Папярэдняя старонка: Эканоміка

Пошта на Лідчыне 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 02-01-2022,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Пошта на Лідчыне // Маладосць. 2021. № 6. С. 97-104.

Спампаваць




Амаль што да XVIII ст. у ВКЛ, як і паўсюдна, адукаваныя людзі былі толькі сярод святароў і багатай шляхты. Большасць насельніцтва не мела патрэбы ў паштовай сувязі, і таму не існавала ніякай арганізацыі, якая б забяспечвала перадачу карэспандэнцыі.

Леанід Лаўрэш

Багатыя людзі і кіраўнікі дзяржавы для перадачы карэспандэнцыі заўсёды карысталіся адмысловымі пасланцамі. Напрыклад, Гедымін пісаў лісты ў Германію, каб запрасіць майстроў для пабудовы замкаў. А вялікі князь Вітаўт падтрымліваў добрую сувязь з Рымскім папам, чужаземнымі ўладарамі, нямецкім ордэнам і васальнымі нямецкімі князямі. Яго лісты былі датаваныя і высланыя з тых месцаў, дзе князь у гэты момант знаходзіўся: Вільні, Трокаў, Коўні, Ліды, Наваградка, Слоніма, Кернава, Аран, Эйшышак, Салечнікаў, Мерачы, Дубічаў, Берштаў, Гродна і г. д. І да адрасатаў лісты адвозілі адмысловыя пасланцы.

Тэлеграфная надбудова па сістэме Шапаў на вежы Гедыміна ў Вільні.

У якасці ўзору такой паштовай сувязі можна прывесці запісы 1625 г. з дыярыўша мсціслаўскага ваяводы Яна Тышкевіча. Тут маецца шмат падрабязнасцей, датычных перасылкі ўрадавай карэспандэнцыі паміж маёнткам Дзітва на Лідчыне, дзе жыў ваявода, і Варшавай - месцам знаходжання караля Жыгімонта ІІІ: «Пасля таго як 2 красавіка адправіў да Понтуса, Пурышка вярнуўся ў Дзітву і прывёз мне пасланне ад Понтуса... Праз два дні, 23 красавіка, адсюль, з Дзітвы выправіў да Ягамосці караля ў Варшаву таго ж самага Пурышку з арыгіналам ліста Понтуса... пасланец прыехаў ад Понтуса 28 красавіка, гэта быў нейкі Андрэй Шульц, які мне прывёз ліст ад Понтуса і пасланне ад сенатараў... зараз жа з Дзітвы паслаў гэты ліст да двара Яго Каралеўскай Мосці. 29 красавіка 1625 г. вярнуўся да мяне з Варшавы Пурышка, якога я пасылаў да Ягамосці караля і прывёз такое пасланне ад караля... пісанае ў Варшаве 29 красавіка. Вярнуўся потым мой казак, з якім я да караля дасылаў ліст... з лістом ад караля, датаваным у Варшаве 9 мая 1625 г. На гэты ліст адпісаў з Дзітвы 22 мая 1625 г. Потым з двара Ягамосці караля вярнуўся мой пасланец і прывёз мне адказ на мае лісты. Ліст караля датаваны 28 маем 1625 г.».

Лідская пошта ў доме Антона Малеўскага, каля 1910 г.

З датаў, прастаўленых на лістах, бачна, што лісты з Дзітвы да Варшавы (каля 320 км) даходзілі на шосты ці дзявяты дзень. Невядома, ці адразу кароль адказваў свайму ваяводу. Але, верагодна, пасланец гэтую адлегласць праязджаў за пяць дзён і са зменай коней рабіў ў сярэднім па 64 км у дзень.

У Вялікім Княстве Літоўскім, як і ў іншых краях, меўся даўні звычай: багатыя паны ў падарожжах ці падчас ваенных дзеянняў заўсёды былі аточаныя світай узброеных слуг. Такая світа мела назву «пошта». Часта гэтыя людзі былі баярамі, якія мелі некаторыя правы шляхты.

Уладальнікі маёнткаў карысталіся паслугамі так званых путных баяраў. У перапісе людзей Голдаўскага маёнтка, прададзенага князем Міхаілам Чартарыскім Яну Трызну ў 1581 г., чытаем: «Бояре путные: Майсей Сушковичъ, Пётръ Трохимовичъ, Тимофей Панасовичъ, Климъ Федарович, Иван Адрейевичъ Шерейковичъ - тыя зъ листом ездятъ и то не на великую дорогу, бо земля подъ ними мала, на которой теперь седятъ». Гэтую ж катэгорыю слуг знаходзім і ў інвентарах іншых маёнткаў.

