Папярэдняя старонка: Іншае

Род Путкамераў 


Аўтар: Лаўрэш Леанiд,
Дадана: 03-01-2014,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Род Путкамераў // Асоба і час. Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 5. 2013. С. 302-313.

Спампаваць




Род Путкамераў бярэ свой пачатак у сiвой даўнiне i ёсць тры версii пра яго паходжанне. Па першай версii, Путкамеры паходзяць ад роду Варсевiчаў - Сякерка, прычым першым з гэтага роду быў Яська (Jeśko) якi займаў пасад падкаморага цi кароннага шамбеляна, яго патомства, перасiлiўшыся у Германiю атрымала прозвiшча Путкамераў, а ўжо з Германii Путкамеры рассялiлiся па Чэхii, Прусii i ВКЛ, атрымлiваючы зямлi i пасады за добрую службу. Заснавальнiк роду - падкаморы Яська Варсевiч дапамог Балеславу Крывавустаму (Bolesławowi Krzywoustemu) перамагчы ў 1109 г. войска iмператара Генрыха V пад Уроцлавам на Сабачым полi (Psim Polu), за што i атрымаў герб Брадач (Bradac). Менавiта ад пасады падкаморы i атрымалася прозвiшча Путкамер (podkomorzy = putkamer).

Па другой версii, першы прадстаўнiк гэта роду перасiлiўся у Iнфлянты ў палове XVI ст., заснаваў там замак Нерфт, у 1620 г. род упiсаны ў генеалагiчна - геральдычныя кнiгi рыцарства курляндскага як «адвечная шляхта рыцарская» [1].

Трэцюю версiю дае «Польская шляхецкая энцыклапедыя» [2]: « На пачатку XIV ст. - адзiн з даўнейшых i заможнейшых радоў паморска - прускiх якi паходзiць ад знанага i уплывовага роду Швенца (Szwenca). У XV ст. род падзялiўся на некалькi лiнiй, адна з галiн роду аславянiла прозвiшча на Клячынскi, iншыя, захоўваючы сваё радавое прозвiшча дзедзiчылi у Прусах, Курляндыi, Польшчы i ВКЛ (галоўным чынам у Жмудзi). Прадстаўнiк курляндскай галiны палкоўнiк Крыстоф - Генрык атрымаў ад нямецкага iмператара Леапольда I тытул барона, а Марцiн - Антон з паморска - шлёнскай галiны стаў прускiм баронам у 1737 г.».

Як бы там не было, але нямецкая галiна роду згасла у Курляндыi ў XVIII ст., пруская iснуе да нашага часу (жонка Бiсмарка была з Путкамераў) а на тэрыторыю сучаснай Беларусi (на Наваградчыну) прадстаўнiк роду перасялiўся ў XVII ст.

Ваўжынец Путкамер , стольнiк iнфлянцкi, ажанiўся на Анне Лiвен, яны мелi сына Казiмiра. Пасля смерцi Анны, ад яго другога шлюбу з дачкой iнфлянцкага кашталяна Даротай Шротэр нарадзiлiся тры сыны: Станiслаў, Ежы i Ваўжынец. Праз шлюб з Даротай Шротэр Путкамер атрымаў Гайцюнiшкi i Бальценiкi, па iншай версii ён купiў гэтыя маёнткi.

Ваўжынец сын Ваўжынца , генерал-ад'ютант польнага гетмана ВКЛ Масальскага, якi ажанiўся з Даротай Цэндроўскай, бабруйскай старасцянкай, меў сына Ежы Аляксандра - шамбеляна караля Рэчы Паспалiтай, якi быў ахрышчаны ў Бальценiках 7 кастрычнiка 1762 г.

Ежы Аляксандр ажанiўся з Каралiнай Стрыеўскай (дачкой палкоўнiка войскаў ВКЛ) [3] i меў сыноў Яцака Багуслава (1792 г. н.) i Ваўжынца Станiслава Яна (1794-1850), дачок Дароту Катарына (1797 г. н.) i Яну Канстанцыю (1798 г. н.) [4].

Ваўжынец Станiслаў Ян нарадзiўся 14 жнiўня 1794 г. i быў ахрышчаны 26 жнiўня ў Бальценiках. Гэта быў год апошняга падзелу краю, ў краiне гаспадарылi рускiя войскi i ў дзень нараджэння немаўля, у маёнтку з'явiлiся казакамi, што выклiкала панiку сярод дамачадцаў. Бацька малога Ваўжынца прасiў рускага афiцэра не парушаць спакой сям'i ў такi дзень. Казацкi афiцэр гэта паабяцаў i нават узяў дзiцятку на рукi i благаславiў яго. Хутка маладая жонка памёрла, што разам з стратай незалежнасцi радзiмы прывяло каралеўскага шамбеляна да працяглай меланхолii i страты усякай цiкавасцi да жыцця, таму малы Ваўжынец гадаваўся не толькi без мацi але i без бацькi [5].

Выхаваннем унука заняўся дзед, былы генерал-ад'ютант польнага гетмана ВКЛ Масальскага i старая нянька Грындова. Дзед быў чалавекам гарачай веры, кожны дзень у яго маёнтку адбывалiся богаслужэннi ў якiх удзельнiчалi ўсе дамачадцы. У старога генерал-ад'ютанта была любiмая прымаўка: «Насамрэч хай лепей нас усявышнi крыўдзiць, абы мы нiкога не крыўдзiлi».

Ва узросце 13 лет юны Ваўжынец быў аддадзены вучыцца ў Слуцкую пратэстанскую школу, пад апеку рэктара школы, пастара Мiхала Ваноўскага. Ваноўскi вучыў яшчэ бацьку Ваўжынца i адносiны памiж Ваноўскiм i Путкамерамi былi амаль што радзiннымi. Даследчыкi адзначаюць, што пратэстанская школа дала яму значна лепшую падрыхтоўку для атрымання вышэйшай адукацыi, чым напрыклад падрыхтоўку ў навагрудскiх дамiнiканаў, якую меў Адам Мiцкевiч [6].

У 1809 г. памёр Путкамер - дзед.

У 1810 г. унук пачаў вучыцца на фiласофска - матэматычным факультэце славутага Вiленскага унiверсiтэта i 1812 г. атрымаў ступень кандыдата фiласофii. Калi пачалася вайна 1812 г. i Напалеон аднавiў iснаванне Вялiкага княства Лiтоўскага, ён, як большасць сяброў, запiсаўся шарагоўцам у зноў створанае войска Вялiкага княства, у гвардзейскi кавалерыйскi полк генерала Канопкi, а потым у полк лёгкай кавалерыi iмператарскай гвардыi Вiнцэнта Красiнскага. Васемнаццацi гадовы юнак быў з войскам Напалеона ў Маскве, выжыў у катастрофе на Бярэзiне. Адступаючы з войскам каля Вiльнi, заехаў дахаты i тут захварэў тыфам. А калi вылечыўся, вайна ужо iшла далёка на захад ад дома. Гонар жаўнера i вера ў зорку Напалеона не дазволiлi яму адседзяцца ў хаце, праз тылы расейскiх войскаў, абмiнуўшы казацкiя патрулi, ён прабраўся у Мерач на Нёмане, ў люты мароз перайшоў Нёман. Потым па спустошанаму вайной краю малады граф iшоў да сваiх. Час ад часу злазiў з каня i каб сагрэцца бег побач. Сiлы ужо пакiдалi юнака калi ён сустрэў iнспектара дывiзii кавалерыi якi ехаў у Варшаву ў полк Красiнскага. Афiцэр падабраў задубелага маладзёна i давёз яго ў полк.

Малады вайсковец ваяваў усю кампанiю 1813 г., трапiў у прускi палон i пасля амнiстыi, у 1814 г. вярнуўся дахаты ў чыне паручнiка. Напалеон застаўся кумiрам Ваўжынца Путкамера да канца жыцця, потым ён часта расказваў: «Вы маладыя, не разумееце што з намi адбывалася… у нас ускiпела кроў i мы былi здольныя на усе, калi вялiкi чалавек… у шэрым сурдуце галапiраваў перад фронтам нашага палка i паказваючы на непрыяцеля казаў «Mes braves et fideles Polonais en avant!»». Параза пад Ватэрлоо прывяла Путкамера да гарачкi, а калi ён пачуў пра вяртанне iмператара ў так званыя «сто дзён Напалеона», дык ужо прыгатаваў свой уланскi мундур i гатовы быў ехаць ва Францыю. Нават будучы ў сталым веку нiколi не мог спакойна расказваць пра тыя часы i пра iмператара Напалеона [7]. А ў 1840 г., калi парэшткi iмператара урачыста перавозiлiся з вострава Святой Алёны ў касцёл Iнвалiдаў у Парыжы, толькi адсутнасць грошаў прымусiла графа ўстрымацца ад паездкi ва Францыю [8].

Пасля заканчэнне вайны малады Ваўжынец Путкамер пачаў гаспадарыць на зямлi. З 1816 г. малады граф жыў у невялiкiм маёнтку Унiхава недалёка ад Карэлiчаў. Былы афiцэр армii Напалеона, чалавек з еўрапейскiм менталiтэтам, ён лiчыў неабходным палепшаць жыццё простага народа, даць сялянам асабiстую волю i стварыць сiстэму народнай адукацыi. У той час iмператар Расii Аляксандр I даў дазвол абшарнiкам даваць асабiстую свабоду прыгонным сялянам i пераводзiць iх на грашовы аброк. Як дэлегат ад Навагрудскага павету на Гродненскiм губернскiм соймiку, ён прапанаваў так зрабiць усiм абшарнiкам i прыняць супольную заяву. Калi б гэтая прапанова была прынятая, i сяляне атрымалi асабiстую волю амаль на палову стагоддзя раней, гiсторыя нашага краю магла скласцiся iнакш. Толькi некалькi маладых абшарнiкаў патрымала Путкамера, большасць шляхты абурылася i назвала яго анархiстам i якабiнцам. Дэлегату ад Навагрудскага павета толькi заставалася далучыць свой праект да пратаколаў соймiка.

У 1817 г. Цар Александр I дазволiў ушанаваць памяць памёрлага Касцюшкi, i па усёй Беларусi i Польшчы праходзiлi зборы шляхты з урачыстасцямi прысвечанымi смерцi Тадэвуша Касцюшкi i богаслужэннi у касцёлах. Прайшло ушанаванне памяцi героя i 13 снежня 1817 г. у Навагрудскiм касцёле. Касцёл быў упрыгожаны партрэтамi Касцюшкi, Рейтана, Корасака, Багушэвiча, Радзiшэўскага - мужоў якiя годна паводзiлi сябе падчас падзелаў i баранiлi Радзiму [9]. Падчас урачыстасцяў пасля рэчы маршалка шляхты Вайнiловiча, пратэстант Ваўжынец Путкамер прачытаў элегiю «На смерць Тадэвуша Касцюшкi», якую напiсаў сам, але ёсць меркаванне, што гэта элегiя магла належаць пяру Адама Мiцкевiча [10].

Унiхава знаходзiлася недалёка ад Туганавiчаў дзе 26­цi летнi граф i пазнаёмiўся са сваёй будучай жонкай - Марыляй Верашчакай. Ён сябраваў з братамi Марылi, i як запiсана ў дзённiку дзяўчыны, сваю прапанову «рукi i сэрца» зрабiў 14 лiпеня 1819 г. у форме чатырохрадкоўя. Даследчыкi адзначаюць, што акрамя графа Путкамера, не вядома нi аднаго сапраўднага канкурэнта на руку Марылi.

Будучая графiня была добра выхавана i адукавана. Яна мела двух гувернантак (францужанку i немку), музыцы яе вучылi французы-эмiгранты Манарэ i Фроке, пенiю - iтальянец Бранеццi, класiчную адукацыю яна атрымала ў ксяндзоў - езуiтаў Вiшнеўскага i Дзiвурдзевiча. Дзяўчына валодала французскай, нямецкай i iтальянскай мовамi, шмат чытала, пела, музiцыравала [11]. Марыля з цiкавасцю прымала знакi кахання ад Мiцкевiча, але выбрала сапраўднага баявога афiцэра. Путкамер i Мiцкевiч па сяброўскi зразумелi адзi на аднаго i пасля сур'ёзнай размовы, сапернiк згадзiўся добраахвотна «пакiнуць поле бiтвы». Мiцкевiч i потым добра адносiўся да мужа Марылi заставаўся сябрам iх абодвух [12].

2 лютага 1821 г. у Туганавiчах узялi шлюб Марыя Верашчака i Ваўжынец Путкамер. Звестак пра гэту падзею няма, аднак, верагодна цырымонiю вёў каталiцкi ксёндз. У традыцыях ВКЛ, пры розных веравызнаннях у сям'i, сыны павiнны выхоўвацца ў бацькоўскай веры а дочкi ў матчынай. Путкамеры прытрымлiвалiся гэтага прынцыпу некалькi пакаленняў, iх унук (пра якога будзе расказана далей) быў актыўным пратэстантам пры тым шлюб узяў у варшаўскiм кляштары вiзiтак а яго дачка Янiна была каталiчка [13].

Адразу пасля шлюбу маладыя жылi ва Унiхава, але Ваўжынец хутка атрымаў маёнтак Бальценiкi з Бражэльцамi (200 мужскiх душ) [14] i яны пераехалi ў Бальценiкi.

Маёнткам Бальценiкi Путкамеры валодалi з 1723 г. да Другой Сусветнай вайны. Двор i гаспадарчыя пабудовы ляжалi на высокiм узгорку якi з захаду перахадзiў у раўнiну а на усход ад маёнтка цякла рэчка Гражулка. Болей за стагоддзе сядзiбай Путкамераў быў невялiкi мураваны дом з мезанiнам накрыты высокiм «ламанам» гонтавым дахам, дом меў ганак з калонамi i быў добра аздоблены знутры i абстаўлены мэбляй ў стылi ампiр. Вiд гэтага дома захаваўся толькi на малюнку Напалеона Орды. У другой палове ХIХ ст. стары маёнтак праз эксдывiзiю адышоў у дзяржаўную маёмасць i прыйшоў у заняпад. Пусты, без мэблi будынак, быў на мяжы зруйнавання [15].

У часы, калi Бальценiкi наведваў Адам Мiцкевiч перад старым домам рэчка пераўтваралася ў своеасаблiвае возера (мора Марылi). Марыля Путкамер часта працавала ў садзе. Важная мемарыяльнае значэнне мае «гаiк Марылi» - невялiкi лясок прыкладна ў 500 м ад цэнтральнай сядзiбы. Пра гаiк графiня ўспамiнае ў лiсце да Тамаша Зана, апiсваючы свае клопаты пра гэты прыгожы куток сядзiбы, у якiм праўда, няма зелянiны, няма кветак i там пераважаюць змрочныя цёмныя ялiны, але, як пiсала Марыля, нягледзячы на гэта, «ён захоўвае для мяне шмат прыгажосцi». Вераемна тут адбывалася сустрэчы паэта з яго каханкай, аб чым расказвае народная легенда [16]. Федарук А. Т. прымае меркаванне аб тым, што А. Мiцкевiч, у памяць аб рамантычным каханнi да Марылi з Верашчакаў, высек на гэтым валуне крыж, якi бачны i цяпер. Iнакш выкладзена гiсторыя гэтага каштоўнага мемарыяльнага аб'екту ў мемуарах А. Адынца. Верагоднасць яго версii узмацняе тое, што ён, разам з Чачотам гасцiў у Бальценiках у 1823 г., праз год пасля двухтыднёвага знаходжання тут А. Мiцкевiча. Як пiша А. Адынец, яны часта наведвалi лясок, дзе знаходзiўся вялiкi плоскi камень «з крыжом, выбiтым ёю (Марыляй) самой на гэтым надмагiллi Мiнуўшага i Надзеi».

Праўнучка Янiна пiсала пра сваiх прадзедаў: «Прадзед Ваўжынец любiў паляваць i гасцяваць па суседзях i не любiў праводзiць час у сваiм доме. Яго жонка, iстота са праўды паэтычная, хадзiла ў белай сукнi i вялiкiм саломяным капелюшы, не цiкавiлася практычнымi справамi, але, седзячы на галiнцы квiтнеючай яблынi, чытала Байрана» [17].

Ваўжынец i Марыля Путкамеры мелi трох дзяцей: сына Станiслава i дачок Зоф'ю (па мужу - Калiноўскую) i Каралiну (па мужу - Рыхлевiч).

Бальценiкi знаходзiлiся блiзка аж Вiльнi i малады Путкамер хоць i не быў сябрам таварыстваў, але завязаў добрыя стасункi з фiламатамi i фiларэтамi. Ён стаў сябрам таварыства дапамогi бедным студэнтам i таварыства шубраўцаў. Наведваў амаль што усе пасяджэннi шубраўцаў i ў Вiленскiм унiверсiтэце слухаў лекцыi прафесароў Галухоўскага i Лялевеля.

Евангелiст Ваўжынец Путкамер выбiраўся куратарам Евангелiцка - Рэфарматарскага Сiноду на Лiтве. На свае невялiкiя фундушы пратэстанты утрымлiвалi дваццаць касцёлаў, гiмназiю ў Слуцку, вiленскi калегiюм, некалькi дзесяткаў месцаў у алюмiнату ў Слуцку, некалькi месцаў у Кейданах, шэсць вучняў у Дэрпце i чатыры ў Пецярбурзе [18]. Пратэстанскiя парафii уваходзiлi ў склад акруг - адпаведнiкаў каталiцкiх дыяцэзiй, хоць практычна, з­за малалiкасцi вернiкаў яны наблiжалiся да каталiцкага дэканата [19].

Больш за дзесяць гадоў Ваўжынец Путкамер быў сябрам Евангелiцка - Рэфарматарскага сiноду на Лiтве. За гэты час ён унёс праект аб надзяленнi зямлёй сялян якiя належалi пратэстанскiм зборам, але праект так сама не дайшоў да выканання. У 1822 г. ён улагодзiў справы з радзiвiлаўскiмi фундушамi для слуцкай школы. А у 1823 г. стары граф Аляксандр Путкамер, прапанаваў Сiноду праект свайго сына аб адкрыццi ў Вiльнi друкарнi, якая разам з паперняй павiнна была служыць развiццю культуры ў былым ВКЛ. Дакумент складаўся з двух частках: першая датычыла мэты справы (там ёсць такiя радкi «… сцвярджаю, што чым больш клас сялян адукаваны, тым у большай ступенi ведае ён пра неабходнасць паляпшэння свайго быту i паляпшае яго»), другая датычылася шляхоў рэалiзацыi. Аўтар паклапацiўся пра усе падрабязнасцi, але перыяд лiбералiзму прайшоў i царызм пачаў «закручваць шрубы», распачаўся працэс фiламатаў i праект не быў рэалiзаваны [20]. У 1824 г. была зачынена гiмназiя ў Кейданах i супраць школы ў Слуцку былi высунуты цяжкiя абвiнавачаннi. Таму вiленскi сiнод даручыў свайму куратару вырашыць з рэктарам вiленскага унiверсiтэта Пелiканам пытанне са школай у Слуцку i магчымасць пераўтварэнне яе ў гiмназiю. Атрымаўшы дазвол ад рэктара i ад урада, у 1829 г. ён пачаў будаваць новы корпус гiмназii. Пры закладцы ганаровага каменю, Путкамер сказаў запамiнальную прамову [21]. З часам, слуцкая гiмназiя сталася лепшай у Лiтве i падрыхтавала шмат людзей, якiя сталi гонарам беларускай i сусветнай культуры.

Увогуле, Ваўжынец Путкамер, «паручнiк войск польскiх», кiраваў пасяджэннямi Сiнода ў якасцi дырэктара у 1821, 1822, 1829 гг. [22]

Думаў Путкамер i пра развiццё прамысловасцi ў краi. Ён бачыў бурнае развiццё прамысловасцi ў Еўропе, разумеў значэнне якое маюць розныя прамысловыя i сельскагаспадарчыя таварыства. У 1828 г. ён залажыў першую на Лiтве фабрыку паперы, далей планаваў пабудаваць у сябе цукроўню, гарбарню i фабрыку сукна. Брак капiталу не дазволiў давесцi гэтыя праекты да рэалiзацыi. Таму граф задумаў стварыць першае на Лiтве прамысловае таварыства. Плануючы стварыць цукроўню як акцыянернае прадпрыемства, ён вёў перамовы з маршалкам губернскай шляхты Жабам i з прамыслоўцам Мiхалам Макрыцкiм. 15 чэрвеня 1838 г. граф атрымаў Найвышэйшы указ якi дазваляў старыць кампанiю. Путкамер вывучаў справу цукраварства на працуючых фабрыках, агiтаваў багатых людзей а сялянам Вiленшчыны раздаваў насенне цукровых буракоў i гарантаваў закуп ураджаю. Але сабраць неабходную колькасць акцыянераў i грошай не удалося, шляхта не верыла ў перспектывы прамысловага таварыства [23].

У чэрвенi 1833 г. Ваўжынец i Марыля Путкамеры за дапамогу эмiсару Марцелю Шыманскаму былi арыштаваны. Яны спачатку знаходзiлiся пад вартай у Вiльнi, а са жнiўня па лiстапад 1833 г. - у Гродзенскiм астрозе. Марылю абвiнавачвалi спасылаючыся на сведчаннi Шыманскага, але яна не прызнавала сябе вiнаватай. Толькi зiмой 1833 г. Путкамеры змаглi вярнуцца у Бальценiкi [24].

Мiцкевiч у выгнаннi, з цiкавасцю паглынаў усе звесткi з радзiмы. На пачатку 1846 г. ён даведаўся, што Путкамерова з Верашчакаў, сястра яго сябра Мiхала, выдала старэйшую дачку Зоф'ю за нейкага Калiноўскага, iнспектара з Вiльнi, а ў Бальценiках даведалiся з пiсьма Тамага Зана што Мiцкевiч стаў халодным i нават «суровым i здольным прынiзiць» [25].

Чэслаў Малеўскi пiша, што Ваўжынец Станiслаў Ян граф Путкамер з Версовiчаў - Сякерка з 20 верасня 1847 г. па 15 чэрвеня 1849 г. быў маршалкам шляхты лiдскага павета [26]. Маршалак быў прызначаны сябрам статыстычнага камiтэта пры губернатары Допельмайере i адзiнаасобна склаў статыстыку лiдскага павета. У тыя часы праводзiлася так званая iнвентарызацыя панскiх маёнткаў. Гэта быў адзiн з першых крокаў у бок урэгулявання стасункаў памiж прыгоннымi i прыгоннiкамi, бо iнвенатар павiнен быў вызначыць межы панскай улады i памеры сялянскiх падаткаў. Гэты крок улады вызваў занепакоенасць шляхты. Маршалак руплiва заняўся складаннем iнвентару, тлумачачы сялянам, якiя павiннасцi яны будуць адпрацоўваць, а якiя паны не маюць права ад iх патрабаваць. Пры гэтым пiльнаваў за тым каб абшарнiкi не патрабавалi ад сялян выконваць павiннасцi не прадугледжаныя законам. Путкамер часта быў пасярэднiкам у спрэчках памiж сялянамi i абшарнiкамi павета. I шляхта казала пра яго: «Пане дабрадзею, маршалак сялян, а не шляхты» («Panie Dobrodzieju, to marszałek chłopów a nie szlachty»). Даведаўшыся пра такiя адозвы, Ваўжынец публiчна высказаўся, што шляхта дала яму лепшую з магчымых мянушак [27].

На сваёй асабiстай гаспадарцы граф меў грашовыя клопаты, не ўсё у яго было добра, што бачна з лiставання з ягоным сябрам i суседам, вядомым гiсторыкам Мiхалам Балiнскiм, фрагменты яго прыводзiць у сваёй кнiзе Караль Эстрэйхер. Напрыклад адзiн з выкапаных у Бальценiках ставаў прышлося закапаць з­за узнiкшых праблем. Путкамер пiша, што узяў падрад на будаўнiцтва лiдскага казначэйства i просiць Балiньскага дамовiцца з нейкiм панам Аншлам, каб ён не патрабаваў ад графа даваць сваiх парабкаў для працы i т. д. У лiстах да Балiнскага ён часта пiсаў пра сына Стася, але нiколi не пiсаў пра жонку, пэўна меў нейкiя праблемы ў адносiнах з ёй.

Памёр граф Ваўжынец Путкамер у Вiльнi, 30 студзеня 1850 г.

Пасля смерцi бацькi сын Станiслаў напiсаў пра яго: «Дадам яшчэ некалькi слоў, з маёй памяцi. Кожны сябар i знаёмы майго бацькi, памятае яго шляхетную паставу, яго лагоднае аблiчча якое адлюстроўвала высокiя думкi i сэрца якое бiлася дзеля грамадскага дабра» [28].

Антонi Адынец пасля яго смерцi напiсаў « Чачот сапраўды заўседы мне гаварыў, што гэта самы сумленны, самы прыемны чалавек i што усе яго учынкi, на думку Адама (Мiцкеiча - Л. Л.), характарызавалiся выключанай шляхетнасцю, якую сам Адам прызнаваў. Аднак, нiколi ён не мог бы з чужых слоў дапусцiць, калi б не пазнаёмiўся асабiста, што той «перахопнiк Мырылi» быў сапраўды такi вельмi iдэальны» [29].

Мiхал Балiнскiй пiсаў пра Ваўжынца Путкамера: «Самым паважаным суседам Яна Снядэцкага быў Ваўжынец Путкамер, якi жыў у 3 мiлях ад Яшун у Бальценiках. Калiсьцi… прыгожы ўлан… зусiм не арыстакрат, не толькi не багаты а нават вельмi бедны бо атрымаў спустошаныя бацькаўскiя маёнткi… ён рабiў першыя крокi ў стварэннi прамысловасцi нашага краю. Акрамя таго меў надзвычайныя якасцi сэрца i розуму якiя не толькi ў Лiтве, але i ва ўсiм свеце рэдка сустракаюцца. Працавiты, адукаваны чалавек, ён жадаў даць волю сельскаму люду i таму быў паважаны сваiмi сялянамi… верны сябар… прытым, не гледзячы на жыццёвыя праблемы, заўжды вясёлы, вельмi дасцiпны, хадзячы скарбец вусных анекдотаў, аматар кнiг i палявання…» [30].

Граф Ваўжынец Путкамер быў пахаваны на у Вiльнi на Баўфалавай гары Евангелiчных могiлках пры вулiцы Малой Пагулянцы ў родавай каплiцы [31].

Праўнучка Ваўжынца i Марылi Путкамераў Янiна Жалтоўска пiсала ў сваiх мемуарах: «Мой прадзед Ваўжынец Путкамер нiколi не меў вялiкую фартуну. Пасля смерцi прадзеда, маёнтак Бальцэнiкi - Бражльцы, уласнасць роду з 1723 г…., быў зменшаны эксдывiзiей, Унiхаў - навагрудскi маёнтак быў страчаны праўдападобна так сама праз эксдывiзiю» [32]. «Мужыцкi маршалак» пасля сваёй смерцi пакiнуў вялiкiя даўгi.

У 1860 г. у Больценiках пасялiўся з сям'ёй сын Марылi i Ваўжынца - Станiслаў Путкамер.

У снежнi 1863 г. памерла Марыля Путкамер. Пахавана Марыля каля Беняконскага касцёла.

Пра сына Ваўжынца i Марылi Станiслава Путкамеру вядома не шмат. Ён як i бацька з дзедам быў актыўным пратэстантам, як дырэктар кiраваў пасяджэннямi Сiноду у 1872, 1875, 1878, 1879 гг. [33] Ягоная унучка Янiна пiсала «Мой дзед Станiслаў граф Путкамер был шматгадовым куратарам пратэстанскага Сiноду i таму жыў у доме, якi належаў Сiноду ў Вiльнi» i «дзед быў вельмi ашчадны, жыў сцiпла i пераважна ў Вiльнi i нават на летнi адпачынак выязджаў не далей чым да ваколiчных дамоў». [34] Аднак менавiта ён у другой палове XIX ст. пачаў фармаваць знакамiты парк вакол амаль што страчанага праз заклад маёнтка ў Больценiках [35]. Станiслаў Путкамер ажанiўся з Фелiцыей Кяневiч. Янiна Жалтоўска пiсала, што бабуля Фелiцыя была асобай цяжкай i дэспатычнай, хварэла на сухоты, але муж кахаў яе служыў ёй з «анельскай цярплiвасцю i дабрыней». Менавiта графiня трымала ў руках усе сямейныя справы i планы i калi у Вiльне новы губернатар стаў больш даступны, дзякуючы ёй, сям'я атрымала дазвол на выкуп сваiх маёнткаў. Вельмi кахала свайго старэйшага здольнага сына «Ваву» i ускладала на яго надзеi на фiнансавы уздым сям'i. Графiня дрэнна адносiлася да сясцёр мужа i яны плацiлi ёй тым жа. Янiна памятае, як сёстры дзеда меркавалi, што з­за сваёй амбiцыi, бабуля патрабуе ад сыноў празмернай вучобы, i, па iх меркаванню, менавiта вучоба змарнавала здароў'е малодшага з iх - Iпалiта. Акрамя двух сыноў, Путкамеры мелi i дачку Палiну (па мужу - Хоўвальт). Пра шлюб цёткi, Янiна пiша: «Да маёй цёткi Польцi… заляцалiся адразу два кавалера, суседзi Владыслаў Ховаўльт i багаты Вiтольд Вагнер з Салечнiкаў. Пры партыях вiнта цi прэферанса, два прэтэндэнта зблiзiлiся з маiм дзедам, якi выбраў Хоўвальта i такiм чынам вызначыў лёс адзiнай панны ў сям'i…. Жыцце сям'i майго бацькi было правiнцыйнае i нуднае, абумоўленае недахопам грошаў i краёвымi паразамi… квiтнелi сямейныя цноты, паважалiся адсутнасць эгаiзму i прастата сэрца» [36].

Сын Станiслава Путкамера - Ваўжынец (11.4.1859-30.11.1923) скончыў Вiленскую рэальную вучэльню i ў 1880 г. - Санкт­Пецярбургскi iнстытут iнжынераў шляхоў зносiн.

Яго дачка, Янiна Жалтоўска пiсала: «Мой бацька i стрый закончылi Iнстытут шляхоў зносiн у Пецярбургу. Будова чыгункi у сямiдзесятых гадах XIX ст. была на ўздыме i здольныя iнжынеры маглi зарабiць на маёнтак… Мая бабка павiнна была з цiкавасцю слухаць аповяды пра генерала Жылiнскага, якi асушае Палессе цi пра будаўнiцтва моста на Вiсле… нi адзiн з яе сыноў не зрабiў кар'еру на чыгунке, бо стрый Iпалiт меў дрэннае здароўе, а мой бацька нiколi не дасягнуў вышынь кар'еры iнжынера, але працуючы у генерала Жылiнскага, зблiзiўся з крэўнымi з Дзерэшевiч i там узяў сабе жонку» [37].

Як iнжынер-пуцеец малады граф удзельнiчаў у будаўнiцтве Ўральскай, Бакiнскай i Палескiх чыгунак. Апошняя чыгунка прайшла лiтаральна ў некалькiх кiламетрах ад радавога маёнтка Бальценiкi, Ваўжынец пакiнуў кар'еру iнжынера i застаўся на радзiме, у 1883 г. ён ужо чалец Вiленскага дваранскага збору. «Пра маладосць майго бацькi чула не шмат. Праца дзеля заробкаў у варожым асяроддзi не адпавядала яго амбiцыям… iшла супраць яго шляхцянскiх iнстынктаў» [38]. У 1887 г. малады граф ажанiўся з Зоф'ей Кеневiч, дачкой уладальнiка маёнтка ў мазырскiм павеце Дзерэшевiчы, з ён якой пазнаёмiўся пад час будаўнiцтва Палескiх чыгунак. Пасля жанiцьбы граф стаў буйным землеўладальнiкам, меў 1,1 тысячы дзесяцiн Вiленскай i 9 тысяч дзесяцiн у Мiнскай губернях [39], пра што дачка Янiна пiсала: «Шлюб маiх бацькоў здзейснiў мары маёй бабкi, бо на пасаг маёй мацi… былi куплены Карэлiчы з чатырма фальваркамi, маёнтак такi добры i прыгожы, што нават на Навагрудчыне лiчыўся «залатым яблакам», а ў Аўгуста Патоцкага былi купленыя Раклiшкi - частка маёнтка Гародна у лiдскiм павеце. «Жанiцьба яго была шчаслiвай… бо дала яму духоўнае апiрышча i неабходныя матэрыяльныя вартасцi - багаты i прыгожы двор» [40]. Пасля смерцi брата Iмпалiта у 1895 г. ад сухотаў, Ваўжынец атрымаў яго маёнтак пад Карэлiчамi [41]. А ў 1897 г. Казiмiр Верашчака танна прадаў графу маёнтак у Райцы. У 1910 г. Райцу ў пасаг атрымала яго дачка Янiна, якая выйшла замуж за прафесара Адама Жалтоўскага [42].

Пры канцы XIX ст. сядзiба Путкамераў у Бальценiках прыйшла ў заняпад а дом стаў малым для сям'i. Таму было вырашана разабраць старое айчыннае гняздо i пабудаваць новы двор. Праект новага дома у стылю англiйскай готыкi з чырвонай цэглы, распрацаваў архiтэктар Тадэвуш Раствароўскi.

«Пэўна у 1895 г. я першае лета праводзiла ў Бальцеэнiках…. Жылi мы ў трох пакоях у афiцыне, сярод прымiтыўных крэслаў i столiкаў, на падлозе з нефарбаваных дошак. А навокал уздымалiся новыя чырвоныя муры новага дома, памiж афiцынай i новым домам у скрынях ляжала гашоная вапна…. Маi бацькi распачалi будоўлю гаспадаркi ў малых i убогiх Бальценiках, вынiшчаных за доўгiя гады знаходжання у дзяржаве. Старыя будынкi фальварку сталi руiнамi, здзiчэлыя палi былi усланыя камянямi. На працягу шэрагу гадоў сяляне звозiлi камянi з палёў для пабудовы «кiтайскага» муру, якi атачаў сад» [43].

Будоўля закончылася ў 1896 г. Новы дом меў спiчастыя дахi, высокiя комiны i вялiкiя лучковыя вокны. Унутраны дызайн дома распрацаваў сам гаспадар, а выканалi мясцовыя i вiленскiя майстры. Найбольш прыгожымi былi чатыры рэпрэзентатыўныя пакоi: пярэднi пакой, салон, кабiнет i сталовая. Салон быў абстаўлены мэбляй у стылi Людовiка XV якую зрабiў вiленскi цясляр па узорах прапанаваных панам Слiзьням - агульнавядомым у той час калекцыянерам i «арбiтрам добрага густу» у Вiльнi. Кабiнет быў адстаўлены невялiкiмi кнiжнымi шафамi, бюро, канапамi, фатэлямi з дэкарацыямi з накладной бронзы. У сталовую вялi белыя дубовыя дзверы, яна мела белыя дубовымi столi а на сценах вiселi партрэты роду Путкамераў. Пры старым доме меўся сад у старасвецкiм стылю. Пасля пабудовы новага дома сад пашырылi i перапланавалi у англiйскiм стылю па праекту вядомага садоўнiка з Вiльнi Паўловiча. У садзе быў выкапаны вялiкi стаў а папярок ракi насыпана грэбля. Парк агульнай плошчай болей за 8 га. знаходзiцца ў паўднёвай частцы сядзiбы i атачоны плотам [44]. Па меркаванню А. Т. Федарука, парк Бальценiках i зараз з'яўляецца лепшым узорам пейзажных паркаў у Беларусi. З канца XIX ст. ён паспяхова папаўняўся экзатычнымi дрэвамi i зараз тут расце больш за 60 назваў драўняных раслiн. Парк з'яўляецца помнiкам прыроды рэспублiканскага значэння [45]. Вось як апiсвала радзiннае гняздо дачка Ваўжынца Путкамера Янiна: «Сам двор i забудовы фальварка ляжалi на высокiм пагорку якi пераходзiў у раўнiну на захадзе, на усходзе рэчка Гражулка, якая вiлася сярод вольхi, аддзялiла пагорак ад дарогi…. На рацэ быў мост, ад якога угару да двара вяла няроўная i стромная дарога, мiнуўшы двор, дарога вяла да Раклiшак i самотнай, дзiкай грушы - мэтай нашых недалёкiх шпацыраў. Гарызонт з усiх бакоў замыкаўся блiзкiмi i далёкiмi лясамi…. Нiколi не бачыла старога двара, у якiм жылi мая прабабка i некалькi апошнiх пакаленняў Путкамераў. Ён быў разбураны маiм бацькам, бо быў стары i цяжкi для аднаўлення. Чула потым, што двор быў мураваны, мел ганак з калонамi, падвойны дах крыты гонтам, унутры маляваныя столi, на адзiн з малюнкаў прадстаўляў сцэну з Апалонам. Не зафатаграфавалi яго нават перад знiшчэннем. З мэблi захавалiся фатэлi якiя служылi потым у гасцiнных пакоях…. Каля 1895 г. краязнаўства яшчэ не было i нiхто не рабiў мастацкiх здымкаў…» [46].

Да першай сусветнай вайны ў адным з бюро ў Бальцэнiках захоўвалiся пачкi лiстоў Марыi з Верашчакаў да мужа. «З свайго дзяцiнства памятаю расказы, што лiсты нудныя i датычаць гаспадарчых спраў…. Пра вялiкае каханне найвялiкшага з польскiх паэтаў успамiналася час ад часу пад уплывам артыкула цi нейкага пытання кагосьцi, але чалавечы бок таго лiтаратурнага рамана мала каго цiкавiў» [47].

У 1900 г. Ваўжынец Путкамер уступiў у Вiленскае сельскагаспадарчага таварыства, увосень 1905 г. яго абiраюць дэлегатам ад дваранства Лiдскага павета Вiленскай губернi ў Вiленскую земскую камiсiю для вырашэння пытання аб земствах у Прыбалтыйскiх губернях. У тым жа годзе графу Путкамеру было дазволена пабудаваць у маёнтку Бальценiкi вiнакурны завод. У 1906 г. стаў адным арганiзатараў Вiленскага грамадства сяброў навукi i быў абраны куратарам Вiленскага евангелiчнага-рэфарматарскага сiноду i куратарам евангелiчна-рэфарматарскага прыходу ў Вiльнi. Кiраваў пасяджэннямi Сiноду як яго дырэктар у 1911 i 1912 гг. [48] «У вынiку цяжкасцяў i нешчаслiвага лёсу людзi на Лiтве дзiчэлi, былi нясмелымi, упадалi ў неўрасценiю. Мой бацька меў такую натуру буйную i багатую, што не страцiў сваю iндывiдуальнасць… Маючы ад нараджэння розныя здольнасцi, не меў неабходнай пiльнасцi i не любiў займацца нуднымi рэчамi» - пiсала Янiна Жалтоўская [49].

Як палiтык Ваўжынец Путкамер быў чальцом польскай Нацыянальнай лiгi i Нацыянальна­дэмакратычнай партыi. Абiраўся выбарнiкам у 1­ю i 4­ю Дзяржаўныя Думы ад з'езду землеўладальнiкаў па Лiдскаму павету Вiленскай губернi, аднак у 1­ю i 3­ю Думы не прайшоў. У 1907 г. быў старшынём Лiдскага павятовага выбарчага камiтэта i таварышчам старшынi Вiленскага губернскага выбарчага камiтэта. 6 лютага 1907 г. абраны ва 2­ю Дзяржаўную Думу ад агульнага складу выбарнiкаў Вiленскага выбарчага збору. У Думе ўваходзiў у Польскае кола i працаваў у Бюджэтнай камiсii. Пасля роспуску 2­й Дзяржаўнай Думы вёў актыўнае грамадска - палiтычнае жыццё: удзельнiчаў у дзейнасцi Вiленскага сельскагаспадарчага грамадства i да красавiка 1909 г. уваходзiў у яго Раду, неафiцыйна прэзентаваў iнтарэсы таварыства ў Санкт­Пецярбургу, у 1908 г. ўвайшоў у Вiленскае таварыства падтрымкi польскага сцэнiчнага мастацтва, прадстаўляў дваранства Вiленскай губернi ў Санкт­Пецярбургскiм чыгуначным камiтэце. У 1907 г. зноў балатаваўся ў Дзяржаўную Думу але абраны не быў.

Тым не менш граф Ваўжынец Путкамер 14.10.1912 г. быў абраны ў 4­ю Дзяржаўную Думу ад з'езду землеўладальнiкаў Вiленскай губернi. У Думе ён стаў старшынём Групы заходнiх ускраiн i як прадстаўнiк фракцыi - чальцом Рады старэйшын. Працаваў у некалькiх камiсiях: фiнансавай, па мясцовым самакiраваннi, па ваенных i марскiх справах, зямельнай, аб замене сэрвiтутаў. Быў дакладчыкам Фiнансавай камiсii, выступаў з думскай трыбуны ў абарону правоў народаў заходнiх ускраiн Расеi.

Напачатку 1­й сусветныя Путкамер падтрымаў антыгерманскую дэкларацыю Польскага кола, верыў у магчымасць аднаўлення дзяржаўнасцi у выпадку перамогi Расеi. Выступiў у падтрымку Прагрэсiўнага блока, заявiў пра гатовасць увайсцi ў яго склад з умовай, што прадстаўнiкам Польскага кола будзе прадстаўлена права выступаць па нацыянальным пытаннi, не абмяжоўваючыся рамкамi праграмы блока (яго заява не была ўхвалена iншымi чальцамi Польскага кола). Рэзка крытыкаваў тактыку «выпаленай зямлi», якую ўжывала адступаючае расiйскае войска. Пасля Лютаўскай рэвалюцыi 1917 г. атрымаў адмову Часавага камiтэта Дзяржаўнай думы ў просьбе камандзiраваць яго ў Вiленскую губерню «для арганiзацыi камiтэтаў, мiлiцыi». Удзельнiчаў у арганiзацыi i правядзеннi Польскага палiтычнага з'езду ў Маскве (21-26.7.1917) i увайшоў у склад абранага на з'ездзе мiжпартыйнага аб'яднання - Польская Рады. Быў абраны чальцом Рады «Крэсаў Усходнiх», якая займалася каардынацыяй працы польскiх палiтычных дзеячаў у Лiтве, Беларусi i на Ўкраiне.

Пасля кастрычнiка 1917 г. Ваўжынец Путкамер выехаў з Петраграда ў Мiнск а потым у Вiльню. Увосень 1918 г. стаў чальцом дваранскай арганiзацыi, якая выступала за далучэнне Вiленскага краю да Польшчы i быў прызначаны германскiмi акупацыйнымi ўладамi «дэлегатам па справах польскай нацыянальнасцi». У лiстападзе 1918 г. удзельнiчаў у з'ездзе дваранскiх дэпутатаў у Вiльнi, адстойваў планы польскiх нацыянал­дэмакратаў па ўключэннi Вiленскага краю ў склад польскай дзяржавы. Пасля па даручэнню часавага камiтэта польскiх таварыстваў i груп у Беларусi, камандзiраваны ў Парыж, дзе вёў прапаганду аб далучэнне да Польшчы былых заходнiх губерняў Расiйскай iмперыi, супрацоўнiчаў з Нацыянальным польскiм камiтэтам. У траўнi 1919 г. вярнуўся на радзiму i уступiў у польскi Народна­нацыянальны звяз. Увосень 1922 г. па спiсе Хрысцiянскага звязу нацыянальнага адзiнства браў удзел у выбарах у польскi Сенат 1­го склiкання але не быў абраны.

Загартаваны i вопытны палiтык раптоўна памёр ад апаплексiчнага ўдару i быў пахаваны ў Вiльнi на кальвiнiсткiх могiлках [50].

Летам 1939 г. Бальценiкi наведала амерыканскi даследчык бiяграфii А. Мiцкевiча Мэрыон Колмэн, якая застала ў жывых унучку Марылi, Зофью Путкамер. Маёнтак быў тады ў добрым становiшчы, яго часта наведвалi турысты. Зоф'я падцвердзiла сямейнае паданне, што крыж на каменю­валуну быў высечаны яе бабкай Марыляй.



[1] Rody i herby szlacheckie na Litwie (XVIII) // NG 4 (537).

[2] Polska Encyklopedia Szlachecka. Warszawa, 1938 r., T. X. S. 151-152.

[3] Rody i herby szlacheckie na Litwie (XVIII) // NG 4 (537).

[4] Косман М. Праўда i легенда пра сапернiка паэта. Ваўжынец Путкамер i Адам Мiцкевiч // Адам Мiцкевiч i нацыянальныя культуры. Мiнск, 1998. С. 148.

[5] Karol Estreicher. Wawrzyniec Puttkamer (1794-1850). Lwow. 1880. S. 4.

[6] Karol Estreicher. Wawrzyniec Puttkamer (1794-1850). Lwow. 1880. S. 4.

[7] Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794-1850). Lwow. 1880. S. 6.

[8] Косман М. Праўда i легенда пра сапернiка паэта. Ваўжынец Путкамер i Адам Мiцкевiч // Адам Мiцкевiч i нацыянальныя культуры. Мiнск, 1998. С. 149.

[9] Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794-1850). Lwow. 1880. S. 7.

[10] Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794-1850). Lwow. 1880. S. 8.

[11] Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейшчины. Минск, 2006. С. 300-301.

[12] Косман М. Праўда i легенда пра сапернiка паэта. Ваўжынец Путкамер i Адам Мiцкевiч // Адам Мiцкевiч i нацыянальныя культуры. Мiнск, 1998. С. 150.

[13] Косман М. Праўда i легенда пра сапернiка паэта. Ваўжынец Путкамер i Адам Мiцкевiч // Адам Мiцкевiч i нацыянальныя культуры. Мiнск, 1998. С. 151.

[14] Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейшчины. Минск, 2006. С. 301.

[15] Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Wroclaw, 1993. T. 4. C. 45-46.

[16] Федорук А. Т. Садово­парковое искусство Белоруссии. Минск, 1989. С. 171.

[17] Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 113.

[18] Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794-1850). Lwow. 1880. S. 11.

[19] Kosman M. Litewska Jednota Ewangelicko­Reformowana od polowy XVII w. do 1939 r. Opole, 1986. S. 58.

[20] Косман М. Праўда i легенда пра сапернiка паэта. Ваўжынец Путкамер i Адам Мiцкевiч // Адам Мiцкевiч i нацыянальныя культуры. Мiнск, 1998. С. 152.

[21] Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794-1850). Lwow. 1880. S. 13.

[22] Косман М. Праўда i легенда пра сапернiка паэта. Ваўжынец Путкамер i Адам Мiцкевiч // Адам Мiцкевiч i нацыянальныя культуры. Мiнск, 1998. С. 153.

[23] Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794-1850). Lwow. 1880. S. 13.

[24] Gulczyński E. Sprawa Marcelego Szymańskiego emisariusza wyprawy Zaliwskiego. Wilno, 1933. S. 328.

[25] Косман М. Праўда i легенда пра сапернiка паэта. Ваўжынец Путкамер i Адам Мiцкевiч // Адам Мiцкевiч i нацыянальныя культуры. Мiнск, 1998. С. 153.

[26] Rody i herby szlacheckie na Litwie (XVIII) // NG 4 (537)

[27] Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794-1850). Lwow. 1880. S. 14.

[28] Estreicher Karol. Wawrzyniec Puttkamer (1794-1850). Lwow. 1880. S. 14.

[29] Косман М. Праўда i легенда пра сапернiка паэта. Ваўжынец Путкамер i Адам Мiцкевiч // Адам Мiцкевiч i нацыянальныя культуры. Мiнск, 1998. С. 153.

[30] Bałiński M. Pamiętniki o Janie Śniadeckim. Wilno, 1865. T. 1. S. 890-891.

[31] Rody i herby szlacheckie na Litwie (XVIII) // NG 4 (537)

[32] Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 6.

[33] Косман М. Праўда i легенда пра сапернiка паэта. Ваўжынец Путкамер i Адам Мiцкевiч // Адам Мiцкевiч i нацыянальныя культуры. Мiнск, 1998. С. 152.

[34] Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 1, 7.

[35] Федорук А. Т. Садово­парковое искусство Белоруссии. Минск, 1989. С. 169.

[36] Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 7.

[37] Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 8.

[38] Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 9.

[39] Иванов Б. Ю., Комзолова А. А., Ряховская И. С. Государственная дума Российской империи: 1906-1917. Москва, 2008. С. 512.

[40] Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 8. 10.

[41] Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 8. 18.

[42] Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Wroclaw, 1992. T. 2. C. 325.

[43] Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 8. 14.

[44] Aftanazy R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej. Wroclaw, 1993. T. 4. C. 46-47.

[45] Федорук А. Т. Садово­парковое искусство Белоруссии. Минск, 1989. С. 170.

[46] Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 8. 14-15.

[47] Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 15.

[48] Косман М. Праўда i легенда пра сапернiка паэта. Ваўжынец Путкамер i Адам Мiцкевiч // Адам Мiцкевiч i нацыянальныя культуры. Мiнск, 1998. С. 152.

[49] Janina z Puttkamerów Zółtowska. Inne czasy, inni ludzie. Londyn, 1998. S. 9.

[50] Иванов Б. Ю., Комзолова А. А., Ряховская И. С. Государственная дума Российской империи: 1906-1917. Москва, 2008. С. 512.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX