УВОДЗІНЫ
Гісторыю ствараюць людзі: вядомыя і малавядомыя. Яны - нашы гонар і слава. Трэба толькі зразумець і ўсвядоміць, што кожны чалавек - гэта кніга, асобная планета. Гонар і слава Бярозаўкі - імёны заснавальнікаў гутнай вытворчасці ў нашым краі Зянона Ленскага, Вільгельма Краеўскага, Юліюса Столе, Браніслава і Фелікса Столе… Гісторыя сям'і апошніх - легендарная старонка гісторыі Лідчыны. Іх уклад у развіццё шклозавода "Нёман" і горада значны.
У аснову дадзенага даследавання пакладзена гісторыя роду сям'і Столе. Вывучэнне лёсу гэтай сям'і закладвае трывалы фундамент, на аснове якога будуецца суцэльная карціна грамадскага жыцця цэлага рэгіёна.
Я вырашыла прыўзняць завесу невядомасці і расказаць пра лёс мужчын і жанчын, якія ў складаны гістарычны перыяд змаглі не толькі выжыць, унесці важкі ўклад у развіццё горада і завода, але і пакінуць пасля сябе след. Прынёманскі край стаў радзімай для прадстаўнікоў славутага роду Столе, толькі гістарычныя абставіны прымусілі іх пакінуць наш край. Яны і сёння не парываюць сувязі, цікавяцца жыццём горада і завода, наведваюць родныя для іх мясціны.
Асаблівую цікавасць пры напісанні работы выклікалі матэрыялы сямейнага сайта Столе, успаміны Яніны Столе (Краеўскай), таксама Галіны Вініцкай, адной са старэйшых жыхарак нашага горада, лісты Дануты Столе-Гросфельд і Ўладзіслава Столе, архіўныя дакументы, а таксама вынікі працы краязнаўчага клуба "Пошук".
Гэта першая спроба сістэматызаваць матэрыял і скласці радавод заснавальнікаў сучаснага прадпрыемства "Нёман". Пры напісанні работы былі выкарыстаны наступныя метады даследавання: збор і апрацоўка інфармацыі, метад аналізу і сінтэзу, метад параўнання гістарычных фактаў.
Навізна даследавання ў тым, каб паказаць уклад у развіццё горада і завода не толькі Юліюса Столе, але і астатніх прадстаўнікоў гэтага славутага роду [Дадатак 8], якія з'яўляліся акцыянерамі фірмы "Столе і сыны" [Дадатак 7].
РАЗДЗЕЛ 1
ГЕНЕАЛАГІЧНЫЯ ТЭРМІНЫ
Генеалогія стагоддзямі выпрацоўвала нормы афармлення звестак аб родных у выглядзе разнастайных табліц, роспісаў, дасье, картак, устанаўлівала выразныя правілы запаўнення гэтых дакументаў: графіку, сімволіку, нумарацыю і г. д. Перш за ўсё падам азначэнне радаводу.
Радавод - гэта пералік пакаленняў аднаго роду, які ўстанаўлівае паходжанне і ступень роднасці [7, с. 204].
Радавод можна аформіць у выглядзе дрэва, табліцы або роспісу.
1.1. Радаводнае дрэва
Ва ўзыходным радаводзе пачынаюць з пэўнага чалавека, потым ідуць па ўзыходных прыступках або каленах да бацькі, дзеда, прадзеда і г. д., ад вядомага да невядомага [Дадатак 1, табліца 1].
У сыходным радаводзе пачынаюць з самага аддаленага з продкаў і паступова пераходзяць да нашчадкаў [Дадатак 1, табліца 2].
Мужчынскі сыходны радавод указвае ўсіх нашчадкаў родапачынальніка па мужчынскай лініі з указаннем імёнаў іх жонак.
Мужчынскі ўзыходны радавод выглядае як адна лінія, паколькі ў кожным пакаленні паказаны толькі адзін продак мужчынскага полу. Прозвішча ў мужчынскіх радаслоўях толькі адно.
Змешаны сыходны радавод паказвае ўсіх нашчадкаў родапачынальніка незалежна ад полу.
Змешаны ўзыходны радавод паказвае ўсіх продкаў па мужчынскай і жаночай лініі. У першым калене адзін чалавек, у другім - два, у трэцім - чатыры і г. д. у геаметрычнай прагрэсіі, прычым кожны чалавек належыць да іншага роду, так што ў чацвёртым калене прысутнічаюць прадстаўнікі васьмі родаў.
1.2. Радаводная табліца
Радаводная табліца - гэта тое ж самае, што і радавод, толькі без усялякіх упрыгожванняў. Кожнае пакаленне размешчана строга па гарызанталі. Старшынство асоб у кожным пакаленні ідзе злева направа.
У гарызантальнай табліцы інфармацыя размяшчаецца злева направа: спачатку родапачынальнік або чалавек, чый радавод складаецца, затым слупкамі па пакаленнях усе яго продкі ці нашчадкі. Старэйшыя нашчадкі змешчаны зверху, і табліца чытаецца зверху ўніз.
Кругавыя табліцы выкарыстоўваліся ў англійскай і французскай генеалогіі. У цэнтры - чалавек, для якога складаўся радавод. Далей круг дзеляць напалам, у адной палове продкі па бацькоўскай лініі, у другой - па мацярынскай. Кругавыя табліцы бываюць толькі ўзыходнымі [Дадатак 1, табліца 3].
Кожнаму чалавеку ў табліцы прысвойваюць свой нумар.
1.3. Радаводны роспіс
Радаводны роспіс - гэта пераказ табліцы, куды дабаўлены звесткі пра кожнае імя, пры гэтым указваецца крыніца інфармацыі. Пры кожным імені з левага боку ставіцца нумар па парадку.
Такім чынам, важна не толькі сабраць звесткі пра пэўны род, але і належным чынам іх сістэматызаваць, каб арыентавацца ў іх здолеў не толькі той, хто займаўся гэтай працай, але і ўсе астатнія. Генеалагічная навука распрацавала пэўныя прыёмы, якія карысна ведаць. Спачатку трэба сабраць інфармацыю. Далей неабходна выбраць форму складання радаводу. Гэта можа быць дрэва, табліца ці роспіс. Дзеля эканоміі месца змяшчаць толькі асноўныя звесткі на схеме: імя, прозвішча, гады жыцця. Усю астатнюю інфармацыю можна прыкласці да схемы. Неабходна рабіць дакладныя спасылкі на ўсе архіўныя і друкаваныя крыніцы, з якіх узяты звесткі.
РАЗДЗЕЛ 2
ГІСТОРЫЯ СЯМ'І СТОЛЕ
2.1. Аўгустын Столе і Ян Столе
Бярэ свой пачатак гісторыя сям'і Столле яшчэ з канца XVIII стагоддзя ў Паўночнай Чэхіі. Нараджаліся прадстаўнікі гэтай сям'і на тэрыторыі Польшчы (38%), Аргенціны (19%), Аўстраліі (15%), Украіны (8%), Беларусі (4%), ЗША (4%), Егіпта (4%), Італіі (4%), Казахстана (4%) [12].
Дзед Юліюса Столе, Аўгустын Столе, нарадзіўся ў 1793 годзе, пражыў кароткае жыццё - усяго 26 год. У 1819 годзе ажаніўся з Тарэсай Гедман (1798 - 1850). Памёр Аўгустын Столе, не дачакаўшыся нараджэння сына, Яна Аўгустына Столе.
Ян Аўгустын (1820 - 1890) - бацька Юліюса Столе. У 1844 годзе ажаніўся з Юліяй Гедман (1817 - 1906). Ян Аўгустын працаваў майстрам па роспісу шкла, пабудаваў прыгожы вялікі дом з агародам і садам на схіле гары ў Паўночнай Чэхіі. У сям'і нарадзілася шасцёра дзяцей, якія навучаліся мастацкаму майстэрству ў бацькоў. Пасля смерці мужа Юлія Столе (Гедман) пераехала жыць да старэйшага сына, Юліюса Столе, які ў гэты час ўжо актыўна развіваў гутную вытворчасць у нашым краі. Памерла Юлія Гедман у 1906 годзе, пахавана на могілках у Бярозаўцы (месцазнаходжанне магілы не вядома) [12].
