Унікальная гіcторыя Лідчыны, напісаная эмігрантам
Ярмалковіч Віктар Адамавіч
[23.12.1916 (4.1.1917), в. Юшкі Віленскага пав., цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл. – 15.12.1997, Варшава], бел. краязнавец, гісторык, педагог. Вучыўся ў гімназіі айцоў Марыянаў у Друі. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1938), юрыдычны ф-т Віленскага ун-та (1941). Як сябра Беларускага студэнцкага саюза быў дзейсны ў студэнцкім руху. Уваходзіў у склад рэдакцыі двухтыднёвіка, затым месячніка “Хрысціянская думка”, рэдагаванага А. Станкевічам. 3 пачаткам 2-й сусветнай вайны 2.9.1939 у ліку іншых прадстаўнікоў віленскай бел. інтэлігенцыі Вяч. Багдановіча, Я. Найдзюка, У. Паўлюкоўскага, Я. Шнаркевіча, Я. Шутовіча арыштаваны дэфензівай і дэпартаваны ў польскі лагер у Картуз-Бярозе.
У 1941–42 г. юрыст-практыкант павятовага суда ў Лідзе, у 1942–44 г. суддзя ў Шчучыне. Летам 1944 выехаў з сям’ёю ў Польшчу, працаваў юрыстам. У 1949 арыштаваны як грамадзянін СССР і дэпартаваны з жонкаю ў Сібір. У 1951 вызвалены, вярнуўся ў родную в. Юшкі, працаваў дырэктарам школы ў Старым Сяле (цяпер Літва). У 1953 паўторна арыштаваны НКВД і прыгавораны “за здраду радзіме” да 25 гадоў ППЛ. Пакаранне адбываў у лагеры Кіраўскай вобл. (п/с 218). Вызвалены ўвосень 1956.
У 1957 выехаў з сям’ёй у Польшчу; жыў у г. Біскупцы Жэшаўскага пав. Чакаюць выдання шматлікія артыкулы, нарысы, манаграфіі Я. Сярод іх “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі”, “Цярністы шлях Беларусі”, “Летапіс Віленскай беларускай гімназіі 1919–1944”, “Крывавы горад – Вільня”, “Пазнавайма родны край”, “Па жыццёвых хвалях”, “Ліда і лідская зямля”, “Шчучынскі раён”, “Іўеўскі раён” і інш.
Інфармацыя з:
Маракоў Леанiд. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 4. Кніга 2. Рэпрэсаваныя настаўнікі Беларусі. 1917-1954. Мн., 2007.