Інвентар Дзітвянскай воласці Лідскага павета з фальваркамі Дылева і Ваверка яснавяльможных князёў Вішнявецкіх 1653 г. пералічвае наступныя баярскія вёскі: Мейры - 9 дымоў, Пехуры - 6 дымоў, Мялевічы - 10 дымоў, Дылева - 3 дымы - і вызначае: «А зъ влокъ боярских плациць мае по злотыхъ 6 и подводъ две до Вильна, а з листемъ гдзе каженъ одправоваць повинны».

У інвентары Лідскага староства ад 1680 г. пералічаны 8 жыхароў Ліды, якія жылі на падзамчы і былі павінны ці плаціць па 15 грошаў штогод, ці для лідскага старасты «заўжды па чарзе адносіць лісты за некалькі міль у Лідскім павеце». У некаторых каралеўскіх гарадах лісты вазілі татары, якія былі паселены на дворных землях. Інвентар Васілішскага староства 1787 г. паказвае, што татары, паселеныя ў колькасці шасці дымоў у Сендзюкоўшчыне каля Васілішак, апрача выплаты чыншу старасту былі павінны адвозіць яго лісты. Згодна з візітацыяй лідскага касцёла св. Крыжа 1820 г., абавязак па дастаўцы паведамленняў, як і раней, абцяжарваў месцічаў, якія выкарыстоўвалі зямлю плябаніі.

Як бачым, у нашай краіне быў дастаткова распаўсюджаны своеасаблівы механізм дастаўкі пошты, які ў асноўным дазваляў вырашаць праблемы дзяржавы і багатай шляхты.


Пачатак пошты, якая развозіць лісты (ці ліставой пошты), як публічнага інстытута палажыў вялікі князь і кароль Жыгімонт ІІІ у 1620 г. Тады была апублікавана каралеўская ўхвала і праз сойм выказаны пажаданні, каб «ад ўсіх памежных гарадоў да нашага двара, дзе асоба наша знаходзіцца, і ад найпершых у Дзяржаве нашых гарадоў, кожны тыдзень маглі бы прывозіць ведамасці і перасылаліся б патрэбныя кожнаму стану лісты па даступных коштах». Кароль пакінуў за сабой права стварэння арганізацыі, якая б адказвала за перасыланне гэтых ведамасцей і лістоў. Менавіта гэта арганізацыя атрымала назву «пошта». Слова гэта было запазычана з нямецкай мовы - «die reitende Post» [1].

У рахунках скарбу ВКЛ ёсць запісы: «Пану Беранту Фогту, Поштмагістру Каралеўскай Мосьці віленскаму за 1648, 1649 і 1650 гады, у год па 250 фларынаў, заплачана 750». Потым пра 1649 г. асобна: «Пану Мантулепу на пошту ў Літве дадзена ф. 1000».

Вайна 1654-1667 гг. цалкам знішчыла пошту як арганізацыю. Аднак яна потым адрадзілася, і ў спісе выдаткаў за 1661 г. смаленскага ваяводы і адміністратара скарбу ВКЛ Мацея Саковіча мы бачым запісы, датычныя арганізацыі ліставой пошты. У гэтым жа дакуменце вызначаны нават кірункі руху пошты ці тракты і колькасць казакаў, якія абслугоўваюць кожны тракт, а таксама сума выдаткаў.

 Лідская пошта ў доме Антона Малеўскага, каля 1916 г.

Як і раней, складкі на ўтрыманне ліставой пошты выплачвалі гарады, але ў соймавай ухвале 1659 г. адзначана: «Гарады і мястэчкі вінны грошы на гэтыя пошты за шмат гадоў» - відавочна, з-за ваеннага знішчэння. У соймовай ухвале 1673 г. запісана: «Каб гарады і мястэчкі ВКЛ падводныя грошы згодна з канстытуцыяй на пошту штогод 12 000 злотых у рукі Рэйнгольда Бізінга, Поштмагістра нашага аддавалі».

Варшаўскі сойм 1717 г. ухваліў гэткі расклад паштовых трактаў у ВКЛ: 1) з Вільні на Гродна і да Варшавы, а з Гродна на Берасце да Любліна... 2) з Вільні на Коўню да прускай мяжы і таксама на Коўню, Кейданы, Расіены да Мітавы і Рыгі; 3) на Белую Русь праз Мінск і Магілёў да маскоўскай мяжы. Сувязь павінны былі ажыццяўляць не пешыя, а конныя паштальёны, і пошты павінны «нідзе не хібіць, а, менавіта, каб з Вільні да Варшавы за адзін тыдзень паспявалі, ад нядзелі да нядзелі... і за адзін тыдзень назад у Вільню вярталіся».

Хутка дадаліся яшчэ тры паштовыя тракты. Гродзенскі сойм 1726 г. дазволіў за кошт Наваградскага ваяводства ўсталяваць паштовыя зносіны Наваградка з Вільняй, Гроднам і Мінскам. Гэтыя паштовыя тракты прайшлі праз гістарычную Лідчыну: 1) з Вільні на Воранава, Жырмуны, Крупава, Мыто, Васілішкі, Астрыну, Азёры і да Гродна з адгалінаваннем ад Жырмун да Ліды; 2) з Вільні на Салешнікі, Дзевянішкі, Суботнікі, Іўе і да Наваградка; 3) з Наваградка на Беліцу, Жалудок, Шчучын, Скідаль і да Гродна. Пошта перавозіла толькі лісты, якія былі запячатаны ў паштовых канторах.

У Лідзе паштовая ліставая станцыя працавала з сярэдзіны XVIII ст. На гэтай станцыі прымалі і выдавалі запячатаныя лісты - звычайную ў той час карэспандэнцыю. Паштмайстрам у Лідзе ў 1790 г. Быў Юзаф Паеўскі, будучы войт горада. Інвентар Ліды 1798 г. апісвае дамы па Віленскай вуліцы : «Ад Фарнага касцёла з правага боку знаходзіўся дзедзічны дварок яснавяльможнай пані Ёдкі, у якім пошта». Гэты дварок стаяў на месцы, дзе зараз стаіць дом № 16 па вуліцы Савецкай. У гэтым жа месцы пошта паказана і на плане горада Ліды 1832 г. Праз нейкі час нерухомая маёмасць, дзе месцілася пошта, стала ўласнасцю прапаршчыка Дарожнага. У 1842 г. гэты двор быў знішчаны пажарам, і пошту перанеслі на суседні пляц Камянецкіх, прыкладна на гэтым месцы зараз знаходзіцца Дом рамёстваў. Тут, на чатырохвугольным падворку, былі пабудаваны стайні, вазоўні, памяшканні для фурманоў і паштальёнаў, мураваны дом, у якім і знаходзілася гарадская паштовая станцыя. Вуліцу потым доўга называлі Паштовай, і толькі ў 1892 г. яна была пераназвана ў Паліцэйскую.

У Расійскай імперыі вялікі паштовы тракт ішоў з Пецярбурга да Вены праз Пскоў, Апочку, Друю, Вільню, Брэст. А потым пошта рухалася далей на Люблін і Сандамір. Апрача гэтага, іншы паштовы тракт быў усталяваны з Масквы на Талочын, Мінск і Нясвіж да Слоніма. Царскі ўказ ад 29 кастрычніка 1796 г., згодна з праектам генерал-губернатара Рапніна, змяніў кірунак венскага тракта, а менавіта перанёс яго з Апочкі на Друю, Вільню, Слонім і Берасце, а таксама ўладкаваў тракт з Вільні да Гродна. Новыя паштовыя тракты зноў прайшлі па Лідчыне: 1) з Вільні праз Беняконі, Сакалы, Ліду, Беліцу, Дзятлава, Задвор'е, Слонім, Ружаны, Пружаны, Кобрын да Берасця; 2) з Ліды праз Радзівонішкі, Ішчалну, Шчучын, Каменку, Скідаль да Гродна; 3) з Ліды праз Лупеніцу, Наваградак, Карэлічы, Мір і да Нясвіжа. Нясвіж праз Сноў, Сталовічы, Палонку злучаўся трактам са Слонімам, Ружанамі і праз Падароск, Ваўкавыск, Пяскі і Каменку з Гродна. Даўнія тракты з Вільні праз Салечнікі, Суботнікі, Іўе да Наваградка, а праз Беліцу ў Гродна былі закрыты. На паштовых трактах у 1796-1800 гг. пабудаваны паштовыя дамы-станцыі, якія праз аўкцыён былі перададзены ва ўтрыманне поштхалтарам [2]. На кожнай паштовай станцыі знаходзіўся паштовы чыноўнік - даглядчык станцыі, усе камунікацыі і перавозка карэспандэнцыі кіраваліся чыноўнікамі з Паштамта ў Вільні.

Поштхалтары былі абавязаны ўтрымліваць на станцыях неабходную колькасць коней і перавозіць дзяржаўных пасажыраў коштам 2 капейкі (потым - 3) за каня на вярсту, а кур'ераў, якія вязуць мяшкі з поштай, два разы на тыдзень - бясплатна. Паштовыя ўправы адкрываліся ў павятовых гарадах, тут канверты з карэспандэнцыяй штэмпелявалі сургучом і прымалі грошы за перасылку. Кожны ліст рэгістраваўся ў адмысловай кнізе і выпісваўся квіток. Мяшкі з поштай пад аховай узброенага кур'ера перавозіліся ў параконных брычках з будай, коні мяняліся на кожнай станцыі.

Гэта паштовая арганізацыя была знішчана ў 1812 г., але падчас ваеннага ліхалецця арганізавана часовая ваенная паштовая сувязь.


22 кастрычніка 1830 г. быў апублікаваны агульны штат імперскай пошты. Згодна з гэтым штатам была створана 5-я паштовая акруга, куды ўвайшлі Віленская і Гродзенская губерні. Галоўная яе сядзіба знаходзілася ў Вільні. 28 студзеня 1832 г. 5-я паштовая акруга была расфарміраваная, і паштовымі ўправамі ў паветах пачалі кіраваць адпаведныя губернскія ўправы ў Вільні і Гродна. Да 1842 г. Лідскі павет уваходзіў у Гродзенскую, а потым - у Віленскую губерню.

У 1886 г. была зноў сфармавана акруговая ўправа поштаў і тэлеграфаў, якая кантралявала ўсе паштовыя і тэлеграфныя інстытуцыі ў Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай і Сувальскай губернях. Паштовымі пунктамі на тэрыторыі Лідскага павета кіравала павятовая паштовая ўправа ў Лідзе. Колькасць паштовых аперацый у XIX ст. была надзіва невысокай. Вось інфармацыя па Лідскім павеце:

Год

Колькасць дасланых лістоў

Колькасць атрыманых лістоў

1854

5 961

7 151

1855

6 859

8 054

1856

5 995

7 122

1857

6 269

7 208

1858

6 484

7 655

1859

7 028

7 459

1860

8 715

9 424

Па колькасці атрыманых і адпраўленых лістоў Лідскі павет стаяў адразу пасля Віленскага.

З XVII ст. у Еўропе пачаў з'яўляцца аптычны тэлеграф, і з XVIII ст. запрацавалі розныя сістэмы такога тэлеграфу. Ён аказаў вялікую паслугу Напалеону падчас шматлікіх войнаў, якія вёў імператар Францыі. Агульным у розных сістэмах было тое, што складаліся яны з ланцуга вежаў, на якіх выстаўляліся бачныя здалёк рэйкі, крыжы і г. д. Адлегласць паміж асобнымі вежамі была каля 10 км. Сігналы счытваліся пры дапамозе падзорных труб. На такім прынцыпе базаваўся і аптычны тэлеграф братоў Шапаў, распрацаваны ў 1780 г.

Расійскі ўрад, занепакоены выбухам паўстання 1831 г., таксама вырашыў пабудаваць лінію аптычнага тэлеграфу па сістэме Шапаў паміж Варшавай і Пецярбургам. Гэтая лінія служыла выключна для дзяржаўных мэтаў і складалася са 140 станцый, якія будаваліся на высокіх і адкрытых месцах. Усе станцыі былі аднатыпныя і апрача вежы мелі пафарбаваны ў ярка-жоўты колер дом, агароджу і студню. Сігнальныя рэйкі на вяршыні вежы фарбаваліся ў чорны колер. Знакі, якія перадаваліся па лініі, расшыфроўваліся толькі на яе канцах - у Варшаве і Пецярбургу. Тэлеграфісты-пасярэднікі па ланцугу перадавалі знакі, не разумеючы іх сэнсу. Гэта лінія атрымала назву «Варшаўская» і ўтрымлівалася вайскоўцам. Уся лінія падзялялася на 6 дырэкцый. Першыя 5 мелі па 25 станцый, у шостай былі 24. Кожнай з дырэкцый падпарадкоўвалася рота сувязі: на кожнай з станцый знаходзіліся 1 унтэр-афіцэр, 2 старшыя і 2 малодшыя сігнальшчыкі і 1 «інвалід» для гаспадарчых паслуг. Сядзіба 4-й дырэкцыі месцілася ў Вільні і кіравала станцыямі ад вёскі Горы Браслаўскага павета да вёскі Адвернікі Лідскага павета (на поўдзень ад Вільні). Дырэкцыя мела наступныя станцыі:

№ 14, у г. Вільні, на замкавай гары;

№ 15, каля засценка Падвысокае;

№ 16, каля вёскі Папоўшчына;

№ 17, каля мястэчка Парудаміна;

№ 18, каля мястэчка Яшуны;

№ 19, каля карчмы Гудэлькі;

№ 20, каля карчмы Смалянка;

№ 21, каля вёскі Расцюны;

№ 22, каля вёскі Рэзы;

№ 23, каля вёскі Юршышкі;

№ 24, каля вёскі Гарнастаішкі;

№ 25, каля вёскі Адвернікі.

5-я дырэкцыя мела сядзібу ў Гродна і адказвала за станцыі ад Адвернікаў да Тыкоціна:

№ 1, каля фальварка Палашкі;

№ 2, каля вёскі Ядзелаўцы;

№ 3, каля вёскі Казляны;

№ 4, каля фальварка Вугольнікі;

№ 5, каля засценка Вуглы;

№ 6, каля вёскі Кулёўцы;

№ 7, каля вёскі Раганічы;

№ 8, каля карчмы Шкленск;

№ 9, каля карчмы Бервы;

№ 10, каля фальварка Корчыкі;

№ 11, каля фальварка Разаліна;

№ 12, каля мястэчка Сакрэт;

№ 13, у горадзе Гродна, на вайсковым шпіталі «Новы Замак».

Тэлеграфная лінія была адкрыта 10 красавіка 1839 г., і 29 красавіка цар Мікалай І зацвердзіў яе статут. Лінія працавала да 1856 г.


У 1837 г. амерыканец Самуэль Морзе вынайшаў і пабудаваў электрамагнітны тэлеграфны апарат. У 1852 г. нямецкая фірма «Сіменс» з Берліна па дамове з рускім урадам прыступіла да пабудовы новай тэлеграфнай ліні з Пецярбурга ўздоўж шашы на Царскае Сяло, Гатчыну, Дынабург, Коўню і далей да Варшавы. Статут гэтай лініі быў зацверджаны царом 15 красавіка 1854 г. Будаўніцтва яе было скончана 10 лістапада 1856 г., але эксплуатацыя пачалася толькі ў 1857 г. А ў 1860 г. нямецкі персанал змянілі падданыя рускага цара. Ад пачатку і гэта лінія належала войску, тэлеграфісты насілі вайсковыя мундзіры, шаблі і шпоры. Пасля пабудовы чыгуначнай дарогі Пецярбург - Варшава лінія электрычнага тэлеграфу пайшла ўздоўж дарогі. У 1861 г. у Вільні функцыянавала тэлеграфная станцыя на якой працавалі толькі тры чалавекі: начальнік і два ягоныя памочнікі. Станцыя падпарадкоўвалася Галоўнай управе шляхоў зносін і публічных будынкаў Расійскай імперыі. У 1875 г. была арганізавана Віленская тэлеграфная акруга. У 1878 г. штат тэлеграфнай станцыі ў Вільні складаўся з 70 чыноўнікаў, з іх 40 % - немцы.

Лідская пошта ў 1917 г., бачны драты тэлефонных ліній.

Вядома, што ў 1820 г. паштмайстрам у Лідзе служыў тытулярны дарадца Караль Сташэўскі. Пошта таго часу падначальвалася Літоўскаму паштамту ў Вільні, а з 1830 г. - паштоваму інспектару 5-й паштовай акругі, якая таксама мела сядзібу ў Вільні. У тым жа годзе паштовая экспедыцыя ў Лідзе была ператворана ў павятовую паштовую ўправу 2-га класа. Адначасова такія ж управы створаны: у Слоніме - 2-га класа; у Кобрыне, Наваградку і Пружанах - 3-га класа; у Ваўкавыску і іншых гарадах - 4-га класа. Штат управы 2-га класа складаўся з паштмайстра, ягонага памочніка, трох паштальёнаў. На ўтрыманне памяшкання і канцылярскія выдаткі асігноўваліся 600 рублёў штогод. З 1853 па 1869 гг. паштовую лідскую кантору ўзначальваў Міхаіл Афанасьеўскі. З 17 мая 1869 г. пасаду лідскага паштмайстра заняў Іван Уладзімірскі. З 1878 г. паштмайстрам у Лідзе быў тытулярны дарадца Канстанцін Аляксандраў.

Новая лідская пошта, якая існуе і сёння, 1939 г.

У 1872 г. уздоўж паштовага тракту Вільня - Ліда - Наваградак - Мір была пабудавана тэлеграфная лінія і ў Лідзе заснавана тэлеграфная станцыя з двума апаратамі Морзе. Першым начальнікам гэтай станцыі быў губернскі сакратар Савелій Нікіцін, а тэлеграфным тэхнікам прызначылі Хрысанфа Аляхновіча, які гэтую лінію будаваў. Тэлеграфная станцыя знаходзілася на першым паверсе ў мураваным доме па вуліцы Віленскай, 42, у памяшканні, якое вызвалілася пасля ліквідацыі 1 красавіка 1872 г. павятовага суда. У 1873 г. Ліда была адзіным, акрамя Вільні, горадам у Віленскай губерні, дзе працавала тэлеграфная станцыя, прымаліся і адпраўляліся мясцовыя і замежныя тэлеграмы. З Вільні да Ліды, згодна з тарыфам, за тэлеграму ў 20 слоў бралі 50 капеек. З 9 лістапада 1873 г. начальнікам станцыі быў тытулярны дарадца Фёдар Рустановіч, а тэлеграфістам 4-га класа з 1 студзеня 1874 г. - Іосіф Гарневіч, які з 19 лютага 1882 г. стаў начальнікам Лідскай станцыі. З 1 траўня 1882 г. тэхнікам станцыі быў Восіп Фелікс Паскочым.

У 1885 г. Лідская павятовая паштовая ўправа і тэлеграфная станцыя былі аб'яднаны ў паштова-тэлеграфную ўправу 6-га класа і пераехалі ў вялікі драўляны дом па вуліцы Віленскай. Гэты дом быў пабудаваны Антонам Малеўскім за выдзеленую яму Віленскай паштова-тэлеграфнай акругай субсідыю, якую ён павінен быў вярнуць за 12 гадоў. Пошта тут знаходзілася да 1938 г., у 1941 г. дом згарэў.

Паступова да 1913 г. лідская пошта ўзнялася да 3-га класа. Па штату 1911 г. тут акрамя паштальёнаў і ганцоў працавалі 17 чыноўнікаў, а ў 1913 г. - ужо 22 чыноўнікі. Начальнікамі паштовай управы былі: з 31 сакавіка 1889 г. - Сямён Грачышчаў, з 21 сакавіка 1894 г. - Якуб Булгакаў, з 1904 г. - Васіль Смірноў, з 1909 г. - Мялітон Бярыдзе і з 1913 г. - Канстанцін Каланкоўскі.

З газет можна даведацца пра некаторыя моманты ў жыцці лідскай паштова-тэлеграфнай канторы. Праз газету «Лідскае слова» ў канцы 1912 г. паштова-тэлеграфная кантора звярнула ўвагу «публікі на тое, што ў апошні час з паштовых скрыняў часта вымаюцца лісты без адрасоў». Праз нейкі час адміністрацыя канторы надрукавала абвестку: «Лідская паштова-тэлеграфная кантора паведамляе, што тэлеграмы, якія паступілі для асоб з прозвішчамі, якіх у горадзе шмат: Пупко, Цыгяльніцкі, Шапіра, Гурвіч, Вінер, Палячак, Майшовіч, Каган і інш., дастаўляцца не будуць. У тэлеграме акрамя прозвішча неабходна паведамляць назву вуліцы і № дома. Асобы, якія жадаюць атрымліваць тэлеграмы па скарочаным і ўмоўным адрасе, павінны падаць заяву з паведамленнем пра гэта і аплаціць 10 рублёў... Спіс недастаўленых тэлеграм: З Варшавы ў Ліпнішкі на прозвішча Кейль, з Эйшышак на прозвішча Нарбут, з Варшавы на прозвішча Бабіс... з Пецярбурга на прозвішча Свярдлоў».

У самым канцы 1912 г. павялічылася колькасць паштовых скрыняў у горадзе. Да трох, якія былі раней, дадаліся яшчэ тры - на Рынкавай плошчы, Каменскай вуліцы каля гімназіі Навіцкіх і на Зарэччы. Каб рэгулярна вымаць лісты, была набыта адмысловая паштовая карэта. З'яўленне новых паштовых скрыняў «Лідскае слова» пракаментавала ў рэдакцыйным артыкуле: «Наш горад узбагаціўся трыма паштовымі скрынямі. Было ўсяго тры, а зараз шэсць».

На пачатку новага, 1913 года лідзянам была прапанавана тэхнічная навіна, якая павінна была змяніць у лепшы бок патрыярхальнае жыццё Ліды, наблізіўшы яе да еўрапейскіх гарадоў. Лідская паштова-тэлеграфная кантора давяла «да ведама асоб, якія маюць жаданне абаніравацца (стаць абанентам. - Л. Л.) гарадской тэлефоннай сеткі ў Лідзе. Пабудова тэлефоннай сеткі ў горадзе прызначана на 1913 г. і на гэта ўжо запрошаны адпаведны крэдыт. Асоб, які жадаюць абаніравацца, але па нейкай прычыне не патрапілі ў спіс абанентаў, кантора просіць як хутчэй заявіць аб сваім жаданні».

Рэдакцыйны артыкул «Лідскага слова» пракаментаваў гэтыя навіны: «Гарадская ўправа сілкуе нас надзеяй на тое, што ў хуткай будучыні мы, лідскія абывацелі, пачнём жыць жыццём, падобным на жыццё культурных людзей культурных гарадоў. Будзе ў нас тэлефон, электрычнасць, водаправод, адным словам, будзе ў нас усё тое, чым ганарыцца XX ст. Аднак мы не ведаем, калі гэта будзе, і было бы занадта наіўна думаць, што ўсё гэта з'явіцца ў нас у хуткай будучыні... ».

Трэба адзначыць, што ў 1910-х гг. з-за адсутнасці гарадской тэлефоннай сеткі Лідскі полк, які тады яшчэ быў раскватараваны па прыватных кватэрах, уладкаваў сабе палявую тэлефонную сувязь. Ці атрымалі лідзяне да 1914 г. тэлефонную сувязь - дакладна невядома, і магчыма, што першая гарадская тэлефонная станцыя з'явілася толькі падчас першай нямецкай акупацыі. На паштоўках часоў нямецкай акупацыі бачна, што каля лідскай пошты з'явілася размеркавальная стойка тэлефонных дратоў, а ў 1918 г. Лідскі рэўкам сярод іншага загадаў узяць пад свой кантроль і тэлефонную станцыю. Думаю, тут дарэчы паведаміць, што першай тэлефоннай лініяй на Лідчыне была лінія паміж фабрыкамі «Нёман А» (стары шклозавод) і «Нёман Б» (новы шклозавод), якая пачала працаваць у 1894 г. У маёнтках Жалудок і Ліпічна тэлефонная сетка пабудавана ў 1902 г. А ў горадзе Лідзе першая тэлефонная сувязь з'явілася паміж броварамі Папірмайстра і Пупко ў 1907 г.

На другі год Першай сусветнай вайны, у 1915 г., персанал Лідскай паштова-тэлеграфнай управы быў эвакуяваны ў Каломну Маскоўскай губерні.


У канцы 1930-х гг. пачалося будаўніцтва новага будынку лідскай пошты. Неаднаразова чуў ад знаўцаў, што гэты прыгожы будынак са стылёвымі кратамі на вокнах лёгка ўявіць сабе на самай фешэнебельнай вуліцы еўрапейскага горада. Нават больш позняя мазаіка ўнутры перакрытай зверху светлавымі вокнамі аперацыйнай залы арганічна ўпісалася ў інтэр'ер будынка. І самае галоўнае - рамонты пакуль не надта сапсавалі яго.

Гэты будынак быў спраектаваны ў 1936 г. Вандай Баэрнер-Пшэўлоцкай, якая таксама спраектавала шэраг іншых будынкаў у розных гарадах. Верагодна, заказ на праектаванне пошты ў Лідзе архітэктар атрымала праз адпаведныя кантакты - яе дзядзька Ігнат Баэрнер у 1929-33 гг. быў міністрам пошт і тэлеграфаў Польшчы.

З пункту гледжання архітэктуры гмах пошты складаецца з кубічных аб'ёмаў з элементамі, тыповымі для стылю Ле Карбюзье: першы паверх знаходзіцца трошкі ў глыбіні, што падкрэслена больш цёмным колерам, і на першым плане бачныя канструкцыйныя слупы. У галоўным аб'ёме будынка знаходзіліся паштова-касавая зала і бакавая тэлеграфна-тэлефонная зала з агульным вестыбюлем. Вакол паштова-касавай залы месціліся памяшканні розных паштовых службаў. Для работнікаў пошты меліся асобныя выхады з боку і тылу будынка. На другім-чацвёртым паверхах знаходзіліся розныя офісныя памяшканні, а таксама тэлефонная і тэлеграфная станцыі, у бакавым крыле пошты - кватэры.

Ажыўленне ў эканоміцы, якое назіралася ў другой палове 1930-х, спрыяла развіццю і тэлефонных сетак на Лідчыне. За 1937 г. колькасць тэлефонных абанентаў вырасла на 1/5 і дасягнула 218-ці. Штомесячны грашовы абарот лідскіх тэлефаністаў складаў 10 000 зл., усе пашкоджанні на лініі рамантаваліся не болей чым за 4 гадзіны, на тэлефоннай станцыі працавалі 6 высокакваліфікаваных тэлефаністак.

Першае паведамленне пра пачатак будаўніцтва новай лідскай пошты я знайшоў у жнівеньскім нумары газеты «Кур'ер Віленскі» за 1936 г. Будаўніцтва гмаху пошты рухалася наперад. У маі 1937 г. паведамлялася, што «ў найбліжэйшыя месяцы ў новым раёне горада каля гімназіі паўстане другі гмах... Тут будзе ліставая пошта, тэлеграф і тэлефон. У памяшканнях вышэй ад першага паверха размесціцца персанал ліставой пошты, аддзелаў тэлеграфа і тэлефона, кіраўнікоў гэтых аддзелаў». Ужо ў кастрычніку 1937 г. корпус гмаху быў зроблены «пад дах» і накрыты. Узімку планавалі пачаць унутраныя работы, таму частковае адкрыццё новай пошты магло адбыцца яшчэ ўвесну 1938 г. Але будаўнічыя работы затрымліваліся.

Разам з будаўніцтвам новай пошты пракладваліся падземныя камунікацыі: «Ліда будзе мець падземныя тэлефонныя кабелі. Як і ў вялікіх гарадах, у Лідзе закладваюцца трубы для пракладкі тэлефонных сетак. Гэтыя работы выконваюцца на галоўных вуліцах горада».

Бліжэй да заканчэння будаўніцтва гмаху, у маі 1938 г., паштавікі пачалі атрымліваць новую тэхніку: «Матарызацыя пошты. Управа пошты і тэлеграфа ў Лідзе атрымала 5 аўтамабіляў маркі "Польскі Фіят". Цяпер конны воз для дастаўкі пошты будзе служыць толькі там, дзе аўтамабіль не зможа праехаць».

Гарадскія ўлады да моманту адкрыцця новай пошты рыхтавалі вуліцу Міцкевіча: «Запраектаваная ў свой час на Выгане вул. Адама Міцкевіча дачакалася ўладкавання і цвёрдага дарожнага пакрыцця. Забрукоўка вуліцы ідзе ў паскораным тэмпе з-за хуткага заканчэння будаўніцтва і адкрыцця новай гарадской пошты. З моманту перанясення пошты ў новы гмах частка руху з вуліцы Сувальскай аўтаматычна скіруецца на Выган, таму вуліца Міцкевіча, на якой стаіць новая пошта, ажыве».

Адразу пасля пачатку работы пошты выявілася нечаканая праблема: «Барыкада з ровараў каля новай пошты. З моманту перанясення бюро паштова-тэлеграфнай управы ў новы будынак па вуліцы Міцкевіча ў час перад поўднем рух кур'ераў з розных арганізацый значна вырас, прычым кожны з іх карыстаецца роварам. Таму на вуліцы перад новай поштай заўжды ляжыць барыкада з ровараў».

Тым не менш у нашым горадзе з'явілася, магчыма, самая прыгожая вуліца, якая, аднак, у першыя месяцы не мела нават вулічнага асвятлення: «Самая новая вуліца Ліды без асвятлення. Да часу пераносу пошты ў новы гмах на Выгане гарадскія ўлады парупіліся аб поўнай перабудове вуліцы Міцкевіча. Вуліца ўпарадкавана па ўзоры цэнтральных вуліц горада, перад гмахам пошты нават заасфальтавана, што з'яўляецца абсалютнай навінкай для Ліды. Ходнікі вельмі шырокія і з прыгожымі газонамі. Вуліца Адама Міцкевіча ў Лідзе сваім выглядам можа канкурыраваць з лепшымі вуліцамі Вільні. Але толькі ўдзень, бо ўвечары пануе на ёй егіпецкая цемра. Няма аніводнай лямпы. Чаму кіраўніцтва гарадской электроўні не звяртае на гэта ўвагі?».

Пасля пераносу гарадской пошты ў новы будынак паштовая ўправа выпрацавала новы план дастаўкі карэспандэнцыі. Горад быў падзелены на 10 раёнаў (да гэтага часу пошту разносілі 8 паштальёнаў, стала 10), прычым карэспандэнцыя жыхарам пачала дастаўляцца два разы ў дзень. Часы дастаўкі пошты сінхранізаваліся з прыбыццём варшаўскіх і віленскіх цягнікоў у Ліду, дзякуючы чаму кожны жыхар атрымліваў цэнтральныя газеты і астатнюю пошту першы раз каля 9 раніцы. Гэта было вельмі значнае паляпшэнне паштовай справы горада. За добрую арганізацыю працы начальнік лідскай пошты Батаровіч карыстаўся вялікай павагай у гараджан.

Урачыстае адкрыццё новага будынка пошты адбылося толькі ў пачатку мая 1939 г. Верагодна, толькі да гэтага часу быў цалкам закончаны мантаж абсталявання. Газета «Кур'ер Віленскі» пісала: «У межах святкавання свята 3-га Мая (Дзень Канстытуцыі 1791 г. - Л. Л.) адбылося ўрачыстае асвячэнне пабудаванага коштам 524 000 зл. гмаху паштовай управы».

Будынак лідскай пошты - сапраўдны шэдэўр стылю функцыяналізму, і вельмі добра, што гэты помнік архітэктуры першай паловы ХХ ст. знаходзіцца пад дзяржаўнай аховай.



[1] Конная пошта.

[2] Poczthalter - кіраўнік пошты, чыноўнік, які арганізуе працу пошты, размяркоўвае коней і вазы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX