Папярэдняя старонка: Ткачоў М.А.

Лідскі замак 


Аўтар: Ткачоў М. А.,
Дадана: 09-10-2019,
Крыніца: Ткачоў М. А. Лідскі замак // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1971. № 2. С. 13-18.



Адкуль пайшла Ліда

Сярэдняя паласа Беларусі, а значыць, і тэрыторыя, на якой цяпер стаіць горад Ліда і яе славуты замак, у даўнія часы - у канцы I тыс. да н. э. і пачатку I тыс. н. э.- Лідскі замак, Напалеон Орда. была заселена ўсходнімі балтамі. Яны пакінулі пасля сябе своеасаблівую археалагічную культуру штрыхаванай керамікі і значны пласт гідронімаў і тапонімаў (назвы рэк, азёр і мясцовасцяў) балтыйскага паходжання. «Ліда», «лідзімас» (блізкае да яго славянскае «ляда») - таксама балцкае слова і азначае месца, расчышчанае і раскарчаванае ад лесу. На адным з такіх месцаў, відаць, і ўзнікла паселішча, якое пазней, недзе ў канцы XII ст., паклала пачатак гораду пад назвай Ліда.

Доўга лічылася, што горад існаваў там, дзе ў пачатку XIV ст. узнік мураваны замак. Але археалагічныя даследаванні Лідскага замчышча гэта меркаванне не пацвердзілі. Старажытную Ліду трэба яшчэ адшукаць. Вядома толькі, што яна была заснавана недзе каля 1180 г.

Што зведаў Лідскі замак

Беларускія землі з XIV ст. увайшлі ў склад Вялікага княства Літоўскага. Разам з літоўцамі і ўкраінцамі насельніцтва Беларусі мужна змагалася супроць крыжакаў і татар, чый націск асабліва ўзмацніўся ў пачатку XIV ст. Татарскія загоны ўсё часцей і часцей з'яўляліся на левабярэжжы Нёмана. Новай сталіцы Літоўскага княства г. Вільні пагражала Лівонія.

Паўночная сцяна замка.

У 1323 г. князь Гедымін загадаў залажыць у Лідзе мураваны замак. Новы абарончы фарпост прынёманскіх зямель будаваўся каля пяці гадоў.

Пасля смерці Гедыміна Ліда стала сталіцай удзельнага княства. Першы яе князь быў Альгерд. Пры ягоным сыне Ягелу паміж літоўскімі князямі пачаліся доўгія звады за велікакняскі прастол. Гэта скарысталі крыжакі. У 1384 г., пасля працяглай аблогі і штурму, яны ўзялі замак і часткова яго разбурылі. У снежні 1392 г. атрады рыцараў на чале з камандорамі Янам Румпенгаймам, Конрадам Ліхтэнштэйнскім і іх саюзнікам князем Вітаўтам пераправіліся ля м. Аліта цераз Нёман і праз скаваныя маразамі балоты падышлі да лідскіх сцен. Разам з імі паспытаць рабаўнічага шчасця прывалакліся і англійскія рыцары, якіх узначальваў малады граф П. Нартумберленгскі.

Запаліўшы падзамча і абрабаваўшы горад, драпежнікі аблажылі замак. Князь Дзмітрый Карыбут, што кіраваў абаронай, меў даволі сілы, але, напалоханы рыцарамі, вырашыў здаць замак.

Усходняя сцяна замка. Выгляд знутры. Відаць руіны паўночна-ўсходняй вежы.

Прычакаўшы ночы, князь з гарнізонам пакінуў крэпасць і падаўся ў бок Навагрудка. Рыцарам дасталася шмат зброі і ваеннага рыштунку.

Узімку 1394 г. рыцары зноў напалі на Ліду, і зноў у паходзе прымалі ўдзел англічане на чале з графам Бэдфардам, а таксама французскі атрад. Але на гэты раз чужынцам пажывіцца не ўдалося: жыхары Ліды самі спалілі горад і, запёршыся ў замку, мужна адбілі ўсе варожыя штурмы.

3 1396 па 1399 гг. у Лідзе жыў выгнаны з Залатой Арды хан Тахтамыш: князь Вітаўт спадзяваўся вярнуць яму трон, а потым выкарыстаць яго ў барацьбе супроць Маскоўскага княства. Але ў бітве на Ворскле і дружыны Вітаўта, і ягоныя планы былі разбіты войскамі суперніка няўдаліцы-хана.

А 5 жніўня 1406 г. пад сценамі Ліды з'явіліся атрады смаленскага князя Юрыя Святаслававіча. Князь ішоў выручаць з няволі сваю сям'ю, якую годам раней Вітаўт паланіў, захапіўшы Смаленск. Пасля некалькіх марных штурмаў смаляне асаду знялі, так і не ўзяўшы замка. Не паддаўся замак і князю Свідрыгайлу (1433), які вёў доўгую вайну з Сігізмундам.

3 1434 па 1443 г. крэпасць стала прытулкам для яшчэ аднаго хана-выгнанніка - Даўлет Хаджы-Гірэя. Праўда, лёс яго быў шчаслівейшы за Тахтамышаў: з дапамогай літоўскіх князёў ён стаў ханам перакопскіх татар.

Пасля доўгага зацішша толькі ў 1506 г. пад сценамі Ліды паказаўся адзін з загонаў крымскіх татар, аднак пачаць штурм крэпасці яны не рызыкнулі.

У час зацяжных войнаў паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай каменныя сцены замка адчулі моц найноўшай у тую пару асаднай тэхнікі. Улетку 1659 г. узброенае артылерыяй 30-тыcячнае войска князя Мікіты Хаванскага нарэшце ўзяло замак прыступам. Моцна пашкоджаны, ён быў разбураны ўшчэнт у 1702 г., калі адзін са шведскіх атрадаў падарваў замкавыя вежы. Пад час вайны з Карлам XII, у 1710 г., Лідскі замак стратэгічнага значэння ўжо не меў. Ён разбураўся ўсё больш і больш, пакуль не засталіся адны руіны.

Будаўнічая біяграфія

Летам 1970 г. адзін з атрадаў Беларускай археалагічнай экспедыцыі правёў у Лідскім замку раскопкі, каб вызначыць магутнасць культурнага слою, вывучыць архітэктурна-кампазіцыйныя і будаўнічыя асаблівасці замкавых сцен і вежаў. Нарэшце, трэба было высветліць, ці быў тут наперад, раней, чым узніклі муры, больш ранні, драўляны горад Ліда.

Лідскі замак - своеасаблівае ваеннаабарончае збудаванне XIV ст. Ён узнік у тыя трывожныя для Беларусі гады, калі націск крыжакаў на беларускія і літоўскія землі дасягнуў найбольшай сілы. Процістаяць такому націску маглі толькі тыя крэпасці, якія адпавядалі тактыцы ваенных атрадаў, узброеных першакласнай асаднай тэхнікай. 3 XII па XIV ст. у Паўночнай Еўропе і Прыбалтыцы ўсталяваўся тып крэпасцяў-кастэляў (ад лацінскага слова - замак, крэпасць). Іх аснова - высокія і магутныя сцены ў выглядзе чатырохкутніка, пад аховай якіх размяшчаўся і жыў гарнізон. Асабліва многа кастэляў пабудавалі лівонскія рыцары на захопленых землях Прыбалтыкі. Невялікія сваімі памерамі, гэтыя кастэлі былі базамі захопнікаў, пунктамі збору даніны з пакораных народаў, а часам і месцам кірмашоў тутэйшага насельніцтва.

Узяўшы за аснову тып рыцарскага кастэля, дойліды Лідскага замка творча падышлі да вырашэння складанай задачы: на грунце мясцовых будаўнічых традыцый яны стварылі магутную крэпасць, прыдатную для патрэб абароны.

Будаўнікі ўдала скарысталі рэльеф мясцовасці, абраўшы балоцістую нізіну, там, дзе рачулка Каменка ўпадае ў Лідзею. Тут, на выспе, насыпанай з пяску і жвіру, і быў узведзены замак.

Праём у паўднёвай сцяне замка.

Сцены замка ў плане нагадваюць трапецыю, большае аснаванне якой глядзіць на поўнач, туды, адкуль найчасцей пагражала ваенная небяспека. Перад паўночнай сцяной (даўжыня блізка 93,5 м) ляжаў глыбокі і шырокі роў, які, відаць, залівалі вадою. Паўднёвую сцяну (даўжыня каля 80 м) прыкрывалі балоцістыя берагі Каменкі і Лідзеі. Даўжыня заходняй і ўсходняй сцен - адпаведна 84 і 83,5 м.

Замак меў два ўваходы, якія праразалі тоўшчу ўсходняй сцяны непадалёку ад паўночна-ўсходняй вежы. Меншая брама, пры шырыні праходу 2,5 м І вышыні 3 м, мела стрэльчатую арку, абліцаваную цэглай. Другая, большая, моцна пашкоджаная ў час войнаў, цяпер замуравана. Яна мела прыблізна 4,5 м шырыні І каля 6 м вышыні. Паводле графічных малюнкаў XIX ст., можна думаць, што гэта брама мела паўцыркульную арку.

Тое, што замак меў два ўваходы блізка адзін ля аднаго, іх розныя памеры наводзяць на думку, што прызначэнне ў іх было рознае. Меншая брама, пэўна, была як бы «чорным» ходам. Другая, бліжэй да вежы, магла быць параднай І адчынялася для ўрачыстай сустрэчы князя або яго гасцей.

У паўднёвай сцяне замка, на вышыні каля 2 м, захаваліся сляды паўцыркульнага праёма шырынёю ў 2,5 м І вышынёю каля 3,9 м. Гэты праём, як і аналагічны яму ў Крэўскім замку, знаходзіцца ў найбольш «спакойным» месцы, якое лепш за іншыя «абараняла» сама прырода. Таму і няма тут штучных умацаванняў. Можна меркаваць, што праём быў як бы запасным выхадам для гарнізона ў крытычныя моманты абароны.

Паўднёвая сцяна цікавая для нас яшчэ І тым, што тут захаваліся (праўда, часткова, у дэфармаваным выглядзе) байніцы, якія некалі былі на ўсіх сценах. Яны бяскамерныя і ў плане маюць форму трапецыі, звернутай шырокім аснаваннем да замкавага двара. Пры аднолькавай вышыні байніцы мелі розную шырыню, і тры іх тыпы чаргаваліся на сцяне. Вядома, байніцы прызначаліся для стральбы з лукаў і арбалетаў, а пазней - І з лёгкай агнястрэльнай зброі. У сценах ніжэй байніц да гэтага часу ацалелі скразныя адтуліны ад бэлек; яны, відаць, служылі апорай для драўлянай галерэі-памосту, якая ішла па перыметры замкавых сцен.

«Вежа паднялася над самай вадою...»

Адначасова са сценамі ў паўднёва-заходняй частцы замка была пабудавана вежа. Яе фундамент, адкрыты ў час раскопак 1970 г., і фундамент сцяны замка канструкцыйна звязаны паміж сабою. Таўшчыня вежавых сцен (у плане вежа блізкая да квадрата памерамі 11, ЗХ X11,3 м) дасягала 3 м.

Руіны паўночна-ўсходняй вежы.

Цяжка ўявіць сабе архітэктурныя І фартыфікацыйныя асаблівасці вежы, ад якой застаўся толькі фундамент. Але дакументы канца XIX ст. (асобныя фрагменты вежы былі тады цэлыя) дазваляюць сцвярджаць, што яна была значна вышэй за 12-метровыя сцены замка. Яе апошні паверх быў выкладзены з цэглы і, пэўна, меў байніцы.

Ёсць меркаванні, што менавіта ў вежы знаходзілася праваслаўная замкавая царква. Т. Нарбут, напрыклад, лічыць, што царква размяшчалася ў адной з вежаў з самага заснавання замка аж да 1533 г., калі яе перанеслі ў горад і назвалі царквой Георгія Перамоганосца. Сапраўды, у час археалагічных пошукаў на падлозе колішняга першага паверху былі знойдзены рэшткі абліцовачных плітак і абломак нейкага аздаблення з каменю. Унутранай прасторы вежы (8,3X8,3 м) хапала, каб у ёй размясцілася невялічкая цэркаўка.

Калі ад паўднёва-заходняй вежы ацалеў амаль адзін фундамент, то другая, паўночна-ўсходняя, дайшла да нашых дзён у выглядзе руін, якія і сёння дасягаюць вышыні каля 4 м. Дакладна вызначыць, калі яна была ўзведзена, цяжка: гэта магло быць альбо пасля 1384 г., калі крыжакі часткова зруйнавалі замак, альбо на рубяжы XIV і XV ст., калі скрозь па Беларусі, рыхтуючыся даць рашучы адпор крыжакам, княскія ўлады ўдасканальвалі свае абарончыя збудаванні. План вежы - перакошаны рознабаковы чатырохвугольнік. Уражанне такое, быццам будаўнікі вельмі спяшаліся. Археалагічнае вывучэнне стыкаў фундаментаў вежы і сцяны замка паказала, што паміж імі няма канструкцыйнай сувязі,- важкі доказ, што будавалі іх у розныя часы. Вежу ўзводзілі метадам даволі пашыранай на Беларусі т. зв. «лусковай кладкі»; «шчокі» сцен выкладваліся з цэглы, забутоўка ж - валуны І шчэбень на вапне. Абліцоўка, якая пачыналася ад цокалю фундамента,- з велікамернай цэглы.

Дах вежы пакрывала чарапіца, рэшткі яе знойдзены пры раскопках. 3 іншых знаходак хацелася б адзначыць кавалкі непаліванай і паліванай кафлі, абломак паліхромнай пліткі са слядамі чырвонага і чорнага роспісу, рэшткі глінянага і шклянога посуду XIV-XVII ст.ст. Усё гэта сведчыць пра тое, што асобныя паверх! вежы служылі жытлом. Знаходкі пацвярджаюць думку таго ж Т. Нарбута, што на верхнім паверсе вежы былі раскошныя пакоі і залы, а ў ніжніх - суд, архіў і турма, сляды якіх можна было яшчэ ўбачыць у канцы XVIII ст.

Пра тых, хто замак збудаваў

Калі дакранаешся рукой да заімшэлых замкавых сцен, міжвольна думаеш: як жа людзі маглі тады, у далёкім дрымучым XIV ст., узвесці яго без механізмаў і машын? Любы сярэдні камень з кладкі сцяны важыць столькі, што яго ледзь адарвуць ад зямлі двое дужых мужчын. А колькі іх, такіх пасляледніковых «гарошын», у сценах двухметровай таўшчыні! Самыя сціплыя падлікі паказваюць, што было сабрана і прывезена каля 23 000 м3 валуноў. Кожны з іх трэба было падабраць адпаведна колеру, памеру і старанна абчасаць. А колькі «тварылаў» спатрэбілася, каб гасіць вапну! Ці ўзяць тую ж цэглу. Каля паўтара мільёна штук лягло іх у сцены, і праз шэсць з паловай стагоддзяў цэгла як звон - хоць у печ, хоць у падмурак!

У час археалагічных раскопак давялося пераканацца, што Лідскі замак каменны ў поўным сэнсе слова. Тут нават замкавы двор цалкам забрукаваны. Ды не ў адзін, а ў тры ярусы.

Сёння цяжка сабе ўявіць, што значыла ў тыя часы замкавая павіннасць. Страшэнным цяжарам клалася яна на плечы гвалтам адарванага ад дому, сям'і, гаспадаркі рамесніка і селяніна-ратая... Халодным, цяжкім валуном дакаціўся да нас тагачасны праклён: «Каб ты каменні на замак цягаў...» Водгалас тых пачуццяў і перажыванняў - у запісанай летась у Лідскім раёне народнай песні (асобныя яе варыянты былі вядомы раней):

Лідскі замак. Малюнак мастака Ш. Бекцянеева па рэканструкцыі аўтара.

На цівунскім полі

Камяні цягалі,

А з тых каменняў

Муры будавалі.

Вежа паднялася

Над самай вадою,

Дзе мой слаўны сокал

Засеў за сцяною...

Няма сумнення, што замак у Лідзе будавалі перш-наперш самі гараджане, а таксама сяляне бліжніх і дальніх ваколіц. Але паколькі гэта быў важны стратэгічны фарпост супраць псоў-рыцараў, то для нарыхтоўкі жвіру, каменю, вапны і цэглы прыцягваліся, трэба думаць, рабочыя рукі з іншых тэрыторый Беларусі і суседняй Літвы.

Між тым, з лёгкай рукі гісторыкаў Т. Нарбута і М. П. Бацюшкава ўсталявалася думка, быццам будаўнікамі Лідскага замка былі майстры-кіяўляне і палонныя валыняне... Калі будаўнікамі лічыць кіяўлян, дык у той зямлі, адкуль яны прыйшлі, павінны былі захавацца хаця б сляды мураваных кастэляў з іх тыповымі будаўніча-тэхнічнымі асаблівасцямі. Але ж іх там няма. Што да «палонных валынян», то адкуль яны маглі ўзяцца ў пачатку XIV ст., калі ў Валыні ў той час «...правілі члены літоўскай дынастыі, князі Гедымінавічы... падпарадкаваныя вялікаму князю літоўскаму».

Трохі пра «места» Ліду

Раскопкі ў замку паказалі, што культурны слой тут невялікі і бедны археалагічнымі знаходкамі. Яго таўшчыня ад 0,8 м пры ўваходзе ў замак да 0,4-0,3 м усярэдзіне двара. Адсюль можна зрабіць вывад, што замак меў чыста утылітарнае прызначэнне і быў месцам, дзе насельніцтва хавалася на перыяд ваеннай небяспекі. У XVI-XVII ст.ст., адыграўшы сваю ваенна-стратэгічную ролю, ён перайшоў у дзяржаўную ўласнасць, падтрымліваўся і ахоўваўся мясцовым лідскім дваранствам. Тут сталі праводзіць суды I павятовыя сеймікі, а скляпенне паўночна-ўсходняй вежы было ператворана ў турму.

У старажытнасці Ліда складалася з замка, княскага двара, уласна горада з падзамчам і зарэчча.

Княскі двор, або замкавы фальварак, як яго часта называлі яшчэ ў XVII ст., размяшчаўся над рачулкай Каменкай, на паўночны захад ад замка. Пры ім меліся млын, вінакурня і розныя іншыя гаспадарчыя службы.

«Места» ляжала на поўнач ад замка. Яго гістарычным цэнтрам быў рынак, ад якога адыходзілі ўсяго чатыры вуліцы: Віленская - у бок Вільні, Замкавая - да замка, Каменская - да Каменкі і далей, па дарозе на Васілішкі і Астрыну, і Крывая, што злучала Каменскую вуліцу з рынкам.

Зарэчча ў тыя часы было невялікае - колькі дзясяткаў хат...

Прайшлі вякі. Непазнавальна змянілася Ліда. Цяпер гэта новы, сучасны горад. Адзіным сведкам яго мінуўшчыны застаўся мураваны замак - помнік гісторыі, часу і рукам чалавечым.

М. А. ТКАЧОЎ, аспірант Інстытута гісторыі АН БССР.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX