У 1385 г. палякі ахвяравалі Вялікаму Князю Літоўскаму Ягайлу польскую карону разам з рукою маладой каралевы Ядвігі. Узамен за гэта Ягайла абяцаў прылучыць Вялікае Княства Літоўскае да Польшчы i ахрысьціць у каталіцкай веры этнічных літоўцаў, якія былі яшчэ паганамі. Спроба зьніштажэньня палітычнай незалежнасьці Вялікага Княства спаткалася з моцным супрацівам, i яе прышлося пакінуць. 3 другой стараны, устанаўленьне Каталіцкай Царквы прайшло пасьпяхова, i ўжо ў 1387 г. Вільня мела свайго каталіцкага япіскапа.
Паяўленьне Каталіцкай Царквы ў Вялікім Княстве спачатку не датычыла беспасрэдна беларусаў, якія ўжо ад канца X ст. былі праваслаўнымі. Хутка, аднак, i сярод ix зьявілася невялікая група каталікоў, асабліва ў асяродзьдзі, блізкім да Вялікага Князя. Пасьля каталіцкія манахі францішканцы пачалі весьці пастырскую (і часта палянізатарскую) дзейнасьць сярод беларускіх мяшчанаў у вялікіх гарадах. Так, напрыклад, ужо ў канцы XV ст. існаваў у Полацку францішканскі манастыр.
Спачатку маладая Каталіцкая Царква ў Вялікім Княстве мела патрэбу ў падтрымцы з боку палякаў. Паколькі, аднак, беларускія i літоўскія каталікі не адчувалі асаблівай сымпатыі да палякаў, a некаторыя ставіліся да ix проста варожа, дык адразу вынікла патрэба як найхутчэйшага ўзгадаваньня собскіх сьвятароў.
Дзеля гэтага беларускія i літоўскія юнакі пачалі наведваць заходняэўрапэйскія ўнівэрсытэты. Унівэрсытэт у Празе Чэскай быў першым лягічным выбарам з прычыны сваей блізкасьці, a таксама таму, што ў тым часе між Вялікім Княствам Літоўскім i Чэхіяй існавалі цесныя прыяцельскія адносіны. Польская каралева Ядвіга, жонка Ягайлы, залажыла ў Празе ў 1397 г. "літоўскую" калегію, купіўшы для гэтай мэты дом, які называўся "Ерусалім" [1]. Гісторыя гэтай установы i яе роля ў узгадаваньні беларускага i літоўскага духавенства амаль яшчэ ня вывучаныя. У кожным выпадку, у палове XVст. ужо некалькі дзясяткаў студэнтаў з Вялікага Княства скончылі Праскі ўнівэрсытэт [2]. Сярод ix найбольш слаўны быў хіба "Мацей з Вільні", будучы віленскі япіскап (1423-1453), ведамы з сваіх антыпольскіх настрояў. У другой палове XV ст. лік студэнтаў з Вялікага Княства Літоўскага ў Празе памянша- ецца з прычыны пашырэньня там гусытызму.
Другім месцам навукі быў адноўлены ў 1400 г. Ягайлам Кракаўскі унівэрсытэт. Шматлікія беларускія i літоўскія паны, якія з падазрэньнем адносіліся да польскіх палітычных махінацыяў, падтрымоўвалі гэты ўнівэрсытэт, бо лічылі за карыснае мець блізка ад сваей Бацькаўшчыны асяродак вышэйшай асьветы.
У другой палове XV ст. назіраецца пэўная зьмена ў характары студэнтаў, i сярод ix усё часьцей спатыкаюцца ня толькі кандыдаты да духоўнага стану. Іx можна было спаткаць ня толькі ў Празе i Кракаве, але i ў іншых гарадах заходняй Эўропы. Найбольш слаўным з гэтых студэнтаў быў, без сумніву, Францішак Скарына з Полацку, беларускі першадрукар, які атрымаў ступень бакалаўра вызваленых навук у Кракаве, доктара вызваленых навук на няведамым унівэрсытэце i доктара мэдыцыны ў Падуі ў 1512 г. Вельмі магчыма, што такім студэнтам быў таксама Ян з Літвы, які між 1480 i 1483 г. жыў у Лёндане, дзе залажыў друкарню i выдаў некалькі кнігаў, пераважна ў галіне права [3].
У XVI ст. ужо існаваў звычай сярод беларускіх знатных сем'яў высылаць сваіх сыноў на навуку заграніцу. Аднак ня ўсе юнакі мелі нахіл да акадэмічнай кар'еры. Некаторыя з ix паступалі на службу нa розных дварах заходняэўрапэйскіх уладароў. Гэты звычай асабліва распаўсюдзіўся пры Боне Сфорца, італьянскай жонцы Вялікага Князя Жыгімонта Старога (1506-1548) [4],і прадаўжаўся пасьля яе сьмерці. Тодар Еўлашоўскі (1546-1604) успамінае ў сваім "Дзёньніку", што ягоны сын Якім быў на службе ў князёў Гондзага ў Мантуі [5]. Якуб Грасэр, які выдаў у 1615 г. у Базэлі кнігу "Аб абычаях татараў, літоўцаў i маскалёў" Міхалёна Ліцьвіна, у пасьвячэньні гэтай кніп князю Аляксандру Пронскаму (які сам тады вучыўся ў Базэлі) піша, што бацька гэтага апошняга "... правёў заграніцай амаль усе гады свайго юнацтва i маладосьці... i калі дасягнуў сталага веку, ён павёз на паказ свае цноты на двор францускага караля Карла IX, быццам на вялікі сусьветны тэатар" [6].
З узмацненьнем кантактаў пачалі паяўляцца беларускія тлумачэньні заходніх літаратурных i рэлігійных твораў. Сярод ix немалую цікавасыдь прадстаўляе беларускі тэкст лацінскай імшы пад назовам "Як се м'ша чтеть римским бычаем матце божіей". Тлумачэньне, відаць, было прызначанае ў першую чаргу для сьвецкага верніка, бо ў ім апушчаны ўсе малітвы, якія сьвятар гаворыць ціха. Сабалеўскі, які першы апублікаваў тэкст, адносіць яго да паловы XVст. Паводля яго, беларускае тлумачэньне было зробленае не беспасрздна з лацінскай мовы, але з ужо існаваўшага чэскага тэксту [7]. Таксама з чэскай мовы была ператлумачана прыблізна ў тым самым часе, магчыма на загад Сонькі Гальшанскай, чацьвертай жонкі Ягайлы, "Песьня песьняў".
Няма нічога дзіўнага ў тым, што першыя тлумачэньні былі зробленыя з чэскай мовы, калі ўзяць пад увагу цесныя беларуска-чэскія культурныя сувязі, якія існавалі ў тым часе. Бязумоўна, яны не агранічаліся да літургічных i біблійных тэкстаў. Сярод іншых заходніх твораў, якія трапілі на Беларусь цераз Чэхію, варта адзначыць "Повесьць аб Сывільле Прарочыцы" i "Повесьць аб Тундалю". Бацькаўшчынай гэтай апошняй была Ірляндыя XII ст. У повесьці гаворыцца аб рыцару Тундалю (у беларускім перакладзе яго імя пішацца Таўдал) "роду словутного, але дел велми недобрых, по телу витяжный a велми смелый, a o спасеніи своея душа мало або ничего несмотряше". Вось гэты рыцар, калі аднаго разу гуляў у доме свайго прыяцеля, упаў у глыбокі сон, у якім ён прабыў тры дні. У міжчасе ягоная душа выйшла з цела, i ангел павёў яе па пекле i чысьцьцы, паказваючы розныя страшныя мукі грэшнікаў. Вось, для прыкладу, апісаньне адной з такіх мукаў:
"Отидоста не меюще жадное светлости нижли от ангела. И пріидоша да долу прелиш грозного a велми темного, a тот бяше велми глубокій a полон горящого ўглія, a на том долу покрывало железное толстотою пядесять локоть, a то своею горкостю примогаше. Ту бяше от того покрывала такій смрад, i што бяще душа терпела всех мук, премогал тот смрад. A в тот дол грозный, что под покрывалом идяху много души грешных, a натом покрывале горящем паряху ix, якобы оскварок в панви. С того всего еще бяше наигорше, иже скрозе то покрывало цедяху тіи души, яко воск скрозе плат цедят. Апять там ся обновляху во огни к мукам. Тогда ангел к душе рече: та мука есть враждебников приготована отцов a брати a иным тым, которыиже даремно поволне враждуют делом".
Калі Тундаль абудзіўся, ён прызваў да сябе "брата Марка" i расказаў яму ўсё, што бачыў, a той запісаў ягоны расказ па лаціне.
"Повесьць аб Тундалю" была шырока ведамая ў сярэдніх вякох у заходняй Эўропе, асабліва пасьля таго, калі ў палове XIII ст. Vincent de Beauvais уставіў яе ў сваё "Speculum Historiae". Яна была ператлумачаная на розныя мовы, у тым ліку i на чэскую. З чэскага тэксту быў зроблены беларускі пераклад, праўдападобна ў другой палове XV ст. Захаваўся няпоўны паасобнік, частку якога выдаў Брукнэр у 1891 г. [8], зазначаючы, што "тое, што мова ёсыдь беларуская, або літоўска-руская, мова Скарыны i яго сучасьнікаў, не патрабуе асаблівага доказу" [9].
"Сказаніе o Сивіле пророчици" належыць да ліку г. зв. псэўда-прароцкіх кнігаў. Пачынаецца твор расказам аб тым, як "за мудрого царя Саломона беяше пророчица звездарка именем Сивилла, a та бяше велми мудра... и бяше красна, a богата, але едину ногу на подобенство гусину ногу мела". Яна чула аб мудрасьці Салямона i вырашыла адведаць яго. Салямон прыняў яе вельмі ветліва, але адмовіўся гутарыць перад абедам. Калі яны ішлі разам у палац, ім прышлося перайходзіць цераз "адамава дрэва". Салямон перайшоў, але Сывіла ўстрымалася. I вось "в тот час стал ся есть див от Бога, иже Сивилле гусина нога есть была уздравлена". Салямон бачыў усё гэта, але не сказау ні слова i толькі пасьля абеду запытаў: "Сивилло повеждь, что еси то уменила, иже еси со мною через тое древо не шла". Сывіла адказала: "Ведай царю, иже ся маеть дитя ис тебе на тонто свет народити з девы, a маеть умрети на том древе". Тады на просьбу Салямона яна пачала адкрываць яму будучыню, гаворачы аб нараджэньні Хрыста, аб лёсе жыдоўскага народу, аб паяўленьні Антыхрыста, другім прыходзе Хрыста i аб канцы сьвету. Сярод адзнакаў гэтага апошняга здарэньня няцяжка распазнаць нямецкія сялянскія бунты i пачатак рэфармацыі. Паколькі падобныя "прароцтвы" паяўляліся звычайна пасьля факту, дык "Сказаньне аб Сывіле" трэба аднесьці да першай паловы XVI ст. Карскі, які першы апублікаваў тэкст "Сказаньня", думаў, што беларускі пераклад быў зроблемым з сэрбскага арыгіналу [10]. Аднак Фляроўскі, пасьля параўнаньня беларускага тэксту "Сказаньня" з двума падобнымі але не ідэнтычнымі чэскімі, прыйшоў да перакананьня, што арыгіналам для яго паслужыў чэскі тэкст, сяньня загублены [11].
Чэская мова ня была адзінай, з якой беларусы рабілі свае пераклады. Некаторыя творы былі ператлумачаныя беспасрэдна з лацінскай мовы. Такім ёсьць, напрыклад, "Жыцьцё Аляксея чалавека Божага". Беларусы былі знаёмыя з гэтай легендай яшчэ ў XI-XII стст., аднак новы пераклад быў зроблены ў другой палове XV ст. з лацінскага тэксту, які знайходзіўся ў "Legenda aurea lacobi de Voragine" [12]. Гісторыя маладога знатнага рымляніна Аляксея, які ў хвіліне свайго найбольшага зямнога шчасьця пакідае ўсё i праводзіць рэшту свайго жыцыця жабраком, жывучы доўгі час непазнаны пад сходамі ў доме свайго бацькі, цешылася вялікім посьпехам сярод беларусаў i дала пачатак шматлікім духоўным песьням.
Другім творам, пераведзеным з лацінскай мовы, была "Повесьць аб трох каралях" [13]. Назоў арыгіналу ёсьць "Liber de gestis ас trina beatissimorum trium regum translatione", i напісаў яе нямецкі кармэліцкі манах Johannes von Hildesheim (прыбл. у 1375 г.). У асноўным гэта расказ, поўны легендаў i фантазіі, аб трох каралях, якія, ведзеныя зоркаю, прышлі ў Бэтлеем пакланіцца нованароджанаму Хрысту. Іхнюю бацькаўшчыну аўтар называе "Індзіяй", уключаючы ў яе такія краіны, як Нубія i Тарсіс. Пасьля пакланеньня каралі вярнуліся дамоў, i шмат гадоў ласьля яны былі ахрышчаны сьв. Апосталам Тамашом i нават сталі архіепіскапамі. Другая частка кнігі расказвае аб тым, як сьв. Галена знайшла ў IV ст. іхнія мошчы i прывезла ix у Канстантынопаль. Адтуль яны былі перавезеныя ў Мілан i наканец знайшлі свае апошняе месца адпачынку ў Кэльне. Канчаецца кніга апісаньнем абычаяў розных народаў, зьвязаных з кулыам трох каралёў i пахвалаю гораду Кэльну. Гісторыя перапоўнена багацьцем апісаньняў розных мясыдінаў i здарэньняў. Некаторыя з гэтых апісаньняў ёсьць зусім фантастычныя, іншыя маюць падабенства праўды, як напрыклад, апісаньне ясьляў, куды Багародзіца палажыла нованароджанага Хрыста:
"Да теж у ведоме маеть быти, иже во всих сторонах усточных есть обычаи, иже во всих стаинях суть многіе іаслі деревяне и каменые, да кажныи іаслн суть на трех ступенех на должину так иже кажныи кон албо осел маеть свае апрышные іасли; да такое одны іасли от стародавна ешо там былі зосталі, у которыеж панна Маріа сына своего склонила".
Ня менш цікавымі ёсьць апісаньні абычаяў розных народаў, зьвязаных з культам трох каралёў. Вось, для прыкладу, абычаі грэкаў (г. зн. праваслаўных):
"Попове грецке суть жонаты, a носяць долге волосы да не верать, штобы святым Дух от отца и сына походил, але толко от отца. Теж не верать, штобы чистець был; да тыми члонки от церкве римске суть отделены. Да коли мшу держати хотять, тогды вырежуть с кислого хлеба гостію албо оплаток на чотыри углы на посвященіе да тую гостію кладуть на блюдечко золотое албо серебреное, да наверх положать звезду какбы сковорода загнутую, накривши чистым платьем, да по оферторыи уздоимуть блюдо с оплатком и звездою наверх головы, и с кадильницами и свечами з велікою пилностію почтивостію несуть через церковь аж до олтаря. Тогды весь люд падуть на землю на лице свое, да то чинять на знамя, занюж три короли Господа ис дары искали, которые звезда аж до ясел проводила, да там падше землю пред ним целовали..."
"Повесьць аб трох каралях", з сваім багацьцем вестак аб дзіўных краінах i здарэньнях, павінна была быць вельмі цікавай для сярэднявяковага чытача, задавальняючы ягокую прагу няведамага i незвычайнага. Таму няма нічога дзіўнага, што яе тлумачылі на розныя мовы, сярод якіх была i беларуская.
Беларускі пераклад "Повесьці аб трох каралях" быў зроблены, напэўна, у другой палове XV ст. Да гэтай самай пары трэба аднесьці іншы твор заходняга паходжаньня "Мукі Хрыстовы" [14]. Лацінскі арыгінал "Мукаў" ня знойдзены, i Карскі склонны думаць, што беларускі тэкст зьяўляецца не перакладам, але кампіляцыяй няведамага беларускага аўтара з розных лацінскіх апакрыфічных крыніцаў яшчэ дакладна не ўстаноўленых, хоць адной з ix было, напэўна, г. зв. "Евангельле Нікадзіма" [15]. Мова "Мукаў Хрыстовых", як i мова "Повесьці аб трох каралях", мае досыць шмат палянізмаў. Гэта зразумела, калі ўзяць пад увагу, што аўтар твору быў беларускім каталіком, які, магчыма, правёў шмат часу ў Польшчы, a можа, нават там вучыўся. Няма, аднак, асновы цьвердзіць, як гэта робіць Брукнэр, што беларускі тэкст зьяўляецца перакладам з нейкага няведамага польскага арыгіналу [16]. Пачынаецца расказ тым, як Юда пайшоў да жыдоўскіх сьвятароў i запрапанаваў выдаць ім Хрыста. Жыды абяцалі яму за гэта трыццаць сярэбраных грошаў. Юда згаджаецца i чакае, пакуль ix яму прынясуць. Вось-жа гэтыя сярэбранікі ня ёсьць звычайныя, але тыя самыя, за якія некалі сыны Якуба прадалі свайго брата Язэпа ў ягіпскую няволю, "которыя пенязі колько тысящи лет у скарбех их лежали замкнутые, занюж тые пенязи от братов Езопа, через отцев старого закону исходяче от одного до другого, дивно неразлучены прешли до Соломона, коли церков божью будовал, да через того Соломона ў скарб были уложоны и схованы так долго аж до преклятого Юды пришли, коли милостивого Бога за них продал".
Узяўшы грошы, Юда сказаў жыдом: "Я вам обещал есмы того выдати a хочу тое рад учинити. Протож коли будете хотели имати Іисуса, штобы есте не изымали Якова, за нюж подобны суть собе у виденьи. Протож поиду я перед слугами вашими, да то им за знамя даваю, которогонь коли поцелую, того нехаи зымають, да безпечне поведуть. Але то собе вымовляю, хотя бы так ушол албо убегл слугам вашим, штобы однаково у менежь пенезм зостали, штобы ми есте не отимали".
Далей ідзе адступленьне, у якім апісваецца агіднасьць учынку Юды. Між іншым, там ёсьць такі зварот да Багародзіцы: "Маріа матухно милостивая, што бы ты ведала иже сын твой скарб небесныи за так марные пенязи мел продан быти, верно бы была бежала дом от дому просячи и жебруючи, a тую тридцать пеназни збираючи, Июде преганебному дала бы еси была, a твоего милого сына выкупила бы еси от его мошны".
Зрабіўшы сваю справу, Юда вяртаецца ў Бэтанію. Там спатыкае яго Багародзіца, якая, нічога не падазраючы, "паздравила его велми ласкаве, привитала его рекучи: O милым приятелю, што еси там в Ерусолиме o моем сыне чувал албо слышал. Юда отповедал: Все добро деется, наимилеишая госпожо, не бомся ничого".
Наступна ідзе расказ аб тым, як Хрыстос падрыхтоўваў Багародзіцу да сваей мукі крыжовай сьмерці i як яна прасіла яго ня ісьці ў Ерузалім, прызываючы на помач Марыю Магдалену i нават архангела Гаўрыіла. Але ўсё гэта дарэмна: Хрыстос ідзе ў Ерусалім, дзе пасьля апошняй вячэры яго арыштоўваюць, судзяць, мучаць i прыбіваюць да крыжа. Багародзіца ўсюды знайходзіцца блізка Хрыста, i яе цярпеньні i перажываньні апісваюцца вельмі абшырна. Вось, для прыкладу, плач Маці Божай пры крыжы:
"Протож милостнвая матка плакала рекучи и говорила плачуим: Сыну мой сыну наимилеишіи, и кто ми дасть иж бы я умерла за тебе. Беда мне бедницин, што учиню, сыну мои милыи, не опускам мене, але утягни мене за собою абых я умерла с тобою, штобы ты сам не умерл, нехам умреть тая твоя матка. O бедная смертм, не препускаи и мене, бо ты ныне теперь сама надо вси речи люба еси, вси силы удручи матку, матку ни сыном умучи посполу. Сыну солодкости единения, питомыи пребыток мом, радость живота моего, потехо душе моее, учинь то, што бых я умерла с тобою, которая на смерть породнла есмы тебе. O сыну мом наимилеишии, узнаи бедную матку свою, a выслухаи молитвы моее, слушаеть бо на сына выслухати матки опушеное. Выслухаи мя, прошу тя сыну милыи, да прими мене на свои крест, штобы, которые в одном теле живуть, да одною се милостію милують, одною бы смертию загинули".
Другая частка пачынаецца паўтарэньнем расказаў аб муках Хрыста, хоць тут ужо Багародзіца адсоўваецца на другі плян. Далей гаворыцца аб зыходзе Хрыста ў пекла i ўваскрашэньні душаў праведных, паводле сьвядоцтваў двух уваскросшых братоў Карынуса i Ленцыюса, сыноў Сымона Богапрыімца. Ёсьць тут таксама памешчанае пісьмо Пілата да Тыбэрыя i расказ аб далейшым лёсе Язэпа Арыматэйскага. У канцы знайходзіцца заўвага, што ўсё гэта напісаў Нікодым па-жыдоўску. Гэта навяло на думку першых дасьледнікаў, быццам "Мукі Хрыстовы" ёсьць ня шго імшае, як беларускі пераклад апакрыфічнага "Нікодымавага Евангельля". У сапраўднасьці-ж гэты твор быў толькі адной з крыніцаў, якой карыстаўся беларускі складальнік. Дакладнае вывучэньне ўсіх іншых крыніцаў чакае яшчэ свайго дасьледчыка.
У палове XVI ст. Польшча сталася важным пасярэднікам у перадачы заходняй літаратуры на Беларусь. Многія заходнія творы перш тлумачыліся на польскую мову, a тады з польскай на беларускую. Адным з такіх твораў былі "Рымскія Дзеі". Гэта быў збор кароткіх апавяданьняў маральнага характару, узятых быццам з рымскай гісторыі, якія, аднак, у сапраўднасьці, акрамя назоваў i імёнаў герояў, мелі вельмі мала супольнага з ею. Пачатак твору трэба шукаць у кнізе гішпанскага сьвятара Пятра Альфонса "Disciplina Clericalis", якая паявілася ў XII ст. У XIII ст. кніга атрымала свой канчаткавы назоў "Gęsta Romanorum" i сталася вельмі папулярнай у ўсёй Заходняй Эўропе, асабліва ў Англіі. Польскае тлумачэньне зьявілася друкам у 1553 г., i да яго была далучаная "Гісторыя аб Апалёне каралю Тырскім". Гэта была грэцкая аповесьць з III ст., арыгінал якой загінуў i якая была ведамая ў Заходняй Эўропе з лацінскага тлумачэньня, зробленага ў VI ст. У часе Рэнэсансу зацікаўленьне гэтай аповесьцю зноў ажыло. У 1457 г. быў зроблены чэскі пераклад, які паслужыў прыкладам для польскага. Героем аповесыді ёсьць Апалён, кароль тырскі, які разгадаў грэшны сакрэт магутнага караля Антыёха i быў змушаны ўцякаць ад гневу гэтага апошняга. Ен пацярпеў шмат няшчасьцяў, сярод якіх самымі большымі былі страта жонкі i дачкі. Наканец, аднак, ён знайшоў ix жывых у амаль цудоўны спосаб, a таксама атрымаў назад сваё каралеўства разам з каралеўствам свайго ворага Антыёха. Вывад повесьці ясны: цнота заўсёды атрымоўвае сваю нагароду.
Беларускі тэкст "Рымскіх дзеяў" зьяўляецца тлумачэньнем з польскага выданьня 1553 г., хоць гісторыя аб Апалёне крыху розьніцца ад польскай вэрсіі [17]. Абодва творы былі прызначаныя для рэлігійна-маральнага чытаньня. Мова
ix ёсьць вельмі блізкая да царкоўна-славянскай, толькі з некаторымі беларускімі асаблівасьцямі. Вось, для прыкладу, апісаньне морскай буры, у часе якой загінуў карабель Апалёна:
"... Апполон велел приправить корабель, хотяше плыть до пентаполя, и всяде в него и дался ветром, a как уже десять дней плыл по морю, поветріе же ему пременилось против полуденному ветру, и воста сполуноши ветр... волны взяли корабль на себе и начаша им яко пилою метати, едина волна до другой подаваючм его, дондеже некоторая ина болшая волна припадше поднесла и подняла корабль на себе и разорвала его, так что ни едмна доска со другою не осталась, сребро же и злато летело на дно моря, ризы и иныя приправы другія по морю поплыли, и людіе все потопоша. Тогда Апполон ухватил доску, нача держатнся ея и плыл на ней целыя три дни и три нощи. В четвертыи же день увидел некоторого рыбника, a он ловит рыбу, и нача к нему вопити, глаголя: O человече приближися ко мне, и даи живот утопающему и помози утрудившемуся".
Пад канец кнігі апісваецца спатканьне Апалёна з дачкой Тарсіяй. Апалён, які думаў, што Тарсія даўно ня жыве, не пазнае яе. Тарсія таксама не пазнае свайго бацькі. Яна просіць Апалёна адгадаць некалькі загадак. Вось адна з ix:
"Рекла Тарсія: что есть сей дом: сіе есть дом в ризах не ўбогій, гости и господарь в нем нагіи и тамо веш в руце держит, a встыду не умеют. Огонь и воду в нем продают, a уних то даром дают. Отповедал ей Апполон: дом есть лазня, сім есть баня, в ризах не убогій, a в нем гостии господарь бывают нагіи, веш, есть веник..."
Выглядае непраўдападобным, каб грэкі парыліся ў лазьні з венікамі! Тут, напэўна, беларускі перакладчык уставіў нешта сваё.
Другая аповесыдь, ператлумачаная з польскай мовы на беларускую, была "Исторыя o Атыли короли угорском". Аўтарам гэтай кнігі, напісанай у лацінскай мове, быў прымас Вугоршчыны Мікола Олях, архіепіскап Стрыгонскі, ведамы гуманіст i прыяцель Эразма Роттэрдамскага. Польскае тлумачэньне, зробленае Цыпрыянам Базылікам, паявілася ў 1574 г. i было ператлумачанае на беларускую мову хутка пасьля гэтага. Аўтар "Гісторыі аб Атылі" Меў на ўвеце напісаць гістарычны твор, але гэта яму не ўдалося. У сапраўднасьці, ягоная кніга гэта гістарычны раман, дзе сапраўдныя факты пераплятаюцца з легендамі i выдуманымі выдарэньнямі. У прыватнасьці тут пераплеценыя легенды заходнеэўрапейскія, якія прадстаўляюць Атылю як ворага i мучыцеля Царквы, i германска-гунскія, якія стараюцца зрабіць з Атылі героя, прычым гуны тут утоежсамліваюцца з вугорцамі. Да стварэньня геройскага вобразу Атылі дапамагла легенда, быццам ён у сваім паходзе на Эўропу выконаў пэўную, даную яму ад Бога, місію. У Францыі Атыля спаткаў аднаго пустэльніка, які яму сказаў:
"... Ведай o том, иж Бог будучы злостями люду своего раздражиеныи, которы, видечы иж от справедливости и от правдивое веры до непобожности ся наклонилин лыхою... хотечы их до скромности, покоры, мерности, справедливости, милости сполном a до сполного покою... и до справедливого жывота за твоим побуждением прывести меч свои тепер в руки твои дал, бо ты есть бич божыи на каране выступков люду хрестяиского посланы".
Атылі гэтага толькі было трэба, i ён быў рады выконваць ролю "біча божага". Не заўсёды гэта, аднак, яму ўдавалася, i часам ласкавасьць i пакора добрых пастыраў Царквы перамагалі ягоную лютасьць. Такім чынам, калі Атыля прыбліжыўся да гораду Труа:
"... тых тэды Трэков албо Троем бискуп, што его звано Люпус, то ест волк, человек святобливого жывота, убравшыся уводенье бискупе, з множеством духовных особ вышол протинв Атыли прыежджаючому. Тот, учынившы прыстоиное поздровене, пытал Атыли, што бы был зач, иж так много королев звытяжывшы, народы и люди поразившы, места збурывшы все моцью под свою моц подбивает. Которому Атыля отказал: Я естэм король угорскии, бич божыи, которых слов Люпус улекнувшы ся рекл: A хто ся бичови Бога моего опреть, абы ся над кождым, над ким хочеть, гневити не мел? Под же тэды, як поведаеш, бичу Бога моего, едь где хочеш, все тобе яко слузе божому, чому ся я зборонити не буду, послушно будеть.
Казал потом брамы местские отворыть a Атыли, держечы под нім коня за поводы, з великои учтивостю впровадил, которым албо поволностю a укладностю оного бискупа будучы звитяжоныи, або тэж з воли божое не учынившы жадное шкоды и крывды никому, зо всими воиски своими через место едучы другою броною з места выехал".
У падобны спосаб Атыля паслухаў намоваў папы рымскага сьв. Льва Вялікага, які выйшаў яму насустрач, i прасіў ня браць i не бурыць Рыму. Расказ аб гэтым здарэньні канчаецца такім чынам:
"Оттуль же уросла была кунштливая прыповесть у его жолнеров, иже Атыля большеи ся бонть диких зверат самых толко прозвищ, нижли збромного воиска, поневаж у Францыи над волком, a в Влохах над ильвом не ужывал своего панованя".
Мова "Гісторыі аб Атылі" ёсьць перапоўненая палянізмамі. Гэтага ня можна сказаць аб двух іншых творах з таго самага часу гісторыях аб Трыстане i Ізольдзе i аб Баве. Гэтыя два сярэдневяковыя творы належаць да разраду любоўна-рыцарскіх раманаў, i яны былі шырока ведамыя ўва ўсей Заходняй Эўропе. Ведамыя яны былі таксама i ў Італіі, адкуль трапілі ў канцы XV ці ў пачатку XVI ст. у Сэрбію. Беларускія тлумачэньні былі зробленыя з сэрбскіх тэкстаў, якія цяпер загінулі.
Аповесьць аб Трыстане i Ізольдзе ёсьць цэльтыцкага паходжаньня, але канчатковае літаратурнае апрацаваньне атрымала яна ў Францыі ў палове XII ст. Галоўнай тэмай яе ёсьць трагічнае каханьне, мацнейшае за ix саміх, між рыцарам Трыстанам (па-беларуску Трышчан) i "краснай Іжотай", жонкай караля карнвальскага Марка, дзядзькі Трыстана. Сярэдневяковы аўтар здаваў сабе добра справу з далікатнасьці паложаньня ягоных герояў, i таму ён пастараўся даць выясненьне, якое, паводле яго, задавальняла-б пытаньні маральнага парадку, a менавіта, што каханьне між Трыстанам i Ізольдай нарадзілася не з іхняй віны, a таму што аднойчы яны незнарок выпілі "милостного питя" думаючы, што гэта звычайнае віно, i пасьля гэтага "еще не допившы кубков впали межы собою у великую милость, аж м до жывота своего один другого не оставил".
Наагул у аповесьці аб Трыстане i Ізольдзе зьвяртаецца больш увагі на каханьне чым на рыцарскія справы. Аднак i каханьне не трактуецца вельмі сур'ёзна, як можна бачыць хоць-бы з імцыдэнту з карсілём Маркам, які прайграў у шахматы сваю жонку Ізольду рыцару Палмідзежу, які таксама яе кахаў:
"Король Марко исполнил сердцэ веселем и велел прынести шахы, рек Палмидежу, абы мграл с нм. A колн селп нгратн, рек король Палмидежу: Так ти я говору, рыцэру, што нихто ся мне не противит в шахы играти. Рек Палмидеж: я вем королю, што если пан хитры, але коли хочеш игратм o тое, которыи с нас выиграет, по што ся его рука хватит, нехаи собе озмет. И на то оба прызволили, и выиграл Палмидеж и рек: Королю Марко корновальским, ты-с рек, хто-бы вам поведал o животе девки Брагини, по што бы того рука сягнула, то нехан возме; a еще еси рек, хто бы з нас кого в шахы поиграл, за што се рука его хватит, нехаи озметь. Даи мне красную Ижоту, a я тобе дам девку Брагиню!.. Король Марко, велми был весел и рек однои девце: Поиди, мов Ижоте: Нарежаи ся, поехати маеш з Палмидежом... A так прышла цудная Ижота пред короля, и рек корол Марко: Рыцэру, ото-ж ти паня".
Аповесьць аб Баве, якая, напэўна, паўстала недзе на гранічных землях між Францыяй i Нямеччынай, носіць крыху іншы, больш рыцарскі характар. Пачынаецца яна такім чынам:
"Яко писмо говорыт: добрыи мужу, Бог ти будь на помоч и вховаи тя от смерти и от злое прыгоды! Хочу вам поведати добрую повесть o Кгвидоне антонском княжати и o ero сыне, o великом и славном рыцэру Бове. Тот Кгвидон храбры конник был, але одну рэч зле вчынил, иж вчас жоны не понял, a коли вже стар был, тогды понял жону з великого племени, и она его не мела ни за один пенез".
З гэтага неразумнага сужэнства нарадзіўся сын Бава. Але маладая жонка ўзьненавідзела мужа i забіла яго з дапамогай свайго любоўніка. Яна хацела забіць таксама свайго сына Баву, але той у свой час уцёк. Далей ужо ў расказе гаворыцца аб прыгодах Бавы: як ён папаў у палон i быў праданы каралю Арменіду, a пасьля, стаўшыся вольным, ажаніўся з каралеўскай дачкой Дружненай; як лёс ix пасьля разлучыў i як пасьля шматлікіх прыгод Бава, наканец, здабыў назад для сябе каралеўства свайго бацькі i шчасьліва знайшоў зноў Дружнену з сымамі. Аповесьць перапоўненая апісаньнямі геройскмх учынкаў i бітваў. Вось для прыкладу апісаньне бітвы між Бавой i Пулканам:
"А Пулкан прыскочыл и кинул на него одну жэрдь, и коли-б Бово щытом не заложыл ся, на том же бы местцу его пробил... И почали битися копьями; Пулкан вдарыл Бова по гелму, гелм был моцон, пробити не мог, a Бово прыгнулся на седелныи лук; и велми смутен был Бово, не мог Пулкана ударыти никакож, и скинул копе и скочыл с коня и вскинул узду на седло, a щыт обернул на плечы, и взял меч в обе руцэ, внимал вдарыти Пулкана и прыскочы к нему, a Пулкан скочыл через меч, a меч ся в землю забил, a Бово мало не здох от жалости, a Пулкан дал ему один удар в щыт. Велик был удар, што Пулкан учынил, от того удару Бово упал на колени, весь нзблед и рече: Аи Боже створытелю небескии, ухаваи мя, пане, от смерти".
Ужо з гэтага вынятку відаць, чаму аповесьць аб Баве цешылася посьпехам сярод сярэдневяковых любіцеляў прыгодніцкіх раманаў. Між іншым, гэты твор (але не аповесьці аб Трыстане i аб Атылі) быў шырока ведамы такса-ма ў Маскоўшчыне. Раней уважалася, што беларускія i маскоўская вэрсіі былі незалежнымі адна ад другой, хоць i паходзілі з тых самых крыніцаў. Не так даўно, аднак, была высказаная думка, што магчыма, аповесьць аб Баве была ведамая на Беларусі раней, можа нават у XV ст., адтуль у форме вуснага перасказу трапіла ў Маскву [18].
Рукапіс з беларускімі тэкстамі гісторыі аб Атылі i повесьцяў аб Трыстане i Ізольдзе i аб Баве [19] належаў у 1590 гг. беларускаму шляхціцу з Наваградзкага павету Рыгору Уніхоўскаму, прыяцелю беларускага пісьменьніка Тодара Еўлашэўскага, які ўспамінае яго ў сваім "Дзёньніку". Творы гэтыя ёсьць цікавыя тым, што ў ix асаблівасыді беларускай мовы выступаюць больш ярка i выразна, чым у іншых памятніках беларускага пісьменства таго часу [20].
Аповесьці аб Трыстане i Ізольдзе i аб Баве ўводзілі беларускага чытача ў няведамы яму рыцаркі сьвет сярэдневяковай Заходняй Эўропы. Найбольш распаўсюджаным, аднак, прыгодніцкім раманам была "Александрыя" або фантастычнае апавяданьне аб паходзе Аляксандра Македонскага на таямнічы Ўсход. Беларусы пазнаёміліся ўпяршыню з жыцьцём Аляксандра Македонскага яшчэ ў XI ст. з славянскага тэксту грэцкай Хронікі Івана Малалы. Іншыя тлумачэньні паявіліся пасьля, але найбольш распаўсюджанымі ў XVI-XVII стст. былі тлумачэньні заходнеэўрапэйскага лацінскага твору "De proelis", які трапіў на Беларусь цераз Польшчу [21]. Іншым шырока ведамым творам была аповесьць аб Траянскай вайне, аб якой таксама беларусы даведаліся першы раз у XI ст. з той-жа Хронікі Малалы. У XII-XIII стст. паявілася ў Заходняй Эўропе некалькі твораў на гэтую тэму, сярод ix "Roman de Тгоіе" француза Benoit Saint-Maure, i "De Bello Troiano" сыцылійца Guido de Colunrma. Аўтары гэтых твораў, асабліва апошні, паставілі сабе за мэту раскрыць праўду аб Траянскай вайне, быццам сфальшаваную Гомэрам! У сапраўднасьці-ж кніга Гвідо дэ Колюмна, напісаная ў палове XIII ст., у часе крыжовых паходаў i Лацінскага Канстантынопальскага каралеўства, належыць да тыпу заходніх рыцарскіх раманаў, хоць i ягоныя героі носяць грэцкія імёны [22].
Ужо ў пачатку XVI ст. "Александрыя" i "Аповесьць аб Троі" былі настолькі ведамыя на Беларусі, што Францішак Скарына ўспомніў ix у сваей прадмове да Бібліі: "Аще ли же коханне имаши ведати o военных a o богатырских делех, чти книги Судей, или книги Махавеев; более и справедливее в них знайдеш, нежели во Александрии или во Троі".
Іншым доказам папулярнасьці "Александрыі" ёсьць тое, што бітва Аляксандра Македонскага з індзейскім царом Порам сталася адной з сцэнаў беларускай Батлейкі. Сцэна мела камічны характар: Аляксандар, які, між іншым, ператварыўся ў хрысьціянскага цара, ехаў на бітву на сваім кані, a бедны Пор быў змушаны пазычыць сабе каня ў цыгана! [23]
Заходнія рэлігійныя творы ў беларускай мове насілі выразны каталіцкі характар i ў пэўным сэнсе былі чужыя для праваслаўнай мэнтальнасьці большай часткі беларускіх чытачоў. Таксама сьвецкія творы адкрывалі перад вачамі беларуса ня ведамы яму сьвет заходняга рыцарскага сярэдневякоўя. Як адны, так i другія, бяз сумніву, спрычыніліся да зьмяшаньня i спалучэньня заходніх i ўсходніх элемэнтаў, якія спатыкаюцца ў усіх праявах культурнага жыцьця на Беларусі ў XV-XVII ст. Далейшае вывучэньне культурных зносінаў між Захадам i Беларусяй у тым часе можа дапамагчы зразумець шмат зьяваў, якія да гэтага часу астаюцца няяснымі. Хто ведае, можа, яно кіне больш сьвятла на цікавую, але загадкавую асобу Францішка Скарыны?
[1] А.В.Флоровский, Чехи и Восточные Славяне, т. 1.Прага 1935.Б. 339.; J.Fijalek, Uchrześcijanienie Litwy przez Polskę. Polska i Litwa w stosunku dziejowym.Warszawa 1914.Str. 122.
[2] А.В.Флоровскнй, op. cif., 66. 336-339; І.Дварчанін, Беларусы на Праскім Унівэрсытэце. Запісы Беларускага Інстытуту Навукі i Мастацтва, т. 2, № 2.Нью-Ёрк, 1953.Бб. 65-69.
[3] Г.Піхура, Ян з Літвы. Божым Шляхам, N2 3.Лёндан, 1965.Бб. 4-8.
[4] гл. Wl.Pociecha. Królowa Bona, t. 4 Poznań, 1958,Str. 187.
[5] гл. Дневннк Новгородского подсудка Федора Евлашевского. Кневская Старнна, т. 14, № I.Киев, 1888.Б. 158.
[6] А Michalonis Lithuani De moribus Tartarorum, Lithuanorum et Moschorum Fragmina X... per I, Jac. Grasserum, C.P., ex manuscripto autentico edita. Basileae... MDCXV (уступ).
[7] А.Н.Соболевский, Старшие переводы русских католиков. Сборник Отд. Русс. Яз. н Слов. Имп. Ак. Наук, т. 88, № 3.СПб., 1910.Бб. 193-203; гл. таксама А.Надсон, Цікавыя помнікі беларускага рэлігійнага пісьменства 15-га стагодзьдзя. Божым Шляхам, N2 3.Лёндан, 1966.Бб. 8-10.
[8] A.Brilckner, Visio Tundali in bohmischer und russischer Ubersetzung. Archi v fur Slavische Philologie Band 13 Berlin. 1890-1891,S. 199-212. Арыгінальны беларускі назоў твору ёсьць: "Починается кннга o Таудале рыцери".
[9] "Dass dieSprache sogenanntes weiss oder litauisch-russisch ist, die Sprache des Skorina und seiner Zeitgenossen. bedarf keines besonderes Nachweisen ". Brlickner. op. cit., s. 208.
[10] Е.Ф.Карский, Западнорусское сказание o Сивилле пророчице no рукописи XVI-ra в. Варшавские Университетские Известия, N2 2.Варшава, 1898.Бб. 1-32. Артыкул перадрукаваны ў: Е.Ф.Карскнй, Труды по белорусскому и другим славянским языкам.Москва, 1962.Бб. 316-339.
[11] А.В.Флоровский, op. cit., т. II.Прага, 1945.Бб. 31-35.
[12] Тэкст гп.: П.В.Владимиров, Житие св. Алексея человека Божия в западнорусском переводе конца XV века. Журнал Министерства Народного Просвещения, ч. 253.СПб., 1887.Бб. 250-268; В. Перетц, Повесть o трех королях-волхвах в западнорусском переводе XV века. СПб., 1903.Бб. 108-111; А.Ф.Коршунаў, Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры.Мінск, 1959.Бб. 408-411.
[13] Поўны тэкст гл.: В.Перетц, ор. cit. Выняткі тэксту i камэнтары: Е.Ф.Карский, Западнорусский сборник XV в. Сборник ОРЯС, т. 65.СПб., 1889.Бб. 1-73; артыкул перадрукаваны ў: Карский, Труды... бб. 263-315.
[14] Поўны тэкст гл.: Н.Тупиков, Страсти Христовы в западнорусском списке XV века.СП6., 1901.
[15] Е.Ф.Карский, Западнорусский Сборник...
[16] А.Вrucknei; Passio Chriąti in polnisch und russischr Archiv for Slavische Philologie. Band 11 Berlin. 1888 -S. 620-622. А. Брукнэр сам прызнаецца, што ня бачыў поўнага беларускага тэксту, a толькі кароткія выняткі.
[17] Тэкст быў выданы ў кнізе: Римские деяния, нзд. Общества любителей древней писменности. СПб., 1877-1878. Аповесьць аб Апалёне носіць наступны загаловак: "История o Апполоне короле тирском и o Тарсе королевне приклад что печаль переменяется в радость". Выданьне зробленае з рукапісу з 1688 году, знойдзенага ў Магілёве.
[18] Гл. М.К.Дабрынін, Беларуская літаратура. Старажытны перыяд.Мінск, 1952.Бб. 252-253.
[19] Тэксты ўсіх гэтых твораў разам з зьмястоўным уступам глядзі ў: А.Н.Веселовскнй, Белорусские повести o Трыстане, Бове ин Атилле в Познанской рукописи. Из истории романа и повести. Сборник Отдела Русского Языка и Словесности Ммп. АН, том 44., кн. 2.СПб., 1888. Аповесьці аб Трыстане i Бове маюць агульны загаловак: "Почынается повесть o витезех с книг сэрбскмх, a звлашча o славном рыцэры Трысчане, o Анцалоте и o Бове и o иншых витезех добрых". Аповесьці аб Баве маюць яшчэ свой асобны назоў "Исторыя o княжати Кгвидоне". Аповесьць аб Атылі называецца: "Исторыя o Атыли короли угорском".
[20] Дакладны разбор мовы твораў глядзі у: А.Вгuскnег. Eіn wiessrussischer Codex miscellaneus in Grallich Raczynskischen Bibliothek in Posen. Archiy fUr Slavische Philologie. Band 9 -Berlin. 1886. Між іншым вось што піша аўтар аб мове гэтых твораў: "Waire dies uberhaupl nothig. so kónnte man auf Grund dieses Denkmals allein die Selbstandigkeit des Weissrussichen ewidnet nachweiseir" (Ibid. S. 346). (Калі-б гэта было наагул патрэбным, дык на аснове аднаго гэтага помніка можна было-б даказаць ясна самастойнасьць беларускай мовы).
[21] Апошняе найбольш поўнае выданьне беларускіх тэкстаў "Александрыі" глядзі ў: Александрыя, выд. Акадэміі навук БССР.Мінск, 1962.
[22] Тэкст кароткай рэдакцыі гісторыі Траянскай вайны глядзі ў: А.Ф.Коршунаў, Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры.Мінск, 1959.Бб. 446-454.
[23] Гл.: Г.Барышаў i А.Саннікаў, Беларускі народны тэатр Батлейка.Мінск, 1962.Бб. 35-38 i 97-98.