Камітэт Гісторыі Навукі і Тэхнікі Польскай Акадэміі Навук
ГА "Таварыства Польскай Культуры на Лідчыне"
Ірэна Стасевіч - Ясюкова
Казімір Нарбут
(1738-1807)
Варшава - Ліда 2004
Знакамітыя Лідзяне пад рэдакцыяй Ірэны Стасевіч-Ясюковай
Дагэтуль выдадзены:
1. Павел Камароўскі, Аляксандр Колышка "Людвік Нарбут"
2. Ядвіга Грабоўска, Кшыштаф Якубоўскі "Ігнацій Дамейка"
3. Ванда Грэмбэцка "Станіслаў Баніфацы Юндзіл"
4. Ірэна Стасевіч-Ясюкова "Казімір Нарбут"
ГА "Таварыства Польскай Культуры на Лідчыне" і Камітэт Гісторыі Навукі і Тэхнікі Польскай Акадэміі Навук сардэчна дзякуюць варшаўскаму выдавецтву "Рэтра-Арт" за бескарыслівае, бясплатнае выкананне вокладак для нашай серыі.
Памяці ксяндза Станіслава Роека, піяра, нязломнага Святара, які каля 60 год жыцця прысвяціў Лідчыне
Змест
Замест уступу
Юнацкія захапленні
Час досведу. Настаўнік, выхаваўца і аўтар
Час стабілізацыі. Салоны і адукацыйная дзейнасць
Ксёндз
Час вяртання
Эпілог
Каляндар
Бібліяграфія
Уступнае слова
На працягу стагоддзяў Лідская зямля станавілася радзімай многіх знакамітых людзей, якія праславілі яе ў свеце. На жаль, мы, сёнешнія жыхары гэтай зямлі, не заўсёды памятаем пра нашых продкаў. Мы часта шукаем герояў у іншых народаў, забыўшыся пра тых, якія узраслі над Нёманам і Дзітвою. Вяртанне тых, забытых, часта зусім не па нашай віне, постацяў - з'яўляецца заданнем выдавецкай серыі "Выбітныя палякі на Лідчыне". Перадаючы ў рукі шаноўных чытачоў чарговае выданне, найбліжаем постаць яшчэ аднаго прадстаўніка славутага роду Нарбутаў - Казіміра Нарбута. Актыўны дзеяч Камісіі нацыянальнай адукацыі, ксёндз, перакладчык застаўся ў удзячнай памяці нашчадкаў перш за усё як аўтар першага на польскай мове падручніка логікі. Разам з тым на абшарах Лідчыны засталіся матэрыяльныя сведчанні нашага земляка з 18-га стагоддзя - касцёлы: фарны, дзе быў пробашчам, а таксама піярскі, пад які асвяціў першы камень. Магіла Казіміра Нарбута таксама знаходзіцца, а, дакладней, знаходзілася недалёка ад Ліды - у Радзівонішках. Аднак слядоў яе, як і ўніяцкай царквы, у крыпце якой быў пахаваны Казімір Нарбут, не захавалася. Таму гэтая публікацыя ёсць свайго роду знакам памяці для вучонага паляка на радзіме. Маем надзею - знакам першым, але не апошнім.
Ёсць яшчэ адзін важны для сёнешняга дня аспект асветніцкай дзейнасці нашага земляка. А менавіта тая увага, якую ён удзяляў захаванню і развіццю роднай мовы ў вельмі цяжкія для польскай дзяржавыхвілі. Ці ж не таму служылі яго шматлікія пераклады, а таксама дзейнасць у Таварыстве пачатковых кніг? Ці ж не з'яўляецца ён прыкладам таго, як трэба дбаць пра родную мову ў сёнешняй сітуацыі ў Беларусі.
Выданне гэтае асаблівае і з пункту гледжання на аўтара - пані прафесар Ірэна Стасевіч-Ясюкова - лідзянка, старшыня Камітэту гісторыі навукі і тэхнікі Польскай Акадэміі Навук, рэдактар нашай серыі. Папулярызацыяй ўкладу крэсавякаў у развіццё Рэчы Паспалітай пані Ірэна займаецца даўно. Прыгадаем хаця б дзве навуковыя сесіі Камітэта гісторыі навукі і тэхнікі ПАН. Першы навуковы выезд Камітэту на Лідчыну адбыўся ў чэрвені 1993 г. і быў звязаны з прэзентацыяй кнікгі "Уклад піяраў у навуку і культуру Польшчы XVII-XIX стагоддзяў", рэдактарам якой была пані прафесар. Гэта была першая пасля вайны прэзентацыя польскай кнігі на нашых абшарах, і адбылася яна ў Шчучыне (які даўней называўся Лідскім). Другая паездка членаў Камітэту была прысвечана раслінам, гістарычным садам і паркам у магнацкіх рэзідэнцыях і шляхецкіх дварах на нашай зямлі. На гэты раз галоўнай постаццю стаўся слаўны батанік Станіслаў Баніфацы Юндзіл. Вялікую ролю адыгралі вучоныя таксама ва ўвекавечанні памяці Ігната Дамейкі на Лідчыне і стварэнні музея ў Крупаве ў 1995 г. Шмат разоў гасціла пані прафесар і на старонках «Ziemi Lidzkiej", мы пазнаёміліся з яе бацькам, доктарам медыцыны Вітаўтам Стасевічам, павятовым лекарам у Лідзе перад II Сусветнай вайной. Гэтая праца - яе першая навукова-папулярная публікацыя для землякоў у родным краі і адначасова - працяг прафесійных зацікаўленняў пані прафесар.
Уважлівы чытач знойдзе на старонках гэтай кніжачкі і імёны іншых заслужаных для Лідчыны навукоўцаў, напрыклад, Мацея Догеля і Бярнарда Сыруця. Спадзяюся, што і яны таксама праз нядоўгі час дачакаюцца падобнай публікацыі.
Старшыня ГА "Таварыства польскай культуры на Лідчыне" А. Колышка
Юнацкія захапленні
Лідчына, Наваградчына, Віленшчына, Гарадзеншчына... Той, хто нарадзіўся ў гэтых краях і правёў там сваё дзяцінства, звязаны з імі назаўсёды, няхай лёс і аддаляе на сотні ці тысячы кіламетраў.
Бярозавыя гаі, пясчаныя сасновыя лясы, пагоркі каля дарогі, амаль у кожную пару года пакрытыя кветкамі, рака Нёман і Дзітва, якая плыве сярод неабсяжных лугоў - усё гэта жыве ў памяці, уяўленні і сэрцы і заахвочвае да вяртання. Гэтак было і з Казімірам Нарбутам, які, нягледзячы на тое, што 20 год правёў у Варшаве, а перад гэтым некалькі год падарожнічаў па свеце, вярнуўся напрыканцы жыцця ў родную старонку, на Лідчыну. Кім быў Казімір Нарбут, які, на жаль, застаецца ў свядомасці жыхароў гэтай зямлі ў цяні Людвіка Нарбута, героя студзеньскага паўстання, чыя гісторыя авеяна легендай партызанцкай барацьбы і заўчаснай геройскай смерці? Біяграфія Казіміра Нарбута, які жыў 100 гадоў раней, была зусім іншай, але вельмі шмат значыла ў грамадскім жыцці Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, што дае ўсялякія падставы лічыць яго знакамітай постаццю, звязанай з Лідчынай.
***
Некалькі невялікіх мясцовасцяў, размешчаных на дзітвянскіх і нёманскіх абшарах, акрэсліваюць жыццё Казіміра Нарбута - гэта КРУПА (сёння Крупава - рэд.), РАДЗІВОНІШКІ, ШЧУЧЫН і, безумоўна, ЛІДА.
Казімір Нарбут (фактычна Даніэль, таму што Казімір - гэта яго ордэнскае імя, якое, аднак, настолькі атаясамлівалася з Нарбутам, што замяніла ў свядомасці нашчадкаў імя, дадзенае пры хрышчэнні) нарадзіўся ў Крупе, за 6 кіламетраў ад Ліды. Яго бацька, Казімір, быў мечнікам, харунжым, а пасля - лідскім маршалкам. Маці - Мар'яна з Навіцкіх - таксама паходзіла са шляхецкага роду. Трэба дадаць, што Даніэль Нарбут меў ажно пяць братоў. Яго выцвілую метрыку хрышчэння, напісаную на лаціне гусіным пяром, знайшоў у 1938 г. у кнігах прыхадскога касцёла Святога Крыжа ў Лідзе, дзякуючы добразычлівай дапамозе ксяндза Іпаліта Баярунца, п. Аляксандр Снежка, аўтар шматлікіх артыкулаў у перадваеннай "Лідскай зямлі". З задавальненнем трэба падкрэсліць, што друкаванне гэтай газеты, у нязменным графічным афармленні, працягвае ў наш час Таварыства Польскай Культуры на Лідчыне. Вернемся аднак да перарванага аповеду. З гэтай знайдзенай метрыкі можна даведацца, што 5 студзеня 1738 г. ксёндз пробашч Пётр Стракоўскі ахрысціў імем Даніэль - Казімір немаўля "са шляхецкай сям'і Казіміра Нарбута, мечніка літоўскага з КРУПЫ", што хрышчонымі бацькамі былі дзве пары - Міхал Нарбут з Перапечыц і Антаніна Юрэвічова, а таксама Зыгмунт Юрэвіч і сандамерская падчашына Аляксандра Навіцкая. Надрукаваная Аляксандрам Снежкам загінуўшая ўжо метрыка дапамагае вырашыць пытанне, якое ўздымаецца ў розных публікацыях і энцыклапедыях, аб месцы нараджэння Даніэля Нарбута (у Крупе ці ў Дакудаве).
Пра ранняе дзяцінства Даніэля Нарбута вядома няшмат. Напэўна, ён правёў яго ў маёнтку бацькоў, у Крупе, сярод шматлікіх сваякоў.
Таму на карце нашага аповеду з'яўляецца новы пункт - ШЧУЧЫН ЛІТОЎСКІ, які называлі таксама Шчучынам Лідскім. Тут знаходзілася піярская школа (калегіюм), якая славілася добрай рэпутацыяй і ў якую адправілі Даніэля. У гэтым жа калегіюме Нарбут яшчэ вучнем меў магчымасць сутыкнуцца з новымі кірункамі ў філасофіі і іншых навуках, якія пасля школьнай рэформы, праведзенай ксяндзом Станіславам Канарскім, пачалі даходзіць да піярскіх школ ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Настаўнікам у Шчучыне Лідскім быў, паміж іншымі, Кляменс Галавінскі, які захапляўся філасофска-навуковымі поглядамі нямецкага вучонага Хрысціяна Вольфа, так званага "майстра з Гале". Захапленні настаўніка мелі ўплыў на здольнага, цікаўнага да навуковых звестак з усяго свету вучня, якім, несумненна, быў Нарбут. Трэба звярнуць увагу на гэты факт і таму, што пад значным уплывам Вольфа праз некалькі дзесяцігоддзяў з'явіцца напісаны Даніэлем - Казімірам першы польскі падручнік логікі. Аднак не будзем пакуль заглядаць у будучыню.
У той час - як піша біёграф Нарбута з дзевятнаццатага стагоддзя ксёндз Антоні Машынскі, таксама піяр - "... прагны навукі семнаццацігадовы юнак абраў сабе за поле славы і грамадскай карысці Ордэн Піяраў і 25 ліпеня 1755 года ў тамашнім калегіюме прыняў яго рызы...", г.зн. распачаў паслушніцтва, якое праходзіў у піяраў на Палессі, у ЛЮБЯШОВЕ каля Пінска.
У любяшоўскім калегіюме праграма навучання ахоплівала ўжо геаграфію, гісторыю і сучасныя мовы (нпр., французскую). Але адначасова гэта была і знакамітая гуманістычная школа, якая дазваляла як авалодаць лацінскай мовай і вывучыць старажытную літаратуру, так і пазнаць багацце і прыгажосць роднай мовы. Найбольш папулярнымі метадамі былі тлумачэнні вучнямі тэкстаў рымскай класікі на польскую мову, а польскіх - на лацінскую і вучэнне вершаў і фрагментаў прозы на памяць, што ўзбагачала яе запасам новых слоў і выразаў, якія выкарыстоўваліся радзей. Паслушніцтва ў Любяшове доўжылася два гады, наступныя два гады Нарбут вучыўся ў ДУБРОЎНІЦЫ, размешчанай таксама каля Пінска. Тут ён вывучаў філасофска-тэалагічны курс, абавязковы для членаў Ордэна Піяраў. Калі Нарбута перавялі з Дуброўніцы ў Вільню, ён застаў там у піярскім Collegium Nobilium навуковую атмасферу, якая заахвочвала да паглыблення ведаў, а таксама знакамітых настаўнікаў: Бярнарда Сыруця, Яна Канта Выкоўскага і перад усім рэктара - Мацея Догеля, вядомага выдаўца "Дыпламатычнага Кодэксу Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага". Догель меў вялікі аўтарытэт не толькі ў Польшчы, але і на міжнародным узроўні. Таму як рэктар ён мог забяспечыць сваёй навучальнай установе высокі ўзровень навучання, на які, безумоўна, паўплываў адважны перанос на польскую глебу ўсіх сучасных навуковых дасягненняў з Захаду. Трэба дадаць, што ўсе пералічаныя вышэй выкладчыкі, узровень ведаў якіх адпавядаў заходнееўрапейскаму, былі звязаны з Лідчынай і піярскай школай у Шчучыне. Мацей Догель нарадзіўся ў дробнашляхецкай сям'і ў Лідскім павеце, у вёсцы Гембулі, і скончыў піярскую школу ў Шчучыне. Бярнард Сыруць (Сіруць) - матэматык - таксама быў выпускніком гэтай школы, а Ян Канты Выкоўскі - мовазнаўца і гісторык - выкладаў у ёй і выконваў функцыю віцэдырэктара. А паколькі Казімір Нарбут паглыбляў свае веды ў Вільні перад усім у галіне філасофіі і матэматыкі, усе яны зрабілі значны ўплыў на інтэлектуальнае развіццё маладога піяра. Тут жа ён паглыбіў веды ў сістэме Хрысціяна Вольфа - "майстра з Гале", якой захапіўся яшчэ ў шчучынскай школе. Вось як характэрызуе піярскі калегіюм у Вільні прыгаданы ўжо Антоні Машынскі - біёграф К.Нарбута з першай паловы XIX стагоддзя.
"... Тут навукі, паводле тагачаснага іх стану, былі як мага больш шырока выкладаныя, а прафесары, найлепшыя эрудыцыяй, веданнем моў або выдадзенымі кнігамі слаўныя, вучылі тых, хто ў хуткім часе сам павінен быў вучыць іншых. Гэта была ў пэўнай ступені свая, піярская, акадэмія, якая мела вялікую і знакамітую падабранай літаратурай бібліятэку, а таксама кабінет фізікі, у якім знаходзіліся ў вялікай колькасці прывезеныя з Парыжа і Лондана намаганнем Ланга машыны..."
***
Перанясемся зараз фантазіяй у Рым - таму што сям'я Казіміра Нарбута вырашыла за ўласны кошт паслаць здольнага маладога піяра ў Вечны Горад, каб ён мог там непасрэдна сутыкнуцца з самымі новымі навуковымі дасягненнямі і разумовай элітай у духоўных і свецкіх колах. Гэтыя планы цалкам рэалізаваліся. Чатыры гады вучобы ў тэалагічнай установе, кантакты з італьянскімі інтэлектуальнымі асяроддзямі не толькі паглыбілі веды Нарбута, але і пашырылі гарызонты яго мыслення, яго бачання свету.
У Рыме 23-гадовы піяр прымае 6 красавіка 1761 года святарскае прысвячэнне. Гэты факт заслугоўвае асаблівае ўвагі, таму што прысвячэнне Нарбут атрымаў ад архібіскупа Дамініка Джыардані - асобы вельмі значнай у тагачаснай іерархіі касцёла - у латэранскай базіліцы. Але гэта яшчэ не ўсё. Папа Кляменс XIII абдараваў яго некалькімі істотнымі індультамі (прывілеямі), якія дазвалялі адступаць ад некаторых правілаў і ўзвышалі іх уладальніка. Былі яны наступнымі: 1. Права да чытання забароненых рэлігійных, гістарычных і юрыдычных кніг; 2. Права да ўласнай капліцы ў кожным месцы побыту; 3. Права да так званага altare privilegiatum, або прывілеяванага алтара.
Асабліва важнымі для фармавання інтэлектуальнага профілю маладога піяра былі яго новыя навуковыя кантакты і літаратура, нпр. грунтоўнае знаёмства з творамі славутага неапалітанскага філосафа Антонія Генавэзі, аўтара апублікаванай на лацінскай мове ў Венецыі логікі. Захапленне Казіміра Нарбута гэтым пяцітомным творам было такое вялікае, што яно мела значны ўплыў на яго - напісаную некалькі гадоў пазней па-польску - логіку. Так Антоні Генавэзі стаў побач з Хрысціянам Вольфам - "майстрам з Гале " - другім навуковым ідалам маладога піяра, які вяртаўся з Італіі ў Польшчу. Нарбут меў ужо святарскае прысвячэнне, папскія прывілеі, паглыбленыя тэалагічныя і філасофскія веды і - што найбольш важна - жаданне выкарыстаць гэтыя замежныя набыткі на радзіме, г.зн. у Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
Час досведу. Настаўнік, выхаваўца і аўтар.
Пасля вяртання з Рыма Нарбуту не далі адпачыць. Абавязкам піяра было як мага хутчэй падзяліцца з навучэнцамі піярскіх калегіюмаў набытымі падчас замежнай вучобы ведамі, каб забяспечыць ім доступ да заходнееўрапейскай "новай навукі". Таму ён вяртаецца на Палессе, у Дуброўніцу, дзе зусім нядаўна вучыўся сам. Зараз ён павінен вучыць тамашніх слухачоў гісторыі, рыторыцы і французскай мове, адначасова выконваючы абавязкі прэфекта школы. Гэтыя абавязкі ён, напэўна, вельмі добра выконваў, таму што ў хуткім часе яго пераводзяць у піярскі Collegium Nobilium у Вільні, школу "для шляхетна ўроджаных", у якой вучылася моладзь з найбольш вядомых родаў Вялікага Княства Літоўскага. Казімір Нарбут выкладае філасофію, паміж іншым, знаёміць моладзь з сістэмай Хрысціяна Вольфа, які так захапляў яго яшчэ ў шчучынскай школе, дзе настаўнікам быў прыгаданы ўжо ў папярэднім раздзеле прыхільнік "майстра з Гале" Кляменс Галавінскі. Аднак пасля тых школьных гадоў, праведзеных на Лідчыне, прайшло ўжо больш за дзесяць наступных - гэта быў перыяд працяглай вучобы і інтэлектуальнага стаўлення , што дазволіла даручыць 25-гадоваму юнаку такія важныя функцыі, як нпр. пасаду прэфекта віленскай піярскай друкарні. Такім чынам, Казімір Нарбут выкладаў, кіраваў, а акрамя гэтага, увесь час вучыўся, дасканаліў свае ўменні. Яго веды, працавітасць, дыдактычныя здольнасці былі хутка заўважаны і пазітыўна ацэнены землякамі. Па даручэнні ксяндза Паўла Ксаверыя Бжастоўскага, віленскага каноніка і пісара Вялікага Княства Літоўскага, падчас сваёй працы ў Вільні Нарбут напісаў ПЕРШУЮ ПОЛЬСКАМОЎНУЮ ЛОГІКУ, якая пад назвай "Логіка, або прадумвання і разважання рэчаў навука" была надрукавана ў 1769 годзе ў Вільні - і "напісаная па загадзе", і выдадзеная за кошт Паўла Бжастоўскага, як падкрэслівае 31-гадовы аўтар, прысвячаючы яму гэтую кнігу. Сёння цяжка вырашыць, ці малады Нарбут, які не меў аніякага пісьменніцкага досведу, пісаў гэтую школьную кнігу - бо яна мела якраз такое прызначэнне - з асаблівым жаданнем, ці толькі выконваў "загад" і грамадзянскі абавязак. Не трэба забываць, што гэта быў перыяд усё большай пагрозы незалежнасці Рэчы Паспалітай з боку памежных дзяржаў - Расіі, Прусіі і Аўстрыі. Найбольш свядомыя грамадзяне, якія разумелі небяспеку, імкнуліся выратаваць нацыянальную самасвядомасць палякаў, уводзячы, паміж іншым, у школы ў як мага большай ступені родную мову. Але каб надрукаваць па-польску падручнікі, якія б замянілі напісаныя на лацінскай мове, неабходна было стварыць ПОЛЬСКУЮ ТЭРМІНАЛОГІЮ ў кожнай галіне навукі. Гэта, безумоўна, датычыла і логікі. І гэтага чакалі ад маладога Нарбута. Да гэтага часу ён не напісаў ніводнай кнігі, таму гэта быў яго аўтарскі дэбют, а да таго яшчэ ў такім цяжкім прадмеце, як логіка. Якім жа ж чынам ён выканаў "загад" Паўла Бжастоўскага? Так як з розных кубікаў можна ствараць прыгожыя цэласныя карціны, так у XVIII стагоддзі з поглядаў розных аўтараў, а нават з перакладзеных фрагментаў іх твораў, стваралі цалкам удалыя кнігі, друкаваныя пад прозвішчам таго, хто іх "сабраў". Аднак пры гэтым дадаваліся ўвогуле пэўныя арыгінальныя звесткі, якіх патрабавалі мясцовыя ўмовы і ўзровень чытачоў, нпр., вучняў, калі гэта былі школьныя падручнікі. Якраз такім чынам напісаў " Логіку..." Казімір Нарбут. Ёсць у ёй вялікія фрагменты, перакладзеныя з твораў прыгаданага ўжо некалькі разоў нямецкага вучонага Хрысціяна Вольфа і славутага італьянскага логіка Антонія Генавэзі. Але нават сам пераклад на польскую мову гэтых вельмі складаных для ўспрымання навуковых трактатаў быў няпросты, таму што не было польскай тэрміналогіі ў гэтай галіне навукі, трэба было спачатку стварыць яе, каб перанесці ў айчынную навуку здабыткі заходнееўрапейскай. Падкрэслім: незалежна ад таго факта, што " Логіка..." Нарбута мела кампілятыўны, так званы "эклектыўны", характар, несумненнай яго заслугай было напісанне першай польскамоўнай логікі. І якраз гэтым Нарбут замацаваўся ў нацыянальнай свядомасці палякаў.
Сам Казімір Нарбут даволі крытычна ацэньваў сваю першую кнігу, таму што ў другім яе выданні (Вільня, 1775) увёў значныя змены. Аднак грамадскае ўспрыманне "Логікі..." было вельмі станоўчым. Хутка выйшлі чарговыя выданні ў 1782, 1791, 1799 гадах. Як бачым, асабліва цанілі кнігу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі пасля страты дзяржаўнасці вельмі важным для палякаў было зрабіць усё для таго, каб у школьных падручніках па розных дысцыплінах захаваць родную мову. Справядліва лічылася, што пакуль жыве мова народа і яго гісторыя - жыве НАРОД.
Трэба дадаць, што " Логіка..." Нарбута даволі доўга выкарыстоўвалася на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага як школьны падручнік.
Школьнай кнігай, якую Нарбут напісаў і выдаў у віленскі перыяд, былі і " З філасофіі выбраныя думкі". Нягледзячы на тое, што гэтая публікацыя, выдадзеная пад прозвішчамі вучняў віленскага піярскага калегіюма Стэфана Верашчакі і Станіслава Гадлеўскага, была, згодна з усталяваным тады звычаем, зафіксаванай у друку публічнай школьнай дыскусіяй, фактычна аўтарам тэксту быў Казімір Нарбут. Гэта пераканаўча давёў ужо пасля II сусветнай вайны ў манаграфіі " Пра першы польскі падручнік логікі" (Лодзь, 1958) Альгерд Нарбут, які носіць, як бачна, такое ж прозвішча, як і піяр з васемнаццатага стагоддзя, але сваяком яму не даводзіцца.
Вернемся аднак да кнігі " З філасофіі выбраныя думкі", таму што яна, безумоўна, заслугоўвае ўвагі, а з'яўляецца амаль не вывучанай. Кніга ўяўляе сабой нібы малую энцыклапедыю; яна складаецца з 96 навуковых і філасофскіх тэзісаў, паміж іншым і з прыродазнаўчых, матэматычна-астралагічных і фізічных навук. Логіцы прысвечана толькі 8 тэзісаў, што сведчыць аб выразнай змене зацікаўленасці аўтара. Гэтая кніга, якая прадстаўляла большы аб'ём ведаў за " Логіку...", была прысвечана каралю Аўгусту Панятоўскаму. Чаму яна выйшла пад прозвішчам вучняў , а не настаўніка? У большай ступені гэта было данінай тагачаснай модзе, калі выкладчыкі калегіюмаў распаўсюджвалі такім чынам свае навуковыя погляды, якія не супадалі з традыцыйнымі і адлюстроўвалі новыя здабыткі навукі. Такі падыход дазваляў калегіюму набыць лепшую рэпутацыю, а бацькам (нярэдка з вядомых шляхецкіх родаў) прыносіў задавальненне тым, што прозвішча іх сына было прыгадана на вокладцы кнігі.
Аднак Казімір Нарбут, напэўна, не надта добра пачуваўся ў ролі аўтара школьных кніг; напэўна, значна лепш - у якасці перакладчыка. Доказам гэтага можа быць перакладзеная з французскай на польскую мову " Салдацкая навука прускага караля для яго генералаў", выдадзеная ў 1771 годзе ў Вільні. Трэба дадаць, што ва ўступе да гэтай кнігі кароль Фрыдрых II (гаворка ідзе аб ім) паказаны як прыклад вайсковага майстэрства. Гэтая публікацыя, як і дзве папярэднія школьныя кнігі, адпавядала тагачаснай палітычнай сітуацыі ў Польшчы, таму што выйшла яна падчас барскай канфедэрацыі - збройнага выступлення часткі польскай шляхты супраць палітычнай і ваеннай перавагі Расіі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Да кафедэрацыі далучыўся і брат Казіміра Нарбута, таму ён быў сведкам тактыкі іх дзеянняў. Аднак кнігу Нарбут прысвяціў Міхалу Казіміру Агінскаму, стваральніку палескага канала, шмат зрабіўшаму для развіцця гаспадаркі ў краіне.
На жаль, загінулі, напэўна, два ненадрукаваныя рукапісы перакладзеных Нарбутам таксама з французскай мовы рэлігійных твораў - " Evangîle méditée oraz La religion christienne méditée (фр. Эвангелічныя разважанні - АК) і " La religion christienne méditée" (фр. Разважанні аб хрысціянскай рэлігіі - АК).
Памылковай з'яўляецца інфармацыя, што Нарбут быў аўтарам вершаў, якія ананімна змяшчаліся ў перадавых выданнях часоў Станіслава Аўгуста Панятоўскага - " Маніторы" і " Забаўках прыемных і карысных". Вершы гэтыя выйшлі з-пад пяра яго плямянніка, Войцеха Нарбута.
Як бачна, пісьменніцкая спадчына Нарбута, якая амаль цалкам паўстала ў віленскі перыяд яго маладосці, не надта вялікая. Напэўна, пісьменніцкая праца не была яго жыццёвым захапленнем, але Нарбут застаўся ў нацыянальнай польскай свядомасці амаль выключна як аўтар першай напісанай па-польску логікі. Такі дзіўны часамі бывае лёс. Далейшае жыццё Казіміра Нарбута ў сталым узросце, калі ён 20 год правёў у Варшаве, сведчыць аб тым, што ён быў перад усім дзеячам асветы і належаў да інтэлектуальнай эліты часоў караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Не трэба забываць і пра Казіміра Нарбута - ксяндза: да 1775 года ён быў піярам, але пазней секулярызаваўся, г.зн. пасля дазволу папы стаў свецкім святаром - пробашчам у Радзыміне пад Варшавай і ў Лідзе. Як ён сумяшчаў гэтыя два абавязкі ў дзвюх так далёкіх ад сябе мясцовасцях? Гэта ўжо далейшая, вельмі цікавая гісторыя. Вернемся пакуль на хвіліну ў юнацкі перыяд дзейнасці Казіміра Нарбута на Віленшчыне, дзе, дзякуючы напісаным ім школьным кнігам і дыдактычным дасягненням у піярскім Collegium Nobilium у Вільні, ён стаў вядомай асобай. Безумоўна, значэнне мела і паходжанне, і сямейныя заслугі сям'і Нарбутаў: як-ніяк, яго бацька - таксама Казімір Нарбут - быў лідскім маршалкам, што палягчала здольнаму піяру кантакты з найбольш вядомымі на ўсходніх межах Рэчы Паспалітай шляхецкімі сем'ямі, нпр з разгалінаваным родам Бжастоўскіх. Якраз з сынамі Міхала Бжастоўскага, літоўскага падскарбія, Казімір Нарбут выехаў у якасці апекуна ў Германію і Францыю. Там ён зноў сутыкнуўся з заходнееўрапейскай інтэлектуальнай элітай, з самымі новымі навуковымі дасягненнямі. Там жа ён перажыў першы падзел Польшчы ў 1772 годзе, таму што на радзіму вярнуўся толькі ў 1774 годзе.
Час стабілізацыі. Салоны і адукацыйная дзейнасць
Пасля вяртання з-за мяжы Казімір Нарбут затрымліваецца ў Варшаве. Затрымліваецца і застаецца тут на наступныя дваццаць год, праводзячы ў сталіцы ўсе свае сталыя гады. У гэты час выразна фармуюцца яго інтарэсы, якія рэалізуюцца ў разнастайнай адукацыйнай дзейнасці, прыходзіць і выразная матэрыяльная стабілізацыя. У 1774 годзе Нарбут меў 36 гадоў і быў ужо настолькі вядомы ў магнацкіх колах Рэчы Паспалітай, што вялікі канцлер літоўскі князь Міхал Фрыдэрык Чартарыйскі, які жыў у Варшаве і быў дзядзькам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, зрабіў яго сваім блізкім супрацоўнікам, аказваючы поўны давер. Гэтыя абставіны ўвялі Казіміра Нарбута ў варшаўскія салоны, у тым ліку і ў каралеўскі замак. Пасля смерці князя Чартарыйскага ў 1775 годзе Нарбут і далей застаўся пры двары Чартарыйскіх, дзе служыў радай і дапамогай жонцы памерлага канцлера, Элеаноры. Варта дадаць, што Чартарыйскі вельмі высока цаніў інтэлектуальныя здольнасці піяра і ў спадку пакінуў яму сваю вельмі каштоўную бібліятэку, якая, на жаль, загінула падчас бурнай гісторыі Рэчы Паспалітай.
Як праходзіла "стабілізацыя" Нарбута? За гэты час ён атрымаў ступень доктара юрыдычных навук у Кракаўскай Акадэміі і на гэтым скончыў уласную адукацыю. Ён вырашыў, што надышоў час перадаваць свае веды іншым і дзяліцца з імі сваім педагагічным досведам. Доўга чакаць не прыйшлося. У 1775 годзе Камісія Нацыянальнай Адукацыі - першае ў Еўропе міністэрства асветы - прызначыла яго членам Таварыства пачатковых кніг, якое якраз стваралася. Гэта быў выканаўчы орган Камісіі Адукацыі, мэтай якога была падрыхтоўка і рэцэнзаванне школьных праграм, ацэнка дасланых на конкурснай аснове праектаў школьных кніг, іх друкаванне і дастаўка ў школы, якія дзейнічалі ўжо па новых правілах і рэалізавалі новыя праграмы. Падчас падзелаў Рэчы Паспалітай, калі Польшча губляла сваю незалежнасць, выхаванне маладога пакалення ў нацыянальным духу было вельмі важным заданнем. Напісаныя на польскай мове падручнікі, навуковы змест якіх быў бы на заходнееўрапейскім узроўні і разам з тым патрыятычным, павінны былі быць дзейсным сродкам выхавання новага пакалення палякаў, якое магло б супрацьстаяць дэнацыяналізацыі і быць гатовым да адбудовы незалежнай дзяржавы.
Таму заданне Таварыства пачатковых кніг было вельмі важным, а значыць, яго членамі павінны былі быць найбольш свядомыя грамадзяне, якія карысталіся маральным аўтарытэтам і разам з тым мелі педагагічны досвед. Усім гэтым ўмовам адпавядаў Казімір Нарбут. А гэта, разам са станоўчымі характарыстыкамі са двара князя Міхала Чартарыйскага, паўплывала на прызначэнне 10 лютага 1775 года вучонага піяра ў Таварыства Пачатковых Кніг, якое якраз паўставала і пачало сваю дзейнасць 7 сакавіка гэтага ж года, а скончыла ў 1792. Яно складалася з больш за дзесяць чалавек, так званых ардынатарных (звычайных) членаў, якія прызначаліся Камісіяй Нацыянальнай Адукацыі, і экстраардынатарных, або ганаровых. Гэта былі камісары Камісіі Нацыянальнай Адукацыі, якія прызначаліся на змену старшынямі на паседжаннях Таварыства; часцей за ўсё - самы малодшы сярод іх, Ігнацій Патоцкі, але таксама і князь Адам Казімір Чартарыйскі або палітычна-маральны аўтарытэт польскага народа, кавалер Ордэна Белага Арла Андрэй Замойскі. Як бачна, гэта быў калектыў, які павінен быў сыграць важную ролю ў змене сістэмы адукацыі маладога пакалення палякаў.
Паседжанні Таварыства адбываліся раз у тыдзень, а калі існавала такая патрэба, то і часцей (за выключэннем канікулаў). Звычайныя члены, якім быў Казімір Нарбут і якія атрымлівалі ад улад Камісіі Нацыянальнай Адукацыі штомесяц узнагароджванне, былі абавязаны ўдзельнічаць ва ўсіх паседжаннях. За кожную адсутнасць з належнай ім платы адымалася адпаведная сума. Апраўданнем магло быць толькі дрэннае надвор'е, якое не давала магчымасці перамяшчацца па Варшаве, або хвароба. У Пратаколах Паседжанняў Таварыства пачатковых кніг ад 24 і 31 студзеня 1783 года можна прачытаць, што Казімір Нарбут адсутнічаў на сесіі "... у сувязі з немагчымасцю пераправы цераз Віслу...", з-за марозу. А Нарбут быў адным з найбольш дысцыплінаваных членаў гэтага калектыву. На працягу 17 год дзейнасці яму даручалі велізарную колькасць усялякіх заданняў, якія часта патрабавалі незапланаваных сустрэч, часамі нават штодзённых, нпр, з тымі аўтарамі школьных падручнікаў, якія не спраўляліся ў тэрмін са сваімі абавязкамі.
Такім чынам, Казімір Нарбут ацэньваў дасланыя праекты і тэксты розных школьных кніг: і буквары для прыходскіх школ, і падручнікі граматыкі, свецкіх маральных навук, матэматыкі. Падчас дыскусіі аб неабходнасці ўвядзення ў школы свецкай маральнай навукі побач з "навукай хрысціянскай" Нарбут быў на баку той першай, даводзячы, што яна з'яўляецца асновай для рэлігійнага выхавання, таму што звяртае ўвагу вучняў на тое, што ў іх ёсць не толькі правы, але і абавязкі: перад бацькамі, школай, а ў будучым - і перад дзяржавай. Рэлігія і свецкая маральная навука павінны - паводле Нарбута - узаемадзейнічаць, каб выхаваць добрага хрысціяніна і прыстойнага чалавека. Заслугоўвае ўвагі тое, што гэтыя словы сказаны і замацаваны на пісьме святаром.
Колькасць спраў у Таварыстве Пачатковых Кніг рабілася з кожным годам усё большай, гэтак жа, як і іх разнастайнасць. Вельмі шмат увагі патрабавала рэцэнзаванне дасыланых на конкурс праектаў падручнікаў, часта іншамоўных, або падрыхтоўка для польскіх падручнікаў перакладаў фрагментаў з твораў старажытнай літаратуры. Да таго ж кожны год трэба было рабіць падагульненне ўсяго зробленага за гэты перыяд у Таварыстве.
Нарбут удзельнічаў таксама ў падрыхтоўцы Школьных статутаў, што было вельмі сур'ёзным адукацыйным пачынаннем і патрабавала ведаў і педагагічнага досведу. У той жа час ён выконваў розныя даручэнні, нпр, супрацоўнічаў з Іаахімам Храптовічам падчас стварэння сістэмы меры і вагі, якая б была адзінай у Кароне (цэнтральнай Польшчы), у Вялікім Княстве Літоўскім і ў іншых дзяржавах.
Пра далучэнне Нарбута да прац Таварыства сведчаць шматлікія тэксты, якія выйшлі з-пад яго пяра і засталіся ў рукапісах: заўвагі пра падручнік матэматыкі Францішка Лульера або пра праект падручніка логікі. Трэба сказаць і пра вельмі цікавы факт. Хаця Казімір Нарбут і быў у Таварыстве асобай, якая мела аўтарытэт і з якой лічыліся, усё ж да яго не ставіліся неяк выключна. Доказам гэтага з'яўляецца ацэнка яго Логікі, усё ж такі першай, напісанай па-польску; больш за тое - кніга мела другую, палепшаную рэдакцыю і была распаўсюджана на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Камісія Нацыянальнай Адукацыі прызнала гэты падручнік часовым, а Таварыства пачатковых кніг аб'явіла конкурс на новы праект Логікі. Напэўна, гэта не было прыемна Нарбуту, які, каб выпіць гэтую кроплю горычы да рэшты, па заданні Таварыства яшчэ і ацэньваў праекты. Былі і іншыя ўрокі ПАКОРЫ. Казімір Нарбут апрацаваў Слоўнік старажытнай геаграфіі, які - як паказала публічнае чытанне фрагментаў - патрабаваў яшчэ значнай дапрацоўкі. Крытычныя ўвагі членаў Таварыства аўтар прыняў з разуменнем, але ў выніку гэты слоўнік застаўся ў рукапісе.
Але, нягледзячы на розныя непрыемнасці, якія не мінаюць у жыцці нікога, Нарбут быў адным з найбольш вядомых членаў Таварыства, працуючы ў ім самааддана і канструктыўна ад пачатку да канца яго існавання ў 1775-1792 гадах - 17 год. Ён выразна канкрэтызаваў погляд на кірунак рэформ у адукацыі моладзі і лічыў, што ў сувязі з падзелам Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Аўстрыяй і Прусіяй трэба асабліва паклапаціцца пра асноўную сувязь для народа - пра польскую мову. Менавіта яна павінна замяніць у школьных падручніках латынь. Гэтая пазіцыя Нарбута яскрава праявілася ў 1776-1777 годзе ў палеміцы з Бэлем, які ў выдаваным у Германіі перадавым еўрапейскім часопісе васемнаццатага стагоддзя " Acta Eruditorum Lipsiensium" атакаваў праграму дзейнасці Таварыства Пачатковых Кніг.
Больш за дзесяць год дзейнасці Нарбута ў гэтай адукацыйнай установе, якая ў цяжкія для Рэчы Паспалітай гады працавала выключна паспяхова, трэба прызнаць найважнейшым перыядам у яго жыцці, калі браць пад увагу яго неаспрэчна вялікі ўклад у барацьбу за захаванне нацыянальнай свядомасці маладога пакалення палякаў.
***
1775 год быў для Казіміра Нарбута асабліва важным: у гэтым годзе ён стаў членам Таварыства Пачатковых Кніг, у гэтым годзе ён секулярызаваўся (стаў свецкім святаром) "з абавязкам нашэння знаку прыналежнасці да піяраў", як піша Антоні Машынскі. Секулярызацыя была важна для Нарбута таму, што зрабіла магчымай для яго матэрыяльную стабілізацыю: як свецкі святар ён мог атрымаць прыход, які прыносіў бы стабільныя даходы. Пра гэта адразу паклапаціліся апекуны Нарбута. Ад княгіні Элеаноры Чартарыйскай - удавы былога яго працадаўцы канцлера - ён атрымлівае прапанову прыняцця прыходу ў Радзыміне, дзе знаходзілася яе летняя рэзідэнцыя. Князь і віленскі біскуп Ігнацій Масальскі прызначае Нарбуту прыход ў яго роднай Лідзе пасля добраахвотнай адмовы ксяндза Антонія Эйсманта.
Такім чынам, дзякуючы добразычлівай дапамозе іерарха касцёла і ўплывовай княгіні Элеаноры Чартарыйскай, якой Казімір Нарбут апекаваўся да канца яе жыцця, ён атрымаў поўную матэрыяльную стабілізацыю. У тым, што Нарбут высока яе цаніў, мы ўпэўнімся ў далейшай частцы нашага аповеду.
Ксёндз
Такім чынам, Казімір Нарбут - ужо ў якасці свецкага святара - прыняў прыход у Радзыміне, замяніўшы былога пробашча Ігнація Астоя Нагурчэўскага, які добраахвотна адмовіўся ад гэтай пасады для свайго наступоўцы, цесна звязанага з сям'ёй Чартарыйскіх. Княгіня Элеанора хацела пабудаваць новы касцёл пры сваёй летняй рэзідэнцыі. Таму не дзіўна, што ёй быў патрэбны пробашч, да якога яна мела б поўны давер і на сапраўдную дапамогу якога магла б разлічваць. Ксёндз Нарбут не расчараваў сваёй дабрадзейкі, дапамагаючы ў будове "...на 7 кварталаў новага мураванага касцёла, які ксёндз Міхал Панятоўскі, у тыя часы плоцкі біскуп, а пазней прымас, у прысутнасці караля Станіслава Аўгуста асвяціў, а кароль адлітыя званы, яго імем асвечаныя, для гэтага касцёла падараваў; сюды Нарбут у нядзелі і святочныя дні прыязджаў з Варшавы і як добры святар сам адпраўляў вялікія набажэнствы, праводзіў навуку, слухаў споведзі і выконваў іншыя святарскія паслугі. Прыгаданы кароль вельмі шанаваў Нарбута і надаў яму Ордэн Станіслава рэскрыптам 23 лістапада 1793 г.; больш за тое, падчас Чатырохгадовага сойму, калі пры дазволе рымскага двара ў Польшчы і Літве павінен быў адбыцца новы падзел епархій, кароль абяцаў прызначыць Нарбута першым біскупам гарадзенскай епархіі, якая павінна была паўстаць на месцы інфлянцкай" - так пісаў неаднаразова ўжо прыгаданы першы сур'ёзны біёграф Нарбута Антоні Машынскі. Безумоўна, на зацікаўленне Станіслава Аўгуста Панятоўскага аснашчэннем касцёла і пробашчам мела ўплыў удава канцлера Элеанора Чартарыйская, зацікаўленая эмацыянальна і фінансава як мага больш хуткай перадачай радзымінскага касцёла вернікам. У "Варшаўскай газеце" за 1779-1782 гады вельмі шмат апісанняў чарговых этапаў будовы касцёла, рэлігійных і свецкіх урачыстасцяў, якія ў сувязі з гэтым адбываліся, а таксама дакладнай інфармацыі пра прыезд у Радзымін да сваёй цёткі караля і біскупаў - Міхала Панятоўскага і Адама Нарушэвіча. Якраз на падставе гэтых інфармацый у друку можна дакладна прасачыць дзейнасць радзымінскага святара, які, акрамя выканання сваіх абавязкаў, прымаў удзел і ў шматгадзінных рэлігійных абрадах, і ў свецкім жыцці палаца, у якіх ўдзельнічала ўся эліта тагачаснай Рэчы Паспалітай. Напрыклад, вельмі маляўнічым з'яўляецца апісанне асвячэння новага выбудаванага касцёла, якое змешчана ў 49 нумары "Варшаўскай газеты" за 1781 год.
"...9 чэрвеня 1781 года прыехаў у Радзымін біскуп плоцкі з іншым біскупам, гісторыкам народу Адамам Нарушэвічам, са шматлікай світай плоцкіх і пултускіх святароў. Ён затрымаўся на плябаніі і адразу пайшоў у касцёл на пачатак вігіліі, якая, паводле звычаяў нашага касцёла, павінна папярэднічаць абраду асвячэння. На сустрэчу біскупа выйшла ўсё святарства, якое сабралася перад гэтым у Радзыміне, а за ім - некалькі тысяч народу. Вігілія адпраўлялася ў полі за мястэчкам. Там выставілі рэліквіі, якія біскуп меўся змясціць у галоўным алтары. Пасля адспявання вігіліі біскуп разам з Нарушэвічам вярнуўся ў плябанію, а потым адправіўся адтуль у палац, каб прывітаць княгіню, якая была вельмі рада, прымаючы свайго пляменніка, а разам з ім - слаўнага гісторыка і паэта.
Назаўтра, 10 чэрвеня, у нядзелю а восьмай раніцы плоцкі біскуп распачаў асвячэнне касцёла паводле належных абрадаў. Яно працягвалася доўга, недзе каля чатырох гадзін..."
Потым змешчана апісанне прамовы біскупа, скіраванай да заснавальніцы касцёла, княгіні Элеаноры, і казанне для прысутных. Падчас службы грала капэла рускага ваяводы. Пасля заканчэння рэлігійных урачыстасцяў біскупы і княгіня адправіліся ў замак на абед. Там узносілі тосты за здароўе караля і княгіні, грала капэла, спяваліся напісаныя ў Варшаве арыі, якія выконваліся салістамі з прыемнымі галасамі.
У гэтай жа "Варшаўскай газеце", у 49 і 50 нумарах за 1781 год, было змешчана цікавае апісанне візіта ў Радзымін караля, які выбраўся туды 10 чэрвеня, каб агледзець новыя касцельныя пабудовы і, безумоўна, наведаць цётку. Нечакана было вельмі цяжка дабрацца, таму што ноччу прыбыла ў Вісле вада да такой ступені, што знішчыла мост. Таму трэба было перапраўляцца на лодках. З вельмі падрабязнай інфармацыі ў друку можна даведацца, што Станіслава Аўгуста Панятоўскага вітаў каля брамы ксёндз Казімір Нарбут з вернікамі, а потым дзякаваў каралю ў касцёле за дасланы з Варшавы дар - звон, названы імем караля. Станіслаў Аўгуст наведаў плябанію, пацікавіўся касцельнымі метрыкамі, праверыў, ці зроблены яны паводле апошніх распараджэнняў яго брата Міхала Панятоўскага - плоцкага біскупа, у епархіі якога знаходзіўся Радзымін. Кароль перадаў ксяндзу значную суму грошай на адпраўленне памінальных службаў за памерлых Панятоўскіх і на дапамогу бедным.
Таксама і пазнейшы візіт караля, у верасні 1782 года, меў вялікую зацікаўленасць з боку друку, што знайшло адлюстраванне ў вялікім рэпартажы "Варшаўскай газеты", у 73 нумары за 1782 год. Тады Станіслаў Аўгуст Панятоўскі разам з княгіняй хрысціў Тэклю Курдваноўскую, дачку Плацыда - папярэдняга кухмайстра Вялікага Княства Літоўскага - і Разаліі Граноўскай. Таемства хрышчэння здзейсніў Казімір Нарбут. Як бачым, прыход у Радзыміне усё больш набліжаў яго да самых высокіх магнацкіх сфер Рэчы Паспалітай. Кароль, кожны раз лепей пазнаючы Нарбута, высока яго цаніў; акрамя таго, быў удзячны яму за апеку над састарэлай і хворай цёткай. Выразам гэтай удзячнасці было тое, што 4 красавіка 1787 года папа Пій VI афіцыйна зацвердзіў Казіміра Нарбута ў якасці радзымінскага святара, паколькі ён ужо значны час выконваў свае функцыі на гэтай пасадзе.
Пасля намаганняў Станіслава Аўгуста Панятоўскага маркграф Томаш Анцічы - кардынал і польскі рэзідэнт у Рыме - прызначыў ксяндза Нарбута сваім парадыскім каад'ютарам. Гэтае званне, пазней абацкае, ён цаніў вельмі высока, выкарыстоўваючы гэты тытул да канца жыцця. Як мы ўжо ведаем, кароль меў намер зрабіць Нарбута гарадзенскім біскупам і - пра што мы пакуль не гаварылі - сенатарам. Здавалася, што Казімір Нарбут, які меў на той час крыху больш за 55 гадоў, дасягне самых высокіх прыступак у іерархіі касцёла і Рэчы Паспалітай. Але гэтага не здарылася ў сувязі з апошнім падзелам дзяржавы і драматычным лёсам яе ўладара.
Аднак не будзем спяшацца і вернемся зноў у васьмідзесятыя гады, калі Казімір Нарбут развярнуў сваю дзейнасць у Радзыміне, а яго заслугі цаніла і княгіня, і каралеўская сям'я. Атрыманая ў той час пасада пробашча ў роднай, блізкай сэрцу Лідзе паставіла перад ім пытанне: як вырашыць праблему кіравання двума прыходамі на адлегласці ў некалькі сот кіламетраў? Не было мовы пра тое, каб пакінуць Радзымін, куды ён прыязджаў з недалёкай Варшавы ў кожную нядзелю і на святы, дакладна выконваючы свае абавязкі і дапамагаючы княгіні Элеаноры. У той жа час у сталіцы ён актыўна дзейнічаў у Таварыстве пачатковых кніг. Таму выезд у Ліду быў немагчымы, а адмаўляцца ад лідскага прыходу Нарбут не хацеў, таму што быў звязаны з нёманскай і дзітвянскай старонкамі і пачуццямі, і сям'ёй. Нямала значылі для ксяндза, які не меў уласнай маёмасці, і фінансавыя даходы, што ішлі з прыходу на крэсах. Таму трэба было знайсці вырашэнне гэтай праблемы, і яно знайшлося. Доказам гэтага з'яўляецца напісаны ўласнаручна Нарбутам у ліпені 1783 года дакумент, які на працягу шмат гадоў быў у прыватным уладанні Міхала Шымялевіча з Ліды і, на шчасце, быў апублікаваны ім у 1938 годзе ў "Лідскай Зямлі" (нумар 2, ст. 151-153). Гэта захавала тэкст ад знішчэння падчас другой сусветнай вайны і дазволіла яму дайсці да нашых часоў. Аднак у сувязі з тым, што гэтае перадваеннае выданне недаступна для Чытачоў з Беларусі, мы надрукуем яшчэ раз - следам за Міхалам Шымялевічам - гэты вельмі цікавы рукапіс. Пачнём, аднак, з некалькіх слоў каментарыя, які палегчыць прачытанне гэтага амаль невядомага ў Лідзе дакумента з васемнаццатага стагоддзя.
Святарскія абавязкі ў Лідзе падчас адсутнасці ксяндза пробашча павінны былі выконваць нанятыя ім свецкія або ордэнскія ксяндзы, пераважна кармеліты. Галоўным адміністратарам, які кіраваў прыходам, быў Павел Багінскі, які, у сваю чаргу, павінен быў усе даходы перадаваць за подпісам брату Казіміра Нарбута, лідскаму войскаму, які быў яго непасрэдным начальнікам.
А вось падрабязная інструкцыя ў арыгінальным гучанні.
" ... Ніжэй падпісаўшыся(Казімір Нарбут), даю гэтую маю інструкцыю, якая датычыць усіх даходаў прыхода, п. Паўлу Багінскаму, устаноўленаму яе адміністратару.
1. П. Павел Багінскі павінен аб усім дакладваць яснавяльможнаму пану Нарбуту, лідскаму войскаму, і за подпісам яму грошавы прыбытак аддаваць.
2. Прыме гаспадарку рашэннем грамады.
3. Перапіша падданых з зямлёй і быдлам з усімі павіннасцямі, чыншам і непублічнымі падаткамі.
4. Перапіша і аб'едзе вёскі, палі, лугі, лясы і г.д. і ўсе межы і адлюструе ўсе іх асаблівасці.
5. Возьме пад спіс быдла, коней і свіней, птаства, гаспадарчыя прылады.
6. Стан усіх пабудоў, корчмаў і г.д. апіша.
7. Пасевы азімыя і яравыя, якія ёсць, таксама апіша.
8. Розныя даходы з працэнтаў, чыншаў, дзесяцін, вырубаў у лесе і г.д., запіша
9. Будзе старацца пра даўнія рахункі шынкоў.
10. Выпіша ўсе ільготы: на публічныя падаткі,на ксяндзоў, на чэлядзь і г.д.
11. Цагельню трымаць на сябе і заўсёды мець цэглу ў запасе.
12. Вапну падрыхтаваць загадзя.
13. Праблемы з межамі вырашаць пры дапамозе яснавяльможнага войскага Нарбута.
14. Для ксяндза трымаць пару коней, экіпаж, чалавека, хлопца і кухара або старую гаспадыню. Дамовіцца з ксяндзом пра ўтрыманне і фураж для коней.
15. Касцельныя даходы забіраць штомесячна за подпісам ксяндза, а аддаўшы іх яснавяльможнаму пану войскаму, забіраць у яго распіску.
16. Шынкарам разам шмат напояў не даваць, кожны тыдзень у суботу з імі разлічвацца і грошы забіраць.
17. Лядоўню зрабіць, піва добрае мець на любы густ у бутэльках; і добрую гарэлку. Піва ў сакавіку зрабіць для лядоўні.
18. Кароў вялікую колькасць трымаць, масла збіраць на сойм, птушку адкормленую таксама дасылаць у Гародню.
19. Касцельныя ахвяраванні, радно, воск і г.д. забіраць сабе і апісваць.
20. Клапаціцца аб патрэбах касцёла.
21. Усюды, асабліва ў плябаніі і фальварку, мець бочкі для вады і драбіны, часта чысціць коміны, для касцёла і фальварка рабіць ліхтары.
22. Мець у рэестры ўсе рэчы.
23. Клапаціцца пра падданых, пры неабходнасці выклікаць лекара за свой кошт, ведаць патрэбы кожнага. У карах быць асцярожным, пільнаваць, каб часта на гандаль не ездзілі і не прадавалі свайго збожжа.
24. Пры адсутнасці войскага звяртацца па параду да Нарбута стольніка.
25. Мне пісаць кожны тыдзень і спачатку паведамляць, што як ёсць, а потым - што робіцца; нагадваць таксама ксяндзу, каб паведамляў аб справах касцёла.
26. Усё пераняўшы, скласці спіс служкаў як у фальварку, так і ў касцёле.
27. Плату людзям вымяраць паводле дагаворнай платы гэтага краю; гэтак жа і з шынкарамі; мець інфармацыю, што ім даецца за гандаль.
28. Ашчаджаць грошы па меры магчымасці.
29. Калі што будзе збывацца па патрэбе і ад шынкоў, то вывазіць гэта на продаж у Вільню. Але ніколі не пакідаць дом без прыпасаў, лепей мець больш, асабліва ўвесну, калі людзі патрабуюць дапамогі.
30. Даведаўшыся пра абшары палёў і лугоў, пры неабходнасці трымаць парабкаў, быкоў і коней для работы; коней мець 4 і добрыя вазы для вывазу збожжа з поля і на продаж.
31. Дамовіцца з войскім пра соль: ці купляць яе ў Вільні, ці зімой прывезці з Рыгі, каб раздаць людзям; дамовіцца пра цану.
32. Усё для памяці сваёй запісваць, каб мноства інфармацыі не перапаўняла памяць.
33. Мець інфармацыю, ці не трэба прывезці французскага віна для касцёла і ў шынок.
34. Можа б не перашкаджала для ўласнай патрэбы мець мёд.
35. Калі пры бровары можна будзе карміць быкоў і вяпрука, то гэта выкарыстаць.
Усе гэтыя пункты п.Багінскі пакажа войскаму і дамову з ім падпіша і будзе выконваць.
Дня 10.7-бра 1783 у Радзыміне Кс. Казімір Нарбут
(п.Багіньскаму я дазволіў мець уласнага каня, каб мець зручнасці і заробак).
***
1784 г. Дня 22 8-бра гэтаму ж п. Багінскаму я дазволіў і другога каня трымаць.
Кс. Казімір Нарбут, Лідскі Пробашч."
***
Наступная падрабязная інструкцыя лідскага пробашча, таксама вельмі цікавая і характэрная, паходзіць з 15 ліпеня 1785 года. Прыводзім яе таксама ў арыгінальным гучанні.
"1785 год. Дня 15. 7-бра. У Радзыміне.
Распараджэнне, дадзенае пану Паўлу Багінскаму, адміністратару лідскага прыходу.
Прагледзеўшы рахункі і тлумачэнні, я заўважаю надзвычайныя выдаткі і шмат пазычаных грошай і збожжа, пропускі ў запісе ўсіх рэчаў. Па гэтых прычынах раблю наступныя распараджэнні:
1. Каб кожная рэч, якая дае прыход і расход, была запісана, г.зн. прыход збожжа ў снапе і ў зерні, прыход быдла, авец, свіней, коней і птаства; прыход масла, сыру, зерня, мёду, воску, алею, ільну, канопляў і г.д. Расход збожжа на пасеў і продаж; хлябы, асабліва для ксяндзоў, сябе і чэлядзі; расход кашы, сала, масла, сыроў, радна, валовых скур, авечых скурак, свіней, птаства і г.д., якія былі прададзены.
2. Грошай не выдаткоўваць без патрэбы і нарады з панам войскім, да якога звяртацца па кожнай справе, слухацца яго рад і штомесяц аддаваць яму рахункі або ў той час, калі ён захоча.
3. У свіран сам павінен хадзіць або жонка і ключы хаваць у сябе, але ніколі не давяраць іх цівуну.
4. Навучыцца лічэнню мукі на хлеб, каб без лішку чэлядзь мела зручнасці.
5. Касцельныя даходы ў грашах і воску ксяндзы павінны забіраць; грошы аддаваць пану войскаму, а воск забіраць на патрэбы касцёла; на збожжа і іншыя рэчы, аддадзеныя для правіянту, даваць ксяндзам паквітаванне, а сабраныя на ахвяраванні хлябы аддаваць лідскім і крупскім жабракам. А рэшткі ашчадна выдаткоўваць на чэлядзь, каб не было лішку.
6. Грошай ані збожжа нікому не пазычаць без дазволу пана войскага, апрача сваіх падданых, якія адчуваюць патрэбу, а што каму пазычаецца, адразу запісваць і вызначыць тэрмін, калі аддаць павінен.
7. Запісваць таксама звезеныя цэглу і вапну.
8. Ад арэндатараў не браць грошай часткамі, толькі ў тэрмін.
9. Прыход і расход гарэлкі запісваць, чэлядзі даваць толькі на святы, толькі, калі верны і пільны, то можна часцей; іншым, толькі калі была вельмі важная работа дапазна.
10. Не дазваляю аніякіх экстраардынарных выдаткаў, нпр падчас судоў, сходаў або іншых з'ездаў. Ніхто з маіх братоў не мае права на загады ані ксяндзы, якія жывуць на плябаніі, толькі сам пан войскі мае ўладу і права распараджацца, без яго выразнага загаду нікому нічога не даваць, нават маім родным.
11. Мураванага дому на могілках нікому не здаваць, а чакаць распараджэння пана войскага.
12. Каб уберагчыся ад празмерных выдаткаў, на ўсё скласці табліцу расходаў для сябе і чэлядзі, якую зацвердзіць пан войскі.
Радзымін, год 1785. Дня 21.7-бра
Кс. Кмр Нарбут Лідскі Пробашч"
***
Мы прывялі цалкам некалькі інструкцый з 1783, 1784 і 1785 гадоў, высланых Казімірам Нарбутам адміністратару лідскага прыходу Паўлу Багінскаму, таму што яны паказваюць лідскага пробашча ў зусім новым святле.
Аўтар першай польскамоўнай логікі, перакладчык іншамоўных тэкстаў, вядомы дзеяч адукацыі, які меў прыязныя адносіны з інтэлектуальнай элітай Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, якога высока цанілі магнацкія двары і сам кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, адкрыў у прадстаўленых тэкстах зусім нечаканыя рысы характару. Мы нібы пазнаем новую асобу: вельмі ашчаднага, прадбачлівага гаспадара, які цудоўна арыентуецца ў эканамічных пытаннях і ва ўсіх рэаліях свайго прыходу, у якім быў не фіктыўным пробашчам, хаця Ліду ад Радзыміна і Варшавы падзяляла вельмі шмат кіламетраў.
Гэта быў хіба найлепшы перыяд у жыцці ксяндза Нарбута. Яго дзейнасць у розных галінах высока цанілася, ён быў фінансава незалежны. А акрамя таго, перад ім адкрываліся цудоўныя перспектывы вяртання на родную зямлю, амаль у гняздо, у якасці гарадзенскага біскупа.
Час вяртання
Вяртанне Казіміра Нарбута на Лідчыну, у роднае гняздо, сапраўды адбылося, але не ў якасці біскупа і пры зусім іншых абставінах. Яшчэ ў 1794 годзе ён суправаджаў княгіню Элеанору Чартарыйскую ў яе падарожжы ў Замосце, дзе цяжкасці дарогі і сямейныя клопаты прывялі да яе смерці. Нарбут застаўся верны княгіні да канца, адспяваўшы ёй рэквіем і правёўшы жалобнае набажэнства. Пасля ён вярнуўся ў Варшаву, але не заспеў ужо там сяброў, а Рэч Паспалітая ўжо адыходзіла ў нябыт. Пасля трэцяга падзелу Польшчы ў 1795 годзе і адрачэння Станіслава Аўгуста Панятоўскага Казімір Нарбут цалкам адышоў ад грамадскага жыцця і прыняў рашэнне вярнуцца на Лідчыну ў Радзівонішкі, маёнтак свайго брата Дамініка. У гэтыя гады нацыянальнай паразы Нарбут вырашае таксама адмовіцца ад пасады пробашча, як у Радзыміне, так і ў Лідзе, пакідаючы толькі тытулярную годнасць парадыскага абата. Аднак трэба дадаць, што ад лідскага прабоства Нарбут адмовіўся на карысць свайго пляменніка, ксяндза Вінцэнта.
Радзівонішкі, якія павінны былі стаць жыццёвым прыстанкам Казіміра Нарбута, знаходзяцца недалёка ад Ліды і ракі Дзітвы. Засмучаны ходам палітычных падзей, пазбаўлены веры і ўсялякіх аўтарытэтаў, пасля таго, як кароль пакінуў польскія землі, 57-гадовы ксёндз вырашыў правесці рэшту свайго працавітага жыцця ў цішы братавага маёнтка. І так сталася, што гэтаму рашэнню ён быў верны 12 гадоў, г.зн. да часу сваёй смерці. Адзіным выключэннем быў выезд у Ліду ў 1801 годзе, каб асвяціць краевугольны камень пад касцёл, які меліся будаваць піяры. Гэта было цалкам зразумела, таму што Нарбут, нягледзячы на секулярызацыю, заставаўся ў вельмі добрых адносінах са сваімі ордэнскімі братамі, дапамагаючы ім у розных абставінах, як, напрыклад, у перамовах паміж цэнтральнымі адукацыйнымі ўладамі і лібаўскімі піярамі. Але гэта было ўжо мінулае, да якога ён не хацеў вяртацца. Што ён рабіў у маёнтку брата, невядома, але мы можам здагадацца. Напэўна, заняўся гаспадаркай. Біёграф Антоні Машынскі, піяр, запісаў толькі, што Казімір Нарбут пасля кароткай хваробы, у здаровым розуме, пасля прыняцця святых таінстваў памёр у Радзівонішках 17 сакавіка 1807 года. Ён быў пахаваны ў папярэдне падрыхтаваным адзенні святара "ў склепе ўніяцкай царквы", якая знаходзілася на тэрыторыі маёнтка.
Эпілог
У 1995 годзе ГА "Таварыства Польскай Культуры на Лідчыне" арганізавала навуковую сесію, прысвечаную Ігнацію Дамейку і іншым знакамітым постацям з гэтых тэрыторый, якія ўнеслі трывалы ўклад у навуку і культуру. У гэтай сесіі ўдзельнічала таксама група вучоных з Польшчы. Калі я выступіла з рэфератам пра Казіміра Нарбута, да мяне падышоў тутэйшы мужчына і прапанаваў наступным днём (1 верасня 1995 г.) паехаць у Радзівонішкі, каб убачыць магілу героя майго выступлення. Як высветлілася, гэта быў Валеры Сліўкін, кандыдат геаграфічных навук, навуковы супрацоўнік гісторыка-мастацкага музея ў Лідзе. Нягледзячы на тое, што з таго часу прайшло амаль 10 год, я ўсё вельмі добра памятаю. У невялікай машыне пана Сліўкіна змясцілася неяк 5 чалавек, г.зн., акрамя гаспадара, яго сябар Станіслаў Суднік - паэт, член Саюза Пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар гістарычнага квартальніка "Лідскі летапісец", мой муж Ежы Ясюк - дырэктар Музея Тэхнікі ў Варшаве, праф. др медыцыны Раман Мейснэр з Медыцынскай Акадэміі ў Познані і я. Падарожжа было цікавым: мы агледзелі некалькі вартых пазнання помнікаў, паміж іншым, прыгожы помнік забітым падчас II сусветнай вайны яўрэям, які знаходзіцца ў лесе, і гістарычную абарончую царкву. Потым салдат з дарожнай службы затрымаў нас за перавышэнне хуткасці, але тлумачэнні Валерыя Сліўкіна, што ён вязе замежных навукоўцаў, дапамаглі, і нас не аштрафавалі. Пасля мы ехалі пад пагрозай заканчэння бензіну, а прыдарожныя запраўкі былі зачынены - ці то з нагоды 1 верасня, ці часу абеду. Валеры Сліўкін і гэтыя перашкоды пераадолеў, здабываючы бензін. Далейшае падарожжа ў Радзівонішкі адбылося без усялякіх перашкод. Наш прыезд у гэтую невялікую мясцовасць, якая знаходзіцца на паўднёвым захадзе ад Ліды, выклікаў здзіўленне; напэўна, зрэдку прыязджалі туды іншаземцы, якія не былі роднымі мясцовых жыхароў. Даўняй уніяцкай царквы, у падзямеллі якой быў пахаваны Казімір Нарбут, ужо не было. Паблізу пабудавалі новую царкву. Здзіўленне жыхароў Радзівонішак было яшчэ большым, калі Сліўкін і Суднік, здабыўшы - не без намаганняў - рыдлёўку, пачалі капаць зямлю ў тым месцы, дзе знаходзілася уніяцкая царква. Яны лічылі, што знойдуць там, можа, нешта, звязанае з Нарбутам. За гэты час каля нас сабраўся тлум жыхароў вёскі. Яны былі ўпэўнены, што прыехалі нашчадкі даўніх гаспадароў маёнтка і шукаюць закапаныя калісьці залатыя рублі, долары і біжутэрыю. Ніхто не верыў, што мы шукаем сляды нейкага невядомага ім ксяндза, які памёр амаль 200 гадоў таму. Пасля гадзіны інтэнсіўнай фізічнай працы, якая была не з лёгкіх, нашы беларускія сябры падарожжа і яго ініцыятары перасталі капаць. Яны нічога не знайшлі. Тады я выступіла перад жыхарамі Радзівонішак, упэўніўшы іх, што пішу кнігу пра іх земляка, Казіміра Нарбута. Я папрасіла, каб яны працягвалі шукаць усё, што яго датычыцца, і перадалі знойдзенае ў музей у Лідзе, Валерыю Сліўкіну або Станіславу Судніку. Я спадзявалася, што хто-небудзь адгукнецца. Чсённяшняга дня, але, на жаль, безвынікова... А можа, ўвогуле ніхто не паверыў у існаванне ксяндза піяра Даніэля Казіміра Нарбута?
Каляндар
Найбольш важныя даты і факты з жыцця піяра Казіміра Даніэля Нарбута
3 студзеня 1738 года - нарадзіўся ў Крупе каля Ліды, у шляхецкайі - Казіміра Нарбута і Марыяны з Навіцкіх; хрышчоны 5 студзеня гэтага ж года ксяндзом пробашчам Пятром Стракоўскім; атрымаў імя Даніэль (Казімір - ордэнскае імя).
Вучоба ў піярскай школе ў Шчучыне Літоўскім (які называўся таксама Лідскім).
25 ліпеня 1755 года - прыняцце ў ордэн піяраў.
1755-57 - паслушніцтва ў Любяшове каля Пінска.
1757 (з 14 верасня) - 1759 - вучоба ў Дуброўніцы на Піншчыне. Філасофска-тэалагічны курс.
1759 г. - накіраванне Нарбута на далейшую вучобу ў піярскі Collegium Nobilium у Вільне.
Выезд Казіміра Нарбута - за кошт яго сям'і - на чатырохгадовую вучобу ў Рым, у асноўным у галінах філасофіі і тэалогіі.
6 красавіка 1761 г. - святарскае прысвячэнне, якое атрымаў ад архібіскупа Дамініка Джыардані; наданне Нарбуту папам Кляменсам XIII асаблівых прывілеяў.
Вяртанне ў Рэч Паспалітую Абодвух Народаў: настаўнік гісторыі, французскай мовы і рыторыкі ў Дуброўніцы, дзе адначасова з'яўляўся прэфектам.
Пераезд у Вільню: лекцыі філасофіі у піярскім Collegium Nobilium, кіраванне віленскай друкарняй піяраў.
1769 - напісанне і публікацыя першага польскамоўнага падручніка логікі пад назвай "Логіка, або прадумвання і разважання рэчаў навука" (Вільна 1769).
Чатырохгадовы побыт (паміж іншым, падчас першага падзелу Польшчы ў 1772 годзе) з сынамі Міхала Бжастоўскага ў Германіі і ў Францыі. 1774 г. - вяртанне ў Польшчу.
***
20-гадовы побыт у Варшаве
З 1774 г. - блізкае супрацоўніціва з літоўскім канцлерам князем Міхалам Фрыдэрыкам Чартарыйскім, дзядзькам караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Доктарская праца па юрыспудэнцыі ў Кракаўскай Акадэміі.
10 лютага 1775 г. - Камісія Нацыянальнай Адукацыі прызначае Нарбута звычайным членам Таварыства пачатковых кніг. 1775-1792 - дзейнасць у Таварыстве.
Каля 1775года - секулярызацыя. Атрыманне ад княгіні Элеаноры Чартарыйскай прыхода ў Радзыміне, дзе быў пробашчам каля 20 год. Будова новага мураванага касцёла.
1780 год - К. Нарбут атрымлівае ад віленскага біскупа Ігнація Масальскага прыход у Лідзе і кіруе ім пры дапамозе адміністратара Паўла Багінскага, які цалкам падпарадкоўваецца Нарбуту.
Дзякуючы намаганням Станіслава Аўгуста Панятоўскага маркграф Томаш Анцічы, кардынал і польскі рэзідэнт у Рыме, прызначае ксяндза Нарбута сваім каад'ютарам у парадыскім абацтве.
Лістапад 1793 г. - кароль узнагароджвае Нарбута ордэнам св. Станіслава.
Пасля трэцяга падзелу Польшчы ў 1795 годзе Нарбут адмаўляецца ад усіх пасад, ад прыходаў у Радзыміне і ў Лідзе.
***
Дзевяностыя гады - вяртанне на Лідчыну
Нарбут пераязджае назаўсёды ў Радзівонішкі, маёнтак брата Дамініка, у якім праводзіць 12 гадоў.
Перадае прыход у Лідзе пляменніку, ксяндзу Вінцэнту.
1801 г. - асвячэнне Нарбутам краевугольнага камня пад будову піярскага касцёла ў Лідзе.
17 сакавіка 1807 г. - смерць К.Нарбута. Пахаваны ў Радзівонішках, у падзямеллі ўніяцкай царквы.
Бібліяграфія
1. К. Нарбут, "Логіка, або прадумвання і разважання рэчаў навука...", Вільня, 1769, 1775, 1782, 1791, 1799
2. К. Нарбут (пераклад з французскай мовы), "Салдацкая навука прускага караля, дадзеная для яго генералаў", Вільня, 1771
3. "Пратаколы паседжанняў Таварыства Пачатковых Кніг", выд. Тэадорам Вяжбоўскім, Варшава, 1908
4. Р. Машынскі, "Звесткі пра Казіміра Нарбута, аўтара польскай логікі" / Альманах Навуковага Кракаўскага Таварыства, т. 2, Кракаў, 1843, ст. 249-262
5. "Радзымінскі касцёл. Урачыстасці асвячэння. Пробашчы: Нагурчэўскі і Нарбут" / "Рэлігійна-маральны альманах", т. 18: 1850, ст. 506-520.
6. "Варшаўская газета", 1779 нр 43 і 75 (дадатак); 1781 нр 44 (дадатак), нр 49, 50, нр 77 (дадатак); 1782 нр 73. "Лідская Зямля", 1938 нр 12.
7. Альгерд Нарбут, "Пра першы польскі падручнік логікі", Лодзь, 1958
8. В. Вуазе, "Піярскае двухгалоссе пра дзейсны спосаб мышлення. Казімір Нарбут (1769) і Францішак Курпінскі (1879), прачытаныя ў 1992 г." /"Уклад піяраў у навуку і культуру ў Польшчы XVII-XIX ст." Пад рэд. Ірэны Стасевіч-Ясюковай , Варшава-Кракаў, 1993, ст. 551-561
9. Ірэна Стасевіч-Ясюкова, "Казімір Нарбут у часе і прасторы" / "Лідская Зямля", 1996 нр 21-22, ст. 12-13
10. Ірэна Стасевіч-Ясюкова, "Супраць стэрэатыпаў меркаванняў у гісторыі навукі. Casus: Казімір Нарбут" / "З вывучэння гісторыі, асветы і культуры. Даследванні, прысвечаныя Рышарду В. Валашынскаму" пад рэд. Ежы Кукульскага. Пётркаў Трыб., 2001, ст. 203-214
11. Дубровкий В. В. «Казимир Нарбут». Мн., 1979 г.
Каментарыі
Канарскі Станіслаў, ксёндз-піяр (1700-73), педагог, рэфарматар школы, пісьменнік, публіцыст, паэт і драматург. Вучыўся у Collegium Nazarenum у Рыме. Ў 1740 г. адчыніў у Варшаве элітную школу для шдяхецкай моладзі Collegium Nobilium, а затым распачаў рэформу піярскай школы. Школьная рэформа К. стала пераломным момантам у барацьбе за мадэрнізацыю навучання ў Польшчы 18 ст. Мэтай рэформы было ў першую чаргу патрыятычнае і грамадзянскае выхаванне моладзі, а таксама знаёмства з дасягненнямі сучаснай навукі. У палітычнай дзейнасці К. пачаткова быў звязаны з Станіславам Ляшчынскім, а пазней - з каралём Станіславам Аугустам. У сваіх працах публіцыстычных, драматургічных і вершах пісаў аб неабходнасці палітычных рэформ у краіне, першым раскрытыкаваў "ліберум вета". У 1771 г. кароль адзначыў К. мадалём з надпісам Sapere auso (таму, кто адважыўся быць мудрым).
Вольф Хрысціян (1679-1754), нямецкі філосаф і евангеліцкі тэолаг, прадстаўнік піэтызму, развіў філасофска-рэлігійную сістэму Г. В. Лейбніца, увёў рацыяналізм ва універсітэтскую навуку, зрабіў вялікі уплыў на І. Канта.
Collegium Nobilium (Калегіюм Нобіліюм) школа з інтэрнатам для моладзі, заснаваная ў Варшаве ў 1740 г. С. Канарскім, якая наватарскімі праграмай і метадамі навучання распачала рэформу польскай школы. Пазьней у калегіюм была ператворана піярская школа ў Вільні (заснаваная ў 1723 г.), рэктар Мацей Догель заснаваў пры калегіюме ў 1756 г. канвікт.
Сыруць Бярнард, ксёндз піяр, (1731-1784), у 1747 г. прыняў паслушніцтва ў ордэне піяраў, закончый піярскую школу ў Шчучыне, выкладаў у Калегіюм Нобіліюм матэматыку, тэалогію, права.
Догель Мацей (1715-60), выдавец, піяр, з каля 1747 г. рэктар калегіюма піяраў у Вільні, ў 1748 г. адбыў падарожжа па Нямеччыне, Францыі, Галандыі з мэтай збору матэрыялаў для зборніка міжнародных трактатаў, выдаў "Дыпламатычны кодэкс Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага" т. 1 1758, т. 5 1759, т. 4 1764 ( Codex Diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lithuaniae).
Прывілеяваны алтар (лац. altare privilegiatum) гэта алтар за якім замацавана поўнае адпушчэнне грахоў для душ, што пакутуюць у чысцілішчы. (Pius VI. Brevem, 30.08.1799 г.) Прыкладам лакальнага (рэальнага) алтара, які захаваўся да сённяшняга дня, можа быць напіс на алтары ў касцёле Божага Цела ў Нясвіжы. Пры такім алтары кожны ксёндз адпраўляючы святую Імшу атрымлівае адпушчэнне грахоў. Таксама ксёндз, як асоба, можа атрымаць прывілей і тады кожны алтар, пры якім гэты святар адпраўляе службу лічыцца прывілеяваным.
Генавэзі Антоні (Genovesi Antonio, 1712-1769) , італьянскі філосаф і эканаміст, увёў італьянскую мову у філасофію (замест лацінскай), унёс у італьянскую філасофію ідэі Лока, Лейбніца, Х'юма, чаму вельмі апаніравалі схаласты. У кнізе Lezioni di commercio (1765 г.), першая праца па італьянскай эканоміцы, ён падкрэсліваў чалавечыя патрэбы як аснову эканамічных тэорый.
Бжастоўскі Павал Ксаверы, (1739-1827), ініцыятар сялянскіх рэформаў, канонік віленскі, з 1762 г. пісар вялікі літоўскі, 1774-87 гг. рэферандар літоўскі; ў 1767 г. купіў маёнтак Мерач (пазней Паўлава) на поўдзень ад Вільні, замяніў паншчыну чыншам і ўтварыў тзв. Паўлаўскую Рэчпаспалітую; публіцыст, перакладчык.
Барская канфедэрацыя 1768-72 гг., збройнае аб'яднанне шляхты, заснаванае 29.2.1768 г. у г. Бар на Падоллі (Украіна) пад лозунгам абароны "веры і вольнасці" супраць Расійскай імперыі і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага; мэтай канфедэрацыі было скасаванне усіх законаў прынятых з 1764 г., дэтранізацыя караля. Ініцыятарамі канфедэрацыі былі А. Красінскі, Е. Патоцкі, Ю. Пуласкі і інш., яны разлічвалі на дапамогу Турцыі, Францыі, Саксоніі, Аўстрыі. Драмай канфедэратаў было тое, што змагаючыся за незалежнасць краіны, яны змагаліся за парадкі, якія аслаблялі польскую дзяржаву. Сёння для адных гісторыкаў канфедэрацыя з'яўляецца першым народнавызваленчым паўстаннем, для іншых - апошнім бунтам у абарону старых парадкаў, авантурай, якая справакавала першы падзел Польшчы.
Агінскі, Міхал Казімір (1730-1800), з 1768 г. гетман вялікі літоўскі, пісьменнік, музыкант, удзельнік барскай канфедэрацыі, фінансаваў будову канала, які злучыў Нёман з Дняпром, мецэнат мастацтваў (у сваёй рэзідэнцыі ў Слоніме арганізаваў оперу), аўтар баек, вершаў, песень, драм з музыкай.
Evangîle méditée - фр. Эвангелічныя разважанні
La religion christienne méditée - фр. Разважанні аб хрысціянскай рэлігіі
Нарбут Войцех (1762, Сукурчы - 1837), пісьменнік, шамбелян караля Станіслава Аугуста Панятоўскага, уладальнік маёнтка Сукурчы к. Крупава. З 1788 г. пасол Лідскага павету на Чатырохгадовы сойм, праціўнік Канстытуцыі 3 мая. Удзельнік паўстання 1794 г. у званні паручніка. З 1801 г. настаўнік і выхаваўца Дамініка Радзівіла. У 1809-1812 гг. маршалак Лідскага павету. Напісаў цікавыя мемуары пра прыдворнае жыццё (у рукапісе), вершы.
"Манітор" адзін з вядучых грамадска-маральных часопісаў польскай эпохі асветы, выдаваўся у 1765-85 гадах у Варшаве, першапачаткова 1, а затым - 2 разы ў тыдзень пад патранатам караля Станіслава Аўгуста. Прапагандаваў ідэі рацыяналізму, рэлігійнай талеранцыі, грамадска-палітычных перамен, змагаўся з цемнатой, праявамі сармацкай шляхецкай ідэалогіі. Сярод яго рэдактараў І. Красіцкі (1765-67 гг.), Ф. Багамолец (1768 г.) і інш. знакамітыя асветнікі.
"Забаўкі прыемныя і карысныя" (поўная назва: "Забаўкі прыемныя і карысныя сабраныя ад розных аўтараў") першы польскі літаратурны часопіс, які выходзіў штотыдзень ў 1770-77 гг. у Варшаве, заснавальнік і рэдактар Ю. Альбертрандзі, з 1771 г. - А. Нарушэвіч, неафіцыйны орган чацвярговых абедаў, прапагандаваў прынцыпы станіславаўскага класіцызму. У "Забаўках..." дэбютавалі: І. Красіцкі, С. Тамбэцкі, Т.К. Венгерскі, Ю. Шыманоўскі.
Чартарыйскі, Міхал Фрыдэрык, князь, (1696-1775), сын Казіміра, падканцлер літоўскі з 1724 г., канцлер вялікі літоўскі з 1752 г.; разам з братам Аўгустам адзін з палітычных кіраўнікоў фаміліі; першапачаткова староннік Аўгуста II; у 1733 г. падтрымаў Станіслава Ляшчынскага; 1736 г. пагадзіўся з Аўгустам III, на сеймах 1744-50 гг. спрабаваў правесці праграму рэформ Рэчы Паспалітай; 1764 г., пад аховай расійскіх войск арганізаваў у Вільні Генеральную канфедэрацыю супраць К. Радзівіла і перамог; у пачатку панавання Станіслава Аўгуста Панятоўскага быў адным з дарадцаў караля, выступаў супроць яго спробаў арганізацыі ўласнай партыі.
Камісія народнай адукацыі, першая установа па кіраўніцтву асветай у Еўропе. Заснавана соймам Рэчы Паспалітай ў 1773-75 гг. Ажыцявіла раформу школ і універсітэтаў у духу ідэй Асветніцтва. Галоўнае значэнне надавалася прадметам фізіка-матэматычнага цыклу, з гуманітарных навук выкладалася польская і лацінская граматыка, геаграфія, гісторыя і інш.
Таварыства пачатковых кніг (1775-92), орган Камісіі народнай адукацыі, было арганізована для правядзення работ па апрацоўцы новых школьных праграм і падручнікаў, займалася таксама законатворчай дзейнасцю; з цягам часу ператварылася ў галоўны орган па надзору і кантролю за адукацыяй.
Патоцкі Ігнацій (1750-1809), брат Станіслава Косткі, надворны маршал літоўскі з 1783 г., вялікі літоўскі ў 1791-93 гг., палітык, пісьменнік, член Камісіі народнай адукацыі, старшыня Таварыства пачатковых кніг, кіраўнік антыкаралеўскай апазіцыі, падчас Чатырохгадовага сойму (1788-92 гг.) з'яўляўся фактычным кураўніком патрыятычнай партыі, супраціўнік саюзу з Расіяй, сааўтар рэформ і праектаў законаў, для рэалізацыі праграмы змен давёў апазіцыю да яднання і сумеснага дзеяння з Станіславам Аўгустам, адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 Мая. Пасля агрэсіі Расіі супроць Рэчы Паспалітай у 1792 г. выступіў супраць далучэння караля да таргавіцкай канфедэрацыі; на эміграцыі удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання, аўтар асноўных прававых актаў часу касьцюшкоўскага паўстання, старшыня Аддзела замежных спраў Вышэйшай народнай рады. Пасля задушэння паўстання - вязень Расіі (да 1796 г. у Пецербургу), у 1798-1800 гг. - Аўстрыі. З 1801 г. член Таварыства сяброў навукі, сааўтар "Аб устанаўленні і ўпадку польскай канстытуцыі 3 мая 1791 г." ( O ustanowieniu i upadku Konstytucji Polskiej 3 Maja 1791) 1793.
Чартарыйскі Адам Казімір, князь (1734-1823) дзяржауны дзеяч Рэчы Паспалітай, аўтар камедый, тэарэтык і літаратурны крытык, мецэнат артыстаў і паэтаў, фельдмаршал аўстр. арміі (1808 г.), пасол на соймы 1756, 1758, 1760, 1762 гг. У 1764 г. выбраны маршалкам канвакацыйнага сойму і фаміліяй Чартарыйскіх вылучаны кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай, але пад націскам Кацярыны II адмовіўся ад яго на карысць свайго стрыечнага брата С. Панятоўскага. Ініцыятар (разам з фаміліяй) правядзення карэнных рэформ дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. У 1766 г. яму даручана рэфармаванне войска ВКЛ. У 1767 г. далучыўся да Радамскай канфедэрацыі і ўзначаліў магнацкую апазіцыю каралю. У выніку канфлікту з каралём выехаў за мяжу. У 1768 г. камендант Варшаўскага кадэцкага корпуса, камандзір палка пешай літоўскай гвардыі, ген.-лейтэнант (1775 г.), камандзір 1-й і 2-й дывізі войска ВКЛ (да 1783 г.). У 1773-76 гг. член Камісіі народнай адукацыі (займаўся м.ін. справай выхавання дзяўчат). Пасол Чатырохгадовага сойму 1788-92 гг., прыхільник Канстытуцыі 3 мая 1791 г., зблізіўся з каралём. Адмовіўся ад патрабавання Расіі аб далучэнні да Таргавіцкай канфедэрацыі і выехаў у Вену. Пасля прыходу войск Напалеона у Варшаву у 1812 г. выбраны маршалкам Надзвычайнага сойму і Генеральнай канфедэрацыі. Заснавальнік т. зв. малога «Манітора» 1763 г. і сузаснавальнік вялікага «Манітора», аўтар камедый для тэатру школы кадетаў і Нацыянальнага тэатру, патранаваў працацы Б. Лінда над слоўнікам польскай мовы. Яго рэзідэнцыя ў Пулавах была асяродкам грамадска-палітычнай і культурнай дзейнасці.
Замойскі Андрэй (1717-92), ваявода інаўроцлаўскі 1757-64 гг., маршал Кароннага Трыбуналу 1761 г., канцлер вялікі каронны 1764-67 гг.; адзін з кіраўнікоў партыі Фаміліі; у частцы сваіх маёнткаў адмяніў паншчыну, працаваў над гарадской рэформай; ў 1767 г. адмовіўся ад пасады канцлера пратэстуючы супраць вывазу дэпутатаў у Калугу. Апрацаваў "Зборнік судовых праў на падставе канстытуцыі 1776 г." т. зв. Кодэкс Андрэя Замойскага
Храптовіч Іаахім Літавор (1729-1812), дзяржаўны, навуковы і культурны дзеяч ВКЛ. Вучыўся ў Нясвіжскім калегіюме, Віленскай акадэміі, у Брунсбергу. У 1752-64 гг. стольнік наваградскі; выбіраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ у 1753, 1765 гг. (яго маршалак). З 1764 г. вялікі сакратар ВКЛ, з 1773 падканцлер ВКЛ, у 1793 прызначаны канцлерам ВКЛ (адмовіўся); у 1791-92 гг. член Пастаяннай рады, міністр замежных спраў Рэчы Паспалітай. Суарганізатар і член Камісіі народнай адукацыі (займаўся дэпартаментам школ ВКЛ). У часе Чатырохгадовага сойму апрацаваў праекты законаў аб направе ўраду і гарадскога права. Адзін з заснавальнікаў Варшаўскага таварыства сяброў навук. У працах «Аб штогадовым нацыянальным узнаўленні» (1802), «Аб натуральным праве» (1814 г.) развіваў ідэі адзінства і ўзаемазалежнасщ законаў прыроды і грамадства, асветніцкага гуманізму і маральнага ўдасканалення асобы. Аўтар вершаў на польскай мове, артыкулаў «Паэзія» (1781 г.), «Памяткі пра род Літавораў...» (апубл. 1890-91 гг.), артыкулаў на с.-г. тэмы. Ў сваім маёнтку ў Шчорсах (вёска ў Навагрудскім раёне) адмяніў паншчыну, пабудаваў палац , школу, уніяцкую царкву, заснаваў бібліятэку.
Масальскі Ігнацій (1729-1794), князь. З 1752 г. рэферандар літоўскі, з 1762 г. біскуп віленскі. Доктар кананічнага і рымскага права (1752 г.). Вучыўся ў Рыме. На сойме 1773-75 гг., на якім адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай быў паслушным інструментам расійскага амбасадара. У 1773-88 гг. падтрымваў, а часам ініцыяваў рэформы караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, крытыкаваў прыгоннае права. Першы старшыня Камісіі народнай адукацыі (1773-80 гг.). На Чатырохгадовым сойме 1788-92 гг. выступіў супраць прагрэсіўных рэформ, падтрымаў Таргавіцкую канфедэрацыю, член Пастаяннай камісіі. Рэдактар універсалу, у якім асудзіў паўстанне 1794 г., абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе публічна павешаны ў Варшаве.
Чатырохгадовы Сойм ( Вялікі Сойм) працаваў у Варшаве з 6.X.1788 г. па 29.V.1792 г. Маршалкі - рэферандар каронны С. Малахоўскі і генерал артылерыі ВКЛ К. Н. Сапега. Каб рашэнні маглі прымацца большасцю галасоў, сойм абвясціў сябе канфедэрацыяй. Выкарыстоўваючы міжнародную сітуацыю - Расія звязана вайной з Турцыяй, адкрыты пратэктарат Прусіі - правёў паступовыя грамадскія і палітычныя рэформы, скіраваныя на аднаўленне поўнага суверынітэту і ратаванне незалежнасці, а таксама палягчэнне гаспадарчага развіцця краіны. У 1788 г. вырашана стварыць 100-тысячнае войска, у 1789 г. зліквідавана Пастаянная рада як сімвал расійскага пратэктарату, Расія была вымушана вывесці з Рэчы Паспалітай свае войскі, у 1791 г. прыняты закон аб ладзе каралеўскіх гарадоў. Найважнейшым дакумантам, ухваленым соймам, стала Канстытуцыя 3 мая 1791 г., першая канстытуцыя ў Еўропе. Падчас апошняга году працы Сойму былі прыняты законы аб сойме, Стражы Правоў, камісіях, трыбуналах, якія развівалі пастановы канстытуцыі. Не паспелі закончыць працу па кадыфікацыі права, судовай і эканамічнай рэформ. Галоўныя дзеячы: Гуга Калантай, Станіслаў Малахоўскі, Ян Урсын Нямцэвіч, Ежы Патоцкі і кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Справу Чатырохгадовага Сойму разбурыла таргавіцкая канфедэрацыя і збройная інтэрвенцыя (18.V.1792 г.) Кацярыны II. Пасля прайгранай вайны з Расіяй і далучэння караля да таргавічан кіраўнікі сойму выехалі за мяжу, многія з іх адыгралі важную ролю ў касцюшкоўскім паўстанні 1794 г.
Панятоўскі Міхал Ежы (1736-94), князь, біскуп, брат караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, прымас. З 1773 г. біскуп плоцкі, з 1784 г. архібіскуп Гнезна, прыхільнік прарасейскай арыентацыі, арганізатар і галоўны кіраўнік каралеўскай партыі, член Пастаяннай рады, член, а з 1766 г. старшыня Камісіі народнай адукацыі; праціўнік шырокіх рэформ дзяржаўнага ладу, як прымас увайшоў у склад Стражы Правоў. Пасля гарадзенскага сойму 1793 г. член адноўленнай Пастаяннай рады, быў супраць паўстання Т. Касцюшкі, грамадская думка абвінаваціла яго ў здрадзе (доказы адсутнічаюць), памёр праўдападобна смерцю самазабойцы.
Нарушэвіч Адам (1733-96), паэт і гісторык, езуіт. Вучыўся у Пінскім езуіцкім калегіюме, Віленскай акадэміі (1748-54 гг.), Ліёне ў Францыі (1758-62 гг.). З 1775 г. біскуп тытулярны, з 1788 г. смаленскі, з 1790 г. луцкі; 1781-86 гг. сакратар Пастаяннай Рады. Выкладаў у Віленскай акадэміі (да 1773 г.), Варшаўскім езуіцкм калегіюме (1762-64 гг.), Рыцарскай школе ў Варшаве (1766-67 гг.). Сенатар Чатырохгадовага сойму. У 1771-77 гг. радактар часопіса "Забаўкі прыемныя і карысныя", супрацоўнік і прыдворны паэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага, у сваёй творчасці быў прапагандыстам каралеўскай праграмы рэформаў, творца станіславаўскага класіцызму. Аўтар вострых сатырычных твораў ( Wiek zepsuty 1771, Chudy literat 1773), гераічных і гумарыстычных од ( Do bizuna 1779), ідылій, лірычных твораў, трагедый. Па ініцыятыве караля апрацаваў "Гісторыю польскага народу" (т. 2-6 1780-86, т. 1 1824), якую давёў да панавання Ягайлы. Сабраў 231 том матэрыялаў "Acta regum et populi Poloni" (т.зв. папкі Нарушэвіча), якія з'яўляюцца вялікай каштоўнасцю для сучаснай навукі.
Каад'ютар, у каталіцкім касцёле святар прызначаны касцельнымі ўладамі да дапамогі святару вышэйшага звання, звычайна біскуп тытулярны, устаноўлены пры асобе біскупа ардынарыя альбо пры апостальскай сталіцы