Артыкул друкуецца паводле часопіса «Узвышша», 1927, № 4.
Беларуская мова вызначаецца сваёй агульнаю мілагучнасьцю. Мілагучнасьць гэта дасягаецца пэўнымі спосабамі, на падставе пэўных законаў. Законы мілагучнасьці мовы набываюць большага значэньня затым, што ў народнай поэзіі, у народнай мове яны зьявіліся не вьтадкова. «Сучасныя нам самыя дробныя зьявы народнай поэзіі пабудаваны на аснове, якая складалася на працягу многіх тысячагодзьдзяў» (А. Потэбня, «Мысль и язык»). Сказанае прымушае нас да ўважнага вывучэньня гэтых зьяў, гэтых законаў i наступнага скарыстаньня ix у сваёй працы. На гэты раз спынюся на некаторых паасобных спосабах дасягненьня мілагучнасьці, на прыватных выпадках мілагучнасьці нашае мовы.
Трэба адзначыць раней, што найбольш мілагучныя мовы сьвету (італьянская i ўкраінская) маюць тую асаблівасьць, што бадай заўсёды ў словах, сказах спатыкаецца роўная колькасьць галосных i зычных (1:1). Гэта пропорцыйнасьць ва ўкраінскай мове часам парушаецца, але компэнсуецца i ўроўнаважваецца асобнымі эўфонічнымі спосабамі (пераход «в» на «у» ў вядомых выпадках i г. д.).
Беларуская мова з большага набліжаецца паводле чаргаваньня галосных i зычных гукаў да згаданых моваў (1:1, 2; 1:1, 3), але ўсё-ж поўнай роўнавагі не дасягае. На дапамогу прыходзяць асабліва музычныя гукі (падвойныя мягкія зычныя, а такжа д'з'; ц'; л'; н' i г. д.), якія, спатыкаючыся ў вялікай колькасьці, надзвычайна ўзбагачаюць гукавую композыцыю. На фоне гучаньня гэтых мягкіх цьвярдыя вылучаюцца ў якасьці акомпануючых, што ў агуле i дазваляе дасягнуць найвялікшай мэлёдыйнасьці.
Але у нашай мове, як i ў іншых, часта-густа спатыкаецца зьбег галосных i зычных [1] гукаў, чым парушаецца мілагучнасьць. Першы выпадак, які азначаецца тэрмінам «гіатус», «гіат», умовімся азначаць беларускім словам жось [2], другі выпадак, які звычайна адпаведнага тэрміну ня мае, умовімся азначаць словам турэц [3].
Для зьліквідаваньня гэтых выпадкаў з цягам часу выпрацаваўся шэраг спосабаў. Спосабы гэтыя, зарэгістраваныя дасьледчыкамі нашае мовы, падаюцца часам i ў практычныя падручнікі, але, з большага, без належнага тлумачэньня або з тлумачэньнямі невыстарчальнымі.
Так, напрыклад, кажучы аб прыстаўных галосиых «а», «і» перад словамі з пачатковай зычнай «р», «л» або «в», калі за імі ідуць іншыя зычныя, акад. Е. Ф. Карскі зазначае:
«У насьледаваньне пералічаным выпадкам фонэтычнага разьвіцьця «і» перад вядомымі зычнымі гэты гук зьявіўся i перад іншымі групамі зычных, але ўжо ў якасьці прыстаўнога гуку для ўхіленьня няўдобнага зачыну слова» (прыклады - істужка, ігруша, іскрыпка, граў на йскрыпцы).
Такім чынам ясна, што гук «і» ў вымянёных выпадках зьяўляецца не выпадкова. Адгэтуль вывад, што i ў літаратурнай мове ён павінен ужывацца ў адпаведных мясцох («для ўхіленьня няўдобнага зачыну слова»). Тым ня менш, у практычнай граматыцы Я. Лёсіка спатыкаем наступнае: «Прыстаўное «і» можа зьявіцца i перад іншым зьбегам зычных на пачатку слова, напр. - істужка, іскрыпка, ігруша, ільлецца, але гэта «і» не фонэтычнае, i скарэй скажуць стужка, скрыпка, груша, льлецца [4]. У літаратурнай мове ў такіх словах прыстаўное «і» ня ўжываецца».
Можна было-б налічыць вялікую колькасьць выпадкаў, калі ў літаратурнай мове гэтае «і» якраз ужываецца. Але ня ў гэтым справа. Трэба раз назаўсёды ўстанавіць адно: прыстаўныя галосныя, прыдыханьні, падвойныя формы некаторых склонавых канчаткаў (напр., канчаткі прыметнікаў роднага склону, жаночага роду ў адзіночным ліку - «ае», «ай»...) зьяўляюцца ў народнай мове не выпадкова, а дзеля мэты ўхіленьня нямілагучных гуказлучэньняў. Калі гэткае палажэньне будзе прынята, тады можна будзе вызначыць пэўныя правілы ўжываньня тых ці іншых форм у літаратурнай мове.
На мой погляд, гэткае палажэньне спрэчак вьгклікаць ня можа. Можа толькі паўстаць супярэчаньне на падставе таго, што ўвядзеньне новых правіл у наш правапіс ускладніць i ацяжарыць яго вывучэньне. У адказ можна сказаць тое, што дэталяваньне i большая яснасьць паслужаць на карысьць, а не на шкоду.
Прыняўшы палажэньне, што прыстауныя галосныя, прыдыханьні ды іншыя формы зьяўляюцца для пазбаўленьня жосі ці турца, мы зможам устанавіць такія практычныя правілы.
1. Прыназоўнік «у». Ужываньне гэтага прыназоўніку да гэтага часу не спаткала ўгрунтаваных супярэчаньняў, i ён шырока выкарыстоўваецца ў нашай літаратурнай мове. Дрэнна толькі, што не заўсёды правільна ўжываецца ён у поэзіі. Чамусьці лічаць, што для поэзіі павінна быць нейкае выключэньне, што пасьля слоў з адкрытым канчаткам можа стаяць «у» поўнае, а з закрытым i зьмягчаным «у» нескладовае. Погляд такі памылковы. Нашы літаратары павінны пільна прытрымлівацца агульнага правіла. Што-б сказалі расейцы, каб ix поэты заместа «в» стаўлялі «у»? Гэткая зьява разглядалася-б як грубая памылка i няведаньне мовы. Тым больш павінен асуджацца адыход ад правільнага ўжываньня «у» ў нас, асабліва ва ўжываньні «ў» нескладовага пасьля слоў з закрытым i зьмягчаным канчаткам, бо такі адыход шкодна адбіваецца на гукавым успрыйманьні ды на рытме.
2. Роўналежна паўстае пытаньне i наконт слоў з пачаткам на «y», якія ідуць пасьля слоў з адкрытым канчаткам. У такіх выпадках на практыцы ў нас аднолькавасьці няма. На мой погляд, можна вызначыць такое практычнае правіла: калі пасьля «у» на пачатку слова ідуць два (ці больш) зычныя гукі [5], павінна пакідацца на пісьме «у» складовае (адна установа, хм ара ус крыл а); калі пасьля «у» на пачатку слова ідзе адзін зычны,- павінна ўжывацца «ў» нескладовае (павiнна ўжывацца) [6].
3. Некаторыя склонавыя канчаткі. Не растлумачанымі для ўжываньня зьяўляюцца два выпадкі: канчаткі прыметнікаў роднага склону жаночага роду ў адзіночным ліку, а таксама назоўнікаў i прыметнікаў творнага склону жаночага роду ў адзіночным ліку. Нашы граматыкі зазначаюць, што можна ўжываць у першым выпадку канчаткі «ае» i «ай» («ое» - «ой», «яе» - «яй»), у другім выпадку - канчаткі «ою» - «ой» («аю» - «ай», «яю» - «яй»). Я. Лёсік далучае да гэтага такое тлумачэньне: «але ў беларускай мове звычайней поўныя формы, напр.- за дурною галавою нагам няма спакою».
Тым часам, абедзьве формы павінны ўжывацца ў розных выпадках, i тут можна, па аналёгіі з папярэднімі, вызначыць такое правіла.
Тады, калі за паказанымі формамі чарговае слова пачынаецца зычным гукам, трэба даваць поўныя канчаткі. Калі слова пачынаецца галосным - трэба даваць кароткія канчаткі. Напрыклад: Беларускае Савецкае Сацыялістычнае Рэспублікі; беларускай абычайнасьці; моцнаю рукой ахапіў стан; вялікай адлегласьцю i да т. п.