2.2. Юліюс Аўгустынавіч Столе
Юліюс Аўгустынавіч Столе нарадзіўся ў 1855 годзе ў Паўночнай Чэхіі. У дваццацігадовым узросце Юліюс Столе эміграваў у Польшчу, дзе ажаніўся з Юзэфай Лібіх (немка па паходжанні). У 1879 годзе разам з малагадовым сынам Аўгустам пераехаў у Дзяцькава Бранскай губерні на крыштальны завод, які быў заснаваны сям'ёй Мальцавых, дзе пачаў працаваць мастаком па шкле, пазней стаў кіраўніком мастацкай майстэрні. Разам з ім працавалі яго сёстры: Іаанна, Юлія, Аўгустына, а таксама брат Генрых [4, с. 10 ].
У 1891 годзе Юліюс Столе разам з галоўным інжынерам Дзяцькаўскага завода, Вільгельмам Краеўскім, пераехалі ў Лідскі павет і арандавалі завод З.А. Ленскага, а ў 1894 годзе вырашылі заснаваць сваю вытворчасць па выпуску шкла. Спачатку - арандатары гуты "Нёман - А" З. А. Ленскага, а затым і сапраўдныя гаспадары. Пазней на беларускія землі перабраліся і іншыя члены сям'і Столе. Ім належалі не толькі шкляныя гуты "Нёман", а таксама гуты ў Барысаве і Ганцавічах. Гутнай вытворчасцю ў Ганцавічах (в. Ганцавічы ў Лідскім раёне) кіраваў Генрых Столе. Са шкляной вытворчасцю звязалі сваё жыццё і сёстры Юліюса Столе: Іаанна Шаль (Столе), Юлія Кадлец (Столе) і Аўгустына Рокас (Столе). Трэба адзначыць, на колькі цёплымі і добразычлівымі былі адносіны паміж членамі сям'і Столе [4, с. 12 ]. У 1905 годзе патануў у Нёмане Вільгельм Краеўскі. Праз чатыры гады фірма "KS" была канчаткова выкуплена Юліюсам Столе. Юліюс Столе выплаціў сям'і Краеўскага яго долю, якая пазней вярнулася да Столе ў выглядзе пасагу. Яніна Краеўская выйшла замуж за Браніслава Столе, а Станіслава Краеўская стала жонкай Фелікса Столе. Мая Краеўская была заручана з Эдвардам Столе (загінуў пад час польска-савецкай вайны пад Радзымінам, пахаваны на могілках у Бярозаўцы) [4, с. 12 ].
З 1923 года разам з Юліюсам Столе пачалі кіраваць і яго сыны: Браніслаў і Фелікс, фірма атрымала назву "Столе і сыны". Узнікла акцыянернае таварыства Ю. Столе "Нёман", членамі якога з'яўляліся прадстаўнікі сям'і Столе [11, ф. 9368].
У 1939 годзе капітал шкляной гуты Ю. Столе - "Нёман" - акцыянернага таварыства размяркоўваўся наступным чынам: Юзэфе Столе належала 401 акцыя, Браніславу Столе - 207 акцый, Яніне Столе - 192, Феліксу Столле - 271, Станіславе Столе - 195, Прыме Швыкоўскай - 24, Здзіславу Звяжынскаму - 36, Эміліі Звяжынскай - 237, Зоф'і Гажэланскай - 132, Юліі Лейтнекер - 45, Ядвізе Лейтнекер - 12 - усяго разам 1800 акцый. Аб'ём вырабленай заводам прадукцыі склаў 1 600 000 злотых [11, ф. 9368].
Юліюс Столе быў добра знаёмы з сусветна вядомай чэшскай школай гутніцтва і паспяхова пераносіў яе тэхнічныя правілы і прыёмы, арганізацыйныя прынцыпы і элементы дызайну ў практыку працы свайго прадпрыемства. У прынёманскіх месцах ён правёў палову свайго жыцця, стараючыся стварыць прадпрыемства, вядомае сваімі вырабамі далёка за межамі гэтай мясцовасці. I гэта яму ўдалося.
У сям'і Юліюса і Юзэфы Столе было сямёра дзяцей [Дадатак 2]. Дочкі: Юлія, Эмілія і Зоф'я, сыны: Аўгуст (памёр у маленстве), Фелікс, Браніслаў і Эдвард. Пражывала сям'я Столе ў "Старым дворыку" (сёння дзіцячы сад-яслі). Трэба адзначыць, што дзеці ў сям'і Столле атрымалі добрую адукацыю за мяжой, таксама звязалі сваё жыццё з гутнай вытворчасцю нашага краю, працягвалі справы бацькі. Працавітасць і добрыя манеры паводзін прывіваліся ў сям'і з маленства. У сям'і Столе ўмелі не толькі працаваць, але і цікава адпачываць. Летам на канікулы прыязджалі ўнукі Юліюса і Юзэфы Столе. Цікава бавілі час: адпачывалі на беразе Нёмана, каталіся на байдарках і каноэ, наладжвалі вандроўкі на Свіцязь, каталіся на спартыўных конях, гулялі ў тэніс, ставілі тэатральныя пастаноўкі і г. д. Сярод моладзі горада дзейнічала скаўцкая арганізацыя.
У 1927 годзе Юліюс Столе памёр, пахаваны на могілках г. Бярозаўкі. Юзэфа Столе пасля смерці мужа перасялілася да сына Фелікса ў "Новы дворык", працавала ў бібліятэцы. Пасля таго, як Юзэфа Столе не змагла хадзіць, яе вазіў у бібліятэку сабака, запрэжаны ў павозку. Сабака быў верны сваёй гаспадыні. Нават пасля таго, як яго не стала, у бібліятэцы пра яго напамінаў коўрык са шкуры сабакі. У 1939 годзе, напярэдадні Другой Сусветнай вайны, памерла Юзэфа Столе. На жаль, надпіс на магіле не паспелі зрабіць, пачалася вайна…
2.3. Браты і сёстры Юліюса Столе
Ян Столе - брат Юліюса Столе, памёр у Бярозаўцы ў веку 25-ці год.
Іаанна Шаль (Столе) (1853 - 1914 гг.) выйшла замуж за Караля Шаля. У сям'і нарадзілася 12 дзяцей. Караль працаваў майстрам аконнага шкла, Іаанна - спачатку мастаком па роспісу шкла на Дзяцькаўскім заводзе, затым на гуце "Нёман" у Бярозаўцы. Памерла Іаанна ў гады Першай Сусветнай вайны, пад час эвакуацыі ў Магілёве [ 12].
Генрых Столе (1860 - 1926 гг.) - уладальнік шкляных гут у Ганцавічах і Барысаве. У сям'і было шасцёра дзяцей. Пахаваны ў Ганцавічах. Лёс сям'і Генрыха Столе склаўся трагічна.
Юлія Кадлец (Столе) (1860 - 1922 гг.) пасля смерці мужа разам з дзвюма дочкамі прыехала да брата Юліюса ў Бярозаўку, дзе жыла і працавала мастаком па роспісу шкла. Пахавана на мясцовых могілках (месцазнаходжанне магілы не вядома) [12].
Аўгустына Рокас (Столе) - малодшая сястра Юліюса Столе. Выйшла замуж за Францішка Рокаса, працавала мастаком па роспісу шкла на Дзяцькаўскім заводзе. У 1886 годзе ў іх нарадзілася дачка Францішка. Пад час Першай Сусветнай вайны ў 1916 годзе ля Віцебска загінуў яе муж. Некаторы час жыла ў дачкі недалёка ад Мічурынска. Памерла Аўгустына ў 1919 годзе [ 12].
2.4. Дзеці, унукі і пляменнікі Юліюса Столе
Юлія Лейтнекер (Столе) (1880 - 1971 гг.) - старэйшая дачка Юліюса і Юзэфы Столе. У 1902 годзе выйшла замуж за Юзафа Лейтнекера, уладальніка фабрыкі кафлі для будаўніцтва печаў у Наваградку. У сям'і нарадзілася трое дзяцей: Ядвіга, Леапольд і Эдвард. Сям'я жыла ў "Старым дворыку" у Бярозаўцы. Юзаф Лейтнекер загінуў пад час Другой Сусветнай вайны. Пахавана ў Любліне на базыліянскіх могілках [ 12].
Эдвард Лейтнекер (1903 - 1991 гг.) - старэйшы сын Юліі і Юзафа, атрымаў вышэйшую адукацыю за мяжой, дыплом інжынера-хіміка. Да вайны працаваў на гуце "Нёман". Удзельнік Другой Сусветнай вайны, служыў у арміі генерала Андэрса, камандаваў батальёнам. З 1946 года ў Англіі. У гэтым жа годзе ажаніўся з Марыяй Луізай Мугіні. У 1948 годзе сям'я эмігравала ў Аргенціну. У іх сям'і нарадзілася пяцёра дзяцей, якія сёння жывуць у Аргенціне [12].
Леапольд (1904 - 1941 гг.) - сярэдні сын Юліі і Юзафа, атрымаў добрую адукацыю за мяжой, працаваў інжынерам-хімікам на заводзе. Ажаніўся з Ганнай Краеўскай, сям'я мела свой уласны дом у Бярозаўцы. У сям'і нарадзілася трое дзяцей. Пад час вайны быў падпаручнікам польскай арміі (29-ы полк лёгкай артылерыі), загінуў у Асвенцыме ў1941 годзе [12].
Пасля другой сусветнай вайны Ганна Лейтнекер змяніла прозвішча на Краеўскую, таму што Лейтнекер - прозвішча не польскага паходжання.
Ядвіга (1907 - 1971 гг.) - малодшая дачка Юліі і Юзафа, жыла ў "Старым дворыку" ў Бярозаўцы, пасля Другой Сусветнай вайны выехала ў Польшчу, жыла і працавала ў г. Лодзі. Пахавана ў Любліне [12].
Эмілія Звяжынская (1882 - 1948 гг.) - другая дачка Юліюса і Юзэфы Столе. У 1906 годзе быў заключаны шлюб Эміліі з палкоўнікам, доктарам медыцыны Феліксам Звяжынскім. Феліксу Звяжынскаму (1870 - 1938 гг.) належаў прыгожы мураваны палац каля Вільні. У 1908 годзе ў сям'і нарадзіўся сын Здзіслаў Звяжынскі. Ва ўзросце 67-мі год у 1938 годзе памёр Фелікс Звяжынскі. Эмілія перажыла мужа на дзесяць год, памерла ва ўзросце 66-ці год. Пахаваныя каля маёнтка Гозіцэ, у сямейным склепе [12].
Здзіслаў Звяжынскі ( 1908 - 2003 гг.), атрымаў вышэйшую адукацыю ў Вільні. У 1934 годзе ажаніўся з Янінай Буш. Пасля Другой Сусветнай вайны сям'я пераехала жыць у Польшчу. У сям'і было чацвёра дзяцей, якія сёння жывуць і працуюць у Польшчы [12].
Браніслаў Столе (1881 - 1941гг.) - старэйшы сын Юліюса і Юзэфы Столе. У 1906 годзе ажаніўся з Янінай Краеўскай. У 1907 годзе ў сям'і нарадзіўся сын Люцыян Столе, памёр у 1913 годзе, пахаваны на могілках у Бярозаўцы. Немаўляткам памёр і другі сын, Стэфан (1910 - 1911 гг), пахаваны таксама ў Бярозаўцы, разам з братам. У 1911 годзе нарадзілася дачка Яніна (Інка) Алмасі (Столе). З 1923 па 1939 год Браніслаў - камерцыйны дырэктар, займаўся пошукам рынкаў збыту, бываў у шматлікіх паездках, прывозіў неабходную інфармацыю і прапановы. Сям'я пражывала ў прыгожым асабняку "Белы дворык". 28 верасня 1939 года арыштаваны службай НКУС і абвінавачаны ў прапагадзе контррэвалюцыі супраць СССР і камуністычнай партыі. Згодна з рашэннем Спецыяльнай Камісіі пры НКУС СССР ад 29.11.1940 Браніслаў быў сасланы ў лагер ў Плецк пад Архангельск на 8 гадоў і ў 1941 годзе расстраляны [10, ВЕВ - 6051 - 99(4)108]. Згодна з апублікаванай працай С. Кальбарчыка "Спіс савецкіх лагераў - месцаў прымусовай працы грамадзян Польшчы ў 1939 - 1943 г. "памёр у 1941 Столе, уладальнік гуты Нёман ў ваколіцах Ліды" [5, с. 209 ]. 14 красавіка 1989 года быў рэабілітаваны [10, ВЕВ - 6051 - 99(4)108].
У ноч на 20 жніўня 1941 года разам з сям'ёй была арыштавана службай НКУС у Бярозаўцы і Яніна Столе (Краеўская). Адбывала ссылку ў працоўным лагеры на ўсходнім беразе Енісея. Там яна працавала на лесанарыхтоўцы. 10 траўня 1946 года вярнулася ў Польшчу. Жыла і працавала ў Лодзі. Пражыла 97 год, памерла ў 1982 годзе, пахавана на могілках у Лодзі. Пакінула ўспаміны: 1939 - 1941 гады, запісаныя пляменніцай Ганнай Міхальскай (Швыкоўскай) [Дадатак 4].
Яніна Алмасі (Столе) (1911- 2000 гг.) - дачка Браніслава і Яніны Столе. Нарадзілася ў Бярозаўцы каля Нёмана. У 1937 годзе выйшла замуж за Ёзафа Алмасі, а 8 кастрычніка 1938 года маладыя эмігруюць ў Венгрыю. У іх сям'і нарадзілася чацвёра дзяцей . У 1948 годзе сям'я эмігруе ў ЗША, жывуць у Нью-Ёрку. 18 жніўня 1989 года сям'ю спасцігае гора: памірае Ёзаф Алмасі ад інсульту. А Яніны Алмасі не стала 3 снежня 2000 года. Пахавана на могілках Святога Адкупіцеля ў Нью-Ёрку[12].
Фелікс Столе нарадзіўся 27 ліпеня 1888 года ў мястэчку Дзяцькава Бранскага павета Арлоўскай губерні ў сям'і Юліюса Столе і Юзэфы з роду Лібіхаў [9]. Вучыўся ў рэальнай школе ў Вільні, скончыў сем класаў у 1906 годзе. У школе наведваў гурток самавыхавання польскай моладзі, удзельнічаў у школьных забастоўках у 1904 годзе на свята Святога Казіміра і пад час рэвалюцыйных беспарадкаў у 1905 годзе. Затым чатыры семестры вучыўся ў політэхнічным універсітэце ў г. Анхальт у Нямеччыне. З 12 снежня 1909 года па 21 верасня 1910 года служыў у 28-ым Сібірскім стралковым палку ў Іркуцку. 1 чэрвеня 1910 года атрымаў званне капрала, 28 верасня 1910 года здаў экзамен на званне афіцэра ў 7-ай Сібірскай дывізіі. 14 жніўня 1913 года ў Кафедральным Рымска-каталіцкім парафіяльным касцёле ў Менску бярэ шлюб са Станіславай Столе (Краеўскай) [9] .
1 жніўня 1914 года быў прызваны ў рускую армію, дзе і служыў да 26 сакавіка 1916 года ў званні лейтэнанта, спачатку ў эвакуацыйнай камісіі ў Полацку, затым на 127-м эвакуацыйным пункце прыфрантавой тэрыторыі, пазней служыў у 20-ым стралковым палку ў 13-ай роце. Пад час службы ў рускай арміі належаў да Саюза польскіх ваенных 3-га армейскага рускага корпуса. 15 чэрвеня 1914 года нараджаецца ў іх сям'і дачка Прыма (прозвішча па мужу Швыкоўская). З 15 жніўня 1917 года па 1чэрвеня 1918 года займаў пасаду камандзіра ў аддзеле конных войск 2-га стралковага палка 1-га польскага корпуса на Усходзе [10, ф.3258]. Да 1920 года працаваў у Вільні ў Асацыяцыі самаадукацыі і ўзаемнай дапамогі польскай моладзі. У гэтым жа годзе звяртаецца да вышэйшых інстанцый з просьбай прызначыць дабраахвотнікам у польскую армію для ўдзелу ў абароне польскай мяжы. Служыў у польскай арміі з 1 ліпеня 1920 года па 26 студзеня 1921 года ў кавалерыйскім палку. Прайшоў курс карабінераў з адзнакай "вельмі добра" з кваліфікацыяй інструктара, потым служыў у якасці камандзіра звяза 3-га эскадрона 201-га палка добраахвотнікаў-кавалерыстаў. 31 студзеня 1921 года быў адпраўлены ў рэзерв па загаду Вярхоўнага камандавання аб афіцэрах добраахвотніках [ВЕВ - 6051 - 99(4)108].
Быў адзначаны:
- ордэнамі Св. Станіслава і Св. Ганны ІІІ ступені ў расеійскім войску;
- муаравай стужкай Ганаровага Легіёна І Польскага корпуса на Ўсходзе;
- крыжам "Virtuti Militari" 5 класа, прысвоеным загадам L.9926/V 23 кастрычніка 1920 г. камандаваннем VI польскай арміі;
- крыжам "Walecznych", прысвоеным загадам № 9687/22 1 чэрвеня 1922 r. кіраўніцтвам Міністэрства вайсковых спраў [ВЕВ - 6051 - 99(4)108].
З лютага 1921 года да верасня 1939 года працаваў у шкляных гутах Юліюса Столе "Нёман" у Бярозавым гаі ў Лідскім павеце Наваградскага ваяводства. З 1923 года прызначаны тэхнічным дырэктарам гуты "Нёман". 31 студзеня 1927 года ў сям'і нараджаецца сын Лех Пётр Столе. У 1933 годзе Фелікс абраны старшынём пажарнай бяспекі на шклозаводзе "Нёман". 4 верасня 1937 года ў Рымска-каталіцкай парафіі ў Бярозаўцы бярэ шлюб яго дачка Прыма з Андрэем Швыкоўскім. Сям'я Фелікса Столе пжыла ў прыгожым доме "Новым дворыку" (сёння размешчана школа мастацтваў) [9] .
28 верасня 1939 года быў арыштаваны службай НКУС [Дадатак 3]. Спачатку знаходзіўся ў турме ў Лідзе, затым быў дастаўлены ў Баранавіцкую турму. Да чэрвеня 1941 года ў турме яго наведвала жонка, Станіслава Краеўская, 8 чэрвеня 1941 года яна прыбыла апошні раз у турму, Фелікса Столе тут ужо не было. 23 чэрвеня 1941 года Баранавічы былі абстраляны з паветра нямецкімі бамбардзіроўшчыкамі, магчыма, тады і загінуў Фелікс Столе. Савецкія ўлады эвакуацыі з Баранавіцкай турмы не праводзілі. Прычына, абставіны і месца смерці Фелікса Столе застаюцца невядомымі [9, R - VI/TZ/1570].
Станіслава Столе (Краеўская) - жонка Фелікса Столе, нарадзілася 12 студзеня 1891 года ва Ўстроні. У 1910-1913 гадах вучылася ў Кракаве, пасля закончыла гімназію ў Менску, а затым на падставе спецыяльнага іспыту атрымала патэнт настаўніка ў Маскве. 14 жніўня 1913 года ў Кафедральным Рымска-каталіцкім касцёле ўзяла шлюб з Феліксам Столе. У ноч на 20 жніўня 1941года разам з сям'ёй была арыштаваны службай НКУС у Бярозаўцы. Усю сям'ю змясцілі ў працоўным лагеры на ўсходнім беразе Енісея. Там яна працавала на лесанарыхтоўках. 10 траўня 1946 года вярнулася ў Польшчу. Пасля вяртання ў краіну працавала ў політэхнічным інстытуце ў Галоўнай бібліятэцы да 31 студзеня 1968 года, дзе займалася класіфікацыяй кніг на славянскіх мовах. Памерла 14 студзеня 1979 года, пахавана ў Лодзі, было ёй 88 гадоў [9].
Трагічна склаўся лёс ўсёй сям'і Фелікса Столе.
Прыма Швыкоўская (Столе) нарадзілася 15 чэрвеня 1914 года, прыблізна ў 1937 годзе абараніла ў Варшаве дысертацыю па тэме: "Структурныя змены ў прамысловасці шкляной вытворчасці, выкліканыя крызісам". Займалася рэкламай вырабаў шклозавода "Нёман" Ю. Столе. 4 верасня 1937 года ў Рымска-каталіцкім касцёле ў Бярозаўцы ўзялала шлюб з Андрэем Швыкоўскім. 20 чэрвеня 1938 года нарадзілася дачка Ганна Швыкоўская-Міхальская. 20 чэрвеня 1941 года Прыма арыштавана службамі НКУС у Бярозаўцы. Працуе ў калгасе на заходнім беразе Енісея, каля Ачынска, пастухом, шафёрам, а затым пры дэзынфекцыі вагонаў на чыгунцы. Трагічна загінула 28 кастрычніка 1942 года ў Ачынску Краснадарскага краю, пакінуўшы сіратой трохгадовую дачку, якую выхоўвала бабуля Станіслава Столе [9] .
Станіслаў Столе - сярэдні сын Фелікса і Станіславы, нарадзіўся 16 лютага 1916 года ў Рагачове (пад час эвакуацыі ў Рагачове ў гады Першай Сусветнай вайны). У 1935 годзе скончыў гімназію імя Жыгімонта Аўгуста ў Вільні. Далей працягвае вучобу ў Берліне, дзе вучыцца на інжынера-хіміка па шкляной вытворчасці, працаваў на заводзе "Нёман". Пасля арышту бацькі, Станіслаў разам з малодшым братам Лехам, уступілі ў АК "Bohdanka" Наваградскага краю. Быў цяжка паранены ў часе бою каля Уселюба і вывезены ў Варшаву. Пад час Другой Сусветнай вайны перайшоў на бок амерыканцаў. Пасля вайны адшукаў свой Берлінскі дыплом, працаваў дырэктарам польскай тэхнічнай школы ў Англіі, пазней у Люксембургу. У пачатку 1950-ых гадоў выехаў у Аўстралію, дзе узяў шлюб з Зінаідай Краеўскай (Арцюх), якая памерла ў 1963 годзе, і там заснаваў свой шкляны завод. Памёр Станіслаў Юзаф Столе па прычыне хваробы на бранхагенны рак у прыватнай бальніцы ў Квінсліндзе ў 1986 годзе. Там і пахаваны [9] .
Лех Столе нарадзіўся 31 студзеня 1927 года ў Бярозаўцы. Вучыўся ў гімназіі імя Жыгімонта Аўгуста ў Вільні. У 1943-1944 гадах член АК "Багданка" на тэрыторыі Наваградчыны, спачатку на аб'екце ў горадзе Бярозаўка Лідскага павета. 8 верасня 1944 года арыштаваны службай НКУС у Бярозаўцы (у дакументах пазначана дата 23 верасня 1944 года). Выдаў яго ўладам працаўнік гуты "Нёман" - Васіль Брыль. Заключаны ў турму ў Лідзе, затым у Менску. У 1945 годзе асуджаны судом Асаблівай Нарады НКУС СССР з артыкула 64 і 76 Крымінальнага Кодэксу Беларускай ССР на 10 гадоў працоўнага лагера за прынадлежнасць да белапольскай арганізацыі. Пакаранне адбываў з 23 верасня 1944 года па 2 верасня 1954 года ў спецыяльным лагеры "Пясчаным" Карагандзінскай вобласці, прызначаным для палітычных зняволеных. 4 лістапада 1954 года ксёндз Уладзіслаў Букоўскі даў шлюб Леху Пятру і Зузанне Рупета. У снежні 1955 года быў рэпатрыяваны ў Польшчу. У іх сям'і нарадзілася пяцёра дзяцей. У 1961 годзе паступае на вячэрняе аддзяленне тэхнікума будаўнічых матэрыялаў для тых, хто працуе. У 1970 годзе заканчвае Варшаўскі Політэхнічны інстытут і атрымоўвае дыплом інжынера-будаўніка. У 1975-1977 гады, 1981-1989 гады працуе інспектарам будаўнічага нагляду і галоўны спецыялістам па вытворчасці на прадпрыемстве Сельскагаспадарчага Будаўніцтва ў Апочне.
За працоўную дзейнасць быў узнагароджаны:
- Бронзавым Крыжам Заслугі для будаўніцтва (17.XII.1975 г.);
- Залатой адзнакай Заслужаных для будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў (20.VIII. 1985 г.).
За патрыятычную дзейнасць у Арміі Краёвай узнагароджаны:
- Ганаровай адзнакай жаўнера Арміі Краёвай Віленскай акругі"WIANO" i Наваградскай акругі "Now" (15.VIII.1984 г.);
- Партызанскім крыжам (19.VIII.1992 г.);
- Крыжам Арміі Краёвай (30.IX.1993г.);
- Ордэнам пакуты і перамогі для рэпрэсаваных ад 1939 г. да 1989 г. за барацьбу за Польшчу вольную і справядлівую (11.XI.1993 r.);
- Адзнакай ветэрана баёў за незалежнасць (1995 г.);
- Памятнай адзнакай "Акцыі Бура".
А таксама адзначаны іншымі ўзнагародамі:
- Залаты медаль апекуна месцаў нацыянальнай памяці (23.VIII.1993 r.);
- Ганаровай адзнакай сібірака (17.VI.1996 г.) [8].
12 жніўня 1996 года не стала Леха Столе. Пахаваны на могілках па вуліцы Паўстанцаў у Лодзі [9] .
Зоф'я Гажэланская (Столе) ( 1890 - 1943 гг.) - малодшая дачка ў сям'і Юліюса і Юзэфы Столе. У 1921 годзе выйшла замуж за Антона Гажэланскага. У сям'і было двое дзяцей. Антон Гажэланскі загінуў у 1942 годзе. Пахаваны ў сямейным склепе ў Варшаве. У 1943 годзе Зоф'я выйшла замуж за Яна Смалінскага з Бярозаўкі, памерла у гэтым жа годзе. Ян Смалінскі ў 1944 годзе быў арыштаваны і расстраляны. Сын Зоф'і, Антон Мадэст Гажэланскі і яго сям'я, ад першага шлюбу жыве ў рэспубліцы Тола, працаваў інжынерам - архітэктарам. Дачка Зоф'і, Яніна Маціеўская (Гажэланская) жыла ў Гданьску, вязень канцлагера, у 1980-ыя гады наведвала Бярозаўку. Працавала перакладчыкам французскай мовы. Пахавана ў Гданьску[12] .
Герман Шаль (1881 - 1980 гг.) - плямяннік Юліюса Столе, сын Караля Шаля і Іаанны Шаль (Столе). Менавіта да сястры Іаанны звярнуўся Юліюс Столе з просьбай пазычыць чатыры тысячы злотых на адкрыццё новай гуты, за што абяцаў за свой кошт выхоўваць яе сына Германа. Сястра згадзілася, бо ў яе было 12 дзяцей. Так Герман з 10-ці год жыў і вучыўся за кошт дзядзькі. З'яўляючыся плямяннікам Юліюса Столе, ён з малых гадоў далучаўся да шкляной вытворчасці [4, с. 15].
Асноўныя спазнанні ў вобласці гутніцтва Герман Шаль атрымаў, працуючы з 1906 года на працягу 6 гадоў памочнікам галоўнага інжынера заводаў "Нёман А" і "Нёман Б" чэха Іягана Халіка, стараючыся пераняць найбольш ведаў і досведу ад свайго настаўніка. У 1905 годзе ўзяў шлюб з Геленай Вансовіч, ураджэнкай Літвы. У 1912 годзе быў прызначаны галоўным інжынерам завода, займаў гэтую пасаду да канца 1930-х гадоў.
Прыродная дапытлівасць і працавітасць дазволілі яму ў дасканаласці авалодаць шырокім комплексам пытанняў, звязаных з вытворчасцю вырабаў са шкла: склад гатункаў шкла, працэсы іх варэння, афарбоўванне і абясколерванне; канструкцыі шкловарных печаў, іх будаўніцтва і рамонт; праектаванне металаформаў і мастацкае канструяванне вырабаў; падрыхтоўка фарбаў для вонкавага дэкаравання і інш. Герман Шаль наладзіў вытворчасць ізалятараў па новай тэхналогіі. Завод атрымаў вялікі заказ на ізалятары ад Міністэрства пошт і тэлеграфаў і Польскай чыгункі (каля 1 млн. штук у год), што ў сваю чаргу выратавала прадпрыемства ад банкруцтва. У 1933 годзе Герман Шаль распрацаваў тэхналогію вытворчасці чарак на прасаванай ножцы. Ён таксама займаўся арганізацыяй і планаваннем вытворчасці, складам шкла, працэсам варкі і г. д. [4, с. 15].
З яго іменем звязаны амаль 50-гадовы перыяд працы завода. Побач з укараненнем шэрагу навінак у вобласці шкловарэння, ён распрацаваў і ўкараніў тэхналогію вырабу камбінаваных вырабаў кілішкавай групы з выдзіманай чаркай і прасаванай ножкай з бескаляровага і каляровага шкла. Працаваў Герман Шаль і пасля Другой Сусветнай вайны, аднаўляў завод. Галоўным інжынерам працаваў да 1952 года, затым кіраўніком лабараторыі і майстрам каляровага шкла. Займаўся, у асноўным, варэннем, афарбоўваннем і абясколерваннем шкла, а таксама будаўніцтвам і рамонтам шкловарных і іншых печаў, з'яўляючыся бясспрэчным аўтарытэтам у гэтых пытаннях.
У 1956 годзе ідзе на заслужаны адпачынак. У 1957 годзе з жонкай едзе ў г. Лодзь (Польшча) да дачкі, дзе і жывуць некаторы час. Пасля смерці жонкі Герман Шаль жыве ў сына ў Познані. Памёр ва ўзросце 99 гадоў 28 чэрвеня 1980 года. Пахаваны ў Лодзі [12].
Францішка Ціткова (Рокас) (1886 - 1949 гг.) - плямянніца Юліюса Столе, дочка Аўгустыны Рокас (Столе). Выйшла замуж за Яна Ціткова ў 1906 годзе. У іх сям'і нарадзілася трое дзяцей, сярод іх і славуты мастак па роспісу шкла Міхай Ціткоў. У 1940 годзе памёр муж, Ян Ціткоў [12].
Міхай Ціткоў (1909 - 1979 гг) - сын Францішкі (Рокас) і Яна Ціткова. Скончыў тэхнічную школу імя маршала Юзафа Пілсудскага ў Вільні ў 1931 годзе. Працаваў галоўным мастаком па роспісу шкла на гуце "Нёман", аўтар Каталогу вырабаў фірмы "Столе і сыны" 1939 года. Па яго эскізах выраблялі урну для сэрца Ю. Пілсудскагаў 1935 годзе на гуце "Нёман", а таксама ён - аўтар настольнай лямпы, выкананай ў пяці колерах з выявай Варшаўскага замка для польскага прэзідэнта Ігнацыя Масціцкага (траўленне "Гале") [4, с. 17].
У гэтым раздзеле я імкнулася расказаць пра лёс асобных прадстаўнікоў сям'і Столе. Пражываюць сёння прадстаўнікі знакамітага роду Столе ў Польшчы (67%), Ірландыі (11%), Аргенціне (6%), ЗША (6%), Брытанскіх астравах (6%), Аўстраліі (6%) [12].
Прадстаўнікі гэтага роду ўнеслі важкі ўклад у развіццё нашага шклозавода "Нёман" і горада. Яны не спыняліся ні перад ніякімі цяжкасцямі, дзеля дасягнення патрэбнага выніку. Не баяліся эксперыментаваць, укараняць навінкі, абменьвацца досведам. Развівалі інфраструктуру горада, жылі агульнай сямейнай справай, якая знаходзіць свой працяг і сёння.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Спроба рэканструкцыі дрэва роду Столле дазволіла высветліць многія пытанні звязаныя з бліскучай кар'ерай гэтай сям'і на нашых землях. Аналіз літаратуры і крыніц, якія былі выкарыстаны пры напісанні работы дазваляе зрабіць вывад, што гісторыя гэтай сям'і хавае ў сабе яшчэ нямала сур'ёзных нявырашаных пытанняў.
Дакументы Варшаўскага архіва далі магчымасць больш шырока ахарактарызаць уклад сям'і Столе ў развіццё шкляной вытворчасці завода "Нёман" і нашага горада, удакладніць некаторыя гістарычныя факты.
Гэтае даследаванне было цікавае яшчэ і тым, што дазволіла ўбачыць, наколькі моцныя карані ў кожнага чалавека на гэтай зямлі. Генеалогія - карысная навука, якая дазваляе з'яднаць цэлыя сем'і, пакаленні людзей, прасачыць за іх лёсам, бо ўсе жывуць на гэтым свеце, каб перадаць часцінку сябе нашчадкам, каб захаваць сябе ў будучых пакаленнях.
Гісторыя гэтага роду цесна звязана з гісторыяй нашага завода. Са шкляной вытворчасцю было звязана жыццё не толькі Юліюса Столе, але і яго сясцёр, дзяцей і ўнукаў. Яны аддавалі ўсе сілы, стараючыся стварыць прадпрыемства, вядомае сваімі вырабамі далёка за межамі дадзенай мясцовасці. I гэта ім удалося. Любыя інавацыйныя тэхналогіі вельмі хутка ўкараняліся ў серыйную вытворчасць. Трэба адзначыць, што дзеці ў сям'і Столе атрымалі добрую адукацыю за мяжой, звязалі таксама сваё жыццё з гутнай вытворчасцю нашага краю, працягвалі справу бацькі.
У дадзенай працы, якая пабудаваны па праблемна-храналагічным прынцыпе, адлюстраваны радавод Столе. Але гэтая работа ні ў якім выпадку не вычэрпвае неабходнасці далейшага вывучэння радаводу гэтай сям'і. Мне ўдалося пабудаваць змешаны сыходны радавод сям'і Столе, які налічвае дзевяць пакаленняў [Дадатак 3]. У жылах прапраўнукаў Юліюса перамяшалася кроў не толькі Столе, але і продкаў з роду: Гедман, Лібіх, Лан, Шаль, Кадлец, Рокас, Вансовіч, Краеўскі, Дамакоўская, Лейтнекер, Звяжынскі, Гожэланскі, Алмасі, Швыкоўскі, Рупета, Фрайберг, Саленберг, Куява, Ханцка, Рачынскі, Гросфелд, Дзюбэк. Вывучаныя імёны, падзеі, лёсы маюць пэўную гістарычную каштоўнасць і цікавасць.
Гісторыя гэтай сям'і не знайшла адлюстравання ў навуковай літаратуры. Спецыяльнай манаграфічнай працы па гісторыі гэтага роду няма. У гэтым сэнсе даследчая праца з'яўляецца такой спробай. Хочацца зазначыць, што і сёння сувязь з прадстаўнікамі гэтага роду не згублена. Ганаровыя госці ў нашай школе - нашчадкі сям'і Столе, якія сёння пражываюць у Польшчы і іншых краінах свету. У 2011 годзе Уладзіслаў Столе, унук Фелікса Столе, наведаў горад, пабываў у нашай школе [Дадатак 2]. Мы захоўваем нашую гістарычную спадчыну: "Новы дворык", дом Фелікса Столе 1930-х гадоў, завадскую кантору фірмы "Столе сыны", "Стары дворык" - дом Ю. Столе. Вучні нашай школы даглядаюць магілы заснавальнікаў нашага горада - Юліюса Столе і іншых членаў іх сем'яў.
Спраўдзілася надзея нашых продкаў: Бярозаўка набыла сусветную вядомасць.
ДАДАТАК 4. УСПАМІНЫ ЯНІНЫ СТОЛЕ (КРАЕЎСКАЙ)
Гісторыя сям'і Столе гаспадара шклозавода "Нёман" у Бярозаўцы на тэрыторыі Беларусі ў 1939-1941 гадах, якая расказана Янінай Столе (Краеўскай) і запісана Ганнай Швыкоўскай - Міхальскай (Хмарка), унучкай Станіславы Столе.
1939 год
24 жніўня - Мабілізацыя. У войска прызваны Ян Стэгман і 60 працаўнікоў з гуты.
27 жніўня - У войска прызваны Эдвард Лейтнекер.
30 жніўня - Усеагульная мабілізацыя.
1 верасня - Вайна! Нямецкія самалёты праляцелі над Бярозаўкай. Сход з нагоды аказання дапамогі для сямей, прызваных рэзервістаў.
11 верасня - Прыма адвезла Леха (абое дзеці Фелікса) у Вільню да цёткі Эміліі Звяжынскай (сястра Фелікса).
14 верасня - Нейкія самалёты (нямецкія?) праляцелі над Бярозаўкай. Удзень быў чуваць на захадзе грукат гармат.
16 верасня - Прыбылі бежанцы з Варшавы (пяшком, цягнікамі). Ад першага дня вайны пастаянна праслухвалі паведамленні па радыё.
17 верасня - Сёння раніцай паведамілі, што савецкія войскі перайшлі ўсходнюю мяжу. Страшнае здзіўленне! Лех (Столе) выехаў у Вільню. Сабраны сход працаўнікоў і пасля прадстаўлення ім становішча было прапанавана выбраць Камітэт. У Камітэт уваходзілі бухгалтар, абодва Столе (Браніслаў і Фелікс) і працаўніцы.
18 верасня - Неспакойнае чаканне… Браніслаў і Фелікс у канторы (офіс гуты). Каля 16 гадзін пачалі цягнуцца па шашы аддзелы савецкіх войск, цяжка грукочучы. Нехта "ўслужлівы" адчыніў браму ў сад, і пасля нейкага часу пад'ехаў пад дом аддзел конніцы. Пачалася рэвізія, дапытваліся пра золата. Хацелі залатыя талеркі і посуд, бо гаварылі ім, што такія рэчы ёсць у "польскіх паноў і буржуяў". Так нас наведала некалькі аддзелаў да самага вечара. Браніслаў і Фелікс вярнуліся дадому.
Першыя аддзелы (савецкія) доўга не затрымліваліся. Потым яшчэ з'явіліся вайсковыя ўлады і загадалі прадставіць працоўны Камітэт і сказалі, што Браніслаў і Фелікс будуць працаваць на заводзе кіраўнікамі.
19 верасня - Зменены Камітэт. Улада перайшла да чужынцаў з металургічнага завода. Загадалі, што нельга нам выходзіць за сад, толькі ў нядзелю да касцёла.
21 і 22 верасня - Палім усе дакументы і сувеніры, лістоўкі і г.д.
23 верасня - У доме рэвізія Камітэту. Забралі радыё, тэлефоны, алкаголь.
7 кастрычніка - Камітэт склаў прапанову Браніславу, каб стаў кіраўніком фабрыкі. Браніслаў зрабіў умову, што толькі з Феліксам.
8 кастрычніка - Раніцай забралі Фелікса. Выйшаў з дому на хвіліну ў пінжаку і лёгкіх туфлях.
15 кастрычніка - Працаўнікі хацелі выслаць петыцыю аб вызваленні Фелікса, але нічога не вы-йшла.
17 кастрычніка - Зноў рэвізія - аглядалі дом Браніслава.
24 кастрычніка - Прыйшлі з Камітэту і загадалі, каб на працягу 2 дзён пакінулі свае дамы.
26 кастрычніка - Раніцай прыехалі вазы і пачаўся пераезд у малую хату насупраць канторы. Прысутнічаў Камітэт і правяраў чамаданы.
27 кастрычніка - Пачаўся перанос хаты Фелікса.
30 кастрычніка - Сёння забралі дываны, посуд, тры ложкі, парцьеры, бялізну, канапы і шафы. НКУС падрыхтоўвае кватэру камісару.
4 лістапада - На фабрыку прыехаў камісар назаўсёды.
5 лістапада - Забралі Браніслава. Прывялі яго ў кантору. Узяў з сабой куртку і шапку. Праз хвіліну патухлі ліхтары, і вывезлі яго ў бок Ліды.
13 лістапада - Забралі халаты і гаршчкі.
17 лістапада - Яніна (жонка Браніслава) і Станіслава (жонка Фелікса) паехалі ў Ліду даведацца пра мужоў.
23 лістапада - Сёння Камітэт загадаў пакінуць гэты маленькі домік, у які перасяляюць сем'і з Новага Дворыка (дом Фелікса) і Белага Дворыка (дом Браніслава). Не сказана, куды мы павінны перасяліцца. Шалі прынялі нас у свой дом. Дазволілі пераехаць да іх.
25 лістапада - Жыхары Старога Дворыка (сястра Браніслава і Фелікса Юлія Лейтнекер з сям'ёю) атрымалі даручэнні, каб вызвалялі дамы без указанняў, дзе павінны дзецца. Да нас прыйшлі тры чалавекі. Астатнія паехалі ў Наваградак.
2 снежня - Яніна і Станіслава паехалі ў Ліду, былі ў пракурора. Потым стаялі з жанчынамі перад турмой. Малады чалавек, які выйшаў з турмы сказаў, што сядзеў з Браніславам у адной камеры.
11 снежня - Казя (сястра Яніны і Станіславы), Ян Стэгман, Уладзіслаў Рэмбальскі працуюць на гуце, Прыму (дачку Станіславы) не ўзялі.
16 снежня - Яніна і Станіслава паехалі ў Ліду.
17 снежня - Удалося перадаць пакеты ў турму.
1940 год
5 студзеня - Казя звольнена з магазіна.
25 студзеня - Яніна і Станіслава аддалі пакеты для мужоў (бялізна, бекон).
3 лютага - Паведамленне праз незнаёмага чалавека ад Браніслава.
10 лютага - Праз Бярозаўку едуць шэрагі саней з цэлымі сем'ямі, дзецьмі, старэйшымі.
12 лютага - Паведамленне аб вывазцы зняво-леных з Ліды.
15 лютага - Звестка аб тым, што зняволеныя ўсё ж у Лідзе. Пакеты перадалі праз знаёмую. Цяпер лепей з фінансамі. Казя, Уладзіслаў і Ян працуюць і аддаюць усю зарплату на агульныя патрэбы. Прыму не бяруць на завод. Яна вяжа швэдры, наймаецца на розныя працы да розных людзей.
29 сакавіка - Здаецца, Браніслава і Фелікса перавялі ў Баранавічы.
5 красавіка - Яніна і Станіслава ў Лідзе.
6 красавіка - Паведамленне пра Браніслава праз жонку сукамерніка.
10 красавіка - Паведамленне з Ліды - пасылку не прынялі.
25 красавіка - Зноў не прынялі.
10 траўня - Яніна і Станіслава паехалі ў Ліду да пракурора. Сказалі, што ў Лідзе няма мужоў.
15 траўня - Зноў трывожныя весткі аб дэпартацыі.
9 чэрвеня - Яніна ў Лідзе. Жанчыны сталі перад турмой. Сказалі, што мужоў вывезлі ў Менск.
16 чэрвеня - Уладзіслаў Рэмбальскі быў у Лідзе. Але зняволеных вывезлі ў Баранавічы.
19 верасня - Знаёмая даведалася пра Браніслава і Фелікса - сказана, што іх вывезлі ў СССР.
8 лістапада - Адна з жыхарак Бярозаўкі атрымала ліст ад мужа з Архангельска. Пісаў, што бачыў Браніслава.
18 лістапада - Уладзіслаў прывёз паведамленне з Ліды, што абодва (Браніслаў і Фелікс) ў Лідзе.
20 лістапада - Яніна і Станіслава ў Лідзе.
21 лістапада - Знаёмая хацела аддаць пакет, але не прынялі.
22 лістапада - Прыма была ў пракурора ў Лідзе і ў НКУС - нічога не даведалася.
29 лістапада - Прыма ў Лідзе з лістом да пракурора - не прынялі.
1941 год
7 студзеня - Высланы лісты да пракурора "MW" Менска і ў НКУС у Баранавічах.
28 студзеня - Адказ пракурора з Менска, што адправіў нашыя лісты да пракурора ў Баранавічы.
6 сакавіка - Станіслава - у НКУС з пытаннямі пра Фелікса - нічога не сказана.
12 сакавіка - Станіслава ў Лідзе.
21 сакавіка - Прыйшло паведамленне ад знаёмых з Наваградка, што Браніслаў просіць апавясціць, што жывы.
9 траўня - Чуткі, што Браніслаў працуе дзесьці на пошце за Масквой. Потым чуткі пра дэпартацыю.
3 чэрвеня - Прыйшоў незнаёмы і сказаў, што Браніслаў жыве ў Архангельску. Даў адрас, каб маглі да яго пісаць.
16 чэрвеня - Станіслава ў Лідзе хоча даведацца пра Фелікса, але яго там няма.
20 чэрвеня - ДЭПАРТАЦЫЯ! Ноччу ламаюцца ў дзверы. Увайшло 3 супрацоўнікі НКУС. Загадалі сабрацца і сесці ў адным пакоі. Яна Стэгмана і Ўлада Рэмбальскага забралі ў іхні пакой. За хвіліну вярнуліся гатовыя да выхаду. Маглі браць, што хацелі. Потым кіраўнік знярнуўся да астатніх і прачытаў з ліста, што ўсе павінны быць сасланы на 25 гадоў. Далі адну гадзіну, каб сабраць усе рэчы, але сачылі, глядзелі, што бяруць і выцягвалі што-небудзь. Не прайшло і гадзіны, як сказалі, што трэба рушыць. Ад'езд у 5 гадзін раніцы. Даехалі да пункта збору ў Наваградку. Сказалі па адным заходзіць у вагон. З намі засталіся Ян і Улад, калі пачалі аддзяляць мужчын ад сямей.
Гэта быў пачатак шляху ў Сібір.
ДАДАТАК 5. УСПАМІНЫ ГАЛІНЫ ВІНІЦКАЙ
Я, Вініцкая Галіна Браніславаўна, 1932 года нараджэння, ураджэнка Бярозаўкі, пражываю сёння па адрасу РБ, Гардзенская вобласць, Лідскі раён, г. Бярозаўка, завулак Пушкіна, 9. Мой бацька, Гінц Браніслаў, працаваў да Другой сусветнай вайны на лесапілцы гуты "Нёман", маці да замужжа працавала так-сама на гуце мастаком па роспісу шкла.
У верасні 1939 года мне было сем год, але я вельмі добра запомніла прыход Чырвоный арміі ў вёску "Шкляная гута "Нёман". Мы, дзеці, гулялі ля Дома Асветы, раптам з боку Наваградка мы заўважылі салдат Чырвонай Арміі (у незвычайных шапках, якіх раней ніколі не бачылі). Салдаты вялі сябе пахабна, пералазілі праз плот у сад "Новага дворыка", ламалі галінкі яблынь з яблыкамі, сядалі на коней і елі. Ля Дома Асветы іх сустракалі з хлебам і соллю, але яны не затрымаліся надоўга, накіраваліся ў бок Ліды. Сярод людзей панавалі страх, трывога і няўпэўненасць. Жанчыны плакалі пры размове. Кожны дзень бацька прыходзіў з працы і прыносіў навіны пра тое, што адбываецца на гуце "Нёман", у вёсцы і асабліва з сям'ёй Столе. З яго аповеду я даведалася, што ўжо на другі дзень пасля ўстанаўлення савецкай улады ў Бярозаўцы, Фелікс і Браніслаў Столе былі адхілены ад кіраўніцтва гутай і знаходзіліся пад хатнім арыштам. Супрацоўнікі НКУС правялі ператрус у канторы гуты і дамах сем'яў Столе з канфіскацыяй маёмасці. Феліксу і Браніславу Столе было прадпісана не выходзіць з хаты за межы саду, толькі дазвалялася наведваць касцёл у нядзелю. У пачатку кастрычніка 1939 года мой тата прыйшоў дадому вельмі сумны і стомлены і сказаў, што раніцай арыштавалі Фелікса Столе, выйшаў з хаты на хвіліну лёгка апрануты і не вярнуўся. Пазней даведаліся, што ён знаходзіцца ў турме ў Лідзе. Працаўнікі гуты хацелі сабраць подпісы ў абарону Фелікса Столе, але,на жаль, многія баяліся падпісваць, і з гэтага нічога не выйшла. Праз два тыдні сем'ям Браніслава і Фелікса Столе было прапанавана пакінуць іх дамы. У доме Фелікса Столе пасяліўся камісар НКУС.
Жанчыны з дзецьмі хадзілі па хатах і прасіліся на начлег, але людзі баяліся іх прыняць, хоць і спачувалі. Я помню, таксама, як заходзілі да нас у пошуку жылля. Нарэшце сем'і Столе знайшлі прытулак у сваіх родзічаў - у Генрыха Шаля. Амаль усіх членаў сям'і Столе, якія заставаліся ў Бярозаўцы, звольнілі з працы на гуце. На працу ўладкаваліся толькі трое з іх сям'і, якія за свой заробак утрымлівалі некалькі сем'яў Столе. Жанчыны наймаліся на працу да мясцовых жыхароў. Прыму Швыкоўскую (Столе), дачку Фелікса, на працу не ўзялі, яна зарабляла тым, што дапамагала за кусок хлеба рабіць хатнюю працу людзям. Сям'я Столе была вельмі дружная і годна разам пераносіла ўсе цяжкасці і нязгоды.
У пачатку лістапада1939 года быў арыштаваны і Браніслаў Столе.
ДАДАТАК 8. ЗАРАДЖЭННЕ І РОСКВІТ НЁМАНА (БЯРОЗАЎКІ)
У 1920-ыя гады в. Нёман (Бярозавы гай) адносілася да Дакудаўскай гміны, Лідскага павету, Наваградскага ваяводства (назва Бярозаўка ўзнікла ў пасляваенны час, да гэтага часу называлі - Нёман). Адрас тэлеграфічны: Столе - Нёман.
Галоўная славутасць - гута "Нёман", якая прынесла ў 1920 - 1930-ыя гады сусветную вядомасць нашаму гораду.
Менавіта ў гэты перыяд праводзіцца шэраг мерапрыемстваў па ўладкаванні нашага горада, што значна мяняе яго знешні воблік. Пачалося будаўніцтва шашэйнай дарогі Ліда - Ганчары - Агароднікі - Нёман - Оркавічы - Макрэц - Пятрэвічы - Наваградак. 50% сродкаў на будаўніцтва шашэйнай дарогі выдзеліла дзяржава. Фірма "Столе і сыны" працягвае традыцыі па ўкладанні сродкаў у перспектыўныя праекты. Фiрма ўдзельнiчае ў будаўніцтве драўлянага маста цераз раку Нёман, якое пачалося ў 1929 годзе, лес для будаўніцтва маста рыхтавалі ў Белавежскай пушчы з 1928 па 1931 год. Фірма "Столе і сыны" фінансуе 50% яго кошту за дазвол пракласці па мосце вузкакалейную чыгунку і тым самым пазбавіцца ад паромнай пераправы і звязаных з гэтым перагрузак прадукцыі і іншых матэрыялаў. Гэта было добрае рашэнне па ўдасканаленні вытворчай інфраструктуры. Работы па будаўніцтву былі завершаны ў 1931 годзе. Адбылося ўрачыстае адкрыццё маста цераз Нёман.
У 1925 годзе было скончана будаўніцтва двухпавярховага будынка заводскай канторы, які з'яўляўся вонкавым прадстаўніцтвам фірмы і сваім знешнім выглядам павінен быў выклікаць давер і павагу да яе. Гэта тым больш было неабходна, бо ён размяшчаўся непасрэдна каля ажыўленага гасцінца Наваградак - Ліда, і кожны, хто праязджаў міма, міжвольна звяртаў на яго ўвагу, незалежна ад таго, знаходзіўся ён з фірмай у дзелавых адносінах або не. У памяшканні канторы размяшчалася выставачная зала, была нават невялікая каплічка.
У час эканамічнай стабілізацыі мяняецца і жыццё работнікаў гуты "Нёман". Гаспадары гуты і заможныя працаўнікі пабудавалі ўласныя дамы: Браніслаў Столе жыў у прыгожым, акружаным паркам доме ("Белы дворык"). Фелікс Столе пабудаваў дом недалёка ад канторы ("Новы дворык").
Старыя забудовы былі заменены новымі дамамі: 8-мі і 4-х кватэрнымі. Былі пабудаваны дзіцячы садок, Дом асветы, дзе знаходзілася багатая бібліятэка і кавярня. Акрамя гэтага пачалі працаваць Дом апекі маці і дзіцяці, шпіталь, магазін спажывецкай кааперацыі для работнікаў, пажарная ахова, нават спартыўны стадыён. Дзейнічалі дзіцячая скаўцкая арганізацыя, аматарскі аркестр і хор "Лютня".
У 1923 годзе была адкрыта першая школа. Гэта была пачатковая польская школа. Знаходзілася яна ў невялікім доме № 7 па вуліцы Шпацыровай (Леніна). Займалася тут 30 вучняў. Першай настаўніцай была Люцына Краеўская. Навучанне было платным. У 1933 годзе было пабудавана новае памяшканне школы на 175 месц. Навучанне было сямігадовае. Школа была пабудавана на сродкі фірмы "Столе і сыны".
Ішла актыўная забудова вуліц пасёлка. Ужо вызначыліся такія вуліцы як Уяздовая, Маставая, Шпацыровая, Спартовая, Спакойная, Прага, Новая, Фабрычная, Ясная, Дакудаўская, плошча 3 Мая і іншыя.
У 1905 годзе былі асвечаны могілкі і пабудавана невялікая каплічка. У 1920-ыя гады згарэла. Спадары Столе выдзелілі месца для капліцы ў завадской канторы. З 1923 года бярэ свае вытокі парафія Нёман (сёння - Бярозаўка). З 1924 года першым ксендзам быў прызначаны Пётр Байкевіч.
У 1928 годзе ўладальнікі гуты "Нёман" выдзелілі 1 гектар зямлі для будаўніцтва касцёла і плябані. 50% сродкаў вылучыла фірма "Столе і сыны", усе працаўнікі гуты аддалі 1% свайго заробку.
На аснове дэкрэту віленскага біскупа з 29 лютага 1928 года была створана новая парафія імя Спаслання Святога Духа. Яна налічвала каля 1099 вернікаў. Перад касцёлам у 1934 годзе была ўстаноўлена фігура Хрыста, які нясе крыж.
Сёння ў касцёле захаваліся абраз Спаслання Святога Духа, набыты для касцёла Юзэфай Столе, выкананы віленскім мастаком Браніславам Вішнеўскім (галоўны алтар), манстрацыя, падараваная Янінай Столе і пазалочаны келіх, падараваны Браніславам Столе, фігура Маці Божай і інш.
Любімае месца адпачынку жыхароў Нёмана - Рэксцеў парк. Сюды былі завезены прыгожыя дэкаратыўныя дрэвы і кусты з розных куткоў свету.
Найбольш важныя падзеі Нёмана 1920-1930-ых гадоў - гэта ўрачыстае святкаванне 35-ці годдзя гутнай вытворчасці ў нашым краі і візіт прэзідэнта Польшчы, Ігнацыя Масціцкага.
У 1926 годзе споўнілася 35 гадоў з дня пачатку працы Юліюса Столе ў нашай мясцовасці. Было прынята рашэнне ўрачыста адзначыць гэты 35-гадовы юбілей. Гэта было неабходна, каб паказаць, што і ў новым становішчы завод паспяхова працягвае свае традыцыі, пашырае вытворчасць, заваёўвае новыя рынкі збыту.
Былі замоўленыя і вырабленыя памятныя юбілейныя знакі і каштоўныя падарункі, якімі былі адзначаныя лепшыя працаўнікі і ветэраны завода. Сцэна ўручэння ўзнагарод захавалася, дзякуючы невядомым фатографам. На здымках відаць, што гэта было цёплым сонечным днём. Да юбілейнай даты быў выпушчаны буклет, на якім былі здымкі ш/з "Нёман", кіраўніцтва і лепшых працаўнікоў завода. Гэтым фактам фірма як бы падводзіла вынікі сваёй працы па аднаўленні завода пасля вайны і выхад на новы ўзровень развіцця.
У 1935 годзе гута "Нёман" атрымала заказ на выраб урны для сэрца маршалка Ю. Пілсудскага, якая была ганарова ўручана пад час візітацыі польскага прэзідэнта Ігнацыя Масціцкага. Праца над урнай была даручана лепшаму майстару Мяткоўскаму.
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
1. Акаловіч, Л. Мой род - мая Радзіма/ Л. Акаловіч//Полымя. - 2010. - № 8. - С.5
2. Ліпскі, У. Праўдзівы аповед пра твой і мой радавод / У. Ліпскі. - Мінск, 1998. - 112с.
3. Насевіч, В. Як "вырасціць" генеалагічнае дрэва?/ В. Насевіч// Звязда. - 1993. - 12 ліст. - С.3
4. Banas, P. Sklo huty "Neman"/ P. Banas // Plock. - 1984. - 146 с.
5. Kalbarczyk S. Wykaz lagrow sowieckich-miejsc przymusowej pracy obywateli polskich w latach 1939 - 1943/ S. Kalbarczyk// - Ч.1, С. 209
6. Калистратова, Э. Родословное древо и типы родословий/ Э. Калистратова // Праздник в школе. - Минск: ИООО "Красико - Принт", 2003. - 128с.
7. Можаров, Н. Как составить свою родослов-ную/ Н. Можаров//Воспитание школьников. - 1992. - №4. - С. 21-25
8. Федорук, А. Древо рода/ А.Федорук//Родина. - 1991. - №3. - С.12
9. Гросфелд - Столле Д. Пісьмы. -2010-2011 гг.
10. Інстытут памяці народнай. - Варшава, ВЕВ - 6051 - 99(4)108
11. Цэнтральны архіў г. Варшавы/ ф. 3258, ф.9368
12. myheritage.com/member-264054114_1/wladyslaw-stolle.
Аўтар: Кацярына Бухцінава вучаніца 10 "А" класа.
Кіраўнік: Матусевіч Тарэса Ўладзіславаўна, настаўніца гісторыі, СШ № 3, г. Бярозаўка.