Папярэдняя старонка: Віленскі альбом

Наваградчына 


Аўтар: Лорэнц Станіслаў,
Дадана: 05-09-2023,
Крыніца: Лорэнц Станіслаў. Віленскі альбом (Наваградчына) // Наша слова.pdf № 23 (75), 7 чэрвеня 2023.; № 36 (88), 6 верасня 2023.

Спампаваць




У Наваградак я паехаў толькі ў ліпені 1929 года. У газеце "Наваградскае Жыццё" ("Życie Nowogródzkie") за 18 ліпеня было апублікавана наступнае паведамленне: "17 ліпеня ваявода прыняў кансерватара Віленскага і Наваградскага ваяводстваў доктара Лорэнца, з якім правёў канферэнцыю аб захаванні помнікаў у Наваградкім ваяводстве і патрэбы ў грашах для гэтай мэты".

Ваявода - Зыгмунт Бэчкавіч [1], народжаны ў 1887 г. у маёнтку Лукавіцы Любартоўскага павета, скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, з якога быў выключаны за ўдзел у палітычным гуртку, а потым "з ласкі" зноў прыняты. Да 1-й сусветнай вайны - суддзя ў Седльцах, пасля аднаўлення незалежнасці намеснік урадавага камісара горада Варшавы, затым намеснік варшаўскага ваяводы, з сярэдзіны 1926 г. - ваявода наваградскі. У той час у Польшчы былі тры ваяводы, і ўсе ва ўсходніх тэрыторыях, якія знаходзіліся ў апазіцыі да нацыяналістычнай палітыкі ў дачыненні да нацыянальных меншасцей і выступалі за сапраўднае паразуменне з імі: Бэчкавіч у Наваградку, Ян Крагельскі на Палессі і Генрык Юзэўскі на Валыні.

Бэчкавіч жадаў падтрымліваць зносіны з беларусамі. Яны гэта ацанілі і, калі ён сыходзіў з пасады наваградскага ваяводы, па жаданні беларусаў вуліцу, на якой стаяў будынак ваяводскай управы, назвалі - вуліца Зыгмунта Бэчкавіча. Жонка Бэчкавіча займалася беларускай народнай творчасцю, а потым у Вільні наладзіла сувязь з Таварыствам народнай творчасці. Абодва Бэчкавічы цікавіліся культурным жыццём, сябравалі з мастачкай Міхалінай Кшыжаноўскай [2], удавой Конрада, апекаваліся яго мастацкай спадчынай.

Бэчкавіч меркаваў, што беларусаў трэба не дэнацыяналізаваць, а як грамадзян, уцягнуць у дзяржаўнае жыццё. Ён лічыў неабходным арганізаваць беларускую адукацыю, забяспечыць права карыстання беларускай мовай у справаводстве ў раёнах канцэнтрацыі беларускага насельніцтва, а таксама ўзгадніць з прадстаўнікамі беларусаў спосаб правядзення рэформы сельскай гаспадаркі ў гэтых раёнах. Я вельмі зблізіўся з мужам і жонкай Бэчкавічамі, аднойчы нават гасцяваў у іх і памятаю, як Бэчкавіч, падышоўшы да мяне ў халаце, разбудзілі мяне а сёмай раніцы, каб працягнуць нейкую перапыненую напярэдадні ўвечары размову. А рэзідэнцыя ў іх была невялікая - аднапавярховы драўляны дом у скверыку на вуліцы 3-га Мая, мабыць, на пяць-шэсць пакояў, дзе раней жыў Рачкевіч, калі быў наваградскім ваяводам. У 1931 г., пасля ад'езду Рачкевіча ў Варшаву, дзе ён стаў маршалкам Сенату, Бэчкавіч заняў яго пасаду ў Вільні, але прабыў тут толькі два гады, бо маршалак Пілсудскі накіраваў яго амбасадарам Польшчы ў Рыгу. Апошнія чатыры перадваенныя гады ён быў сенатарам. Маё сяброўства з Бэчкавічам яшчэ з наваградскіх часоў захавалася і да сёння. Дзесятак-другі гадоў таму, абодва ўжо ва ўзросце, мы вырашылі называць адзін аднаго па імёнах. Ён жыў у Гдыні са сваёй вельмі добрай жонкай Марыяй, мастачкай. Мы часта перапісваемся адзін з адным.

Наваградскі, а потым віленскі ваявода Зыгмунт Бэчковіч, 1931 г. (злева). Зыгмунт Бэчковіч і Станіслаў Лорэнц, 1978 г. (справа).

Францішак Гадлеўскі, наваградскі віца-ваявода, быў вельмі сімпатычным, культурным, высокім і прыгожым чалавекам, а яго жонка, з якой я пазнаёміўся некалькі гадоў таму ў Варшаве ў Таварыстве сяброў Варшавы, была надзвычай актыўнай у культурным і грамадскім жыцці. Потым мы ўспаміналі часы Наваградка і іх сына - гэта быў славуты "Антак Распыляч" з Арміі Краёвай, які загінуў падчас Варшаўскага паўстання. Прыгожы хлопчык, вельмі падобны на бацьку. Я сядзеў побач са спадарыняй Гадлеўскай на паседжанні аднаго з аддзяленняў Таварыства сяброў Варшавы, прысвечаным памяці яе сына.

Хацелася б таксама адзначыць вельмі актыўную ў грамадска-культурным жыцці Наваградка Тэклю Грынеўскую, жонку наваградскага старасты, якая цікавілася помнікамі гісторыі і пісала ў "Наваградскае Жыццё".

Асноўнай крыніцай звестак пра Наваградчыну стала для мяне калектыўная праца, выдадзеная ў 1925 г. дзякуючы намаганням Польскага агляднага таварыства, - "Навагрудак". Натхненнем для гэтай працы стала паездка ў 1924 годзе кансерватара Ежы Рэмера, доктара Вацлава Баравога, прафесара Уладзіміра Антаневіча, верагодна таксама, прафесара Клоса і настаўніцы, пісьменніцы, экскурсавода Марты Губіцкай (раней яна працавала ў Кельцах і Свянцянах, дзе пазнаёмілася з Рэмерам і Баравым). У гэтай публікацыі былі два вельмі важныя для мяне артыкулы: "Манументальная архітэктура ў Наваградскім ваяводстве" Ежы Рэмера і "Наваградак Міцкевіча" Вацлава Баравога, апрача артыкулаў пра Нясвіж, Наваградак і Слонім і артыкула Марты Губіцкай "Кім бы ты ні быў у Наваградку", які цудоўна прадстаўляў атмасфера Наваградскай зямлі.

(…) У сваю праграму кансервацыі помнікаў гісторыі ў першую чаргу я ўключыў руіны наваградскага замка. З тых невялікіх сродкаў, якія атрымаў ад міністэрства, я не мог дазволіць сабе большага і лічыў, што найперш дзяржава павінна паклапаціцца пра тыя помнікі, якія не служаць сучасным мэтам і не маюць гаспадароў. На ўсю краіну Міністэрства рэлігійных веравызнанняў і народнай асветы мела толькі сто тысяч злотых на кансервацыю помнікаў. Таму роля рэстаўратара заключалася ў тым, каб карыстальнікі клапаціліся пра помнікі, а таксама ў кантролі метадаў і праграм іх захавання.

Работы над замкам у Наваградку пачаліся пры маім папярэдніку Ежы Рэмеры ў 1924 годзе. Менавіта тады быў створаны праект увекавечання памяці Адама Міцкевіча шляхам стварэння кургана на гэтак званым малым замку, гэта значыць на ўзгорку, які прымыкае да замка. Камень падмурка гэтага кургана быў асвечаны біскупам Лазінскім у прысутнасці прэзідэнта Станіслава Вайцяхоўскага і тагачаснага наваградскага ваяводы Уладзіслава Рачкевіча. А курган склалі з насыпаў, якія атрымаліся з руін і, часткова, з друзу, прывезенага з горада. Таму, адначасова з працай на кургане, у замку пачаліся навукова-даследчыя і кансервацыйныя работы. Аднак выдзеленых Акруговай дырэкцыяй грамадскіх работ сродкаў не хапіла, і ў наступныя гады работы былі спынены.

Таму я дамовіўся з архітэктарам Рамуальдам Гюртлерам, які раней праводзіў работы на замку ў Наваградку, і ў 1929 годзе мы аднавілі гэтыя работы і працягнулі іх у 1930-1931 гадах. Па праекту для замкавай гары неабходна было зрабіць:

1. Вывезці завалы і раскрыць абарончыя сцены, як гэта ўжо зроблена паміж цяперашнім уваходам і ўязной вежай, а таксама - злева ад цэнтральнай вежы.

2. Пасля зняцця насыпу, стварэнне праходу на вяршыню і разметка адпаведнай сцежкі, якая вяла бы ў замак праз уязную вежу пасля замуроўкі пралому ў абарончай сцяне, зробленага расейцамі.

3. Упарадкаванне ўнутранага дворыка, г. зн. адпаведнае афармленне газонаў і лавак.

4. Поўная кансервацыя існых муроў.

5. Стварэнне "гістарычнага парку" праз злучэнне курганнага ўзгорка з замкавай гарой.

На жаль, недахоп сродкаў у наступныя гады прывёў да таго, што праца была зноў спынена.

Вялікай падзеяй у канцы лета 1929 г. стаў абвешчаны прыезд у Наваградскае ваяводства прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага. 1 верасня ў ваяводскай управе адбылося арганізацыйнае паседжанне ваяводскай камісіі па прыёме прэзідэнта, у якім прынялі ўдзел каля ста чалавек. Старшынём Грамадзянскага камітэта быў запрошаны ваявода Бэчкавіч, старшынём Выканкама стаў віца-ваявода Гадлеўскі, яго намеснікамі - уладальнік маёнтка Горны Чэрніхаў і старшыня Дажынкавай камісіі, дэпутат Канстанты Рдултоўскі і наваградскі бурмістр Вольнік. Я стаў старшынём Камітэта па ўзнагародах, у гэты камітэт увайшлі пані ваяводзіна Бэчкавіч і старасціна Грынеўская. Прыезд прэзідэнта, раней абвешчаны ваяводам на 19 верасня, пачаўся ў Слонімскім павеце, дзе прэзідэнта сустракалі вучні школы імя Зоф'і Грыбоўскай і насельніцтва навакольных вёсак. Затым прэзідэнт наведаў школу ў Жыровічах, папяровую фабрыку ў Альбярціне, ваенна-спартыўны стадыён, беларускія вёскі з іх грамадскімі арганізацыямі, прыняў удзел у адкрыцці пачатковай школы і краязнаўчага музея ў Слоніме. У Баранавіцкім павеце прэзідэнт наведаў фермерскія гаспадаркі ў пасёлку Новае Поле і Грудапольскую прамыслова-лясную гаспадарку Антонія Юндзіла. У Баранавічах ён удзельнічаў у святкаванні дня 9-га Дывізіёна коннай артылерыі [3] і наведаў іншыя вайсковыя часткі, якія там дыслакаваліся. Па дарозе ў Наваградак праз Сталовічы, Гарадзішча і Калдычава ён праехаў радзімай Міцкевіча - праз Туганавічы і Плужыны над Свіцязю, дзе яго прыняло Краязнаўчае таварыства, мясцовае насельніцтва і школьнікі. Затым праз Чомбраў ён урачыста ўехаў у Наваградак. У нядзелю цывільныя і ваенныя ўлады і прадстаўнікі грамадства аддалі даніну павагі, а на двары замкавай гары адбыліся Дажынскі, куды сабраліся земляробы з усяго ваяводства. Нарэшце пан прэзідэнт быў уганараваны банкетам які арганізаваў Ваяводскі камітэт.

Вось тэкст друкаванага меню, на якім пад Каронай знаходзіліся дзве тарчы: Анёл Русі і Пагоня - на сіне-чырвонай стужцы:


Наваградскі

Ваяводскі грамадзянскі камітэт

Прыём Прэзідэнта Рэспублікі Польшча

22 верасня 1929 г.

МЕНЮ

Партугальскі суп у філіжанках

Паштэцікі

Рыба ў маянэзе

Белае віно

Індыкі, качкі і рабчыкі

салаты і кампоты

Чырвонае віно

Спаржа, каляровая капуста і гарох

Краёвае белае віно

Марозіва "Імперыял" з печывам

Чорная кава

Лікёры

Садавіна.


У панядзелак была сельскагаспадарчая выстава ў Міры, паседжанне павятовай сельскагаспадарчай камісіі ў Нясвіжы, потым сняданак для ўсіх слаёў грамадства, а затым экскурсія па замку. Пасля - сямігадовая школа ў Снове, Клецку і начлег у батальёне КАП. У аўторак - Стоўбцы, затым Івянец і Налібокі, дзе прэзідэнт наведаў прадстаўнікоў паўднёвай часткі Валожынскага павета. Затым агледзеў узорную гаспадарку, сустрэўся з насельніцтвам і вайсковымі асаднікамі ў Шчорсах. У чацвер быў Лідскі павет, шклозавод у Нёмне, сямігадовая школа і сход кааператараў у Лідзе, пасяджэнне ваяводскай земляробчай управы ў Беняконях [4]. Увечары прэзідэнт быў госцем абшарнікаў - у Жалудку яго прымаў прэзідэнт Таварыства землеўладальнікаў Чацвярцінскі [5]. 26 верасня прэзідэнт Масціцкі ўдзельнічаў у 13-м нацыянальным з'ездзе лекараў і прыродазнаўцаў у Вільні. З гэтай прычыны мэр горада Вільні запрасіў "на раўт а 21.00 у ратушу на вул. Вострабрамская, 5, які ўшануе сваёй прысутнасцю Прэзідэнт Рэспублікі Польшча".

(...) Пра сустрэчу прэзідэнта "Наваградскае Жыццё" ад 4 верасня паведаміла наступную інфармацыю:

"Учора адбылася канферэнцыя па справах сустрэчы прэзідэнта. На канферэнцыі прысутнічалі спадарыня ваяводзіна Бэчкавіч, бурмістр Вольнік і інжынер Тамкевіч. Абмяркоўвалася пытанне ўнутранага аздаблення ваяводскай управы і гарадскога тэатра. У матывах упрыгожвання было вырашана захаваць высакародную прастату - і тым больш падкрэсліць прыгожыя архітэктурныя лініі будынка Ваяводскай управы. Агульнае кіраўніцтва працамі дэкаратыўнай часткі, згодна з пастановай Камітэта, узяў на сябе кансерватар доктар Лорэнц. Таксама былі вызначаны планы па ўпрыгожванні горада".

Я атрымаў пасведчанне з подпісам віцэ-ваяводы Гадлеўскага: " Пан Станіслаў Лорэнц, доктар філасофіі, ўпаўнаважаны знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад прэзідэнта Рэспублікі Польшча". У запрашэнні на Дажынкі за подпісам Канстанціна Рдултоўскага паведамлялася, што "ў нядзелю 22 верасня 1929 г. у 12 гадзін на Замкавай гары ў Наваградку, дзякуючы намаганням арганізацый і сельскагаспадарчых школ Наваградскага ваяводства, адбудзецца Свята ўраджаю ў гонар Прэзідэнта Рэспублікі Польшча".


У наступным годзе я хацеў пашырыць аб'ём работ па кансервацыі руін сярэднявечных замкаў. Таму я запрасіў кіраўніка дэпартамента выяўленчага мастацтва і старажытнасцей Міністэрства рэлігійных веравызнанняў і народнай асветы архітэктара Яраслава Вайцяхоўскага і Ежы Рэмера, каб разам са мной даследаваць найбольш важныя гістарычныя руіны і вызначыць, чым яны могуць мне дапамагчы. Мы былі ў Троках, Вільні, Медніках і Крэве, а потым 9 траўня 1930 г., прыбылі ў Наваградак. Камісія з удзелам архітэктара Гюртлера вызначыла, што ў 1930 годзе кансервацыйныя і даследчыя работы на замкавым узгорку павінны быць прадоўжаны, а фрагменты сцен, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, павінны быць захаваны. Але на большыя грошы, на жаль, надзеі не было. У сувязі з нашым знаходжаннем у Наваградку ваявода Бэчкавіч арганізаваў паседжанне Выканаўчага аддзела Камітэта памяці Адама Міцкевіча на Наваградчыне, які сабраўся пасля доўгай бяздзейнасці. Было вырашана звязацца з гаспадаром дома Міцкевічаў панам Дамброўскім і спадарыняй Вяржбоўскай, каб абмеркаваць магчымасць набыцця гэтага дома для музея Міцкевіча. Як паведамляе "Навагрудскае Жыццё": "У 11-ты дзень гэтага месяца, кансерватар Лорэнц выязджаў у Шчорсы, Любчу і Нянькаў, каб агледзець стан захавання помнікаў, якія знаходзяцца ў гэтых месцах, і выдаць неабходныя распараджэнні."

У ліпені 1930 г. я зноў апынуўся ў Наваградку, а адтуль паехаў у Грушаўку, дзе мясцовы камітэт шукаў парэшткі Тадэвуша Рэйтана. Высветлілася, аднак, як заявіў прафесар Міхал Райхер, парэшткі, знойдзеныя ў меркаванай магіле Рэйтана, - не ягоныя парэшткі.

(…) Летам 1930 г. з пані Тэкляй Грынеўскай на аўтамабілі старасты я здзейсніў двухдзённую вандроўку па Наваградскім павеце: Воўкавічы - з прыгожай драўлянай царквой XVIII ст., Сэрвеч, Туганавічы і па суседстве ў вёсцы Новы Свет - сустрэча з паннай Туганоўскай, старой дамай. Год таму я бачыў, як яна сядзела на канапе з прэзідэнтам Масціцкім. Прыгожая сядзіба і дубы ў Варончы. Райца - на верхняй частцы фасада касцёла, пабудаванага ў 1817 г., надпіс: "Пабудаваны Канстанцінам, палкоўнікам кавалерыі Ордэна Ганаровага Легіёна ..." - "...Statua Haec. Matris Dei e summa fronte Varsoviensis Templi in quo cineres condebantur Magni Ducis Moschorum Basilij Szujski et Demetri fratris eius quos poloni exercitus Imperator Stanislaus Zolkiewskius Moscua post K?uszynense proelium obsesse Captivos suscepit. Huc disiecto Templo translata. R.S. Anno MDCCCXVIII" [6]. Для мяне гэта быў шок. Знайсці тут, у глухой наваградскай вёсачцы, статую Маці Божай з верхняй часткі фасада касцёла дамініканаў у Варшаве, зруйнаванага ў 1817 г., пра які я пісаў у адным з раздзелаў сваёй доктарскай дысертацыі пра архітэктара Эфраіма Шрэгера! А далей была Вялікая Сваротва, Сянежыцы, Стараельня.

Увосень 1930 года ваявода Бэчкавіч вырашыў скончыць будаўніцтва кургана Міцкевіча ў наступным годзе і арганізаваць тады свята "Дні Міцкевіча" ў Наваградку. Мерапрыемствы павінны працягвацца ўвесь чэрвень. Яны будуць урачыста завершаны адкрыццём кургана, будуць арганізаваны вандроўкі па Наваградчыне для груп з усёй краіны, асабліва з ваколіц Міцкевіча - Свіцязь, Туганавічы, Варонча..., будуць праводзіцца лекцыі, тэатральныя імпрэзы, інсцэніроўкі. Тады ж быў створаны камітэт па святкаванні "Дзён Міцкевіча". Маёй задачай было афармленне выставы Міцкевіча.

Я са свайго боку прыкладаў намаганні па выкупе дзяржавай возера Свіцязь. Гэта справа безвынікова была пачата ў 1923 годзе. Цяпер, у 1930 годзе, уладальнікі Свіцязі, сям'я Пушкарскіх, пагадзіліся прадаць дзяржаве возера і прылеглы да яго хутар Пяшчанка - усяго 360 га, у тым ліку плошча возера - 172 га. Але справа пачала зацягвацца. У "Віленскім кур'еры" за 24 траўня 1931 г. паведамлялася, што: "Сабрана спецыяльная камісія ў асобах пана інжынера ляснічага Пузыноўскага, кансерватара Лорэнца, пана земскага камісара Бірулі-Бялыніцкага і іншых, якія ацанілі Свіцязь разам з Пяшчанкай у суму 300 000 злотых - на што гаспадар пагадзіўся. Пасля падачы ўсіх дакументаў уладальнікам Свіцязі, справа раптам па незразумелых прычынах затрымалася і засталася ў такім стане дагэтуль. Нядаўна, у сакавіку гэтага года, пан Пушкарскі атрымаў ліст ад пана кансерватара Лорэнца, які прызнаваў Свіцязь... помнікам паводле артыкул 3 ардынацыі Прэзідэнта РП ад 6 сакавіка 1928 г. ... Тым часам справа ўскладняецца, цягнецца, і дай Бог, каб нарэшце была вырашана яшчэ праз сем гадоў". Вырашыць справу мне не ўдалося - напэўна таму, што цяжка было атрымаць рашэнне ўрада, каб выплаціць 300 000 злотых.

Магіла Ігнацыя Масціцкага на варшаўскіх Павонзках, 1 лістапада 2023 г.

На працягу некалькіх гадоў розныя наведвальнікі Наваградка: моладзь, вайскоўцы, розныя арганізацыі, эпізадычна і павольна насыпалі курган у памяць Міцкевіча. Каб значна паскорыць і завяршыць насыпанне кургана, мабілізавалі войска. Паважным у гэтай справе быў і наш унёсак - грунт і друз з тэрыторыі замка. 1 чэрвеня (1931 г.) ля падножжа кургана адбылася цырымонія пачатку дзён Міцкевіча. Выступаў Бэчковіч, тады ўжо віленскі ваявода. Шэфства над Камітэтам па ўвекавечанні памяці Адама Міцкевіча ўзялі прэзідэнт Ігнацы Масціцкі і маршал Юзаф Пілсудскі. Першую тачку зямлі на вяршыню кургана прывезлі ваявода Бэчковіч [7] і старшыня земскага суда Генрык Мурашка. З гэтага моманту моладзь і людзі старэйшага ўзросту, якія індывідуальна ці турыстычнымі групамі прыязджалі ў Наваградак, прынялі ўдзел у будаўніцтве кургана, пры гэтым кожны атрымліваў пячатку і ўпісваўся ў ганаровую кнігу. 7 чэрвеня ў Наваградку адбылося свята песні, у якім удзельнічалі спеўныя гурткі школьнай і сельскай моладзі ваяводства, а 21 чэрвеня - з'езд членаў найбольш шматлікіх арганізацый па падтрымцы арміі, прыбылі таксама дэлегацыі ўсіх армейскіх частак, якія кватаравалі ў ваяводстве і суседніх паветах.

28 чэрвеня ў Наваградку завяршыліся ўрачыстасці месяца Міцкевіча. У гэты дзень сабраліся прадстаўнікі ўраду, прафесара паланістыкі ўніверсітэтаў, пісьменнікі (Серашэўскі, Налкоўская, Парандоўскі, Кляшчынскі, Гёталь ды іншыя), віленскія літаратары: Лапалеўская, Дабачэўская, Ромер-Ачанкоўская, магчыма, Гулевіч, Люк Хаміньскі, Вітольд Станевіч, Мірак Сляндзіньскі, Хапэн, Квяткоўскія, Балзукевіч, Вяслаўскія, Маралоўскі і яшчэ Рэмер з Варшавы - усіх не памятаю, але гасцей у той дзень было больш за сто. Бэчковіч запрасіў біскупа Уладзіслава Бандурскага, былога капелана легіёнаў, і менавіта ён, а не дыяцэзіяльныя ўлады, прадстаўляў духавенства. Вацлаў Серашэўскі [8] прывёз апошнюю ганаровую тачку на вяршыню і з вяршыні кургана выступіў з прамовай. Курган меў 17 метраў у вышыню і 30 метраў у шырыню.

Мы арганізавалі выставу ў будынку Ваяводскай ўправы на вызваленым для гэтага першым паверсе (былы будынак кляштара дамініканцаў). На выставе было прадстаўлена 512 экспанатаў. У яе аснову пакладзены шматлікія прадметы, запазычаныя Янам Міхальскім з Варшавы, Аляксандрам Сямковічам са Львова і Юзафам Рыхлевічам з Вільні. Тут меліся 26 рукапісаў, 49 замежных выданняў твораў Міцкевіча, 5 сцэнічных апрацовак, 65 перакладаў на розныя мовы, 45 нотных зборнікаў да паэзіі Міцкевіча, 9 твораў філаматаў, 184 даследаванні жыцця і творчасці Адама Міцкевіча, 18 розных кніг, 70 партрэтаў Міцкевіча, 16 розных партрэтаў, 10 гістарычных карцін і відаў, 9 сувеніраў.

Праграма закрыцця месячніка Міцкевіча ў Наваградку ў нядзелю 28 чэрвеня ўключала ў сябе:

11-00 - урачыстае набажэнства ў старадаўнім фарным касцёле. Была выстаўлена метрычная кніга парафіяльнага касцёла за 1782-1805 гг. з запісам пра Адама Міцкевіча, гэта кніга была, бадай, самай вялікай каштоўнасцю.

12-00 - завяршэнне насыпання кургана-помніка і перадача яго пад апеку горада.

13:00 - выстава пра Міцкевіча.

14.00 - 17.00 - прыём ежы, урачыстая акадэмія ў зале гарадскога тэатра.

20.00 - вечар у замку: рэгіянальныя спевы.

На панядзелак, 29 чэрвеня, у праграме меліся: "Калектыўныя вандроўкі па памятных мясцінах пад кіраўніцтвам прафесійных экскурсаводаў". У сваім камюніке Камітэт па святкаванні паведаміў, што праезд на аўтобусе да Свіцязі каштуе 3 злотыя, начлег у інтэрнаце над гэтым возерам для членаў групавых паездак па 50 грошаў з асобы, для неарганізаваных турыстаў у агульным пакоі - першая ноч 1,20 зл., наступная ноч 0,80 зл., асобны пакой 2 зл.

Ваявода Бэчковіч загадаў мне запрасіць пасля наведвання замка на вечар 28 чэрвеня, 20 асоб на вячэру - канешне, за кошт Камітэта. Я замовіў лепшы ў Наваградку рэстаран Лайпунэра (яўрэйскі), узровень якога значна перавышаў маштабы горада з шасцю тысячамі жыхароў (столькі ў Наваградку было людзей). Гэты рэстаран хутчэй падыходзіў для абшарнікаў і заможных людзей. Кухня ў ім была выдатная і разнастайная, меліся лепшыя айчынныя і замежныя напоі. Рэстаран месціўся на першым паверсе і меў вялікую залу. Я замовіў аркестр, і мы з жонкай Ірэнай сталі гаспадарамі вечарыны. Не памятаю, хто прысутнічаў на гэтай вячэры, але госці былі і з Варшавы і з Вільні. Атмасфера вечара адрознівалася прыемнасцю і нязмушанасцю, настрой хутка падняўся і танцавалі амаль што ўсе. Мне, як вядоўцу, трэба было сачыць, хто з дам карыстаецца меншай увагай, і запрашаць іх на танец. Налкоўская танцавала вельмі ахвотна, але яна была завялікая і зацяжкая для танцаў. Так здаралася, што мне давялося танцаваць з ёй амаль што ўвесь вечар. Танцуючы, я стаміўся яе паварочваць, і таму ў мяне ўзнікла ідэя самому абярнуцца вакол яе. Такі метад даў вельмі добрыя вынікі.

Ужо развіднела калі мы выйшлі з рэстарана. Каб асвяжыцца, група віленцаў вырашыла зайсці яшчэ і ў замак. Скажу праўду, што мы, мужчыны, былі ў вельмі-вельмі вясёлым настроі. Для мяне ў такія моманты Ірэна заўсёды была каменем, яна не любіла піць алкаголь, дазваляла сабе максімум адзін-два кілішкі. На замкавай гары мы пачалі думаць, ці цяжка будзе падняцца на руіны замкавай вежы (каля 20 м). Баляслаў Балзукевіч, якога мы звалі "Балзук", намеснік прафесара скульптуры ў Вільні, старэйшы за мяне гадоў на 20, як і ўсе даволі п'яны, сказаў: "А я б залез…". "Вы спалохаліся б …". "Не, не спалохаўся б …", і ён насамрэч вельмі п'яны, пачаў караскацца ўверх пакуль не дасягнуў вяршыні. Аднак, калі ён зірнуў адтуль уніз, адразу працверазеў і, прыціснуўшыся да сцяны, пачаў гаварыць, што не можа спусціцца, бо гэта занадта высока. Мы таксама трохі працверазелі, а паколькі ўгаварыць яго спусціцца ніяк не атрымлівалася, дык пачалі раіцца, што нам рабіць далей, ці можна падвесці сюды пажарную машыну з драбінамі? Розныя думкі выказвалі Сляндзінскі, Хапэн, Квяткоўскі, нарэшце нехта з іх падказаў, што трэба пачаць кідаць камяні ў Балзука і тады ён спалохаецца і спусціцца ўніз. І вось вы пачалі працаваць. І сапраўды, Балзукевіч, чапляючыся за сцены, пачаў апускацца і праз нейкі час ужо шчасліва стаяў на зямлі.

На наступны дзень Бэчковіч з біскупам Бандурскім вяртаўся на машыне ў Вільню і прапанаваў Ірэне паехаць з імі, што і адбылося. Мне давялося застацца, каб назіраць за экскурсіямі і завяршэннем цырымоніі.


Я мушу адзначыць яшчэ дзве вельмі важныя мясцовасці, з якімі я пазнаёміўся ці то ў 1929, ці то ў 1930 г.

Першая - Чомбрава, дзе можна ўбачыць Сапліцова з "Пана Тадэвуша". Мар'ян Карповіч, прафесар гісторыі мастацтваў Варшаўскага ўніверсітэта, нядаўна сказаў, што ў дзяцінстве ён бачыў мяне ў доме сваіх дзядулі і бабулі Карповічаў у Чомбраве. Я падзяляю думку прафесара Пігоня і Баравога, што ўспаміны Адама Міцкевіча аб гэтых мясцінах паўплывалі на фарміраванне паэтычнага бачання Сапліцова. Бо Чомбрава ён ведаў з дзяцінства - яго маці была дачкой чомбраўскага эканома, а суддзёва Узлоўская (Узлоўскія ў той час валодалі Чомбравам) была хрышчонай маці Адама Міцкевіча.

Другая мясцовасць - Мір. Замак (або руіны замка), сапраўды цудоўны, вялікі і прыгожа размешчаны. Гэты гатычны замак з пяццю вежамі пабудаваны ў пачатку XVI ст. і быў населены да першай паловы XIX ст. Заняпаў толькі, калі перайшоў ад Радзівілаў да Вітгенштэйнаў. Замак быў выкуплены (не ведаю, калі) Мірскімі (напэўна рускай лініі), бо князь Міхал Святаполк-Мірскі, які з'яўляўся ўладальнікам Міра ў апошнія дваццаць гадоў і якога я ведаў, меў белую бараду і выглядаў, як тыповы расійскі саноўнік. Быў праваслаўным і нездарма да Першай сусветнай вайны займаў пасаду губернатара на Каўказе. Адразу пасля вайны ён змяніў веравызнанне з праваслаўнага на каталіцкае, патлумачыўшы гэта тым, што ў Польшчы праваслаўныя - гэта толькі сяляне.

Пасля Першай сусветнай вайны Мірскі пасяліўся ў былой сядзібе адміністратара, адкрыў вялікую гаспадарку, цагельню, ткацкія варштаты, пабудаваў вінакурню і спіртзавод. А калі ў яго з'явіліся адпаведныя фінансавыя магчымасці, пачаў рэканструкцыю замка, у тым ліку і яго жылых памяшканняў. Праекты інтэр'ераў падрыхтаваў архітэктар Тэадор Буршэ. Мірскі, які пасяліўся ў замку, быў захоплены ім і жыў ідэяй аднаўлення замка, ён асабіста ўдзельнічаў у праектаванні рэканструкцыі. Князь купіў сабе Dictionnaire raisonnу de l'architecture franеaise du XI-e au XVI-e siеcle Viollet-le-Duc [9] (Віёлле-ле-Дзюк. Толковый словарь французской архитектуры XI-XVI века - Л. Л.), з якога чэрпаў мадэлі для сваіх ідэй.

Мірскі прыняў мяне прыязна, але потым крыху расчараваўся. Пра свой прыезд я паведаміў лістом. Ён са здзіўленнем сказаў мне, што спадзяваўся ўбачыць сур'ёзнага старога чалавека. Я хутка зразумеў, што ён паспрабуе мяне праверыць. Аднойчы князь згадаў імя Віёле-ле-Дзюк і зірнуў на мяне, каб даведацца, ці значыць гэта для мяне што-небудзь. Я адразу пачаў з ім дыскусію наконт засцярог рэстаўратараў ад занадта рабскага пераймання задум Віёле-ле-Дзюка і ўбачыў, што ён пачаў мяне паважаць. Аднойчы князь Мірскі сказаў, што вялікая зала на першым паверсе была яго "белым сланом". Ён паглядзеў на мяне і спытаў, ці ведаю я, чаму ён назваў яе сваім "белым сланом". Я адказаў, што, гэта нешта абсалютна бескарыснае, вельмі дарагое і маніякальна жаданае. Мой адказ змяніў атмасферу размовы, і ён пачаў ставіцца да мяне роўна і па-сяброўску. Запрасіў на абед. Было вельмі смешна. За сталом сядзела пляменніца Наташа, адзін з двух яго пляменнікаў і яшчэ некалькі чалавек. Калі мы ўсе селі, урачыста ўвайшоў кухар у белым фартуху і ў высокім капелюшы, па камандзе князя ён зачытаў меню па-французску, але з такім мясцовым вымаўленнем, што разабраць яго было цяжка. Я вельмі хацеў убачыць гэтую старонку меню, але было непрыстойна прасіць яе.

Размова за сталом была для мяне вельмі няёмкай, у нейкі момант гаспадар сказаў што Наташа дурная. Пра свайго пляменніка ён сказаў, што той разбойнік і ён увесь час мае з ім непрыемнасці. Князя злавала, што яны нічога не разумеюць у справе адбудовы замка. Мірскі размаўляў па-польску з расійскім акцэнтам, напэўна, яшчэ горшым, чым у генерала Жалігоўскага. Пасля абеду ён размаўляў са мной крыху па-польску, крыху па-французску. Рассталіся мы вельмі сардэчна.

Я не верыў, што Мірскія здолеюць аднавіць для сабе ў замку жылыя апартаменты. І памыліўся. Незадоўга да вайны, верагодна, у 1937 ці 1938 г. Мірскія пераехалі ў замак [10].


За сем гадоў я добра пазнаёміўся з помнікамі і гістарычнымі мясцовасцямі Наваградскага ваяводства. Па ініцыятыве Слонімскага аддзела Польскага краязнаўчага таварыства у 1933 г. я нават выдаў "Слонімскія вандроўкі. Кароткі аглядны даведнік па Слоніме і Альбярціне, Быцені, Дзярэчыне, Мерачоўшчыне, Ружанах, Сынкавічах, Дзятлаве і Жыровіцах".

Калі Бэчковіч пераехаў у Вільню, я страціў ахвоту да больш цесных кантактаў з Наваградкам, бо ў 1931 г. ваяводам стаў палкоўнік Костак-Бярнацкі [11]. У гэты час мне патэлефанавалі з Наваградскай ваяводскай управы з просьбай прыехаць у Наваградак, каб прадставіцца новаму ваяводзе. Я зрабіў гэта па неабходнасці, але з агідай. Мой візіт да новага ваяводы быў толькі фармальнасцю. Яго не цікавіла ні захаванне помнікаў, ні культура. Ён быў тут ваяводам каля года, і, на шчасце, я больш не меў з ім кантактаў. Я не жадаў размаўляць з былым начальнікам жандармерыі легіёнаў і камендантам Берасцейскай цвердзі ў 1930 г., у якой тады была турма для апазіцыйных дзеячаў.

Stanisław Lorentz. Album wileńskie. Warszawa, 1986. S. 55-72. (са скаротамі)

Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша.



[1] Зыгмунт Казімір Бэчкавіч (польск. Beczkowіcz; 1887-1985), польскі палітык і дзяржаўны дзеяч, у 1926-1931 гг. наваградскі, у 1931-1933 гг. віленскі ваявода. Выступаў за правядзенне больш гнуткай дзяржаўнай палітыкі ў дачыненні да беларусаў. Мемуарыст Андрэй Раствароўскі пісаў: "Ваяводамі ў Наваградку ў той час былі Уладзіслаў Рачкевіч, генерал Янушайціс і Зыгмунт Бэчкавіч, які атрымаў папулярную мянушку "Кадушкін". Ваявода Бэчкавіч не выносіў піцця гарэлкі, таму нават на банкетах дазваляў толькі мінеральную ваду. Ведаючы гэта, на такога кшталту мерапрыемствах наш дальні канец стала заўсёды рыхтаваў адмысловыя бутэлькі ад мінеральнай вады ці ліманаду, у якія налівалі гарэлку. Неяк, падчас банкету, ужо не памятаю з якой нагоды, можа з-за Сельскагаспадарчай выставы, калі мы добра "запраўляліся" з нашых пляшак (стаяла добрая гарачыня), ваявода, які сядзеў пасярэдзіне стала, устаў і пайшоў на наш канец стала, дзе забраў "падрыхтаваную" бутэльку. Сакратар ваяводы, які сядзеў на нашым краі стала не разгубіўся і выхапіў у ваяводы з рук бутэльку са словамі: "Пан Ваявода, дазволіць?", потым зграбна схаваў нашу і адкаркаваў сапраўдную бутэльку з мінеральнай вадой" - Гл: Rostworowski Andrzej. Moje zycie na Nowogrodczyznie lata 1924-1928 // Goniec Kresowy 2003. № 41. S.15.

[2] Міхаліна Кшыжаноўская нарадзілася (03.09.1883 - 16.07.1962) - польская мастачка. Яе муж Конрад Кшыжаноўскі (15.02.1872 - 25.05.1922) - польскі жывапісец, прадстаўнік ранняга экспрэсіянізму, партрэтыст, рысавальшчык, ілюстратар і педагог.

[3] 9-ы дывізіён коннай артылерыі - падраздзяленне коннай артылерыі Войска Польскага ў ІІ Рэчы Паспалітай. На мяжы ліпеня і жніўня 1920 г. быў сфарміраваны 8-ы дывізіён коннай артылерыі. Дывізіён удзельнічаў у польска-бальшавіцкай вайне. У чэрвені 1921 г. перайменаваны ў 9-ы дывізіён коннай артылерыі. У мірны час эскадрон дыслакаваўся ў Баранавіцкім гарнізоне.

[4] Пра наведванне пр. Масціцікім Лідчыны, гл: Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 137-138.

[5] Пра наведванне пр. Масціцкім жалудоцкага палаца: "Вяртаюся ў жалудоцкі палац. Іншая памятная падзея, якую я помню і якая мела месца ў мурах жалудоцкага палаца, быў раўт у гонар прэзідэнта Рэчы Паспалітай Ігнацыя Масціцкага, які адбыўся, здаецца, у верасні 1929 г. Прэзідэнт наведваў Наваградскае ваяводства і прыехаў з Ліды ў Жалудок каля 17-й гадзіны. Як потым стала вядома, ў яго памяці застаўся прыгожы тракт XVIII ст., якім ён ехаў, каб у прафесійнай школе ўзнагародзіць маю цётку Марыю Лясковіч. У лесе каля Вялікага Мажэйкава загадаў пакінуць шашу і ехаць трактам, якім міма Ішчалны паехаў ажно ў Шчучын.

Узгоднены з ўладамі ліст запрошаных гасцей уключаў у сябе паслоў і сенатараў, а таксама кіраўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі і самакіравання. Балю не было, а была толькі ўрачыстая вячэра, падчас якой у гонар дастойнага госця выступіў гаспадар дома князь Людвік Чацвярцінскі. Прысутнічала каля 60 чалавек. Пасля вячэры адбыўся раўт з удзелам гасцей як з кола землеўладальнікаў, гэтак і з чыноўнікаў. Спадары ў фраках з ордэнамі, спадарыні ў вячэрніх туалетах.

Халодны, афіцыйны настрой перапыніў мой кузэн Юльян Лясковіч, энтузіяст, які, як і ўсе мы, з дзяцінства марыў пра незалежную Польшчу. Юльян, высокі, прадстаўнічы бландзін з тыповай славянскай знешнасцю хутка наблізіўся да прэзідэнта і ўкленчыў:

- Шаноўны наш спадар прэзідэнт! - сказаў ён глыбока ўзрушаным голасам - Першы раз у жыцці маю шчасце бачыць у нашых крэсавых землях кіраўніка Польскай дзяржавы, першага саноўніка Рэчы Паспалітай. Прашу дазволіць мне, як сыну, прывітаць цябе!

Прэзідэнт выцягнуў далонь, якую шчаслівы Юльян пацалаваў, пасля чаго абняў Юльяна за галаву, прыціснуў да сябе і выказаў яму сардэчную ўдзячнасць. Гэта сцэна была, як быццам з ранейшых вякоў, гэтак мы калісьці віталі сваіх каралёў". - Цыт па: Лясковіч Караль. Красовы двор і яго суседзі. (Пераклад і каментаванне Леаніда Лаўрэша) // Лідскі Летапісец. 2022. № 1-2(97-99). С. 50.

[6] "Гэта статуя Маці Божай з самога франтона варшаўскага храма дамініканцаў, дзе пахаваны прах вялікага князя маскоўскага Васіля Шуйскага і яго брата Дзмітрыя, якіх польскае войска ... Станіслава Жалкеўскага ўзяло пры асадзе Масквы пасля бітвы пры Клушыне. Перанесены з гэтага разбуранага храма ў 1818 годзе" - лац.

[7] "... былі і ліберальныя палякі. У Наваградак, напрыклад, прыйшоў ваявода Бэчковіч, які пасля быў ваяводам віленскім. Дык ён адзін з першых польскіх лібералаў зацікавіўся беларускай справай і нават хацеў дапамагчы беларусам, каб вырваць іх з-пад камуністычнага ўплыву. Нават прыходзіў да нас у (беларускую) гімназію інспектаваць нашу дзейнасць. Пазней ён дапамог атрымаць ёй дзяржаўныя правы. Бо раней беларускія гімназіі не мелі ніякіх правоў, былі прыватныя, а паступіць у польскія беларусам не давалі. Беларусы змушаны былі ехаць у Чэхію. ... у 28-м годзе з дапамогай ваяводы Бэчковіча мы здолелі атрымаць дзяржаўныя правы, і не трэба было ехаць у Чэхію, ехалі ў Вільню ці Варшаву і там канчалі ўніверсітэты. Дапамагала ў гэтым таксама Тэкля Грынеўская, жонка наваградскага старасты, полька беларускага паходжання, якая пазітыўна ўплывала на Бэчковіча. ... Перад самай вайной польскія ўлады так прыціснулі нас за беларускую справу, што немагчыма было дыхаць. Мы, настаўнікі, скончыўшы адзін год, не ведалі, ці пачнём другі, Так цяжка стала, што мы рашылі пажаліцца. I зрабілі беларускую дэлегацыю ў Варшаву - да паслоў у Сойме і ўлады. ... А на той час Зыгмунд Бэчковіч, які добра да мяне ставіўся, стаў ужо сенатарам. Мы пайшлі да яго, каб ён нам дапамог пабачыць высокіх міністраў. А той кажа: "Мяне так адсунулі, што цяпер я для вас нічога ўжо зрабіць не магу"". - цыт па: Аповяды Барыса Кіта, запісаныя Васілём Быкавым улетку 2001 года ў Франкфурце-на-Майне // Народная Воля. 2012. 48-49. - Л. Л.

[8] Вацлаў Каятан Серашэўскі (1858 - 1945), грамадскі і палітычны дзеяч, кавалер ордэна Virtuti Militari, пісьменнік, сібірскі ссыльны, падарожнік, даследчык, этнограф Сібіры і, дэпутат Сойма і сенатар. - Л. Л.

[9] Эжэн Эманюэль Віёлле-ле-Дзюк (Eugеne Emmanuel Viollet-le-Duc, 1814 - 1879) - французскі архітэктар, рэстаўратар, мастацтвазнаўца і гісторык архітэктуры, ідэолаг рэстаўрацыі помнікаў гісторыі. - Л. Л.

[10] Вось як апісаў рэдактар газеты "Лідская Зямля" сустрэчу з гаспадаром Мірскага замка ў 1938 г.: "Міхал князь Святаполк-Мірскі ў свае 70 гадоў мае рэзкае і чэрствае аблічча.

- Што спадароў прывяло да мяне? - задае першае пытанне.

- Прагнем нешта даведацца пра аднаўленне замка.

- Ну, што … Замак - гэта руіна. А другая руіна, калі спадарству цікава - ён лагодна ўсміхаецца і паказвае на сябе пальцам - гэта я… Работы па адбудове вяду 17 гадоў. За гэты час адбудаваў чатыры вежы і многа пакояў. Але не маю шмат грошай. Мае мажлівасці - адзін пакой у год. Сп. Прэзідэнт, калі быў у гасцях, сказаў: "Хто будуе - той не ўмірае". Таму, я яшчэ маю час.

У зале, дзе адбываецца аўдыенцыя, яшчэ захавалася першапачатковая столь, якую падпіраюць аркады калон. Пасля запісу нас у кнігу наведвальнікаў князь моцна паціскае нашы рукі.

Пакідаем замкавы дзядзінец разам з усім гэтым сярэдневяковым помнікам, і між волі ў галаву прыходзіць думка пра адвечную цягу чалавека да старажытнасці". - Л. Л.

[11] Вацлаў Костак-Бярнацкі (1884 - 1957), дзяржаўны дзеяч міжваеннай Польшчы, паплечнік Пілсудскага.

У 1930 г. Костак-Бярнацкі быў прызначаны камендантам Берасцейскай цвердзі, якая служыла турмой для палітвязняў, праціўнікаў Пілсудскага, у тым ліку асуджаных былых парламентарыяў. З 1 ліпеня 1931 па 8 верасня 1932 г. быў ваяводам Наваградскага ваяводства, а з 8 верасня 1932 па 2 верасня 1939 г. - ваяводам Палескага ваяводства. Пры ім нацыянальная палітыка польскіх уладаў на Палессі набыла выразны асіміляцыйны і рэпрэсіўны характар. Ён быў адным са стваральнікаў лагера жорсткага рэжыму ў Бярозе - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX