагосьці забіць, прычым гэты чалавек мог ня мець ніякіх адносінаў да ix асяродзьдзя, нічога не завініць, быць зусім прыпадковым чалавекам. Такім чынам, ніхто зь вязьняў ня мог быць пэўным, што за ім сьледам ня ходзіць сьмерць. Адказнасьць за забойства або калецтва, спрычыненае ў лагеры, ix фактычна не чакалаі калі ўгалоўніка, які зрабіў праступства ў лагеры, узялі ў вастрог дзеля сьледзтва i суда, ён атрымліваў невялікі срок, які пакрываўся тым, які ён ужо меў, бо срок па рожных судовых пастановах не плюсаваўся, а ўваходзіў у папярэдні. Дзеля гэтага юрыдычнае адказнасьці яны не баяліся, а маральных тармазоў у ix не было.

Другім цікавым тыпам была Ірка - зусім маладая дзяўчына. Трапіла ў зьняволеньне за крадзеж, у шпіталі была з прычыны «мастыркі», так зваўся на ix мове спосаб зрабіць сябе няздольным да працы. На працу хадзіць яны ўсё-ткі мусілі, бо за нявыхад пагражаў БУР (барак усиленного режима), ці, іначай, лагерны карцар, месца ні ў якім выпадку не прыемнае. Каб пазбыцца неабходнасьці ўставаць з пад'ёмам, бегчы на развод, а пасьля цэлы дзень працаваць, а прынамсі быць каля тых, што працуюць, рабілі зьдзек з свайго цела. У мужчынскіх лагерах нават, здаралася, адрубалі сабе пальцы на назе ці руцэ, жанчыны практыкавалі «мастыркі». Спосаб палягаў на тым, што адцягалі скуру, найчасьцей на назе, i празь яе працягалі голку зь ніткай, змочанай ў карасіне. Пашкоджанае месца гнаілася ўсё глыбей i даходзіла да косьці. Лекі не памагалі, хадзіць чалавек ня мог i такім чынам ратаваўся ад абрыдлае працы. Праца была, бязумоўна, вельмі цяжкая, часта цяжэй за чалавечыя магчымасьці, але не прыпомню ні аднаго выпадку, каб хто з палітычных вязьняў рабіў «мастырку» i заставаўся калекай на ўсё жыцьцё. У тым асяродзьдзі ўгалоўнікаў быў зусім іншы сьветагляд, для нас не зразумелы.

Пакуль не сустрэлася з асяродзьдзем угалоўнікаў, думала, што пачаткам праступнае дзейнасьці звычайна бываў недахоп матэрыяльных сродкаў, бядота. Тут у сваіх назіраньнях пераканалася, што гэта не галоўная прычына. Давялося спаткаць маладзенькую, прыгожую, як лялечка, дзяўчынку, адзіную дачку інтэлігентных, салідных бацькоў; галечы ў хаце таксама не было. Дзяўчына вучылася ў мэдыцынскім інстытуце. Маці пачала заўважаць, што дачка часам не прыходзе да хаты па два дні i ночы; дачка тлумачылася, што засталася начаваць у сяброўкі. Далей маці пабачыла, што ў дачкі то дарагі кажушок, то пярсьцёнак.

На пытаньне, скуль яна гэта бярэ, дачка адказвала: сяброўка дала панасіць. Тымчасам яна ляцела самалётам у другі горад на дзень-два, дзе зь сябрамі рабіла бандыцкія налёты. Банда ўсё-ткі была выкрытая, дзяўчыну арыштавалі ў інстытуце на лекцыі. Суд засудзіў яе на дзесяць гадоў «исправительно-трудовых», зноў жа таксама як мяне, з той рожніцай, што я срок атрымала без суда i не «трудовых», а «лагерных работ». З навукай у дзяўчыны было скончана, што яе чакала пасьля адбыцьця сроку, трудна было прадбачыць, у кажным выпадку, яе будучыня не выглядала прывабнай.

Маючы ў шпіталі шмат вольнага часу, разважала пытаньне, што штурхнула ix на шлях праступнасьці. Імкненьне да прыгодаў, пратэст таму парадку, пры якім усё жыцьцё зьяўляецца дарогай на работу i з работы, а крок управа, крок улева з гэтага шляху штодзённае аднастайнасьці лічыцца пабегам i караецца імкненьне ісьці куды хочацца, як хочацца, хаця б i па бездарожжы? Найхутчэй, гэта было так, прынамсі ў большасьці зь ix. На гэтым вызначаным кімсьці шляху чакаў прымус раніцай сьпяшацца на работу, каб, крый Божа, не спазьніцца на пяць мінут, пасьля работы вандроўка па крамах у пошуках, дзе што «даюць», гадзіннае стаяньне ў чарзе за кавалкам чагосьці неабходнага, удома хатняя праца да позьняе ночы. Ні адна зь іх ня думала, што раней ці пазьней трапіць за краты, здавалася, усё жыцьцё пройдзе па прынцыпу: «што хачу, тое раблю», а зыйсьці з гэтага шляху вельмі цяжка, адваротнай дарогі бадай што няма, бо, калі чалавек будзе мець даволі сілы волі i скончыць сваю праступную «дзейнасьць», ці, як кажуць на ix жаргоне, «завяжа», яго псыхіка ня можа не застацца надломленай. Не магу ўявіць сабе Наташу ў рол i маці.

* * *

У шпіталі я прабыла ўсю вясну i лета. Добры Сямён Ільліч трымаў бы мяне i далей, бо маё сэрца ніяк не магло прыстасавацца да паўночнага клімату, але начальнік санчасьці настояў на тым, каб мяне выпісаць. Сам ён, што праўда, ня вельмі быў граматны ў мэдыцыне: на фронце быў санінструктарам, але, як шчыры кадэбіст, атрымаў працу, дзе рабіць ня трэба нічога, а грошы i паёк запэўненыя. Уся яго праца палягала на тым, каб як мага менш вязьняў было звольнена ад работы па прычыне хваробы. Сямён Ільліч, нягледзячы на свой век i дрэнны стан здароўя, змагаўся за кажнага свайго пацыента. Праўда, і лагернае начальства мусіла зь ім лічыцца, бо зьвярталася да яго па лекарскую дапамогу для сябе i сваіх сем'яў. Іншага лекара блізка не было, а спэцыяліст ён быў добры. На лесапавал мяне больш не паслалі, хадзіць мне было цяжка, мучыла задышка, я ўвесь час адставала б ад брыгады, а пасылаць са мной асобнага канваіра не было сэнсу. Была скіраваная на лягчэйшую работу. Доўга я тут, аднак, не прабыла: разам з групай іншых жанчын была адпраўлена у іншы лагер, дзе аснаўная работа была на цагельні. Па якой прычыне нас адправілі, не магу прыпомніць. Тут я трапіла ў брыгаду, якая працавала ў кар'еры, здабывала гліну для цагельні. Ніколі ня бачыла такое прыгожае гліны: яна ішла пластамі, былі пласты гліны зялёнай, як малады гарошак, i зноў пласты зусім сінія; у параўнаньні з прывычнай рудай, чырванаватай глінай гэтая выглядала неяк непраўдападобна.. Праца была зноў цяжкая: цэлы дзень, згорбіўшыся пад нізкім насьцілам, трэба было даўбаць кайлом, бо гліна была даволі цьвярдая, распрастацца было нельга, балела ў крыжы, балела шыя, ногі, ня кажучы ўжо пра рукі. Адно было добра, што кар'ер быў побач з заводам, хадзіць было недалёка. Праца адбывалася ў дзьве зьмены, такім чынам, працаваць даводзілася i ўночы. Насьціл з дошак, зроблены нядбала, абы хутчэй, часам не вытрымліваў націску верхняга пласта, заломваўся, i ён валіўся разам з караньмі дрэў i каменьмі на працуючых. Адной дзеўчыне камень упаў якраз на сьпіну. Яна ляжала, i не было надзеі, што калісьці зможа падняцца ўласнымі сіламі.

Адноўчы, здымаючы верхні пласт зямлі, натрапілі на стары могільнік вязьняў, мусіць, нашых папярэднікаў з трыццатых гадоў сталінскага тэрору. Ніякіх адзнакаў на паверхні, ні дамавінаў, толькі косьці, да нагі прычэплена «бірка» - маленькая дошчачка, на ёй прозьвішча, параграф УК, срок, канец сроку. Бедакі так i не дачакаліся канца свайго сроку. Можа, лёс зьлітаваўся, скараціў ix пакуты. Магчыма, ix яшчэ чакалі блізкія ў той час, калі мы выграбалі ix косьці. Так ніхто i не даведаецца, дзе яны знайшлі канец свайго жыцьця, сустрэлі сваю «гадзіну ўсіх гадзін».

Гэты срок, пачатак i канец сроку, параграф, як ix ведаў кажны вязень на працягу столькіх гадоў на праверках паўтараючы раніцай i ўвечары кажны дзень. Вось толькі ў мяне быў адно срок, параграфа не было, i я кажны раз замест стацьці мусіла рэцытаваць фармуліроўку: «за участие в антисоветской националистической организации десять лет лагерных работ».

Чаму мяне так «скрыўдзілі», ня даўшы параграфа, ня ведаю. Тых сталінскіх вязьняў з канца дваццатых, з трыццатых гадоў часам вывозілі ў лагер без спасылкі на УК зь літарамі СО - «социально опасный», у мяне i гэтага не было, проста далі срок безь ніякага абгрунтаваньня. Можа, спадзяваліся, што я яшчэ адумаюся, зломленая цяжкімі лагернымі варункамі, папрашу ласкі «помилования». Ніякое скаргі пісаць не магла, бо «решение окончательное, обжалованию не подлежало». Па якіх рэцэптах прыгатаўляліся стравы на КДБісцкай кухні, як яны варыліся, я ведаць не магла, дый цяпер ня ведаю. Спытаць няма каго. Прасіць «помилования» - гэта значыла б прызнаць сябе вінаватай, сказаць: даруйце, болей ня буду, але я за сабой ніякое віны не адчувала. Вось i цягнула свае «лагерныя работы», чаму не «исправительно-трудовые», як у іншых, таксама ня ведаю.

Адноўчы я з брыгадай капала траншэі па косткі ў вадзе. Брыгадзір, бабка, мусіць, ня вельмі граматная, сядзела на сухім прыгорку ды разам з начальнікам канвоя разглядала брыгадныя карткі. Раптам кліча мяне да сябе. Падыходжу, пытаю, што трэба. «Дык ты бандзера?» «Якая я табе бандзера?» - «Вось яшчэ i не прызнаецца, у цябе ж i ў картцы так напісана», - ды суне мне пад нос брыгадную картку, Чытаю: «за участие в антисоветской националистической банде». Нарадчык перастараўся ў сваім імкненьні выказаць нянавісьць да «ворагаў-народу» i слова «организация» замяніў на «банда».

Праўдзівай пакутай была разгрузка вагонаў зь лесам. Цагельня працавала на дрывяным апале, дрэвам таксама апальваліся баракі i кухня. Патрабавалася яго вельмі шмат. Вагоны, ці, як ix называлі, «пульманы», прыходзілі i ўдзень і ўночы. Усіх, хто мог трымацца на нагах, незалежна ад катэгорыі, выганялі на ix разгрузку, каб не было прастою вагонаў, бо за кажную гадзіну прастою «праізводства», г. зн. цагельня, мусіла дорага плаціць. Грошы было шкада, а людзкая сіла, людзкае здароўе ў ГУЛАГу нічога не каштавала. Чатыры жанчыны мусілі разгрузіць адзін вагон. Бярвеньні былі такой таўшчыні, што абхапіць ix рукамі чалавеку было труднa. Адна жанчына была ўнізе, адкочвала бярвеньні, каб зрабіць месца наступным тры на вагоне. Працавалі у той спосаб, што дзьве падымалі адзін канец, клалі на край вагона, трэцяя падтрымлівала другі, калі першы канец быў замацаваны, ішлі да другога канца, падымалі, штурхалі, i бервяно кацілася ўніз. Звычайна на такой рабоце ўжываецца тэхніка, але пашто было ўжываць каштоўную тэхніку, калі яе можна было замяніць дармавой жаночай сілай. Гэта была дадатковая праца да тых гадзін, якія вязьні адпрацоўвалі звычайна ў сваіх брыгадах. Найгорш было, калі вагоны зь лесам прыходзілі ноччу. Тады пасьля начное разгрузкі (яна лічылася аварыйнай працай, i дзеля гэтага ў лік гадзін працы ня ўлічвалася) трэба было раніцой ісьці на штодзённую працу.

Пайшлі чуткі, што жанчыны з гэтага лагпункта будуць вывезеныя, а тут будуць мужчыны-ўгалоўнікі. Начальнік лагера хадзіў як струты, казалі, што ён страціў сон i апэтыт. Ці ж магла быць больш паслухмяная рабочая сіла, як жанчыны - палітычныя вязьні. З мужчынамі-ўгалоўнікамі завод плян ня выканае. Яны ўмеюць пастаяць за сябе. Ня надта ж ix i змусіш да працы, бо, калі начальства не спадабаецца, могуць адпомсціць на свой спосаб. Лагер пачаў разбудоўвацца, пачалі будаваць цагляныя баракі, бязумоўна, рукамі жанчын. Цяпер мне давялося працаваць на будове. Адноўчы, калі я з другой жанчынай ішла з насілкамі праз вузенькі калідорчык, прыпадкова зачапілі бэльку, якая там стаяла, яна звалілася i стукнула мяне па галаве. Я страціла прытомнасьць. З гэтага часу пачаліся болі галавы i аслабленьне зроку. Калі новыя баракі былі збудаваныя, жанчын раскідалі па іншых лагерах. Я трапіла у маленькі лагер, таксама пры цагельні. Зноў праца ў кар'еры. Тут было лягчэй тым, што завод, баракі i кухня апальваліся газам, не прыходзілі вагоны зь лесам, ня трэба было разгружаць. Гэта быў ужо трэці лагер за мой срок.

Зіма канчалася, набліжалася найвялікшае сьвята, якое у сям'і заўсёды было радасным, а тут выклікала сум i горкія ўспаміны аб тым дарагім, што страчана назаўсёды. Кажная, аднак, адчувала сьвята i па магчымасьці імкнулася захаваць традыцыю. У перадвелікодную пятніцу большасьць жанчын ня елі да вечара. Абеды выдавалі ў сталовай па талонах. Не вярнулася тры чвэрці талонаў, выданых вязьням. Начальнік лагера, даведаўшыся аб такой падзеі ў яго гаспадарцы, устрывожыўся, прыйшоў на кухню.

«Чаму яны не захацелі есьці? Дрэнна зварана, бунт?» Яму кухары тлумачаць, што сяньня пост. «Што такое пост, што значыць пост?» Ледзь яму жанчыны растлумачылі, што такое пост.

Тут я пазнаёмілася зь Лідай. Пачула свойскую гаворку, пытаю, скуль. Кажа: з-пад Друі. Гэта для мяне была шчасьлівая знаходка. Дагэтуль не спаткала ў лагерах ні аднае беларускі. Ліда была сымпатычная чарнявая дзяўчына. Мы зь ёй хутка пасябравалі, дзяліліся ўсім, што мелі, варылі сабе супольныя абеды на т. зв. індывідуальнай кухні. Ліду арыштавалі за тое, што была сьвязной у партызан, алё тых пасьляваенных, якія змагаліся супраць сталінскага гвалту. Ліда мела лагернага мужа, таксама вязьня з суседняга мужчынскага лагера. Як яна патрапіла зь ім пазнаёміцца i сустракацца, я ніяк не магла зразумець. У мяне на гэта, мусіць, не хапіла б спрыту. Відаць, пачуцьцё патрапіць перамагчы ўсе перашкоды. Адноўчы, калі ў лагеры быў канцэрт з удзелам самадзейнасьці з мужчынскага лагера, яна мяне зь ім пазнаёміла, але мне ён не спадабаўся. Не хацела б мець такога швагра.

Зноў этап. На гэты раз зьбіраюць усіх рэжымных для адпраўкі кудысьці далёка. Бывай, Ухта, багаты край, зь яе пакрытымі лясамі ўзгоркамі, нафтавымі вышкамі, з нязьлічанымі кілямэтрамі газапровадаў, цёплым, адносна доўгім пэрыядам вясны i лета, сухой, не занадта лютай зімой. Для «контры» гэта занадта добрае месца, яна гэтага ня варта, тут можна зьмясьціць угалоўнікаў, яны людзі лепшае катэгорыі, вартыя лепшых варункаў. Хаця ў мяне няма ні ўставы, ні параграфа, на падставе якога дадзены срок, усё-ткі на фармуляры стаіць «РЕЖ». Ліда не рэжымная, на этап яе не бяруць. Няведама, ці давядзецца калі спаткацца з гэтай мілай дзяўчынай. Так ужо складалася, што лёс мяне заўсёды разлучаў з тымі, хто быў блізкі сэрцу.

Зноў ухцінская перасылка. Сабрана чалавек каля шасьцьсот. Жанчыны паселі на падлозе ўздоўж усяго бараку, у кажнай адна думка: куды вязуць, які далейшы лёс? Свайму лёсу яны не гаспадыні. Вось зараз пачуецца каманда: «выходзь». Мусяць устаць, ісьці куды кажуць, без усялякага пытаньня. Раптам уся гэтая грамада жанчын засьпявала:

«Просім Цябе,
Дзева, Шлем да Цябе глас.
Сіратам Ты маці,
Ня кідай жа нас».

Гэтая песьня-малітва была скаргай на ўсе перажытыя крыўды, скаргай да Taro, перад кім ня крыўдна скарыцца, ня сорамна стаць на калені i прасіць, на каго аднаго была цяпер нашая надзея. Ад каго ж было нявольніцам-рабыням чакаць літасьці? Ад людзей можна было спадзявацца новых зьдзекаў, новых пакутаў. Шмат у каго цяклі сьлёзы. У жыцьці ня чула больш шчырае малітвы, у якой было б выліта столькі гора.

* * *

Прамерзлыя вагоны, зацягнутыя калюшчым дротам вокны, зачыненыя на замок дзьверы. Па сярэдзіне вагону зялезная лечка, калі цепліцца, можна каля яе пагрэць рукі, далей выцягнутае рукі цяпло не сягае. Але цепліцца яна нядоўга, апалу вельмі мала. Нары ў два паверхі, на ix жанчыны папрытуляліся адна да аднае, як куркі на седале. Хаця мы i апранутыя ў лагернае «вещдовольствие» - ватныя нагавщы, бушлат, валёнкі, аднак гэтая вопратка можа быць здавальняючай, толькі калі чалавек у руху, пры рабоце або ў часе ходу. Кажная стараецца залезьці ў сярэдзіну. Тут, бязумоўна, цяплей, найгорш тым, якія каля сьцяны. Спаць баімося, каб не замерзнуць насьмерць - у часе сну гэта вельмі легка. Чуем, як за сьцяной вагону вые вецер, здаецца, вось-вось сваім напружаньнем пераверне цягнік, праз шчыліны навявае сьнегу ў вагон. У ваколіцах Ухты ветру не было. Куды нас вязуць? Нарэшце, прыяжджаем на месца прызначэньня - варкуцінскія лагеры за Палярным колам. Уяжджаем у палярную ноч. Сонца ўсю зіму не падымаецца над небасхілам. Удзень крыху разьвіднее, як на сьвітанку, гадзіны тры-чатыры,- i зноў цёмна. Сьнег, сьнег, тут ён зьбіты ветрам, цьвярды, як камень. Нідзе ні аднаго дрэўца, толькі сярод засьнежанае тундры ўздымаюцца тэрыконы шахтаў ды вартавыя вышкі навакол лагероў.

На Варкуце адчуваўся недахоп рабочае сілы. Вязьні з пачатку саракавых гадоў (тады вязьлі сюды катаржан) памерлі ад цынгі ды ад голаду ваенных гадоў. Часта з тысячы (нумары ім давалі да тысячы) к канцу саракавых заставаўся адзін, патрэбна была замена. Апрача таго, будаваліся хуткім тэмпам новыя шахты, жылыя дамы, казармы, чыгункі. Сталін імкнуўся ператварыць сваю імпэрыю ў прамысловага гіганта бясплатнай працай вязьняў. Мужчын везьлі сюды для работы у шахтах, жанчын на будаўляныя работы.

Зноў праверка на вахце па фармулярах, зноў адказваю: «за участие в антисоветской националистической организации». Лазьня. У лазьні цабэрак вады з растопленага сьнегу. Абед на кухні вараць таксама з растопленага сьнегу, вадаправоду няма. Баракі, у посьпеху пабудаваныя нашымі папярэднікамі, хаця i старыя, аднак усё-ткі бароняць ад ветру i марозу. Цепліцца печка, можна выцягнуцца на нарах без бушлату i валёнак.

Тут мы пазналі, што значыць рэжымны лагер i што мы рэжымныя вязьні. На вокнах баракаў краты, дзьверы ад адбою да пад'ёму зачыняюць на штабу i на замок. Пісаць можна два лісты на год, столькі ж атрымліваць, пасылак атрымліваць таксама толькі дзьве на год. Маці ix рэгулярна прысылала. Кажны яе ліст быў для мяне сьвятам, радасным ад сьвядомасьці, што блізкі мне чалавек жыве на волі, што высокі чын ня выканаў сваю пагрозу, не пасадзіў яе ў вастрожную камэру ці за калюшчы дрот у лагер. Я i цяпер уздрыгаюся на думку, што такое магло здарыцца. Адначасна кажны яе ліст i трывожыў, радкі пісьма былі няроўныя, бракавала літараў, вычувалася, што мой арышт моцна адбіўся на яе здароўі. Аб сваім стане здароўя яна нічога не пісала, мусіць, не хацела мяне трывожыць, а гэта наводзіла на сумныя думкі. Ня ведаю, хто з нас больш цярпеў маральна - я ці яна.

Тут мы атрымалі арыштанцкія нумары - кавалак белага палатна, на якім намаляваны чорнай фарбай нумар. Гэтыя нумары мы мусілі нашыць сабе на рукаў вопраткі. Свой нумар я, мусіць, буду памятаваць i ў дамавіне. Нумар быў ад вязьня неадлучны; калі нехта з лагернага начальства, хаця б самага ніжэйшага, спатыкаў вязьня бяз нумару, адразу адпраўляў яго ў БУР за непадпарадкаваньне лагернаму рэжыму. Трапілася гэта адноўчы i мне.

Абрыдзелі частыя рэвізіі, на мове вязьняў «шмоны». Наглядчыкі ператрасалі ў бараку ўсе нары, на якіх спалі вязьні, абмацвалі сеньнікі, падушкі. Забіралі нажніцы, нажы, пруткі да пляценьня вязанак i шкарпэтак. Няможна было мець ні фатаграфіяў, ні сьвятых абразкоў; калі такі абразок трапіўся ў пасылцы, яго адбіралі нароўні з антысавецкай прапаганднай літаратурай. Я патрапіла схітраваць, вышыла абразок на кавалку тканіны, улажыла ў падушку. Падушка была напханая ватай, зьляжалася, зрабілася цьвярдой, i прамацаць мяккую рэч у ёй было трудна. Абразок маю i цяпер. Адноўчы мне сказалі, щто яго трэба занесьці ў царкву пасьвяціць, я адказала, што ён даволі пасьвечаны сьлязамі. Адно было добра: тут не было ўгалоўнікаў - блатных, i дзеля гэтага ніколі ня здарылася ні аднае крадзежы.

Трудна было прывыкнуць да палярнага клімату. Тлену ў паветры тут было яшчэ меней, чымся ў Ухце. Слабла сэрца, павышаўся крывяны ціск, хварэлі на гіпэртанію. Пурга зьмянялася марозам, мароз зноў пургой. Мяло так, што ў адлегласьці мэтра не было нічога відаць. Здавалася, чалавек трапіў у нейкую рухомую густую белую масу. Крый Божа апынуцца у пургу на адкрытым месцы -верная сьмерць. З надыходам пургі кажны сьпяшаўся схавацца ў нейкае зацішнае месца. Бывалі выпадкі, калі пурга застала брыгаду ў тундры на рабоце i замяла ўсіх разам з канвоем. Іx знаходзілі толькі вясной. У жылой зоне працягвалі канаты ад баракаў у сталовую i на вахту. Толькі трымаючыся за ix можна было хадзіць. Праўда, апошнія гады пурга была ўжо не такой лютай. Што было прычынай, няведама: ці замена клімату, ці, можа, Бог зьлітаваўся зь няшчасных вязьняў, якімі па волі Сталіна засялялася гэтая палярная пycтыня. Мяла яна звычайна ноч i дзень. Ня менш лютымі былі маразы, сягалі яны 50°. Пазьней, калі падвялі вадаправод (трубы палажылі над зямлёй у вялікай доўгай скрыні, засыпанай пілавінамі, бо ў вечнай мерзлаце ён бы адразу замерз i ніколі б не адагрэўся), вада цякла з крана i ў тую ж хвіліну гусьцела ў вядры, як кісель. Пры 30° на работу за зону не выходзілі.

Галоўнай прадукцыяй варкуцінскага раёну было вугальле. Мужчыны працавалі ў шахтах, давалі прадукцыю «матери-родине», якая была для ix горш лютае мачахі, жанчыны будавалі дамы для тых, хто прыяжджаў кіраваць дабычай вугальля i намі, белымі нявольнікамі, пракладалі чыгункі на шахты. Давялося i мне i дамы будаваць, i чыгункі, i казармы для тых, хто пілнаваў, каб я не ўцякла.

Адноўчы некалькі брыгад даўбалі ў «адвечнай мерзлаце траншэі пад фундамант для нейкага будынку за некалькі кілямэтраў ад лагера. Пачыналася пурга, начальнік канвоя зьняў брыгады i павёў у лагер. Вецер мацнеў, жанчыны бёглі ўсё шпарчэй, каб ня трапіць у пургу. Я старалася бегчы разам, але сэрца адмовілася працаваць, i я ўпала на сьнег. Жанчыны бягуць усё хутчэй, вядома ж, хочацца ім вырвацца з пургі, што ж, думаю, значыць, канец. Раптам чую, начальнік канвоя крыкнуў: «Калона, стой! Вы што, чалавек ляжыць, а вы ўцякаць». Тут ён не пашкадаваў моцных слоў. Затрымаліся, чую ўкраінскую гутарку, але ні адна не падыйшла. Падыйшлі дзьве латышкі, памаглі ўстаць. «Можаш ісьці?» - спытаў начальнік канвоя. «Магу, толькі паволі». - «Станавісь у галаве калоны». Латышкі падтрымлівалі мяне пад рукі, i так мы дайшлі да лагера, пакуль пурга расшалела на поўную мрц. Начальнік канвоя мусіў прывесьці на вахту столькі, колькі ўзяў, іначай адказваў бы за пабег вязьня. Але, можа, i ў ім абудзілася чалавечнасьць. На наступную раніцу лагер быў адным вялікім сумётам, месца баракаў можна было пазнаць толькі па дыму, які ішоў з комінаў. Цэлы дзень рабілі тунэлі ў сталовую i на вахту.

Пасьля выпадку ў часе пургі на даволі доўгі час трапіла ў шпіталь, месца наогул невясёлае, аб якім, аднак, марыць кажны вязень, каб хаця на нейкі час адпачыць ад цяжкое працы. І тут лекарка (тут яна была жанчына) старалася выкарыстаць усе магчымасьці свайго становішча, каб хаця крыху дапамагчы вязьням.

У часе майго знаходжаньня ў шпіталі ў лагеры здарыўся трагічны выпадак. Брыгаду дзяўчат везьлі машынай на работу. У адным месцы дарога праходзіла праз чыгуначны пераезд. Уводдалі зьявіўся цягнік, шлагбаўма не было. Вадзіцель спадзяваўся хутка праскочыць i увёў машыну пад колы паравозу. Сямнаццаць дзяўчат згінула на месцы. Адна дзяўчына здолела саскочыць з машыны на поўным хаду. Моцна пабілася, доўгі час ляжала ў шпіталі з траўмамі галавы i ўсяго цела. Самае цікавае, аднак, што яна пасьля гэтага была абвінавачана ў спробе зрабіць пабег, супраць яе было пачата сьледзтва. У шпіталь прыходзіў сьледчы на допыты. Бедная Марыйка цярпела ад фізычнага болю, ад няпэўнасьці, ці не застанецца яна калекай, ды яшчэ мусіла адказваць на бязглуздыя пытаньні сьледчага. Няўжо гэты сьледчы не разумеў таго, што на яе месцы ён зрабіў бы тое самае, каб ратаваць жыцьцё?

У ваколіцах Варкуты будаваліся новыя вугальныя шахты. Вугальле было пільна патрэбна, а раён быў вугальлем багаты, хаця i ня вельмі добрае якасьці. Мужчыны былі занятыя пры будове шахтаў, насельніцтва жаноцкіх лагероў пракладала чыгункі праз тундру. Улетку, калі верхні слой мерзлаты раставаў, тундра была заліта вадой, бо зямля мерзлая у глыбейшых слаёх, ваду не ўбірала. Шпалы клалі на ваду, на шпалы клалі рэйкі i замацоўвалі. Паравоз падвозіў пароду з тэрыконаў па тым адрэзку, які ўжо быў збудаваны, далей жанчыны падсыпалі яе лапатамі пад паложаныя на ваду шпалы. Шпалы падымалі разам з рэйкамі каламі i зноў падсыпалі. Ніякага інжынэра ці тэхніка тут не было, рабілі самыя, асвоіўшы гэтую працу практыкай. Мусіць, пасьля нейкі спэцыяліст зробленую работу правяраў, даваў інструкцыі, але ў часе працы ніякага спэцыяліста я ня бачыла. Не зьдзівілася б, калі б даведалася, што на такой чыгунцы здарылася аварыя.

Адноўчы на нашым адрэзку працы зьявілася тэхніка: машына выпускала адумысловыя лапкі, якія хапалі рэйкі, як рукамі, падымалі ix угару, наколькі гэта было патрэбна, нам заставалася толькі падсыпаць пароду. Але нашая paдасьць ад палёгкі ў працы была надта кароткай. Праз паўгадзіны машына адмовілася працаваць, i ўсе намаганьні машыніста зноў змусіць яе да працы былі дарэмнымі. Цяпер мы мусілі ўсёй грамадой цягаць машыну ўзад i ўперад, каб яна не заваджала нам у працы, а машыніст рагатаў: зусім як у Амэрыцы, з той рожніцай, што там машыны цягнуць людзей, а тут людзі цягнуць машыны. Праца зноў пайшла першабытным спосабам: людзкай сілай i каламі.

Апрача гарачыні i цяжкое працы, улетку на нас валілася яшчэ адна бяда - машкара. Скуль яна тут бралася, як патрапіла ператрываць лютую зіму, я не магла сабе вытлумачыць. Гэта была сапраўдная кара ягіпецкая. Тыя, хто працаваў у тундры, разам зь іншым «вещдовольствием» атрымлівалі накамарнікі, нешта падобнае да тых каптуроў, якія надзяюць пчаляры пры доглядзе за пчоламі. Перад тварам была густая сетка, але яна бараніла ад камароў, дробненькая машкара патрапіла пралазіць празь сетку, грызьці твар, пралазіць пад кашулю, даводзіць чалавека да страты цярплівасьці. Цяпер, калі пішу гэтыя радкі, бачу сябе на платформе, гружанай пародай, зь вялікім шуфлем у руках, а навакол хмары машкары. Гарачыня, пот залівае вочы, а скінуць грубую куртку нельга, бо машкара аблепіць умомант, ўся скура набракне. Платформу трэба як найхутчэй разгрузіць, каб паравоз прывёз яшчэ пароду. Няма часу ганяць машкару, а яна рада, гужуецца на маёй скуры, аджыўляецца крывёй вязьня.

Усіх слабых зьбіралі ў адну слабасільную брыгаду. Такая брыгада. згодна з прынятымі ў лагерах правіламі павінна была працаваць на лёгкай працы ў раёне лагера. Аднак лагернае начальства ў імкненьні да выкананьня плану гэтага не прытрымлівалася, пасылала нават далека ад лагера на цяжкую працу. Праца на будове чыгункі ні у якім выпадку не магла лічыцца лёгкай. Только працэнтаў слабасільнай брыгадзе не пісалі, так, быццам яна на даным аб'екце не працавала. Такім чынам, лекарская камісія ставіла трэцюю катэгорыю, а нарадчык пасылаў на цяжкую працу. Каму было даводзіць, што я працую ня згодна з сваей катэгорыяй.

Тундра цьвіла ўсімі сваімі краскамі, якія вырасталі проста з вады. Лета за Палярным колам кароткае - ледзь усьміхнецца, i зноў парашыць снег, дзеля гэтага палярная расьліннасьць сьпяшаецца за нейкія восем тыдняў прайсьці увесь цыкл, прызначаны ёй прыродай, - рост, цьвiцeньнe, высьпяваньне насеньня, цыкл, які у сярэдняй кліматычнай паласе расьліна праходзіць на працягу некалькіх месяцаў. І тут, на гэтым адлюдзьдзі, ёсьць нейкая свая расьлінная вэгэтацыя. Расьліны тут іншыя, не спатыканыя ў сярэдняй кліматычнай паласе, яны па-свойму прыгожыя, маюць сваеасаблівы пах. Знайшла ў тундры кветку з моцным пахам ванілі, набрала насеньня, прывязла ў Вільню, пасеяла, але яно нават не абыйшло, мусіць, тут яму не спадабалася, а вось чалавек, падабаецца яму ці не, мусіць прыстасавацца да кажнага клімату, да кажных варункаў. Што задзіўляла сваёй красой, гэта неба. Шмат паперы зужылі пісьменьнікі i паэты для апісаньня ўсходаў i захадаў сонца, ранішніх i вячэрніх зорцаў, але апісаць палярнае неба, мусіць, ніхто зь ix не патрапіў бы, як не патрапіў бы, мусіць, ніхто намаляваць. Такіх пераліваў рожных адценьняў не давялося бачыць нідзе ў прыродзе. Магчыма, перадаць нешта падобнае на палатне патрапіў бы хіба такі мастак сьвятла, як Куінджы, але яму не прыйшло ў галаву ехаць за Палярнае кола, каб маляваць неба. Так яно мяне зачаравала, што прабавала вышыць яго, выцягаючы ніткі для гэтае мэты з лагернага «вещдовольствия», рызыкуючы за гэта трапіць у БУР. Бязумоўна, гэтыя мае спробы былі падобнымі да спробы кінуцца з матыкай на сонца. Мусіць, так ужо сталася, што пры падзеле зямных багацьцяў галеча палярнае зямлі была кампэнсаваная красой неба.

Зноў сум i жах агарнуў жанчын у загарадцы, званай «исправительно-трудовым». Была ў лагеры брыгада, якая расчышчала чыгуначныя лініі ўзімку ад лёду, улетку замятала ад рожнага сьмецьця. Брыгада працавала на гэты раз каля самага вакзала гораду Варкуты, бязумоўна, пад канвоем. Адзін з салдат ці то неўзьлюбіў, ці, наадварот, упадабаў адну зь дзяўчат. Якія пачуцьці выклікала ў яго гэтая жэмайційская Марыце, невядома, але ён пагражаў яе застрэліць. Ніхто не прымаў гэтыя яго пагрозы паважна. У гэты дзень надвор'е было сонечнае, цёплае, у часе перапынку дзяўчаты селі гуртком i пачалі есьці свае пайкі. Раптам пачуўся стрэл. Марыце ўпала, цяжка параненая. Адбылося гэта на вачах у грамады людзей, якія як раз чакалі прыходу цягніка. Учынак салдата выклікаў такое абурэньне прысутных, што натоўп, мусіць, забіў бы яго, каб не абараніў другі канваір. Салдат быў арыштаваны i кудысьці адвезены для разгляду справы. Бязумоўна, бараніўся тым, што дзяўчына зьбіралася ўцякаць. Чым скончылася яго справа, невядома. Марыце павезьлі ў суседні мужчынскі лагер, дзе былі хірургі, але яна дарогай памерла, ня ўбачыўшы ні волі, ні свае роднае Жэмайціі. А воля была ўжо недалёка, а зь ёй i Жэмайція. У мужчынскім лагеры мужчыны зьбілі дамавіну, апранулі ў прыгожую сукенку (мусіць, здабылі скульсьці праз вольнанаёмных), засыпалі дзеўчыну кветкамі. Так i засталася Марыце ў запалярнай мерзлаце.

Мяне расчульвалі адносіны мужчын-вязьняў да вязьняў-жанчын, у ix вычуваліся апякунчыя ноткі мацнейшага ў адносінах да слабейшага. Там, дзе здаралася працаваць побач з мужчынамі, мужчыны па магчымасьці стараліся аблягчыць працу жанчын. Адноўчы скіравалі мяне ў брыгаду тынкоўшчыкаў падсобнікам. Майстар быў чалавек у сярэдніх гадох, рабіў уражаньне панурага, нават злоснага, стаяў на рыштаваньні, тынкаваў столь. Я вымешала ў вялікай скрыні раствор, напоўніла вядро i падаю яму, як належала падсобніку. Майстар абярнуўся i буркнуў, мне здалося, нават злосна: «Хто табе казаў падаваць, пастаў на падлогу, сам вазьму».- «А што мне рабіць?» - «Сядзь i сядзі». Празь нейкі час майстар саскочыў з рыштаваньня, сеў побач мяне, закурыў. «Колькі табе сроку?» - пытае. Адказала. «Вось што, дзеўка, вучыся тынкаваць. Усё ж будзеш у цяпле, а не з кіркой на марозе» Бяры цёрку, зацірай». Праца пайшла ў мяне даволі гладка, майстар быў задаволены. Але, на жаль, мяне праз два дні паслалі на іншую работу. I я не асвоіла гэтую так патрэбную спэцыяльнасьць.

Сталінскі ГУЛАГ збудаваў сваю сыстэму эксплюатацыі чалавека такім чынам, што нагляд над працай вязьняў выконвалі самыя вязьні, яны былі загадчыкамі працы. У кажным лагеры быў нарадчык, які разьдзяляў вязьняў па брыгадах, былі брыгадзіры, якія стаялі на чале брыгадаў. Нарадчык даваў брыгадзіру загад, на якую працу ён мае паставіць сваю брыгаду, брыгадзір сачыў за тым, каб брыгада выканала пастаўленае ёй заданьне. У параўнаньні з старой беларускай тэрміналёгіяй з прыгонных часоў, гэта былі цівуны, прыганятыя з тых жа вязьняў. Няхай даруюць мне лагерныя нарадчыкі i брыгадзіры гэтае параўнаньне, сярод ix было нямала сумленных людзей, якіх я не хачу абразіць, бо да іх у мяне засталося пачуцьцё сымпатыі. Але былі i такія, якія ў сваім імкненьні самазахаваньня выкарыстоўвалі атрыманую мікраскапійную долю ўлады далека не сумленна. Агіду i абразу выклікае ўспамін аб Соф'і Гермаковай, украінцы са Львова, якая нейкі час была брыгадзірам слабасільнай брыгады. На тую пару брыгада гэтая была пакінута для працы ў зоне лагера. Ці таму, што не было пільнае працы на «праізводствё», ці таму, што рабацягі ўжо зусім аслаблі, не магу прыпомніць, не магу прыпомніць таксама, што мы мусілі рабіць у зоне лагера, мусіць, нейкія работы, зьвязаныя з абслугай лагера. Так сталася, што я пачулася дрэнна. Раніцай пайшла ў амбулаторыю. Парадак быў такі: калі ў вязьня тэмпэратура 37,5, лекар аўтаматычна звальняў яго ад працы. У мяне тэмпэратура была вышэйшая, аднак лекарка сказала, што на сяньняшні дзень яна ўжо звольніла столькі, колькі гэта было дазволена, i больш упісаць у лісту звольненых ня можа, але дзеля таго што брыгада за зону не выходзіць, фармальнае звальненьне не патрэбнае, магу ісьці ў барак i ляжаць, што я i зрабіла. Празь нейкі час у барак як фурыя ўварвалася Гермакова: «Ты чаму ня выйшла на работу?» - «Я хворая». - «А чаму цябе няма ў сьпісках звольненых?» Я ёй начала тлумачыць, але яна i слухаць не хацела, пачала біць мяне нагой, прыгаворваючы: вось я накажу табе тваю хваробу. Гермакова забылася, што яна такі самы вязень, што існуюць межы ў адносінах між людзьмі, якія ні ў якім выпадку пераступіць ня можна. Сталінскі сьледчы мяне ніколі ня ўдарыў за маё дрэннае, згодна зь яго словамі, захаваньне на сьледзтве. Колькі ў мяне было брыгадзіраў за мае лагерныя гады рожных нацыянальнасьцяў, ні да кога зь іх не засталося пачуцьця крыўды, а гэтая вось лютая ўкраінка не завагалася біць хворую жанчыну, вязьня такога ж, як ян а сама, нават фізіяномія ў яе перакасілася ад злосьці. Можа, думала, я кінуся на яе, i тады ўсе тыя некалькі ўкраінак, якія былі ў бараку, кінуцца на мяне, заб'юць i абвінавацяць у тым, што я хацела забіць Гермакову.

Скардзіцца на Гермакову не было каму i не было сэнсу. Гермакова абвінаваціла б мяне ў сабатажы, начальства бязумоўна было б на яе баку, у выніку я атрымала б яшчэ адзін срок. З пункту гледжаньня лагернаё ўлады, яна паступіла правідлова, бо заганяла гультая да працы. У мужчынскіх лагерох з такімі зводзілі парахункі сваім судом. Падпілнавалі б дзе-небудзь на адлюдзьдзі ды адлупцавалі як трэба. Параўноўваю Гермакову з угалоўніцай Наташай i прыходжу да выснаву, што Наташа была ўсё-ткі сымпатычнейшай, ды, мусіць, i маральна вышэйшай. Угалоўнікі забіралі ад вязьня што ім падабаецца. lx прынцып быў: калі ты маеш, падзяліся са мной, ня хочаш - забяру сілай.

Бяда па-рожнаму дзее на чалавека. Адзін робіцца больш спагадлівым у адносінах да сабе падобных i да ўсяго жы- вога, другі зачэрствее ў сваім імкненьні да самазахаваньня i гатовы ісьці па трупах іншых, каб толькі дасягнуць адзінае мэты - захаваць сябе самога.

* * *

Лагер папаўняўся ўсё новымі вязьнямі. У 50-х гадох пачалі прывозіць шмат немак з усходняе Нямеччыны. Усе яны мелі даволі дзіўнае абвінавачаньне - «поджигатель войны» без спасылкі на УК, так, як i ў мяне. Мусіць, у УК не хапіла параграфаў ці пад тыя, якія былі, нельга было падцягнуць усіх, каго Сталін хацеў засадзіць за калюшчы дрот. Што гэтае абвінавачаньне мела азначаць яны так-сама не разумелі, як я свайго «нацыяналістычны». Яны вельмі цяжка пераносілі прымітыўныя лагерныя варункі. У той час калі славяне i жыхары Прыбалтыкі даволі легка прыстасоўваліся да лагернага прымітывізму, ім гэта не давалася.

Шматлікае насельніцтва лагера сваёй этнічнай рожнароднасьцю прыпамінала натоўп пры будове біблійнае вавілонскае вежы. Каго тут толькі не было. Апрача прадстаўніц усіх народаў, насяляўшых Савецкі Саюз, прадстаўніцы рожных эўрапейскіх народаў: фінкі, вугоркі, мадзяркі, італьянкі, немкі, нават турчанкі. Дый ці не была гэтая будоўля, запраектаваная Леніным, пабудаваная Сталіным i званая Савецкім Саюзам, той самай вавілонскай вежай i ці не наканавана ёй было адноўчы рушыцца. Я хавала гэтую думку як найдалей у заначках свае сьвядомасьці, каб хто не падслухаў, не падгледзеў (у лагеры i такое магчыма), а тады б не абмінуць другога сроку, а за сумліў у трываласьці Савецкага Саюзу ня менш як дваццаць пяць гадоў.

Кажны вязень імкнуўся далучыцца да свае этнічнае трупы. У бядзе ці ў радасьці чалавек імкнецца быць сярод сваіх блізкіх, асабліва адчувае такую патрэбу ў бядзе. У адносінах нейкае этнічнае трупы да іншых сказваўся характер данага народу. Латышкі адносіліся вельмі спачувальна да іншых, таксама прыхільнымі былі эстонкі, але больш устрыманымі. Украінкі былі вельмі салідарныя між сабой, але ў адносінах зь іншымі давалі адчуваць, што яны ім чужыя, хаця ўсіх лучыла адна бяда. Адноўчы ў этапе мне здарылася трапіць сярод адных украінак. Адна старэйшая жанчына сказала іншым, паказваючы на мяне: хаця яна i ня нашая, але таксама ж цярпіць. Гэта было так сказана, як я кажу пра свайго Рудзіка: хаця ён i сабачка, але ўсё роўна жывое стварэньне. Ня думаю, каб так магла сказаць жанчына з Прыбалтыкі або расейка. У гэтым горы заціраліся нацыянальныя межы. Калі лекарская камісія пасьля чарговага майго перабываньня ў шпіталі зноў пакінула мяне на працы ў зоне лагера, я была прызначана ў лагерную абслугу, мусіла насіць ваду i вугальле ў кіпяцілку. Вадаправод у кіпяцілку ня быў падведзены, ваду трэба было насіць з куxнi даволі далека, вугальле яшчэ далей. Кіпяцільшчыцай лічылася маладая дужая ўкраінка Васылына. Яна не рабіла наагул нічога, але не прыпомню выпадку, каб яна мне калі памагла, хаця фактычна насіць ваду i вугальле была яе работа, у дапамогу ёй я была прызначана неафіцыяльна. Hi спачуцьця ў агульным горы, ні пашаны да сабе падобнага ў ix не вычувалася. Характер чалавека найлепш пазнаецца ў бядзе, тое самае можна сказаць аб характеры цэлага народу i яго культуры.

Шмат за свае лагерныя гады спатыкала Марыек, Марыцей, але не давялося спаткаць ні аднае Марысі. Ліда была адзінай беларускай, спатканай у лагеры. Думаю, трэба цешыцца, што ix так мала трапіла за калюшчы дрот. Колькасна найвялікшай групай былі ўкраінкі, за імі ішлі літоўкі, латышкі, эстонкі, полькі. Расеек было мала: пераважна гэта былі жанчыны, якіх мужы займалі нейкае станотавішча i былі арыштаваныя, а яны трапілі у вязьніцы за тое, што былі жонкамі сваіх мужоў.

У сталінскіх лагерох, як i ва ўсім Савецкім Саюзе, была непамерна разьвітая сьлежка за кажным чалавекам. Дзеля гэтага ў кажным паасобным лагеры быў «оперуполномоченный», ці, як яго называлі вязьні, «кум», КДБ у кадэбісцкіх месцах зьняволеньня. Гэты «кум» арганізаваў сваю сыстэму разьведкі сярод вязьняў, каб сачыць за поглядамі кажнага i агульным настроем. Можа здавацца дзіўным, што людзі, столькі перацярпеўшыя ад гэтае сыстэмы, скіраванае на зьніштажэньне ix самых, згаджаліся ёй у гэтым дапамагаць. Тут, як i на волі, гэтая зьненавіджаная сыстэма выкарыстоўвала інстынкт самазахаваньня. Атрымаўшы як узнагароДу лягчэйшую працу, чалавек спадзяваўся ператрываць даўжэй. Інстынкт выжываньня перамагаў маральныя тормазы. Шляхом абяцаньняў i пагрозаў вэрбавалася армія «разьведчыкаў». Мусіць, ня шмат зь ix было шчырых, а хутчэй за ўсё, такіх наагул не было, былі людзі змучаныя, даведзеныя да адчаю сталінскімі спосабамі маральнага i фізычнага зьніштажэньня чалавека, i карысьць да ix для «кумоў» была мінімальная. Але, мусіць, i тут дзеяў прынцып колькасьці. Кажны «кум» хацеў выказацца выпаўненьнем пляну, колькасьцю завэрбаваных. Такі «кум» быў падобны да сытага павука, які лапаў у мярэжу свайго павуціньня мух. ды аджыўляўся за ix кошт.

Была тут i «Культурно-воспитательная часть», коратка - КВЧ. Аб яе мэтах гаворыць сам назоў. Пры ёй была бібліятэка, праўда, вельмі маленькая. Пераважна кніжкі тыпу «Кавалер Золотой Звезды», «Молодая гвардия», але i на такога роду літаратуру трэба было запісвацца ў чаргу. Часам бывала КІНО, фільмы бывалі нават нядрэнныя. Бывалі канцэрты, прыгатаваныя самымі вязьнямі. Толькі ці можна было кагосьці выхаваць такімі мерамі, зрабіць прыяцелем савецкае ўлады пасьля ўсяго, што чалавеку давялося перацярпець у часе сьледзтва i ў лагерох? Людзі, якія да арышту адносіліся да савецкага рэжыму абыякава, пасьля такога «перевоспитательного» курса рабіліся яго лютымі ворагамі. Ці можна знайсьці сродкі любіць таго, хто спрычыніў столькі гора?

* * *

Раптам у гэтым змрочным бязодні сталінскіх лагероў як пярун зь яснага неба грымнула вестка: Сталін памёр.

Пракацілася рэхам па ўсяму ГУЛАГу, ускалыхнула чорную дрыгву, змусіла схамянуцца, мацней забіцца сэрца. Адразу выклікала пачуцьцё нейкае разгубленасьці, няпэўнасьці. Ці адаб'ецца сьмерць чалавека са зьбянтэжаным розумам i сумленьнем на лесе пазбаўленых волі? А калі адаб'ецца, дык як? Ці прынясе яна якія зьмены? Але на лепшае не спадзяваліся: хаця б не было горай. Столькі давялося перажыць расчараваньняў. А што, калі на месца нябожчыка прыйдзе нехта яшчэ больш жорсткі? Праўда, трудна было прыдумаць нешта яшчэ цяжэйшае. Але хто ведае.

Да лагернае агароджы на дазволеную адлегласьць падыходзілі нейкія мужчыны, здалёк крычалі: «Дзяўчаткі, урааа! Сталін памёр, вам воля!». Ды падкідалі шдпкі ўгару. Нянавісьць да тырана за ўсе крыўды i гора, якое ён спрычыніў, хаваная да гэтага часу дзесьці ў заначках сьвядомасьці, радасьць ад яго канца прарваліся ў гэтых людзей бурнай стыхіяй на волю. Цёплая хваля падкатвала пад сэрца. Плакалі ад радасьці, бо сьмяяцца за гады няволі адвучыліся, але верыць баяліся. Воля здавалася залатым сном, які ня можа зьдзейсьніцца. Моцна збудаваная сыстэма ГУЛАГу здавалася непахіснай. Аднак мімаволі ў сэрцы абуджалася, хаця й вельмі кволае, слабенькае, пачуцьцё надыходзячага прадвесьня. Не прыходзіла нам тады на думку, што пачыналася іншая эпоха, у якой высокі чын ужо ня зможа змушаць мяне падпісаць хлусьню, якую ён называў «праўдай», але я змагу адкрыта расказаць аб яго зьдзеках.

Паступова пачалі зазначацца зьмены: з вокнаў былі зьнятыя краты, дзьверы на ноч перасталі зачыняць на замкі. Праўда, гэтыя зьмены мелі толькі сымбалічнае значэньне, бо каму ж прыйшло б у галаву пасьля цэлага дня цяжкае працы блукаць у загарадцы з калюшчага дроту, каб палічыць зоркі на небе. Але гэта было азнакай некаторага паслабленьня рэжыму. Празь нейкі час былі адпушчаны на волю т. зв. «малалеткі», г. зн. арыштаваныя яшчэ непаўналетнімі. Празь нейкі час былі адпраўлены на бацькаўшчыну падданыя іншых краінаў. Тыя ж, якія былі палічаны грамадзянамі Савецкага Саюзу, хаця б i беспадстаўна, далей заставаліся нявольнікамі ГУЛАГу, яны цяпер былі асноўнай дармавой рабочай сілай. У бараках зрабілася прастарней. Для ашчаднасьці лагеры пачалі злучаць разам, інакш кажучы, вязьняў з двух лагероў пасялялі ў адзін. Звольненыя лагеры засялялі «бытавікамі» ды ўгалоўнікамі.

Колькасьць вязьняў зьменшылася, але ня зьменшылася колькасьць працы. На поўначы будаваліся шахты, чыгункі, гарады. Поўнач была вельмі значнай пазыцыяй у плане індустрыялізацыі. Усе работы рабіліся рукамі вязьняў. Кіраўніцтва лагера кіравала на гэтыя работы вязьняў брыгадамі, а прадпрыемства, якое вяло тыя ці іншыя работы, разьлічалася за ix працу з кіраўніцтвам лагера. Так калісьці ўладар мог аддаць у наймы свайго прыгоннага або гаспадар свайго каня.

Павеяла воляй, але яна была не для ўсіх. Існаваньне вязьняў цякло, як i дагэтуль, згодна з раз устаноўленымі правіламі ГУЛАГу рэчышчам. Раніцай чалавек аўтаматычна падымаўся, аўтаматычна ішоў на работу, аўтаматычна працаваў, а пасьля сьпяшаўся як хутчэй аддаць прылады працы, прыйсьці ў лагер, абагрэцца, пад'есьці. Ад такога спосабу існаваньня мозг тупеў, людзі рабіліся жывымі аўтаматамі. Гэта, магчыма, i было ix ратункам, бо калі чалавек пачаў думаць ды застанаўляцца над сваёй нядоляй, мусіць, нямала скончыла б самагубствам. Нішто, здавалася, не магло вырваць з гэтага атупеньня, аднак здарылася нешта такое, чаго я i сяньня не магу зразумець.

Пасьля агіднага захаваньня Гермаковай я не магла даўжэй заставацца ў яе брыгадзе i папрасіла, каб мяне перавялі ў іншую брыгаду, усё роўна ў якую. Мяне скіравалі ў дарожную брыгаду, якая працавала на расчыстцы чыгункі пры самым вакзале. Як звычайна - кайло, лапата, лом. Аднак гэтая работа мела свае дадатнія бакі: даўбаць трэба было ня мерзлую зямлю, а лёд, лёд жа адколваецца не маленькімі драбкамі, а вялікімі пластамі. Лягчэй было выканаць норму. Брыгадзірам была Лея, прозьвішча яе не памятаю, высокая, ca скуластым непрыгожым тварам. Паходзіла з усходніх раёнаў Саюзу, гадоў ёй было, можа, якіх трыццаць пяць. Калісьці была камсамолкай, за якія правіны трапіла ў няласку, не казала, а ў яе i не распытвалі згодна зь няпісаным правілам вязьніц: калі чалавек сам ня кажа - не пытай. Жанчына яна была неблагая, на рабоце над душой не стаяла i пайкай ня крыўдзіла.

Брыгада на рабоце наступала пад загад чыгуначнага майстра. Ен вызначаў працу, прымаў працу, ставіў працэнты за яе выкананьне ў залежнасьці ад зробленага абыйма. Вязьні атрымлівалі пайку залежна ад тыx працэнтаў, якія ён паставіў. Улетку кайло i лом на чыгунцы не былі патрэбныя. Але лета за Палярным колам кароткае. Сонца павісіць колькі тыдняў над небасхілам не заходзячы, а пасьля якраз спусьціцца за небасхіл, дзень пачынае хутка скарачацца. Узімкў яно зусім не падымаецца, толькі разьвідняе - ізноў пачынае суцянець, i хутка робіцца зусім цёмна. У меру таго як скарачаўся дзень, скарачаліся гадзіны працы чыгуначнае брыгады, бо чыгуначны вакзал лічыўся месцам павышанай магчымасьці пабегу. Пакуль брыгада прыйдзе да працы, пакуль возьме прылады ды пакуль майстар вызначыць месца працы, ужо палова дзясятае, а дванаццатай гадзіне паўгадзінны перапынак на абед. Жанчыны ішлі ў вагон, дзе цеплілася печка, каб абагрэцца i пагрызьці кавалак хлеба. Недзе каля другой гадзіны рабілася цёмна. Рух на станцыі быў даволі вялікі, цягнікі, загружаныя вугальлем, ішлі ў паўдзённым кірунку, парожнія ішлі на поўнач, па вугальле. Увесь час манэўравалі паравозы, зьбіраючы вагоны. Апрача таго, кажны дзень прыходзілі i адыходзілі два пасажырскія цягнікі.

Месца для пабегу лічылася вельмі лагодным. У такіх варунках начальнік канвоя меў права згодна зь інструкцыяй пры дрэнным асьвятленьні здымаць брыгаду незалежна ад таго, колькі гадзін яна працавала, што ён ахвотна рабіў. Салдаты былі радыя ісьці ў цёплую казарму, замест таго каб стаяць на марозе i напружваць увагу за кажным рухам вязьня, а найбольш радыя былі жанчыны-вязьні. Незадаволены быў толькі чыгуначны майстар, бо за такі скарочаны рабочы дзень брыгада не патрапіла шмат зрабіць, а пры невыкананьні патрэбнага абыйма працы майстар не атрымліваў прэміі i ў выніку менш грошы ўплывала ў яго кішэню. А ён жа прыехаў сюды па доўгія рублі i ні ў якім выпадку ня меў замеру зарабляць ix уласнай працай, мазалямі на ўласных руках. Здарылася нагода зарабіць гэтыя грошы працай іншых, i дзеля гэтага трэба было выцягнуць усе сілы да апошняй кроплі з гэтых белых нявольніц, каб ix працай забясьпечыць сабе дабрабыт на ўсё жыцьцё. Каб ён мог, змусіў бы працаваць гэтых няшчасных па дваццаць чатыры гадзіны безь перапынку, пакуль яны не пападалі б на месцы. Начальнік канвоя паблытаў яго пляны. З гэтым майстар ня мог пагадзіцца i напісаў на начальніка канвоя скаргу ў адпаведную інстанцыю. Скарга майстра не дала пажаданага выніку, толькі выклікала абурэньне начальніка канвоя. У адказ ён пачаў вымагаць больш дакладнага падпарадкаваньня інструкцыі. Калі да гэтага часу брыгада працавала без ачапленьня, свабодна пераходзячы з аднаго месца працы на другое, цяпер, згодна з вымогамі інструкцыі, месіла, у якім працавалі вязьні, кажны раз трэба было абгарадзіць калюшчым дротам, прымацаваным да слупкоў. Праца пайшла яшчэ павальней: кажны раз трэба было здымаць дрот з аднаго месца i ўмацоўваць яго на іншым. Працаваць у ачапленьні было цяжка з прычыны цеснаты. Трэба было пільна сачыць, каб ня ўдарыць кайлом тую, якая, працавала наперадзе. Ачапленьне, ці, дакладна кажучы, дрот мэтраў дваццаць з прымацаванымі да яго слупкамі, пры пераходзе брыгады з аднаго месца на другое насіла Ася, бо жанчыны несьлі прылады працы. «Як мне абрыдзела цягаць гэты дрот, - скардзілася яна, - гэтае ачапленьне выматае мне ўсе нэрвы дарэшты».

Пры канцы году чарговая лекарская камісоўка зноў паставіла мне трэцюю катэгорыю бяз вываду з тэрыторыі лагера. Якраз звольнілася па сканчэньні срока жанчына, якая працавала ў хлебарэзцы, i мяне прызначылі на яе месца. У меру таго як колькасьць рабочых рук у лагеры зьмяншалася, а патрэба ў рабочай Сіле павялічвалася, лагернае начальства пачало прытрымлівацца правілаў абслугу лагера вызначаць слабейшых фізычна, а дужэйшых пасылаць на цяжэйшыя работы, бо з слабых там было ўсё-ткі менш карысьці, як з дужых. Апрача таго, мае «лагерныя работы», здаецца, перасталі быць таму перашкодай. Такім чынам я выбыла з брыгады Aci.

* * *

Падыйшоў Новы Год. Гэта быў нават для вязьняў дзень вольны ад працы. Ніхто ў лагеры не спатыкаў надыходзячы i не праводзіў адыходзячы. Мінулы не прынёс нічога добрага, не было прычыны яго шкадаваць, ад надыходзячага нічога лепшага не спадзяваліся: колькі ix ужо мінула ў зьняволеньні, усе яны былі аднолькавыя, апрача кайла i лапаты, нічога чалавек ня бачыў. У бараку, як звычайна, пасьля адбою ляглі спаць, толькі Ася з сваімі сяброўкамі сабраліся ды аб чымсьці ціха гаварылі. Можа, успаміналі некаторыя здарэньні з свайго жыцьця, крыху прызабытыя ў няволі, i паснулі далёка пасьля паўночы.

«Паслухайце, які сон я прысьніла, - загаманіла на наступную раніцу Ася, - толькі паслухайце». Відаць, ёй вельмі хацелася расказаць свой сон. «Вось сьню я засьнежанае поле, усё запружанае калюшчым дротам, а па другім баку стаяць Ленін i Сталiн ды клічуць мяне да сябе. Я блытаюся ў дроце, так жа мне цяжка, так ня хочацца, але з апошніх сіл брыду. А яны кажуць: ты ўсё роўна хутка да нас прыйдзеш. Скажыце, што такі сон можа значыць?» Усе маўчалі. Зрабілася неяк непрытульна. Цёця Таня, якую называлі манашкай, бо яна была арыштаваная за рэлігійныя пераконаньні, ці, як тады казалі, «за веру», хаця ніколі манашкай не была, перахрысьцілася, некаторыя жанчыны зітхнулі.

Нейкі дзіўны сон, праўда? - не магла супакоіцца Ася.

Даўся табе гэты сон, - загаманілі яе сяброўкі з замерам разьвеяць прыкрае ўражаньне, - ты ж была камсамолкай, няўжо ты верыш у сны? Ты ж добра ведаеш, што ў сьне мозг чалавека перапрацоўвае тыя ўражаньні, якія ён атрымаў удзень. Ты цэлы дзень цягаеш гэты дрот, вось ты яго i сьніш.

Тлумачэньне было лягічным. Ася, здаецца, супакоілася, сярод вязьняў яе сон хутка забыўся. Але тое, што сталася пазьней, не давалася вытлумачыць ніякімі лягічнымі меркаваньнямі.

Мінуў тыдзень. Сёмага студзеня было сьвята Каляды. Рэлігійныя сьвяты не сьвяткаваліся па ўсім Савецкім Саюзе, тым больш не сьвяткаваліся яны ў вязьніцах. Дзень быў рабочы. Нёйкая брыгада раней вярнулася з работы, мусіць, выканаўшы норму. Прыйшла адразу ў сталовую, пакуль раздатачная яшчэ была зачыненая. Жанчыны паселі на лаўках за сталамі i пачалі скэпяваць калядкі. Адна за адной плылі песьні, апавяданьні аб віфляемскай зорцы, пастушках, аб цішыні i гармоніі сьвяточнае ночы. Здавалася, сьцены бараку рассунуліся, барак зрабіўся шырэйшым, столь быццам паднялася ўгару. Зрабілася неяк прастарней, відней. Захацелася паверыць, што зьнікне людзкая нянавісьць, гвалт, зьдзек i на сьвеце таксама запануе гармонія. Рантам сьпеў абарваўся, зрабілася ціха, як у цьвінтарным склепе. Зьдзіўленыя раптоўнай цішынёй, з кухні выглянулі кухонныя работніцы.

- Дзяўчаты, чаму не сьпяваеце? Ад вашага сьпеву робіцца лягчэй на сэрцы, сьпявайце яшчэ.

Асю цягнік забіў, - як удар пяруна пачуўся пануры адказ. Жанчыны сядзелі панурыўшыся. Адляцеў сьвяточны настрой, успаміны аб сям'і, волі, аб далёкіх шчасьлівых днях. Панурая вестка умомант вярнула у жорсткую рэчаіснасьць.

Сталася гэта так.

Брыгада пераходзіла з аднаго месца працы на другое. Жанчыны несьлі прылады працы: кайло, лапаты, ламы; Ася, ,як звычайна, несла ачапленьне. Адзін канец дроту з калком трымала у руках, а увесь даўгі дрот з другім калком на яго канцы цягнуўся па зямлі; яна яго не зьвівала дзеля ашчаднасьці часу. Па рэйках езьдзіў узад i ўперад манэўравы паравоз. Вольны канец дроту трапіў пад колы, заблытаўся ў ix. Той канец дроту, які Ася трымала ў руцэ, абкруціўся навакол яе, упіўся ў бушлат, яна ня здолела яго адкінуць, паравоз пацягнуў Лею за сабой. Жанчыны крычэлі машыністу, каб затрымаўся, але ён ня чуў, ды так працягнуў Лею, мусіць, якіх сто мэтраў. Калі паравоз быў затрыманы, Ася была ўжо мёртвая, твар быў скалёчаны да непазнаньня. Увечары Асю прывезьлі ў лагер i палажылі ў лагерным шпіталі.

Вось тут i пачалося дзіўнае, незразумелае. Панічны жах агарнуў усіх, быццам нехта нябачны, страшны, жудасны завітаў у лагер, сьціснуў яго сваімі кіпцюрамі ды трымае так, што i дыхнуць боязна. Гэты «страшны» вычуваўсяпроста фізычна кажным нэрвам, здавалася, ён нячутна пасоўваўся сьледам, гатовы кажную хвіліну ўпіцца ў плечы. Страшна было выйсьці з бараку ўвечары, калі ўжо надта трэба было, выходзілі па дзьве, па тры. Хацелася бегчы, уцякаць кудысьці з гэтага праклятага Богам i людзьмі месца. Здавалася, там, за калюшчым дротам, гэты «нехта» ня мае сілы. Здаралася, i раней сьмерць заглядада ў лагер, але тады яна выклікала толькі сум i абурэньне на тую нядолю, якая перад часам абарвала жыцьцё. Цяпер не было ні суму, ні жалю, для ix проста не было месца, бо ўсю істоту ахапіла адчуцьцё чагосьці жудаснага, незразумелага. Ноччу раптам схаплялася нейкая жанчына з крыкам: «Вось яна стаіць ля слупа, сіняя i зубы вышчарыла». Празь нейкі час схаплялася другая: «Глядзіць у вакно, сіняя i зубы вышчарыла». Так паўтаралася кажную ноч" пакуль цела Aci стаяла ў лагеры. Удзень у часе работы аб гэтым ня думалі, i было спакайней, але як толькі прыходзілі ў лагер, усё паўтаралася зноў.

А над небасхілам як сьвятлістая заслона вісела паўночнае сяйва. Пералівалася, рухалася, здавалася, нечая нябачная рука то палраўляе, то ссоўвае, то зноў яе адсоўвае, быццам вабіць у той няведамы фантастычны сьвет там, за гэтай заслонай i хочацца паглядзець, што там, i боязна. Ад гэтага непрывычнага для нас зьявішча жах яшчэ павялічваўся, абяртаўся ў нейкую масавую паніку.

На трэці дзень да нагі Асі прычапілі бірку, на якой было напісана імя, прозьвішча, імя бацькі, стацьця, срок, пачатак i канец сроку i, бязумоўна, нумар. Сабраліся вольныя ад працы жанчыны, засьпявалі «вечную памяць», надбег наглядчык з крыкам: «шум прекрати». Дамавіну паставілі на сані, побач сеў канваір з аўтаматам - хавалі вязьняў таксама пад канвоем. Вязьню i мёртваму ня можна верыць, а ну ж уцячэ. Вось як засыплюць зямлёй, каб ня выграбся, тады іншая справа. Так адбываліся хаўтуры вязьняў.

У лагеры зрабілася спакайней, быццам вецер павеяў зь іншага кірунку ды прынёс спакайнейшае паветра. Але Ася быццам кажную ноч начала зьяўляцца таму канваіру, які адвозіў яе на могільнік, таксама сіняя, з вышчаранымі зубамі. Зьвёўся хлопец ад бяссонных ночаў, а сказаць нікому ня мог. Таварышы пачалі б сьмяяцца i жартаваць, дайшло б да начальства, яно абвесьціла б нагану. Была ў пасёлку старэйшая жанчына, пайшоў ён да яе з сваёй бядой. Навучыла яна яго малітве, бо скуль хлопцу было ведаць малітвы, у школе не вучылі, а ён жа яшчэ i камсамолец. Пайшоў хлопец на Асіну магілу, прачытаў тую малітву, як параіла старэнькая, казалі, што пасьля гэтага пакінула яго Ася у спакоі.

Мінула больш як сорак гадоў з таго часу, а я ніяк не магу зразумець, што гэта было. Псыхоз, выкліканы няволяй? Масавая аўтасугестыя? А можа, павеў ветру зь іншага ненамацальнага сьвету, аб існаваньні якога мы ня хочам думаць?

Усё мінае - i добрае, i благое. Падыходзіла да канца лютая палярная зіма. Спынілася пурга, спыніліся лютыя маразы. Начало зьяўляцца сонца: спачатку зусім вузенькі, як нітачка, акрайчык блісьне над небасхілам на некалькі хвілін, рассыпле над тундрай свае праменьні i зноў схаваецца. Пасьля пачало заставацца даўжэй, насылала касыя праменьні проста ў вокны баракаў, сьляпіла вочы, награвала шыбы, але па сьнезе яны толькі сьлізгаліся i зусім яго не награвалі, ён далей ляжаў цьвёрда зьбіты як брук. У меру таго як сонца даўжэй заставалася над небасхілам i падымалася вышэй, яго праменьні падалі больш прастападла, запалярны сьнег пачаў паддавацца іх дзеяньню, а жанчыны пасьля працы гуртом варушылі яго, каб ён праграваўся.

* * *

Павеяла вясной. Тундра зноў зацьвіла міліёнамі сваіх асаблівых, толькі ёй ведамых кветак. Веснавы вецер прынёс праз тундру вестку, якая змусіла мацней забіцца сэрца, выклікала імглістыя лятуценьні аб волі - шахцёры-вязьні абвесьцілі забастоўку. Спускаюцца ў шахту, але не працуюць, адседжваюць зьмену i падымаюцца на гapy. Ніякое зброі супраць ix кадэбісты ўжыць ня могуць - ні танкаў, ні салдат з аўтаматамі, як гэта мела месца ў іншых месцах ГУЛАГу. Жаноцкія лагеры не баставалі. Працавалі жанчыны на будове, жыцьцёва важнае прадукцыі краіне не давалi, i тым самым ix забастоўка відавочнай страты не прынесла б, у той час калі дзень прастою шахты даваў мільённыя страты. А можа, варкуцінскія шахцёры не хацелі ўцягаць жанчын у гэтае рызыкоўнае прадпрыемства. Яны пад зямлёй чуліся як у крэпасьці, нас драўляныя баракі не маглі абараніць ні ад аўтаматаў, ні ад танкаў.

У некалькіх кілямэтрах ад лагёра праходзіла чыгунка, відаць было ўсе цягнікі, якія каціліся па ёй. Пакуль шахты працавалі нармальна, цягнікі ішлі адзін за адным. Цяпер яны пачалі ісьці ўсё радзей, асабліва тыя гружаныя вугальлем, якія ішлі на поўдзень. Хаця мы і не баставалі, але сэрцам былі з шахцёрамі. Нарэшце вязьні паднялі голас пратэсту супраць растаптанае годнасьці чалавека. Нягледзячы на дбайлівасьць «кумоў», яны ўсё-ткі патрапілі згуртавацца. Вытрываласьці вам, сябры шахцёры, і перамогі ў вашым справядлівым дамаганьні самых элемэнтарных людзкіх правоў, элемэнтарнага паляпшэньня варункаў свайго быту.

Ня можна было спадзявацца, што забастоўка адразу прынясе відавочныя зьмены ў лёсе вязьняў, было зразумела, што праламіць браню ГУЛАГу, наежджаную кулямётамі ды танкамі, немагчыма, але яна змусіла КДБ падумаць над тым, што мільёны палітычных вязьняў, раскіданыя па ўсёй краіне на ГУЛАГаўскіх астраўках,- гэта сіла, зь якой нельга не лічыцца. Забастоўка палітвязьняў - такога яшчэ ў Савецкім Саюзе не здаралася. Яна ўстрывожыла ўсе гулагаўскае вышэйшае начальства. З Масквы прыляцелі высокія чыны, угаворвалі, абяцалі, нарэшце аднаго забралі i павезьлі ў Маскву. Што зь ім сталася, не было чуваць.

На ўсходзе за чыгуначнай лініяй уводдалі ў імглістай дымцы, як міраж, маячыў Уральскі хрыбет, а сэрца імкнулася на захад, на волю, далей ад прыгнёту, якім веяў усход.

Чакалі зьменаў. Пакуль што адзінай зьменай быў этап у суседні лагер. У абодвых гэтых лагерох зрабілася шмат вольнага месца, i не было сэнсу трымаць два жаноцкія лагеры. Праца тая самая, на будове чыгункі.

Тундра цьвіла, зелянела маленькімі, не вышэй за рост чалавека, дрэўцамі. Адвечная мерзлата перашкаджала карэньням заглыбіцца, i дрэўцы не маглі падняцца ўгару, але ўсё-ткі жылі. Іx жыцьцё прыпамінала жыцьцё чалавека ў няволі. У паветры зьвінелі мільярды машкары i камароў, не чуваць было толькі птушак. Залежы торфу, якія тут знаходзіліся зусім на паверхні, загараліся ад гарачыні, дым засьцілаў тундру, разьядаў вочы, але зусім ня дзеяў на машкару. Парода пыліла, дым мяшаўся з пылам, закупорваў нос, лёгкія, перашкаджаў дыхаць.

«Раз-два - взяли, ещё дружно, ещё нужно», - скандыравалі немкі, націскаючы на калы, якімі падымалі чыгуначныя рэйкі. Гэта было, мусіць, усё, што яны асвоілі з расейскае мовы.

Сонца вісела над небасхілам, дзень i ноч пякло неміласэрна, быццам сьпяшалася выкарыстаць той кароткі час, на які яму было дазволена вырвацца зь зімовага зьняволеньня. Трэба было прызвычаіцца спаць пры бліскучым сяйве ў гадзіны, якія лічыліся начнымі, бо гаварыць аб ночы ў летнія месяцы тут было няможна.

Вясной да ўсіх работ, якія выконвалі вязьні, даходзіла яшчэ адна - уборка тэрыторыі навакол дамоў, у якіх жылі працаўнікі КДБ. Узімку КДБоўскія «дамы» выкідалі сьмецьце i памыі проста пад парогам. За доўгую палярную зіму нарастала гэтага цэлыя горбы. Вясной, калі зыходзіў сьнег i сьмецьце раставала, гэтыя панадворкі ўяўлялі сабой мала прывабнае зьявішча i атручвалі ўсё навакольнае паветра. На ўборку гэтага бруду пасылалі жанчын з лагероў. Пашто было «дамам» самым гэта рабіць, калі ў ix былі нявольніцы. Як чулася інтэлігентная жанчына, часам з вышэйшай адукацыяй, калі яе змушалі прыбіраць бруд за такой «дамай», гэта нікога ня цікавіла. Тое, што ў гэтай белай нявольніцы пасьля такога маральнага паніжэньня не магло быць іншага пачуцьця да ўсяго гэтага ладу, апрача нянавісьці i абразы, таксама было абыякава. Мне такое ня здарылася. Я нават палюбіла тундру зь яе машкарой i тарфяным дымам, бо работа тут была хаця i прымусовай, але не прыніжаючай.

Адноўчы жанчыны знайшлі ў горбе сьмецьця абраз, намаляваны алейнай фарбай. Прынесьлі яго ў лагер i павесілі ў бараку. Мастак намаляваў італьянскую ноч, мігдаловы сад у веснавой красе. На пярэднім плане вадаправод, пад ім вядро. Каля вадаправоду хлопец i дзеўчына стаяць, цесна прытуліўшыся да сябе. Час для ix, відаць, перастаў бегчы, бо вада ўжо даўно цячэ зь вядра праз край. Няведама, хто гэты абраз маляваў - найхутчэй, нейкі вязень, але, мусіць, мастак быў нядрэнны. Я з прыемнасьцю прыглядалася да абраза з свайго сеньніка. Пасьля таго як я доўгія гады была адарваная ад усяго прыгожага, для мяне гэта было праўдзівай асалодай. Аднойчы ў барак зайшоў начальнік КВЧ, убачыў абраз i зароў: «Парнаграфія, зараз жа выкінуць». Я была пазбаўлена i гэтае маленькае прыемнасьці.

* * *

Нягледзячы на лагерны рэжым, які за доўгія гады рабіў з чалавека істоту, пазбаўленую індывідуальнасьці, асабістыя падзеі ўсё-ткі час ад часу ўрываліся ў жыцьцё кажнага і змушалі ўспомінаць аб сваіх дарагіх, аддзелёных тысячамі кілямэтраў. Адноўчы атрымала ліст, напісаны незнаёмым характарам. Рука не адразу паднялася выцягнуць ліст з канвэрта, сэрца прадчувала нешта нядобрае. Прадчуцьцё не ашукала: суседка паведамляла, што маці ў цяжкім стане, няма надзеі. Хацелася крыкнуць, каб голас дакаціўся з Варкуты да Вільні: мама, не памірай, можа, Бог верне людзям розум і яны спыняць масавае зьніштажэньне сабе падобных. Можа, яшчэ пабачымся. Бог змусіў людзей схамянуцца, але для мяне было ўжо позна, маці памерла, паўгода не дачакаўшыся мяне. Прачытаўшы ліст, я заплакала, схаваўшы твар у падушку, ціха, але горкімі сьлязамі, як плачуць людзі, зь якімі гэта рэдка здараецца, i толькі тады, калі гора набіраецца столькі, што яно ўжо ня месьціцца ў сэрцы. Раптам пачула, што нехта лёгка дакрануўся да майго пляча. Падняла галаву: маладая латышка, якая нядаўна прыбыла з этапам, я ня ведала яшчэ нават прозьвішча, дакранулася да майго пляча. «Ня плачце», - пачула я яе лагодны голас, - я такіх лістоў атрымала ўжо некалькі, мусім сабраць сілы i старацца вытрываць». На сэрцы пацяплела ад спачуцьця гэтае незнаёмае дзяўчыны, але сьлёзы пацяклі яшчэ буйней. Апрача гора страты, мучыла думка, што ў яе апошнія гадзіны я не магу нічым дапамагчы, не магу нават быць побач.

I на гэтым лагпункце зрабілася шмат вольнага месца, i нас перавялі ў суседні лагер - апошні жаноцкі ў Варкутлагу. Цяпер на Варкуту вёзьлі «бытавікоў», угалоўнікаў ды засялялі імі вольныя лагеры, палітычных вязьняў паменшала, а трэба было папоўніць недахоп рабочае сілы. Толькі ці патрапілі ўгалоўнікаў змусіць працаваць так, як працавалі палітычныя вязьні, ня ведаю, у кажным выпадку, сумляваюся.

Пасьля сьмерці Сталіна яго рэжым трымаўся яшчэ нейкі час, хутчэй, мусіць, па інэрцыі, i паступова пачало зазначацца паслабленьне. Ня ведаю, якія інструкцыі атрымлівалі начальнікі лагероў з Масквы, але зьмены адбыліся. Пісаць i атрымліваць лісты можна было ў неабмежаванай колькасьці, столькі ж можна было атрымліваць пасылак. Маласрочнікаў, г. зн. каму заставалася два-тры гады, расканваіравалі, ці, інакш кажучы, выпускалі за вахту без канвоя. Можна было свабодна хадзіць у горад, толькі адзначыцца на вахце. Начальства прапанавала цэлым брыгадам выходзіць на работу без канвоя, але жанчыны адмаўляліся. У тундры працавала шмат угалоўнікаў, i суседзтва зь імі не магло быць прыемным. Замест двух канваіраў цяпер з брыгадай хадзіў адзін. Адчуліся зьмены i ў адносінах канваіраў. Цяпер салдаты ўступалі ў гутарку зь вязьнямі, нават жартавалі з маладзейшымі дзяўчатамі. Часам, калі ix было двое, рабілі між сабой такі жарт: «Каго вартуеш?» - пытаў адзін. «Ворагаў народу», - адказваў другі, i абодва рагаталі. Прывёўшы брыгаду на месца працы, канваір казаў: «Бабы, пілнуйце мой аўтамат, а я лягу пасплю», - лягаў пад кустом i спаў, колькі яму хацелася. Салдаты, бязумоўна, праходзілі выхаваўчую падрыхтоўку па ахове «ворагаў народу» i, сустрэўшыся з гэтымі «ворагамі», пераканаліся, як ix ашуквалі. Чула, што ў часы сталінскага тэрору канваір у адным зь вязьняў, якіх ён ахоўваў, пазнаў свайго бацьку. Пасьля гэтага хлопец застрэліўся. Зьмены адчуваліся i ў больш адкрытым спагадзе насельніцтва.

У лагер прыехалі «купцы», набіралі работніц для пашывачнае фабрыкі. Этап прадбачыўся на далёкую адлегласьць, казалі, у Мардовію. Прызначаны былі cамыя слабыя фізычна. Трапіла ў гэты этап i я. Сёмы этап за сем з паловай маіх лагерных гадоў i на гэты раз апошні. Па дарозе нас затрымалі на Сівай Масцы, мясцовасьці даволі далёкай ад Варкуты ў паўдзённым кірунку. Нас ці то «пазычылі», ці аддалі ў «наймы» нейкаму саўгасу, відаць, падшэфнаму лагеру; мы мусілі накасіць сена. Тут былі густыя высокія лясы, буйная трава, шмат грыбоў. Калі мы ад'яжджалі з Варкуты, там ужо пачынаў падаць сьнег, быў жнівень, тут было зусім цёпла. Дзіўнай здавалася зьмена клімату i прыроды: пасьля неабсяжнае пустыннае тундры густы лес. Даведаўшыся, што з Варкуты едуць «забастоўшчыкі», лагернае начальства так напалохалася, што казала пахаваць усе мэталёвыя прадметы, нават паздымаць дзьверцы зь печаў, каб мы, узброіўшыся імі, не паднялі тут бунт, чым насьмяшыла нас да сьлёз. Якімі бязраднымі адчулі сябе лагерныя начальнікі пасьля сьмерці сваіх шэфаў i апекуноў, пачулі страх перад тымі вязьнямі, якіх жыцьцё было яшчэ нядаўна ў ix руках. Баяліся, што шматмільённая хваля вязьняў можа адноўчы праарваць усе запруды i зьніштожыць ix самых. Ня ведаю, ці прынялі гэта пад увагу маскоўскае начальства, бо ў Маскве яно чулася больш бясьпечна. На пэрыфэрыі адчувалася ўстрывожанасьць. Можа i там, на самым версе, прыйшлі да выснову, што пэрыяд гвалту над чалавекам аджыў свой век i пара ўжо з гэтым канчаць. Хто ведае, як абярнуліся б справы, каб указ ад 17 верасьня 1955 г. не разладаваў напружаньня; магло б адбыцца яшчэ нямала забастовак i праліцца даволі крыві.

Касіць сена нас скіравалі ў лес. На беразе вялікай ракі Усы стаяла хатка, прызначаная, мусіць, для зімоўкі паляўнічых. Мясцовасьць называлася Будка Дондэ. На процілежным беразе, якраз насупраць нашага жытла, стаяла разваленая хатка, у якой, згодна з апавяданьнямі, жыў некалі, яшчэ ў царскія часы, высланы сюды рэвалюцыянэр па прозьвішчу Дондэ. Кажную раніцу мы перапраўляліся на лайбе на другі бераг ракі, за намі плыла рабочая карова, на якой мы вазілі сена. Другую карову нам далі для малака. Kaca пасьля кайла выдалася мне прыемнай прыладай працы. Хаця жанчыны казалі: кідай касу, бяры граблі, які зь цябе касец, але касіць мне падабалася. Апрача малака ад каровы, якую мы самыя даілі, самыя пасьвілі, мы мелі даволі хлеба, рыбы траскі, якую вымачвалі проста ў рацэ, прыціснуўшы хвост каменем, каб не нанесла вада, кількі ці цюлькі, прызванае вязьнямі «весёлые ребята», самыя зьбіралі грыбы, якіх тут было столькі, што можна было касіць касой, мы ix нават сушылі, бо не было дзе падзець, а ня ведалі, колькі тут затрымаемся. Адноўчы прыйшоў нейкі начальнік, убачыў сушаныя грыбы: «Вы што, у пабег сабраліся?» - забраў грыбы i панёс. Мусіць, яны былі патрэбныя яму самому. Адну жанчыну мы прызначылі кухарам, яна нам варыла есьці. Гэтыя два тыдні мы прабылі як на лецішчы. Змучаным даўгімі гадамі лагернага рэжыму, цяжкое працы, адсутнасыць пад'ёмау, разводаў, праверак, адносна лёгкая праца бяз нормы - ніхто нам нормы не вызначаў, ніхто не правяраў - такое лецішча было зусім дарэчы. З намі быў адзін салдат-канваір, але мы яго рэдка бачылі, бо ён цэлымі днямі лавіў рыбу. Для якое мэты ён быу да нас прыстаўлены - ці пілнаваць, каб мы не разьбегліся ці не зрабілі бунт або забастоўку, ці ахоўваць ад дзікіх зьвяроў ды іншых напасьцяў, ён, мусіць, i сам ня ведаў. Адноўчы яму ўсе-ткі давялося пастраляць, калi я пайшла па грыбы, а ўжо вечарэла, дый заблудзіла. Жанчыны яму далі знаць, ён пачаў страляць, каб я ішла на гук стрэлу. Праўду сказаць, у лесе было i страшнавата пры зьмярканьні, тым больш што там вадзіліся медзьвядзі, i я была яму ўдзячна за яго клопат, хаця стрэлы пачула ўжо, як падыходзіла да нашага селішча.

Калі начальства прыйшло да выніку, што мы накасілі ўжо даволі, нас пасадзілі на баржу i павезьлі на бліжэйшую чыгуначную станцыю. Зноў таварны вагон. На шчасьце, быў пачатак восені, надвор'е стаяла цёплае. Канвой быў цяпер не такі суровы, у вокны глядзець не забараняў. На станцыях мясцовыя жанчыны, убачыўшы вагон зь вязьнямі, хрысьціліся i плакалі. Адноўчы праяжджалі празь нейкі гарадок дзесьці каля Волагды. Раптам адна з жанчын, якая глядзела ў вакно, крыкнула: царква! Столькі часу ня бачылі царквы. Пашана да сваіх старадаўніх традыцыяў, вера, што за гэтыя традыцыі варта цярпець, выказалася ў гэтым імпульсіўным імкненьні хаця б краем вока глянуць на гэтую старэнькую, пахіленую, бяз крыжа цэркаўку. Здавалася, яна магла паслаць сваё бласлаўленьне, аблягчыць цяжкую долю гэтых абяздоленых. А можа, вернасьць традыцыям сваіх продкаў i падтрымлівала ix у нядолі.

Станцыя прызначэньня з жывым грузам Поцьма. На гэтай станцыі лінія «Всесоюзного Правления Железных Дорог» канчаецца. Далей запаведнік МВД - тут у яго свая чыгунка. Падыходзіць паравоз, падчапляе вагон i цягне кудысьці далей. Навакол лес. Галіны дрэваў скрабуць па даху вагону. I вось апошняя станцыя маіх падарожжаў у закратаваных вагонах над канвоем - Явас. Што адразу кінулася ў вочы, зьдзівіла i насьмяшыла - начальнік станцыі спаткаў цягнік у форменнай чырвонай шапцы чыгуначніка i ў лапцях зь белымі ганучкамі. Каб хацеў хто змайстраваць сабе вопратку для маскараду, мусіць, нічога больш камічнага не надумаў бы. Якая-ж тут галеча.

І тут нас спаткалі як «забастоўшчыкаў» з Варкуты. Начальства, мусіць, з асьцярожнасьці старалася абыходзіцца з намі як найлепей, выяўляла да гэтага максымум увагі, якая была ў яго моцы. У лагернай крамцы быў толькі зубны парашок, ды нічога іншага тут ніколі не было. Начальнік лагера загадаў прывезьці прадуктаў. Праз пару дзён прывезьлі ў крамку тварагу, бо нічога іншага ня здолелі здабыць. Тварог быў кіслы, шэры i зь няпрыемным пахам, але i такога тут ніколі ніхто ня бачыў. Прадавалі яго толькі нам, з запалярнага этапа, «забастоўшчыкам». Якое магічнае ўражаньне рабіла слова «забастоўка»! Хаця мы ў даным выпадку купаліся ў сяйве праменьняў чужое славы, бо самыя ўдзелу ў ёй ня бралi. Бязумоўна, гэтыя два дзясяткі слабасільных жанчын пагрозай быць не маглі, але начальства баялася, што яны прывезьлі з сабой дух пратэсту i заразяць ім увесь лагер, а пасьля пошасьць распашырыцца на ўсе лагпункты. А тут начальству было так спакойна. Ніякага «праізводзтва» з жыцьцёва важным значэньнем для эканомікі. «Заключоныя» пераважна слабасільныя або i зусім інваліды. Дарогай бачылі развод у мужчынскім лагеры, нямала было кульгавых. Сюды кіравалі тых, хто да работы ў шахтах не надаваўся. Рэжым у гэтых лагерох быў вельмі цяжкі. Прыгожая лагерная зона, шмат кветак, нават рэчка ў зоне, але на дарожках таблічкі: «заключённым ходить запрещено», на лаўках таблічкі; «заключённым сидеть запрещено». Казалі, што ў гэтых лагерох нярэдкімі былі выпадкі самагубства. У часе майго пабыту такіх таблічак ужо не было. Кал i я праз сорак гадоў сказала аднаму чалавеку, што мне давялося быць у цемнякоўскіх лагерох, ён зьдзівіўся, што я там вытрымала, бо згодна зь яго словамі гэта была найгоршая ступень пекла. I тут зазначылася паслабленьне рэжыму, але далей зьняцьця гэтых таблічак яно не пайшло. Выходзіць за зону без канвоя было няможна.

Варкуцінскія «забастоўшчыкі» былі прызначаныя на пераборку бульбы. Бульба ляжала горбамі пад паветкай. Есьці на месцы не забаранялася, няможна было выносіць, пачаставаць тых, якія доступу сюды ня мелі, на вахце пры рэвізіі адбіралі. Насыпалі вядро, абмазвалі глінай i засыпалі гарачым попелам. Гэта быў для нас паласунак, бо на Варкуце у сталовых бульбы ніколі не было. Начальства хаця ж бульбай хацела залагодзіць «забастоўшчыкаў».

Навакол лес, дрэвы падыходзяць пад самую паветку, дзе мы працуем, лясы тут без канца i краю. Неяк нязвычна пасьля неагляднага прастору тундры, вачам цесна, куды ні глянеш - усюдымі зялёная сьцяна. У лесе старыя манастырскія будынкі, у ix месьцяцца мужчыны, жанчыны ў звычайных бараках. Для малітвы ў гэтых спракавечных лясах месца, мусіць, было вельмі адпаведнае, але ад гвалту i зьдзеку чалавек цярпіць аднолькава як у тундры, так i сярод ляснога гушчару. Зьняволеньне тут адчувалася вастрэй, як на Варкуце, здавалася, канец сроку адсунууся далей у неаглядную будучыню.

* * *

Ніколі насельніцтва ГУЛАГу з такой увагай не прыслухоўвалася да голасу дыктара маскоўскага радыё, як у гэты дзень. Замест абрыдлых заклікаў напружваць усе сілы, даваць краіне больш вугальля, сталі, хлеба дыктар чытаў указ аб амністыі ад сямнаццатага верасьня 1955 г. для палітычных вязьняў. Няўжо праўда? Няўжо гэтае чорнае бязодне лагероў i вастрогаў адыдзе у нябыт, як злы сон, як ліхаманкавае трызьненьне? За увесь час існаваньня Сaвецкага Саюзу амністыі абвяшчаліся толькі для злодзеяў большага ці меншага калібру. Пасьля такіх амністыяў колькасьць скаргаў ад насельніцтва на рабункі павялічвалася, а міліцыі прыбывала работы. Калі чалавек трапляў у вастрог з палітычных прычынаў, хаця б зусім бecпaдстaўнa, ня мог лічыць на тое, што калі-небудзь вернецца да нармальнага жыцьця.

Хаця ўказ быў зрэдагаваны зусім ясна i дакладна па бараках хадзілі палітрукі i тлумачылі на свой спосаб. Зь ix тлумачэньняў вынікала, што пад гэты ўказ не падпадаюць тыя, хто адбывае кару за ўдзел у нацыянальных арганізацыях. У маім прысудзе было выразна сказана: «за участие в националистической организации», значыць, яшчэ паўтара гады трэба было адпакутаваць сярод гэтых лясоў, а пасьля кіравацца туды, дзе прызначаць пасяленьне, i там жыць, а дакладней, вэгэтаваць да апошняе гадзіны. Заставалася схіліць галаву i прыняць чарговы ўдар лесу, на якія ён быў такі шчодры. Жанчын адну за адной пачалі выклікаць на звальненьне. Выклікалі i цёцю Таню, яна сядзела «за веру» i з нацыянальнымі арганізацыямі ня мела нічога супольнага. Я дала цёці Тані апошнія пару рублёў, якія ў мяне былі, i папрасіла зайсьці ў царкву i замовіць паніхіду па маіх бацьках, бо самой ці давядзецца калі яшчэ быць у царкве.

Пераборка бульбы скончылася, а разам скончыліся i паласункі для «забастоўшчыкаў». Мяне скіравалі ў пашывачны цэх. Тут высьветлілася, што не магу ўдзець нітку ў голку, бо ўжо дрэнна бачу. Брыгадзір прызначыла мяне на зачыстку гатовае прадукцыі, г. зн. адразаць непатрэбныя ніткі. На гэта таксама была норма. Дзеля таго што ў першы дзень без дасьведчаньня праца ішла ня так хутка, як было трэба, я засталася працаваць у часе палудзеннага перапынку. У цэху былі толькі я i брыгадзір. Празь нейкі час увайшла днявальная са спэцчасьці зь нейкай паперай, пачала гутарку з брыгадзірам, ды абедзьве ўсё паглядалі на мяне. Сэрца сьціснулася - мусіць, нейкая прыкрасьць, можа, зноў этап, можа, перагляд справы з дабаўкай сроку. Днявальная падыйшла да мяне, пытае прозьвішча i дакладна ўсе пэрсанальныя дадзеныя. Пасьля кажа: «ідзіце ў спэцчасьць». - «Па што?» - пытаю. «Як, не разумееце? На звальненьне». Сьвет закалыхаўся ў мяне перад вачыма, падлога пачала ўцякаць кудысьці з-пад ног. Каб не пасьпела сесьці на зэдаль, упала б на падлогу. Не скажу, каб страціла прытомнасьць ад радасьці, хутчэй ад нечаканасьці. Я звыклася, зжылася з думкай, што мне наканаваная няволя да канца маіх дзён. Надта нечаканай была воля.

На наступны дзень абыйшла з «абхадной» усіх начальнікаў часьцей, здала лагернае «вещдовольствие», атрымала на дарогу вялікага селядца, хлеба i новую ватоўку. Я была ўжо вольная i ў месцы зьняволеньня сярод вязьняў чулася ніякава, я спачувала тым, хто заставаўся, але цяпер была пэўная, што і яны тут будуць нядоўга. Увечары, калі-ўжо добра сьцямнела, пад вахту пад'ехаў воз, запрэжаны канём, падыйшоў канваір, я i яшчэ некалькі жанчын, было нас, мусіць, чалавек пяць, палажылі на воз свае небагатыя клункі i пайшлі на чыгуначны прыпынак. Мы былі ўжо вольныя, але дарога ўвесь час ішла лесам i было вельмі цёмна, самым жанчынам было б няпрыемна. Добра запамятавалася мне гэтае падарожжа на ўсё жыцьцё, толькі не магу прыпомніць, якія ў мяне былі думкі i пачуцьці. Мусіць, ніякіх, проста нейкая пустка ад агаломшаньня.

Ноч. Дарога ўвесь час ішла празь лес па вузенькай просецы. Дрэвы спляліся гальлём над галавамі. Ідзем празь цёмны лясны тунэль. Паскрыпваюць колы, прыпамінаюць дзіцячыя гады i тыя родныя лясы. Канваір перагаворваецца з фурманом, ён ідзе з намі не дзеля таго, каб пілнаваць, каб мы не ўцяклі, а толькі як праважаты, бо жудасна было .6 ісьці праз тэты цёмны лес самым. З учарашняга дня мы вольныя, нашая сувязь зь месцамі зьняволеньня спынілася. Адыйшлі ад нас начальнікі лагероў i ражных часьцей, «кумы» i канваіры. Толькі ж ці адыйшлі? Ці ня будуць яны вітаць сярод нас у іншай, менш заўважальнай форме i накідаць нам сваю волю? Жанчыны маўчаць, мусіць, кажная думае аб тых, хто яе чакае. Мяне не чакае ніхто. Ад гэтага сумна на сэрцы, ня цешыць нечаканы падарунак лёсу.

Канваір адвёў нас да станцыі Явас, адтуль той жа цягнік МВД з паўпасажырскім-паўтаварным вагонам адвёз нас на станцыю Поцьма. На наступны дзень мы тут атрымалі пашпарты i білеты да месца прызначэньня. Я праз Маскву ў Вільню. Еду без канвоя. Замест салдата з аўтаматам - савецкі пашпарт, спраўка аб звальненьні i скіраваньне на сталае месца жыцьця ў Вільню.

Еду ў горад, у якім пражыла ўсё жыцьцё i не была апошнія адзінаццаць гадоў. Што мяне там чакае? Ведаю, што ніхто: няма ня толькі нікога роднага, але i блізкага знаёмага. Усіх параскідала ваенная навальніца. Трэба пачынаць жыцьцё нанова ў зусім іншых, непрывычных варунках. Свабода. Але ці можа быць поўная свабада ў краіне, дзе чалавек існуе для кіраўнічага апарату, а не кіраўнічы апарат для чалавека? Ці гэта не замена адной формы зьняволеньня іншай, з шырэйшай зонай руху?

Цягнік падыходзіў да Менску. У памяці ўсплыла камэра ў менскім вастрозе, высокі чын i тая жанчына, якая абвесьціла мне пастанову «Особого Совещания». Якія ў нас былі дыямэтральна рожныя ролі! Я здабывала ў нямецкай службе бясьпекі загад «безадкладна звольніць» i імчалася зь ім у вастрог, вязьня выводзілі з камэры ў прахадную, i я выходзіла зь ім за вастрожную браму. Тая жанчына за гэта прачытала мне: «дзесяць гадоў лагерных работ». Ей, бязумоўна, не прыйшло ў галаву, што яна нешта ня тое робіць. Яна пражыла самазадаволенае жыцьцё сытае жывёліны, кляшча на чужой шыі. Я за свае пакуты дачакалася зьдзейсьненьня мае ідэі, якая ў тым сорак сёмым здавалася лятуценьнем, якое ніколі ня споўніцца, зданьню, якая вось-вось разьвеёцца, i сьлед па ёй загіне. Яна была як маленькі агеньчык зьнічкі як i вось-вось згасьне назаўсёды.

Восем з паловай гадоў прамінула ў вастрогах, этапах, лагерох. Здаецца, пражыта i ня так шмат часу, а перажыта столькі, што хапіла б на два доўгія чалавечыя жыцьці.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX