Папярэдняя старонка: Культура

Лідскія кінатэатры 


Аўтар: Лаўрэш Леанід,
Дадана: 29-10-2017,
Крыніца: Лаўрэш Леанід. Лідскія кінатэатры // Маладосць 2017. № 11. С. 95-104.

Спампаваць




У Расійскай імперыі першыя пастаянныя кінатэатры з'явіліся ў 1903-1904 гг. пад назвамі «сінематографы», «біаскопы» або «ілюзіёны». У 1903-1907 гг. тут дэманстраваліся толькі фільмы вытворчасці французскіх фірм. Часта ў адным сеансе паказвалі як гульнявыя, так і дакументальныя фільмы.

Разам з пастаяннымі кінатэатрамі існавалі і перасоўныя, якія пераязджалі з горада ў горад. Пра адзін з такіх кінатэатраў у Лідзе паведамляла прэса - у 1908 годзе «Кур'ер Літоўскі» змясціў зацемку гараджаніна, пра, магчыма, першую дэманстрацыю кінематографа ў нашым горадзе: «Ліда. (Глядач). Тэатр «Фантазія» ёсць сапраўдны адбітак фантазій пана дырэктара кінематографа, якія зусім не стасуюцца з грамадскімі меркаваннямі. Вечарам 1 снежня у 21.30 я з кампаніяй знаёмых прыйшоў у гэтую «Фантазію», мы купілі квіткі, не таннейшыя, чым у Варшаве, і не паспелі мы праглядзець усе 10 карцін, як раптоўна стала цёмна, і мы пачулі нечы голас, што сеанс закончаны. Не дапамаглі нашы пратэсты і яшчэ некалькіх гледачоў, нехта сказаў: «Але ж гэта сапраўдная фантазія». Тыя карціны, якія мы паспелі паглядзець, былі зроблены так дрэнна і невыразна, што часам немагчыма было зразумець іх сэнс ..., часам выявы былі, як у тумане. Калі пан дырэктар кінематографа лічыць, што грамадскае меркаванне, як заўжды, не паспявае за прагрэсам, дык хай загадае не прадаваць білеты тым «tarde venientibus» (лац. «тым, хто спазняецца». - Л. Л.)» [1].

На пачатку ХХ стагоддзя ў Лідзе жыў і вучыўся ў мясцовай яўрэйскай школе-хедары будучы выкладчык і адзін з заснавальнікаў кіназнаўчага факультэта сучаснага Усерасійскага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі імя С. А. Герасімава Іосіф Далінскі. Менавіта ў Лідзе Далінскі першы раз убачыў тое, што потым стала яго Справа дом па Віленскай, 58. У яго двары месціўся першы лідскі кінатэатр 'Ілюзіён'. прафесіяй: «Ах, Ліда, Ліда, менавіта тут я стаў гарачым прыхільнікам новага мастацтва, якое, вядома, не магло не ўздзейнічаць на маё ўяўленне, на маю фантазію. Менавіта ў Лідзе пачалася мая кінематаграфічная жыццёвая адукацыя» [2], - пісаў ён. Дзякуючы мемуарам былога жыхара Ліды мы трошкі ведаем пра пачаткі кіно ў нашым горадзе.

Першы лідскі кінатэатр «Ілюзіён» узнік у 1909 годзе. Ён месціўся ў двары дома па адрасе: Віленская, 58, які належаў Фларыяну Длускаму (сучасная Савецкая, 16). «Ілюзіён» Яблонскага быў перароблены са стайні, зала не мела ніводнага акна, і пасля сеансаў у ёй было цяжкае і вільготнае паветра, адчуваўся пах неперагарэлага спірту ад спіртовых лямп, з дапамогай якіх кінатэатр асвятляўся, апаратны пакой з тонкіх дошчачак быў дабудаваны да гмаха былой стайні [3].

Далінскі пісаў: «Вельмі рана, не памятаю з якіх гадоў, я пачаў наведваць кінатэатр «Ілюзіён». У ім не было нават крэслаў, і, па меншай меры, у самых першых радах мы, хлапчукі, сядзелі на лаўках. Каштаваў нам білет вельмі танна, усяго 5 капеек. Але як іх дастаць? Я пачаў прасіць у таты, ён быў - я адчуваў - вельмі добры, на цукеркі даваў дзве- тры капейкі. Я нічога не купляў або на адну-дзве капейкі купляў цягучку і спецыяльна смактаў яе на вачах у таты, каб ён бачыў, як я марную яго грошы на прысмакі. Больш за тое, я дзяліў цягучку паміж сабой і братамі, цягучкі былі доўгія і салодкія. Астатнія грошы збіраў на «Ілюзіён». Калі збіралася 5 капеек, я днём ішоў у кінатэатр. «Ілюзіён» мне здаваўся даволі вялікім, з шырокім калідорам, вялікай і доўгай глядзельнай залай. Уваходзілі мы туды нясмела, як у сінагогу: жарт сказаць, цуд, белы экран, і на ім раптам жывыя людзі, розныя звяры, вуліцы, лес, возера і нават дзіўнае бяскрайняе мора, тады мне абсалютна невядомае» [4].

Помніць Іосіф Далінскі і змест фільмаў пачатку мінулага стагоддзя: «У змесце фільмаў усё ж разбіраўся. Памятаю: бацька і сын з сабакам ідуць на паляванне. У іх стрэльбы. Але ў лесе сын адстае ад бацькі, хоча самастойна пастраляць зайца, нават ваўка, і птушак. Паляўнічыя з сабакам паглыбляюцца ў лес. Сустракаюцца птушкі, заяц, воўк - паляўнічыя і сабака шукаюць іх, але сын хоча самастойна (я яму спачуваю) пастраляць. Ён апынаецца ўжо насупраць бацькі, але бацька яго не бачыць, і сын не бачыць бацьку. Нечакана гучыць стрэл: сын страляе ў бок бацькі, але ні ў каго не трапляе. Бацька … ужо забіў некалькі птушак ... апошні стрэл (ён думае, у зайца) цэліць і забівае насмерць сына. Страшнае ўражанне стварыла падзенне сына і момант, калі бацька паварочваецца і бачыць, што забіў яго. Гэта вельмі страшна для маленькіх гледачоў, якія ўжо разумеюць смерць: гібель чалавека ўспрымаецца, як трагедыя. У мяне тады памёр дзед - бацька майго бацькі. Якая трагедыя ў маленькага гледача! Колькі перажыванняў! І нават ёсць патрэбная мараль: слухайся бацьку, а то здарыцца нешта сумнае, нават жудаснае. Запомніў і назву гэтай карціны - "Трагічнае паляванне"» [5]. Фільма з такой назвай у каталогу фільмаў той эпохі няма, але вядома, што ў тыя часы адзін і той жа фільм нярэдка выпускаўся пад рознымі назвамі.

«Трагічнае паляванне» моцна ўсхвалявала юных гледачоў: «Мы, яшчэ маленькія хлапчукі, хаваліся пад лаўкамі ці за цёмнымі фіранкамі вокнаў і дзвярэй; заставаліся, каб паглядзець другі і трэці раз: а можа, у гэты раз бацька прамахнецца? Часам удавалася: мы вылазілі з таемных месцаў, калі зала пачынала запаўняцца новай публікай» [6].

Паказвалі і камедыі: «Памятаю і камічнае: бясконцыя пагоні, кіданні нейкіх прадметаў і нават цеста адно ў аднаго, нават у твар ... памятаю, што былі надпісы, якія мы ледзь паспявалі прачытаць, але гэта было не так важна. Змест мы ведалі часам загадзя ад іншых хлапчукоў або разумелі яго з першага кадра. Гэта была велізарная асалода, нейкае асаблівае, загадкавае бачанне... Гэты кінатэатр, як я потым даведаўся, працаваў на газе... Потым у двары мы гулялі ў нямыя карціны: мы бегалі адно ад аднаго або штурхаліся, і заўсёды чамусьці ўсё заканчвалася пагоняй... Гэта было самае ранняе дзяцінства» [7].

Кінатэатр «Эдысан» у Лідзе адкрыў у снежні 1910 года Міхаіл Мікалаевіч Манастырскі. Да гэтага часу ён ужо тры гады валодаў кінатэатрам у Сувалках [8]. Да 1914 года Міхаіл Манастырскі меў яшчэ кінатэатр у Вільні [9].

Злева, на плоце гарадскога сквера, рэклама кінафільма «Зігамар». Далей дом па Віленскай, 19, за ім дом 21 братоў Вінаградавых, у двары якога месціўся кінатэатр 'Эдысан'.

У кастрычніку 1910 года Міхаіл Манастырскі падаў на імя віленскага губернатара прашэнне аб адкрыцці кінатэатра ў Лідзе па вуліцы Віленскай, у мураваным аднапавярховым доме братоў Саламона Ільіча і Майсея Ільіча Вінаградавых. Нарэшце кінатэатр «Эдысан» і быў адкрыты ў доме, які месціўся ў двары галоўнай двухпавярховай камяніцы Вінаградавых па адрасе: Віленская, 21.

У снежні 1910 года пасля вырашэння розных бюракратычных і тэхнічных праблем сустрэў першых наведвальнікаў кінатэатр «Эдысан» (на 118 месцаў). Кінатэатр уяўляў сабой аднапавярховы цагляны будынак, меў пярэдні пакой (4,3 х 2,1 м), глядзельную залу (11,8 х 6,3 м), два фае (9,5 х 6.3 м), будку для праектара, у якой падлога і столь былі абабіты азбестам і жалезнымі лістамі. Глядзельная зала і фае мелі вышыню чатыры метры, драўляную столь, абабітыя знутры дошкамі бэлькі. Меліся два выхады, дзверы адчыняліся вонкі. Месцы для публікі былі агароджаны адкіднымі драўлянымі балюстрадамі вышынёй каля 0,9 м. Праходы для публікі каля будкі з праектарам - шырынёй 1,5 м кожны. Сценкі ўсіх памяшканняў атынкаваныя. Памяшканні абаграваліся трыма круглымі бляшанымі пячамі. Паветра вентылявалася праз адтуліну дыяметрам 35 см. Дах будынка крыты дахоўкай. Памяшканне для дынама-машыны ад глядзельнай залы аддзяляла цагляная сцяна ў паўтары цагліны. Для асвятлення памяшканняў і сілкавання токам рэфлектара ў асобным памяшканні знаходзілася дынама-машына пастаяннага току на 50 ампер пры 110 вольт, якая прыводзілася ў дзеянне праз пасавую перадачу газавым рухавіком на 7 к.с. «Отто-Дэйц». Электрычны дрот быў пракладзены на парцалянавых роліках. Памяшканні асвятляла 21 танталавая шаснаццацісвечкавая лямпа напальвання, таксама меліся дзве лямпы ў 200 свечак і 98 дзвюхсвечкавых лямп на 10 вольт кожная [10], якія складаліся ў слова «Эдысан» над уваходам.

Прафесар Далінскі пісаў пра гэты кінатэатр: «Але вось я ўжо больш сталы. З'явіўся новы кінатэатр на галоўнай вуліцы... Ля ўвахода буйна электрычнымі лямпачкамі назва - «Эдысан». Такая цікавая назва здзіўляе, дзівіць нават... Туды ўваход каштаваў 10 ці нават 15 капеек. Бацька ўжо рэгулярна дае мне 5 капеек. Я іх збіраю і бягу, задыхаючыся, у кінатэатр. Сюды часам хаджу бясплатна разам са сваім таварышам, бацька якога - адзін з гаспадароў «Эдысана». Тут крэслы і нават ложы. У фае развешаны афішы, стаяць крэслы, маецца нават буфет. Фае спецыяльна для чакання: сеанс вялікі - гадзіну і больш. Мы ўваходзім у глядзельную залу ўжо не па-хлапечы, а як падлеткі. Мы абодва высокія, нас нават можна прыняць за юнакоў» [11].

Кінематограф паступова пераўтвараўся ў новы від мастацтва - змяняўся рэпертуар кінатэатраў: «Карціны тут (у «Эдысане») «сур'ёзныя»: дзве драмы, дзве камедыі, а напачатку абавязкова пейзажныя. У іх нейкія незнаёмыя рэкі, горы, вадаспады, моры бязмежныя, у іх вялікія хвалі, хвалі... Асабліва дзівяць вадаспады: з вельмі вялікай вышыні, з вялікім шумам (то перадае музыка тапёра) падае велізарная, шырокая, імклівая бруя вады... Кінематограф захапляе, здзіўляе, кліча да сябе; у ім можна нечакана ўбачыць тое, што ніколі не зможаш убачыць: усё далёкае, дзіўнае. Мастацкія любоўныя драмы ўзбуджаюць, выклікаюць нейкія незразумелыя пачуцці. Пацалункі, абдымкі дарослых, якія не бачыш у жыцці, вельмі халодныя, але разам з тым яны тояць у сабе нешта прыцягальнае. Потым мы, хлопцы, гуляем (бегаем, ходзім), як у фільмах. Асаблівае ўражанне пакінула карціна «Зігамар». Гэта ўжо не адна карціна, а серыя фільмаў, колькі - не памятаю. Але вельмі добра памятаю, што нашы гульні ў «разбойнікаў» пасля «Зігамара» напоўніліся больш канкрэтным зместам. Я нават у душы музыцыраваў, як у кіно» [12].

«Зігамар» (1911) - гэта адзін з фільмаў знакамітай французскай крымінальнай серыі паводле рамана Лявона Сазі, рэжысёр - Віктор Жасэ. Фільм апавядаў пра супрацьстаянне дэтэктыва Палена Бракэ і банды крымінальнікаў «Дзета». «Зігамар» быў вельмі папулярны ў розных краінах Еўропы, у тым ліку і ў Расіі. Цікава, што на адной са старых паштовак з выявамі горада Ліды на плоце насупраць кінатэатра «Эдысан» якраз відаць афішу «Зігамара».

Думаю, трэба трошкі расказаць і пра арганізацыю справы па расклейванні розных афіш у горадзе. У 1904 годзе віленскі губернатар граф Пален выдаў пастанову, згодна з якой расклейванне розных аб'яў і афіш у Лідзе дапускалася толькі на адмысловых прыстасаваннях (відавочна, шчытах), устаноўленых гарадскімі ўладамі (домаўладальнікам на сваіх хатах дазвалялася вывешваць аб'явы толькі аб здачы жылля ў наём). Пастанова ўваходзіла ў сілу з моманту ўстаноўкі такіх прыстасаванняў [13]. 29 красавіка 1909 года лідскі сход упаўнаважаных перадаў Абраму Душману права расклейвання аб'яў і афіш за плату 21 руб. 30 кап. у год [14]. Бізнес быў вельмі прыбытковы, і ў 1914 годзе гэта права на тры гады перадалі ўладальніку друкарні Падземскаму, але ўжо за 260 руб. і 50 кап. у год [15]. Гэта сведчыць аб папулярнасці кінематографа і гастрольных тэатраў у нашым горадзе.

Манастырскі перад Першай сусветнай вайной прадаў «Эдысан» Яблонскаму і Сікорскаму - і кінатэатр перасяліўся на месца каля перакрыжавання вуліц Віленскай і Каменскай (сучасныя Ленінская і Савецкая), у старую двухпавярховую камяніцу XIX стагоддзя, праз адзін дом ад Фарнага касцёла. У гэтым жа доме знаходзілася кавярня Малiноўскага (у 1930-я - крама дамскай галантарэі). Уваход у кінатэатр быў з двара.

У новым «Эдысане» праводзіліся розныя гарадскія мерапрыемствы. У студзені 1913 года прэса паведаміла, што «надоечы ў "Эдысане" адбыўся сеанс на карысць мясцовага дамскага дабрачыннага таварыства. Сімпатычныя мэты гэтага таварыства прыцягнулі ў тэатр такую публіку, якая рэдка бывае на дабрачынных вечарах. Вечар адбыўся. Увесь даход, 150 рублёў, цалкам паступіў у касу таварыства» [16]. У тым жа нумары газеты Лідскае дамскае дабрачыннае таварыства выказала ўдзячнасць «уладальнікам тэатра «Эдысан» спсп. Яблонскаму і Сікорскаму, якія бясплатна прапанавалі залу «Эдысана», асвятленне, музыку і ахвяравалі 25 руб., асабліва сп. Яблонскаму за яго ўдзел у арганізацыі вечара. А таксама сп. Вінаградаву за бясплатныя карціны і публіцы за спагадлівасць і ўвагу» [17]. З тэксту бачна, што нават пасля пераезду кінатэатра на новае месца браты Вінаградавы займаліся пракатам кінастужак.

А 6 чэрвеня 1913 года ў «Эдысане» Лідскі аддзел добраахвотнага таварыства па барацьбе з сухотамі ладзіў «бясплатны сеанс з навуковымі мэтамі» [18].

У той час у будынку братоў Вінаградавых, дзе раней быў кінатэатр «Эдысан», у двары дома № 21 па Віленскай вуліцы, адкрылася вытворчасць па гатаванні мёду.

Дзесьці перад Першай сусветнай вайной ці падчас яе кінатэатр «Ілюзіён» быў перайменаваны ў «Нірвану». Можна сказаць, што кінатэатры «Эдысан» і «Нірвана» зачыняліся толькі тады, калі вайна прыходзіла на вуліцы горада, бо маюцца звесткі, што 31 снежня 1918 года рэўком правёў гарадскі мітынг менавіта ў будынку кінатэатра «Нірвана» [19].


Галоўным месцам культурнага адпачынку гараджан у 1920-30-я гг. былі менавіта кінатэатры. Польскі пісьменнік Ежы Путрамент, які жыў у Лідзе, успамінаў пра кінатэатры горада ў сярэдзіне 1920-х: «У цэнтры горада два касцёлы і два кінатэатры. Насупраць меншага, які называўся "Эдысан", - цукерня з назвай "Амерыка"» [20].

Уладальнікам і дырэктарам кінатэатра «Эдысан» у той час быў Натан Левін, яго супольнікамі - М. Алькеніцкі і А. Мяснік. Гэта быў кінатэатр з балконам і буфетам [21].

Рэклама фільма ў кінатэатры 'Нірвана', 1930-я гг.

Усе 1920-я гады кінатэатр «Нірвана» не толькі дэманстраваў фільмы, але і быў месцам збораў лідскай грамадскасці і пляцоўкай, дзе выступалі гастрольныя тэатральныя трупы, напрыклад, знакаміты тэатр «Рэдута» [22]. 20 лістапада 1928 года гэты тэатр паказваў у Лідзе спектакль «Цар Павел І» [23] паводле п'есы Меражкоўскага, а ў верасні 1929 года камедыю «Прыяцелі». Спектакль адбыўся «ў перапоўненай зале, чаго Ліда ўжо даўно не бачыла» [24]. 14 і 15 студзеня 1930 года ў Лідзе гастраліравала Варшаўская опера. На сцэне кінатэатра «Нірвана» былі паказаны два яе спектаклі - «Галька» і «Кармэн» [25].

«Нірвана» з'яўляўся і цэнтрам яўрэйскага культурнага жыцця. У 1931 годзе «25 кастрычніка адбыўся першы выступ яўрэйскага драматычнага гуртка ў кінатэатры «Нірвана», рэжысёр тэатра - Бузган» [26]. У канцы 1931 года «інжынер Любес з Палесціны ў кінатэатры «Нірвана» распавёў яўрэям Ліды пра жыццё ў Палесціне. Сабралася каля 200 чалавек» [27].

Тэхніка кіно хутка развівалася, і ў 1932 годзе сярод уладальнікаў кінатэатраў у Лідзе пачаліся «гонкі» - хто першы адкрые ў Лідзе гукавое кіно. Першым імкнуўся стаць уладальнік кінатэатра «Нірвана»: «Нарэшце ў Лідзе будзе кіно з гукам. Уладальнік кінатэатра "Нірвана" Яблонскі сказаў, што праз некалькі дзён пачне паказваць у сябе кіно з гукам. Першым гукавым фільмам будзе сусветна вядомы баявік "Парада кахання"... Гэта будзе сенсацыяй у Лідзе» [28].

Аднак першым гукавым кінатэатрам у горадзе стаў «Эдысан»: «У пятніцу з гукам пачаў працаваць кінатэатр "Эдысан", уладальнік Левін. Першы гукавы фільм - "X 27". "Нірвана" з гукам пачне працаваць праз некалькі дзён» [29].

У красавіку 1931 года падчас кінасеанса ў «Нірване» ад праекцыйнай лямпы загарэлася кінастужка. Узнікла паніка, але кінамеханік Мозель Віцільд хутка загасіў узгаранне [30].

13 ліпеня 1932 года ў цэнтры горада адбыўся моцны пажар. «Горад у моры агню», - паведамляла прэса. Пажар пачаўся з дома на Сувальскай, 54. Спачатку агонь ахапіў дах, потым перакінуўся на кінатэатр «Нірвана». З-за моцнага ветру полымя хутка ахапіла суседнія дамы - і загарэўся цэнтр горада. Гарэла «Нірвана», крамы і цэлы шэраг жылых дамоў у кірунку ракі Лідзеі. Пажар тушылі добраахвотныя пажарныя дружыны, пажарныя службы абодвух лідскіх палкоў і чыгункі, прыехалі нават пажарныя машыны з Гродна. Недалёка ад месца пажару натоўпы пагарэльцаў, якія страцілі ўсю маёмасць, стварылі сапраўдны бівак. Да 20.00 агульнымі намаганнямі пажар лакалізавалі. Галоўнай цяжкасцю быў недахоп вады, якую даводзілася падвозіць з Лідзеі, бо толькі гродзенскія пажарныя мелі адмысловы шланг даўжынёй у 300 м і наўпрост пампавалі ваду з ракі. Агонь гарэў да вечара наступнага дня. У час пажару загінуў жаўнер пятага лётнага палка Ян Валюкевіч, былі цяжка параненыя добраахвотныя пажарныя Кацэнеленбоген, Баярскі, Лебедзь і Вацлаў Мілан з Гродна.

Згарэлі дамы №№ 54, 56, 58, 60 па вуліцы Сувальскай (належалі Фларыяну Длускаму, Бералю Дваржэцкаму, Фруме і Гіршу Таўшынскім) і шмат дамоў у бок ракі Лідзеі, згарэлі кінатэатр «Нірвана» і шмат крам і складоў: гарэлачны склад Міхала Баркоўскага, крама капелюшоў Ядвігі Яўген, півярня Макса Левіна, півярня Антона Ляховіча, галантарэйная крама Якаба Брэма, склады «Сельскагаспадарчага сіндыката», рымарня Чайкоўскага, склады мануфактуры Якуба Вінера, крама шкла Абрама Флякса, крама швейных машын «Зінгер», памяшканне «Таварыства польскіх купцоў» [31].

Страты ад пажару ў цэнтры горада склалі 712 000 злотых. Найвялікшыя страты панёс Длускі, уладальнік дамоў №№ 56 і 58, - каля 500 000 злотых, пры тым што гэтыя дамы былі застрахаваны толькі на 145 000 злотых. Кінатэатр «Нірвана» меў страты ў 15 000 долараў, Якаб Вінер - 40 000 злотых, Юзаф Гальперын - 35 000 злотых, уладальнік «Нірваны» Яблонскі асабіста - 18 000 злотых [32]. Тое, што страты «Нірваны», у адрозненне ад іншых, пазначаны ў доларах, можа казаць пра кошт апаратуры і рэканструкцыі будынка пасля пераходу кінатэатра на гукавы фармат.

23 і 24 ліпеня 1932 года горад святкаваў саракагадовы юбілей заснавання добраахвотнай пажарнай аховы. У межах ваяводскіх спаборніцтваў пажарных каманд, якія праходзілі ў гэты час у горадзе, адбыліся паказальныя выступы добраахвотных пажарных, узнагароджанне лепшых пажарнікаў, паказ ў кінатэатры «Эдысан» фільма «Рыцары Агню» [33].

Напрыканцы 1932 года: «Уладальнік «Нірваны», якая, як вядома, згарэла 13 ліпеня, сп. Яблонскі, хутка адкрые новае кіно па вуліцы Сувальскай ў доме Віленчыка (у былых варштатах Дзяржаўнай рамеснай школы). Кінатэатр будзе мець гукавую апаратуру, тэатральную сцэну і іншае сучаснае абсталяванне» [34]. Газетная рэклама фільма 'Братэрства людзей' у кіно 'Маленькае'. Так у горадзе з'явіўся трэці кінатэатр - «Маленькае» (Сувальская, 74), але бізнес у новым будынку не пайшоў, і ўжо на пачатку 1937 года «Маленькае» быў зачынены. Скарбовая ўправа налажыла секвестр на яго мэблю [35].

Праз нейкі час на месцы кінатэатра «Нірвана» быў збудаваны больш сучасны кінатэатр «Эра» (уладальнік Тамашэвіч). «Эра» мела найбольшую глядзельную залу ў Лідзе [36].

У другой палове 1930-х у рэпертуары пераважалі камедыі, але былі і сур'ёзныя карціны. Паказу фільма звычайна папярэднічаў паказ (часопіс) ПТА (Польскага тэлеграфнага агенцтва). А вячэрнім сеансам нярэдка папярэднічала рэвю (кінаагляд). У «Эдысане» аказвалі «лепшыя фільмы нашага часу з моцным гукам» - праграмы мяняліся прыблізна штотыдзень. Напрыклад, 12 сакавіка - 8 красавіка 1939 года на экране гэтага кінатэатра дэманстраваліся фільмы «Тыран», «Вязніца без кратаў», «Каханне ў джунглях», «Таямніца Чырвонага мора» [37].

Будучы прафесар і хабілітаваны доктар, а ў 1930-я лідская гімназістка Ірэна Стасевіч успамінала, як разам са сваім сябрам Уладзіславам Нарушэвічам яны часта вандравалі па лідскіх кінатэатрах: пачыналі з «Эдысана», потым пераходзілі ў «Эру». Пасля прагляду кінафільма ў «Эры» вандроўка заканчвалася ў «камерным кінатэатры, які зваўся «Маленькае», дадам, што прыходзілася глядзець і «нямыя» фільмы пад акампанемент фартэпіяна» [38].

Сам жа Уладзіслаў Нарушэвіч расказаў у сваіх мемуарах сапраўдную анекдатычную гісторыю, якая тым не менш сведчыць пра моц кінамастацтва. Нейкі селянін з жонкай пасля ўдалага гандлёвага дня пайшлі ў кінатэатр «Эдысан». Месцы занялі на балконе ў бакавым крыле, блізка да экрана. Ішоў крымінальны фільм. У кульмінацыйны момант забівалі багатую, маладую і прыгожую жанчыну. Жанчына была занята чытаннем і не бачыла бандыта, які набліжаўся да яе. Калі ён ужо быў блізка каля ахвяры, жонка схапіла мужа за руку і пачала голасна крычаць: «Кінь у бандыта ботам, бо заб'е!» Селянін выканаў загад: зняўшы бот, кінуў яго ў экран. Экран парваўся - у кінатэатры пачалася паніка [39]. Прэса паведамляла і пра дробныя здарэнні: улетку 1937 года ненавязаны конь з возам, пакінуты жыхаром вёскі Мастоўшчына Станіславам Снацкім пасвіцца на вуліцы Сувальскай, выбіў шыбу ў кінатэатры «Эдысан» [40].

Жыхар горада Ян Станіслаўскі лічыў, што лепшым кінатэатрам горада быў менавіта «Эдысан»: «Уладальнік гэтага кінатэатра меў плямы на твары з-за ўзгарання кінастужкі... Знутры кінатэатр меў прыгожы выгляд. У фае крэслы абабіты чырвоным аксамітам. Квіткары хадзілі ўбраныя ў чырвоныя з жоўтымі лацканамі ліўрэі, штаны з жоўтымі лампасамі і ў чырвоных высокіх шапках» [41].

Школьная моладзь мела праблемы з вячэрнімі сеансамі, бо настаўнікі не дазвалялі ёй паказвацца на вуліцы без дарослых пасля 20 гадзін, тым больш хадзіць у кіно на вячэрнія сеансы. Толькі некаторыя смяльчакі рызыкавалі напароцца на дзяжурнага настаўніка. Таму, каб патрапіць на вячэрні сеанс, некаторыя зухі апраналіся, як дарослыя [42].

Месцы ў кінатэатрах не нумараваліся - купіўшы білет, пры жаданні можна было застацца ў глядзельнай зале на некалькі сеансаў. У кінатэатрах, акрамя паказу кінафільмаў, арганізоўваліся тэатральныя пастаноўкі вандроўных труп, ладзіліся танцавальныя вечары, дабрачынныя мерапрыемствы, балі-маскарады і г. д., у якіх магло прымаць удзел да 500 чалавек.

Міжваенныя кінатэатры былі сапраўднымі цэнтрамі не толькі культурнага, але і грамадска-палітычнага жыцця. Уладальнікі кінатэатраў абавязаны былі прадастаўляць глядзельныя залы па зніжанай цане ці бясплатна для сходаў разнастайных грамадскіх палітычных арганізацый, таварыстваў, партый і г.д.; напрыклад, у 1936 годзе падчас знакамітай лідскай забастоўкі кінатэатр «Эра» выкарыстоўваўся для сходаў і мітынгаў рабочага актыву [43], а штрэйкбрэхераў, каб арганізаваць свой прафсаюз, сабралі на мітынг у кінатэатр «Маленькае»; пісьменнік Путрамант пісаў, што з'явілася каля 30 чалавек. 2 мая 1937 года ў кінатэатры «Эдысан» у межах тыдня асветы працоўных чыталі лекцыю пра шубраўцаў [44] і інтэлектуальныя рухі ў Вільні першай паловы ХІХ стагоддзя [45].

У 1930-я, як і ў 1920-я гады ў кінатэатрах горада праходзілі гастролі тэатральных труп. Напрыклад, 20 жніўня 1936 года ў кінатэатры «Эра» выступала знакамітая трупа Віленскага гарадскога тэатра. Гралася лёгкая эратычная камедыя ў трох актах «Каханне ўжо не ў модзе» [46]. На пачатку 1937 года «Кур'ер Віленскі» пісаў: «...у Лідзе працуюць тры кінатэатры: два меншыя і адзін пад назвай "Эра" з вялікай залай на 750 месцаў. Калі ў Ліду завітвае выязны віленскі тэатр ці ансамбль "Рэдута" з новым рэпертуарам - зала кінатэатра бывае нават перапоўнена публікай. Санітарныя нормы патрабуюць, каб у такіх месцах былі публічныя туалеты, а ў гэтым кінатэатры туалеты ад пачатку яго эксплуатацыі заўжды "на рамонце". Такія адносіны кіраўніка кінатэатра "Эра" Тамашэвіча да санітарных норм не могуць не здзіўляць грамадскасць. Трэба, каб ён адказаў нарэшце, калі закончыцца гэты вечны рамонт туалетаў» [47].

Праз некалькі нумароў дырэкцыя кінатэатра адказала рэдакцыі: «Рамонт туалетаў даўно закончаны, але з-за маразоў размёрзліся водаправодныя трубы, і туалеты былі зачынены. Аднак падчас гастроляў тэатральных труп туалеты былі чынныя. Зараз туалеты таксама працуюць» [48]. У тым жа нумары друкуецца аб'ява аб гастролях з 1 сакавіка 1937 года Віленскага тэатра пад кіраўніцтвам вядомай артысткі і заснавальніцы тэатра Ніны Младзеёўскай-Шчуркевіч: «У кінатэатры "Эра" ў 16 гадзін будзе паказана камедыя Стэфана Кедрынскага "Замужняя панна", у 20.30 - п'еса Самерсэта Маэма "Святы прамень"» [49].

У красавіку 1937 года лідскі стараста Міклашэўскі падчас прыватнага прагляду фільма ў кінатэатры «Эдысан» асабіста пераканаўся, што тут паказвалі не ўзгоднены са староствам і не дазволены для моладзі фільм, а моладзь якраз і складала большасць гледачоў на гэтым сеансе. Стараста прыцягнуў гаспадара кінатэатра да адміністрацыйнай адказнасці, і ў выніку той быў аштрафаваны на 30 злотых [50].

У тую ж вясну, у красавіку, выязны віленскі тэатр дэманстраваў у «Эры» камедыю Якуба Дэвала «Стэфак» і камедыю Стэфана Кянджынскага «Стары кавалер» Кінатэатр у доме па Савецкай, 16 (1950-я гады). [51]. А ў маі варшаўскія артысты ў кінатэатры «Эра» паказалі тэатральную камедыю «Цётка Караля»; у ролі цёткі - знакаміты кінаартыст таго часу Яўген Бадо [52]. Пра выступленне знанага Яўгена Бадо [53] пісаў адзін з гледачоў былы лідзянін Уладзіслаў Нарушэвіч: «Запомніў яго аднак не ў гэтай тытульнай для яго ролі, а падчас шпацыру па Сувальскай у таварыстве асістэнтаў. Паводзіў сябе вельмі свабодна, бесклапотна і са сваім прыроджаным шармам абдорваў мінакоў артыстычнай ўсмешкай» [54].

У жніўні 1938 года ў кінатэатры «Эра» выступала тады ўжо славутая Іда Камінская [55] са сваёй камандай (квіткі прадаваліся ў цукерні «Амерыканка») [56].

Наогул, практычна кожны тыдзень у кінатэатры «Эра» акрамя паказу кіно адбываліся культурныя імпрэзы ці грамадскія мерапрыемствы.

Летам 1939 года ў кінатэатры «Эра» змяніўся дырэктар: замест К. Тамашэвіча пачаў працаваць Ежы Длускі, які для гэтага адмыслова пераехаў жыць у Ліду.

Кіно ў горадзе было такое папулярнае, што на пачатку 1939 года ў гарадской управе «падчас штэмпелявання было скрадзена 48 білетаў у «Эру». Аднак кантралёр кінатэатра Рулько падчас праверкі білетаў вызначыла тры крадзеныя. Дырэктар Длускі заявіў у паліцыю» [57].

Увогуле кінапракат быў добра развіты, што адлюстроўваюць наступныя лічбы: за другі квартал 1939 года ў Наваградскім ваяводстве, часткай якога была Ліда, прайшло ў пракаце 216 фільмаў польскай вытворчасці і 251 замежны фільм (у першым квартале таго ж года - 209 польскіх і 249 замежных) [58].

22-23 чэрвеня 1941 года пасля бомбавых удараў i пажараў культурна-гiстарычны цэнтр горада перастаў iснаваць; засталiся касцёлы, замак, але памiж двума касцёламi (Фарным i Пiяраў) не захавалася нiводная пабудова. Вось як апiсвае ранiцу 24 чэрвеня Е. Ярмонт у сваiх мемуарах: «...Знiкла бiблiятэка, куды я часта заглядвала, i гатэль, дзе я нi разу не была, быццам растварылася ў паветры маленькая кнiжная крама панi Шкоп разам са школьнымi падручнiкамi. ... Знiклi кiнатэатры з непранумераванымi месцамi, дзе можна было праглядзець некалькi сеансаў запар. ... гэты свет знiк... па абодва бакі вул. Сувальскай... узвышалiся высокiя завалы з абпаленай цэглы i жалеза» [59].

Будынак кінатэатра «Эра» згарэў і не быў адноўлены. Дом, у двары якога ён знаходзіўся, згарэў таксама, але падчас вайны у яго сценах месцілася кухня, што карміла яўрэяў лідскага гета, калі яны пад канвоем выконвалі работы па разборцы згарэўшага цэнтра горада. Таму гмах не быў разабраны і быў адноўлены толькі пасля вайны. Гэта сучасны дом № 16 па вуліцы Савецкай, у якім пасля невялікага рамонту адразу пасля 945 года пачаў працаваць гарадскі кінатэатр. Лідзянка Ларыса Канчэўская ўспамінае: «У маім дзяцінстве тут быў кінатэатр з глядзельнай залай на другім паверсе. Пасля сеанса гледачы спускаліся з боку двара па арматурнай, стромкай, амаль пажарнай лесвіцы. Памятаю, я, першакласніца, там упершыню была з татам. Мы глядзелі фільм «Адмірал Ушакоў». Было вельмі нязручна ў цеснай зале з нізкай столлю, дзе стаялі масіўныя квадратныя калоны, якія вельмі перашкаджалі глядзець фільм. І падлога там была без узвышша, хлапчукі сядзелі на спінках крэслаў - проста бяда! Я палову фільма не бачыла, а толькі чула, нават плакала ад незадаволенай цікаўнасці» [60].

Гісторыя першага лідскага кінатэатра цягнулася да канца 1950-х гадоў.



[1] Kuryer Litewski. - № 282. - 7 (20) grudnia, 1908.

[2] Долинский, И. Память. Небольшие рассказы о прошлом. / И. Долинский. - 288 с. - Москва, 2000. - С. 33.

[3] Лідскі летапісец. - 2017. - № 1 (77). - С. 55.

[4] Долинский, И. Память. Небольшие рассказы о прошлом. / И. Долинский. - 288 с. - Москва, 2000. - С. 33.

[5] Там жа. С. 34.

[6] Там жа.

[7] Там жа.

[8] Лідскі летапісец. - 2017. - № 1 (77). - С. 55.

[9] Трэба сказаць некалькі слоў пра пачынальнікаў кінематаграфічнай справы Манастырскіх. Брат Міхаіла Манастырскага - Сяргей - з 1914 года пачаў займацца кіношнай справай ў Гародні і ў 1915 годзе адкрыў там кінатэатр «Эдэн». Першы з вядомых Манастырскіх - бацька братоў Мікалай Манастырскі - з'яўляўся намеснікам гарадзенскага губернскага пракурора і выконваў свае абавязкі ў Наваградку. Праславіўся тым, што здолеў высачыць і выкрыць банду нейкага Вайнштэйна, якая рабавала мясцовых абшарнікаў, купцоў і гандляроў. За гэтую справу ва ўзросце 36 гадоў атрымаў чын стацкага дарадцы і праз год памёр ад апалексічнага ўдару. Два сыны - Мікалай і Сяргей - засталіся сіратамі. Сяргея ўзяў да сябе ў Пецярбург сваяк, адстаўны генерал. Пасля заканчэння пецярбургскай Аляксееўскай ваеннай вучэльні Сяргей Мікалаевіч праходзіў службу ў розных гарнізонах, апошнім з якіх быў Ковенскі. Штабс-капітан Манастырскі звольніўся і атрымаў добрую выходную дапамогу, якую выкарыстаў для кінематаграфічнай справы. Да таго часу малодшы брат Сяргея Мікалаевіча Міхаіл, дасягнуўшы чыну надворнага дарадцы, таксама выйшаў у адстаўку, пасяліўся ў Сувалках і абзавёўся тут уласным кінатэатрам. Яго кінатэатр у Сувалках быў добра абсталяваны, а сам Манастырскі карыстаўся павагай улад і насельніцтва. - Гл: Саяпин, В., Касатая, Т. Гродно: театр, кино, цирк. / В. Саяпин, Т. Касатая. - Гродна, 2011. - С. 27-28.; Ивановский, В. Штабс-капитан Монастырский и его кинематограф. / В. Ивановский. // Перспектива, - 30 октября 2003.

[10] Лідскі летапісец. - 2017. - № 1 (77). - С. 55.

[11] Долинский, И. Память. Небольшие рассказы о прошлом. / И. Долинский. - 288 с. - Москва, 2000. - С. 34-35.

[12] Там жа. - С. 35.

[13] Виленские губернские ведомости. - № 45. - 9 июня, 1904.

[14] Виленские губернские ведомости. - № 56. - 18 июля, 1912.

[15] Виленские губернские ведомости. - № 55. - 12 июля, 1914.

[16] Лидское Слово. - № 9. - 11 января, 1913.

[17] Там жа.

[18] Лидское Слово. - № 28. - 31 мая, 1913.

[19] Федоров, И. О. Город Лида в годы установления советской власти (1919-1920) / И. О. Федоров. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада : матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., Ліда, 3 кастр. 2008 г. - Ліда, 2008. - С. 131.

[20] Путрамант, Е. Паўвеку. Пераклад з польскай Станіслава Судніка / Е. Путрамант. // Лідскі Летапісец - 2011. - №1(53). - С. 61.

[21] Ciechanowicz, Lech. Mierzwa, Ryszard. Niezapomniana ulica Suwalska lat trzydziestych XX wieku / L. Ciechanowicz, R. Mierzwa. // Ziemia Lidzka. - №4 (56). - 2003.

[22] Рэдута (Reduta) - эксперыментальны тэатр-лабараторыя, існаваў у 1919-1939 гг. У 1925 г. тэатр з Варшавы пераехаў у Вільню, размяшчаўся ў тэатры на Пагулянцы, у 1931 г. вярнуўся ў Варшаву.

[23] Kurjer Wilenski. - №266 (1313). - 20 listopada, 1928.

[24] Kurjer Wilenski. - №221 (1566). - 27 września, 1929.

[25] Życie Nowogródzkie. - №10 (724). - 12 stycznia, 1930.

[26] Kurier Nowogródzki. - №35. - 28 października, 1931.

[27] Kurier Nowogródzki. - №79. - 19 grudnia, 1931.

[28] Kurier Nowogródzki. - №37 (123). - 16 lutego, 1932.

[29] Kurier Nowogródzki. - №50 (135). - 1 marca, 1932.

[30] Słowo. - №76 (2584). - 2 kwietnia, 1931.

[31] Słowo. - №180 (2987). - 28 lipca, 1932.

[32] Kurier Nowogródzki. - №172 (258). - 20 lipca, 1932.

[33] Słowo. - №177 (2984). - 25 lipca, 1932.

[34] Słowo. - №305 (3112). - 2 grudnia, 1932.

[35] Kurjer Wilenski. - № 86 (4048). - 30 marca, 1937.

[36] Ciechanowicz, Lech. Mierzwa, Ryszard. Niezapomniana ulica Suwalska lat trzydziestych XX wieku / L. Ciechanowicz, R. Mierzwa. // Ziemia Lidzka. - 2003. - № 4 (56).

[37] Там жа.

[38] Stasiewicz-Jasiukowa, Irena. Jest lidzka książka / I. Stasiewicz-Jasiukowa. // Ziemia Lidzka. - 2001. - №2 (45).

[39] Naruszewicz, W. Wspomnienia lidzianina. / W. Naruszewicz. -Warszawa, 2001. - S. 58.

[40] Kurjer Wilenski. - № 213 (4176). - 5 sierpnia, 1937.

[41] Архіў аўтара.

[42] Ярмонт, Е. В тени замка Гедемина. / Е. Ярмонт. - Лида, 1995. - С. 81.

[43] Загідулін, А. М. Ліда і Лідчына ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай (1921-1939 гг.). / А. М. Загідулін. // Ліда і Лідчына: да 685-годдзя з дня заснавання горада : матэрыялы рэспуб. навук.-практ. канф., Ліда, 3 кастр. 2008 г. - Ліда, 2008. - С. 135.

[44] Шубраўцы - сябры літаратурна-грамадскага таварыства ліберальна-асветніцкага кірунку, якое існавала ў Вільні ў 1817-1822 гг.

[45] Kurjer Wilenski. - № 119 (4081). - 2 maja, 1937.

[46] Słowo. - № 223 (4429). - 15 sierpnia, 1936.

[47] Kurjer Wilenski. - № 54 (4016). - 24 lutego, 1938.

[48] Kurjer Wilenski. - № 58 (4020). - 28 lutego, 1937.

[49] Там жа.

[50] Kurjer Wilenski. - № 104 (4066). - 17 kwietnia, 1937.

[51] Там жа.

[52] Kurjer Wilenski. - № 132 (4450). - 15 maja, 1938.

[53] Сапраўднае імя і прозвішча - Багдан Эжэн Жуно (па-польску Eugeniusz Bodo; 1899-1943) - польскі кінаакцёр, эстрадны артыст, рэжысёр, сцэнарыст, танцор, спявак, канферансье і прадзюсар.

З 1917 г. пачаў выступаць у якасці спевака і танцора на сцэне Познанскага, а з 1919 г. - Варшаўскага рэвю ў вядомых сталічных кабарэ.

У 1925 г. дэбютаваў у кіно, зняўшыся ў фільме «Rywale», і з гэтага моманту пачаў заваёўваць у гледачоў велізарную папулярнасць. Усяго Бадо выканаў ролі больш чым у 30 фільмах. Выступаў на экране ў ролі герояў-палюбоўнікаў, здымаўся ў трагічных, камедыйных і музычных фільмах. Стаў зоркай польскага кіно міжваеннага перыяду. Валодаючы добрым голасам, часта спяваў у фільмах - і яго песні адразу ж станавіліся шлягерамі. У 1932 г. ён атрымаў тытул неафіцыйнага караля польскіх акцёраў, а ў 1936 г. - караля стылю.

Незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны пачаў пісаць кінасцэнарыі і рэжысіраваць фільмы, у якіх ён граў галоўныя ролі.

Увесну 1939 г. адкрыў у Варшаве прэстыжнае «Кафэ Бадо». Падчас нападу немцаў на Польшчу і абароны Варшавы арганізоўваў канцэрты для салдат і грамадзянскага насельніцтва сталіцы. У час нямецкай акупацыі, калі тэатры і кінакампаніі Варшавы былі зачынены, яго кафэ працягвала працаваць, у асноўным з мэтай матэрыяльнай падтрымкі іншых вядомых польскіх артыстаў.

Неўзабаве пераехаў у Львоў. Свабодна валодаючы рускай мовай, уладкаваўся канферансье і пачаў выступаць у тэатральным калектыве «Тэа-джаз» Генрыка Варса, рабіў грамзапісы сваіх песень на рускай мове (запісы захаваліся).

Гастраліраваў па СССР. Пасля вяртання з адной з паездак па Саюзе вырашыў эміграваць у ЗША і падрыхтаваў неабходныя для гэтага дакументы. У чэрвені 1941 г. быў арыштаваны НКУС. Утрымліваўся некаторы час у перасыльных турмах Уфы і Масквы. Наконт яго вызвалення безвынікова завіхаліся польскія эміграцыйныя ўлады. Пасля Масквы быў адпраўлены ў лагер у Котласe, дзе, паводле архіўных звестак, памёр ад знясілення і голаду 7 лістапада 1943 года.

У 1938 г. Я. Бадо быў узнагароджаны Залатым Крыжам Заслугі з мячамі.

2 кастрычніка 2011 года ў Котласе на мемарыяльных могілках «Макарыха» быў адкрыты помнік Я. Бадо.

[54] Naruszewicz, W. Wspomnienia lidzianina. / W. Naruszewicz. - Warszawa, 2001. - S. 59.

[55] Іда Камінская (Ida Kaminska, 1899-1980) - польская актрыса. Нарадзілася ў Адэсе 18 верасня 1899 г. у сям'і акцёраў яўрэйскага тэатра (на мове ідыш). Яе маці Эстэр-Рухл Камінская была знакамітай актрысай, бацька - Аврум-Іцхак Камінскі - тэатральным акцёрам, рэжысёрам і прадзюсерам. Іда была сястрой музыканта Юзафа Камінскага і стрыечнай сястрой акцёра Дэні Кея. Тэатральную кар'еру пачала ў 1904 годзе ва ўзросце пяці гадоў. На кінаэкранах дэбютавала ў 1912 г. у польскім фільме, дзе таксама здымалася яе маці і сястра. За ўсю сваю кінакар'еру з'явілася толькі ў 11 фільмах, і толькі адзін з іх зрабіў яе вядомай. У 1965 г. Камінская знялася ў чэхаславацкім фільме «Крама на плошчы», роля ў якім прынесла ёй ў 1966 г. намінацыю на прэмію «Оскар» у якасці лепшай актрысы.

Іда Камінская была ўганаравана шэрагам нацыянальных польскіх узнагарод, у ліку якіх ордэн Адраджэння Польшчы 4 ступені, ордэн «Сцяг Працы» 1 ступені, ордэн «Сцяг Працы» 2 ступені, медаль «10-годдзе Народнай Польшчы» і медаль «1000-годдзе Польшчы».

Апошні раз у кіно яна з'явілася ў 1970 г., пасля чаго працягвала тэатральную кар'еру, шмат гастралюючы па свеце. Іда Камінская памерла ў Нью-Ёрку 21 мая 1980 г. ад сардэчна-сасудзістай хваробы.

[56] Kurjer Wilenski. - № 217 (4534). - 9 sierpnia, 1939.

[57] Kurjer Wilenski. - № 28 (4704). - 28 stycznia, 1939.

[58] Ziemia Lidzka - №8 - 1939.

[59] Ярмонт, Е. В тени замка Гедемина. / Е. Ярмонт. - Лида, 1995. - С. 115.

[60] Канчэўская, Л. Маленькая аповесць пра любоў. / Л. Канчэўская. // Ад Лідскіх муроў. - 2015. - № 8. - С. 262.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX