Папярэдняя старонка: Віленскі альбом

Знаходка каралеўскіх магіл, пошукі магілы Вітаўта, помнік Міцкевічу 


Аўтар: Лорэнц Станіслаў,
Дадана: 12-10-2023,
Крыніца: Лорэнц Станіслаў. Віленскі альбом (Разліў Віліі і знаходка каралеўскіх магіл - Пошукі магілы Вітаўта - Справа з помнікам Міцкевічу) // Наша слова.pdf № 40 (92), 4 кастрычніка 2023.; № 41 (93), 11 кастрычніка 2023.

Спампаваць




Мы вярнуліся з Італіі ў Вільню адразу пасля падзеі, якая мела незвычайныя вынікі. Рака Вілія разлілася і 26 красавіка 1931 г. затапіла Саборную плошчу. Вада падышла да прыступак фасада катэдры (базылікі) і ўтварыла возера паміж вуглавым будынкам па вуліцы Міцкевіча, дзе месцілася цукерня Рудніцкага і катэдрай. Сабор апынуўся ў небяспецы, але яго стан і раней выклікаў заклапочанасць.

Мы ўсё ведалі пра трывожны стан катэдры і таму пад кіраўніцтвам прафесара Клоса і па ўзгадненні са мной тут вяліся даследаванні. Цяпер, калі падвал сабора затапіла вада, сітуацыя стала небяспечнай і надзвычай трывожнай. Стала відавочна, што патрэбны вялізныя выратавальныя працы і вельмі вялікія выдаткі, прынамсі ў некалькі сотняў тысяч злотых. Па згодзе з ваяводам Бэчкавічам, з аднаго боку, і арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім і біскупам Казімірам Міхалкевічам, з другога, мы вырашылі стварыць Агульны камітэт выратавання базылікі. Вось тэкст запрашэння на першае пасяджэнне гэтага камітэта:


"Ваявода Віленскі і Арцыбіскуп Мітрапаліт Віленскі

ласкава запрашаюць

прыбыць 17 ліпеня гэтага года [1931] у 18-00

у Вялікую канферэнц-залу Ваяводскай управы

на арганізацыйнае пасяджэнне

Камітэта аднаўлення Віленскай базылікі.


Старшынём Камітэта стаў віленскі біскуп-суфраган кс. Казімір Міхалкевіч, першым віца-старшынём маркграфіня Яніна Умястоўская - вельмі багатая жанчына, між іншым, уладальніца Жамаслаўля, які яна ахвяравала Віленскаму ўніверсітэту. Палац у Жамаслаўлі, пабудаваны ў другой палове ХІХ ст. з'яўляўся копіяй каралеўскага палаца на востраве ў Лазенках (другая копія ХІХ ст. Лазенкаўскага палаца знаходзілася на Віленшчыне ў маёнтку Тышкевічаў). Фонд маркграфіні Умястоўскай у Рыме і дагэтуль падтрымлівае навуку і Віленская катэдра ў 1847 г., злева - замкавая гара, справа гара Бекеша. Урна з парэшткамі Уладзіслава IV, разбітая і падчас рабавання ў 1655 г. і знойдзеная ў верасні 1931 г. культуру. Умястоўская была пажылым чалавекам і ўжо цяжка рухалася. Калі я аднойчы быў у яе ў Вільні, яна прыняла мяне лежачы ў ложку, відаць, звычайна гэтак яна і прымала гасцей. Маркграфіня была вельмі ўсхвалявана знаходкай каралеўскіх магіл у катэдры і лічыла, што павінна асабіста аддаць сваю даніну павагі каралям [1]. Паколькі гэта для яе было немагчыма па стане здароўя, яна выдала візітоўку адрасаваную: "Вялебнаму прэлату Савіцкаму і сп. Кансерватару доктару Лорэнцу, цяперашнім захавальнікам каралеўскага праху", з наступным зместам: "Марграфіна Умястоўская, Варшава, Алеі Уяздоўскія, 43 [слынны дом, яе маёмасць], Вільня, Трокская, 19 [яе дом і рэзідэнцыя]. Ласкава прашу ксяндза-прэлата Савіцкага і доктара Ларэнца аб дазволе спусціцца ў крыпту з Каралеўскім прахам майму адвакату Мацею Яманту, тэл. 10-29, замест мяне".

Яе жаданне было выканана. Я ўрачыста ўвёў у крыпту паверанага Яманта (родны ці стрыечны брат Браніслава), каб ад імя маркграфіні Умястоўскай ён пакланіўся каралеўскім парэшткам.

Другім віца-старшынём Камітэта стаў прэзідэнт Падатковай палаты Ян Малецкі, скарбнікам - дырэктар банка Юзаф Каралец, які пазней таксама стаў і скарбнікам Камітэта помніка Міцкевічу, сакратаром - пробашч базылікі, кс.-канонік Антоні Ціхонскі, члены прэзідыума: пробашч базылікі кс.-прэлат Адам Савіцкі, дарадца па справах рэлігій ваяводства Віктар Пятровіч, Тадэвуш Лапалеўскі і я як кансерватар. Старшынём тэхнічнага камітэта стаў дырэктар грамадскіх прац ваяводскай управы Аляксандр Зубялевіч, гістарычна-мастацкага камісіі - Фердынанд Рушчыц, фінансавай камісіі - дырэктар Станіслаў Бялас, а пасля яго смерці - кс. Аляксандр Масціцкі. У рэвізійную камісію абраны старшыня Акруговай падліковай палаты Ян Петрашэўскі, кс.-прэлат Францішак Валодзька і прэзідэнт Адольф Копец.

Чэрап вялікага князя і караля Аляксандра у кароне, верасень 1931 г. Часовы алтар пад балдахінам, усталяваны ў верасні 1931 г. над уваходам у крыпту каралеўскімі магіламі.

Работамі кіраваў прафесар Юліюш Клос, тэхнічным кіраўніком, які непасрэдна займаўся справамі, ён прызначыў Яна Пекшу (пазней стаў архітэктарам). Даследаванні пачаліся на пачатку жніўня 1931 г. з капліцы св. Казіміра, дзе падчас паводкі абрынулася падлога. Даследаваліся таксама і ўсе вядомыя склепы і падземныя калідоры, і стала вядома, што патрэскаліся гіпсавыя маркеры, якія мы ўстанавілі ў 1930 г., што, несумненна, сведчыла аб далейшым руху падмуркаў. Падчас даследаванняў у капліцы св. Казіміра, пад алтарным прастолам былі знойдзены дзве урны са сплаву волава і свінцу, у якіх знаходзіліся сэрца і вантробы караля Уладзіслава IV, пастаўленыя сюды 28 чэрвеня 1648 г. Цела караля, які памёр у Мерачы, было перавезена ў Вавель. Шматлікія дзіркі, прарэзаныя ў слоіках, сведчылі аб тым, што праз сем гадоў пасля смерці караля, падчас нашэсця маскоўскіх войскаў, месца пахавання яго парэшткаў было знойдзена і разрабавана - у слоіках шукалі каштоўнасці.

Тыя, хто вёў работы, неадкладна паведамілі аб знаходцы слоікаў з парэшткамі караля. Працу спынілі, паведамілі мне, кс. Савіцкаму і членам гістарычна-мастацкай камісіі. Калі мы разам сабраліся над дзіркай і загадалі выняць бляшанкі з-пад завалаў, прафесар Марыян Марэлоўскі, які часта паводзіў сябе эксцэнтрычна, раптам закрычаў: "Не, кс.-прэлат павінен асвяціць прылады, з дапамогай якіх будуць вынятыя каралеўскія парэшткі". Вельмі засмучаны ксёндз Савіцкі загадаў прынесці з сакрыстыі святую ваду і крапідла. Увесь гэты далікатны час мы ўрачыста стаялі над адтулінай. Калі кс. Савіцкі скончыў чын асвячэння, рабочыя пачалі ламаць друз вакол слоікаў. Але асвечаныя прылады ім не падышлі, рабочыя кінулі іх, узялі іншыя і вынялі слоікі. Гэтак неасвечаныя ламы і рыдлёўкі дакрануліся да каралеўскіх слоікаў.

У далейшым даследаваліся сутарэнні пад бакавымі сценамі і капліцамі і пад галоўным нефам, доступ да якіх быў немагчымы на працягу больш за сто гадоў, бо ўваходныя праёмы былі засыпаны друзам і замураваны Гуцэвічам [2] падчас перабудовы сабора ў другой палове XVIII ст. Пад галоўным нефам выяўлены шэраг асобных крыптаў, не злучаных адна з адной, у іх ляжала шмат безыменных костак. І прафесар Клос, і я чакалі, што, магчыма, пад галоўным нефам мы знойдзем крыпту з каралеўскімі магіламі.

20 верасня пад нефам каля празбітэрыя, з правага боку нефа, была знойдзена раней невядомая крыпта і расчышчаны ад смецця прыступкі, якія вялі ў гэтую крыпту. З-за позняга часу мы вырашылі разысціся, каб толькі на раніцы прабіць замураваны ўваход у крыпту. 21 верасня, пасля восьмай гадзіны, Пекша прыйшоў да мяне ў ваяводскі мастацкі аддзел (гэта было побач з Катэдрай, якраз на другім баку плошчы) і з таямнічым выразам твару сказаў, што раніцай ён адбіў адну з цаглін у замураваным уваходзе ў склеп, пасвяціў унутр электрычным ліхтарыкам і ўбачыў карону - значыць, гэта склеп з магіламі каралёў. Я загадаў яму неадкладна паведаміць пра гэта прафесару Клосу і пайшоў да ваяводы Бэчкавіча. Ваявода адразу патэлефанаваў у Варшаву. Я пайшоў у катэдру і паслаў па біскупа Міхалкевіча і пралата Савіцкага. Яны вельмі хутка прыйшлі ў катэдру. Мы загадалі разбіць сцяну, якая загароджвала ўваход і ўвайшлі ў крыпту - невялікае неатынкаванае скляпеністае гатычнае памяшканне з чырвонай цэглы. Каралеўскія пахаванні былі ў жахлівым стане! Вада і тут зрабіла страшэнныя спусташэнні. Косці караля Аляксандра Ягелончыка і каралевы Лізаветы, першай жонкі караля Жыгімонта Аўгуста, бязладна ляжалі ў гразі, з гразі вынырваў каралеўскі чэрап з каронай, на сырой драўлянай бэльцы ляжаў паламаны і паедзены іржой меч. У параўнальна лепшым стане захаваліся толькі засыпаныя попелам і вапнай у труне парэшткі каралевы Барбары Радзівілоўны.

Рэакцыя вышэйшых уладаў у Варшаве была імгненнай. Ужо 22 верасня "Кур'ер Віленскі" паведамляў: "21-м гарматным стрэлам адсалютавалі каралеўскім парэшткам". Урачыстае набажэнства 23 верасня ў віленскай катэдры ў 10 гадзін раніцы цэлебраваў арцыбіскуп Ялбжыкоўскі. На набажэнстве прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх уладаў. Падчас набажэнства зазванілі званы ўсіх віленскіх касцёлаў, адначасова спецыяльна размешчаныя батарэі далі 21 гарматны стрэл. "... з раніцы войска заняло варту перад каралеўскім склепам. У першы дзень гонар несці тут службу атрымаў 19-ы полк палявой артылерыі" - " Прыпыненне руху транспарту на Кафедральнай плошчы" - "Пячаткі на крыпце: адтуліна, праз якую можна патрапіць у крыпту, замацавана жалезнымі кратамі з накладаннем пячаткаў [...] Сёння пячаткі будуць зняты толькі падчас наведвання крыпты маршалкам сенату панам Рачкевічам", які, даведаўшыся пра знаходку, адразу ж прыехаў у Вільню. Я асабіста атрымаў дзве пячаткі для апячатвання чырвоным сургучом: 1-ю з арлом і надпісам вакол яго: "Польская Рэч Паспалітая Віленскае ваяводства", 2-я з гербам Віленскага кафедральнага капітула ў цэнтры і з надпісам вакол яго: "Sigillum Capituli Cathedralis Vilnensis". Толькі я меў права здымаць пячаткі, і я адказваў за іх накладанне. Гэта працягвалася да таго часу, пакуль са склепа не вынеслі каралеўскія парэшткі, інсыгніі і каштоўнасці.

Прафесар Міхал Райхер і Станіслаў Лорэнц у крыпце каля труны Барбары з Радзівілаў, з правага бока паліца з каронай каралевы Лізаветы. Каралева Барбара з Радзивілаў пасля таго, як была адчынена вечка труны, малюнак Л. Слядзінскага, кастрычнік 1931 г.

22 верасня пад кіраўніцтвам прафесара Рушчыца было аформлена тое месца ў галоўным нефе, дзе знаходзіўся ўваход у крыпту. Кіраўніцтва грамадскага камітэта звярнулася да ўсіх прадстаўнікоў улады і прэсы, каб пакланіцца каралеўскаму праху, прыйсці ў базыліку ў сераду 23 верасня.

Віленскае радыё адразу арганізавала перадачу пад назвай "Адкрыццё каралеўскіх магіл у Віленскай базыліцы". Перадачу вёў Вітольд Гулевіч, у ёй удзельнічалі біскуп Бандурскі, Рушчыц, Клос і я.

Прафесар Міхал Райхер з Універсітэта Стэфана Баторыя, анатам і антраполаг, і яго дацэнт, доктар Вітольд Сыльвановіч (пасля вайны прафесар Лодзінскага ўніверсітэта) былі запрошаны правесці даследаванні і падрыхтаваць каралеўскія парэшткі для пераносу ў імправізаваны маўзалей. Яны павінны былі супрацоўнічаць са мной.

Карона каралевы Лізаветы на полцы ў крыпце, кастрычнік 1931 г. Парэшткі каралевы Барбары з Радзівілаў – карона, скіпетр, на грудзях на залатым ланцугу таблічка з надпісам, кастрычнік 1931 г.

Рушчыц, Сляндзінскі, Хопен і Квяткоўскі рабілі ў крыпце малюнкі каралеўскіх парэшткаў, Булгак зрабіў некалькі фотаздымкаў, а я падрыхтаваў інвентарны вопіс. Хопен зрабіў павялічаныя ў два разы акварэльныя выявы пярсцёнкаў. Пазней Квяткоўскі напісаў вялікую карціну (сёння знаходзіцца ў музеі ў Ольштыне, падарунак кагосьці з віленцаў), на якой намалявана група з адзінаццаці чалавек у крыпце побач з труной Барбары Радзівілоўны. Пасярэдзіне Райхер і я, справа Рушчыц і біскуп Міхалкевіч, ніжэй Пекша, злева Сляндзінскі, Бранштэйн, Ліманоўскі, Сільвановіч, Хопен і рысавальшчык, якога я не пазнаю. Кампазіцыя, вядома, цалкам адвольная, такая група людзей у крыпце ніколі ўся разам не збіралася. Квяткоўскі прапусціў прафесара Клоса, якога трэба было намаляваць сярод іншых бо ён займаў важную пасаду ў камітэце, але мастак не любіў Клоса. Аднак Пекша быў намаляваны і гэта не выпадкова. Пекша і яго сябры распаўсюдзілі весткі, што менавіта ён знайшоў каралеўскія магілы. Гэта, вядома, няпраўда. Адкрыццё было зроблена ў ходзе даследаванняў, якія праводзіліся ўсім камітэтам і найбольшую заслугу маюць тыя, хто планаваў даследаванне, у першую чаргу Клос, а ў другую - я. Пекша на раніцы, калі Клоса яшчэ не было, прабіў дзюру ў цаглянай сцяне, што з'яўлялася недапушчальнай нелаяльнасцю [3]. Мы з Клосам павінны былі першымі ўбачыць карону Аляксандра Ягелончыка.

Мечыслаў Ліманоўскі ў кракаўскім "Ілюстраваным Кур'еры Штодзённым" ад 26 лістапада 1931 г. пісаў пра парэшткі Аляксандра Ягелончыка:

" Перад намі косці караля Аляксандра ў гразі, у чорнай, вільготнай слізі, якая з'яўляецца вынікам гніення, гніення труны, цела, усіх тканін, у якія некалі было апранута цела. Кансерватар доктар Лорэнц і прафесар Райхер надзелі гумовыя пальчаткі, каб беспакарана капацца ў гразі і выбіраць з яе косці. Прывезлі драўляныя падносы, пакрытыя бляхай і вялікай колькасцю белага лігніну, які замяняе вату. Бачым, што чэрап караля можна падняць без усялякіх праблем. … Усе косткі ляжаць свабодна і іх таксама можна выняць.

У гэтым склепе бачым шакуючае, незвычайнае відовішча: у яркім святле дзвюх электрычных лямпаў чырвоныя рукі акунаюцца ў чорную слізь і ўважліва абмацваюць кожную яе часцінку, каб знайсці косці ці іншыя трывалыя прадметы. Праца мастакоў ідзе побач з пошукам. З чэрапа была знятая царская карона. Проста пад чэрапам два залатыя пярсцёнкі [...] Зноў глядзім на працу чырвоных рук у гумовых пальчатках. Прафесар Райхер і доктар Сільвановіч, як у моргу, апрануты ў белыя халаты, доктар Лорэнц у сваім шэрым кіцелі падобны на супрацоўніка пахавальнай канторы [...]

[Падчас пахавання] хто яшчэ быў ля труны, калі не Алена Іванаўна [4], дачка маскоўскага цара Івана Васільевіча, якая ў гэтую жалобную гадзіну выканала свой апошні абавязак перад мужам і пакінула ў труне знакі, якія павінны былі прадухіліць нядобрае [. ..] Пасля адзінаццаці гадоў шлюбнага жыцця, сярод лацінскіх спеваў, яна не адмовілася ад паклонаў і забабонаў, якія прымусілі яе дадаць да сакральных рэчаў два аднолькавых кольцы-пярсцёнкі, усе каб спыніць злых духаў, якія маглі і далей перашкаджаць замагільнаму жыццю Аляксандра [...]

Праца падыходзіць да канца. Склеп злева ад труны Барбары ачышчаны. Стаяць бляшаныя вёдры, у якіх перанеслі гразь і чорную жыжу. Побач знаходзяцца драўляныя падносы, пакрытыя белым лігнінам, на якіх ляжаць рэшткі труны. Косткі складзеныя ў вялікай труне, якую неўзабаве вынесуць адсюль. Выходзім з падзямелля і бярэм труну, каб перанесці яе наверх, у памяшканне, якое даў капітул для далейшай працы. Незвычайна выглядае гэты перанос. Са свечкамі [...] падымаемся па лесвіцы [...] Нясуць труну [...] і гэта між волі стварае ўражанне нейкага дзіўнага пахавання..."

На пачатку снежня прафесар Ліманоўскі пісаў у "Ілюстраваным Кур'еры Штодзённым" пра парэшткі каралевы Лізаветы ў віленскай крыпце: "Пачынаем другі акт, выняўшы косткі караля Аляксандра, здабываем парэшткі Лізаветы, або Гальшкі, як называў сваю першую жонку Жыгімонт Аўгуст. За Барбарай у склепе ля сцяны стаяла труна, каля якой на сцяне мелася дошка разам з ланцугом і каронай [...] Чэрап каралевы ляжыць ля сцяны. Ён адкаціўся, валасы якія засталіся на чэрапе, маюць яшчэ светлы колер [...] Мы працягваем шукаць. Кансерватар доктар Лорэнц і прафесар Райхер, усё яшчэ шукаюць косці ля сцяны. Знаходзяць залаты медальён з выявай Жыгімонта Аўгуста. Медальён быў на шыі, знайшоўся і ланцужок ад яго. Ёсць і пярсцёнак. Брыльянты зіхацяць, пазначаючы абрысы лілеі. Вапняковыя камякі паказваюць, што цела ў труне было пакрыта вапнай".

28 кастрычніка адбылося адкрыццё саркафага каралевы Барбары Радзівілоўны. Як паведамлялася ў віленскай прэсе, "гэтую цяжкую і адказную працу ўзялі на сябе прафесар анатоміі Віленскага ўніверсітэта, доктар Міхал Райхер і кансерватар ваяводскай управы доктар Лорэнц [...] зняты блокі вапны каля галавы каралевы і адкрыўся дасканалы чэрап з каронай са звычайнага металу, пакрытыя той самай масай, якая пакрывала цела [вапняковая маса]." "У 7 гадзіну вечара, пасля таго як паднялі адзін з фрагментаў застылага вапнавага раствору, стаў часткова бачны невялікі скіпетр, малы яблычак інсыгніі і металічная таблічка, якая ляжала на грудзях".

Мы з вялікай цырымоніяй аднеслі інсыгніі на захаванне сакрыстыю. Першым пайшоў кс. прэлат Савіцкі, за ім на спецыяльным падносе інсыгніі нёс прафесар Рушчыц, побач з ім быў прафесар Райхер і я, астатняя частка працэсіі складалася з членаў гістарычна-мастацкай камісіі, і, зразумела, прафесар Клос ішоў разам з намі. Працэсія праходзіла ў цішыні, якую толькі парушыў Марэлоўскі, які падбег да Рушчыца і расчулена сказаў: "Фердынанд, Фердынанд, як я рады, што ты нясеш каралеўскія знакі".

Яшчэ ў крыпце я перапісаў тэксты з абедзвюх таблічак.

Тэкст з труны каралевы Лізаветы, вядомы з "Monumenta Sarmatorum" Старавольскага і "Вільні" Крашэўскага, вось ён:


CONDITUR HIC ELISABETH FERDI: RO: UNGA: ET BO

HE: REGIS FILIA. CAROLI: V: IMPERATORIS NEPTIS

SIGISMUNDI AUGUSTI REGIS POLONIAE ET MAGNI

DUCIS LITHWA: CHARA CONIUX PRAECLARA VIRTU

TE EGREGY, CUM ANIMI. TV CORPORIS DOTIBUS

ORNATA, PROLIS EXPERS. MORBO COMITIALI OMNIU

INGENTI LUCTU ET MERORE VILNAE ANNO AETA

TIS SVE 18. REGNI SVI 3. ANNO VERO DOMINI

1545. DIE 15 MENSIS IUNY. MORITUR.

Невядомы тэкст таблічкі Барбары Радзівілаўны абвяшчае:


BARBARA QVE TEGITUR TUMULO: REGINA SUB ISTO

AUGUSTI CONIUNX ALTERA REGIS ERAT

COMMODA MULTA TULIT MULTIS: INCOMMODA NULLI

A QVA SE LESUM: DICERE NEMO POTEST

IMMATURA OBYT DECIMA TRIETERIDE CEPTA

BIS VIDUOS FATIS LINQVERE IUSSA THOROS

OCCIDIT ANTE DIEM: AT QVAM VIS ANUS ILLA FUISSET

DICERET AUGUSTUS: OCCIDIT ANTE DIEM

CORONATA. 7. DECEMBRIS ANNI. 1550 OBIIT. 8 MAEII. 1551


У наступныя месяцы і гады ўся Вільня была заклапочана выратаваннем катэдры і пытаннем захавання каралеўскіх магіл.


У суботу 16 студзеня 1932 г. па ініцыятыве Таварыства мастакоў у Малой Ратушы адбылася мая лекцыя пра каралеўскія магілы, якая скончылася заклікам збіраць ахвяраванні для Камітэта выратавання Віленскай базылікі, бо далейшая праца будзе патрабаваць вялікіх выдаткаў. На лекцыі прысутнічалі арцыбіскуп Ялбжыкоўскі і біскуп Міхалкевіч. А ў пачатку 1933 г. я падрыхтаваў дзесяцістаронкавую брашуру пад назвай "Выратуем віленскую базыліку", яе выдаў Камітэт.

Праект помніка Міцкевічу ў Вільні скульптара Генрыка Куна. Эскіз устаноўкі помніка на плошчы Ажэшкі.

Я інфармаваў, што пад капліцай св. Казіміра, дзе кароль Жыгімонт III меў намер паставіць каралеўскія труны, ужо пачалося будаўніцтва маўзалея. Што тычыцца плана кансервацыйных работ, дык стала зразумела, што найбольш пільнай справай ёсць забеспячэнне пярэдняга порціка, бакавых каланад, сцен і ўнутраных слупоў. Пасля завяршэння даследаванняў, 1 чэрвеня 1932 г., Камітэт даручыў распрацаваць дэталёвы праект кансервацыі і прызначыў кіраваць працамі інжынера Генрыка Вансовіча з Варшавы, які прыцягнуў да супрацоўніцтва Пекшу і інжынера Юрэвіча. У пачатку верасня 1932 г. для забеспячэння бяспекі падчас работ вакол порціка пачалі будаваць драўляныя рыштаванні. Праект умацавання порціка заключаўся ў тым, каб абаперці яго на паўсотні жалезабетонных паль, заглыбленых на дзевяць ці дзесяць метраў у зямлю. Работы на падмурку порціка былі завершаны 15 лютага 1933 г. Паколькі порцік з-за апускання падмуркаў нахіляўся ў бок Саборнай плошчы, вышэй скляпенняў порціка было закладзена адзінаццаць жалезных сцяжак.

Ежы Хопен - праект часовага каралеўскага маўзалея ў адной з капліц віленскай катэдры.

У канцы сваёй брашуры я паведаміў, што праца будзе доўжыцца некалькі гадоў і будзе каштаваць яшчэ восемсот тысяч злотых. Віленскае грамадства аказвала шчодрую матэрыяльную дапамогу, але самастойна справіцца не магло. Таму мы звярнуліся з самым настойлівым заклікам да ўсяго грамадства ратаваць віленскую базыліку.

Першы этап работ, звязаных з адкрыццём каралеўскіх магіл, скончыўся ў чацвер 31 жніўня 1933 г. У саборы адбылася цырымонія перанясення парэшткаў караля Аляксандра Ягелончыка, каралевы Лізаветы, Барбары Радзівілоўны і караля Уладзіслава IV у імправізаваны маўзалей, размешчаны ў капліцы Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі - былой каралеўскай капліцы.

"Кур'ер Віленскі" 1 верасня 1933 года паведамляў: "Тры труны былі пастаўленыя побач адна каля адной на ўзвышшы, збоку знаходзілася урна з парэшткамі караля Уладзіслава IV. Да трунаў, зробленых з цёмнага дубу, прыбіты серабрыстыя таблічкі: Аляксандр... Альжбета... Барбара [...], надпіс на урне: "Cor et viscera Vladislai IV" [...] Каралеўскія косці, пакрытыя белым празрыстым шоўкам, бачныя нібы праз імглу [...] Кансерватары парэшткаў, прафесар Райхер, доктар Сільвановіч і доктар Лорэнц накрылі косці фіялетавымі саванамі і зачынілі труны і урну. Перавязаўшы труны і урну бела-чырвонымі стужкамі, кансерватар Лорэнц запячатаў іх дзяржаўнай пячаткай, а пробашч базылікі, кс.-канонік Ціхонскі пячаткай Віленскай мітрапалічай капітулы.

Потым перанеслі труны, урну і копіі каралеўскіх інсыгній у былую каралеўскую капліцу [цяпер імправізаваны маўзалей], упрыгожаную паводле праекту мастака Ежы Хопена [...] Капліца ўпрыгожана пышнымі саборнымі габеленамі, па кутах вісяць харугвы з гербамі манархаў, а ўверсе, пад купалам, - тарчы з дзяржаўнымі гербамі. Пасярэдзіне на трохступеньчатай аснове стаяць высокія катафалкі: сярэдні, самы высокі з іх [...] Аляксандра, справа каралева Лізавета, злева - Барбара Радзівілоўна. Катафалкі і прыступкі пакрытыя пурпуровым сукном з багата вышытымі гербамі.

Пад касцельныя спевы труны паставілі на катафалкі і накрылі чырвоным штандарам з белым арлом. Копіі інсыгній паклалі на чырвоныя падушкі, аздобленыя залатым шнурам і размясцілі на трунах. Урна з парэшткамі Уладзіслава IV была ўстаноўлена перад катафалкам Аляксандра Ягелончыка".

Труны зроблены паводле праекту архітэктара Стэфана Нарэмбскага, урна - Ежы Хопена.

У сакрыстыі катэдры, у шкляных вітрынах былі выстаўлены кароны, інсыгніі і каралеўскія пярсцёнкі. Тут таксама экспануюцца карціны, напісаныя ў крыпце Рушчыцам, Сляндзінскім, Хопенам і Квяткоўскім, а таксама фотаздымкі Булгака.

Кансервацыя базылікі і будаўніцтва пад капліцай св. Казіміра каралеўскага маўзалея было закончана пасля таго, як я ўжо пакінуў Вільню. Гэты маўзалей мы наведалі з Ірэнай падчас побыту ў Вільні ў 1973 г.

Знаходка каралеўскіх магіл на працягу некалькіх гадоў натхняла Вільню і напачатку шырока адазвалася па ўсёй Польшчы. Рэмер, як генеральны кансерватар, аб'ездзіў з лекцыямі многія гарады, пры гэтым ён ілюстраваў сваю лекцыю слайдамі, зробленымі паводле фотаздымкаў Булгака. Пазней ён расказваў, што на ганарары купіў жонцы цудоўнае футра. Маралоўскі шырока рэкламаваў свой удзел у адкрыцці магіл. Іх актыўнасць была нават крыху празмернай. Хопен намаляваў пра гэта карыкатуру, якую перадаў мне: у склепе, на зямлі пад гатычнай аркадай, у цэнтры знаходзіцца каранаваны чэрап, над якім з абодвух бакоў схіліліся Рэмер і Маралоўскі.


Гістарычна-мастацкая камісія - з дзясятак чалавек, збіралася ў вялікай гасцёўні кватэры ксяндза-прэлата Савіцкага. На адной з сустрэч адбыўся смешны выпадак. Прафесар Маралоўскі з'явіўся вельмі позна - спазніўся на паўгадзіны ці нават болей. З дзвярэй ён пачаў горача выбачацца перад кс. Савіцкім за спазненне - раптам захварэла яго жонка, і ён вельмі рэалістычна апісваў нам сімптомы яе хваробы... Яму давялося неадкладна выклікаць лекара. Пасля тлумачэнняў Маралоўскі сеў побач са мной. Я ціха павярнуўся да яго і сказаў, што неадкладна патэлефаную сваёй жонцы і папрашу, каб яна дагледзела хворую. Маралоўскі адмовіўся. Я папрасіў яго не саромецца, бо ўсяроўна патэлефаную. Тады ён ціха сказаў мне: "Не тэлефануй, жонка здаровая, але я праспаў і спазніўся, таму трэба было гэта неяк растлумачыць".

* * *

Пасля адкрыцця каралеўскіх магіл чакалася, што знойдзецца і магіла Вітаўта. Гэта вельмі зацікавіла летувісаў, "краёўцаў" і ўвогуле ўсё віленскае грамадства. Пачалі распаўсюджвацца чуткі, што з палітычных меркаванняў мы хаваем адкрыццё магілы ці, што мы наогул не жадаем знайсці магілу вялікага князя. У 1933 г. чуткі разышліся так шырока, што трэба было дасканала высветліць справу. У нядзельным нумары "Кур'ера Віленскага" ад 16 ліпеня 1933 г. я апублікаваў вялікі артыкул пра лёс парэшткаў вялікага князя Вітаўта, у якім канстатаваў, што даследаванне падполля сабора скончана і слядоў ні магілы, ні труны, ні парэшткаў Вітаўта не знойдзена. Я патлумачыў, што, напэўна здарылася: мусіць, магіла была пашкоджана падчас маскоўскага нашэсця ў 1655 г. Вядома, што тады маскоўскія войскі паламалі ўсе надмагільныя пліты ў катэдры не толькі з самалюбства, але і ў пошуках кляйнотаў і каштоўнасцяў. Магіла Вітаўта з надмагіллем адназначна зламаныя; калі і былі ў ім інсыгніі і каштоўныя рэчы, дык яны разрабаваны, а даглядаць косці ў той час не было каму, бо ў Вільні не было членаў капітула, а гараджанам хапала сваіх спраў. Магчыма, зараз у саборы і знаходзяцца косці вялікага князя, але яны ляжаць сярод многіх тысяч безыменных костак, што валяюцца ў друзе пад падлогай [5].

Праз год абмеркаванне справы нечакана аднавілася. У часопісе "Пакс" у лістападзе 1934 г. кс. Валерыян Мяйштовіч апублікаваў артыкул: "Дзе магіла Вітаўта?". Гэта той кс. Мяйштовіч, які пасля вайны разам з Карлам Ланцкаронскім у Рыме апублікаваў архіўныя матэрыялы Ватыканскага архіва, якія тычацца Польшчы. 30 лістапада 1934 г. Камітэт выратавання базылікі абвясціў заяву аб тым, што згадкі ксяндза Мяйштовіча ўводзяць у зман, не адпавядаюць рэчаіснасці і грунтуюцца на недастатковым веданні гісторыі віленскай катэдры.

Падчас майго знаходжання ў Вільні, апошняй працай у віленскай базыліцы была кансервацыя капліцы св. Казіміра. У артыкуле пра капліцу ў "Кур'еры Віленскім" ад 20 красавіка 1935 г., я пісаў што кансервацыя гэтай капліцы мае выключнае значэнне з-за яе мастацкай і гістарычнай каштоўнасці. Я абвясціў, што абмяркую праблему яе кансервацыі ў асобным артыкуле, а пакуль што толькі хачу выкласці вынікі найноўшых даследаванняў архітэктуры і скульптурна-жывапіснага аздаблення капліцы, будаўніцтва якой распачаў яшчэ кароль Жыгімонт III і завяршыў Уладзіслаў IV у 1636 г. Пасля разбурэння падчас маскоўскага нашэсця, аднаўленне капліцы пачалося толькі ў 1668 г. і праца над ёй працягвалася да 1692 г. Цяпер, калі ў капліцы былі пастаўлены рыштаванні і пачаліся работы пад кіраўніцтвам прафесара Яна Руткоўскага з Варшавы, які быў асабіста адказны за захаванне цудоўных насценных роспісаў і скляпенняў, можна было ўважліва агледзець ляпніну на скляпеннях і роспісы купальных ветразяў. Мяне гэта вельмі захапіла, бо я пачаў падазраваць, што аўтарам карцін быў Мікеланджэла Палоні, выдатны мастак, які працаваў у Вілянаўскім палацы, у Місіянерскай капліцы ў Ловічах і ў касцёле св. Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільні.

У першай палове чэрвеня 1935 г., калі я аднойчы сядзеў у капліцы на рыштаваннях, мне пачалі крычаць, каб я спусціўся, бо па тэрміновай справе прыехала мая жонка. Ірэна стаяла ўнізе з лістом у руцэ. Гэта быў ліст за подпісам віцэ-прэзідэнта Варшавы Яна Пахоскага з прапановай прызначыць мяне кіраўніком Нацыянальнага музея ў Варшаве.

* * *

Адной з найважнейшых падзей падчас майго знаходжання ў Вільні была справа ўстаноўкі помніка Адаму Міцкевічу. Пра гэта апавядаецца ў кнізе Яроцкага, таму я зараз толькі дапоўню раней сказанае.

Старшынём Камітэта па будаўніцтву помніка Адаму Міцкевічу ў Вільні быў генерал Люцыян Жалігоўскі. Паколькі пасля прыезду ў Вільню я быў кааптаваны ў прэзідыум Камітэта і заняў там пасаду сакратара, я сустракаўся з генералам кожны раз, калі ён прыязджаў у Вільню са свайго не вельмі вялікага маёнтка ў мястэчку Андрэева. "Ідэяй фікс" генерала ў той час было вырошчванне і выкарыстанне ільну, асабліва ён прапагандаваў нашэнне ільнянога адзення. Што праўда, у Вільню заўсёды прыязджаў у мундзіры. Вялікім ідэйным прапагандыстам мужчынскага ільнянога адзення з'яўляўся і Януш Ягмін, прафесар сельскай гаспадаркі і раслін Віленскага ўніверсітэта. I генерал, i Ягмiн надта хацелі спакусіць мяне апрануць ільняное адзенне, але гэта ім не ўдалося. Такая вопратка выглядала непрывабна нават на Ягміну, які добра яе даглядаў, яна лёгка мялася і хутка пэцкалася. Жалігоўскі ставіўся да мяне (яму было 66 гадоў) не толькі як да сакратара Міцкевічаўскага камітэта, але і як да маладога чалавека, які павінен дапамагаць яму ў агульных справах, асабліва ў галіне культуры.

Ён меў да мяне вялікую сімпатыю. Маю наступны ліст ад яго, датаваны 28 кастрычніка 1931 г. у Андрэеве: "Шаноўны спадар. Адна спадарыня даслала свае песні і хоча, каб Камітэт апублікаваў [!] іх. Я вельмі прашу вас разгледзець гэтае пытанне і адказаць гэтай жанчыне. Я думаю, што Камітэт не можа займацца гэтым пытаннем і не можа траціць на гэта грошы. Калі вы гэтак жа лічыце, калі ласка, вярніце песні гэтай даме. Шлю прывітанне, Л. Жалігоўскі".

Жалігоўскі не меў свайго погляду на справу помніка, ён верыў Рушчыцу і мне, а таксама раіўся з Бэчкавічам.

Фердынанд Рушчыц быў вельмі чынным у Камітэце. Ён узначаліў мастацкую камісію, і мы разам з ім арганізавалі выставу праектаў помнікаў у Рэпрэзентатыўным палацы, ці так званай Рэчы Паспалітай. Выстава адкрылася 7 лютага 1932 г. Рушчыц быў прыхільнікам праекта Куна, які лічыў вельмі добрым, несумненна лепшым з прадстаўленых на конкурсе. Пасля таго, як 18 сакавіка 1932 г. на агульным сходзе Камітэта па будаўніцтве помніка праект Куна абралі для рэалізацыі, з ім было падпісана пагадненне. Помнік павінен быў быць гатовы ў красавіку 1935 г. і ўсталяваны ў красавіку-траўні. Урачыстае адкрыццё помніка планавалася на чэрвень таго ж года. Кантроль за ходам працы ўсклалі на выканаўчую камісію Камітэта ў складзе: прафесара Рушчыца, дырэктара Юзафа Каральца (скарбнік) і мяне (сакратар). Штаб-кватэра Камітэта знаходзілася ў банку, дырэктарам якога быў Каралец, па вул. Міцкевіча 24, пакой 3. Рушчыц з вялікай адданасцю і эмацыянальнай заангажаванасцю паставіўся да справы помніка. Пры неабходнасці, ён ездзіў уначы ў Варшаву і ўначы ж вяртаўся ў Вільню, дзве ночы ў цягніку і цэлы дзень вельмі актыўнага знаходжання ў Варшаве яго знясільвалі, хоць і меў ён ўсяго 62 гады. На жаль, гэта скончылася дрэнна, бо ў кастрычніку 1932 г. Рушчыц цяжка захварэў. У сераду, 26 кастрычніка, ён даслаў мне ліст, яшчэ напісаны правай рукой: "Шаноўны пан Станіслаў! Я ляжу і мне не даюць падняцца. Спроба ўстаць двойчы мела дрэнны вынік. Дактары хочуць пасадзіць мяне на 10 сутак у шпіталь на аналізы і там здзекавацца. У сувязі з такой прымусовай дэпартацыяй, прашу без майго ўдзелу вырашаць бягучыя справы: справу з гранітам [для пастамента помніка] разам са спадаром Каральцом … Мне вельмі шкада вас расчараваць, але сёння я ў няволі ў лекараў. Спадзяюся, калі-небудзь аднавіць свае правы. Ф. Рушчыц перадае гарачае прывітанне".

Але адбылося не паляпшэнне, а пагаршэнне стану здароўя Рушчыца, і 28 кастрычніка ён адмовіўся ад творчай, універсітэцкай і грамадскай дзейнасці. Пазней мастак назаўсёды пераехаў ў Багданава, але ўсяроўна дасылаў мне лісты напісаныя левай рукой.

Грамадскасць вітала рашэнне Камітэта. Праекты помнікаў былі ўсім добра вядомыя, бо іх бачылі на адмысловай выставе 7 лютага, гэта значыць за пяць тыдняў да пасяджэння Камітэта. На пасяджэнні праект Куна быў ухвалены 85 галасамі супраць 5. Так што не толькі журы - у асобе прафесара Адольфа Шышка-Богуша, прафесара Тадэвуша Брэера, прафесара Клоса, прафесара Марыяна Лялевіча, прафесара Уладзіслава Скачыласа, прафесара Сляндзінскага і прафесара Яна Шчапкоўскага, а таксама старшыні мастацкай камісіі Камітэта Фэрдынанда Рушчыца, выказаліся за праект Куна, але за яго былі і прадстаўнікі віленскага грамадства. Праз два гады, у красавіку 1934 г., калі цокаль з дванаццаці пліт з разьбой (сцэны з Дзядоў) быў амаль завершаны, неабгрунтаваны замах на помнік Куна распачаў "Слове" Цат-Мацкевіч. Ён адкрыў апытанку "Ці падабаецца вам помнік Куна ў Вільні?" Я адказаў на гэта вельмі рэзкім артыкулам у "Кур'еры Віленскім" ад 24 красавіка 1934 г., які заканчваўся словамі Рушчыца: "Праф. Фердынанд Рушчыц цалкам падтрымлівае праект Куна і перасцерагае ад пераносу мастацкай і прафесійнай дыскусіі на шырэйшую грамадскую пляцоўку, бо выбар помніка вялікаму паэту - гэта не выбары Міс Палёніі". Ежы Вышамірскі ў "Слове" вельмі рэзка выказаўся ў адказе на апытанку і нагадаў, што Кунам апекавалася Ажэшка, што ён стварыў сапраўдны твор мастацтва і што абраў ідэальнае месца для помніка. "Чэрвеньскай ноччу 1932 г. я сядзеў з Кунам, - пісаў Вышамірскі, - у скверы Ажэшкі. Глядзеў на месца, дзе будзе стаяць яго помнік. Уяўляў гэты пляц у будучыні і бачыў яго такім, якім яго можа бачыць толькі сам мастак".

Гэты дрэнны ўчынак Мацкевіча, які ўвесь час ганяўся за сенсацыяй, быў вельмі непрыгожым, а для мяне вельмі паскудным быў і сам Мацкевіч.


Ад перакладчыка: Помнік Адаму Міцкевічу ў Вільні быў усталяваны толькі ў 1984 г. непадалёк ад званіцы касцёла Святой Ганны і бернардынскага касцёла Святога Францішка ў паўднёвай частцы сквера на беразе Віліі. Аўтар помніка - скульптар Гедымінас Ёкубоніс і архітэктар Вітаўтас Чаканаўскас.

Пераклад і каментары Леаніда Лаўрэша.



[1] Гл: Лаўрэш Леанід. Знаходка пахавання вялікага князя ВКЛ і караля Аляксандра і вялікіх княгінь і каралеў Лізаветы і Барбары ў 1931 г. // Наша слова.pdf № 28 (80), 12 ліпеня 2023. - Л. Л.

[2] Ваўжынец Гуцэвіч, (1753 - 1798) - архітэктар Рэчы Паспалітай, прадстаўнік класіцызму. У 1793-1794 і 1797-1798 гг. выкладаў у Галоўнай школе. З 1793 г. прафесар. Удзельнічаў у паўстанні 1794 г. пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Камандаваў арганізаванай ім жа грамадзянскай гвардыяй ў Вільні, быў паранены ў бітве пад Воранавым. - Л. Л.

[3] Прэса паведамляла, што асобамі, якія першымі ўвайшлі ў пахавальную крыпту, сталі памочнік прафесара Клоса архітэктар Ян Пекша і тэхнік Казімір Вількус. Вількус потым успамінаў: "Паразважаўшы, мы дамовіліся, што я зайду першым і асвятлю ўваход знутры. Я ўціснуўся першым і асвятліў уваход для Пекшы. Калідор сапраўды быў вельмі вузкі але я, ідучы паперадзе, асвятляў падлогу, і гэтак мы патрапілі ў невялікі склеп памерам 3х4 м. Перад вачыма паўстаў дзіўны від. Перад уваходам, у гразі і друзе, у святле ліхтарыка я нешта ўбачыў. Спачатку падумаў, што гэта шлем, але гэта быў чалавечы чэрап з каронай. Я скіраваў святло ўправа - у куце крыпты, на камені, які тырчаў са сцяны, красавалася карона". - Л. Л.

[4] Пра яе, гл: Марозава С.В. Вялікі князь літоўскі Аляксандр - Алена Маскоўская: дынастычны шлюб (1495 г.), які не прынёс Усходняй Еўропе міру // Мир для женщины - женщины для мира: материалы 5-й Междунар. науч.-практ. конф.. Гродно, 2016 . С.284-289.: Скарбы каралевы Алены (пераклад Леаніда Лаўрэша) // Наша слова.pdf № 49, 7 снежня 2022. - Л. Л.

[5] Гл: Артыкулы пра пошукі магілы Вітаўта (пераклад Леаніда Лаўрэша) // Наша слова.pdf № 50, 14 снежня 2022. - Л. Л.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX