Камітэт Гісторыі Навукі і Тэхнікі Польскай Акадэміі Навук
ГА "Таварыства Польскай Культуры на Лідчыне"
Варшава - Ліда 2011
Тэадор Матэвуш Нарбут (Остык-Нарбут) з лідскай зямлі, гісторык Літвы, інжынер і даследчык старажытнасці, а таксама бацька герояў-паўстанцаў
Марыя Магдалена Бломберг, Інстытут археалогіі Лодзкага ўніверсітэта
Справы сямейныя і роднага краю
Археалагічныя даследаванні, збор помнікаў старажытнасці
Цікавасць да фальклору і народнай культуры
Летапісец, перакладчык, публіцыст
Уводзіны
З сапраўдным задавальненнем атрымала паведамленне ад прафесара Марыі Магдалены Бломберг з інстытута археалогіі з Лодзі, што пані прафесар напісала для дзесятага томіка крэсавай серыі "Выдатныя палякі лідскай зямлі" аб Тэадору Нарбуце, якога не хапала ў гэтым камплекце. Тэадор з радавода Нарбутаў павінен займаць галоўную пазіцыю ў спіску прозвішч гэтага радаводу, якія шырока вядомыя і высока цэняцца на лідскай зямлі. Прафесар Бломберг правільна падкрэслівае ранг гэтай асобы. У сваёй працы прадстаўляе асноўныя палажэнні даследаванняў аб Тэадору Нарбуце, пачынаючы ад найдаўнейшых распрацовак - польскіх, якія былі напісаны ва ўмовах Рэчы Паспалітай абодвух народаў, а таксама выкарыстоўвае літоўскія працы і найноўшыя беларускія даследаванні апошніх гадоў. З польскіх прац выкарыстаны перш за ўсё дзве працы, якія былі напісаны даволі даўно. Гэта "Тэадор Нарбут" Я. Барташэўскага, 1860 года выдання, і "Жыццяпіс Тэадора Нарбута" Яна са Слівіна (А. Г. Кіркора), 1854 года выдання. Вартым увагі з'яўляецца тое, што аўтар падкрэслівае разнастайнасць гістарычных трактовак, узгадвае гэтыя крыніцы з часоў Рэчы Паспалітай абодвух народаў, якія належалі да шляхецкага роду.
Аўтар выкарыстоўвае веды з розных навуковых дысцыплін: гісторыі даўно мінулых гадоў, археалогіі, нумізматыкі, мастацкай літаратуры, абапіраючыся галоўным чынам на легендарныя матывы. Гэтая здольнасць да шматбаковай спецыялізацыі дазваляе больш шырока прачытаць розныя крыніцы мінуўшчыны. Адначасова аўтар паказала сябе як добры знаўца геніялогіі роду. Гэта дазволіла ёй спалучыць розныя постаці і прозвішчы з усяго гэтага радаводу. Чытачы гэтай кніжкі канчаткова зарыентуюцца ў тым, што вядомы герой паўстання 1863 г. Людвік Нарбут быў старэйшым сынам Тэадора Нарбута. Баляслаў Нарбут, які быў прыгавораны царскімі ўладамі да павешання, але, на шчасце, быў "памілаваны" (сасланы на катаргу ў Сібір), быў малодшым сынам Тэадора Нарбута. Жонка Нарбута Крысціна з дому Падэўскіх паходзіла з сялян, была шмат гадоў гаспадыняй маёнтка ў Шаўрах, была дачкой салдата - удзельніка паўстання Т. Касцюшкі - і выйшла за яго замуж у 1840 годзе, маючы ўжо дзяцей, якіх нарадзіла да ўступлення ў шлюб. Таму ў сям'і з'явіліся некалькі менш значных прозвішч. Сам Тэадор Нарбут затое быў асобай дынамічнай, дзейнічаў у розных накірунках: у ваеннай інжынерыі, археалогіі, публіцыстыцы, з якой выступаў галоўным чынам у часопісах, сельскай гаспадарцы і будаўніцтве. Шырокая трактоўка сфер дзеяння была вынікам шматграннасці навуковых даследаванняў аўтара дадзенай кнігі.
Трэба адзначыць, што аўтар звярнула ўвагу на памылкі, якія ёсць у "Польскім біяграфічным слоўніку", выкліканыя недакладнасцямі, якія сустракаюцца ў дзевятнаццацівечных біяграфіях Нарбута. Гэта вельмі істотная справа ў працы Марыі Магдалены Бломберг, якая не дазваляе паўтараць гэтых памылак з даўно мінулых гадоў. Падкрэсліваю тут асаблівую заслугу аўтара, таму што біяграфічныя звесткі з "Польскага біяграфічнага слоўніка" лічыліся да гэтага часу беспамылковымі. Аўтар вырашыла праверыць змешчаную ў слоўніку інфармацыю. Тут бачна пяро сапраўднага вучонага, які глыбока даследуе інфармацыю па гэтай тэме.
Падсумоўваючы, трэба адзначыць, што матэрыял, змешчаны ў дзесятым томіку крэсовай серыі, не толькі багаты на інфармацыю ў невялікай форме, але і дае поўны збор ведаў аб Тэадору Нарбуце, які доўга чакаў з'яўлення навуковай кніжкі ў папулярнай форме пра сябе. Гэта вялікая заслуга аўтара, дзякуючы якой усебакова даведваемся аб героі.
Рэдактар серыі "Знакамітыя палякі лідскай зямлі" праф., доктар навук Ірэна Стасевіч-Ясюкова
Уступ
Тэадор Матэвуш Нарбут, які нарадзіўся на лідскай зямлі, адносіў сябе, як пішуць аб ім біёграфы, да літвінаў. Яго гістарычныя працы сведчаць аб яго любові да Літвы і яе помнікаў, якія засталіся пасля старажытных пасяленцаў гэтай зямлі. Аднак амаль усе яго працы былі напісаны на польскай мове. Яго працы, асабліва "Старажытная гісторыя літоўскага народа", а таксама "Помнікі да літоўскай гісторыі" па сённяшні дзень карыстаюцца прызнаннем у Літве і Беларусі. Таму трэба прызнаць, што яго набытак увайшоў як у польскую, так і літоўскую і беларускую навуку. Трэба падкрэсліць, што яго працы па гісторыі падвяргаліся крытыцы тагачасных гісторыкаў. І сёння ў польскай літаратуры гэтыя працы не да канца вывучаны. Затое ў Літве і Беларусі з'явілася шмат публікацый, якія папулярызуюць веды аб аўтары і яго творах.
Тэадор Нарбут, будучы па адукацыі заслужаным інжынерам, галоўным чынам абаронных аб'ектаў, больш вядомы як гісторык. Яго заслугі, жыццяпіс і калекцыі ўслаўляў яшчэ пры жыцці героя Уладзіслаў Сыракомля (Людвік Кандратовіч) у лістах "Аб археалагічных калекцыях", якія друкаваліся ў "Газеце Варшаўскай" (1854 г.). Таксама вялікі артыкул аб ім надрукаваў Юльян Барташэвіч у 1860 г. у "Tygodniku іllustrowanym" ("Ілюстраваны штотыднёвік") (№26). Ва ўступе падкрэсліваў значнасць даследаванняў Нарбута: "Нарбут з'яўляецца костка ад косткі літоўскай, адсюль яму належала пісаць аб Літве. Збіраючы факты з мінуўшчыны, ствараў будынак народнай славы, будынак, у якім часта гасцявалі яго продкі, якія гучна выступалі ў літоўскім Сенаце, у апартаментах вялікіх князёў". Біяграфія і спіс шматлікіх публікацый былі змешчаны ў манаграфіі Юзафа Бялінскага "Віленскі ўніверсітэт, 1579-1831". Біяграфія Нарбута змешчана ў III томе ў раздзеле LXIX сярод "Знакамітых вучняў". У гэтым жа томе знаходзяцца жыццярысы прафесараў і выкладчыкаў усіх дысцыплін, якія выкладаліся ў віленскай навучальнай установе ад 1579 да 1831 года. Трэба памятаць, што назва гэтай установы на працягу часу змянялася шматразова. Яе карані вырастаюць з езуіцкага калегіума, на аснове якога па распараджэнню Стэфана Баторага ў 1579 годзе была створана Віленская акадэмія. У 1781 годзе на аснове рашэння Камісіі народнай адукацыі дзейнічала ў якасці галоўнай школы Вялікага княства Літоўскага, у 1797-1803 гг. - Галоўная Віленская школа, а з 1803 г. - Імператарскі Віленскі ўніверсітэт, які ў 1832 г. быў зачынены ў сувязі з рэпрэсіямі, якія праводзіліся пасля лістападаўскага паўстання.
Напамінак аб арганізацыйных зменах у віленскай вучэльні неабходны для таго, каб выправіць няпэўныя моманты, якія паўтараюцца ў біяграфіі нашага героя Тэадора Нарбута.
Пачнем з біяграфіі пяра Малгажаты Стольцман у "Польскім біяграфічным слоўніку" (т. ХХІІ/1 - 1977 г., стар. 537-539). Там чытаем: "...у 1799 г. паступіў на матэматычна-інжынерны факультэт Віленскага ўніверсітэта, які скончыў у 1803 г. У тым ліку, вывучаў ваенную архітэктуру пад кіраўніцтвам А. Гуцэвіча і Д. Шульца". Аднак у згаданы час навучальная ўстанова называлася Віленская галоўная школа. Згаданы выкладчык А. Гуцэвіч не ўзгадваецца ў спісе сярод прафесараў гэтай навучальнай установы. Затое ў 1793 годзе прафесарам архітэктуры на матэматычна-інжынерным факультэце быў назначаны Ваўжынец Гуцэвіч (нар. у 1753 г., памёр у 1798 г.). З 1797 г. яго намеснікам (віцэ-прафесарам) быў Міхал Шульц (1769-1812). Пасля смерці Ваўжынца Гуцэвіча (у 1798 г.) заняў яго кафедру архітэктуры і працягваў далей працу, пачатую яго папярэднікам. Прымаючы пад увагу ўсімі падаваемую дату пачатку навучання ў Вільні - 1799 год, - Тэадор Нарбут не мог быць слухачом выкладчыка В. Гуцэвіча, бо ён за год да гэтага памёр.
Напэўна, памылкай з'яўляецца запіс: Д.Шульц, лекцыі якога слухаў Т. Нарбут. У гісторыі віленскай навучальнай установы згадваецца прозвішча выкладчыка Д. (г. зн. Дамініка Шульца), які быў выкладчыкам філасофіі і гістарычных навук, але не мог быць выкладчыкам падчас навучання Нарбута, таму што жыў у 1797-1860 гадах (Бялінскі, "Віленскі ўніверсітэт", т.ІІІ, с.479; "Віленскі біяграфічны слоўнік", 2002 г., с.397).
Вышэй згаданыя незразумеласці бяруць свой пачатак з біяграфій, надрукаваных у часопісах ХІХ стагоддзя. Па часе напісання найстарэйшую вядомую мне біяграфію напісаў Ян са Слівіна (уласна кажучы, Адам Ганоры Кіркор), надрукаваны ў "Варшаўскай газеце" ("Gazeta Warszawska), 1854 г., №42. У ім чытаем: Нарбут "у 1799 годзе паступіў у Віленскую галоўную школу, альбо ўніверсітэт, дзе слухаў курсы матэматычныхнавук, грамадзянскай і ваеннай архітэктуры ў Гуцэвіча і Шульца". Наступны біёграф - Юліян Барташэвіч ("Ілюстраваны штотыднёвік" - т. 1:1860) напісаў: "Выйшаўшы з дзіцячага ўзросту, адправіўся ва ўніверсітэт у Вільню ў 1799 годзе і, дзіўная рэч, будучы гісторык паступіў на матэматычны факультэт. Любімым у той час яго заняткам, якому прысвяціў шмат мазольнай працы, было грамадзянскае і ваеннае будаўніцтва. Яго настаўнікамі ў Вільні былі Гуцэвіч і Шульц". Пасля гэтых разважанняў паўстае пытанне: хто дапусціў памылкі ў датах? Ці гэта было памылкай ці мэтанакіраванае заблытваннем фактаў з жыцця Нарбута? Пытанне прынцыповае, трэба мець на ўвазе, што падданы цара, кіруючыся сваімі патрыятычнымі пачуццямі, падтрымліваў і ўдзельнічаў у паўстанні 1830, а пасля і 1863 гадоў, якія былі накіраваны супраць акупантаў.
Патрабуе таксама высвятлення ўдзел Т. Нарбута ў руска-французскай вайне, а таксама дата, калі Т. Нарбут пакінуў расійскую вайсковую службу. Гэтая тэма будзе асвятляцца на наступных старонках.
Шаўры - радзімае гняздо
У "Геаграфічным слоўніку Польскага каралеўства і іншых славянскіх краін" (1890 г., т.ХІ, с.815) кароткая нататка інфармуе: "Шаўры, вёска і фальварак над рэчкай такой самай назвы, пав. Лідскі, гміна Радунь, сельская акруга Ківанцы, за 36 вёрст ад Ліды і каля 16 вёрст ад Эйшышак. Вёска (у 1865 г.) налічвала 14 дымоў і 93 каталіцкіх жыхароў. Фальварак - спадчына Нарбутаў. Тут нарадзіўся і памёр гісторык Літвы Тэадор Нарбут (1784-1864). Краявід змясціў Орда ў сваім альбоме". Тут ідзе гаворка аб малюнках мастака-акварэліста Напалеона Орды (1807-1883 гг.), які падчас вандроўкі па краю выканаў шмат замалёвак, якія адлюстроўвалі краявіды гарадоў і маёнткаў, і выдаў іх у форме альбома пад назвай "Альбом гістарычных краявідаў Польшчы, прысвечаны землякам. Зрысаваны з натуры Напалеонам Ордай", выдадзены ў 1873-1883 гадах. Пасля студзеньскага паўстання з маёнтка былі выкрадзены каштоўныя рэчы і кнігі ў выніку ператрусаў і рэпрэсій за дапамогу, якую аказваў Нарбут паўстанцам, і за тое, што яго дзеці ўдзельнічалі ў гэтым паўстанні.
Радавод і апісанне жыцця
Жыццё Тэадора Нарбута прыпала на гады бурных падзей, якія адбываліся не толькі ў найбліжэйшай яму любімай краіне - Літве і Беларусі. У якасці спецыяліста па будаўніцтву абаронных аб'ектаў удзельнічаў у ваенных дзеяннях на многіх франтах, на якіх ваявала Расія. Так распарадзіўся лёс, што з'явіўся на свет падчас уладарання караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, а пасля трэцяга падзелу, падпісанага 24 кастрычніка 1795 года, стаў падданым рускага цара. Тады Беларусь і значная частка Літвы апынуліся пад панаваннем Расіі. Гэтыя землі, названыя заходнімі губернямі, трактаваліся як "натуральная спадчына Раманавых". Паступіўшы на службу ў рускае войска, Нарбут працаваў кантралёрам і канструктарам абарончых сістэм Расійскай імперыі. Аднак падчас патрыятычнага пад'ёму за свабоду апынуўся на старане змагароў-землякоў, актыўна іх падтрымліваў. Безумоўна, хатняе выхаванне, любоў да роднай зямлі паўплывалі на сыноў і дачку, якія сваё жыццё прысвяцілі барацьбе за незалежнасць.
Тэадор Матэвуш Нарбут нарадзіўся 28.Х/8.ХІ 1784 года ў радавым маёнтку Шаўры ў Лідскім павеце, зараз гэта Воранаўскі Гродзенскай вобласці. Яго бацькамі былі адстаўны гвардыі паручык Яўхім і Ізабэла з дома Наневічаў. У яго былі два старэйшыя браты: Мар'ян, які нарадзіўся ў 1762 годзе, і Ігнат, 1768 года нараджэння.
У абшырным біяграме, які змешчаны ў "Энцыклапедычным слоўніку" Брокгауза і Эфрона (т. 20, 1897 г.), напісана, што Нарбуты, гербу Трубы, належаць да знакамітага літоўскага роду, карані якога адносяцца да XV стагоддзя. Адзін з іх, Войцех Нарбут, які згадваецца пад 1508 годам, быў харунжым пры княжацкім двары і каралеўскім маршалкам, а Пётр Нарбут (1506 г.) - вялікім літоўскім скарбнікам.
Гэты род падзяліўся на некалькі разгалінаванняў, занатаваных у радаводных кнігах Віленскай, Гродзенскай, Віцебскай, Ковенскай і Магілёўскай губерняў.
Прадзед нашага героя Тэадора Нарбута Казімір нарадзіўся каля 1695 года, быў мечнікам у Лідзе і дэпутатам (паслом) Літоўскага трыбуналу ў 1726, 1737 і 1741 гадах, а таксама лідскім маршалкам у 1739 годзе. Дзед Тэадора Ігнат, які нарадзіўся каля 1730 г., быў у 1772 г. земскім суддзёй у Лідзе, а таксама харунжым 1-га Варшаўскага корпуса кадэтаў. Ён меў дзесяць сыноў, з якіх Яўхім быў бацькам Тэадора.
Гісторык і член рэдакцыі "Энцыклапедыі" Альгельбранта Юліян Барташэвіч (1821-1870) у "Ілюстраваным штотыднёвіку" (1860 г., №26) аб нашым героі напісаў: "Нарбут з'яўляецца костка ад косткі літоўскай. Збіраючы факты з мінуўшчыны, ствараў будынак народнай славы, будынак, у якім часта гасцявалі яго продкі, якія калісь гучна выступалі ў літоўскім Сенаце, у апартаментах вялікіх князёў. Род Нарбутаў вельмі старажытны, пераплятаецца з Радзівіламі. У Літве, акрамя княжацкіх дамоў, якія паходзілі з валадароў, не мае такіх даўніх згадак ні адна сям'я, як Остыкі гербу "Трубы", з якіх пачаўся радавод Нарбутаў і Радзівілаў. "Остык" першы яшчэ на Гарадзельскім сейме ўзяў сабе за герб "Трубы". Гэта адбылося ў 1413 годзе. Пазней гэтая сям'я асела пераважна ў Лідскім павеце былога Віленскага ваяводства і пастаянна знаходзілася на земскіх пасадах; маршалкамі, падкаморнымі, суддзямі ў Лідскім павеце былі пераважна Нарбуты, а прынамсі кожны з іх улічваў інтарэсы землякоў і дзяржавы, каб магчы лепш служыць Айчыне. Пры Станіславе Аўгусце яшчэ можна налічыць больш за дзесяць Нарбутаў. Гэтая сям'я вельмі заслужаная".
Тэадор Нарбут, якога біёграфы называюць гісторыкам, у маладосці не праяўляў гуманітарнага таленту і зацікаўленасці гісторыяй. Пачатковую адукацыю атрымліваў у радзімым доме, потым вучыўся ў канвікце піяраў у Лідзе. У 1799 годзе запісаўся на матэматычна-інжынерны факультэт Галоўнай Літоўскай школы ў Вільні. Вывучаў ваенную архітэктуру і грамадзянскае будаўніцтва. Яго настаўнікам быў архітэктар Міхал Шульц (1769-1812). У 1803 годзе паехаў у Пецярбург і быў прыняты на службу ў якасці вайсковага інжынера ў Пецярбургскі кадэцкі корпус. Тут рыхтавалі кадры вайсковых інжынераў. Нарбут стаў выкладчыкам у ІІ кадэцкім корпусе і адначасова паглыбляў сваё майстэрства пад непасрэднай апекай ваеннага інжынера Аўрэ. Гэты знакаміты выкладчык звяртаў сваю ўвагу на асабліва адораных і накіроўваў іх на ваеннае будаўніцтва. Нарбута цікавяць фартыфікацыі, вывучаў іх гісторыю і спосаб канструкцыі ваенных аб'ектаў, галоўным чынам фартыфікацый.
Потым перайшоў на працу ў інжынерны дэпартамент Ваеннага міністэрства, прызначаны да службы пры дырэктару генерале Сухтлене. У 1804 годзе быў уключаны ў камісію, якая працавала пад кіраўніцтвам прускага гідратэхніка Я. А. Эйтэльвейна над праектам рэгуляцыі Нёмана на ўсім яго працягу, які тады быў граніцай з Прусіяй. У адным з тамоў сваёй знакамітай працы ён так успамінае гэтую справу: "Я сам, выконваючы абавязкі інжынера па гідраўлічных працах на рацэ Нёман, у выніку падпісанай Найвышэйшай канвенцыі паміж Расіяй і Прусіяй у 1804 годзе на чале з Камісіяй абедзвюх дзяржаў, узначальваў якую знакаміты гідраўлік Я. А. Эйтэльвейн, меў магчымасць пазнаць мясцовасці гэтай вялікай ракі ад вытоку да вусця і маю сёння пад рукой неабходныя мне матэрыялы". Нарбут, несучы сваю службу на працягу двух гадоў, вызначыўся стараннасцю і прымяненнем многіх рацыяналізатарскіх прапаноў. За яго заслугі яму было прысвоена званне падпаручыка. Падчас руска-шведскіх ваенных дзеянняў, знаходзячыся на першых пазіцыях ваенных дзеянняў, быў некалькі разоў кантужаны. У 1807 пад Остралэнкай быў паранены штыком, а пад Цільзітам куля з ручной зброі трапіла яму ў левую руку. У чарговы раз быў моцна кантужаны, калі ўдзельнічаў у руска-шведскай вайне 1808-1809 гг., у Фінляндыі пад Або. Быў паранены ў галаву. Гэта прывяло да сур'ёзнага пашкоджання слыху. Потым быў уключаны ў эскадру адмірала Ханечкава, якая змагалася са шведамі на Балтыйскім моры. Нарбут атрымаў загад выбраць найзручнейшае месца для размяшчэння берагавой батарэі. Выбраў і падрыхтаваў для яе адпаведнае месца на востраве Руге. За заслугі ў тых бітвах быў узнагароджаны ордэнам Святой Ганны (за гераізм). У 1809 г. у званні паручыка перайшоў на службу да ваеннага міністра Расійскай імперыі ген. Барклая дэ Толі. Міністр у 1810 г. адкамандзіраваў Нарбута на ўсходнюю тэрыторыю Беларусі з мэтай выбару найлепшага месца для абарончых збудаванняў у сувязі з прадбачаным паходам Напалеона на Расію. Планавалася пабудаваць шэраг умацаванняў на заходняй мяжы Расіі па лініі, якая праходзіла ад Украіны праз Беларусь да ўзбярэжжа Балтыйскага мора. Нарбут быў накіраваны ў раён, які знаходзіўся паміж Магілёвам і Рагачовам. Пасля дэталёвага вывучэння мясцовасці Нарбут прапанаваў пабудаваць крэпасць у Бабруйску, і пасля зацвярджэння лакалізацыі калегіяй Ваеннага міністэрства распрацаваў папярэдні праект Бабруйскай крэпасці (А. М. Ненадавец, "Тэадор Нарбут", 1996 г., ст.10-11). Паводле яго плана крэпасць павінна быць размешчана на правым беразе ракі Беразіны пры ўпадзенні ў яе рэчкі Бабруйкі. Таксама планаваў пабудаваць дадатковыя ўмацаванні, якія б засцерагалі крэпасць. Нарбут знаходзіўся ў гэтым раёне амаль увесь час, пакуль доўжылася будаўніцтва, і асабіста сачыў за рэалізацыяй праекта. За працу пры будаўніцтве згаданай крэпасці Нарбут быў узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра IV ступені і павышаны ў вайсковым званні да штабс-капітана. Пасля заканчэння будаўніцтва ўмацаванняў форта Нарбут удзельнічаў у будаўніцтве аб'ектаў на ўнутранай тэрыторыі форта. За тое, што заданне было выканана ў тэрмін, ізноў быў узнагароджаны, на гэты раз ордэнам Святой Ганны ІІ ступені.
Цяжкая праца і неспрыяльны вільготны клімат балоцістай мясцовасці выклікалі ўзнаўленне ранейшых кантузій, атрыманых падчас вайны са шведамі, выклікалі пагаршэнне яго здароўя. Дайшло да поўнай страты слыху, якога ўжо не вярнуў. У 1812 г., напярэдадні вайны з Напалеонам, Нарбут падаў прашэнне аб звальненні яго са службы. З гэтага вынікае, што непасрэдна ў вайне з Напалеонам на старане Расіі не ўдзельнічаў, як аб гэтым гавораць некаторыя біёграфы, напрыклад, М. Стольцман у "Польскім біяграфічным слоўніку", стар. 538.
Падчас даследавання мясцовасці, якая магла быць прыдатная для размяшчэння абарончых умацаванняў, Тэадор Нарбут, праводзячы інжынерную працу на ўзбярэжжы Дняпра, заўважыў у раскапанай зямлі невядомыя яму прадметы і прызнаў, што паходзяць з даўніх часоў. Адначасова звярнуў увагу на курганы і аб гэтым занатаваў: "...паміж рэкамі Друць і Беразіна, на левым беразе Дняпра ад Магілёва да ракі Сож і да Рагачова звярнуў увагу на курганы" (Нарбут, "Аб курганах. Даследаванне літоўскай старажытнасці" ("Віленскі штотыднёвік", 1818 г., т.7, №123, с.163).
Пасля выхаду ў адстаўку вярнуўся ў свае ўладанні ў Шаўрах і прысвяціў сябе даследаванням мінуўшчыны любімага краю.
Іншая версія біяграфіі Нарбута сведчыць, што ў 1812 годзе Тэадор Нарбут разам з царскім дваром Аляксандра І прыехаў у Вільню і, хаваючыся ў знаёмых, дачакаўся адступлення царскіх войскаў і ўступіў у армію Напалеона. Дзякуючы таму, што ведаў дзевяць еўрапейскіх моў, паступіў на працу перакладчыкам у канцылярыі міністра Басано (графа Гуго Бярнарда Марэта (1763-1839), французскага палітыка). Князь Басано да руска-французскай вайны быў міністрам замежных спраў, і да яго як пасрэдніка звярталіся прадстаўнікі Літвы на чале з А. Чартарыйскім з просьбай, каб падгаварыў Напалеона падтрымаць паўстанне ў Літве. Але перамовы закончыліся безвынікова. 26 чэрвеня 1812 г., калі Напалеон уступіў у Вільню, князь Басано па загаду імператара павінен быў ажыццяўляць знешні нагляд за дзейнасцю літоўскага ўрада і кіраваць замежнымі справамі. Як намеснік імператара павінен быў змагацца з непаваротлівасцю і спрэчкамі паміж французскім камандаваннем і літоўскім урадам. Басано, негледзячы на многія недахопы і слабасці, прыхільна ставіўся да палякаў, што не аднаразова пацвярджаў пачынаю перамовамі ў Тыльзіце. Падчас змяненных лёсаў напалеонаўскага войска Басано клапаціўся аб яго забеспячэнні і стараўся утрымаць парадак у Вільні, а таксама на вялікіх прасторах Літвы і Беларусі. Пасля таго, як Напалеон пакінуў гэты рэгіён, Басано пасля цяжкіх перажыванняў пастараўся пазбавіцца ад заблытанага становішча ваеннага стану і праз Варшаву і Берлін вярнуўся ў Францыю. (Я. Івашкевіч, "Літва ў 1812 г.", Варшава, 1912 г.; "Dictionnaire de Biographie Francaise", т. XXV, 1949 г., ст. 742-743).
Т. Нарбут пасля звальнення з вайскавой службы заняўся гаспадаркай у сваім маёнтку ў Шаўрах. Паляпшаў сістэму вырошчвання тэхнічных культур (лёну, канопляў і іншых), а таксама працаваў над пераводам маёнтку на прамысловы лад. Заснаваў вінакурню, цукроўню і некалькі майстэрняў. За вырабы з ільну атрымліваў медалі. У 1840-1850 гг. быў ініцыятарам і ўдзельнікам у будаўніцтве аздараўленчых устаноў у Друскеніках. Вопыт і веды па апрацоўцы зямлі і атрыманне даходу ад вырошчвання раслін, з якіх атрымліваў валакно для прамысловасці, папулярызаваў на старонках "Віленскай газеты". Адначасова з любоўю і старанна збіраў паведамленні, паданні і рэчы, якія адносіліся да старажытных язычніцкіх і хрысціянскіх часоў Літвы. Вынікі сваіх пошукаў у выглядзе артыкулаў публікаваў у віленскіх і пецярбургскіх часопісах. Цікавіўся таксама паэзіяй, перакладаў з лацінскай і французскай моў вершы старажытных паэтаў. Самай значнай яго працай з'яўляецца "Старажытная гісторыя літоўскага народа" (дзевяць тамоў выдадзена ў 1835-1841 гадах) і "Помнікі да літоўскай гісторыі " (1846 г.)
Справы сямейныя і роднага краю
Тэадор Нарбут быў не толькі даследчыкам і архітэктарам, або ўладаром, які турбаваўся аб вотчыне, але быў і добрым бацькам, які клапаціўся аб сям'і, аб адукацыі і патрыятычным выхаванні дзяцей. Вядома, што меў некалькі сыноў і дачку. Іх матка Крысціна была з дому Падэўскіх, дачка селяніна, касцюшкаўскага салдата, якая шмат гадоў была гаспадыняй у Шаўрах. Нарбут ажаніўся з ёй толькі каля 1840 г., а дзяцей, якія нарадзіліся раней, афіцыйна ўсынавіў. Адначасова змяніў сапраўднае прозвішча жонкі на Садоўская. З дзяцей найбольш праславіўся найстарэйшы сын Людвік (1832-22.04/4.05/1863 г.) - герой студзеньскага паўстання. Ужо ў школьныя гады, ў 1850 годзе, арганізаваў тайны патрыятычны саюз пад назвай "Арол і крыж". Прададзены таварышамі, падчас следства прызнаўся ў віне і быў адлупцаваны ў прысутнасці таварышаў і бацькоў. Потым у якасці кары быў прызваны ў войска, у 1854-1855 гадах удзельнічаў у турэцкай кампаніі, у наступныя 1856-1859 гг. удзельнічаў у баях на Каўказе. За заслугі быў адзначаны Крыжам Святой Ганны IV ступені і прадстаўлены да звання падпаручыка. У 1861 годзе вярнуўся ў Літву, ажаніўся і асеў у маёнтку жонкі ў Сербянішках. У канцы 1862 г. устанавіў сувязі з Правінцыйным Камітэтам у Вільні, які кіраваў канспірацыяй "чырвоных" у Літве, удзельнічаў у канспірацыйных спатканнях у Лідзе. Стаў вайсковым начальнікам Лідскага павета. Удзельнічаў у многіх баях, але ў выніку здрады 4 мая 1863 года загінуў, а яго атрад быў разбіты. Рэшткі рассеянага атрада сабраў брат Людвіка Баляслаў (1843-1889), які да гэтага выконваў абавязкі ад'ютанта пры Людвіку. З застаўшыміся паўстанцамі накіраваўся да групоўкі Аляксандра Парадоўскага, але 12 мая атрад быў рассеяны ў сутычцы каля ракі Котра пад Ганелькамі ў Гродзенскай пушчы. У невядомых абставінах быў схоплены і аддадзены пад ваенны трыбунал у Гродне, які прыгаварыў яго да смяротнага пакарання. У сувязі з маладымі гадамі прыгавор замянілі на ссылку ў Краснаярск. Праз некалькі гадоў на аснове закона аб амністыі вярнуўся на радзіму і асеў у Шаўрах.
У паўстанцкай дзейнасці Людвіка падтрымлівала таксама сястра Тэадора, якая была замужам за Альбертам Манчуньскім (1839-1925). Выконвала функцыю кур'ера і дапамагала ў забеспячэнні атрада брата. Знаходзілася падчас бітвы пад Дубічамі, дзе загінуў Людвік. Спадзеючыся, што арыштуюць, пры дапамозе маці ўцякла ў Парыж. У краіну вярнулася толькі напярэдадні 1914 года. Пасля 1918 г. была ўзнагароджана ордэнам "Polonia Restituta" (Адраджэння). Памерла ў Кракаве 27 сакавіка 1925 г. ("Польскі біяграфічны слоўнік", 1977 г., т. XXII).
Адвагай вызначыўся таксама і малодшы сын Тэадора Нарбута Францішак (1842-1892) - студэнт права ў Пецярбургскім універсітэце. Падчас навучання звязаўся з тайнай арганізацыяй польскай моладзі. У сувязі з пагрозай турмы і ссылкі уцёк у 1861 годзе да сястры Тэадоры ў Вільню, адкуль пры дапамозе сястры і яе мужа выехаў на Захад. У Італіі паступіў у ваеннае вучылішча. Належаў да групы моладзі, якая бунтавала супраць Людвіка Міраслаўскага, і накіраваўся з імі ў Малдавію. Там чакаў пачатку паўстання. У лютым уступіў у партыю Мар'яна Лянгевіча. Пасля падзення дыктатуры апынуўся ў Галіцыі і яшчэ раз удзельнічаў у змаганнях у грубяшоўскім конным атрадзе на тэрыторыі Любліншчыны. Чарговы раз эмігрыраваў у Францыю, дзе сустрэўся з сястрой Тэадорай. Потым выехаў у Бельгію на навучанне на інжынера. У пачатку 1880 года атрымаў пасаду ў адміністрацыі малдаўскай чыгункі, пасля ў Венгрыі. Ажаніўся з венгеркай і прыняў венгерскае падданства. Памёр у мясцовасці Торнач і там пахаваны ("Польскі біяграфічны слоўнік", т. XXII/1, ст. 92).
Тэадор Нарбут таксама падтрымліваў паўстанцаў. Пры яго згодзе і пры дапамозе маці ў Шаўрах назапашвалі зброю і, як падкрэслівае беларускі біёграф, маёнтак стаў месцам сховішча для людзей, разам з тым можна сказаць, што быў сядзібай паўстанцкага штабу Лідскай зямлі. Гаспадар маёнтка заранёў звярнуўся да суседзяў і сяброў, каб кожны па меры магчымасці купляў зброю і амуніцыю для паўстанцаў, для тых, хто стане пад сцягі ў барацьбе за волю (А. М. Ненадавец, 1996 г., с.50).
Смерць сына і паражэнне паўстання выклікалі вялікі жаль і боль, якія паразілі Тэадора. Далейшыя пакуты пачалі спадаць на сям'ю Нарбута і яго жонкі пасля паражэння паўстання. Тады пачаліся рэпрэсіі, накіраваныя супраць паўстанцаў і тых, хто ім дапамагаў. Міхаіл Мураўёў (вешальнік), надзелены царом надзвычайнымі паўнамоцтвамі, "тапіў паўстанне ў крыві бунтаўшчыкоў". Сотні паўстанцаў былі пакараны смерцю, а больш чым дзевяць тысяч былі сасланы на катаргу або накіраваны ў штрафныя атрады, былі пазбаўлены правоў і маёмасці. Падобны лёс напаткаў таксама Тэадора і Крысціну, за дапамогу паўстанцам былі арыштаваныя і аддадзеныя пад суд. Ім прад'явілі абвінавачанне ў дрэнным выхаванні дзяцей і асудзілі на ссылку ў Сібір. Рэпрэсіі, доўгае і пакутлівае следства, а таксама сталы век выклікалі пагаршэнне здароўя Тэадора, і ў сувязі з гэтым прыгавор не быў выкананы. Быў перавезены ў Вільню, дзе знаходзіўся пад жорсткім наглядам. Памёр 26 лістапада 1864 г. у Вільні, быў пахаваны пры парафіяльным касцёле ў Начы, ва ўладанні Мацея Воўк-Карачэўскага, спадкаемцам якога быў Вандалін Шукевіч, які таксама, як і Нарбут, быў даследчыкам старажытнасці Літвы і Беларусі. Крысціна была выслана ў Пермскую губерню, адкуль праз некалькі гадоў вярнулася ў родны край. Памерла 16 ліпеня 1899 г. Шаўры былі абрабаваныя, пазабіралі калекцыі і бібліятэку, а маёнтак спалілі.
Археалагічныя даследаванні, збор помнікаў старажытнасці
Як згадвалася вышэй, падчас палявых работ, якія былі звязаны з будаўніцтвам ваенных умацаванняў на тэрыторыі Беларусі, Тэадор Нарбут адкрыў невядомыя яму аб'екты на ўзбярэжжы Дняпра недалёка ад Рагачова. Прызнаў, што знойдзеныя прадметы, на якія ён звярнуў увагу, адносяцца да старажытных часоў. Зацікавіўся таксама курганамі, аб якіх напісаў: "Паміж рэкамі Друць і Беразіна, на левым беразе Дняпра ад Магілёва да ракі Сож і да Рагачова звярнуў увагу на курганы". Хоць не зусім разумеў іх прызначэнне, інфармаваў: "Курганы - гэта земляныя насыпы, выкананыя рукамі людзей" (Нарбут, "Аб курганах...", 1818 г., №123, ст.163-164).
У 1810 годзе раскопваў курганы і натаваў, як яны пабудаваны і якім спосабам насыпаны. Вынікі апублікаваў у 1818 годзе ў "Віленскім штотыднёвіку", а потым уключыў, амаль што даслоўна, у сваю "Старажытную гісторыю літоўскага народа". Спрабуючы інтэрпрэтаваць, спасылаўся на народныя паданні, пішучы: "Удалося сабраць мясцовыя аповеды і паданні, а іменна: 1) Курганы, якія былі ўсюды месцамі пахавання; 2) адносяцца да эпохі незапамятнай старажытнасці; 3) з'яўляюцца помнікамі якогась народа, які на гэтай зямлі жыў да славян і з імі ваявалі, або славяне здабылі гэтыя тэрыторыі з дапамогай зброі" (Нарбут, "Гісторыя...", т. ІІ, ст. 551).
Зацікаўленасць, якая з'явілася пры першай абсервацыі курганоў, паслужыла таму, што звярнуў увагу на сутнасць гэтых аб'ектаў, што яны рознай велічыні, што размешчаны або па аднаму, або групамі, у рознай колькасці. Два, якія знаходзіліся каля Старога Быхава на правым беразе ракі, абмераў. Вандруючы па ваколіцах, аглядаў курганы, занатоўваў аб іх легенды і аповеды старэйшых людзей. Асобай, якая дапамагала Нарбуту ў зборы вестак аб курганах, быў доктар са Старога Быхава, які, праведваючы сваіх пацыентаў у розных мясцінах, назапасіў шмат інфармацыі аб аб'ектах, якія так цікавілі нашага героя (Ненадавец, 1996 г., ст.15-17). Далейшыя даследаванні прывялі яго да высновы, што насып кургану выкананы з чарназёму, сабранага з паверхні зямлі. Зрабіў выпіскі з XIV-вяковай хронікі, з якой даведаўся, што памерлага не закопвалі, а лажылі на паверхні зямлі, ставілі побач харч і пітво, палілі, пасля гэтага насыпалі над памерлым курган. Для багатых і знакамітых насыпалі высокі пагорак, для бедных і нядобрых - малы. Заўважыў, што гэтыя аб'екты знаходзяцца звычайна на палях і лугах.
Нарбут, які яшчэ не меў вялікага вопыту і магчымасцяў параўнання з іншымі даследаваннямі курганоў, памылкова меркаваў, як ведаем сёння, што народ, які пакінуў гэтыя магілы, не выкарыстоўваў дрэва і металы. У 1820 годзе недалёка ад мясцовасці Шаўры выявіў ямачнае пахаванне, у якім знайшоў, акрамя касцей, "посуд незвычайнай формы", з якой мэтай ён прымяняўся, не сумеў растлумачыць. Жадаючы задакументаваць яго аўтэнтычнасць, змясціў яго малюнак у сваёй працы "Старажытная гісторыя літоўскага народа" (т. І, 1835 г.). Вёў раскопкі ў Лідскім павеце і пад Навагрудкам, але ў сувязі з тым, што апублікаваў толькі лаканічныя нататкі (Нарбут, "Невялікія гістарычныя лісты", 1858 г., ст. 4-5), цяжка сказаць, якія гэта былі аб'екты і што ў іх адкрыў. З апісання збораў Нарбута, апублікаваных В. Сыракомлем, можна даведацца аб тыпах знойдзенных прадметаў старажытнасці, якія захоўваліся ў Шаўрах. Вядома, што адным з накірункаў зацікаўленасці даследчыка была нумізматыка. Пачалася яна з таго моманту, калі ў адным з курганоў быў адкапаны гліняны збан, з якога высыпалася даволі шмат металічных кружочкаў. Пасля ўважлівага агляду знаходкі пазнаў, што гэта былі манеты, якія паходзілі з розных краін. З гэтага часу збіраў таксама манеты, частку якіх у выглядзе малюнкаў змясціў у І томе "Старажытнай гісторыі літоўскага народа" (1835 г.).
З групы прадметаў, якія знаходзіў у пахаваннях, выдзеліў посуд, які назваў "слязінкі". Прысвяціў ім раздзел у публікацыі "Меншыя гістарычныя лісты" (1856 г.). Гэтае азначэнне перанялі многія даследчыкі старажытнасці ў ХІХ стагоддзі, між іншых Яўстах і Канстанцін Тышкевічы. Напэўна, цікавым будзе знаёмства з тым, якую выснову зрабіў Нарбут.
"Посуд для збору слёз, якія наплакалі на пахаваннях, вядомы ў розных народаў, якія яшчэ былі язычнікамі, па-польску называўся "жаль", па-руску - "слязніца", па-літоўску "асаруве". У паданнях або песнях на літоўскай зямлі мне не ўдалося знайсці аб гэтым прадмеце што-небудзь дакладнае.
Толькі чуў аповед аб нейкай літоўскай песні, якая аплаквае смерць вялікага князя літоўскага Кейстута, у якой была згадка, што народ па ім столькі выліў слёз, што можна іх мераць шклянкамі, а пры яго праху ў труне можна паставіць біклагі слёз замест посуду "асаруве", якія звычайна ставяць у магільні іншых паноў... Гэта пацвярджаецца тым, што гэтыя пасудзіны часам знаходзяцца ў магілах літоўскага народа. Мне трафіліся падчас маіх даследванняў на радзімай зямлі наступныя сапраўдныя літоўскія плакальніцы: плоскі гаршчок, падобны да місачкі, ў выглядзе сподачка ад дзіцячай філіжанкі..." ("Аб плакальніцах. Гістарычная нататка. Пабочныя лісты", 1858 г., ст. 3.).
Аб зборах Тэадора Нарбута даведваемся з карэспандэнцыі В. Сыракомлі, які ў 1854 годзе падарожнічаў па Літве і Беларусі, наведваў вядомых даследчыкаў старажытнасці і апісваў помнікі мінуўшчыны, якімі яны валодалі. Абшырнае апісанне прысвяціў, разам з тым, збору, які знаходзіўся ў Шаўрах ("Варшаўская газета", 1854 г., №159, 169).
З гэтага апісання вынікае, што толькі частка прадметаў паходзіла з даследчых раскопак уласніка, частку атрымаў у якасці падарункаў, іншыя знаходзіў на паверхні падчас вандровак, якія былі звязаны з працай. Апісанне складзена па катэгорыях прадметаў. Найперш аўтар назваў вялікі камень "асаблівай формы", які быў знойдзены ў Шаўрах, аб якім Нарбут меркаваў, што гэта мог быць фрагмент якогась бажаства, якога ўшаноўвалі падчас язычніцтва ў Літве. Да другой групы адносіліся прадметы, названыя ўласнікам слязніцамі, якія знайшлі ў пахаваннях, назваўшы іх таксама лакрыматорыі (слезацечныя атрутныя матэрыялы). Сярод пяці апісаных адна была шкляная, а ў ёй "яшчэ засталіся слёзы, адна пустая з капілярнай адтулінай", наступная была ў выглядзе біклажкі, наступная была гліняная, але разбітая, пятая - малая бурштынавая місачка, якая была знойдзена ўнутры васкавога шарыка велічынёй з яблык у нагах шкілету малога дзіцяці. Сведчанням таго, што целы памерлых палілі, Нарбут паказваў ніжнюю частку гранітнай попельніцы, а таксама прадмет, які апісаў так: "Рэч ад верху попельніцы з абпаленай гліны была знойдзена над Нёманам".
Чарговую групу старадаўніх помнікаў складалі брытвы і "заржавеўшыя" нажы. Да катэгорыі зброі адносіліся рознага памеру 7 каменных рознай велічыні сякерак. Усе знойдзены ў Лідскім павеце. Пры класіфікацыі гэтых рэчаў Нарбут абапіраўся на меркаванні Яўстахія Тышкевіча. З каменных вырабаў, апісаных у зборах, былі куля з граніту, знойдзеная пад замкам у Лідзе, і другая з шведскага мрамару, якая была выкапана каля вёскі Кубаніца. Былі таксама каменныя паркетныя пліты, а таксама фрагменты пячных кафляў, якія былі знойдзены ў руінах замка ў Друскеніках, які калісьці стаяў на ўзбярэжжы рэчкі Ратнічанкі.
Сярод металічных вырабаў аўтар назваў даспехі і зброю, нумізматыку і адну бронзавую статуэтку, якая павінна была сімвалізаваць "бога вайны старажытных літоўцаў Коваса" (каўціс - біцца). Яна была выканана на полі каля Плятэль і была шматразова прадстаўлена на малюнках у выглядзе гравюры. Асаблівасці ўбранства гэтай статуэткі адлюстроўваюць спосаб узбраення даўніх літоўцаў, а выглядалі яны наступным чынам: галаву накрываў шлем, шчыльна ахутваючы галаву, шыю і частку грудзей, а таксама часткова заходзіў на плечы. Праз шыю і грудзі ідзе рад малых паглыбленняў, якія павінны былі ўяўляць ланцугі, якія ваяры звычайна насілі. Торс закрываў гладка прылягаючы падагнаны да таліі жалезны панцыр, ад пояса падзелены на кляпы, якія падобныя да тых, якія ў той час можна было ўбачыць на гарсетах літоўскіх сялянак. Ногі, сагнутыя ў каленях, надаюць бажаству як бы скачучую позу. Гэтая постаць памешчана на васьмігранным слупку, як бы на кавалку калоны. Першапачаткова статуэтка магла трымаць якуюсь зброю, або сімвал сваёй улады. У каментарыі аўтар дадае: "Вядома, што бажок Ковас у Літве поўнасцю адпавядаў рымскаму Марсу, нават месяц сакавік тут называецца "ковас", прыпадае на той час, у які Марс забіраў свае ахвяры". Далейшыя тлумачэнні звязвае з легендай аб паходжанні літоўцаў ад рымлян, якія пад кіраўніцтвам Палямона са старажытнага Рыма марскім шляхам праз Балтыйскае мора прыплылі да літоўскіх берагоў.
Старажытныя ўзбраенне і даспехі рэпрэзэнтавалі наступныя помнікі старажытнасці: сталёвы шлем, выкапаны ў магіле пад Аранамі (Варэна), сталёвы бердыш, знойдзены на капішчы каля Друскенік, два замкі ад самастрэлаў, знойдзеныя на полі ў ваколіцах Трок. Іншыя прадметы: фрагменты зброі і "арматуры" - належалі, напэўна, тагачасным ворагам літоўцаў - прускім і інфлянцкім крыжакам. Гэта былі жалезныя страмёны, пасярэбраныя, дзве сталёвыя сякеркі, дзве шпоры, бронзавая і жалезная, кавалкі дзідаў і мячоў. Усе гэтыя зробленыя дасканала прадметы "адносяцца да 1385 г., калі крыжакі, выкарыстоўваючы тое, што Ягайла знаходзіўся ў Кракаве, дзвюма калонамі напалі на Літву, былі пераможаны пад Меднікамі і Вільняй і адступілі...".
Таксама згадваліся фрагменты іншых помнікаў мінуўшчыны ў выглядзе ўзбраення, знойдзеных падчас раскопак на кургане каля возера Омель у Вількамірскім павеце і на месцы бітвы, якая адбылася каля вёскі Кубані ў Лідскім павеце. У зборах Нарбута знаходзілася таксама многа прадметаў з жаночай вопраткі, у прыватнасці, бронзавыя шпількі, абпаленыя на агні, рознай формы пярсцёнкі, пражкі, нараменнікі, фібулы і званочкі, завушніцы і бронзавыя ланцужкі, якія дапаўнялі ўяўленне аб убранні тагачасных жанчын Літвы і Русі.
Сярод нумізматыкі былі: медны медаль з арабскім надпісам, які быў знойдзены ў Друскеніках, 12 старых манет, знойдзеных у курганах, а таксама 325 польскіх, расійскіх, шведскіх, французскіх і іншых краін манет. Таксама знаходзілася 14 навейшых медалёў, між іншым вялікая медаль Віленскага ўніверсітэта 1828 года выпуску работы вядомага мастака графа Талстога. У калекцыі Нарбута былі таксама абразы-партрэты літоўскіх князёў і мініяцюры.
Калекцыі Т. Нарбута пасля падаўлення студзеньскага паўстання па распараджэнні Мураўёва ў 1864 г. былі вывезены ў Пецярбург, а радзімы маёнтак быў спалены ("Вялікая ілюстраваная ўсеагульная энцыклапедыя", выдавецтва "Гутэнберг", ст. 90).
Тэадор Нарбут таксама цікавіўся старадаўняй архітэктурай, і гэта зразумела, бо па адукацыі быў будаўніком. У той час на фарміраванне яго зацікаўленасці і даследаванне старадаўняй архітэктуры аказалі ўплыў навучанне і вучэбная праграма, распрацаваная Ваўжынцам Гуцэвічам, знакамітым прафесарам архітэктуры матэматычна-інжынернага факультэта Галоўнай віленскай школы, у якой вучыўся Т. Нарбут.
Адначасова з зацікаўленасцю да аб'ектаў архітэктуры займаўся зборам матэрыялу і дакументаў, а таксама апісаннем руін замкаў, умацаванняў, гарадоў і мястэчак. Між іншым, апісаў рэшткі муроў крэпасці, якія захаваліся каля вёскі Ліскава недалёка ад Гродна. З апісання вынікае, што муры, якія захаваліся, узвышаліся да вышыні ў некалькі сажань. У сярэдзіне XIX стагоддзя там яшчэ захаваліся рэшткі муроў і можна было распазнаць план усяго аб'екта і руіны нейкай пабудовы.
У "Гродзенскіх губернскіх ведамасцях" апублікаваў гістарычны нарыс, прысвечаны гісторыі Ліды. Першы апісаў гэты горад, годам заснавання якога лічыў 1180 год ("Старажытная гісторыя літоўскага народа", т. 5, дадатак, ст. 1). Пасля яго гэтую дату паўтаралі ўсе польскія энцыклапедыі. Сучасныя археолагі прыйшлі да высновы, што Ліда была заснавана значна пазней, але дакладнай даты не вызначылі (М. А. Ткачоў, "Лідскі замак, 1971 г., №2, ст. 14). Замак, як прынята, быў пабудаваны ў XIV стагоддзі. Шмат іншых мясцін узгадаў у працах "Гісторыя літоўскага народа" і "Дадатковыя гістарычныя лісты, якія адносяцца да гісторыі Літвы".
Цікавасць да фальклору і народнай культуры
У польскіх і беларускіх публікацыях, якія мне вядомы, прысвечаных праблеме і даследаванням гісторыі чалавеказнаўства, згадваецца і прозвішча Нарбута не толькі як чалавека, які праяўляў зацікаўленасць да культуры народаў, якія жылі ў Літве і Беларусі, але і як чалавека, які ведаў яе і натхняў чарговыя пакаленні даследчыкаў. На працягу ХІХ стагоддзя многія даследчыкі займаліся зборам легенд, песень, звычаяў гэтых краін, кіруючыся вялікай любоўю да мінуўшчыны, якая мяжуе з праслаўленнем. Падчас будаўніцтва фундамента ўласнай культуры і сваёй гісторыі шукалі продкаў сярод вядомых людзей з пісьмовых крыніц, хронік і гісторыі Грэцыі і Рыма, паўтаралі легенды аб паходжанні продкаў. Прыкладам можа служыць запісаная Мацеем Стрыйкоўскім (1547 - каля 1593 гг.) паданне аб тым, як 500 рымлян пад камандаваннем правадыра Палямона, рымскага князя па мянушцы Народны, "прыбылі морам да прускага порту па волі божай недалёка Курляндскага возера".
"Здалёк Палямон убачыў лес зялёны
Ля мора і бераг, крыва абгароджаны гарамі.
Крыкнуў ад радасці голасам:
"Гэта ж бачу запаветную зямлю,
Свеціць нам дадзеная ад багоў!"
(М. Стрыйкоўскі, "Аб пачатках слаўнага літоўскага народа", 1978, ст. 51-61).
Тэадор Нарбут таксама выступаў у справе паходжання літоўцаў і іх назвы. Яго меркаванні часам былі фантастычныя, але даследчыкамі ХІХ стагоддзя падтрымліваліся і паўтараліся. Напрыклад, назву "Літва" ён тлумачыў тым, што яна паходзіць ад назвы багіні свабоды Летува. Сучасныя гісторыкі, крытыкуючы гэтую гіпотэзу, тлумачаць, што сярэдневечная Літва не ведала такой багіні і што развітая літоўская міфалогія з'яўляецца выдумкай самога Нарбута (Я. Ахманьскі, "Гісторыя Літвы", 1990 г., ст. 14). Задумваючыся аб паходжанні літоўцаў, Нарбут разважаў, ці можна прызнаць іх продкамі алянаў, пра якіх пісаў Аміян Марцэлі, і згаданых Пталамеем, або яны паходзілі з іншых племянных груп з паўночнай Азіі, або з Прычарнамор'я. Спрабаваў высветліць іх сваяцтва са скіфамі (Т. Нарбут, "Старажытная гісторыя...", т. ІІ, ст. 59, 61, 264, 286).
Выказваўся па пытанні дрэгавічоў, аб якіх меркаваў, што яны рассяліліся толькі ў ваколіцах Кіева і што іх паходжанне невядомае (Т. Нарбут, "Старажытная гісторыя...", т. ІІ, ст.121). Назву племені тлумачыў, што яна паходзіць ад слова "древность". Затое яцвягаў адносіў да скіфаў, як вядома сёння, гэтае меркаванне памылковае. Спрабаваў высветліць паходжанне назвы "крывічы", якую выводзіў ад літоўскага слова "крыве". Справамі культуры і мовы гэтага народа займаўся таксама Уладзіслаў Сыракомля. Падтрымліваў погляд, які раней выказаў Зарыян Далэнга-Хадакоўскі, што крывічы размаўлялі на мове, след якой застаўся ў "Слове аб палку Ігаравым" ("Слова аб палку Ігаравым" - старажытнаруская паэма, напісаная каля 1185-1187 гадоў).
Адносна славянскіх плямён меркаваў, што прыйшлі яны праз Каўказ з тэрыторыі Індыі і аселі на тэрыторыі паміж рэкамі Прыпяць, Ясельда, Піна, Лына, Мерач. У сваім абгрунтаванні абапіраўся на мясцовыя легенды, якія ўключалі этымалогію згаданых рэк.
Трэба падкрэсліць, што звярнуў увагу на фальклор Піншчыны ў перакананні, што ў гэтым рэгіёне развіваліся і найлепей захаваліся найстарэйшыя элементы культуры. Даследаваў і запісываў вясельныя песні і абрады, легенды і паданні, нават прымаўкі. Падчас зацікаўленасці фальклорам з Нарбутам кантактаваў іншы даследчык культуры старажытных славян, а іменна - згаданы вышэй Зарыян Далэнга-Хадакоўскі (у сапраўднасці Адам Чарноцкі (1784-1825 гг.)). Па прыкладзе Тэадора Нарбута фальклорам беларускага народа займалася шмат іншых даследчыкаў, выкарыстоўвалі яго веды і спасылаліся на яго думкі. Гасцінны маёнтак у Шаўрах наведвалі, апроч ужо згадванага Уладзіслава Сыракомлі, таксама Адам Ганоры Кіркор, а таксама Канстанцін і Яўстахій Тышкевічы.
Як згадвалася вышэй, многія гісторыкі і фалькларысты крытыкавалі Т. Нарбута і яго працы, у тым ліку Юзаф Ігнацы Крашэўскі і Юльян Барташэвіч. Крашэўскі папракаў аўтара ў гаварлівасці, легкавернасці, празмерным выкарыстанні народных легенд і паданняў, верагоднасць якіх не была пацверджана. Барташэвіча здзіўляла даволі пашыраная сістэма павер'яў і што вялікі пантэон бостваў, параўнальна па колькасці з вядомымі з грэцкай і рымскай міфалогіі. Вось яго меркаванне: "... Літоўскі Алімп амаль такі, як грэцкі. Нарбут узяў нават за аснову старэйшы за літоўскі грэцкі Алімп і як некалі Длугаш у Есах і Светавідах, Дзедзілях і Мажанах бачыў Юпітэра і Венеру, так і ў Нарбута павінны быць свае багіня кахання і багіня палявання, Венера, Дзіяна, Юпітэр і г. д. Здаецца, што па Нарбуту літоўцы на поўным сур'ёзе прыдумалі сабе Алімп, таму што прыстойным людзям належала мець якуюсьці рэлігію ... такім чынам поўнасцю прынялі грэцкую міфалогію і чужым багам толькі панадавалі імёны: Венера - гэта Мільда, Меркурый - гэта на прыклад Альціс і г. д." ("Ілюстраваны штотыднёвік", 1860 г.). Затое іншае меркаванне меў Пётр Бяссонаў, які пазнаёміўся з рукапісамі Нарбута, наведваючы Вільню ў 1864-1867 гадах. Меркаваў, што працы Нарбута з'яўляюцца для ўсёй краіны, асабліва для Беларусі, "такім скарбам, якога да гэтага часу ніхто не прад'явіў". (П. Бяссонаў, "Беларускія песні", 1871 г.). З прызнаннем выказваўся аб працах Нарбута яго равеснік Канстанцін Тышкевіч, карыстаючыся не толькі з ведаў пра помнікі мінуўшчыны, але і з вынікамі даследаванняў беларускай фалькларыстыкі (Г. А. Каханоўскі, Л. А. Малаш, К. А. Цвірка, 1989 г, ст. 230).
Летапісец, перакладчык, публіцыст
Літаратурны набытак Т. Нарбута багаты. Спіс прац, якія ён надрукаваў, знаходзім у працы Юзафа Бялінскага ("Віленскі ўніверсітэт (1579-1831)", Кракаў, 1899-1900 гг.). Біяграфія і публікацыі Нарбута згадваюцца на старонках, прысвечаных знакамітым вучням. З гэтай крыніцы вядома, што многія артыкулы змяшчаў у газетах і часопісах, з якіх не ўсе ў Польшчы даступныя. Публікаваў не толькі арыгінальныя рэчы, але і пераклады. Іх тэматыка разнастайная, што сведчыць аб шырокай сферы зацікаўленасці і даследаванняў. Адзін з біёграфаў Нарбута пісаў: "Вярнуўшыся ў дамашні зацішак, асеў у сваім маёнтку... Там некалькі дзесяткаў гадоў збіраў паданні і весткі, прадметы мінуўшчыны язычніцкай і хрысціянскай Літвы з вялікім замілаваннем і нястомным стараннем, акрамя таго займаўся гаспадаркай, але не абы як, бо атрымліваў медалі за вырабы з ільну, таксама займаўся паэзіяй. Плёны гэтых пошукаў і даследаванняў пачаў спачатку публікаваць у выглядзе шматлікіх артыкулаў у "Дзённіку", "Віленскім штотыднёвіку", пісаў у "Пецярбургскі штотыднёвік", у "Атэнэум" Крашэўскага, у "Выявы", у навагодніках "Андыны", "Радэгаста", у "Інтэлектуальных помніках" і г. д. У якасці прыкладу працытую некалькі артыкулаў, якія ілюструюць разнароднасць зацікаўленасці Нарбута:
1) "Мекленбурская бойка з тлумачэннем спосабу атрымання масла" ("Віленская газета", 1828 г.)
2) "Аб вырошчванні хмелю", там жа, 1828 г.
3) "Ручны англійскі плуг. Яго тэорыя і тлумачэнне будовы", там жа, 1829 г.
4) "Галандскі спосаб вырошчвання стручковых раслін", там жа, 1828 г.
5) "Вырошчванне тытуню ў Паўночнай Амерыцы", там жа, 1828 г.
6) "Вырошчванне ільну, канопляў і іншых валакністых раслін, з французскага", Вільня, 1834 г.
Таксама друкаваў у газетах пераклады з замежных моў, напрыклад, "Оды і кантаты. Русо", Вільня, 1832 г., а таксама "Оды Гарацыя, напісаныя вершам", Вільня, 1835 г., 2 тамы.
На працягу некалькіх гадоў працаваў над гісторыяй старажытнай Літвы. Рыхтуючыся да вывучэння гісторыі, сабраў багаты кнігазбор прац па гісторыі, вышукваў дакументы і хронікі, сабіраў і вывучаў старадрукі і творы старажытных і сучасных пісьменнікаў, публікаваў не толькі ў сваёй краіне, але і ў іншых. Вывучэнне старажытных крыніц не было для яго праблемай, бо, як пішуць біёграфы, ведаў каля дзевяці моў. Гарачае імкненне да збору як мага больш інфармацыі аб гісторыі радзімага краю стала прычынаю таго, што яму не хапала крытыцызму ў адносінах да крыніц, апіраўся на легенды, запісы і хронікі, дакладна не пацверджаныя, рабіў з іх выпіскі і ўключаў у літаратуру. Прыкладам можа служыць "Хроніка Быхаўца", з якой зрабіў абшырныя выпіскі і папулярызаваў іх у сваіх публікацыях.
Аб гэтых клопатах і падрыхтоўцы да большага твора напісаў Я. Барташэвіч у біяграфіі Нарбута ў "Ілюстраваным штотыднёвіку" (1860 г.): "З падвоенай любоўю для Літвы, закаханы ў яе помнікі. Больш за дзесяць гадоў збіраў паданні і весткі, розную даўніну старажытнай і хрысціянскай Літвы, падтрымліваў стасункі з народам, размаўляў з ім, даследаваў і шукаў, шматлікімі артыкуламі ўзбагаціў віленскія выданні. Тысячы такіх і ім падобных тлумачэнняў і кампіляцый не далі б магчымасці Нарбуту заняць сваё месца ў літаратуры. Але ў 1835 годзе пачаў друкаваць сваю "Гісторыю літоўскага народу". Гэтую працу Нарбут адрасуе будучаму пакаленню". Далей Барташэвіч ахарактарызаваў гэтую найважнейшую працу, а яго характарыстыка, як аднаго з першых чытачоў, сучаснікаў Нарбута, не страціла свайго значэння. Далей Барташэвіч піша: "Том за томам літоўскай гісторыі выходзілі з 1835 па 1841 год. Было выдадзена ўсяго 9 тамоў. Яны ахопліваюць толькі ўдзельнае Літоўскае княства, г. зн. жыццё народа ад часу яго абуджэння аж да сейму Люблінскай уніі, пасля якой Літва юрыдычна стала правінцыяй Польшчы, адмовіўшыся ад захавання самастойнага ўрада. Аўтар напісаў і 10-ы том, які быў апошнім. У ім змешчана не апісанне, а збор указальнікаў і рэестраў. Ні адна вялікая праца не абыходзіцца без такога эпілогу, калі яго няма, прыходзіцца блукаць, як у лесе. 10-ы том да гэтага часу не выдадзены". Далей інфармуе: "Скончыўшы вялікую працу, Нарбут пачаў выдаваць "Помнікі да літоўскай гісторыі..." Для зручнасці чытачоў выдаў іх яшчэ ў 1847 годзе пад назвай: "Гісторыя літоўскага народа ў кароткім зборы". Нарэшце ў 1856 годзе аб'явіў у Вільні астатнюю сваю працу пад назвай "Меншыя гістарычныя помнікі Тэадора Нарбута".
Такія плады даследаванняў і вывучэння няўрымслівага і пладавітага чалавека, якія былі надрукаваныя. А колькі яшчэ прац, занатовак, заўваг засталося ў рукапісах! Нарбут, наколькі вядома, падрыхтаваў спіс польскіх архіваў, яшчэ раз перапрацаваў сваю літоўскую гістарычную міфалогію. Заўсёды абкладзены кнігамі, капаецца ў выпісках з крулявецкіх і рыжскіх архіваў, збірае новыя факты і працуе над удасканаленнем сваіх прац".
Для пазнання сферы падзей, якія змяшчаюцца ў дзевяці тамах "Гісторыі літоўскага народа", цытую фрагмент уступу, а таксама характэрныя загалоўкі кніг, сабраныя ў скарочанай аднатомнай версіі "Гісторыі...":
"Гэта летапіс гісторыі літоўскага народа, каб акінуць позіркам і лепш яе зразумець, або абагульненне ўсяго выкладзенага намі падрабязна... Заўсёды спадзяюся, што буду карысны чытаючай публіцы...
Чытач, які хоча пераканацца ў доказе розных падзей, знойдзе ў нашым абшырным выкладанні пад адпаведнымі гадамі. Гэтая праца дзеліцца на шэсць перыядаў: першы - ад пачатку ўзнікнення асобных плямён, прародзічаў літоўскага народа да сфарміравання народнасці (герулаў) у пятым стагоддзі нашай эры. Другі перыяд ахоплівае месцы пастаяннай аседласці літоўскага народа ў Прыбалтыцы і да трынаццатага стагоддзя. Трэці перыяд утрымлівае ўжо больш вядомыя падзеі да 1242 года. Чацвёрты перыяд пачынаецца ад праўлення Міндоўга і канчаецца 1283 годам. Пяты перыяд прысвечаны падзеям да 1386 года. Шосты канчаецца 1572 г., або смерцю Жыгімонта Аўгуста." Трэба падкрэсліць, што праца суправаджаецца храналагічнымі табліцамі, чарцяжамі генеалогіі пануючага роду і картай, якая адлюстроўвае перамяшчэнне плямён, з якіх сфарміраваліся літоўцы. У першым томе поўнага выдання знаходзяцца таксама табліцы з ілюстрацыямі помнікаў даўніны, якія паходзяць з калекцыі Нарбута. На іх адлюстраваны літоўскія багі, посуд, манеты, узоры старажытнага пісьма, а таксама карты.
Вялікі твор Нарбута здзіўляў тагачасных гісторыкаў, але і быў падвергнуты моцнай крытыцы. Незалежна ад крытыкі да сённяшняга дня кожны, хто цікавіцца гісторыяй Літвы і Беларусі, выкарыстоўвае працы Нарбута, таму што ён першы сабраў шмат дакументаў і іншых матэрыялаў і першы ўзяўся за сістэматычнае апісанне падзей ад старажытных часоў да падпісання уніі Літвы з Польшчай. Апісаў этнічны склад, культуру, вывучаў справу фарміравання мовы, гісторыю гарадоў, замкаў. Абшырныя раздзелы прысвяціў вераванням і ідалам, якім пакланяліся язычніцкія продкі, а таксама працэсу хрысціянізацыі.
Навуковыя кантакты Т. Нарбута
Нарбут, пачынаючы свае археалагічныя раскопкі, не меў вопыту і не быў знаёмы з іншымі даследчыкамі, якія захапляліся старажытнасцю. З цягам часу ўстанавіў кантакты з Канстанцінам і Яўстахіем Тышкевічамі, якія таксама праводзілі даследаванні. Напрыклад, Яўстахій Тышкевіч у 1837 годзе правёў раскопкі курганоў родавых пасяленняў у ваколіцах Лагойска. Артыкул, прысвечаны сваім даследаванням, апублікаваў у "Пецярбургскім штотыднёвіку" (1837 г., № 94). У наступным годзе быў надрукаваны яго артыкул "Аб старажытных магілах у Мінскай губерні і Літве" ў газеце "Сын Отечества" (1838 г., т. VI).
З сярэдзіны ХІХ стагоддзя ўзрастала зацікаўленасць далёкай мінуўшчынай закуткаў радзімай зямлі. У Варшаве ўжо ў 1800 г. было створана Варшаўскае таварыства сяброў навук, у праграме якога прадугледжвалася праца па вывучэнню помнікаў язычніцкіх часоў. Сярод членаў таварыства зарадзілася нават думка аб вялікіх даследаваннях айчыннай гісторыі. Папулярызацыя зацікаўленасці старажытнасцю выклікала наплыў у таварыства прадметаў, якія былі раскапаны ў зямлі. Кароткае, але дынамічнае развіццё таварыства было спынена ў выніку рэпрэсій, якія пачаліся пасля лістападаўскага паўстання.
Як згадвалася вышэй, ад паловы 19 стагоддзя ў розных гарадах былой Польшчы ствараліся суполкі вучоных, якія ставілі сваёй мэтай арганізацыю музеяў, якія планава і па поўнай методыцы пачалі назапашваць прадметы мінуўшчыны. Спачатку ў 1850 годзе ў Кракаве была створана камісія для стварэння музея мінуўшчыны. Падобная ўстанова ўзнікла ў Познані ў 1857 годзе. Таксама ў Вільні дзякуючы клопатам Яўстахія Тышкевіча са згоды рускай адміністрацыі былі створаны Археалагічная камісія і Музей старажытнасці, зацверджаныя царом Аляксандрам ІІ 29 красавіка 1855 г. Праект статуту і праграму дзейнасці распрацаваў Яўстахій Тышкевіч. Ён быў выбраны старшынёй і куратарам музея. Віцэ-прэзідэнтам стаў Міхал Балінскі, навуковым сакратаром - Маўрыцый Круповіч. Да першых членаў камісіі належалі Тэадор Нарбут, які быў выбраны сапраўдным членам 01.01.1856 г., а таксама Юзаф Ігнат Крашэўскі, Мікалай Маліноўскі, Ігнат Ходзька, Лявон Расілён, Павел Кукальнік, Адам Ганоры Кіркор, Юзаф Ярашэвіч і Міхал Гамаліцкі. Ганаровых членаў і дабрачынцаў было 18, сярод іх Мікалай Радзівіл, Бенедыкт Тышкевіч, Люцыян Марыконі і Аскар Мілеўскі. Выбралі 9 супрацоўнікаў. Падрабязная праграма працы камісіі прадугледжвала павелічэнне музейных збораў, апрацоўку каталога гэтых збораў, стварэнне ўказальніка для тых, хто хоча праводзіць археалагічныя даследаванні, стварэнне каталога памятных аб'ектаў у Літве, напрыклад, курганоў, гарадзішч, фартыфікацый, капішчаў, святынь, замкаў і г. д.
Члены камісіі сустракаліся на планаваных пасяджэннях, на якіх рабілі справаздачы аб выкананых работах, зачытвалі рэфераты на істотныя тэмы, якія цікавілі ўсіх. Камісія таксама назапашвала важныя для гісторыі дакументы і рыхтавала іх да друку.
Членамі камісіі выбіралі заслужаных для навукі вучоных, пісьменнікаў, мастакоў не толькі з Літвы і Беларусі, але і з іншых акупаваных мясцін (Юзаф Крэмер, Цітус Дзялыньскі, Антон Зігмунд Гельцэль, Уладзіслаў Казімір Вайціцкі, Юльян Барташэвіч), са славянскіх краін: Вацлаў Ганка, Павел Шафажык, Кароль Уладзіслаў Зап і інш. еўрапейскіх. Членства ў камісіі давала магчымасць наладжвання сувязяў з вучонымі, абмену думкамі і даследчымі дасягненнямі ўсім членам камісіі. У форумах згаданай установы ўдзельнічаў і Тэадор Нарбут, які, як высока ацэнены аўтар "Гісторыі Літвы..." і яе помнікаў, часта выступаў як эксперт ў гэтых пытаннях з праблемамі, якія выклікалі гарачыя дыскусіі. У літаратуры па гэтых пытаннях прыводзіцца прыклад разважанняў аб знойдзенай у падзямеллі на Замкавай гары жалезнай фігуркі ваўчыцы. Апісанне гэтага прадмета выканаў Адам Ганоры Кіркор і перадаў яго Я. І. Крашэўскаму. Разважалі, ці магла ваўчыца быць нейкім сімвалам у літоўцаў. Выклікала дыскусію і пытанне аб выглядзе гэтага прадмета, і яго паходжанне. Чакалі прыбыцця Нарбута, каб выказаў сваю думку аб гэтай фігурцы (М. Штольцман, "Ніколі ад цябе горад...", 1987 г., ст. 53). Напэўна, цікавымі былі для Тэадора Нарбута сустрэчы і перапіска з Шыманам Доўкантам (Шыманас Доўкантас) - найлепш у той час вядомым літоўскім культурным дзеячам і гісторыкам, які пісаў па-літоўску. Нарбут інфармаваў яго яшчэ ў 40-я гады аб планах Яўстахія Тышкевіча па стварэнні літоўскага музея. Расказваў яму таксама аб прыватных зборах, якія былі сабраны ў радавых уладаннях Тышкевічаў у Лагойску. У 1843 г. Доўкант меў намер наведаць Тышкевіча, на жаль, згаданы даследчык іменна ў гэтым годзе накіраваўся ў падарожжа ў Швецыю з мэтай азнаямлення з узроўнем тамашняй археалогіі і музеялогіі. Скандынаўскія музеі былі вядомыя ў той час як найлепш арганізаваныя і па-сучаснаму абсталяваныя (Е. Александравічус, А. Кулакаўскас, "Пад уладай цароў", 2003 г., ст. 274).
Вядома, што навуковыя гістарычныя працы Нарбута дасягалі Вялікапольшчы. Часопіс "Сябар народа", які выходзіў у Лешна, у штогодніку № 13 перадрукаваў уступ да навуковай працы "Помнікі да літоўскай гісторыі, сабраныя Тэадорам Нарбутам, з гравюрай і факсіміле" (Вільня, 1846 г.). Ва ўступе рэдакцыя інфармуе, што сам аўтар пераслаў рукапіс разам з дадаткамі. Праца аказалася такой важнай і цікавай, што была прызнана неабходнасць надрукаваць увесь уступ згаданай працы ("Сябар народа", год ХІІІ, №36). Акрамя таго, трэба ўспомніць, што ў гэтым жа часопісе друкаваліся работы і іншых віленскіх аўтараў, паміж іншым Яўстахія Тышкевіча ("Апісанне некаторых помнікаў старажытнасці, адкрытых у заходніх губернях Рускай імперыі" (год ІХ, 1843 г., № 3), а таксама Адама Плятэра "Аб старажытных камнях з надпісамі, якія знайшлі ў рацэ Дзвіне (ХІІІ ст.) каля Полацка і Дзісны" (год ІХ, 1843 г., № 36).
Кантакты Нарбута не абмяжоўваліся Вільняй. У пошуках кніг, дакументаў і іншых матэрыялаў наведваў архівы, маёнткі і палацы, святыні, гарадскія і манастырскія бібліятэкі. У Шаўрах прымаў гасцей, якія цікавіліся яго зборамі. Падчас гэтых візітаў Уладзіслаў Сыракомля, які ў летні час падарожнічаў па краю, пазнаёміўся з калекцыямі прадметаў даўніны і кнігазборам Т. Нарбута, а справаздачы з гэтых візітаў змяшчаў у "Варшаўскай газеце" (1854 г.). З варшаўскім асяроддзем кантакт Нарбута праяўляўся і іншым чынам. У варшаўскім асяродку аматараў даўніны і нумізматаў узнік праект арганізацыі выстаўкі "Старажытнасць і прадметы мастацтва". Афіцыйна было абвешчана, што мэтай гэтай выстаўкі з'яўляецца збор ахвяраванняў на справу падтрымкі прытулку імя Найсвяцейшай Марыі Панны, аб якім клапацілася Аўгуста Патоцка. На выставу, якая адкрылася ў 1856 г. у палацы Патоцкіх у Варшаве, экспанаты прысылалі калекцыянеры з розных куткоў краю. Выстава з'явілася дэманстрацыяй культу народных помнікаў. Т. Нарбут прыслаў фрагмент тынкоўкі з замка ў Троках, які размешчаны на востраве на возеры Галва. У каталогу выставы падкрэслівалася, што гэты замак быў пабудаваны Кейстутам і з'яўляецца адным з найцікавейшых помнікаў будаўніцтва ў Літве.
У Шаўрах наведаў Т. Нарбута Напалеон Орда (1807-1883), які з 1860 года ездзіў па землях былой Рэчы Паспалітай і рабіў малюнкі гарадоў, палацаў, замкаў і сядзіб. Збор гэтых рысункаў паслужыў яму ў выданні серыі з краявідамі, літаграфічныя адбіткі якіх выканаў Алойзы Мусяровіч, а надрукаваныя яны былі ў літаграфічнай майстэрні Максіміліяна Фаянса. "Альбом гістарычных відарысаў Польшчы, прысвечаны землякам. Зрысаваны з натуры праз..." выходзіў у 1873-1883 гадах у выглядзе планшэтаў, сабраных у васьмі серыях. У згаданым альбоме была змешчана сядзіба Тэадора Нарбута, а таксама замак і фрагмент горада Ліды. Як вядома, маёнтак у Шаўрах быў пасля студзеньскага паўстання спалены, таму літаграфія Напалеона Орды з'яўляецца каштоўнай памяткай аб аўтары "Гісторыі Літвы".
У заканчэнні можна выразіць шкадаванне, што на сённяшні дзень не з'явілася ў польскай літаратуры комплексная апрацоўка жыцця і дасягненняў шматграннай дзейнасці Тэадора Нарбута. Археолагі і фалькларысты з Беларусі акрамя ўпамінанняў у зборных публікацыях таксама не ўзяліся за больш грунтоўныя публікацыі. Адзіны А. М. Ненадавец найбольш шматбакова асвятліў гісторыю жыцця і шматграннасць заняткаў і зацікаўленасці Тэадора Нарбута. Была выдадзена невялікая кніжка з серыі "Нашы славутыя землякі".
Найбольшую колькасць публікацый Тэадору Нарбуту прысвяцілі літоўцы. Усе аўтары, згадваючы Нарбута, падкрэсліваюць, што найбольшым яго творам была яго праца, выдадзеная ў дзевяці тамах, - "Старажытная гісторыя літоўскага народа", якую давёў да 1572 года. Яе крытыкавалі за тое, што аўтар не сумеў аддзяліць верагодных інфармацый ад паданняў і легенд, якія былі прыдуманы хранікёрамі. Аднак з пункту гледжання багацтва матэрыялу з крыніц "Гісторыя..." знаходзілася ў навуковым ужытку на працягу шмат дзесяткаў гадоў (Я. Матарніцкі, "Варшаўскае гістарычнае асяроддзе...", 1970 г., ст. 29). Не меншую цікавасць выклікалі іншыя публікацыі, напрыклад, "Старажытная гісторыя літоўскага народа ў кароткім ізлажэнні", "Помнікі да літоўскай гісторыі".
Трэба ўзгадаць, што, маючы шырокія зацікаўленні, ўвагу прысвяціў гісторыі, археалогіі, фалькларыстыцы, займаўся калекцыяніраваннем, быў папулярны як добры краязнаўца і бібліяфіл. Займаўся таксама перакладамі літаратурных твораў і прафесійнай літаратурай па апрацоўцы зямлі і вырошчванню тэхнічных культур. У сваім маёнтку адкрываў сучасныя цукровую вытворчасць, рамесніцкія майстэрні, скураную вытворчасць і ткацкія майстэрні. Цікавіўся вырошчваннем лёну і яго апрацоўкай і папулярызаваў гэтыя галіны.
У канцы трэба ўзгадаць, што меў заслугу ў узнікненні лекарскага асяродка ў Друскеніках. У якасці інжынера-будаўніка ваенных і цывільных аб'ектаў многа зрабіў для падрыхтоўкі і будаўніцтва абарончых збудаванняў.
Будучы расійскім афіцэрам, захаваў глыбокі патрыятызм і любоў да радзімага краю, а калі ўзнікла неабходнасць, стаў у адзін рад з абаронцамі свабоды. У такім жа духу выхаваў сваіх сыноў і дачку - удзельнікаў студзеньскага паўстання.
Literatura
Aleksandravičius E., Kulakauskas A.
2003 Pod władzą carów. Litwa w XIX wieku, przekład Beata Kalęba, Kraków
L. W. Alekseew
1996 Archeologija i Krajewedenije Bełarusi. XVI w. - 30-e gody XX w. pod redakciej akadem. B.A. Rybakowa, Minsk, s.21-23.
J. Bartoszewicz
1860 Teodor Narbutt, "Tygodnik Illustrowany", T. I, 12/24 marca , nr. 26, s. 221-222.
Bieliński J.
1899-1900 Uniwersytet Wileński (1579-1831), Kraków, T. I, II, III.
Biessonow P.
1871 Biełorusskija piesni (cyt. za: Olechnowicz M. Polscy badacze folkloru i języka białoruskiego w XIX wieku, Łódź 1986, s.95)
Brokgauz F.A., Efron I.A.
1897 Teodor Narbutt, Narbutowie [w:] Encikłopediczeskij Słowar, T. 20
1949 Dictionnaire de Biographie Francaise "Bassano Hugues-Bernard Maret", T. XXV, s. 742-743.
F.D. Gurewicz
1962 Drewnosti bełorusskogo Ponemannia, Moskwa-Leningrad, s. 6, 7.
Iwaszkiewicz J.
1912 Litwa w roku 1812, Warszawa.
Jan ze Śliwina (Kirkor A.H.)
1854 Życiorys Teodora Narbutta, "Gazeta Warszawska", Nr 24, 2/14 lutego 1854, s. 4.
Kachanoŭski G. A., Małasz L.A., Cwirka K.A.
1989 Bełaruskaja falklarystyka. Epocha feadalizmu. Minsk.
Maternicki J.
1970 Warszawskie środowisko historyczne 1832-1869, Warszawa, s.29,30.
Nenadawec A.M.
1996 Teodor Narbutt. (Naszy sławutyja zemljaki) Minsk.
Orda Napoleon
1873-1883 Album widoków historycznych Polski poświęcony rodakom przez..., Seria 4. Wydanie: Oficyna Wydawnicza , Gdańsk 1991.
Ochmański J.
1990 Historia Litwy, s. 14.
Stolzman M.
1977 Narbutt (Ostyk-Narbutt) Teodor Mateusz, Polski słownik biograficzny, T. XXII/2, Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, s. 537-539.
1987 Nigdy od ciebie miasto... Dzieje kultury wileńskiej lat międzypowstaniowych (1832-1863), Olsztyn.
Sulimirski F., Walewski W., Red.
1890 Szawry [w:] Słownik Geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich, T. XI, s. 815.
Stryjkowski M.
1978 O początkach, wywodach, dzielnościach, sprawach rycerskich i domowych sławnego narodu litewskiego, żemojdzkiego i ruskiego, przedtem nigdy od żadnego ani kuszone ani opisane, z natchnienia Bożego a uprzejmie pilnego doświadczenia. Warszawa.
Syrokomla W. (Kondratowicz L.)
1854 Korespondencja Gazety Warszawskiej. Listy o zbiorach archeologicznych, "Gazeta Warszawska", nr 159, 169.
Tkaczoŭ M.A.
1971 Lidskij zamok, Biuleten "Pomniki gistoryi i kultury Bełarusi", Nr 2, s. 14.
Narbutt T.
1818 O kurhanach. Badanie starożytności Litewskich. "Tygodnik Wileński", T. 7, nr 123.
1835-1841 Dzieje starożytne narodu litewskiego, T. I-IX, Wilno.
1846 Pomniki do dziejów litewskich. Pod względem historycznym, dyplomatycznym, geograficznym z różnych rękopisanych lub rzadkich wydań dziejopisów zebrane przez... Wilno.
1846 Dzieje narodu litewskiego w krótkości zebrane, Wilno.
1865 Teodora Narbutta pomniejsze pomniki historyczne, szczególnie do historii Litwy odnoszące się, Wilno.
SPIS ILUSTRACJI
1. Portret Teodora Narbutta, reprod. z "Tygodnik Illustrowany", 1860, T. I, nr 26.
2. Portret Teodora Narbutta, reprod. z: "Tygodnik Illustrowany" 1910, nr 22 z 28 maja.
3. Dwór w Szawrach, reprod z: Napoleon Orda, Album widoków historycznych Polski, wyd. 1873-1883
4. Lida, reprod. z: Napoleon Orda, Album widoków historycznych Polski, wyd. 1873-1883.
5. Spis rycin z pracy: Teodor Narbutt, Dzieje starożytne narodu litewskiego, Wilno 1835-1841, z tomu I.
6-8 Tom I Tablice I, II, III, IV, V, VI, VII, VIII.
9. Z tomu II - mapa wybrzeża wschodniego Bałtyku - miejsce dopłynięcia Palemona wraz z 500 rycerzami rzymskimi.
10. Z Tomu III - pismo litewskie.
Mapy zamieszczone w kolejnych tomach dzieła: "Dzieje starożytne narodu litewskiego:
11. Mapa: Szlaki przemieszczania się różnych grup plemiennych.
12 Plan bitwy pod Rudawą (walki z Krzyżakami)
13 Plan bitwy pod Grunwaldem.