Успаміны пра семдзесят гадоў (1855-1925)[1]
Гіпаліт Корвін-Мілеўскі
Кніга другая. Грамадскае і палітычнае жыццё. Кніга трэцяя. Сусветная вайна (Скарочаны пераклад Леаніда Лаўрэша)
Кніга другая. Грамадскае і палітычнае жыццё
Раздзел I. Генерал Троцкі. Сервітуты. Сельскагаспадарчае таварыства.
Раздзел ІІ. Барацьба супраць Зямельнага банка.
Раздзел ІІІ. Князь Мірскі, граф Пален, кс.-біскуп Роп.
Раздзел ІV. Японская вайна, нацыянальна-дэмакратычная партыя. Помнік Кацярыне ІІ.
Раздзел V. Год 1905. Указы пра верацярпімасць Мікалая ІІ. Кур'ер Літоўскі. Маніфест 17 кастрычніка.
Раздзел VI. Год 1906. Выбары ў Думу і Дзяржаўны савет.
Раздзел XI. Вільня, вясна - 1908 г. Бязданы. Сельскагаспадарчае таварыства.
Раздзел XIV. Пераабранне Дзяржаўнага савета. Аграрнае і фінскае пытанне. Тастамант Агінскага.
Раздзел XVI. Віленскі тэатр, 1910-1914. Заснаванне таварыства. Смерць Сталыпіна
Кніга трэцяя. Сусветная вайна.
Кніга другая. Грамадскае і палітычнае жыццё
Раздзел I. Генерал Троцкі. Сервітуты. Сельскагаспадарчае таварыства.
Калі б не сусветная вайна і руская рэвалюцыя, галоўным наступствам якой для нас стала незалежнасць Польшчы, перыяд майго жыцця паміж 1898 і 1914 гг. быў бы самым цікавым для будучых гісторыкаў якія калі-небудзь будуць займацца нашай тэрыторыяй. Але, як мне здаецца, гэты перыяд у параўнанні з наступным, у значнай ступені страціў сваю вартасць і таму я буду імкнуцца выдзеліць толькі больш важныя падзеі і ўражанні, якія я перажыў, і выкладаць іх буду больш сцісла, чым зрабіў бы гэта, калі пісаў бы ўспаміны ў 1914 г.
1898 г. застаўся ў маёй памяці пераломным, але не з прычыны фармальных падзей, з якімі гэтая дата звязаная, але з-за розных дробязей, якія маюць тым большую вагу, чым больш яны забываюцца і застаюцца ў цені. Бо ўсе гэтыя дробязі спрыялі паступоваму ўмацаванню і адраджэнню польскасці сярод насельніцтва майго краю і адбіліся нават у яго знешнім выглядзе.
Перш за ўсё пачаўся перыяд больш мяккага стаўлення да нас з боку цара Мікалая ІІ. Першай прыкметай з'яўлялася прызначэнне праз некалькі гадоў пасля выгнання віленскага біскупа Грынявіцкага, новага пастара дыяцэзіі ў асобе кс. Звяровіча. Ва ўсіх адносінах ён быў узорным святаром, але меў сярэднія здольнасці, малую энергію і, уласна, з-за свайго справядлівага характару, не падыходзіў ці яшчэ не дарос да гэтай цяжкай пасады. Менш чым праз 2 гады ён быў высланы з Вільні па тых жа прычынах, як і біскуп Грынявіцкі, але ў менш брутальнай форме. У Віленскай дыяцэзіі наступіла чарговае «міжкаралеўе» ажно да інтранізацыі кс.-біскупа Ропа. Аднак факт таго, што кафедра біскупа зноў была аддадзена паляку, узмацняў у краі адначасова каталіцкія і польскія пачуцці.
У тым годзе я заўважыў з'яву, якая таксама была бачна і ў суседніх Гарадзенскай і Менскай губернях, а менавіта нейкую агіду сярод сялянскага насельніцтва да сваёй адвечнай мовы і схільнасць, прынамсі, у адносінах з панамі, да ўжывання польскай мовы [3]. І гэта з'ява бесперапынна развівалася да 1914 г. і, як мяне запэўнілі, не спынялася і падчас нямецкай акупацыі 1915-1918 гг. Дастаткова было б яшчэ аднаго пакалення, каб мясцовая беларуская сялянская маса была б цалкам спольшчана, але гэта эвалюцыя ў 1921 г. была сістэматычна скасаваная … урадам Польшчы [4].
Да фармальных падзей таго года, якія сталі пачаткам ажыўлення грамадскага жыцця, адносяцца: аднаўленне праблемы сервітутаў і заснаванне Віленскага сельскагаспадарчага таварыства.
Генерал Троцкі, які пасля смерці Аржэўскага заняў пасаду генерал-губернатара, абсалютна нічога не разумеў у цывільных справах і пакідаў іх успадкаванаму ад папярэдніка, ужо згаданаму вышэй начальніку канцылярыі Судзейкіну і цывільнаму губернатару, якім быў ужо таксама раней згаданы Чапялеўскі, які нядрэнна ставіўся да нас. Судзейкін, лічыў, што сялянскія сервітуты, пра якія ніхто не ведаў у Расіі і нават у Магілёўскай губерні, адбіваюць у рускіх пакупнікоў ахвоту набываць маёнткі ў «северо-западном» краі. Ён вырашыў негалосна аднавіць пытанне аб ўрэгуляванні сервітутаў, якое, як я ужо пісаў, было прыпынена дваццаць гадоў таму, бо меў надзею, што з-за поўнага невуцтва генерала Троцкага ён зможа адным стрэлам забіць трох зайцаў: падсекчы дабрабыт мясцовых абшарнікаў праз рэформу выключна за іх кошт, выклікаць удзячнасць сялян, узбагаціўшы іх у большай меры, чым яны маглі разлічваць, і за наш кошт ачысціць нашы ж маёнткі ад цяжару, які перашкаджаў продажу. Ён пераканаў Троцкага склікаць пад сваім старшынствам вялікую камісію для распрацоўкі на ідэях Судзейкіна праекта ліквідацыі сервітутаў, які павінен быў потым унесены ў Дзяржаўны савет. Камісія амаль што выключна складалася з людзей, якія займалі важныя службовыя пасады. Тады, па рэкамендацыі Адама Плятэра як губернскага маршалка (я тады яшчэ не меў з ім праблем), а таксама па рэкамендацыі старшыні акруговага суда, у якім нядаўна я асабіста бараніўся і выйграў важную справу аб сервітутах, Троцкі як знаўцу праблемы паклікаў мяне ў камісію.
Камісія бесперапынна засядала некалькі тыдняў і прыняла зусім іншы абарот, чым меркаваў Судзейкін. Пасля прачытання яго здрадніцкага праекту спрэчкі набылі характар пастаяннай дуэлі паміж ім і мной. І аказалася, што пад вайсковым мундзірам Троцкага хаваўся даволі заможны абшарнік Цвярской губерні, які адчуваў для сябе нашмат больш блізкім абшарніка і кансерватара Корвін-Мілеўскага, чым канцылярскага «пацука» Судзейкіна. Калі я абвяргаў артыкул за артыкулам, без літасці паказваючы, якія падрыўныя тэндэнцыі хаваюцца ў кожным з іх, Троцкі пачаў пры рэдагаванні кожнага артыкула праекта звяртацца да мяне з аднолькавым пытаннем: «Ипалит Оскарович, как бы вы записали эту статью?». Я адказваў, і Троцкі павярнуўшыся да Судзейкіна і накіраваўшы яму ў нос палец, казаў: «Вот, так и пишите».
Натуральна, у Дзяржаўным савеце гэты праект паклалі «пад сукно», такі ж лёс меў і яго папярэднік 1876 г., такі ж лёс напаткаў і наступны праект (таксама апрацаваны мной, калі я ўжо быў старшынём Віленскага сельскагаспадарчага таварыства) і па тых жа прычынах. Але нягледзячы на фармальную няўдачу, праца гэтай камісіі выклікала вялікую цікавасць сярод абшарнікаў, і маё імя, і мая персона, якую да гэтага ведалі толькі ў малым гуртку віленскага «бамонду», атрымала пэўную вядомасць сярод землеўладальніцкай шляхты, што адазвалася пры наступных акалічнасцях восені 1898 г.
У Віленскай губерні ўжо была ўведзеная алкагольная манаполія. У сувязі з нізкімі цэнамі на збожжа і вельмі добрым ураджаем бульбы, цэны, якія манаполія мела плаціць уладальнікам вінакурняў, на супольнай паміж імі нарадзе былі ўстаноўлены на даволі нізкім узрозні. Але тут у дзень св. Міхала па старым стылі (8-га лістапада па старым ці 21-га па новым стылі - Л. Л.), пачаўся моцны ўсходні вецер. На заходзе сонца было 0 градусаў, а на раніцу ўжо - 5, увечары - 8, на раніцу наступнага дня - 12. За ноч насыпала паўметра снегу, ён ляжаў амаль што тыдзень, і па ім нават пачалі ездзіць сані. Я своечасова адчуў небяспеку, абяцаў маім парабкам вялікую порцыю гарэлкі, а дзяўчатам - па прыгожай хустцы на галаву, і ў першую ж ноч усе капцы былі закрыты тонкім, але дастатковым слоем конскага гною. І аніводная бульбіна ў капцах не замерзла. Аднак, у пераважнай большасці вытворцаў спірту і землеўладальнікаў капцы з усходняга боку прамерзлі да зямлі, і калі снег растаў і можна было іх адкрыць (бо потым мы мелі яшчэ цэлы месяц пагоднай восені), больш за палова бульбы сапсавалася.
Узняўся усеагульны енк і па ініцыятыве актыўнага вінакурніка-рэктыфікатара Аляксандра Лубанскага, сына згаданага вышэй заслужанага Яна, у Вільні сабраўся з'езд з сямідзесяці вінакурнікаў і самых буйных аграрнікаў. Паколькі губернская акцызная ўправа недастаткова ўлічвала прыроднае бедства, было вырашана накіраваць у Пецярбург невялікую дэлегацыю з мемарыялам, які падпісалі ўсе прысутныя, а я адрэдагаваў. Пакуль я ў суседнім пакоі рабіў гэта, нехта падказаў, што калі б у нас было сваё Віленскае сельскагаспадарчае таварыства, як у суседняй Менскай губерні, дык абараняць свае інтарэсы было б нашмат лягчэй. На гэта генерал Іваноў, які разбагацеў на рамонце артылерыі, купіў маёнтак Солы, што каля Ашмянаў, і пры тым быў добрым гаспадаром, заявіў, што задуманае 25 гадоў таму таварыства сёння можа быць паспяхова створана, бо пры генерале Троцкім старшым ад'ютантам служыў зяць генерала Іванова Нявяровіч, які расказаў, што Троцкі нядаўна вярнуўся з Пецярбурга, дзе меў прыватную аўдыенцыю ў імператара, які, не маючы аб чым з ім размаўляць (ад цара толькі што выйшаў міністр сельскай гаспадаркі Ярмолаў), спытаў, як развіваюцца сельскагаспадарчыя таварыствы ў яго генерал-губернатарстве: «Ваша вялікасць! У нас іх наогул няма!» «Шкада, бо Ярмолаў кажа, што гэта вельмі карысная інстытуцыі».
Той, хто памятае, якімі ў тыя часы былі старыя служакі тыпу Троцкага, здагадаецца, што з гэтага моманту генерал сама сябе бясконца паўтараў: «Сельскагаспадарчыя таварыствы мусяць быць».
Усе вырашылі сабрацца яшчэ раз пасля вяртання дэлегацыі з Пецярбурга і тым часам рыхтаваць глебу са старым Троцкім, бо ніхто не сумняваўся, што ўвесь штат Зямельнага банка на чале з Плятэрам будзе разглядаць нашу групу абшарнікаў як небяспечных канкурэнтаў для сваёй гегемоніі. Так і адбылося. Пасля вяртання Аляксандра Лубанскага і яго паплечнікаў са сталіцы, дзе яны атрымалі задавальняльнае павышэння манапольнай цаны на спірт, было вырашана патрабаваць ад губернскага маршалка заснаваць аграрнае таварыства. І хоць нам хапіла злой волі з боку банкаўскай клікі, ген. Троцкі, а потым і Судзейкін, які пахіснуўся на сваёй пасадзе, імкнуліся дапамагчы «вальнадумцам». Усе ішло гладка і, паколькі на прыкладзе Менскага таварыства, якое дзельны Эдвард Вайніловіч зрабіў узорам для ўсіх падобных таварыстваў у імперыі, было бачна, што новая інстытуцыя можа адначасова служыць і нашым гаспадарчым інтарэсам і стаць рэальнай супрацьвагай банкаўскай гегемоніі, якая пачынала, як кажуць французы, «лезці ў нос». Я вырашыў запрэгчыся ў гэты воз, бо быў тады яшчэ добрым дышлавым канём. Разам з добрым гаспадаром Вілейскага павета і актыўным Адамам Багдановічам і генералам Івановым мы паехалі ў Пецярбург з разуменнем, што не маем права вярнуцца без адабрэння таварыства тым самым Ярмолавым, які старшынстваў на з'ездзе ў Маскве ў 1892 г., ён не забыў мяне і прыняў добразычліва. Таксама нам дапамог шляхетны князь Міхал Агінскі, які ўсе зімы праводзіў ва ўласным элегантным палацы на вуліцы Караваннай.
Мы вярнуліся з абяцаннем, што таварыства будзе, і вырашылі, што калі на нашым шляху з'явіцца варожая банкаўская фартэца, узяць яе сваімі сіламі. Плятэр склікаў даволі вялікі сход, на якім быў падпісаны акт аб заснаванні таварыства. Нягледзячы на тое, што на сходзе прысутнічалі практычна толькі кліенты банка, ён не мог не запрасіць мяне. Плятэр ужо паклапаціўся, каб у зацверджаным статуце годнасць старшыні таварыства была аб'яднана з пасадай губернскага маршалка і падмацоўвалася некалькімі выключнымі прывілеямі. Зрэшты, чакалася, што як і ў Менску, дзе Вайніловіч быў толькі віца-старшынём, а намінальным старшынём быў губернатар, таксама і ў Вільні галоўным таксама будзе віца-старшыня, якога трэба быдзе абраць. Прапанаваць на гэту пасаду аднаго з кіраўнікоў банка не рашыліся і знайшлі малавядомага ў Вільні і паважанага толькі ў сваім коле, але бясспрэчна шляхетнага чалавека Гіпаліта Гячэвіча - заможнага і добрага гаспадара, на абранне якога маглі разлічваць. Граф-маршалак мог разлічваць на яго поўнае падпарадкаванне сабе. Таксама падрыхтавалі спіс з 12 сяброў рады, сярод іх, для дэкарацыі, меліся і 2 рускія, а менавіта генерал Іваноў разам з чыноўнікам і дробным гаспадаром Батурам. Астатнія члены рады былі выключна прыхільнікамі банка. Пра мяне з Багдановічам «забыліся».
Праходзіў час, а першае пасяджэння ўсё ніяк не склікалася, хоць, дзякуючы маім і Багдановіча намаганням, было вядома, што на сход прыедзе не менш, чым некалькі дзясяткаў асоб.
З Багдановічам і Івановым мы стварылі тайны камітэт «народнага выратавання» і карыстаючыся тым, што ў даволі няўклюдным артыкуле статута гаварылася, што першае паседжанне склікаецца старшынём ці заснавальнікамі без указання іх колькасці і прапорцый, вырашылі сабраць яшчэ больш подпісаў розных вольналюбцаў і склікаць першы агульны сход. Калі даведаліся пра гэта, а ў любімай Вільні заўсёды ўсё пра ўсіх ведаюць, Плятэр капітуляваў і сам склікаў сход у канцы лістапада ці на пачатку снежня ў вялікім зале толькі што адчыненага гатэля Жорж («Св. Георг». - Л. Л.)
З 1862 г. у Вільні не збіраўся такі вялікі сход з пераважна мясцовых людзей. Панавала атмасфера, калі не ўваскрашэння, дык грамадскага аздараўлення. Нягледзячы на тое, што прадбачлівы Плятэр нагнаў у як быццам чальцы таварыства жыхароў горада, якія больш-менш залежалі ад Зямельнага банка і яго сіямскага брата, Камерцыйнага банка, і якія ўсе галасавалі па адной камандзе, аднак і вёска даслала добрую групу правінцыяльных абшарнікаў, якія інстынктыўна гуртаваліся вакол нас з Адамам Багдановічам. Галоўная барацьба разгарнулася падчас выбараў чальцоў рады, і таму Гіпаліт Гячэвіч, нягледзячы на сваю празмерную падпарадкаванасць Плятэру, карыстаўся такой асабістай сімпатыяй і павагай, што прайшоў са значнай большасцю галасоў. Старшыня сходу Плятэр без ваганняў прадставіў спіс з 12 сваіх кандыдатаў сярод якіх майго імя быць не магло. Але Багдановіч выставіў маю кандыдатуру, а нехта з прысутных высунуў яго. Балатаваліся карткамі, Багдановіч пад націскам згуртаванай банкаўскай фалангі не набраў нават і паловы патрэбных галасоў, але супраць мяне фаланга аказалася бяссільнай бо, бясспрэчна, сярод меркаванных прыхільнікаў банка знайшлося многа «здраднікаў» і я набраў значна больш галасоў, чым было патрэбна. Рупліва і заўзята за мяне агітавалі Міхал князь Агінскі і ардынат Тышкевіч, што часткова знізіла эфектыўнасць няміласці Плятэра. Наступны агульны сход быў прызначаны на травень, а пакуль на першых пасяджэннях вырашаліся дробныя арганізацыйныя пытанні.
Паколькі новая інстытуцыя ў Вільні з'явілася як «польская інтрыга», гэтым скарысталіся дзве суседнія губерні, і ўжо на працягу 1900 г. у Коўні і Гародні былі створаны губернскія сельскагаспадарчыя таварыствы, у кожным з якіх колькасць вагалася ад 300 да 400 чальцоў.
Па меры таго, як прагрэс у аграноміі станавіўся ўсё больш прыкметным, узрастала патрэба ў сельскагаспадарчых прыладах і штучных угнаеннях, таму найбольш надзённай патрэбай стала стварэнне ўласнага склада. І тут адразу выявіўся канспіратыўны дух абранай рады, сярод якой мы з генералам Івановым апынуліся ў ізаляцыі, бо па ўсіх значных пытаннях аднадушна выступала фаланга з 10 галасоў. На травеньскім сходзе былі створаны спецыяльныя аддзелы ці камітэты і праз агульную ўхвалу была прынятая ідэя стварэння ўласнага склада. Адразу пасля заканчэння агульнага сходу, на пасяджэнні праўлення нехта нагадаў, што менавіта зараз у Познані адчыняецца штогадовая агульнанямецкая аграрная выстава. На маё вялікае здзіўленне, было вырашана дэлегаваць мяне на гэтае мерапрыемства з даручэннем не толькі падрыхтаваць падрабязную справаздачу для рады і будучага агульнага сходу, але і на карысць нашага праектаванага склада, наладзіць адносіны з удзельнікамі выставы. У той жа дзень я паехаў у Познань. З ранку да вечара стаяла цудоўнае надвор'е, я ўсе дні праводзіў на выставе і не мог ні агледзець горада, ні атрымаць якія-небудзь свецкія кантакты. Зрэшты, мне здавалася, што рабіць гэта не варта, бо горад пакідаў уражанне звычайнага малога нямецкага горада. Падобнае ўражанне да 1914 г. пакідаў на мяне і Кіеў. Але, нават у найгоршыя хвіліны маскоўскага уціску, пры Каханавым ці Аржэўскім [5], Вільня заставалася сама сабой, і рускіх тут было не шмат. Кіеў жа меў характар расійскага горада, як і тагачасная Познань была нямецкім горадам толькі з вялікай колькасцю палякаў.
Пасля вяртання ў Лаздуны я напісаў грунтоўную справаздачу аб гэтай выставе і прадставіў яе на першым штомесячным пасяджэнні таварыства. Аднак старшыня, якога падтрымалі ўсе прысутныя, без усялякіх цырымоній заявіў, што рада не мае часу займацца гэтым рэфератам, і папрасіў мяне перадаць яго сакратару - можа ён кагосьці і зацікавіць. Натуральна, я падумаў, што гэта вельмі няўдалы жарт, характар і мэта якога хутка сталі мне зразумелымі. Мэта была адна: выдаліць мяне з Вільні і без майго ўдзелу вырашыць свае інтарэсы. У той час у Вільні меліся два маленькія склады сельскагаспадарчых прылад, абодва памерам з сярэднюю кавярню. Адным з іх ад імя самага вялікага аферыста ў Вільні Ігнацыя Парчэўскага кіраваў нейкі пан Жангаловіч, а другі належаў ужо згаданаму вышэй Антонію Тышкевічу. Натуральна, пасля заснавання вялікага склада таварыства, гэтыя дзве крамкі зачыніліся б, пры гэтым палова іх тавару пайшла б на металалом, а самі фірмы страцілі б усялякую вартасць. Але паколькі і Парчэўскі і Антоні Тышкевіч падтрымлівалі самыя сардэчныя адносіны з банкаўскай клікай, яны прыдумалі тое, у чым, з іхняга пункту гледжання, іх можна не моцна вінаваціць, а менавіта прадаць свае склады самому таварыству. Без дэталёвай ацэнкі яны атрымалі па 35 000 рублёў ці разам (для маладога таварыства гэта была першая запазычанасць) 70 000 рулёў, пры тым, што рэальны кошт можна было падлічыць у суме не большай за 20 000. А мяне накіравалі ў Познань, каб без майго ведама і ў маю адсутнасць завяршыць усю аперацыю. Заўважыўшы гэта, я адразу склаў паўнамоцтвы чальца рады і, як і належыць міністрам у адстаўцы, стаў на чале апазіцыі, якая толькі гэтага і чакала.
Агульныя сходы заўсёды збіралі вялікую колькасць удзельнікаў - ад 150 да 250 чалавек і адбываліся, першыя два гады - тры разы на год, а далей - два разы на год. Праходзілі яны вельмі ажыўлена, бо служылі адзіным выйсцем для назбіранага за больш чым 30 гадоў маўчання і служылі арэнай для барацьбы паміж усё больш ганарлівай банкірскай «camorra» і «profanum vulgus» (лац. camorra - неапалітанская злачынная структура аналагічная мафіі, profanum vulgus - простыя прафаны. - Л. Л.)
Нам вельмі перашкаджала тое, што дэбаты павінны былі весціся толькі на рускай мове. Мы мелі двух прафесійных падпальшчыкаў у асобах паноў Кавалеўскага і Грыгаровіча, у іх абодвух былі жалезныя лёгкія і бычыныя горлы. Гэтых паноў ужо ведалі ў менскім грамадстве як заўсёдных апанентаў і скандалістаў, але гэтага ім было мала, і яны з ахвотай выступалі таксама і на віленскай сцэне. Гэтыя агульныя сходы шырока асвятляліся ў варшаўскай прэсе і ў пецярбургскім «Краі», які выходзіў у сталіцы і менш жорстка цэнзураваўся, хоць і абмяжоўваўся толькі больш важнымі выступамі. […]
Незадоўга да з'яўлення нашага таварыства ў Вільні была закладзена першая за 30 гадоў незалежная газета «Северо-Западное Слово» [6]. І хоць выдаваў яе яўрэй і друкар Сыркін, а ўся рэдакцыя на чале з таленавітым Радзінам была яўрэйскай і натхнялася яўрэйска-ліберальнай пецярбургскай клікай, з якой потым вырасла партыя «кадэтаў», аднак як апазіцыйная, яна спрыяла нам і не цярпела Зямельны банк як фартэцу, нібыта феадалізму, капіталізму, рэакцыі і г. д.
Ужо не памятаю з-за якой прычыны я памясціў у гэтай газеце кароткі артыкул. Мяне адразу прынялі як свайго і ажно да 1905 г., да ўваскрэсення з маім удзелам у Вільні польскай прэсы я адчуваў сябе тут як ва ўласным доме.
Раздзел ІІ. Барацьба супраць Зямельнага банка.
Зрэшты, мне адразу давялося выступіць супраць гэтага ўемагутнага банка. Я зрабіў даволі сур'ёзны продаж лесу і частку капіталу ўклаў у застаўныя лісты банка. Праз некалькі гадоў пасля набыцця гэтых аблігацый, пры аплаце працэнтных купонаў у суме, прыкладна, 3000 рублёў, значная частка маіх аблігацый была разыграна практычна адразу пасля іх выпуску. Паколькі ў той час пяціпрацэнтныя аблігацыі стаялі вышэй свайго парытэту, банк на гэтым зарабіў, а ўладальнік аблігацый страціў. І гэта мне не падабалася. Я ўваткнуў свой нос у кухню тыраназаўраў і ўпэўніўся, што практычна ўсе палажэнні статута аб лёсаванні сістэматычна не выконваюцца альбо скажаюцца. Акрамя гэтага, тыражная камісія, якую абралі акцыянеры па рэкамендацыі ўправы, мелася два разы ў год сачыць за розыгрышам аблігацый, за што яе сябры атрымлівалі сціплы заробак у трыста рублёў у год, камісія складалася з: 1) дробнага канцылярскага чыноўніка; 2) са стрыечнага брата графа-маршалка-старшыні банка, былога ксяндза Цэзарыя Гейдройца, які быў абсалютна сляпы і па калідорах банка яго за руку вёў 12-ці гадовы хлопчык; 3) са старшага лакея гэтага маршалка-старшыні.
Я выказаў пратэст, але ён быў адхілены, і я тады перанёс справу ў акруговы суд. Я абышоў і параіўся з добрым тузінам віленскіх адвакатаў, і ўсе яны адмовіліся бараніць мае правы, бо мелі асаблівыя стасункі з банкам. Тады за некалькі дзясяткаў рублёў я наняў сціплага яўрэя, так званага прыватнага абаронцу, каб ён сачыў за тэрміналогіяй, насіў паперы, і сам узяўся за справу. […]
Суд на маю позву адказаў адмоўна.
[…]
Вечарам у клубе я даведаўся, што судовая палата атрымала з міністэрства юстыцыі фармальны загад адмовіць мне, бо сам міністр фінансаў вывучыў маю справу і пераканаўся, што выкрытыя мной злоўжыванні практыкаваліся Зямельным банкам у Вільні так даўно і на такую вялізную суму, што прызнанне слушнасці маёй позвы, аўтаматычна пацягнула б за сабой вяртанне грошай усім падманутым. Таму было вырашана, што страта 3000 заможным абшарнікам ёсць меншае бедства, чым страта 3 мільёнаў банкам які працаваў на тэрыторыі 7 губерняў, бо вынікам было б яго банкруцтва.
Вынікам працэсу стала: 1) перада мной замкнуліся дзверы не толькі дома пана графа-маршалка-старшыні, але і ўсіх, хто знаходзіўся ў яго атачэнні - ужо ніхто не запрашаў мяне «на каляцыі з Плятэрам», якія цанілі значна вышэй чым «каляцыі з шампанскім»; 2) мая слава разнеслася па ўсіх сямі губернях і ўзняла мяне на п'едэстал нейкага бясстрашнага Леаніда (маецца на ўвазе цар спартанцаў - Л. Л.).
Гэта ўсё адбылося каля 1901 г., мая страшная помста была ўжо не за гарою. […]
[Корвін-Мілеўскі давёў гэту справу да рэформы банка: «Брацка-сястрынская суполка была скасаваная» - Л. Л.]
Калі я больш спыніўся на гэтых эпізодах маёй грамадскай кар'еры, дык таму, што з гэтых двух узаемазвязаных трамплінаў - аграрнага і банкаўскага, уласна і вырас гэты не зусім зразумелы нават для мяне самога ўплыў, якім я цешыўся сярод нашай віленскай абшарніцкай шляхты у 1900-1914 гг. Мушу прызнаць, што мне бракавала ўсяго таго, што трэба было мець для гэтага згодна са старымі традыцыямі. Для камфорту я валодаў у Вільні ўласнай кватэрай, але жыў ці ў Лаздунах ці за мяжой ці, пазней, у Пецярбургу - не меў адчыненага для ўсіх дома і ў горла сваім прыхільнікам не заліваў нават гарбаты. Бракавала мне таксама і фізічных ўласцівасцяў класічнага грамадскага дзеяча. Мой рост быў ледзь сярэдні (166 см), фігура худая і сухая, я не меў ні імпазантнага жывоціка, ні нават лысіны, а голас, калі і даходзіў да канца залы, дык толькі дзякуючы дыкцыі, якая старанна выпрацавалася ў юнацтве. І нарэшце, з-за сваёй працавітай і хваравітай маладосці я быў тыповым самотнікам і не жыў таварыствам ці сяброўствам як іншыя людзі. Выкаранены ліцвін перароблены на француза, акрамя сваякоў, я ва ўсім сусвеце не меў і 10 чалавек, з якімі мог бы быць на «ты».
Аднак на працягу 15 гадоў вялікая колькасць маёй любімай віленскай шляхты ішла за мной (Бог адплаціць), верыла і падтрымлівала мяне. Чаму? Хіба толькі таму, што па шчаслівай выпадковасці я апынуўся «патрэбным чалавекам у патрэбны час» і ўдала скарыстаўся гэтым псіхалагічным момантам.
