У апошні час я зноў цалкам пагрузіўся ў аналіз знаходкі ў 1933 г. паселішча на Выгане, паселішча якое ў тым жа годзе вывучалі і кваліфікавалі археолагі Віленскага ўніверсітэта Хелена Цэгак (Ph.D, пазней Цэгак-Галубовіч) і Уладзімір Галубовіч (пазней Ph.D.) - інфармацыю пра знаходку паселішча (старой Ліды) у канцы 2015 г. я знайшоў у старых газетах [1].
Справа ў тым, што пры канцы 1933 г. у Лідзе на Выгане падчас земляных работ на зямлі, якая належала настаўніку М. Міхальчыку, была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі. Таўшчыня чарапкоў была характэрнай для вырабаў з керамікі старадаўніх часоў. Інжынер, які кіраваў работамі, пераслаў чарапкі ва Управу па кансервацыі (управа, якая займалася аховай помнікаў) у Вільні і прыпыніў работы. Трэба сказаць, што галоўным кансерватарам Віленскага і Наваградскага ваяводстваў у той час і чалавекам, які таксама прычыніўся да знаходкі паселішча, быў Станіслаў Лоранц (Ph.D.).
Аналагічная кераміка была знойдзена таксама і ў іншай частцы Выгана. Абодва месцы знаходзіліся па краях ўчастка Міхальчыка. Была высунута ідэя, што на гэтым месцы знаходзілася гарадзішча ці паселішча. Пасля чаго лідскі стараста Багаткоўскі выклікаў у Ліду асістэнтку кафедры археалогіі Віленскага ўніверсітэта др. Хелену Цэгак (якая хутка стане вельмі вядомым і аўтарытэтным археолагам). З прыездам навукоўцаў плошча раскопак была пашырана і знойдзены новыя керамічныя чарапкі. Чарапкі мелі «славянскі стужкавы арнамент, які адносілі да племянных груп, што ішлі з усходу». Д-р Цэгак выказала здагадку, што з XI па XIII ст. тут магло існаваць славянскае паселішча. У Лідзе др. Хелена Цэгак знаходзілася разам са сваім будучым мужам і вядомым археолагам Уладзімірам Галубовічам, які і напісаў два газетныя артыкулы пра паселішча: «Знаходка старажытных слядоў чалавека ў Лідзе» і «Падарожжа ў невядомае» [2].
У сваім другім артыкуле др. Галубовіч канстатаваў: «Можна ўжо рабіць высновы. Некалі ў акрэсе часу ад ХІ да ХІІІ ст. існавала на гэтым узвышшы славянскае паселішча. Сляды яго сёння цалкам знішчаны. Чаму славянскае? Чарапы посуду маюць славянскі палоскавы (пасьмавы) арнамент, характэрны для племянных груп, якія ішлі з усходу. Лідскі стараста Багаткоўскі зрабіў вялікую паслугу навуцы. На археалагічнай карце ... з'явіцца новы знак, які паказвае, што на тэрыторыі Выгана знойдзены сляды побыту славян у раннегістарычную эпоху ў нашым краі» [3].
З гэтага можна зрабіць выснову, што знойдзенае на Выгане паселішча - гэта і ёсць Ліда, пра якую пісаў Нарбут, Ліда, заснаваная ў 1180 г.
Істотным з'яўляецца тое, што і брат-блізнюк нашага замка - замак у Крэве, быў таксама пабудаваны недалёка ад старога славянскага гарадзішча. Працытую фрагмент з тэксту даследчыка Крэўскага замка, выбітнага гісторыка Алега Дзярновіча: «Cтаражытнае ўмацаванае паселішча Крэва выяўлена за 2 км ад замка, па Смаргонскаму шляху, у межах сённяшняга разлеглага мястэчка Крэва. ... Стала неспадзяваным, што выяўленыя крэўскія матэрыялы цалкам адпавядаюць матэрыяльнай культуры гарадоў Усходняй Еўропы, ці, інакшымі словамі - Старажытнай Русі.
Паводле гэтага комплексу артэфактаў ... можна сцвярджаць аб прысутнасці на Крэўскім гарадзішчы ўсходне-славянскага насельніцтва ў ХІ-ХІІІ стст.» [4].
Вядома, што і другі сваяк нашага замка - замак ў Медніках (Мядзінінкаі), таксама быў пабудаваны недалёка ад шчыльнай драўлянай забудовы старога паселішча, культурныя слаі якога выявілі археолагі [5]. Заўважу, што ў «Списке русских городов дальних и ближних» (канец XIV ст.) разам з мноствам несумненна страбеларускіх гарадоў, такіх, як Полацак, Менск, Слуцак, Віцебск і г. д., прысутнічаюць таксама і Меднікі. Аўтарытэтны беларускі археолаг Эдвард Зайкоўскі лічыць, што гэты спіс складзены ў часы яшчэ Гедыміна [6].
Магчыма таму даследчык гісторыі ВКЛ Стэфан К. Роўэл пісаў, што «... медніцкі, лідскі і крэўскія замкі былі перабудаваныя на мураваныя» [7], гэта кажа аб тым, што Роўэл лічыў верагодным існаванне папярэднікаў у мураваных замкаў, якія стаяць і сёння.
Грунтуючыся на гэтых фактах, вельмі асцярожна можна высунуць гіпотэзу, што гэтыя замкі адмыслова будаваліся каля славянскіх гарадзішчаў на мяжы з балцкім насельніцтвам.
Працяглы час лічылася што старая Ліда знаходзіцца пад нашым замкам, так жа лічыў і сам Уладзімір Галубовіч [8]. І толькі, калі да меркаванага юбілею горада ў 1980 г. археолагі не знайшлі старой Ліды ні пад замкам ні каля яго, было прынята дзіўнае і нічым не абгрунтаванае рашэнне значна амаладзіць Ліду (цікава, што сярод вялікай колькасці пляцовак у нашым горадзе, дзе праводзіліся раскопкі і бурэнні, беларускія археолагі праводзілі раскопкі на дзвюх пляцоўках, якія знаходзяцца прыкладна за 100 м ад старой Ліды [9], але ў той час лёс быў супраць адшукання старой Ліды ...).
Таму знаходка старой Ліды на тэрыторыі нашага горада, амаль што ў самым цэнтры, мае для нас, лідзян, першачарговае значэнне. Каб мы мелі карту горада 1930-х гг. з абазначэннем участкаў, дык не было б праблем з вызначэннем канкрэтнага месца знаходжання старой Ліды. Але за шмат гадоў такая карта нідзе не «засвяцілася» і, верагодна, калі яна і існавала, дык у свой час была знішчана ці недзе надзейна схавана ў архівах.
Чаму знаходка ў Лідзе, падобна, усё ж не надта зацікавіла сям'ю віленскіх даследчыкаў-археолагаў? Адказ можна знайсці ў артыкуле др. Хелены Цэгак, які яна надрукавала ў 1937 г. у віленскай газеце «Слова». У артыкуле др. Цэгак зазначыла, што археалагічнае вывучэнне нашага краю яшчэ толькі пачынаецца, і акрамя іншага, паведаміла пра знаходку вельмі цікавай групы пасяленняў, як напрыклад: «Браслаўскае гарадзішча, якое ляжыць на вузкім перашыйку паміж азёрамі і з'яўлялася цэнтральным пунктам, які з усходу засланяўся абарончым бар'ерам з трох меншых гарадзішчаў а, з захаду адным адкрытым гарадзішчам. Такая група гарадзішчаў стварае пэўны абарончы комплекс. Аналагічныя абарончыя комплексы можа вывіць толькі працяглае, метадычнае і комплекснае вывучэнне» [10]. А ў 1938 г. др. Цэгак павінна была пачаць даследаваць неверагодную знаходку - старажытнабеларускае паселішча ў Давыд-Гарадку, якое яна назвала «Пампеямі Палесся» [11]. Таму зразумела, што на фоне такіх грандыёзных знаходак і вялікіх планаў знаходка невялікага паселішча ў Лідзе не магла выклікаць першачарговую цікавасць археолагаў, тым больш, што яны мелі ўпэўненасць знайсці сапраўдную старую Ліду пад замкам.
Пасля васьмігадовай паўзы я зноў пачаў росшукі ў сваіх базах дадзеных, якія назбіраліся за шмат гадоў даследчай працы.
І «Мар'ян Міхальчык» знайшоўся! Адразу заўважу, што у двух артыкулах «Кур'ера Віленскага» прозвішча гаспадара зямлі падаецца трошкі па-рознаму, як М. Міхальчык (Michalczyk) [12] і М. Міхальчак (Michalczak) [13], другі варыянт прозвішча «Міхальчак» сустракаецца ў Польшчы, але цалкам не пасуе прозвішчам нашага краю.
Неабходная і вельмі важная інфармацыя знайшлася ў тэлефонным даведніку 1939 г., у якім маецца наступны радок: «[тэлефон №] 171 - Міхальчык Мар'ян, 11-га Лістапада, 2.» («171 - Michalczyk Marian, 11 listapada, 2. ») [14]. Тагачасная вуліца 11-га лістапада сёння мае назву 7-га лістапада.
Вядома, што суседні з домам № 2, вялікі дом павятовага доктара Вітольда Стасевіча значыўся пад № 4 па той жа самай вуліцы, пра што пісала дачка доктара, с. п. прафесар Ірэна Стасевіч. Участак у Лідзе Стасевічы набылі недзе ў 1933-34 гг.: «Бацькоўскі дом у Лідзе, на вуліцы 11 лістапада, 4. ... Дом стаяў на невялікім узгорку і складаўся з дзвюх частак ... Доўгі, высокі плот аддзяляў ад нашага саду-агароду вельмі вялікі ўчастак, які цягнуўся ўздоўж усёй вуліцы 11-га лістапада і заканчваўся ажно на вуліцы Школьнай (сучасная Кірава, зараз гэта тэрыторыя школы № 1 - Л. Л.). ... Каля нашага дома паўстала ў канцы трыццатых гадоў ХХ стагоддзя прыгожая сучасная пошта пры вуліцы Міцкевіча ... У часы маіх бацькоў на гэтым месцы быў так званы Выган. Частка тэрыторыі займалі кучы пяску, напэўна як матэрыял для будучых будынкаў, на нізейшым, гладкім участку зімой тут быў натуральны каток» [15].
З гэтага тэксту, адразу заўважу, дзве рэчы:
- дом Стасевіча стаяў на ўзвышку, і таму не дарма дом Міхальчыка знаходзіцца на самай мяжы з участкам Стасевічаў - на адносна высокім месцы. Паселішча магло месціцца толькі на сухой пляцоўцы.
- доктар Стасевіч меў вельмі вялікі ўчастак гарадской зямлі, непараўнальны з сучасным участкам пад домам № 2 па вуліцы 7-га Лістапада.
Дом № 2 выходзіў проста на вуліцу Міцкевіча, якая ў сучасным выглядзе з'явілася толькі пасля адкрыцця пошты. Мар'ян Міхальчык прыкладна да 1939 г. пабудаваў свой невялікі дом (памерам, каля 10 х 6 м), бо вядома, што будынак гмаху пошты ўжо ў кастрычніку 1937 г. быў пабудаваны «пад дах» і маецца газетны здымак, дзе гмах пошты ўжо стаіць, вуліцы Міцкевіча на ўсход ад пошты яшчэ няма, і двое рабочых, падобна, робяць на ёй ходнікі, яшчэ няма на здымку і дома Міхальчыка. Але ў 1939 г. у доме Міхальчыка ўжо меўся тэлефон, і сам дом добра бачны на аэрафотаздымку красавіка 1944 г. Гэты дом стаіць і зараз і нават захаваў свой ранейшы № 2, толькі вуліца мае назву 7-га Лістапада.
Участак доктара Стасевіча быў значны большым, чым сучасны участак пад домам Міхальчыка, і, магчыма, частка ўчастка Міхальчыка была адкуплена гарадскімі ўладамі пад вуліцу Міцкевіча, якая пасля пачатку працы пошты, лічылася самай прыгожай у горадзе. Вядома, што гарадскія ўлады да моманту адкрыцця новай пошты сур'ёзна рыхтавалі вуліцу Міцкевіча, напрыклад, у жніўні 1938 г. прэса пісала: «Вуліца Адама Міцкевіча. Запраектаваная ў свой час на Выгане вул. Адама Міцкевіча дачакалася ўладкавання і цвёрдага дарожнага пакрыцця. Забрукоўка вуліцы ідзе ў паскораным тэмпе з-за хуткага заканчэння будоўлі і адкрыцця новай гарадской пошты» [16]. І ўжо ў кастрычніку 1938 г. паведамляецца, што ў нашым горадзе гэта «самая прыгожая вуліца. ... Вуліца ўпарадкавана на ўзор цэнтральных вуліц горада, перад гмахам пошты нават заасфальтавана, што з'яўляецца абсалютнай навінкай для Ліды. Ходнікі вельмі шырокія і з прыгожымі газонамі. Вуліца Адама Міцкевіча ў Лідзе сваім выглядам можа канкураваць з лепшымі вуліцамі Вільні» [17].
Улічваючы, што ўчастак дома № 2 Міхальчыка, магчыма, зараз часткова знаходзіцца пад вуліцай Міцкевіча і на тэрыторыі сучаснага парку, а таксама тое, што археолагамі «была знойдзена вялікая колькасць чарапкоў, раскіданых на значнай тэрыторыі ... чарапкі таксама былі знойдзены ў іншай частцы Выгана», і «з прыездам археолага плошча раскопак была пашырана» [18]ў бок Выгана, дык старая Ліда, павінна займаць тэрыторыю сучаснага дома № 2 па вуліцы 7-га лістапада і паўдзённую частку парку насупраць гэтага дома.
Як па мне, дык гэта і сёння самая прыгожая частка нашага горада.
Цяжка ўявіць, каб у горадзе з насельніцтвам каля 15 000 жыхароў адначасова на Выгане купілі ўчасткі пад свае дамы два розных М. Міхальчыкі, тым больш, што прыватныя дамы на Выгане ў той час будаваліся толькі па вуліцы 11-га лістапада. Як чалавек, які ў курсе вышэйшай матэматыкі вывучаў і тэорыю верагоднасцяў, лічу, што гэта цалкам немагчыма, і таму верагоднасць знаходкі месцазнаходжання «Ліды Нарбута» можна ацаніць амаль што ў 100 %.
Мы не маем спісаў настаўнікаў нашага горада? і Міхальчык, здаецца, не згадваецца ва ўспамінах тагачасных вучняў. Каб ён быў выкладчыкам суседняй дзяржаўнай гімназіі, дык, верагодна, Уладзімір Галубовіч назваў бы яго «прафесарам гімназіі» - менавіта так называліся выкладчыкі гімназіі ў той час. Таму можна выказаць гіпотэзу, што Мар'ян Міхальчык выкладаў у суседніх 1-й ці 2-й сямігадовых школах - зараз гэта школа № 1, якая стаіць каля яго дома.
Пра Міхальчыка ўдалося знайсці наступную інфармацыю. 29 ліпеня 1935 г. Мар'ян Міхальчык у Лідзе ажаніўся з Мартай Марыяй Гуз, якая паходзіла з этнічнай Польшчы. 18 кастрычніка 1939 г. у Лідзе ў сужэнства Міхальчыкаў нарадзіўся сын Уладзіслаў. Падчас Другой сусветнай вайны сям'я ўцякла ў Кракаў, дзе жыла да сваёй эміграцыі ў снежні 1957 г. у горад Луіс, штат Місуры, ЗША [19]. Як бачым, Мар'ян Міхальчык менш чым за два гады да вяселля купіў участак зямлі, яшчэ праз 3 гады стаў домаўладальнікам, і яго сын нарадзіўся ўжо ў сваёй, бацькоўскай хаце. Па-сапраўднаму адказны быў мужчына.
Некалькі словаў, пра тое што такое Выган. Практычна любы беларускі горад у старыя часы меў так званую «Ферму» - месца дзе гараджане мелі свае гароды, і «Выган» - месца дзе гараджане пасвілі сваю жывёлу. Ферма ў нас знаходзілася прыкладна на месцы гарадскога рынка і сучаснай школы № 11 і пачала забудоўвацца жылымі дамамі недзе з канца XIX ст., а Выган, які на пачатку XX ст. пачынаўся амаль што ад вуліцы Віленскай (зараз - Савецкая), цягнуўся на захад да чыгункі і ўключаў у сябе сучасны стадыён, парк і тэрыторыю бальніцы, да сярэдзіны 1930-х гг. у выніку землеўпарадкавання пачаў выглядаць так, як ён выглядаў на маёй памяці ў 1970-я гады, калі ўся тэрыторыя былога Выгана была забудавана, у гарадскім парку высаджаны дрэвы, і ўсё яшчэ цякла рэчка Каменка.
Зямлю на Выгане павінны былі пачаць прадаваць яшчэ да Першай сусветнай вайны, і на карце горада 1914 г. тут ужо пазначаны будучыя вуліцы. Газета «Лідскае Слова» пісала ў 1913 г.: «Ужо некалькі гадоў кажуць пра тое, што Выган падзелены на ўчасткі, якія будуць прадаваць з гандляў. Але гэтага не робіцца» [20]. І яшчэ ў 1909 г. гарадскому старасце было даручана забрукаваць Школьную вуліцу (зараз - Кірава) да Выгана [21].
Участкі зямлі на Выгане ў той час не маглі быць вельмі дарагімі, бо лідзяне яшчэ ў 1928 г. пісалі пра «дрэнны балотны мікраклімат на Выгане» [22] і нават лідскія чыноўнікі высокага рангу, якія кіравалі горадам і паветам і жылі ў калоніі дзяржаўных дамоў на Выгане (насупраць тагачаснай гімназіі імя Караля Хадкевіча), таксама лічылі гэтае месца дрэнным для здароўя [23].
Др. Галубовіч у 1933 г. напісаў: «Выган - тэрыторыя, на якую Ліда вядзе экспансію ўжо некалькі гадоў, запаўняючы яе зграбнымі мураванымі дамкамі. ... Выган - узвышша, да нядаўняга часу аточанае гразкім балотам, а цяпер перарэзанае сухімі вуліцамі. Ужо амаль увесь перакапаны ...» [24].
З прыкладзенага аэрафотаздымка 1944 г., на якім я прамаляваў водную сістэму нашага горада, добра бачна, што наш замак Гедыміна стаіць на зліцці рэк Лідзейкі і Каменкі, а старая Ліда месцілася сярод двух рукавоў рэчкі Каменкі - у абодвух выпадках паселішча і замак добра засланяліся ад нападнікаў рэкамі і дрыгвой. Пэўна, замак быў перанесены прыкладна на 1 км на поўдзень (у такое ж самае балоцістае месца зліцця Лідзейкі і Каменкі) з-за адсутнасці адпаведнага па памерах пляца, неабходнага для будаўніцтва вялікага мураванага замка ў старой Лідзе паміж рукавамі Каменкі.
Вядома, што ў нашым рэгіёне пераважаюць балцкія назвы рэк, аднак рэчка Каменка мае цалкам славянскую назву, якая паходзіць ад слова «камень». Магчыма, з-за наяўнасці тут камянёў і была выбрана пляцоўка для Лідскага замка. Бо цяжка сабе ўявіць, каб у той час мелася магчымасць перавозіць такую колькасць камянёў на вялікую адлегласць. Калі гэта так - дык у сценах нашага замка мы бачым камяні з берагоў рэчкі Каменкі. Але гэта толькі гіпотэза.
Было б цудам, каб у глыбіні зямлі на вызначанай тэрыторыі «Ліды Нарбута» яшчэ заставаліся нейкія археалагічныя артэфакты, але пасля знаходкі дакладнага месца старога беларускага паселішча, тут трэба было б усталяваць памятны знак, ролю якога зараз выконвае вядомы ўсім лідзянам знак «Я люблю Ліду», які стаіць прыкладна на паўночнай мяжы былога гістарычнага паселішча.
І трэба думаць пра вяртанне законнай даты заснавання нашага горада ў 1180 г., даты, якая, дарэчы, так і засталася ў большасці сучасных сусветных энцыклапедый.
[1] Першую інфармацыю пра знаходку гл: Суднік Станіслаў. Як два разы старажытную Ліду адкрывалі // Наша слова. № 15 (1270), 13 красавіка 2016.
[2] Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. Гродна, 2017. С. 219-220.
[3] Hołubowicz Włod. Wyprawa po nieznane // Kurіer Wileński. № 292 (2833). 30 października 1933.
[4] Дзярновіч А. І. Землі беларуска-літоўскага памежжа ў Х-ХІІІ cтст.: ад Крэва да Кернавы // Доклады Национальной академии наук Беларуси. 2020. Т. 64, № 5. С. 632-640. С. 633. Гл. таксама: Дзярнович О. И. Восточная Литва XI−XIII веков: проблема этнокультурных и социокультурных характеристик поселений раннегородского типа // Балто-славянские исследования - XXI: Сб. науч. трудов. Москва, 2021. С. 407-408.
[5] Дзярновіч А. Медніцкі замак // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Мінск, 2005. Т. 2. С. 283.
[6] Зайкоўскі Э. М. Этнічная i канфесійная сітуацыя ў гістарычнай Літве на рубяжы XIV-XV стст. // Вялікае княства Літоўскае і яго суседзі ў XIV-XV стст.: саперніцтва, супрацоўніцтва, урокі: Да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы: матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Гродна, 8-9 ліп. 2010 г.) / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі; Гродзенскі дзярж. ун-т імя Янкі Купалы. Мн.: Беларуская навука, 2011. Мінск. С. 11-25.
[7] Роўэл К. Стэфан. Уздым Літвы: Паганская імперыя ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе, 1295-1345. Мінск, 2015. С. 112.
[8] Гл: Hołubowicz Włodzimierz. Grodziska i kurhany ziemi Lidzkiej // Ziemia Lidzka. Lida, styczeń 1939 r. Nr. 1. S. 28.
[9] Гл. карту: Краўцэвіч А.К. Гарады і замкі Беларускага Панямоння XIV-XVIII стст.: Планіроўка, культурны слой. Мінск, 1991. С. 36.
[10] Helena Cehak-Hołubowiczowa. Dawidgródek - Pompei Polesia // Słowo. № 279, 9 października 1937.
[11] Там жа.
[12] Włod. Odkrycie prastarych sliadów człowieka na terenie Lidy // Kurіer Wileński. № 273 (2814). 11 października 1933.
[13] Holubowirc Włod. Wyprawa po nieznane // Kurіer Wileński. № 292 (2833). 30 października 1933.
[14] Spis Abonentów Sieci Telefonicznej Okręgu Dyrekcji Poczt i Telegrafów w Wilnie na 1939 r. Wilno, 1939. S. 1115.
[15] Стасевіч-Ясюкова Ірэна. Лідзянка. Пра Марыю Стасевіч - маю маці - успаміны // Лідскі летапісец. 2012. №4(60). С. 52-53.
[16] Kurіer Wileński. № 212 (4530). 4 sierpnia 1938.
[17] Kurіer Wileński. № 288 (4606). 20 października 1938.
[18] Kurіer Wileński. № 273 (2814). 11 października 1933.; Kurіer Wileński. № 292 (2833). 30 października 1933.
[19] Marta Michalczyk Obituary; Wladyslaw Michalczyk Obituary. [Электронный ресурс]. - Режим доступу: https://www.legacy.com/us/obituaries/news-leader/name/marta-michalczyk-obituary?pid=141305236 ; https://www.northbrevardfuneralhome.com/tributes/Wladyslaw-Michalczyk . - Дата доступу: 25.07.2023.
[20] Лидское Слово. № 23. 19 апреля 1913.
[21] Лаўрэш Л. Л. Шэпт пажоўклых старонак. Лідчына ў люстэрку прэсы. 1900-1939 гг. С. 52.
[22] Życie Nowogródzkie. № 103 (137). 21 maja 1928.
[23] Życie Nowogródzkie. № 119 (153). 7 czerwca 1928.
[24] Holubowirc Włod. Wyprawa po nieznane // Kurіer Wileński. № 292 (2833). 30 października 1933.