Таварыства беларускай школы
Інстытут гістарычных даследаванняў Беларусі (ЕГУ)
Краязнаўчы альманах
Выпуск V
Мінск
Выдавец Зміцер Колас
2011
Рэдкалегія:
Алесь Смалянчук, доктар гіст. навук (Горадня) - рэдактар,
Андрэй Вашкевіч (Горадня), намеснік рэдактара,
Алесь Краўцэвіч, доктар гіст. навук (Горадня),
Андрэй Чарнякевіч, кандыдат гіст. навук (Горадня),
Ян Ежы Мілеўскі, PhD (Беласток),
Рімантас Мікніс, PhD (Вільня)
У афармленні вокладкі выкарыстаны эскіз ветраніка працы Юрася Мацко (Горадня)
Горад святога Губерта : краязнаўчы альманах. Выпуск V. / Пад рэд. А. Смаленчука і А. Вашкевіча. - Мінск : Зміцер Колас, 2011. 116 с. : іл.
ISBN 978-985-6992-09-7
Чарговы выпуск альманаха працягвае тэму «рэканструкцыі» гістарычнай Горадні, якая ператвараецца ў вынішчэнне адметнасці горада. Большасць матэрыялаў прысвечаныя праблеме «аднаўлення» Барысаглебскай (Каложскай) царквы ХІІ ст. Выпуск скадаецца з дакументальных і аналітычных матэрыялаў, фотаздымкаў.
УДК 947.6<15-20
ББК 63.3(4Беи)
ISBN 978-985-6992-09-7
Кніга ў PDF
Змест
А. Смалянчук. Прадмова .. 3
ХРАМ І ЛЮДЗІ ...5
Першыя грамадскія слуханні
«Рэканструкцыя Каложы: за ці супраць?» ... 5
Дадатак ...23
В. Гліннік, М. Цэйтліна. Загадкі гарадзенскіх фрэсак ...37
Судьба Борисоглебской (Коложской) церкви в описаниях Михаила
Кояловича и Епископа Иосифа (вторая половина ХIХ в.) ... 46
«РЭКАНСТРУКЦЫЯ» СУПРАЦЬ ГІСТОРЫІ ... 59
А. Вашкевіч. Страчаная Горадня, або хроніка «рэканструкцыі» 20082011 гг. ...59
А. Вашкевіч. І. Лапеха. Гродзенскі «Новы свет»: перспектывы рэнавацыі і выкарыстання ... 65
Замест помніка супермаркет? ... 81
І. Лапеха. Зялёны свет Гродна ... 87
СТАРОНКІ ГІСТОРЫІ ... 96
І. Лапеха. Спроба лакалізацыі пабудоваў Гарадніцы і Кунстава пры дапамозе планаў XVIII - першай паловы ХХ ст. ... 96
В. Саяпин. От «Пушкина» до «Зарницы». Неманское судоходство в послевоенные годы ... 103
Чарговы выпуск альманаха «Горад святога Губерта» цалкам прысвечаны праблемам «рэканструкцыі» гістарычнага цэнтра Горадні. На нашых вачах яна ператвараецца ў адміністратыўную кампанію вынішчэння таго своеасаблівага «духу горада», якім заўсёды ганарыліся яго жыхары, і які вабіў гасцей і турыстаў.
Старадаўняя Горадня з яе Каралеўскімі замкамі, Барысаглебскай (Каложскай) царквой на крутым беразе Нёмана, Фарным (паезуіцкім) касцёлам, помнікамі Гарадніцы і Новага свету - усё яшчэ застаецца ўнікальным горадам для Беларусі. Але сёння мы часцей гаворым пра рэшткі гэтай адметнасці…
І ў гэтых стратах не прыходзіцца вінаваціць «чужаземных захопнікаў» або нейкі прыродны катаклізм. Калі, зразумела, не лічыць такавым менталітэт гарадзенскіх чыноўнікаў і абласканай імі часткі мясцовай «тожэ інтэлігенцыі»...
У мінулым годзе «рэканструктары» падабраліся да Каложы. Не чакаючы вынікаў археалагічных раскопак вакол царквы і даследавання геалагічнага стану самога Каложскага плато, яны ўжо распрацавалі асновы будаўнічага праекту (архітэктар Генадзь Лаўрэцкі). Ізноў, як павялося ў горадзе над Нёманам з часоў старшыні Саўчанкі, сапраўднае абмеркаванне праекту і планаў, фактычна, адсутнічала. Між тым жыхары гораду МАЮЦЬ ПРАВА задаваць пытанні тым, хто бярэ на сябе адказнасць за будучыню Храма.
Лёс Храма - гэта цэлая эпоха беларускай мінуўшчыны, якая ўвабрала ў сябе пачаткі хрысціянства, майстэрства мясцовых дойлідаў, разбурэнні ваенных часоў, перабудовы з слядамі самых розных архітэктурных стыляў… Каложа - гэта сапраўдная энцыклапедыя гісторыі і культуры, якую мы пакуль не здольныя прачытаць. І гэты шанс мы можам страціць назаўсёды…
Але Каложскі храм - гэта не толькі гісторыя, гэта таксама сучаснасць гораду. Узнятая ўладамі праблема «рэканструкцыі» царквы і стаўленне да яе гарадзенцаў значна больш гаворыць пра горад і яго сённяшніх жыхароў, чым уся статыстыка на афіцыйных сайтах. Нашая згода (нават маўклівая!) на правядзенне працаў, якія пагражаюць Храму, - гэта пагроза храму ў нашай душы, гэта яшчэ адзін вялікі крок нашага вяртання ў страх і духоўнае рабства…
Пра гэта думалася падчас першых грамадскіх слуханняў «Рэканструкцыя Барысаглебскай (Каложскай) царквы: за ці супраць?» (23 верасня 2010 г., арганізатар Таварыства беларускай школы). Слуханні сабралі вядомых у Беларусі спецыялістаў у галіне гісторыі архітэктуры, археалогіі, аховы помнікаў, якія давалі ацэнку праекту Г.Лаўрэцкага, казалі пра праблемы яго рэалізацыі і адказвалі на пытанні зацікаленых гарадзенцаў. На жаль, «адказныя чыноўнікі» і прадстаўнікі Інстытута «Гроднаграмадзянпраект» (дырэктар Уладзімір Дзяшко) сярод удзельнікаў Слуханняў не былі заўважаныя…
Па вынікам Слуханняў можна было б паўтарыць словы Мітрапаліта Літоўскага Іосіфа (1889): «Умели наши предки строить домы Божия, да не умели потомки сохранить их».
Альманах пазнаёміць вас з меркаваннямі экспертаў і дапаможа больш глыбока зразумець не толькі праблему Каложы, але таксама лёс усёй гістарычнай Горадні ў перыяд «рэканструкцыі».
У прыватнасці, чытач убачыць фотаздымкі будынкаў, знішчаных пасля 2008 г. Таксама публікуюцца матэрыялы, прысвечаныя рэнавацыі і выкарыстанню вядомых гістарычных мясцовасцяў горада «Новы свет» і «Гарадніца», лёсу вайсковай казармы пачатку ХХ ст. (ул. Перамогі), стану дрэваў каштоўных гатункаў…
Горадня - наш агульны дом, і нельга дапускаць яго разбурэння!
Грамадская актыўнасць і неабыякавасць гарадзенцаў яшчэ можа спыніць той чыноўны і будаўнічы «беспредел», што адбываецца на нашых вачах. Урэшце, кожны гарадзенец піша гісторыю свайго гораду, у тым ліку і Ты…
Алесь Смалянчук