Папярэдняя старонка: Віленскі альбом

Вільня, творчая інтэлігенцыя, краёўцы 


Аўтар: Лорэнц Станіслаў,
Дадана: 28-09-2023,
Крыніца: Лорэнц Станіслаў. Віленскі альбом (Вільня, творчая інтэлігенцыя, краёўцы) // Наша слова.pdf № 37 (89), 13 верасня 2023.; № 38 (90), 20 верасня 2023.; № 39 (91), 27 верасня 2023.

Спампаваць




Я выехаў з Варшавы ў Вільню разам з Рэмерам увечары 17 студзеня 1929 г. вельмі камфартабельным хуткім цягніком, які пасля васьмі гадзін шляху, прыбыў у Вільню на наступны дзень каля сямі раніцы. Наступныя сем гадоў я быў частым пасажырам гэтага цягніка, і заўсёды, каб дабрацца з Вільні да Варшавы, патрабавалася ўся ноч. Пра наш прыезд у Вільню паведаміў віленскі друк: "18 студзеня ў Вільню прыбылі генеральны кансерватар Ежы Рэмер і доктар Станіслаў Лорэнц, які зойме пасаду кансерватара і кіраўніка дэпартамента мастацтваў у Віленскай ваяводскай управе".

Уладзіслаў Рачкевіч, віленскі ваявода, фота каля 1930 г.

Калі я ад'язджаў у студзені, Ірэна (жонка - Л. Л.) засталася ў Варшаве і праз тры месяцы павінна была пераехаць у Вільню. Пасяліўся я часова ў гасцінным пакоі ваяводскай управы на вул. Вострабрамскай. А паколькі неўзабаве пачаўся перыяд выключна вялікіх маразоў, да -35° C, мне было вельмі холадна. Таму ўдзень і ўвечары я часта сядзеў у найбуйнейшай віленскай кавярні, у "Чырвоным Штралі" [1] ("Czerwony Sztrall") на вуліцы Міцкевіча. Добра памятаю тагачасны шлягер, які аркестр іграў тут кожны дзень, у ім меўся наступны прыпеў "I цалую вашу руку, мадам".

Адразу 18 студзеня Рэмер пазнаёміў мяне з ваяводам Уладзіславам Рачкевічам (пазней апошнім прэзідэнтам РП у выгнанні). Гэта было зроблена праз сакратарыят. Абавязкі сакратара тады выконваў былы землеўладальнік Станевіч, а пасля яго два браты Вэндорфы. Кабінет ваяводы размяшчаўся ў вялікім вуглавым памяшканні на першым паверсе (рог Катэдральнай плошчы і вуліцы Замкавай). Візіт меў фармальны характар. Пазней Рэмер з усмешкай распавядаў мне, што Рачкевіч спытаў яго, ці ўпэўнены ён, што ў мяне ёсць атэстат аб сярэдняй адукацыі. Я меў 29 гадоў і сапраўды выглядаў вельмі молада.

У той ці на наступны дзень мы наведалі і Фердынанда Рушчыца ў яго кватэры па вул. Замкавая, 24, кв. 8. Гэты дом быў набыты ўніверсітэтам на пачатку XIX ст. і ператвораны ў "медыцынскі калегіюм". Частку будынка займалі апартаменты прафесараў медыцыны, у тым ліку ў левым флігелі жыў Аўгуст Бекю [2]. Тут таксама жыў малады Юліюш Славацкі. У 1927 г. у сцяну флігеля была ўмуравана мемарыяльная дошка, а двор быў названы яго імем. Прафесар Рушчыц з сям'ёй як раз жыў у былой кватэры доктара Бекю.

Фердынанд Рушчыц і Людамір Слядзінскі, перад ганкам дома Рушчыца, каля 1928 г.

Візіт да прафесара Рушчыца меў у пэўнай ступені сімвалічны характар. Гэта было ўсяроўна, як акрэдытаваць мяне ў самага выбітнага прадстаўніка старой Вільні, амбасадара яе культуры, вядучага прадстаўніка віленскай думкі. Але Рушчыц быў не толькі "тутэйшым" на Віленшчыне, але і вельмі знаным жывапісцам і сцэнографам, крыніцай яго творчасці стала вучоба ў Шышкіна і Куінджы ў Пецярбургскай акадэміі. Потым ён заснаваў Школу прыгожых мастацтваў у Варшаве і два гады чытаў там лекцыі, потым тры гады быў прафесарам Акадэміі прыгожых мастацтваў у Кракаве, належаў да таварыства "Штука". Як бачым, ён займаў выключнае месца ў мастацкім свеце.

На пачатку 1908 г. Рушчыц вырашыў пасяліцца ў Вільні. Неўзабаве тут ён пачаў супрацоўнічаць з віленскім тэатрам, які толькі што адрадзіўся. Кіраўніком тэатра была Нуна Младзяёўская-Шчуркевіч а адным з маладых акцёраў Юліюш Остэрва. Паміж імі наладзілася самае цеснае супрацоўніцтва. Іх сумесныя пастаноўкі і дэкарацыі сталіся вялікімі падзеямі ў Вільні першых гадоў ХХ ст.

Мастацкая дзейнасць Рушчыца была вельмі разнастайнай, прыгадаем, напрыклад, серыю з васьмі жывых карцін у тэатры "Лютня" ў 1911 г., складзеную паводле карцін англійскіх прэрафаэлітаў, спектаклі для дзяцей "Свет казак", "Вечар паэзіі", ці клопат, якім ён атачаў моладзевы "Гурток Мастацтва". Яго кватэра (у той час - Зарэчча, 24) была жывым асяродкам культурнага жыцця.

Пра тое, што ён ніколі не парываў з Варшавай, сведчыць знакамітая сцэнаграфія Рушчыца да "Баладыны" ў Польскім тэатры ў 1914 г. Яго дзейнасць як тэатральнага дэкаратара завяршалася цудоўнымі дэкарацыямі да "Лістападаўскай ночы" ў 1930 г.

У 1922 г. на Віленскім сойме Сярэдняй Літвы Рушчыц прагаласаваў за ўключэнне Вільні ў склад Польшчы. У той час ён быў неафіцыйным прадстаўніком польскай культуры перад замежнымі місіямі і высокапастаўленымі асобамі, таксама і ў наступныя гады ён меў вялікую павагу ў гэтай ролі.

Рушчыц не меў літаратурных схільнасцей і не быў прамоўцам. Але, магчыма, будзе добра, калі я працытую яго ўласныя словы пра Вільню з яго рэдкіх выступленняў і артыкулаў: "Горад з дзіўнай, загадкавай прывабнасцю і незнішчальнай прыгажосцю", "нельга застацца абыякавым перад чароўнасцю пагоркаў, якія акружаюць даліну і перасякаюцца выгінамі дзвюх рэк, з'яўляюцца і зноў знікаюць у далячыні Віліі і Вілейкі", "таямнічая чароўнасць Вільні і жывапісны пейзаж", "мелодыя чароўнасці Вільні", "спеў у лініях і колерах Вільні", "горад высокіх вежаў".

У тыя першыя дні мы наведалі таксама і сябра Рушчыца, Яна Булгака. У сваіх успамінах пра Рушчыца ў кнізе водгукаў, выдадзенай у 1939 г., Булгак пісаў, што абавязаны яму " лепшымі гадзінамі свайго жыцця". І, хіба, так і сапраўды было, бо Рушчыц з гэтага абшарніка з Наваградчыны і фатографа-аматара, зрабіў прафесійнага фатографа і фатографа-мастака. Рушчыц арганізаваў выставу яго фатаграфій у Менску ў 1911 г. У тым жа годзе ў маёнтку Рушчыца Багданава на Ашмяншчыне, як напісаў Булгак ў кнізе: "Рушчыц паказаў мне ўзгорак з ельнікамі на тле далягляду - знаёмы гарбаты сілуэт, знаёмы кожнаму, хто памятаў пафасную лінію гарызонту ў Рушчыцавай "Зямлі"".

Па ініцыятыве Рушчыца Булгак заснаваў у 1912 г. у Вільні фатаграфічную майстэрню, галоўнай задачай якой была інвентарызацыя помнікаў віленскай архітэктуры паводле ўказанняў Рушчыца. "Фатаграфаваць сэрцам" - такі быў дэвіз Рушчыца, якога прытрымліваўся Булгак. "Рушчыц на кожным кроку Вільні меў свае любімыя куткі, куды ён мяне прыводзіў і раскрываў тайну іх прыгажосці [...] Я ішоў па яго слядах, вучыўся ўлоўліваць яго пачуцці і знаходзіць свае", - успамінаў Булгак. "Часам да нашых блуканняў далучаўся і Вацлаў Студніцкі [3], якому я таксама павінен падзякаваць за тыя гады. Студніцкі быў жывым летапісам гісторыі старой Вільні". Цягам некалькіх гадоў Булгак стварыў уражлівы фатаграфічны вопіс Вільні і Віленскага краю, які налічвае, напэўна, больш за 6000 фотаздымкаў. Падчас майго візіту да яго (пляц Ажэшкі, 3) ён паказаў мне свой фотаархіў.

Справа кансервацыі і інвентарызацыі помнікаў хутка па-сяброўску звязала мяне з праф. Клосам [4] і Булгакам. І нягледзячы на значную розніцу ва ўзросце, мы называлі адзін аднаго па імёнах. З 1919 г. Булгак быў кіраўніком майстэрні мастацкай фатаграфіі на факультэце прыгожых мастацтваў універсітэта імя Стэфана Баторыя.

У наступныя тыдні я наведаў архіварыюса горада Вільні Вацлава Гізберта-Студніцкага (брата Уладзіслава [5]) і Міхала Брэнштэйна [6], да якога ў мяне быў рэкамендацыйны ліст ад прафесара Батоўскага. Брэнштэйн быў куратарам аддзела рукапісаў універсітэцкай бібліятэкі. Ён шмат гадоў правёў у Жамойці і стаў лепшым знаўцам гісторыі, этнаграфіі, статыстыкі і помнікаў роднай Жамойці. Бібліяграфія яго прац у гэтай галіне і па цэлым Вялікім Княстве Літоўскім складала больш за 600 адзінак і ён справядліва атрымаў ступень ганаровага доктара Універсітэта Стэфана Баторыя. Паміж намі склаліся вельмі добрыя адносіны, чаму спрыялі пачуццё гумару Брэнштэйна і яго тонкі розум. Ён любіў жартаваць. Запомніўся яго аповед, як у канцы ХІХ ст. ў Панямуні (Брэнштэйн нарадзіўся і доўгі час жыў у Тэльшах на Жамойці) ён стаў прыхільнікам барацьбітоў з алкагалізмам. На вялікім сходзе было вырашана стварыць таварыства цвярозасці. Пасля агульнага сходу, арганізавалі сумесны абед у рэстаране. Пасля гэтай вячэры членаў антыалкагольнага таварыства слугі разносілі па-дамах. Перад смерцю (у 1938 г.) ён праявіў да мяне добразычлівасць бо запавядаў Нацыянальнаму музею свой вельмі каштоўны залаты гадзіннік, зроблены у ХІХ ст. Аляксандрам Радніцкім, з відам Вострай Брамы, выгравіраваным з аднаго боку, і Троцкага возера з лодкай на пярэднім плане, з другога боку.

Адразу пасля прыезду ў Вільню я завязаў кантакты з людзьмі, якія былі неабходны мне прафесійна. Праз Брэнштэйна я ўвайшоў у кантакт з Віленскім таварыствам сяброў навукі, з музейнымі калекцыямі Таварыства і з прафесарам Станіславам Касцялкоўскім [7], чыя высакародная жыццёвая пазіцыя усімі высока цанілася. Скончыў ён сваё жыццё старэйшым членам Акадэмічнай супольнасці Лонданскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя. Я рады, што машынапіс яго вялікай працы пра Антонія Тызенгаўза, які быў перададзены мне на захаванне падчас вайны, я захаваў і вярнуў прафесару Касцялкоўскаму ў пасляваенныя гады ў Лондане. Манументальная двухтомная манаграфія пра Тызенгаўза была выдадзена Акадэмічнай супольнасцю ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Лондане ў 1970 г.

Я не шукаў кантакту з элітарным асяроддзем шляхецкага паходжання, выдатнымі прадстаўнікамі якога былі Аляксандр Мяйштовіч [8] (бацька ксяндза Валяр'яна Мяйштовіча, выбітнага выдаўца ў Рыме крыніц па гісторыі Польшчы з Ватыканскіх архіваў) і прафесар Мар'ян Здзяхоўскі [9].

Мяйштовіч, прыхільнік пагаднення з царом, "кацярынец", гэта значыць удзельнік цырымоніі адкрыцця помніка Кацярыне ІІ у Вільні ў 1904 г. за што быў ўганараваны годнасцю "камер-юнкера", быў непрыемнай для мяне постаццю, нягледзячы на тое, што ў Польшчы даслужыўся нават да пасады міністра. Аднойчы я быў на вечарыне ў Здзяхоўскага, які карыстаўся вялікай павагай і прызнаннем у Вільні. Але гэты віленскі сепаратыст, "тутэйшы", які вагаўся паміж хрысціянствам Шатобрыяна і Яснай Палянай Талстога, не быў мне сімпатычным, быў ён расійскім славянафілам [10].

Магіла Яна Булгака на варшаўскіх Павонзках, 1 лістапада 2023 г.

Пра віленскіх і наваградскіх землеўладальнікаў я не меў аніякага паняцця. Добра памятаю, што пісаў Булгак, сам абшарнік, у "размовах з Рушчыцам": "...аднойчы, пасля тэатра [у 1913 г.], мы з Рушчыцам апынуліся ў кабарэ Шумана ў бернардынскім садзе. Было гэта месца дзе жыла муза ўзроўню расійскага унтэр-афіцэрства, узроўню, характэрнага для тых часоў і для ўсяго, што культывавала у той час у нашым краі [...] Не перашкаджала гэтаму тое, што тут прапівалі высокія заробкі расійскія чыноўнікі і свае магнацкія багацці нашы абшарнікі, якія задавалі тон у тагачаснай Вільні".

Вільня ў тыя часы была адзіным горадам, дзе не існавала праблем з жытлом. Заўсёды былі свабодныя кватэры, і яны здаваліся па нармальным кошце.

Мой мастацкі аддзел пры ваяводскай управе займаў зусім асобную частку будынка. Трапіць сюды можна было не праз галоўны ўваход, а з Саборнай плошчы праз браму ў бакавы двор, адтуль па сходах кухоннага тыпу на другі паверх. Аддзел меў тры пакоі: мой кабінет, вялікі кабінет, дзе сядзелі Лапалеўскі і Шрам (Шрамаўна), і пакой, у якім ствараліся фота- і дакументальныя архівы, а таксама захоўваліся справы помнікаў.

У 1928 г. Тадэвуш Лапалеўскі толькі што выдаў кнігу паэзіі пад назвай "Прыгожая вандроўка", у ёй мелася некалькі вершаў, прысвечаных Вільні. Ён быў маім намеснікам, але большасцю штодзённых спраў займалася Шрам. Мы не надта перашкаджалі Тадэвушу ў яго больш сур'ёзнай працы, напрыклад, у напісанні ў 1931 г. добрага рамана "Правінцыялы". У нас з жонкай хутка склаліся сардэчныя асабістыя адносіны з Лапалеўскімі.

Тадэвуш Лапалеўскі завяршыў нашу гісторыю ў тых краях прыгожай кнігай, выдадзенай у познаньскай серыі Вэгнера, пад назвай "Паміж Нёманам і Дзвіною - Віленска-Наваградская зямля". На падараваным мне ў лютым 1939 г. асобніку кнігі ён напісаў прысвячэнне: "Майму любімаму Стаху на памяць аб нашых агульных шпацырах па Вільні, Навагрудку і Слоніму, са шчырым сяброўствам".

Выдатнай асобай была Гелена Шрам, мастачка-жывапісец з Падгужжа Карпацкага, дачка прафесара Ягелонскага ўніверсітэта, якая вучылася ў Кракаве, Мюнхене і Парыжы. Цікавілася сярэднявечным жывапісам, а пасля вяртання ў Польшчу - народным мастацтвам. У пачатку 1920-х гг. разам з Зоф'яй Бадуэн дэ Куртэнэ займалася касцельнымі паліхроміямі і пачала маляваць на шкле. У 1925 г. пераехала ў Вільню працаваць на факультэце мастацтваў. Вялікую актыўнасць мела ў "Таварыстве падтрымкі народнай прамысловасці" і ў "Базары народнай прамысловасці ў Вільні".

У ваяводскай управе я ў першыя дні сустрэў важных людзей. Віца-ваявода Кіртыкліс - былы маёр жандармерыі, быў непрыемным чалавекам, і яго жонка Яніна, старшыня "Грамадзянскай працы жанчын", нам таксама не спадабалася. Гэта былі людзі невысокага культурнага ўзроўню, абое звязаныя з "двойкай" генеральнага штаба [11]. Блізкія службовыя стасункі склаліся ў мяне былі з начальнікам Адміністрацыйнага дэпартамента Дваракоўскім, кіраўніком Дэпартамента аховы здароўя доктарам Рудзінскім (бацькам кампазітара), ахвотна дапамагаў мне дырэктар грамадскіх работ Сіла-Навіцкі. Інтэлігентам быў радца Віктар Пятровіч (аддзел веравызнанняў) і радца Міхал Паўлікоўскі [12]. Гэты, апошні, землеўладальнік з Меншчыны, выдатны паляўнічы, быў рэдактарам дадатка газеты "Слова" Мацкевіча пад назвай "Дзе, ах дзе трубы паляўнічыя граюць". У эміграцыі ён апублікаваў свае ўспаміны пад назвай "Дзяцінства і юнацтва Тадэвуша Ірценьскага" (Лондан, 1959 г.).

Мае адносіны з ваяводскай управай былі даволі свабоднымі, бо ваяводзе я падпарадкоўваўся толькі ў адміністрацыйных справах, а непасрэдна быў падпарадкаваны Міністэрству Веравызнанняў і Асветы.

У красавіку 1929 г. я быў ужо дастаткова дасведчаны, каб даць інтэрв'ю Стэфану Клачыньскаму з "Кур'ера Віленскага" аб маіх далейшых планах па кансервацыі помнікаў гісторыі. У першую чаргу я згадаў пра рэстаўрацыю посттрынітарнага касцёла Езуса на Антокалі, пабудаванага на рубяжы XVII - XVIII стст. Гэты прыгожы храм з вялікім купалам, меў унутры шыкоўную ляпніну, якая ў мастацкім сэнсе нібы працягвала тую, якая ўпрыгожвала касцёл Святых Пятра і Паўла на Антокалі. У 1864 г. Мураўёў перарабіў гэты касцёл на царкву св. Міхаіла ўніверсітэцкай дэрматалагічнай клінікі - царква выкарыстоўвалася, як шпіталь. Мы вырашылі пачаць рэстаўрацыю з выдалення рускіх цыбулін з абедзвюх вежаў і ліхтароў купала, што было зроблена пад кіраўніцтвам праф. Клоса ў 1929 г. Форма даху над усім купалам была адноўлена да першапачатковага выгляду, заснаванага на старых выявах. Праца над посттрынітарным касцёлам была сустрэта грамадствам вельмі прыхільна. Мураўёўскія дадаткі ліквідавалі, прыгожаму барочнаму храму надалі належны выгляд.

З рэлігійных помнікаў у інтэрв'ю я згадваў і касцёл Усіх Святых па вул. Рудніцкай, дзе я праектаваў кансервацыю каштоўнай барочнай ляпніны ў прасбітэрыі, і старую царкву св. Барыса і Глеба (па-базыльянскую) у Наваградку. З задавальненнем успамінаю, што ўжо ў тыя першыя месяцы я зрабіў некаторыя крокі, каб пачаць работы па кансервацыі ў цудоўным касцёле ў стылі ракако ў Беразвеччы, які знаходзіўся пад апекай ваеннага начальства. Гэты цікавы базыльянскі храм несумненна з'яўляўся творам найвялікшага віленскага архітэктара сярэдзіны XVIII ст. Яна Крыштафа Глаўбіца, пабудаваны ён у 1756-1763 гг. і пасля скасавання уніі паступова пачаў прыходзіць у заняпад. У 1901 г. царкоўна-манастырскі комплекс быў перададзены праваслаўным манашкам. Пасля вайны тут размяшчаўся Корпус аховы памежжа. У 1930 г. у ходзе кансервацыйных работ была выяўлена паліхромія сцен у стылі ракако. У наступныя гады праца ішла павольна. На жаль, пасля вайны комплекс зноў прыйшоў у заняпад і быў зруйнаваны.

Сярод жывапісных твораў адзначу насценныя і скляпеністыя роспісы Вастрабрамскага касцёла св. Тарэзы. У 1928 г. пачалася кансервацыя інтэр'еру касцёла і аб'яўлены яе працяг. А ў снежні 1930 г. работы па добраўпарадкаванні, якія праводзіў Марыян Сланецкі, былі завершаны. Касцёл выглядаў і выглядае цудоўна. У той час паміж мной і вастрабрамскім пробашчам кс. канонікам Савіцкім усталяваліся вельмі добрыя адносіны. Ён мне часам скардзіўся: "Ты ў касцёле паводзіш сябе прыстойна, а Сланецкі, там, на рыштаваннях, заўжды на галаве мае берэт (таму што ён быў зусім лысы), і я падазраю, што часам нават курыць цыгарэты". Кс. Савіцкі некалькі разоў запрашаў мяне да сябе на вячэру. Неяк казаў мне: "Ты - евангеліст - ну, гэта дрэнна. Але самае горшае, што ты недавярак". Я ціха выслухаў гэтыя заўвагі. Я таксама сябраваў з сакрыстыянам. Ён піў не гарэлку і не самагонку, а дэнатурат, у які яшчэ нешта падліваў. Пасля такога напою ўнутры ўсё буркатала. Тады ён крычаў: "Вось, бачыш, чорт уцякае", - і настойліва раіў мне пакаштаваць трунак, бо толькі такая гарэлка мае сапраўдны смак! Але я не хацеў рызыкаваць.


У інтэрв'ю "Кур'еру Віленскаму" я абвясціў, што буду дамагацца, каб Гарадскі архіў (Вацлаў Студніцкі) выехаў з былога францысканскага касцёла, канфіскаванага Мураўёвым у 1864 г., і вярнуў будынкі ордэну. Праз некалькі гадоў так і сталася, і францішкане вярнулі свайму касцёлу першапачатковы выгляд.

Самай важнай у маім інтэрв'ю была інфармацыя пра шматлікія кансервацыйныя работы ў Троцкім замку. Узгадваліся таксама і руіны на Замкавай гары ў Наваградку. Абвешчаны быў конкурс на аздабленне руін вежы на Замкавай гары ў Вільні.

Прафесар Юліюш Клос.

У красавіку 1929 г. я прачытаў серыю лекцый пра Вільню - мы чакалі вялікага турыстычнага руху ў Вільні ў сувязі з паездкамі, арганізаванымі з нагоды Агульнай нацыянальнай выставы ў Познані, я таксама ініцыяваў цыкл лекцый пра Вільню з удзелам прафесараў Рушчыца, Клоса, Рыдзеўскага, Ліманоўскага, кс. Слядзеўскага і дыр. Студніцкага

Нарэшце, прыкладна ў той жа час я звязаўся з Антонам Луцкевічам, куратарам Беларускага музея імя Яна Луцкевіча, які знаходзіўся ў пабазыльянскіх мурах па вул. Вострабрамскай. З літоўцамі я не мог наладзіць інстытуцыянальныя сувязі, бо ў іх не было цэнтра, з якім можна было ўсталяваць кантакт.

Злева на права: Ян Булгак, Станіслаў Лорэнц, Юліюш Клос, 1930 г.

Цяпер, у красавіку 1929 г., я адчуў, што ў маім жыцці адбылася карэнная перамена. Перада мной адкрылася шырокая дарога, і я атрымаў усе магчымасці праявіць ініцыятыву не толькі ў плане кансервацыі помнікаў, але і ў розных іншых галінах культуры. Я каментаваў чужыя ідэі, надаваў ім форму, і ад мяне ў шмат чым залежала рэалізацыя праектаў. Я адчуваў сябе свабодным, вольным і патрэбным. Мне толькі што споўнілася 30 гадоў, і я быў шчаслівы.

У наступным месяцы для мяне вялікім вопытам стаў удзел у чатырохдзённай вандроўцы ваяводы Рачкевіча па чатырох паветах ажно да Заходняй Дзвіны, да мяжы з Латвіяй. Асабліва мяне зацікавіў Браслаўскі павет, у тым ліку Друя і Лявонполь на Дзвіне. Таму, калі летам 1929 г. Цэнтральная інвентарная ўправа пры Міністэрстве распачала палявыя работы, я прапанаваў уключыць у праграму і Браслаўскі павет. Летам 1929 г. па павеце мы ездзілі разам: Юліуш Клос, Ян Булгак і я. У той час Булгак зрабіў папярэднюю фатаграфічную інвентарызацыю найважнейшых помнікаў, а мы з Клосам дамовіліся аб тым, якія з помнікаў архітэктуры трэба старанна абмераць. Нашым апорным пунктам стала Друя, дзе мы здымалі вялікі пакой на першым паверсе драўлянага дома з балконам. Мы вырашылі, што ў наступным годзе пачнём з Друі. Так яно і здарылася. У 1930 г. я даручыў Вітольду Кяшкоўскаму кіраўніцтва ўсёй інвентарызацыяй, а Клос са сваіх студэнтаў сабраў каманду для вымярэння, якой сам і кіраваў. На жаль, завяршыць інвентарызацыю помнікаў Браслаўскага павета не ўдалося, і да вайны не быў выдадзены надрукаваны вопіс. Толькі ў 1938 і 1939 гг. былі надрукаваны два павятовыя інвентары, але гэта былі Наватарскі і Раўска-Мазавецкі паветы. Нашы сумесныя паездкі на ваяводскім "Фордзе" па Браслаўшчыне моцна зблізілі мяне, Клоса і Булгака. Булгак тады навучыў мяне спяваць модную кабарэтную песню:

Я гляджу на тваё фота,

якое ты мне сёння даслала...

У сярэдзіне 1929 г. пасля бліжэйшага знаёмства з помнікамі ў абодвух ваяводствах, я прыйшоў да высновы, што самая актуальная задача - выратаваць руіны сярэднявечных замкаў і не дапусціць не толькі іх наўмыснай разборкі і няправільнага выкарыстання, але і натуральнага працэсу разбурэння, які прагрэсуе з цягам часу. Я ацаніў стан усіх руін замка ў Троках, Замкавай гары ў Вільні, Наваградку, Медніках, Крэве і Лідзе як вельмі дрэнны, нават небяспечны. Толькі ў Міры дзякуючы прыватніку ўдалося спыніць разбурэнне гістарычных руін. Самы прыгожы замкавы комплекс быў, вядома, у Троках. І ў той жа час іх прыгожае размяшчэнне на востраве і на беразе возера Гальвэ, сярод чароўнага ландшафту і ўсяго за 28 км ад Вільні, з першых дзесяцігоддзяў ХІХ ст. зрабіла Троцкі замак вельмі ажыўленым. Яго малявалі Смакоўскі і Маршэўскі, малявалі Шолма, Жамэ і Баляслаў Русецкі, дзве алейныя карціны з відам замкавага вострава ў 1846 г. напісаў Крысціян Брэслаўэр.

Эдвард Паўловіч ва "Успамінах з-пад Віліі і Нёмна", расказваючы пра паездку са сваімі акадэміцкімі калегамі ў Трокі ў 1839 г., піша: "Жывучы ў Вільні, я часам дакараў сябе, што не быў у Троках; бо, па-мойму, быць у Вільні і не ведаць Трокаў - гэта ўсё роўна, што быць у Рыме і не бачыць папы". Прайшоўшы дарогу з Вільні ў Трокі, Паўловіч з калегамі спыніліся на начлег у карчме каля мястэчка. Выйшлі з хаты: "Адкуль [.. .] адкрываўся чароўны від на Трокі. Гэта, бадай, адзіная кропка, з якой гэтая старая сталіца Літвы выглядае як найлепш. На пярэднім плане, уверсе, касцёл і кляштар бернардзінаў [.. .] далей старадаўні парафіяльны касцёл, потым горад, які купаўся ў водах возера, а далей сярод сіняй бліскучай прасторы, на адным з астравоў, маляўнічыя руіны замка з зубчастымі чырвонымі вежамі, напалову заслоненыя ранішнім туманам. І ўсё купалася ў яркім святле заходзячага сонца. Адзін гэты выгляд варты пілігрымкі ў сталіцу Кейстута!"

Чырвоныя руіны муроў у маляўнічым ландшафце, азёры, экзотыка караімаў, белы палац Тышкевічаў у Затроччы на беразе возера, памяць гісторыі, вялікі князь Вітаўт, кароль Казімір Ягелончык, усё гэта зачаравала Вільню Трокамі. Таму пачатак кансервацыйных работ у Троках высока ацанілі ў Вільні. Прэса паведамляла, што: "З-за дрэннага стану руін замка на востраве ў Троках ахоўныя органы вырашылі распачаць умацаванне руін. Гэтая праца пачалася 1 ліпеня [1929 г.]. Кіраўніцтва працамі было даручана архітэктару Яну Бароўскаму". А эндэцкі "Дзённік Віленскі" пісаў: "Кансерватарская кантора ў Вільні з невялікім персаналам дэманструе выдатную мабільнасць. Бліжэйшымі днямі яна распачынае кансервацыю руінаў Троцкага замка, слушна скіроўваючы на гэту працу пільную ўвагу і максімум даступных сродкаў [пакуль гэта было дзесяць тысяч злотых, якія я пазычыў на прыватны рахунак у віленскага Гаспадарчага краёвага банка] . Трэба сказаць, што ў часы былога кансерватара Рэмера гэтыя каштоўныя руіны былі закінуты і цалкам занядбаны".

Асноўным меркаваннем, з якога я сыходзіў перад пачаткам работ, была думка, што замак у Троках трэба толькі захаваць, а не перабудоўваць. Гэта адпавядала агульапрынятым прынцыпам - руіны сярэднявечных замкаў, мёртвыя помнікі - не павінны быць рэканструяваны. Мэта іх кансервацыі - выявіць тыя фрагменты, якія схаваны ў завалах, і абараніць руіны ад далейшага разбурэння. Вядома, каб абараніць большае цэлае або захаваць тое, што знікае, у некаторай ступені можа спатрэбіцца і рэканструкцыя фрагментаў. Так, напрыклад, у замку на востраве ў Троках, у замкавай вежы, у насыпе былі знойдзены выхад са скляпення брамы і прыступкі ўваходных праёмаў. З-за таго, што на іх абапіраюцца руіны вежы, а таксама, каб захаваць у першапачатковым выглядзе сувязь выхадаў з памяшканнямі, лесвічныя выхады ў памяшканне першага паверха вежы былі рэканструяваны. Пасля вычарпання запасаў старой цэглы, здабытай з-пад завалаў, была замоўлена новая цэгла выдатнай якасці, якая, як і старая гатычная цэгла, была цёмна-вішнёвага колеру і арыгінальнага памеру. Цэгла ў той час была значна большай, чым у позні і цяперашні час.

Работы ў Троках і на руінах іншых замкаў у часы маёй кансервацыйнай працы ў Вільні і Наваградку грунтаваліся на гэтых жа прынцыпах кансервацыі, а не рэканструкцыі. Але мае наступнікі пайшлі далей, чым я. І Ксаверый Півоцкі ў 1936-1937 гг. і Вітольд Кяшкоўскі ў 1938 і 1939 гг., рэканструюючы часткі замка, імкнуліся да яго поўнай адбудовы. Пасля вайны, у 1951 г. у Троцкім замку аднавілі працу летувіскія кансерватары. Зараз гэта была ўжо поўная рэканструкцыя замка, якая працягвалася да 1956 г. У замку размясціўся гістарычны музей. Замак у Троках мае асаблівае значэнне для летувісаў, бо звязаны з памяццю пра Кейстута і вялікага князя Вітаўта, які тут памёр.

Пасля кансультацыі з прафесарам Клосам я даручыў кіраўніцтва працамі ў Троках архітэктару Яну Бароўскаму [13], асістэнту, а потым і дацэнту кафедры архітэктуры прафесара Людвіка Сакалоўскага на факультэце прыгожага мастацтва ўніверсітэта. Гэта быў вельмі добры крок, бо сваю задачу Бароўскі выканаў бездакорна і, можна сказаць - ён палюбіў Трокі. З юнацтва ён цікавіўся гістарычнай архітэктурай. Цікава, што яго дыпломны праект 1917 г. ў акадэміка архітэктуры Г. Грыма ў Пецярбургу быў праектам ратушы ў стылі польскага рэнесансу. У Вільні, дзе Бароўскі пасяліўся ў 1924 г., яшчэ да 1929 г. ён правёў кансервацыю касцёла св. Казіміра і пабернардынскіх муроў, упрыгожыў інтэр'ер Вострабрамскай капліцы (у сувязі з кансервацыяй цудатворнага абраза ў 1927 г. [14] кансервавалі і касцёл св. Тарэзы) - такім чынам, ён ужо меў вопыт у галіне аховы помнікаў. У 1945 г. Бароўскі прызначаны першым польскім кансерватарам Гданьска і ваяводства. Дзякуючы яго энергіі і прадбачлівасці тут былі адбудаваны Марыянскі касцёл, Галоўная ратуша і г.д.

Сямейная пара Ян і Халіна Бароўскія былі самымі тыповымі "віленцамі" ў лепшым сэнсе гэтага слова. Асабліва Халіна, якая гаварыла з такім віленскім акцэнтам, што можна было пазнаць яе за кіламетр.


5 ліпеня 1929 г. віленская прэса пісала: "А 4-й гадзіне дня ў Вільню прыбыў дырэктар Дэпартамента мастацтва Міністэрства Веравызнанняў і асветы Войцех Ястжэмбоўскі. Дырэктар Ястжэмбоўскі, зрабіўшы некалькі візітаў да мясцовых уладаў, агледзеў Школу мастацтваў і рамёстваў Віленскага таварыства выяўленчых мастакоў у суправаджэнні кансерватара доктара Лорэнца, наведаў выдатныя помнікі горада Вільні а потым накіраваўся у Трокі, дзе агледзеў сцены замка і азнаёміўся з распачатымі работамі па ўмацаванні руін".

Візіт Ястжэмбоўскага стаў магчымасцю ўмацаваць мае адносіны з заснаваным у 1920 г. віленскім Таварыствам выяўленчага мастацтва на чале з Людамірам Сляндзінскім [15]. Для мяне гэта было вельмі важна, бо Таварыства гуртавала вельмі актыўных мастакоў сярэдняга пакалення і было жывым мастацкім і культурным цэнтрам, які пачынаў адыгрываць усё большую ролю ў культурным жыцці Вільні, канкуруючы з факультэтам прыгожых мастацтваў універсітэта. У 1930-я гг. працаваць на факультэт былі запрошаны найбольш выбітныя члены Таварыства Ямант, Несялоўскі, Хопен, Квяткоўскі.

Таварыства налічвала каля 25 членаў і праіснавала да 1939 г. Ядро арганізацыі, акрамя прэзідэнта Людаміра Сляндзінскага, складалі Браніслаў Ямант [16], Ежы Хопен, Казімір Квяткоўскі, Міхал Роўба, Казіміра Адамская-Рубіна, Эдвард Карней і Артур Мядзыблоцкі. У першыя гады ў працы Таварыства актыўны ўдзел прымалі архітэктары Станіслаў Вазніцкі, Тэадор Буршэ і Павел Вендзягольскі. Вазніцкі, як і Сляндзінскі, з'яўляўся выпускніком Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу. Ён быў ініцыятарам штомесячніка "Апоўдні", прысвечанага мастацтву і мастацкай крытыцы, часопіс спачатку выходзіў у Вільні, а потым, да 1924 г., у Варшаве. Я кажу гэта, каб паказаць, што амбіцыі Таварыства выходзілі і за межы Вільні. У пазнейшыя гады вельмі чынным быў архітэктар Стэфан Нарэбскі.

У памятнай кнізе Таварыства, выдадзенай у 1930 г. да 10-годдзя заснавання, яно характарызавалася наступным чынам: "Таварыства аб'ядноўвае жывапісцаў і скульптараў розных мастацкіх накірункаў, але ў яго лоне ўтварылася асобная група з пэўным накірункам і мастацкімі мэтамі - група, названая прафесійнымі крытыкамі, Віленскай школай". Гэтая Віленская школа бярэ пачатак з творчасці Сляндзінскага. Сярод членаў школы былі Хопен [17], Квяткоўскі, Карней, Пілецкі, Дамброўская і некаторыя іншыя. Уласны творчы шлях мелі Тыман Нясялоўскі [18], а таксама Ямант і Роўба.


Людамір Сляндзінскі, выпускнік Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу, вучань ураджэнца Вільні Дзімітра Кардоўскага, вільянін "па крыві і костцы", з'яўляўся трэцім жывапісцам і другім піяністам у сям'і. Яго дзед Аляксандр быў вучнем Рустэма, бацька Вінцэнты вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Маскве, а перад ад'ездам з Вільні ў Маскву ў 1856 г. браў урокі музыкі ў Манюшкі. Ён хацеў выхаваць свайго сына Людаміра музыкантам, адсюль і яго музычныя здольнасці. І дзед, і бацька Людаміра займаліся пераважна партрэтным жывапісам. За ўдзел паўстанні 1863 г. Вінцэнт Сляндзінскі быў асуджаны на пасяленне ў Княгінін Ніжагародскай губерні. Адзін з яго партрэтаў гэтага перыяду я нечакана знайшоў у Ленінградзе, калі быў там прыкладна ў 1970 г. Мой сябар, выдатны археолаг і дырэктар Эрмітажа Барыс Пятроўскі, запрасіў мяне да сябе на абед. Седзячы за сталом і аглядаючы пакой, я ўбачыў маленькі жаночы партрэт.

- Ведаеш, Барыс, я бачу, што гэты партрэт мае выразны віленскі характар.

Барыс падняўся, зняў партрэт са сцяны, павярнуў яго і паказаў мне надпіс - гэты партрэт яго бабулі Фаўстыны Сушчынскай, намаляваны Вінцэнтам Сляндзінскім у 1865 г. у Княгініне. І дадаў:

- Мой прадзед быў палякам, афіцэрам польскага войска, якога за ўдзел у паўстанні 1830-1831 гг. выслалі на Каўказ, і там ён ажаніўся з рускай жанчынай. Бацька быў генералам, брат рыхтаваўся да дыпламатычнай кар'еры, я адзіны ў сям'і "не выйшаў у людзі", бо захапляўся навукай, асабліва археалогіяй. І вось так атрымалася, што адказную пасаду атрымаў адзін я.

Са старымі віленскімі традыцыямі Людамір Сляндзінскі быў звязаны не толькі праз бацьку і дзеда. Яго маці ў першым шлюбе была за Юзафам Чаховічам, вядомым фатографам Вільні ХІХ ст. Калі пасля яго смерці ў 1888 г. яна выйшла замуж за Вінцэнта Сляндзінскага, дык перадала яму фатаграфічную майстэрню разам з 200 пласцінамі з маляўнічымі фотаздымкамі Вільні, яе архітэктурных помнікаў, гарадскога краявіду і прыгожага віленскага барока. Менавіта з фотаздымкаў Чаховіча кнігарня Элізы Ажэшкі выдавала серыі альбомаў, а пазней маці Людаміра выдавала фотаадбіткі і альбомы. Так што Вільня, яе традыцыі, яе мастацкае мінулае жылі ў яго ў крыві.

Мае стасункі са Сляндзінскім ад пачатку былі вельмі добрымі, і нашы сем'і сябравалі з таго часу, як мы ў 1931 г. знялі кватэру на вул. Вількамірскай, насупраць касцёла св. Рафала, а Сляндзінскія ў той час жылі ў Сніпішках, зусім побач з намі на вул. Кальварыйскай (яна была на другім беразе Віліі, адразу за Зялёным мостам). Уражвала кватэра Сляндзінскіх з вялікай гасцёўняй, карцінамі, з вялікім піяніна.

Мы таксама хутка пасябравалі з Хопенам, Квяткоўскім [19] і Нарэбскім. Збліжала нас тое, што ўсе трое былі сапраўднымі аматарамі гістарычных помнікаў і Вільні. У Хопена выразам гэтага, між іншым, былі тры прыгожыя партфоліа (18 афортаў) з відамі Вільні. Усе трое таксама займаліся кансервацыяй помнікаў, хоць спецыяльнай кансервацыйнай падрыхтоўкі не мелі. У Школе мастацкіх рамёстваў, дырэктарам якой на працягу некалькіх гадоў быў Хопен, у пасляваенныя гады вучыліся выдатныя кансерватары - Вільгельм Кукліс і Леанард Торвірт. Ежы Хопен быў выбітным графікам, мастаком высокай культуры. Будучы дацэнтам на факультэце прыгожых мастацтваў у Вільні, ён выхаваў групу добрых графікаў, а потым працаваў прафесарам графікі ў Торуньскім універсітэце.

Казімір Квяткоўскі быў партрэтыстам. У мяне ёсць цэлая сямейная галерэя яго партрэтаў, пачынаючы з лепшага партрэта Ірэны, які выстаўляўся ў 1933 г. у Інстытуце прапаганды мастацтва ў Варшаве.

Пазней, пасля Варшаўскага паўстання ў 1944 г., ён зрабіў для нас серыю партрэтаў. Пасля вайны ў Нацыянальным музеі Варшавы ён спецыялізаваўся на кансервацыі жывапісу. Жонка Казіміра Квяткоўскага кіравала балетнай школай. Яе юная вучаніца Міка (дзявочага прозвішча і поўнага імя не памятаю) вельмі спадабалася Казіміру. Урэшце Казімір развёўся і ажаніўся з Мікай. Калі мы прыехалі ў Вільню, яны ўжо былі разам. Міка была сімпатычнай, вельмі стройнай, жвавай, вясёлай і мела вялікі поспех, аб чым сведчыць выпадак з Дунікоўскім. Менавіта ў 1931 г. пяць скульптараў былі запрошаны прыняць удзел у конкурсе на помнік Міцкевічу. Аднойчы ў нядзелю мы сядзелі з вялікай кампаніяй сяброў у цукерні Рудніцкага на рагу вул. Міцкевіча і Кафедральнай плошчы. У цукерню са смехам ўварвалася Міка і сказала: "Уявіце, што са мной здарылася сёння раніцай. Пайшла у краму па булачкі і малако, а тут на вуліцы нейкі стары вырадак, маленькі, непрыгожы, назойлівы і з агіднай усмешкай, робіць мне бурныя прапановы. Я ледзь ад яго адчапілася". У гэты момант адчыняюцца дзверы, і ўваходзіць скульптар Дунікоўскі. Міка ўсклікае: "О, гэта той!".

У цукерні Рудніцкага мы амаль кожны дзень сустракаліся з Хопенам, Мікай і Казімірам Квяткоўскімі, Ямантам (старым халасцяком) і многімі іншымі сябрамі. Па вечарах часта хадзілі ў рэстаран гатэля "Брыстоль", дзе было значна танней, чым у Георга. Часам хадзілі і ў "Зацішша" па вуліцы Міцкевіча, "У Мацея" ці ў "Букет".

Адным з нашых блізкіх сяброў быў пейзажыст Браніслаў Ямант, які доўгі час маляваў Вільню, віленскія вуліцы і архітэктуру, пакуль не трапіў ва ўніверсітэт, а потым не стаў чыноўнікам Віленскага староства. Гэта не было непрыемным для мастака, бо тагачасны стараста Ішора быў вельмі культурным і добразычлівым чалавекам. У цукерні маўклівы і сардэчны Ямант заўсёды маляваў на папяроснай паперы, якую мы, вядома, бралі з сабой. Ён любіў маляваць і асабліва карыкатуры, Стэфана Нарэмбскага цікавіла не толькі гістарычная архітэктура і архітэктурная творчасць, але і віленскае мэблярства першай паловы ХІХ ст. Яго дачка, графік Бася Нарэмбска-Дэмбска-Казлоўская, пасля вайны была вельмі актыўнай у Торуні.

Такім чынам, гэта было асяроддзе віленскіх мастакоў, з якімі, як і з выкладчыкамі ўніверсітэта, я вельмі блізка пасябраваў падчас майго побыту ў Вільні. Афіцыйным актам гэтага сяброўства стала адкрыццё юбілейнай выставы Віленскага таварыства выяўленчых мастацтваў, пра што паведамляў віленскі друк: "Учора [1 чэрвеня 1930 г.] а 1-й гадзіне дня ў па-тышкевіцкім палацы (на рагу Арсенальскай і Зыгмунтоўскай над Віліяй) адбылося ўрачыстае адкрыццё юбілейнай выставы Віленскага таварыства выяўленчых мастацтваў, якому сёлета спаўняецца 10 гадоў. Выставу адкрыў прэзідэнт таварыства Людамір Сляндзінскі, які пасля кароткай прамовы падарыў спадару Рачкевічу цудоўную тэчку з арыгінальнымі эскізамі членаў Таварыства".


Ужо ў першыя месяцы майго побыту ў Вільні завязаліся ад пачатку добрыя і сяброўскія, вельмі блізкія і асабістыя стасункі з двума выдатнымі прадстаўнікамі "краёўцаў", выхадцамі з абшараў былога Вялікага Княства Літоўскага, цесна звязанымі з гэтай зямлёй, якія падкрэслівалі асобнасць літоўскіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.

Казімір Акуліч, дэпутат Сойму, рэдактар "Газеты Краёвай", а потым "Кур'ера Віленскага", юрыст, які вучыўся у Дэрпце і быў членам студэнцкай карпарацыі "Арконія", з'яўляўся вельмі ўраўнаважаным чалавекам. Ён дапамагаў мне ў маёй працы і заўсёды для мяне былі адкрыты старонкі яго газеты. На Акуліча ўвесь час люта нападала "Слова" Станіслава Мацкевіча. Падчас вайны рэдактар "Слова" апынуўся ў Лондане і пасля вайны быў міністрам аднаго з эміграцыйных урадаў. Я спаткаў яго каля 1970 г. у Лондане падчас майго побыту ў клубе "Белы Арол". Да мяне прыйшоў тады мой добры сябар дзяцінства Тытус Камарніцкі, і мы з ім размаўлялі да поўначы. У размове згадалася імя Мацкевіча, і Казімір сказаў мне: "Ведаеш, мы тут у эміграцыі памірыліся, ён мне нават спадабаўся, мы абодва з Вільні".

Другім "краёўцам", якога я сустрэў у той час, быў Людвік Хаміньскі. Ён таксама належаў да маладой генерацыі. Старэйшыя "краёўцы" - гэта найперш галоўны віленскі масон, адвакат Вітольд Абрамовіч, які потым стаў сенатарам, потым быў вывезены на ўсход, і пра яго больш нічога не вядома. Важную ролю сярод іх адыгрывалі адвакат Браніслаў Кжыжаноўскі і Ян Пілсудскі, сярод тых, хто спачуваў, былі Станіслаў Лапацінскі, Аляксандр Мяйштовіч, Аляксандр Лядніцкі, Аляксандр Хаміньскі (бацька Людвіка). З малодшых, акрамя Акулiча - прафесар Вiтольд Станевiч, Мар'ян Касцялкоўскi які потым стаў міністрам сельскагаспадарчых рэформаў. Доўгі час ідэйным апекуном гэтай групы быў Юзаф Пілсудскі і побач з ім - Аляксандр Прыстар.

Прафесар Зыгмунт Юндзіл, таксама "краёвец", у сваіх успамінах, апублікаваных у лонданскай "Alma Mater Vilnensis", піша пра маладзейшых: "Сярод іх я бачу Людвіка Хаміньскага, гарачага, амбітнага, тады яшчэ маладога чалавека тыпу "выбітнага палітычнага дзеяча", які па-сапраўднаму адчуваў шырокія народныя масы. Ён не шкадаваў сіл і працы, значную частку сваёй фартуны аддаваў выдавецкай працы, спрыяў развіццю польскай кнігі ў краі, друкаваў нелегальныя выданні, пракламацыі, бюлетэні і іншае. Шмат пісаў у дэмакратычных часопісах, урэшце, пасля Людвіка Абрамовіча, стаў рэдактарам "Газеты Краёвай". Калі ўвесну 1929 г. я пазнаёміўся з ім, Людвік Хаміньскі быў паслом у Сойм, членам партыі "Вызваленне", сябрам Станіслава Тугута. Меў двух сяброў, буйных абшарнікаў, прыхільнікаў зямельнай рэформы без кампенсацыі. Крыштаф Радзівіл, мой універсітэцкі сябар, калі я яму сказаў: "Дык пачні сам з падзелу маёнткаў паміж сялянамі", - адказаў: "Гэта было б глупствам. Усе маёнткі трэба падзяліць".

Так думаў і Люк (так мы звалі Людвіка Хаміньскага). Адразу пасля знаёмства ён грунтоўна пазнаёміў мяне з палітычнай канцэпцыяй "краёўцаў" і шмат размаўляў са мной на палітычныя і культурныя тэмы. Сваю друкарню ў Вільні ёг назваў "Люкс". Гэта была вельмі неабходная ў той час установа, тым больш, што шэраг выданняў, як, напрыклад, зборнікі вершаў віленскіх паэтаў, ён выдаваў за свой кошт.

Ілюстрацыі з кнігі Лорэнца.

Маю перад сабой "Горад пад аблокамі" (Вільня) Вітольда Гулевіча, на кнізе пазначана: "Выдаў і надрукаваў Людвік Хаміньскі, 1931". Вокладка Міхала Роўбы. Кніга аздоблена рэпрадукцыямі 14 графічных прац віленскіх мастакоў. Надрукавана было 700 стандартных асобнікаў і 25 асобнікаў на паперы ручной працы, кожны экзэмпляр з сваім нумарам, кшталту А-Е-II-ХХ, з подпісам аўтара, выдаўца і мастакоў-графікаў. Надрукавана шрыфтам друкарні "Люкс" у Вільні, якая знаходзілася па адрасе вул. Партовая, 7.

Не памятаю ўжо ў якім годзе, Люк расказваў мне, што купка "краёўцаў" і іх сяброў стварыла неафіцыйны і незарэгістраваны клуб "Шумераў" ("Sumeryjczykоw"), якія віталі адзін аднаго словамі "Sum, sum, sum" [20]. Збіраліся яны ў Бібліятэцы Урублеўскага, былым палацы Тышкевічаў. Ён паведаміў мне, што я таксама прыняты ў вільняне і магу лічыць сябе членам клуба "шумераў".

Друкарня "Люкс" імкнулася ўвесці ў Вільні сучасную эстэтыку друку і кнігі, сярод яе выданняў была і кніга Людвіка Абрамовіча "Чатыры стагоддзі віленскага кнігадрукавання 1525-1925 гг.", у "Люксе" друкаваліся творы Чэслава Янкоўскага, Гелены Ромер-Ачанкоўскай, Ванды Недзялкоўскай-Дабачэўскай, Людвіка Яноўскага, Вацлава Студніцкага, Тадэвуша Лапалеўскага, Яўгеніі Кабылінскай-Масееўскай і нават Станіслава Пшыбышэўскага, Эдварда Слоньскага і Бенедыкта Герца.

Працяглае мецэнацтва дорага каштавала Хаміньскаму (друкарня "Люкс", заснаваная ў 1918 г.). Таксама і яго маёнтак Ольшаў [21] не прыносіў прыбытку. Ён паставіў у Ольшаве вялікія сажалкі, але зрабіў гэта няўмела, і ўсіх малькоў з'елі шчупакі. А для гэтай справы Лук узяў у банку вялікі крэдыт.

Сам Ольшаў быў прыгожым палацавым цэнтрам, сядзібай вельмі культурных, са старымі традыцыямі абшарнікаў. З канца XVII ст. сядзіба знаходзілася ва ўласнасці роду Хаміньскіх. У пачатку XVIII ст. належала Людвіку Якубу Хаміньскаму герба Ліс, сыну Канстанціна Яна і Канстанцыі з Верашчакаў. Людвік быў старастам ашмянскім і пісарам вялікага літоўскага князя. Францішак Ксаверый Хаміньскі з'яўляўся апошнім ваяводам мсціслаўскім. Дзед Люка, Станіслаў, пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта ў 1824 г. паступіў у гвардзейскі Паўлаўскі полк. Даслужыўся да звання генерала. Быў губернатарам горада Коўна. Як уладальнік Ольшава, ён тройчы выбіраўся маршалкам шляхты Свянцянскага павета. Яго партрэт у капітанскай форме каля 1825 г. напісаў у Пецярбургу Валенты Ваньковіч. Гэты партрэт вісеў у Ольшаве ў сталовай сярод іншых фамільных партрэтаў. Пасля вайны быў перавезены ў Варшаву, і я купіў яго для Нацыянальнага музея. Цяпер ён знаходзіцца ў партрэтнай галерэі ў Вілянове.

Выдатным грамадскім дзеячам быў Аляксандр Хаміньскі, тата Люка, сын Станіслава і Эвеліны з Шчытаў. Быў дэпутатам Думы, дзе прадстаўляў кансерватыўны накірунак, затым членам Дзяржаўнай рады. У 1905 г. разам з сваёй жонкай Ядвігай з Горватаў заклаў у Ольшаве пачатковую школу для беларускіх дзяцей, у якой выкладанне рэлігіі вялося на польскай мове. Разам з прафесарам Пташыцкім выдаў так званы "Ольшаўскі кодэкс Хаміньскіх з XVI ст.", які захоўваўся ў фамільным архіве ў Ольшаве. Усебакова адукаваны чалавек, ён жыва цікавіўся культурнымі і грамадскімі справамі. Трэба дадаць, што ў Ольшаве мелася добрая бібліятэка ў некалькі тысяч тамоў.

Драўляны палац у Ольшаве датуецца другой паловай XVIII ст. Аднапавярховы, з ламаным дахам, з двухпавярховым калонным порцікам, пабудаваны цеслярамі ў выглядзе падковы ў "нямецкіх" традыцыя (ці не івянецкіх?). Мураваныя крылы да палаца ў 1893 г. дарабіў архітэктар Тадэвуш Раствароўскі. У гэтых прыбудовах размяшчаліся гасцявыя пакоі, якія пры адсутнасці грошай у гаспадароў, можна было здаваць на лета для адпачынку. Сядзібны дом стаяў на ўзгорку над маляўнічым берагам ракі Страча. Вялікі парк на схілах ператварыўся ў сажалкі і лясы, пераважна хвойныя, дзе сярод пагоркаў ляжала шэсць азёр. Самае буйное з іх, Глубель, мела плошчу 55 га.

Для тых, хто адпачывае, у Ольшаве стваралася прыемная, прыязная і сямейная атмасфера. Я змог трапіць у Ольшаў толькі аднойчы ў ліпені. Тады мне расказалі, што па ініцыятыве пана Аляксандра для адпачываючых быў арганізаваны паказ жаночай моды апошняй чвэрці ХІХ ст., а можа і больш ранняй. У Ольшаве да таго часу захоўвалася калекцыя прыгожых сукенак. Аляксандр сказаў мне, што гэты вечар быў для яго вельмі важным.


Мая першая сустрэча з віленскімі пісьменнікамі адбылася 21 сакавіка 1929 г. на вечарыне віленскай паэзіі, якая адбывалася ў зале гімназіі імя Адама Міцкевіча.

Неўзабаве мы з жонкай Ірэнай былі на Літаратурнай серадзе, дзе абмяркоўвалася пытанне здабыцця для Звязу пісьменнікаў у Вільні так званай "Келлі Конрада" ў па-базыльянскіх мурах. Шматлікія намаганні грамадства па вяртанню з рук праваслаўнага духавенства гэтай "нацыянальнай святыні" рабіліся на працягу шэрагу гадоў. Шмат гадоў ішла безвыніковая цяжба аб правах уласнасці паміж праваслаўнай кансісторыяй і дзяржавай, якая вырашылася на карысць дзяржавы толькі ў 1927 г. Карыстальнікамі былога манастырскага будынка дзяржаўныя ўлады пакінулі праваслаўную семінарыю, Беларускую гімназію, Беларускае навуковае таварыства і Беларускі музей імя Яна Луцкевіча. Арандатары былі выдалены толькі з паўднёвай часткі першага паверха, дзе размяшчалася турма філарэтаў. Але не было прынята рашэння, што там павінна знаходзіцца, і частка будынка стаяла не адрамантаваная і пустая. Старшыня Віленскага Звязу пісьменнікаў прафесар Пігонь на згаданай Літаратурнай серадзе звярнуўся да мяне з просьбай перадаць памяшканне з "Келляй Конрада" пад сядзібу Звязу. Я адразу вельмі энергічна ўзяўся за справу, дамогся рашэнне ваяводы і пазыку на рамонт памяшканняў. Абнаўленне павінна было быць грунтоўным, бо ў 1867 г. расейцы перабудавалі ўсе будынкі скасаванага манастыра, для стварэння вялікіх памяшканняў знялі папярочныя сцены келляў і зруйнавалі скляпенні камеры і калідоры, якія захаваліся толькі часткова. Справа "Келлі Конрада", месцазнаходжанне якой было пад пытаннем з-за рэканструкцыі, тлумачаць даследаванне прафесара Юліюша Клоса ў 1921-1923 гг. [22]

Віленскія пісьменнікі атрымалі месца, памятнае не толькі з-за суда над філарэтамі. Увайсці на гэтую тэрыторыю можна было праз прыгожую браму ў стылі ракако (па адрасе вул. Вострабрамская, 9). Далей, пасярод вялікага двара стаяла праваслаўная царква св. Тройцы, заснаваны князем Канстанцінам Астрожскім у 1514 г. у гонар перамогі пад Оршай. Пасля пажару 1748 г. царкву перабудавалі, дадалі да яе дзве лёгкія вежы і пабудавалі вышэйзгаданую шыкоўную манастырскую браму, а таксама пабудавалі абодва крылы кляштара, якія існуюць і сёння - архітэктар Ян Крыштаф Глаўбіц. Падчас майго знаходжання ў Вільні мне ўдалося ўстанавіць, што гэты амаль невядомы раней архітэктар быў сапраўдным стваральнікам найвялікшых твораў барока і ракако ў Вільні і ваколіцах. Спраектаваў касцёл св. Кацярыны ў Вільні, перабудаваў інтэр'еры і аформіў цудоўныя алтары ў касцёле св. Яна, пабудаваў касцёл і кляштар у Беразвеччы, перабудаваў касцёл св. Зоф'і ў Полацку і інш. Гэта было маё вялікае адкрыццё, заснаванае на знойдзеных архівах. Ужо ў Варшаве, у 1937 г., у выдавецтве Варшаўскага навуковага таварыства я апублікаваў дысертацыю, прысвечаную Глаўбіцу [23].

На першы паверх сядзібы Звязу пісьменнікаў трэба было ўваходзіць па шырокім калідоры, які цягнуўся па ўсёй даўжыні памяшкання. Адразу ад калідора направа была вялікая зала для пасяджэнняў з трыма вокнамі і невялікім подыюмам ля дальняй сцяны злева. Далей з калідора дзверы вялі ў вялікую двухаконную "Келлю Конрада", у якой працавала чытальня. У сцяне была ўмаравана таблічка з надпісам "Hic natus est..." Тут размяшчаўся сакратарыят Звязу, а пазней Віленскага аддзела Польскага турыстычнага таварыства.

Пасля ад'езду ў 1930 г. прафесара Пігоня з Вільні старшынём Звязу пісьменнікаў стаў Вітольд Гулевіч. Мы з Ірэнай па магчымасці хадзілі на ўсе літаратурныя серады. Але я ўжо мала што з іх памятаю.

У Гародні існавала вельмі актыўнае Таварыства сяброў літаратуры і мастацтва, у дзейнасці якога прымала ўдзел жонка прэзідэнта горада Маўрыцыя О'Браена дэ Ласі, уладальніка маёнтка Аўгустовак пад Гродна. На пасадзе прэзідэнта О'Браэн дэ Ласі быў ініцыятыўным, цікавіўся рэканструкцыяй Каралеўскага замка, будаўніцтвам бульвараў на Нёмане, імкнуўся падтрымліваць актыўнае культурнае жыццё. Яго жонка Надзея з рускіх князёў Друцкіх сама была пісьменніцай. У яе меліся блізкія адносіны з Зоф'яй Налкоўскай [24], якая жыла ў Гродна разам з сваім мужам Юрам-Гажэхоўскім. Друцкая ганарылася тым, што ў 1930 г. Налкоўская ўвяла яе ў ПЭН-клуб. Вітольд Гулевіч быў у блізкіх стасунках з мужам і жонкай О'Браен дэ Ласі і наведваў іх у Аўгустоўку. Я добра ведаў захавальніка Гродзенскага музея ў замку Юзафа Ядкоўскага. Гарадзенскае таварыства прывозіла з Варшавы вядомых лектараў і падтрымлівала сувязь з Вільняй.

У сваім выступе ў Літаратурнай серадзе я прадставіў праблему выратавання руін сярэднявечных замкаў і абмеркаваў распачатыя работы ў Троках, Крэве, стан руін у Каралеўскіх Медніках, работы на замку ў Навагрудку і рэканструкцыю замка ў Міры, а таксама праекты, звязаныя з руінамі на Замкавай гары ў Вільні. У дыскусіі пасля майго выступу прынялі ўдзел Людамір Сляндзінскі, Хэлена Ромер-Ачанкоўска, Ежы Хопен, Станіслаў Яроцкі і праф. Рыдзеўскі. Маю інфармацыю ўспрынялі з поўнай ухвалой.

Адразу пасля ўступлення на пасаду ў пачатку 1929 г. я атрымаў "ганаровую картку" аб прыёме ў сябры тэатра "Рэдута" [25] на Пагулянцы і ў Польскі Тэатр у будынку "Лютня" на вул. Міцкевіча. Мы вельмі часта хадзілі ў абодва тэатры, асабліва на Пагулянку. Францішак Рыхлоўскі, які кіраваў Польскім тэатрам з 1920 г., адзначыў у лютым 1928 г. дваццаць пяць гадоў тэатральнай працы. У камісію па святкаванні гэтага юбілею пад патранатам ваяводы Рачкевіча ўвайшлі, між іншым: Фердынанд Рушчыц, Юліюш Остэрва, Чэслаў Янкоўскі, мэр горада Юзэф Фалееўскі, Хелена Ромер-Ачанкоўская, Ежы Рэмер. Людвік Сольскі напісаў уступ да памятнай кнігі "Юбілейны вянок Францішка Рыхлоўскага". Тэатр Рыхлоўскага можна было назваць народным тэатрам бо яго праграмная дзейнасць мела камерцыйны характар.

У сярэдзіне 1929 г. на Пагулянцы адбыліся прынцыповыя змены ў сувязі з вяртаннем "Рэдуты" ў Варшаву. Дырэктарам тэатра стаў Аляксандр Зельвяровіч.

А. Зельвяровіч абапіраўся на маладых - пасля каманды маладых рэдутаўцаў, была каманда з лепшых маладых выпускнікоў Варшаўскай тэатральнай школы. Ён падабраў каманду вельмі добрых маладых акцёраў з такімі зоркамі, як Ірэна Эйхлераўна і Мар'ян Выжыкоўскі, Цяцерскі і Малынічаўна. А паколькі ён запрашаў на гасцявыя выступленні і вядомых артыстаў, узровень тэатральных пастановак быў вельмі высокі.

18 лістапада 1929 г., як паведамляў "Кур'ер Віленскі", "па ініцыятыве бурмістра горада пана Фалееўскага ў Ратушы адбылася нарада, на якой абмяркоўваўся рэпертуар і ранейшая дзейнасць дырэктара Зельвяровіча (віца-бурм. Чыж, праф. Рушчыц, Лорэнц, праф. Эрэнкройц, Г. Ромер-Ачанкоўска і некаторыя іншыя) выслухалі даклад дырэктара Зельвяровіча, які, да шчырага задавальнення аўдыторыі, запэўніў, што, насуперак песімістычным прагнозам, наведвальнасць абодвух тэатраў вельмі добрая [Зельвяровіч заняў і "Лютню"]".

У верасні 1930 г. з намі адбылася даволі дзіўная прыгода. Была ў нас вельмі добрая маладая служанка Польця, якая паходзіла з вельмі беднай вёскі Браслаўскага павета, амаль на мяжы з Латвіяй. Гэта была яе першая служба ў горадзе. Яна расказала нам пра цяжкае становішча сваёй сям'і, пра тое, як зусім маленькай дзяўчынай ёй давялося выехаць на сезонныя работы ў Латвію, на т. зв. "саксы". Расказвала, як дрэнна ставіліся багатыя латышскія сяляне да бедных рабочых з Польшчы.

Неяк у верасні мы збіраліся на вялікую вечарыну, вярнуцца павінны былі толькі позна ўвечары. У Ірэны было пры сабе больш за тысячу злотых і баючыся згубіць іх, яна вырашыла пакінуць грошы на захаванне ў Польці. Вярнуўшыся дадому, мы адразу леглі спаць. Калі ўсталі раніцай, Польці не было дома, і не было невядома, чаму яна не прыгатавала сняданак, нічога не купіла і чаму кудысьці сышла, нічога не сказаўшы нам. Я пайшоў у кабінет, а Ірэна чакала. Аднак прайшло некалькі гадзін, а Польці ўсё не было. Таму Ірэна, заклапочаная, пайшла ў паліцэйскі ўчастак, дзе праверыла, што Польця не стала ахвярай нейкага здарэння. Паколькі Ірэна настойвала на тым, каб паліцыя пачала шукаць Польцю, у яе спыталі, колькі ёй гадоў. На адказ Ірэны, што яна маладая дзяўчына, сказалі: "Не хвалюйся, абавязкова знойдзецца, з маладымі бывае". Але Ірэна не паддалася, таму ў яе пачалі пытаць пра акалічнасці знікнення. Пасля таго, як Ірэна расказала пра грошы, паліцыянты змянілі сваё меркаванне: "Так, гэта іншае, ёсць падазрэнні ў крадзяжы, і таму мы прымаем вашу заяву". Ірэна запратэставала, яна казала што не падазрае Полцю ў крадзяжы, але паліцыянты аформіла афіцыйны пратакол.

Нечакана за некалькі гадзін да абеду (мяне яшчэ не было дома) з'явілася Польця ў слязах і прызналася Ірэне, што яна ноччу ўцякла з дому, бо з ёй здарылася няшчасце. У той вечар, калі яна гатавала абед, у руцэ яна трымала грошы, і грошы намоклі. Хацела іх высушыць, паклала на бляху на кухні, і якраз Ірэна паклікала яе. Яна пабегла да гаспадыні, а калі вярнулася на кухню, то ўбачыла, што грошы згарэлі. Ноччу, пасля нашага вяртання, з роспачы, яна паляцела ў горад, і як толькі адчынілі сабор (мы жылі побач), яна ўвайшла ў касцёл і ўвесь час сядзела там, малілася і плакала, пакуль не вырашыла вярнуцца і расказаць усё. Мы паверылі, што такое няшчасце магло здарыцца з гэтай простай дзяўчынай, і змірыліся з такой сумнай стратай грошай. Да Польці мы па-ранейшаму ставіліся сардэчна.

Праз некаторы час, аднак, прыйшоў выклік з раённага суда: "…Апалоніі Гадзінаўна, якая жыве ў Вільні, вул. Маставая 3 м. 24 з'явіцца ў адпаведнасці з арт. 592 і 834 УПК 18 кастрычніка 1930 г. на 9.00 на пасяджэнне судовай калегіі па крымінальных справах Віленскага акруговага суда для дачы тлумачэнняў па справе абвінавачання яе па арт. 574 КК".

Я адразу пайшоў у суд, каб патлумачыць, што мы зусім не абвінавачваем Польцю і просім адмяніць справу. Але мне растлумачылі, што гэта не мы, а пракурор выстаўляе абвінавачанне на падставе паліцэйскага пратаколу і справу нельга спыніць.

Усхваляваныя мы звярнуліся да нашага сябра Станіслава Вяслаўскага, які быў не толькі музыкам, але і юрыстам, каб ён абараніў Польцю ў судзе. Зразумела, ён ахвотна і самааддана пагадзіўся.

Справа спалення грошай стала вядомай на ўсю Вільню і набыла адценне гумарыстычнай сенсацыі. Вітольд Гулевіч даслаў нам выразку з газеты пад назвай "Вогнетрывалыя банкноты: праф. Шурып з Цюрыху вынайшаў і ўдасканаліў спосаб вырабу непарушных і вогнеўстойлівых банкнот..." з з допісам ад сабе: "Для суцяшэння сужэнцам, якія пакутуюць".

Між тым, за некалькі дзён да суда справа набыла зусім іншы абарот. Польця з адчайным плачам кінулася да Ірэны ў ногі: "Спадарыня, вы так добра да мяне ставіцеся, і я не магу больш так жыць, таму што тыя грошы скрала я. Калі вы далі мне столькі грошай, я не вытрымала. Вось 950 злотых, бо на сяло бацькам я ўжо паслала 50 злотых".

Мы пагадзіліся з Вяслаўскім, што ў судзе трэба будзе раскрываць праўду і абарона павінна быць іншай.

Акруговы суд размяшчаўся ў вялікім будынку на Лукішскай плошчы. Справа праходзіла ў вялікай судовай зале. Я замовіў два таксі. У першай з вул. Маставой у суд ехала Ірэна з Польцяй, у другім - я і мама. Зала суда была поўная. Польцю пасадзілі на лаву падсудных, мы сядзелі ўтрох у першым радзе. Напэўна, не толькі публіка, але і сам суд крыху пацешыўся гэтым выпадкам, бо ў залу прыйшоў нават наш сябар, старшыня суда, а таксама разам з ім некалькі суддзяў, якія афіцыйна ў працэсе не ўдзельнічалі. Вяслаўскі выступіў з прыгожай прамовай. Суд вынес прысуд: некалькі месяцаў ці год з адтэрміноўкай на два гады. І ў гэты момант Польця не па-людску закрычала: "Пані, ратуйце мяне, мяне хочуць павесіць на два гады". А далей усё пайшло зусім нефармальна. Ірэна падбегла да лавы абвінавачаных і трымала Польцю за рукі, Вяслаўскі яе суцяшаў. … Вярталіся на дзвюх брычках. Я падумаў пра Ляльку Пруса. Польця, яшчэ нейкі час засталася з намі. Але потым яна сказала нам, што хоча вярнуцца ў вёску.

У Ірэны былі вялікія абавязкі па гаспадарцы, да таго ж мама часта прыязджала да нас надоўга, па чарзе прыязджалі яе сёстры з Варшавы. У нас заўсёды была адна ці дзве служанкі, якія дапамагалі жонцы, бо мы вялі вельмі ажыўленае грамадскае жыццё. Ірэна з самага пачатку ўзяла на сябе шматлікія грамадскія абавязкі. Спачатку яна ўвайшла ў склад Таварыства "Сем'і чыноўнікаў", потым узначаліла секцыю ўправы гуртка пры Ваяводскім упраўленні, затым стала членам управы "Камітэта летніх антысухотных лагераў для дзяцей", стала членам праўлення "Таварыства заахвочвання народнай творчасці ў Вільні", а таксама ўступіла ў "Працоўны звяз жанчын", дзе асабліва клапацілася пра арганізацыю дзіцячых ясляў на Кальварыйскай, 69. Калі ў 1931 г. быў створаны "Камітэт выратавання Віленскай базылікі", жонка ўвайшла ў склад жаночага гуртка і актыўна арганізавала мерапрыемствы. У жаночыя арганізацыі часам збіралася на кватэры біскупа Міхалкевіча ў вул. Замкавая, 4.

21 студзеня 1931 г. прафсаюз польскіх пісьменнікаў у Вільні і Сіндыкат віленскіх журналістаў арганізавалі 116-ю Літаратурную сераду, прысвечаную творчасці віца-прэзідэнта Звязу пісьменнікаў, вядомай грамадскай дзяячкі і пісьменніцы Гелене Ромер-Ачанкоўскай у гонар 25 гадоў яе літаратурнай і публіцыстычнай працы.

Увосень 1930 г. я пачаў разглядаць магчымасць стварэння ў Вільні Музея сучаснага мастацтва, які б прадстаўляў сучаснае віленскае мастацтва на фоне тагачаснага польскага мастацтва. Мая ініцыятыва сустрэла моцную падтрымку віленскіх мастакоў. Міністэрства веравызнанняў і народнай асветы вітала гэтую ініцыятыву, а дырэктар Дзяржаўных мастацкіх калекцый, др. Альфрэд Лаўтэрбах паабяцаў перадаць у дар нашаму музею частку карцін выдатных сучасных мастакоў, галоўным чынам з Варшавы і Кракава.

На пачатку сакавіка 1931 г. быў створаны арганізацыйны камітэт Музея, у які ўвайшлі выканавец абавязкаў ваяводы Стэфан Кіртыкліс, стараста горада Фалееўскі, Рушчыц, Сляндзінскі, Хопен і я. Было вырашана, што пакуль музей будзе месціцца ў занядбанай вялікай кардэгардыі палаца Рэчы Паспалітай, а пасля рэстаўрацыі пераедзе ў гістарычны будынак былой Віленскай ратушы. Арганізатары жадалі, каб музей: 1) меў пастаянную экспазіцыю з асаблівым акцэнтам на мастакоў з Вільні, 2) арганізоўваў часовыя выставы.

Урачыстае адкрыццё Музея сучаснага мастацтва ў былой кардэгардыі ў двары палаца РП адбылося 7 чэрвеня 1931 г. Аднак, нягледзячы на падтрымку канцэпцыі дырэктарам дэпартамента мастацтваў Міністэрства веравызнанняў і народнай асветы Уладзіславам Скочыласам і перадачы на захоўванне 20 карцін найвыдатнейшых мастакоў таго часу, справа не дайшла да перадачы для музея адноўленага будынка старой Ратушы. Музей існаваў, але фактычна яго праца замерла, і ён не разгарнуў сур'ёзнай дзейнасці.


Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша.



[1] Кавярня Баляслава Штраля, папулярная сярод творчай інтэлігенцыі Вільны яшчэ да 1914 г. У ёй бывалі і браты Луцкевічы і Янка Купала і інш. - Л. Л.

[2] Аўгуст Бекю (польск.: August Ludwik Bеcu; 1775, Гродна - 1824, Вільня) - вучоны-гігіеніст, прафесар Віленскага ўніверсітэта, айчым паэта Юліюша Славацкага. - Л. Л.

[3] Па ўспамінам Пятраса Клімаса, менавіта фізічная бойка паміж Іванам Луцкевічам і Вацлавам Студніцкім у "Чырвоным Штралі" прывяла да адыходу братоў Луцкевічаў ад краёвай ідэі. - Л. Л.

[4] Юліюш Клос (1881, Варшава - 1933, Вільня) - архітэктар, фатограф, гісторык архітэктуры, прафесар універсітэта Стэфана Баторыя. - Л. Л.

[5] Юзаф Мацкевіч пісаў: "Прафесар Уладзіслаў Гізберт-Студніцкі (у апошнія гады ён абмяжоўваўся толькі другой паловай прозвішча) родам быў з Лівоніі і ўсёй сваёй істотай належаў XIX ст. "Прафесарам" яго назвалі пазней па трох прычынах: па-першае, некаторы час ён выкладаў у віленскім Інстытуце вывучэння Усходняй Еўропы; па-другое, гэтае званне падыходзіла яму па ўзросту; па-трэцяе, ён быў па-прафесарску рассеяны. Аб яго няўважлівасці хадзіла мноства гісторый. У яго быў брат Вацлаў, віленскі архіварыюс. Таксама нізенькі, падобны на брата, нібы блізнюк, і таксама рассеяны. Аднойчы, пасля збору Таварыства сяброў навук, Студніцкія пераблыталі паміж сабой свае паліто. Іншых такіх жа кароткіх паліто больш у раздзявальні не было. Заўважылі яны гэта, толькі калі выйшлі разам і ўжо рухаліся ў паліцэйскі ўчастак падаваць скаргу аб крадзяжы паліто. Можа, гэта і анекдот: хто б з-за такога пайшоў у паліцыю? Але вось праўдзівы выпадак. Раз, калі Студніцкі ехаў на рамізніку, ён раптам нешта ўспомніў, спыніў рамізніка, сышоў і накіраваўся ў адваротны бок. Рамізнік павярнуў каня і паслухмяна рухаўся ўздоўж тратуара, мяркуючы, што гэта такі прафесарскі капрыз. Толькі на трэцяй вуліцы ён звярнуўся: "Паночак, а дакуль гэта будзе?" Узнік буйны скандал, бо Студніцкі быў упэўнены, што ўвогуле ні на якім рамізніку не ехаў. У рэдакцыю ён, бывала, з'яўляўся ў крухмаленым каўнерыку, але без прышпіленага гальштука..." - цыт па: Культура. 1965. №12. - Л. Л.

[6] Міхал Яўстахі Брэнштэйн (1874 г. у Тэльшах - 1938 г. у Вільні) - бібліятэкар, бібліяфіл, гісторык, археолаг і этнограф-аматар. - Л. Л.

[7] Станіслаў Касцялкоўскі (1881 г. у Гародні - 1960 г. у Пітсфард-Холе каля Нортгемптана, Вялікабрытанія) - гісторык, даследчык гісторыі Літвы, прафесар Віленскага ўніверсітэта Стэфана Баторыя. - Л. Л.

[8] Аляксандр Мяйштовіч (1864 у Ковенскай губерні - 1943, Рым) - палітычны і дзяржаўны дзеяч. Віца-старшыня Ковенскага таварыства сельскай гаспадаркі (1900-1904), дэпутат (1909-1917) ад Ковенскай губерні ў Дзяржаўны Савет Расійскай імперыі, старшыня (1921-1922) Часовай урадавай камісіі Сярэдняй Літвы, шматгадовы старшыня Віленскага зямельнага банка. У Польшчы быў міністрам юстыцыі (1926-1928) у кабінетах Юзафа Пілсудкага і Казіміра Бартэля. У 1905-1911 гг. быў прыхільнікам ідэй "краёвасці" і фінансаваў выданне газеты "Кур'ер Літоўскі", у 1918-1939 гг. быў адным з лідараў "віленскіх кансерватараў". - Л. Л.

[9] Мар'ян Эдмундавіч Здзяхоўскі (1861, Ракаў - 1938, Вільня) - публіцыст, літаратуразнавец і філосаф, рэктар Універсітэта Стэфана Баторыя (1925-1926). - Л. Л.

[10] Пра прафесара Мар'яна Здзяхоўскага з вялікай павагай пісаў Антон Луцкевіч. Гл: Nowina. O duszy bialoruskiej Syrokomli // Preglad Wilenski. 1937. № 9. S. 5-6. (у маім перакладзе: Луцкевіч Антон. Аб беларускай душы Сыракомлі // Наша слова.pdf № 5 (57), 1 лютага 2023.) - Л. Л.

[11] Другі аддзел Генеральнага штаба (да 1928 г.), потым Галоўнага штаба - вайсковая выведка. - Л. Л.

[12] Міхал Крыспін Паўлікоўскі (1893, Ігуменскі павет - 1972, Гаваі, ЗША), празаік, журналіст і мемуарыст. Адносіўся да палітычнай групоўкі "віленскіх кансерватараў". Атрымаў празванне "Храніст Вялікага Княства Літоўскага". Стрыечны брат рэдактара газеты "Слова" Станіслава Мацкевіча. - Л. Л.

[13] Ян Бароўскі (1890-1966), гісторык мастацтва, рэстаўратар помнікаў архітэктуры, займаўся дакументаваннем, кансервацыяй і рэстаўрацыяй помнікаў культуры Віленскага і Наваградскага ваяводстваў. Архітэктар Радуньскага касцёла. - Л. Л.

[14] Абраз Маці Божай Вострабрамскай памерам 163 x 200 см верагодна быў намаляваны ў XVI ст. Дэталёвае даследаванне і кансервацыя абраза былі праведзены Янам Руткоўскім у 1927 г. перад яе каранацыяй. Па тэхніцы, грунтоўцы і саставу фарбаў вызначана, што абраз верагодна створана ў другой палове XVI ст. італьянскім мастаком. - Л. Л.

[15] Сляндзінскі Людамір (1889, Вільня - 1980, Кракаў) - мастак-манументаліст. - Л. Л.

[16] Браніслаў Ямант (1886, каля в. Дакудава пад Лідай - 1957, Торунь) - мастак, педагог. Доктар мастацтвазнаўства (1953 г.). - Л. Л.

[17] Ежы Хопен (1891, Коўна - 1969, Торунь) -жывапісец, графік, гісторык мастацтва, педагог, рэстаўратар. З 1925 г. працаваў выкладчыкам у Віленскім таварыстве мастакоў, з 1931 г. дацэнт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя, загадваў кафедрай графікі. - Л. Л.

[18] Тыман Несялоўскі (1882, Львоў -1965 , Торунь ) - жывапісец, графік, педагог. Займаўся таксама прыкладным мастацтвам. З 1926 г. жыў у Вільні, дзе да 1932 г. працаваў выкладчыкам Школы мастацкіх рамёстваў, з 1937 г. - дацэнт кафедры манументальнага жывапісу факультэта выяўленчага мастацтва Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. - Л. Л.

[19] Казімір Квяткоўскі (1893, Беласток - 1964, Варшава ) - жывапісец і педагог. - Л. Л.

[20] Sum - лац. - Я; Sumeryjczyk - жыхар Шумера. - Л. Л.

[21] Маёнтак знаходзіўся каля дарогі з Свенцян да Ашмянаў і Вілейкі. - Л. Л.

[22] Пра "келлю Конрада" пісалі: Ant. Łuckiewicz. Prawda o "celi Konrada". W setną rocznicę procesu Filomatów. Wilno, 1923.; Antoni Łuckiewocz. Z powodu sporu o "Celę Konrada" // Pregląd Wileński. 1924, № 6. S. 5-7.: Erka [Ул. Талочка]. Prawda o celi Konrada // Pregląd Wileński. 1924, № 2. S. 4-5. (Пераклад гэтых артыкулаў Луцкевіча і Талочкі, гл: Спрэчкі пра "Келью Конрада" у па-базыльянскіх мурах Вільні // Наша слова.pdf. № 48 (1563), 2снежня 2021.) - Л. Л.

[23] Stanisław Lorentz. Jan Krzysztof Glaubitz architekt wileński XVIII w. : materiały do biografii i twórczości. Warszawa, 1937.

[24] Зоф'я Налкоўская (1884 - 1954) - польская пісьменніца. Скончыла Варшаўскую прыватную гімназію (1901). У 1922-1927 гг. жыла ў Гародні, была куратарам патранату (апекі) вязьняў гарадзенскай турмы, дапамагала зняволеным. Янка Брыль пераклаў на беларускую мову асобныя яе апавяданні. - Л. Л.

[25] Рэдута (Reduta) - эксперыментальны тэатр-лабараторыя, існаваў з 1919 па 1939 гг. У 1925 г. тэатр з Варшавы пераехаў у Вільню, размяшчаўся ў тэатры на Пагулянцы, у 1931 г. вярнуўся ў Варшаву. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX