Ад перакладчыка і каментатара ўспамінаў
Цікавыя ўспаміны Гіпаліта Корвін-Мілеўскага (1848-1932) маюць аб'ём у 600 старонак вялікага фармату. Большая іх частка прысвечаная жыццю аўтара па-за межамі сучаснай Беларусі, у значнай ступені ён з'яўляўся еўрапейцам прафранцузскай арыентацыі. У Францыі Корвін-Мілеўскі атрымаў сярэднюю і вышэйшую (да ступені доктара) адукацыю, меў тут шмат сяброў і знаёмых, добра ведаў гісторыю, культуру і палітыку гэтай дзяржавы, і па яго словах, пісаў па-французску лепш, чым па-польску (мне здаецца, у яго дастаткова своеасаблівая, не віленская, польская мова, але не бяруся рабіць ацэнкі ў гэтай справе). Амаль што ўсё сваё жыццё, ён кожны год па 3 - 4 месяца жыў у Еўропе, займаўся палітыкай, пісаў, але пры гэтым жаліўся на лёс буйнога абшарніка. Заўважу, што сваю вялікую гаспадарку Корвін-Мілеўскі прывёў ва ўзорны стан, і менавіта гэта дазваляла яму жыць тым жыццём, якім ён жадаў жыць, час ад часу пісаць і друкаваць публіцыстыку, займацца грамадзянскай дзейнасцю.
Але ўсё ж, у значнай ступені, ён быў спадчынным вільнянінам, меў багатую кватэру у фешэнэбельнай частцы горада з вялікай бібліятэкай, напоўненай, па яго словах, творамі мастацтва. Вялікая бібліятэка мелася ў Корвін-Мілеўскага і ў Лаздунах, якія ён, здаецца, разглядаў толькі як месца сваёй «цяжкай» працы, неабходнай, каб весці звычайны для яго лад жыцця.
На працягу стагоддзяў Лаздуны ўваходзілі ў склад вялізных уладанняў князёў Радзвілаў і здаваліся імі ў арэнду (заставу). Апошні нясвіжскі ардынат Дамінік Радзівіл перадаў гэты маёнтак на вечныя часы Юзафу Валадковічу і яго жонцы Караліне з Бжастоўскіх. У 1810 г. Лаздуны набыў Самуэль Воўк-Ланеўскі, ён перадаў гэту маёмасць сваёй унучцы Вераніцы, мужам якой быў Аскар, а сынам Гіпаліт Корвін-Мілеўскія. Аўтар успамінаў цікава расказвае пры свой род і яго маёмасць, падае шмат важанй інфармацыі пра суседнія, літоўскія заможнай роды абшарніцкай шляхты.
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі да 1878 г. пабудаваў у Лаздунах свой палац-рэзідэнцыю, пра які Чэслаў Янкоўскі пісаў, што пакоі палаца вызначаліся «вялікім густам і не вясковым камфортам». Што не дзіўна, улічваючы еўрапейскаць гаспадара, а таксама творчы патэнцыял яго сям'і: яго бацька Аскар Корвін-Мілеўскі (1818-1906) быў публіцыстам і аўтарам лібрэта да операў Манюшкі [1], а ўладальнік Геранёнаў, брат Ігнат Корвін-Мілеўскі (1846-1926) з'яўляўся вядомым мастаком і калекцыянерам.
Як дэпутата расійскай Дзяржаўнай думы Гіпаліта можна лічыць часткай палітычнай эліты Расійскай імперыі. Здаецца, сярод вышэйшага чынавенства імперыі яго лічылі сваім чалавекам - разважным кансерватарам і нават манархістам.
Думаю, у палітычным сэнсе Гіпаліта Корвін-Мілеўскага можна аднесці да катэгорыі так званых «віленскіх зуброў» - мясцовых абшарнікаў з кансерватыўнымі поглядамі, які пры гэтым, у адрозненні ад шматлікіх іншых яго калегаў, вельмі адмоўна ставіўся як да беларускага, гэтак і да летувіскага нацыянальнага руху.
Трэба трошкі расказаць пра брата аўтара ўспамінаў? Ігната Корвіна-Мілеўскага. З 1856 г. разам з братам Гіпалітам ён жыў і вучыўся у Парыжы, у ліцэі Банапарта. У 1865-1866 гг. браты вучыліся ва ўніверсітэце ў Дэрпце. У 1868 г. Ігнат Корвін-Мілеўскі вярнуўся ў Геранёны, дзе жыў да пачатку вучобы ў студыі выяўленчага мастацтва ў Мюнхене. У 1873 г. прымаў удзел у Міжнароднай выстаўцы ў Вене, праз год - у Парыжскім салоне.
Бацькі аддалі Лугамавічы і Лаздуны сыну Гіпаліту, а маёнтак у Геранёнах - Ігнату. Ігнат атрымаў тытул графа, меў свой герб, быў кавалерам Мальтыйскага ордэна. Жыў у Вене і Вільні, у Вільні пабудаваў палац у італьянскім стылі. Пасля 1905 г. ажаніўся з Янінай Оструг-Садоўскай, багатай удавой, сваячкай Уладзіслава Умястоўскага, але гэты саюз трываў нядоўга. Праз некалькі гадоў з дапамогай Ватыкана шлюб быў скасаваны. Пасля гэтага Ігнат Корвін-Мілеўскі купіў востраў на Адрыятычным моры і яхту. Замовіў у Парыжы вялікія габелены са сваім новым гербам. Яхту назваў «Літва» і плаваў на ёй па Міжземным, Балтыйскім і Паўночным морах, за Паўночны палярны круг у нарвежскія і рускія парты, у Канстанцінопаль, Венецыю, Каір, Амстэрдам, Стакгольм, Гданьск і іншыя месцы. Многа пісаў. Надрукаваў свае нататкі аб падарожжах у 1897 г. У 1899 г. выдаў другую кнігу ўспамінаў. У 1905 г. апублікаваў некалькі публіцыстычных прац. Судзіўся з многімі людзьмі і нават з ксяндзом Бародзічам з Суботнікаў. На сваім двары для аховы трымаў 20 стражнікаў.
Ігната Корвіна-Мілеўскага найбольш цікавілі гістарычныя карціны і пейзажы. У яго калекцыі налічвалася каля 250 карцін, але ён быў не толькі калекцыянерам, ён яшчэ і дапамагаў маладым мастакам. Сваю карцінную галерэю Ігнат спачатку планаваў размясціць у Кракаве, але да 1893 г. галерэя знаходзілася ў яго палацы ў Вільні і заўсёды была адкрыта для наведвальнікаў. У 1895 г. ён арганізаваў выстаўку сваіх карцін у Вене. Пасля выстаўкі ў Вене меркаваў перавезці карціны ў Берлін ці Геранёны, дзе меў вялікі мураваны будынак. Але пасля разводу з жонкай забраў іх з сабой на востраў Санта-Катарына.
Вяртаемся да аўтара ўспамінаў Гіпаліта Корвін-Мілеўскага, якія я з цікавасцю прачытаў, але пераклаў толькі тое, што наўпрост датычыць нашага краю (каля 20%) - у асноўным гэта першая кніга ўспамінаў. Большая частка яго мемуараў можа быць цікавай толькі для вузкай групы гісторыкаў, якія спецыялізуюцца на тым часе, некаторыя яго думкі і заўвагі сёння могуць выклікаць толькі ўсмешку, але некаторыя з іх паказваюць аўтара адукаваным і ўніклівым чалавекам.
Спадзяюся, што мая праца не будзе дарэмнай і ў большай ступені, чым раней, увядзе гэтую асобу ў лік актараў нашай мясцовай і агульнабеларускай гісторыі. Заканчваючы, не магу не заўважыць артыкулы пра Корвін-Мілеўскіх цудоўнай пісьменніцы і даследчыцы гісторыі роднага краю з Іўя Алены Смалянічэнка.
Леанід Лаўрэш.
[1] Напісаў лібрэта на наступных опер Манюшка: «Ідэал ці новая Прэціёза» («Ideal czyli Nowa Precioza»), «Карманьёл ці французы любяць жартаваць («Karmaniol albo Francuzi lubie zartowac») і «Латарэя» («Loteria»).