18 красавіка гэтага года памёр вядомы віленскі юрыст і народны пісьменнік Францішак Багушэвіч.
С.п. Францішак Багушэвіч нарадзіўся ў 1840 годзе ў маёнтку Свіраны каля Вільні ў сям'і шляхетных і сярэдне заможных бацькоў. Ён скончыў чатыры гады базыліянскай школы ў Вільні, а потым перайшоў у гімназію. Пасля заканчэння гімназіі паступіў у Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт, каб вывучаць матэматыку і прыродазнаўчыя навукі. У 1860 годзе ён вярнуўся дадому, дзе неўзабаве яго паклікалі выкладаць у спецыяльна заснаваную багатым і шляхетным грамадзянінам краю Звяровічам школу для сялян ў Доцішках (Лідскі павет). У 1863 годзе паехаў у Нежын і паступіў у юрыдычны ліцэй, які выдатна скончыў.
З таго часу с.п. Ф. Б. быў юрыстам па прафесіі і заставаўся ім да канца жыцця, хоць і з некаторымі зменамі. Спачатку кандыдат на судовыя пасады, а потым следчы, ён жыў у Чарнігаўскай і Валагодскай губернях. Быў вымушаны наведваць па службовых справах велізарныя тэрыторыі і сустракацца з незлічонымі людзьмі, пакінуў пасля сябе пачэсную памяць у шырокіх колах.
У 1884 годзе ён падаў у адстаўку і пасяліўся ў Вільні. Аднак, сродкі не дазвалялі прысвяціць сябе любімым літаратурным заняткам, і ён быў вымушаны вярнуцца да працы юрыста і заставаўся ім да канца жыцця, стаўшы пераважна адвакатам бедных. С.п. Ф. Б. адразу з моманту з'яўлення ў Вільні і да свайго апошняга часу быў паглынуты жыццём і вывучэннем розных бакоў чалавечых стасункаў, асабліва адданы фальклору, пачаў літаратурныя заняткі, якімі раней займаўся толькі спарадычна і выпадкова. Але ён мала пісаў па-польску, бо хацеў пісаць у першую чаргу для людзей, якія жывуць на яго радзіме (Ашмянскі павет) і размаўляюць пераважна па-беларуску.
І вось гэты паэт толькі ў сваім прыватным жыцці цяпер стаў беларускім паэтам, паэтам унікальным у сваім родзе. Беларуская мова, як вядома, хоць і багатая, гучная і культурная, ужо больш за дзвесце гадоў сышла са шляху далейшага літаратурнага развіцця і засталася выключна здабыткам і спадчынай народа.
Таму нябожчык Ф. Багушэвіч сутыкнуўся з цяжкай задачай бо не меў ні адпаведных узораў, ні дастатковай колькасці крыніц.
Яму заставалася толькі цалкам чэрпаць з адзінай крыніцы - вуснаў народа - і належным чынам апрацоўваць атрыманы такім чынам матэрыял.
І ён так і зрабіў. Дзевяць гадоў таму выйшаў першы зборнік Мацея Бурачка "Дудка", а праз некалькі гадоў, другі -"Смык" Сымона Рэўкі з-пад Барысава. Абодва гэтыя зборнікі вельмі падобныя па форме да гавэндаў і лірыкі Уладзіслава Сыракомлі і, як і творы Сыракомлі, нясуць у сабе глыбокую павагу да народа. Тры чвэрці з іх утрымліваюць арыгінальныя творы с.п. Ф. Б. і ахутаныя тужлівым натхненнем, а таксама часта прыемным і шчырым гумарам. Гэтыя зборнікі, напісаныя правільнай беларускаю мовай, стануць манументальнымі, калі ўлічваць, што мова народа пастаянна і ўсё больш забруджваецца.
З яго друкаваных твораў дагэтуль вядомы толькі кароткі сатырычны твор "Траляляначка", прысвечаны адносінам паміж дробнымі землеўладальнікамі.
Аднак многія творы нябожчыка засталіся ў рукапісах, і ёсць надзея, што яны будуць уключаны ў новую кнігу, для якой с.п. Ф. Б. ужо прыдумаў назву. Мае быць гэта зборнік твораў "Скрыпка". Вялікай стратай для грамадства стала яго заўчасная смерць, бо ў выніку ён не завяршыў сваю манументальную працу, а менавіта "Беларускі слоўнік".
Такая праца магла б стаць падмуркам для будучых даследчыкаў мовы і ў пэўным сэнсе крыніцай, якая спарадзіла б далейшых працаўнікоў на гэтай ніве.
Таму не дзіўна, што прадстаўнікі ўсіх сацыяльных класаў прысутнічалі на яго пахаванні ў Жупранах і ў яго гонар ўсклалі вянкі на магілу нябожчыка як знак прызнання дасягненняў.
Rouba Napoleon. Franciszek Bohuszewicz // Tygodnik Ilustrowany. № 23. 9.06.(27.05.). 1900.
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