4. Прыстаўныя гукі. У нашай мове ў якасьці прыстаўных гукаў бываюць «а», «і» - больш за ўсё ў пачатковым складзе пры «р», «л», «в» i «м» у тых выпадках, «калі за імі ідуць зычныя, дзеля чаго зьяўляецца перашкода пры вымаўленьні пачатковага складу» (аржышча, амшара, іржа, аўторак i г. д.). Па аналёгіі з гэтым i «для ўхіленьня няўдобнага зачыну слова» прыстаўное «і» зьяўляецца i ў некаторьгх іншых злучэньнях (істушка, ігрушка, іскрыпка ды інш.).
Што датычыцца прыстаўных галосных перад зычнымі першае катэгорыі («р», «л» j «в»), дык яны зьнітаваліся на цягу часу з асноваю i не выпадаюць ні пры якіх зьіначаньнях. Адносна прыстаўных галосных перад іншымі зычнымі (і перад «м», калі за ім ня йдуць зычныя шыпячыя, напр. «імшара») можна сказаць наступнае.
Калі папярэдняе слова мае адкрыты канчатак, прыстаўное «і» ня ўжываецца, калі закрыты ці зьмягчаны - ужываецца (белая с т у ж к а; шмат істужак; вялікая груша; на вялікай i груш ы).
5. Прыдыханьні. З гэтай катэгорыі не акрэсьленымі зьяўляюцца два выпадкі.
а) Ужываньне «й» перад «і» (йім, йікаўка, пайіла, кройіць, шыйі ды інш.). Гэткае гуказлучэньне вельмі пашырана ва ўкраінскай i нашай народнай мове. Украінцы ўвялі ў сваю азбуку адпаведную літару (?) для перадачы гэтага гуказлучэньня. Акад. Карскі кажа пра гэта прыдыханьне (і пра некаторыя іншыя) так: «характар гэтага гуку ў гаворцы адукаваных асоб бадай ня выразны, чаму на пісьме звбічайна i не адзначаецца; але ў гутарцы простага народу ён выступае больш выразна...»
Нашаю мэтаю зьяўляецца не адлучэньне гаворкі «адукаваных асоб» ад гаворкі «простага (!!) народу», а ўстанаўленьне найшчыльнейшай сувязі. Дзеля гэтага, па прыкладу ўкраінцаў, зьяўляецца конча патрэбньгм увядзеньне ў нашу азбуку літары «Ї» для перадачы вышэйзгаданага гуказлучэньня. Новая літара не ацяжарыць азбуку, а дазволіць больш наблізіць літаратурную мову да жывой мовы працоўнага народу. Калі гэта цяжка будзе ў хуткім часе зьдзейсьніць у агульна-беларускім маштабе, варта, каб часопісь «Узвышша» правяла гэтае начынаньне на сваіх старонках.
б) Другім нявыразным выпадкам зьяўляецца ўжываньне прыдыханьня «в» перад націскным «о» ў пачатку слоў. Для ілюстраваньня прывяду поўны абзац з практычнай граматыкі Я. Лёсіка.
«Калі пачатковае націскное «о» з прыдыханьнем «в» траціць свой націск, то i прыдыханьне адпадае, напр.: вокны - акно, возера - азёры, восень - асеньні, ворле - арол, вочы - ачэй, аччу i т. д. Часам прыдыханьне з націскнога пачатковага «о» пераходзіць i на «а» таго самага слова, што мела прыдыханьне, напр.: вочы - вачэй, вокны - ваконцы, возера - вазёры, востры - вастрыць, восень - васеньні i інш., але ў такіх разох «в» не фонэтычнае, i ў літаратурнай мове лепш яго ня ўжыв а ц ь..,»
Такім чынам, у разглядзе аднаго выпадку, у практычнай граматыцы спатыкаем тры палажэньні: 1) з пераходам націску прыдыханьне адпадае; 2) часам прыдыханьне пераходзіць i на «а» таго самага слова; 3) але у такіх разох у літаратурнай мове лепш яго ня ужываць.
Праўда, я ня зьбіраюся вінаваціць Я. Лёсіка ў тым, што ён супярэчыць самому сабе, але не магу не заўважыць, што для практычнага карыстаньня тут нічога пачарпнуць нельга.
Сапрауды-ж, каб прывесьці ўжываньне прыдыханьня «в» у стройную сыстэму, гэта самае можна выказаць такім чынам.
Калі пачатковае націскное «о» з прыдыханьнем «в» траціць свой націск, дык прыдыханьне ужываецца толькі ў тых выпадках, калі папярэдняе слова мае адкрыты канчатак. Напрыклад: «вялiкiя вазёры», «на вялікіх азёрах»; «ночкаю васеньняю»; «спраўляў асяніны» i да г. п. [7].
6. Сутока галосных. У жывой народнай мове, а таксама i ў народных нашых песьнях спатыкаюцца такія выпадкі, калі два аднолькавыя галосныя гукі (адзін на канцы папярэдняга слова i адзін на пачатку наступнага) нітуюцца у адзін. Акад. Карскі, разглядаючы гэтую зьяву, адмаўляецца ад катэгорычнага вызначэньня яе пахаджэньня.» - Цяжка сказаць, што фізыолёгічна адбываецца: ці гэткі гук нітуецца з папярэднім у адзін, ці, што больш пэўна, зусім зьнікае...» «На карысьць выпаданьня пэўней за ўсё гаворыць тое, што застаецца заўсёды папярэдні галосны» [8].
Гэта-ж самае зьявішча азначае i акад. Шахматаў: «Пры вядомых спрыяльных умовах, напр., у становішчы пасьля галоснай папярэдняга слова «а» гублялася; падобную страту мы адзначаем i зараз у шмат якіх украінскіх i беларускіх гаворках».
Абодва акадэмікі падаюць да сваіх заўваг шмат прыкладаў з народнай творчасьці. Адсылаючы да гэтых прыкладаў тых чытачоў, якія зацікавяцца пытаньнем, я падам толькі некалькі рознастайных прыкладаў з народнай мовы.
1. Мая збруя колічкаў ня 'бломіць.
2. Палётамі вароцячкі 'тчынілі.
3. А ў'довушкі, у 'давіцы нораў не дзявічы.
4. Н'аддаеш мяне ўсё за злотнічка,
Д'аддаеш мяне ўсё за разбойнічка.
З гэтых прыкладаў можна заўважыць наступнае: а) зьнітаваньне галосных гукаў адбываецца для пазбываньня жосі; 6) утрата галосных здараецца ня толькі ў пачатку чарговага слова, але i ў канцы папярэдняга (пр. 4); пашыраецца гэта зьявішча ня толькі на зьбег двух «а» (пр. 1 i 4), але i на зьбег двух «у» (пр. 3) i на зьбег двух розных галосных: «і» ды «а» (пр. 2). Ужо нават з гэтых нямногіх прыкладаў можна пераканацца, што мы маем справу не са зьяваю, якая завецца элізіяй [9] i не ca зьяваю, якая завецца сінэрэсаю [10]. Супроць першай гаворыць прыклад другі, супроць другой гаворыць перапынак. Зважаючы на гэта, а таксама зважаючы на вышэйзгаданае сьцьверджаньне акад. Карскага, я падаю для азначэньня гэтае зьявы слова сутока [11].
Зьява гэта, як зазначана вышэй, вельмі пашырана ў нашай народнай мове. У мове літаратурнай бадай зусім ня ўжываецца. Тым часам ва украінскай літаратурнай мове ўжываецца даволі часта [12].
Нашы поэты i пісьменьнікі павінны зацікавіцца гэтаю зьяваю з мэтай ажыцьцяўленьня яе i ў літаратурнай мове. Тым больш, што зьяўляецца яна ня штучнаю, не абмежаванаю якім-небудзь раёнам, а пашырана на ўсім этнографічным абшары ў жывой народнай мове. Скарыстаньне яе, як прыёму, на многа ўзмоцніць мілагучнасьць нашае мовы, а гэтым мы ня можам лёгкаважыць, дбаючы не пра тымчасовае, а пра сталае, дбаючы пра бязупыннае разьвіцьцё i крышталяваньне як літаратурнай мовы, у спэцыфічным значэньні гэтага слова, так i мовы агульнай.
Падаючы гэтыя кароткія заўвагі на старонках літаратурнае часопісі, я спадзяюся, што Ў першую чаргу на ix адгукнуцца літаратары i чытачы, дапоўніўшы сказанаё новымі выпадкамі, ці ласкава надаслаўшы ў рэдакцыю адпаведныя корэктывы, за што раней складаю шчырую падзяку. Не аднойчы я ў сваіх артыкулах зазначаў, што як культура наогул, так i мова разьвіваецца належным чынам пры колектыўным абмеркаваньні, асабліва пры к о л е ктыўнай практычнай праверцы выстаўленых палажэньняў. Беларуская літаратурная мова ўжо даўно перайшла мяжу саматужніцтва: яна ўваходзіць у кругабег сталага крышталяваньня, да ўдзелу ў якім мы i заклікаем усіх спрыяючых.
14 ліпеня 1927 г. Масква
[1] Зьбег зычных некаторымі поэтамі сумысьля ўводзіцца ў вершах для ўстанаўленьня натуральнага перапынку або большага падкрэсьленьня некаторых слоў. Наглядаецца гэты прыём, скажам, у Янкі Купалы («Знацца ёй досьць з беларускаю красай...»). Зразумела, што гэткім прыёмам карыстацца можна з вялікай асьцярожнасьцю.
[2] Жось - з народнай мовы, прыцішаная плынь вады na пяшчаным i ўсыпаным каменьнем дне.
[3] Турэц - прысьпешаная плынь вады, сьцісьненая з двох бакоў каменнымі стромкімі лехамі.
[4] Чамусьці, між іншым, ігноруюцца куды прыгажэйшыя народныя формы «ліецца» - «лію», «віецца» - «вію», а ўжываюцца «льлю», «ўю»...
[5] Павінен зрабіць агаворку для ўсяго артыкулу: слова «гук» ужываецца мною затым, што гутарка ідзе аб вымове. На пісьмо, калі той ці іншы выпадак разглядаецца там, мэханічна пераносіцца паняцьце «літара».
[6] Гэта-ж самае можна было б сказаць i адносна слоў з пачаткам на «і», пры пераходзе «і» на «й». Чамусьці перад 1-ай акадэмічнай конфэрэнцыяй Інстытуту Беларускае Культуры i на конфэрэнцыі многія выказваліся супроць такога пераходу. Тым часам ігнораваньне гэтага выпадку не пасуе з духам нашае мовы, у якой часам нават «я» («йа») пераходзіць у «й» («зялёнаю аліваю вочы йму заліта» - Рам., т. I, ч. I, № 55). У кожным разе нашы поэты, незалежна ад напісаньня, павінны ўлічваць гэты пераход пры рытмічнай композыцыі. Што датычыцца злучніка «і», дык у адпаведных мясцох (пры пералічэньні i да г. п.) ён можа, для пазбываньня жосi, замяняцца на «ды» i «а» (хадзіла ды аглядала; вельмі а вельмі i г. д.).
[7] Рэшта дробных выпадкаў, падначальваючыся пададзеным вымогам, пры ўжываньні спрэчаи выклікаць ня будзе. Так, напрыклад, прыслоуе: калісьці - калісь, чамусьці - чамусь, кудысьці - кудысь, або нявыразныя выпадкі ўжываньня прыцятых «трэба» (трэ') i нават (на'т). Апошняя форма, мне здаецца, у прыцятым выглядзе павінна ўжывацца тады, калі наступнае слова пачынаецца апошнім складам папярэдняга (трэ' было; на'т вады няма i г. д.).
[8] «Белорусы», т. II, в. 1, ст.ст. 321-325. Цікава тое, што, падаючы такое катэгорычнае сьцьверджаньне «застаецца заусёды папярэдні галосны». Карскі супярэчыць ня толькі фактычнаму становішчу, але i сваім уласным запісам, вынятак з якіх я падаю далей (гл. прыклад 4-ы).
[9] Элізія - выпадзеньне галоснага ў сярэдзіне ці ў канцы слова, калі чарговае слова пачынаецца тым самым кароткім галосным (у нашых умовах над кароткім будзем умоўна разумець ненацісковы галосны гук).
[10] Сінэрэса - сьцягненьне двух галосных у адзін складок.
[11] Сутока - месца, дзе зьліваюцца дзьве ракі, прычым часта-густа немагчыма адрозьніць, якая зьяуляецца галоунай, а якая прыточнай.
[12] Напрыклад, у Павло Тычыны: «Одне д'одного словамі промовляли» («Соняшні кларнети», выд. 3, ст. 58); Три сини вояки, да не 'днакі» («Вітер з Украінй», ст. 17); «Що 'дин за бідннх» (тамжа, ст. 17); «Зробили трон, молебня 'дправили» (тамжа, ст. 43); «Тупу на 'днім місці, тупу» (тамжа, ст. 75) I г. д.
Як агульна вядома, надобная зьява вельмі пашырана у некаторых заходняэуропейскіх (французская, італьянская) літаратурных мова x, дзе тлумачыцца в ыключна дасягненьнем большай мілагучнасьці.