Думаю, нам трэба паступова напісаць пра ўсіх - вядомых і невядомых, знакамітых і незнакамітых людзей, якія з канца XIX ст. пачалі наша беларускае адраджэнне. Па меры магчымасці, па Лідчыне, я раблю гэтую справу. Зараз, займаючыся Лябёдкай Іваноўскіх, знайшоў цікавую інфармацыю пра іх суседзяў - Валеек, якія пакінулі свой добры след у беларускай гісторыі.
Прафесар Гданьскага ўніверсітэта Казімір Іваноўскі (сын адваката Станіслава і ўнук Леанарда Іваноўскіх з маёнтка Лябёдка Лідскага павета) пісаў пра сваю сям'ю: «Сям'я наша была цікавай. Мой бацька Станіслаў меў трох братоў, і кожны з іх быў рознай нацыянальнасці. Самы старэйшы Ежы, інжынер, шмат разоў займаў міністэрскія пасады, быў сенатарам ІІ-й Рэчы Паспалітай і лічыў сябе палякам. Другі - Вацлаў, хімік, прафесар Варшаўскай політэхнікі, быў беларусам. Трэці - Тадэвуш, заолаг, прафесар Ковенскага ўніверсітэта быў летувісам. Такія сямейныя падзелы не былі рэдкасцю на тэрыторыі былога ВКЛ, і асаблівай адзнакай сям'і Іваноўскіх было не гэта, а тое, што мой дзядзька Тадэвуш меў у сваяках прыёмнага радавітага кітайца - такога больш ні ў кога не было» [1].
Вацлаў Іваноўскі (1880-1943) быў не толькі прафесарам-хімікам, але і адным з заснавальнікаў Беларускага руху - яго заслугі перад Беларуссю агульнавядомыя.
На пачатку XX ст. Ежы, Вацлаў і Тадэвуш Іваноўскія вучыліся ў Пецярбургу. Усе браты знайшлі сабе сяброўскія колы для самарэалізацыі. Ежы стаў дзеячам польскага Кола народнай асветы і ППС (Польскай Партыі Сацыялістычнай) і нават прыняў удзел у вызваленні Юзафа Пілсудскага з Пецярбургскага турэмнага шпіталя. Тадэвуш знайшоў кантакт з летувіскімі дзеячамі і пачаў вучыць летувіскую мову, вывучыў ён яе дзесьці да 1905 г. І толькі Вацлаў не мог далучыцца да беларускай арганізацыі, бо гэткай проста не існавала, і менавіта яго заслугай стала стварэнне Беларускай Рэвалюцыйнай Партыі (БРП), што паклала пачатак развіццю беларускага нацыянальнага руху.
У 1902 г. БРП распачала выдавецкую дзейнасць. Мецэнатаў не было, таму Вацлаў Іваноўскі купіў гектограф на свой заробак са студэнцкай практыкі. Першай публікацыяй БРП, надрукаванай на гэтым гектографе, стала адозва «Да інтэлігенцыі», яна выйшла ўвосень 1902 г.
Наступнай ініцыятывай Вацлава Іваноўскага стала спроба нелегальна выдаць газету «Свабода». Да ліку самых блізкіх і давераных паплечнікаў Іваноўскага належаў пецярбургскі гімназіст Вінцэнт Валейка з суседняга для Іваноўскіх фальварка Галавічполе. Маладыя людзі заняліся выданнем першага нумара «Свабоды». Ручную матрыцу «Свабоды» на восем старонак падрыхтавалі Мілер (чалец ППС, зрабіў першую старонку) і Вінцэнт Валейка (зрабіў усе астатнія старонкі). Усё гэта яны перавезлі ў Лябёдку, дзе падчас калядных вакацый 1902 г. Вацлаў і Тадэвуш Іваноўскія, а таксама Вінцэнт Валейка з братамі Антонам і Станіславам надрукавалі газету на гектографе накладам 200 асобнікаў. На тытульным аркушы часопіса значылася: «Свабода, № 1, 1903 г.» Такім чынам, першая беларуская газета XX-га ст. была надрукавана на Лідчыне.
Газета мела нешчаслівы лёс - большая частка накладу «Свабода» была знішчана і не дайшла да чытача. У студзені 1903 г., падчас ператрусу ў варшаўскай кватэры Ежы Іваноўскага быў сканфіскаваны толькі адзін асобнік газеты, і таму гісторык Юры Туронак лічыць, што хутчэй за ўсё «Свабоду» прымусіў знішчыць бацька - Леанард Іваноўскі, які прыехаў у Лябёдку на свята Божага Нараджэння і ўтаймаваў рэвалюцыйныя парывы сыноў [2].
Якія матэрыялы друкаваліся ў газеце Свабода? Юры Туронак паказаў, што на 8-мі старонках вялікага (канцылярскага) фармату быў змешчаны адзін артыкул на палітычную тэму і другі аб асобнасці беларускага народа ў параўнанні з суседзямі. Змест артыкулаў невядомы. У нумары друкаваўся верш Алаізы Пашкевіч «Мужыцкая доля» і пераклад верша Сыракомлі «Добрыя весці», які пасля рэдактарскай перапрацоўкі атрымаў трошкі іншы змест [3].
У 1905 г. Вінцэнт Валейка разам з Вацлавам Іваноўскім быў адным з сямёх сяброў-закладчыкаў беларускай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца».
Таму, я думаю, Вінцэнт Валейка і Валейкі наогул, заслугоўваюць нашай памяці.
Ранейшым уладальнікам Галавічполя [4] быў стары Станіслаў Губарэвіч, ён меў сына і дзвюх дачок - Станіславу, якая стала трэцяй жонкай Станіслава Іваноўскага - дзеда Вацлава Іваноўскага, і Юстыну, якая выйшла замуж за Яна Якуба Валейку герба Корвін. Сын Станіслава Губарэвіча - Стэфан (1836 г. н.) падчас паўстання лічыўся паручнікам у адпачынку (з'яўляўся кадравым афіцэрам) і далучыўся да атрада Людвіка Нарбута пасля бітвы пад Кавалькамі. Ратуючы свайго камандзіра Людвіка Нарбута, ён загінуў пад Дубічамі.
Зоф'я Кавалеўская пісала: «"Спадарства, халаднакроўна адстрэльвацца і адсоўвацца назад", - скамандаваў Нарбут. "У рассыпную!" - дадаў яшчэ, але яго голас заглушыў гул бітвы. Раптам камандзір захістаўся ... і упаў. Андрыёлі і Пілецкі кінуліся яму на дапамогу, але атрымалі раненні і вымушаны былі ўступіць месца іншым, якія ўчатырох падхапілі Нарбута, каб вынесці яго з лініі агню ў больш небяспечнае места. Частка аддзела разбеглася па лесе, а тыя хто нёс камандзіра - Пакемпіновіч, Леон Краінскі, Аляксандр Бразоўскі і Стэфан Губарэвіч, упалі на зямлю мёртвымі ...» [5].
Сімвалічна, што родныя пляменнікі героя паўстання 1863 г., разам з Вацлавам Іваноўскім надрукавалі першую у XX ст. беларускую газету. У гісторыі нічога і ніколі не вырастае на пустым месцы - каб з'явілася нешта па-сапраўднаму каштоўнае, патрэбна вялікая культурная традыцыя.
Фальварак Галавічполе падзялілі паміж сабой Іваноўскія і Валейкі.
У Юстыны і Яна Валейкі нарадзіліся тры сыны - Вінцэнт, Антон і Станіслаў.
Пра Яна Валейку пісаў брат Вацлава, летувіс Тадэвуш Іваноўскі: «Пазычаючы грошы панам, яўрэі маглі калі-нікалі і ашукаць. Напрыклад, сусед Іваноўскіх Валейка на вексель атрымаў у пазыку ад аднаго з мясцовых яўрэяў немалую суму грошай. Калі надышоў час плаціць, яўрэй прадставіў дакумент, і Валейка заплаціў. Тады яўрэй прынёс яшчэ адзін вексель на гэткую ж суму. Наш сусед адмовіўся плаціць і атрымаў судовы працэс. У судзе стала вядома, што вексель і подпіс Валейкі сапраўдныя. Аказалася, што падробленым векселем быў першы, але Валейка гэтага не ўбачыў і заплаціў па ім» [6].
Цікавую інфармацыю пра Валейкаў падае тагачасны ўладальнік суседняга маёнтка Ішчална Караль Лясковіч у мемуарах, якія захоўваюцца ва Уроцлаўскай бібліятэцы Асалінскіх: «... у 1921 г. ... маёнтак Голдава з 1 500 - 2 000 га ўспадкаваў уладальнік маёнтка Табарышкі з Віленшчыны Юзаф Скарбак-Важынскі і тры браты Валейкі. У якіх суадносінах падзялілі маёнтак Скарбак-Важынскі і Валейкі, не памятаю. Мне толькі вядома, што Важынскі сваю частку атрымаў лесам і ніколі ў Голдаве не жыў. З братоў Валейкаў Голдава атрымаў Антон і таму мусіў пабудаваць тут жылы дом. Таксама ў Голдаве сваю долю атрымаў і Вінцэнт Валейка. Станіслаў успадкаваў фальварак Галавічполе ў Васілішскай гміне і лясы. Горны інжынер Вінцэнт меў дваіх дзяцей: сына Вітольда і дачку Ядвігу, наколькі я ведаю, яны абое зараз жывуць у Варшаве (гэта ў 1971 г. - Л. Л.)» [7].
Дачка ўладальніка суседняга з Голдавам маёнтка Стрэліца Яніна Бурак успамінала: «Уладальнікам Голдава быў Антон Валейка, арыштаваны бальшавікамі 2 лістапада 1939 г., а пад Боркамі гаспадарыў інжынер Вінцэнт Валейка, які выкладаў у Дамброве Горнай» [8]. Трэба заўважыць, што ў тым месцы Лідчыны няма населенага пункта Боркі, таму, верагодна, Яніна Бурак мела на ўвазе нейкае ўрочышча каля Голдава.
Уладальнік Голдава, Антон Валейка ў міжваенны час быў чальцом управы павятовага Звязу землеўладальнікаў, узначальваў рэвізійную камісію Шчучынскага павятовага аддзела, быў чальцомм рады Лябёдскай гміны і кіраўніком рэвізійнай камісіі малочнага кааператыва ў Дзікушках. У 1939 г. яго арыштавалі і выслалі ўглыб Расіі. Далейшы лёс невядомы [9].
Пасля падзелу маёмасці паміж братамі ў Галавічполі гаспадарыў адзін з былых друкароў газеты «Свабода» Станіслаў Валейка. Гэты быў грузны, абсалютна лысы мужчына з поўным ротам залатых зубоў. Увесь час сядзеў на гаспадарцы, бо не давяраў эканомам, і ў яго ўсё выдатна атрымлівалася - своечасова плаціў падаткі. Станіслава Валейку добра характарызаваў яўрэй-кравец з Васілішак Абрам, які сябраваў з Іваноўскімі. Неяк яго запыталі, што новага чутно ў ваколіцы. Абрам падрабязна расказаў пра ўсе навіны і закончыў гэтак:
- А пан Валейка дапамагае іншым наракаць на цяжкі час.
Станіслаў Валейка нейкі час быў удаўцом, але потым ён паўторна ажаніўся. Яго другая жонка працавала настаўніцай дзесьці на Валыні і наведвала мужа толькі падчас вакацый. Была гэта энергічная жанчына з рубенсаўскімі формамі ва ўзросце каля сарака гадоў. Валейкі да канца 1930-х гг. заставаліся сябрамі Іваноўскіх. Пляменнік Вацлава Іваноўскага Казімір успамінаў такую гісторыю: «… у нашай ваколіцы гаспадарыў далёкі кузен нашай мамы Фэлек Аскерка, былы капітан польскага войска. Меў ён вельмі маладую і прыгожую жонку - гэта была самая маладая з нашых цётак. Як заўсёды, 15 жніўня мы адзначалі імяніны нашай мамы, і, як заўсёды, з'язджаліся сваякі, суседзі і сябры. Мы ўжо сядзелі за традыцыйным пірагом з капустай, калі пачулі, што адчыніліся дзверы і нехта з ганку ўвайшоў у хату. Шляхетны Лех (старэйшы брат Казіміра - Л. Л.), які ў гэты час вучыўся ў выпускным класе, вырашыўшы, што прыехала цёця Аскерка, кінуўся ў цёмны прадпакой, каб выказаць свае гарачыя пачуцці сваякам і ў цемры моцна ўзяўся за пацалункі. Калі ўнеслі святло, дык аказалася, што спазніліся Валейкі. Пан Станіслаў быў не ў захапленні ад гэткай сардэчнасці, але яго жонка не пратэставала».
Станіслаў Валейка меў дзяцей толькі ад першага шлюбу, былі гэта Вітак і Дзюня. Дзюня перад самай вайной выйшла замуж за маладога афіцэра з рэдкім прозвішчам Вайнікініс, потым ён загінуў на вайне. Вітак пасля заканчэння курса права Віленскага ўніверсітэта адбываў стажыроўку юрыстам. Жыў у Вільні, быў заўзятым філатэлістам і ўражваў сяброў сваімі калекцыямі [10].
Станіслаў Валейка быў чальцомм Васілішскай гміннай рады, у 1939 г. яго арыштавалі і вывезлі ўглыб Расіі. Далейшы лёс невядомы [11].
Пра Вінцэнта Валейку вядома няшмат. Нарадзіўся 23 студзеня 1883 г. у фальварку Галавічполе, у 1903 г. скончыў Трэцюю рэальную гімназію ў Пецярбургу, а потым стаў студэнтам сталічнага Горнага інстытута. Увосень 1910 г. пасля заканчэння Горнага інстытута выехаў з Пецярбурга і 15.11.1910 г. пачаў працаваць горным інжынерам у Шчарбінаўскай шахце на Данбасе. З 1921 г. жыў у Дамброве Горнай у Польшчы, спачатку працаваў у шахтах, вядома, што ў 1923 г. займаў пасаду галоўнага інжынера, а потым працаваў дырэктарам Дзяржаўнай горна-металургічнай школы імя Станіслава Сташыца.
Юры Туронак піша, што Вінцэнта Валейку ў траўні 1940 г. арыштавала гестапа і 18.10.1940 г. ён памёр у канцлагеры Заксенгаўзен. Але захаваліся ўспаміны вязня лагера Дахаў Францішка Шоты, які быў вучнем Валейкі і напісаў пра лёс свайго настаўніка: «Трошкі ўспамінаў пра дырэктара інжынера Валейку. Як праз сон памятаю доўгія кашмарныя дні побыту ў гітлераўскіх лагерах смерці Дахаў і Араніенбург у адным бараку з інжынерам Валейкам, апошнім дырэктарам горна-металургічнай школы. Лагерны досвед - цяжкі жыццёвы груз, не магу пазбыцца яго і сёння. Лагер вяртаецца ў фантомных снах, чакае над ложкам у выглядзе пакутлівых і жахлівых прывідаў. Калі я ўзгадваю тыя гады, дык у думках вяртаецца да мяне вобраз майго лагернага калегі інжынера Валейкі, які прайшоў тут праз пякельныя пакуты. Ён быў ужо стары, але гітлераўцы адчулі ў ім высокую душу, і ўсё самае дрэннае яго не абмінула. Біты і абшуканы пры кожнай магчымасці (а гэткіх хапала), працаваў на самых цяжкіх працах, але духоўна не зламаўся і заахвочваў жыць іншых. Быў сябрам усіх вязняў без розніцы ўзросту, нацыянальнасці і расы, хто ж яго не ведаў? Яго сэрца было адчынена для ўсіх, і вязні цягнуліся да яго па добрую параду, апеку і дапамогу, па яго аптымізм і веру ў блізкую волю. Няма яго паміж намі. Спрацаваны, збіты і хворы, ён упаў на пляцы падчас шасцігадзіннага стаяння без руху - гэтак пакаралі ўвесь лагер з-за спробы аднаго з вязняў збегчы. Здранцвелага ад холаду, яго прынеслі ў лазарэт, адкуль ужо не вярнуўся. Ніколі не забуду яго слоў, якія мне сказаў, калі яго адносілі санітары: "Я ўжо сыходжу, і смерць для мяне не будзе страшнай, але сэрца сціскае боль, што маё цела застанецца на варожай зямлі"» [12].
Сябар і сусед Вацлава Іваноўскага Вінцэнт Валейка быў закатаваны ў нацысцкіх лагерах Дахаў ці Араніенбург. Антон Валейка і Станіслаў Валейка былі арыштаваны НКВД, вывезены ў Расію, дзе і прапалі.
Такі лёс братоў Валейкаў, якія стаялі разам з многімі іншымі лідзянамі ля вытокаў беларускага нацыянальнага адраджэння. Два згінулі ў засценках НКВД, трэці - у нацысцкім канцлагеры.
[1] Iwanowski Kazimir. Wspomnienia z kresowej mlodosci. Bydgoszcz, 1995. S. 6.
[2] Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. С. 32-40.
[3] Туронак Юры. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2006. С. 19.
[4] Мясцовая легенда кажа, што назва Галавічполе паходзіла ад нейкага шведскага правадыра Галавіча, які быў тут забіты. Зразумела, што імя шведа было моцна аславянена. Але гэта толькі легенда.
[5] Zofja Kowalewska. Dzieje powstania lidzkiego: wspomnienie o Ludwiku Narbucie. Wilno, 1934. S. 49.
[6] Ivanauskas Tadas. As apsisprendziu. Wilno, 2010. P. 100.
[7] Karol Laskowicz: (Kresowy dwor i jego sasiedzi). Opracowanie na podstawie wspomnien. // Biblioteka Zakladu Narodowego im. Ossolinskich we Wroclawiu, sygn. 15480/II. S. 84.
[8] Lida i okolice we wspomnienach pani Janiny Burakowej // Ziemia Lidzka. 1994. № 13.
[9] Karol Laskowicz: (Kresowy dwor i jego sasiedzi). Opracowanie na podstawie wspomnien. S. 139.
[10] Iwanowski Kazimir. Wspomnienia z kresowej mlodosci. S. 6.
[11] Karol Laskowicz: (Kresowy dwor i jego sasiedzi). Opracowanie na podstawie wspomnien. S. 138.
[12] Szota Franciszek. O dyrektorze inz. Wincentym Wollejko // XI Zjazd absolwentow Dabrowskiej sztygarki im. Stanislawa Staszica i 200 lat najstarszej szkoly gorniczej w Polsce. Dabrowa, 2016. S. 22.