Па сівым моры ўсходнеславянскай гісторыі ўжо больш за дзевяць стагоддзяў плывуць тры цудоўныя лебедзі: Сафія Кіеўская, Сафія Наўгародская і Сафія Полацкая. Малінавы голас малодшай Сафіі -
Полацкай - запаў у сэрца аўтару бессмяротнага «Слова аб палку Ігаравым». Ен не ўтойваў сваіх сімпатый да славутага полацкага князя Усяслава Чарадзея, якому абавязана Сафія сваім гістарычным нараджэннем: «Тому в Полотьске позвониша заутренюю рано у святыя Софеи в колоколы, a он в Кыеве звон слыша». У пяцідзесятыя гады XI ст., хутчэй за ўсё ў 1050-1055 гг., пасля завяршэння будаўніцтва Сафійскага сабора ў Ноўгарадзе, арцель запрошаных кіеўскіх і візантыйскіх дойлідаў уладкавалася на беразе Заходняй Дзвіны. Без боязі да іх далучыліся і мясцовыя майстры: павучыцца ў знакамітых умельцаў, дапамагчы дзяржаўнай справе ўзвядзення галоўнага храма Полацкай зямлі. На камяні, які пасля паклалі ў парог будынка, пакінулі яны нам, нашчадкам, свае імёны: «ДАВЫДЬ • TOYMA • МНКОУЛА • КОПЫСЬ • ВОРИШЬКО • ОЛЬ».
Полацкі Сафійскі сабор XI стагоддзя - гэта вялікі пяцінефны храм. Сцены яго былі складзены ў змешанай тэхніцы: плінфа з неапрацаваным валунным каменнем сярэдняй велічыні. Камяні на вапнавым растворы выкарыстоўваліся таксама як матэрыял для падмурка. Кампазіцыйна Полацкая Сафія, хаця і мела шмат агульнага з саборамі ў Кіеве і Ноўгарадзе, з'яўлялася менш складанай пабудовай. Аднак, такая дакладна сіметрычная кампазіцыя шматпілоннага храма, як у Полацку, у гісторыі раннефеадальнага дойлідства Усходняй Еўропы нідзе больш не сустракаецца. Над саборам узвышаліся барабаны цэнтральнага купала і чатырох меншых. Пазней завяршэнні храма былі перабудаваныя. Як бачна ў «Спісе гарадоў рускіх блізкіх і далёкіх», што складзены ў канцы XIV ст. у канцэлярыі кіеўскага мітрапаліта Кіпрыяна, сабор выглядаў іначай: «А святая София каменна о седми версех». Але, нягледзячы на шматлікія змены, менавіта ад Сафіі Полацкай пачынае сваю гісторыю манументальнае дойлідства Беларусі з шырокім выкарыстаннем палявых каменняў.
Уявім сабе тую, першапачатковую Сафію... Яе сцены былі атынкаваныя і распісаныя фрэскамі ў стылі візантыйскага насценнага жывапісу, што вельмі нагадвала роспісы Кіеўскага сабора. Арнаменты сцен і слупоў запазычаны з Тураўскага Евангелля і з іншых помнікаў XI ст. Старадаўняя падлога, зробленая на вапнавай падаснове, была выкладзена паліванымі пліткамі розных колераў, якія выглядалі як дзівосны маёлікавы дыван. Дах быў са свінцовых лістоў.
Узвядзенне ў Полацку трэцяга на Русі храма святой Сафіі звязана 3 ростам палітычнай ролі і значэння горада, гэта як бы адлюстроўвала моц і самастойнасць мясцовых князёў. Нездарма і пячатка стольнага горада атрымала надпіс; «Печать Полочьская и с(вя)тои Софьи». Як і Кіеўская, Сафія Полацкая стала галоўным грамадскім будынкам горада. Тут прымалі паслоў, тут абвяшчаліся вайна і мір, тут захоўвалася княжацкая казна і бібліятэка. З гэтым саборам звязана імя славутай асветніцы XII ст. (каля 1120- 1173 гг.) князёўны Прадславы - Ефрасінні-унучкі Усяслава Чарадзея. Тут, у адной з келляў у каменнай вежы («галубніцы») маладая князёўна-«манашка» занялася складанай на той час работай - перапісваннем кніг. «Книги писати своими руками», - гэтая праца ўспрымалася сучаснікамі як «подвижнейши подвиг». Мяркуецца, што Ефрасіння пісала летапіс і арыгінальныя творы. Асветніцкую дзейнасць вялікай кніжніцы, што доўжыла справу свайго легендарнага дзеда, па заслугах ацанілі яе сучаснікі: «Еуфросиниа - небопарный орел, попаривши от Запада до Востока, яко Луна солнечная, просветивши всю землю Полоцкую!»
За гады бурнай гісторыі Полацка, які з XIII ст. знаходзіўся на неспакойнай мяжы з Лівонскім ордэнам і Маскоўскай дзяржавай, Сафія Полацкая шмат пабачыла і перанесла, некалькі разоў гарэла і перабудоўвалася.
Полацк быў няскоранай заставай на Заходняй Дзвіне, ён наглуха закрыў у XIII-XIV стст. шлях па ёй рыцарам да зямель Смаленшчыны і Масковіі. Неаднаразова трываласць полацкіх умацаванняў крыжакі выпрабоўвалі мячом. У 1333, 1334, 1382, 1386 гадах яны рабілі спробу асадаю ўзяць гэты адзін з найбагацейшых у Беларусі гарадоў, але марна. He без гонару гаварылі пра свой горад палачане ў 1464 г. у лісце да рыжанаў: «А Полтеск теж есть, хвалячи бога, место словутое, как и которое, a не есть нижшое во чести и во всем ни Вилни, a ни Мариборка, ани Кданьска».
На рубяжы XV і XVI стст. абвастрыліся адносіны паміж феадаламі Вялікага княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавай. Полацк, які лічылі ключом да Лівоніі і Літвы, зноў і зноў накрывала ваенная хваля. Таму і пачалася перабудова шэрага гарадскіх храмаў і прыстасаванне іх для абароны. Гэты працэс, вядомы як працэс інкастэляцыі, быў характэрны для ўсіх краін сярэдневяковай Еўропы, што перажылі не толькі феадальныя, але і рэлігійныя войны. Класічнай краінай, якая будавала сваю абарону выключна на інкастэляваных храмах, была Трансільванія.
На беларускіх землях храмы, умацаваныя вежамі і знешнімі абарончымі сценамі, у гэты час сталі з'яўляцца не толькі ў гарадах, але і ў сельскай мясцовасці. На рубяжы XV і XVI стст. на Беларусі склаўся тып своеасаблівага пяцівежавага абарончага храма, які невядомы ў Цэнтральнай і Заходняй Еўропе.
Полацку - старадаўняму цэнтру высокаразвітай сярэдневяковай культуры, дзе працавалі вядомыя дойліды, дзе закладваліся арыгінальныя архітэктурныя традыцыі, выпаў лёс стаць пачынальнікам будаўніцтва такіх храмаў. Дзесьці паміж 1494 і 1501 гадамі, калі горад быў умацаваны як ніколі раней, Сафія была зноў перабудаваная.
«Партрэт» Полацкай Сафіі XVI ст. захоўваецца ў Дрэздэнскім гарадскім архіве. Гэты арыгінальны малюнак адлюстроўвае асаду Полацка 11-30 жніўня 1579 г. войскамі Стэфана Баторыя. Зроблены з натуры каралеўскім картографам Станіславам Пахалавіцкім, малюнак захаваў для нас увесь комплекс умацаванняў Верхняга замка і вельмі каштоўную выяву змененай Сафіі. Гэта ўжо не сямікупальны, a пяцівежавы храм абарончага тыпу - сапраўдны волат! Чатыры баявыя вежы былі прыбудаваныя да вуглоў храма, a пятая ўзвышалася пасярэдзіне. Байніцы дазвалялі абстрэльваць падыходы да храма. У франтоне над уваходам таксама былі байніцы. Брама сабора дадаткова ўмацоўвалася каванымі жалезнымі кратамі, якія апускаліся на ланцугах зверху праз спецыяльны праём. Па малюнку немагчыма сказаць што-небудзь канкрэтнае пра сістэму абароны сцен. Але, пры вывучэнні помнікаў, пабудаваных па прыкладу ўмацаванай Сафіі ў розных месцах БеларусІ (цэрквы ў Супраслі, Сынкавічах, Маламажэйкаве і інш.), можна сцвярджаць, што ў сценах Сафіі таксама меліся розныя байніцы. Новы вобраз Сафіі дапамагае зразумець, чаму ў 1563 г. (заваяванне Полацка войскамі Івана IV) і ў 1579 г. сабор становіцца апошняй цытадэллю абаронцаў горада.
У 1607 г. жудасны пажар у Верхнім замку знішчыў Сафійскі сабор. Аднак, у тым жа годзе сейм Рэчы Паспалітай, задавальняючы просьбу паслоў Полацкага ваяводства, дазволіў: «...руины церкви старой св. Софии забудовать и поправить, абы там коштам своим обыватели воеводства Полоцкого, збудовавши, книги земские и гродские своего воеводства ховали».
Аднаўленне сабора, скончанае ў 1618 г., прыпадае якраз на тыя гады, калі вялася працяглая барацьба паміж каталіцкай і праваслаўнай рэлігіямі. Прадстаўнікі абедзвюх рэлігій прэтэндавалі на будынак сабора. Але дастаўся ён уніятам. Адбудоўкай Полацкай Сафіі кіраваў вядомы ўніят, архібіскуп полацкі і віцебскі Іясафат Кунцэвіч. Як сведчаць сучаснікі, Кунцэвіч аднавіў і багата ўпрыгожыў раней засмечаны і абшарпаны будынак, «а ў чатырох рагавых вежах непатрэбныя вярхі, якія царкве ніякай красы не дадавалі, скінуў, a сярэднюю вежу, прыгожа аздобіўшы, зрабіў яшчэ больш высокай».
У 1643 г. (згодна са звесткамі А. Сапунова, у 1642 г.) новы пажар зруйнаваў горад, Верхні і Ніжні замкі. He абмінуў ён і Сафію. Аднак ужо праз год яна была зноў адноўленая.
Чарговы партрэт Полацкай Сафіі датуецца часамі Паўночнай вайны. 3 1705 г. да 1710 г., калі ў Полацку стаяла рускае войска, сутарэнні Сафійскага сабора былі ператвораны ў вайсковы склад. У 1707 г. картографы знялі план горада і на ім, у цэнтры Верхняга замка, намалявалі з натуры Полацкую Сафію. Гэта ўсё той самы храм-крэпасць, толькі чатыры вуглавыя вежы сталі ніжэй і маюць два ярусы бою, пятая вежа больш падобная на барабан царкоўнага купала, іншы франтон, над будынкам высокі дах, a вакол храма ўжо не сцены і вежы драўлянага замка, a складаная сістэма бастыённых умацаванняў.
1 мая 1710 г. у сутарэннях храма, дзе захоўваўся порах, грымнуў выбух. Ен знішчыў адну сцяну, левы бакавы алтар, пашкодзіў падмурак, скляпенне і калоны. Толькі ў 1738-1750 гг. Сафія дачакалася будаўнікоў. Па праекту архітэктара К. Глаўбіца майстрам-муляам Б. Касінскім была збудавана ўніяцкая трохнефная базіліка ў стылі барока. Будынак упрыгожылі дзве шмат'ярусныя вежы, узведзеныя на паўднёвым фасадзе. Ва ўсходні фасад увайшлі рэшткі сцен, сутарэнняў і апсіды Сафіі XI ст.
Гісторыкі архітэктуры не абыходзілі сваёй увагай Полацкую Сафію. Яе вывучалі I. М. Хозераў, М. К. Каргер, П. А. Рапапорт і іншыя даследчыкі. Шматгадовыя архітэктурна-археалагічныя раскопкі праводзіў В. А. Булкін. Свой уклад у справу вывучэння выдатнага помніка ўнеслі і беларускія даследчыкі-рэстаўратары. Па праекту архітэктара В. Слючанкі будынак поўнасцю адрэстаўраваны, у тым ліку і інтэр'ер храма. Тут устаноўлены арган, адкрыта канцэртная зала. У сутарэннях сабора, дзе ахаваліся часткі сцен, падмурка і калон Сафійскага сабора XI ст., працуе музей. Гэта стала магчыма дзякуючы вялікай працы калектыва ленінградскіх археолагаў на чале 3 В. A Булкіным. Беларускія мастакі-рэстауратары пад кіраўніцтвам В. Лукашэаіча раскрылі рэшткі фрэскавага жывапісу XI ст. Раскрыта таксама частка кладкі сцен. Аднак пад час археалагічных раскопак не ўдалося знайсці рэшткі баявых вежаў. Гэта дазваляе меркаваць, што ці падмуркі закладаліся неглыбока, ці самі вежы былі эркерныя - выступалі ў сцяне.
Сёння, у складаны час адраджэння духоўнага жыцця народа, паступова вяртаецца да нас і рэлігія. Адчыняюць дзверы старыя храмы. Сярод іх асаблівае месца павінна заняць Сафія Полацкая - праваслаўная святыня Полацкай зямлі і ўсяго беларускага народа. Думаецца, што спрэчак паміж канфесіямі за гэты архітэктурны шэдэўр Усходняй Еўропы быць не можа. Ад першага дня існавання гэта быў праваслаўны сабор. Такім ён і застанецца ў нашай беларускай гісторыі.
...Дзесятае стагоддзе белай лілеяй адлюстроўваецца славутая Сафія ў водах Заходняй Дзвіны - ракі, у якой «берагі сярэбраныя, a дно залатое». I так будзе заўсёды.