Пра скарочаны пераклад "Віленскага альбома" Станіслава Лорэнца
Ад перакладчыка: Станіслаў Лорэнц (Stanisław Lorentz) нарадзіўся 28 красавіка 1899 г. у Радаме (Польшча), памёр 15 сакавіка 1991 г. у Варшаве. Польскі мастацтвазнавец, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта (1947 г.), ганаровы член многіх еўрапейскіх акадэмій, эксперт ЮНЕСКА.
Станіслаў Лорэнц нарадзіўся ў сям'і выкладчыкаў са шведскімі каранямі. Бацька быў германістам, маці - географам. У сям'і панаваў культ навукі, што і вызначыла лёс будучага навукоўца.
Пасля заканчэння аспірантуры восенню 1924 г. Лорэнц застаўся працаваць у Варшаўскім універсітэце. У 1927 г. стаў чыноўнікам Міністэрства веравызнанняў і народнай асветы. У 1929-1935 гг. узначальваў аддзелы аховы помнікаў у Віленскім і Наваградскім ваяводствах, адначасова выкладаў у Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя, з'яўляўся загадчыкам аддзела мастацтваў у віленскім ваяводскім кіраванні.
У работах 1930-х гг. даследаваў асобныя пытанні развіцця беларускай архітэктуры. Аўтар манаграфіі пра I. К. Глаўбіца "Ян Кшыштаф Глаўбіц, віленскі архітэктар XVIII ст." (1937). З 1935 г. віца-дырэктар, з 1936 дырэктар Народнага музея, у 1945-1951 гг. узначальваў Дырэкцыю нацыянальных музеяў і аховы помнікаў у Варшаве.
У 1947 г. атрымаў званне прафесара Варшаўскага ўніверсітэта, з 1949 г. член Польскай акадэміі ведаў, з 1952 г. член-карэспандэнт, а з 1964 г. сапраўдны член Польскай акадэміі навук. З'яўляўся экспертам ЮНЕСКА па пытаннях аховы помнікаў. У 1965-1969 гг. уваходзіў у сойм ПНР ад дэмакратычнай партыі. Меў шэраг дзяржаўных узнагарод.
Перакладчык мае надзею, што яго праца будзе карыснай для ўсіх аматараў гісторыі Заходняй Беларусі 1920-30 гг. Ён ўпэўнены, што чытаць Лорэнца будуць толькі тыя, хто ўжо дастаткова пагружаны ў тэму і таму ён не тлумачыў усе падзеі і не даваў біяграфічных даведак пра аб ўсіх шматлікіх асобах, якія згадваюцца ў кнізе.
Сваю кнігу "Віленскі альбом" Станіслаў Лорэнц не падзяліў на асобныя часткі і каб пры газетным, па-частках, выданні перакладу кнігі, неяк яе лагічна структураваць, перакладчык ад сябе даў назвы часткам тэксту, якія ён пераклаў і выдаў па-беларуску, за што ён выбачаецца перад чытачом.