Папярэдняя старонка: Агульнае краязнаўства Лідчыны

Лідскі павет - Лідскі раён 


Аўтар: Суднік Станіслаў,
Дадана: 30-06-2015,
Крыніца: Суднік Станіслаў. Лідскі павет - Лідскі раён// Лідскі Летапісец № 1(69) - 2015. С. 14 - 21.



Лідскаму раёну - 75 гадоў

Лідскі раён уяўляе сабою плоскую, слаба нахіленую ў бок поўдня марэнную раўніну, з абсалютнымі вышынямі ў межах 140-200 м, якая праразаецца рэкамі Лебяда, Дзітва, Жыжма і іх прытокамі і пераходзіць у Нёманскую нізіну, абмежаваную па паўднёва-усходняй ускраіне ракой Нёман.

Знаходзіцца ў цэнтры Гарадзенсукай вобласці, мяжуе з Вораноўскім, Іўеўскім, Наваградскім, Дзятлаўскім, Шчучынскім раёнамі.

Раён утвораны 15 студзеня 1940 года. Плошча раёна - 157 тысяч гектараў.

Першыя людзі плямёнаў свідэрскай культуры прыйшлі на Лідчыну каля 12 тысяч гадоў таму назад. Пасля іх на Лідчыне пражывалі плямёны яніславіцкай, нёманскай, прыбалтыйскай культур, шнуравой і штрыхаванай керамікі (балты). У 10-11 стагоддзі ўздоўж даліны Нёмана пасяліліся славяне. Доўгія стагоддзі па Дакудаўскіх балотах і даліне р. Дзітвы захоўвалася мяжа паміж дрыговічамі і яцвягамі. Лідчына - паласа кантакту славян і балтаў, ад іншых земляў адрознівалася абрадам пахавання, жаночымі ўпрыгожваннямі, тыпам вопраткі. У Лідскім раёне зарэгістраваны дзясяткі археалагічных стаянак, 4 гарадзішчы, 17 селішчаў, курганы, насыпы, каменныя магільнікі.

У XIV ст. Лідчына становіцца раёнам змяшанага засялення ліцвінаў, дайнаўцаў (яцвягаў), дрыговічаў, крывічаў, борцяў (прусаў) і жамойтаў. Назвы некаторых сёлаў кажуць самі за сябе: Крывічы, Крыўцы, Дайнава, Гуды (у дадзеным выпадку - Дрыговічы), Жомайдзі, Борці Турэйскія, Яцвезск. У 1323 г. па распараджэнні вялікага князя літоўскага Гедзіміна пачалі будаваць Лідскі замак, у гэтым жа годзе быў заснаваны горад Ліда.

З сярэдзіны ХIV і да пачатку ХVI стагоддзя Ліда - вялікакняскі горад з першых 14 гарадоў Вялікага Княства Літоўскага, Лідай валодалі вялікія князі Кейстут, Альгерд, Ягайла, Вітаўт. У горадзе з 1396 па 1399 г. жыў выгнаны з Залатой Арды хан Тахтамыш, старастам быў Ач-Гірэй - заснавальнік Крымскага ханства.

У ХIV стагоддзі згадваюцца лідскія селішчы Дуброўня, Беліца, Востраў і Дакудава. Востроўскае пагадненне і Дакудаўская бітва апісваюцца ва ўсіх беларуска-літоўскіх летапісах. У пачатку ХV стагоддзя згадваюцца Сялец, Олдава, Ваверка. Дакладна вядома, што Лідская харугва ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве.

Першым тэрытарыяльна-адміністрацыйным утварэннем вакол Ліды было Лідскае намесніцтва, вядомае з 1382 г., калі ім кіраваў фаварыт вял. кн. Ягайлы Вайдзіла. З 1413 г. Лідскае намесніцтва ўваходзіла ў Віленскае ваяводства, часам выступала пад назвай "павет". Ахоплівала дзяржаўныя сёлы, што належалі непасрэдна да Лідскага замка, і ўладанні мясцовых баяр-шляхты, якія выходзілі на вайну ў складзе Лідскай харугвы. У "Попісе войска Вялікага Княства Літоўскага" 1528 года фігуруюць каля 80 такіх дробных землеўладальнікаў, з якіх 37 ішлі ў войска асабіста, а астатнія выстаўлялі разам 49 коннікаў.

Акрамя Лідскага намесніцтва (павета) на поўдні будучага Лідскага раёна з 1490 існаваў яшчэ Беліцкі павет. Ён геаграфічна быў заціснуты паміж Троцкім паветам (ваяводствам) і Наваградскім паветам, але ў "Попісе войска ВКЛ" 1528 года стаіць асабняком. Паводле "Попісу ..." 1528 года Беліцкі павет павінен быў ставіць 12 коней. Праіснаваў Беліцкі павет нядоўга.

Пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565-66 гг. да Лідскага намесніцтва далучаны суседнія Астрынскае, Васілішскае, Радунскае і Эйшышкскае намесніцтвы, якія раней адносіліся да Троцкага ваяводства, а таксама буйныя панскія вотчыны: Беліца, Дакудава, Жалудок, Жыжма, Жырмуны, Ішчална, Сялец, Шчучын і інш. Іх агульная тэрыторыя ўтварыла Лідскі павет з фіксаванымі межамі і штатам павятовых ураднікаў. Лідскі павет увайшоўу Віленскае ваяводства, меў павятовую харугву чырвонага колеру з выявай "Пагоні". Але межы павета былі не вельмі ўстойлівымі: шэраг маёнткаў абапал Нёмана (Ятвезск, Ражанка, Турэйск, Дзеражное, Макрэц, Ліпічна з вялікай пушчай у Занямонні) у розных крыніцах адносяцца то да Лідскага павета, то да суседняга Гарадзенскага павета. Паводле попісу войска ВКЛ 1567 з прыватных маёнткаў Лідскага павета выстаўляліся прыблізна 980 коннікаў, з іх каля 200 выстаўлялі паны (не лічачы ўладанняў М.Ю. Радзівіла, склад маёнткаў якіх у попісе не прыводзіцца), астатніх - павятовая шляхта (частка яе валодала маёнткамі і за межамі Лідскага павета). Плошча павета складала каля 5,5 тыс. км2.

У канцы ХIV пачынаецца перадача земляў у прыватную ўласнасць. Першым на Лідчыне быў вылучаны двор Дуброўня з прылеглымі селішчамі: вялікі князь Альгерд каля 1370 г. надзяліў зямельным надзелам свайго слугу Вайдзілу. 17 лютага 1387 г. кароль Ягайла запісаў Дуброўню ў карысць Віленскай кафедры каталіцкіх біскупаў. У 1507 г. мыслівец (паляўнічы) Захарыяш Кузьміч атрымаў ад караля Жыгімонта 6 валок зямлі каля Ліды ў раёне праспекта Перамогі - мясцовасць гэта спачатку звалася Кузьмішкамі, потым Вісьмантамі У 1527 г. лідскі стараста Юры Іллініч, які пабудаваў Мірскі замак, валодаў Дворышчамі, Бердаўкай, Прыдыбайламі і Зблянамі.

Да канца 16 стагоддзя ў межах сучаснага Лідскага раёна налічвалася больш за 50 паселішчаў. З іх у вялікакняскай уладзе заставаліся Ліда, Кульбакі, Вашкевічы.

У першай палове 17 стагоддзя на Лідчыне прыкметна вырасла колькасць насельніцтва, многія сёлы набылі статус мястэчкаў. На карце Т. Макоўскага, выдадзенай у 1613 г., пазначаны: Ліда - горад з замкам і земскім судом, Беліца - горад, Ваверка, Крупа, Лебяда - мястэчкі, Белагруда - сяло са шляхецкім дваром. На першую палову стагоддзя прыйшліся лепшыя гады Беліцы. Гэтаму спрыяла пракладка дарогі з Гародні ў Наваградак праз Беліцу і навядзенне пры Беліцы пераправы цераз Нёман. Радзівілы пабудавалі тут, на беразе Нёмана палац. У Беліцы пражывалі майстры 16 спецыяльнасцяў, у асобныя гады доля рамеснага насельніцтва дасягала 19 % . У 1627 г. у Беліцы было 6 вуліц і пражывала не меней за 2 тысяч жыхароў. Штогод праводзіліся кірмашы.

У суседніх Зблянах у 1627 г. налічвалася 38 двароў, зямельныя надзелы складалі 16 валок (342 гектары), у сяле меліся млын і царква. У сярэдзіне стагоддзя ў Зблянах ужо - 62 двары, карчма і царква.

Ваверка статус мястэчка атрымала ў 1570 г. Праз Ваверку праходзіў гасцінец з Вільні на Кракаў, тут меліся корчмы, праводзіўся гандаль і кірмашы.

У Олдаве, якое набыло статус мястэчка напачатку 17 стагоддзя, праходзіў штотыднёвы гандаль і штогадовыя кірмашы.

У 1590 г. Ліда атрымала Магдэбургскае права. З канца ХVI стагоддзя - гэта адміністрацыйны, судовы, гандлёвы цэнтр павета.

У 1650 годзе ў Лідскім павеце налічвалася 11,8 тыс. дымоў, што адпавядае колькасці насельніцтва каля 80 тыс. чал.

Падчас вайны 1654 -1667 гг. Лідскі павет "моцна пацярпеў": людскія страты склалі 23,7 тысячы чалавек (25%). У 1648 г. у павеце пражывалі 94,9 тыс. чалавек, а ў 1667 г - 71,2 тыс. чалавек. Да вайны ў Лідскім павеце налічвалася 11860 "дымоў", пасля вайны - 9621, страты склалі 18,8 %. Цалкам знішчаны былі Ваверка, Мыто, Белагруда, у Беліцы з 234 дымоў засталося 40. Значная колькасць жылых дамоў была спалена, мужчынскае насельніцтва перабіта, гаспадаркі разрабаваны.

Адным з наступстваў гэтай вайны было заснаванне кляштароў, галоўным чынам дамініканскіх і кармеліцкіх. Другім наступствам быў пераход праваслаўных у ўніяцтва і каталіцтва. У канцы 17 стагоддзя на Лідчыне (у сучасных межах) было 5 касцёлаў: Белагрудскі, Ваверскі, Дылеўскі, Ельненскі і Лідскі; пяць уніяцкіх цэркваў: Дзікушская, Дакудаўская, Лідская, Мыцкая і Радзівонішская; дзве праваслаўныя царквы ў Голдаве і Зблянах.

Паўночная вайна прынесла новыя страты і пакуты. Насельніцтва рабавалі як шведскія, так і рускія войскі. У гэты час да Лідскага павета былі прырэзаны Ліпнішкі, Суботнікі, Геранёны, Дзевянішкі

У 1775 г у Лідскім павеце 11723 дымы, з іх сельскіх 10974 і 749 гарадскіх. Павет уключаў 8 старостваў. У канцы 18 ст. ў Лідскім павеце налічвалася больш як 1200 паселішчаў, колькасць насельніцтва дасягала 100 тыс. чалавек.

Пасля паўстання 1794 года і Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Лідчына далучана да Расійскай Імперыі. 8 жніўня 1796 г. Ліда вызначана павятовым цэнтрам Слонімскай губерні Літоўскага генерал-губернатарства. Затым імператары Павел І і Аляксандр І, якія, дарэчы, абодва наведвалі Ліду, паганялі Лідскі павет па губернях Літоўскай (1796-1801), Слонімскай (1801-1802), Гарадзенскай (1802-1842), пакуль Мікалай І не прыпісаў яго да Віленскай.

У 1812 г. Напалеон заснаваў у паветах прэфектуры з падпрефектам і двума дарадцамі. Лідскім падпрэфектам быў прызначаны павятовы маршалак Ігнацы Скіндар. У горадзе было арганізавана муніцыпальнае кіраванне на чале з мэрам - Аляксандрам Крыдзелам. Ад напалеонаўскай рэформы захавалася толькі слова "мэр". Лідская шляхта двойчы - у 1831 і 1863 гг. - падымала паўстанні, маёнткі ўдзельнікаў паўстанняў пасля параз канфіскоўваліся, а самі ўдзельнікі або ўцякалі ў Заходнюю Еўропу, або высылаліся ў Сібір. Некаторыя з іх атрымалі сусветную вядомасць (Дамейка, Урублеўскі).

У канцы 1842 г. у Лідскім павеце налічвалася 16 мястэчкаў, 416 маёнткаў, 1420 вёсак, у якіх пражывалі 90 869 католікаў, 24 742 праваслаўныя і 4 731 габрэй, разам 120 342 чал., у тым ліку 8 219 (1860 г.) шляхты. У 1861 г. Лідскі павет быў падзелены на 24 воласці: названыя Аляксандраўская, Арлянская, Астрынская, Беліцкая, Беняконская, Васілішская, Вялікамажэйкаўская, Ганчарская, Дакудаўская, Дубіцкая, Жалудоцкая, Жырмунская, Забалацкая, Каняўская, Лідская, Лябёдская, Ляцкая, Мытлянская, Пакроўская, Радунская, Ражанкаўская, Тарноўская, Шчучынская і Эйшышская. Павет уключаў сучасныя Лідскі, Воранаўскі і Шчучынскі раёны, а таксама частку Літвы, агульнай плошчай 5 460 км. кв. У 1862 г. у павеце пражывалі 122 тысячы чалавек з сярэдняй шчыльнасцю 25 чал. на кв. км. Па перапісе 1897 г. у павеце пражывалі 103 030 мужчын і 102 737 жанчын, усяго 205 767 чалавек, 30,3 % з якіх былі пісьменнымі. Сялянам належала 225 320 дзесяцін зямлі, шляхце - 195 960, скарбу - 39 580, мяшчанам - 12 470, царкоўным прычтам і манастырам - 2 200. На працягу 1882-84 гг. была пабудавана чыгунка Вільня-Ліда-Лунінец, у апошні дзень 1884 г. па ёй быў адкрыты рух.

У 1900 г. у Лідскім павеце - 38 309 коней, 100084 галавы буйной рагатай жывёлы, 106 975 авечак, бараноў і коз, 50 557 свіней. У 1903 г. у павеце - 228 тысяч жыхароў. За парадкам сачылі 23 ураднікі і 73 стражнікі. У 1906 г. пачаўся рух цягнікоў на чыгуначнай лініі Маладзечна- Ваўкавыск праз Гаўе-Ліду-Скрыбаўцы і было завершана будаўніцтва Белагрудскага касцёла - аднаго з самых вытанчаных у раёне.

Пяцігоддзе з 1908 па 1913 год - час бесперапыннага ўздыму прамысловасці, культуры і адукацыі ў Лідскім павеце. На шклозаводзе "Нёман А" ў 1908 г. 552 працаўнікі, імі выраблена лямпавага шкла, шклянога і крыштальнага посуду на 310 тысяч рублёў. На шклозаводзе "Нёман Б" - 454 працоўныя.

У 1910 г. у Лідскім павеце дзейнічаюць 244 фабрыкі і заводы з 2160 працоўнымі. Шклозавод "Нёман" злучаны вузкакалейкай з чыгуначнай станцыяй Нёман. У Дакудаве паштовы аддзел ператвораны ў паштова-тэлеграфны аддзел. У Голдаве пры царкве адкрыта прыходскае таварыства цвярозасці, а настаўніца Клаўдзія Катовіч правяла небывалае дзіцячае свята.

1913 год - апошні мірны год перад разбуральнай катастрофай Расійскай імперыі. Год найвысокага ўздыму даваеннай эканомікі. У Лідскім павеце пражывалі 252,5 тысяч жыхароў. На шклозаводах "Нёман А" і "Нёман Б" працавалі 1050 працоўных, было выраблена каля мільёна штук сталовага посуду і крыштальных вырабаў на агульную суму 705 тысяч рублёў. Асноўныя фонды завода перавалілі за паўмільёна рублёў. На Перапечыцкай цагельні выраблена цэглы на 20 тысяч рублёў. На Парачанскім бровары выпушчана спірту 1,4 млн. градусаў.

Напачатку 1914 г. Лідскі павет плошчай 5615,7 км. кв. з насельніцтвам каля 260 тысяч складаўся з 23 воласцяў: Аляксандраўская, Арлянская, Астрынская, Беліцкая, Беняконская, Васілішская, Ганчарская, Дакудаўская, Дубіцкая, Жалудоцкая, Жырмунская, Забалацкая, Каняўская, Лідская, Лябёдская, Ляцкая, Мытлянская, Пакроўская, Радунская, Ражанкаўская, Тарноўская, Шчучынская і Эйшышская; 8 судова-адміністрацыйных акруг з земскім начальнікам у кожнай акрузе і 5 паліцэйскіх станаў з месцазнаходжаннем камісараў паліцыі ў Воранаве, Эйшышках, Шчучыне, Васілішках і Беліцы.

Ліда была павятовым цэнтрам, тут размяшчаліся ўсе павятовыя ведамствы: канцылярыя маршалка шляхты, дваранская апека, ваенкамат, павятовы з'езд, паліцэйскае ведамства, камісія сельскагаспадарчых арганізацый, казначэйскі інспектарат, казначэйская каса, ведамства акцызнай акругі, ведамства павятовага ваеннага начальніка, школьны інспектарат. У Лідзе пражывалі 16 тысяч жыхароў, меліся дзяржаўная мужчынская гімназія, прыватная жаночая гімназія, дзве прыватныя прагімназіі, дзве прыходскіх школы - мужчынская і жаночая, народная школа, талмуд - тора і знакаміты ешыбот рабіна Райнеса.

Улетку 1915 г. перад тварам надыходзячага кайзераўскага войска была праведзена беспрэцэндэнтная масавая эвакуацыя людзей і маёмасці. У канцы верасня 1915 г. Лідскі павет быў акупаваны кайзераўскімі войскамі. Была створана цэсарска-нямецкая Віленская губерня, куды ўваходзіў Kreisamt-Lida. Нямецкая адміністрацыя выдала распараджэнні пра ўскладанне аховы тэлефоннай і тэлеграфнай сеткі на мясцовае насельніцтва; пра адчужэнне каляровых металаў. Забаронена хаваць рускіх салдат; прымаць на начлег жабракоў і валацуг; перасылаць і атрымліваць пасылкі, лісты, газеты, часопісы; прадаваць і ўжываць мяса і мясныя прадукты ў аўторак і пятніцу; рэзаць і прадаваць гусей, качак, курэй без адмысловага дазволу. Усталяваны дзённыя нормы спажывання хлеба і бульбы. Уведзены талоны і купоны на тавары. Праведзена перарэгістрацыя насельніцтва, сталым уручаны аусвайсы. Вывозіліся лес, сельскагаспадарчая сыравіна, прадукты, абсталяванне, званы. З позняй восені 1915 г. пачалі адкрывацца беларускія школы. Першая беларуская школа на Лідчыне была адкрыта ў Зблянах у канцы 1915 або ў самым пачатку 1916 года.

25 сакавіка 1918 года Лідскі павет увайшоў у склад новаабвешчанай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Падчас савецка-польскай вайны Лідская зямля вельмі кароткі перыяд, са студзеня па красавік 1919 гады, уваходзіла ў склад БССР і Літоўска-Беларускай ССР.

19 лютага 1919 года ў Польшчы быў утвораны Цывільны ўрад усходніх зямель - Zarzad Cywilny Ziem Wschodnich (ZCZW) - польская цывільная адміністрацыя на тэрыторыях Літвы, Беларусі і Валыні (былога Вялікага Княства Літоўскага), не інкарпараваных у Польшчу, а занятых польскімі войскамі ў 1919-1920 гадах. Лідскі павет увайшоў у Віленскую акругу. У снежні 1919 года ў Лідскім павеце Віленскай акругі ZCZW жыло 186 060 чалавек. На яго тэрыторыі знайходзілася 1936 населеных пунктаў, з якіх 7 мелі звыш 1-5 тыс. жыхароў, а адзін меў звыш 10 тыс. Была гэта Ліда з 11 365 жыхарамі. У павеце ў 1919/1920 школьным годзе дзейнічалі 116 усеагульных школ і 3 сярэднія школы. Разам у іх вучылася 7267 дзяцей і працавалі 177 настаўнікаў.

У павет уваходзілі наступныя гміны: Аляксандрава, Араны, Астрына, Беліца, Беняконі, Вавёрка, Васілішкі, Воранава, Вялікая Лебяда, Ганчары, Дакудава, Дзембраў, Жалудок, Жырмуны, Забалаць, Іўе, Канява, Ліда, Ліпнішкі, Мацкішкі, Мыто, Новы Двор, Орля, Радунь, Ражанка, Сабакінцы, Седлішча, Суботнікі, Шчучын, Тарнова, Эйшышкі. У павеце былі два гарады: Ліда і Эйшышкі. Плошча павета на паперы была павялічана. Да яго на ўсходзе была далучана частка колішняга Ашмянскага павета (большая палова сучаснага Іўеўскага раёна), але рэальна гэтыя землі ўвайшлі ў склад Лідскага павета пазней..

11 верасня 1919 урад Савецкай Расіі заявіў пра згоду прызнаць Летувіскую дзяржаву і заключыць з ёю мірнае пагадненне. 12 ліпеня 1920 г., урад Савецкай Расіі, прызнаўшы незалежнасьць Летувы, перадаў ёй у абмен на нейтралітэт у савецка-польскім канфлікце Віленскі край з Вільняй, а таксама Гародню, Ліду, Смаргонь, Ашмяны, Нарач і Браслаўскія азёры. 14 ліпеня Чырвоная Армія займае Вільню, а ў верасні перадае яе летувісам.

У ходзе контрнаступленняў у жніўні-верасні 1920 года, пасля бітвы на Вісле, польскія войскі адваявалі 12 беларускіх паветаў у Савецкай Беларусі, а таксама Гародню, Ліду, Свянцяны ў Летувы. Віленскі край заставаўся ў складзе Летувы, хоць этнічныя летувісы складалі тут паводле розных падлікаў ад 5% да 18% (у самой Вільні іх было 4,5%). Грубая заваёва краю польскімі войскамі выклікала б востры пратэст з боку Еўропы і Лігі Нацый, таму захоп Вільні і Віленскага краю павінен быў выглядаць як звычайны «бунт». Роля «бунтаўнікоў» адводзілася Літоўска-Беларускай дывізіі пад камандаваннем Люцыяна Жалігоўскага. Дывізія Жалігоўскага складалася на 90% з жаўнераў-ураджэнцаў Беларусі, а значная частка іх, у сваю чаргу, паходзіла з Віленскага краю. Бліжэйшым памочнікам Л. Жалігоўскага быў генерал Стэфан Макрэцкі родам з маёнтка Дзітрыкі Лідскага павету

20 верасня Пілсудскі, галоўны ініцыятар акцыі, выдаў загад аб накіраванні Літоўска-Беларускай дывізіі на Гарадзеншчыну, на зімовыя кватэры. 30 верасня ў Беластоку адбылася сустрэча паміж Жалігоўскім і Пілсудскім. Жалігоўскі пазней успамінаў:

- Пілсудскі паведаміў, што Польшча адмовілася афіцыйна ад Вільні ў Спа, і зараз няма іншага спосабу вярнуць горад. Трэба, каб гараджане самі падняліся за свае правы... Трэба толькі памятаць, што можа наступіць час, калі і Сойм, і Сенат, і Польшча адракуцца ад вас, таму трэба быць гатовым узяць усё пад сваю адказнасць. Пра гэта нельга казаць уголас. (Люцыян Жалігоўскі, Наша Ніва. Кароткая гісторыя яшчэ адной Літвы.)

6 кастрычніка Люцыян Жалігоўскі аддаў загад пра перамяшчэнне аператыўнай вайсковай групоўкі ў раён Воранава і Беняконяў за вызначаную Сувалкаўскімі перамовамі дэмаркацыйную лінію. Ядро дывізіяў склалі часткі I Літоўска-Беларускай дывізіі, у склад якой уваходзілі Віленскі, Гарадзенскі, Менскі, Сувалкаўскі, Лідскі і Ковенскі палкі. Дзеянні частак, сфармаваных з выхадцаў Вільні і Віленскага краю, павінны былі насіць стыхійны характар, які выказвае волю насельніцтва, і выглядаць як вяртанне законных гаспадароў у родны край.

Згодна з дэкрэтам № 1 ад 12 кастрычніка 1920 года галоўнакамандуючага войскамі генерала Л. Жалігоўскага тэрыторыя Сярэдняй Літвы першапачаткова ўключала 14 гмінаў Браслаўскага, па адной гміне Вілейскага і Дзісенскага, 19 гмінаў Віленскага павету, Троцкі павет, гміны Лідскага павета на правым беразе Нёмана і 8 гмінаў Гарадзенскага павета. Пазней мяжа Сярэдняй Літвы была перанесена крыху на поўнач і прайшла па лініі Алкенікі - Беняконі - Дзевянішкі - Трабы - Лебедзі, на захад ад Маладзечна і Вілейкі, потым на поўнач да Казянаў і ракі Заходняя Дзвіна, на захад ад Друі. Сярэдняя Літва ў выніку поўнасцю ці часткова ахоплівала Ашмянскі, Свянцянскі, Троцкі, Віленскі, Браслаўскі і Лідскі паветы; яна займала каля 10 тыс. км 2 і налічвала 530 тыс. чал., 40% з якіх складалі беларусы

Па Рыжскай дамове ад 18 сакавіка 1921 года Лідчына адышла да Польшчы. У Лідскі павет вярнуліся тэрыторыі, якія былі ў Сярэдняй Літве. Многія сем'і, эвакуяваныя ў Расію, вярнуліся на радзіму. Лідскі павет быў уключаны ў Наваградскае ваяводства.

На пачатку 1926 г. у Лідскі павет былі перададзены гміны, прыпісаныя яшчэ ў 1919 г.: Суботнікі, Іўе, Ліпнішкі. Вёскі Каўпінскія Нагародзічы, Гезгалы, Нясілавічы і інш. перадзеныя ў Беліцкую гміну Лідскага павета. У траўні 1926 г. Каняўская і Аранская гміны адышлі з Лідскага павета ў Віленска-Троцкі павет. У сакавіку 1927 г. вёскі Баранцы і Масеўчукі былі перададзены з гміны Орля ў гміну Жалудок.

21 траўня 1929 года ўтвораны Шчучынскі павет Наваградскага ваяводства. У яго ўвайшлі ў асноўным гміны Лідскага павета: Дзембраў, Лебяда, Новы Двор, Орля, Астрына, Ражанка Сабакінцы, Шчучын, Васілішкі, Жалудок. З Гарадзенскага павета Беластоцкага ваяводства ў Шчучынскі павет перадалі гміну Каменка.

Такім, з адрэзанымі 10 векавечнымі лідскімі гмінамі, але з далучанымі гмінамі гістарычнага Ашмянскага павета, Лідскі павет дайшоў да верасня 1939 года, калі на Лідчыну прыйшла Чырвоная Армія. 2 лістапада 1939 года Вярхоўны Савет СССР прыняў закон пра ўключэнне Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз'яднанне яе з БССР. 2 снежня 1939 года замест раней існаваўшых Беластоцкага, Палескага, Наваградскага Віленскага ваяводстваў былі ўтвораны Беластоцкая, Берасцейская, Баранавіцкая, Вілейская і Пінская вобласці. Лідскі павет (без Эйшышскай гміны, якая адышла да Літвы) уключылі ў склад Баранавіцкай вобласці.

15 студзеня 1940 года Ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, замест ранейшых паветаў, у заходніх абласцях Беларусі быў утвораны 101 раён, у тым ліку - Лідскі. У гэтым жа, саракавым, годзе, Ліда і Лідскі раён былі падзелены на самастойныя адміністрацыйныя адзінкі.

На тэрыторыі былога Лідскага павета былі створаны 7 маленькіх раёнаў: Васілішскі, Воранаўскі, Жалудоцкі, Лідскі, Радунскі, Шчучынскі і Іўеўскі. Бярозаўка і лідскія землі на ўсход ад яе на левым беразе Нёмана з вёскамі Пудзіна і Васілевічы былі перададзены ў Наваградскі раён. Левабярэжныя вёскі Беліцкай гміны Гезгалы, Нясілавічы, Нагародзічы, Каўпінскія і інш. былі перададзены ў Лзятлаўскі раён. Плошча Лідскага раёна стала ўсяго толькі 1250 квадратных кіламетраў. На ёй размясціліся каля 300 населеных пунктаў, 5220 хутароў, 41 маёнтак. У гэтым жа годзе, 12 кастрычніка, Лідскі раён падзялілі на 20 сельсаветаў: Аполінскі, Бердаўскі, Беліцкі, Ваверскі, Ганчарскі, Гярвенікскі, Дакудаўскі, Дубровенскі, Запольскі, Лідскі, Мейраўскі, Мыцкі, Нёманскі, Няцецкі, Ольжаўскі, Радзівонішскі, Тракельскі, Траццякоўскі, Фалькавіцкі і Цвермскі.

27 чэрвеня 1941 гады Лідскі раён быў акупаваны нямецкімі войскамі. Тэрыторыі Беларусі (Беларутэніі рэйхскамісарыята Остланд) была падзелена на акругі (гебітскамісарыяты), а акругі - на раёны. У прыватнасці, Лідскі гебітскамісарыят быў падзелены на 7 раёнаў: Васілішкаўскі, Жалудоцкі, Іўеўскі, Лідскі, Радунскі, Шчучынскі і Юрацішкаўскі. У Лідзе - цэнтры акругі - размяшчалася рэзідэнцыя гебітскамісара.

Улетку 1944 года Чырвоная Армія пачала вызваляць беларускую зямлю. З 8 па 12 ліпеня 1944 года фронт прайшоў праз Лідскі раён. На Лідчыне былі адноўлены савецкая ўлада і даваенная адміністрацыйная структура.

20 верасня 1944 года Лідскі раён быў выведзены з Баранавіцкай вобласці і ўключаны ў Гарадзенскую.

16 ліпеня 1954 года правялі ўзбуйненне сельсаветаў. Нёманскі сельсавет расфармавалі і падзялілі яго тэрыторыю паміж Беліцкім і Ганчарскім. Мейраўскі далучылі да Ваверскага. Лідскі, Дубровенскі і Цвермскі сельсаветы аб'ядналі ў Дубровенскі; Аполінскі і Запольскі - у Крупаўскі; Ольжаўскі і Мыцкі - у Белагрудскі. Фалькаўскі сельсавет пераназвалі ў Канюшанскі.

3 красавіка 1959 года - Тракельскі сельскі савет перададзены з Лідскага ў склад Воранаўскага раёна.

17 красавіка 1962 года да Лідскага раёна далучылі Голдаўскі, Гасцілаўскі і Парачанскі сельсаветы з расфармаванага Жалудоцкага раёна. А 25 снежня 1962 года былі далучаны Пескаўскі і Ходараўскі сельсаветы Шчучынскага раёна, а таксама Новагародзіцкі і Стрэльскі сельсаветы Дзятлаўскага раёна і г.п. Бярозаўка. У сакавіку 1965 года Новагародзіцкі і Стрэльскі сельсаветы вярнулі ў Дзятлаўскі раён.

27 ліпеня 1990 года была прынята Дэкларацыя пра дзяржаўны суверэнітэт БССР. У 1991-м БССР была пераназвана ў Рэспубліку Беларусь, у гэтым жа годзе СССР спыніў існаванне. Лідчына стала рэгіёнам незалежнай Рэспублікі Беларусь.

9 лютага 2004 года горад Ліду і Лідскі раён, паводле Ўказу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 56 аб'ядналі ў адну адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку. Яна завецца Лідскі раён.

Апошні раз межы Лідскага раёна былі зменены ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12.02.2009 № 95 "Аб змяненні межаў Лідскага і Наваградскага раёнаў". Гэтым указам у склад Лідскага раёна ўключаны зямельныя участкі ў раёне г. Бярозаўкі агульнай плошчай 301,8658 га, у тым ліку: 255,4897 га - землі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў; 0,8173 га - землі грамадзян; 45,5588 га - землі Бярозаўскага гарвыканкама.

Змены межаў горада Ліды ў 2013 годзе да зменаў агульнай плошчы раёна не прывялі.

У гэтым стагоддзі наш раён вельмі змяніўся вонкава. Гэтаму паспрыялі, у прыватнасці, будаўніцтва ў сельскай мясцовасці аграгарадкоў (такі статус у раёне атрымалі 16 населеных пунктаў) і правядзенне ў 2010 годзе рэспубліканскіх "Дажынак" у Лідзе.

Сёння тэрыторыя раёна складае 1567 квадратных кіламетраў. Землі сельскагаспадарчага выкарыстання раскінуліся на плошчы 86,2 тысячы гектараў. У адсоткавых злічэнні ад усёй тэрыторыі раёна ворыва займае 34,8%, лясы - 26,7%, сенажаці і пашы - 20,6%.

На тэрыторыі раёна сёння размешчаны 273 сельскія населеныя пункты і два гарады - Ліда і Бярозаўка. Усяго ў раёне на 1 студзеня 2015 года пражывалі 132,3 тысячы чалавек. У тым ліку: у Лідзе - 99,97 тысячы чалавек, у Бярозаўцы - 10,5 тысячы, у сельскай мясцовасці - 21,8 тысячы.

Сельская мясцовасць адміністрацыйна падзелена на 13 сельсаветаў: Беліцкі, Бердаўскі, Ваверскі, Ганчарскі, Дварышчанскі, Дзітвянскі, Дубровенскі, Крупаўскі, Мажэйкаўскі, Пескаўскі, Тарноўскі, Траццякоўскі і Ходараўскі. Яшчэ не так даўно сельсаветаў было 15 (плюс Голдаўскі і Дакудаўскі). Але 24 снежня 2013 года Голдаўскі сельсавет далучылі да Ходараўскага, а Дакудаўскі - да Траццякоўскага.

Прадстаўнічая і выканаўчая ўлада ў раёне ажыццяўляецца Лідскім раённым, Бярозаўскім гарадскім і 13-ю сельскімі саветамі дэпутатаў і выканаўчымі камітэтамі.

Паводле перапісу 2009 года, у раёне пражываюць прадстаўнікі 60 нацыянальнасцяў. Больш паловы насельніцтва (51,4%) складаюць беларусы; прыкладна трэцюю частку (35,3%) - палякі; 9,4% - рускія; 1,7% - украінцы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX