Як да нашай планеты Зямля раз на стагоддзе набліжаюцца іншыя, з далёкіх галактыкаў, планеты-каметы, так i ў літаратуры кожнага народу ёсць творы, з'яўляцца якім наканавана толькі раз на вяку. Шчаслівыя паспалітыя, што пабачылі магічнае святло далёкіх сузор'яў. Але не заўсёды шчаслівая доля выпадае суайчыннікам, што становяцца сведкамі нараджэння нацыянальнай эпапеі.
Такою непаўторнаю, па-свойму адзінаю i непераўзыдзенаю, грандыёзнаю эпапеяю ў паэтычным космасе стаў «Пан Тадэвуш» - гімн роднаму краю вялікага нашага земляка Адама Міцкевіча. Нараджэнне паэмы прыпала на цяжкі, выпрабавальны для нашае Радзімы час - час горнага ўзлёту духу продкаў i яго жорсткага задушэння расейскім царызмам у паўстанні 1830-1831 гг. Пік рэпрэсіяў прыйшоўся на дзесяцігоддзе пасля паўстання, калі царызм распачаў жорсткае i паслядоўнае знішчэнне шляхты на літоўска-беларускіх землях. Урад усведамляў, адкуль для яго сыходзіла i будзе сыходзіць найбольшая небяспека: як леснічоўкі ў путчах ды мызы палясоўшчыкаў у лясах даюць прытулак чалавеку ў нямераных царствах лясных нетраў, так тысячы шляхоцкіх маёнткаў, фальваркаў, засценкаў, аселіцаў заставаліся жывымі гнёздамі супраціву каланізацыйнаму рэжыму, што ў адначассе маглі запалаць новым пажарам. То лепш раскідаць тыя котлішчы, заліць жарынкі расстайнымі слязамі выгнаннікаў, пакуль прысакі не заняліся ачышчальным агнём ад ураганнага ветру абурэння няволяй. I тут паўмеры не дапамаглі б. Належала цвёрда, карна праводзіць акцыі, дзе для дасягнення мэты ўлічвалі i скарыстоўвалі розныя сродкі, як, прыкладам, пісьмовыя шляхоцкія прывілеі, дакладней, ix адсутнасць - адна з магчымасцяў падсушыць гэты пласт, соль краіны. Хто не мае паперак - у аднадворцы, у сяляне, у прыгон! Не скараюцца - вывезці за блізкі свет у Сібір! Моладзь-падлеткаў распіхаць па вайсковых кантаністах, каб потым паслаць у першую лінію на Каўказ - пад кулі горцаў.
Спаконвеку прывязаная да сваіх фальваркаў-загонаў, шляхта супраціўлялася як магла. I таму на перасяленне ўрад ужываў вайсковую сілу. Сталінізм XIX ст. адбываўся аднолькава жорстка i бесчалавечна, хіба толькі ў трохі меншых памерах. Як падлічыць гісторык Тадэвуш Корзан (сучаснік Францішка Багушэвіча), з 1832 г. на працягу 17 гадоў у «аддаленыя губерні» імперыі вывезлі 55 тысячаў шляхоцкіх радзінаў. Не менш як 100000 душаў.
Менавіта ў такіх варунках Міцкевіч распачаў i стварыў гімн-хваласпеў роднай зямлі i свайму народу. Задума напісаць «шляхоцкую быліцу» ўзнікла восенню 1831 г., калі адчайны пілігрым з Італіі дапаў на Познаншчыну, дзе яго напаткала пякучая вестка пра разгром Лістападаўскага паўстання. Роспач ад няўдачы, надзея на новы рэвалюцыйны ўздым не толькі суайчыннікаў, але i іншых паняволеных народаў усё гэта на познанскай зямлі, прырода якой нагадвала родныя наваградскія абшары, абвастрыла ў Міцкевіча настальгічнае пачуццё па страчанай Бацькаўшчыне. Вярнуцца да яе геній мог толькі ў мроях-летуценнях.
У той час, як пад пяром тытана ў салонным Парыжы паўставалі першыя строфы паэмы-быліцы (першапачатковы загаловак яе гучаў «Жагота»), на далёкай паэтавай радзіме маладзён Марцінкевіч, які першым перакладзе «Пана Тадэвуша» на беларускую мову, вырашыў стварыць сям'ю. Гэтак звівалася новае шляхоцкае гняздо. Жывое на выпаленай зямлі, разрабаванай кантрыбуцыямі. «Musi nawet tam być życie, gdzie moskal tnie siekierą» («павінна нават там бруіць жыццё, дзе маскаль высякае сякерай», - пісаў пра тагачаснае трагічнае становішча айчыны Міцкевіч, задумаўшы «Пана Тадэвуша»).
Ды жаніцца, як i паміраць, спяшацца не варта. Вінцэнт, падобна, паспяшаўся. Выкраўшы (згодна рамантычнай легендзе, з якой не спрачаюцца нават масцітыя літаратуразнаўцы) на Каляды 1831 г. у свайго працадаўцы Бараноўскага 16-гадовую дачку Юзэфу, Вінцэнт Марцінкевіч распачаў шлюбнае жыццё з пазыкаў. Дакладней, прымусіў да гэтага сваю маладзенькую нявесту, што паходзіла з відавочна больш заможнай радзіны. 6 студзеня 1832 г. яна пазычыла ў свайго дзядзькі (цётчынага мужа) Юрыя Гацыскага 30 срэбранікаў. Сведкам Юзэфы з Бараноўскіх Марцінкевічавай падпісаўся муж Вінцэнт [1]. Дзеелася ўсё гэта ў Вязыні (Wiazyniu; слоўнік Я.Рапановіча падае ў сучаснай Мінскай вобласці адзіную Вязынь: вёску-цэнтр Вязынскага сельсавету Вілейскага раёну). Тыдзень ад шлюбу Марцінкевіч распачаў 30 срэбранікамі, каб праз паўстагодцзя скончыць свой зямны шлях у слыннай Люцінцы, пакінуўшы дзецям сплочваць не адну сотню рублёвых пазыкаў...
Сваю рату ў доўгім спісе стратаў, панесеных Беларускім Дударом на адчыннай ніве роднага слова, узараць немалы загон якога так шчыра браўся «гарбаценькі» Марцінкевіч, дадасць i паэма, што ўзнёсла i адначасова пакутна стваралася Міцкевічам у коле сяброў-выгнаннікаў, якія разам з ім апынуліся на парыжскім бруку. Ды пра гэта яшчэ не ведалі ні аўтар эпапеі, ні сам перакладнік. Апошні, праз дзве зімы пасля шлюбу, у студзені 1834 г. падаў прашэнне «об определении» на пасаду перакладніка менскай рыма-каталіцкай кансісторыі, кіруючыся даўняй дзедаўскаю навукаю «Лёгкаю працаю зарабіць i грош добра Ён не падазраваў, што залатымі літарамі ўпіша сваё імя як перакладніка, перакладаючы іншыя старонкі. Бо якраз у гэтыя дні ў далёкім Парыжы дапісваліся апошнія старонкі апошняй, XII, быліцы нашай нацыянальнай эпапеі, паэмы «Пан Тадэвуш». Дакладны памер шэдэўру не ўяўляўся Адаму Міцкевічу, пакуль 13 лютага геній не паставіў кропку i з палёгкаю ад здзейсненага не ўсклікнуў: «Песень вялікіх дванаццаць!» (Паводле прызнання Адама суайчыннікам, падчас стварэння несмяротнай шляхоцкай быліцы аўтару мроілася, быццам жыве ў каханай Літве; вось чаму так доўга вымалёўвалася гэтае агромністае палатно - творца нават у мроях не жадаў развітвацца з Бацькаўшчынай, адкуль быў высланы па справе філаматаў-філарэтаў.)
Скрупулёзныя французскія бібліёграфы занатавалі выхад у свет «Пана Тадэвуша» 28 чэрвеня 1834 г. Наклад выдання склаў тры тысячы асобнікаў. У адрозненне ад папярэдняй кнігі «Дзяды. Частка III» (1832), якая на працягу двух гадоў двойчы перавыдавалася, новая кніга паэта разыходзілася вельмі марудна. Здарылася нават наступнае: калі ў 1838 г. рыхтаваўся першы Збор твораў Адама Міцкевіча, выдаўцы яго ў V-VI тамах змясцілі «Пана Тадэвуша», змяніўшы папярэдне толькі вокладку экземпляраў першавыдання, што заставаліся на складах кнігарняў.
Тагачасная польская літаратурная крытыка, i «айчынная» i «парыжскай эміграцыі», успрыняла паэму, мякка кажучы, неадназначна. Аўтару выстаўлялі супрацьлеглыя абвінавачанні. Напрыклад, газета «Demokrata Polski» (1838) папракала паэта ў «непачцівым» стаўленні да высокіх грамадзянскіх ідэалаў Волі, Роўнасці, Братэрства, абвешчаных Вялікай французскай рэвалюцыяй 1789 г. Меліся на ўвазе пэўныя радкі з першай песні «Пана Тадэвуша», за якімі крытыкі ўгледзелі ў Міцкевіча непавагу да разумовага стану Польшчы. Прадстаўнікі правага крыла рабілі паэту закіды за фальшывае, згубнае, ганебнае імкненне да ўсяго замежнага. На думку аднаго з апанентаў, аўтарам паэмы з аднолькавым поспехам мог быць француз, немец ці ангелец, паколькі польскі дух («polszczyzna») у творы адсутнічае. Апошнія з прыведзеных выпадаў нагадваюць наскокі варшаўскіх апалагетаў класіцызму на творчасць віленскіх філарэтаў ды філаматаў канца 10-х - пачатку 20-х гг. XIX ст., пераклікаюцца з прамымі папрокамі Міцкевічу: «Вы для Літвы, а не для Кароны пішаце... менш дбаеце пра тое, каб Вас разумелі ў Варшаве, абы толькі разумелі Вас у Вільні ці Літве...».
У родным краі паэзія Адама Міцкевіча шанавалася святарна. Трапяткі піітыт падтрымліваўся i тым, што, у адрозненне ад еўрапейскага чытача, жыхары найвялікшае імперыі (нават прадстаўнікі «пануючай» нацыі) былі пазбаўленыя права вольна знаёміцца з творамі аўтара «Гражыны» i «Конрада Валенрода». Царскі ўрад адмысловымі ўказамі ад 13 верасня 1834 г. ды 14 красавіка 1839 г. забараніў перадрукоўваць выдадзеныя ў 1829 г. у Санкт-Пецярбурзе вершы А.Міцкевіча i перавозіць у Расею аддрукаваныя ў Парыжы, Кракаве, Варшаве зборнікі паэта. Калі ў 1856 г. кнігавыдавец М.Аргельбрант звярнуўся ў Віленскі цэнзурны камітэт з просьбаю дазволіць яму перавыдаць творы Міцкевіча, камітэт у сувязі з дзеючымі законамі адмовіў таму ды адаслаў яго скаргу ў Галоўнае ўпраўленне цэнзуры ў Пецярбург. Сталічныя цэрберы друку пацвердзілі, што перавыданне «залежыць асабіста ад Галоўнага ўпраўлення цэнзуры» з мэтаю «папярэдзіць тайнае распаўсюджванне ў імперыі друкаваных за мяжою твораў нябожчыка Адама Міцкевіча, сярод якіх ёсць вельмі многа шкодных артыкулаў».
У святле прыведзеных фактаў велічна паўстае спроба Дуніна-Марцінкевіча яшчэ ўчора забароненую паэму выдаць па-беларуску. У «Прадмове перакладчыка» (перад якой стаяла прысвячэнне «Панам i сялянам з-над Нёмна, Бярэзіны, Свіслачы...») ён, відаць, наўмысна, з мэтаю прыспаць увагу цэнзараў да свайго перакладу, між іншым, згадаў, што «Пан Тадэвуш» «ужо цяпер перакладаецца на рускую мову» (В.Д.-М., 428). Сапраўды, на той час перакладнік М.Берг апублікаваў невялікія ўрыўкі з розных песняў «Пана Тадэвуша», a даследнік славянскіх літаратураў П.Дуброўскі прысвяціў празаічнаму перакладу паэмы А. Міцкевіча грунтоўную публікацыю. (Праўда, была яшчэ публікацыя ў далёкім 1845 г., пры жыцці Міцкевіча, калі часопіс «Москвитянин» надрукаваў «переложение» ўрыўку з «Пана Тадэвуша» ў перакладзе таго ж самага М.Берга. Надрукаваў, натуральна, без адсылкі на аўтара арыгіналу, паколькі творы Міцкевіча ў імперыі распаўсюджваць забаронена. Але твор увесь прасякнуты настальгіяй па «літоўскіх» абшарах. Як падаць гэтыя велічныя пейзажныя малюнкі? Таму «літоўскія» рэаліі (пейзажы, прырода, неба, лірычныя звароты) называліся «рускімі» i нават «украінскімі»!)
Першая вядомая публічная згадка пра беларускі пераклад «Пана Тадэвуша» належыць менскаму карэспандэнту польскага штотыднёвіка «Kronika wiadomości krajowych i zagranicznych» (1858, № 203), які падпісаў нататку крыптанімам «М.К.»: «Пан Марцінкевіч, аўтар некалькіх твораў, надрукаваных у Менску на беларускай мове, цяпер збеларушвае паэму А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Некалькі песень падрыхтавана ўжо да друку, а рэшта завяршаецца. Гэта цікава, бо арыгінальная мова, на якую зроблены пераклад. Друкавацца ён павінен у Менску» [2].
Пытанне, ці выканаў Дунін-Марцінкевіч грандыёзны намер або, збіты цэнзарскімі забаронамі, спыніўся на паўдарозе, пераклаўшы некалькі быліцаў, да нядаўняга часу заставалася нявысветленым. Так, у грунтоўным крыніцазнаўчым даследаванні пра жыццёвы i творчы шлях Беларускага Дудара Г.Кісялеў, прывёўшы выказанае яшчэ напачатку 1920-х гг. сцверджанне Р.Зямкевіча: «...пераклад паэмы Міцкевіча «Пан Тадэвуш» быў зроблены поўнасцю i пераходзіў з рук у рукі, пакуль у 1890 годзе не прапаў недзе ў Варшаве» [3],-спыніўся на запытанні: «Значыць, поўны пераклад усё-такі існаваў?» Адносна ж звернутай намі заўвагі, што сам пісьменнік, неаднаразова прыгадваючы пералік уласных твораў, называў свой пераклад скончаным («... переведя на свой диалект «Pana Tadeusza...», «...переведенного мною на белорусский диалект «Pana Tadeusza...») [4], літаратуразнаўца асцярожна канстатаваў: «Аднак здаецца, што цікавае назіранне даследніка ўсё-такі не дае падставаў для катэгарычнага вываду. Так можна было гаварыць i пра нейкую значную заверінаную частку грандыёзнай задумы». Рашучым i важкім аргументам на карысць завершанасці першага беларускага перакладу выдатнай паэмы сталі лісты самога Дуніна-Марцінкевіча да Яна Карловіча, выяўленыя аўтарам гэтых радкоў у Львове. У адным з пісьмаў, апавядаючы пра няўдалую спробу апублікаваць за мяжою поўны пераклад паэмы, паэт, нібы сумысна для нашчадкаў, зрабіў важнае ўдакладненне. Вось тая мясціна цалкам:
«Пераклад «Пана Тадэвуша», цалкам скончаны (курсіў наш. - Я.Я.), спрабаваў друкаваць у Сыркіна, ды дзве першыя песні выйшлі так убога, што ў мяне апусціліся рукі; да таго ж яшчэ міністр (асветы. - Я.Я.) забараніў друкаваць польскімі літарамі. Знайшоўся, праўда, адзін чалавек, які ўзяў на сябе клопат апублікаваць перакладзенага «Тадэвуша» ў Бруселі. Даў я (праз асцярожнасць) копію i добра зрабіў, бо дасюль ад той асобы ані слыху ані духу. На шчасце, застаўся ў мяне арыгінал перакладу, якога ўвесь першы том прайшоў праз цэнзуру i таму ўцалеў, a другі том пры вобыску быў у мяне забраны i знік беззваротна. Дык вось, калі, пан, маеш сувязі з віленскаю цэнзураю, дык папрасі там асобнік дзвюх першых песняў, ix там пад сталом шмат валяецца, бо, як друкаваныя польскімі літарамі, былі забраныя на загад міністра. Калі пан у ix не дастане, то прашу звярнуцца да п. Аляксея Вішнеўскага, які жыве ў доме біскупа Красінскага; ён, здаецца, мае экземпляр, дык пазыча пану. У Лідзе ў павятовага лекара Цывіньскага ёсць мой уласны, які, пры прад'яўленні гэтага пісьма, дасць пану перапісаць, а пан, скапіраваўшы, зробіць ласку мне яго адаслаць...» [5]
Лёс беларускага перакладу паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш», зробленага В.Марцінкевічам, першага перакладу геніяльнага твору на еўрапейскія мовы, склаўся незайздросна: выдадзены ў Вільні (першыя дзве быліцы) у 1859 г. увесь тыраж паэмы падпаў пад забарону i быў знішчаны. Фармальна - з-за лацінскага шрыфту; фактычна-царызм з жахам канстатаваў факт існавання самастойнай беларускай літаратуры. Пазней Дунін-Марцінкевіч будзе мець магчымасць пераканацца: царызм хацеў бачыць беларускую літаратуру зусім іншай паводле настрою i танальнасці. У 1862 г. «Могилевские губернские ведомости» друкуюць «вершы» «Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе (для народнага чытання)» i «Прамова Старавойта (для чытання маім землякам)». Так-так, афіцыйны расейскі ўрадавы друк «распаўсюджваў» беларускія творы! I Вінцэнт яскрава ўбачыў, як памыляўся, мяркуючы, што «Пана Тадэвуша» забаранілі калі не з-за лацінскага шрыфту, дык з-за беларускага слова. Не! Дзержымордам-цэрберам карцела не пра ўласна графічныя вензелі - рускія яны ці «западническия», нават не пра беларускае прастамоўе. Свярбела ім - як усім цэнзарам на свеце: што напісана i ў якім кірунку падымуцца людскія вочы, калі адарвуцца ад друкаваных старонак. «Стары войт» - гэта не войт Навум. Стары войт мысліў толькі па-старарэжымнаму. Толькі ці старыя людзі тутэйшыя так напішуць? Старэйшыя за яго - гэта значыць людзі сёмага дзесятка веку, павінны памятаць, як жылося ў мінулым стагоддзі - стагоддзі Рэчпаспалітых падзелаў, без расейскага цара. А тут усё патыхае вернападданствам ды яшчэ з моцным праваслаўным душком, якога i почату не было на Беларусі ў такой тэндэнцыйнасці. «Іншы за кварту гарэлкі начытаць i наталкуць табе больш, чым там у кніжцы стаіць, еткія то тлумачы i збіваюць з толку народ праваслаўны». Гэта - з яшчэ аднаго тагачаснага «беларускага выдання» («Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела»); тытульнай старонкі не мае, дата i месца выдання не адзначана, папера цвёрдая - усё гэта наводзіла даследніка.Сцяпана Александровіча на думку, што кніга выдавалася правінцыйнаю друкарняю, найбольш верагодна ў Магілеве (Пуцявіны роднага слова, с. 14); Магілеўшчына станавілася магільшчынай беларушчыны XIX ст.
Што было крыўдна Вінцэнту - як майстру пяра, творцу, які ад Бога надзелены талентам i прагаю служыць гэтаму народу прыўкрасным словам i мае добры мастацкі густ,- дык гэта ад прыземленай бездапаможнасці афіцыйных вершыкаў, у якіх i прыблізная рыфма, i збіты рытм рэзалі, як скрогат жалезнага дручка па шыбіне, як гідкі віск нязмазанага кола ў таратайцы смаркатага жыда-багамола. Але чытай i цярпі, да чаго i заклікае Старавойт: «У ляньцяйства не ўкідайся, // Труды i гора - ўсё знасі!» (На думку Карскага, «Бяседа» напісаная Апанасам Кісялём, а «Прамовы» - нейкім Францам Блусам. Магілеўскія чыноўнікі. Не выключана, што да «творчасці» падключыўся па сумяшчальніцтве «слоўны баюн», магілеўскі святар А.Чалоўскі: біў чалом i ў царкве, i за яе парогам).
Пераклад Дуніна-Марцінкевіча з'явіўся яркім доказам паспяховага развіцця маладой беларускай літаратуры. Дунін-Марцінкевіч адразу спрабаваў паставіць яе ў шырокі кантэкст еўрапейскіх літаратураў. Пры гэтым варта нагадаць, што «ўсялякі пераклад з'яўляецца рэальным выражэннем унутранага кантакту літаратураў» [6]. У якасці аб'екту перакладнікі выбіраюць творы, найбольш блізкія сабе паводле ідэйна-мастацкага гучання, зразумелыя для нацыянальнага чытача спосабам мыслення, эстэтычнымі, духоўнымі ідэаламі. Тое, што можна адразу назваць сваім, хоць яно i адсутнічала дагэтуль на роднай глебе.
Літва! - родна зямейка!
Ты, маўляў, здароўе, -
Той цябе ашанцуе, каму безгалоўе!
Хто жыў калісь на ніўцы тваёй, як у раі,
I вось крывавы роніць слёзкі у чужым краі!
Цяпер-то, як ты красна, я чую, я бачу
I апішу, бо горка ўсцяж па табе плачу!
(В. Д.-М., 429)
З патаемных глыбіняў душы, нібы ўласныя, выдыхнуты Дуніным-Марцінкевічам па-беларуску ўзнёслыя першыя радкі эпапеі. Прадстаўлены ў арыгінале чатырохрадкоўем працытаваны ўрывак, бы кропля вады, адлюстроўвае, з сучаснага погляду тэорыі мастацтва перакладу, ледзь не ўсе характэрныя рысы недахопаў у перадачы паэтам шэдэўру сусветнай культуры на беларускую мову: неадпаведнасць (лакальная) колькасці радкоў у перакладзе польскаму арыгіналу [7]; няўдалая спроба ўтварэння новых слоў («ашанцуе»), хоць найчасцей перакладніку бракавала моватворчай смеласці; празмернае выкарыстанне слоў памяншальна-ласкальнай лексікі («зямейка»). Зрэшты, некаторыя з пералічаных «недахопаў» уласцівыя беларускай моўнай стыхіі i фальклору. Адсюль, з народнай творчасці, чэрпаў поўнай жменяю Дунін-Марцінкевіч багацце паэтычнага арсеналу, так неабходнага пры засваенні культурнай спадчыны іншых народаў. Абраны шлях дазваляў ажывіць мову перакладу, надаць ёй «тутэйшы» каларыт. Вось некаторыя з прыкладаў: «I bór czerniał się kształt ogromnego gmachu» (I, 197) [8] - «I пачарнеў бор, кажысь вісельнік ca страху» (191), «choć sam nic nie posiadał» (I, 272) - «хоць гол быў, маўляў бізун» (267). Даволі часта стыль перакладніка не вызначаўся лапідарнасцю, а значыць, адэкватнасцю: «astry i fiałki» (I, 86) - «астры, пралескі, нагеткі» (?!); «zmówił krótki pacierz» (I, 305) -«памаліўся, выпіў да вашэці» (!); «Z Soplicami, торапки? То mówiąc, wykrzywił usta, jakby nad własną mową sic zadziwił» (II, 205-206) - «З Canліцамі, мапанку! не зведаўшы броду!» -Так кажа дый моршчыцца, вось дапякла болька, // Чы блёкату аб'еўся, аслі змагла колька» (200-202). Адзначаная шматслоўнасць непрыкметна пераплаўлялася ў каларытныя дэталі рэаліяў жыцця беларускай шляхты, не пададзеныя Міцкевічам i ўведзеныя перакладнікам: «Pierwszy człowiek, co w Litwie chodził po francusku» (I, 438) - «Ён першы зашваргатаў не па-беларуску, // Першы ввёў ён у Літву заморску гаворку» (436-437); «błysnęło, jak świeca przez okienic szpary» (I, 197)- «як агонь ад тонкай лучыны» (194); «najwyższe brał miejsce za stołem» (I, 301) - «на кут пасадзілі» (302) i інш.
Працэс моватворчасці быў актуальны для ўсіх еўрапейскіх літаратураў, якія толькі-толькі заявілі пра адраджэнне. У прадмове да свайго перакладу «Новага запавету» на сербскую мову Вук Караджыч пісаў, што ён вынайшаў 84 словы (гл.: Дмитриев П.А. Значение переводов Вука Караджича для формирования сербского национального самосознания // У истоков формирования нации в Центральной и Юго-Восточной Европе: Общественно-культурное развитие и генезис национального самосознания. - М., 1984. - С, 108-132).
Самы геніяльны дойлід не здольны вось так, на голым полі, голымі рукамі, пабудаваць прыгожы палац. Не мог адразу, станоўча i канчаткова, вырашыць усе праблемы беларускага перакладу i Дунін-Марцінкевіч. Не хапала самых неабходных «інструментаў»: не была ў дастатковай ступені распрацаваная беларуская літаратурная мова; не быў надежным чынам складзены паэтычны нацыянальны слоўнік; не існавала трывалага стылістычнага статуту (нормы), паэтычная лексіка (асабліва літаратурная) знаходзілася ў зародку; метрычны памер i рытмічны малюнак беларускага верша толькі вырысоўваліся. А трэба ведаць, пераклад ставіць мову ў асаблівае напружанне. Таму зразумелы абраны В. Дуніным-Марцінкевічам шлях (можа, i несвядома) - шлях «амужычвання», «спрашчэння» паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Устаноўка на сялянскага чытача, боязь даць ускладнены тэкст прымушалі Дуніна-Марцінкевіча пры перадачы палітычных падзеяў, абстрактных філасофскіх паняццяў, навуковых тэрмінаў, дэталяў побыту «заморскіх» дваранаў да пэўнай сэнсавай нівеліроўкі: «Няхай, аднак, не злуе пана, калі ў маіх творах напаткаеце quasi польскай паэзіі,- пісаў ён,- абдзёртую з усялякіх форм эстэтыкі, - я, пішучы апавяданейкі не для дактароў філасофіі, а для сялян, прыбіраў тых дзетак майго духу не ў эстэтычныя сукенкі, a ў простыя народныя сярмяжкі, каб цёмны той народ не баяўся з імі пазабаўляцца».
Актыўны працэс адлюстравання рэчаіснасці звязаны з мысленнем, а беларускаму селяніну ўласцівая менавіта прадметная вобразнасць. Перакладаючы шматлікія сцэны з «Пана Тадэвуша», Дунін-Марцінкевіч разумеў: селянін паглядзіць на ix з вышыні сваіх ведаў, заснаваных на гістарычным досведзе пакаленняў. Вось i паўставалі замены ў параўнаннях. Скажам, «тэатр забойстваў» (пра замкі ангельскіх лордаў i палацы нямецкіх баронаў) на - «мясныя двары», аблітыя «людской кроўю». Створанаму перакладнікам вобразу варта падзівіцца; адаптацыя тэксту не пазбавіла пераклад каларытных малюнкаў. «Амужычванне» ж прыадзетага ў сярмягу Дуніным-Марцінкевічам «Пана Тадэвуша» было закладзена ў генах беларускай мовы. Заўважылі ж нашы тэарэтыкі перакладу, што перададзены А.Куляшовым «Яўгеній Анегін» раптам «загучаў неяк вельмі па-беларуску, па-сялянску, нібыта зрабіўся больш прыземленым, бытавым. А, па сутнасці, так яно i павінна было здарыцца: ад асаблівасцяў мовы, на якую перакладаецца твор, нікуды не ўцячэш. Яна абавязкова накладзе свой адбітак» (Яскевіч A. Грані майстэрства. - Мн., 1974. - С. 98).
Да паэтычнай эпапеі A. Міцкевіч далучыў «Тлумачэнні», дзе раскрыў імёны мясцовых «герояў» з наваградскай, мірскай, нясвіжскай шляхты, падаў апісанне звычаяў ix жыццёвага побыту. У беларускім перакладзе аўтарскія каментары захаваліся, часткова паўтараючы заўвагі А. Міцкевіча, аднак пераважна арыгіналыныя i належаць пяру Дуніна-Марцінкевіча. Калі ў каментарах да «Кнігі Польскі паэт растлумачыў 14 мясцінаў, то ў беларускім перакладзе знойдзем 34 «талкаванні». Колькасная неадпаведнасць тлумачэнняў абумоўленая разумением перакладніка ўзроўню будучай чытацкай аўдыторыі «з-над Дняпра, Дзвіны, Бярэзіны, Свіслачы, Віліі i Нёмана». Скіраванасць на сялянскага чытача выдае характар «талкаванняў». Яскравы прыклад - тлумачэнне працаў грэцкіх філосафаў Платона i Плутарха: «Кніжкі «Фадон» i «Жыццё Катона» вельмі разумныя, вы ix, дзеткі, не паймёце. Першая пішэць аб душы чалавечай, а другая апісуець жыццё праведнага чалавека, каторы, як атчызна яго пацірала вольнасць, з вялікага жалю адабраў сабе жыццё» (В.Д.-М., 470). Дыдактызм, бацькоўскі тон да «малодшай брацці сваёй», прасвяціць якую паставіў мэтаю жыцця Беларуси Дудар, прабіваецца выразна. У «Талкаваннях», своеасаблівай «мікраэнцыклапедыі на беларускай мове», акрэслена выявілася грамадзянскасць поглядаў Дуніна-Марцінкевіча. Ідэнтычныя патрыятычныя матывы можна спаткаць у тагачасным «Кароткім катэхізму для літвінаў» - своеасаблівым кодэксе грамадзянскасці нашых далёкіх прадзедаў, што распаўсюджваліся патаемна, рукапісным шляхам.
«Щытанне]: Ці ты Літвін?
-А[дказ]: ёсць ім з Божай ласкі.
- Хто ж такі Літвін?
-Той, хто вызнае вольнасць i Права Статуту.
- Па чым пазнаць праўдзівага Літвіна?
- Па знаку чыстага патрыятызму.
-Які ж знак чыстага i адданага патрыятызму?
- У імя Шаблі, Багнета, Пікі, пораху i алавянай кулі. Амэн.
- Калі гэты знак Літвін павінен ужываць?
- Якраз цяпер, калі мусіць занепакоіць i выгнаць Heпрыяцеля.
- Дзеля чаго мае скарыстаць той знак?
- Бо перад ім згінуць Маскальскія ды Сібірскія духі.
- Без чаго Літвін не можа жыць?
- Без вольнасці ды еднасці з Палякамі.
- Што ж такое Вольнасць?
-Гэта значыць: быць Чалавекам, а не Зверам, свабодна жыць на радзіннай Зямлі, гаварыць i пісаць Айчыннаю моваю, усталёўваць Закон агульнаю радаю, не падлягаць царам i Ягоным Указам, перасяляцца з месца на месца паводле патрэбы, карыстаць са Шляхоцкіх i Меставых Прывілеяў, весці вольны гандаль, чэрпаць асвету з усіх навукаў, ніколі не ведаць Губернатараў, Пракурораў, Сенатараў, Асэсараў, нарэшце, Навасільцава, Пелікана, Мяноўскага ды іншых на ix падобных Лотраў i Шпегаў...»
Вось на якіх запаветах узгадоўвалася пакаленне Дуніна-Марцінкевіча, нескароная кагорта Багрымаў. Што Дунін-Марцінкевіч ведаў гэты катэхізм, мне ўявілася, калі напрыканцы рукапісу напаткаў пытанне «Што такое Айчына?» i прачытаў адказ: «Зямля, на якой я нарадзіўся i вырас, паветрам якой дыхаю, якая мяне жывіць i корміць, дзе маю альбо меў Бацьку i Маці, Братоў i Сёстраў, Крэўных i Сяброў, дзе спачываюць цені Продкаў, дзе вольна магу рабіць, думаць i гаварыць роднаю моваю, словам, гэта мая Матка, а я яе Сын».
У «Талкаваннях быліцы першай», далучаных да беларускага перакладу «Пана Тадэвуша», Марцінкевіч аналагічнымі вобразамі раскрываў перад сваімі чытачамі сэнс гэтага слова: «Атчызна - зямля, на каторай мы радзілісь, каторую ўпраўляем сваёй працай, на каторай пахаронены косці бацькоў, дзядоў дый праатцоў нашых, паверыя, каторым мы атдыхаем, то завецца атчызна». I нездарма першы рэцэнзент беларускага «Пана Тадэвуша», Мікалай Акялевіч (М.Акялайціс) падкрэсліваў: «Мы ўдзячныя п.Марцінкевічу за «Пана Тадэвуша», апранутага ў беларускую сярмягу, а больш за ўсё дзякуем яму за падабраныя да яго заўвагі». У абодвух працытаваных тлумачэннях слова «Айчына» - адбітак рэха з паняволеных абшараў, невылечны, невыказны боль, які залёг у сэрцах грамадзянаў не існуючай ад канца XVIII ст. на еўрапейскай мапе дзяржавы. Летувіскі пісьменнік-дэмакрат М. Акялайціс у рэцэнзіі на беларускі пераклад «Пана Тадэвуша», напісанай яшчэ ў 1861 г., аднак паводле цэнзурных умоваў не надрукаванай, гаварыў: «Мы ўдзячны п. Марцінкевічу за «Пана Тадэвуша», апранутага ў беларускую сярмягу, а больш за ўсё дзякуем яму за падабраныя да яго заўвагі. Жадаем, каб гэтая невялікая кніжачка трапіла ў рукі народу, які ён усім сэрцам i душою палюбіў, ведучы яго да агульнай нам усім крыніцы асветы». Паводле сведчання сучаснікаў, пераклад вымагаў канфіскацыі з-за адных крамольных «талкаванняў».
Не знайшоўшы ўплывовага мецэната, не маючы дастаткова ўласных сродкаў для апублікавання перакладзенай эпапеі, Дунін-Марцінкевіч аб'явіў папярэднюю падпіску на беларускага «Пана Тадэвуша». У канцы выдання (напэўна, з мэтаю заахвочвання) паэт палічыў вартым прыкласці прозвішчы 79 асобаў - «Спіс падпісчыкаў», з заключным шматабяцальным: «Працяг будзе». Апошняе, аднак, не здзейснілася. Розных паводле сацыяльнага становішча, палітычных поглядаў, класавай прыналежнасці добраахвотных падпісчыкаў аб'яднала жаданне чытаць творы на роднай мове. Геаграфічныя каардынаты распаўсюджвання папярэдняй падпіскі на беларускі пераклад «Пана Тадэвуша» досыць шырокія: ад Смаленска да Коўна. Шырокі абсяг i ў «геаграфіі» сацыяльна-саслоўнай: ад селяніна з Люцінкі Якуба Ламакі да князя Мікалая Радзівіла (выходзіць, Радзівілы, як i Мураўёвы, у гісторыі розныя).
Калі б выданне дайшло да падпісчыкаў, яны не маглі б не здзівіцца велічы чарговай задумы В. Дуніна-Марцінкевіча. Уражваў сам тытульны ліст кнігі. У адрозненне ад папярэдніх зборнікаў пісьменніка з вокладкай на польскай мове тут кожная літара «дыхала» па-беларуску. Pan Tadeusz. Dwanatcać szlacheckich bylic. Napisau Adam Mickiewicz. Piarawiarnuii na białaruskuju haworku Wincenty DuninMarcinkiewicz. Wilno: W drukarni A.Syrkina. 1859. Гэта - адзін з нешматлікіх ад часоў Скарыны, Буднага ды Цяпінскага беларускі загаловак друкаванай кнігі.
Як шырока i неабсяжна, як велічна i ўпэўнена, нібы ранішняе сонца над палеткамі, прабіваючыся праз хмарнае неба, узыходзіла на еўрапейскі Парнас новая беларуская літаратура! На арэне іншых маладых пісьменстваў - украінскага, чэшскага, баўгарскага, сэрбскага - усё часцей i часцей з'яўляўся адвечны аратай, карміцель зямлі, звычайны селянін-працаўнік. Пачынаючы шляхоцкую аповесць, Міцкевіч спачатку задумаў паказаць галоўным вобраз манаха Робака, пра што сведчыць першапачатковы загаловак эпапеі - «Жагота». Так у чарнавых варыянтах паэмы называўся манах (у былым гуляка-падпанак, пыхаваты «шляхціц на загродзе роўны ваяводзе» - карацей, увасабленне пыхі старой Рэчы Паспалітай), адзін з барацьбітоў за адраджэнне маладой Польшчы. Аднак прысутнасць гістарычнага погляду, уласцівага кожнаму сапраўднаму творцу, падказала паэту, што асноўным змагаром у будучых вызваленчых рухах стане не бунтарна-рамантычны герой (тыпу створанага ім раней вобразу барацьбіта-адзіночкі Конрада Валенрода), а народ. Незразуметая афіцыёзнай крытыкай квінтэсэнцыя, закладзеная Міцкевічам у паэме, знайшла гарачы водгук у сэрцы яго земляка i аднадумцы. Намер перакласці эпапею яскрава засведчыў наяўнасць у пачынальніка новай беларускай літаратуры перадавога дэмакратычнага светапогляду. Мажліва, пад уражаннем весткі ў лістападзе 1855 г. пра смерць А.Міцкевіча ў далёкім Канстанцінопалі Беларускі Дудар вырашыў аддаць даніну павагі найвялікшаму паэту XIX ст., зрабіць пераклад эпапеі на мову таго народа, чыім багатым i дзівосным фальклорам узгадаваўся талент Міцкевіча, - здзейсніць мару «літоўскага вестуна», выказаную ім у «Эпілогу» да «Пана Тадэвуша», каб яго вершы, простыя, бы песні сялянак, трапілі пад мужычыя стрэхі.
Як вырасла духоўная годнасць, узмужнела нацыянальная свядомасць беларускіх пісьменнікаў сярэдзіны XIX стагоддзя! Аляксандр Рыпінскі, выдаючы ў Парыжы кнігу «Беларусь» (1840), прысвяціў яе «першаму з беларускіх сялянаў, які спачатку навучыцца чытаць, а потым гаварыць i думаць па-польску». Аўтар фальклорна-этнаграфічнага даследавання не ўяўляў, што праз нейкія два дзесяцігоддзі «простаму люду той нашай польскай правінцыі (словы з падзагалоўка кнігі А. Рыпінскага) будуць прысвячацца паэтычныя зборнікі, навуковыя даследаванні вучоных, музычныя творы кампазітараў. Не палітыканы вырашаюць лёс чалавецтва. Народ-творца ўласнай гісторыі. Толькі яму, роднаму народу, мы застаёмся глыбока ўдзячныя, што на мапе Еўропы захавалася назва Беларусь. Хоць няздольнасць Беларусі праявілася нават тут, на «Пане Тадэвушу». Беларускі пераклад забаранялі, a расейскі друкавалі! Больш таго. На падтрыманне чужароднай культуры ў забраны край ішлі i ішлі сродкі са сталіцы імперыі (гл., прыкладам, справу «Уведомления начальника Минской губ. о получении денег на содержание городского театра. 22.ХII.1859. - 12.01.1860. НГАРБ, ф. 24, воп. 1, адз.зах. 1244), аза беларускі пераклад «Пана Тадэвуша» віленскі друкар Абель Сыркін выставіў рахунак, паводле якога з Дуніна-Марцінкевіча належала спагнаць каля 800 рублёў - больш чым пісьменнік атрымаў колісь за заклад маёнтка Люцінкі.
Пры жыцці В.Марцінкевіча пра пераклад «Пана Тадэвуша» прыхільна адгукнуўся ў друку адзіны A. Кіркор у кнізе лекцыяў «Пра літаратуры пабратымчых славянскіх народаў» (Кракаў, 1874) i ў III томе «Живописной России» (1872); у апошняй публікацыі, адрасаванай рускамоўнаму чытачу, А.Кіркор сцвярджаў: «Перакладчык перамог непераадольныя цяжкасці. Пераклад не толькі дакладны, але мова скрозь гарманічная, зразумелая i асабліва мяккая». Маўчанне крытыкі можна растлумачыць, прыгадаўшы факт аўтадафэ над тыражом выдання.
Таму пэўную цікавасць выклікае выяўлены аўтарам гэтых радкоў у тагачасным польскім друку артыкул «Менск», дзе прыводзіцца высокая ацэнка, дадзеная беларускаму перакладу «Пана Тадэвуша». Варта зацытаваць урывак, цікавы новымі імёнамі i фактамі з літаратурнага жыцця Менску мінулага стагоддзя: «...Нашы даследнікі кнігадрукавання памыляюцца, калі за пачатак друкавання ў Менску лічаць з'яўленне ў гэтым горадзе камедыі Яна Ходзькі ў 1812 годзе. Бо ведаем кніжачку, перакладзеную вядомым у свой час Букатым, якая выйшла ў Менску ў 1791 г. пад названнем «Натхнёны брамін». Пазней там з'явілася даволі шмат набожных кнігаў, a гадоў дваццаць назад менская друкарня выдавала літаратурныя творы Кандратовіча, Шышкі, Марцінкевіча. Некалі ў гэтых школах настаўнічалі заслужаны збіральнік беларускіх народных песьняў Ян Чачот, а таксама адзіны ў прамым сэнсе эпіграматыст, варты месца ля Каханоўскага i Патоцкага, Ігнат Легатовіч. Тут часта бываў другі неацэнны гумарыст Ю. Гарайн, а таксама жыў раней згаданы Вінцэнт Марцінкевіч, перакладчык «Пана Тадэвуша» на беларускую мову. Трэба ведаць тую мову, каб належна ацаніць сілу i мастацкі каларыт цудоўнага перакладу, часткова друкаванага ў Вільні» (Tygodnik powszechny. 1881. N 43. S. 678-679).
Верагодна, аўтар краязнаўчай публікацыі «Менск» не проста «да слова» згадаў пра існаванне беларускага перакладу «Пана Тадэвуша». Рэкламныя аб'явы ў рускамоўнай прэсе паведамлялі пра хуткае з'яўленне славутай эпапеі А.Міцкевіча ў перакладзе В.Бенядзіктава. Увогуле, наступны 1882 г. багаты на пераклады шэдэўра Міцкевіча. З друку выйшлі два нямецкія (А.Вейса i З.Ліпінера), чэшскі (Э. Краснагорскай) i згаданы рускі (В.Бенядзіктава) пераклады паэмы «Пан Тадэвуш». Можна ўявіць, як было нашаму пісьменніку крыўдна назіраць, што праца іншых літаратараў знаходзіць гарачыя водгукі ў нацыянальнага чытача, а твая, выпакутаваная талентам i крывавым потам, «бог ведае, гдзе там у куце спачывае, аддадзеная на спажыву молі» (М.Акялайціс). I агню. Бо выдадзеная кніга была прыгаворана да знішчэння - спалення.
У гісторыі новай беларускай літаратуры марцінкевічаўскі пераклад паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш» першая буйная спроба мастацкага перакладу, уваскрашэнне нацыянальных перакладніцкіх традыцыяў ад часоў Францішка Скарыны, жорстка абарваных цяжкою хадою гісторыі на беларускай зямлі. Пераклад лексічна дакладны, хоць сама форма, паколькі літаратурная мова была нераспрацаваная, недакладная, можна сказаць, нават спрошчаная i ў нейкай меры наіўная. Нягледзячы на замену перакладнікам нейтральнага, абстрактнага, спецыфічна народнымі паняццямі, пераклад даносіць агульную настраёвасць эпапеі Міцкевіча. Пры гэтым назіраецца «нібыта рух назад па адносінах да арыгіналу, але ён быў часова неабходным для беларускай літаратуры i акрэсліваў яе будучы шлях» (В.Каваленка).
Аб'ектыўнай заканамернасцю бачацца імкненні наступных пакаленняў перакладнікаў прычасціць сучаснікаў да крыніцаў хараства, што бруяць з кожнай старонкі эпапеі Міцкевіча. I паўставалі, абапіраючыся на досвед i магчымыя ўдачы Дуніна-Марцінкевіча, новыя нацыянальныя пераклады «Пана Тадэвуша», зробленыя ў канцы XIX ст. Аляксандрам Ельскім, у 1931-1932 гг. Б.Тарашкевічам, у другой палове 1950-х гг. Пятром Бітэлем i ў сярэдзіне 1980-х - перастварэнне Я.Семяжона.
Значэнне перакладу В.Марцінкевіча ў тым, што ён з'явіўся першым перакладам эпапеі на славянскія мовы, засведчыў паспяховае станаўленне беларускай літаратуры XIX ст., прадэманстраваў глыбіню разумения ДунінымМарцінкевічам неабходнасці пошуку новых шляхоў для яе паўнакроўнага развіцця.
«Пан Тадэвуш» - паэтычнае евангелле пра нашу зямлю аднаго з прарокаў-апосталаў, пазбаўленага сваёй Бацькаўшчыны. I невыпадкова «евангелле» гэтае пачынаецца найдаражэйшым для генія радзімым словам: «Літва». «Пан Тадэвуш» - вечна жывая кветка з парыжскага бруку на шляхотную Атлантыду Бацькаўшчыны. Пра веліч той Атлантыды сведчаць сёння толькі руіны магутнага замку ў родным Наваградку. Колькі нябеснага нектару, зямнога водару, сыноўняй туп i святла ў гэтай.кветкі? Не ведаю. Спытайцеся ў жьггніх хваляў, «у лугоў духмяных, Шырока над блакітным Нёмнам разасланых», у сонца, якое штодня ўзыходзіць, як у часы Адася, з-за волатаўскіх плячэй наваградскіх узгоркаў над Вільняй, Завоссем, Рутай i Туганавічамі, над абломамі наваградскага замку, над крыжамі Наваградскага фарнага касцёлу, дзе быў ахрышчаны Адам Бернард Міцкевіч - наш зямляк, наш суайчыннік, аўтар аднаго з найцудоўнейшых твораў сусветнай паэзіі.
[1] Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, ф. 159, воп. 1, адз. зах. 997, арк. 31.
[2] Цыт. па кн.: Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў. - Мн., 1974. - С. 59.
[3] Кісялёў Г. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: Спроба навуковай сістэматызацыі дакументаў i матэрыялаў. - Мн., 1988. - С. 22.
[4] Янушкевіч Я. Прыбраны ў мужыцкую сярмягу: Да 125-годдзя першага славянскага перакладу паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш". // Маладосць, 1984, № 12, с. 160.
[5] Аддзел рукапісаў Львоўскай дзяржаўнай бібліятэкі імя В.Стафаніка АН Украіны. Сігнатура: Карл. 105/п. 3, арк. 53.
[6] Горский И. Заметки о некоторых понятиях сравнительного литературоведения // Советское славяноведение, 1982, № 3, с. 68.
[7] Як высветлена намі, праводзячы дэталёвы аналіз мастацкіх вартасцяў беларускага перакладу "Пана Тадэвуша", выкананага В.Дуніным-Марцінкевічам, польскі даследнік Юзаф Галомбак дапусціў недакладнасць у лічбавай нумарацыі радкоў перакладу з I быліцы (дзесьці ў межах 234-га i 331-га радкоў); аналагічны малюнак назіраецца i ў II быліцы (часткова з прычыны дэфектнага тэксту выдання перакладу 1907 г.). Таму прыведзеныя польскім даследнікам шматлікія прыклады адэкватнасці перакладу, здзейсненага Дуніным-Марцінкевічам, i арыгіналу патрабуюць удакладнення. Зразумела, змянілася колькасць радкоў перакладу I i II быліцаў. Так, Ю.Галомбак у I быліцы налічыў 982 радкі; у сапраўднасці ж - 977. УII - адпаведна не 794, а 800 (гл. Gołąbek J. Wincenty Dunin-Marcinkiewicz j - poeta polsko-białoruski. - Wilno, 1932. - S. 89-96).
[8] Далей у тэксце рымская лічба азначае кнігу ("быліцу"), арабская - радок арыгіналу паэмы; нумарацыя радкоў беларускага перакладу прыведзеная аўтарам.