Прывілей. Караля Польскага і вялікага князя Літоўскага Жыгімонта ІІІ аб наданні гораду Лідзе Магдэбурскага права.
Мы Жыгімонт ІІІ, ласкаю Божаю кароль Польскі і г.д. абвяшчаем усім разам і кожнаму асобна, сучасным і будучым, каму гэта ведаць трэба: Мы, Гаспадар, жадаючы ў лепшым парадку мець горад наш Ліду даём падданым горада Лідскага права Магдэбургскае і дазваляем гэтым Нашым лістом на ўсе часы. Да гэтага права для ўпрыгожання і прыўмножання, а таксама вядзення спраў судовых і гарадскіх мы загадалі нашым лістом прысвяціць пячатку гарадскую, гэта значыць ільва і два ключы перакрыжаваныя па над ім. Да гэтага вызваляем падданых нашых горада Ліды ад ўсіх спраў земскіх В.К.Літоўскага і звычаеў, якія замінаюць Магдэбургскаму праву, вызваляючы таксама грамадзян гэтага горада і яго ваколіц, што зараз жывуць і жыць будуць гэтым актам Нашым ад усялякай улады і кіравання ўсіх і кожнага асобна ўраднікаў вялікага
Княства Літоўскага: ваяводаў, кашталянаў, старастаў, дзяржаўцаў падаткаў і ўсіх намеснікаў і перад імі ці адным з іх не будзе ні адзін з грамадзян адказваць ні за якія вялікія і малыя віны і злачынствы і плаціць штрафы. Толькі перад войтам, бурмiстрам, радцамі, лаўнікамі гэтага горада згодна звычаям Права паспалітага. Згодна з часам справы крывавыя, якія на лацінскай мове называюцца крыміналы, як зладзейства, забойства, пашкоджанне ног, падпал і іншыя падобныя справы, за якія пагражае вышэйшая мера пакарання падпадаюць пад суд войта, а перад бурмістрам і радцамі Гэтага горада вядуцца ўсялякія справы, якія на лацінскай мове называюцца цывільнымі, за гэтыя справы будуць адказваць кожнаму, хто паскардзіцца, як з гэтага горада так і пабочным перад судом бурмістра і радцаў у Гэтым згаданым горадзе. Згодна з вызначаным часам карыстаючыся вялікай уладай весці справы, якія падлягаюць іх суду, судзіць без Нас і вінаватых караць адпаведна злачынству па законах Магдэбургскага права на аснове гэтага нашага ліста і наданага ім права.Калі ж хто будзе паступаць незаконна, супраць усіх грамадзян Гэтага нашага горада ці пабочных асобаў, і калі хто-небудзь адчуе сабе пакрыўджаным іх выракам ці пакараннем то яны могуць апеляваць супраць такога выраку і пакарання да Лідскага старасты, сучаснаму ці наступнаму, а пасля змеркавання старасты, калі будзе трэба, звярнуцца да Нас : Гаспадара. Стараста кіруючыся не іншымі законамі, а толькі Магдэбургскім, на пасаду бурмістра гэтага горада чалавека багамольнага, знаўцу Магдэбургскага права, які жыве ў Гэтым горадзе, і ніякага іншага, толькі з чатырох чалавек, якіх грамадзяне горада старасту прапанавалі і ўказалі, адзін з іх праз нашага старасту сучаснага і наступнага, зацверджанага нашай уладай, павінен быць выбраны і зацверджаны.Войта, чалавека багамольнага і пісьменнага, на суд якого ідуць справы крамольныя, Мы на гэту пасаду з усёй ўладай будзем звычайным лістом, які датычыцца толькі войта, зацвярджаць кожнага пажыцёва, ці на вызначаны Намі тэрмін і надзяляць зямлёй, а гэтай зямлі не можа быць больш, чым дзьве валолкі.Звыш таго абяцаем, што жадаючы аказаць гэтым нашым падданым купцам, усякім рамеснікам, усім грамадзянам з ваколіц Гэтага горада Лідскага самую вялікую ласку ўстанавіць у Гэтым горадзе Лідскім два кірмашы на кожны год, гэта значыць : першую-на Новае лета, другую- на свята Святога Крыжа, а гандаль у суботу кожнага тыдня дазваляю праводзіць згаданым грамадзянам Лідскім.Гэтыя ўрачыстыя кірмашы і гандлі ў заданыя дні і час праводзіць спосабам паклікання грамадзян іншых гарадоў і мясцовасцяў Вялікага Княства Літоўскага і ўсім асобна сказаць купцам, фурманам, прадаўцам, перакупнікам, рамеснікам і людзям розных станаў, што згаданы горад Лідскі ў дні і час кірмашоў гадавых і гандляў можна ім з усімі таварамі для продажу любога наймення прыйці ці прыехаць і гэтыя рэчы і тавары прадаваць, мяняць, купляць і весці іншыя гандлёвыя гешэфты з любымі асобамі, негледзячы адкуль хто прыехаў. Гэтаму гораду Лідскаму даём ва ўласнасць бочку меры кракаўскай чатыры парцы, а семдзесят два гарніцы меры літоўскай для вымярэння ўсякага збожжа і ўстанаўляем гандлёвыя зборы па дзиве манеты з бочкі.Такія ад іншых рэчаў прадажных і таварў, як бы яны не называліся, у кожную суботу кожнага тыдня трэба браць частку ў гарадскую скарбніцу на карысць >горада, акрамя лапатак і іншых пабораў войта, ад людзей пабочных, якія будуць прыязджаць на гандаль, акрамя ўсiх мяшчан і грамадзян з ваколіц Ліды, якія павінны быць вызвалены ад розных гандлёвых збораў згодна звычаю іншых прывеліяваных гораду нашых.Да гэтага згаданаму гораду Лідскаму, яго грамадзяне ўсе гарадскія землі, гэта значыць у вуліцах, сядзібах, садах, засценках, сенакосах адмераныя і падзялёныя межамі і знакамі без памяншэння, а толькі, як Нашыя рэвізоры гэтаму гораду надзялілі, гэтыя землі ў даўжыню і ў шырыню гэтым Нашым прывілеем даём у карыстанне з усімі абшчарамі ім самім і іх нашчадкам згодна звычаю іншых нашых прывіліяваных гарадоў.З гэтых гарадскіх зямель, дадзеных Гэтаму гораду, кожны са згаданых мяшчан павінен усе падаткі, зборы і іншыя абавязкі згодна з Нашымі законамі Вялiкага Княства Літоўскага,Намі зацверджанымі, паводле звычаю кожны год плаціць у нашую скарбніцу.Даходы і падаткі гарадскія войт з заседацелямі гэтага горада абавязаны збіраць і здаваць Нашаму Лідскаму старасту, а пры яго адсутнасці ўрадніку і браць на гэта квітанцыі і з кожнай квітанцыі ў гарадскую скарбніцу браць не больш шасці грошаў, каб жыхары горада Ліда пакрывалі патрэбнасці горада, утрыманне вуліц і дарог і іншыя гарадскія патрэбнасці, а самі таксама добра будавалі свае дамы.На пакорную іх просьбу з Нашай ласкі ўсе зборы і падаткі з дамоў,сядзіб і гарадскіх плошчаў усе грамадзяне горада згаданага Лідскага на аснове гэтага нашага ліста, якім мы на іх карысць іх падаравалі, не будуць плаціць на вечныя часы.Акрамя таго на патрэбнасці і на карысць Нашага згаданага горада даём гэтым прывілеям даходы розныя з лазні, вагаў і царульні, якія жыхары горада хочуць будаваць.Для бяспекі лазня павінна быць пабудавана ў баку ад горада і не адзін жыхар не мае права будаваць уласную лазню каля свайго дома, але мы пастанавілі,што павінна быць толькі адна агульная лазня. Жадаем таксама, каб шляхта, баяры, людзі службовыя , любога стану, якія ў згаданым Нашым горадзе маюць сядзібы, і якія ні Нашымі асаблівымі лістамі, не статутамі Сойма не вызввалены ад гарадскіх абавязкаў з сваіх сядзібаў, таксама як і грамадзяне Лідскія згодна з такім жа правам без супраціву выконвалі ўсе абавязкі перад гарадскім кіраваннем, як і ўсе Лідскія грамадзяне на рынку, гарадскіх вуліцах, цераз рэчкі, канавы ў патрэбных месцах горада будавалі масты і масцілі дарогі, а таксама за свой кошт пабудавалі гарадскую ратушу, гадзіннік і хрысціянскую школу.Таксама дарогі і вялікія тракты ў межах гарадскіх зямель размешчаныя, павінны будуць рамантаваць.Пад і каля ратушы, якая павінна быць пабудавана, трэба стварыць агульныя гандлёвыя пункты і магазіны для складвання тавару і вядзення розных гандлёвых спраў.З гэтых гандлёвых пунктаў гарадское кіраванне павінна браць падаткі і арэндную плату на карысць горада.Для бяспекі ад агню соладавы і піўзаводы павінны будавацца з баку ад горада. Для той жа бяспекі ад агню абявязваем усіх і кожнага асобна гараджан, каб муравалі і добра аздаблялі каміны. Хаця касцёл Лідскі быў святлейшым і пяпярэднікамі Нашымі пабудаваны і аддадзены гораду. То ў горадзе няма ніякай плошчы для бальніцы.Таму Нашыя Лідскія мяшчане павінны ўказаць мейсца на рынку пад замкам, недалёка ад касцёла, каб на гэтым мейсцы была пабудавана бальніца.Для лепшай веры і сведчання ўсіх гэтых спраў, вышэй названых Мы далі ўсім мяшчанам Нашага Лідскага горада цяперашнім і будучым гэты Наш ліст з подпісам Нашай рукой Каралеўскай, да якога загадалі павесіць нашую пячатку. Напісана ў Варшаве года Божага нараджэння тысяча пяцьсот дзевяностага месяца верасня сямнаццатага дня.
Подпіс рукі яго каралеўскай міласці такімі словамі:
Жыгімонт кароль.
Яраш Валовіч пісар. Пячатка Вялікага Княства Літоўскага падвешана.
Магдэбургскае права з'явілася ў Магдэбургу (Усходняя Германія) у 13 стагодзі і з часам распаўсюдзілася па Заходняй Еўропе. Першымі ліцьвінскімі гарадамі, якія атрымалі магдэбургскае права былі Вільня (1387), Берасце (1390), Слуцк - ("падобна" 1441), Наваградак (1444), Менск (1499), Нясвіж (1586). Ліда далучылася да гэтага спісу асаблівых пасяленцаў 17 верасня 1590 года. Усяго на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь было больш 90 такіх вольных паселішчаў.
Атрыманне Магдэбургскага права было значнай падзеяй у жыцці сярэдневечных мяшчан, яно давала сур ' ёзныя перавагі: гараджане вызваляліся ад феадальных падаткаў, ім гарантаваўся большы занятак рамяством, гандлем, земляробствам, дазвалялася выбіраць свае органы самакіравання - Магістрат (Раду) і Лаву.
У гарадах з магдэбургскім правам усю адміністрацыйную і судовую ўладу ажыццяўлялі Рада і Лава. Рада сачыла за гандлем і рамяством, кантралявала дакладнасць мер і вагаў, падтрымлівала парадак, сачыла за спраўнасцю дарог, мастоў, заеджых двароў, ажыццяўляла судовыя разборы па маёмасных і грамадзянскіх справах. Лава ўяўляла сабой судовы орган па крымінальных справах. Узначальваў Раду Войт, які прызначаўся вялікім князем пажыццёва, ён жа быў вышэйшай судовай інстанцыяй. Сября Рады называліся радцамі, сябры Лавы - лаўнікамі, тыя і тыя вызваляліся ад гарадскіх падаткаў. Кандыдатаў у радцы і лаўнікі прапаноўваў сход гараджан, зацвярджаў войт. Радцаў выбіралі штогод, лаўнікаў на 2-3 гады. Колькасць раднікаў хісталася ад некалькіх чалавек да двух дзесяткаў, напрыклад у Наваградку Рада складалася з 6 чалавек, а ў Полацку з 24. Радцы са свайго складу выбіралі бурмiстра. Бурмістр праводзіў паседжанні Рады. У Лаве старшынстваваў войт або прызначаны ім ландвойт. Рада мела пячатку, нутраны малюнак якой з ' яўляўся гербам горада. толькі малюнак на пячатцы Рады прызнаваўся паўнапраўнай выявай гарадскога герба.
Ліда ў канцы 16-га - пачатку 17-га стагоддзя складалася з замка, двара, уласна горада і прадмесця Зарэчча. Замак абкружаны з трох бакоў забалочанай Лідзейкай і Каменкай, з чацвёртай (паўночнай) - глыбокім ірвом, быў вялікакняжай уласнасцю, падтрымліваўся і ахоўваўся тутэйшай шляхтай, служыў складам зброі, месцам збору павятовых соймікаў і вязніцай. Унутры замка знаходзілася драўляныя пабудовы, вязніца размяшчалася ў падвальным паверсе паўночна-усходняй вежы. Замкавы фальварак размяшчаўся над ручаём Каменкай, за ім лічыліся вінакурні і млыны. Горад размяшчаўся на поўнач ад замка, меў рынак і чатыры вуліцы: Віленскую, што выходзіла на дарогу ў Вільню, Замкавую, што цягнулася ад замка да рынка, Каменскую, што пачыналася ад Замкавай і выходзіла на дарогу ў Горадню і Крывую, што злучала рынак з Каменскай. Зямля, занятая горадам складала ўласнасць Вялікага князя , аднак з сярэдзіны 16-га стагадзя частка яе пераходзіці у прыватную ўласнасць: у 1566 годзе два пляцы (зямельныя ўчасткі пад звбудову) атрымаў Павел Рошчым, у 1589 годзе яшчэ два пляцы купіў Аляхновіч. Ліда была горадам земляробскім: лідскія мяшчане апрацоўвалі выдзеленыя ім за горадам участкі плошчай па 1/4-1/6 валокі (3,5-5,3 га). За кожны ворны морг (0,71 га) лідзяне плацілі 5 грошаў, за сенакосны - па 2 грошы штогадова чыншчу (падатку) у даход замкавага двара. Гэта вялікі падатак, у іншых гарадах за морг ворнай зямлі плацілі 1,5-2 грошы. побач з чыншам гараджане штогод адпрацоўвалі па тры талакі падчас жатвы і па першаму патрабаванню выходзілі на адсыпку насыпу (грэблі), рамонт дарог і мастоў.
Рамесніцтва ў горадзе было развіта слаба: згадваюцца кавалі, гарбары і рэзчыкі па дрэву. Затое былі шматлікія мядовыя, гарэлачныя і піўныя карчмы. Насельніцтва колькасцю да 5 тысяч чалавек было рознамоўным і паліканфесійным. Былі па меншай меры дзве царквы: Святога Спаса ў горадзе і Прачысценская на Зарэччы, якая размяшчалася на перакрыжаванні сучасных вуліц Калініна і Стралкоўскага.
Былі таксама прыходскі касцёл, пабудаваны ў 1414 годзе, кальвініцкі збор і сінагога, заснаваныя ў 1579 годзе з дазволу Вялікага князя Стэфана Баторыя. Усе культавыя ўстановы спраўна адпраўлялі службы, хіба толькі прыходскі касцёл у 70-я гады па прычыне недахопу прыхаджан, якія захапіліся кальвінізмам, некаторы час быў зачынены, але з 1580 года ў Лідзе з ' явіўся новы пробашч Ян Юшынскі, і ў касцёле сталі праводзіцца багаслужбы.
У 1566 годзе пры адміністрацыйнай рэформе да Лідскага староства былі далучаны Васілішкаўская і Эйшышкаўскае намесніцтва са складу Троцкага ваяводства і ўтвораны Лідскі павет. У 1568 годзе на вальным Віленскім Сойме была прынята пастанова аб далучэнні да прысуду Лідскага павету Эйшышскага , Радуньскага, Каняўскага, Дубічскага, Васілішкаўскага і Астрынскага харужстваў Трокскага павету Трокскага ваяводства. У той жа год Вялікі князь Жыгімонт Аўгуст дазволіў праводзіць паседжанні земскага суда ў адной з вежаў Лідскага замка. Дзякуючы гэтым тром рашэнням Ліда стала буйным судовым цэнтрам. Расшырэнне прысуду паўплавала на рост дабрабыту горада, павялічыла прыбыткі гараджан і Ліда стала паступава разрастацца.
Старастам Ліды ў гэты час быў Ян Абрамовіч (Абрагімовіч,? - 19.04.1602 ) - ваявода Менскі (1593), пісьменнік, дзяржаўна-рэлігійны дзеяч, выдавец кольвініцкіх кніг. Паходзіць са старажытнага роду Абрамовічаў, якія славіліся багаццем і адукаванасцю.
Удзельнічаў ў кальвінісцкіх дыспутах з езуітамі, у Торуньскім сінодзе (1595), у нарадзе з праваслаўнымі ў Вільні (1599). Ва ўласным маёнтку Варняны (зараз Астравецкі раён) заснаваў кальвінісцкі збор, бальніцу, школу, якія існавалі да сярэдзіны 17-га стагоддзя. Выдаў у Вільні ў 1598 годзе евангелісцкі "Катэхізіс", што змяшчаў 300 рэлігійных песень, яму прыпісваюць аўтарства твора "Погляды ліцьвіна на танную куплю і больш дарагі продаж збожжа" (1595), у якім абараняецца права падпісаны каралём Рэчы Паспалітай Жыгімонтам III Ваза і адначасова Вялікім князем Літоўскім Жыгімонтам IV Ваза. Магдэбургскае права мог даць толькі кароль - гэта была яго прывілегія. Жыгімонт Ваза нарадзіўся ў сям ' і шведскага караля Юхана III і Кацярыны Ягелонкі, дачкі польскага караля Жыгімонта Старога і італьянкі Боны Сфорцы. Ва ўзросце 20 гадоў Жыгімонт быў выбраны на генеральным Сойме каралём Рэчы Паспалітай з некалькіх прэтындэнтаў, сярод якіх была таксама кандыдатура рускага цара Фёдара Іванавіча. У 1592 годзе атрымаў і спадчыну карону шведскую, якую праз 7 гадоў вымушаны быў саступіць свайму дзядзьку з-за прычыны, як лічылі шведы, звышмернага захаплення каталіцтвам. З 1600 года вёў упартыя войны са сваім дзядзькам за карону, дзякуючы чаму шведы занялі ўсю сучасную Латвію разам з Рыгай. Больш удала ваяваў супраць Рускага царства, у 1609 годзе пачаў вялікі паход на Маскву і ў 1610 годзе надоўга сумеў пасадзіць свайго сына Ўладзіслава на рускі пасад.падпісаў па меншай меры 18 прывілеяў на магдэбургскае права для гарадоў і мястэчак Вялікага княства, 9 з якіх размешчаныя зараз ў Летуве і 9 - на Беларусі.
Магдэбургскае права Ліда страціла ў 1795 г. з далучэннем да Расейскай імперыі. 409 гадоў назад Лідзяне выбіралі Раду (гарсавет), Рада выбірала свайго бурмістра (старшыню гарсавета) і горад існаваў ва ўмовах дзяржразліку і сама акупаемасці. Прывілей 1590 года захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Санкт-Пецярбургскага аддзялення гісторыі Акадэміі Навук Расеі.
Кароткая сутнасць прывілея
Гораду даецце магдэбургскае права і гарадская пячатка (герб).
Гараджене вызваляюцца ад усіх абавязкаў, якія супярэчаць магдэбургскаму праву.
Падпарадкоўваюцца толькі войту і гарадскім уладам.
Крымінальныя справы разглядаюцца войтаўскім судом, грамаджянскія - судом бурмістра.
Незадаволенныя могуць звяртацца да лідскага старасты, у крайнім выпадку - да караля.
Стараста выбірае бурмістра з 4-х жыхароў горада, прапанаваных гараджанамі.
Войт зацвярджаецца каралём пажыццёва (ці на абгавораны тэрмін), надзяляецца дзвюмя валонамі зямлі (42га).
У Лідзе дазволена праводзіць штотыднёвыя суботнія гандляванні і штогод два кірмашы, першы вясной, другі - на свята Святога Крыжа. Усім без выключэння дазволена ў гэтыя дні прадаваць, мяняць і купляць.
Гораду выдзяляецца бочка кракаўскай меры - 4 карцы 72 гарнцы меры літоўскай.
Вызначаны гандлёвыя гарадскія зборы - па 2 манеты з бочкі. Мяшчане і жыхары ваколіц ад гандлёвых збораў вызваляюцца. Частка падаткаў з прыежджых ідзе ў гарадскую скарбніцу.
Гараджанам перадаюцца ў карыстанне ўсе гарадскія землі ў скарбніцу. Падаткі збірае войт і здае старасту.
З кожнай квітанцыi 6 грошаў застаецца ў скарбніцы на гарадскія патрэбы. Не праводзіцца падатка-абкладанне сядзіб, дамоў і гарадскіх плошчаў. Гораду застаюцца даходы з лазyі, вагаў, цырульні, якія трэба пабудаваць.
Дазволена пабудаваць толькі адну агульную лазню ў баку ад горада.
Шляхта і баяры, якія жывуць у горадзе, плацяць падаткі і выконваюць абавязкі таксама, як мяшчане.
Будаўніцтва і рамонт мастоў, дарог, ратушы, гадзінніка і школы праводзіцца за кошт горада.
Загадана поблізу касцёла пабудаваць бальніцу, стварыць агульныя гандлёвыя пункты і склады. Падаткі з гандлёвых пунктаў і арэндная плата са складоў збіраюцца на карысць горада.
Соладавы і піўны заводы павінны будавацца па-за горадам. Каміны дасканала вырабляцца.
Пераклад з польскай магістра філасофіі В.Я.Гебельта, адаптацыя да сучаснай беларускай мовы Станіслава Судніка