Папярэдняя старонка: Іншае

Амброзі Кастравіцкі 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 05-04-2020,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Амброзі Кастравіцкі // Лідскі летапісец. 2019. №3(87). C. 49-52.



Амброзі Самуэль Кастравіцкі, пра якога пойдзе размова, належаў да шляхецкага роду Кастравіцкіх гербу «Байбуза», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Менскім ваяводстве ВКЛ і Менскім павеце Менскай губерні. З гэтага роду паходзіць знакаміты французскі паэт Гіём Апалінэр.

Бацька братоў Амброзія і Казіміра (Каруся Каганца) Кастравіцкіх, Караль Кастравіцкі прыняў удзел у паўстанні 1863 г. Яго маёнтак Вялікія Навасёлкі на Меншчыне быў канфіскаваны, а сям'я саслана ў Сібір. Караль Кастравіцкі, сын Самуэля (1819-1873), пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску [1]. Маці - Гелена са Свентаржэцкіх, дачка Тадэвуша. Па лініі маці Амброзі Кастравіцкі быў блізкім сваяком Баляслава Свентаржэцкага (1831-1888) - кіраўніка паўстання 1863 г. у Ігуменскім павеце Менскай губерні. Акрамя таго, Кастравіцкія мелі блізкія сваяцкія сувязі з многімі шляхецкімі сем'ямі Меншчыны - Ваньковічамі, Вайніловічамі, Прушынскімі, Оштарпамі, Янішэўскімі і іншымі.

Сын Караля Кастравіцкага - Амброзі Самуэль Кастравіцкі - нарадзіўся ў 1871 г. у Цывінску, што ў Сібіры, падчас вяртання сям'і з ссылкі. Скончыў гімназію ў Пецярбургу і ў 1897 г. - медыцынскае аддзяленне Маскоўскага ўніверсітэта [2]. У канцы 1890-х гг., разам з Амрозіем у Маскве вучыўся Антон Лявіцкі (будучы празаік Ядвігін Ш.) і шмат іншай беларускай моладзі [3].


Малодшы брат жонкі Амброзія Кастравіцкага Марыі з Багушэўскіх - Сцяпан Багушэўскі - вучыўся ў Ягелонскім Кракаўскім універсітэце і часта гасцяваў у сястры і швагра ў Лідзе. Менавіта ў Лідзе, летам 1903 г. Вацлаў Іваноўскі схіліў Багушэўскага да ўдзелу ў Амброзій Кастравіцкі маскоўскі студэнт. новай выдавецкай задуме: выпуску беларускіх кніжак у Кракаве, горадзе, які ў той час знаходзіўся ў Аўстра-Венгрыі. Багушэўскі ў сваю чаргу прыцягнуў да супрацоўніцтва свайго сябра з часоў гімназічнага навучання ў Менску Мар'яна Фальскага, студэнта Варшаўскай політэхнікі [4].

Сям'я Амброзія Кастравіцкага.

З Амрозіем Кастравіцкім Вацлаў Іваноўскі пазнаёміўся праз яго швагра - Сцяпана Багушэўскага, які разам з Іваноўскім займаўся беларускімі выдавецкімі справамі [5]. А з Казімірам Кастравіцкім (Карусь Каганец) Іваноўскі пазнаёміўся ў яго брата, лекара Амброзія, які ў 1901 г. жыў і працаваў у Лідзе. Вацлаў пасябраваў з абодвума і неўзабаве намовіў іх заняцца беларускай выдавецкай дзейнасцю, першага - як аўтара, другога - як фінансавага спонсара. Абодва Кастравіцкія ўваходзілі ў суполку «Круг беларускай народнай прасветы і культуры», створаную Іваноўскім [6].

Сярод іншых выданняў у 1904 г. «Круг ...» выдаў зборнік «Казкі» [7]. Гісторык Юры Туронак лічыў, што выданне зборніка «Казкі» было падрыхтавана да друку Казімірам, а фінансавалася яго братам, Амброзіем Кастравіцкім, чые ініцыялы «А. К.» апынуліся на тытульным аркушы кніжкі. «Казкі» па сутнасці, былі перадрукоўкай некаторых народных твораў, сабраных расейскім этнографам П. В. Шэйнам [8].

Амброзія Кастравіцкага няма ў адрас-календарах пачатку XX ст. Віленскай губерні, таму можна зрабіць выснову, што ён займаўся ў Лідзе прыватнай лекарскай практыкай.

Акрамя працы цікавіўся ён і грамадскай дзейнасцю. У сувязі з выбарамі ў Дзяржаўную думу Расіі віленская газета «Кур'ер Літоўскі» падрабязна расказвала пра стварэнне «Звязу землеўладальнікаў» Лідскага павета. 15 студзеня адбыўся агульны сход, на які акрамя землеўладальнікаў, з маёнткаў былі запрошаны і прадстаўнікі ад парабкаў «для рашэння пытання пра паляпшэнне побыту сельскіх працаўнікоў з улікам інтарэсаў гаспадароў. Прэзідэнтам камітэта "Звязу землеўладальнікаў" выбраны Вітольд Даўкша, віца-прэзідэнтам - Уладзімір Ятаўт, сакратаром - А. Кастравіцкі» [9]. Як бачым, у 1906 г. Амброзі Кастравіцкі жыў ў Лідзе.

Вядома, што ў перыяд 1901-1920 гг. Амброзі Кастравіцкі акрамя Ліды працаваў лекарам у Менску і Свянцянах. Менавіта ў Менску ў 1908 г. нарадзіўся сын Даніэль [10].


Амброзі Кастравіцкі ў 1916-1917 гг. удзельнічаў у менскім аддзеле Камітэта дапамогі ахвярам вайны. Пра яго дзейнасць у гэты час у Менску, мы даведваемся з успамінаў і лістоў Зоські Верас. Ва ўспамінах «Праца ў таварыстве помачы ахвярам вайны і дзіцячых прытулках» яна пісала: «У той час прыехаў у Менск вайсковы доктар Кастравіцкі - брат Каганца. Ён арганізаваў для калоніі аптэчку і даў мне шмат цэнных парадаў, як сабе радзіць у выпадку хваробаў у дзяцей» [11]. А таксама: «Сходы, дэбаты Цэнтральнай Рады беларускіх арганізацый ішлі па-старому. Пакрысе прыбывалі новыя людзі. Ну, не зусім новыя, але тыя, што толькі прыехалі, або толькі цяпер змаглі працаваць. Да такіх належалі Тодар Вернікоўскі і вайсковы др. Кастравіцкі - брат Каганца. Высокі, з сівеючай барадой, часта прыводзіў з сабой сыноў-гімназістаў» [12].

У лісце ад 17 ліпеня 1978 г. да Фёдара Ігнатовіча Верас паведамляла: «Наша беларускае таварыства помачы ахвярам вайны было такое беднае, што на лекара нам не хапала. Мушу сказаць, бо гэтага ніхто нідзе не ўспамінае, што родны брат Каганца - Кастравіцкі - быў ваенным доктарам, і калі нейкі час быў у Менску, шмат памагаў фахавымі парадамі і заарганізаваў адмысловую аптэчку для Беларускага дзіцячага прытулку» [13]. 16 снежня 1979 г. Зоська Верас пісала Юрыю Туронку: «Камітэт Таварыства помачы ахвярам вайны свайго лекара ня меў, грошы - таксама вельмі мала. Др. Кастравіцкі ў Менску быў коратка, а пасля я ўжо аб ім нічога ня чула ...» [14].

Амброзій Кастравіцкі.

У лісце да Уладзіміра Ягоўдзіка ад 20 верасня 1983 г. легенда беларускага нацыянальнага руху ўдакладняе інфармацыю пра доктара: «... брата Каруся Каганца - ваеннага лекара Кастравіцкага (імя, здаецца, Амброжы) - я добра ведала. Прыходзіў у Менску на паседжанні беларускіх арганізацый з 2-ма сынамі-гімназістамі. Др. Кастравіцкі з твару падобны на К. Каганца - падоўжаны твар, барада, але высокі, стройны. Сыны (ім было, хіба, па год 18 - 19) у бацьку - высокія, сімпатычныя хлопцы.

З др. Кастравіцкім я даволі часта спатыкалася па іншых справах. Ён цікавіўся жыццём нашага прытулку для дзяцей. Скамплетаваў аптэчку з усімі найбольш патрэбнымі лекамі, даваў мне часам парады, як памагчы дзецям у выпадках хваробы і г.д. У 1970-я гады я чула, што сям'я др. Кастравіцкага апынулася пад Лідай у Белагрудзе. Я спрабавала даведацца, ці гэта праўда, і што з імі сталася праз рэвалюцыю, у лідскай газеты. Але нічога не выйшла» [15].

У лісце да Юрыя Туронка да 29 студзеня 1980 г. Зоська Верас расказала пра падрабязнасці сваіх пошукаў: «Пішучы да Вас апошні ліст, я адначасна зрабіла пэўныя захады, каб адшукаць сляды доктара Кастравіцкага або яго сыноў. Спадзяюся, Вы ведаеце, што такое Гудзевіцкі школьны музей. ... Яго арганізатар і кіраўнік - А. М. Белакоз, чалавек зайздроснай энергіі і адданасці для беларускай справы. І вось я напісала некалькі пытанняў і папрасіла Алеся Мікалаевіча Белакоза разаслаць іх тым, каго ён уважае за звязаных з Белагрудай ці хоць бы з Лідай. Адказ атрымала амаль адваротнай поштай.

А. М-ч [Белакоз] зрабіў 4 копіі маіх пытанняў, адну даў сваёй дачцэ - студэнтцы Гродзенскага універсітэта, каб яна паміж сваімі сябрамі шукала студэнтаў з Белагруды або блізкай ваколіцы i растлумачыла, чаго ад іх спадзяемся. Рэшту копіяў адаслаў рэдактару лідскай газеты (падобна, вельмі энергічны і разумны чалавек). Што энергічны - відаць з таго, што зараз жа прыслаў адказ: "Пошукі слядоў др. Кастравіцкага распачаты". Пабачым… Ці гэта што дасць цi не? А можа…» [16].

Рэдактар лідскай газеты «Уперад» Алесь Жалкоўскi (1933-2011) - выбітны журналіст і краязнавец, маштабная асоба і сапраўдны інтэлектуал, на жаль, не знайшоў інфармацыі пра доктара Кастравіцкага.

Але вернемся ў 1917 г. У сакавіку 1917 г. Амброзі Кастравіцкі быў абраны старшынём З'езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Менску. Зоська Верас пра З'езд Беларускіх нацыянальных арганізацый 25-27 сакавіка 1917 г. успамінала: «Сабраліся ўсяго да 150 удзельнікаў. На старшыню сходу быў абраны доктар Кастравіцкі ...» [17]. На гэтым з'ездзе Кастравіцкі быў абраны ў земскую камісію [18].


Можна з упэўненасцю цвердзіць, што ў 1918 г. Амброзі Кастравіцкі жыў у Лідзе, бо ў кастрычніку 1918 г. ён разам з сынам Самуэлем з'яўляўся сябрам польскай Самаабароны Лідчыны [19].

Некралог, Slowo. 1937, nr 21.

Бацька і сын Кастравіцкія вызначыліся падчас падзей вакол Лябёдкі Іваноўскіх. Зімой 1918-1919 гг. у суседнім з Лябёдкай маёнтку Гурнофель была база вайсковых аддзелаў польскай Самаабароны. На пачатку студзеня аддзелы Самаабароны паспрабавалі выбіць з Ліды бальшавікоў, але паход на Ліду не ўдаўся.

Пасля гэтага, 9-ы Лідскі конны аддзел Самаабароны, з мэтай выведкі ў бок Ліды, стала знаходзіўся ў маёнтку Лябёдка. 15 студзеня 1919 г., атрад чырвоных, які налічваў 300 добра ўзброеных людзей і меў некалькі кулямётаў, на вазах накіраваўся ў бок Васілішак. 16 студзеня, ноччу, калі на варце знаходзіўся 16-гадовы гімназіст улан Самуэль Кастравіцкі, а пры канюшні - Лявон Барташэвіч, чырвоныя наблізіліся да Лябёдкі. Заўважыўшы бальшавікоў, вартавыя пачалі страляць, але ўвесь Лідскі аддзел спаў у сваёй казарме. Не бачачы супраціву з польскага боку, чырвонаармейцы ўварваліся на падворак, узялі ў палон Барташэвіча і параненага Кастравіцкага і занялі канюшню з коньмі. Пасля блытанага начнога бою, 9-ы конны атрад лідскай Самаабароны быў разбіты - уцяклі толькі 4 чалавекі, 6 уланаў было забіта, 7 узята ў палон, у рукі чырвоных трапілі 19 коней і 5 000 марак.

17 студзеня аддзелы Самаабароны з Гурнофеля адышлі да Шчучына, але яшчэ вечарам 16 студзеня доктар Амброзі Кастравіцкі на двух параконных санях прывёз з Лябёдкі ў Гурнофель целы загінуўшых: харунжага Стэфана Крыдля, капрала Юзафа Мейлуна, капрала Станіслава Шалевіча і ўланаў Юльяна Лібіха, Віктара Шкопа і Станіслава Вайцяхоўскага. Па ўспамінах відавочцаў, знешні выгляд загінуўшых марозіў кроў у жылах. Выкалатыя штыкамі вочы, на грудзях кожнага дзясяткі ран, пакрытых запёкшайся крывёю, усе раздзетыя дагала [20]. Аўтар кнігі пра лідскую Самаабарону Дзічканец пісаў, што падчас працы над кнігай, сярод іншых, ён карыстаўся і асабістымі ўспамінамі доктара Амброзія Кастравіцкага [21].

Дзе пры гэтых падзеях хавалася сястра Вацлава Іваноўскага Алена - першая беларуская настаўніца на Лідчыне, якая ў той час заставалася ў Лябёдцы, невядома.

З лета 1920 г. Амброзі Кастравіцкі жыў у Варшаве, у 1925 г., пэўна, як вайсковы асаднік, атрымаў гаспадарку ў Белагрудзе пад Лідай, дзе акрамя яго шмат асаднікаў мела зямельныя надзелы, і ў сувязі з гэтым у верасні 1926 г., тут нават пачаў дзейнічаць чыгуначны прыпынак [22].

Жыхар суседняй да Белагруды вёскі Мохавічы Стралюк Мікалай Мікалаевіч (1913 г. н.) успамінаў пра асаднікаў, якія жылі каля Белагруды: «Асаднікі мелі па 20 га. ... Плацілі нам па 5 зл. - 2 пуды жыта ў дзень. Палкоўнік Ардылоўскі [23] казаў: прыдзеш да мяне на працу - 5 зл. Меў фальварак Шчытнікі каля Тарнова. Кастравіцкі - асаднік, высокі, строгі, з бародкай, маёр, жыў каля раз'езда ў Белагрудзе» [24].

Памёр Амброзі Кастравіцкі ў 1937 г. у Белагрудзе [25]. Летам 2019 г. я шукаў і не знайшоў яго магілу на могілках каля Белагрудскага касцёла.


Падчас Другой сусветнай вайны сын Аброзія - Самуэль Кастравіцкі - супрацоўнічаў з Вацлавам Іваноўскім у беларускіх справах. Іваноўскі давяраў сыну свайго сябра, бо добра ведаў гэтую сям'ю. Трэба сказаць некалькі слоў і пра гэтага чалавека, тым больш, што 4 снежня 1902 г. ён нарадзіўся ў Лідзе. У 1915-1918 гг. Самуэль Андрэй Кастравіцкі вучыўся ў менскай гімназіі. Як мы бачылі вышэй, удзельнічаў у лідскай Самаабароне і нейкім чынам, паранены, быў выкуплены ў чырвоных з палону. Потым служыў у Войску Польскім, скончыў школу падхарунжых у Варшаве, у снежні 1921 г. звольнены ў запас. У 1923 г. вывучаў права ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні. У 1930-х гг. працаваў у Варшаўскай зямельнай палаце. Перад самай вайной пасяліўся ў Вільні. Пасля вераснёўскай кампаніі 1939 г. нядоўгі час хаваўся ў Вільні, а пад канец 1939 г. прыехаў у Варшаву, супрацоўнічаў з беларускім падполлем і АК. У ліпені 1944 г. атрымаў званне маёра запасу. Пасля Варшаўскага паўстання апынуўся ў лагеры палонных Лямсдорф, затым Волдэнберг. Са жніўня 1945 г. служыў у ахоўных ротах у Германіі. Дэмабілізаваны ў 1948 г., эміграваў у Аргенціну. Памёр 12.08.1953 г. у Буэнас-Айрэсе [26].

Самуэль Кастравіцкі быў жанаты з сястрой слыннага лідскага краязнаўца Антона Прыбыткі Алінай (1913 г. н.). Яе маці Ева Прыбытка (1885 г. н.) з Алінай Кастравіцкай, з сынамі Аліны і Самуэля Крыштафам Нарымундам (1936 г. н.) і Аляксандрам Каралем (1938 г. н.), а таксама разам з малодшай сястрой Аліны Ядвігай (1918 г. н.) і братам Янушам (1923 г.н.), вясной 1940 г. былі высланы ў Казахстан. Вядома, што ў 1941 г. Аліна Кастравіцкая знаходзілася ў шпіталі для нервовахворых на станцыі Аляксееўка, а ў 1942 г. разам з сястрой працавала рабочай у геалагічнай экспедыцыі па пошуку нафты. У 1946 г. яны ўсе выехалі ў Польшчу [27].



[1] Сакалоўская А. С. Кальварыя. Мінск, 1997. С. 90.

[2] Туронак Юры. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2008. С. 253.

[3] Там жа. С. 27.

[4] Там жа. С. 49.

[5] Там жа. С. 20.

[6] Там жа. С. 47.

[7] Там жа. С. 48.

[8] Туронак Юры. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск, 2006. C. 48-49.

[9] Kuryer Litewski №21, 26 stycznia (8 lutego) 1906.

[10] Czesław Malewski. Rody i herby szlacheckie na Litwie (XV). [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://archiwum2000.tripod.com/522/malew.html - дата доступу: 06.05.2019.

[11] Верас Зоська. Я помню ўсё. Успаміны. Лісты. Гародна - Wroclaw, 2013. С. 40.

[12] Там жа. С. 59.

[13] Там жа. С. 148.

[14] Верас Зоська. Пакуль рука пяро трымае: Успамiны, лiсты. Мінск, 2015. С. 326.

[15] Верас Зоська. Я помню ўсё. Успаміны. Лісты. С. 271.

[16] Верас Зоська. Пакуль рука пяро трымае: Успамiны, лiсты. С. 334.

[17] Там жа. С. 48.

[18] Там жа. С. 50.

[19] Дзічканец Юзаф. Самаабарона Лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 24.

[20] Дзічканец Юзаф. Самаабарона Лідскай зямлі. С. 62.; 64-69.

[21] Там жа. С. 97.

[22] Słowo № 204(1214), 2 września 1926.

[23] Шчэпан Ардылоўскі, з верасня 1930 па кастрычнік 1931 г. быў бургамістрам Ліды. Былы галоўны лекар Віленскага гарнізона, нарадзіўся на Ковеншчыне, на Лідчыне жыў асаднікам у Шчытніках каля Белагруды.

[24] Мемуары былых жыхароў Ліды. [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://pawet.net/memoirs/1940a/Мемуары_былых_жыхароў_Ліды.html - дата доступу: 06.05.2019.

[25] Туронак Юры. Мадэрная гісторыя Беларусі. С. 253.

[26] Туронак Юры. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. С. 132 - 133.; 141.; 167.

[27] Шымялевіч Міхал. Высяленне ў Казахстан у 1940 г. значнай часткі жыхароў Лідскага павета // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 8. Мінск, 2018. С. 174.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX