Нядаўна да мяне звярнулася нявестка ўнука Роберта Рэнерта - Данута Рэнерт з просьбай даць хоць якую інфармацыю пра двух братоў, лідскіх Рэнертаў, і сама паведаміла тое, што ведала пра іх. Вынікі свайго пошуку прапаноўваю ў гэтым артыкуле.
З 12 лютага 1891 г. гарадскі лекарам быў доктар медыцыны, надворны дарадца (у 1898 г.) Эдмунд Фёдаравіч Рэнерт (04.07.1862 - 05.07.1934). У 1879 г. скончыў Віленскую шасцікласную прагімназію, а ў 1881 г. - 1-ю Віленскую гімназію са срэбным медалём. Выпускнік Юр'еўскага ўніверсітэта (зараз - Тартускі), лютаранскага веравызнання. Працаваў у клінічнай лабараторыі прафесара Ф.І. Пастэрнацкага ў Санкт-Пецярбурзе. Абараніў дысертацыю "Аб параўнальным уплыве газаванага і простага малака на кішачныя закісанні здаровага чалавека (пры чыста малочнай дыеце)" [1]. Быў адзіным лекарам лідскіх гарадскога і яўрэйскага шпіталёў [2] да 1915 г.
З 24 ліпеня 1898 г. лідскім павятовым ветэрынарам стаў "без чыну" Роберт Вільгельм Робертавіч Рэнерт, які таксама закончыў Юр'еўскі ўніверсітэт і быў таксама лютэранскага веравызнання [3].
Абодва Рэнерты - родныя браты, але чамусьці імя па бацьку старэйшага з іх пісалася на рускі манер а малодшага - аўтэнтычна, як і належыць этнічнаму немцу.
Пра Эдмунда Фёдаравіч Рэнерта вядома не шмат. У 1920 - 1930-я гг. ён жыў ён у доме па адрасе: Віленская (Сувальская), 83. Вядома, што ў 1919 г. арандаваў жытло ў нейкага яўрэя каля Свята-Міхайлаўскага сабора і пасля інцыдэнту з благачынным Іосіфам Каяловічам падчас пераходу храма да католікаў, узгадваецца як "праваслаўны доктар" які аказаў святару медычную дапамогу [4].
Пахаваны на праваслаўных могілках, магіла і помнік захаваліся да нашага часу.
Доктар Роберт Рэнерт жыў па адрасе: Сувальская, 57 (інфармацыя Дануты Рэнерт), дом месціўся на гарадскім рынку. У 1928 г. ён працаваў дырэктарам гарадской рэзні, якая ў той час месцілася тут жа, на рынку, таксама быў зарэгістраваны як прыватны лекар-ветэрынар [5]. Быў жанаты з Альмай Хэленай Рэнерт (1877-1969) з дому Шэнбергаў. Рэнерты мелі двух сыноў: старэйшага Эдмунда Караля (1899-1984), які быў бацькам Ежы - мужа Дануты Рэнерт, і малодшага Роберта (1903-1990), які меў тры дачкі.
Пасля 1945 г. Роберт Рэнерт з сям'ёй выехаў у Польшчу, у горад Яленя-Гура і далейшы лёс яго невядомы.
Трэба дадаць, што версія, распаўсюджаная адным з лідскіх краязнаўцаў, пра тое, што дом, які захаваўся да нашага часу па адрасе: Савецкая, 23 (Віленская, Сувальская, 73) належаў Рэнертам, і менавіта ў ім знаходзіўся штаб чырвонай дывізіі ў 1919 г., памылковая. Штаб Заходняй савецкай дывізіі на пачатку 1919 г., які ўзначальваў былы палкоўнік Длускі, размясцілі ў доме доктара Рэнерта, які знаходзіўся пры галоўнай вуліцы, якая тады называлася Віленскай (цяпер Савецкая) [6], каля ўваходу на рынак.
[1] Реннерт Э. Ф. О сравнительном влиянии газированного и простого молока на кишечные брожения здорового человека (при чисто молочной диете): Дис. на степ. д-ра мед. Э.Ф. Реннерта / Из Клин. лаб. проф. Ф.И. Пастернацкого. Санкт-Петербург: т-во Печатня С.П. Яковлева, 1895.
[2] Памятная книжка Виленской губернии на 1899 г. Вильна, 1898. С. 246.
[3] Там жа.
[4] Архіў аўтара.
[5] Ksiega Adresowa Handlowa. Warszawa - Bydgoszcz. 1929. S. 1031.
[6] Дзічканец Юзаф. Самаабарона Лідскай зямлі. Ліда, 2010. С. 53.