Алена Іваноўская
«Сям'я наша была цікавай. Мой бацька Станіслаў меў трох братоў розных нацыянальнасцей. Самы старшы Ежы, інжынер, шмат разоў займаў міністэрскія пасады, быў сенатарам ІІ-й Рэчы Паспалітай і лічыў сябе палякам. Другі - Вацлаў, хімік, прафесар Варшаўскай Палітэхнікі, быў беларусам. Трэці - Тадэвуш, заолаг, прафесар Ковенскага універсітэта, быў летувісам. Такія сямейныя падзелы не былі рэдкасцю на тэрыторыі былога ВКЛ, і асаблівай адзнакай сям'і Іваноўскіх было не гэта, а тое што мой дзядзька Тадэвуш меў у сваяках прыёмнага радавітага кітайца, - такога больш ні ў каго не было», - пісаў пра сваю сям'ю прафесар Гданьскага універсітэта Казімір Іваноўскі.
Усе браты былі яркімі постацямі, але гераіняй гэтага аповеду будзе адзіная дачка Леанарда і Ядвігі Іваноўскіх - Алена Скіндар, сястра чатырох братоў. У памяці сыноў бацька застаўся негаваркім і строгім. Любіў і песціў толькі дачку, да сыноў жа ставіўся сурова, і яны яго нават баяліся.
Алена (Хэлена) Іваноўская нарадзілася ў 1885 годзе ў Лябёдцы Лідскага павета чацвёртым дзіцём у сям'і. Як і браты, сярэднюю адукацыю атрымала ў Варшаве. У якой гімназіі вучылася - невядома. Яе старэйшы брат Вацлаў на пачатку 1890-х паступіў у 5-ю мужчынскую гімназію, якая змяшчалася ў прыватным будынку на рагу Маршалкоўскай і Пенкнай вуліц (цяпер там плошча Канстытуцыі) і скончыў яе ў чэрвені 1899 года. Улічваючы розніцу ва ўзросце - пяць гадоў, - Алена павінна была вучыцца прыкладна да 1904-га.
Дачка Вацлава Іваноўскага, пляменніца Алены Ганна Карнецкая пісала: «Я мела цётку, сястру майго бацькі, незвычайную жанчыну, якая нас маладых у пэўным сэнсе натхняла. Перад Першай сусветнай вайной яна атрымала вышэйшую адукацыю па сельскай гаспадарцы ў Кембрыджы і спецыялізавалася на гадоўлі коней. Была дасканалай наезніцай, яе ўзгадавалі ў сваіх працах навукоўцы-гіполагі (напрыклад праф. Прускі). Сама вырашыла, на каго і дзе хоча вучыцца, і была накіраваная бацькамі на вучобу пад наглядам уласнай цёткі, маёй стрыечнай бабулі Хэлены. Потым аказалася, што студэнткі жывуць у кантралюемых інтэрнатах свайго каледжа і апека над імі не патрэбна. Былі гэта іншыя часы».
Такім чынам, каля 1905 года Алена Іваноўская прыехала на навучанне ў каледж Нью-Нам Кембрыджскага ўніверсітэта. Усе Іваноўскія любілі сабак, звяроў і паляванне, аднак сярод іх асабліва вылучаліся Алена і Вацлаў. Любоў да хатніх жывёл - добрая еўрапейская звычка. Алена расказвала, што, калі яна вучылася ў Кембрыджскім універсітэце, сярод яе знаёмых былі асобы, якія нават у лабараторыю прыходзілі з вавёркай на руках або за пазухай, а нехта меў нават вялікую афрыканскую яшчарку. Многія студэнты не развітваліся са сваімі сабакамі - з імі прыходзілі ў лабараторыі: звяры там мелі свае посцілкі і пасля заняткаў вярталіся з гаспадарамі дахаты.
У Кембрыджы пераважна з англійскай арыстакратыі і пры яе ўдзеле склаўся гурток студэнтаў, які даследчык Гай Пікарда назваў «Кембрыджскай хеўрай». У гуртку бралі ўдзел паэт Руперт Брук, біяхімікі Мюрыэл Уэлдэйл, Гуя Онслаў і іншыя. Удзельнікі суполкі сур'ёзна цікавіліся беларускім фальклорам, а сяброўка Руперта Брука Кэтрын Кокс у 1912 годзе некалькі месяцаў правяла ў Лябёдцы.
Трэба заўважыць, што сябры Кембрыджскага гуртка, у які ўваходзіла Алена, вывучалі паганства, і таму фальклор, у тым ліку і беларускі, цікавіў іх з гэтага боку. З 1914 да 1924 года Алена Іваноўская разам з Гуі Онславам (1890 г. н.) апублікавала ў лонданскім часопісе «Folklore» тэксты і ноты беларускіх песень, запісаных у ваколіцах Лябёдкі. Публікацыі беларускага фальклору суправаджаліся вялікімі ўступнымі тэкстамі, якія знаёмілі брытанскіх чытачоў з Беларуссю. Напрыклад, сярод іншага ва ўступе да першай публікацыі 1914 года сааўтары напісалі: «Вялікія лясы, якія па-ранейшаму пакрываюць тут зямлю, аказалі глыбокі ўплыў на характар людзей. Гэтыя лясы - апошнія некранутыя лясы Еўропы, і тут да нашага часу жывуць зубры. Да чатырнаццатага стагоддзя лясы давалі жыхарам адчуванне небяспекі ад ворагаў, сюды не даходзілі цывілізацыя і хрысціянства, якое ахапіла да таго часу больш даступныя краіны, і таму тутэйшыя жыхары былі адным з апошніх паганскіх народаў у Еўропе. Іх рэлігіяй было натуральнае пакланенне сімвалам дрэва, агню і змяі. У пушчы меўся Зніч, ці непагасны агонь (у Віленскім саборы ляжыць камень, на якім падтрымлівалася гарэнне Зніча, а звонку стаяла вежа, з якой Крыве-Крывейта звяртаўся да людзей)...». Заўважу, што Алену Іваноўскую цікавілі менавіта лакальная, наша, лідская гісторыя і тутэйшы фальклор.
Першая публікацыя 1914 года ўтрымлівала беларускія тэксты шасці песень з перакладамі на англійскую мову [1]. Ва уступе тлумачыцца паходжанне песень і падаецца кароткая гісторыя Беларусі. Сярод іншага аўтары пішуць: «Часам кажуць Беларусы ці Белыя рускія, аднак ніводзін беларус ніколі не дазволіць называць сябе імем, якое значыць, што ён - расіец» [2]. Тут упершыню ў англійскай тэрміналогіі быў выкарыстаны тэрмін «WhiteRuthenia» замест «WhiteRussia».
У тым жа 1914 годзе сааўтары апублікавалі яшчэ дзевяць песень [3]. Наступныя песні з іх перакладамі выйшлі толькі праз дзевяць гадоў. Гуя Онслаў, паралізаваны пасля інцыдэнту пры катанні на лыжах у 1911 годзе, памёр у чэрвені 1922-га і, такім чынам, не ўбачыў надрукаванымі трэцюю і чацвёртую публікацыі перакладаў. Незадоўга да яго смерці Алена Іваноўская наведвала Англію, і таму ў прадмове да трэцяй часткі згадваецца, што «захаванне і завяршэнне гэтай каштоўнай калекцыі хутка знікаючых народных песень» стала магчымым толькі з-за «яе нядаўняга візіту у гэту краіну і адданасці жонкі сп. Онслаў». Трэцяя частка, апублікаваная з дапамогай жонкі Онслаў Мюрыэл Уэлдэйл (Muriel Wheldale), змяшчала дзесяць [4], а чацвёртая - дванаццаць беларускіх песень [5]. Усе пераклады рабіліся ў традыцыйным англійскім «навуковым» стылі, перакладчыкі адначасова выступалі і як этнографы - тэксты песень маюць вялікую колькасць тлумачальных зносак. У прадмове да чацвёртай часткі сааўтары тлумачаць: «Асаблівасцю першых чатырох вясельных песень з'яўляецца тое, што яны маюць сумныя словы і музыку. Гэта на самой справе не дзіўна, як здаецца на першы погляд, бо ў Беларусі вяселлі - сапраўды журботныя святы, ва ўсялякім разе, да нядаўняга часу гэта было менавіта так. Бо падчас прыгону гаспадар меў не толькі амаль што ўсю ўладу над жыццём і смерцю сялян і мог караць іх па сваім меркаванні, але меў яшчэ і прывілей цераз сілу жаніць людзей, і часта шлюб адбываўся так, як у рабоў у Амерыцы. Таму часта каханне і шлюб былі паняццямі ўзаемавыключнымі».
У каментарыях яшчэ адзначалася, што для беларуса колькасць кукаванняў зязюлі азначае тое ж самае, што і ў Англіі, і «дружкі» на вяселлі, як і ў Англіі, суправаджаюць маладых. Але сэнс слова «цягаўся» тлумачыцца французскім словам «fl âner» - англійскага адпаведніка гэтаму беларускаму слову не знайшлося. Гэтаксама немагчыма было дакладна перакласці на англійскую мову радок «Ой, няхай ён скача як Белка», бо «Белка» у гэтай песні - мянушка сабакі, і сэнс выразу атрымліваецца шматзначны. Не знайшлося адпаведніка і слову «кудзелька» - кавалку воўны ў калаўроце [6], і Алене даводзілася тлумачыць, што гэта такое.
Такім чынам Алена Іваноўская і Гуя Онслаў зрабілі першыя навуковыя пераклады мастацкіх тэкстаў з беларускай на англійскую мову.
З пачаткам Першай сусветнай вайны Кембрыджская суполка перастала існаваць. Алена Іваноўская з'ехала на радзіму і ў 1915 годзе трапіла пад нямецкую акупацыю.
Але вернемся трошкі назад. Выбітны беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч, выдавец і публіцыст Аляксандр Мікітавіч Уласаў у 1912 годзе ў Вільні наладзіў выданне сельскагаспадарчага часопіса «Саха» дэмакратычнага накірунку [7]. На старонках яго прапагандаваліся прагрэсіўныя метады апрацоўкі зямлі, палепшаныя гатункі насення, шматпольная сістэма севазвароту. Часопіс арыентаваў на спецыялізацыю гаспадаркі, развіццё жывёлагадоўлі, пісаў пра розныя аспекты садоўніцтва, агародніцтва, даваў гаспадарчыя парады.
Ужо ў другім нумары «Сахі» з'яўляецца артыкул Алены Іваноўскай (пад псеўданімам Г. Ів. м. Васілішкі, Віл. губ.) «Як з прастой кабылы дахавацца заводнага жэрэбца». У трэцім нумары зноў надрукаваны яе артыкул, гэтым разам «Як даглядаць каня, хворага на золзы» (пад псеўданімам Г. І. Лябёдка, Віл. г.). У чацвёртым нумары «Сахі» друкуецца артыкул В. Тройцы (Вацлава Іваноўскага) пра канюшыну і артыкул Алены Іваноўскай «Школа і прышчэпкі» (за подпісам: Алена, м. Хільчыцы, Лідзкі пав.). Такім чынам, адразу вызначаюцца галоўныя, цікавыя для аўтаркі тэмы: гадоўля коней і садаводства.
За 1912-1913 гады ў першых васямнаццаці нумарах часопіса «Саха» Алена Іваноўская друкуе дзесяць артыкулаў, і ўсе яны напісаны на вельмі добрай, сапраўды жывой беларускай мове.
У перыяд з 1927 па 1931 гады яўных публікацый Іваноўскай (у той час ужо Скіндар) у часопісе «Саха» я не выявіў. Часопіс друкуе аўтараў пад псеўданімам І. С. (Іваноўская-Скіндар?), С. (Скіндар?), С. А. (Скіндар Алена?) па тэмах, на якія магла б пісаць Іваноўская. У №10 «Сахі» за 1928 год друкуецца вялікі і змястоўны артыкул з малюнкамі па конегадоўлі, але ён наогул не мае ніякага подпісу. І трэба адзначыць, што ўсе гэтыя артыкулы напісаны сухой, не характэрнай для Алены Іваноўскай мовай. Супрацоўніцтва з беларускім часопісам у тыя часы магло быць небяспечным для ўладальніцы маёнтка, да таго ж, у чэрвеньска-ліпеньскім нумары за 1928 год паведамляецца пра арышт рэдактара У. Павалковіча і затрымку выдання часопіса. Але калі нават не браць гэта пад увагу, трэба разумець, што людзі, бывае, змяняюцца: змяняюцца іх прыярытэты і зацікаўленасці. Алена магла спыніць супрацоўніцтва з беларускай прэсай і пачаць пісаць у польскую ці наогул страціць цікавасць да журналістыкі.
Вядома, што з канца 1914 года Алена Іваноўская ў Лідскім павеце з'яўлялася прадстаўніком Віленскага аддзела таварыства дапамогі ахвярам вайны. Мне ўдалося знайсці наступны артыкул у газеце «Кур'ер Літоўскі», надрукаваны ў самым пачатку 1915 года: «Уладальнік маёнтка Гурнофель на Лідчыне сп. Альфрэд Бразоўскі знайшоў годную форму таварыскай забавы і адначасова дапамогі бежанцам. Ён запрасіў у Гурнофель на святкаванне Новага года сваіх суседзяў. І калі ў гасцінных салонах старога палаца сабралася шмат гасцей, найбліжэйшая суседка Гурнофеля панна Яніна Паплаўская з Воўчынак разам з гаспадаром арганізавала з моладзі канцэртную дружыну, якая выступіла на імправізаванай эстрадзе. Панна Ірэна Жураўская [8], якая цяпер вучыцца ў Мышугі [9], з першай хвіліны свайго выступу захапіла прысутных, якія аддзячылі спявачцы апладысментамі і кветкамі … і доўга не адпускалі з эстрады яе сястру Яніну. Потым выступіў знаны спявак Станіслаў Куцінскі … яго талент атрымаў агульнае прызнанне. Мілую неспадзеўку зрабіў адвакат Мацей Ямант, калі прысутныя ўгаварылі яго заспяваць. Прыгожы барытон спевака здабыў сэрцы слухачоў. І калі жонка Яманта ў атачэнні іншых спадарынь пачала збіраць грошы, за адну хвіліну былі ахвяраваны 500 рублёў, якія тут жа ўручылі прысутнай сярод гасцей дэлегатцы ад Лідскага павету ў Віленскім аддзеле польскага таварыства дапамогі ахвярам вайны панне Алене Іваноўскай. Грошы ахвяравалі: малады паэт Антон Прыбытка [10], Уладзіслаў Брахоцкі з дачкой і сынамі, Антаніна Жураўская з дочкамі, дырэктар дэпартамента аднаго з міністэрстваў у Пецярбургу, тайны дарадца Леанард Іваноўскі з дачкой, яго сын з жонкай і кузінамі, адвакат Мацей Ямант, жонка генерала Прыбыткі з сынамі, сп-ры Баеры, Мікульскія, Кастравіцкія, Крыгелі, Корбуты, Урублеўскія, Паплаўскія, Сахоцкія, Стапінскія, Свяцкевічы, Фрэйтагі і іншыя».
Немцы занялі Ліду 22 верасня 1915 года.
Першая беларуская школа ў зоне акругі Обер-Ост [11] была адкрыта 13 лістапада 1915 года ў Вільні на Юр'еўскай вуліцы дзякуючы намаганням нашай зямлячкі Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і Баляслава Пачобкі з удзелам першай жонкі Вацлава Іваноўскага Сабіны Іваноўскай.
Несумненна, падчас грамадскай працы па дапамозе ахвярам вайны Алена зноў зблізілася з колам беларускай інтэлігенцыі, тым больш што сярод стваральнікаў першай беларускай школы ў Вільні была і жонка яе брата Сабіна, і суседка Алаіза Пашкевіч. Таму ўжо ў лістападзе 1915 года ў мястэчку Васілішкі Лідскага павета Алена Іваноўская адкрыла беларускую пачатковую школу. Але школа доўгі час не магла распачаць заняткі з-за супрацьдзеяння мясцовага «абыватэльскага» камітэта, у якім панавалі польскія абшарнікі. І ўсё ж Алена Іваноўская - першая вядомая нам беларуская настаўніца на Лідчыне.
Падчас Першай сусветнай вайны яна навучылася паляваць конна з хартамі на зайца: «Мяне ў гады Першай сусветнай вайны навучыў паляваць Мацей Марачэўскі. Тады палі былі пераважна неапрацаваныя і развялося шмат зайцаў. З'язджаліся з ім у дзесяці кіламетрах ад Лябёдкі. Зайцамі карміла ўвесь дом».
А ў 1919 годзе вакол Лябёдкі, у якой жыла Алена, разгортваліся драматычныя падзеі.
У гэтым месцы трэба згадаць сябра Вацлава Іваноўскага Амброзія Кастравіцкага - брата Казіміра Кастравіцкага, які таксама на пачатку XX стагоддзя займаўся беларускім кнігавыдавецтвам. У той час Кастравіцкі жыў у Лідзе і ў кастрычніку 1918 года разам з сынам Самуэлем з'яўляўся сябрам польскай Самаабароны Лідчыны.
Бацька і сын Кастравіцкія вызначыліся падчас падзей вакол Лябёдкі Іваноўскіх. Зімой 1918-1919 гадоў у суседнім з Лябёдкай маёнтку Гурнофель знаходзілася база вайсковых аддзелаў польскай Самаабароны. На пачатку студзеня аддзелы Самаабароны паспрабавалі выбіць з Ліды бальшавікоў, але паход на Ліду не ўдаўся.
Пасля гэтага 9-ы Лідскі конны аддзел Самаабароны з мэтай выведкі ў бок Ліды спыніўся ў маёнтку Лябёдка. 15 студзеня 1919 года атрад чырвоных, які налічваў 300 добра ўзброеных жаўнераў і меў некалькі кулямётаў, на вазах накіраваўся ў бок Васілішак. 16 студзеня ноччу, калі на варце знаходзіўся 16-гадовы гімназіст-улан Самуэль Кастравіцкі, а пры канюшні - Лявон Барташэвіч, чырвоныя наблізіліся да Лябёдкі. Заўважыўшы бальшавікоў, вартавыя пачалі страляць, але ўвесь Лідскі аддзел спаў у сваёй казарме. Не бачачы супраціву з польскага боку, чырвонаармейцы ўварваліся на падворак, узялі ў палон Барташэвіча і параненага Кастравіцкага і занялі канюшню з коньмі. Пасля блытанага начнога бою 9-ы конны атрад Лідскай Самаабароны быў разбіты - уцяклі толькі 4 чалавекі, 6 уланаў былі забіты, 7 узяты ў палон, у рукі чырвоных трапілі 19 коней і 5 000 марак.
17 студзеня аддзелы Самаабароны з Гурнофеля адышлі да Шчучына, але яшчэ вечарам 16 студзеня доктар Амброзі Кастравіцкі на двух параконных санях прывёз з Лябёдкі ў Гурнофель целы загінуўшых: харунжага Стэфана Крыдля, капрала Юзафа Мейлуна, капрала Станіслава Шалевіча і ўланаў Юльяна Лібіха, Віктара Шкопа і Станіслава Вайцяхоўскага. Пасля гэтых падзей сястра Вацлава Іваноўскага Алена хавалася ў Гродне.
У 1922 годзе, незадоўга да смерці сябра сваёй маладосці Гуі Онслава, Алена Іваноўская прыязджала ў Англію. Пляменніца Ганна Карнецкая з Іваноўскіх згадвала: «Цётка Алена час ад часу наведвала Англію і калі-нікалі адтуль прыязджалі яе сяброўкі. Захапляліся несапсаванай вёскай і драбіністымі вазамі ... Гэта цётка Алена з сваімі англійскімі звычкамі навучыла мяне спаць летам у садзе ці на тэнісным корце пад зоркамі. Цётка кожны вечар выцягвала палявы ложак за дом, а часта слала сабе на сене перад верандай, там, дзе газон пераходзіў у луг, разам з ёй клаліся яе харты. На ранку купалася ў халодным ручаі і потым практыкавалася ў конным спорце».
Сусед Іваноўскіх Караль Лясковіч успамінаў, што Алена незалежна ад надвор'я купалася ў рацэ да самых маразоў і гэтую звычку захавала да канца жыцця.
У першай палове 1920-х Алена выходзіць замуж за Казіміра Скіндара (1891-1941?), уладальніка маёнтка Капцюха. Пляменнік Казімір Іваноўскі так апісвае вяселле сваёй цёткі: «У касцёле Старых Васілішак брала шлюб цётка Алена Іваноўская. Яна вельмі любіла коней і хартоў і была дастаткова эксцэнтрычнай жанчынай. Пастанавіла прыступіць да шлюбу ў касцюме амазонкі. Калі вяселле конна выехала з Лябёдкі, замкнутыя ў доме харты вылі ад роспачы і выглядвалі ў вокны, каб убачыць кавалькаду, якая паехала ў касцёл. Тады нехта выпусціў сабак на волю і яны па свежаму следу кінуліся наўздагон. Дзверы касцёла былі адчынены, таму ўся зграя з сямі шчаслівых, бо знайшлі гаспадыню, сабак радасна вылецела да алтара якраз падчас цырымоніі. Нягледзячы на замяшанне, шлюб адбыўся».
Падобна да таго, што гэтае вяселле запомнілася сваякам і суседзям, бо і Ганна Карнецкая з Іваноўскіх успамінала: «Пасля смерці дзеда Леанарда (1919 г.) у Лябёдцы гаспадарылі толькі цётка Алена са сваім мужам (да шлюбу ў парафіяльны касцёл паехала конна і ў брыджах) - землеўладальнікам, дальнім суседам, а ўсе яе браты выйшлі са сваімі надзеламі».
Пра сабак, і коней, і шлюб Алены памяталі і пісалі ўсе яе суседзі. Напрыклад, у рукапісе ўспамінаў уладальніка Малога Мажэйкава Андрэя Брахоцкага чытаем: «Недалёка ад Касцянёва быў маёнтак Лябёдка Іваноўскага, які ў свой час ажаніўся з паннай Райхель. Уладальніка Лябёдкі называлі "генералам", бо ён калісьці служыў у Пецярбургу і меў чын "тайного советника", быў дырэктарам дэпартамента гандлю і прамысловасці, што ў той час лічылася вельмі высокай пасадай у іерархіі царскага чынавенства ў Пецярбургу. Купіў ці быў дзедзічам Лябёдкі, маёнтка ў чатырыста гектараў, якія асушыў, пабудаваў новыя добрыя будынкі і завёў чатыры тысячы пладовых дрэў. Меў чатырох сыноў і адну дачку. Два сыны лічылі сябе палякамі, адзін быў беларусам, а адзін - летувісам. Дачка выхоўвалася ў Англіі... і мела вялікую сімпатыю да гэтай дзяржавы. Тая сімпатыя выражалася ў тым, што яна ўсё жыццё падтрымлівала стасункі з сябрамі з Англіі, гадавала коней і сабак - спачатку англійскіх гончых, а потым хартоў. Аднак яе галоўным захапленнем былі коні. Яна лічыла, што конь мае душу, спрабавала прышчапіць англійскія звычаі на нашай тэрыторыі, нават арганізоўвала паляванне з гончымі і хартамі ў чырвоных фраках, што неяк не вельмі пасавала да ліцвінскага пейзажу і таму не надта добра атрымлівалася, а мясцовым сялянам дакладна не спадабалася. Ездзіла конна, нават да шлюбу паехала конна з сваім нарачоным панам Казімірам Скіндарам. Нарэшце на скачках у Лодзі ўпала разам з канём, конь яе прыдушыў, і яна доўгі час змагалася за жыццё ў шпіталі. Гэты выпадак не ахаладзіў яе захапленне коньмі, хоць і перастала выступаць на спаборніцтвах і больш не спрабавала арганізоўваць паляванне на ліс. ...Хартоў была поўная хата, і калі я прыязджаў у Лябёдку, дык яны панавалі ў салоне, займалі лепшыя крэслы і рыкалі на таго, хто хацеў іх з крэсла сагнаць».
Пра падзенне падчас спаборніцтваў пісаў і Казімір Іваноўскі: «На адным з іх конь не пераадолеў бар'ер, але цётка бар'ер пераадолела і прызямлілася на галаву. Пасля гэтага стала яшчэ больш дзіўнай і эксцэнтрычнай, хоць і да здарэння гэтага хапала».
Сусед Іваноўскіх, сын архітэктара Тадэвуша Раствароўскага Андрэй занатаваў: «Яшчэ бліжэй да Васілішак была Лябёдка пані Скіндар з Іваноўскіх - вялікай спартсменкі, якая гадавала прыгожых коней чыстай крыві. Яе муж, так званы "Казюньця" дапамагаў у гадоўлі коней і сабак-хартоў, а таксама ўгаворваў яе супакоіць запал наезніцы, бо яна шмат разоў падала з каня».
У Лябёдцы Алена Скіндар мела вялікая стайню, дзе гадавала прыгожых спартыўных коней і коней на продаж. Гэта быў галоўны падмурак яе гаспадаркі, галоўная крыніца даходу. Для рэкламы сваіх коней яна брала ўдзел у спаборніцтвах. Пляменніца Ганна пісала: «Яна гадавала коней-паўкровак для войска. Жыццё паміж войнамі для нас, маладых, здавалася раскошным. Нейкія рукі падавалі ежу, часам нават пад ліпамі ў лесе. Нейкія душы зімой палілі печы. Дарослыя, пэўна, мелі свае клопаты, бо кошты на збожжа былі нізкія. Таму гадоўля коней для войска, гэтак званыя "рамонты", ратавалі сітуацыю. Гэтая гадоўля была добрай справай».
Цікава, што па справах конскай вупражы ў Лябёдку са Старых Васілішак рэгулярна запрашалі рымара па прозвішчы Выдрыцкі - бацьку знакамітага музыкі Чэслава Немана.
Алена Скіндар у жыцці мела два галоўныя захапленні: коней і хартоў. Сабак Алена заўсёды трымала шмат - не менш за пяць прыгожых сібірскіх хартоў, якія былі часткай дзяцінства яе пляменніка Казіміра Іваноўскага. Ён ўспамінаў: «Чыста сабачая неразумнасць моцна кантраставала з прыроднай прыгажосцю і арыстакратычнасцю. Асабліва прыгожа яны выглядалі, калі ў полі суправаджалі кавалькаду вершнікаў. Але гэтыя сабакі маглі пакусаць нават дзяцей - маю асабісты досвед. Такія рэчы выходзілі за межы звычайных сабачых паводзін».
Харты штодзень карміліся аўсянкай, гатаванай на здыхліне, ад чаго смурод стаяў на палову палаца. Сабачая ежа разлівалася па лаханках недалёка ад кухні. Калі варыва трохі астывала, Алена, якая жыла на першым паверсе, пускала зграю, і сабакі беглі праз калідор, збіваючы ўсё, што траплялася на іх шляху: гэта былі гонкі за лепшым кавалкам мяса, які атрымліваў пераможца. Не дзіва, што Алена праз нейкі час развялася з мужам - жыць з такой жанчынай было цяжкім выпрабаваннем.
Любоў да хартоў і коней пераняў пляменнік Алены і Вацлава Іваноўскіх, сын Тадаса ад першага шлюбу Ежы Іваноўскі (1907-2008). Паручнік Іваноўскі нават у страшным верасні 1939 года падчас баёў з нацыстамі як пра найлепшыя моманты свайго жыцця ўспамінаў, як «з бацькам хадзіў на паляванне, як з цёткай Аленай конна ездзілі на ловы з хартамі, steeple [12]...». Потым ён ўсе жыццё будзе займацца гадоўляй коней і конным спортам. Сын Тадаса гадаваўся ў Лябёдцы, і цётка Алена аказала моцны ўплыў на яго выхаванне. Праз шмат гадоў Ежы (у сям'і яго звалі па-беларуску - Юрак) пісаў: «Як падаючыя зоркі з неба, з вельмі маладых гадоў мне свяцілі пэўныя размовы. Цётка Алена - тая, праз якую ў маім жыцці з'явіліся коні, казала: "Strow your heart over and horse will follow" [13]. Гэтак жа і з людзьмі».
Але добрую спартсменку, гаспадыню прыгожага палаца з пародзістымі коньмі і сабакамі, высокаадукаваную і цікавую жанчыну, Алену Скіндар, добра ведалі ў тагачасным грамадстве, і яна выклікала законную цікаўнасць з боку тагачасных творчых асоб. «Алене Скіндар-Іваноўскай, слыннай наезніцы і знаўцы хартоў з удзячнасцю пра чароўны адпачынак ў яе Лябёдцы і цудоўныя конныя шпацыры з ёй», - з такім прысвячэннем да першай главы ў 1934 годзе выйшла кніга прозы Ежы Стрэмя Яноўскага.
Летам 1939 года ў Алены гасцяваў знакаміты пісьменнік Сяргей Пясецкі. Аўтар аўтабіяграфічнага рамана «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» толькі ў 1937 годзе вырваўся з турэмных муроў, і кніга адразу прынесла яму вядомасць і датэрміновае вызваленне з турмы. За два перадваенныя гады раман быў выдадзены на адзінаццаці мовах свету.
Адразу Пясецкі патрапіў у суседні з Лябёдкай маёнтак Воўчынкі, якім валодала экстравагантная абшарніца Яніна Мейр. Пра гаспадыню гэтага маёнтку яе сусед Караль Лясковіч пісаў: «Яніна Мейр з Паплаўскіх - сапраўдная з'ява ў нашым павеце. Перад Першай сусветнай вайной яна ўспадкавала ад бацькі і дзядзькі значны маёнтак, які складаўся з фальваркаў і меў агульную плошчу каля 800 га. У 1939 годзе засталося толькі 244 га. Астатнюю зямлю гаспадыня ці танна прадала, ці падарыла сябрам і сялянам з навакольных вёсак. Было ў ёй нешта ад Жорж Санд. Не надта прыгожая, але вельмі жаноцкая, самастойная, з разнастайнымі зацікаўленасцямі, поўная капрызаў, рамантычная, падобная на суфражыстку. Інтэлектуалка, якая кіравалася ў жыцці сантыментамі. У яе Воўчынках бывалі госці розных поглядаў і прафесій: літаратары, артысты, палітыкі і нават "нябесныя птушкі". Калі б у той час жыў граф Каліёстра - ён не абмінуў бы Воўчынак, як не абмінуў іх авантурнік, перамытнік і нават бандыт Пясецкі, аўтар "Каханка Вялікай Мядзведзіцы". У Воўчынках увесь час бавіліся госці, хоць гаспадыня дома не надта думала пра кухню. Падчас летніх вакацый Воўчынкі нагадвалі нейкую рэспубліку, у якой кожны госць гаспадарыў як у сваім доме. Дазвалялася яму ўсё, акрамя аднаго: быць нудным».
Верагодна, пазнаёміліся Алена Скіндар і Сяргей Пясецкі ў суседніх Воўчынках.
Пікантнасць знаходжання Пясецкага ў Лябёдцы была ў тым, што менавіта за ўзброены рабунак вагона вузкакалейкі (платформы з дошак на чыгуначных колах, якую па рэйках цягнуў конь, - так званай «лоркі»), які курсіраваў паміж Скрыбаўцамі і Васілішкамі - практычна ў ваколіцах Лябёдкі, Сяргей Пясецкі ў 1927 годзе Лідскім судом быў прыгавораны да смяротнага пакарання, якое потым было заменена на пятнаццаць гадоў турмы [14]. Пра дзёрзкі ўзброены налёт на «лорку» і суд над Пясецкім пісалі ўсе тагачасныя віленскія і варшаўскія газеты. Так атрымалася, што Вацлаў Іваноўскі жыў тады ў Германіі і пра падзеі каля Васілішак прачытаў у нямецкіх газетах, якія падрабязна пісалі пра рабунак на «міжнароднай трасе Васілішкі - Скрыбаўцы». З'яўленне ў Лябёдцы сапраўднага «бандыта» выклікала шок у жыхароў наваколля і прыслугі Алены, бо мясцовыя людзі добра памяталі той рабунак і як пра вялікую сенсацыю распавядалі пра яго нават праз шмат гадоў.
Як толькі Сяргей Пясецкі з'явіўся ў Лябёдцы, зайздросныя суседзі празвалі яго «Каханкам старой мядзведзіцы». А старая ахмістрыня Іваноўскіх сп. Мазгель - паважаная гаспадыня дома, - запытала ў пляменнікаў пра госця нашай спадарыні. Ёй патлумачылі, што гэта менавіта той самы чалавек, які абрабаваў лорку.
- Я іду дамоў, з такім бандытам пад адным дахам начаваць не буду, - са здаровым сялянскім сэнсам сказала старая.
З цяжкасцю ёй растлумачылі, што цяпер гэты чалавек знакаміты пісьменнік і рабаваць яе, пэўна, не будзе. Але ахмістрыня так і не зразумела, як можна запрашаць і прымаць у сваім доме бандыта.
Пляменнік Алены Казімір Іваноўскі часта размаўляў з Пясецкім: «Той цікава расказваў пра сваё бурлівае жыццё, а адзін яго аповед запомніўся мне назаўсёды. Акрамя іншага, ён яшчэ і краў коней. Каб скрадзены конь не заржаў, выкарыстоўваўся стары трук. Да конскага хваста прымацоўвалі камень, прычым валасы хваста завязвалі так, каб камень быў як ў сетцы. Пасля гэтага конь ніколі не ржаў.
Ужо падчас вайны, амаль што нічога не узяўшы з сабой, мая цётка збегла ў летувіскую Вільню. На фурманцы праз мяжу вёз яе барадаты стары селянін па імені Гаўрыла. Мяне зацікавіла, як яны абмінуць густыя патрулі савецкіх памежнікаў, каб конь ні разу не заржаў.
- А вельмі проста, усадзім яму камень у хвост, - адказаў стары.
- Дык гэта вы, спадар Сяргей! - усклікнуў я.
Нягледзячы на добры грым, я пазнаў яго, і ён моцна сканфузіўся. Супакоіў яго, сказаўшы, што пазнаў толькі з-за гісторыі пра каня».
Пра ўцёкі з Лябёдкі я яшчэ напішу, а пакуль што заўважым, што ратаваў Алену Скіндар сам Пясецкі.
Тым апошнім перадваенным летам ў Лябёдцы акрамя Пясецкага гасцявала яшчэ і сяброўка Алены - англійская журналістка Клер Райнольд Чансэрэль (Clair Raynolds Chancerelle). Прозвішча яе тлумачыцца замуствам з французам, але да 1939 года яна развялася. Вядома, што вечарам 31 жніўня 1939 года Клер Райнольд Чансэрэль знаходзілася ў маёнтку Ішчална: «Дарогу з Лябёдкі да Ішчалны - 10 км, яна праехала конна. ...У Лябёдцы знаходзілася як журналістка. Пісала для некалькіх англійскіх газет пра наш край. Між іншым, ужо даслала ў Лондан апісанне і фотаздымкі Ішчалны. З ёй у нас завязаліся мілыя стасункі. Яна прыехала, каб расказаць нам вельмі важную навіну, перададзеную лонданскім радыё, - на ўсходняй мяжы Польшчы адбываецца вялікая канцэнтрацыя савецкіх войскаў».
Аднак вайна для ўсіх пачалася знянацку.
Любімая пляменніца Алены Скіндар Ганна Карнецкая пісала: «І прыйшла вайна 1939 года. Усе маладыя мужчыны і мае браты пайшлі ў войска. Мы, бабы, малацілі збожжа, каб нашы жаўнеры мелі хлеб, на патрэбу арміі аддавалі дарослых коней і вазы. Жылі ўсе разам у вялікім доме і, каб выжыць, кралі ўласную жыўнасць - курэй і качак з курніка. Ніякай уласнасці больш не мелі».
Пляменніца Ганна пісала далей: «Каля Лябёдкі, па фальварках, пазаставаліся іншыя жанчыны, пераважна з малымі дзецьмі, а таксама і я з сваёй маці (Сабінай з Ячыноўскіх - першай жонкай Вацлава - Л. Л.), якая жыла ў фальварку Рагачоўшчына. Нашы мужчыны пасля 17 верасня вярнуліся з фронту і патаемна пайшлі ў Вільню, каб потым перабрацца на захад і ваяваць. Тым часам паміж намі і Вільняй з'явілася мяжа: з аднаго боку ... новая Літва, з іншага - Беларусь. Браты з Вільні арганізавалі нам пераход праз гэту новую мяжу з нанятым кантрабандыстам».
Як мы ўжо ведаем, гэтым кантрабандыстам быў Сяргей Пясецкі. У паход праз мяжу ў Вільню Алена ўзяла толькі аднаго са сваіх хартоў - Яцуся. Ён меў цёмны колер і таму быў менш бачны ноччу. «Мы павінны былі зрабіць класічны нелегальны пераход мяжы - пасярод ночы і паміж вартавымі. Усе іншыя, белыя харты (мела яна іх сем) цётка пакінула людзям, у разліку што хутка вернецца. Англічанка забрала ў мяшок сваю партатыўную друкарку з тэкстамі, напісанымі ў нас, і выехала з цёткай на нанятай фуры. За імі я з маёй маці на іншай фуры. Маці жонкі майго брата з унукам Андрэйкам на трэцяй. Наша фура была з леснічоўкі Баяры, дзе мы бавілі вакацыі да вайны. Я хацела забраць любімую таксу Туркуця - бо гэта панскі сабака, а мы павінны былі ўдаваць з сябе бежанцаў ад немцаў з Варшавы. Рознымі спосабамі, праз Вялікія Салечнікі, арыштаваныя і зноў вызваленыя, нарэшце мы ўсе патрапілі ў Вільню. І сабака Яцусь і англічанка, а разам з ёй і мех з друкаркай і машынапіснымі нататкамі, футра для саней і мае французскія і англійскія слоўнікі і Ларус [15]. Пачалося савецкае, літоўскае, а потым зноў савецкае жыццё ў Вільні, у тлумах розных людзей, братоў і кузінаў - усе яны імкнуліся праз Літву і Швецыю і далей на захад, у войска. Цётку Алену пасялілі на вёсцы ў літоўскім фальварку дзядзькі Тадэвуша (фальварак Гелюкас). Сядзела там з Яцусем у атачэнні мясцовых жывёл. Памятаю, што на шпацыры з Яцусем хадзіла і свінка. ...Англічанка жыла ў Вільні і рабіла свае запісы. Вольны час праводзіла ў прафесарскім асяродку УСБ [16]. Англічанка хутка памерла ў Вільні ад завароту кішак».
Пляменніца не піша, што «нанятым кантрабандыстам» быў знакаміты пісьменнік Сяргей Пясецкі, але намякае на гэта, кажучы, што «пераход праз мяжу быў цалкам як у Сяргея Пясецкага ў кнізе "Каханак Вялікай Мядзведзіцы". Ці чыталі Сяргея Пясецкага? Пісаў ён і пра падпольныя акцыі падчас Другой сусветнай вайны».
У канцы 1939 года ў Вільні сабралася амаль уся сям'я Іваноўскіх: браты Вацлаў, Тадас і Станіслаў, сястра Алена, першая жонка Вацлава Сабіна з дзецьмі Стэфанам, Вацлавам і Ганнай.
У Вільні знаёмства паміж Аленай Скіндар і Пясецкім працягвалася. Гэта добра бачна з рамана «Чалавек, ператвораны ў ваўка». У рамане Пясецкага галоўны герой, ад імя якога вядзецца аповед (Юзаф), здымае кватэру ў маленькім доміку ў наваколлі Вільні ў жанчыны (Ядзвігі), якая з'яўляецца сястрой двух братоў (праўда, у рамане - стрыечных братоў), прычым адзін з братоў мае дачку Ганначку (нават імя супадае з Ганнай Іваноўскай, дачкой Вацлава). Але самае галоўнае, абодва браты - прафесары. Навукоўцы, пры тым адзін з іх «летувіс, а другі заўзяты беларус».
Верагодна, адным з прататыпаў Ядзвігі ў рамане стала будучая жонка пісьменніка прыгажуня Ядзвіга Вашкевіч, з якой ён пазнаёміўся падчас Другой сусветнай вайны, калі жыў у фальварку сям'і Вашкевічаў пад Вільняй. Але толькі Алена Іваноўская мела двух братоў-прафесараў, беларуса Вацлава і летувіса Тадаса, і толькі яны ў той час падыходзілі на гэтую ролю: ні адна сям'я ў нашых мясцінах у той час не мела гэткай асаблівасці.
Паміж героямі рамана Ядзвігай і Юзафам адбываецца размова:
«Ён зразумеў, што можа пазнаёміцца з палітычным дзеячам (маецца на ўвазе беларускім - Л. Л.)... узрадаваўся, але зрабіў выгляд, што яшчэ разважае.
- А можа, сціплы паляк паміж такімі нацыяналістамі будзе зайцам сярод ваўкоў? …
- Яны вельмі сімпатычныя, але сварацца паміж сабой.
- А як выглядае дзяўчына? (маецца на ўвазе Ганна, дачка прафесара - Л. Л.)
- У яе прыгожыя з агеньчыкам вочы, прыўкрасны твар і фігура. Яна ведае пра гэта і зазнаецца. ...
- Якога яна ўзросту?
- Такога, што ёй не трэба яго хаваць. Гэта мае гады - вялікі сакрэт.
...На сцежцы паказаліся двое мужчын. Першы, высокі, поўны вясёлы прафесар В., выціраў на хаду вялікай насоўкай спатнелы лоб. Другі, прафесар З., быў сярэдняга росту, шчуплы... ».
Потым паміж прафесарамі адбываецца спрэчка аб гісторыі і палітыцы, якая не надта адрозніваецца ад сучасных спрэчак, датычных спадчыны ВКЛ паміж беларусамі і летувісамі і г. д.
Згадванне ў рамане ўзросту Ядзвігі - яшчэ адна ўскосная прыкмета Алены Іваноўскай, а не Ядвігі Вашкевіч, маладой ў той дзяўчыны. Заўважу яшчэ раз, што пляменнік Алены Казімір амаль што наўпрост піша пра раман паміж славутым пісьменнікам («Каханкам старой мядзведзіцы») і Аленай Скіндар. Яна і насамрэч на пятнаццаць гадоў старэйшая за яго - Пясецкаму летам 1939 года споўнілася 38, Алена ж мела ўжо 52. Але стрымаюся, не хачу, не буду гадаць пра тое, ці было што паміж імі, але ведаю, што ў рэальным жыцці заўсёды адбываюцца падзеі, якія літаратар нават не можа і выдумаць.
«Калі прыйшлі немцы, мы, бабы (гэтак нас звалі мае браты), вырашылі трымацца сваёй зямлі, дзе нас заўсёды можна будзе знайсці, і ў верасні 1941 года вярнуліся ў свае вёскі. Пустыя дамы і стайні, але людзі спагадлівыя, далі нам збожжа і бульбы. Дрэва для печак з уласнага лесу. Вярнулі рэшткі мэблі», - успамінала Ганна Іваноўская.
Юры Туронак піша, што Вацлаў Іваноўскі, перш чым выехаць з Вільні ў Мінск, даручыў сваёй дачцэ Ганне вывезці з Вільні ў Лябёдку (і гэтак ўратаваць іх жыцці) дзвюх жанчын-яўрэек - Эму Альтберг і яе сястру Марыю Арнольд. Сям'я Альтбергаў - старыя знаёмыя Іваноўскіх. З Люцыянам Альтбергам Вацлава звязвала студэнцкае сяброўства, а таксама сямейная гісторыя: брат Вацлава, Тадас, жаніўся на Марыі Вольскай, якая неўзабаве кінула яго і выйшла замуж за Люцыяна Альтберга. Такім чынам паміж сябрамі атрымалася і нават нейкая сямейная сувязь. А ў Марыі Арнольд (з Альтбергаў) Вацлаў Іваноўскі ў свой час выкладаў хімію.
Дачка Вацлава Ганна ўспамінала: «Верасень ужо (1941 год. - Л. Л.). Паехала ў Вільню па цёплыя рэчы. Спаткала там бацьку і ён сказаў: "Добра, што ты ёсць. Маеш каня? Трэба ратаваць адсюль абодвух спадарыняў Альтберг". Забрала іх, бо немцы ў Вільні ўжо заганялі яўрэяў у гета. Я не думала, што рызыкую. Запыталася ў фурмана, які мяне вёз, ці пагодзіцца ён забраць "гасцей для мамы", ён усе зразумеў і заўважыў: "Яны маюць такія чорныя вочы". Ехалі тры дні, бо конь ішоў 40 км штодзень, а да Рагачоўшчыны было 120 км. Мы з фурманам часта ішлі пешшу, а старшыя спадарыні, якія мелі каля 50 гадоў, сядзелі на возе. Фурман быў файны, яго звалі Адольф Данілевіч, ён быў нашым арандатарам. На палове дарогі, у Эйшышках, Адольф кажа мне: "Панначка, людзі кажуць, што ў Эйшышках ужо зрабілі гета. Што рабіць будзем?" А я адказваю: "Адольфічак, можа неяк аб'едзем лесам?" І так даехалі да дома.
Рагачоўшчына была глухой вёскай, сюды ніхто акрамя сваіх не заходзіў. Але не мелі што есці. Купілі карову, свінку, арандатары давалі бульбу і збожжа. А потым выганялі самагон на продаж. Адзін раз злапалі мяне немцы, атрымала ад іх кіем, збілі ў мяса. Неяк абышлося, мяне сям'я выкупіла. Немцы не ведалі, што мы хаваем яўрэек. Пасля вайны Эма Альтберг была прафесарам фартэпіяна і клавесіна ў Вышэйшай музычнай школе ў Лодзі. Калі выйшла на пенсію, пераехала ў Варшаву. Я адведвала яе, была ў шпіталі і на яе пахаванні. Марыя Арнольд - доктар філасофіі, педагог, працавала ў бібліятэцы Інстытута агульнай хіміі ў Варшаве».
У 1979 годзе Марыя Арнольд з удзячнасцю расказвала гісторыку Юрыю Туронку пра клопаты Іваноўскіх, якія выратавалі яе і сястру ад гета і смерці.
Алена Скіндар з сабакам Яцусем у той час адна жыла ў сваёй частцы Лябёдкі, іншыя харты да таго часу ўжо памерлі. Нехта з сялян аддаў ёй аднаго коніка, нехта прынёс сядло. А Ганна Іваноўская з маці жыла ў фальварку Рагачоўшчына (які да падзелу маёнтка паміж баратамі быў часткай Лябёдкі), іх любімы сабака Туркуць памёр з голаду. Праз нейкі час маці з дачкой знайшлі сваё піяніна, потым з Вільні прывезлі ноты і тады яны разам з прафесарам Эмай Альтберг па вечарах гралі Шапэна. Хату асвятлялі карбідам ці лучынай. Потым здабылі адну карову і аднаго парсючка. Палі стаялі неараныя, бракавала коней і інвентару. У пошуках інвентару Ганна, як самая маладая, курсіравала паміж Вільняй і Лідай, ажно пакуль яе не арыштавалі немцы і не пасадзілі ў лідскую турму.
Першую палову вайны на сваёй частцы Лябёдкі жыў брат Алены Станіслаў з сынам Казімірам, потым ён перабраўся ў Вільню. Казімір пісаў: «...Заставацца на месцы было небяспечна. Старыя крыўды з ваколічнымі вёскамі ў той час вырашаліся пры дапамозе аўтамата ці сякеры.
З суседніх маёнткаў толькі мы ўдвох з Вітакам (сынам Станіслава Валейкі з Галавічполя. Станіслаў Валейка на пачатку XX стагоддзя разам з братамі і Вацлавам Іваноўскім выдалі беларускую газету «Свабода». - Л. Л.) засталіся на сваіх гаспадарках. Былі маладыя, хуткія, больш жвавыя, не мелі асабістых ворагаў і таму нашы шанцы выжыць былі большыя. Відочна, нехта павінен быў застацца на гаспадарцы, каб пільнаваць дамы, але падчас акупацыі слова "бяспека" не мела сэнсу. Так мы з Вітакам праз мяжу і гаспадарылі».
Казімір Іваноўскі згадвае адзін характэрны выпадак: «Гэта быў 1943 год, навокал панавала анархія. Гарэлі маёнткі і людзей без абвінавачванняў забівалі... На нашых тэрыторыях немцы не мелі ніякай улады, а ціха сядзелі ў бункерах. З ваколічных вёсак і мястэчак прыязджалі цэлыя табуны фурманак, каб высекчы дрэвы ў нашым лесе, - такім чынам ліквідавалася сацыяльная несправядлівасць.
Аднаго разу прыходзіць да мяне наш эканом Вінцук Санкевіч і кажа:
- Паніч! Прыехалі і вырубаюць ясень на мяжы Старога Саду. Нешта зрабі! Я не пайду, бо мяне заб'юць.
Сітуацыя была цяжкай. Зрэагаваць - значыць страціць жыццё, не зрэагаваць - страціць рэшткі прэстыжу, здрадзіць свайму гнязду. Далейшым крокам будзе рабунак дома і гаспадарчага інвентару. Кінуўся да Вітака і расказаў яму пра справы. Вітак маўчком выцягнуў з-пад шафы рэвальвер, узвёў курок і схаваў у кішэні. Паглядзеўшы адзін аднаму ў вочы, мы выйшлі з хаты. У той раз удалося захаваць дрэва, твар і сваю скуру. Праз некалькі дзён прыехалі старыя выбачацца і прасіць, каб мы вярнулі ім інструменты. Вярнулі».
З гэтых успамінаў пляменніка можна сабе ўявіць, як выжывалі жанчыны, якія, да таго ж, хавалі яўрэяў.
22 кастрычніка 2001 года за ўратаванне яўрэйскай сям'і званне «праведнікаў свету» было нададзена: Сабіне Іваноўскай з Ячыноўскіх, Алене Скіндар з Іваноўскіх, Ганне Карнецкай з Іваноўскіх і Адольфу Данілевічу.
Вось такая гісторыя чалавечнасці. Як для мяне - нічога дзіўнага, бо прыкладна гэтак жа паводзіла сябе большасць маіх суайчыннікаў. За сваё жыццё я наслухаўся шмат гісторый пра тое, як беларусы ратавалі, кармілі і хавалі яўрэяў, бо разумелі, што нельга забіваць людзей! І мая мама расказвала, як мой дзед даваў ёй кавалак хлеба - усё, што меў беларускі селянін у той час, - і адпраўляў у Ваўкавыскае гета, каб яна перадала той хлеб былым суседзям-яўрэям...
У 1944 годзе ўжо выразна адчувалася, што немцы сыходзяць. Рознымі шляхамі Іваноўскія здабылі ў немцаў пропускі на выезд у Варшаву. Апошняй, ажно ў Мінску, дастала пропуск для сябе і сваёй сабакі Алена Скіндар. Пляменніца Ганна ўспамінала, што падчас паездкі чыгуначнікі паводзілі сябе па-рознаму: дапамагалі ці, наадварот, з-за сабакі нават выкідвалі з цягніка. Але неяк на Вялікдзень 1944 года Алена ўсё ж дабралася да Варшавы і пасялілася ў сваякоў Міхаловічаў на вуліцы Лекарскай. На ўездзе ў Варшаву Алену абрабавалі. Жаўнеры заўважылі жанчыну ў футры з хартом на павадку, загадалі ёй распрануцца і ў адзенні знайшлі мяшочак з упрыгожаннямі. Усё забралі, пакінулі толькі сабаку.
Праз нейкі час Алена пасялілася на ўскрайку Варшавы - у Блоні (так па-польску завецца «Выган»), у хатцы вартаўніка сада. Ёй тут спадабалася, але, каб зарабіць, наймалася фурманам, працавала ў сялян на гаспадарцы, давала ўрокі французскай і англійскай мовы.
У лістападзе 1945 года пляменніца Ганна Іваноўская атрымала працу касіркі ў «Адмысловай сталовай аддзела культуры і мастацтва» Варшаўскага магістрата, якая знаходзілася ў Празе (раён Варшавы на правым беразе Віслы).
Аднойчы Ганна падавала яечню нейкаму англічаніну, які кіраваў групай дапамогі польскаму народу, і пачала з ім размаўляць. Раптам пачула: «Ці ведаеце вы, лэдзі, маю сяброўку, якую я шукаю, яе завуць Алена Скіндар?»
- Гэта ж мая цётка Алена! - адказвае маладая Іваноўская. - Так, я ведаю Алену Скіндар, яна жыве ў трыццаці кіламетрах ад Варшавы.
Ганна даведваецца, што гэтыя англічане - квакеры, пацыфісты і таму не служылі ў арміі, але былі абавязаныя прысвяціць адзін год грамадскай працы. Кіраўнік групы гаворыць, што хоча ўзяць сваю старую сяброўку ў якасці перакладчыцы ў пункт дапамогі, які месціцца дзесьці на былым плацдарме каля Віслы - там усё разбіта і людзі жывуць у зямлянках. Ганна сядае на ровар і едзе ў Блонь да цёткі.
Але да таго часу Алену Скіндар ужо гэтак знудзілі сяляне з Блоні, што яна ўцякае ў Люблін да Сабіны Іваноўскай (маці Ганны), якая там пасялілася ў недабудаваным доме свайго загінуўшага сына Вацлава. Жывучы ў Любліне, Алена мае харта Яцуся і таксу Пёку Сабіны. Гэтая такса, як і Яцусь, прыехала з Лябёдкі і перажыла Варшаўскае паўстанне.
У красавіку 1946 года ў Люблін прыехаў кіраўнік квакераў у Польшчы Філіп Зялей (той самы знаёмы па сталоўцы) і забраў Алену з сабакамі ў горад Кажаніцы. Запэўніў яе, што не трэба ні аб чым думаць, бо ён дасць ёй усё і будзе ўтрымліваць «яе як сам сябе». Алена з радасцю запісвае ў сваім дзенніку: «Здарыўся цуд, англічане мяне шукаюць на працу і дадуць мне і Яцулю харчаванне і заробак».
Кажаніцы - былая каралеўская маёмасць, месца нараджэння караля Жыгімонта Старога. У памяць аб гэтай падзеі ў 1518 годзе паставілі калону. Яна з'яўляецца сёння самым старым свецкім помнікам у Польшчы. У Кажаніцах меўся палац з цудоўным паркам, а таксама пушча для каралеўскага палявання. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай гэтая маёмасць была падорана нейкаму рускаму генералу.
Пасля Другой сусветнай вайны англійскі пункт дапамогі быў арганізаваны ў афіцыне каля напаўзгарэлага палаца. Яшчэ з 1920-х палац з афіцынамі стаў дзяржаўнай маёмасцю і тут пачала працаваць вядомая дзяржаўная канюшня для гадоўлі пародзістых коней, а потым і коней для спорту.
Да таго часу з захаду пачалі патроху вяртаць нарабаваных немцамі коней. Вярнуўся даваенны дырэктар стайні - спадар Зопі - і зноў узначаліў стайню. Алену Скіндар дырэктар ведаў яшчэ з даваенных часоў па розных конных выставах і спаборніцтвах, да таго ж, яна раней і сама гасцявала ў Кажаніцах. Дарэчы, Зопі разам з пляменнікам Ежы Іваноўскім (сынам брата Тадаса) займаўся вяртаннем коней, сагнаных у Германію, і перадаў пляменніку, дзе цяпер жыве яго цётка.
Алена зноў пачувалася шчаслівай: мае англічан, працу на паветры, а не ў бюро, мае заробак для сябе і Яцуся і, акрамя таго, мае справу з коньмі, і дырэктар дазваляе ёй ездзіць вярхом па пушчы. Да таго ж, у прыгожым парку цячэ ручай для ранішняга купання.
Ёй ужо амаль 60 гадоў. Як я пісаў вышэй, перад вайной, падчас спаборніцтваў у Лодзі яна ўпала з каня і атрымала кантузію. З гадамі яна пачала кульгаць, а часам у яе дваіўся зрок. Пасля ад'езду квакераў Алена вымаліла сабе жытло ў стайні. Дырэктар Зопі па сваёй дабрыні дазволіў ёй спаць у канюшні. Пасля гэтага ў дзённіку Алена напісала, што зноў пачуваецца шчаслівай. Старыя конюхі з гэтай стайні ведалі яе яшчэ з даваенных часоў, і хтосьці з іх, жадаючы дагадзіць, зрабіў зэдлік з грубых ашалёваных дошак без выкарыстання цвікоў. Было гэта ў 1947 годзе. Гэты зэдлік потым быў з ёй да канца жыцця. Але калі спадар Зопі выйшаў на пенсію, новы дырэктар выгнаў яе са стайні. Тады Алена перасялілася на ўскраек мястэчка, у малую хатку, адкуль яна ўсё ж магла бачыць коней. Седзячы на зэдліку, старая варыла мяса свайму сабаку - мяса для сабакі, адвар для сябе. Харт Яцусь да таго часу ўжо памёр, а яго месца занялі два чарговыя сабакі - жоўты і белы (Мішка і Белка). Ад квакераў Алена Скіндар атрымлівала малую пенсію. Пляменнік Казімір згадваў: «З студэнцкіх часоў цётка мела сяброў у Англіі і тыя дасылалі ёй па некалькі фунтаў. Пра гэта ведалі суседзі і заўсёды прасілі ў яе грошы. Ніколі не адмаўляла. Да канца жыцця захавала высокі стыль і шляхетнасць, ужо нічога не маючы сама, усе аддавала іншым». Той жа Казімір дадае цікавую рысу да вобраза апантанай спартсменкі: яна пашкодзіла нагу, бо «ва узросце амаль што 80 гадоў вучылася ездзіць на мотаролеры, які ёй даслалі англійскія сябры».
Пляменніца Ганна з Іваноўскіх пісала, што цётка Алена жыла ў атачэнні добрых людзей, але са смуткам марыла пра вяртанне дадому, у Лябёдку. Яна ж запісала цікавую гісторыю, якая адбылася ў канцы цётчынага жыцця: «Некалі ў Кажаніцах цётка Алена з-за траўмы нагі патрапіла ў шпіталь. Пры чарговым абходзе з'явіўся доктар-ардынатар. Гледзячы на картачку хворай, ён спытаў: "Іваноўская-Скінадар - можа вы сваячка інжынера Леанарда Іваноўскага з Пецярбурга?" - "Так, -адказала цётка. - Яго дачка". "О, тады прашу, каб вы былі маім асабістым пацыентам. Бо я вывучыўся на лекара дзякуючы вашаму бацьку. Маё прозвішча Цывінскі, мая маці працавала ў сп. Леанарда Іваноўскага ў Пецярбургу перад Першай сусветнай вайной. Дзякуючы стыпендыі вашага бацькі я скончыў медыцынскі факультэт».
Сям'я доктара Цывінскага паставілася да Алены Іваноўскай як да роднага чалавека. Яны разумелі яе любоў да харта, жаданне жыць каля стайні і забяспечылі ёй поўную апеку. Калі доктар Цывінскі быў пераведзены ў іншы горад, ён перадаў хворую дачку свайго былога дабрадзея пад апеку наступнаму доктару, Сабашаку. Доктар Сабашак шмат гадоў даглядаў Алену, трымаў яе грошы і пры неабходнасці прысылаў сваю ахмістрыню з правіянтам ці каб прыбраць кватэру. Ён меў пастаянны тэлефонны кантакт з яе пляменніцай Ганнай, якая жыла ў Варшаве і клапацілася пра сваю цётку.
Алена Скіндар жыла 88 гадоў, памерла хутка, і зычлівыя людзі зрабілі так, што на могілкі яе павезлі на прыгожай, укрытай конскай гунькай платформе, якую цягнулі прыгожыя коні. Ксёндз-дэкан у сваёй прамове расказаў, што за доўгае жыццё ў Кажаніцах (пражыла тут 26 гадоў) ніхто не ведаў, што гэтая прыгорбленая асоба з сабакам на паску - адна з паходняў культуры на Лідчыне.
Пахавальную платформу і коней са стайні на пахаванне Алены Скіндар замовіла жонка доктара Сабашака. «Гэта яна дапамагла мне на рэшту грошай цёткі танна пакласці на яе магілу камень. Пра маці доктара Цывінскага цётка Алена неяк расказвала, што ахмістрыня Цывінская ў Пецярбургу была вельмі добрым чалавекам», - успамінала Ганна з Іваноўскіх.
А пляменнік Казімір Іваноўскі з пэўнай іроніяй успамінаў: «Я з братам быў на яе пахаванні. На гэты раз стайня дапамагла - дала воз-платформу з парай коней і чатырох абмундзіраваных жакеяў. Так, мела пахаванне, аб якім магла марыць - малітву ксяндза перарывала іржанне коней. Падчас пахавання здарыўся дзіўны выпадак. Для развітання з нябожчыцай труну паставілі каля долу і туды, у дол, упаў адзін з жакеяў. Цётка заўсёды мела да іх слабасць і жакей быў бы ёй прыемным кампаньёнам у апошняе падарожжа, але хлопца выцягнулі».
Дачка Вацлава Іваноўскага, пляменніца Ганна занатавала: «З яе простых рэчаў забрала ў Варшаву зэдлік, пра які цётка сказала, што зрабіў яго нехта са стайні. Гэты зэдлік - мой каштоўны антык».
[1] Oj! Pahnala dzieuchynanka (The maid was driving grey oxen), Z šum eŭ duboček (The oak-tree rustled), Och, ty pole (O! my fi eld!), Hdzie ty chmiel (Where hast thou spent the winter?), Zasumela u boru sasonka (In the forest the pine murmurs), Siwy koniu (The grey horse). - Iwanowska, H., Onslow, H. (1914a) 'Some White Ruthenian Folk-Songs' // Folklore, Vol. 25, No. 1 (Mar. 31, 1914), P. 91-109 .
[2] «Sometimes called Byelorusses or White Russians, but incorrectly, since no White Ruthenian would ever allow himself to be called by a name which would imply that he was Russian».
[3] Prylacieli husi (The geese came), Smutna ja smutna (Sad I am, sad I am), Siwy holub (a) and (b) (The grey dove), Oj, ty dzieucyna (Oh! my Maiden), Ja w alsyni wale pasla (In the alder wood I grazed my oxen), Tuman, tuman (The mist, the mist), Nie idzi mostom (Do not cross the bridge), Dalina (The valley). - Iwanowska, H., Onslow, H. (1914b) 'Some White Ruthenian Folk-Songs, II' // Folklore, Vol. 25, No. 2 (Jun. 30, 1914), P. 212-226.
[4] Pajdu ja dolam, luham («Oh! I will walk through the lowlands and meadows»), A u sadu sosna kalyhcalasia («The pine-tree sways in the garden»), Zakuj, zakuj, ziaziulenka rano («Sing, sing, cuckoo, in the morning»), Oj recunka, recunka («Oh ! river, my river»), Zasumiela sum dubrouka («The rustling oakwood murmured»), Sabirala dzieucynunka («The maiden gathered cherries»), Pajdu ja na kiermas («Oh ! I shall travel to the fair»), A u poli krynica («There's a spring in the fi eld»), Oj, isli try kazaki («Oh ! three Cossacks were walking»), Stojic jawor pry darozie (a) and (b) versions («A hornbeam stands by the road-side») - Skomorokhova Svetlana. «Arising from the depths» (Kupala): A Study of Belarusian Literature in English Translation. A thesis submitted in partial fulfi lment of the requirements for the degree of Doctor of Philosophy in Translation Studies. University of Warwick, Department of English and Comparative Literary Studies. P. 187.
[5] Oj, pasou winahrad («Oh ! the vine was climbing»), Zahrukacieli («The black horses»), Nas malady jak surawieska («Our bridegroom is like a mushroom»), Leta («Harvest song 1 and Harvest song, sung after the midday meal»), Pawiej wiecier («Harvest song, Sung at any time of day»), Nie syt, ni halodzien («Harvest song, III, (Sung after the midday meal)»), Da uzo wiecer («Harvest song, IV, Sung just before sunset»), Huduc, huduc paludnicki («Call, call for your midday food»), Oj, pajdu ja darohaju («Oh! I shall wander down the road»), Trubił backa («The father sounded a horn»), Zajcyk («The hare» [Dance Tune]), Mikita («Dance Tune»). - Skomorokhova Svetlana. P. 187.
[6] Skomorokhova Svetlana. «Arising from the depths» (Kupala): A Study of Belarusian Literature in English Translation. A thesis submitted in partial fulfi lment of the requirements for the degree of Doctor of Philosophy in Translation Studies. University of Warwick, Department of English and Comparative Literary Studies. 2012. P. 188-189.
[7] Выходзіў у Вільні (красавік 1912 - кастрычнік 1913), у Мінску (лістапад 1913 - студзень 1915). На 27-м нумары выхад спынены ў сувязі з Першай сусветнай вайной. У далейшым выходзіў у Вільні (сакавік 1927 - жнівень 1931), выйшаў 41 нумар.
[8] Уладальнік у 1930-я гг. маёнтка Малое Мажэйкава Андрэй Брахоцкі (сын Уладзіслава) пісаў: « З больш далёкіх маёнткаў можна успомніць Вензаўшчыну, якой валодалі чатыры пані Жураўскія. Усе былі таленавітыя, мелі галасы мецца-сапрана і адна з іх, Ірэна, нейкі час выступала ў варшаўскай оперы. Пасля Другой сусветнай вайны эмігравала ў Англію, малявала карціны якія мелі добрую славу і ахвотна пакупаліся. Другая, Марыя, была таленавітай піяністкай ... (у іх) бывалі канцэрты найвышэйшага ўзроўню. Дзве другія сястры - Гурская і Пратасевіч памянялі свае таленты на шлюб, і ў Вензаўчыне я з імі я не спаткаўся».
[9] Аляксандр Мышуга (1853-1922), украінскі оперны спявак і музычны педагог.
[10] Антон Грымайла-Прыбытка, сын генерал-маёра рускай арміі Аляксандра Прыбыткі. У 1920-30-х гг. неаднаразова выбіраўся ў Лідскую гарадскую раду, быў лаўнікам Лідскага магістрата і выдатным лідскім краязнаўцам, старшынёй Лідскага краязнаўчага таварыства. Аўтар шэрагу артыкулаў і кнігі «Кароткі турыстычны даведнік па Лідскім і Шчучынскім паветах» (1936 г.). Пры канцы 1930-х гг. працаваў над вялікай манаграфіяй аб Лідскім і Шчучынскім паветах. 20 чэрвеня 1941 г. вывезены ў Мінусінскі край. Далейшы лёс невядомы.
[11] «Обер-Ост» - ваенна-адміністрацыйная адзінка. Агульнае кіраўніцтва «Обер-Остам» ажыццяўляў камандуючы Усходняга фронту фельдмаршал, а непасрэднае кіраўніцтва - начальнік штаба фронту. Да вясны 1917 г. «Обер-Ост» дзяліўся на акругі: Курляндыя, Літва і Беласток - Горадня (беларускія землі былі ў складзе дзвюх апошніх акруг).
[12] Steeplechase (англ.) - гонкі ці язда з перашкодамі.
[13] «Зрабі сваё сэрца добрым - і коні пойдуць за табой» - англ.
[14] Гл: Лаўрэш Леанід. Прыгоды Сяргея Пясецкага на Лідчыне // Маладосць. 2015 №2. С. 148-153.
[15] «Larousse gastronomique» - гастранамічная энцыклапедыя, кулінарная кніга.
[16] Віленскі універсітэт імя Стэфана Баторыя.