Папулярнае шматтомнае выданьне "Жывапіснай Расеі" (т.1-12 СПБ., 1881-1901) было задумана і зьдзейснена адным з буйнейшых расейскіх географаў, падарожнікам Пятром Пятровічам Сямёнавым-Цянь-Шаньскім (1827-1914). Трэці том гэтага выданьня "Літоўскае Палесьсе" і "Беларускае Палесьсе" практычна поўнасьцю напісаны вядомым беларускім этнографам і гісторыкам Адамам Кіркорам. Выйшаў том у 1882 годзе і цалкам прысьвечаны апісаньню гісторыі і прыроды беларускіх і летувіскіх зямель, матэрыяльнай і духоўнай культуры тутэйшага насельніцтва, у тым ліку насельніцтва Ліды і Лідчыны.
"Ліда - сталіца ўдзельнага княства, зараз уездны горад з 3856 жыхарамі, вельмі старажытнае паселішча, на мяжы ўласнай Літвы і славянскіх зямель, чарнарусаў і дайноўцаў, іграла значную ролю ў гістарычных лёсах Літвы. Няма сумніву, што тут магло існаваць са старажытных часоў моцнае ўмацаваньне, Гедымін жа пабудаваў замак, разваліны якога ўцалелі да нашых дзён. Архітэктура замка мае шмат агульнага з медніцкім і іншымі гэтага роду ўмацаваньнямі ў Літве. На насыпной гары, да 4 сажаняў вышынёю, акружанай з трох бакоў вадою, а з чацвёртага глыбокім ірвом, узведзены ў квадрат чатыры замкавыя сьцяны, кожная даўжынёю ў 32 сажані, таўшчынёю над фундаментам каля 2 сажаняў, вышынёй у 5 сажаняў 2 аршыны. Уцалелі таксама разваліны дзьвюх вежаў, адна насупраць другой разьмешчаных. У замку, унутры двара, былі драўляныя будынкі.
Ліда была ўдзелам Альгерда, Ягайлы, Вітаўта, Вітаўт, прыняўшы пад сваю апеку Тахтамыша, прызначыў для яго месцазнаходжаньнем Ліду (1396-1399гг.)
Хан жыў ў асобным доме, захаваўшым надоўга назву Тахтамышавага двара, дзе зараз прыходзкі дом рымска-каталіцкага сьвятара. Потым хаджы-Гірэй, хан Кіпчацкай арды, з 1434 па 1443г. быў лідзкім старастам, пакуль пры садзейнічаньні вялікага князя Казіміра не вярнуўся на ханскі пасад. У часы Казіміра Ліда лічылася значным горадам. Насельніцтва яе дасягала 15 тысяч чалавек хрысьціян і 160 габрэяў. Праваслаўная царква знаходзілася ў самым замку, але ў 1533 годзе пабудавана новая царква ўнутры горада. Пад час вайны 1655г., калі Хаванскі ўзяў замак, горад быў разрабаваны і спалены. Потым, у пачатку XVII ст., пад час шведзкай вайны Ліда патрапіла пад новае разбурэньне. У гэты час стваражытны архіў, уключаўшы шмат важных грамат, быў узяты з замка і перавезены ў Смаленск, дзе згарэў у 1812г. За 5 вёрст ад Ліды, на ўсход, у маёнтку Дуброўкі (Дуброўня С.С.) паказваюць месца і каменныя фундаменты палаца Вайдалы, любімца Ягайлы, жанатага на сястры яго Марыі і пакаранага сьмерцю Кейстутам у 1381 г. як вінаватага ў варожасьці яго зь Ягайлам.
Ліда, як мы ўжо сказалі, ляжыць амаль на мяжы двух плямён, что насяляюць Лідзкі ўезд, літоўцаў і чарнарусаў, аддзеляных адно ад другога рэчкаю Дзітвою, упадаючы ў Нёман. Найстаражытнейшая сталіца дайноўцаў, Дайнова, у 15 вярстах ад Ліды, зараз невялікая вёска. Дайноўскае княства існавала яшчэ ў пачатку ХІІІ стагоддзя. Яно межавала з Гарадзенскім княствам па р.Котры, з сёняшнімі ўездамі Ваўкавыскім, Наваградзкім і Ашмянскім. У Дайнове захаваўся вялікі камень, які народ называе "кабылкаю", бо, паводле паданьня, на ім каралі злачынцаў.
У літоўскай палове асабліва адметныя тры мясцовасьці: Дубічы, з развалінамі замка на выспе, абмываемай водамі возера Пелясы і рэчкі Котры. Захаваліся яшчэ фундаменты замка з валам і глыбокім ірвом, а таксама падземным ходам. У Дубічах часта жыў Вялікі князь Вітаўт. Вядомы дзьве граматы яго, падпісаныя ў Дубічах, адна 6 сакавіка 1415 года да вялікага магістра Эбельгарда наконт абмену палонных, другая 25 ліпеня 1421 года наконт гадавога замірэньня з крыжакамі. На могілках у Дубічах спачываюць парэшткі славутага ліцьвінскага гісторыка Тодара Яўхімавіча Нарбута. Эйшышкі і Радунь нязначныя мястэчкі, прыкметныя гарадзішчамі, да нашых часоў выдатна захаваўшыміся. Эйшышкаўскае гарадзішча займае шэсць тысяч квадратных метраў, абкружана валам і ірвом. Радуньскае некалькі меншае: тут вышыня вала 40 метраў, шырыня 108 метраў. Вартая ўвагі таксама мясцовасьць, што называецца Шайбакполе паблізу мястэчка Васілішак, дзе адбывалася крывавая бітва літоўска-рускіх князёў з Шайбаком, палкаводцам Батыя, у 1242 г., і дзе загінуў апошні.
У Лідзкім уезьдзе прыкметна яшчэ так званая ваколіца Трабушкі, за 20 вёрст ад Эйшышак, на поўнач. У гэтым паселішчы, у доме дробнага шляхціца Льва Ільіцэвіча, на працягу трох дзён, з 28 па 30 жніўня (1705 г. С.С.) жыў Пётр Вялікі з князямі Меншыкавы, Шафаравым і прыхільнікам караля Аўгуста ІІІ, князем Рыгорам Агінскім. Значныя войскі накіраваліся тады зь Вільні радуньскім трактам, праз Эйшышкі і Радунь у Горадню. Пётр Вялікі быў вельмі задаволены Ільцэвічам і ад'яжджаючы пакінуў яму ахоўны аркуш".
У Адама Кіркора ёсьць тут недакладнасьці. Магіла Тэадора Нарбута знайходзіцца ў Нарачы, зараз Воранаўскі раён. А пад Дубічамі загінуў і быў пахаваны ў Дубічах сын Тэадора, кіраўнік паўстаньня 1863 года на Лідчыне, Людвік Нарбут. Магчыма ёсьць яшчэ недакладнасьці, але мы мусім дараваць Кіркору. Так ён апісаў кожны больш-менш значны горад Беларусі, а гэта настолькі грандыёзны аб'ём інфармацыі, што пазьбегнуць