Папярэдняя старонка: Агульнае краязнаўства Лідчыны

Лідскі замак. Кароткая гісторыя 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 01-10-2025,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідскі замак : Кароткая гісторыя / Леанід Лаўрэш. - [б. м.] : Издательские решения, 2025. - 100 с.

Спампаваць




УДК 94
ББК 63
Л25

Лаўрэш Леанід
Лідскі замак : Кароткая гісторыя / Леанід Лаўрэш. - [б. м.] : Издательские решения, 2025. - 100 с.

ISBN 978-5-0068-0490-6

У кнізе расказваецца гісторыя замка ў горадзе Ліда ад яго пачаткаў да нашага часу. Мэта кнігі - коратка распавесці зацікаўленаму чытачу першасную, неабходную інфармацыю пра галоўную гістарычна-культурную каштоўнасць горада.


ISBN 978-5-0068-0490-6
© Леанід Лаўрэш, 2025


Лаўрэш Леанід. Лідскі замак : Кароткая гісторыя / Леанід Лаўрэш. - [б. м.] : Издательские решения, 2025. - 100 с.

Ад аўтара

Пачаткі Ліды

Пачаткі Лідскага замка

Далейшы лёс замка і горада

XVI і наступныя стагоддзі

XIX і XX стагоддзі

Рэканструкцыя замка

Легенды пра Лідскі замак

Вакол замка

Дзе і што археолагам шукаць у Лідзе


Дык жа стой, харашэй і змагайся,
Замак мой, замак роду майго.
Станіслаў Суднік
.

Ад аўтара

Горад Ліда і Лідчына заўсёды займалі важкае становішча ў гісторыі і культуры Беларусі. Зараз старажытны беларускі горад Ліда месціцца ў Гродзенскай вобласці і з'яўляецца цэнтрам Лідскага раёна. Знаходзіцца за 112 км на ўсход ад Гродна і 96 км на поўдзень ад Вільні. Горад з'яўляецца чыгуначным вузлом, ад станцыі Ліды адыходзяць чыгуначныя лініі на Гродна, Вільню, Маладзечна, Баранавічы. Плошча Ліды каля 25 км2, у горадзе жыве 103 262 чалавекі (на 1 студзеня 2025 года), на самым пачатку XX ст. - каля 10 000.

У горадзе працуе шэраг буйных прадпрыемстваў, маецца 14 агульнаадукацыйных сярэдніх школ, ліцэй, гімназія, каледж, музычны каледж, 2 прафесійныя каледжы, школа алімпійскага рэзерву, 53 дашкольныя ўстановы. Працуюць 5 паліклінік, цэнтральная раённая бальніца і міжабласная псіханеўралагічная бальніца «Астроўля».

Як і ўсе беларускія гарады, Ліда мае сваю працяглую і слаўную гісторыю.

Лідзяне не могуць уявіць свой горад без замка і іх заўсёды будзе цікавіць яго гісторыя і хваляваць яго лёс.

Дом маіх бацькоў стаяў зусім недалёка ад замка, і гэты помнік беларускай гісторыі і культуры з'яўляецца часткай майго дзяцінства. Таму я і пішу пра замак, бо ён - сэрца і пачатак горада, гонар і наша галоўная архітэктурна-гістарычная каштоўнасць.

 Адзін з першых малюнкаў з выявай Лідскага замка i горада належыць мастаку Юзафу Пешку (19.02.1767 - 4.09.1831). Гэта акварэль паказвае замак і горад у пачатку XIX ст., на ёй бачны стаў вакол маляўнічых руін замка, на поўнач ад муроў - будынак фарнага касцёла, узведзены ў 1770 г.

Гэта кніга - толькі невялікі нарыс, у якім я, як аўтар, раскажу дасведчанаму чытачу не шмат новага ці раней невядомага. Мэта кнігі - коратка расказаць пра гісторыю замка ад пачаткаў да нашага часу, каб зацікаўлены чытач мог хутка атрымаць усю неабходную інфармацыю. У гэтым сэнсе я іду па шляху невялікай, але вельмі важнай у свой час кнігі нашага выбітнага гісторыка і даследчыка Лідскага замка Алега Трусава «Старадаўніх муроў адраджэнне. Мінулае і сучаснасць лідскага замка» (Мінск, 1990.), якая пэўна была першай кнігай, цалкам прысвечанай гісторыі замка, аднак пачаткам лідскага краязнаўства, бясспрэчна, стала кніга лепшага ў XX ст. знаўцы гісторыі Лідчыны Міхала Шымялевіча «Город Лида и Лидский замок: исторический очерк» (Вильна, 1905.).

Лідскі замак даследаваў Тэадор Нарбут, яго ўсебакова вывучалі Вандалін Шукевіч, кс. Казіцкі, Вацлаў Студніцкі, Пётр Пакрышкін, др. Лорэнц. Яўстах Тышкевіч першым вызначыў, што замкі ў Лідзе, Крэве, Гальшанах, Міры па сваім тыпажы блізкія да заходнееўрапейскіх. Але галоўную працу па вывучэнні замка зрабілі даследчыкі ў ХХ ст., прозвішчы якіх я ўзгадаю ў гэтым тэксце.

Пачаткі Ліды

У канцы 1933 г. у Лідзе на Выгане (тэрыторыя сучаснага гарадскога парка, пошты, школы №1 і педагагічнага каледжа) падчас земляных работ на зямлі, якая належала настаўніку Мар'яну Міхальчыку, была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі. Таўшчыня чарапкоў была характэрнай для вырабаў з керамікі старадаўніх часоў. Інжынер, які кіраваў работамі, пераслаў Водная сістэма г. Ліды, прамаляваная на аэрафотаздымку красавіка 1944 г., месцазнаходжанне «Ліды Нарбута» і лідскага замка. Цікава, што горад Ліда 16–18 стст. стаяў як раз паміж «Лідай Нарбута» і лідскім замкам. чарапкі ва Управу па кансервацыі (управа, якая займалася аховай помнікаў) у Вільні і прыпыніў работы.

Аналагічная кераміка была знойдзена таксама і ў трошкі іншай частцы Выгана. Абодва месцы знаходзіліся па краях ўчастка Міхальчыка. Была высунута ідэя, што на гэтым месцы знаходзілася гарадзішча ці паселішча. Лідскі стараста Багаткоўскі выклікаў у Ліду асістэнтку кафедры археалогіі Віленскага ўніверсітэта др. Хелену Цэгак (якая хутка стане вельмі вядомым і аўтарытэтным археолагам). З прыездам навукоўцаў плошча раскопак была пашырана і знойдзены новыя керамічныя чарапкі. Чарапкі мелі «славянскі стужкавы арнамент, які адносяць да племянных груп, што ішлі з усходу», і так стала вядома, што з XI па XIII ст. тут існавала славянскае паселішча. У Лідзе др. Хелена Цэгак знаходзілася разам са сваім будучым мужам і будучым вядомым археолагам Уладзімірам Галубовічам, які напісаў два газетныя артыкулы пра паселішча: «Знаходка старажытных слядоў чалавека ў Лідзе» і «Падарожжа ў невядомае».

У сваім другім артыкуле др. Галубовіч канстатаваў: «Можна ўжо рабіць высновы. Некалі ў акрэсе часу ад ХІ да ХІІІ ст. існавала на гэтым узвышшы славянскае паселішча. Сляды яго сёння цалкам знішчаны. Чаму славянскае? Чарапы посуду маюць славянскі стужкавы (пасьмавы) арнамент, характэрны для племянных груп, якія ішлі з усходу. Лідскі стараста Багаткоўскі зрабіў вялікую паслугу навуцы. На археалагічнай карце… з'явіцца новы знак, які паказвае, што на тэрыторыі Выгана знойдзены сляды побыту славян у раннегістарычную эпоху ў нашым краі».

Можна зрабіць выснову, што знойдзенае на Выгане паселішча - гэта і ёсць Ліда, пра якую пісаў Нарбут, Ліда, заснаваная ў 1180 г.

Істотным з'яўляецца тое, што і брат-блізнюк нашага замка - замак у Крэве, быў таксама пабудаваны недалёка ад старога славянскага гарадзішча. Працытую фрагмент з тэксту даследчыка Крэўскага замка, гісторыка Алега Дзярновіча: «Старажытнае ўмацаванае паселішча Крэва выяўлена за 2 км ад замка, па Смаргонскаму шляху, у межах сённяшняга разлеглага мястэчка Крэва. … Стала неспадзяваным, што выяўленыя крэўскія матэрыялы цалкам адпавядаюць матэрыяльнай культуры гарадоў Усходняй Еўропы, ці, інакшымі словамі - Старажытнай Русі.

Паводле гэтага комплексу артэфактаў… можна сцвярджаць аб прысутнасці на Крэўскім гарадзішчы ўсходнеславянскага насельніцтва ў ХІ-ХІІІ стст.».

Вядома, што і другі сваяк нашага замка - замак ў Медніках (Мядзінінкаі), таксама быў пабудаваны недалёка ад шчыльнай драўлянай забудовы старога паселішча, культурныя слаі якога выявілі археолагі. Заўважу, што ў «Списке русских городов дальних и ближних» (канец XIV ст.) разам з мноствам несумненна старабеларускіх гарадоў, такіх, як Полацак, Мінск, Слуцак, Віцебск і г. д., прысутнічаюць таксама і Меднікі. Аўтарытэтны беларускі археолаг Эдвард Зайкоўскі лічыў, што гэты спіс складзены яшчэ ў часы Гедыміна.

Магчыма таму даследчык гісторыі ВКЛ Стэфан К. Роўэл пісаў, што «… медніцкі, лідскі і крэўскія замкі былі перабудаваныя на мураваныя», магчыма, Роўэл лічыў верагодным існаванне папярэднікаў мураваных замкаў, якія стаяць і сёння.

Грунтуючыся на фактах, можна высунуць гіпотэзу, што гэтыя замкі адмыслова будаваліся каля славянскіх гарадзішчаў на мяжы з балцкім насельніцтвам.

'Ліда Нарбута' на аэрафотаздымку красавіка 1944 г. і сучасным здымку з гугль-карты. 1 - Дом Мар'яна Міхальчыка №2 па вуліцы 11-га Лістапада (7-га Лістапада), 2 - Лідская пошта па вуліцы Міцкевіча, 3 - тагачасная школа, сучасная школа №1.

Працяглы час лічылася, што старая Ліда знаходзіцца пад нашым замкам. І толькі, калі да меркаванага юбілею горада ў 1980 г. археолагі не знайшлі старой Ліды ні пад замкам, ні каля яго, было прынята дзіўнае і нічым не абгрунтаванае рашэнне значна амаладзіць Ліду. Цікава, што сярод вялікай колькасці пляцовак у нашым горадзе, дзе праводзіліся раскопкі і бурэнні, беларускія археолагі праводзілі раскопкі на дзвюх пляцоўках, якія знаходзяцца прыкладна за 100 м ад старой Ліды, але ў той час лёс быў супраць яе адшукання…

Той самы «Мар'ян Міхальчык», на пляцы якога была старая Ліда, знайшоўся ў маіх базах дадзеных, у тэлефонным даведніку 1939 г., у якім маецца наступны радок: « [тэлефон №] 171 - Міхальчык Мар'ян, 11-га Лістапада, 2». Тагачасная вуліца 11-га лістапада сёння мае назву 7-га лістапада. Дом №2 выходзіў проста на вуліцу Міцкевіча, якая ў сучасным выглядзе з'явілася толькі пасля адкрыцця пошты. Улічваючы, што ўчастак дома №2 Міхальчыка, магчыма, зараз часткова знаходзіцца пад вуліцай Міцкевіча і на тэрыторыі сучаснага парку, а таксама тое, што археолагамі «была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі… чарапкі таксама былі знойдзены ў іншай частцы Выгана», і «з прыездам археолага плошча раскопак была пашырана» ў бок Выгана, дык старая Ліда, павінна займаць тэрыторыю сучаснага дома №2 па вуліцы 7-га Лістапада і паўдзённую частку парку насупраць гэтага дома.

Каардынаты меркаванага цэнтра гэтага старажытнага паселішча: 53.89506085696649, 25.293034591800847.

Некалькі словаў, пра тое што такое Выган. Практычна любы беларускі горад у старыя часы меў так званую «Ферму» - месца дзе гараджане мелі свае гароды, і «Выган» - месца дзе гараджане пасвілі сваю жывёлу. На аэрафотаздымку 1944 г., я прамаляваў водную сістэму нашага горада, добра бачна, што наш замак Гедыміна стаіць на зліцці рэк Лідзейкі і Каменкі, а старая Ліда месцілася на ўзгорку сярод двух рукавоў рэчкі Каменкі - у абодвух выпадках паселішча і замак добра засланяліся ад нападнікаў рэкамі і дрыгвой. Пэўна, замак быў перанесены прыкладна на 1 км на поўдзень (у такое ж самае балоцістае месца зліцця Лідзейкі і Каменкі) з-за адсутнасці адпаведнага па памерах пляца, неабходнага для будаўніцтва вялікага мураванага замка ў старой Лідзе паміж рукавамі Каменкі.

Вядома, што ў нашым рэгіёне пераважаюць балцкія назвы рэк, аднак рэчка Каменка мае цалкам славянскую назву, якая паходзіць ад слова «камень». Магчыма, з-за наяўнасці тут камянёў і была выбрана пляцоўка для Лідскага замка. Бо цяжка сабе ўявіць, каб у той час мелася магчымасць перавозіць такую колькасць камянёў на вялікую адлегласць. Калі гэта так - дык у сценах нашага замка мы бачым камяні з берагоў рэчкі Каменкі. Але гэта толькі гіпотэза.

Было б цудам, каб у глыбіні зямлі на вызначанай тэрыторыі «Ліды Нарбута» яшчэ заставаліся нейкія археалагічныя артэфакты, але пасля знаходкі дакладнага месца старога беларускага паселішча, тут трэба было б усталяваць памятны знак, ролю якога зараз выконвае вядомы ўсім лідзянам знак «Я люблю Ліду», які стаіць прыкладна на паўночнай мяжы былога гістарычнага паселішча.

Як па мне, дык гэта і сёння самая прыгожая частка нашага горада.

Пачаткі Лідскага замка

Такім чынам, к моманту пачатку будаўніцтва Лідскага замка, недалёка ад яго на рэчцы Каменцы ўжо існаваў населены пункт.

Лідскі замак - помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя, пачатак яго будаўніцтва адносяць да 1323 года. Замак уваходзіў у лінію ўмацаванняў Наваградак - Крэва - Меднiкi - Трокi. З пункту гледжання архітэктуры ён спалучае рысы раманскага стылю і ранняй готыкі. Пабудаваны на пясчаным узгорку (вышэй 5-6 м) і раней быў абкружаны балоцістымі берагамі рэк Лiдзеi і Каменкі, а таксама ровам шырынёй каля 20 м, які злучаў абедзве рэчкі і аддзяляў замак ад горада з поўначы. Вышэй я ўжо пісаў, што Лідскі і аднатыпныя яму замкі ў Крэве і Медніках з'явіліся каля старажытных беларускіх паселішчаў, верагодна на мяжы славяна-балцкага падзелу.

Выбітны беларускі гісторык, прафесар Алесь Краўцэвіч паведамляў, што ў студзені 1323 года Гедымін распачаў шырока спланаваную дыпламатычна-прапагандысцкую акцыю. У рыжскай канцылярыі рыхтаваліся на лаціне - тагачаснай афіцыйнай мове Заходняй Еўропы - знакамітыя лісты Гедыміна. Рыжане дапамаглі не толькі напісаць пасланні ліцвінскага гаспадара, але і даставіць іх адрасатам. Лісты былі скіраваныя да папы рымскага, буйных паўночна-нямецкіх гарадоў, а таксама да манаскага ордэна дамініканаў. З лістоў бачна, што Гедымін намерваўся адкрыць сваю краіну для заходнееўрапейцаў. З ліста да рымскага першасвятара, напісанага ў студзені 1323 года, акрамя іншага князь пісаў, што ён не з'яўляецца ворагам каталіцкай веры, і як і яго папярэднікі прыняў у сябе манахаў францішканаў і дамініканаў, даў ім поўную свабоду пропаведзі і хрышчэння. Для гэтага пабудаваў два касцёлы ў Вільні і аднавіў спалены крыжакамі касцёл у Наваградку. У канцы паслання вялікі князь заявіў пра свой намер хрысціцца.

Атрымаўшы станоўчы адказ ад папы, Гедымін напісаў чарговы ліст (25 студзеня 1323 года) да жыхароў нямецкіх гарадоў, у якім паведаміў пра перапіску з папам рымскім, пра сваё жаданне хрысціцца, пра станоўчы адказ папы і, галоўнае, запрасіў на сталае жыхарства ў сваю краіну прадстаўнікоў розных грамадскіх станаў: святароў, рыцараў, збраяносцаў, купцоў, лекараў, рамеснікаў. Пералічваў нават рамесныя спецыяльнасці: кавалёў, вознікаў, шаўцоў, гарбароў, млынароў, пекараў, лавачнікаў ды іншых адмыслоўцаў. Запрашаліся таксама сяляне, якім гаспадар гарантаваў зямельны надзел і вызваленне ад падаткаў на дзесяць гадоў.

Гедымін разумеў - каб дасягнуць мэты, трэба самому стаць часткай той цывілізацыі і найперш прыняць хрысціянства, і ён рабіў паслядоўныя крокі ў набліжэнні да Еўропы.

Вядома, што трывалы мір можна забяспечыць толькі з пазіцыі сілы. І Гедымін распачаў вялізарнае замкавае будаўніцтва пры заходніх рубяжах краіны: у Лідзе, Крэве, Медніках, Троках, Вільні, Коўне. Мяркуецца, што будаўніцтва вышэйзгаданых замкаў цесна спалучана з прыездам замежных майстроў, бо ўсе яны з'яўляюцца кастэлямі - дастаткова тыповымі еўрапейскімі замкамі рэгулярнай формы. Першапачаткова замкі-кастэлі ВКЛ будаваліся на ўзор крыжацкіх лагербургаў - лагераў-замкаў. Прастакутная пляцоўка абносілася адным шэрагам мураваных сцен з баявымі галерэямі, як у Лідзе, ці двайнымі шэрагам мураваных сцен з пярэдняй нізкай мураванай сцяной на ўзор нямецкага цвінгэра (першы Ковенскі замак). Вуглы ўмацоўваюцца вежамі прастакутнай формы, якія будаваліся з унутранага боку.

Прафесар Краўцэвіч лічыць, што разам з гарадскімі ўмацаванымі цэнтрамі ў Гродна, Ваўкавыску, Слоніме, Наваградку новыя замкі стварылі абарончую лінію пры заходняй мяжы дзяржавы - магутную заслону ад ордэнскіх нападаў, стваралі «заходні шчыт Гедыміна». У гэтым месцы я планаваў даць невялікі нарыс пра князя Гедыміна, але лепш накірую вас да кнігі Алеся Краўцэвіча пра гэтага князя (кніга ёсць у інтэрнеце).

Лідскі замак у плане - няправільны чатырохвугольнік (бакі каля 80 м) з дзвюма вуглавымі вежамі. Сцены на невысокім падмурку (70-80 см) маюць таўшчыню: унізе - 2 м, уверсе - 1,5 м. Паўночныя сцены больш тоўстыя, бо толькі з гэтага боку можна было штурмаваць замак, які стаяў практычна пасярод балота. Верхняя частка сцен з баявой галерэяй i байніцамі вымуравана з цэглы. Вонкавыя паверхні сцен пабудаваны з вялікіх валуноў, прамежкі паміж імі запоўнены каменнымі клінамі і забутоўкай з дробных камянёў. Парапет галерэі, таўшчынёй у 70 сантыметраў, складзены з цэглы, мае адзін рад байніц трох тыпаў. Насціл галерэі апіраўся на драўляныя бэлькі сячэннем 20 х 20 сантыметраў. На паўднёвай, усходняй і паўночнай сценах знаходзіліся тры цагляныя данскеры (туалеты) на каменных фігурных кансолях.

Прафесар Міхась Ткачоў у свой час падлічыў, што для будаўніцтва Лідскіх муроў спатрэбілася каля 23 тысяч кубічных метраў каменю, каля 1,5 мільёна цаглін, вялікая колькасць вапны і пяску. Розныя пісьмовыя крыніцы сведчаць, што работы на замку вяліся 5-7 гадоў. Падчас раскопак на тэрыторыі Лідскага замка ў пяску былі знойдзены фрагменты прыладаў працы і зброі людзей каменнага веку. Пясок на замчышча вазілі з найбліжэйшых радовішчаў.

У першай палове XIV стагоддзя пабудавана першая квадратная ў плане (9 х 9 м) паўднёва-заходняя вежа (якую лідзяне завуць «вежа Гедыміна»). Другая, паўночна-ўсходняя, вежа была пабудавана ў канцы XIV - пачатку XV стагоддзя (так званая «вежа Вітаўта»). У замак вялi тры ўваходы - 2 ва ўсходняй сцяне i адзін у паўднёвай.

У XVII стагоддзі замак атрымаў дадатковае ўмацаванне - штучнае возера (стаў), якое прыкрывала яго з усходу. Гэтае возера ёсць на планах і малюнках XVIII-XIX стагоддзяў.

На працягу XIV-XVIII стагоддзяў у выніку шматлікіх аблог часткова былі разбураны вежы i ўнутраныя пабудовы замка, захаваліся толькі рэшткі абарончых сцен i веж. Воіны, якіх ахоўвалі замак, жылі ў драўляных казармах, прыбудаваных да каменных замкавых муроў з паўночнага боку. Жылыя будынкі мелі форму выцягнутых прамавугольнікаў, падзеленых перагародкамі на асобныя памяшканні. У кожным пакоі стаяла кафляная печ. Падчас шматлікіх аблог замка і пажараў драўляныя пабудовы гарэлі, а печы разбураліся. Але насельнікі замка хутка зноў аднаўлялі сваё жыллё на старых каменных падмурках, а разбітыя кафлі ішлі на адбудову новых печаў. Таму археолагі знайшлі ў замку вялікую колькасць кафлі, кухоннага і сталовага керамічнага посуду, вырабаў з металу, каменю і косці. Асабліва ўражвае пячная кафля, якой тут знойдзена некалькі тысяч фрагментаў.

Пасля з'яўлення замка, Ліда, якая існавала да гэта як малазначнае паселішча на рацэ Каменцы, пачала расці вакол яго, і таму, Гедымін можа лічыцца заснавальнікам нашага горада, яму цалкам заслужана пастаўлены помнік. Горад як «падзамча» першы раз згадваецца ў 1366 г. у 5-тым томе «Гісторыя літоўскага народа» Тэадора Нарбута ў сувязі з забойствам манахаў-францішканаў. Верагодна, адначасова з замкам, з'явілася і вуліца Замкавая, якая вяла да гістарычнага цэнтра горада - Рынка (на поўнач ад замка, сёння плошча Леніна). Ад Рынкавай плошчы адыходзілі вуліцы Вiленская - да Вiльнi, Каменская - да ракi Каменкi i далей да Гродна, Крывая - злучала Каменскую вуліцу з рынкам, яе працяг ад Каменскай да замка ў пачатку XIX ст. насіў назву Нова-Кармелiцкай.

Далейшы лёс замка і горада

Незадоўга да сваёй смерці Гедымін размеркаваў удзелы паміж сваімі сынамі, і Лідскі замак з яго воласцю аддаў сыну Кейстуту. У 1346 годзе Лідская воласць была саступлена Кейстутам яго брату Альгерду, які каля 1370 года аддаў яе на трыманне свайму ўлюбёнцу, чалавеку простага паходжання Вайдылу. Кейстут нядоўга сядзеў на вялікакняскім пасадзе. У 1382 годзе Ягайла запрасіў свайго дзядзьку да сабе і адправіў у Крэўскі замак, у падзямеллі якога стары князь быў задушаны. Такая ж доля пагражала і сыну Кейстута Вітаўту, але ён паспеў збегчы да нямецкіх рыцараў, з якімі на працягу некалькіх гадоў трывожыў Літву. Са смерцю Вайдылы Лідская воласць перайшла ў валоданне Ягайлы, які ў граматах тытулаваў сябе князем віцебскім, крэўскім, лідскім.

10 студзеня 1389 годзе Ягайла у Лідзе, з вялікай доляй верагоднасці - у замку, асабістай пячаткай зацвердзіў два прывілеі каталіцкаму касцёлу ў ВКЛ.

У 1391 годзе Ягайла аддаў Ліду свайму брату Зміцеру Карыбуту, а ў студзені наступнага года моцны аддзел нямецкіх рыцараў, у шэрагах якога знаходзіўся і стрыечны брат Ягайлы Вітаўт, перайшоў па лёдзе каля Аліты (зараз - Алітус) Нёман, нечакана з'явіўся ля сцен Лідскага замка, спаліў прылеглую да яго частку горада і запатрабаваў здачы яго Вітаўту. Застрашаны з'яўленнем рыцараў, Зміцер Карыбут пакінуў замак Вітаўту і без бою, у глухую поўнач спешна збег з усім сваім аддзелам і накіраваўся ў Наваградак. Пішуць, што крыжакі вывезлі тады адгэтуль вялікія запасы зброі, правіянту і г. д. Атрымаўшы такім чынам у сваё валоданне Лідскі замак, Вітаўт у хуткім часе зноўку перабудаваў яго і зрабіў з адным з наймацнейшых умацаванняў.

4 жніўня 1392 годзе ў маёнтку Востраў каля Ліды паміж Вітаўтам і Ягайлам былі падпісаны ўмовы вечнага міру, прычым Лідская воласць засталася ў валоданні Вітаўта. Гэтая апошняя акалічнасць паслужыла нагодай для новай міжусобнай вайны. Карыбут запатрабаваў у Вітаўта вяртання Ліды, але атрымаў адмову. Таму на пачатку восені 1392 года сабраў значнае наёмнае войска і выступіў з ім супраць Вітаўта. Вітаўт не дапусціў Карыбута да сцен Лідскага замка і сустрэў яго на беразе Нёмана. Ля вёскі Дакудава адбылася кароткая, але гарачая бітва. Карыбут не выстаяў і адступіў да Наваградка, але і тут не сумеў абараніцца, быў разбіты, захоплены ў палон і са ўсім сваім сямействам адасланы да Ягайлы ў Польшчу.

Крыжакі неаднаразова з'яўляліся пад мурамі Лідскага замка. Зараз я раскажу пра сусветна вядомых людзей, якія ў складзе рыцарскіх аддзелаў наведвалі Ліду ці былі недалёка ад яе ў канцы XIV стагоддзя.

Калі вывучаеш войны Вялікага Княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам, сустракаеш прозвішчы замежных і, у тым ліку, брытанскіх рыцараў, якія ваявалі супраць нашых продкаў на баку Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. Сярод іх былі асобы, вядомыя па творах славутага Вільяма Шэкспіра.

Якім жа чынам яны патрапілі на беларускую зямлю?

У тагачаснай Прусіі пабывалі практычна ўсе арыстакраты Еўропы, яна, як магніт, вабіла шараговых ваяроў - усе яны жадалі стаць рыцарамі. Аднак у канцы XIII стагоддзя Тэўтонскі ордэн усё радзей і радзей мог прапанаваць замежным рыцарам удзел у баявых дзеяннях. Часцей за ўсё прыезджыя ваяры маглі разлічваць на сумную залогавую службу альбо небяспечную і нецікавую партызанскую вайну. У 1330-х гадах вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Лютар фон Браўншвейг (Luther von Braunschweig) прапанаваў план прыцягнення новых рыцараў. Сам Лютар быў адораным паэтам і заахвочваў аўтараў рэлігійных і гістарычных прац пісаць пра Тэўтонскі ордэн. Ён стварыў традыцыю, у якой паходы супраць Літвы сталі неабходным складнікам рыцарскай галантнасці. Важнае значэнне мела колькасць пасвечаных у рыцары па заканчэнні паходаў. Таму пасвячэнне адбывалася, як толькі хтосьці з кандыдатаў здзяйсняў годны ўчынак. Тады вялікі магістр запрашаў самых адважных ваяроў за стол, падобны да Круглага стала караля Артура, і ўзнагароджваў іх. Французскі гісторык Эрнест Лавіс так апісаў гэтае мерапрыемства: «У пышным шатры накрываўся круглы стол, пад гукі труб і цымбал вакол яго сядалі дзесяць прызнаных найадважнейшых рыцараў, і імёны іх услаўляліся потым паэтамі ва ўсім хрысціянскім свеце. Такія рыфмаваныя аповеды таксама запальвалі мужнасць, як у мінулы час казань Пятра Пустэльніка або Святога Бернара, і, дзякуючы… гэтаму, існаванне Ордэна працягвала падавацца патрэбным».

У адрозненне ад рыцараў, якія ўдзельнічалі тады ў Стогадовай вайне на тэрыторыі Францыі, матэрыяльная зацікаўленасць крыжакоў не была для іх галоўнай. Калі параўноўваць з астатняй Еўропай, гэта ў значнай ступені тлумачылася беднасцю мясцовага насельніцтва. Адзіным багаццем тут былі коні. Дарэчы, вялікі князь літоўскі Вітаўт меў 20 000 коней. Тэўтонскіх жа рыцараў вабіла зямля, а на рухомую маёмасць яны мала звярталі ўвагу. Таму ордэн прыцягваў ваяроў не грашыма, а рыцарскімі забавамі, банкетамі і адмысловымі знакамі шляхецкага гонару. Э. Лавіс пісаў, што замежнікам карцела паглядзець зблізку на гэты ордэн, адчуць гонар рыцарства, але больш за ўсё вабіла пагоня за цікавымі прыгодамі, ну і гісторыямі, пры дапамозе якіх можна было б потым рабіць уражанне на паненак.

Не дзіўна, што шматлікія нямецкія песні пачынаюцца словамі: «Жыў аднойчы рыцар, які паехаў у Прусію», а французскія казкі часам згадваюць пра гаротнае становішча рыцара, які браў удзел «у святым паходзе ў Прусію» і апынуўся ў незайздросным становішчы ашуканага мужа. Прыклад адносін рыцарства Еўропы да крыжовага паходу ў Прусію адлюстроўвае раман Антуана дэ ла Саль «Маленькі Жан дэ Сэнтрэ», ён уяўляе сабою амаль што падручнік для тых, хто прагнуў пасвячэння ў рыцары. Па аналогіі з сучасным спортам, у той час існавалі «прафесійныя» рыцары, іх асноўным заняткам быў выклік на бой супернікаў у чужых краях і бадзянне ад аднаго манаршага двара да іншага ў пошуках праціўнікаў, якія прынялі б іх умовы. Дзеля гэтага Жан дэ Сэнтрэ з Францыі накіраваўся ў Арагонскае каралеўства, дзе гаспадар шчодра адарыў яго. Пазней герой рамана пабываў пры двары імператара і выступаў супраць нямецкіх рыцараў, прычым імператар асабіста прысутнічаў на двубоях. Нарэшце ён перайшоў ад рыцарскіх гульняў да рэальнай вайны і адправіўся ў «крыжовы паход» на Прусію, дзе і здабыў сабе славу.

Але ж падарожжа ў Прусію было занадта дарагім для бедных рыцараў, і таму Тэўтонскі ордэн выплачваў грашовыя субсідыі. Практыка выплаты грашовых сум на дарогу стала настолькі шырока распаўсюджанай, што нават герцаг Баварскі, адзін з найбагацейшых людзей у Святой Рымскай Імперыі, прыняў грошы ад ордэна за службу ў 1322 годзе.

Зацішша ў Стогадовай вайне выклікала прыток французскіх, бургундскіх і брытанскіх рыцараў. Маршал Францыі Жан Бусіко (Jean Boucicaut) асабіста ўдзельнічаў у чатырох кампаніях на баку ордэна і, пакуль мужчыны ваявалі ў Прусіі, арганізаваў абарону сем'яў крыжакоў у Францыі ад разбойнікаў. З 1329 годзе ангельскія рыцары сталі рэгулярна ўдзельнічаць у зімовых або летніх наездах на Літву. Кульмінацыя актыўнасці адбылася паміж лістападам 1367 годзе і лютым 1368 года, калі каралеўскія ліцэнзіі на ўдзел у вайне ў Прусіі былі прадстаўлены чатырнаццаці рыцарам і іх атрадам, што ў суме склала дзевяноста сем ваяроў.

Для некаторых экспедыцыя ў Прусію стала звычкай. У 1360-х гадах там пабывалі рыцары ўсіх рэгіёнаў Англіі і розных сацыяльных узроўняў дваранства. Увогуле, у балтыйскіх крыжовых паходах удзельнічала мноства высакародных сем'яў Англіі: Warwicks, Herefords, Beauchamps, Uffords, Bohuns, Percies, Despensers, Fitz Walters, Beauchamps, Scropes, Courtenays, Montagues, Counenay. Генры Персі (Henry Percy), знакаміты Хотспур (Hotspur), сын першага графа Нартумберленда (first earl of Northumberland), пра якога падрабязней я распавяду далей, быў у Балтыйскіх крыжовых паходах у 1383 годзе і, верагодна, пад Лідай у 1392 годзе.


Кароль Генрых IV (граф Дэрбі). Самы вядомы ваяр, які стаў прататыпам рыцара з «Кентэрберыйскіх аповедаў», напісаных выдатным англійскім паэтам Сярэднявечча Джэфры Чосерам (1344-1400), а таксама прататыпам героя трагедый Вільяма Шэкспіра «Рычард II» і «Генрых IV», быў граф Дэрбі, будучы кароль Англіі Генрых IV. Крыніцай сюжэта для Шэкспіра з'явіліся некалькі ананімных п'ес і летапісы Холіншэда, з якімі, аднак, Шэкспір абышоўся вельмі вольна. П'еса пра валадаранне Генрыха IV складае сярэднюю частку тэтралогіі, пачаткам якой з'яўляецца «Рычард II», а канцом - «Генрых V». Усе яны звязаны паслядоўнасцю гістарычных падзей і супольнасцю некаторых персанажаў. Дзеянне п'есы разгортваецца ў Англіі на пачатку XV стагоддзя, калі каралеўская ўлада сцвярджала сябе ў барацьбе з феадаламі.

Генрых IV Балінгброк (Henry IV Bolingbroke), вядомы таксама як Генрых Ланкастар, кароль, заснавальнік Ланкастарскай галіны дынастыі Плантагенетаў. Генрых нарадзіўся ў замку Балінгброк за 20 км на поўнач ад Бостана ў 1367 годзе. Калі яму было дзесяць гадоў, яму быў нададзены тытул графа Дэрбі і самая ганаровая ўзнагарода ў каралеўстве - ордэн Падвязкі. У 1380 годзе ён ажаніўся з адной са спадчынніц графа Хэрафорда Марыяй Багун і ў 1384 годзе пераняў і гэты графскі тытул, з 1397 годзе Генрых стаў першым герцагам Хэрафордам. Прысвяціўшы сябе рыцарскім подзвігам, 1390-1393 гады Генрых правёў у крыжовых паходах, вандраваў па Цэнтральнай Еўропе, дабраўся да Венецыі, пабываў на Кіпры і ў Палесціне.

У 1390 годзе Генрых вырашыў далучыцца да крыжовага паходу ў Літву, у якім удзельнічалі французскія рыцары. Бацька, Джон Гонт, даў яму 3533 фунты на выдаткі. Былі наняты караблі з Данцыга, каб перавезці тры сотні англійскіх ваяроў. Дэрбі 16 жніўня прыбыў у Кёнігсберг. Прускія гісторыкі прызнаюць добрую службу графа і яго паплечнікаў.

Тым часам магістр Энгельгард Рабэ, сумесна з Вітаўтам і лівонскімі рыцарамі, рыхтаваўся да вайсковага паходу. Тут трэба заўважыць, што Вітаўт змагаўся за спадчынны вялікакняскі пасад і выкарыстоўваў рыцараў як часовых паплечнікаў. У жніўні, пасля прыбыцця добраахвотнікаў з Англіі і Францыі, падрыхтоўка да вайны ў Прусіі была скончана. Войска выступіла пад камандаваннем магістра Энгельгарда Рабэ (Engelhard Rabe), бо вялікі магістр Конрад Цольнер (Konrad Zolner) быў цяжка хворы. Французамі камандаваў рыцар Бусіко, сын маршала Францыі. Пад Коўняй (зараз - Каўнас) злучыўся з галоўнымі сіламі магістр інфлянцкі са сваімі рыцарамі. Мэтай паходу быў захоп Вільні і ўзвядзенне на вялікакняскі пасад Вітаўта. Пад замкам Вісельвальдэ (Wissewalde), недалёка ад старой Коўні, са сваім войскам чакаў Скіргайла. Было вырашана бараніць пераправы. Але магістр з атрадам адборных рыцараў абышоў Скіргайлу з поўначы, пераправіўся праз раку ўброд, раптоўна напаў на ліцвінскае войска і разграміў яго. Гэтая бітва адбылася каля мястэчка Віжуны. Скіргайла страціў сто чалавек. Рыцары ўзялі ў палон трох князёў: Сымона - сына Яўнута, Глеба Святаслававіча Смаленскага і Глеба Канстанцінавіча Чартарыскага (па версіі Стрыйкоўскага, гэтыя князі былі забітыя), а таксама адзінаццаць баяраў. Перамогу крыжакі адсвяткавалі шумным баляваннем. Скіргайла з часткай свайго войска схаваўся ў замку Вісельвальдэ, другая частка войска адступіла да Вільні. Недалёка ад Вільні, пад Веркамі, адбылася іншая бітва, у якой ліцвіны зноў атрымалі паражэнне і адступілі.

4 верасня 1390 года аб'яднаныя сілы крыжакоў і Вітаўта аблажылі Вільню. Адначасова па рэках Нёмане і Віліі былі дастаўлены харчовыя прыпасы і ваенны рыштунак. Усе вайсковыя кідальныя машыны праціўніка пачалі абстрэльваць Вільню з мэтай запаліць горад.

6 верасня пачаўся агульны штурм падпаленага горада. Верагодна, прыхільнікі Вітаўта адчынілі браму горада, і непрыяцель уварваўся ў яго, забіваючы ўсіх. Ян Длугаш (1415-1480), польскі гісторык, лічыў, што галоўнай прычынай падзення добра ўмацаванага горада была здрада. Длугаш пісаў: «…полымя з-за варожага прыступу нельга было спыніць, князь Казімір, інакш Карыгайла, родны брат польскага караля Уладзіслава, кідаецца ўцякаць з агню, але трапляе жывым у рукі ворагаў, якія ў вялікім мностве атачалі падпалены замак, і адразу ж падае абезгалоўлены; насадзіўшы галаву забітага на доўгую дзіду, ворагі паказваюць яе для застрашвання абаронцаў Верхняга замка, пераконваючы іх здацца і здаць замак…».

У лісце комтура ордэна пра вынікі штурму напісана: «…пасля першага штурму войска крыжакоў апанавала драўляны замак, у якім былі забіты тысячы людзей і згарэла шмат ваяроў пешых і конных з некалькімі русінскімі князямі, а менавіта адзін з братоў польскага караля, Карыгайла, у тым замку ўзята ў палон некалькі тысяч людзей рознага веку».

Длугаш піша пра 14 000 забітых, Георг Фойгт (1827-1891), нямецкі гісторык, спасылаючыся на хроніку Віганда, гаворыць пра 7000 забітых. Крыжакі разышліся па ўсім краі. Дзе быў у гэты час граф Дэрбі, невядома. У лістападзе з Польшчы падышоў Ягайла з польскім войскам, але да гэтага часу крыжакі адступілі, і ўзімку 1391 года Ягайла вярнуўся ў Польшчу.

20 кастрычніка Дэрбі вярнуўся ў Кёнігсберг, дзе заставаўся да 9 лютага 1391 года, там граф зладзіў вялікі банкет паміж Калядамі і Трыма Каралямі на ангельскі манер. Затым ён вярнуўся ў Данцыг і застаўся там да канца Вялікадня 1391 года, пры гэтым атрымаў падарункі ад новага магістра, Конрада фон Валенрода, і вёў перамовы з Польшчай пра абмен двух палонных ангельскіх рыцараў. Граф Дэрбі выкупіў палонных, атрымаў ад папы Баніфацыя IX вызваленне ад крыжацкага зароку і ў канцы сакавіка прыплыў у Англію.


Генры Персі Хотспур. Нартумберленды (Northumberland), лінія графаў, а пасля герцагаў з сямейства Персі, якая пакінула прыкметны след у гісторыі Англіі. Персі мелі значныя ўладанні ў Паўночнай Англіі. Першыя свае маёнткі, якія знаходзіліся ў Ёркшыры, яны атрымалі яшчэ з рук Вільгельма Заваёўніка.

Сэр Генры Персі (1364 (?) -1403), таксама вядомы па мянушцы Гары Хотспур (Harry Hotspur, Гарачая Шпора - Падшыванец), быў старэйшым сынам Генры Персі, 1-га графа Нартумберленда, пасвечаны ў рыцары каралём у Віндзары 23 красавіка 1377 года. Ужо ў 1383 годзе Гары Хотспур першы раз бярэ ўдзел у крыжовым паходзе ў Літву.

Войскі 11 верасня сабралася каля Трокаў. У Трокскім замку была моцная залога з ваяроў Скіргайлы, якія мелі ўсё неабходнае для абароны. Крыжакі ўжылі аблогавыя прыстасаванні. Ім удалося праламаць мур. Залога дамовілася з крыжакамі аб бесперашкодным выхадзе і пакінула замак, пасля чаго ён быў прыведзены ў належны стан.

Па Літве пайшла пагалоска аб узяцці Вітаўтам Трокаў, і шляхта, якая служыла яшчэ яго бацьку, пачала сцякацца пад сцягі князя. Аб канкрэтных дзеяннях Хотспура ў гэты час нічога не вядома, але ж ёсць звесткі, што толькі напрыканцы 1383 года. Гары Хотспур вярнуўся на радзіму, але, па сведчаннях гісторыкаў, мог браць удзел у выправе пад Ліду ў пачатку 1392 года. З ліста караля Кіпра каралю Англіі Рычарду ІІ ад 15 ліпеня 1393 года вядома, што Генры Персі ўвесну быў на Кіпры і, магчыма, сустрэўся з графам Дэрбі, што ўскосна можа сведчыць пра яго ўдзел у выправе 1392 года. Неабходна дадаць, што дзядзька Хотспура Томас Персі, граф Вусцер (Thomas Percy Worcester) таксама значны персанаж трагедый Вільяма Шэкспіра «Рычард II» і «Генрых IV».

Хотспур - адзін з галоўных герояў драмы «Генрых IV» Вільяма Шэкспіра. Шэкспір паказвае Хотспура выбітнай асобай, роўнай якой у атачэнні караля няма. Аднак пры ўсёй сваёй доблесці Хотспур - бунтаўшчык, якому не можа быць месца пры цэнтралізаваным дзяржаўным парадку. У Шэкспіра ён смелы і палкі, хуткі ў думках і дзеяннях, сваю рыцарскую волю ён ставіць вышэй за ўсё. Можна сказаць, што Хотспур - краса і гонар сыходзячага сярэднявечча. Хотспуру жыццё ўяўляецца арэнай бесперапынных рыцарскіх сутычак. Па ягоных словах: «Як жыць, дык каралёў зрынаць; як смерць, дык слаўная, каб прынцы гінулі з намі!» (частка I, V, 2).