З 1865 больш-менш да 1900 г. дух гэтай віленскай абшарніцкай шляхты перажыў страшную дэпрэсію. Пасля цяжкіх страт і ахвяр 1863-1865 гг., пасля 30-ці гадовага ўціску, яна запатрабавала свайго Сіеса [7], які на пытанне, што ён рабіў падчас якабінскага тэрору 1793-1795 гг., адказаў: «Я жыў». Ён не ўжываў нават той зброі, якую пакінуў яму непрыяцель і апатычна прысвяціў сябе «неапазіцыі злу». Аднак, як я ўжо казаў, грамадства ў 1898-1900 гг. абудзілася і адчула патрэбу вярнуцца да жыцця. І ў якасці доказу свайго вяртання да жыцця, вырашыла па-просту … паказаць язык. Я якраз і стаў сімвалам гэтага органа. Узялі і выставілі мяне перад маскоўскімі ці банкаўскімі прыгнятальнікамі: «Маеце, псякрэў».
[…]
Раздзел ІІІ. Князь Мірскі, граф Пален, кс.-біскуп Роп.
Адначасова з гэтымі бойкамі адбываліся знакавыя кадравыя перамены - як унізе - у маім Ашмянскім павеце, гэтак і ў сярэдзіне - г. зн. у Вільні, так жа і ў самым версе, у сталіцы. Усе гэта асвяжала паветра. Маршалкам ашмянскай шляхты быў прызначаны малады граф Тацішчаў [8], былы ад'ютант генерала Троцкага, таленавіты, прыстойны і амбітны чалавек, які, каб не заўчасная смерць, несумненна дасягнуў бы самых высокіх чыноў. Адразу пасля прызначэння ён прыехаў да мяне ў Лаздуны і на працягу некалькіх дзён імкнуўся выведаць у мяне пра стан спраў у павеце, пра патрэбы абшарнікаў і грамадскія элементы, на якія ён мог бы абаперціся. Хутка мы пасябравалі.
Тады ж быў «здадзены ў архіў» 70-ці гадовы генерал Троцкі. Зноў паўстаў праект адмены генерал-губернатарства, аднак паколькі Вільня заўсёды лічылася напоўсталіцай, нельга было пакідаць яе такой другараднай асобе як губернатар Чапялеўскі. Сюды быў накіраваны генерал-лейтэнант Фрэзе, які на гэтай пасадзе аказаўся цалкам шляхетным, прыязным але мала дасведчаным губернатарам. Таму праз год для яго знайшлася нейкая сінекура, і зноў была адноўлена пасада генерал-губернатара, якую заняў генерал, князь Пётр Святаполк-Мірскі, які ў наступныя некалькі гадоў адыграў важную ролю.
Пётр Святаполк-Мірскі [9] належаў да даўно спольшчанага роду Рурыкавічаў [10], зноў зрусіфікаванага яго дзедам. Быў сынам аднаго з двух братоў, якія праславіліся падчас турэцкай вайны 1877 г., пасля чаго добра ажаніліся ў Пецярбургу, хоць абодва і закончылі свае першыя класы ў парыжскай эмігранцкай школе ў Бацінёле. Іх бацька, эмігрант 1831 г., чалавек авантурнага складу, у першыя гады пасля заняцця французамі Алжыра паехаў туды каланізатарам і падманваў французаў праз нейкую недарэчную прапаганду незалежнасці сярод арабаў. Калі яго адправілі назад у Францыю, ён не знайшоў працы і пакутаваў ад голаду. Тады ўспомніў, што ён Рурыкавіч, нейкім чынам дайшоў да пруска-рускай мяжы і аддаў сябе на міласць цара Мікалая І. Цар двух хлопчыкаў 12-ці і 14-ці гадоў аддаў у пажскі корпус, і з дазволу бацькі, перавёў іх у праваслаўе. Бацьку, як небяспечнае стварэнне, з прыстойнай пенсіяй інтэрнаваў недзе на ўсход, дзе той і памёр. Абодва маладыя эмігранты, спрытныя і прыстойныя, зрабілі кар'еру ў гвардыі, вызначыліся на Балканах і пачалі належаць да пецярбургскай арыстакратыі.
Наш князь Пётр, у 46 гадоў выглядаў амаль што на 60, быў хваравітым, але прыемным і сімпатычным. Ён прытрымліваўся метаду «гільяцініраваць праз угаворы» і адразу ж пачаў скругляць вуглы і змазваць вазелінам усе адміністратыўныя механізмы. Ён рупліва вынайшаў спосаб, які тады яшчэ не ўжываўся, але зараз ужо атрымаў удасканаленне ў Рэчы Паспалітай, па выкараненні польскасці пры дапамозе тутэйшых элементаў - беларускага, летувіскага ці ўкраінскага. Для гэтага ён знайшоў сабе дзейснага саюзніка ў асобе кс.-біскупа, барона Эдварда фон Ропа, пабожнага католіка і ўзорнага святара, але няпольскага паходжання і характару. Уласна, Мірскаму мы абавязаны першымі зародкамі летувіскага пытання. На жаль, ён першым, дзякуючы няўмелым намаганням графа Аляксандра Тышкевіча з Крэтынгі, які з-за сваёй прагі папулярнасці заплаціў стратай усяго агромністага свайго і жончынага багацця, дазволіў друкаваць у краі кніжкі і часопісы на летувіскай мове польскім алфавітам, замест абавязковага раней расійскага алфавіта [11]. Дзякуючы гэтаму, усяго праз 4 гады ўся Летува была заліта агітацыйнымі выданнямі ў антыпольскім духу.
Віленскага цывільнага губернатара графа Канстанціна фон дэр Палена, Мірскі ўзяў з Варшавы, дзе гэты другі сын вядомага міністра юстыцыі дастаткова доўга быў папулярным віца-губернатарам.
У гэты час у Пецярбургу пасля забойства міністра асветы Багалепава, пачалася новая хваля палітычнага тэрору. Пасля забойства ў вестыбюлі Дзяржаўнага савета міністра ўнутраных спраў Сіпягіна яго пасаду заняў вышэйзгаданы Плеве і распачалася вайна на нажы за ўладу паміж новым міністрам, у руках якога быў вялічэзны паліцэйскі апарат, і ўсемагутным да гэтага часу міністрам фінансаў Вітэ, які дзякуючы дзвюм сваім вялікім удачам - уваскрэсенню залатога рубля і ўвядзенню гарэлачнай манаполіі, а таксама як творца транссібірскай чыгункі, лічыў сабе ўсёмагутным і таму выклікаў ўсё большае раздражненне з боку цара, які, як і ўсе слабыя і скрытныя людзі, з аднаго боку не мог кіраваць без таленавітых асоб, а з другога боку не цярпеў іх перавагі.
У той час у паветры ўжо лунала перакананне, што трэба «нешта зрабіць» для заспакаення грамадскай актыўнасці, распаўсюджанай ва ўсім расійскім грамадстве і разглядалася мэтазгоднасць вялікай анкеты пра мясцовыя праблемы сельскай гаспадаркі. Гэта задача не мела дачыненне ні да Плеве, ні да Вітэ, бо была дзялянкай міністра сельскай гаспадаркі і дзяржаўнай маёмасці Ярмолава. Але сціплы рабочы вол аказаўся паміж двух баявых быкоў, якімі былі Вітэ і Плеве.
Першаму ўдалося завалодаць гэтым інструментам простымі і цалкам бюракратычнымі метадамі, памяняўшы адно слова. Было вырашана распачаць агульнадзяржаўнае абследаванне не аб патрэбах сельскай гаспадаркі, а аб «патрэбах сельскагаспадарчай вытворчасці». Паколькі асобнага міністэрства прамысловасці і гандлю яшчэ не было і адпаведныя два дэпартаменты ўваходзілі ў склад міністэрства фінансаў, Вітэ павінен быў стаць у гэтай справе галоўным, і як казалі рускія, меў «справу ў капелюшы». Па ўсёй краіне пачалі стварацца адпаведныя павятовыя камітэты, якія пераважна складаліся з абшарнікаў і старшынь валасцей пад кіраўніцтвам павятовага маршалка. Справаздачы павятовых камітэтаў меліся канцэнтравацца ў губернскіх камітэтах пад старшынствам губернатараў, а адтуль накіроўвацца ў Пецярбург, у агульна-дзяржаўную камісію.
Натуральна, Тацішчаў запрасіў мяне ў сваю ашмянскую камісію і меў на мяне надзею, як на сваю правую руку. Падзяліўшы камісію на падкамісіі, ён выпхнуў мяне старшынём рэдакцыйнай падкамісіі, якая мела быць найважнейшай. Тут узнікла цяжкасць: маршалкі атрымалі загад не дапускаць ніякіх высноў і палітычных дэбатаў. Я на першым пасяджэнні цвёрда заявіў, што не магу знайсці спосаб растлумачыць заганы мясцовай сельскай гаспадаркі, калі не згадаю пра цяжкасці, якія ўзнікаюць пры пераходзе маёмасці з адных рук у другія, а фактычна пра загады ад 10 снежня 1865 і 5 снежня 1887 гг. Са мной цалкам пагадзіўся не толькі Тацішчаў, але і перакананы русіфікатар, але пры тым добры гаспадар генерал Іваноў. Аднак, як зрабіць справу без «святатацтва» і без палітыкі? Было вырашана […] мой асабісты даклад дадаць да афіцыйнага і, дзякуючы добрым сувязям Тацішчава і Іванова і некаторых іншых рускіх, а таксама дзякуючы прэсе, па ўсёй Расіі разнеслася, што ў Ашмянах распрацоўваецца нешта выключна разумнае, і ў Ашмянскі камітэт пасыпаліся просьбы як мага хутчэй надрукаваць нашу справаздачу. Натуральна, што мой блюзнерскі праект мне давялося надрукаваць за свой кошт у некалькіх сотнях асобнікаў.
Усе даклады пайшлі ў губернскі камітэт. Я быў папярэджаны губернатарам Паленам, што буду запрошаны ў склад губернскага камітэта і спакойна чакаў выклік у Лаздунах, калі раптам да мяне прыехаў так званы ўраднік (мясцовы паліцыянт), каб папярэдзіць - да мяне з візітам прыедзе сам губернатар, які падчас аглядаў паветаў, збочыў на 50 кіламетраў каб наведаць мяне. […]
Пален, сам курляндскі землеўладальнік, вельмі цікавіўся сельскай гаспадаркай і сядзеў у мяне двое сутак, дэталёва вывучаў усю маю гаспадарку, цікавіўся тым, што я зрабіў за 25 гадоў з гэтага, раней архаічнага маёнтка. Відавочна, мой маёнтак тады знаходзіўся на сваёй вяршыні, і нават канюшня, пра сумны лёс якой пад апекай польскіх уладаў я яшчэ скажу, атрымала агульную вядомасць і прыносіла мне дадатковы, добры даход. […]
У Пецярбургу справа з анкетай пайшла марна, бо сам Вітэ страціў пасаду. […]
У канцы 1903 г. Віленская дыяцэзія чакала прыбыцця новага кс.-біскупа, барона Эдварда фон Ропа, які да Вільні быў біскупам унутрана-расійскай Саратаўскай дыяцэзіі, якая ўключала ў сябе ўсю паўднёвую Расію, а яшчэ раней - пробашчам у Лібаве.
У той час вялікае абурэнне пабожнага грамадства выклікаў малады ксёндз Бальцэвіч, вікарый невялікай парафіі на Лідчыне (Жырмунскай. - Л. Л.). Гэты святар распачаў у варшаўскіх выданнях палеміку са сваімі віленскімі калегамі. Малады рэфарматар добра пісаў, але яго апаненты мелі значна большы ўплыў у віленскай капітуле. Да прадмета палемікі адразу дадаўся прымешак самалюбства, і справа скончылася тым, што смелага ксяндза- літаратара ні больш ні менш, як засуспендзілі (даслоўна: «замарозілі», тут у сэнсе: «забаранілі» - Л. Л.) у сане, што для беднага вясковага пробашча азначала грамадзянскую кару ў выглядзе галоднай смерці. Амаль што ўсе сентыментальныя дзявоткі шкадавалі беднага ксяндза, але сапраўдныя «маці касцёла» лічылі, што капітула не можа памыляцца. Справа выйшла ў прэсу. Адначасова таленавіты Чэслаў Янкоўскі ў пецярбургскім «Краі», а ў віленскім «Весніку» і добры пісьменнік Цяплоў, вельмі рашуча выступілі супраць рашэння капітулы, але гэта магло толькі пагоршыць лёс ксяндза. Абодва бакі - сентыментальныя верніцы і «маці касцёла» - звярнуліся да мяне, каб я выступіў ці за беднага ксяндза, ці за аўтарытэт духоўнай каталіцкай улады. Стаўшы над сітуацыяй, якую прасцей было ўскладніць, чым улагодзіць, я вырашыў для сябе, што праблему павінен вырашыць новапрызначаны біскуп, які хутка ўжо прыедзе. Адначасова, было зразумела, што новы біскуп - чужы як для дыяцэзіі, гэтак і для грамадства, верагодна, будзе тэндэнцыйна інфармаваны пабожнымі махлярамі пяра і трэба было знайсці нейкі прыём, каб адначасова звярнуцца і да біскупа, і да грамадства. Рэдактар «Віленскага Весніка» пан Чумікоў, з якім я паразмаўляў пра гэта, адразу ж з энтузіязмам пагадзіўся надрукаваць мой тэкст, але мне католіку і паляку, было б брыдка звяртацца да свайго біскупа па-руску. Спыніліся на тым, што я напішу біскупу Ропу па-французску, і газета надрукуе мой ліст на гэтай жа мове. Мусіў перажыць дзясятак-другі правак, бо наборшчыкі ведалі лацінскія літары, але не ведалі французскую мову, і, нарэшце, аніводнай памылкі ў газетным тэксце не засталося.
Мой план ўдаўся, і кс. Роп, якога я яшчэ шмат разоў згадаю, хутка адказаў мне ў спакойным тоне і на добрай французскай мове. А што датычыць справы, дык ён паступіў як сумленны пастыр і сапраўдны хрысціянін. Адклаў і потым зняў забарону ў сане і гэтак супакоіў занадта руплівага ксяндза. Потым за свае грошы выслаў яго ў Фрайбург нібы для вучобы, а потым недзе даў яму парафію не горшую за ранейшую.
Гэта гісторыя ў свой час зрабіла на Віленшчыне вялікае ўражанне [12].
Праз некалькі тыдняў пасля інцыдэнту з кс. Бальцэвічам, адбыўся ўрачысты інгрэс (уваход - Л. Л.) біскупа фон Ропа. Верагодна, з-за непраўдзівай інфармацыі, якая абапіралася на асабістыя перакананні гэтага князя касцёла, яго ўваход зрабіў вельмі негатыўнае ўражанне на пераважную большасць віленскіх католікаў.
Падняўшыся на амбон катэдры, новы біскуп звярнуўся да сваёй паствы, у асноўным, на … летувіскай мове. З моманту заснавання віленскай катэдры не чулі тут гэтай мовы, і яе ўжыванне здзівіла не толькі вельмі рэдкіх слухачоў, якія яе разумелі, але яшчэ больш тых рэдкіх, якія ёй карысталіся. Бо пры шматлікіх пазнейшых падліках каталіцкага насельніцтва Вільні, з уплывам адпаведнай агітацыі, ніколі не ўдавалася налічыць больш за 3 % католікаў, якія вызначалі сябе як летувісы. Але гэтая дэманстрацыя не магла быць памылкай, бо трошкі пазней, падчас першага наведвання Свянцянскага павета, у яго паўночна-заходняй частцы, дзе сяляне гавораць паміж сабой па-летувіску, кс.-біскуп зноў сказаў свае першыя словы з амбона на гэтай мове, але меў пры гэтым яшчэ меншы поспех, чым у віленскай катэдры. Там ён спаткаў толькі маўклівае здзіўленне, і гэта ў вялікай парафіі, дзе большасць вернікаў рэальна мела летувіскае паходжанне. Узняўся значны шум (асабліва сярод каталічак) і некаторыя парафіянкі пакінулі касцёл. […] Зрэшты на працягу ўсяго свайго епіскапату ў Вільні, Яго Экселенцыя біскуп Роп праводзіў у дзеянне думку, што каталіцкі касцёл як сусветны і пануючы над усімі народамі, не толькі не павінен быць прыладай чыіх-небудзь патрыятычных памкненняў, але нават павінен змагацца з імі, калі гэтыя тэндэнцыі пераважаюць на рэлігіяй.
Раздзел ІV. Японская вайна, нацыянальна-дэмакратычная партыя. Помнік Кацярыне ІІ.
Звернемся да падзеі сусветнага значэння, якой для Расіі ўвогуле і для маёй Віленшчыны ў прыватнасці, у 1904 г. стала руска-японская вайна. Я знаходзіўся ў шляхецкім клубе, дзе пасля Каханава польская мова аднавіла свае правы грамадзянства, калі каля 11-й вечара ўвайшоў задыхаўшыся дырэктар тэлеграфа і паведаміў пра тарпедаванне без аб'яўлення вайны трох рускіх браняносцаў малымі японскімі мінаносцамі ў бухце Порт-Артура. Усе асноўныя здарэнні той вайны памятаюць нават адносна маладыя людзі, і я не буду шмат пра яе разважаць. Можа, таму што Божы Провід хоча пазбавіць нас, бедакоў, ад марных пакут і таму абмяжоўвае нашу прадбачлівасць, ці таму, што большая частка грамадства складаецца з бараноў, якія каля брамы рэзні не ведаюць што іх чакае або з тых, хто паводле Святога пісання мае вочы, каб не бачыць, але вайна ў студзені 1904 г., пра якую гаварылі 4 гады, чакалі, прадказвалі і з расійскага боку старанна правакавалі, у апошні момант звалілася на карак усім, як падае з неба балід. І са 100 з лішкам мільёнаў жыхароў Расіі апошнім, хто прадбачыў вайну быў … цар Мікалай ІІ.
Праз некалькі гадоў, былы шматгадовы кіеўскі генерал-губернатар Ігнаццеў, падчас той размовы ўжо мой калега, расказаў мне наступнае. У палове студзеня 1904 г. ён вярнуўся ў Пецярбург пасля працяглай вандроўкі ў замежжа, і як адзін са старшых генерал-ад'ютантаў меў доўгую прыватную аўдыенцыю ў цара. Каб надаць гэтаму прыёму неслужбовы характар, Мікалай ІІ спытаў у свайго госця, жонка якога кіравала вядомым і вельмі ўплывовым у сталіцы (асабліва ў св. Сінодзе) палітычным салонам, чым зараз цікавяцца ў салоне графіні? «Ваша вялікасць, галоўнай тэмай для клопату сёння ёсць магчымая вайна з Японіяй». На што цар, паказваючы вачамі на карту сваёй імперыі, сказаў: «Супакойцеся, дарагі Аляксей Паўлавіч, і супакойце гасцей графіні. Вы добра разумееце, што гэта вайна залежыць толькі ад мяне аднаго, і вайны не будзе, бо я ў прынцыпе з'яўляюся прыхільнікам міру». У той самы вечар Ігнаццеў паўтарыў словы Мікалая ІІ гасцям і супакоіў іх, а потым падобна, як і ў нас у клубе, зазваніў тэлефон, і нехта з ваеннага міністэрства паведаміў пра тарпедную атаку ў Порт-Артуры.
[…]
Прыкладна з канца 1903 - пачатку 1904 г. у нашых грамадскіх колах пачала адчувацца інфільтрацыя ідэй нацыянальна-дэмакратычнай партыі. Я даведаўся пра гэта дзякуючы таму, што нейкі пан Антоні Александровіч, прынёс і з таямнічым выглядам даў мне прачытаць брашуру з загалоўкам «Думкі сучаснага паляка». Я не ведаў яшчэ пра існаванне Рамана Дмоўскага [13]. Прачытаў брашуру і вырашыў, што гэта твор цалкам незвычайны, але ў мяне застаўся непрыемны прысмак. Было зашмат недамоўленасцяў і як бы асцярожных ухіленняў. І калі я атрымаў ад ананімнага карэспандэнта праграму яго маладой партыі і прачытаў у канцы словы: «Усялякая збройная акцыя ў дадзены момант выключана», дастаткова было слоў «у дадзены момант», каб я пераканаўся, што гэта не для мяне. […]
Аднак наш брат літоўскіх шляхціц, не быў заражаны той амаль што хваравітай патрэбай у яснасці і дакладнасці, якую развіла ўва мне заходняя адукацыя. Як слушна лічыў пан Пілсудскі ў сваіх вядомых рапартах часоў нямецкай акупацыі, паляка трэба прывабліваць не развагамі, а пачуццямі. Таму новая партыя досыць хутка разгалінавалася, асабліва на Гарадзеншчыне, дзе яе прыхільнікамі стала амаль што палова абшарнікаў, трошкі менш на Ковеншчыне і не больш за трэць на Віленшчыне. На Меншчыне, дзе тады самаўладна панаваў дзельны Эдварды Вайніловіч, яна амаль што не знайшла прыхільнікаў.
Наступствы японскай вайны з самага пачатку былі выключна негатыўнымі. Адразу пасля нападу на рускі флот у Порт-Артуры, непаваротлівая расійская адміністрацыя паспрабавала, у тым ліку і ў Вільні, выклікаць вулічныя дэманстрацыі на карысць вайны. Але зроблена гэта было настолькі няўмела і як бы без жадання нават з боку паліцыі, што відавочна падкупленыя маніфестацыі цалкам зніклі праз 2 - 3 дні. Таму, ашаламленне на пачатку і незадаволенасць і абурэнне потым уздымаліся з кожным днём нават сярод прышлага рускага насельніцтва. […]
У нашым краі, з-за непрыязнасці князя Мірскага да ўсялякіх рашучых дзеянняў і яго любові да крывых дарог, рэха гэтай ўсеагульнай незадаволенасці найперш выявілася ў выглядзе аслаблення адміністратыўнага ціску, дзякуючы чаму Мірскі набыў у нас адносную папулярнасць, а ў пецярбургскіх вярхах рэпутацыю спецыяліста па «гільяцінаванні праз угаворы».
[…]
Хутка я выбраўся на адпачынак у Эмс.
[…]
Вярнуўся ў канцы жніўня і даведаўся, што «адліга», хоць і часткова, пачалася і ў Вільні. Князь Мірскі, атрымаўшы пасаду ў Пецярбургу, на некаторы час вярнуўся ў Вільню, выклікаў з трох губерняў да сябе некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў абшарніцкай шляхты, якія былі навідавоку і абвясціў ім, што мае намер распаўсюдзіць запланаваныя і чаканыя ад яго рэформы і на Паўночна-заходні край. Але яму трэба пераадолець шырока распаўсюджаныя у вышэйшых сферах забабоны, адносна лаяльнасці гэтых губерняў да дынастыі і дзяржавы. Для абгрунтавання сваіх добрых намераў ён мусіць патрабаваць ад нашага грамадства ўрачыстай маніфестацыі сваёй лаяльнасці. Паколькі хутка павінен быць адкрыты ўжо гатовы помнік Кацярыне ІІ на катэдральнай плошчы ў прысутнасці самога цара, Мірскі патрабаваў, каб на гэтай цырымоніі была прадстаўленая дастатковая колькасць землеўладальніцкай шляхты і чакаў, што прысутныя не толькі прыйдуць самі, але і будуць рупліва прапагандаваць справу сярод сваіх сяброў і знаёмых, бо колькасць землеўладальнікаў павінна дасягнуць, як найменей, сорак асоб.
Усе прысутныя ў Мірскага без аніякіх агаворак пагадзіліся з яго просьбай ці патрабаваннем. Паводле звестак (перадаў мне іх у асноўным Антоній Тышкевіч), абяцанні Мірскага былі агульнымі, і ніхто з прысутных, у тым ліку і дырэктары банкаў пп. Юзаф Мантвіл і Павел Конча не здагадаліся ці не адважыліся спытаць, якія рэформы і палёгкі для мясцовых людзей мяркуе ўвесці міністр. Я быў вельмі рады, што мая паездка ў Эмс пазбавіла мяне ад удзелу ў гэтай сустрэчы. Вярнуцца ў Вільню мне давялося толькі праз тыдзень - г. зн. у першыя дні верасня па новым стылі. Даведаўся, што вышэйзгаданы граф Тацішчаў ужо пераведзены з Ашмянаў у Вільню на пасаду павятовага маршалка і штодзень наведвае маю віленскую кватэру, дзе пытаецца пра мяне. Назаўтра мы сустрэліся, і ён засведчыў, што дэлегаваны да мяне князям Мірскім, які вельмі шкадуе, што з-за маёй адсутнасці не мог запрасіць мяне на нараду з землеўладальнікамі, але загадаў Тацішчаву завербаваць мяне ў лік прысутных пры адкрыцці помніка.
Верны свайму прынцыпу весці адкрытую гульню, адказаў Тацішчаву, што паколькі я пасля больш чым 100 гадоў панавання над маім краем без усялякіх агаворак прызнаю паўнамоцтвы расійскага імператара як вялікага князя літоўскага, дык быў бы цалкам гатовы стаяць у яго прысутнасці і мець гонар быць яму прадстаўленым, але сумяшчэнне гэтага прыёму з урачыстасцю ў гонар Кацярыны ІІ здаецца мне дрэннай ідэяй. Сам Тацішчаў павінен зразумець, што калі для расійца памяць пра вялікую імператрыцу і велізарнае пашырэнне прасторы дзяржавы ў канцы яе панаванне ёсць, без усялякіх дамешак, памяць пра славу, дык для мяне гэтая памяць мае пераважна характар жалобы. Таму я жадаю скарыстацца з сваёй выпадковай адсутнасці на нарадзе з Мірскім, і паколькі я ні ў якай форме не з'яўляюся афіцыйнай асобай, дык застаюся ўбаку ад падзеі. Меў уражанне, што ўзорны джельтэльмен Тацішчаў не меў на мяне зла за мой адказ. Аднак ён зноў прыйшоў на наступны дзень і сказаў, што калі дакладаў Мірскаму аб невыкананні загаду, генерал-губернатар абвінаваціў яго ў адсутнасці стараннасці і няўменні выканаць сваю місію. Зноў загадаў паехаць да мяне і сказаць, што надае выключнае значэнне маёй прысутнасці на запланаванай цырымоніі, што калі ў прысутнасці Яго вялікасці я буду фігураваць як адзін з дзясяткаў тутэйшых землеўладальнікаў, дык гэта будзе мець сімвалічны і фундаментальны ўплыў на значна большую колькасць асоб з мясцовага і пецярбургскага свету, бо я шырока вядомы ў расійскім грамадстве як чалавек, які не зробіць такога кроку, покуль не ўлічыць усе яго наступствы, і, па словах Тацішчава, мая прысутнасць будзе роўная прысутнасці 20 сярэдніх асоб.
Я адказаў спакусніку: «Згуляем адкрытую гульню. Я казаў вам, і думаю, што вы зразумелі, што гэтае ўрачыстае святкаванне як і анексія гэтага краю Расіяй са стратай незалежнасці для мяне не пазбаўлены горычы і прыніжэння. Паколькі князь Мірскі лічыць мяне асабліва разважлівым чалавекам, ён павінен зразумець, што патрабуе ад мяне пакутлівай ахвяры, тым больш што ўсе іншыя, не удастоеныя запрашэння генерал-губернатара, будуць, напэўна, вінаваціць прысутных на адкрыцці помніка і лічыць гэта здрадай». […]
10/23 адбылося памятнае адкрыццё помніка Кацярыне ІІ. Амаль што ў апошні момант імператар ці то з-за страху перад замахам, ці то з-за чарговай паразы ў Маньчжурыі, дэлегаваў замест сябе свайго брата, вялікага князя Міхаіла. Пасля ўсіх цырымоній, у палацы генерал-губернатара адбыўся сняданак на некалькі сотняў чалавек, на якім Мірскі, нягледзячы на прысутнасць высокіх чыноўнікаў, пасадзіў мяне на месца насупраць вялікага князя. Трэба прызнаць, што ў некалькіх загадзя адцэнзурыраваных Мірскім прамовах, якімі ўсё закончылася, удалося абмінуць усё тое, што было б па-сапраўднаму балючым для мясцовага вуха.
Як і прадказвалася, прысутнасць палякаў на гэтай цырымоніі выклікала даволі рэзкую крытыку ў асяроддзі абшарнікаў і інтэлігенцыі, а прысутныя на цырымоніі адкрыцця помніка атрымалі мянушку «кацярыненцы». Больш заядлымі ў цкаванні былі тыя, хто, калі б іх запрасілі, прынялі б запрашэнне і пайшлі б з радасцю, але яны не маглі дараваць таго, што не былі залічаны ў шэраг «лепшых прадстаўнікоў грамадства». […]
Зрэшты, найбольшае абурэнне сканцэнтравалася на тых 6 асобах, якія ў якасці узнагароды за ўдзел, атрымалі прыдворныя чыны, а менавіта: шамбеляна - Гіпаліт Гяцэвіч, камер-юнкераў - два брата Антоній і Юзаф Тышкевічы, Аляксандр Мяйштовіч (сучасны міністр юстыцыі), Канстанты Скірмунт (сучасны амбасадар у Лондане) і шосты, якога я не памятаю.
[…]
Раздзел V. Год 1905. Указы пра верацярпімасць Мікалая ІІ. Кур'ер Літоўскі. Маніфест 17 кастрычніка.
Тым часам на Няве зусім разваліліся шчырыя ілюзіі, абяцанкі і хітрасці небаракі Мірскага. Ён па неасцярожнасці дазволіў сабрацца ў Пецярбургу вялікай колькасці галоўных дзеячаў губернскіх земстваў. Нягледзячы на тое, што сустрэчы не былі публічнымі, прэса абнародавала, што была прынятая праграма з 9-ці пунктаў, вельмі падобная на знакамітую Дэкларацыю правоў чалавека і грамадзяніна часоў Вялікай французскай рэвалюцыі. Пры гэтым прафесар філасофіі Кіеўскага ўніверсітэта князь Трубяцкі, на чале земскіх дзеячаў падчас аўдыенцыі ў цара, выдаў яму дзёрзкае павучанне (якое патрапіла ў прэсу), у якім не пасаромеўся папярэдзіць самадзяржаўе аб неабходнасці, покуль яшчэ не позна, змяніць увесь механізм свайго кіравання. На гэты раз Мікалай ІІ не сказаў пра «глупыя мары», як 10 гадоў таму, але пакрыўдзіўся і таму адразу пайшоў у гару ўплыў яго дзядзькаў, пераважна вялікіх князёў Уладзіміра і Сяргея.
[…]
(Далей Корвін-Мілеўскі пераказвае агульнавядомыя падзеі пачатку першай рускай рэвалюцыі - Л. Л.)
У канцы красавіка 1905 г. (па старым стылі) выйшаў указ аб талеранцыі, які дазволіў свабодны пераход з аднаго хрысціянскага веравызнання ў другое. Хутка на пачатку траўня ў заходніх правінцыях адмянілі ўказы 1865 і 1887 гг., як мы і дамаўляліся пра гэта з Мірскім перад адкрыццём помніка Кацярыне ІІ. Адначасова скасавалі самыя цяжкія абмежаванні для выкарыстання «мясцовых моў».
Эфект ад першага з гэтых указаў, пра верацярпімасць, у першыя дні быў выбуховым. У суседняй, Налібоцкай гміне, у якой, як казаў мне добры пробашч Давідовіч, католікаў не было нават і 5 %, за адзін тыдзень не засталося ніводнай праваслаўнай душы акрамя святара, але яго дзве дарослыя дачкі са згоды папа, прыйшлі да кс. Давідовіча, каб навярнуцца ў католікі «бо інакш не маем надзеі выйсці замуж».
На жаль, многім ксяндзам не хапіла тады моцы духу. Калі быў абвешчаны дэкрэт аб верацярпімасці, я быў у Вільні. Губернатар Пален запрасіў мяне да сябе і даў прачытаць ліст, які прыслаў яму лаздунскі пробашч кс. Мацкевіч, у якім гэты апостал даносіў, што з 800 праваслаўных у яго парафіі (якая налічвала 5000 католікаў) 500 ужо добраахвотна перайшлі ў каталіцтва і прасіў указання губернатара, што яму рабіць з гэты стыхійным рухам? Паказаўшы мне гэты ліст, Пален сказаў: «Мне, як курляндцу і лютараніну, гэта не важна, але я - расійскі губернатар, і чаму ваш «ідыёт» (даслоўна) ставіць мяне ў такое дурное становішча. Я адказаў, што змена рэлігіі з'яўляецца важным крокам у жыцці чалавека, і таму я раю ў кожным канкрэтным выпадку правяраць неафітаў на сапраўднасць іх паклікання». Нягледзячы на руплівасць кс. Мацкевіча, праз два тыдні звыш 600 лаздунскіх праваслаўных «упарціліся ў сваім жаданні» перайсці ў католікі.
У многіх гмінах Менскай губерні ўсе праваслаўныя сяляне перайшлі ў католікі. Але павятовыя ўлады без усялякіх загадаў з Пецярбурга, па сваёй ініцыятыве, паставілі шэраг дробных перашкод на шляхах навяртання - гэта неабходнасць адпаведнай заявы на імя папа і ў паліцыю, чакання на працягу 8-мі дзён паміж заявай і абрадам адрачэння ад праваслаўя. Для нашых непісьменных сялян, якія адчувалі глыбокі страх перад усімі пісьмовымі фармальнасцямі, гэтага было дастаткова, каб авечкі спыніліся. З таго моманту і да сусветнай вайны меліся толькі спарадычныя навяртанні, у асноўным, пры змешаных шлюбах.
Дазвол ужываць польскую мову меў для мяне нечаканы вынік. […] Мяне наведаў шэф канцылярыі генерал-губернатара Фрэзэ Станкевіч і засведчыў, што хоць выразна ў травеньскім і наступным указе нічога не сказана, але генерал-губернатар і ён сам разумеюць указ у тым сэнсе, што часопісы і газеты на польскай мове ў Вільні павінны быць дазволены і генерал Фрэзэ лічыць, што гэта пайшло б на карысць паляпшэнню стасункаў паміж польскім і рускім грамадствам, аднак з умовай, што польская прэса не будзе ўваскрашаць заслужаныя і незаслужаныя віны Расіі перад палякамі. Станкевіч закончыў тым, што генерал Фрэзэ верыць у маю памяркоўнасць і жадае, каб я ўзяў на сабе справу ўваскрэсення польскай палітычнай прэсы не толькі ў інтарэсах польскага грамадства, але і на карысць расійскай паступова-ахоўнай палітыкі, якую я, як ён лічыць, змог бы падтрымаць.
Гэтая думка мне не надта спадабалася. Я добра ведаў, што, як кажуць у Парыжы, калі не атрымліваць у газетнай справе грошы праз рэкламу і брудны шантаж, дык танней будзе «мець тры танцоркі, чым адну газету». Акрамя таго, гэта вымагала шмат працы і ведаў, і «з маёй натурай шчырага каня», калі мяне зацугляць, дык воз я буду цягнуць адзін. Таксама гэта справа прымусіла б мяне кінуць нагляд за маёй вялікай гаспадаркай і без выезду сядзець у Вільні. Адно гэта каштавала б для мяне скарачэння на палову майго даходу. Таму я адмовіўся ад прапановы.
Мой стары бацька мяне цалкам падтрымаў. Але Фрэзэ не супакоіўся. Ён выклікаў мяне да сябе і наўпрост сказаў, што ўжо атрымаў восем паданняў, каб дазволіць выдаваць штодзённую польскую палітычную газету (бадай, найбольш памяркоўным з гэтых прасіцеляў быў Тадэвуш Урублеўскі, заснавальнік і кіраўнік «Таварыства шубраўцаў») і некалькі паданняў на выданне гаспадарчых ці рэлігійных тыднёвікаў. Потым ён сказаў, што з гэтымі выданнямі пытанне яшчэ не вырашана, але польская палітычная газета, ці будзе выдавацца мной, ці яе наогул не будзе і закончыў словамі: «Альбо вы, альбо ніхто».
Тут зноў пачаўся мой крызіс сумлення […]. Усе вышэйпералічаныя рацыі цалкам заставаліся, але перспектыва, якую спакуснік Станкевіч намаляваў мне, не давала шмат месца для літаратурнай працы і мяне не вабіла, бо я добра ведаў, як казаў Бальзак, «музу чынавенства» ў такім адмысловым куце як Вільня. Але ўсё ж пагадзіўся з прапановай, бо не жадаў запляміць сваю амаль што трыццацігадовую дзейнасць адмовай ад выдання штодзённай газеты.
Матэрыяльныя цяжкасці былі агромністыя, тым больш, што сам Фрэзэ парадзіў мне не марнаваць час. Каб атрымаць дазвол у дэпартаменце прэсы МУС, трэба было зрабіць двухдзённае падарожжа ў Пецярбург. А ўсе іншыя справы рухаліся марудна. Ужо сорак гадоў у Вільні нічога не друкавалася па-польску, акрамя рэлігійнай літаратуры, у друкарні Завадскага. Я мусіў дамовіцца з яўрэйска-рускай друкарняй Сыркіна, дзе друкавалася газета «Северо-Западное Слово». Тут ведалі друкарскую справу, але ім давялося закупіць у Пецярбургу некалькі пудоў лацінскіх шрыфтоў, а ў Варшаве наняць наборшчыкаў. Немагчыма было ў Вільні набраць рэдакцыю. Таму я паехаў у Варшаву і там па рэкамендацыі с. п. Паўла Гурскага знайшоў фіктыўнага рэдактара (бо ведаў, што сапраўдным буду я сам) п. Астрог-Садоўскага, аўтара некалькіх добрых літаратурных прац, які добра пісаў па-польску і ведаў газетную справу. Ён знайшоў для рэдакцыі сапраўдную пярліну ў асобе п. Урсына (сапраўднае яго прозвішча казацкае: Замараеў), які не меў добрай адукацыі, але меў шматгадовую практыку ў так званай «газетнай кухні».
На месцы прыняў на працу адміністратара маладога банкаўскага службоўца п. Радзецкага-Мікуліча і яшчэ некалькі добрых супрацоўнікаў: п. Уземблу, спецыяліста па віленскай археалогіі, на месца карэктара п. Напалеона Роўбу, рэвалюцыянера-сацыяліста-бамбіста, але здольнага і выхаванага чалавека (гэтая характарыстыка п. Напалеона Роўбы ёсць тыповай для аўтара ўспамінаў. Ацэнка чалавека далёкая ад праўды і грунтуецца толькі на асабістай фантазіі - заўвага рэдактара Preglаda Wilenskiego) і яшчэ пару рэпарцёраў з рускіх газет. І з гэтым я пусціўся ў дарогу.
Натуральна, не абышлося без моцнага незадавальнення з боку канкурэнтаў. Тадэвуш Урублеўскі выступіў на старонках «Кур'ера Варшаўскага» з артыкулам, у якім даў зразумець, што я куплены расійскай адміністрацыяй. У самой Вільні хадзілі чуткі пра тое, што ўлады абяцалі мне 30 000 рублёў. Я меў моцнае падазрэнне, што аўтарам гэтай «качкі» была адна асоба, якая жадала зрабіць сабе грамадскае імя за чужы кошт. Ён ахвяраваў мне на справу 10 000 рублёў, а ўзамен патрабаваў вырашальны голас у кіраўніцтве газеты. Натуральна, я адмовіўся, але гэты спадар мне ніколі гэтага не дараваў.
Усе гэтыя прыгатаванні і наяўнасць нейкай рэкламы прывабілі пэўнае ядро падпісчыкаў, што дазволіла нам выпусціць першы нумар 1 (14) верасня. Распачалі з шэрагу артыкулаў пра будучую Дзяржаўную думу. Як вядома, ажно да маніфеста 17 (30) кастрычніка Дума павінна была быць толькі дарадчым органам, а яе парады меліся быць неабавязковымі для ўрада. Тыя артыкулы абапіраліся на трыццацігадовым вывучэнні дзяржаўнага права і былі прыязна сустрэты польскай і рускай прэсай, што адразу паставіла «Кур'ер Літоўскі» на адзін узровень з самай паважанай штодзённай прэсай. Ужо пры падрыхтоўцы першага нумара я зразумеў, што на майго рэдактара п. Астрог-Садоўскага можна было разлічваць толькі, калі справа ішла пра літаратуру, бо палітыку ён цалкам не разумеў і сам не прытрымліваўся ніякай палітычнай лініі, таму ўвесь гэты цяжар лёг выключна на мае плечы. На працягу трох месяцаў маёй працы, з 80-ці надрукаваных нумароў «Кур'ера Літоўскага» 78 мелі мае грунтоўныя ўступныя артыкулы. Таксама пад псеўданімам «Вуячак» я напісаў нейкую колькасць напалову гумарыстычных «хронік».
Натуральна, тады не было ніводнага літаратара, які б абмінуў тэму Адама Міцкевіча. Ужо ў 1906 г. гэты вялікі чалавек, дзякуючы саракагадовай рэкламе, якую вёў яго сын Уладзіслаў па ўсіх правілах гандлёвай навукі на сваю карысць (аніводнага гроша не атрымалі ні яго сястра Гарэцкая, ні брат Юзаф), стаў у нас адзіным манапольным увасабленнем цэлага народа, прыкладна як Гарыбальдзі ў італьянцаў. Мае супрацоўнікі лічылі, што «Кур'ер Літоўскі» без інвестыцый у гэтага ідала не можа існаваць. Аднак яны разумелі, што аддаючы належную пашану паэту і пісьменніку, я бачу яго як палітыка, мараліста, прыхільніка «духу», па настроі і «тону» асабістым ворагам розуму і не меншым труціцелем душы і думкі, якім былі для французаў Расін, а для рускіх Талстой. Таму мяне не хвалявала, ці будзе дазволена паставіць яму помнік (яшчэ да маніфеста 17 (30) кастрычніка), дзе той помнік будзе стаяць, хто і як яго выканае. Але ў газеце мы распачалі збор грашовых сродкаў на помнік Міцкевічу.
У першыя дні збор грошай ішоў вельмі добра. Мой брат Ігнат і яго будучая жонка, удава Уладзіслава Умястоўскага, унеслі некалькі тысяч рублёў. Я сам, здаецца, унёс пяцьсот. Пасыпаліся сотні рублёў, і агулам сабралі амаль што дзесяць тысяч. Мае супрацоўнікі нагадалі мне, што кампанія пачалася ў кастрычніку, а ў лістападзе закончылася. Пасля гэтага адбылася гісторыя, якая добра адлюстроўвае нашы звычкі. Я прадбачыў, што маё кіраўніцтва газетай не будзе доўгім, што помніка не будзе, а ахвярадаўцы могуць пачаць патрабаваць грошы назад. Таму я асцярожна вылучыў збор грошай з рэдакцыі газеты і загадаў адміністратару Мікулічу, каб ні адзін сабраны на помнік грош не праходзіў праз касу газеты, а складкі ішлі на адмысловы банкаўскі рахунак. Пры перадачы газеты пану Завадскаму здаў яму і гэты банкаўскі рахунак. Калі хутка Завадскі перадаў газету біскупу Ропу, я убачыў, што да яго перайшло і кіраванне рахункам на помнік Міцкевіча і больш за гэты рахунак не хваляваўся. Калі біскуп пайшоў з палітыкі, дык ён са значнымі стратамі ўступіў газету нейкаму кансорцыюму з дырэктарамі панамі Паўлам Кончам і Аляксандрам Мейштовічам на чале, а рэдактара Чэслава Янкоўскага змяніў пан Войцех Бараноўскі. Пасля яго рэдактарам стаў пан Гласко. Падчас вайны, пасля пракламацыі вялікага князя Мікалая (пра незалежнасць Польшчы - Л. Л.) можна было спадзявацца на тое, што ўсё ж у Вільні з'явіцца помнік Міцкевічу. Тады я пацікавіўся у пана Кончы пра лёс фундуша на помнік. І даведаўся, што яго ўжо няма і замест помніка на вольным паветры пастаўлены бюст Міцкевіча ў бібліятэцы. Бюст падараваны гораду Вільні панам Уладзімірам Ленскім (насамрэч, бюст быў падараваны Таварыству навук, а не гораду, і зрабіў гэта не Уладзімір, а Гіляры Ленскі - Л.Л.).
На бюст, каб ён нават быў выкананы са срэбра, не маглі пайсці ўсе сабраныя грошы, і, каб гэта адбылося ў Англіі ці Францыі, дык трэба было б даведацца, у чыю кішэню пайшлі грамадскія грошы. Але я не жадаў і не жадаю турбаваць грамадзян такім нясціплым пытаннем, бо ведаю свой народ і свой край. Адной з улюбёных пацех нашага краю ёсць крадзёж ці забойства. Гэтыя злачынствы ў іншых краях маюць індывідуальных выканаўцаў, а ў нас іх ніколі не знаходзяць. […]
Адначасова з «Кур'ерам Літоўскім» з'явілася выданне на летувіскай мове «Wilniaus Zynios» якое выдаваў інжынер пан Вілейшыс, жонка і дочкі якога ані слова не разумелі па-летувіску [14]. Я таксама не ведаў гэтай мовы, і каб разумець змест гэтай паперкі, мне трэба было мець спецыяльнага перакладчыка. Але і ён з цяжкасцю выконваў сваю працу, бо на той час гэта яшчэ была мова ў стане зародку і складалася з розных дыялектаў, якіх было столькі, колькі мелася гмін. Памятаю, як я ў сваім кабінеце пісаў артыкул і мне ў гэтым перашкаджала вельмі гарачая дыскусія на кухні паміж прыслугай. Пайшоў туды, каб папрасіць не крычаць і наткнуўся на палітычна-сацыяльна-аграрную спрэчку паміж камердынерам Сымонам Тулько, нібыта летувісам з лаздунскай вёскі Бабровічы, дзе па хатах яшчэ размаўлялі на гэтай мове, маім віленскім лакеем, летувісам Канстантым і кухаркай Петранеляй, таксама летувіскай. І ўся дыскусія ішла па-польску. Я да іх: «А чаму гэта, калі ваш «Wilniaus Zynios» штодзень нападае на мяне за тое, што я ў вашым «Вільнюсе» (гэтак у тэксце - Л. Л.) дазваляю сабе пісаць па-польску, вы трое - летувісы, не можаце сварыцца на сваёй мове?». На што Сымон весела: «Бо, васпан, я - летувіс з Ашмянскага, Канстанты з Вількамірскага, а Петранеля з Тэльшаўскага паветаў. І таму, калі я папрашу падаць тканіну, дык Петранеля падасць мне патэльню, а Канстанты - можа, і шчотку». Таму не дзіва, што гэтая бедная газета не пісала пра ўсе гарачыя праблемы свайго часу і не мела пра іх свайго меркавання, гнулася яна перад урадам і рускім народам, як іх сваякі ў Прусіі перад прусакамі, і не ведала іншай тэмы, чым запоўніць свае 4 паласы, акрамя як пастаянным шыпеннем на польскую мову і грамадства. Чаму пан Мілеўскі адважваецца называць сваю газету «Кур'ер Літоўскі», чаму католікі моляцца па-польску? Усё гэта і ёсць самы страшны прыгнёт. Крожы ім ужо забыліся. Я напісаў артыкул «Да братоў летувісаў», у якім папярэдзіў іх, што іх думкі даўно перараслі іх мову і нагадаў розніцу паміж валом і жабай з байкі. Гэты артыкул быў перадрукаваны ва ўсіх варшаўскіх і кракаўскіх газетах, пасля чаго я строга забараніў сваім калегам больш спрачацца з гэтай дурной лухтой, бо для іх гэта будзе рэклама.
Яшчэ некалькі іншых маіх артыкулаў у «Кур'еры» пакінулі глыбокае ўражанне ў чытачоў, але праз 20 гадоў я ўжо не магу пра іх дэталёва ўспомніць, а ўся калекцыя маёй газеты была ўкрадзеная «пераможнай летувіскай шабляй», якая заняла маю віленскую кватэру паміж прыходам бальшавікоў і ўцёкамі гэтых герояў ад генерала Жалігоўскага ў 1920 г. […]
[Што да] да Булыгінскай думы (Першай Дзяржаўнай думы - Л. Л.), адзначу, што найбольш яе характарызавала тое, што выбары ў яе адбыліся па выбарчым законе, падобным на аналагічныя законы ў цывілізаваных краінах. Але 6 чэрвеня 1907 г. выбарчы закон быў грунтоўна перагледжаны ўказам (незаконным), і на аснове яго выбіраліся ўсе наступныя дарэвалюцыйныя думы. Закон усталяваў трох- або двухступеньчатыя выбары па станах насельніцтва. На павятовы з'езд сяляне выбіралі па 2 выбаршчыкі ад кожнай гміны, адсюль яны паміж сабой дэлегавалі выбарцаў у губернскі сход, які ўжо і выбіраў дэпутатаў у Думу. Гараджане, з вельмі малым прадстаўніцтвам фабрычных рабочых (акрамя некалькіх галоўных гарадоў), самі па сабе складалі выбарчую адзінку і таксама пасылалі дэлегатаў на павятовы сход. Нарэшце, абшарнікі, не сяляне, тыя хто меў вызначаны зямельны цэнз, розны ў залежнасці ад вартасці зямлі, але такі які адпавядаў ацэначнай вартасці для падаткаў не меней за 15 000 рублёў, мелі асабісты голас на павятовым з'ездзе, а тыя якія не дасягалі цэнзу (сюды, напрыклад, залічваліся праваслаўныя ці каталіцкія пробашчы з зямлёй парафіі), дасылалі ў павятовы сход дэлегата ад пэўнай колькасці. Таму меліся тры курыі: 1) абшарніцкая, 2) гарадская, 3) сялянская, якія на губернскім з'ездзе выбіралі - кожная курыя па-асобку - свайго прадстаўніка.
[…]
… мы пераканаліся, што мой «Літоўскі Кур'ер» даходзіць нават да сялянскай хаты. Каля 1 кастрычніка газета мела ўжо больш за 6000 падпісчыкаў, у розніцу прадавалася да 2000 асобнікаў, але дапатопная друкарня Сыркіна не магла надрукаваць большы наклад за 1 ноч. Гэтага накладу было дастаткова, каб пакрыць выдаткі на паперу і друк, але ўтрыманне рэдакцыі, карэспандэнтаў і г. д. можна было пакрыць толькі за кошт рэкламы. Невялікая мясцовая прамысловасць і архаічныя гандлёвыя звычаі прыносілі мала мясцовай рэкламы. Але ведаючы, што выданне ўжо досыць папулярнае і ў Варшаве, я пачаў ліставанне з трыма галоўнымі тамтэйшымі агенцтвамі і дамовіўся з імі на дату сустрэчы для падпісання адпаведных дамоў. Нарыхтаваўшы на 2 дні газетнага матэрыялу, я 9 кастрычніка 1905 года, узяўшы толькі 1 змену бялізны, без прыслугі, паехаў начным цягніком у Варшаву. Аднаго дня хапіла, каб заключыць дамовы з агенцтвамі, і ўвечары я павінен быў вярнуцца ў Вільню. Але на вакзале варшаўскай Прагі я даведаўся, што пачаўся гістарычны ўсерасійскі страйк чыгункі. Ён быў арганізаваны так метадычна, так паўсюдна і адначасова па ўсёй каласальнай Расіі, што і сёння ніхто не можа пераканаць мяне, што гэта не была справа рук Вітэ (ужо графа). Улічваючы новую годнасць старшыні рады міністраў пасля мірнай дамовы з Японіяй, якая насамрэч была менш ганебнай для Расіі, чым можна было сабе ўявіць, Вітэ, які меў да Мікалая ІІ асабістую нянавісць, вырашыў увесці канстытуцыйны лад, але сутыкнуўся з фундаментальнай упартасцю і вырашыў прыціснуць цара да сценкі … і прыціснуў.
Я вярнуўся ў гатэль «Брыстоль», купіў бялізну і ад ранку да вечара праседжваў у Паляўнічым клубе. Мяне грызлі думкі, што мой рэдактар пан Садоўскі можа страціць галаву і скампраметаваць маю бедную газету, што і спраўдзілася. Не буду згадваць пра тыя 9 дзён страйку, бо іх, напэўна, помняць усе. 18/31 кастрычніка мы снедалі ў клубе са с. п. Уладзімірам Чацвярцінскім, губернатарам Мартынавым і некалькімі іншымі сівымі панамі і бедавалі - «o tempora, o mores», як раптам дзверы залы расчыніліся насцеж і як вар'яты ўляцелі князь Севярын Чацвярцінскі (заснавальнік новай партыі «Спуйня» - сурагат эндэцыі [15]) і ардынат с. п. Адам Красінскі. Кожны з іх пад пахай нёс з друкарні па 10 кг яшчэ мокрых газет, і як жарабяты скачучы, яны раскідалі іх па сталах. Так я даведаўся пра гістарычны маніфест 17/30 кастрычніка. Я некалькі разоў прачытаў маніфест і лаканічна сказаў Мартынаву: «Зараз пачнуцца сапраўдныя танцы. Калі ласка, пане губернатар, неадкладна выдайце мне замежны пашпарт, і я сёння ж паеду ў Берлін, адтуль у Вержбалова і ад гэтай станцыі, хоць на сялянскай фурманцы, дабяруся да Вільні». Але калі я каля 5-й гадзіны раніцы выехаў з гатэлю, двое хлопцаў спынілі мае дрожкі, а трэці, паклаўшы руку ў правую кішэню, левай паказаў на вялікую лужыну і ветліва сказаў: «Ці не адмовіцца шляхетны граф прыняць ванну ў гэтай гразі?». З гераізмам, вартым прэзідэнта рэспублікі, прыйшлося прымаць ванну. Вярнуўся ў Брыстоль, у якім, як у вязніцы, з-за страйку сядзела некалькі немцаў. Разам мы знайшлі яўрэя, які, верагодна, меў сувязь з падпольнымі партыямі і абавязаўся нейкім чынам давезці нас да нямецкай мяжы. Вечарам ён сказаў, што за нашы грошы арандуе паравы катар які па Вісле давязе да Торуня. З-за страйку гарадскіх возчыкаў і ўсіх сродкаў камунікацыі, нам давялося бакавымі вулкамі пешшу выбірацца да Віслы. Вечарам мы былі ў Торуні. Раніцай ужо я быў у Берліне і тэлеграфаваў у Вержбалова свайму шляхетнаму сябру, жандару, палкоўніку Мясаедаву (павешанаму ў 1915 годзе) [16], каб ён паведаміў мне, калі адыходзіць таварны цягнік на Вільню. Уся гэта гісторыя цягнулася да 23 кастрычніка (5 лістапада), калі я прыехаў у Вільню.
У Вільні ўсё было больш-менш, як і ў Варшаве, але з большым дамешкам яўрэйскага элементу. Па дарозе з вакзала, каля 2-й гадзіны ночы, мяне спыніў «грамадзянскі патруль» які складаўся з паўтузіна яўрэяў-падлеткаў на чале з 16-ці гадовай непрыгожай яўрэйкай. Яна хацела адвесці мяне ў нейкі яўрэйскі «камітэт нацыянальнага выратавання», які засядаў пад кіраўніцтвам Рабесп'ера-Радзіна (рэдактара «Северо-Западного Слова»), але пачуўшы маё прозвішча, яна палічыла мяне абаронцам свабоды і чалавечнасці і ласкава адпусціла, сказаўшы: «Разрешаю». На раніцы я даведаўся ад прыслугі і з нумароў «Кур'ера», якія ляжалі на стале, што ў Вільні, як і ў Варшаве, маніфест 17/30 кастрычніка вітала вялізная рэвалюцыйная, пераважна яўрэйская, маніфестацыя. Губернатар Пален выехаў насустрач і перад гатэлем «Св. Георг» быў акружаны натоўпам, застаўся без паліцэйскай аховы, спужаўся і пагадзіўся сам давесці тлум да генерал-губернатарскага палаца. У гэты момант нейкая амазонка выстраліла яму ў плечы з малакалібернага рэвальвера, і тады звяз салдат, якія стаялі на супрацьлеглым тратуары, без каманды зрабіў залп з вінтовак. Усе разбегліся, але на бруку засталося некалькі забітых.
Назаўтра адбылося ўрачыстае пахаванне, католікаў на Росах, яўрэяў на Паплавах. У яўрэйскай працэсіі ішоў Браніслаў Умястоўскі, які вылучаўся сваім ростам і сілай. Потым па горадзе пайшла пагалоска, што нябожчыкаў было менш і ў некаторых трунах быў пясок.
Праз некалькі дзён Пален, які не быў цяжка паранены бо куля жанчыны з-за паліто на ваце спынілася паміж яго камізэлькай і кашуляй, склікаў нараду ўсіх рэдактараў газет на чале з віца-губернатарам Безабразавым, які тросся перад намі, і нам было сказана, што цэнзура спыняецца і выданне газет на рускай, гэтак і на польскай мовах будзе дазволена на моц простага паведамлення. Адразу пасля гэтага кс.-біскуп Роп запрасіў мяне да сябе і прапанаваў купіць у мяне «Кур'ер», ён даў зразумець, што дасць шчодрыя адступныя. Я не прыняў яго прапановы, але з яго слоў зразумеў, што біскупу патрэбна пралетувіская газета хрысціянска-сацыялістычнага накірунку. Праз нейкі час Роп выпусціў сваю газету «Віленскія навіны» [17], тады ж паўстала эндэцкае выданне і нейкая чырвоная газетка Міхала Ромера, якая існавала непрацяглы час.
Пад канец месяца вуліца цалкам супакоілася, але пачалася агітацыя на вёсцы. […]
Паколькі ў той час нейкія людзі бадзяліся і агітавалі па вёсках, я, занепакоены маімі Лаздунамі і паводзінамі майго разважлівага, але вельмі ліберальнага эканома пана Лакмунада, зноў на некалькі дзён нагатаваў газетнага матэрыялу і на адзін дзень паляцеў у Лаздуны. Наступнай раніцай мой лакей паведаміў мне пра «раварыста» з суседняй вёскі Бачэшнікі, які хоча паразмаўляць са мной пра «рабочую справу», пэўна ўжо ў кожнай вёсцы меўся свой актывіст. Выйшаў да яго ў сталовую. Гэты хлопец меў не больш за 20 гадоў. Ён па-руску пачаў раней вывучаную прамову. Я падміргнуў лакею адчыніць дзверы на сходы (я жыў на 2-м паверсе) і рэкамендаваў «раварысту» павярнуцца ўлева, што ён машынальна выканаў, пасля чаго атрымаў штуршок маёй тады яшчэ здаровай нагі ў папулярную ў нашым краі частку цела, вылецеў на сходы і ўпаў. Гэтак закончыліся нашы перамовы. Апоўдні да мяне прыйшла дэпутацыя слуг, якія ад фурмана даведаліся, што я прыехаў на кароткі час. Яны сказалі мне: «Потым будзе, як будзе, але мы жадаем жыць у згодзе са сваім панам, і хай пан едзе сабе спакойна, бо калі да нас прыйдуць падбухторваць на бунт, інакш як ракам яны з Лаздун не выйдуць». […]
З'яўленне канкурыруючых газет фінансава не пашкодзіла майму «Кур'еру Літоўскаму», бо агульная колькасць чытачоў расла і, калі іншыя выданні ішлі дрэнна, мая газета ў лістападзе цалкам пакрыла свае выдаткі. У тым месяцы я таксама атрымаў прапанову ад уладальніка друкарні Юзафа Завадскага, як рэдактару перадаць газету, добраму пісьменніку, пану Чэславу Янкоўскаму (былы супрацоўнік пецярбургскага «Краю»). Мае заняткі пачалі мне дакучаць. Прафесійны газетчык павінен, як курыца нясе яйкі, штодзень пісаць свае артыкулы і не стамляцца. Але для чалавека, які да 50-ці з лішкам гадоў нічога не пісаў для друку, акрамя тых выпадкаў, калі яму па-сапраўднаму трэба было нешта сказаць, цяжка было прымусіць сябе штодзень садзіцца за пісьмовы стол і нешта пісаць. Гэта было невыносна. Прынамсі з камерцыйнага пункту гледжання мая газета ўжо была арганізавана, карысталася цікавасцю чытачоў і, як потым стала зразумела, уяўляла немалую каштоўнасць. Я заснаваў газету толькі з чыста ідэалагічных меркаванняў і ўжо хацеў яе пакінуць - жадаў толькі вяртання выдаткаў на яе стварэнне, рухомасці і г. д., гэта было каля 3000 рублёў, пры гэтым я пакідаў некранутымі грошы ў касе, якая, дзякуючы падпісчыкам, была поўнай і нават узяў на свой кошт кампенсацыю супрацоўнікам, якіх Завадскі не жадаў трымаць далей. Я асцярожна дабіўся ад Завадскага пісьмовага абяцання, што мая газета не памяняе напрамку і без майго дазволу ён нікому яе не перадасць. Агулам, гэта газетная справа каштавала мне значана танней, чым утрыманне танцоркі - менш за 3000 рублёў. 1 снежня я з вялікай палёгкай перадаў пяро пану Янкоўскаму і паехаў у Лаздуны. […]
У Лаздунах было спакойна, але ішлі размовы пра падзел маёнткаў паміж сялянамі. Я спаткаў каля касцёла аднаго свайго добрага сябра-селяніна (іх у мяне было некалькі, усе па-сапраўднаму паважаныя ў сваім коле і разважлівыя людзі), і спытаў яго: «Тамаш, ты возьмеш маю зямлю?». «А навошта мне зямля пана? Маю поўны надзел (16 га), старэйшая дачка асела ў Расіі, засталіся толькі малыя сын з дачкой і мы з жонкай ледзь спраўляемся з гаспадаркай. Навошта мне панская зямля?». «Ці азначае гэта, што калі будуць раздаваць зямлю, ты адмовішся ад сваёй долі?». «А, не, паночку, забіраць у пана не буду, але калі будуць раздаваць, чаму ж не ўзяць, калі даюць?».
Як лебядзіная песня, зноў грымнуў двух- ці трохдзённы страйк чыгуначнікаў, і я мусіў, як 20 гадоў таму, ехаць у Вільню сваімі коньмі і па дарозе начаваць у знаёмых. Тым часам у Вільні дзейнічаў амбітны кс.-біскуп Роп, які хоць і стаў святаром ужо ў сталым ўзросце, па нараджэнні і па тэмпераменце быў крыжаком. Ён склікаў вялікі мітынг на якім вырашылі заснаваць хрысціянска-кансерватыўную партыю. У хуткім часе яго «Навіны» надрукавалі палітычна-сацыяльную праграму партыі, складзеную пры цесным супрацоўніцтве з Тадэвушам Урублеўскім.
Раздзел VI. Год 1906. Выбары ў Думу і Дзяржаўны савет.
У канцы студзеня 1906 г. уся палітычная бура, прынамсі знешне, пачала сціхаць. Я адчуваў сябе вельмі стомленым і меў патрэбу адпачыць у атмасферы здаровага сэнсу, які мог быць толькі ў Еўропе. У канцы лютага я паехаў у Берлін і Парыж.
Неўзабаве пасля майго ад'езду рускія газеты надрукавалі тэкст новага і не вельмі жаданага ўказу, які рэарганізаваў Дзяржаўны савет у верхнюю палату з тымі ж правамі, якія мела Дума, з выбарнымі членамі, колькасць якіх павінна была быць роўнай колькасці членаў, прызначаным царом. А праз 3 дні я атрымаў ліст ад пана Адама Багдановіча, які ўжо стаў маім імпрэсарыа. Ён пісаў, што новы ўказ зрабіў вялікае ўражанне сярод абшарнікаў, і яны чакаюць лепшых і практычных вынікаў ад рэарганізаванага Дзяржаўнага савета, а не ад Думы, бо ва ўсіх 56 еўрапейскіх губернях меліся сходы землеўладальнікаў і яны маглі там выбраць свайго прадстаўніка. У канцы ліста ён спытаў, ці гатовы я стаць кандыдатам і ці ўпаўнаважу яго вылучыць мяне. Я не думаў баластавацца ў Дзяржаўную думу, бо ведаў, што яна на палову будзе складацца з мужыкоў, а на другую палову - з вар'ятаў. Дзяржаўны савет больш адпавядаў майму «тыпу прыгажосці», але пытанне было ў тым, ці вытрымаю я небяспечны клімат Пецярбурга і фізічнае напружанне, звязанае з руплівым удзелам у парламенцкай працы. Я пайшоў да прафесара Хаема, майго тагачаснага доктара, які параіў мне прыняць прапанову, бо я ўваходзіў у той узрост, калі галоўнай небяспекай ёсць проза жыцця, і калі мяне абяруць, для здароўя я заўсёды павінен мець у сваім распараджэнні крытую карэту, пераступаючы парог Дзяржсавета, заўсёды трымаць у кішэні «допінг» у выглядзе сярэдняй дозы колы, якую трэба праглынуць перад выступам каб узмацніць працу лёгкіх, і мець насоўку, змочаную ў моцным растворы ментолу, якую трэба перыядычна падносіць да рота каб ажывіць свае галасавыя звязкі.
Адказаў Багдановічу, што ўпаўнаважваю яго выставіць маю кандыдатуру, калі ён возьме на сябе ўсю перадвыбарчую агітацыю, бо не планую закончыць адпачынак раней часу, а потым буду яшчэ прымушаны пэўны час прысвяціць Лаздунам, якім пасля 9 месяцаў газетна-палітычнай віхуры, патрэбна было вока гаспадара.
У Вільні мой імпрэсарыа сказаў, што за мяне мурам стаіць па-сапраўднаму незалежная частка абшарнікаў, але з-за нядаўняй сваркі з біскупам Ропам я буду мець супраць сябе ўсіх святошаў і, праўдападобна, банкаўскую кліку, якая дагэтуль аплаквае ўрэзаныя мной ганарары. А таксама, напэўна, супраць будзе і арганізаваная эндэцыя [18] (Багдановіч сам быў ёй моцна заражаны), бо вядома, што па выраку з Варшавы кандыдатам ад партыі будзе граф Ваўжынец Путкамер, унук міцкевічавай Марылі Верашчакоўны, які з-за гэтага часткова мае аўру патрыятычнай святасці. Багдановіч лічыў, што мае шанцы на абранне складаюць каля 40 %, але калі правільна арганізаваць выбарчую кампанію, дык можна прыцягнуць яшчэ 15%. Я ўпаўнаважыў яго і паехаў на вёску. Выбары ў Дзяржаўную думу былі прызначаны на пачатак красавіка, а ў Дзяржсавет на некалькі дзён пазней. […]
Я не меў ілюзій, што прайду ў губернскія выбаршчыкі, бо напярэдадні Калядаў адбыўся дастаткова вялікі перадвыбарчы сход, на якім не хто іншы як Чэслаў Янкоўскі, рэдактар майго былога «Кур'ера Літоўскага», той самы, які нацкаваў мяне на барона Ропа, катэгарычна выступіў супраць майго абрання членам губернскага выбарчага сходу і адначасова, згодна з законам, кандыдатам ў Думу. Справа ў тым, што пан Фелікс Завадскі цалкам адмовіўся ад сваіх абавязкаў не перадаваць газету нікому без маёй згоды і прадаў яе за добрыя грошы самому біскупу фон Ропу. А паколькі біскуп і пан Янкоўскі таксама былі кандыдатамі ў Думу, яны баяліся не маёй кандыдатуры, бо ведалі што я не прайду вышэйшы сход, а майго ўплыву на губернскім сходзе. Тым не менш Янкоўскі заявіў, што мае намер усімі сіламі падтрымаць маю кандыдатуру ў Дзяржаўны савет і выканаў свае абяцанні. Я праваліўся на выбарах з-за недахопу некалькіх галасоў, але паўнамоцныя абшарнікі ўсяроўна галасавалі за мяне, і таму гэтае фіяска мне не вельмі ўсхвалявала.
Калі пасля сходу я вяртаўся з Ашмянаў, сустрэў старога пана, якога не ведаў, але ён вельмі ветліва пакланіўся мне. Паколькі па знешнім выглядзе і па прыстойным экіпажы ён павінен быў быць паўнавартасным выбаршчыкам, я на момант спыніўся і спытаў у яго, ці не спазніўся ён на выбары? Стары адказаў: «Не, пане, я на іх не хадзіў. Я не прымаю гэтага, мяне ўсё жыццё прыгняталі і будуць прыгнятаць, але лепей хай гэта робіць адзін дурань, а не пяцьсот». Разумны стары. […]
Неўзабаве адбыліся выбары ў Дзяржаўны савет. На перадвыбарчым сходзе, арганізаваным Адамам Багдановічам, мае шанцы былі больш-менш такімі, якія ён і прадказваў, але праз некалькі гадзін шанцы значна выраслі, нават больш, чым ён чакаў. Гэта адбылося ў значнай ступні дзякуючы непаваротлівасці майго суперніка, Путкамера. Атрымаўшы права выступу, я прадставіў метадычную праграму заходняга ўзору, і перш за ўсё імкнуўся быць зразумелым і станоўчым. […] Няцяжка можна было заўважыць, што гэты загадзя добра падрыхтаваны выступ на працягу гадзіны, зрабіў станоўчае ўражанне на слухачоў і быў ласкава пракаментаваны ў «Кур'еры».
Пасля мяне выступіў пан Путкамер. Да агульнага здзіўлення, не закрануўшы ні адзінай тэмы з тых, якія я закрануў, ён пачаў чытаць вельмі доўгую дысертацыю пра чыгуначныя тарыфы, якія ён добра ведаў як былы інжынер-чыгуначнік, але яны датычыліся цэнтральных губерняў і не краналі нашыя праблемы. І, з асцярожнасці перад некалькімі рускімі абшарнікамі, закончыў выступ наступнымі словамі: «Што датычыць маіх палітычных перакананняў, яны вядомы маім партыйным таварышам». […]
Пры галасаванні я атрымаў 134 белыя шары супраць 22 чорных. […]
На першым пасяджэнні Дзяржсавета ў Марыінскім палацы, размова пачалася з пытання аб строях, а менавіта, ці прымуць выбраныя члены прапанову ўрада апранаць такі ж мундзір (у якім з-пад залатой вышыўкі амаль што не было бачна тканіны), як і члены Дзяржсавета, якіх намінаваў цар, ці выберуць яны для сябе цывільнае адзенне. Пры маім жывым удзеле ў дыскусіі, усе спыніліся на апошнім. Не цяжка было зразумець, што перад тварам Дзяржаўнай думы, адзінай сілай верхняй палаты - Дзяржсавета, было тое, што яна ўжо не ёсць чыста бюракратычным інстытутам, якой была раней, але таксама абапіраецца на сілу грамадства. У гэты пытанні, нефармальна і без прамоўніцкіх эфектаў, некалькі выступоўцаў, такіх як Эдвард Вайніловіч з Менска, акрэслілі становішча груповак, да якіх належалі. Ужо пры канцы гэтага пасяджэння, мы ведалі, што ўся наша палата будзе падзелена на 3 групы, а менавіта на правае крыло, якое ў асноўным складалася з прызначэнцаў, цэнтр, які ў асноўным складаўся з абраных членаў і вельмі невялікую групу (каля 10), т. з. кадэтаў - прафесараў і прамыслоўцаў.
Раздзел XI. Вільня, вясна - 1908 г. Бязданы. Сельскагаспадарчае таварыства.
[…] У канцы 1904 г., Мікалай ІІ паехаў на поўдзень Расіі па маршруце Пецярбург - Адэса дабраслаўляць войскі, якія накіроўваліся ў Манджурыю і на кароткі час затрымаўся на станцыі Ліда, дзе прыняў некалькі дзясяткаў землеўладальнікаў. Размова перайшла на толькі што пабудаваную чыгунку Балагое - Маладзечна - Ліда - Сядлец, пра якую Мікалай ІІ сказаў мне: «Мы ўдзячны вашым сябрам-французам, якім яна патрабавалася ў стратэгічных мэтах». […]
Зімой і ранняй вясной 1908 г. у Вільні адбыліся падзеі, пра якія варта згадаць. Плятэр - сонца віленскага грамадства, пан-граф-маршалак-обергофмаршал, старшыня Зямельнага банка і Сельскагаспадарчага таварыства, пачало згасаць. Згасаць не фізічна, бо ён захаваў сваю імпазантную постаць забальзаміраванага дэндзі 1860 гадоў і ва ўзросце больш за 70 гадоў меў яшчэ зусім не платанічную цікавасць да прыгожага полу. Пры пасярэдніцтве сваёй жонкі, якая, нягледзячы на тое, што яны ўжо шмат гадоў не жылі разам, акружыла яго анёльскай апекай, графу давялося адмовіцца ад усіх пасад і годнасцяў акрамя прыдворных. Плятэр з'ехаў на вёску, дзе хутка памёр.
Неабходна было запоўніць вольныя пасля яго вакансіі. Плятэр быў прызначаным, а не абраным губернскім маршалкам, мелася добрае стаўленне да палякаў якое засталося ад Мірскага і Фрэзе і жаданне мець на гэтай пасадзе паляка. Генерал-губернатар Крывіцкі даслаў да мяне свайго шэфа канцылярыі Станкевіча, каб паведаміць, што ён хоча асабіста прадставіць мяне ў Пецярбургу як віленскага губернскага маршалка і прасіў мяне аб сустрэчы. Я без ваганняў адмовіўся, нягледзячы на тое, што палова маіх калег у Дзяржаўным савеце была губернскімі маршалкамі, але яны мелі зусім іншую пазіцыю, бо іх абіралі, і абраныя шляхтай маршалкі не былі нічым абавязаны адміністрацыйнай уладзе. Я не мог сабе дазволіць быць прызначаным маршалкам, бо покуль не думаў сыходзіць з Дзяржаўнага савета [19]. […]
Я ненадоўга паехаў у Лаздуны. Яшчэ выязджаючы з Пецярбурга, даведаўся пра знакаміты рабунак на станцыі Безданы (20 км ад Вільні) паштовага вагона з Варшавы, у якім везлі 200 800 рублёў варшаўскіх падаткаў у Пецярбург. Паштовы вагон не меў сваёй варты. Жандара, які дзяжурыў на станцыі, адразу застрэлілі, нападнікі забралі ўсе грошы і зніклі, не пакінуўшы слядоў [20].
Аднак двух з іх схапілі, і з-за гэтага стала вядома, што банда складалася толькі з палякаў і план нападу быў спланаваны ў польскай сталіцы, грунтуючыся на інфармацыі варшаўскай паштовай управы.
Я спаў моцным сном, калі мяне разбудзілі а 6-й раніцы - перад ганкам спыніўся сялянскі воз, і ўнізе, у калідоры, мяне чакалі пан і пані, якія не назвалі сваіх імёнаў, але мелі да мяне тэрміновую справу. Хутка апрануўшыся, спускаюся ўніз і бачу пана Міхала Ромера, з якім сустракаўся толькі некалькі разоў, выдаўца і рэдактара чырвонай польскай газеткі падчас «рэвалюцыі» 1905-1906 гг. Дама сярэдніх гадоў і цалкам прыстойнага выгляду, не мела ніякай цёплай вопраткі, нават якой муфты. Яна дрыготным ад холаду голасам (было 2 ці 3 градуса вышэй нуля) і ляскаючы зубамі, пачала тлумачыць мне, што прыехала з Парыжа адным цягніком са мной і мусіць сёння вярнуцца ў Вільню, бо справа ідзе пра чалавечае жыццё … Я перапыняю яе: «Я бачу, што зараз пад пагрозай ваша жыццё, бо вы вось-вось захварэеце на пнеўманію ці нешта падобнае. Цягнік на Вільню будзе яшчэ толькі а 2-й гадзіне, і я настойліва прашу вас неадкладна легчы ў ложак, дзе мая гаспадыня і пакаёўка вас добра разатруць, напояць нечым гарачым і сагрэюць, потым некалькі гадзін сну, і тады вы раскажыце мне, што здарылася». Праз некалькі гадзін справа высветлілася. Дама была жонкай заможнага паляка з Парыжа, прозвішча якога я ведаў. Былая, а можа і актуальная рэвалюцыянерка і канспіратарка, гэтая вар'ятка ў якасці ад'ютанта ўзяла з сабой з Вільні пана Ромера і прыляцела да мяне ў Лаздуны. У Парыжы яна даведалася, што яе сябар дзяцінства быў адным з двух схопленых і асуджаным на смерць пасля рабунку ў Безданах. Хутка вырабіўшы сябе пашпарт, у чым была, без нічога, нават без цёплай вопраткі, яна села ў першы цягнік да Вільні. Тут яна даведалася, што яе сябра павінны павесіць заўтра і я быў адзіным, хто мог гэтаму перашкодзіць. Таму яна са слязьмі на добрых чорных вачах прасіла, каб я перадаў ліст да генерала Мартсана, галоўнакамандуючага вайсковай акругі і прасіў адкласці пакаранне. Натуральна, пераказала мне цэлы раман: яе пратэжэ - нявіннае ягня, мастак, паэт і як прынята ў гэтай прафесіі - вар'ят. Яго зачынілі ў італьянскую вар'ятню, ён уцёк адтуль і нейкім чынам выпадкова аказаўся каля Безданаў … што вельмі лагічна. Быў памылкова арыштаваны, але ў рабунку не ўдзельнічаў, бо паміж яго ўцёкамі з італьянскага «санаторыя» і рабункам, прайшло мала часу і г. д., і г. д.
Слухаю з неабходнай, калі справа ідзе пра даму, ветлівасцю яе байкі з «Тысячы і адной ночы» і думаю, што з аднаго боку мае правілы не прызнаюць дзвюх мараляў - адной прыватнай, а другой палітычнай - і таму бандытызм ёсць бандытызм, і ані мае перакананні, ані маё становішча не прымушае мяне сунуць палец паміж горлам злачынца і заслужанай ім пятлёй. Але з іншага боку, памылка, хоць і малаверагодная, магла б стаць непапраўнай. Кандыдат на шыбеніцу, каб прымусіць шляхетную даму (я раней чуў пра яе) на такі вар'яцкі крок, павінен мець, як і некаторыя іншыя з гэтых шаленцаў, нейкі светлы бок. Я не ведаў генерала, але мог чакаць, што мой ліст зверне на сябе ўвагу. Я не чакаў нічога карыснага і напісаў яму самы журботны ліст, які толькі дазваляў мне мой характар. Прасіў часова прыпыніць выкананне прысуду, прызначыць псіхіятрычную экспертызу і вызначыць магчымасць яго рэальнага ўдзелу ў нападзе.
Выратавальніца з Парыжа ў той жа вечар дабралася да генерала Мартсана, і пакаранне было адкладзена. У выніку маладога чалавека, які відочна добра сыграў сваю ролю вар'ята, накіравалі ў вялікую вар'ятню пад Вілейкай. Губернатара Любімава, які прадэманстраваў мне вялікае сяброўства тым, што агледзеў яго асабіста, праз нейкі час перавялі ўглыб імперыі. Па просьбе гэтай выратавальніцы, яе муж пагаварыў пра Любімава са Сталыпіным.
У 1919 г. у Парыжы мяне наведаў адзін з ад'ютантаў Пілсудскага і выказаў шчырую падзяку за тое, што дажыў да незалежнасці сваёй радзімы. Гэта ўзмацніла сумненні ў слушнасці майго ўмяшання. Але сумненні развеяліся ў наступным, 1920-м годзе, калі мая лаздуская сядзіба была захоплена «пераможнай польскай шабляй», знішчана ёю і я пазбавіўся 40-ка гадовага выніку сваёй працы. Усё ж мой учынак быў добрым, бо ён быў узорна пакараны.
Натуральна, што пасярод усёй гэтай дзейнасці і пастаянных пераездаў паміж Лаздунамі, Вільняй і Пецярбургам, мой даўні любімы хрэснік - Віленскае сельскагаспадарчае таварыства, цалкам засталося па-за ўвагай, і ад пачатку 1906 года я не наведаў ні адзін агульны збор.
[…]
Раздзел XIV. Пераабранне Дзяржаўнага савета. Аграрнае і фінскае пытанне. Тастамант Агінскага.
[…]
Памёр князь Багдан Агінскі, на працягу апошніх гадоў ужо цалкам бездапаможны і хворы, дзедзіч агромністага ключа Рэтаў на Жмудзі і вялікага маёнтка на Украіне, старэйшы сын князя Ірэнэя і самай маладой з трох апошніх прадстаўніц вялікага роду Каліноўскіх, пра яе раман з Аляксандрам ІІ шмат казалі ў Мікалаеўскія часы. Яго малодшы брат Міхал, таксама бяздзетны, памёр каля 1902 года.
З гэтымі двума братамі Агінскімі закончылася так званая гетманская галіна роду, які па сутнасці, ажно да самых апошніх часоў Рэчы Паспалітай з-за браку адпаведных фундушоў, не належаў да т. з. «каралевічаў» (да якіх належалі і амаль што адначасова страцілі гэта становішча 4 роды: Радзівілы, Пацы, Сапегі, Хадкевічы), але працяглы час лічыўся мясцовай арыстакратыяй - адначасова і родавай, і фундушовай.
Не было чалавека ў Літве, які б не ведаў, што браты Агінскія лічылі сваім спадчыннікам графа Юзафа Залускага, які паходзіў ад роднай сястры іхняга бацькі князя Ірэнэя. Таму граф Залускі, адразу і без усялякіх пярэчанняў, асеў у Рэтаве пры цётцы з Патуліцікіх, удаве Багдана Агінскага. Другая ўдава (па Міхалу Агінскім), багата забяспечаная мужам, з даўніх часоў жыла ў маёнтку мужа Плунгяны, запісанаму на яе пажыццёва. Гэтак было пакуль нейкі ксёндз-жмудзін не выступіў з тастамантам нібыта нябожчыка Багдана, згодна з якім маёнтак Рэтаў і даволі вялікі маёнтак Залессе каля Смаргоні насамрэч пакінуты невядомаму капітану гвардыі Ванлярскаму, сыну палкоўніка гвардыі, які праз некалькі гадоў разам з вядомым фаварытам Мікалая ІІ Безабразавым і контр-адміралам Абазам адыграў вельмі непрыемную ролю ў набыцці велізарных і каштоўных лясоў на рацэ Ялу ў Карэі, што стала асновай першых канфліктаў паміж Расіяй і Японіяй.
У прававой краіне з сур'ёзнай судовай сістэмай, на якую Расія ў той час мела прэтэндаваць, гэты тастамант, хаця б на ім нават і быў надзейны і бясспрэчны подпіс нябожчыка Багдана, не быў б дапушчаны да разгляду грамадзянскім судом. Бо гаворка ішла пераважна пра маёнткі, якія засталіся ў спадчыну ад бацькі Багдана князя Ірэнэя і аўтар тастаманту не згадаў пра маёмасць княгіні, у дзявоцтве Каліноўскай, якая адышла б да яе сваякоў. Але, галоўнае, у расійскім грамадзянскім праве аб спадчынай нерухомасці было цвёрда запісана, што спадчынныя маёнткі не падлягаюць распараджэнню праз тастаманты. […]
Прадстаўлены ў суд тастамант князя Багдана Агінскага не мог там разглядацца, бо паходжанне маладога Ванлярскага ад каго-небудзь з Агінскіх не было даказаным, браты Агінскія атрымалі Рэтаў пасля смерці свайго бацькі, але ён сам атрымаў яго не ад свайго бацькі Міхала (знакамітага кампазітара - Л. Л.), але ад маці-італьянкі, вядомай на пачатку стагоддзя сваёй прыгажосцю, спрытам і дрэннымі паводзінамі, яна была прывезена з Венецыі нейкім Нагродзкім (ці Нарымскім). Пасля яго смерці яна зноў выйшла замуж за Міхала Агінскага. Паколькі цары Кацярына і Павел пачалі раздаваць мясцовыя староствы сваім фаварытам, яна адна паляцела ў Пецярбург і там, дзякуючы розным сваім талентам, змагла атрымаць Рэтаў (38 000 га) не для свайго мужа, а для сябе і сваіх дзяцей (якіх тады ўжо мела 4). З гэтага моманту князь Міхал ніколі не ездзіў са свайго спадчыннага маёнтка Залесся ў Рэтаў, і яго жонка не сумавала з гэтай нагоды.
Але прайшло ўжо 3 гады пасля незаконнага роспуску другой Дзяржаўнай думы, і зноў запанаваў прынцып «як ваша вялікасць пажадае». Праз 3 месяцы пасля перадачы справы ў суд не было зроблена ніякага кроку, каб зацвердзіць ці адмовіць тастамант. Ванлярскі ў сталіцы ўжо лічыўся спадчыннікам вялізнага маёнтка. Ён служыў у палку, які асабліва шанаваў імператар, а яго жонка, маладая панна з Набокавых, у сталічным бамондзе мела рэпутацыю «вырвівока». Натуральна, на суд прыехалі і дзве княгіні-ўдавы Агінскія, якія былі незацікаўленыя ў справе, бо пасля смерці сваёй легендарнай свякрові з дома Каліноўскіх [21], зладзілі сабе свайго роду манаполію, непараўнальна больш вялікую, чым род Агінскіх.
Зразумела, што ўсе гэтыя вялікапанскія драмы мяне займалі не больш чым анекдоты. Княгіню Марыю, удаву Міхала, я добра ведаў з-за сяброўства з яе мужам. У Пецярбургу яна не прасіла маёй дапамогі. Удаву Багдана, якая, здаецца, не разу не была ў Вільні, я не ведаў, пакуль да мяне не з'явіўся яе блізкі сваяк граф Патуліцкі, якога яна прывезла ў сталіцу як памочніка. Яна сама не ведала пецярбургскі свет, і яе памочнік ведаў яго яшчэ меней. Яны трапілі ў краіну, пра якую Аляксандр Гумбальт сказаў: «Зямля, дзе ўсё магчыма». Неяк, вельмі разгублены Патуліцкі прынёс газету «Біржавыя Ведамасці», у якой быў надрукаваны вельмі небяспечны і хлуслівы ад пачатку да канца артыкул аўтарства нейкай рэптыліі, імя якой я ўжо забыў. Патуліцкі сказаў, што як вядома, цар цалкам чытае газету «Новы Час» (экзэмпляр друкаваўся адмыслова для яго) і бульварную газету «Біржавыя Ведамасці», якую чытаў ён і ўсе кухары ў палацы. І таму, можа, зараз царскасельскі сфінкс нарэшце скажа нейкую думку і тады Рэтаў з Залессем будуць страчаны.
Я ніколькі не сумняваўся, што маю справу з добра арганізаванай бандай, і пасада, якую я займаў у той час, не дазваляла мне застацца нейтральным.
[Была праведзеная ўдалая газетнай кампанія на карысць Агінскіх]
Можа і трэба верыць прынцыпу: «Пасля падзеі - не значыць, што ў выніку яе», але вынікі майго артыкула не далі чакаць сябе доўга. Верагодна, імператар Мікалай ІІ нарэшце выказаўся ў тым сэнсе, што не вельмі прыемна, каб афіцэр яго любімага палка ўблытаўся ў такую падазроную гісторыю. Праз некалькі дзён малады Ванлярскі, яго бацька і жмудскі ксёндз, які напісаў і прадставіў тастамант, ужо сядзелі пад замком. Яшчэ да ад'езду са сталіцы я меў прыемнасць быць на працэсе гэтых паноў, які скончыўся суровымі пакараннямі вінаватых (акрамя палкоўніка, супраць якога не было ясных доказаў) і скасаваннем сфальшаванага тастаманту. У хуткім часе ўдава Багдана Агінскага і Юзаф Залускі атрымалі сваю маёмасць. […]
Раздзел XVI. Віленскі тэатр, 1910-1914. Заснаванне таварыства. Смерць Сталыпіна […]
На працягу 1,5 пакаленняў, з 1862 г., калі ў гарадскім тэатры, які месціўся ў будынку ратушы, пасля абавязковай аднаактавай п'есы на рускай мове, далейшае прадстаўленне ішло па-польску [22]. І да восені 1905 г. 2/3 каталікоў з 200-тысячнага насельніцтва Вільні, слова тэатр уяўлялі сабе так, як можа ўявіць сабе слова снег афрыканскі негр. Наведваць рускі тэатр саромеліся, тынгел-тангл Шумана [23] ўспрымаўся як біржа прастытутак, і яго наведвала толькі «залатая моладзь», таму абсалютная большасць вільнян не ведала нічога іншага, акрамя канцэртаў заезджых артыстаў.
У верасні 1905 г., адразу пасля з'яўлення «Кур'ера Літоўскага», улада пад уздзеяннем гэтай газеты, пагадзіліся на серыю спектакляў варшаўскай трупы «Размаітасці». Трупа грала ў летнім тэатры таго самага Шумана. Рэпертуар быў чыста літаратурны без дамешкаў «патрыятызму».
Я не прапусціў ніводнага спектакля. Было бачна, як паступова расце колкасць наведвальнікаў-рабочых. З цікавасцю слухаў я размовы публікі і быў здзіўлены руплівасцю і ўзроўнем свядомасці публікі. Да таго ж кожныя 25 капеек заплачаныя за месца ў партэры ратавалі рубель, які пайшоў бы ў шынок.
Паўстала праблема памяшкання, бо гэты тэатрык на 400 месцаў у батанічным садзе - сапраўдны барак, мог працаваць толькі з 1 траўня па 1 кастрычніка - як раз падчас «мёртвага» тэатральнага сезону. А былы гарадскі тэатр, пабудаваны, калі горад быў у 4 разы меншы, заняла расейская трупа, ён пераважна меў яўрэйскіх гледачоў. Таму, памацаўшы свае кішэні і абдумаўшы свае магчымасці, якія не дазвалялі мне аднаму ўзяцца за справу, напісаў артыкул у газету, у якім растлумачыў неабходнасць пабудовы тэатра і завяршыў яго сцвярджэннем, што калі можна знайсці па-сапраўднаму здатнага чалавека, які зможа заснаваць адпаведнае таварыства (маючы на ўвазе с. п. Юзафа Мантвіла), тады я гатовы далучыцца да справы і ахвяраваць на яе 20 000 рублёў [24].
Пан Мантвіл, заўзяты грамадскі дзеяч гуманітарна-дэмакратычнага накірунку і зусім не «паланізатар» (як карэнны жамойт, ён быў больш схільны да летувісаманства), не хацеў нават і чуць пра гэта, тым больш, што ён заснаваў сярод рабочага класу спеўнае таварыства «Лютня» і будаваў для яго ўласны танны і практычны будынак. А я сышоў з «Кур'ера» пакінуў Вільню дзеля Парыжа і Пецярбурга, і мой праект заснуў. […]
Тым часам пад эгідай ардынатавай Клемянціны Тышкевіч было заснавана «Таварыства заахвочвання сцэнічнага мастацтва», членам якога я быў толькі намінальна як падпісчык. Штогод ад Клемянціны ішло каля 5000 рублёў на падтрымку польскіх спектакляў. Але з будынкам было штораз цяжэй. З гарадскога тэатра пераехалі ў вялізную залу ў новапабудаваным доме каля Вострай брамы. Гэта зала мела дрэнную акустыку, кепскае асвятленне, і калі на перадзе яшчэ было нешта бачна і чутна, дык у канцы залы не было ні першага ні другога, і зала таму заўсёды была напаўпустая. Антрэпрэнёр страчваў грошы і аднойчы ў цудоўную ноч здарыўся пажар, ды такі добры, што зала і застрахаваны тэатральны рэквізіт згарэлі, а ўвесь дом ацалеў. І тады дзе працаваць? На вялікім пляцы ў Лукішках быў стары і сухі як порах, збіты з дошак цыркавы барак. Цыркавыя трупы выступалі тут толькі ўлетку, хаціна не прыносіла прыбытку і Таварыству ўдалося яе танна арандаваць. Калідоры пры гэтым ацяпляліся жалезнымі печкамі, арэна перараблялася ў партэр, гледачы ад сцэны аддзяляліся дошкамі. Нейкім чынам тут удалося размясціць трупу і ставіць спектаклі. Аднак справы ішлі дрэнна. Нешматлікая публіка запаўняла танныя месцы, бо ўжо ведала пастаноўкі, больш багатая не ішла, бо была пакрыўджаная агідным смуродам. На арэне, гэта значыць у партэры, пад пілаваннем ляжаў тоўсты слой конскага гною, а ў падзеленым перагародкамі калідоры, без каналізацыі, стаялі збітыя з дошак кабінкі «Для паноў» і «Для паняў». Аднойчы я зайшоў у гэты смярдзючы барак і збег пасля першага акта. Са свайго боку, губернатар Любімаў папярэджваў, што з дня на дзень ён будзе вымушаны зачыніць гэтае гняздо пажараў. І таму актуалізавалася пытанне пабудовы новага тэатра.
Неўзабаве пасля выбраў у Думу, мяне наведаў пан Александровіч (той самы, які некалі пазнаёміў мяне з прынцыпамі эндэцыі), ён пісаў на тэатральныя тэмы ў «Кур'еры Літоўскім» і лічыўся даверанай асобай пані ардынатавай Тышкевіч. Александровіч ад імя гэтай дамы прасіў мяне забыцца пра старую сварку і наведаць пані Тышкевіч, каб дасягнуць паразумення ў справе будаўніцтва тэатра.
Гэтая «капітуляцыя 11 лістапада 1908 г.» з боку пані, якая была непараўнальна вышэй мяне ў генеалагічным і свецкім сэнсах, мяне трошкі здзівіла, але я прыняў прапанову.
Хаця гэтая пані ўжо згадвалася, але яна заслугоўвае асобнага нарысу як адна з вяршыняў тагачаснага польскага свету.
Клемянціна з Патоцкіх, ардынатарава Янава Тышкевічава (1856-1920), малодшая дачка былога аўстрыйскага прэм'ера, а потым намесніка Галіцыі Альфрэда Патоцкага і адзінай дачкі княгіні Сангушкі, сястра знакамітых Рамана на Ланцуце і Юзафа на Антаніях Патоцкіх і таксама пані Юліі Браніцкай (жонкі Уладзіслава Браніцкага). Клемянціну з Патоцкіх яшчэ да яе шлюбу ведалі ў Еўропе з-за становішча ў свеце і па-сапраўднаму скульптурнай прыгажосці (хоць і без жаночага шарму). Ведалі, дзякуючы карціне знакамітага венскага жывапісца Макарта «Уезд Карла V у Антверпен», якая зрабіла фурор на Парыжскай выставе - мастак змясціў яе ў касцюме Евы на пярэднім плане. Да таго ж, выключна заможная як сама, гэтак і па мужу, ардынатава Клемянціна належала да шэрагу тых, тады распаўсюджаных у Еўропе велікасвецкіх дам, якія з калыскі выраслі ў перакананні, што ўсе правілы і прынцыпы, а нават і свецкая ветлівасць, былі патрэбны арыстакратам другога гатунку, але не ім. Неадукаваная але непараўнальна дзёрзкая, яна была т. з. дзіцём прыроды. Адзінай сілай, якая ёй кіравала, былі інстынкты. Як блізкі сябар дзяцінства яе мужа я быў першым госцем у Біржах адразу пасля іхняга вяселля і адразу стаў жаданым госцем гэтага дома. Але яе адварочвала ад мяне тое, што яна адчувала ўва мне цэнзара, а прыцягвала яе мая шчырасць, якую я даводзіў да дзёрзкасці.
Натуральна, маючы мужа-сібарыта, якому ўсё было «да зоркі», ужо праз некалькі гадоў яна задавала тон у Вільні, і яе гасцёўня стала больш вясёлым, чым узорным асяроддзем. Пакуль я быў кавалерам, мне было ўсяроўна. Але калі я заручыўся з зусім нявопытнай дзяўчынай, у мяне з'явілася жаданне засцерагчы свой дом ад небяспечнага ўплыву і прыкладу свецкай львіцы. Але да шчыльных адносін прымушала тое, што адна з гэтых паняў была швагеркай, а другая блізкай сваячкай с. п. Уладзіслава Браніцкага. На шчасце, «львіца» сама выратавала мяне ад праблем.
Калі паміж заручынамі і вяселлем я паехаў у Парыж, каб выбраць шлюбныя падарункі і мэблю, дык адразу зайшоў да знаўцы гэтай справы с. п. Яна Тышкевіча. Спаткаў яго на сходах, ён збіраўся на скачкі, у якіх прымаў удзел яго конь. Але схапіў мяне за руку і амаль што гвалтам пацягнуў да сваёй жонкі, бо быў упэўнены, што яна будзе рада мяне бачыць. Пасля сыходу мужа і добрага сняданку, які яна разбавіла сваімі жартамі, цэнзар стаў непажаданы. Не задумваючыся, яна схавалася і загадала перадаць мне, што «хварэе». У перадпакоі ляжалі з паўтузіна цыліндраў і паліто, за дзвярыма можна было пачуць вясёлыя галасы і смех некалькіх гасцей. Я пайшоў ад яе рады, што старыя адносіны цалкам перакрэслены. На другі дзень атрымаў запрашэнне на сняданак і суха адказаў на візітнай карце: «Дзякуй і прабачце».
[…]
Але дамова з ёй не прынесла мне нічога добрага. Я думаў, што калі пацверджу пані ганаровай старшыні свае абяцанні часоў «Кур'ера», дык на гэтым усё скончыцца. А пані Клемянціна разумела справу зусім па-іншаму, яна не сумнявалася ў тым, што я не адмоўлюся ад ранейшага абяцання і не паеду да яе, каб толькі яго пацвердзіць. Даць грошы на тэатр - гэта адно, і да гэтага яна была падрыхтаваная, а пабудаваць тэатр з усёй арганізацыйнай працай, апекай, кантролем і г. д. - гэта іншае, і менавіта гэтую ролю яна мне ласкава даручыла. Як «дзіця прыроды» і жанчына, яна ў той ступені мела нада мной перавагу ў хітрасці, якую маюць экватарыяльныя негры ці эскімосы над прыехаўшымі да іх навукоўцамі, ці звычайныя хатнія гаспадыні над мужамі-прафесарамі. Усе яны не аналізуюць людзей, не параўноўваюць іх паміж сабой, не займаюцца інтэлектуальнымі гульнямі, а пазнаюць характары людзей «па паху». Мая спакусіцельніца адразу пачала з нядаўніх кракаўскіх расказаў пра Антэя, старога каня і хамут. Сказала пра святую службу дзеля народа і яго бацькоў Падэрэўскага і Дмоўскага і г.д., расказвала пра сваю вялікую ахвяру і ў рэшце-рэшт перамагла мяне.
Назаўтра ў пані Клемянціны сабралася каля 20 чалавек, на якіх можна было разлічваць. Дзельнага Юзафа Мантвіла сярод нас не было, да таго часу ён раптоўна памёр.
Калі было вырашана сумеснымі намаганнямі пабудаваць тэатр, пані Клемянціна заявіла, што ўнясе 10000 рублёў, яе брат Юзаф Патоцкі і швагер Уладзіслаў Браніцкі яшчэ 2000, разам 12000. Мае 20000. Неспадзявана, чалавек высокай рэпутацыі, стары сябар майго бацькі і ўладальнік друкарні Фелікс Завадскі разам з мала каму вядомым панам Рудзевічам, са сваіх сціплых грошай ахвяравалі 10000 рублёў. Некалькі іншых асоб абяцалі не менш за 1000. Такім чынам ад пачатку было каля 50 000. Па прыкладзе новапабудаванага тэатра ў Калішы я ведаў, што кошт не надта прэтэнцыёзнага будынка будзе больш за 150000 рублёў. Покуль добра, але гаворка ішла пра арганізацыйна-прававую форму таварыства.
Першай ідэяй было заснаваць звычайнае акцыянернае таварыства з капіталам у 150000 рублёў і прывабіць на свой бок патрыятычных віленскіх месцічаў. Дзякуючы сваёй антыбанкаўскай кампаніі я добра ведаў прававыя ўмовы і ўнутраныя парадкі такіх таварыстваў і таму рашуча выказаўся супраць.
[…]
Мае меркаванні былі прыняты, і адвакат Малінскі (?) узяў на сябе зацвердзіць у сталіцы прапанаваны статут. На пачатак вясны была прызначана новыя, вызначальная сустрэча. Пані Клемянціна паехала ў Парыж, неўзабаве туды паехаў і я.
[…]
Пан Малінскі прадставіў нам нібы новы статут, у якім не былі ўлічаны мае заўвагі.
[…]
Я казаў, што не буду ўступаць у такое таварыства і не дам свае грошы. Але замест таго, каб вярнуць сабе свабоду, я пачаў шукаць спосабы прадухіліць небяспекі, якія меліся ў статуце, і ўсё ж пабудаваць новы тэатр. Пані Клемянціна, у сваім стылі, паклала свае 12000 на мой рахунак у банк і паляцела за мяжу. Я пагаварыў з зычлівым губернатарам Любімавым і вырашыў, што няма іншага спосабу засцерагчыся ад магчымым праблем, як толькі стварыць прыватнае таварыства з абмежаванай адказнасцю і па парадзе губернатара паехаў у Пецярбург, дзе не было недахопу ў юрыстах якія спецыялізуюцца на розных формах таварыстваў.
[…]
Улетку 1912 г. у Вільні адбылася так званая «вайна кухарак», якая на нейкі час прывабіла грамадскую ўвагу. Кс.-біскуп Роп у сваім выгнанні не супакоіўся і меў уплыў на адміністратара дыяцэзіі кс. Міхалкевіча [25], які магчыма занадта падпарадкоўваўся свайму іерархічнаму шэфу ў летувіскіх і часткова беларускіх справах. Скарыстаўшы гэта, летувіскія дзеячы ў Вільні на чале з ваяўнічым адвакатам Вілешысам (раней ім ужо цалкам прадалі касцёл св. Мікалая), пачалі патрабаваць штодзённыя набажэнствы на летувіскай мове ва ўсіх касцёлах горада, асабліва ў былым універсітэцкім касцёле св. Яна, які ўважаўся своеасаблівай святыняй польскай ідэі. Пані Вілейшава арганізавала батальён кухарак ці прыватных служанак, з якіх выключна і складалася летувіская калонія ў Вільні. Падчас спявання ў касцёлах песняў на польскай мове, яны раўлі па-летувіску каб заглушыць спевы. Аднак колькасць служанак, якія лічылі сабе полькамі, была настолькі большай за летувіскі кантынгент, што барацьба ў касцёлах аказалася надта няроўнай. У пані Вілейшавай бракавала кантынгенту. І тады яны прыслухалася да мудрай стратэгічнай канцэпцыі аб канцэнтрацыі сіл. Паколькі ў кожным касцёле меліся некалькі ранішніх службаў, увесь летувіскі батальён накрычаўшыся ў адным касцёле, рыссю рушыў у другі, потым у трэці і г. д. Так званая польская інтэлігенцыя мела дастаткова такту, каб не прымаць удзелу ў гэтай вайне кухарак. Аднак кухаркі, сярод якіх вылучалася і мая тоўстая Анеля з жалезнымі лёгкімі і высокім голасам, самі сабе далі рады - арганізавалі контрбатальён і дзякуючы паблажлівасці сваіх гаспадынь, якія былі вымушаны пасціцца да 10-й раніцы, рашуча ўзялі верх і прымусілі летувісак маўчаць. Адначасова, пэўная агітацыя адчувалася і ў вясковых парафіях, але яна не мела поспеху. У Беняконскай парафіі сяляне, хоць і карысталіся ў хаце летувіскай гаворкай, звязалі свайго летувісманскага пробашча, паклалі ў воз, вывезлі на мяжу парафіі і выкінулі ў роў. Рэха гэтых баёў дайшло ў Рым і абурыла шаноўнага мансеньёра Скірмунта. У сваю чаргу Аляксандр Тышкевіч усё больш адыходзіў ад свайго першапачатковага летувісаманства і не мог змірыцца з тым, што на пробашча польскага касцёла св. Станіслава ў Рыме рымская курыя, па рэкамендацыі рускай амбасады, прызначыла кс. Прапалінаса. У той час ў Рыме, як і паўсюдна, Польшча лічылася простай прыбудоўкай у расійскім гмаху. Гэта быў той самы ксёндз, які адыграў вельмі падазроную ролю ў справе з падробкай тастаманта князя Багдана Агінскага. Калі ён пакідаў Коўню, афіцыйны орган мясцовых праваслаўных брацтваў «Літоўская Русь», паведаміў, што «учора мы праводзілі нашага супрацоўніка ксяндза Праполіса».
[…]
Закладка кутняга каменя тэатра адбылася 17/30 красавіка 1912 г.
[…]
Адкрыццё тэатра адбылося 12/15 кастрычніка 1913 г.
Кніга трэцяя. Сусветная вайна.
Раздзел I. Ліпень 1914. Эмс. Берлін. Вільня. Лаздуны. Пракламацыя в. кн. Мікалая. Справа Рэнекампфа. Таненберг.
Ліпень 1914 г. стаў той вяршыняй майго жыцця, з якой лягчэй зваліцца, чым на ёй усядзець. Мне споўнілася 66 гадоў, але я яшчэ не адчуваў сябе старым. Дажыў да той хвіліны, калі чалавек можа з алімпійскім спакоем глядзець на прыгожую палову чалавецтва, якую кожны мужчына можа абвінаваціць, што ў абмен на імгненні задавальнення, менавіта з-за іх ён зрабіў амаль што ўсе свае памылкі, меў згрызоты, расчараванні, атрымліваў насмешкі і нават подласць, якія «ўпрыгожваюць» яго мінулае. Каб задаволіць жаданне павагі, якое характэрнае для гэтага ўзросту, і надзеі, што non omnis noriar (лац. «усё не памрэ». - Л. Л.), я вывеў сваю гаспадарку на высокі ўзровень культуры, паспяхова развіваў Віленскае сельскагаспадарчае таварыства, бачыў далейшы росквіт «Кур'ера Літоўскага», які адбыўся, дзякуючы дадзенаму мной імпульсу, меў пэўную вядомасць яе прамоўца і пісьменнік, і нарэшце мазольна закончыў будаўніцтва тэатра ў Вільні.
Гледзячы ў будучыню, бачыў сваю старасць падзеленай на дзве роўныя часткі, адна ў краі павінна была абапірацца на даходы ад маёнтка, другая на Сене ці Рыўеры, забяспечаная даходамі ад вялікага капіталу.
Між тым, дзякуючы вар'яцтву правадыроў нямецкай нацыі і самога гэтага народа, ад маіх мар нічога не засталося, і маё жыццё набыло той жа самы шэры колер, які мела ў часы Мураўёва і Каўфмана, але пры гэтым - мінус маладосць і надзея. Бо супраць тых лютых знішчальнікаў абшарніцтва майму бацьку і мне ўдавалася паспяхова змагацца, але супраць іх годных спадкаемцаў у Варшаве змагацца было немагчыма, бо яны былі свае і лепш ведалі слабыя бакі сваіх ахвяр.
Далей - успаміны.
[…]
Я даўно прадбачыў няўмольнасць і непазбежнасць канфлікту, прынамсі паміж Расіяй і Францыяй з аднаго боку і нямецка-аўстрыйскім саюзам з другога. Пра гэта сведчаць дзве мае вельмі гучныя прамовы ў Дзяржаўнай думе Расіі, якія каментаваліся ў нямецкай прэсе і ў штомесячніку «Le Correspondant» ад 10 верасня 1913 г.
Я не сумняваўся, што такі, нават абмежаваны канфлікт выкліча жудасны фінансавы крызіс і планаваў застрахаваць сваю старасць ад яго наступстваў. Акрамя майго нерухомага фонду ў дзяржаўным банку Берліна і часткова ў філіі дзяржаўнага расійскага банка ў Вільні, я меў вялікі капітал, які складаўся з нямецкіх, расійскіх і аўстра-венгерскіх дзяржаўных папер. Таксама зімой 1914 г. у Парыжы пры дапамозе вельмі дасведчанага ў банкаўскай справе пана Карла Халперта (мужа Браніцкай, сёння чыннага супрацоўніка нашай амбасады ў Парыжы), я прыдумаў наступны праект: мабілізаваць ўсю гэтую масу грошай, праз Халперта купіць у Лондане 4,5-працэнтныя аблігацыі жалезных дарог ЗША і такім чынам уладкаваць свае грошы «за плячыма пана Бога». З гэтым праектам 14 красавіка вярнуўся ў Вільню, але з-за майго звычайнага «нешанцавання», якое пераследуе мяне ад нараджэння, пачалі назапашвацца перашкоды.
[…]
і толькі 14 ліпеня 1914 г. я выехаў з Вільні на курорт у Эмс.
[…]
Тэрмін майго адпачынку набліжаўся да паловы, калі раптам стрэліў памятны аўстрыйскі ультыматум Сербіі. І ў мяне, і ў маіх нешматлікіх часовых сяброў склалася ўражанне, што ён пах порахам, бо адрэдагаваны каб абавязкова выклікаць адмову. Мой сусед па абедзенным салоне, палкоўнік бельгійскай арміі падтрымаў гэтую думку і адразу спалохаўся. Аднак на працягу некалькіх дзён абмен тэлеграмамі паміж вялікімі дзяржавамі, сціплая рэакцыя сербскага ўрада і відавочныя шчырыя намаганні Вільгельма ІІ, нібыта накіраваныя на лакалізацыю канфлікту, нараджалі надзею на мірнае рашэнне і пра гэтую надзею казалі ўсе без выключэння немцы.
Гэта ўвяло ў зман вялікую колькасць рускіх падданых і хутка падставіла іх пад жорсткія напады «добразычлівага» нямецкага насельніцтва. Я вельмі не хацеў перапыняць лячэнне і таксама патрапіў бы ў тую пастку, калі б мяне не выратавала асаблівая здольнасць усё дасканала пралічваць. У чацвер раніцай 30 ліпеня, ідучы на інгаляцыю, я набыў серадовы парыжскі выпуск амерыканскай «Нью-Ёрк Геральд». З раззяўленай дзюбай, палыкаючы пыл мінеральнай вады, я чытаў камерцыйны раздзел, у якім заўважыў тэлеграму з Нью-Ёрка наступнага зместу: «Учора параход «Вільгельм дэр Гроссэ» з грузам золата коштам у 14 мільёнаў долараў выйшаў у Гамбург з нашага порта, а сёння з тым самым грузам коштам у 10 мільёнаў выйшаў карабель «Кронпрынцэса Цацылія». Бліскавічна ўзнікала разуменне, што завоз такой колькасці золата ў час, калі нямецкая валюта не мае ніякіх ваганняў, не можа быць нічым іншым, як толькі падрыхтоўкай да вайны. А калі падлічыць, колькі трэба часу, каб сабраць такую колькасць золата вагой каля 4000 кг, усё узважыць на ювелірных вагах, упакаваць і пагрузіць на караблі, дык становіцца зразумелым, як Божы дзень, што ўсё гэта пачалося за некалькі дзён да аўстрыйскага ўльтыматума Сербіі. Таму Вільгельм ІІ і нямецкі ўрад не толькі не былі занепакоены ўльтыматумам, як пра гэта пісалі газеты, але, напэўна, і самі натхнялі гэты крок.
Значыць, пане Гіпаліце, ногі ў рукі і хутка дахаты. Не вяртаючыся ў пакой, пабег на вакзал узяць білеты на вячэрні экспрэс да Берліна, расплаціўся за курорт і загадаў служцы неадкладна пакаваць мае рэчы. Падчас сняданку мой бельгійскі палкоўнік сказаў, што праз гадзіну ён едзе ў свой замак на самай галандскай мяжы, бо заўтра можа выбухнуць вайна і яго зноў прызавуць на чынную вайсковую службу.
- Што вас хвалюе, Бельгія ж нейтральнай дзяржава?
- Гэта на паперы, але немцы згвалцяць наш нейтралітэт і праз наша бруха ўвойдуць у Францыю. Так і будзе, і малая Бельгія не можа супраціўляцца. Але мы не былі б дзяржавай і народам, каб безабаронна пацярпелі такую знявагу. Кароль Альберт адразу б страціў сваю карону. Але ён рыцар і стане на чале народа. І калі ад каралеўства застанецца толькі шматок недзе каля Дзюнкерка, ён там і загіне.
Глыбока ўсхваляваны я паціснуў яго руку і з болем успомніў нашу вялізную Рэч Паспалітую XVIII ст., па якой, як па пустцы, 70 гадоў бадзяліся розныя чужынскія войскі.
Пры чорнай каве да майго століка падселі нейкі нікчэмны немец, барон з Рура, з якім я ўжо некалькі разоў размаўляў, і напалову немец, а напалову англічанін з Гамбурга. Барон, чалавек гаваркі, але разам з тым разважлівы, сам пачаў размову пра надыходзячую вайну. Ён адразу заўважыў, што Польшча на гэтым можа толькі зарабіць і падрабязна растлумачыў, чаму германа-аўстрыйскі саюз атрымае ўпэўненую і маланкавую перамогу, сказаў таксама, што адной Аўстрыі хапіла б каб стрымаць шматлікую рускую армію, якая мае малую прафесійную каштоўнасць, а французскае войска, нягледзячы на храбрасць і добрае камандаванне, часткова стрымліваецца італьянцамі і не зможна супрацьстаяць удвая большай нямецкай арміі. На маю заўвагу, што ён дарэмна разлічвае на актыўнае ўмяшанне італьянцаў і не ўлічвае Англію, немец без вагання адказаў: «Магчыма, але яны не маюць паняцця аб нашым узбраенні». Гэта сляпая вера ў іх знакамітую тэхніку, якая доўжылася да самага канца вайны, фактычна і знішчыла гэтую нахабную нацыю. Мой барон закончыў цікавай і, як аказалася, трапнай заўвагай. Ён уздыхнуў і сказаў: «Нягледзячы на нашу пэўную перамогу, я думаю, што наш кайзер зробіць вялікую памылку, калі пачне вайну. Што мы на гэтым заробім? Некалькі мільярдаў кампенсацыі, кавалачак Латарынгіі і добрую палову іхніх заморскіх калоній. Але ўвесь свет, які зараз зайздросціць нашай славе і нашай магутнасці, будзе ненавідзець нас да глыбіні душы. І на цэлае пакаленне, а можа больш, мы страцім нашу бязмежную рускую калонію, нашу бязмерна багатую англійскую калонію, нашы прыгожыя і прыемныя французскія і італьянскія калоніі - нашы рынкі збыту. Дрэнны бізнес».
Цікава, што ён сёння думае пра гэты бізнес?
Пасля сняданку, хоць ні мабілізацыя, ні нават папярэдняе абвяшчэнне «ваеннай небяспекі» не былі абвешчаныя, некалькі сотняў маладых немцаў, усе яшчэ ў цывільнай вопратцы, прайшлі перад маімі вокнамі з крыкамі: «Deutschland uber alles» (ням. «Германія вышэй за ўсе». - Л. Л.).
З гэтага моманту, гадзіна за гадзінай, паўсюдна ўзмацняўся пах пораху. Калі ў 23-00 я сеў у вагон экспрэса першага класа, дык знайшоў у ім чатырох немцаў, якія разваліліся на канапах і пачалі бурчэць на мяне. Калі ж праз некалькі хвілін кантралёр папрасіў білеты, аказалася, што білет першага класа маю толькі я, а ў іх быў 2 ці нават 3 клас. Я шматзначна паглядзеў на кантралёра, які прамармытаў: «Kriegszeit» (ням. «Ваенны час». - Л. Л.).
А 8-й раніцы я прыехаў у Берлін і паслаў слугу ў гатэль «Кантыненталь», каб ён зняў мне пакой да вечара, а сам адразу пайшоў у бюро спальных вагонаў. Купіў білет і адразу рушыў у «Дойчэ Банк», які яшчэ не адчыніўся. Меў там больш за 20 000 марак на разліковым рахунку і зняў ўсе, акрамя 1 000 (каб вяліся) у французскім золаце і рускіх банкнотах. Грошы выдалі, нават не звярнуўшы на мяне ніякай ўвагі, але доктар Гласко ў Вільні расказваў, што калі ў той жа час ён хацеў зняць свае сціплыя 2 000 марак, яму адмовілі са словамі: «Нашым ворагам грошы не выдаем», хоць мабілізацыя афіцыйна была аб'яўлена толькі апоўначы!
Калі каля 13-00 я праходзіў па Ундэр дэр Ліндэн, з боку замка заўважыў вялізны натоўп, які цягнуўся ажно да Фрыдрыхштрасэ. Не ведаючы, што адбываецца, спытаў у нейкага немца. Ён адказаў: «Наш імператар размаўляе са сваім народам». Гэта была тая самая слаўная прамова з балкона, у якой Вільгельм ІІ аб'явіў пачатак вайны і шчыра размахваючы тэлеграмамі, абвінаваціў свайго калегу - манарха і кузына Мікалая ІІ у тым, што той «яго подла ашукаў». Вечарам, каля 24-00, пры аб'яўленні мабілізацыі, я сеў, а дакладней, ускочыў у цягнік на Кёнігсберг і Эйдкунен. Насільшчык укінуў ручны багаж майму служку праз акно, ён паспеў яго раскласці, але не паспеў выйсці ў свой 3 клас, калі дзверы былі гвалтоўна зачынены і заблакаваны натоўпам пасажыраў, якім давялося ехаць ўсю ноч стоячы. Слуга мусіў ехаць у маім купэ. У Дзірашаў, каля 6-й раніцы, праз шчыліну ў фіранках, якія нам загадалі апусціць, я заўважыў, што ўвесь луг, да гарызонту быў пакрыты намётамі з жаўнерамі - і гэта ўжо праз 6 гадзін пасля аб'яўлення мабілізацыі! Гэтак бедны і нявінны «бош» быў прымушаны хітрым рускім і яшчэ больш хітрэйшым французам да вайны. Каля 12-й гадзіны мы прыехалі ў Эйдкунен. Станцыя і ўсе дамы вакол яе былі зусім пустыя. Нас трымалі 2 гадзіны, мы былі галоднымі, але нам не дазвалялі выйсці ў пусты вакзальны буфет. Неяк усё ж нас прывезлі ў Вержбалова, не менш пустую станцыю чым Эйдкунен. Вядома, што ў той момант і немцы, і рускія хаваліся адзін ад аднаго. У Вержбалове я даведаўся, што мой багаж прапаў. У адказ на маю скаргу, рускі чыноўнік, які разам з немцам кантраляваў спіс, сказаў: «Не турбуйцеся. З 715 багажных квіткоў не хапае 60 багажоў і ўсе як адзін - пасажыраў 1 класа ці спальных вагонаў. Немцы ўжо прасабечылі сябе нашы рэчы. Насамрэч, пасля пошукаў, зробленых ужо пасля перамір'я ў 1919 г., высветлілася, што мой багаж разам з іншым, быў выгружаны яшчэ ў Караляўцы і нібы прададзены там з аўкцыёну, але насамрэч разрабаваны і нямецкая чыгунка праз польскае консульства прапанавала мне 400 марак, якія тады раўняліся 21 франку.
Але мне ўсяроўна пашанцавала, бо наступны цягнік з Берліна быў спынены за 14 км ад мяжы, і вялікі князь Канстанцін Канстанцінавіч і вядомы дэпутат Дзяржаўнай Думы Маклакаў былі прымушаны ісці да Вержбалова пяшком з рэчамі ў руках - іх багаж таксама знік.
На станцыі Вержбалова не было ні лакаматываў ні вагонаў, але праз нейкі час, якраз калі ў Пецярбургу граф Пурталес аб'яўляў вайну [26], у ноч з суботы на нядзелю, прыйшоў цягнік з Коўні, і мы паехалі. У Вільні былі ў 10-й раніцы. Заехаў у сваю кватэру каля вядомага гатэля «Св. Георг», там прыбраўся і пайшоў на сняданак і адначасова на выведку у рэстарацыю гэтага гатэля. Рэстарацыя была перапоўненая знаёмымі, якія мяне атачылі і засыпалі пытаннямі, усе казалі, што сёння пачалася новая старонка гісторыі. Разам з іншымі да мяне цырымонна наблізіўся біржанскі ардынат, граф Андрэй Тышкевіч, сын с. п. Яна і вядомай пані Клемянціны, пазнейшы «амбасадар» Ковенскай Летувы ў Лондане - і як у лепшага сябра яго нябожчыка-бацькі і дасведчанага чалавека ўрачыста папрасіў мяне растлумачыць, «якім у гэту гістарычную хвіліну ёсць абавязак добрага паляка?». Я адказаў: «Чакаць, узірацца і галоўнае, старанна берагчы польскую зямлю і польскую кроў, гэта значыць сваю маёмасць і сваю скуру». Я сказаў гэта, бо ўспомніў, як падчас японскай вайны Альфрэд Тышкевіч, які, канешне, не меў розум Метэрніха, але быў адважным чалавекам, добраахвотна запісаўся ў казакі пры тым, што быў адзіным дзіцём і не падлягаў ваеннай службе. Ён цэлы год рызыкаваў на рускай службе ў справе, ад якой мы нічога не маглі атрымаць.
Коратка апісаць стан пануючых думак сярод абшарніцтва краю можна было наступным чынам: цьмянае пачуцце, што з канфлікту, які пачаўся, павінна выйсці нешта спрыяльнае для польскай справы, але без ніякага ўяўлення, як гэта можа стацца і што мы павінны рабіць. Дзякуючы традыцыйнай сімпатыі да Францыі і антыпатыі да швабаў, уласцівай усім славянам, сімпатыя да справы саюзнікаў значна пераважала антыпатыю да маскоўцаў як такіх, гэта антыпатыя значна аслабла пасля рэформаў 1905-1906 гг. Аднак надзея на поспех была даволі хісткай. Большасць нашай інтэлігенцыі лепей ведала Германію чым Францыю і тым больш Англію і была прасякнутая, насамрэч, бязмежным захапленнем нямецкай арганізаванасцю, тэхнікай і г. д. На першым этапе яшчэ не адчувалася агульнага абурэння супраць немцаў і аўстрыйцаў за тое, што яны нарабілі на гэтай вайне, абурэння, якое павінна хутка стаць для большасці хрысціянскіх народаў да самых апошніх часоў (пісаў да Лакарна ), агульным сімвалам веры.
У тыя жнівеньскія дні мяне галоўным чынам цікавілі настроі вёскі, бо ўжо хадзілі чуткі пра спарадычныя напады рэзервістаў на шляхецкія сядзібы, галоўным чынам на тыя, дзе меліся вінакурні і запасы спірту . Вялікі розгалас атрымаў напад, які пачаўся з рабавання складу спірту і закончыўся рабаваннем усяго маёнтка пана Ваньковіча ў Ігуменскім павеце Менскай губерні. Таму яшчэ з Вержбалова я тэлеграфаваў адміністратару майго маёнтка, дрэннаму аграрніку, але спрытнюгу першага гатунку, якога наступнай вясной планаваў звольніць. У часы немцаў, бальшавікоў і палякаў ён даказаў, што належыць да таго класу давераных асоб, якія гатовыя як Тарцюф Мальера заўсёды заявіць дзедзічу: «Гаспадарка мая, а табе трэба знікнуць».
З-за цяжкасці зносін на пачатку вайны, ён прыбыў да мяне толькі праз некалькі дзён і адразу пачаў заклінаць мяне ранамі Хрыстовымі, каб дзеля выратавання ўласнага жыцця, я, крый Божа, не з'явіўся ў сваіх Лаздунах. «Небяспечныя норавы, настроі, узрушанасць розумаў, неспакой» і г. д. але без ніякіх фактаў. Я зразумеў, што адбываецца, і з годнасцю рымскага сенатара перад нападам галаў сказаў яму: «Тое, што вы кажаце, вельмі сур'ёзна, але чалавека абавязку, якім я ёсць, гэта пераконвае ў тым, што маё месца зараз менавіта ў Лаздунах, дзе мая прысутнасць можа мець выцвераджальны эфект на мясцовае насельніцтва. Таму, калі ласка, заўтра вяртайцеся ў Лаздуны, а паслязаўтра прышліце мне коней у Ліду, бо лінія Ліда - Маладзечна, як вы кажыце, забітая вайсковымі эшалонамі. З Ліды я, як-небудзь, дабяруся да Лаздун.
Перад маім ад'ездам у праваслаўным саборы і віленскай катэдры адбыліся ўрачыстыя службы, на якіх прысутнічаў галоўнакамандуючы Паўночна-заходняй арміі генерал Рененкампф. Гэта пабудзіла мяне зрабіць візіт да генерала, пасля якога ў мяне з'явілася ўражанне, што я размаўляў з простым вахмістрам. Моцны, даволі нязграбны, амаль што 60-ці гадовы чалавек, з шырокім адкрытым тварам і вялікімі вусамі, як ў Тараса Бульбы, надзвычай самаўпэўнены, вельмі ветлівы з мясцовым абшарнікам, ён сказаў мне цывільнаму: «Што б не рабілі нямецкі і французскі галоўнакамандуючыя, я праз некалькі дзён перайду прускую мяжу». Потым перад адным з маіх знаёмых ён выцягнуў левую руку і сказаў: «Няхай мне адсякуць руку, калі я не буду ў Берліне праз тры тыдні». Можа ён не ведаў, што ад Вержбалова да Берліна больш за 700 км і нават пры трыумфальным бесперапынным маршы, яго арміі спатрэбіўся б удвая большы тэрмін.
11 жніўня я прыехаў у Лаздуны. Яшчэ не даехаўшы да двара, пераканаўся, што страхі і пагрозы майго спрытнюгі былі хітрым манеўрам, каб я не быў сведкам, як ён, упэўнены ў бязмежнай дурноце свайго хлебадаўца (гэтак яны заўсёды лічаць), ловіць рыбу ў мутнай вадзе. Усе, каго я сустрэў яшчэ на мяжы свайго маёнтка: сяляне, чэлядзь, дамашнія служкі, усе яны вельмі сардэчна віталі мяне - дзедзіча з вяртаннем з далёкага краю. Многія з цікавасцю пыталіся, што будзе далей. Працуючы, усе выказвалі добрую волю, нягледзячы на сыход мужчын ў войска. Вялізныя рэзервуары вінакурні, у якіх было больш за 1000 гекталітраў спірту, стаялі некранутымі, пры іх нават ніхто і не думаў. Адным словам, «спакой на зямлі для людзей добрай волі».
Даведаўся, што прызваныя рэзервісты добраахвотна і нават весела паехалі ў Ашмяны. Аднак яшчэ ўвесну каля касцёла чуў, як два вясковыя мудрацы размаўлялі пра магчымую вайну і адзін з іх сказаў: «Вайны не будзе, бо яна без мужыкоў не адбудзецца, а хто ж з нас у яе палезе?».
Праз некалькі дзён вярнуўся ў Вільню. Ужо на станцыі Юрацішкі, другой на ўсход ад Ліды, мне давялося паўночы чакаць цягніка, у якім я змог уціснуцца ў афіцэрскі вагон. Быў па-сапраўднаму здзіўлены хуткасцю і дакладнасцю чыгуначнай службы ў гэты крытычны час і стараннасцю ўсіх, пачынаючы ад самага малодшага чыноўніка. Але ўсё гэта трымалася толькі некалькі тыдняў, пасля чаго, як звычайна бывае ў славян, пачаўся ўпадак энергіі.
У Вільню я патрапіў як раз у той дзень, калі генерал Рененкампф перайшоў мяжу і абвясцілі вялікае блюзнерства - пракламацыю вялікага князя Мікалая Мікалаевіча, які ўрачыста абяцаў аб'яднанне ўсіх польскіх зямель і адраджэнне аўтаноміі пад скіпетрам рускага цара.
Гэта пракламацыя хутчэй здзівіла наша віленскае грамадства, чым выклікала радасць. Не было нічога падобнага да тых пачуццяў, якія 9 гадоў таму выклікаў маніфест 17/30 кастрычніка 1905 г. - краевугольны камень, як быццам расійскай канстытуцыі. Праглынуўшы ўжо адно такое мыла, грамадства нібыта адказвала Найяснейшаму гаспадару: «Не, татачку, нас больш не падманеш».
Сярод расейцаў маланкава пашырылася думка прыменшыць гэтую пракламацыю, падаўшы яе ці як неабавязковы асабісты акт вялікага князя, ці як неабавязковыя абяцанкі на будучыню - калі будзе заваявана ўся Вялікая і Малая Польшча, ці як дакумент, абмежаваны толькі польскімі землямі і не датычны «исконно русского Северо-западного края». З рэдкім у нас палітычным чуццём, усе адразу зразумелі, што пакуль гэта толькі пробны шар, якому не трэба верыць, але ўголас трэба казаць, што верым.
Па ініцыятыве майго наступніка на пасадзе старшыні сельскагаспадарчага таварыства Паўла Кончы быў скліканы сход усіх прысутных у горадзе польскіх землеўладальнікаў, які прайшоў у маёй кватэры і пад маім кіраўніцтвам. Мы падрыхтавалі і падпісалі ўдзячную тэлеграму аб мэтазгоднасці такога кроку. Мы ведалі, што менскія абшарнікі падалі тую ж самую, але можа занадта лірычную тэлеграму.
[…]
Множыліся ахвяры. Загінуў герой японскай вайны, малады і вельмі прыемны, хоць і змаскоўшчаны князь Мікалай Радзвіл, сын Вільгельма і слыннай Ржавускай, другі муж «Магдалены Іванаўны» з Завішаў, удавы Людвіка Красінскага [27], загінуў князь Ігар Раманаў, сын вялікага князя Канстанціна Канстанцінавіча, яго цела прывезлі ў Вільню, бацькі прыехалі з Пецярбурга, набажэнства адбылося ў новапабудаванай царкве на Пагулянцы, я асабіста ведаў вялікага князя і мусіў прысутнічаць.
У гэтыя дні меў два вельмі цікавыя візіты. Неяк прыгожым ранкам служка далажыў, што на кухні чакае нейкі унтэр-афіцэр: «Калі ласка, хай заходзіць». Увайшоў малады чалавек сярэдняга росту, гадоў дваццаці з нечым, вельмі зграбны, прыстойны, павітаўся па-вайсковаму і прадставіўся: «Я - Балаховіч, сын Юзі» [28]. «О, сядайце, калі ласка». Юзя была дачкой адвечнага кухара маіх бацькоў Юзафа Шафрана, які ў 1860-1864 гг. служыў у маёй маці ў Парыжы.
Маленькая, вельмі прыстойная, сімпатычная, заўсёды паважная і чынная Юзя, у 1867 г. была пакаёўкай маёй сястры, дзякуй Богу, сёння яшчэ жывой, Марыі Мяйштовіч. Калі мая сястра ад'язджала да шлюбу, малая Юзя ўчапілася за яе спадніцу і ў слязах прабляяла: «Я ад паненкі не адступлюся, я за паненкай паеду на край свету». І паехала. Потым выйшла замуж за кухара майго швагра, на свае зберажэнні яны купілі ў Мяйштовічаў малы кавалак зямлі, потым купілі большы, дасканала выхавалі некалькіх дзяцей, і малады чалавек, які стаяў перада мной, перад выбухам вайны быў наглядчыкам лясоў у буйнога землеўладальніка графа Фелікса дэ Броель-Плятэра. З фронту яго накіравалі ў Вільню для набыцця розных інструментаў для палка, таксама ён хацеў нешта купіць і для сябе, але закончыліся грошы, і таму ён прасіў мяне авансаваць яму 25 рублёў, што я з радасцю і зрабіў (і хутка гэтыя грошы мне даслалі яго бацькі). Я скарыстаўся магчымасцю і спытаў яго пра справы на фронце. «Дрэнна з-за загадкавых намераў вышэйшага камандавання, яшчэ горш з-за недахопу зброі». Памятаю, ён тады казаў мне, што расіяне маюць 2 кулямёты на батальён, а немцы - 4 на роту. Жаўнеры пачалі бурчэць: «Немцаў мы не баімся, але хочам ваяваць з людзьмі, а яны ваююць «мясам» супраць кулямётаў».
Праз некалькі дзён з'явіўся ўрачысты, у двухбортным паліто, пан Караль Салмановіч, старшы дырэктар Віленскага гандлёвага банка. Ён папрасіў мяне, з-за важнасці фінансавых спраў, паведаміць яму мае меркаванне аб выніках вайны. Я адказаў, што бачу тут 2 вайны - заходнюю і ўсходнюю. На захадзе раней ці пазней немцаў перамогуць, бо сёння ўжо не 1870 г. […] Але мяне вельмі інтрыгуе вайна на ўсходзе. Супраць аўстрыйцаў ідзе сапраўдная, як на захадзе, жорсткая вайна. Але што да немцаў, дык мой стары чуйны нос кажа мне пра нешта няшчырае і штучнае. Падобна на двух байцоў у цырку, якія нібыта жорстка б'юцца, але не наносяць адзін аднаму сапраўдных удараў.
[…]
Раздзел II. Пецярбург у верасні 1914 г. Лаздуны. Варшава ў студзені 1915 г. Вільня. Лаздуны. Мемарыял да паноў Енгалычава і Любімава.
З-за Нёмана, у далечыні да фронту і ,маючы моцную ковенскую фартэцу, мы не адчувалі непасрэднай пагрозы для Вільні. Таму 15 верасня, ужо пасля «Цуда на Марне» [29], я выехаў у Пецярбург.
[…]
Большую частку часу [пасля Пецярбурга] я праседзеў у Лаздунах. На Новы год мяне апанавала думка наведаць Варшаву, «панюхаць» тамтэйшую атмасферу. Па чыгунцы Ліда - Ваўкавыск - Сядлец, 6/19 студзеня прыехаў у Варшаву і спыніўся ў «Гатэлі Еўрапейскім». Пасля абеду наведаў маю былую губернскую маршалкову Генавэфу, удаву слыннага пана Адама графа Броель-Плятэра, якая расказала мне, што ў Варшаве ўжо ёсць новы губернатар, князь Енгалычаў з яго намеснікам па цывільных справах, былым нашым віленскім губернатарам Дзмітрыям Мікалаевічам Любімавым - нашым добрым агульным сябрам. Ён пакінуў пра сябе добрыя ўспаміны на Віленшчыне.
Вечарам абедаў у «Паляўнічым клубе» з графам Дзмітрыем Адамавічам Алсуф'евым, які толькі што прыехаў і хутка вяртаўся ў Львоў. Граф адрозніваўся рэдкай для расіян абсалютнай шчырасцю. Расказаў мне, што свае падарожжа ў Львоў ён распачаў як пілігрымку ў рускі Іерусалім і гэта сталася яго самым вялікім расчараваннем. Ён пераканаўся, што Львоў - такі ж еўрапейскі горад, як і Варшава, і быў абураны дзейнасцю Ул. Бабрынскага [30], які вынішчаў польскасць на карысць не рускасці, а ўкраінства, куды больш небяспечнага для Расіі, чым польскасць.
На наступную раніцу, калі я яшчэ чакаў ранішняй кавы, пачуў моцны стук у дзверы і сказаў: «Заходзьце». Каля майго ложка ўсеўся Любімаў і адразу сказаў:
- Галуба, дарагі Гіпаліт Аскаравіч, Генавэфа Вандалінаўна паведаміла мне пра ваш прыезд, я вечарам пазваніў князю Енгалычаву, і вось я тут, бо сам Пан Бог паслаў вас сюды. Мы абодва прыехалі сюды з цвёрдай і ўжо прынятай наверсе праграмай і маем намер правесці шэраг неадкладных рэформаў, здольных прымусіць польскае грамадства паверыць, што абяцанні вялікага князя Мікалая не стануць пустымі словамі. Мы абодва тут чужыя і не ведаем краю, мы не ведаем, з чаго пачаць. Ніхто лепшы за вас не можа нам дапамагчы. Уважаю вас за шчырага манархіста, добрага паляка і спрактыкаванага дзяржаўнага дзеяча, вы павінны дапамагчы нам і падрыхтаваць праграму.
- Але, Дзмітрый Мікалевіч, я быў бы вам карысны ў Вільні, а не тут. Вам, як і мне, вядома, што нават саноўнікі якія найлепш ставяцца да палякаў, лічаць, што ўсё добрае павінна рабіцца толькі для Каралеўства Польскага, па-за межамі якога вы не маеце ўлады. Але ў Варшаве ўсе проста, тут ужо паўтара месяца дзейнічае Польскі нацыянальны камітэт, які ўзначальваюць не менш дасведчаны за мяне Зыгмунт Веляпольскі і ўжо некалькі гадоў сціслы ў сваіх памкненнях Раман Дмоўскі - заядлы вораг немцаў і прыхільнік Антанты. Звярніце прама ў Камітэт і я не сумняваюся, што дойдзеце з ім да паразумення.
- Але праблема ў тым, гэта канешне кітайшчына, але нам фармальна забаронена мець афіцыйную справу з гэтым Камітэтам і непасрэдна мець з ім стасункі. Нам патрэбны пасярэднік, і менавіта вы можаце ім стаць і чэрпаць свае ідэі адкуль пажадаеце.
Наша размова працягвалася да 3 гадзін дня, я мусіў у прысутнасці пана сенатара апрануцца, заказаць у нумар сняданак, і прама тут на месцы Любімаў выдаў мне свайго роду акрэдытыў - даволі доўгі ліст, у якім выклаў свае арыенціры рэформ, і прасіў мяне даслаць яму адказ у пісьмовай форме. […]
У той жа вечар і заўтра, за сняданкам у «Паляўнічым клубе», я даверліва абмеркаваў гэтую тэму з рознымі членамі Нацыянальнага камітэта і з ўплывовымі дзеячамі, з якіх магу яшчэ з пэўнасцю успомніць с. п. Яўстаха Дабецкага, князя Мацея Радзівіла, Леапольда барона Кроненберга, Юзафа Астроўскага, князя Севярына Чацвярцінскага - у той час вельмі чыннага старшыню Грамадзянскага камітэту, які меў у сваім распараджэнні вялікую канцылярыю і вельмі дапамог мне ў працы, бо даў здольнага стэнаграфіста. Натуральна, я распытаў ва ўсіх гэтых паноў, што яны, грамадзяне Каралеўства Польскага, лічаць магчымым і пажаданым для сябе. Прызнацца, я чакаў, што мяне запросяць на наступную сустрэчу ў сам Нацыянальны камітэт, але такой прапановы не атрымаў. Аднак, зважаючы на тое, што ў атрыманых мною адказах бракавала аднадушнасці і асабліва сістэмнасці, я палічыў, што па-сапраўднаму кампетэнтным будзе толькі пан Раман Дмоўскі, звязаўся з ім па тэлефоне і атрымаў прыём у яго кватэры ў 12 ночы.
У футры, з шапкай на галаве і цёплых ботах, бо ўжо не хапала паліва, я правёў у яго 2 гадзіны з алоўкам і аркушам паперы ў руках і падрыхтаваў усе прапановы для Любімава, не прапусціў ні адной прапановы Дмоўскага і не занатаваў ні адной сваёй, не прынятай ім, аднак пакінуў за сабой матывацыю і рэдагаванне, бо справа ішла пра асабісты ліст да Любімава. Апрача гэтага, паміж намі мелася яшчэ размова, з якой у памяці засталіся дзве дэталі, якія добра ілюструюць тагачасныя настроі. Тады нават у мяне, старога чалавека, кружылася галава, бо была надзея, што без усялякіх дзеянняў з боку палякаў, а тым больш дзеянняў з боку шчырых ці няшчырых нашых сяброў, магло стацца так, што ў выніку вайны, асабліва калі яна скончыцца кампрамісам, паўстане незалежная Польшча. І я спытаўся ў Дмоўскага, ці ёсць зараз у Каралеўстве партыя ці група, якая б мела такую праграму?
Вось што ён адказаў мне даслоўна:
- Можа знойдзецца некалькі старых гувернантак, якія мараць пра прыгожага князя Віда [31], які на белым кані ўязджае ў варшаўскае Кракаўскае прадмесце, але акрамя іх мала хто пра гэта думае. Лічу, што нягледзячы на жартаўлівую форму, ён, верагодна, выказаў думку, якая ў той час панавала ў краіне [32].
[…]
Пасля вяртання з нарады з Дмоўскім сеў за працу, і раніцай у пятніцу мой ліст-мемарыял да пана Любімава быў гатовы ў некалькіх экземплярах.
[…]
У той жа дзень зноў пайшоў да Дмоўскага і не знайшоў яго на месцы, таму пакінуў мемарыял на яго стале і папрасіў слугу перадаць яго свайму пану, калі той вернецца. У «Паляўнічым клубе» даў яго прачытаць усім вышэйзгаданым калегам, і яны выказаліся пра яго вельмі станоўча, ніхто не крытыкаваў ні змест ні форму. Заўтра ў суботу, на раніцы, даслаў гэты ліст Любімаву, і ў той жа дзень атрымаў ад сястры Мяйштовічавай ліст, у якім яна паведамляла, што адзін з яе блізнятаў небяспечна захварэў, і заклікала мяне вяртацца як мага хутчэй і прывезці з сабой нейкую лекарскую знакамітасць. Перад сняданкам да мяне зайшоў Любімаў і ад імя свайго шэфа князя Енгалычава, з якім я ўжо радзіўся два дні таму, запрасіў на абед да маркграфіні Веляпольскай, тым жа вечарам па тэлефоне Вяляпольская пацвердзіла запрашэнне.
Заўтра, нядзельным ранкам, мяне наведаў пан Дмоўскі. Даведаўся, што мой мемарыял ўжо перададзены ўладам, і выказаў сваё незадавальненне гэтым, хоць папярэдне меў шмат часу каб узгадніць нашы пазіцыі. Наступны раз я бачыў яго толькі праз год у Парыжы. У маркграфіні Енгалычаў працяглы час размаўляў са мной і пры гэтым зноў горача дзякаваў за дапамогу і казаў, што ён з Любімавым будзе ставіцца да маёй праграмы, як да сваёй ўласнай.
[…]
Начным цягніком вярнуўся ў Вільню […] 1 лютага і нікому тут не расказваў пра падзеі ў Варшаве. Стан здароўя пляменніка Эдварда Мяйштовіча, якога я любіў як роднага сына, моцна пагоршыўся, і хлопец хутка памёр.
[…]
Раздзел XIV. Вяртанне ў край. Варшава ў ліпені 1919 г. Вільня. Асмолаўшчына. Віленскі ўніверсітэт. Усходнія межы. Трагедыя лаздунскай конегадоўлі.
У Варшаве прабыў каля 3 тыдняў.
[…]
20 жніўня паехаў у Вільню, аднак на цэлы тыдзень затрымаўся ў свайго пляменніка на Ваўкавышчыне. Чакаў, калі туды прыедзе эканом майго маёнтка, бо хацеў даведацца, як ідуць справы ў мяне на вёсцы і ў якім стане мая кватэра ў Вільні. У Вільню патрапіў толькі 1 верасня. Адразу паехаў у сваю кватэру на «Праспекце», пераназваным у вуліцу Міцкевіча. Кватэру знайшоў у адносна добрым стане, што было нечаканым, бо падчас усёй нямецкай акупацыі яе займаў нейкі вайсковы обер-доктар, які жыў толькі ў спальні і сталовай, а свайго санітара пасяліў у пакоі майго камердынера. Мой кабінет і гасцёўня з бібліятэкай, добра ўпрыгожаныя творамі мастацтва, былі для яго музеем, які ён часам паказваў сваім гасцям. Ключы трымаў пры сябе і, калі з'язджаў у Германію, сказаў маёй пакаёўцы, якой добра плаціў і якую добра карміў, каб яна сказала мне, што калі чагосьці не хапае, дык толькі таго, што ў яго забралі вайсковыя нямецкія ўлады, а менавіта, кухонную медзь, сталовую і пасцельную бялізну, парыжскі сейф, які я потым знайшоў у нейкім былым нямецкім бюро. Сейф быў артыстычна, без ніякіх пашкоджанняў, адчынены немцамі, і яго вызвалілі ад некалькіх дзясяткаў памятных залатых манет, якія я ўспадкаваў ад бацькі ці сабраў сам, пры тым усе дакументы і паперы захаваліся. Бальшавікі за свае 4 месяцы ў кватэру не зайшлі.
Першае ўражанне ад маёй старой Вільні было хутчэй пазітыўным. Хоць брук на вуліцах і ходнікі былі ў жаласным стане, хоць прызначаны панам Юзафам Пілсудсім сатрап пан Ежы Асмалоўскі кіраваў краем ва ўсім, што магло прынесці нейкую матэрыяльную карысць, па прынцыпу «ваеннай здабычы», не было яшчэ і следу гэтай сістэматычнай «дэпаланізацыі», якая адбылася толькі з паўторным выгнаннем бальшавікоў у 1920 г. і бязлітасна працягваецца і сёння. Чыноўнікі, з якімі я меў справу, ўсе былі мясцовымі. Нягледзячы на тое, што немцы прабылі тут 3,5 года, яны нічога не змянілі ў нацыянальным абліччы горада. Акрамя вынайдзенай немцамі «Тарыбы», якая мела сядзібу ў Вільні, нічога новага летувіскага не з'явілася, але стала менш, чым у 1915 г. Што да маскоўшчыны, дык на маё здзіўленне, пасля роўна 50 гадоў намаганняў расійскіх улад па русіфікацыі насельніцтва і надання гораду рускага твару, дастаткова было сысці рускім чыноўнікам, як ўся русіфікацыя сплыла як фарба пад навальніцай.
Чыгуначныя камунікацыі ў той час былі нерэгулярнымі, а цягнікі настолькі перапоўненыя, што каб наведаць маёнтак, я загадаў прыслаць па мяне двухконную брычку і вазок для рэчаў. Заначаваў па дарозе ў знаёмага абшарніка і 20 верасня дапатопным спосабам даехаў да Лаздун. Відовішча там было зусім іншае, чым у Вільні. Праз маёнтак, за 10 км ад палаца, праходзіла лінія фронту. І хоць тут сутычак не было, але артылерыйская стральба доўжылася некалькі дзён, покуль рускія не адступілі за раку Беразіну і там таксама на маёй зямлі акапаліся. Двор 3 гады служыў штабам нямецкай дывізіі. У палацы жыло каля 40 афіцэраў на чале з нейкім генералам. Больш цяжкая мэбля: буфет, більярд, бібліятэчныя дубовыя шафы, засталіся на месцы, а ўсе больш лёгкае і вытанчанае паехала ў Фатэрланд. І паколькі 40 афіцэраў-бошаў не хацелі сядзець і спаць на зямлі, яны з навакольных сядзіб, плябаній і яўрэйскіх хат, прыцягнулі сюды больш мэблі, чым было раней у мяне. Найбольш балючым было сплюндраванне маёй бібліятэкі і архіва. З чатырох з нечым тысяч тамоў засталося толькі дзве тысячы, у асноўным некамплектных. Што да архіваў, дык, верагодна, прадбачыўшы канфіскацыю нашых маёнткаў на карысць нямецкіх «вялікіх дзеячаў», акупанты старанна ачысцілі дзве адмыслова ўмураваныя шафы, і тут не засталося нават абрыўка з майго старанна падшытага і каталагізаванага ліставання са с. п. маім бацькам з 1858 па 1906 г., якое, з-за яго глыбокага розуму і адукаванасці, напэўна, мела б значна большую гістарычную і літаратурную вартасць, чым гэтыя мае ўспаміны.
Маёнтак атрымаў вялікую шкоду. З вялізнай паравой вінакурні, якая з'яўлялася сапраўднай воссю ўсёй маёй гаспадаркі, рускімі была абдзёрта ўся медзь, а немцамі ўсе жалезныя часткі, і вінакурня была перароблена ў казарму. Вялікае мураванае збожжасховішча са скляпеністымі столямі, перароблена ў швейцарскую вілу для афіцэраў, якія не змясціліся ў палацы. Кароўнік на 110 штук быдла перароблены ў кінематограф для жаўнераў, а канюшня, дзе месціўся конезавод на 60 коней (у апошні час эвакуяваны ў Расію), цалкам згарэў ад абстрэлу. У вялікай вазоўні, дзе я трымаў сапраўдную калекцыю элегантных карэт усіх тыпаў, знайшоў толькі старое нямецкае ландо без колаў і брычку познаньскага тыпу, на якой прыехаў. Што тычыцца палёў, то немцы з першага года пачалі сеяць выключна жыта на жыта без штучных угнаенняў і гною, бо ўсіх коней, акрамя некалькіх афіцэрскіх, трымалі па вёсках, дзе мецілася шмат жаўнераў. Аднак, паколькі толькі ў канцы верасня 1918 г. немцы пераканаліся ў тым, што ім давядзецца цалкам пакінуць край, яны пакінулі засеянымі больш за 160 гектараў жыта, што дазволіла думаць пра адраджэнне гаспадаркі.
У лясах, якіх у той час я меў 4000 га, немцы паставілі два тартакі і дзве машыны для ўтылізацыі пілавіння і галін у драўняны пыл, што дазволіла ім адправіць у Фатэрланд не менш за 100 000 м 3 драўніны. Гэта сістэма выкарыстоўвалася па ўсім краі ў мясцовасцях не надта аддаленых ад чыгункі. Як казаў граф Путкамер [33], які адразу пасля эвакуацыі немцаў выехаў у Швейцарыю, ад самай прускай мяжы некалькі дзясяткаў кіламетраў ён ехаў па сапраўдным тунэлі з нашага дрэва.
У той частцы маёнтка, якая заставалася на рускім баку лініі фронту, заставалася яшчэ каля 1000 га лесу, тут не было яго прамысловай эксплуатацыі, але было неміласэрнае знішчэнне як для акопаў, так і для выкладання бярвеннем усіх дарог і дарожак у балоцістых месцах. Я б мог пасяліцца ў сваім доме і заняцца адбудовай гаспадаркі, але польскі эскадрон зрабіў немагчымым для мяне жыццё ва ўласным доме і працу на гаспадарцы.
У той час я праз ўласны вопыт дапоўніў звесткі аб спосабе кіравання «паўночна-заходняга» краю вызваленага Польшчай. Так званая «Асмалоўшчына» была нечым фантастычным. Але сам пан Ежы Асмлоўскі, які ўшанаваў мяне сваім візітам пасля майго вяртання ў Вільню, і таму потым я таксама асабіста наведаў яго, зрабіў на мяне даволі станоўчае ўражанне. Прыстойны мужчына сярэдніх гадоў які добра размаўляў і не сказаў ніводнай фразы, якая магла бы пакрыўдзіць такога старога класіка, як я, з усім пагаджаўся, усё абяцаў, але выдаваў «загады». І пасля гэтага хапаўся за галаву! Яго загады мелі сілу абавязковага закону, адмянялі ўсё існае заканадаўства і распаўсюджваліся на ўсе магчымыя бакі прававога, эканамічнага, сельскагаспадарчага і фінансавага жыцця з фантазіяй, годнай якога-небудзь сярэдневяковага маскоўскага цара ці багдадскага халіфа. Не было нагоды, але я ўпэўнены, што пан Ежы Асмалоўскі змог бы на ўзор цара Мікалая І загадаць крыху «пашкоджанай» дзяўчыне «лічыцца, як і раней, нявінніцай».
Я да гэтага часу не ведаю юрыдычнага прынцыпу, на якім грунтавалася гэтае прававодства. Бо Юзаф Пілсудскі, у той час яшчэ не маршал, прызначыўшы Асмалоўскага і даверыўшы яму кіраваць краем, не мог перадаць свайму сатрапу заканадаўчую ўладу, якой і сам не меў.
[…]
Недзе ў сярэдзіне кастрычніка адбылося ўрачыстае адкрыццё ўніверсітэта. Насамрэч гэта было даволі жаласнае мерапрыемства. Усё абмежавалася набажэнствам і сходам у малой зале старога ўніверсітэта, а ўвечары - банкетам у былым генерал-губернатарскім палацы. На абодвух мерапрыемствах выступіў «камендант», які тады яшчэ не насіў ані «дэмакратычнага» тытулу Маршала Польшчы, ані французскай стужкі Ганаровага легіёна і апрануты быў у свой звычайны, шэры, цесны і кароткі мундзір, чымсьці падобны на шэры сурдут Напалеона. Зала была ў захапленні ад яго выступу, і ў маёй памяці засталося толькі, што з гэтага часу мы павінны былі кіравацца зусім новымі правіламі і забыць правіла, якое нам да гэтага часу ўбівалі ў галаву: «Не выходзь пад сонца з матыкай».
Вячэрні раўт, на якім мяне ашчаслівілі прадстаўленнем самому, стаўся няўдалым, бо некалькі сотняў прысутных дам і немаладых мужчын, былі вымушаны з-за недахопу крэслаў некалькі гадзін стаяць. Справа ў тым, што ў 1914 г. рускія перарабілі губернатарскі палац у вайсковы шпіталь. Пасля эвакуацыі горада ў 1915 г. параненых пакінулі пад наглядам сясцёр міласэрнасці, якія не пакінулі параненых. Тады іхняя кіраўніца Яўдакімава атрымала права каменданта будынка. Таму цалкам законна, не маючы грошай, каб утрымліваць параненых, Яўдакімава пачала прадаваць спачатку шыкоўную антыкварную мэблю, у асноўным часоў Аляксандра І, а потым і ўсю іншую, ужываную. Лепшую мэблю купілі немцы і адправілі яе ў Фатэрланд ці купілі мясцовыя людзі з грашыма, у тым ліку і мой пляменнік Мяйштовіч з графам А. Тышкевічам. У гэтых апошніх, пан генеральны камісар усходніх зямель Асмалоўскі, проста як ваенную здабычу, праз паліцыю, адабраў купленую мэблю без аніякай кампенсацыі.
[…]
[Віленскія абшарнікі склалі мемарыял аб будучых межах Польшчы і дабіліся прыёму ў Пілсудскага. Яны лічылі, што ў межах Польшчы на ўсходзе, павінны быць наступныя беларускія паветы: Дрысненскі, Лепельскі, Полацкі, Віцебскі і Себежскі, уся Ковенская Летува і г.д.]
На сустрэчы з Пілсудскім мае калегі - паны Горват, Слабашэвіч і Сужынскі - прасілі мяне выступіць ад іх імя. Я палічыў за лепшае наўпрост папрасіць дазволу кіраўніка дзяржавы прачытаць яму наш мемарыял, але ён папрасіў выкласці вусна нашы погляды і пастулаты, што я і зрабіў. Ён мяне ўважліва, не перапыняючы, слухаў на працягу не менш за 30 хвілін, пры гэтым я заўважыў адну асаблівасць, якая на такога занадта адкрытага чалавека як я, пакінула не самае лепшае ўражанне, а менавіта тое, што ён сістэматычна пазбягаў позірку чалавека з якім размаўляў, як быццам не жадаў каб я прачытаў у яго вачах уражанне ад маёй прамовы.
[…]
Калі я закончыў, пачаў выступаць Пілсудскі, і паміж ім і маімі калегамі завязалася ажыўленая размова, у якой я, акрамя аднаго разу, удзелу не прымаў. Старанна пазбягаючы ўсяго, што магло б выглядаць як абяцанне або тлумачэнне сваіх рашэнняў, ён асабліва рэзка і выразна разважаў пра цяжкасці, якія ўзнікнуць пры выкананні нашай праграмы.
[…]
Цікавай была частка яго прамовы, якая, здаецца, адлюстроўвала думкі гэтага дзяржаўнага мужа. Пілсудскі цвёрда настойваў на тым, што простыя людзі на Крэсах насамрэч не з'яўляюцца палякамі, яны не могуць мець ніякага польскага патрыятызму і трэба было б растлумачыць, што Польшча прынясе гэтаму насельніцтву, каб яго схіліць на свой бок і здабыць яго добраахвотнае прызнанне. Паколькі ён націскаў на гэтую думку, я выступіў і сказаў прыкладна наступнае: што калі пан начальнік дзяржавы мае на ўвазе нейкія ідэалы, душэўныя парывы, гучныя патрыятычныя, рэлігійныя, палітычныя ці нават сацыяльныя лозунгі, якія Польшча прынясе гэтым супляменнікам, напрыклад беларусам, дык я ўпэўнены, што прыносіць ці даводзіць ім гэта няварта, бо я іх, прынамсі беларусаў, добра ведаю, усе гэтыя рэчы для іх абсалютна нецікавыя. Гэта вельмі практычныя людзі і дасканала ведаюць тое, што ім патрэбна і карысна. Яны яшчэ не культурныя, але ўжо глыбока адчуваюць патрэбу ў культуры і горача імкнуцца да яе. І тут Польшча можа даць ім бясцэннае дабро, якога яны не атрымалі ні ад царскай Расіі, ні ад нямецкіх акупантаў, ні тым больш ад бальшавікоў - гэта значыць добрую і практычную адміністрацыю.
[…]
Падчас гэтага выступу, зробленага не без красамоўства, я быў нарэшце ўсцешаны простым і зацікаўленым позіркам вялікага чалавека, скіраваным проста мне ў вочы і пры гэтым у яго ўласных вачах я ясна прачытаў: «Чаму гэты стары дзед дурыць мне галаву? Перш за ўсё я палітык. Палітыка грунтуецца на розных умелых манеўрах, адзін з якіх заключаецца ў тым, каб заваяваць адных, падмануць другіх, трэцім прадэманстраваць пазіцыю ўлады, і галоўнае - займець для сябе як мага большую і верную групу прыхільнікаў, падняцца ў славе і зрабіць «казачную кар'еру». А тут мне кажуць пра нейкія дарогі, школы, бальніцы, касы і іншыя рэчы ўзроўню гміны. Для гэтага ў мяне ёсць чыноўнікі, якія даюць сабе рады».
Калі мы вярталіся ад Пілсудскага, адзін з маіх спадарожнікаў - Сужыцкі - спытаў, пра маё ўражанне ад размовы і ад самога пана Пілсудскага. Я адказаў: што тычыцца размовы, дык я больш-менш здагадваюся, чаго баіцца начальнік дзяржавы ў пытанні нашых межаў, але не маю ніякага паняцця і не ведаю, ці ведае ён сам, што будзе рабіць. Што пра яго як чалавека, дык нічога я вам пра яго не скажу, бо такога непранікальнага рэдка сустракаў у сваім жыцці.
[…]
Пан Пілсудскі ў той час ужо давёў, што мае вельмі рэдкі сярод нас набор пераваг і недахопаў, якія ёсць у так званых народных правадыроў. Ён меў вялікае асабістае абаянне, гэты часты дар выбітных авантурыстаў, напрыклад Напалеона ІІІ, Цэзара Борджыа і іншых, нават і менш удалых. Дзякуючы гэтаму, яны прывязвалі да сябе ўсіх, хто меў з імі стасункі.
[…]
Раздзел XV. Вандроўка за мяжу і вяртанне ў Вільню. Праект аграрнай рэформы. Хмары з усходу. Лаздуны. Уцёкі коньмі ў Варшаву, з Варшаву ў Познань. Курнік. Артыкул «Вільня ці Вільнюс».
Хутка я выбраўся за мяжу звычайнай дарогай праз Чэхію, Вену і Швейцарыю. Вярнуўся праз Берлін.
[…]
У Варшаву прыехаў у самы канцы траўня 1919 г.
[…]
[З-за нестабільнасці фронту [34]] збіраўся ехаць на вёску толькі на якія 10 дзён. Адчуваючы небяспеку, забраў з сабой увесь гардэроб і нават два лепшыя футры. У Лаздуны выехаў у чацвер 8 ліпеня. На вакзале сустрэў ротмістра Аскерку, ад'ютанта генерала Шаптыцкага, кватэра штаба яго шэфа стаяла тады ў Ваўкавыску. Аскерка прыехаў сюды праз Ліду, ён запрасіў мяне у рэзервовую вайсковую частку да нейкага штабнога палкоўніка. З таго, што яны мне расказалі, даведаўся што фронт з бальшавікамі ў гэты дзень праходзіў праз станцыю Буслаў, сёмую ў паўночна-ўсходнім кірунку ад маёй. Гэта мяне трошкі супакоіла.
На вакзале ў Лідзе было яшчэ спакойна, тут я знайшоў сваіх коней і каля паўдня 9 ліпеня прыехаў у Лаздуны. Пляменніка (Аскара Мяйштовіча, акрамя свайго маёнтка ён павінен быў наглядаць і за Лаздунамі - Л. Л.) знайшоў тут. Даведаўся, што пасажырскія цягнікі паміж Лідай і Маладзечнам ужо не ходзяць. У Лаздунах мой эканом адразу паведаміў мне свае трывожныя назіранні. Хоць Лаздуны і ляжаць за 150 км ад згаданай вышэй станцыі Буслаў, але чыгунка увесь час ідзе між лясоў роўная як струна і стрэлы гарматаў раней былі выразна чутныя. А з панядзелка 5 ліпеня ўсё сціхла. Гэта пацвердзіла мае падазрэнні, што віленскія ўлады нас, прафанаў, сістэматычна ашуквалі. Я неадкладна даслаў на бліжэйшую станцыю Юрацішкі назіральніка, каб ён 2 разы ў дзень паведамляў мне навіны, якія начальнік станцыі атрымлівае па тэлефоне. Наступны дзень 10 ліпеня прайшоў у чаканні, а ў нядзелю раніцай стала вядома, што другая ад нашай на ўсход станцыя Лістапады ўжо ў руках бальшавікоў, а польскае войска ўцякае без адзінага стрэлу бязладна. Гасцінец, які праходзіў праз палац быў самым кароткім шляхам з Менска на Ліду, Гародню і Варшаву, і па гасцінцы ўжо пацягнуліся групы бежанцаў - дробнай шляхты і сялян з-пад Менска. Стала зразумела, што пара ўцякаць. Меў вельмі няпэўнага эканома і баяўся, што калі я трошкі затрымаюся, ён можа збунтаваць прыслугу з чэляддзю і перашкодзіць майму ад'езду, як гэта здарылася ў некалькіх іншых маёнтках. Загадаў сяк-так адрамантаваць малую рысорную брычку якая засталася ад немцаў і два вазы. Уласна, на гэтых вазах акрамя фуражу і майго віленскага гардэроба, мелася толькі некалькі сотняў каштоўных кніг, парэшткі маёй ужо моцна пашкоджанай немцамі бібліятэкі, гэтыя кнігі і зараз са мной у Познані.
У панядзелак 12 ліпеня а 7-й раніцы выехаў у бок Ліды з намерам пераначаваць за 20 км ад Ваўкавыска ў сядзібе майго пляменніка Мяйштовіча. Эканом праводзіў мяне некалькі міль. Вярнуўся ён каля 1-й пасля поўдня і знайшоў двор поўны польскіх уцекачоў-жаўнераў, а заўтра на раніцы з'явіліся бальшавікі. Да заходу сонца я даехаў да Ліды, дзе спыніўся ў аднаго з сябра-яўрэя, род якога жыў у маім другім маёнтку Лугамовічы яшчэ з польскіх часоў. Уначы з аўторка на сераду, з 13-га на 14-га ліпеня прыехаў у Рагажніцу, маёнтак майго пляменніка.
[…]
У чацвер 15 ліпеня даведаўся, што занята Вільня, у пятніцу занялі Ліду. Мае гаспадары Мяйштовічы пакавалі рэчы, я быў гатовы да ад'езду і разлічыўся з Лаздунскімі фурманамі, якія жадалі пешшу вярнуцца ў Лаздуны, каб, як яны без цырымоній прызналіся, прыняць удзел у рабаванні майго маёнтка. Я выехаў у Ваўкавыск, маючы з сабой толькі свайго слугу Сымона, які хоць і служыў у мяне 27 гадоў і ўсю вайну пражыў са мной у Парыжы, аднак пасля рускай рэвалюцыі 1917 г. цалкам ператварыўся ў бальшавіка. Добра, што па натуры ён быў баязліўцам і больш баяўся тэрору, чым спачуваў чырвоным. У Ваўкавыску, з якога ўжо з'язджала палова горада, я сустрэў варшаўскага чыноўніка, які меў маладую, хваравітую жонку і трох малых дзяцей, баяўся натоўпу на чыгунцы і таму аддаваў перавагу ехаць коньмі з магчымасцю па дарозе знайсці малако для дзяцей. Ён сам ахвяраваўся быць фурманам на маім трэцім возе, другім кіраваў мой служка, а на нямецкай брычцы ехаў я сам.
Я ясна разумеў, што на 72-гім годзе жыцця пачынаю кар'еру Рабінзона Круза, але ад нараджэння мне хапала халаднакроўя і цярплівасці, і ў нядзелю 18 ліпеня, перад заходам сонца, я пусціўся ў дарогу «па-руску»: «авось - небось - как-нибудь».
[…]
У пятніцу каля 5-й гадзіны нарэшце ўехалі ў Варшаўскую Прагу.
[…]
У першыя дні, калі бальшавікі, занялі толькі Гародню, Ваўкавыск і Беласток, але яшчэ не перайшлі Буг, тут адчувалася поўная абыякавасць да лёсу так званых «забраных зямель», на якія з канца XVIII ст., у 1807 г., 1830 г. і 1863 г. шаноўныя суайчыннікі з Кангрэсавай Польшчы прызвычаіліся глядзець, як на шэкспіраўскага маўра: «Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа сыходзіць». Але нават пасля пераправы цераз Буг не было прыкмет, каб цывільныя людзі рыхтаваліся ўцякаць, бо, відавочна, усе разумелі, што ў той дзень, калі яны захочуць ваяваць па-сапраўднаму, бальшавіцкая лавіна будзе спыненая.
[…]
Раздзел XVI. Вяртанне ў Вільню. Вайна за маю кватэру. Адпальшчэнне краю. Здабыча пераможцаў, доўгатэрміновая акупацыя і частковае спаленне лаздунскага двара 9-й дывізіяй польскай арміі. Пераезд у Познань. Ліквідацыя маёнтка.
У палове сакавіка, маючы надзею, што з-за мірнай дамовы ў Рызе я не буду ў Вільні навернуты ў вернікі ў Пяркунаса, а ў Лаздунах - у камуністы, бо мяжа павінна была прайсці за 80 км на ўсход ад маёнтка, я з усёй маёмасцю выбраўся ў маю сталіцу. Ведаючы, што кватэра можа быць занятая пераможцам панам палкоўнікам Дамброўскім, затрымаўся ў кватэры маёй сястры Мяйштовіч.
Кароткі шпацыр па вуліцах
[…].
Па-руску размаўлялі ў 10 разоў часцей, чым 8 месяцаў таму. У рэстаране "Жорж", куды зайшоў паснедаць, добрая частка афіцэраў у польскіх мундзірах а таксама і ў бліжэйшым кабінеце, падпявала па-руску. Па рэстаране разгульвалі расейскія «какоткі».
Даведаўся, што лепшыя кватэры ў горадзе «заваяваныя», напрыклад вялікая кватэра маёй кузынкі Кагнавіцкай была захоплена нейкім «збунтаваўшымся» генералам, які кіраваў цывільнымі справамі нараўне з урадавым дэлегатам (сёння - ваяводам) панам Рачкевічам. Элегантны палац, пабудаваны з вялікім густам і дорага абстаўлены ўнутры маім брата Ігнацыем, потым набыты княгіняй Марыяй Агінскай з Скарэўскіх, быў канторай таго самага дэлегата ажно да вясны 1925 г. Княгіня атрымала «справядлівую кампенсацыю» - адразу пасля дэвальвацыі і ўвядзення злотага замест маркі Агінская з усёй павагай з боку Найяснейшай Рэчы Паспалітай атрымала позву, з'явіцца ў віленскі скарб па кампенсацыю ў памеры … ЧАТЫРОХ ГРОШАЎ!
Наступнай раніцай я пайшоў да палкоўніка Дамброўскага. Спачатку ён прыняў мяне больш-менш у манеры маршала Фоша, калі 7 лістапада 1918 г. нямецкая дэлегацыя стаяла перад ім і прасіла аб перамір'і. Але калі я дастаў з кішэні паперу, якую ласкава даў мне падчас праезду праз Варшаву тагачасны начальнік генеральнага штаба генерал Развадоўскі, паперу якая давала мне права неадкладна вывезці ўсю рухомую маёмасць з маёй канфіскаванай кватэры, тады паміж мной і маім заваёўнікам, які не меў нават уласнага матраца, пачаўся канфлікт. Дамовіліся на тым, што паколькі палкоўнік быў адкліканы ў Варшаву, дзе павінен быў падвергнуцца дысцыплінарнаму разбіральніцтву, ён выедзе з кватэры ў аўторак пасля Вялікадня а 8-й раніцы, а я заеду а 9-й.
Тым часам я наведаў генерала Жалігоўскага як найвышэйшую уладу ў краі. Прыняў мяне назаўтра маючы пры сябе знакамітага капітана Прыстара, які не адступаў ад «збунтаваўшагася» генерала ні на крок.
Але калі ў абумоўлены дзень я выслаў майго слугу, той хутка вярнуўся і далажыў, што ў кватэры сядзіць нейкі малады афіцэр з ардынарцам і яны распакоўваюць свае рэчы. Пайшоў сам. Новы «заваёўнік» аказаўся падпаручнікам Сіла-Навіцкім, ён паведаміў мне, што мяне ведаць не жадае і знаць не хоча, што ён - абаронца Айчыны і яго права на кватэру большае за маё, да таго ж кватэру яму саступіў палкоўнік Дамброўскі. Не пачынаючы спрэчку, адразу пайшоў да каменданта горада палкоўніка С. (не памятаю ўжо яго прозвішча). Палкоўнік прыкінуўся вельмі абураным і сказаў, што загадае паручніку сысці, але прасіў пацярпець 24 гадзіны.
[…]
Камедыя трывала цэлы тыдзень і пры канцы камендант паведаміў, што паручнік выедзе да 12-й вечара, а калі не, дык будзе арыштаваны. За хвіліну да 12-й мой слуга даў мне знаць, што «збунтаваны» паручнік, закупіў ўсё неабходнае ў суседнім рэстаране і заклаў у маёй кватэры вялізную гулянку з некалькімі вясёлымі жанчынамі і што ўся вясёлая кампанія на ўвесь дом раве папулярныя рускія песні «Вниз по матушке по Волге», «Красный сарафан» і г. д., а самым вясёлым госцем і «запявалам» кампаніі ёсць сам пан камендант палкоўнік С.
Адразу пайшоў да генерала Жалігоўскага, шляхетны генерал сказаў мне наступнае: «Заўтра на раніцы дашліце туды свайго слугу, каб навёў парадак і забраў ключы, а самі прыязджайце да 9-й, кватэра будзе вольнай».
Так і сталася. А 9-й на куфрах паручніка сядзеў ардынарац, а сам паручнік (які таксама быў пад следствам за крадзеж коней) знік, і больш я яго ніколі не бачыў.
Для старога чалавека, якім я з'яўляюся, няма нічога больш пакутлівага, чым няўпэўненасць у заўтрашнім дні і пастаянныя змены. Фактычна я 6 гадоў правёў у вандроўцы і з іх 8 месяцаў быў бежанцам.
Трох тыдняў знаходжання ў горадзе было дастаткова, каб пераканацца, што за тры месяцы, якія прайшлі паміж добраахвотнай перадачай краю бальшавікам у ліпені і ўцёкі іх разам з летувісамі ў кастрычніку, у Варшаве сярод галоў, якія кіруюць дзяржавай, адбылася нейкая грунтоўная і значная эвалюцыя ў дачыненні да польскай палітыкі на Крэсах. Зразумець гэтую эвалюцыю і звязаныя з ёй планы я не змог ні тады, ні сёння.
[…]
Лаздуны не патрапілі ў Сярэднюю Літву, і Вільня больш не з'яўлялася маім адміністрацыйным цэнтрам.
Галоўнай, адзінай і бясспрэчнай кіруючай ідэяй Польскай дзяржавы, якую можна было ўбачыць, пачынаючы з восені 1920 г. у дачыненні да Крэсаў, была сістэматычная (сёння ўжо шасцігадовая і ўсё больш актыўная) палітыка дэпаланізацыі краю. Гэта праявілася з першага дня рэакупацыі праз замену зверху ўніз амаль што ўсяго адміністрацыйнага апарата, які працаваў яшчэ ў ліпені 1920 г. З чыноўнікаў - пераважна мясцовых палякаў, практычна на сваім месцы не ўтрымаўся ніхто. Сярод новаімпартаваных з розных частак Канграсоўкі, Галіцыі і нават Расіі, панаваў і пануе вядомы дух «каланіяльных чыноўнікаў».
[…]
Калі да гэтага дадаць дамоклаў меч экспрапрыяцыі ў сувязі з аграрнай рэформай, які вісеў над усёй землеўладальніцкай шляхтай, дык адзіная выснова магла быць толькі адна: стары знясілены Г. Корвін-Мілеўскі, яго асоба і яго маёмасць, апынуліся ў стане пасажыра на некіраваным дзіравым караблі або ў стане жыхара дома, які пацярпеў ад землятрусу і для якога няма іншага лозунгу, акрамя: «Ратуйся, хто можа».
У гэты момант стан маіх фінансаў быў жаласны: капітал укладзены ў Пецярбургу абнуліўся, капітал у Берліне з-за абвалу нямецкай маркі таксама набліжаўся да гэтай лічбы, у мяне заставаліся толькі грошы за прададзеных у Варшаве коней і футры у Познані, на якія я мог пражыць некалькі месяцаў. Адзіным паратункам мог стаць моцна зруйнаваны немцамі і ў гэты час акупаваны «пераможнай шабляй» мой маёнтак.
[…]
Наогул рэакупацыя краю і Вільні адбылася без баёў, бо бальшавікі (а ў Вільні летувісы) уцяклі самі.
[…]
У маім закутку каля сярэдзіны кастрычніка з'явіўся моцны аддзел 9-й польскай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Траяноўскага, і разам з імі быў і мой эканом.
Ні ў кога не пытаючыся і не тлумачачы, чаму гэтак трэба і колькі гэта працягнецца, штаб размясціўся ў палацы, а жаўнеры ў іншых будынках і суседніх з маёнткам вёсцы Такарчукі і ў Юрацішках братоў Радкевічаў. У першы ж дзень датла згарэла стадола даўжынёй у 75 і шырынёй 17 метраў з чэсаных брусоў паміж мураванымі слупамі, крытая гонтай - панам жаўнерам трэба было ў некалькіх крокаў ад дзіравых дзвярэй раскласці вялікі касцёр. Хутка пасля гэтага жаўнеры, якія пасяліліся ў ім, спалілі мураваны свіран на скляпеннях, крыты дахоўкай, які немцы перарабілі ў элегантную вілу для афіцэраў. Пасля свірана згарэла мураваная валоўня з цэментнай падлогай на 110 галоў і г. д. Таксама пасля прыходу туды польскага войска згарэлі поўныя стадолы братоў Радкевічаў. У больш далёкага суседа пана Валіцкага жаўнеры не кватаравалі, і таму пажара не было, але гаспадара выгналі з яго дома ў чвартак (дом для прыслугі на 4 сям'і - Л. Л.), каб размесціць у доме вайсковы шпіталь.
Зразумела, што да канца гэтай акупацыі «героі» бралі без дазволу і аплатных квітоў усё, што ім падабалася - зерне, фураж і г.д., што не дазволіла вясной 1921 г. засеяць хоць трошкі пусташы. Я даведаўся, што пасля перамір'я з бальшавікамі і пасля пажараў мая бедная лаздунская халупа ўдастоілася кароткага знаходжання не каго іншага, як самога галоўнага правадыра і першага маршала Польшчы Юзафа Пілсудскага … Думаю, ён быў задаволены паводзінамі сваіх войскаў, бо пасля яго ад'езду, на працягу многіх месяцаў у іх паводзінах нічога не памянялася.
[…]
А стан маёнтка як каштоўнасці і крыніцы даходаў, быў наступны: больш за палову гаспадарчых пабудоў і галоўныя будынкі ў Лаздунах былі цалкам знішчаны нямецкімі ці польскімі акупантамі. Засталося трошкі мёртвага інвентару (не больш за 10% ад даваеннага), каб пачаць працаваць. Ніводнага каня, аніводнай галавы быдла, ні цэнтнера збожжа. З 4000 га палёў, лугоў і пашаў - ніводнага засеянага ці ўзаранага гектара і больш за палову зямлі ўжо зарасло хмызняком. Затое некалькі дзясяткаў сямей, большасць з якіх я не ведаў да 1915 г., пасяліліся як на нічыёй зямлі ў маіх будынках, сеялі, што і дзе хацелі, і трымалі быдла. Закон не дазваляў мне пазбыцца іх інакш, як шчодра надзяліўшы зямлёй.
У гэтых умовах, у красавіку 1921 г. я, маючы больш за 70 гадоў, павінен быў вырашыць: 1) дзе жыць, дзе трымаць свае старыя косці; 2) што рабіць з маёмасцю, каб хутка не стаць жабраком ці скончыць жыццё самазабойствам?
Вярнуцца жыць ў Лаздны было немагчыма. Не меў я тут ні сваёй падушкі ні міскі. Каб хоць давесці палац да стану, у якім яго пакінулі немцы, трэба было шмат часу і грошай. Бараніць польскую ўласнасць і займацца паланізацыяй супраць Масквы, магло быць ідэяй утапічнай, але высакароднай, але рабіць тое самае супраць самой Польшчы, было б трызненнем. І прызнаюся, хоць гэта можа быў і капрыз, але для мяне было немагчымым пераступіць парог свайго дома, калі столькі часу па ім хадзілі рознакаліберныя башыбузукі, якія маральна і матэрыяльны яго сплюндравалі.
[…]
Таму я вырашыў не падвяргаць сябе і сваю маёмасць новым эксперыментам, рэквізіцыям, акупацыям і г. д. і вярнуцца ў Познань, дзе пасялілася высакародная і прывязаная да мяне сям'я былых падольскіх абшарнікаў Ліпкоўскіх (гаспадыня - мая родная пляменніца па сястры).
Я здаў кватэру, усю рухомасць пагрузіў у 2 вагоны і ў канцы траўня пераехаў у Познань. Тры месяца жыў у гатэлі, потым спадкаваў два мэбліраваныя пакоі па вуліцы Садовай і праз 2 гады, дзякуючы прэзідэнту горада, атрымаў дастатковую для асобы «з былых» кватэру, у якой расклаў свае віленскія рэчы і чакаю тут Божай волі.
Што датычыць планаў дзеянняў з маім маёнткам, дык, паколькі справа ўжо не ішла аб «пастарунку» (польскасці - Л. Л.), таму вышэйвыкладзеныя эканамічныя ўмовы прымушалі часткова ці можа цалкам ліквідаваць маю зямельную маёмасць з двух асобных, хоць памежных паміж сабой, маёнткаў. Я мог вольна распараджацца толькі маёнткам Лугамовічы, які быў меншай часткай бацькоўскай маёмасці. Большая частка дасталася майму брату Ігнацыю. Незадоўга да вайны брат прадаў сваю спадчыну рускаму сялянскаму банку за 2 350 000 рублёў. Агенты гэтага банка прапаноўвалі мне за маю частку 256 рублёў - г. з. 128 долараў за дзесяціну, але я тады адмовіўся ад перамоў, бо яшчэ думаў пра «пастарунак».
Каб задаволіць свае першыя неадкладныя патрэбы я прадаў вялікі фальварак Карашаняты разам з кавалкам лесу (каля 300 дзесяцін) аднаму шляхціцу. Праз 3 месяцы, пасля зыходу польскіх войскаў, я прадаў самі Лугамовічы з прылеглым фальваркам Ізабелін і 400 дзесяцін лесу парцаляцыйнаму таварыству «Тоспар», якім кіраваў той самы былы генеральны сакратар Ежы Асмалоўскі. Паколькі мая давераная асоба, насуперак майму жаданню, прадала маёмасць не за валюту, а за польскія маркі і пагадзілася на тэрмін плацяжу да 1 кастрычніка 1921 г., дык з-за інфляцыі, замест сумы эквівалентнай некалькім дзесяткам тысяч долараў я атрымаў каля шасці тысяч. Чацвёрты лугамовіцкі фальварак Мацясова забралі для ваенных асаднікаў, а пяты фальварак Юркавічы амаль што цалкам пайшоў розным валацугам, якія самавольна пасяліліся і пазбавіцца іх я ніяк ужо не мог. У выніку праз два гады сталася так, што за тыя 2000 дзесяцін зямлі і лясоў, за якія ў «праклятыя» маскоўскі часы мне прапаноўвалі 250 000 долараў, у мяне засталося 30 коней і 30 кароў купленых для Лаздунаў, каб улады не лічылі маёнтак пакінутым і не наклалі на яго сваю лапу, як зрабілі гэта з большай часткай маёмасці майго брата Геранёнамі.
[…]
Пасля страты 5 лугамовіцкіх фальваркаў, разбураная гаспадарка ў Лаздунах давала толькі вялікія страты, а дзяржава, згодна з сваім планам сістэматычнага знішчэння землеўдальнікаў, накладала ўсё большыя падаткі. Таму я быў прымушаны прадаць маёнтак Лаздуны з лясамі. Гэты продаж адбыўся чужымі рукамі, з рознымі ганарарамі, валютным крызісам і г. д., той, хто мае ўвогуле нейкае ўяўленне пра нашы адміністацыйная парадкі і асабліва пра гэта на Крэсах, можа зразумець мае праблемы. Сёння, калі я пішу гэтыя радкі, продаж ужо заканчваецца.
[…]
[1] Пераклад Леаніда Лаўрэша паводле: Korwin-Milewski Hipolit. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855-1925). Poznań, 1930.
[3] Не ведаў Корвін-Мілеўскі народ, сярод якога жыў. А Янка Купала ведаў і ў 1911 г. напісаў наступную эпіграму:
Ён з начальствам знае дзела:
Па-расейску валіць смела;
Ліжа, выйшаўшы за вёску,
Ласку панскую па-польску.
Нават жыду - ў доўг як просе -
«Гутэ-моргэн!» - буркне ў носе.
Калі ж сядзе у кутузку,
Ўсіх кляне па-беларуску. - Л. Л.
[4] З канца XIX ст. хутка пачаў развівацца беларускі нацыянальны рух, які пасля дазволу немцаў падчас акупацыі 1915-1918 гг. прывёў да выбуховага з'яўлення беларускіх школ. Улады РП у 1920-1930 гг., як маглі, супрацьстаялі гэтаму руху, які ішоў з самых глыбінь беларускага народа. - Л. Л.
[5] У апошнія дні кіравання Аржэўскага, калі ў грамадскіх месцах плацілі штраф за размову на польскай мове, я праязджаў міма генерал-губернатарскага палаца. Каля яго ля ходнікаў стаяў экіпаж з рускай вупражжу і барадатым фурманам у так званай паддзёўцы. Каля экіпажа стаяў віленскі паліцыянт у мундзіры і праз адчыненае акно з імі ажыўлена размаўляў майстар-кухар грознага губернатара, апрануты ў белы чапец і белую куртку. Мінаючы гэтых трох «истинно-руских людзей», я пачуў, што ўсе яны размаўлялі … па-польску.
[6] «Паўночна-Заходняе слова» («Северо-Западное слово») - штодзённая грамадска-палітычная, эканамічная і літаратурная газета. Выходзіла з 15 (27) лістапада 1898 да 29 лістапада (12 снежня) 1905 г. у Вільні на рускай мове. Прытрымлівалася кансерватыўна-асветніцкага, а ў 1905 г. памяркоўна-ліберальнага кірунку. Выступала за развіццё культуры на аснове класавага, нацыянальнага і рэлігійнага прымірэння, Беларусь лічыла «рускім краем». - Л. Л.
[7] Эмануэль-Жазеф Сіес, шырока вядомы як абат Сіес, (фр.: Emmanuel Joseph Sieyes; 1748-1836) - французскі палітычны дзеяч. - Л. Л.
[8] Традыцыйна павятовых і губернскіх маршалкаў шляхты («предводителей дворянства») выбірала дваранства. Рэгулярна, кожныя тры гады, склікаліся павятовыя і губернскія дваранскія сходы, якія выбіралі прадстаўнікоў у дваранскі дэпутацкі сход. Акрамя таго, на дваранскіх сходах абіраліся суддзі ў павятовыя і губернскія суды і прадстаўнікі дваран ў розныя часовыя камісіі. Пасля паўстання 1863-1864 гг. дваранскія сходы былі закрыты, а маршалкі пачалі прызначацца генерал-губернатарам. - Л. Л.
[9] Пётр Дзмітрыевіч Святаполк-Мірскі (1857-1914) - князь, расійскі дзяржаўны дзеяч, генерал-ад'ютант, віленскі генерал-губернатар у 15.08.1902-26.09.1904 гг., міністр унутраных спраў (1904-1905). Жонка - фрэйліна Кацярына Аляксееўна Бобрынская († 22.4.1926, Парыж), дачка графа А. В. Бобрынскага. - Л. Л.
[10] Святаполк-Мірскія або Мірскія (польск.: Światopełk-Mirscy) - шляхецкі род герба «Бялыня», княскі род у Расійскай імперыі. Прозвішча паходзіць ад мястэчка Мёры. Вядомы з XVI ст. у Браслаўскім павеце.
У XVIII ст. узнікла легенда, што род паходзіць ад Святаполка, сына вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча (адсюль прыдомак). Лічылі сябе аднаго паходжання з князямі Святаполк-Чацвярцінскімі і старажытнымі ўладальнікамі мястэчка Мір, на што не было ніякіх падстаў. Княжацкі тытул зацверджаны Сенатам Польскага каралеўства ў 1821 г., у Расійскай імперыі - імператарам у 1861 г. - Л. Л.
[11] Яшчэ ў верасні 1861 г. дазволілі ў пачатковых школах «навучанне жмудскай грамаце» і пашырэнне выдання малітоўнікаў, календароў і іншых кніг для «народнага» чытання на «жмудскай мове», але кірыліцай. - Л. Л.
[12] Былы ксёндз Бальцэвіч, атрымаў доктарскую ступень па філасофіі і дажываў свой век у маёнтку Ішчална, у сваёй старой сяброўкі і былой жырмунскай прыхаджанкі Марыі Лясковіч. У 1937 г. вялікія кавалкі з кнігі кс. Бальцэвіча надрукаваў Міхал Шымялевіч. Гл: Szymielewicz Michał. Ze starej książki // Ziemia Lidzka. 1937. № 12. S.140-142. - Л. Л.
[13] Раман Станіслаў Дмоўскі (1864-1939) - польскі палітычны дзеяч, заснавальнік нацыянальна-дэмакратычнай партыі, публіцыст.
[14] Wilniaus Zinios (Віленскія весткі) - летувіскамоўная газета, якая выходзіла ў Вільні ў 1904-1909 гг. Уладальнікам і выдаўцом выдання быў Пятрас Вілейшыс. Першы нумар выйшаў накладам у 6000 асобнікаў, у першае паўгоддзе 1905 г. падпісалася 5 613 чытачоў, аднак у Вільні прадавалася толькі каля 150 асобнікаў газеты. Цікава, што паводле перапісу 1897 г. у Вільні пражывала толькі 2 % літоўцаў (3238 чалавек) і толькі 150 з іх мелі адукацыю вышэй за сярэднюю. - Л. Л.
[15] Нацыянальныя дэмакраты, гл. ніжэй. - Л. Л.
[16] Мясаедаў С. М. (1865-1915) - палкоўнік Расійскай арміі, павешаны падчас Першай сусветнай вайны па ілжываму абвінавачванню ў здрадзе. - Л. Л.
[17] "Nowiny Wilenskie" ( "Віленскія навіны") - штодзённая газета. Выдавалася з 4 (17) студзеня да 20 лютага (5 сакавіка) 1906 г. у Вільні на польскай мове. Рэдактар - З. Багдановіч, уладальнік - віленскі біскуп Роп. Падзеі жыцця беларуска-летувіскіх губерняў асвятляла з пазіцыі хрысціянскай дэмакратыі. Значнае месца адводзіла навінам з жыцця католікаў Віленскай дыяцэзіі. У нацыянальным пытанні адстойвала права палякаў, літоўцаў і беларусаў на самастойнае культурнае развіццё і свабоду ў межах Расійскай імперыі і. дасягненне аўтаноміі этнаграфічнай Літвы і Беларусі. Выйшлі 32 нумары. У лютым 1906 г. біскуп Роп стаў уладальнікам газеты "Кур'ер Літоўскі" і далучыў яе да сваёй новай газеты. - Л. Л.
[18] Нацыянальна-дэмакратычная партыя (Narodowa Demokracja, або endecja - эндэцыя) - польская правая партыя, якая існавала ў 1897-1947 гадах. Спачатку была заснавана як таемная арганізацыя а потым як легальная партыя. У праграму партыі ўваходзілі палітычны прагматызм, развіццё гаспадаркі і адукацыя народа. У адносінах да Расіі, у склад якой тады ўваходзіла большая частка польскіх земляў, праграмай партыі было дасягненне большай культурнай і палітычнай аўтаноміі праз перамовы. У 1905 годзе НДП завяршыла сваё арганізацыйнае афармленне, падчас якога партыйныя структуры былі створаны ва ўсіх 10 губернях былога Царства Польскага. Эндэкі ўдзельнічалі ў выбарах у Дзяржаўную думу і сталі асновай для фракцыі Польскае кола ў Думах усіх скліканняў. Найбольш лідар эндэквў - Раман Дмоўскі. - Л. Л.
[19] Традыцыйна павятовых і губернскіх маршалкаў шляхты («предводителей дворянства») выбірала дваранства. Рэгулярна, кожныя тры гады, склікаліся павятовыя і губернскія дваранскія сходы, якія выбіралі саслоўных прадстаўнікоў у дваранскі дэпутацкі сход. Акрамя таго, на дваранскіх сходах абіраліся суддзі ў павятовыя і губернскія суды і прадстаўнікі дваран ў розныя часовыя камісіі. Пасля паўстання 1863-1864 гг. дваранскія сходы былі закрыты, а маршалкі пачалі прызначацца генерал-губернатарам. - Л. Л.
[20] 26 верасня 1908 г. пад кіраўніцтвам Пілсудскага, на станцыі Безданы, недалёка ад Вільні, быў абрабаваны паштовы цягнік. Група нападнікаў складалася з дваццаці чалавек: шаснаццаці мужчын i чатырох жанчын. Сярод ix была будучая другая жонка Юзафа Пілсудскага Аляксандра Шчарбінская i трое будучых прэм'ер-міністраў Польшчы - Томаш Арцішэўскі, Аляксандр Прыстар, Валеры Славэк - ды іншыя вядомыя дзеячы будучай Польскай Рэспублікі. У Польшчы гэтую аперацыю называюць «akcjа czterech premierów» - тут улічваецца яшчэ i сам Пілсудскі. Перш чым ахова цягніка спыніла супраціў, быў забіты адзін i паранена пяцёра салдат аховы. Баевікі ўзарвалі дынамітам паштовы вагон i сейфы ў ім, пераклалі грошы ў мяшкі i ўцяклі. Экспрапрыяваная сума склала 200 812 рублёў 61 капейку - гіганцкія на той час грошы. - Л. Л.
[21] Маці Вольгі Каліноўскай (1820-1899) - Эмілія з роду Патоцкіх (дачка знакамітага Прота Патоцкага), бацька Юзаф Каліноўскі (1785-1825) служыў генералам кавалерыі. Вольга была прынятая ў фрэйліны пры Вялікай княжне Марыі Мікалаеўне.
Неўзабаве на Вольгу звярнуў увагу цэсарэвіч Аляксандр - маладыя людзі часта бачыліся ў палацы, танчылі на бліскучых балях і маскарадах мікалаеўскай эпохі і менавіта Вольга стала першым сур'ёзным пачуццём будучага цара Аляксандра ІІ.
Сястра будучага Аляксандра ІІ вялікая князёўна Вольга Мікалаеўна так пісала пра каханую свайго брата: «У яе былі вялікія цёмныя вочы, але без асаблівага выразу. У ёй была несумненнае хараство, але кацінага характару … якое асабліва дзейнічае на мужчын».
Закаханых акрыляў прыклад дзядзькі, вялікага князя Канстанціна Паўлавіча, які ажаніўся з полькай Жанетай Ловіч і быў з ёю вельмі шчаслівы. Аднак, Імператар Мікалай I ніколі б не змірыўся з такім выбарам сына. Начальнік тайнай паліцыя Дубельт успамінаў: «Наш цэсарэвіч марыў пра Вольгу Каліноўскую - гэта было страшна! Акрамя таго, што такому малайцу, сыну такога бацькі, такому добраму і слаўнаму чалавеку, такая жонка не роўня, дык яна яшчэ і невялікага розуму і полька. Яны спрадвеку варожыя Расіі».
Меры былі прыняты. Цэсарэвіч адправіўся ў падарожжа па Еўропе, у якім ён павінен быў знайсці нявесту-прынцэсу. «Саша з'язджаў з цяжкім сэрцам. Ён быў закаханы ў Вольгу Каліноўскую і баяўся, што падчас яго адсутнасці яе выдадуць замуж», - пісала сястра цэсарэвіча Вольга Мікалаеўна.
У Дармштаце ён звярнуў увагу на зусім яшчэ юную, 15-ці гадовую прынцэсу з доўгімі дзіцячымі валасамі. Максімільяна-Вільгельміна падалася цэсарэвічу настолькі кранальнай і далікатнай, што ён зрабіў ёй прапанову. Аднак, па вяртанні ў Пецярбург, раман з Вольгай Каліноўскай успыхнуў з новай сілай. Паколькі раман зайшоў занадта далёка, цару Мікалаю І прыйшлося ўмяшацца. «Ён пагаварыў з ёю і сказаў ёй у простых словах, - піша Вольга Мікалаеўна, - што не толькі два сэрцы, але будучыня цэлай дзяржавы пастаўлена на карту». …Вырашылі, што Вольга павінна пакінуць двор». Каліноўскай давялося змірыцца. Аляксандр, які знаходзіўся тады ў Магілёве, даведаўшыся пра гэта, «цяжка захварэў».
Каліноўская ў 1840 г. была выдадзена замуж за былога мужа яе памерлай сястры, найбагацейшага магната Ірэнэя Агінскага, сына кампазітара, аўтара знакамітага паланэза, М. К. Агінскага. - Л. Л.
[22] Доктар Юльян Цітыюс Успамінаў:
«1844 г. У траўні, падчас прыезду ўдзельнікаў на так званыя кантракты, інтэлігентныя аматары давалі дабрачыннае тэатральнае прадстаўленне ў Вялікім тэатры, які знаходзіўся на Віленскай вуліцы. Тады гралі камедыю графа Ал. Фрэдры «Помста». Прыпамінаюцца былыя ўніверсітэцкія часы. Каля 1820 г. аўтар - арыстакрат адмыслова напісаў свой твор у 5 ці 6 актах.
З часам існаванне тэатра пачало камусьці муляць. Было вырашана ўжываць рускую мову разам з польскай і з даходаў горада заплаціць на гэта 3000 руб. Але цывільны губернатар пажадаў купіць гэты тэатр і патрабаваў не малых рэпарацый у памеры 12 ці 14 тысяч рублёў за гмах і плошчу перад ім. […]
Першы публічны тэатр у Вільні адчыніў слаўны Войцех Багуслаўскі ў 1785 г. у палацы Аскеркі, які потым быў перароблены Мікалаем Абрамовічам і набыты для віленскіх губернатараў.
1846 г. Адкрыццё дзяржаўнага польска-рускага тэатра ў вялікай зале Ратушы, дзе адбываліся соймікі і канцэрты.
Цывільны губернатар Жарабцоў чынна гэтым займаўся. У абодвух канцах залы былі збіты каланады, усталявана сцэна і на слупах зроблена ложа. Вось ужо паўвеку, на шчасце, не было пажару, і тая ложа ўсё гэтак жа трымаецца на драўляных слупах.
Пра гэты зал з захапленнем успамінаў у Дрэздэну слаўны скрыпач Караль Ліпінскі, і ўсе спявачкі таксама хвалілі цудоўную акустыку. Тут горад даваў баль для цара Аляксандра І.» - Л. Л.
[23] Кавярня ці рэстаран, у якім адбываліся выступы артыстаў. Шуман меў дзве такія ўстановы - у сяродмесці і ў батанічным садзе. У кавярні батанічнага сада ў Шумана выступалі немкі ці францужанкі, і таму пераважалі не рускія песні, а неабходная квота рускіх песняў замяшчаліся ўкраінскімі. Пры кавярні ўтварыўся сапраўдны «гарэм» з так званых «шуманавак», вакол іх працавалі і «вольнапрактыкуючыя» жанчыны старажытнай прафесіі. Паліцыя мірылася з начнымі гулянкамі і маладыя абшарнікі гарнуліся да гэтай установы. За 30 гадоў значная частка мясцовых маёнткаў прайшла праз установу Шумана, як праз першы калідор Зямельнага банка, з наступным продажам за даўгі. - Л. Л.
[24] Спынюся трошкі на гэтым эпізодзе маёй грамадскай кар'еры, бо хрысціянская пакора прымушае мяне прызнацца ў адным з найвялікшых глупстваў, якія я здзейсніў у сваім жыцці, і таксама таму, што гэтыя падзеі даюць тыповую карціну перадваенных нораваў і метадаў, якія практыкаваліся ў асяроддзі тагачаснай польскай «інтэлігенцыі».
[25] Эдвард фон Роп (1851-1939) - рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч Літвы, Беларусі і Польшчы. У кастрычніку 1907 г. загадам міністра ўнутраных спраў адхілены ад кіравання дыяцэзіяй па абвінавачанні ў антыдзяржаўнай дзейнасці і патуранні рэвалюцыйнаму руху. Каля 10 гадоў жыў у маёнтку Нішча Віцебскай губерні пад наглядам паліцыі. Абавязкі адміністратара Віленскай дыяцэзіі пачаў выконваць менскі дэкан Казімір Міхалкевіч. - Л. Л.
[26] 1 жніўня (19 ліпеня) 1914 г. граф Фрыдрых фон Пурталес уручыў рускаму міністру замежных спраў С. Д. Сазонаву ноту аб аб'яўленні Германіяй вайны Расіі. Па ўспамінах, зрабіўшы гэта, Пурталес «адышоў да акна і заплакаў». - Л. Л.
[27] Аўтар непрыхільна ставіцца да славутай беларускай мецэнаткі Марыі Магдалены Радзівіл (1861-1945), якая пакінула выключны след у нашай культуры. Яна фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газету «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы і інш. Адкрыла беларускамоўныя школы ў сваіх уладаннях у Кухцічах, Уздзе, Каменцы. Яе маёнтак у Кухцічах (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага раёна) наведвалі Вацлаў Іваноўскі, Iван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Раман Скірмунт, Аляксандр Уласаў і іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху. Аказвала матэрыяльную падтрымку ў выданні першых кніг Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло і іншых. У знак удзячнасці герб Завішаў «Лебедзь» знаходзіцца на тытульнай старонцы зборніка вершаў Максіма Багдановіча «Вянок».
Пры тым, што цікава, Корвін-Мілеўскі добра ставіцца да Мікалая Радзівіла. Параўнаць яго стаўленне са словамі якія Паўліна Мядзёлка (ці яе рэдактар) укладвае ў вусны Івана Луцкевіча: «Муж яе Мікола Радзівіл - авантурыст, прымаў удзел каланіяльнай вайне ў Афрыцы на баку англічан, пасля пайшоў добраахвотнікам на японскую вайну, цяпер у гэтую вайну загінуў […] Справа тым, што пасля таго, як у Варшаве, у адным польскім клубе спусцілі са сходаў яе мужа за нейкія брудныя справы, яна [Магдалена Радзівіл] зненавідзела палякаў і не лічыць сябе полькай. Яна сама яшчэ добра не ведае, да якой нацыянальнасці сябе залічыць - да літоўскай ці беларускай». - Л. Л.
[28] Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балахавіч (1883-1940) - беларускі, польскі і расійскі вайсковы дзеяч. Афіцэр кавалерыі Рускай імператарскай арміі, генерал-маёр Белай арміі, генерал Асобнага атрада БНР, камандзір добраахвотніцкіх атрадаў польскай арміі ў 1920 г., удзельнік грамадзянскай вайны ў Іспаніі на баку генерала Франка. - Л. Л.
[29] «Цуд на Марне» (цуд на Марне, 1-я бітва на Марне) - вялікая бітва між нямецкімі і англа-французскімі войскамі, якая адбылася 5 верасня - 12 верасня 1914 на рацэ Марна пад час Першай Сусветнай вайны, яна скончылася паражэннем немцаў. У выніку бітвы быў сарваны план наступу нямецкай арміі, які арыентаваўся на хуткую перамогу на Заходнім фронце і вываду Францыі з вайны. - Л. Л.
[30] Маецца на ўвазе Аляксей Аляксандравіч Бобрынскі (1852-1927), археолаг, палітычны і дзяржаўны дзеяч, рускі нацыяналіст і лідар неаславянскага руху ў Расіі, прапраўнук імператрыцы Кацярыны ІІ і яе фаварыта Г. Арлова. - Л. Л.
[31] Вільгельм Від (Wilhelm Friedrich Heinrich Prinz zu Wied; 1876-1945) - прадстаўнік княжацкага роду Відаў, пляменнік першай каралевы Румыніі Лізаветы, першы і адзіны князь Албаніі. 7 сакавіка 1914 г. князь Вільгельм Від прыняў прапанову заняць албанскі трон. Да гэтага яго падштурхоўвала вярхушка Аўстра-Венгрыі, якая здолела ў 1908 г. анэксаваць Боснію і Герцагавіну. Вільгельм кіраваў Албаніяй у перыяд з 21 лютага па 3 верасня 1914 г. Тым часам частка албанскіх міністраў за італьянскія грошы пачала актыўна рыхтавацца да перавароту, тады ж поўдзень Албаніі акупавала Грэцыя. Баючыся за сваё жыццё, Вільгельм пакінуў краіну і вярнуўся ў Германію, дзе працягваў называць сябе «албанскім князем». - Л. Л.
[32] Дадам, што Шыман Ашкеназі ў сваіх «Заўвагах» цытуе наступныя словы Дмоўскага з пратаколаў камісіі Гарамыкіна ад 5 ліпеня 1915 г.: «У цяперашні час палякі перакананыя ў поўнай неаддзельнасці Польшчы ад Расіі». Магчыма, Дмоўскі ў размове са мной паводзіў сябе так жа асцярожна, як і з Гарамыкіным. Бо ў той час уся польская нацыя складалася з канспіратараў і … часткова з даносчыкаў.
[33] Ваўжынец Путкамер з Бальцэнікаў. - Л. Л.
[34] Маецца на ўвазе 1920-ы год. - Л. Л.