Уладанні сям'і Персі знаходзіліся ў прыгарадзе Лондана - Татэнхеме. Таму футбольны клуб прэм'ер-лігі, штаб-кватэра і стадыён якога знаходзяцца ў паўночнай частцы брытанскай сталіцы, мае назву Татэнхем Хотспур. За сваю больш чым стагадовую гісторыю клуб стаў адным з самых тытулаваных на Туманным Альбіёне. Дэвіз клуба - «Адважыцца - значыць зрабіць».

З верасня 1933 года па кастрычнік 1959 года ў Англіі друкаваўся самы папулярны дзіцячы часопіс «Хотспур» (The Hotspur). Усяго было выпушчана 1197 нумароў. З канца кастрычніка 1959 года пачаў выдавацца часопіс-комікс для дзяцей «Новы Хотспур» (New Hotspur). На іх вырасла некалькі пакаленняў брытанцаў. А ў сучаснай англійскай мове слэнгавае слова «хотспур» абазначае халерыка са слабым кантролем над сваімі паводзінамі.


Джон Бафорт (Johann Beaufort) - асоба ў гісторыі вядомая. Удзел яго ў паходзе 1394 года на Літву пацвярджаецца гістарычнымі крыніцамі, напрыклад, англійскі гісторык пачатку ХХ стагоддзя А. Полард у сваім «Нацыянальным біяграфічным слоўніку» пісаў, што Бафорт у 1394 годзе ваяваў на баку Тэўтонскага ордэна ў Літве. Тое ж самае пішуць і іншыя гісторыкі.

Джон Бафорт, першы граф Самерсэта (1371 (?) -1410) быў першым з чатырох пазашлюбных дзяцей Джона Гонта, герцага Ланкастара, і яго палюбоўніцы Кэтрын Свайнфорд (пазней яна стала яго жонкай). Бафорт нарадзіўся прыблізна ў 1371 годзе, і прозвішча было яму нададзена з-за феода Бафорт ягонага бацькі ў правінцыі Шампань у Францыі. Такім чынам, будучы кароль Генрых IV (граф Дэрбі) быў яго зводным братам.

Паводле А. Поларда, вайсковую службу Джон Бафорт пачаў у 1390 годзе у крыжовым паходзе ў Паўночную Афрыку. Пасля законнага шлюбу свайго бацькі і маці ў 1397 годзе атрымаў тытул графа Самерсэта і месца ў парламенце побач з графам Уорвікам. Праз некалькі месяцаў атрымаў тытул герцага Глостэра і маркіза Дарсэта, ордэн Падвязкі і месца намесніка Аквітаніі. У 1398 годзе стаў адміралам флоту Ірландыі, канстэблем замка Дуўр і лордам-намеснікам Пяці партоў. Пасля таго, як кароль Рычард II быў зрынуты ў 1399 годзе, новы кароль Генрых IV адмяніў тытулы, якія даваліся прыхільнікам старога караля, і Джон Бафорт стаў проста графам Самерсэтам. Аднак ён быў лаяльным да новага караля і служыў яму на розных вайсковых і дыпламатычных пасадах. У 1404 годзе ён стаў канстэблем Англіі. Cамерсэт памёр пасля доўгай хваробы 16 сакавіка 1410 годзе у шпіталі Св. Кацярыны недалёка ад лонданскага Таўэра і быў пахаваны ў Кентэрберы.

Джон Бафорт, граф Самерсэт, - персанаж першай часткі драмы «Генрых IV» Уільяма Шэкспіра.

Магчыма, звесткі пра сляды «нацыянальных герояў» Англіі на тэрыторыі нашай старажытнай дзяржавы паспрыяюць развіццю сучаснага міжнароднага турызму на Беларусі.

* * *

У выніку міжусобнай барацьбы гэты хан Тахтамыш быў вымушаны ў 1370-я г. шукаць прыстанішча ў сярэднеазіяцкага эміра Тамерлана (Цімура), але прыз нейкі час выступіў супраць Тамерлана, у вайне 1389-1395 гадоў быў разбіты і ўцёк ВКЛ. Вялікі князь Вітаўт з разуменнем сустрэў Тахтамыша, прыняў яго ветліва, як ганаровага госця, бо бачыў ў перабежчыку сілу, якую збіраўся выкарыстаць у сваіх мэтах. У 1396 годзе Тахтамыш разам з іншымі татарскімі эмігрантамі трывала асеў у ВКЛ. У 1396 годзе Вітаўт пасяліў хана ў Лідзе, дзе той жыў два з паловай гады, валодаючы Лідскай воласцю, па сведчанні «Хронікі літоўскай i жамойцкай», «мешкал в Литве зо всеми уланы и мурзы своими на Лиде». Хан жыў у асобным доме, і раён за лідскім фарным касцёлам, дзе стаяў дом Тахтамыша, надоўга захаваў назву Тахтамышавага двара.

Планы Вітаўта аб узвядзенні на пасад Залатой Арды Тахтамыша і аб заваёве Масквы і ўсёй Русі разбіліся на р. Ворскле. Аднак Вітаўт не ўпаў духам і ў 1405 годзе пайшоў на Смаленск. Князь Юрый Святаслававіч Смаленскі пакінуў жонку і дзяцей у горадзе ды ўцёк у Маскву. Вітаўт узяў у палон княжае сямейства і разам з баярамі адправіў яго ў Літву, дзе пасяліў у Лідскім замку. Па сведчанні запісак пробашча Лідскага касцёла ксяндза Стагнева, складзеных каля 1450 года, князь Юрый Святаслававіч, жадаючы вызваліць сваё сямейства з палону, 5 жніўня 1406 года са значным узброеным аддзелам падступіў да Ліды, спаліў горад і пачаў рабіць прыступы да замка, але лідскі стараста Якуб з Селіцы адбіў прыступы Юрыя і прымусіў апошняга адступіць па дарозе на Вільню.


У 1410 годзе сярод 40 харугваў ВКЛ у Грунвальдскай бітве прыняла ўдзел і лідская харугва і амаль што цалкам палягла там. Паводле паданняў вядомы адзін удзельнік Грунвальдскай бітвы ў складзе Лідскай харугвы - ваверскі баярын Міхайла Гілігінавіч - які вярнуўся дадому (ёсць і іншыя варыянты імені).


Шлюб Ягайлы з Соф'яй Гальшанскай. Старадаўні род князёў Гальшанскіх меў радавым гняздом Гальшаны ў Ашмянскім павеце. У канцы XIV стагоддзя жыў князь Іван Альгімундавіч Гальшанскі, намеснік кіеўскі, муж смаленскай князёўны Агрыпіны. Праз сваю жонку ён быў блізка параднёны з Вялікім князем Вітаўтам, жанатым з Ганнай Смаленскай. Князь Іван меў трох сыноў. Адзін з іх - намеснік кіеўскі, другі - намеснік у Вялікім Ноўгарадзе, трэці, Андрэй, не займаў ніякіх высокіх пасадаў. Андрэй памёр, пакінуўшы трох дачок: Васілісу, Соньку і Марыю. Родная сястра Андрэя, Ганна Іванаўна, была жонкай Пяста Мазавецкага - Баляслава III - і вядомая ў гісторыі як фундатарка шпіталя св. Духа ў Варшаве, якая тады была яшчэ сталіцай Мазовіі, а не ўсёй Польшчы.

Дочкі Андрэя Іванавіча разам з маці, Аляксандрай Дзмітраўнай Друцкай, жылі ў брата маці, князя Сямёна Друцкага. Род Друцкіх ішоў ад славутага беларускага князя Усяслава Чарадзея! Некаторыя з даследчыкаў лічылі, што будучая каралева больш хілілася да радні з боку маці, чым бацькі. Пра дзяцінства Сонькі нічога не вядома, апроч факту, што выхоўвалася яна разам з шасцю сынамі дзядзькі, маладымі князямі Друцкімі. Аляксандра Дзмітраўна ў той час яшчэ жыла, бо значна пазней яна наведвала дачку ў Вавельскім замку. Трэба думаць, што Сонька нарадзілася каля 1405 года.

У маі 1420 годзе памерла Альжбета Пілецкая, трэцяя жонка Ягайлы, а сівы кароль Уладзіслаў Ягайла ўсё яшчэ не меў сына. Яму быў неабходны яшчэ адзін шлюб, і пасля перабору розных варыянтаў Вітаўт прапанаваў Ягайлу сваячніц сваёй жонкі.

Неўзабаве Ягайла гасцяваў у Друцкіх і пазнаёміўся там з князёўнай Сонькай Гальшанскай. Напачатку кароль разважаў пра магчымы шлюб з яе старэйшай сястрой Васілісай, але хутка пакінуў гэтую думку і зацікавіўся Сонькай. Паколькі па старадаўнім беларускім звычаі нельга было выдаваць малодшую сястру перад старэйшай, Васілісу хутка сасваталі за князя Івана Бельскага.

Вось як пра ўсё гэта напісана ў «Хроніцы Быхаўца»: «Едучы назад (са Смаленска), вялікі князь Вітаўт і кароль Ягайла заехалі ў Друцк і былі на абедзе ў князя друцкага Сямёна Дзімітравіча. У караля Ягайлы ўжо трэцяя жонка была памерла без плода, ды ён пабачыў у князя Сямёна дзвюх яго прыгожых пляменніц, старэйшую Васілісу, празваную Бялухай і малодшую Соф'ю. I прасіў Ягайла Вітаўта, кажучы так: «Было ў мяне тры жонкі, дзве ляхавіцы, а трэцяя нямкіня, але плода з імі не меў. А цяпер прашу цябе, з'яднай мне ў князя Сямёна сястрычну яго меншую Соф'ю, я за сябе замуж яе ўзяў бы, можа, хоць з роду рускага (маецца на ўвазе беларускага - Л. Л.) мне Бог дзяцей даў бы». I калі князь Вітаўт пачаў гаварыць пра тое князю Сямёну, той адказаў: «Гаспадару вялікі княжа Вітаўце! Кароль Ягайла - брат твой каранаваны і гаспадар вялікі. Не магло б быць маёй пляменніцы лепей, як за яго міласць замуж пайсці, але ж не хачу я рабіць ганьбу і сорам яе старэйшай сястры тым, што малодшая раней за старэйшую замуж пайшла б. Дык няхай бы яго міласць старэйшую ўзяў». I калі князь вялікі Вітаўт пра гэта каралю Ягайлу паведаў, той яму адказаў: «Я і сам ведаю, што старэйшая сястра цудоўнейшая, але мае вусы, а гэта азначае, што дзеўка яна моцная, я ж чалавек стары - не смею на яе спакусіцца».

Потым князь вялікі Вітаўт з князем Сямёнам, памысліўшы, выклікалі да сябе князя Івана Уладзіміравіча Бельскага, братаніча свайго, і ўгаварылі яго ажаніцца са старэйшаю сястрою Васілісаю Бялухаю, а Соф'ю заручылі з каралём Ягайлам».

Шлюб Ягайлы з Сонькай Гальшанскай адбыўся ў Наваградку ў лютым 1422 года. Непасрэдна перад тым абранніца караля нанова ахрысцілася і ўзяла імя Зоф'я. Вядома, што вяселле было шумнае і па шлюбе маладыя выехалі ў Ліду, дзе і адбываліся галоўныя ўрачыстасці. У Лідзе сабралася мноства гасцей, у ліку якіх быў нунцый папы Марціна V Антоній Зена, чэшскае пасольства, ліцвінскае баярства. Святкаванне ў Лідзе цягнулася аж да вялікага посту. На момант жаніцьбы Ягайла меў 71 год а ягоная чацвёртая жонка толькі 17.

Ян Длугаш гэтак апісвае падзеі: «… усе паны і рыцары, якія былі разам з каралём Уладзіславам, рознымі парадамі, просьбамі і ўсімі даступнымі спосабамі, як маглі адгаворвалі караля Уладзіслава ад жаніцьбы з ліцвінкай, аднак Аляксандр Вітаўт абясцэніў усе іх высілкі і схіліў караля Уладзіслава да шлюбу са сваёй пляменніцай, княжной Сонькай… Вярнуўшыся на запусты ў Наваградак, кароль Уладзіслаў узяў у жонкі князёўну Соньку, параднёную з ім у трэцім і чацвёртым калене, якая да гэтага была абмытая вадой вадохрышча - бо была раней праваслаўнага веравызнання - змяніўшы пры гэтым імя на Зоф'ю. У прысутнасці біскупа віленскага Мацея, які прамовіў словы святой прысягі, заключыў гэты, не мілы палякам, а яму - на мяжы ўжо лядашчай старасці - цалкам непатрэбны шлюб. З вялікай пышнасцю быў праведзены ў Наваградку шлюб паміж няроўнымі партнёрамі: згрыбелым ужо каралём Уладзіславам і маладзенькай у той час Зоф'яй, якая вызначалася болей прыгажосцю, чым звычкамі.

Пасля вяселля кароль польскі Уладзіслаў выехаўшы ў чацвер, раніцой пасля Папельца, з новай жонкай Зоф'яй, з Наваградка прыбыў у Ліду. Прыехаў туды да яго нунцый папы Марціна V, доктар абодвух правоў Антоній Зено, каб выслухаць сведак, якія павінны былі быць прадстаўленыя ў спрэчцы з крыжакамі з Прусіі і каб убачыць арыгіналы прывілеяў і дакументаў. Гэтак ён сваім прыбыццём даставіў задавальненне і каралю Уладзіславу, і Аляксандру Вітаўту, кароль і князь падарылі яму багатыя падарункі. Калі гэты незвычайны муж у адпаведнасці са сваім бездакорным характарам марудзіў з іх прыёмам (папа Марцін паслаў для вывучэння гэтай справы такога чалавека, пра якога ведаў, што гэты суддзя несумненна кіруецца справядлівасцю, не паддасца прагнасці і не возьме падарункаў, хоць бы яны мелі невядома якую вартасць - забараніўшы яму адмысловым указам іх прыняцце - не магчыма яго перакупіць каштоўнымі падарункамі), ён пачаў гэтым абуджаць вялікую сімпатыю і ў караля Уладзіслава, і ў князя Вітаўта. Зваротным шляхам з Ліды ў Польшчу, які ішоў праз Ваўкавыск і мясцовасці, праз якія звычайна праходзіла яго дарога, кароль Уладзіслаў накіраваўся ў Кракаў, узяўшы з сабой нунцыя апостальскай сталіцы Антонія Зена».

Гісторыкі вызначылі, што ў Лідзе вялікі князь Вітаўт а гэта значыць, што і кароль Ягайла з маладой жонкай, былі 27.02.1422 года, дадам што першае зафіксаванае наведванне Вітаўтам Ліды адбылося 20.05.1396 года.

Адразу пасля шлюбу Зоф'я пачала ствараць сабе такое становішча, вынікам якога павінна была стаць яе каранацыя. Але першая дата ўрачыстай каранацыі - 26 снежня 1422 года - па невядомых прычынах не была вытрымана, а новую не вызначылі. Гэта магло быць звязана, з абыякавым стаўленнем Ягайлы да жонкі. Звярталі ўвагу, што каралева не цяжарыла і нават у самыя першыя месяцы шлюбу сівы муж ад'язджаў на доўгі час, пакідаючы маладую жонку ў чужым для яе атачэнні. Таксама пэўную ролю адыграў унутраны стан палітычных сілаў у Польшчы - ніводная палітычная група не мела зацікаўленасці ў каранацыі маладой жонкі Ягайлы. Тады Сонька паказала добры розум, хутка ацаніла сітуацыю і зрабіла стаўку на групоўку, сярод якой усё болей вылучаўся малады канонік Збігнеў Алясніцкі, цікава, што гэтая групоўка ад пачатку была супраць шлюбу Ягайлы і Сонькі Гальшанскай.

У выніку, каранацыя была прызначана на сакавік 1424 года. Сваёй прысутнасцю яе аздобілі суседнія манархі: Сігізмунд з Барбарай Люксембурскай і дацкі кароль Эрык. Прыбылі чатыры Пясты Мазавецкія, восем Шлёнскіх, мноства князёў літоўскіх і беларускіх на чале з Жыгімонтам Карыбутавічам, які меў з сабой пяцьсот ваяроў. Каранацыю правёў арцыбіскуп Гнезненскі, асістэнтамі былі арцыбіскуп львоўскі, трое біскупаў і папскі легат. Святочныя забавы цягнуліся тыдзень. Агульную ўвагу выклікала адсутнасць вялікага князя літоўскага Вітаўта. Была гэта самая ўрачыстая каранацыя каралеўскай жонкі за ўсю гісторыю Польшчы. Каранацыя ўзмацніла становішча Сонькі, і нядаўняя «беларуская дзяўчына» (як акрэсліў Длугаш) пачулася ў новай айчыне больш пэўна.

Зоф'я нарадзіла Ягайлу трох сыноў (сярэдні памёр немаўлём) і стала заснавальніцай дынастыі Ягелонаў. У сучаснікаў былі сумненні наконт бацькоўства першага хлопчыка, але трэці сын Казімір, які нарадзіўся, калі каралю Ягайлу ўжо споўнілася 76 гадоў, быў настолькі падобны да бацькі, што атрымаў мянушку Ягелончык (г. з. малы Ягелон). Дынастыя Ягелонаў кіравала аб'яднанай польска-ліцвінскай дзяржавай да 1572 года, Венгрыяй і Чэхіяй - да 1529 года. Два сыны, чатыры ўнукі і два праўнукі Зоф'і Гальшанскай сталі каралямі, і яна ўвайшла ў гісторыю як «маці каралёў».

Вядома, што ажно да пачатку XX стагоддзя кожнае чацвёртае або нават кожнае трэцяе дзіця памірала не дасягнуўшы паўнагадовага ўзросту. Каб зразумець значнасць Зоф'і Гальшанскай, для прыкладу разгледзім сям'ю знатных сужэнцаў - англійскага караля Эдуарда I (1239-1307) і ягоную жонку, каралеву Элеанору (1241-1290). Дзеці, якія нарадзіліся ў гэтай каралеўскай сям'і, натуральна, гадаваліся ў самых лепшых умовах, якія толькі магла забяспечыць сярэднявечная Еўропа: яны жылі ў палацы, у іх было шмат ежы і вопраткі, у пакоях было цёпла, не мелася праблем з чыстай вадой. Прынцаў і прынцэс абслугоўвала цэлая армія персаналу, сярод якога меліся і лепшыя лекары. У прыдворных хроніках пералічана 16 дзяцей, народжаных каралевай Элеанорай з 1255 па 1284 года. З іх 10 дзяцей памерлі маленькімі, толькі 6 дасягнула 11-ці гадовага ўзросту. І толькі апошняе, 16-тае дзіця, прынц Эдуард, дажыў да паўнагоддзя і пасля смерці свайго бацькі ўзышоў на пасад Англіі пад імем Эдуарда II. Інакш кажучы, толькі з шаснаццатай спробы Элеанора справілася з галоўнай абавязкам ангельскай каралевы - падаравала каралеўству спадчынніка пасада.


А беларуска, каралева Зоф'я выступіла ініцыятарам першага перакладу Бібліі на польскую мову, вядомага як «Біблія каралевы Зоф'і» і ўвесь час аказвала істотную фінансавую падтрымку Кракаўскай акадэміі. Яна была адзіным заступнікам гэтай навучальнай установы, у якой вучыліся і ўсе тагачасныя беларусы, і дзе ступень бакалаўра атрымаў наш вялікі Францішак Скарына.


Пасля смерці Вітаўта вялікім князем літоўскім быў абвешчаны Свідрыгайла, родны брат Ягайлы. Свідрыгайла, жадаючы разарваць усякую сувязь паміж Літвой і Польшчай, неадкладна падняў вайну супраць Ягайлы, з-за чаго і быў пазбаўлены вялікага княжання, а на літоўскі пасад абраны малодшы брат Вітаўта Жыгімонт. Паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам завязалася вайна. Жыгімонт сваімі войскамі заняў некаторыя літоўскія гарады, у тым ліку і Ліду. У жніўні месяцы 1433 г. Свідрыгайла зрушыўся адбіраць гарады, занятыя Жыгімонтам. Атрад Свідрыгайлы, які складаўся з цвярскога палка, татараў і літоўскага апалчэння з Ашмянаў, падступіў да Ліды. Залога Жыгімонта, якая бараніла Лідскі замак, нягледзячы на энергічныя дзеянні Свідрыгайлы, замка не здала, і Свідрыгайла абмежаваўся толькі тым, што спаліў дашчэнту ўвесь горад і адступіў да Трокаў.

XVI і наступныя стагоддзі

Карыстаючыся хваробай караля і вялікага князя Аляксандра Казіміравіча, татары здзейснілі моцны набег на Беларусь. У чэрвені месяцы 1506 г. пяцідзесяцітысячная татарская арда пераправілася цераз раку Прыпяць, разрабавала Мазыр і Слуцк і спынілася каля Клецка. Вестка аб нашэсці была атрымана толькі тады, калі перадавыя татарскія аддзелы з'явіліся на берагах Нёмана. Хворы кароль абвясціў паспалітае рушэнне, г. зн. пагалоўнае ўзбраенне шляхты на абарону Айчыны. Месцам збору апалчэння была прызначана Ліда. Хворы Аляксандр быў вымушаны прыбыць у Ліду, яго суправаджала жонка Алена Іванаўна, канцлер Ласкі і некалькі іншых прыбліжаных да караля асоб, у тым ліку віленскі біскуп Табар. Тым часам татары пераправіліся на правы бераг Нёмана і пачалі рабаваць і паліць Беліцу, Жалудок і інш. А кароль і вялікі князь ужо цалкам пазбавіўся сіл і пачаў рыхтавацца да смерці. 24 ліпеня 1506 г. у пакоях Лідскага замка Аляксандр Казіміравіч паспавядаўся, прычасціўся і падпісаў духоўны тастамент. Між тым татары, ніколькі не асцерагаючыся блізкасці паспалітага рушэння, ужо руйнавалі наваколлі Ліды. Аднак адзін з высланых у наваколлі горада раз'ездаў, за сем вёрст ад Ліды сустрэў натоўп татараў падчас рабункаў, разбіў яго і ў знак перамогі прынёс у горад на дзідах дзесяць татарскіх галоваў. Вестка аб блізкасці татараў усіх уразіла, і было вырашана перавезці Аляксандра Казіміравіча, які ўжо паміраў, у сталіцу. Яго паклалі ў насілкі, прывешаныя паміж двух коней, і ў суправаджэнні двара і невялікага ахоўнага аддзела раніцай 27 ліпеня 1506 г. вывезлі з Ліды. Услед за выездам караля рушэнне на чале з князем Глінскім і намеснікам гетмана Станіславам Кішкам выступіла з Ліды і ў кровапралітнай бітве ля Клецка разбілі татарскае войска. Радасная вестка аб перамозе заспела Аляксандра яшчэ жывога, ён не мог ужо гаварыць, але толькі мігамі выяўляў сваю радасць і падзяку Богу. Аляксандр Казіміравіч памёр у ноч на 20 жніўня 1506 г.

У 1524 г. лідскі стараста Юрый Іллініч надаў святару лідскай царквы Прачыстай Багародзіцы Васілю, якая стаяла на супрацьлеглым ад замка баку замкавага става, некалькі пустых зямель і агародаў у Лідскім павеце, каб а. Васіль уносіў штогадовую плату на ўтрыманне Лідскага замка

У 1568 годзе лідская шляхта прасіла вялікага князя ВКЛ Жыгімонта Аўгуста, «абы суды земские в оном повете Лидском отправованы были в замку, а не по корчмам на месте». Вялікі князь задаволіў гэтае жаданне, і паседжанні земскага суда пачалі адбывацца ў замку.

Герб Ліды, 1792 год.

17 верасня 1590 года горад Ліда атрымаў Магдэбургскае права і гарадскі герб. Лепшы ў XX стагоддзі знаўца лідскай гісторыі Міхал Шымялевіч гэтак інтэрпрэтаваў сімволіку лідскага герба: ключы - сімвалізуюць свабоду, леў - незалежнасць, а каралеўская мантыя над імі - апеку караля над горадам.

Лідскі замак заўсёды з'яўляўся дзяржаўнай уласнасцю, падтрымліваўся і ахоўваўся мясцовай шляхтай, быў сховішчам для навакольных жыхароў пры з'яўленні непрыяцеля, складам зброі, месцам для пасяджэння судоў і збору павятовых соймікаў, турмой і г. д.

Па сведчанні дакументаў XVII ст., г. Ліда ў старажытнасці складаўся з наступных частак: замка, двара старасты, уласна горада і прадмесця Зарэчча. Для захоўвання кніг Лідскага земскага суда ў 1638 годзе было дазволена за кошт мясцовых жыхароў пабудаваць у замку склеп пры сцяне. У 1766 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі дазволіў пабудаваць у замку мураванае сховішча архіўных дакументаў. Яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя ў развалінах адной з вежаў замка былі бачныя сляды судовых пасяджэнняў - гісторык і інжынер Тэадор Нарбут абследаваў руіны ўмацавання і запісаў, што ў адной з кутніх вежаў на верхнім паверсе меліся шыкоўныя залы і пакоі, а на ніжнім - судовая і архіўная «ізбы». Аднак трэба зазначыць, што пры археалагічных даследаваннях рэшткі склепа выявіць не ўдалося. Магчыма, будынак не меў добрага фундамента ці архіў мясціўся ў вежах.

Турма знаходзілася ў сутарэнным паверсе паўночна-ўсходняй вежы. Існаванне замкавай турмы бачна з прысуду Лідскага гродскога суда ад 8 студзеня 1607 года, якім пан Шчасны Рэксць быў абавязаны адбыць кару «за примовку и налаяне пану Езеашу Сумороковичу тутъ в замку выконать».


Цяжкія часы наступілі для горада ў 1654-1663 гады. У выніку вайны ў 1655 годзе горад быў спустошаны. У 1656 і 1657 гадах нашу мясцовасць наведаў неўраджай, а ўвосень таго ж года ў Лідзе з'явілася маравая язва, якая не перапынялася да зімы наступнага года. Усе судовыя і адміністрацыйныя ўстановы былі зачыненыя. Дзякуючы ўсеагульнаму замяшанню, у Лідскім павеце з'явілася маса вандроўнага люду: вакол адбываліся рабаванні, забойствы, наезды на чужыя маёнткі і г. д.

Улетку 1659 года князь Хаванскі, рухаючыся з вялікім войскам з Вільні ў Гродна, падступіў да Ліды. Лідскі замак, нягледзячы на адчайную абарону, быў узяты, а горад разрабаваны і спалены. Ліда прыйшла ў поўны заняпад. Цалкам спустошаны горад не мог уносіць у скарб нават самыя малыя плацяжы. З увагі на гэта на сойме 1676 года была выдадзена адмысловая канстытуцыя, па якой Ліда на чатыры гады вызвалялася ад усіх грашовых і натуральных павіннасцей, пастою войскаў, пастаўкі коней для перавозкі пошты і г. д.

Але бедствы Ліды працягваліся. Уначы 29 чэрвеня 1679 года ў горадзе ад невядомай прычыны ўспыхнуў пажар. З-за сухога надвор'я і моцнага ветру агонь з неверагоднай хуткасцю распаўсюдзіўся па ўсім горадзе. На працягу адной гадзіны пажар знішчыў 38 мяшчанскіх і яўрэйскіх хат, з якіх аплачваліся падаткі ў скарб, не ўлічваючы хат манастырскіх і шляхецкіх. Многія хрысціяне і яўрэі згарэлі жывымі, а многія атрымалі цяжкія апёкі. Увесь хатні скарб, быдла і да т. п. зрабіліся здабычаю полымя.

Падчас так званай Паўночнай вайны, у 1702 годзе адзін з атрадаў шведскіх войскаў разрабаваў і спаліў частку горада і падарваў замкавыя вежы. Умацаванне цалкам страціла якое-небудзь ваеннае значэнне. У Лідзе была пакінута шведская залога, а ўтрыманне яе ўскладзена на жыхароў. У 1706 годзе шведы другі раз разрабавалі горад і яго наваколлі, а затым тое самае паўтарылі і ў 1708 годзе, рухаючыся з Гродна цераз Ліду па Івейскім гасцінцы пад начальствам самога караля Карла XII. Пасля Паўночнай вайны на тэрыторыі Лідскага замка жылых пабудоў не было, яго муры паступова пачалі разбурацца. Аднак ва ўцалелых памяшканнях захоўваліся гарадскія акты і праходзілі суды.

Сойм 1717 года з увагі на бядотнае становішча горада пацвердзіў канстытуцыю 1676 года і дэкрэты Скарбовага Трыбунала, якімі Лідзе былі прадстаўлены правы і вольнасці. У 1776 годзе сярод нешматлікіх гарадоў Лідзе назаўжды было пакінута Магдэбургскае права, а кароль Станіслаў Аўгуст прывілеем 1788 года дараваў гораду пляц зямлі для пабудовы на ім ратушы. Зразумела, што гэта была не першая ратуша ў Лідзе.

У 1772 годзе Ліда была занята рускімі войскамі пад начальствам генерала графа Татлебена, які ўніверсалам ад 20 студзеня 1773 года патрабаваў ад жыхароў Лідскага павета прыняць на сябе забеспячэнне сваіх салдат.

Горад з замкам у 1784 г., па апісанні выканаўца абавязкаў лідскага пробашча ў той год, ксяндза Сымона Вырыкоўскага, меў наступную тапаграфію: «Касцёл парафіяльны ў горадзе, павеце і дэканаце Лідскім, ад касцёла ў кірунку на захад праз семдзесят крокаў знаходзіцца касцёл і кляштар кс. кармелітаў antiqua observantia (г. з. старога абраду - т. з. "кармелітаў босых" - Л. Л.), у кірунку на поўнач праз чатырыста пяцьдзесят крокаў знаходзіцца касцёл, кляштар і павятовая школа кс. піяраў, у кірунку на летні ўсход праз дзевяцьсот крокаў парафільная ўніяцкая царква (ritus graci uniti), праз дзвесце пяцьдзесят крокаў у кірунку на зімовы ўсход стары мураваны замак, у кірунку паміж летнім захадам і поўначчу праз пяцьсот крокаў стаіць яўрэйская бажніца, у кірунку на поўнач праз дзве тысячы пяцьсот крокаў яўрэйскія могілкі».

10 красавіка 1794 годзе палкоўнік войскаў ВКЛ інжынер Ясінскі, разам з графам Несялоўскім, сабраў значную частку паўстаўшых войскаў, з 18 гарматамі выступіў з Вільні і размясціўся лагерам каля Ліды, пагражаючы рускім войскам пад начальствам князя Цыцыянава, якія стаялі ў Гродна і ў Нясвіжы пад начальствам генерала Туталміна. Але ўлетку таго ж года паўстанцы каля Ліды былі разбіты, а сам горад канчаткова заняты рускімі войскамі. Пры гэтым Лідскі замак зноў быў разбураны, а старажытны архіў, які захоўваўся ў ім, вывезены войскамі ў Смаленск.

У 1797 годзе нейкі рускі генерал-маёр занатаваў: «… каля горада стаяць рэшткі старажытнага замка, чатыры каменныя сцены, пабудаваныя чатырохкутнікам на вышыні, у кутах жа тых сцен адзін супраць другога збудаваны бастыёны; але ў адным месцы каля кута сцяна абвалілася на тры аршыны, тут жа з'явілася трэшчына-выгін, які пагражае падзеннем. Гэтыя сцены часткова пабудаваны з дзікага каменю, а часткова з цэглы, у сярэдзіне пустое месца, сухое і ўзвышанае».

Сцены замка стаялі цалкам пустыя і разбураныя, за выключэннем паўднёвай сцяны, якая сяк-так захавалася ў сваім першапачатковым выглядзе.

Перад пачаткам вайны 1812 годзе каля Ліды быў размешчаны 6-ты корпус рускіх войскаў пад камандаю генерала Дохтурава. У маі таго ж года ваколіцы горада наведаў імператар Аляксандр I і правёў агляд войскаў.

***

Прайшоў час. Не толькі просты народ, але і шляхта забылася, калі і хто будаваў наш замак. У народзе захавалася добрая памяць пра каралеву Бону, і будаўніцтва Лідскага замка доўгі час, пэўна, да прац Тэадора Нарбута, прыпісвалася менавіта каралеве Боне. Рэктар лідскіх піяраў у першай палове XIX стагоддзя, ксёндз Язафат Вайшвіла пісаў: «Замак у горадзе прыпісваюць каралеве Боне, як быццам яна яго пабудавала. Амаль што кожны, у каго пра гэта пытаеш, так кажа. Нават лідскі магістрат менавіта гэтак каля 1820-га года рапартаваў, і гэтак жа лічыў і сам бурмістр Вінцэнт Бенстажыцкі. Так ён і напісаў у рапарце, выконваючы загад урада, які патрабаваў інфармацыю пра Лідскі замак. […]

Я запытаў аднаго шляхціца:

- Ці ведаеш, чый замак?

Пан шляхціц адразу адказаў:

- Ведаю вельмі добра - каралевы Боны.

- А ці Бона яго вымуравала?

- Так, Бона, няма сумнення.

- Як даўно?

- Дастаткова даўно.

- А хто гэта такая, каралева Бона? Жонка якога караля?

- Гэтага не ведаю.

- А ці яна была хрысціянкай, ці паганкай?

- Паганкай!

- А дзе яна жыла?

- Тут, у Лідзе.

- А пахаваная дзе?

- У нашым замку.

- А хто пахаваны пасля яе?

- Кароль.

- А як яго звалі?

- Не ведаю.

- А што яшчэ ведаеш пра гэты замак?

- Больш нічога не ведаю.

- А хто яго знішчыў?

- Не ведаю.

Вось і ўсё, што можна даведацца пра замак ад мясцовых людзей».

XIX і XX стагоддзі

Вядомы гісторык Яўхім Лелявель у студзені 1805 года наведаў наш горад і пакінуў наступны запіс: «Ліда - мураваны горад з драўлянымі сценамі. Тут ёсць толькі мураваныя касцёлы, з іх піярскі касцёл ужо 6 гадоў як накрыўся дахам і белым пакрыццём. Апрача гэтых двух з паловай касцёлаў (фарны, кармеліцкі і трэці, недабудаваны, піярскі - адсюль "два з паловай касцёлы" - Л. Л.) ёсць яшчэ замак з чатырма высокімі сценамі, які сведчыць што Ліда была горадам літоўскіх князёў і мела здольнасць да абароны. Па рагах замка стаяць разваленыя вежы, з трох бакоў замка цячэ рака Лідзейка а за замкам - драўляная пустая царква (грэка-каталіцкая Уваскрэсення Гасподняга - Л. Л.). Больш няма мураваных пабудоў, толькі адна карчма мае мураваную пярэднюю сцяну».

Рэктар лідскіх піяраў Вайшвіла падае і такую інфармацыю пра замак: «На шчасце замак у вачах урада займеў каштоўнасць, і таму мае з яго боку абарону ад знішчэння рукамі людзей. Указам цара… распачата справа аб разбурэнні Лідскага замка ў 1840 г.

Пан лідскі гараднічы, падпалкоўнік Стугін вырашыў вымураваць масток цераз рэчку Каменку і пачаў рабіць яго з камянёў, якія валяліся каля дарогі пры замку. Аднак да муроў не дакрануўся. Тым не менш пачаліся размовы, і па павеце распаўсюдзілася навіна, што гараднічы разбірае замак. Хутка гэтая навіна дайшла на Нарбута, гістарыёграфа Літвы. У нашай мясцовасці ён быў руплівым абаронцам замкавых парэшткаў, пра разбурэнне замка ён данёс губернскаму ўпаўнаважанаму, і той распачаў следства. Гараднічы даводзіў, што яго недарэчна абвінавацілі, але пасля далучэння Лідскага павета… да Віленскай губерні, з Вільні было загадана: «Привести в первобытное состояние». Гараднічы ў рапарце справядліва адказаў, што гэтага зрабіць немагчыма, бо для гэтага, трэба пабудаваць новы замак. Аднак у новым указе было напісана: «Привести… в первобытное состояние. А за неисполнение записать Городничего в черную книгу».

Замак у XIX стагоддзі.

Гараднічаму нічога не заставалася як пачаць працы па прывядзенні замка ў першасны стан. Калі ж Стугін распачаў працу, яго ж канцылярыст Яраслаў Ёлец, каб не было клопату, падаў наступную параду: адрапартаваць, што загад ужо выкананы і замак «приведен в первобытное состояние». Гэтак і зрабілі - гараднічаму справа ўдалася, бо на гэтым усё скончылася, і ўказаў больш не было».

Дадам яшчэ: з тэксту рэктара Вайшвілы даведваемся, што каля таго самага мастка цераз рачулку Каменку, які хацеў перабудаваць лідскі гараднічы, стаяў млын, і «меліся сярністыя крыніцы, бо ў гэтым месцы пасля цёплага дажджу, пры святле сонца, бліжэй да вечара, чутны пах серы. Аднак першыя зробленыя пробы паказалі, што запасы серы там недастатковыя для таго, каб пабудаваць лекавыя купальні». Зразумела, што справа ідзе пра мост і млын, якія знаходзіліся каля замка.

У 1864 годзе замак вывучаў і замалёўваў архітэктар, мастак і гісторык мастацтваў І. І. Пакрышкін, ён занатаваў: «У нядзелю я накіраваўся ў Ліду. Там уцалеў толькі замак, чатыры сцены, але вежы, якія стаялі па кутах, разваліліся. У наш час ён уяўляе чатырохкутную, амаль квадратную прастору, абнесеную сценамі, і ніякіх слядоў пабудоў пасярэдзіне. Замак хутчэй паходзіць на шырокі двор, куды збіраліся жыхары са сваёй маёмасцю і быдлам і дзе за высокімі сценамі чакалі, каб непрыяцелі пайшлі. Замак гэты мною вымераны і замаляваны».

'Лiдскi замак' мастака В. В. Гразнова (?-12.03.1909). Мастак замаляваў замак з паўднёва-заходняга боку. Малюнак датуецца другой паловай XIX ст. Беларускі археолаг Алег Трусаў лічыць, што гэта найбольш дакладны з навуковага боку малюнак з выявай замка: 'Найбольшай дакладнасцю вызначаецца карціна Васіля Гразнова, дзе паказаны асобныя дэталі забудовы, у тым ліку і адзін з данскераў (прыбіральня) на ўсходняй сцяне. На той час рэшткі вежаў ужо былі ніжэйшымі, а штучнае возера пачало зарастаць чаротам'.

Яшчэ ў 1878 годзе лідскі павятовы прадвадзіцель дваранства Сцяпан Буткевіч хадайнічаў перад генерал-губернатарам пра знос сцен Лідскага замка, але генерал-губернатар Альбядзінскі адмовіў яму. 27 верасня 1882 годзе знос замкавых сцен абмяркоўваўся гарадской думай. Пасля вялікага пажару 1891 года лідзяне самі, без дазволу, пачалі разбіраць замак на будаўнічыя матэрыялы, але дзякуючы ўмяшальніцтву Імператарскай археалагічнай камісіі, якая прыслала вывучаць замак археолага Пятра Пакрышкіна, Лідскі замак атрымаў статус гістарычнай каштоўнасці.


Тым не менш замак працягвалі патроху разбіраць. У пачатку 1908 года газета «Кур'ер Літоўскі» надрукавала развагі невядомага жыхара нашага горада пра адносіны гараджан да замка Гедыміна: «Маем у горадзе замак… але хутка помнік гэты ператворыцца ў руіны, бо з-пад падмурка гараджане для сябе выгортваюць жоўты пясок, і сцены замка з-за гэтага могуць абваліцца. І робіцца гэта днём, проста на ажыўленай вуліцы, паліцыянты і дзяржаўныя чыноўнікі праходзяць каля "замініраваных" сцен замка, якія пры абвале пагражаюць смерцю тым, хто выграбае пясок, і тым, хто выпадкова будзе праходзіць побач». А ў жніўні 1908 года другі невядомы жыхар горада заўважыў: «Нарэшце і ў нас з'явілася нейкая шырэйшая думка і жаданне нешта зрабіць для агульнай карысці… На працягу многіх гадоў мы бачылі пастаяннае знішчэнне муроў замка Гедыміна, аднак ніхто і не думаў пра яго выратаванне. Калі ж мы зацікавіліся гэтай справай, то даведаліся, што руіны знаходзяцца пад апекай Імператарскай археалагічнай камісіі. Звярнуліся да камісіі з просьбай аб выдзяленні грошай і пра дазвол на правядзенне работ па кансервацыі гэтага гістарычнага помніка. Калі прыйдзе адказ і ці будзе ён станоўчым, яшчэ невядома, але, пэўна, калі дапамога і будзе аказана, дык сума будзе недастатковай. Таму гарадскія ўлады павінны пачаць збіраць прыватныя сродкі сярод жыхароў горада і землеўладальнікаў Лідскага павета». На жаль, немагчыма даведацца, хто аўтар гэтай нататкі, як звалі аднаго з тых лідзян, якія пасля Нарбута пачалі бараніць галоўны помнік гісторыі і архітэктуры ў нашым горадзе. Але трэба заўважыць, што ідэя аховы старых помнікаў нарадзілася ў Еўропе дастаткова позна, прыкладна ў канцы XIX стагоддзя. І як бачым, грунтоўнае асэнсаванне каштоўнасці гістарычнай спадчыны з'явілася ў нас у пачатку XX стагоддзя.

Ужо ў кастрычніку 1909 года «Кур'ер Віленскі» паведамляе, што Міністэрства ўнутраных спраў асігнавала 1000 рублёў на рэстаўрацыю руін замка ў Лідзе. Прарабам быў прызначаны інжынер А. Фофанаў. Але грошы паступілі толькі ў пачатку 1910 года, хутка стала вядома, што 1000 рублёў на рэстаўрацыю замка не хопіць, і таму з большага прыйшлося абмежавацца кансервацыяй муроў, але і яна была не зусім удалай.

Замак і горад у пачатку XX ст. Знак 'AFW' па паштоўцы сведчыць, што яна надрукавана выдавецтвам Кагана К. і Шэйнгальда М.

Пасля першай у гісторыі замка ў Лідзе рэканструкцыі і кансервацыі яго абследаваў жыхар Лідчыны, член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі ведаў, гісторык і археолаг Вандалін Шукевіч разам з выбітным знаўцам помнікаў архітэктуры ксяндзом-канонікам Казіцкім і вядомым даследчыкам мінулага Вільні Вацлавам Студніцкім: «…мы аглядалі сцены як найпільней. Галоўным чынам пан Казіцкі, не зважаючы на сваю стомленасць, узлазіў некалькі разоў ажно на самы верх мура па драбіне, звязанай з дзвюх, якая ўгіналася пад кожным крокам».

Шукевіч са скрухай адзначае: «Незайздросны лёс помнікаў мінулых вякоў у нашым краі! Дзесьці там, у цывілізаванай Еўропе, як урады, так і грамадства атачаюць такія помнікі клапатлівай апекай, шануюць іх, амаль пакланяюцца, сцерагуць ад усялякай шкоды. У нас наадварот, калі і існуюць яшчэ нейкія абломкі, то толькі дзякуючы нечуванай іх трываласці, бо ў нас усё робіцца, каб іх знішчыць…».

Далей вучоны справядліва заўважаў, што «для нас мінулае павінна быць падвойна дарагім, бо ў ім адным мы можам чэрпаць натхненне для барацьбы за нацыянальнае існаванне». Шукевіч лічыў, што Лідскаму замку не пашанцавала яшчэ болей, чым іншым, бо «вельмі мала тут чаго засталося, а тое, што ёсць, падлягае сістэматычнаму руйнаванню не толькі хцівымі на такі адборны матэрыял, як каменне з муру, жыхарамі слаўнага града, але і нязванымі апекунамі, якія як бы задаліся мэтай знішчыць усялякія рысы ўласцівай такім помнікам прыгажосці і замяніць яе на нічога не вартыя сцены з каменню».

Член-карэспандэнт акадэміі Вандалін Шукевіч апісваў працэс паступовага разбурэння замка, які ішоў на яго вачах на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў: «Гавораць, што нейкі з паноў-спраўнікаў лідскіх, пранікшыся трывогай за цэласць ілбоў давераных яго апецы жыхароў слаўнага града Ліды, загадаў значную частку мура разабраць па крузе, што і было зроблена з вывазам камення на брукаванне вуліц, а цэглы, праўдападобна, на пабудову яўрэйскіх печаў». Адмоўна ацэньваў археолаг і першую рэканструкцыю: будаўнікі раскідалі ненадзейныя месцы муроў, а вярхі сцен абмазалі цэментнай рошчынай. Якасць кансервацыйных работ была дрэннай: «У цэлым можна сказаць, што ў спусташэнні замка больш вінаватыя людзі, чым разбуральны час. Спрыялі руйнаванню не толькі нядобрасумленныя людзі, але нават і асобы з самымі лепшымі намерамі. … пасля "ўпарадкавання" па загадзе аднаго са "спраўнікаў", нібыта ў імя грамадскай бяспекі… адбылося частковае разбурэнне сцен, асабліва на поўнач і захад. … праз дрэнную руплівасць замуравалі нават арачныя байніцы, размешчаныя ў паўночнай сцяне… муры былі пакрыты зверху цэментам. Ці можа гэтая ідэя лічыцца шчаслівай - трэба меркаваць спецыялістам. Я думаў, што так праводзіць работы па кансервацыі замка нельга. Можна нават дараваць той факт, што такім чынам былі знявечаны сцены, але самае горшае, што гэтая цэментная нашлёпка на сценах не прадухіляе пранікненне вільгаці ў сцены, а наадварот, прадухіляе выпарэнне вільгаці, што паскарае працэс разбурэння. Гэта ўжо бачна… нідзе [у свеце] так не захоўваюць сцены».

Але цікаўнасць гараджан да захавання замка сведчыць пра рост агульнай адукаванасці і абуджэнне грамадзянскіх і патрыятычных пачуццяў гараджан.

Пасля рэканструкцыі замак працягваў жыць сваім жыццём. Напрыклад, падчас мабілізацыі 1914 года мабілізаваных мужчын прыводзілі ў замак, дзе іх прымалі унтэр-афіцэры, адтуль адных адпраўлялі ў казармы Лідскага палка, а іншых вялі на чыгунку і адпраўлялі ў іншыя палкі.

Вялікі князь Фрыдрых II фон Бадэн з генералам Максам фон Фабекам каля Лідскага замка, 1917 г. Бачна брама ў стылі брамы нямецкага паляўнічага замка.

Падчас першай нямецкай акупацыі ў 1915-1918 гадах замак займеў браму, выкананую ў стылі брамы нямецкага паляўнічага замка.

У 1929 годзе была праведзена кансервацыя замка Гедыміна: «…муры пакрыты цэментам, заложаны дзюры, і замак будзе існаваць яшчэ доўгія гады. На адным з кутоў замка нават часткова рэканструяваны парэшткі вежы… забыліся аднак пра браму… мінула ўжо 10 гадоў, як сышлі немцы, але да гэтага часу не знаходзілася грошай, каб замяніць браму нямецкай работы ў стылі "Jagdschlаsschen"» (стыль паляўнічага замка - Л. Л.). Аднак пасля гэтай публікацыі нямецкая брама хутка была заменена на іншую.

Летам 1929 года замак вывучаў вядомы беларускі мастак Язэп Драздовiч i прысвяцiў яму альбом замалёвак. У студзені 1930 года Лідскае староства атрымала загад прыбраць з замка Гедыміна стрэльбішча. Мясцовае грамадства сустрэла гэтую навіну з незадавальненнем, і стараста вырашыў хадайнічаць аб адмене гэтага загаду. У тым жа месяцы у замку Гедыміна з'явіўся каток: «Для моладзі горада ён стаў сапраўдным месцам сустрэч і адпачынку. Каля катка пабудавана пачакальня».

У наступным месяцы на пасяджэнні чальцоў «Літаратурнай серады» ў Вільні рэстаўратар і кансерватар др. Лорэнц выступіў з дакладам аб кансервацыі сярэднявечных замкаў. Пра кансервацыю Лідскага замка Лорэнц сказаў: «Стан кансервацыі Лідскага замка нездавальняльны. Цалкам дрэнна, што муры замка па-новаму пакрылі бетонам, калі найлепшым метадам кансервацыі ёсць нанясенне новага пакрыцця толькі пасля зняцця старога. З замка прыбралі часовую драўляную браму, і хутка павінна быць прыбрана драўлянае стрэльбішча».

22 сакавіка 1930 года Лорэнц прыехаў у Ліду, каб яшчэ раз агледзець замак Гедыміна. Ён пагадзіўся, каб стрэльбішча знаходзілася ў замку да канца верасня 1930 года, але паведаміў лідскім уладам, што калі работы ў вежы замка пачнуцца раней, дык стрэльбішча прыйдзецца таксама зачыніць раней. Вывучыўшы замак, др. Лорэнц зразумеў, што фундаменты яго моцна аслаблены падкопамі зямлі з боку суседняга з замкам участка, якім валодаў нейкі Чарняўскі, прычым абвал муроў замка якраз і пагражаў маёмасці самога Чарняўскага. Кансерватар патрабаваў ад уладаў пазбавіць замак ад далейшых падкопаў наіўных суседзяў. Тым не менш 28 мая 1930 года Саюз стральцоў не закрыў, а адкрыў у замку стрэльбішча, але для малакалібернай зброі.

У кастрычніку 1933 года стараста Багаткоўскі паведаміў археолагу Віленскага ўніверсітэта д-ру Хелене Цэгак, што ніякай пагрозы для замка няма, малыя шчыліны замазаны, а «зараз на невялікім участку сцяны ўзмацняецца фундамент». На пытанне пра легенды аб лёхах пад Лідскім замкам стараста адказаў, што гэта - часткова легенды, а часткова факт: «Расказваў мне 80-гадовы стары, 65 гадоў таму, будучы хлопцам, ён хадзіў па падзямеллях. Тады адкрыўся ўваход у гэтыя падзямеллі. І цягнуліся яны далёка, як мовілі, ажно да Трок. Так далёка стары не хадзіў, бо яго лучыны не хапіла. Той стары, можа, часткова і мае рацыю. Падзямеллі могуць існаваць». Дарэчы, цікава, што аналагічныя расповеды пра падземныя хады я чуў у 1970-я гады, у сваім дзяцінстве, часткай якога быў наш замак. Але пра падземныя хады гл. главу пра легенды Лідскага замка.

У 1930-я гадах у Лідскім замку праведзена кансервацыя сцен, упарадкавана тэрыторыя звонку і ва ўнутраным двары. У 1933 годзе паўднёвая сцяна замка была ўзмоцнена праз пабудову фундамента вакол шчыліны і падсыпку зямлёй звонку. На кастрычнік 1935 года, згодна са справаздачай лідскага павятовага старасты, руіны замка «не былі ў пагрозлівым стане», але на іх паднаўленне выдзелена 350 злотых.

У 1920-30-х гадах унутры замка ўлетку дэманстраваліся фільмы, праходзілі гарадскія святы, працавалі перасоўныя цыркі, а ўзімку заліваўся каток.

Да канца 1930-х гадах быў распрацаваны план развіцця нашага горада. Сярод іншага план прадугледжваў будаўніцтва водаправода, каналізацыі і цвёрдых паверхняў вуліц па ўсім горадзе, але прэса крытыкавала план за тое, што ў ім не прадугледжваліся добрыя віды на галоўны помнік Лідчыны - замак, вакол якога планавалася зрабіць парк для адпачынку.

У 1941 годзе захопнікі спачатку трымалі ў замкy ваеннапалонных, а потым зрабілі там склады боепрыпасаў. У 1944 годзе, калі вораг ужо адступаў на захад, тут неаднойчы ўзрываліся снарады, але сцен умацавання яны не пашкодзілі. Пасля вызвалення горада, замкавы двор увесь быў пакрыты глыбокімі вырвамi, паўсюдна валяліся снарады і міны. Даволі многа іх ляжала ў ямах, засыпаных зямлёй. З гэтымі «падарункамі» апошняй вайны і сутыкнуліся пазней археолагі. Не раз ім даводзілася спыняць раскопкі і выклікаць сапёраў. Так, у 1978 годзе было знойдзена 150 снарадаў i 8 мінaмётных мін, шмат патронаў і ўзрывальнікаў. Яшчэ большую колькасць снарадаў паднялі з зямлі ў 1986 годзе. Толькі ў адным з катлаванаў іх налічылі з паўтысячы. Прыйшлося на цэлы месяц адтэрмінаваць раскопкі i рэстаўрацыйныя работы.

* * *

У 1953 годзе Лiдскi замак увайшоў у спіс помнікаў архітэктуры рэспублікі, якія былі ўзяты пад дзяржаўную ахову.

Упершыню археалагічныя доследы на замкавым падворку пачаліся ў 1970 годзе пад кіраўніцтвам Мiхася Ткачова. Каля вежаў замка заклалі шурфы. Высветлілася, што паўднёва-заходняя вежа больш ранняя. Ад яе часткова захаваўся падмурак таўшчынёй у тры метры. Ткачоў выказаў меркаванне, што другая вежа была пастаўлена альбо пасля 1384 года, альбо на мяжы XIV-ХV стагоддзяў. Яго даціроўка пацвердзілася ў выніку далейшых даследаванняў. Вучоны таксама прасачыў, што ўмацаваная забудова стаіць на выспе са жвіру, пяску і камення.

З канца 1970-х гадоў пачалася павольная рэканструкцыя замка, якая з большага закончылася толькі ў 2010 годзе.

Рэканструкцыя замка

Гэта тэма патрабуе асобнай кнігі, таму я коратка перакажу асноўныя моманты рэканструкцыі замка, абапіраючыся на працы Алега Трусава.

У 1967 годзе рашэннем мясцовых улад Лідскі замак быў перададзены пад шэфскі нагляд будаўнічаму трэсту №19 і там былі абсталяваны спартыўныя пляцоўкі, падведзена вада і некалькі зімаў заліваўся каток для забаў. У 1970 годзе была зроблена спроба ўмацаваць муроўку з-за пастаянных абвалаў вуглоў сцен, што было даручана будаўнічаму трэсту №19.

Старшыня Лідскага гарвыканкама з 1969 года Логаш У. М., успамінаў: «Менавіта ў тыя часы пачала пашырацца ідэя аб рэстаўрацыі Лідскага замка. … Хаця было нямала скептыкаў і супраціўнікаў, якія гаварылі, што няма патрэбы аднаўляць замак, паколькі замак будаваў, маўляў, літовец Гедымін, а яны, літоўцы, некалі захапілі Беларусь - вось такая памылковая думка існавала ў афіцыйнай гістарыяграфіі таго часу».

У 1972 г. на адной з сесій абласнога савета народных дэпутатаў было ўзнята пытанне аб аднаўленні замка i зроблена абгрунтаванне гэтай задачы. Паступова побач з замкам узнялася дзевяціпавярховы гатэль, потым - высокі гмах інтэрната для будаўнікоў. На іх фоне сумна выглядалі замкавыя муры, ад якіх час ад часу адвальваліся i каціліся ўніз вялікія камяні. Заходняя сцяна нахілілася ў бок дарогі па якой увесь час рухаўся цяжкавагавы аўтатранспарт. На замкавым двары «гаспадарыў» будаўнічы трэст, які прыстасаваў яго пад невялікі стадыён. Помнік у цэнтры вялікага горада трэба было ратаваць.

Першы заказ ад Лідскага гарвыканкама на кансервацыю муроў прыйшоў у Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя майстэрні Міністэрства культуры БССР у 1975 годзе. Закладзеныя ў вepacні 1976 года архітэктурна-археалагічныя шурфы, казалі пра ўнікальнасць гэтага шэдэўра беларускага дойлідства. Тады навуковы кіpaўнік рэстаўрацыйных работ, архітэктар Сяргей Багласаў прапанаваў свой варыянт поўнай адбудовы замка і актыўнага прыстасавання яго для сучасных культурных патрэб горада. Праект быў абмеркаваны і зацверджаны на пасяджэнні Лідскага гарвыканкама. Мясцовыя ўлады выдаткавалі патрэбныя грашовыя сродкі для здзяйснення задумы.

Але патрабаваліся значныя археалагічныя даследаванні. У 1977 і 1978 а таксама ў 1980 і 1985 гадах раскопкі ў замку праводзіў Алег Трусаў. У 1977 годзе былі цалкам ускрыты рэшткі абедзвюх вежаў, знойдзены астаткі некаторых драўляных пабудоў на замкавым двары, вызначана месца, адкуль пачынаўся роў перад паўночнай замкавай сцяной. Усе археалагічныя i рэстаўрацыйныя работы выконвалі студэнты будатрада імя У. І. Пiчэты (першага рэктара БДУ), сфармаванага на гістарычным факультэце ўніверсітэта. Будучыя гісторыкі працавалі самааддана. Асабліва цяжка даваліся раскопкі паўночна-ўсходняй вежы, рэшткі якой былі завалены вялізнымі валунамі. Тысячы камянёў вынесла адтуль за два месяцы брыгада студэнтаў з сямі чалавек. У 1978 і 1980 гадах пры расчыстцы астаткаў асноўных пабудоў на замкавым двары былі адкапаны дзве студні.

Вывучэнне культурнага слоя двара ў 1986-1987 гадах прадоўжыў Алесь Краўцэвіч. Ён выявіў рэшткі падмуркаў драўлянага будынка, што стаяў асобна ў паўночнай частцы падворка. У выніку раскопак знойдзена шмат каштоўных матэрыялаў, якія ляглі ў аснову праекта аднаўлення Лідскага замка.

Вялікую цікавасць у гараджан выклікаў праект аднаўлення замка. На вуліцы былі выстаўлены малюнкі будучага адноўленага помніка, каля якіх збіралася многа людзей. Аўтар гэтай кнігі памятае і студэнтаў, якія праводзілі раскопкі ў замку, і стэнды з малюнкамі таго, як ён будзе выглядаць пасля рэстаўрацыі. Мне - падшпарку, які цікавіўся гісторыяй і вырас каля замка, усё гэта было надзвычай цікава.

Летам 1978 года для вядзення рэстаўрацыі быў створаны вытворчы ўчастак які заняўся аднаўленнем замка і паступова пачалі ўзнімацца старадаўнія муры. Першай над сценамі замка ўзнялася паўночна-ўсходняя вежа. Яе ўпрыгожыў флюгер-ветранік з выявай герба ВКЛ.

Памятаю, як вясной 1986 года раптоўна абваліўся кавалак адноўленай заходняй сцяны. Добра, што гэта адбылося уначы, бо якраз уздоўж гэтай сцяны заўсёды стаяла чарга да віна-гарэлачнай крамы (сучасны адрас - вул. Замкавая, 5), якіх амаль што не засталося ў горадзе ў самы разгар антыалкагольнай кампаніі.

Другі кавалак гэтай сцяны абваліўся ў 2003 годзе.

Рэстаўрацыйныя работы не былі завершаны і спыніліся з-за недахопу фінансавання ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Доўгі час Лідскі замак стаяў фактычна безгаспадарчым і не закансерваваным, таму многае з таго, што зроблена ў 1970-1980-я гадах, было разбурана, ніякіх работ па яго захаванні не праводзілася.


Рэстаўрацыя замка завяршылася толькі ў 2010 годзе, і ён заняў сваё пачэснае месца ў шэрагу бясцэнных помнікаў гісторыі нашай Радзімы, стаў месцам шматлікіх культурных імпрэзаў і кропкай прыцягнення шматлікіх турыстаў.

Легенды пра Лідскі замак

У пэўным сэнсе нам, лідзянам, пашанцавала - кароткі звод галоўных легенд Лідскага замка ў адным са сваіх артыкулаў надрукаваў лепшы знаўца лідскай гісторыі ХХ ст. Міхал Шымялевіч (1879-1969). Важна, што і другі наш зямляк, знаны археолаг і этнограф Вандалін Шукевіч запісаў і выдаў амаль што аднатыпныя з лідскімі легенды пра замкі ў Троках і Коўні. У канцы гэтага раздзела я прывожу дзве аўтэнтычныя легенды, запісаныя ім недзе ў другой палове XIX ст., яны ў асноўным супадаюць з легендамі Лідскага замка.

Шымялевіч пісаў, што адразу на поўнач ад замка, па Гедымінаўскім завулку (адразу перад паўночнай сцяной замка), яшчэ ў XIX ст. стаяў будынак гарадскога вучылішча, якое з-за свайго месцазнаходжання, было пагружана ў аўру легенд і паданняў гэтага сапраўднага гістарычнага «сэрца» нашага горада. На месцы вучылішча па Гедымінаўскім завулку раней «стаяла старое драўлянае гумно - склад усялякай вайсковай старызны, а завулак Гедымінаўскі - вузкі, балоцісты і цёмны - усімі гараджанамі абмінаўся. Тут не раз здаралася, што жаўнер, які ўначы стаяў на варце, стрэлам з карабіна ўздымаў трывогу, тлумачачы, што сярод старых, таямнічых соснаў яму нешта здалося і настрашыла. У той час на вуліцах не толькі электрычнасці не было, а нават і звычайнай аляёвай лямпы на слупе. Старыя бабы, лежачы на цёплых ляжанках, умелі апавядаць і вельмі цікава апавядалі пра розныя страшныя рэчы, якія рабіліся ў замку і пад замкам: (1) пра замкнутага ў замкавай вежы невінаватага чалавека, (2) пра скрыні на ланцугу са скарбам, пра страшнага сабаку, які пільнуе ўваходы ў замкавыя падзямеллі, (3) пра замкавыя лёхі і ходы, якімі можна ехаць чацвёркай коней да Вільні і Наваградка, (4) пра каралеву, якая раз у год выходзіць з замкавых падзямелляў і просіць у першага ж сустрэтага ёй лідзяніна, каб замовіў набажэнства за ўратаванне яе пакутнай душы - набажэнства павінна адбыцца толькі ў замку, і ксёндз павінен не забыць прынесці ўсё патрэбнае з касцёла, але ксёндз заўсёды нешта забываў ці яму перашкаджала паліцыя, (5) пра зачараваных у тых соснах дзвюх каралеў і г. д. (6). У тыя часы лідзяне свята верылі, што ў пэўны дзень, у 12 гадзін у поўдзень, а можа, уначы, калі зрабіць насечкі на кары соснаў, з іх будзе пырскаць кроў. Хто з нас не спрабаваў гэта на практыцы? Колькі на кары нічым не вінных сосен засталося знакаў ад нашых сцізорыкаў?», - я пранумараваў аўтэнтычныя легенды Лідскага замка, у тэксце Шымялевіча гэтай нумарацыі няма.

Вучылішча і сосны каля замку, каля 1919 г.

Легенды пра сосны ля замка. Ксёндз Вайшвіла, лідскі экс-піяр, у сваіх успамінах, напісаных у 1853 г. (засталіся ў рукапісе), адным з першых запісаў легенду пра сосны каля Лідскага замка: «Мне вядома легенда, якую я чуў, што дзве сасны, якія і зараз растуць на самым вале замкавага мура, на галоўнай вуліцы горада, былі пасаджаны хрысціянамі на парэштках двух капланаў, забітых на гэтым месцы паганцамі. Аднак, сам узрост тых соснаў паказвае беспадстаўнасць гэтай пагалоскі».

Малюнак Язэпа Драздовіча. На малюнке дзве легендарныя сосны каля замку.

Сосны ля замка былі, бадай, галоўнай лідскай легендай, і лідзяне ведалі, што калі прыйдзе самы страшны вораг і жыццё стане невыносным, менавіта адсюль прыйдзе збаўца.

Аляксандр Станіслававіч Макрэцкі, які паходзіў з маёнтка Дзітрыкі, што на Лідчыне, у маладосці спрабаваў сілы ў паэзіі. Захаваўся яго верш на польскай мове, напісаны ў 1850 г., пра знакамітыя дзве сасны ў Лідзе.

Першай надрукавала легенду пра сосны этнограф Бірута (сапраўднае імя -Даравінская Амелія) у 1889 г. у часопісе «Вісла»:

«Сосны ля Лідскага замка.

На cxiлe ўзгорка, нібы падпіраючы замак, растуць дзве шматгадовыя сасны. Яны захаваліся дзякуючы пашыранаму сярод гараджан і навакольных жыхароў перакананню, што сосны выраслі не на раслінным соку, а на крыві. Здарылася гэта, быццам, яшчэ ў часы, калі ў Літвe панавала язычніцтва. Прыйшлі сюды дзевяць манахаў-францысканцаў прапаведаваць хрысціянскую рэлігію. Аднак ліцвіны, не жадаючы прымаць хрысціянства, забілі гэтых місіянераў, а іх трупы ўкінулі ў яму на cхіле Лідскaгa замка. На гэтым месцы, не сеяныя i не саджаныя, выраслі дзве сасны, якіх ліцвіны, ужо стаўшы католікамі, не чапалі. Але вось аднойчы хтосьці адсек галінку, i з яе выступіла кроў. З той пары ніхто ўжо не адважваўся ўзняць сякеру на гэтыя дрэвы…».

Бірута запісала паданне, якое было іншым па сюжэце ад верша Макрэцкага, але ў яе ёсць агульны з вершам элемент - калі паспрабаваць ссекчы гэтыя сосны, то з іх пацячэ кроў, і таму, хто наважыўся гэта зрабіць, пагражаюць вялікія беды.

У 1930-я гг. у старым будынку каля замка месцілася гарадская агульнаадукацыйная школа №5 імя Людвіка Нарбута. Былая лідзянка, вучаніца гэтай школы, Яўгенія Ярмант (Ярмантовіч) пісала з сваёй кнізе ўспамінаў: «Ліда - бачу цябе вачыма душы маёй. Як на яве вяртаецца да мяне ва ўспамінах прыгажосць твая. Бачу высокія сцены замка Гедыміна, у цені якіх я жыла і вучылася. Бачу дзве карлікавыя сасны на замкавым схіле, таямнічыя і абвеяныя легендамі з-за дзіўнай формы іх крон. … З вуснаў у вусны перадавалася легенда аб дзвюх соснах, якія растуць на схіле гары каля ўваходу. Яны звярталі на сябе ўвагу дзіўнай формай крон. Казалі, што гэта дзве зачараваныя літоўскія князёўны. … дзве сасны пад сцяной замка, якія насамрэч не сосны, а зачараваныя князёўны - дочкі князя Гедыміна. Яны шмат стагоддзяў чакаюць, калі іх расчаруюць. … казалі, што апоўначы па надрэзах на ствалах тых сосен сцякала людская кроў, аднак мы так ні разу не схадзілі туды ноччу, каб пераканацца ў гэтым самім.

А князёўны ўсё чакалі і клікалі сваіх вызваліцеляў. Я ўяўляю, як яны клічуць:

- Прыйдзіце да нас! Мы чакаем вас!

І аднойчы ноччу пачуўся працяглы гук і здрыганулася зямля. У замку з-пад зямлі выйшаў атрад сярэднявечных рыцараў з князем Гедымінам на чале. Я сама іх бачыла. Усе мураваныя дамы ў горадзе разбурыліся ад гэтага штуршка. Доўжыўся ён усяго некалькі секунд і зноў стала ціха. Зніклі хвоі - літоўскія князёўны, не засталося следу ад школы - яна зраўнялася з зямлёй, якая пакрылася тратуарнымі плітамі, нібы надмагіллямі.

Толькі замкавыя сцены працягваюць стаяць і глядзець на новыя будынкі, якія раптоўна выраслі, зусім не падобныя на старыя, на іншы горад і яго новых жыхароў», - як бачым, Ярмант згадвае ўжо і новую, сучасную Ліду.

У другой палове 1920-х гг., дзякуючы ўмяшанню генеральнага кансерватара Ежы Рэмера (чалавек, які адказваў за захаванне культурнай спадчыны ў маштабах дзяржавы), а таксама прыхільнага стаўлення ваяводскай управы і лідскага старасты (кіраўніка павета) Багаткоўскага (зяця Міхала Шымялевіча), Лідскае староства выдала распараджэнне магістрату горада Ліды, якое абавязала прысыпаць зямлёй аголеныя карэнні дзвюх соснаў і агарадзіць іх плотам. Гэты невялікі плот можна ўбачыць на тагачасных фотаздымках.

Герб Гадэмба.

Міхал Шымялевіч пісаў, што «найвялікшая і самая паважаная легенда Ліды - гэтыя дзве акружаныя таямніцай сасны», былі пасаджаны паміж 1740 і 1790 гг. У 1754-66 гг. лідскім падстарастам і адміністратарам Лідскай эканоміі (уладальнікам якой быў лідскі стараста дэ Кампа Сцыпіён), г. зн. фактычным гаспадаром Лідскага замка і старшынём гродскага суда быў Францішак Гадэбскі (герб Гадэмба) - у 1754 г. тытулярны лоўчы, а ў 1762 г. лідскі войскі. Герб Гадэмба Каспер Нясецкі апісаў так: «Мае сасну з трыма зялёнымі вяршынямі, ці галінамі, з якіх адна ў сярэдзіне, а дзве па яе баках, пад імі дзве абсечаныя галіны, адна з аднаго боку, другая з другога, дрэва мае пяць каранёў, поле чырвонае». Міхал Шымялевіч заўважыў: «Хіба ж на тле калісьці чырвонага замкавага мура тры зялёныя сасны не былі натуральным гербом Гадэмба?»»

Далей Шымялевіч пісаў: «Чуў з вуснаў Эвеліны Сегень, … якая - я ўпэўнены - ніколі не бачыла ніякіх старых дакументаў, а апавядала так, як чула ад старых людзей, што некалі каля тых дзвюх соснаў расла і трэцяя, якую лідскі бургамістр Перхур… сцяў. Быў пакараны - сам Перхур памёр, і ягоны род загінуў».

Шымялевіч піша далей: «Са старых папер я даведаўся, што ў Лідзе яшчэ ў XVII ст. жыў род Перхураў, месцічаў лідскіх, з якіх каля 1717 г. лідскім бургамістрам быў Стэфан Перхур, а другі Перхур, імя якога не ведаю, таксама быў бургамістрам у Лідзе каля 1740 г. … З паловы XVIII ст. усялякія ўзгадкі пра Перхураў у метрыкальных актах Лідскай фары знікаюць».

Па маім меркаванні, сувязь соснаў каля замка з лідскім падстарастам Гадэбскім - гэта найбольш верагодная варыянт іх паходжання.

Падмуркам гэтай легенды, бясспрэчна, стаў наступны радок з самага першага артыкула пра Ліду, надрукаванага Тэадорам Нарбутам у дадатку да яго 5-га тома «Гісторыі…»: «У 1366 г. [у Ліду] прыбыла францысканская місія, рэпрэзентаваная трыма манахамі, у 1369 г. пры нейкай суматосе іх пазабівалі паганцы».

Ад сосен зараз засталіся толькі здымкі.


Легенды пра падземны ход. У кастрычніку 1933 г. лідскі стараста Багаткоўскі сказаў археолагу Віленскага ўніверсітэта доктару Хелене Цэгак, што легенды аб лёхах пад Лідскім замкам гэта, часткова легенды, а часткова факт: «Расказваў мне 80-гадовы стары, 65 гадоў таму, будучы хлопцам, ён хадзіў па падзямеллях. Тады адкрыўся ўваход у гэтыя падзямеллі. І цягнуліся яны далёка, як мовілі, ажно да Трок. Так далёка стары не хадзіў, бо яго лучыны не хапіла. Той стары, можа, часткова і мае рацыю. Падзямеллі могуць існаваць».

Лідзянін Ян Станіслаўскі пісаў у сваіх мемуарах, што ў 1936 годзе, быццам бы знайшлі падземны ход з замка да фарнага касцёла, але атрымаць дадатковую інфармацыю, якая пацвердзіла б гэтую знаходку, аўтар не змог.

Аналагічныя расповеды пра падземныя хады з Лідскага замка я чуў у 1970-я гады, у сваім дзяцінстве, часткай якога быў і наш замак. Замак тады ніколі не зачыняўся, і я з сябрамі праводзіў у ім шмат часу. Агульным месцам для лідзян была вера ў тое, што падземныя хады ёсць, яны вядуць ці то ў Вільню, ці то ў Наваградак, і шмат асоб іх бачыла, але каб нехта сказаў: «Я бачыў, і я па гэтых хадах хадзіў», - такога не было, але ўсе казалі, што чулі пра тых, хто хадзіў гэтымі хадамі.

Верагодна, усе замкі былога ВКЛ маюць свае легенды пра падземныя хады. Такія легенды мае і блізкі сваяк нашага замка - Крэўскі замак. Беларускія гісторыкі А. Дзярновіч, А. Трусаў і І. Чарняўскі пісалі ў кнізе пра гэты замак: «Даследаваў Крэўскі замак беларускі фалькларыст і этнограф Рамуальд Зянькевіч, ён жа запісаў легенду пра падземны ход, якую потым скарыстаў М. Балінскі».

Таксама паводле легенды, ад сярэдняй вежы Навагрудскага замка пачынаўся падземны ход, які злучаў замак з Мірам ці нават з Нясвіжам, і г.д.

Пры гэтым трэба разумець, што наяўнасць функцыянальнага падземнага хода ў абарончай пабудове таго часу было звычайнай і, магчыма, неабходнай справай, напрыклад, у Мінскім Дамініканскім касцёле меўся падземны ход, які вёў з падвала левага нефа да касцёла Бернардынаў, падземныя хады мела Ляхавіцкая і Глуская фартэцыі і г. д. Але гэта ўсё ж былі чыста вайсковыя пабудовы адносна невялікай даўжыні. Таму цалкам магчыма, што нейкі непрацяглы падземны ход меў і Лідскі замак, па логіцы, ад замка ён мог ісці толькі на поўнач, бо ва ўсе іншыя бакі замак акружала багна.

Прыкладна на тым месцы, дзе ў старыя часы стаяў кармеліцкі кляштар, сёння знаходзіцца будынак музычнага каледжа. Пры дабудове да сучаснага музычнага каледжа спартовай залы былі ўскрыты магутныя лёхі былога кляштара са скляпеністай столлю - старая Ліда чарговы раз нагадала пра сябе, і гэта дало штуршок новаму адраджэнню легенды пра падземныя хады вакол нашага замка.

Покуль ніякіх рэальных слядоў такога падземнага хода не знойдзена, але самыя розныя легенды працягваюць нараджацца і пераказвацца лідзянамі. Самую апошнюю і самую бязглуздную я нядаўна прачытаў у сацыяльных сетках. На гэты раз відавочца прайшоў метраў 20-30 па падземнаму ходзе з замка ў… капліцу св. Барбары на старых могілках! У капліцу, будаўніцтва якой не было нават скончана да 1939 г. і дабудавана яна была ўжо бліжэй да нашага часу!

Упэўнены, што легенды пра падземны ход, будуць нараджацца зноў і зноў, бо іх нараджае таямнічасць нашага сярэднявечнага замка.


Легенды пра князёўну Лідзію. Здаецца, легенды пра князёўну Лідзію з'явілася не раней за 1960-я гады. Першы раз я пачуў яе яшчэ дзіцём у сярэдзіне 1970-х ад… штатнага экскурсавода.

Па адной з гэтых легенд князь Гедымін назваў горад у памяць пра сваю любую дачку Лідзію. Прыгожай князёўне Гедымін меркаваў у мужы багатага старца. Пачуўшы вырак бацькі, чарнавалосая прыгажуня спачатку замкнулася ў пакоі, а потым і кінулася з замкавай сцяны ўніз.

Па другой легендзе адзін з рыцараў тэўтонскага ордэна ўбачыў Лідзію ў акне замка і быў уражаны яе прыгажосцю. Ён захацеў узяць яе ў жонкі, але князёўна адмовіла рыцару: «Калі ты не хочаш быць маёй жонкай, то не будзеш нічыёй!» - усклікнуў рыцар, захапіў замак і загадаў замураваць Лідзію ў яго сценах. Тры дні і тры ночы працякалі слёзы дзяўчыны праз сцены, і яны далі пачатак рацэ, якая з таго часу цячэ ля замка.

Нарэшце, трэцяя легенда расказвае, што даўным-даўно ў замку жыў князь, у якога было двое дзяцей: сын і дачка. А побач з замкам ляжала невялікая вёсачка. Малады святар з гэтай вёскі сябраваў з сынам князя, які і пазнаёміў яго са сваёй прыгажуняй сястрой Лідай. Яны пакахалі адзін аднаго …, але пра іх сустрэчы даведаўся князь і аднойчы, застаўшы закаханых у замкавай вежы, забіў абодвух. Смерць любай сястры горка аплакваў сын князя. А неўзабаве - невядома, ці выпадкова - жорсткі стары князь памёр. І брат прыгажуні Ліды, стаўшы князем, назваў селішча ля сцен замка імем сваёй сястры.

Гэта толькі тры варыянты адной і той жа легенды, але насамрэч гэтых варыянтаў існуе значна болей.


Легенда пра д'яблаў (чарцей) у замку. У рукапісах дачкі гісторыка Нарбута - Тэадоры Манчунскай - я знайшоў наступную легенду, у якой адчуваецца і пачуццё гумару сям'і Нарбутаў: «Нехта з гараджан ішоў каля руін замка і пачуў галосную гаворку, а вядома было, што там часта чуліся галасы д'яблаў, спалоханы гараджанін упаў пад мур - аказалася, што на гэты раз д'яблы не размаўлялі, але з замка даносіўся скрыгат зубны, плач і лямант - новапрыбыўшы і цалкам няшчасны д'ябал тлумачыў іншым прычыну свайго плачу: «Марачэўскі спавядаўся, а Нарбут ажаніўся», - вось чаму хорам скавыталі д'яблы.

Марачэўскі быў хлусам і бязбожнікам, а пан Тэадор ажаніўся толькі, калі меў ужо 5 дзяцей. І страціўшы такіх грэшнікаў, д'яблы ўпалі ў роспач». Д'яблы ў нашым старым замку - гэта неяк натуральна і нават да месца.

Думаю, што з гэтай старой легендай, стасуецца наступная сучасная легенда, якая нават патрапіла на старонкі прэсы.


Легенда пра прывід Лідскага замка. Газета «Гродзенская праўда» ад 25 красавіка 2007 г. пісала: «Духі продкаў у Лідскім замку. Ігар Пешахонаў расказаў: «Паколькі ў выдавецтве «Беларусь» запланаваны мой чарговы альбом «Краявіды Лідчыны», дык у апошні час я часта здымаю ў замку. Падчас усяго гэтага працэсу нічога звышнатуральнага не бачыў, але… Калі стаў праглядаць кадры на дысплеі, аж прысвіснуў ад нечаканасці! І нават моцным слоўцам услых выказаўся! На экране была бачна пляма, у абрысах якой відавочна адгадваўся старажытным воін у плашчы, які трапеча.

Але гэта яшчэ не ўсё. Прыйшоўшы ў студыю я пачаў перакідваць зняты матэрыял на кампутар. Хацелася хутчэй у павялічаным выглядзе разглядзець загадкавыя контуры ваяра. Гэта неверагодна, але тыя самыя файлы былі… сцёртыя, карта памяці - пустая! Я добра ведаю сваю тэхніку: яна не магла падвесці. Нічога падобнага, ніякіх тэхнічных праколаў дагэтуль у мяне не здаралася. Вось і думай, што хочаш.

Убачанае ў цвердзі на дысплеі фотаапарата мяне настолькі ўразіла, - кажа Ігар Пешахонаў, - што я як фатограф вырашыў усё ж рэканструяваць той кадр…».


Легенда пра паўночную браму замка і скразны шлях праз замак у паўночную браму. Гэта зусім новая народная легенда цікавая тым, што яна не абапіраецца наогул ні на якія крыніцы, не мае пацверджання ні ў археалогіі, ні ў тапаграфіі мясцовасці вакол нашага замка, ні ў канструкцыі самога замка.

Аўтарытэтны археолаг Алег Трусаў, які вялікую частку свайго жыцця аддаў вывучэнню Лідскага замка пісаў: «У ХV ст. замак меў тры ўваходы. У паўднёвай сцяне на адлегласці 22 метраў ад вежы - невялікі паўцыркульны праём на вышыні 4 метраў ад першапачатковага ўзроўню двара, які, відаць, лічыўся запасным (на выпадак выведкі або ўцёкаў), і трапіць туды можна было толькі з дапамогай доўгай прыстаўной альбо вераўчанай лесвіцы. Два ўваходы - ва ўсходняй сцяне: малы, зроблены на ўзроўні абрэза падмуркаў сцяны, і вялікі (відаць, крыху пазнейшы), размешчаны каля паўночна-ўсходняй вежы на вышыні 2,5 метра. Трапіць у замак праз вялікі ўваход можна было толькі дзякуючы пад'ёмнаму мосту. Пра яго наяўнасць сведчыць вялікая разгрузачная спічастая ніша, якую праразаў уваходны праём меншых памераў».

Аднак свежанароджаная легенда расказвае, што ад пачатку ў паўночнай сцяне меўся яшчэ адзін, невядомы навуцы ўваход у замак, і вандроўнік, які прайшоў праз гэтую браму, трапляў у міфічны мытны пост у замку, з якога выходзіў праз запасную вузкую паўдзённую браму, якая адмыслова была зроблены на вышыні не менш за 4 метры і выходзіла ў бок багны (каб ёй не скарыстаўся вораг). Уявіце сабе гэты сапраўдны «трылер»: фурманкі з грузам, людзьмі і коньмі, праціскаюцца ў вузкі (нешта каля 1 метра) запасны выхад і падаюць з яго пад сцяну замка. Але прыгоды купцоў (а хто яшчэ мог вандраваць у той час) на гэтым толькі пачынаюцца. Алег Трусаў пісаў: «Для замка была выбрана невялікая пясчаная выспа ў балоцістай сутоцы дзвюх рэк - Лідзейкі і Каменкі. Выспу пераўтварылі ў штучную прамавугольную пляцоўку, і месцамі яе дасыпалі жвірам, камянямі, буйной рачной галькай да вышыні 5-6 метраў. З поўначы, на адлегласці 7 метраў ад яе праходзіў шырокі (каля 20 метраў) роў, які злучаў дзве ракі і аддзяляў умацаванне ад горада». Таму на поўдзень ад сябе, купцы, якія выпалі з вышыні 4 м «раптоўна» бачаць дзве ракі, якія злучаюцца якраз каля замка, а за імі, на кіламетры ў бок поўдня, цягнуцца знакамітыя Лідскія балоты якія пераходзяць ў Дакудаўскія, каля-Дзітвянскія і г. д. І купцы-небаракі, павінны былі б уздоўж вонкавых сцен прабірацца да замкавага моста (ці мастоў).

Але ўсё было б яшчэ цікавей! Яшчэ пры спробе ўвайсці ў замак з поўначы, нашы купцы сутыкнуліся б з невырашальнай праблемай. Бо, з поўначы (з боку фарнага касцёла), археолагі знайшлі рэшткі вельмі шырокага рова (каля 20 метраў), але не знайшлі рэшткаў моста. І нашым купцам трэба было б неяк разам з нагружанымі фурманкамі і коньмі пераплываць праз роў, каб пасля гэтага ўперціся ў моцную і глухую замкавую сцяну, у якой ні звонку, ні знутры няма і не было ніколі ніякіх слядоў брамы! Каб зразумець, як павінна была б выглядаць гэтая міфічная брама, калі б яна тут была, на наша шчасце, цікаўным асобам дастаткова толькі агледзець аўтэнтычныя брамы замка з гатычнымі аркамі, якія, з большага, захаваліся да нашага часу.

І апошняе. Тыя, усім бачныя некалькі цаглін знутры паўночнай сцяны замка, якія чамусьці дзеля легенды пачалі выдаваць за тое, што засталося ад брамы, найверагодней, з'яўляюцца рэшткамі былой печы ў казарме гарнізона замка. Бо, як пісаў усё той жа аўтарытэтны археолаг Алег Трусаў: «Падчас раскопак двара [замка] высветлілася, што з трох бакоў (акрамя паўднёвага) да замкавых муроў туліліся драўляныя аднапавярховыя будынкі-казармы (захаваліся рэшткі падмуркаў, печаў і абгарэлых бярвенняў). Шырыня іх каля 4 метраў». Чаму казармы імкнуліся пабудаваць каля паўночнай сцяны ці бліжэй да яе, цалкам зразумела. Бо толькі з поўначы, з сухога ўзгорка, вораг мог штурмаваць і абстрэльваць наш замак, таму месца ўнутры замка каля паўночнай сцяны было ў той час самым бяспечным. І менавіта таму з гэтага боку не было ні моста, ні брамы - імі абавязкова скарыстаўся б вораг. Таму, аніякіх слядоў міфічнай брамы ў глухіх замкавых паўночных мурах няма і, з вайсковага боку гледжання, быць не можа.

Але ўсё ж, думаю, можа, і не трэба навукова лагічна аналізоўваць сапраўдны фальклор. Бо фальклор - як песня, у ім галоўнае, каб было цікава, прыгожа і гэта прыцягвае людзей. Усе мы любім легенды, казкі і паданні і вельмі паважаем асоб, якія маюць вялікі талент ствараць сапраўдны народны фальклор.

Шматлікім турыстам, якія прыязджаюць у Ліду, легенды трэба падаваць менавіта, як легенды, бо сярод іх бываюць і вельмі кампетэнтныя асобы, якія потым законна абураюцца абсурднымі з навуковага боку гледжання, рэчамі. І пасля гэтага нічога не застаецца, як сказаць ім: «Гэта толькі легенды, прыгожыя, беларускія народныя легенды, падобныя легенды маюць усе замкі, мае іх і наш замак, яны былі і будуць заўсёды, іх наяўнасць пацвярджае толькі, што замак наш сапраўдны, што гэтую перлу трэба цаніць, любіць і ганарыцца!».


Легенда пра сон Гедыміна. Пасля з'яўлення паэмы Станіслава Судніка ўзнікла новая лідская легенда аб тым, што Гедымін убачыў наш замак у сне і пасля гэтага пабудаваў яго.


Легенды пра замкі ў Тракаі (Троках) і Каўнасе (Коўні), надрукаваныя Вандалінам Шукевічам.

Наступныя дзве легенды, надрукаваныя Вандалінам Шукевічам, з большага ідэнтычныя лідскім і могуць быць выкарыстаны і як наш, мясцовы, фальклор.

Закляты ў Троцкім замку скарб. Шмат гадоў таму ў Троках жыў слынны злодзей Чараповіч. Ён быў сапраўднай пакутай для спакойных месцічаў і ваколічных гаспадароў, бо заўсёды так рабіў свае цёмныя справы, што ніколі не трапляўся на гарачым. І хаця, грунтуючыся на ўскосных доказах, яго часам выклікалі ў суд, ён заўсёды выкручваўся і пазбягаў заслужанага пакарання.

Незадаволеныя з-за няўдач жыхары Трокаў, не маючы магчымасці атрымаць справядлівы суд, вырашылі самі выправіць зло. Аднойчы ўначы вялікая грамада сабралася каля хаты Чараповіча, схапіла яго ў ложку і звязанага, як барана, павяла на востраў у замак. Там яго кінулі ў падзямеллі, таямнічыя глыбіні якіх яшчэ бачны сярод руін замка Кейстута. Зрабіўшы гэта, месцічы засыпалі яму камянямі і друзам, знішчыўшы такім чынам ўсе сляды свайго злачынства.

Але провід, відаць, пільнаваў Чараповіча і выратаваў яго ад пералому карку, а потым ад галоднай смерці ў той страшнай магіле і даў яму час адрачыся ад граху.


Апрытомнеўшы ад перажытага жаху і падзення, пасля якога нейкім цудам косці засталіся цэлымі, Чараповіч устаў і неяк вызваліўся ад путаў. Хоць нічога не бачыў у поўнай цемры і не ведаў, у які бок падацца, ён, абмацваючы рукамі сцены, пачаў павольна рухацца. Чараповіч не ведаў, колькі часу ішоў, калі ў далечыні ўсё ж убачыў слабое святло. Узрадаваны гэтым паратункам, пайшоў у той бок і раптам анямеў, бо відовішча, якое адкрылася яго вачам, магло прымусіць задрыжаць любога зуха. Ён убачыў чалавека ва ўсім белым, які стаіць на каленях з кнігай у руцэ побач з вялікім, акутым жалезам, куфрам, на якім ляжыць вялікі сабака на ланцугу і трымае ў лапах свечкі.

Ахоплены жахам, Чараповіч захацеў уцячы незаўважаным, але сабака ўбачыў і з лютым брэхам пачаў на яго кідацца. І тут падняўся чалавек у белым. Узмахам рукі ён супакоіў сабаку і замагільным голасам спытаў у Чараповіча:

- Адкуль і чаму ты прыйшоў?

Напаўжывы ад страху, дрыжучы і ляскаючы зубамі, злодзей расказаў пра ўсё, што з ім адбылося і чаму ён быў пакараны.

- Табе пашанцавала, што сказаў мне шчырую праўду, - сказаў прывід - таму я цябе ўзнагароджу. У гэтым куфры ляжаць невычарпальныя скарбы - бяры колькі можаш панесці.

- Мне няма куды ўзяць, - адважыўся сказаць Чараповіч.

- Хоць порткі скінь і завяжы, а бяры, калі даюць!

Сказаўшы гэта, ён сагнаў сабаку і падняў вечка куфра.

Убачыўшы, колькі там золата, Чараповіч на хвіліну аслупянеў. Але зрабіў так, як яму загадалі, і насыпаў столькі, колькі мог панесці. Пасля чаго прывід сказаў:

- Ідзі і не крадзі больш.

Потым загадаў сабаку вывесці яго з падзямелля.

Пасля доўгай хады яны прыйшлі да вялізнага каменя, які ад удару сабачай лапы адсунуўся і дазволіў Чараповічу выйсці на свет Божы. Як толькі ён выйшаў, валун зноў заваліў праход. Былы злодзей на адлегласці за 1,5 кіламетры ад вострава ўбачыў кляштар бернардынаў (сёння турма). Падзякаваўшы Богу за сваё цудоўнае выратаванне, ён вярнуўся дадому. Частку з атрыманага скарбу аддаў касцёлу, а з рэшты пабудаваў дом, стаў заможным і пачцівым чалавекам.

Заснуўшы ў Ковенскім замку. Звычайна кожная руіна ў Літве, ахрышчаная ў народзе «замкам каралевы Боны», мае свае легенды пра скарбы, якія, ці сцерагуць зачараваныя прынцэсы, ці скарбы знаходзяцца пад аховай чараў, якія можна пераадолець толькі пры пэўных, цяжкавыканальных, умовах. Але скарбы адчыняюць смельчаку цуды, якіх ніколі не бачыла яго вока і не чула вуха.

Адну з такіх легенд падаю ніжэй. Яна цікавая тым, што ў ёй, як і ў карпацкай легендзе, мы сустракаем рыцараў, усыпленных сілай заклёнаў, якія чакаюць толькі слова, каб паўстаць і выратаваць сваю радзіму.

Пры вусці ракі Віліі ў Коўні захаваліся рэшткі старога замка, дзе, паводле легенды, у акружэнні шматлікага двара і харугваў адборнага войска, некалі жыла каралева Бона. Хаця гэта было так даўно, што нават бацькі і дзяды самых старых людзей не памяталі тых вялікіх часоў, аднак дакладна вядома, што каралева Бона не памерла да нашых часоў, але спіць у падзямеллях замка, якія цягнуцца недзе ў бок Вільні, яна спіць зачараваная заклёнам трывожным сном, сярод сваіх багаццяў, слуг і рыцараў. І чакае зручнага моманту, каб выйсці з падзямелля на чале сваіх войскаў, разбіць ворагаў і адрадзіць дзяржаву. Такі момант здараецца кожныя сем гадоў, калі каралева Бона прыходзіць у сне да каго-небудзь з жыхароў Коўні і расказвае яму, што трэба зрабіць, каб зняць моц закляцця. Выконваючы яе інструкцыі, перш за ўсё патрэбна ачысціць сваю душу ад грахоў праз споведзь і пакаянне. Потым у пэўную гадзіну ночы, трэба пайсці ў замак і капаць там у вызначаным месцы, покуль не з'явіцца вуголле. Пад ім, глыбей, будуць жалезныя, а яшчэ глыбей - медныя дзверы, адчыніўшы якія, трапіш у вялізную залу, дзе на шыкоўным троне з золата і каштоўных камянёў, сядзіць каралева Бона, акружаная заснулымі прыдворнымі і рыцарамі, побач з ёй стаіць вялізны куфар, напоўнены незлічонымі багаццямі, а на куфры ляжыць леў. Аднак не трэба баяцца гэтага льва, а смела ісці да куфра, які адчыніцца сам, і тады можна будзе ўзяць усё дабро, якога толькі душа жадае. Адначасова з гэтым усе абудзяцца і пойдуць выконваць сваю вялікую справу.

Як бачым, умовы не занадта складаныя і, каб іх паспяхова выканаць, вам спатрэбіцца толькі крыху смеласці. Але ў гэтую справу абавязкова ўмяшаецца паліцыя, якая пра ўсё ведае і сочыць, каб ніхто не капаў у замку. Нягледзячы на гэта, аднаму зуху ўдалося ўцячы ад паліцыі, ён пачаў капаць, дабраўся да вуголля і нават да жалезных дзвярэй. Аднак працы аднаго чалавека мала, а летняя ноч занадта кароткая, і таму пры дзённым святле падкоп быў знойдзены, і ўсё закончылася арыштам смельчака і судовай справай. Потым яшчэ шмат хто з гараджан сніў Бону, але ўсе яны баяліся ўладаў.

Бона і да гэтага часу дарэмна чакае вызвалення ад закляцця.

Вакол замка

Па сведчанні дакументаў, горад Ліда яшчэ ў XVIII ст. складаўся з замка, двара старасты, уласна горада і прадмесця Зарэчча. Уся зямля, занятая горадам, першапачаткова была ўласнасцю вялікага князя і належала да лідскага замкавага двара або фальварка, але пачынаючы з XVІ стагоддзя некаторыя часткі гэтага абшару пераходзяць у прыватную ўласнасць. Напрыклад, у 1566 годзе Павел Рошчым атрымаў ад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста прывілей на два пляцы ў Лідзе, у 1589 годзе Аляхновічу было дадзена пацвярджэнне на куплю двух пляцаў у Лідзе, у 1591 годзе Рафаіл Алешыс Згірскі атрымаў прывілей на адзін пляц і г. д. Раздача пляцаў адбывалася і ў больш позні час. Такім чынам у горадзе ўтварыліся цэлыя асобныя кварталы, якія належалі ў XVІІ-XVІІІ стагоддзях Куроўскім, Францкевічам, Калясінскім і іншым. Сваю маёмасць уладальнікі здавалі ў арэнду гараджанам на правах вечнага чыншу - рэнты за карыстанне пляцам.


Двор старасты. Яшчэ да Дажынак 2010 г. адразу на поўдзень ад замка прыцягвала ўвагу вялікая яма - вынік нямецкай гаспадаркі падчас акупацыі 1915-18 гадах. Менавіта на гэтым месцы стаяў двор лідскага старасты - рэзідэнцыя каралеўскага намесніка.

Дам тут скарочанае апісанне двара лідскага старасты па інвентары лідскага староства ад 1680 г.


Двор старасты (ці замкавы фальварак) знаходзіўся на поўдзень ад замка над ракой Каменкай, быў агароджаны плотам з галля і меў уязную браму. У двары фальварка, па левым баку каля брамы стаяў крыты дранкай бровар. Дзверы бровара не мелі завесаў, а адчыняліся на бегунках, усярэдзіне бровара мелася мураваная з каменю печ для вырабу піва. Далей за броварам стаяла кухня і насупраць яе лазня з дзвярыма на бегунках, з каменнай печчу і падлогай.

Трошкі далей ад бровара стаяў крыты саломай жылы дом з сенямі, дзверы ў дом зачыняліся на жалезную клямку. У доме па правым баку меўся «белы» (печ у пакоі палілася па-беламу) пакой з каморай, у пакой вялі дзверы на завесах з жалезнымі зашчапкай і клямкай. У «белым» пакоі мелася наступная мэбля і начынне: стол сталярнай работы, дзве шкляныя скрыні ў драўляных скрынях на тры вялікія кварты (кварта - ¼ вядра). Мелася малое акенца з застаўкай і вокны ў вялікіх рамах на завесах з зашчапкай, печ з шэрай кафлі і адзін зэдаль.

З «белага» пакоя ў камору вялі дзверы на завесах з зашчапкай і жалезнымі прабоямі. У каморы мелася адно акно ў вялікай раме з клямкай, каля яго - малое акенца з зашчапкай, стаяў вялікі зэдаль. Дзверы, якія вялі з каморы ў сені, былі на завесах, з зашчапкай і жалезнымі прабоямі. У сенях меліся яшчэ адныя дзверы, яны вялі ў другі «белы» пакой з каморай. Гэты пакой асвятляўся праз два вялікія зашклёныя вокны і трэцяе малое акенца, печ тут была зложана з шэрай кафлі, на падлозе зялёныя покрыўкі (ходнікі), у пакоі стаялі дзве лавы. Як бачым - спартанская мэбліроўка.


Калі выйсці з жылога дома, дык па левы бок мелася піўніца (склеп), крытая саломай. Каля піўніцы стаяў крыты саломай хлеў з галля на сохах, брама ў хлеў - з дошак на бегунках.

Далей стаяла крытае сенам гумно для ссыпання збожжа ў восем засекаў.

Калі ісці па правым боку двара, дык можна было ўбачыць крытую саломай стайню на двух слупах. Ад стайні па левым боку стаяла пякарня з галля і з сенямі. У пякарні - «чорная» печ для выпечкі хлеба, стаялі лавы для цеста, сталы, бочка для вады, вокнаў з рамамі - тры.

За пякарняй мелася гумно з галля, крытае саломай, на двух слупах, брамка з жалезнай зашчапкай. За гумном - адрына з галля, а таксама малое гумно, агароджанае галлём, і два агароды.

Я адмыслова прывёў падрабязнае апісанне рэзідэнцыі лідскага старасты, каб мы ўбачылі, як жылі самыя багатыя гараджане, і зразумелі, што звычайныя жыхары Ліды жылі зусім сціпла.


Замкавы стаў. У часы панавання караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра замак атрымаў штучнае возера ці стаў, якое прыкрывала яго з усходу і поўдня. Гэты стаў ёсць на планах і малюнках XVІІІ-XІX стагоддзяў і добра бачны на малюнках замка.

У інвентары 1680 года запісана: «Лідскі замак, агароджаны мурам вакол. Брама адна, да яе (шлях) па плаціне (праз) вялікія вароты з форткай, абабітай жалезам».

Таксама інвентар 1680 года згадвае млын, які належаў да двара старасты і знаходзіўся на рацэ Лідзейцы. Млын арандаваў лідскі яўрэй, «які здаўна яго трымае і зараз згодна з кантрактам арандуе… і абавязаны штогод плаціць па частках пяць злотых згодна з кантрактам, а месцічы горада Яго Каралеўскай Мосці Ліды і таксама яўрэі… не павінны да іншага млына вазіць збожжа, але толькі да лідскага млына».

Лідзянін Караль Ёдка пісаў пра канец XІX стагоддзя у нашым горадзе: «Калісьці ў Лідзе, па вуліцы Гражыны, насупраць вуліцы Гарыстай, стаяў млын горада Ліда. А па другім баку быў зарослы балоцісты стаў, аточаны хмызам, аерам і альшынай. За некалькі гадоў да Сусветнай вайны млын быў зачынены, а возера спушчана. У 1915 г. будынак млына спалены адступаючымі расійскімі войскамі. Каля 50 гадоў гэтым млынам кіраваў дабраславёнай памяці Гірш Палячак, шляхетны чалавек, бацька вялікай сям'і, у якога мой бацька знайшоў працу за 30 рублёў заробку і 30 пудоў мукі штогод з памяшканнем для жытла, якое мела такое-сякое асвятленне і абагрэў. … Мелі дасыта чорнага хлеба, штогод садзілі пад гной некалькі загонаў бульбы, трымалі карову і свінню. Як кажуць, у млыне і шчуры сытыя. Бацька на гадавую выплату за работу на млыне купляў сабе боты ці кажух, порткі для брата Тамаша і для маці боцікі. … Брат Тамаш меў ужо 12 гадоў і ва ўсім дапамагаў бацьку. Заўжды стругаў з цвёрдага белага грабу "кулакі" для млынарскіх колаў і ляскі для шасцерняў. Каменні "вастрыў" сталёвым молатам сам бацька. … Дзень і ноч, узімку і ўлетку шумела вада на млынарскіх колах, гучалі агромністыя каменныя жарнавы, і ўвесь млын дрыжаў, як жывы. Знутры млына заўсёды вісеў туман з белага пылу. Стары Гірш Палячак, сын яго Ёсель - вазніца, мой бацька і наш Тамаш заўсёды мелі акураныя белым шапкі, твары, вопратку і нават боты. Жыхары блізшых і дальшых ваколіц штодня прывозілі жыта на памол. Калі вады ў ставе было многа, а завоз жыта невялікі, заказчыкі звычайна праз некалькі гадзін ладавалі на вазы свае мяхі з мукой і ехалі дахаты. Калі ж здаралася так, што вады ў ставе было мала, а завоз выпадаў вялікі, стваралася чарга. Коней выпрагалі, ставілі пры вазах каля млына ці ў стадоле каля дзвярэй нашага дома. Усе сяляне сходзіліся тады да нас. Звычайна ўсе разам сядалі на лаву і сталёвым крэсівам высякалі са скалкі агонь для люлькі, якая смачна пахла дымам, смалілі свае люлькі са смярдзючым тытунём уласнай гадоўлі і доўга вялі гаворкі. Часам некаторы з іх драмаў і хроп, а калі-нікалі падпускаў яшчэ горшы смурод, чым ягоная люлька. … Улетку, калі здаралася, што праз нас праходзіла жалобная працэсія, сёстры хапалі мяне за рукі, і мы ўсе разам выбягалі на могілкі за нябожчыкам, каб паглядзець, як хаваюць людзей у зямлю. На могілках галосна заводзілі бабы. Дзеці часамі таксама плакалі і нават некаторыя скакалі ў дол, да труны. Так моцна плакалі, што было іх шкада, вядома ж - страчвалі маці ці бацьку і заставаліся сіротамі».

У другой палове XІX стагоддзя стаў канчаткова зарос і пачаў ператварацца ў дрыгву. Таму ў 1913 годзе газета «Лідскае слова» пісала: «Абяцаюць нам водаправод, а вадзяны млын - гэты сейбіт заразы і розных хвароб - да гэтага часу стаіць непахісна, і гарадскія дзеячы не думаюць пра тое, што яго трэба ліквідаваць і такім чынам асушыць наш горад».

У тым жа нумары газеты нехта знаёмы з інжынернай справай у артыкуле «Да пытання пра электрычнае асвятленне ў г. Лідзе» прапанаваў скарыстацца энергіяй нашай рэчкі Лідзейкі: «На першы погляд з'яўленне ў нашым горадзе электрычнага асвятлення малаверагоднае. Бо звычайна ўсталяванне электроўні патрабуе велічэзных грошай - сотняў тысяч рублёў, якія наш горад, які налічвае каля 20 000 жыхароў, не зможа знайсці. Самі па сабе крыніцы электрычнага току - дынама-машыны - не надта дарагія, але патрэбны яшчэ і салідныя рухавікі, якія павінны мець магутнасць нават да сотні конскіх сіл. Гэтыя апошнія ў дзясяткі разоў даражэй за дынама-машыны. І гэта не ўсё. Для працы рухавікоў патрэбна паліва - мазут ці газа. Як бачым, перспектывы не надта прыемныя». Таму аўтар артыкула прапануе замест млына ўсталяваць на рацэ Лідзейцы гідрастанцыю і такім чынам зэканоміць на рухавіках і паліве: «Трэба толькі зрабіць ачыстку гарадскога става, які хутка ўсяроўна ператворыцца ў лужыну бруду і рассаднік малярыі, і ўсталяваць новыя вадзяныя турбіны». Аўтар заўважае, што «электрычнасць знойдзе самае разнастайнае выкарыстанне ў нашым жыцці: электрычнае асвятленне вуліц (карыстаемся газавака-лільнымі ліхтарамі, якія гараць "калі месяц не свеціць" ці ў афіцыйных месцах), у казённых і прыватных установах, тэатрах, клубах, крамах, у гарадскім парку, а таксама ў кватэрах заможных гараджан… Трэба нам, жыхарам культурнага горада, сур'ёзна падумаць пра выкарыстанне дармовай сілы прыроды, і тады пытанне пра электрычнае асвятленне ў г. Лідзе можна будзе лічыць вырашаным».

Улетку 1935 года падчас земляных работ па рэгуляцыі ракі Лідзейкі каля замка Гедыміна былі знойдзены «масіўныя валы, якія, згодна з тлумачэннямі знаўца гісторыі адваката Шымялевіча, верагодней за ўсё з'яўляюцца рэшткамі гістарычнай дамбы, якая служыла для ўтрымання ці пуску вады ў равы вакол замка». У выніку гэтых работ узровень грунтавых вод у горадзе быў паніжаны на 1,1 м.

Гарадскія ўлады атрымалі пэўную суму грошай на меліярацыю з нівеліраваннем балоцістага ўчастка, які знаходзіўся амаль што ў цэнтры горада (каля замка), і заснавання тут гарадскога парку. У маі 1938 года на месцы будучага парку ўжо пачаліся працы. Да канца чэрвеня працы былі закончаны, і прэса паведамляла: «Таварыства сяброў горада Ліды прыступіла да ўпрыгожвання горада. Лугі каля замка Гедыміна з боку поўдня да гэтага часу ляжалі без ужытку. Зараз багна часткова асушана, і пачалася закладка парку. Хутка будуць закладзены дзіцячыя і гульнявыя пляцоўкі».

Лідзянін Ежы Болтуць успамінаў: «Летам граў ваенны аркестр, і ў рэчцы Лідзейцы, якая тут была шырокай, купалася і бедната, і інтэлігенцыя, і нават лідская арыстакратыя: пілоты 5-га авіяцыйнага палка… Ліда лічылася амаль што курортам, рака была чыстай…». А рэдактар тагачаснай газеты «Лідская Зямля» Уладзіслаў Абрамовіч пісаў: «Сядзелі над ракой. Павольна струменілася блакітныя стужка вады... на пляжы бавілася вясёлая кампанія. Чуліся гучныя фырканні юнакоў і срэбны смех дзяўчат …».

Цалкам выканаць работы не паспелі, і багна тут была да сярэдзіны 1980-х гг.

У 2010 годзе замкавы стаў быў адноўлены.


Старыя дамы вакол замка. Агульнавядомай з'яўляецца думка, што старыя будынкі - галоўная каштоўнасць горада. Яны ствараюць утульнасць і адчуванне дотыку да сваёй гісторыі, выхоўваюць патрыятызм і павагу да месца, дзе нарадзіўся. Менавіта старыя дамы і старыя вуліцы ствараюць сапраўднае ўрбаністычнае асяроддзе, без іх няма горада, а значыць, і гараджан з гарадской культурай.

Насупраць замкавай сцяны стаіць, як называлі яго старыя лідзяне, «дом з калонамі» - Замкавая, 3. Дом пабудаваны ў 1926 г. У цэнтры яго галоўнага фасада паміж дзвюма калонамі знаходзіцца лоджыя. Сцены будынка завершаны карнізам, у сярэдзіне якога трохвугольны франтон порціка. Ад пачатку яго існавання тут мясцілася так званая «Соймікавая» аптэка (вул. Крывая, 3) Левінсона і Зеліковіча. Назву атрымала таму, што яе адчыніў лідскі павятовы соймік. Калі соймік зачыніў сваю аптэку, новая на гэтым месцы атрымала назву «па-Сойміковая», яна належала Людвіцы Міцкевіч (адрас - вул. Мацкевіча, 3. Вуліцу Крывую пераназвалі). Лідзянін Зіновій Баляслававіч Бянько расказаў мне, што пасля Другой сусветнай вайны з паўднёвага боку «дом з калонамі» меў драўляную прыбудову, у якой мясціўся каўбасны цэх, а ў самім доме жылі людзі.

На захад ад «дома з калонамі» стаіць двухпавярховы дом канца 1920-х гадах (Замкавая, 8).

Цікавы ў архітэктурным сэнсе дом (Замкавая, 5) стаіць адразу каля замка. Дом мае складаную шматгранную канфігурацыю са скругленым вуглом, а яго агульны выгляд кажа пра тое, што архітэктар распрацаваў праект дома пад уздзеяннем моднага з канца 1920-х гг. стылю «функцыяналізм».

На поўнач ад замка. Усё XІX стагоддзе галоўнай навучальнай установай нашага горада і ўсёй Лідчыны было павятовае (потым - гарадское) вучылішча. Практычна ўсе вядомыя лідзяне той эпохі, якія пакінулі сваё імя ў нашай гісторыі, вучыліся ў ім.

У пачатку XX ст. павятовае вучылішча стала гарадскім і пераехала ў двухпавярховы цагляны дом па вуліцы Замкавай (ці Гедымінаўскім завулку). Будынак стаяў з паўночнага боку Лідскага замка. Фасад дома быў павернуты да дзвюх памятных соснаў на паўночным схіле замка. Тут жа быў і галоўны ўваход ва ўстанову. Гэты гмах пабудаваў лідзянін Мардух Пупко і, здаючы яго ў арэнду, атрымліваў на пачатку ад гарадскіх улад болей за 1000 рублёў арэнднай платы штогод (потым кошт арэнды паменшыўся да 800 рублёў).

У 1930-я гг. у будынку каля замка мясцілася гарадская агульнаадукацыйная школа №5 імя Людвіка Нарбута (таксама выпускніка Лідскага павятовага вучылішча). Вучаніца гэтай школы лідзянка Яўгенія Ярмант пісала: «На першым паверсе размяшчаліся малодшыя класы з першага па чацвёрты. У глыбіні будынка знаходзілася агульная распранальня - рад кручкоў і драўляных калочкаў, убітых па ўсёй даўжыні сцяны. Направа ад распранальні была вялікая прахадная зала, дзе праходзілі ўрокі гімнастыкі і праводзіліся сходы харцэраў. У двары з задняга боку будынка вузкая і крутая драўляная лесвіца вяла на другі паверх. На галоўным фасадзе з правага боку размяшчалася шырокая, але вельмі крутая лесвіца, якая вяла ў настаўніцкую на другім паверсе. Ёю карысталіся толькі настаўнікі».

Другі вучань школы №5, Ян Станіслаўскі ўспамінаў: «Мела адрас: вуліца Гедымінаўская, 10. Стары двухпавярховы будынак з чырвонай цэглы. Падлогі з дошак, цесныя калідоры, малы пляц для адпачынку дзяцей, у куце якога былі прымітыўныя туалеты. Школа не мела гімнастычнай залы, майстэрні, з кабінетаў мела толькі фізіка-геаграфічны. Вуліца Гедымінаўская з аднаго боку ўлівалася ў вуліцу Замкавую, з другога - у Мацкевіча (Крывую)». Таксама Станіслаўскі пісаў: «Перад вайной лідскім старастам быў Станіслаў Гансеўскі, былы школьны інспектар (начальнік адукацыі павета - Л. Л.). Памятаю, як пад апекай выхавальніцы мой 5-ы клас з вуліцы Гедымінаўскай (агульнаадукацыйная 5-я школа) палоў гарод пана інспектара на далёкай вуліцы Сувальскай. Тады мы атрымалі вельмі смачны і багаты сняданак, і нашай працай інспектар быў вельмі задаволены. Праца выконвалася ў межах заняткаў па прыродазнаўстве - нас вучылі адрозніваць культурныя расліны ад пустазелля».

Адсюль, з гэтага старога школьнага гмаха, пачыналася дарога ў жыццё для некалькіх пакаленняў жыхароў нашага горада.

Будынак не захаваўся - як і ўвесь цэнтр горада, згарэў у 1941 г.

На поўнач ад замка і былой Гедымінаўскай вуліцы зараз стаіць помнік вялікаму князю Гедыміну - заснавальніку нашага горада. Амаль што на тым жа месцы, дзе зараз стаіць помнік князю Гедыміну, у 1930-х гг. знаходзіўся помнік Незалежнасці.


Застаемся каля помніка князю Гедыміну. Ад пачатку з'яўлення міжгародніх аўтобусных камунікацый у 1920-х гг. прыпынкам аўтобусаў у Лідзе была плошча Славы каля фарнага касцёла, у самым цэнтры горада - месцы, недалёка ад якога знаходзіліся гарадскія ўлады, крамы і гатэлі.

Аўтобусны прыпынак каля фарнага касцёла, 1930-я гг.

У кастрычніку 1930 г. газета «Навагрудскі кур'ер» пісала: «На аўтобуснай станцыі ў Лідзе няма не толькі хоць нейкай будкі, але нават і добрай шыльды. А рух тут немалы, бывае і да 5 аўтобусаў у гадзіну».

Аўтавакзал паміж замкам і фарным касцёлам, 1950-я гг..

Хутка каля фарнага касцёла пабудавалі аўтазапраўку і розныя гандлёвыя кіёскі. Лаўкі сярод кветнікаў выконвалі ролю месца чакання. Гараджане прызвычаіліся да таго, што плошча Славы была месцам прыпынку аўтобуса. Здавалася б, не трэба нешта мяняць, але гарадскія ўлады ў 1936 годзе вырашылі перанесці месца прыпынку міжгародніх аўтобусаў на гарадскі рынак (сучасная цэнтральная плошча). З-за гэтага людзі пачалі дарэмна траціць час, а аўтобус на 22 месцы (у той час самы вялікі) на малой рыначнай плошчы нават не мог развярнуцца. Адбылося некалькі здарэнняў: аўтобус сутыкнуўся з фурманкай, з іншым аўтобусам, былі вывернуты гандлёвыя рады і г. д. З улікам таго, што за дзень прыходзіла і адпраўлялася ў рэйсы шмат машын, усё гэта стварала невыносныя ўмовы на рынку. Кіраўніцтва ўсіх аўтобусных суполак (арганізацый, якія займаліся міжгароднімі перавозкамі пасажыраў) падпісала петыцыю да гарадскіх уладаў з прапановай вярнуць прыпынак аўтобусаў на старое месца, але ўлады адмовіліся. Таму петыцыю пераслалі прэм'ер-міністру, пасля чаго аўтастанцыя усё ж вярнулася на плошчу Славы. Улетку 1937 года гарадскую аўтобусную станцыю каля фарнага касцёла абсталявалі па-новаму: «Гарадскія ўлады разам з аўтобуснымі суполкамі ўпарадкавалі аўтобусную станцыю. Праз Ліду праходзяць сем міжгародніх аўтобусных ліній. Для кожнай лініі, як у Вільні, усталявана адмысловая табліца. У будучым гарадскія ўлады плануюць пабудаваць пачакальню для пасажыраў». Праз некалькі тыдняў каля міжгародняй аўтобуснай станцыі адкрылася паштова-тэлеграфнае аддзяленне.


Да 1938 года на гэтым месцы была пабудавана аўтастанцыя. Прэса пісала: «У Лідзе пабудавана адмысловая аўтастанцыя, на якой спыняюцца агромністыя аўтобусы. Кожны дзень аўтастанцыя прымае 60 аўтобусаў. Аўтобусны рух пачынаецца з рання і заканчваецца толькі ў 20.30. Зараз дзень кароткі, аўтастанцыя не мае электрычнага асвятлення і таму разам з усім горадам пагружаецца ў цемру. Тыя электрычныя ліхтары, якія ўсё ж свецяць у горадзе, маюць такія слабыя лямпы, што за 10 крокаў ад слупа ўжо цёмна».

У 1935 годзе Лідская аўтобусная суполка вырашыла пачаць пабудову па-сучаснаму абсталяванага гаража на 20 боксаў з механічнымі варштатамі, складамі, памяшканнямі для абслугоўваючага персаналу і душавымі.

Напрыканцы 1936 года у Лідскім павеце было 27 асабістых і 4 грузавыя аўтамабілі, 6 аўтобусаў, 28 матацыклаў - разам 65 механічных транспартных сродкаў: «Ступень матарызацыі Лідскага павета ў Наваградскім ваяводстве знаходзіцца на другім месцы, першае месца займае Баранавіцкі павет, які мае 95 механічных транспартных сродкаў, на апошнім месцы - Стаўпецкі павет, дзе ёсць толькі 16 машын (з іх 5 матацыклаў)».

Не дзіва, што практычна на тым жа месцы (бліжэй да замка, зараз тут стаіць помнік князю Гедыміну) на пачатку 1950-х гг. гарадскі аўтавакзал быў адноўлены. Лідчанка Ларыса Канчэўская ўспамінае: «Праўда, які гэта быў аўтавакзал? Так, магутны цагляны навес з касай. Там сядзець можна было толькі на ўласным багажы. Ну, можа быць, стаялі ля задняй глухой сцяны дзве паркавыя лаўкі. А вакол натоўпы беспрытульных людзей, якія чакаюць ад'езду, продажу квіткоў, перасадак, сярод дзясятка аўтобусаў, што стаялі, скасабочыўшыся, стомленыя, брудныя, каля смярдзючага сарціра на чатыры месцы (два "Ж" і два "М"). Не падумайце, што я іранізую. Гэта былі звыклыя рэаліі нашага часу пасля разбуральнай вайны. Аўтавакзал быў акурат на горцы, на якой зараз знаходзіцца астравок нашага калязамкавага скверыка, які паволі пачалі закладваць у канцы сямідзясятых гадоў ХХ ст. … І над усім гэтым морам народу гучаў неразборлівы голас дыктара-дыспетчара: "Паважаныя грамадзяне пасажыры! Аўтобус "Ліда - Табала" адпраўляецца ў 12 гадзін 42 хвіліны". Пра месца не згадвалася. Аўтобусы рыпелі і кракталі, перагружаныя людзьмі і багажом. Але гэтыя ж людзі яшчэ нядаўна пакорліва пераадольвалі дзясяткі кіламетраў пешшу. А тут - такая зручнасць! Да 1961-1962 гадоў вакзал ператварылі ў аднапавярховы будынак з дыспетчарскай, буфетам, бытоўкай для вадзіцеляў, пячным ацяпленнем». Гэты, ужо трохі павялічаны, аўтавакзал каля замка памятаю і я. Захаваліся і яго фотаздымкі.

Каля 1970 г. быў пабудаваны сучасны вялікі аўтавакзал са шкла і бетону, які пасля грунтоўнай рэканструкцыі 2010 г. служыць нам і зараз.

Дзе і што археолагам шукаць у Лідзе

У гэтай апошняй главе кнігі главе я раскажу пра найбольш цікавыя гістарычныя аб'екты ў Лідзе з указаннем іх дакладных геаграфічных каардынатаў, каб у будучыні ўжо немагчыма было страціць іх месцазнаходжанне. Гэтыя геаграфічныя каардынаты могуць выкарыстоўвацца любым чынам, нават на звычайнай папяровай карце, але, каб карыстальнікам было зручна, яны падаюцца ў фармаце гугль-карт - калі каардынаты ўвесці ў пошукавае вакенца гэтай сістэмы, месцазнаходжанне неабходнага аб'екта адразу будзе паказана на карце сістэмы.

Метадам вызначэння месцазнаходжання гістарычных аб'ектаў у нашым горадзе, якім я карыстаюся ўжо шмат гадоў, з'яўляецца метад накладання старых аэрафотаздымкаў на сучасную спадарожнікавую гугль-карту. Магчымую памылку вызначэння каардынат пры такім метадзе можна ацаніць як плюс-мінус 10 м, што дастаткова, каб знайсці гістарычны аб'ект памерам у вялікі будынак.

Перспектыўныя археалагічныя аб'екты на сучаснай гугль-карце (спадарожнікавым здымку) Ліды старая «Ліда Нарбута» ў сучасным парку засталася па-за межамі гэтай карты). 2 - Вялікая лідская сінагога. 7 - Іешыва Рэйнеса. 8 - Месца, дзе стаяла апошняя лідская ратуша. 9 - Кляштар піяраў. 10 - Грэка-каталіцкая царква св. Мікалая, а потым царква Міхала Арханёла. 11 - Прачысценская грэка-каталіцкая царква. 12 - Кляштар кармелітаў. 13 - Касцёл кармелітаў.

У Беларусі комплекс сінагога-іешыва, заўсёды меў назву Школьны двор. Лідскі Школьны двор з поўдня выходзіў на Рыначную плошчу, з дакументаў вядома, што прыбіраў рынак і Школьны двор адзін і той жа дворнік. З дакументаў таксама бачна, што Школьны двор існаваў у Лідзе як мінімум з XVII ст., ёсць ён і на карце горада канца XVIII ст. У 1843 г. пажар, які распачаўся з яўрэйскай лазні, знішчыў увесь Школьны двор, частку дамоў Рынкавай плошчы і ўсю вуліцу Віленскую. Пажар 1891 г. зноў знішчыў Школьны двор і амаль што ўвесь горад. Згарэла тады і старая сінагога, якая існавала і выкарыстоўвалася па прызначэнні каля 300 гадоў. Таму, магчыма, у больш глыбокіх культурных слаях, чакаюць археолагаў і яе падмуркі.

Новая мураваная лідская сінагога была пабудавана тут у 1896 г. у неамаўрытанскім стылі. Адным радком трэба заўважыць, што неамаўрытанскі стыль знаходзіўся ў рэчышчы эклектыкі ХІХ - пачатку ХХ ст., ён з'явіўся на хвалі пошукаў ідэнтычнасці і, канешне ж, не быў аўтэнтычнай маўрытанікай, якая будавалася ў Сярэднявеччы.

Новая лідская сінагога ўяўляла сабой двухпавярховы прамавугольнік памерамі 23 х 28 м і вышынёй у 30 метраў са сценамі мятровай таўшчыні. Будавалі Вялікую лідскую сінагогу 4 гады, будаўніцтва было завершана ў жніўні 1896 г., а набажэнства дазволена распачаць у снежні 1896 г. Зімой 1941-42 гг. па распараджэнні гебітс-камісара Ханвега згарэўшая ў 1941 г. сінагога была цалкам разабрана. Будаўнічае смецце пайшло на адсыпку дарогі па забалочаным участку будучай вуліцы Міцкевіча ад сучаснага праспекта Перамогі да вуліцы Савецкай (гэтага ўчастка вуліцы Міцкевіч тады яшчэ не было).

Вялікую павагу і вядомасць меў лідскі рабін Рэйнес і яго іешыва. Не забыты Рэйнес і сёння.

Калі б удалося раскапаць падмуркі іешывы Рэйнеса і галоўнай Лідскай сінагогі, а потым належным чынам правесці музеефікацыю гэтых аб'ектаў, дык без сумневу гэта выклікала бы вялікую цікаўнасць турыстаў і дало б дадатковыя грошы ў бюджэт горада.

Каардынаты сінагогі: 53.8928919606208, 25.301384562036507

Каардынаты іешывы: 53.892712249057396, 25.301293124323667


Кляштар піяраў. На тэрыторыю, дзе сёння стаіць Лідскі каледж пры Гарадзенскім універсітэце, раней з поўначы заходзіла крыло кляштара піяраў, у якім месцілася вучэльня. Пасля 1863 г. касцёл і кляштар быў перададзены пад праваслаўную царкву, і ў выніку перабудовы было знесена гэтае ўсходняе крыло будынка. Але, магчыма, на тэрыторыі каледжа падмуркі захаваліся і да нашага часу.

Піяры ў свой час зрабілі велічэзны ўнёсак у справу адукацыі на Лідчыне.

Каардынаты кляштара піяраў: 53.89353051340163, 25.303833938287244


Царква Арханёла Міхаіла. Тут жа, каля сучаснай царквы Арханёла Міхаіла (былога касцёла піяраў), як найменей з першай паловы XVII ст. стаяла ўніяцкая (грэка-каталіцкая) царква Св. Мікалая. У дакументах канца XVIII ст. на месцы былой царквы Св. Мікалая мы бачым ужо новую царкву пад тытулам Міхала Арханёла. Абедзве гэтыя цэрквы былі драўляныя. Вядома, што царква Міхала Арханёла была пабудаваная ў форме крыжа, каля яе меўся шпіталь і пабудовы плябаніі: хата святара з каморай, пякарня, клець (амбар), гумно, хлеў. Пры капітальным рамонце вуліцы Сувальскай (зараз - Савецкай) і пракладцы тэлефонных кабеляў новай у той час пошты па вуліцы Міцкевіча (якая тады яшчэ толькі будавалася), прэса паведамляла, што ў 1937 г. тут знайшлі парэшткі XVIII ст. «лідскіх месцічаў, якія былі пахаваны на могілках пры ўніяцкай царкве, якая згарэла ў першай палове XVIII ст», - тут маецца на ўвазе царква св. Мікалая. А калі знікла царква Міхала Арханёла, невядома, але на карце горада 1842 г. яе ўжо няма. Зараз там, дзе стаялі ўніяцкія цэрквы са шпіталем, плябаніяй, знаходзіцца паўночнае крыло будынка лідскага каледжа. Могілкі ж, верагодна, займалі пляц бліжэйшы да галоўнай вуліцы горада.

Каардынаты царквы: 53.89332136298254, 25.303711884679984


Іншая грэка-каталіцкая цэрквы. Прачысценская царква ў Лідзе знаходзілася ў раёне горада, які меў гістарычную назву Зарэчча (зараз - раён вул. Калініна). Тут яна месцілася, прыкладна з першай паловы XVII ст. і, зразумела, што на гэтым месцы па-чарзе стаялі некалькі драўляных цэркваў. Як і належыць, каля царквы меліся могілкі, і чалавечыя косткі тут знаходзілі яшчэ ў XX ст.

Міхал Шымялевіч паведамляў пра гэтую царкву, што ў купчай, якой быў аформлены продаж 7 красавіка 1630 г. лідскім мешчанінам Лаўрынам Паўлавічам Казюковічам сваёй зямлі і хаты Мацею Вайцяховічу і яго жонцы Парасе Фёдараўне, згадваецца Фёдар Грынявецкі, святар храмаў Божых у горадзе Лідзе - у імя Прачыстай і Святога Мікалая: «Chwiedor Hryniewiecki swieszczennik domu Bozego Przyczystey y swietego Mikolaya w Lidzkiem miescie stojacych», - заўважу, што гэта тэкст напісаны беларускай мовай на лацінцы. Пры апісанні межаў пляца ў купчай ясна ўказана месцазнаходжанне Прачысценскай царквы: «Іншым жа канцом да самой вуліцы, якая ідзе з горада Ліда на Дуброўну і Ліпнішкі, ідучы гэтаю вуліцай па дарозе з г. Ліды ад рынка і ад замка да Прачысценскай царквы па правай руцэ». З гэтага бачна, што Прачысценская царква размяшчалася на тым месцы, дзе, як пісаў Шымялевіч, на пачатку ХХ ст. знаходзілася «хатка Каліноўскага на Зарэччы».

Вызначаныя сучасным метадам каардынаты Прачысценскай царквы: 53.886184832612535, 25.30730971739487


Апошняя лідская ратуша. Таксама зусім блізка ад месца раскопак 2023 г. стаяла апошняя лідская ратуша. Накладанне карты горада канца XVIII ст. на сучасную спадарожнікавую гугль-карту, паказвае, што контур ратушы, у асноўным, знаходзіцца пад сучасным домам №13 і на прамежку паміж домам №13 і №11 вул. Савецкай (там дзе зараз працуе гульнявы цэнтр). Улічваючы, што месца вакол ратушы інтэнсіўна забудоўвалася пасля пажару 1891 г. (тады згарэла і сама ратуша), і другі раз тое самае рабілася з канца 1950-х гг., верагоднасць захавання падмуркаў ратушы, на жаль, вельмі малая. Апошняя лідская ратуша, згарэўшая ў 1891 г., абазначана на карце, якая складзена ў канцы XVIII ст. пры ўдзеле вучняў піярскага калегіюма.

Па шматлікіх прычынах, пералік якіх склаў бы вялікі артыкул, гарадскую ратушу абавязкова трэба аднавіць. Але з-за таго, што пляц, дзе стаяла лідская ратуша, забудаваны, нам трэба браць на ўзбраенне вопыт нашай сталіцы Мінска, дзе з-за той жа прычыны, адноўленая ратуша зрабіла крок цераз вуліцу на вольнае ад забудовы месца. Адноўленай Лідскай ратушы таксама давядзецца пераступіць вуліцу Савецкую і стаяць на зараз свабодным пляцы за домам Савецкая, 16. Тут маецца вялікая пляцоўка, вольная ад забудовы, але трэба памятаць, што на гэтым месцы гарадская забудова існавала, недзе з XVI ст. (калі не раней), і перад аднаўленнем ратушы, гэтае месца патрабуе дэталёвага археалагічнага вывучэння! А знойдзеныя, па-сапраўднаму старажытныя рэчы (а не рэчы сярэдзіны XX ст.) маглі б упрыгожыць калекцыю нашай будучай ратушы.

Каардынаты апошняй ратушы нашага горада: 53.89222962259373, 25.3027088101095


Кляштар і касцёл кармелітаў. Яшчэ адным цікавым месцам, дзе трэба весці раскопкі, з'яўляецца касцёл і кляштар кармелітаў.

Зараз прыкладна там, дзе стаяў кармеліцкі кляштар, знаходзіцца будынак музычнага каледжа, а на тым месцы, дзе быў касцёл кармелітаў, праходзіць паўдзённая праезджая частка вуліцы Ленінскай, таму для пошукаў тут трэба перакрываць дарожны рух. У гэтым месцы, пры пракладцы камунікацый, неаднаразова знаходзіліся парэшткі пахаванняў людзей, што не дзіва - мы добра ведаем, што вакол касцёла кармелітаў, як і належала ў той час, меліся могілкі.

Пры дабудове да сучаснага музычнага каледжа памяшкання спартыўнай залы былі ўскрыты магутныя лёхі былога кляштара са скляпеністай столлю - старая Ліда чарговы раз нагадала пра сябе і можна спадзявацца, што падмуркі найцікавейшага лідскага гмаха XVIII ст. захаваліся, і тады пасля раскопак і ўскрыцця падмуркаў кляштара, патрэбна была б па-сапраўднаму крэатыўная ідэя, як уладкаваць гэты найважнейшы археалагічнага аб'ект, які бясспрэчна выклікаў бы вялікую цікаўнасць у турыстаў.

Каардынаты касцёла кармелітаў - 53.8902029730584, 25.302287950056257.

Каардынаты кляштара кармелітаў - 53.88971617458282, 25.301914047661725.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX