Фрагмэнты з кнігі: Ст.Станкевіч. Янка Купала. На 100-я ўгодкі ад нараджэньня. Нью Ёрк. Выдавецтва газэты «Беларус», 1982 г. Друкуецца са скаротамі.
Першы Збор твораў Янкі Купалы ў даваенным пэрыядзе ў шасьцёх тамох выходзіў у савецкім часе ад 1925 да 1928 году, a апошні 6-ы том выйшаў аж у 1932 годзе. Пасьля гэтага ў даваенным пэрыядзе ўжо не выдавалася збору твораў паэты. Гэта былі гады сталінскага паходу супраць беларускага нацыянальнага руху й беларускай літаратуры, завершаныя крывавай яжоўшчынай 1936-38 гадоў. У гэным часе выходзілі адно паасобныя зборнічкі Купалавае паэзіі, якія зьмяшчалі ў васноўным сьвежыя вершы, сугучныя тагачаснай палітычнай лініі партыі, радзей нэўтральныя да яе.
I толькі ў 1952-1954 гадох выйшла з парадку другое, а ў паваенным пэрыядзе першае выданьне Збору твораў у шасьці тамах Янкі Купалы. На выданьні гэтым поўнасьцяй заважыла палітыка г.зв. культу асобы Сталіна, з прычыны якое вялізарная колькасьць найлепшых Купалавых твораў апынілася пад цэнзурнай забаронай. Ад гэтага шасьцітомавіка мы й пачынаем наш агляд паваенных выданьняў твораў Янкі Купалы з гледзішча на іхныя цэнзурныя забароны.
Цікава тое, што з раньніх вершаў Янкі Купалы, якія склалі сабой два першыя Купалавы зборнікі «Жалейка» 1908 году й «Гусьляр» 1910 году, раўнуючы да зборнікаў пазьнейшых, ня шмат падпала пад цэнзурную забарону ў першым паваенным выданьні Купалавага Збору твораў. Гэтак зь ліку 106 арыгінальных твораў із зборніка «Жалейка» ня трапілі ў першы паваенны Збор твораў толькі тры вершы, а на 72 вершы із зборніка «Гусьляр» не ўвайшло ў першы паваенны Купалаў Збор твораў сем вершаў. Зьяву гэтую можна выясьніць тым, што першы пэрыяд творчасьці Янкі Купалы, прадстаўлены двума згаданымі зборнікамі, разьвіваўся пераважна пад знакам сацыяльных праблемаў беларускага народу, затым савецкая цэнзура ня шмат знаходзіла Купалавых вершаў у гэным пэрыядзе, супярэчных партыйнаму палітычнаму курсу.
Затое іншая доля спаткала творы, напісаныя ў выніку наважанага звароту Купалы да праблемаў нацыянальных i ягонага ідэйнага сваяцтва з «Нашай Нівай» у пазьнейшым пэрыядзе ягонай творчасьці, што прыпадае на час ад выхаду «Гусьляра» (1908 г.) i да спыненьня выхаду «Нашай Нівы» (1915 г.). Дык i трэба было спадзявацца, што творы гэтага пэрыяду моцна будуць прасееныя праз густое цэнзурнае сіта.
Гэтак яно й сталася. На 217 арыгінальных твораў, зьмешчаных у зборніку 1913 году «Шляхам Жыцьця», 51 твор не ўвайшоў у першы паваенны Купалаў Збор твораў, a із зборніка «Спадчына», што выйшаў у 1922 годзе, але ў бальшыні сваёй зьмяшчаў творы ранейшыя, на 162 творы апыніліся вонках першага Збору твораў 55 вершаў. Характэрна, што з усіх 30 твораў зборніка 1925 году «Безназоўнае» аж 9 не ўвайшло ў першы Збор твораў.
Калі-ж да гэтае колькасьці твораў дадаць яшчэ й тыя, што ня былі абнятыя пералічанымі зборнікамі, a друкаваліся або асобнымі выданьнямі, або ў пэрыёдыках, дык усіх разам Купалавых твораў, надрукаваных да 1925 году, улучна із зборнікам «Безназоўнае», налічваецца больш за 520, зь якіх не ўвайшло ў першы паваенны Купалаў Збор твораў больш за 150, што складае больш за чацьвертую частку ўсіх Купалавых арыгінальных твораў гэнага часу.
Із зборніка «Жалейка» не ўвайшлі ў першы Збор твораў тры наступныя вершы: 1) верш «Адзін», у якім, як кажа ўжо ягоны загаловак, выказвае паэта сваю адзіноту й зьнеахвочаньне да ўдзелу ў грамадзкім жыцьці з прычыны неразуменьня яго народам; 2) ідэялізацыя гістарычнай мінуўшчыны беларускага народу, гэты цяжкі грэх беларускіх паэтаў наагул дадзенае пары, наканавала долю вершу «Над сваёй айчынай»; 3) верш «Любімось, мае суседзі», у якім Купала, адкідаючы прынцып клясавага змаганьня, заклікае ўсе слаі беларускага народу да згоды й нацыянальнага адзінства, таксама ня быў уведзены ў першы паваенны Купалаў Збор твораў.
На 72 вершы зборніка «Гусьляр» 7 не ўвайшло ў першы Збор твораў. Прычыны гэтага таксама ясныя. Адзін з гэтых вершаў «Гусьлі самаграі» ідэялізуе мінуўшчыну Беларусі фэўдэльных часоў удзельных беларускіх княстваў, а шэсьць іншых - «А як мы з хаты выходзім», «А як нам зоркі загаснуць», «Бяседа», «Кзорам», «Кругаварот» i «Мая хата з краю»- вызначаюцца глыбокім пэсымізмам i безнадзейнасьцяй, пад уплывам якіх паэта стараецца адарвацца ад рэальнага жыцьця й змаганьня. Такія пэсымістычныя настроі, выкліканыя сталыпінскай рэакцыяй пасьля здушэньня рэвалюцыі 1905 году; - асабліва характэрныя для зборніка «Гусьляр» i супярэчныя з камуністычнай дактрынай, якая вымагала не безнадзейных уцёкаў ад жыцьця, а рэвалюцыйнага ўздыму й змаганьня.
Наступны пэрыяд творчасьці Янкі Купалы, як ужо згадвалася, вымяраецца ад 1910 году да Першай сусьветнай вайны. Творы, напісаныя ў гэтым пэрыядзе, у васноўным запоўнілі найвялікшы Купалаў зборнік «Шляхам жыцьця», выдадзены ў 1913 годзе, i ў значнай сваёй часьці выдадзены ў 1922 годзе ў Менску зборнік «Спадчына». Творы Купалы гэтага часу вызначаюцца артыстычнай дасьпеласьцяй таленту, тэхнічнай беззаганнасьцяй верша ды высокім мастацкім узроўнем. Усе гэтыя й некаторыя іншыя літаратурныя асаблівасьці Купалавых твораў сьветчаць аб тым, што паэта дасягнуў узвышшаў мастацкае дасканаласьці, a вялікая колькасьць напісаных у гэтым часе твораў паказвае, што паэта ўвайшоў у пэрыяд поўнага росквіту сваіх творчых сілаў.Падобна як з гледзішча мастацкага, гэтак i ў галіне ідэйнай праблематыкі кола зацікаўленьняў паэты становіцца нязвычайна шырокім. Літаральна ўсе сацыяльныя й нацыянальныя праблемы народу, асьвятляныя на бачынах «Нашай Нівы», знаходзілі ў Купалавай творчасьці поўнае адлюстраваньне. Паэта сьвядома прыймае на сябе ролю народнага трыбуна. У гэтым часе ўжо замацавалася поўнасьцяй за Купалам заслужаная ім высокая годнасьць прарока беларускага нацыянальнага адраджэньня й духовага правадыра беларускага народу.
Газэта «Наша Ніва», стаўляючы дамаганьне ўсебаковага адраджэньня беларускага народу, мусіла вызначыць свае дачыненьні да Расейцаў i Палякоў, бо як адныя, гэтак i другія прэтэндавалі на Беларусь ды спрычыніліся да палітычнага й культурнага заняпаду беларускага народу. Восьжа з асаблівым націскам трэба падчыркнуць, што «Наша Ніва», войстра выступаючы супраць царскага самадзяржаўя й русыфікацыі, праводжанай рэакцыйнымі расейскімі нацыяналістычнымі коламі, а, з другога боку, наважана змагаючыся з польскім шавіністычным элемэнтам на Беларусі, ніколі не выяўляла варожасьці ні да расейскага, ні да польскага народаў.
На гэткіх-жа пазыцыях цьвёрда стаяў i Янка Купала, якому наагул было чужое пачуцьцё нацыянальнае ненавісьці. Аб тым, што Купала не адчуваў у сабе ніякай варожасьці да расейшчыны й польшчыны, можа сьветчыць i тое, што ён захапляўся літаратурай абодвых народаў i пераклаў у беларускую мову шмат твораў расейскіх i польскіх паэтаў.
Не зважаючы на гэта, у першым выданьні Збору твораў не зьявіўся ніводзін зь вершаў, у якіх паэта, у тэй ці іншай форме, выступае супраць нацыянальнага паняволеньня беларускага народу царскай Расеяй i шляхоцкай Польшчай. Яшчэ можна зразумець, што гэткая доля спаткала Купалаў верш «Папросту», які заканчваецца словамі: «Кіньце нас мучыць, ляхі, маскалі», або верш «Годзе...», у якім паэта гнеўна заяўляе: «Годзе заходняй ці ўсходняй культуры! /Для Беларуса цана ім адна, /Усе вы, панове, аднакай натуры: / З сэрца чужога кроў ссалі-б да дна». Але ў цэлым радзе вершаў Купала навет не называе на ймя прыгнятальнікаў беларускага народу, а дае ім агульнае ананімнае абазначаньне ix, як «чужак» (у вершах «Для зямлі прадзедаў маіх...» i «Ня шукай...»), «Сілы з усходу i захаду мсьцівыя» (у вершы «Тае сьнег»), «Людзі чужыя» (у вершы «Валачобнікі»), «сусед паганы» (у вершы «Як цені»). Усе гэтыя вершы ня ўведзеныя ў першы Збор твораў, відаць, з тае прычыны, што маглі-б выклікаць у чытача непажаданыя для савецкага палітычнага курсу асацыяцыі.
Спатыкаюцца ў першым Зборы твораў i іншыя спосабы «ачышчаньня» Купалы ад непажаданых выказваньняў, цікавым прыкладам чаго можа добра служыць верш 1925 году «Шляхам гадоў». Уважаючы за неабходнае зьмясьціць гэты верш у першым Зборы твораў, выдаўцы бясцырымонна выкінулі зь яго цэлы радок: «Той за маскоўскім, іншы за варшаўскім раем», нічога не сказаўшы пра гэтую цэнзурную апэрацыю ў камэнтарох Збору твораў, хоць у другім, а за ім i ў трэйцім паваенным выданьні Збору твораў радок гэты быў адноўлены.
Як «Наша Ніва», гэтак i паэты нашаніўцы, у тым ліку й Янка Купала, разглядалі беларускі народ як суцэльны з гледзішча сацыяльнага й ня вырозьнівалі ў ім сацыяльна варожых клясаў - экспляататараў i экспляатаваных. Тэорыя бясклясавасьці беларускага народу была абгрунтоўваная тым, што экспляататарскія слаі беларускага народу - буйныя землясобсьнікі, хвабрыканты, купцы й г.д. або былі, у выніку гістарычнага працэсу, здэнацыяналізаваўшыся - спалянізаваўшыся або зрусыфікаваўшыся, i тым самым да беларускай нацыі ўжо не належэлі, - або былі людзьмі нацыянальна чужымі й паводле свайго паходжаньня. Беларускі народ, які захаваў азнакі свае нацыянальнасьці, як мову, беларускую народную традыцыю й культуру, ды які ў пэрыядзе сацыяльнага адраджэньня пачаў усьведамляцца й нацыянальна, складаўся вылучна ізь сялянскае масы. Гэтая маса сацыяльна вельмі мала была здыфэрэнцыяванай, а таму й клясавае змаганьне было ёй чужое. Затое з чужымі нацыянальна экспляататарскімі клясамі на Беларусі вялося інтэнсыўнае клясавае змаганьне, якое, дзякуючы гэтай чужанацыянальнасьці экспляататарскіх клясаў мела ня гэтулькі сацыяльны, колькі нацыянальны, a ў некаторых выпадках i вылучна нацыянальны характар.
Тэорыя бясклясавасьці й сацыяльнага адзінства беларускага народу сталася аднэй з галоўных ідэялягічных асноваў ня толькі беларускага руху нашаніўскага пэрыяду, у тым i Янкі Купалы. Але й пасьля абвешчаньня ў Савецкай Беларусі НЭП-у гэтую тэорыю беларускія нацыянал-камуністыя навет увялі былі ў праграму дзейнасьці Камуністычнай партыі Беларусі. Гэтак 5 лістапада 1921 году КП(б)Б прыняла 13 праграмных тэзаў пад загалоўкам «Нацыянальнае пытаньне й Камуністычная партыя». У тэзе 6-ай, у якой падсумоўваліся вынікі Кастрычніцкай рэвалюцыі для Беларуси было сказана:
Гэта палітычна-сацыяльнае вызваленьне для Беларусі стала разам з тым i нацыянальным вызваленьнем, бо клясавы й нацыянальны склад Беларусаў амаль што адпавядаў адзін аднаму. Беларус даўно перастаў быць памешчыкам i купцом, ня быў хвабрыкантам, ня быў навет i кулаком.
Тэорыя бясклясавасьці й сацыяльнага адзінства беларускай нацыі была аднэй з галоўных ідэялягічных асноваў беларускага руху нашаніўскага пэрыяду. Янка Купала, які ў сваей творчасьці поўна адлюстроўваў ідэялягічны кірунак беларускага нацыянальнага адраджэньня, гэтую тэорыю паклаў таксама ў васнову й свае ідэялёгіі. Гэтак, прыкладам, у вершы 1908 году «За праўду» ён звяртаецца да ўсіх Беларусаў:
Кінь сваркі i звадкі, аднэй дзеці маткі -
Мы злучаны думкай аднэй;
Пры згодзе i ладзе ў нас доля засядзе,
Палічаць i нас за людзей.
Сацыяльная варожасьць у творах Янкі Купалы была зьвернутая вылучна супраць гэных «чужакоў», «чужынцаў», «сілаў з усходу і.захаду мсьцівых», «людзей чужых», «суседзяў паганых», пра якіх толькішто быў ход. Хвальшаваньне Купалавай літаратурнай спадчыны шляхам прыпісваньня ёй матываў клясавага змаганьня ўнутры беларускага народу выйшла асабліва наіўным i недарэчным спасярод усіх іншых хвальшаваньняў. Гэтак, выдаўцы першага паваеннага Збору твораў старанна абмінулі ўсе вершы Купалы, у якіх, прыкладам, у цытаваных ужо вершах «За праўду» або «Любімось, мае суседзі», Купала станоўка адмаўляе існаваньне ў беларускім народзе клясавага падзелу й клясавага змаганьня. Але савецкая літаратурная крытыка не змагла знайсьці ў Купалы літаральна ніводнага верша, у якім-бы гэты клясавы падзел беларускага народу быў пацьверджаны. Такога верша ўва ўсёй Купалавай творчасьці нямашака!
Беларуская літаратура нашаніўскае пары старалася аднаўляць у памяці народу ягоную гістарычную мінуўшчыну ў вобразах слаўнай i шчасьлівай эпохі ягонага дзяржаўнага й культурнага жыцьця. Вобразы мінуўшчыны, як легендарнай, гэтак i гістарычнага пэрыяду незалежных беларускіх удзельных княстваў зь іхным вечавым дэмакратычным ладам да XIII стг., а пазьней пэрыяду Вялікага Княства Літоўскага, у якім задзіночаны беларускі народ дамінаваў над іншымі народамі, што ў гэтае княства ўваходзілі, спасярод нашаніўскіх паэтаў найшырэй i найпаўней выступілі ў творчасьці Янкі Купалы. Янка Купала, як i іншыя беларускія паэты гэнага часу, уваскрашаючы вобразы мінулай славы беларускага народу, ставіў перад сабой ня толькі літаратурныя мэты. Выклікаючы ў народнай сьвядомасьці мінулыя стагодзьдзі магутнасьці й славы ды стаўляючы ix у кантраставае прыраўнаньне із сумнай сучаснасьцяй, паэта хацеў узварушыць нацыянальнае сумленьне народу, прымусіць яго, каб ён, зачэрпнуўшы сілу зь мінулых стагодзьдзяў, атросься з прыгоньніцкай апатыі й падняўся на змаганьне за сваё вызваленьне. Апрача вершаў сярэдняе мастацкае якасьці, над якімі спыняцца ня будзем, прыпамінам мінуўшчыны Беларусі прысьвяціў Купала адныя з найлепшых i ідэйна наймацнейшых сваіх твораў: паэму «На Куцьцю» й вершы «Над Нёманам» i «Свайму Народу». Усе гэтыя творы не зьявіліся ў ніводным з трох паваенных выданьняў Збору твораў за выняткам верша «Свайму Народу», які ўсё-ж быў надрукаваны ў трэйцім Зборы твораў, але гэта спэцыяльны выпадак, пра які будзе ход пазьней.
У першы Збор твораў не ўвайшло шмат вершаў, што наагул маюць зыркі нацыянальны характар i ў якіх паэта вылівае глыбокія й шчырыя патрыятычныя пачуцьці. Гэтак, ня трапілі ў першы Збор твораў шырака ведамыя вершы «Маладая Беларусь», «Ужо днее» й «Беларушчына», у якіх паэта радасна сьцьвярджае, што Беларусь, пасьля даўгога заняпаду, пачала адраджацца й дамагацца поўнага прывярненьня нацыянальнай годнасьці нараўні зь іншымі народамі. Клічам «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі» - заканчвае паэта свой цудоўны верш «Маладая Беларусь».
Ня трапілі ў першы Збор твораў шырака ведамыя вершы Купалы «Забраны край» i «Прарок», якія раскрываюць трагічнае палажэньне беларускага народу ў вабставінах нацыянальнага паняволеньня й паказваюць, як гэтае паняволеньне зьнішчыла ў народнай сьведамасьці пачуцьцё нацыянальнай i людзкой годнасьці. Выпушчаны ў першым Зборы твораў i вельмі важны верш «Цару неба i зямлі», у якім паэта, выліўшы горкае абурэньне з прычыны паняволеньня беларускага народу, узносіць магутны кліч: «Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, Божа, калі Ты цар i неба, i зямлі». Гэткую самую долю падзяліў i вельмі прыгожы верш «Казка аб песьні». У ім аўтар у прыгожых паэтычных вобразах праводзіць думку, што толькі свая родная песьня можа ўплываць на народ, ашчасьліўляць яго й падыймаць на вялікія вычыны, а песьня чужая ня ў моцы прамовіць да народнай душы. Верш гэты, упяршыню надрукаваны ў Купалавым зборніку 1922 году «Спадчына», знаходзіцца пад цэнзурнай забаронай i да сяньня. Таксама пад цэнзурнай забаронай знаходзіцца да сяньня верш «Беларушчына», што быў надрукаваны ў зборніку 1913 г. «Шляхам жыцьця».
Ня ўведзены ў Збор твораў глыбака эмацыянальны верш «Я ад вас далека, бацькаўскія гоні». Купала, апынуўшыся часова ў Фінляндыі, выказвае тут сваю бязьмежную любасьць да Беларусі й шчымлівую тугу па родным краі. Верш канчаецца вымоўным лірычным вобразам, што калі паэта памрэ й будзе пахаваны ў чужой зямлі, дык устане ягоны цень, «на крыж абапрэцца, i ў той бок глядзеці будзе век нязводна, дзе ляжаць загоны Беларусі роднай».
У першы Збор твораў ня трапілі й тыя вершы, у якіх Купала моцна акцэнтуе вялізарную ролю роднае мовы ў нацыянальным жыцьці народу й выступае ў ейнай абароне перад пасяганьнямі на яе заходніх i ўсходніх дэнацыяналізатараў. Спасярод вершаў гэтае групы асабліва пашыраныя й для характарыстыкі Купалы важныя вершы «Ворагам беларушчыны» й «Роднае слова». У вершы першым паэта войстра пратэстуе супраць адмаўленьня беларускай мове й беларускай літаратуры права на йснаваньне. Цікава тое, што ў дадзеным выпадку паэта выступаў ня супраць расейскіх, а вылучна супраць польскіх шавіністых. Як засьветчыла жонка паэты, польскі публіцысты Зэнон Пяткевіч у вадным із сваіх артыкулаў намагаўся давесьці, што гэта Янка Купала «выдумляе непатрэбную літаратуру...». Янка Купала адказаў на гэтыя шавіністычныя нападкі вершам «Ворагам беларушчыны». Гэтая вылучна антыпольская скіраванасць верша не ўратавала, аднак, яго.
Другі верш «Роднае слова»- гэта натхненны гімн роднаму слову. Калі народ страціў усё іншае, адно яно засталося народу «верным, каб вясьці з упадку к радасьцям бязьмерным». А. В. Луначарскі сваім часам аб вершы «Роднае слова» пісаў: «Цяжка знайсьці лепшае, больш прачулае й болей урачыстае пацьверджаньне сілы любасьці прыгнечанага народу да свае мовы». Навет аўтарытэт Луначарскага, выдатнага савецкага дзяржаўнага, палітычнага й культурнага дзеяча, ня змог уратаваць Купалавага верша «Роднае слова».
Прыведзеныя выпадкі зырка паказваюць жалю годную ролю выдаўцоў дарэвалюцыйных Купалавых твораў. Прывучаныя яшчэ гадамі яжоўшчыны, на ўсякі выпадак застрахоўвалі сябе, адкідаючы тыя Купалавы вершы, што ўжо ў часе іхнага друкаваньня нічым не маглі пагражаць за іхнае надрукаваньне. Інакш кажучы, застрахоўвалі сябе яшчэ тады, калі рабіць гэтага ня было ўжо асаблівай патрэбы. Гэта лішні раз пацьвярджае, якая кашмарная i ўдушлівая атмасфэра панавала тады на Беларусі.
На Кастрычніцкую рэвалюцыю й створаную ў ейным выніку савецкую імпэрыю Янка Купала, як ведама, заарэагаваў нэгатыўна. Пасьля ваенных перажываньняў дамаганьне волі свайму народу, моцна акцэнтаванае ў Купалавай творчасьці заўсёды, выростае цяпер да апагею свае сілы й вайстрыні, выражанае як бясспрэчная гістарычная неабходнасьць, якую беларускі народ у хаосе ваеннай завірухі й развалу царскае імпэрыі павінен ужыцьцёвіць. Таму Кастрычніцкай пралетарскай рэвалюцыі супрацьпаставіў Купала нацыянальную рэвалюцыю беларускага народу, выражаную ім у паэтычнай візіі «Вялікага Сходу». Ідэя скліканьня ўсенароднага «Вялікага Сходу» зьяўлялася ў шмат якіх ранейшых творах Купалы, але цяпер заняла яна месца цэнтральнае й дамінуючае.
З гледзішча на ідэйную глыбіню й сілу паэтычнай экспрэсіі канцэпцыі «Вялікага Сходу» найважнейшыя два Купалавы вершы: «На Сход» i «Свайму Народу». Абодвы вершы былі напісаныя ў Смаленску аднаго й таго самага дня: 29 лістапада 1918 году й абодвы становяць беспасярэднюю рэакцыю на падзеі часу. Гэта надыход даўно чаканага мамэнту, калі на развалінах царскай турмы народаў - «старога быту папялішчы» - шмат для якіх, паняволеных дагэнуль, народаў «цьвет зацьвітае новае зары». Ды толькі не для народу беларускага, якога пастарому «крываўляць раскаваныя рабы» - бальшавікі ды бацькаўшчыну якога «рэжуць на кускі». Напоўнены трывогай, што гэныя «ўсясьветных зьмен віхры» могуць абмінуць Беларусь i пакінуць беларускі народ i надалей у няволі, паэта заканчвае верш «Свайму Народу» магутным заклікам паўстаць i будаваць народнае шчасьце, «каб пут ня строіў больш сусед». Дык нічога дзіўнага, што абодвы вершы не ўвайшлі ў першы паваенны Збор твораў Янкі Купалы. Да вершаў «На Сход» i «Свайму Народу» яшчэ вернемся пры іншай нагодзе.
Ідэі, выказаныя ў вершах «Свайму Народу» й «На Сход», Купала разьвіваў i ў некаторых іншых вершах пэрыяду 1918-1922 гадоў, якія потым был i надрукаваныя ў наступным ягоным зборнічку «Безназоўнае». Гэтак, нэгатыўныя дачыненьні да бальшавізму войстра зарысаваліся ў вершы «Б'юць на трывогу званы» i ў вершы 1918 году «Крыўда». Абодвых гэтых вершаў няма таксама ў першым Зборы твораў.
Няма ў першым Зборы твораў i вершу «Сын i Маці». Верш гэты, напісаны ў 1919 годзе й прысьвечаны беларускім дзецям, глыбака насычаны патрыятычнымі пачуцьцямі. У ім Маці навучае свайго малога Сына бязьмежна любіць i шанаваць усё сваё роднае: родную мову, родную песьню, родныя звычаі й традыцыі, а таксама гістарычную мінуўшчыну Беларуci. Прычым гэтая мінуўшчына, наўсуперак афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі, была авеена вялікай славай, калі, як кажа паэта, «жылі мы, панавалі ў родным краі сьмела». Ня менш вымоўнае ў вершы «Сын i Маці» й тое, што да Беларусі Купала залічае ня толькі Менск, але Вільню, Магілеў, Горадню й «Смаленск зь сьцяной цаглянай». Значыцца, гарады й тэрыторыі, якія ня толькі не ўваходзілі тады ў шасьціпаветавую БССР, але некаторыя зь ix, як Смаленск, засталіся вонках БССР навет i пасьля абодвых узбуйненьняў тэрыторыі Савецкай Беларусі ў 1924 i 1926 гадох.
Цікава, што выдаўцы другога, а сьледам за ім й трэйцяга паваеннага выданьня Збору твораў Янкі Купалы здолелі зьмясьціць тэты верш (гл. 4-ты том трэйцяга паваеннага выданьня, Мінск, 1974, бб. 87-91).
За ідэйны фінал творчасьці Янкі Купалы 1918-1922 гадоў трэба ўважаць два ягоныя вершы: напісаны 28 жніўня 1919 году верш «Паўстань з народу нашага» й верш «Перад будучыняй», што быў напісаны 24 студзеня 1922 году. Хоць напісаньне гэтых твораў дзеляць між сабой больш за два гады часу, яны маюць аднолькавую ідэйную аснову. Дый аднолькавая доля спаткала абодвы вершы: першы зь ix не ўвайшоў з цэнзурных прычынаў яшчэ ў зборнік 1922 году «Спадчына», a другі, праўда, быў надрукаваны ў першым нумары часопісу «Адраджэньне» ў 1922 годзе, але літаральна на другі дзень быў тэй-жа цэнзурай сканфіскаваны. Зразу мела, што абодвы вершы не ўвайшлі ў першы «Збор твораў» Янкі Купалы.
Не пабачыла сьвету ў першым Зборы твораў i засталася засуджанай на поўнае забыцьцё высакамастацкая сатырычная камэдыя Янкі Купалы «Тутэйшыя». Закончаная 31 жніўня 1922 году ды пастаўленая на сцэне Менскага тэатру ў 1926 годзе, ужо на другі дзень, адразу пасьля прэм'еры, яна была зьнятая з рэпэртуару беларускіх тэатраў. «Тутэйшыя» - апошні друкаваны ў 1924 годзе ў «Полымі» Купалаў твор ды перадрукаваны ў 1927 годзе ў томе 3-ім Збору твораў Янкі Купалы, у якім удалося паэту заняць выразна й адкрыта нэгатыўную пазыцыю ў дачыненьні да бальшавізму й савецкай улады.
Бясцырымонным выкіданьнем з Купалавай літаратурнай спадчыны твораў бальшавікі прадставілі Купалу ў першым паваенным выданьні Збору твораў зусім ня тым, кім ён быў у запраўднасьці. Хоць хвальшаваньні гэтыя мел i датычыць вылучна да ідэйнага аспэкту Купалавых твораў, яны, хвальшаваньні гэтыя, ня менш балюча выкрыўлялі Купалу i як мастака. Рэч у тым, што Янка Купала сярод разнаякіх тэмаў свае творчасьці найбольш чула рэагаваў на тэмы й праблемы нацыянальнага адраджэньня, якія давалі яму найбольш натхненьня, разьвівалі творчую фантазію, будзілі наймагутнейшыя пачуцьці. Таму творы Купалы, у якіх ён даваў выхад сваім нацыянальным i патрыятычным пачуцьцям, найдасканальшыя таксама й з мастацкага гледзішча ды ў найбольшай ступені вызначаюць месца Янкі Купалы ў беларускай літаратуры.
Якраз тады, аднак, калі выдаваўся ў Менску першы паваенны Збор твораў у шасьці тамах Янкі Купалы, у Нью Ёрку Беларускі інстытут Навукі й Мастацтва зрыхтаваў на 563 бачыны вялікага фармату кнігу выбраных твораў Янкі Купалы «Спадчына», а выдавецтва «Бацькаўшчына» ў Мюнхэне вьщала яе ў 1955 годзе. А коратка перад тым, у 1953 годзе, у тым-жа выдавецтве «Бацькаўшчына» выйшла асобнай кнігай Купалава п'еса «Тутэйшыя». У часе рыхтаваньня й выдаваньня абедзьвюх згаданых кнігаў яшчэ ня трапіла было на Захад першае паваеннае выданьне Збору твораў у шасьці тамах Янкі Купалы, пазначанае 1952-1954 гадамі.
Дык у сувязі з гэтым асаблівая каштоўнасьць выданьня на Захадзе п'есы «Тутэйшыя» й выбраных твораў «Спадчына» ў тым, што яны забясьпечылі, хоць i вонках бацькаўшчыны, у замежжы, цягласьць у друку забароненых у БССР твораў Янкі Купалы. Праўда, у зборнік «Спадчына» ня трапіла колькі із забароненых у БССР Купалавых вершаў - як «Пазвалі вас», «Ёсьць жа яшчэ...» ды некаторыя іншыя - праўдападобна з тае прычыны, што зьмест першага паваеннага выданьня Збору твораў у шасьці тамах Янкі Купалы наагул на Захадзе ня быў яшчэ ведамы. Дык выдаўцы «Спадчыны» ня бачылі патрэбы ўлучаць у рыхтаваную імі кнігу ўсіх чыста Купалавых твораў, забароненых у БССР. Тым ня менш кніга Купалавых выбраных твораў «Спадчына» й мюнхэнскае выданьне п'есы «Тутэйшыя» адыгралі пачэсную ролю ў гісторыі выданьня літаратурнае спадчыны Янкі Купалы - ролю, пераацаніць якую ніяк нельга.
У 1961-1963 гадох на 80-я ўгодкі ад нараджэньня Янкі Купалы выйшла другое паваеннае выданьне ягонага Збору твораў у шасьці тамах. У беларускай літаратуры гэта былі гады найвышэйшага ўздыму дэсталінізацыі, дзякуючы чаму ў гэтым выданьні, раўнуючы да першага паваеннага выданьня Збору твораў, не аказалася ўжо каля сотні Купалавых твораў дарэвалюцыйнага й парэвалюцыйнага часу. Гэткім парадкам, другое паваеннае выданьне Збору твораў у шасьці тамах Янкі Купалы мела ўжо, так сказаўшы, «рэгабілітацыйны» характар. Яно ўжо зьмяшчала вялізарную частку тых Купалавых твораў, што апыніліся былі пад цэнзурнай забаронай у першым паваенным выданьні. Яшчэ большай аказалася гэтая «рэгабілітацыя» ў трэйцім паваенным выданьні Збору твораў у сямі тамах, якое выйшла ў 1972-76 гадох з нагоды 90-х угодкаў ад нараджэньня Янкі Купалы.
Яшчэ ў часе рыхтаваньня трэйцяга паваеннага выданьня Збору твораў ціраз згадвалася ў савецкім друку, што з усіх дасюлешніх гэта будзе «найбольш поўнае» выданьне. Словы «найбольш поўнае» падказвалі, што ў гэтае выданьне ўсё-ж ня ўвойдуць некаторыя парэвалюцыйныя Купалавы творы, у якіх моцна падчыркнутыя супярэчныя з бальшавіцкай нацыянальнай палітыкай ідэі ды зыркія антысавецкія тэндэнцыі. Затое думалася, што ў гэтае трэйцяе выданьне Збору твараў гэтым разам, магчыма, увойдуць усе дарэвалюцыйныя Купалавы творы. Гэтае спадзяваньне падмацоўвалася й абгрунтоўвалася тым, што ў літаратураведных працах гэнага часу найбольш войстрыя з забароненых дарэвалюцыйных твораў Купалы няўведзеныя ў вабодвы папярэднія выданьні Збору твораў, ня толькі ўжо згадваліся, а й ацэньваліся ў пазытыўным сьвятле.
Тымчасам, не зважаючы на гэта, у трэйці Збор твораў усё-ж ня трапіла больш за дзесяток вельмі важных твораў дарэвалюцыйных i больш за паўтара дзясятку ня менш важных парэвалюцыйных твораў, што былі напісаныя i ўпяршыню надрукаваныя да 1926 году ўлучна.
З гледзішча на ідэйную скіраванасьць, не ўвайшлі ў гэтае выданьне тры катэгорыі дарэвалюцыйных Купалавых вершаў: першае, вершы, у якіх у вельмі панурых хварбах асэнсоўваецца нацыянальнае, сацыяльнае й палітычнае паняволеньне Беларусі ў царскай Расеі; другое, вершы, у якіх Купала гнеўна асуджае царскую Расею й шляхоцкую Польшчу, як панявольнікаў Беларусі, або ў якіх панявольнікаў гэтых не называе нат па ймю, а адно згадвае ix агуль на, як ужо казалася; трэйцяе, вершы пра гістарычную мінуўшчыну Беларусі. Над вершамі гэтымі засярэдзімся ў наступным трэйцім разьдзеле: «Забароненыя Купалавы творы дарэвалюцыйнае пары».
ЗАБАРОНЕНЫЯ КУПАЛАВЫ ТВОРЫ ДАРЭВАЛЮЦЫЙНАЕ ПАРЫ
Творы Янкі Купалы як дарэвалюцыйнае, гэтак i парэвалюцыйнае.пары, што ў БССР знаходзяцца пад цэнзурнай забаронай i тым самым недаступныя навет вузкаму колу чытачоў на бацькаўшчыне, легка даступныя чытачом на Захадзе. 3 малымі выняткамі яны перадрукаваныя ў замежным зборніку выбраных твораў Янкі Купалы «Спадчына», што зьявіўся ў 1955 годзе ў мюнхэнскім беларускім выдавецтве «Бацькаўшчына», а забароненая ў БССР Купалава п'еса «Тутэйшыя» была таксама выдадзеная ў тым-жа мюнхэнскім выдавецтве ў 1953 годзе, пра што быў ужо ход у папярэднім разьдзеле гэтае працы.
Не зважаючы на гэта, усё-ж мы перадрукоўваем гэта або поўнасьцяй, або ўрыўкамі забароненыя ў БССР Купалавы творы ды адзначаем прычыны, дзеля якіх яны трапілi пад цэнзурную забарону ў БССР. Робім гэта з двух матываў. Першае, патое, каб чытачы гэтае нашае кнігі, маючы пад рукамі тэксты забароненых у БССР Купалавых твораў маглі ў часе самога чытаньня лепш асэнсаваць i глыбей перажыць іхні зьмест. Другое, патое, каб чытачы на Беларусі якім гэтая кніга магчыма выпадкова трапіць у рукі, маглі таксама пазнаёміцца зь лепшымі Купалавымі творамі, не даступнымі ім у сябе на бацькаўшчыне.
Выдатным прыкладам дарэвалюцыйных вершаў Янкі Купалы згаданае ў канцы папярэдняга разьдзелу першае катэгорыі можа служыць ведамы нашаніўскі верш «Забраны край», што ўпяршыню быў надрукаваны ў Купалавым зборніку 1913 году «Шляхам жыцьця». Каб змыліць царскую цэнзуру, Купала даў гэтаму вершу падзагаловак-прысьвячэньне «Балканскім славянам», што знаходзіліся тады ў турэцкай няволі, хоць у запраўднасьці верш датычыўся вылучна да Беларусі. Таму, зусім натуральна, у выданьнях сваіх твораў у 20-х гадох савецкага часу, калі ўжо ня было царскае цэнзуры, Купала ў гэтым вершы гэны падзагаловак-прысьвячэньне зьняў.
Чорнымі хварбамі малюе Купала ў гэтым вершы паднявольнае жыцьцё Беларусі ў вабставінах царскае Расеі. [...]
У якасьці прыкладу можна згадаць й адзін з найпрыгажэйшых вершаў Янкі Купалы «Казка аб песьні», што ўпяршыню быў надрукаваны ў Купалавым зборніку 1922 году «Спадчына», але зь ягонага зьместу можна меркаваць, што быў ён напісаны ў нашаніўскім пэрыядзе. [...]
Галоўная думка-ідэя гэтага вершу выказаная ў ягоным апошнім радку: «Зь ярмом даў i песьню чужынец!». Агульна ведама, што сяньня ў БССР ці то ў мастацкай самадзейнасьці, ці ў выкананьні прафэсіянальных хораў i салістых, ці на эстрадзе або ў радыі й тэлебачаньні - беларуская песьня вельмі рэдкая госьця, усюды ўсяўладна пануе расейшчына! («Зь ярмом даў i песьню чужынец!»).
Даўным-даўно мінуў той час, калі ведамую формулу, хай сабе й сталінскую, пра культуру сацыялістычную зьместам, але нацыянальную формаю, моваю, у БССР пастараліся забыцца. На довад гэтага можна паклікацца на наступную зьяву: у кнізе «Беларуская народная творчасьць савецкага часу» (Менск, Выдавецтва БДУ імя Ул. Леніна, 1978) у якасьці выбраных прыкладаў прыведзеныя 56 поўных тэкстаў песьняў на беларускай мове й аж 33 тэксты на мове расейскай. Гэта проста жахлівыя колькасныя ўзаемадачыненьні песьняў расейскіх i беларускіх на беларускай этнаграфічнай тэрыторыі! Пры чым песьні беларускія гэтак густа перасыпаныя русыцызмамі, што некаторыя зь ix маюць характар моўнага жаргону, адно пададзенага беларускім правапісам. Дык верш «Казка аб песьні», які ў народзе могбы выклікаць пачуцьцё нездавальненьня, крыўды або, хоцьбы й ціхага, пратэсту супраць накіданьня яму чужацкай песьні, мусіў падпасьці пад цэнзурную забарону.
Вельмі характэрна й тое, што ў ніводнае паваеннае выданьне Збору твораў Янкі Купалы ня трапіў ягоны верш 1908 году «Беларушчына», што ўпяршыню быў надрукаваны ў тым-жа ягоным зборніку 1922 году «Спадчына». [...]
Верш гэты ў прыгожых мастацкіх вобразах асэнсоўвае агульную гісторыю паняволеньня беларускага народу, не называючы ягоных панявольнікаў па ймю, i сучасную гісторыю нацыянальнага адраджэньня, калі паэта верыць, што
Як жыла i жывеш, будзеш жыць, Беларушчына:
Зразумеў i ўспомніў цябе твой мільённы народ.
Значыцца, уся прычына, дзеля якой выкінуты гэты верш з Купалавае паэтычнае спадчыны, у тым, што паэта непахісна верыць у нацыянальную несьмяротнасьць роднага народу. Ісьці далей у вадмаўленьні беларускаму народу права на ягонае нацыянальнае жыцьцё ўжо нельга! Тымчасам, партыя ўсё-ж уважала за неабходнае пайсьці далей, выкінуўшы гэты Купалаў верш зь ягонае літаратурнае спадчыны. Гэта ўзапраўды адзін з найбольш вымоўных довадаў жахлівага паняволеньня беларускага народу сіламі чырвонае Масквы. Але, з другога боку, гэта й адзін з найлепшых довадаў, якую вялізарную нацыянальную ролю адыгрывае сяньня творчасьць Янкі Купалы ў справе ратаваньня народу ад нацыянальнае сьмерці.
Зь вершаў згаданае другое катэгорыі, як казалася, Купала ў тэй ці іншай форме выступае супраць нацыянальнага паняволеньня беларускага народу царскай Расеяй i шляхоцкай Польшчай. Прыкладам гэтага Купалаў верш «Папросту» зь ягонага зборніка 1913 году «Шляхам жыцьця». [...]
Верш гэты, асабліва сваей зьедлівай іроніяй пад адрысам гэных «Ляхаў, маскаляў» мусіў успрыймацца вельмі-ж балюча маскоўскім панявольнікам сяньня, куды больш балюча, чымся панявольнікам царскае Расеі, калі гэты верш ня быў забаронены. Паўтараем агульна ведамае, што Купала ніколі ня быў супраць ні польскага, ні расейскага народу, як гэткіх. Пад словамі «ляхі» й «маскалі» разумеў ён адно нацыяналістычныя польскія й чарнасоценскія расейскія колы, што праводзілі шавіністычную палітыку ў дачыненьні да Беларусаў i ня вызнавалі ix за апрычоную нацыю.
Сама сабой напрошваецца выснова, што царская цэнзура, дазволіўшы прыведзеныя вершы, была ў дачыненьні да Купалы й тым самым да беларускага нацыянальнага руху куды лібэральнейшая, чымся сяньняшняя цэнзура савецкая, што ix забараніла. Застаецца толькі адна магчымая разгадка гэтае несамавітае загадкі: вершы гэтыя, галоўна «Забраны край», цяпер забароненыя затым, што стаўляныя ў ix Купалам цяжкія народагубныя зьвінавачаньні расейскаму царызму маглі-б быць чытачамі пераадрысаванымі сяньняшняй падсавецкай рэчаіснасьці.
Нязвычайна цікавы сатырычны вершык Янкі Купалы 1914 году «Сваякі», які ўпяршыню быў надрукаваны ў Купалавым зборніку 1922 году «Спадчына». Вершык гэты ўва ўсіх трох паваенных выданьнях Збору твораў знаходзіўся пад цэнзурнай забаронай. Падаём яго тут таксама поўнасьцяй:
Раз абселі Беларуса
Маскалі ды Ляхі,
i давай яму сваяцтва
Тыкаці з-пад пахі:
Ты мой ісьціны браточак!
Маскалёк бармоча;
Ты мой хрэсьнік,
мой сыночак!
Юда-Лях сакоча.
Беларус-жа ім на тое:
Сваячкі мае вы:
Смачны жолудзь вам на каву,
Дый высока дрэва!
Тут ужо маем нязвычайна зьедлівую сатыру пад адрысам гэнага «ісьцінага браточка», чаго ўжо нельга інтэрпрэтаваць Купалавым выпадам адно ў дачыненьні да гэных чарнасоценскіх расейскіх колаў, бо ў гэтых выпадках якбыццам абагульняецца гэны «Маскалёк» на шмат шырэйшы, чымся чарнасоценскія расейскія колы, пра што можа сьветчыць i тое, што «Ляхі» i «Маскалі» тут пасьлядоўна пішуцца зь вялікае літары. Бальшавіцкая цэнзура вельмі добра зразумела сэнс гэтага верша, забараніўшы яго.
І наапошку два Купалавы вершы «Сьмейся» й «Увесь да дна...», што амаль адначасна былi напісаныя: першы 3-га студзеня, a другі 4-га лютага 1915 году й абодвы ўпяршыню былі надрукаваныя ў Купалавым зборніку 1922 году «Спадчына». Абодвы характэрныя сваей войстрай аўтаіроніяй, якую трэба разумець даслоўна ды гэтак-жа хіба яе разумеў i сам аўтар. [...]
З дарэвалюцыйных вершаў Янкі Купалы трэйцяе катэгорыі пра гістарычную мінуўшчыну Беларусі засталіся пад цэнзурнай забаронай i сяньня вершы «Над Нёманам», «Зь мінулых дзён», «Брату-Беларусу» ды паэма «На Куцьцю». Сярод ix верш «Над Нёманам» мае характар праграмнага для беларускай літаратуры нашаніўскае пары й зьмяшчае ў сабе адзін з галоўных мамэнтаў ейнае ідэйнае скіраванасьці. [...]
Купалава ўзнаўленьне візіі мінуўшчыны, супярэчнае партыйнай гістарыяграіі ў дачыненьні да Беларусі, сталася прычынаю цэнзурнае забароны гэтага й іншых Купалавых твораў пра мінуўшчыну роднага краю. Паводля партыйнае гістарыяграфіі, Беларусь ніколі ў гісторыі ня жыла сваім незалежным дзяржаўным жыцьцём, а была ў першым сваім гістарычным пэрыядзе быццам падлеглай г. зв. старажытнарускай дзяржаве - Кіеўскай Русі, a ў эпоху Вялікага Княства Літоўскага знаходзілася быццам у няволі літоўскіх фэадалаў. Абагульняючы ў вадну цэласьць цьверджаньні партыйных гісторыкаў, можна коратка сфармуляваць асноўную тэзу партыйнай гістарыяграфіі ў дачыненьні да Беларусі гэтак: Толькі ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі й дзякуючы ленінскай (раней казалася - сталінскай) нацыянальнай палітыцы Камуністычнай партыі ды пры бескарысьлівай дапамозе «вялікага рускага народу» Беларусь упяршыню ў гісторыі атрымала сваю дзяржаўнасьць.
Але ў навуковых працах аб'ектыўных беларускіх падсавецкіх гісторыкаў яшчэ колькі год таму, гэткіх, як Леанід Аляксееў, Мікола Прашковіч, Вячаслаў Чамярыцкі, Мікола Алексютовіч i іншыя, наўсуперак гэнай псэўданавуковай партыйнай гістарыяграфіі, было навукова даведзенае йснаваньне беларускай дзяржаўнасьці й сувэрэннасьці ў згаданых адлеглых эпохах. З названых гісторыкаў памерлы ў 1967 годзе здольны гісторык Мікола Алексютовіч навет публічна ў друку цьвердзіў, што гэта ані не пярэчыць тэзе партыйнай гістарыяграфіі, удакладніўшы, што ў афіцыйнай тэзе мова не наагул пра дзяржаўнасьць Беларусі, быццам упяршыню атрыманую ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі, а пра «сацыялістычную дзяржаўнасьць».
[...] Для партыйнай гістарыяграфіі вельмі-ж няпрыймальныя, навет пракудныя, Купалавы вершы, у якіх хоць нязначны намёк на вольнае й незалежнае існаваньне беларускага народу ў вадлеглых эпохах. Ня менш няпрыймальныя гэнай гістарыяграфіі й Купалавы скаргі на пазьнейшае паднявольнае жыцьцё, калі, як кажа паэта, «Мы ў сваім чужыя, - Край забраны тут». Цьвёрда трымаючыся гэтай гістарычнай канцэпцыі пра мінуўшчыну Беларусі, Купала выявіў моцную нацыянальную бескампрамісовасьць i непахіснасць. Наагул-жа Купалавы вершы пра мінуўшчыну Беларусі займаюць у ягонай творчасьці вельмі важнае месца, безь якіх нельга як сьлед пазнаць i зразумець ідэйнага профілю паэты.
Тэмаю паэмы «На Куцьцю», надрукаванай у Купалавым зборніку 1913 году «Шляхам жыцьця», была легендарная мінуўшчына Беларусі, асэнсаваная ў наскрозь рамантычным стылі. На развалінах старога замчышча ў ноч на Куцыдю паяўляецца дух беларускага князя, вуснамі якога інтэрпрэтуе Купала найдаўнейшую мінуўшчыну беларускага народу. [...]
Паэтычная сымболіка ўсяе паэмы зусім ясная: увасабленьне беларускай мінуўшчыны - дух князя выступае тут у ролі захавальніка беларускай нацыянальнай ідэі, якая не памрэ ў беларускім народзе, пакуль ён будзе знаходзіцца пад жыватворным гэтае ідэі ўзьдзеяньнем.
ЗАБАРОНЕНЫЯ КУПАЛАВЫ ТВОРЫ САВЕЦКАГА ЧАСУ
У васабліва клапатлівай сытуацыі апыніліся выдаўцы й рэдактары трэйцяга паваеннага выданьня Збору твораў у сямі тамах Янкі Купалы, калі хадзіла пра некаторыя вершы савецкага часу. Зь вершаў гэных у трэйцім выданьні Збору твораў знаходзім ужо толькі 14 вершаў, якіх ня было ў другім і, зразу мела, у першым выданьні Збору твораў. З гэных 14-ёх, ажно цяпер рэгабілітаваных вершаў, вялікая бальшыня, бо аж 11 вершаў, была напісаная ў 1918-1922 гадох, у часе, калі Купала, падобна як Якуб Колас ды Зьмітрок Бядуля, цьвёрда стаяў на пазыцыях беларускай нацыянальнай рэвалюцыі. У ліку зрэгабілітаваных цяпер вершаў аказаўся й вельмі важны праграмны верш «Свайму Народу», напісаны ў Смаленску бязмала за год пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі - 29 кастрычніка 1918 году. Гэта, разам з напісаным у Смаленску таго-ж самага 29 кастрычніка 1918 году вершам «На Сход!», дазволеным цяпер у пакалечанай форме (пра што пазьней), два храналягічна першыя Купалавы творы, у якіх ён, застаючыся глухім да ідэяў Кастрычніцкай рэвалюцыі, дакладней, адкідаючы гэныя ідэі, заклікаў беларускі народ падняцца на іншую, чыста нацыянальную рэвалюцыю. Верш «Свайму Народу» закончыў Купала гэткімі клічамі:
Паўстань, народ!
Прачніся, Беларусе!
Зірні на Бацькаўшчыну, на сябе!
Зірні, як вораг хату i зямлю раструсіў,
Як твой навала злыдняў скарб грабе!
Паўстань i глянь, як зьзяюць скрозь вагнішчы,
Як носяцца ўсясьветных зьмен віхры,
Як на старога быту папялішчы
Цьвет зацьвітае новае зары!
Паўстань, народ!
Для будучыні шчасьце
Ты строй, каб пут ня строіў больш сусед;
Ня дайся ў гэты грозны час прапасьці, -
Прапашчых не пацешыць шчасьцем сьвет.
Сваю магутнасьць пакажы ты сьвету, -
Свой край, сябе ў пашане мець прымусь.
Паўстань, народ!
З крыві i сьлёз кліч гэты...
Цябе чакае Маці-Беларусь!
У вершы гэтым няма й намёку на клясавае змаганьне, якое было галоўным лёзунгам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Паэта заклікае народ на змаганьне не з капіталістымі й памешчыкамі, пра якіх наагул няма найменшага напаміну ў вершы, а на змаганьне за вызваленьне нацыянальнае, за тое, «каб пут ня строіў больш сусед».
Апрача гэтага, верш «Свайму Народу» ўслаўленьнем нацыянальнае мінуўшчыны, зырка супярэчны з партыйнай гістарыяграфіяй, ані ня ўступае вершу «Над Нёманам». Вось найбольш вымоўныя пра гэта радкі вершу «Свайму Народу»:
Ты жыў, ты панаваў у краю родным,
Сьцярог ад чужака й законы ўкладаў;
Звон вечавы сход склікаваў народны,
I сход аб шчасьці Бацькаўшчыны дбаў.
Верш гэты спаткала такая-ж самая доля, што й верш «Сын і Маці» ў другім паваенным Зборы твораў Янкі Купалы: абодвы вершы ўсё-ж праціснуліся праз густое сіта савецкае цэнзуры, наўсуперак супярэчных тэндэнцыяў партыйнае палітыкі ў гэных гадох.
Зьяўленьне ў трэйцім выданьні Збору твораў Купалавага вершу «Свайму Народу» пры адначаснай забароне дарэвалюцыйнага вершу «Над Нёманам» ды іншых пра мінуўшчыну Беларусі, куды слабейшых i больш нэўтральных сваім нацыянальным гучэньнем за абодвы першыя, ня пераконлівым было-б выясьняць тым, што чацьверты том Збору твораў у сямі тамах, дзе ён надрукаваны, выйшаў з друку, як відаць з выдавецкае анатацыі, паўгода пазьней за том трэйці, у якім мог-бы зьявіцца верш «Над Нёманам». На нашую думку, гэткая розная доля абодвых вершаў раскрывае яшчэ адну цікавую загадку савецкай нацыянальнай палітыкі самага апошняга часу.
Прыгадайма, што трэйцяе выданьне Збору твораў, якое выйшла ў 1972-1976 гадох, прыпадае ўжо на часы рэсталінізацыі, калі было ўжо моцна непажаданым свабодна выказванае ў гадох дэсталінізацыі асуджэньне г.зв. культу Сталіна, калі старанна прамоўчваюцца ўсе ягоныя злачынствы 30-х i пазьнейшых гадоў ды без найменшых засьцярогаў увыпукляюцца й навет пераболынваюцца сацыялістычныя дасягненьні й дабрадзействы ўсяе сталінскае эпохі. Не зважаючы на гэта, трэйцяе выданьне Збору твораў, раўнуючы да выданьня другога, ідзе значна далей у кірунку рэгабілітаваньня навет у гадох дэсталінзацыі Купалавых твораў, заміж, як трэба было-б чакаць, зьявы цалкам адваротнае. Гэтую непасьлядоўнасьць i супярэчлівасыдь савецкай цэнзурнай палітыкі ў дачыненьні да твораў Янкі Купалы магчыма выясьніць тым, што раўналежна ізь сяньняшнім завайстрэньнем курсу нацыянальнае палітыкі партыі ў галіне беларускае культуры, мастацтва, i асабліва літаратуры, расьце сярод беларускай творчай інтэлігенцыі штораз большае незадаваленьне гэтай палітыкай ды ўзьнікаюць самыя розныя й часам нязвычайна арыгінальныя й вынаходлівыя формы супраціву гэтай палітыцы, з чым партыя змушаная ўсё-ж лічыцца. Гэткая спроба разгадкі гэтае загадкі ані ня вылучае й іншае гіпатэзы - дарэчы, праўдападобнай i пераконлівай таксама,- што верш «Свайму Народу» трапіў у трэйцяе паваеннае выданьне Збору твораў кантрабандным шляхам у выніку гэнага нацыянальнага супраціву.
Не зважаючы на тое, што ў трэйцім выданьні Збору твораў зьявілася чатырнаццаць Купалавых вершаў парэвалюцыйнага часу, якіх ня было яшчэ ў другім выданьні, а між імі й гэны праграмны верш «Свайму Народу», усё-ж i цяпер поўнае й дакладнае зразуменьне Купалавых ідэйных пазыцыяў у першых парэвалюцыйных гадох ані немагчымае бяз твораў, што ў выданьне гэтае ня трапілі. Гэта шэсьць вершаў 1918-1922 гадоў «Крыўда», «Паўстань з народу нашага», «Наша гаспадарка», «Жыды», «Перад будучыняй» i «Пазвалі вас», чатыры вершы з цыклю «На вайсковыя матывы», напісаныя ў форме народных песьняў у 1919- 1920 гадох для патрэбаў творанага тады органамі БНР беларускага нацыянальнага войска, ды сатырычная камэдыя 1922 году «Тутэйшыя».
Із забароненых вершаў гэтага часу ў якасьці прыкладу спачатку прыводзім санэт «Наша гаспадарка», напісаны 7 лістапада 1918 году й апошні раз надрукаваны ў Купалавым зборніку 1922 году «Спадчына»:
Спрадвеку мы ў родным краю гаспадарым, -
Свае загоны сеем, пасьцім статак свой;
З надзеяй сустракаем выраі вясной,
З надзеяй ўвосень ix праводзім над па парам.
Спрадвеку ходзім пад панамі i пад царам
На недруга й на бліжняга свайго вайной,
Хоць нам за нашу кроў падзякаю адной -
Крыжы i хаты нашы скошаны пажарам!
Так гаспадарым мы i дома, i за домам,
Усё ждучы пацехі зь севу i жніва,
Ждучы дарма, як летам жджэ расы трава.
Чужы i свой хлеб станавіцца жорсткім комам
I душыць кліч: ці доўга будзе нам заломам
Варшава панская i царская Масква!?
Ужо адно тое, што апошняя строфка гэтага вершу ўжытая ня ў прошлым, a ў будучым часе, павінна нас прывесьці да высновы, што словаў «царская Масква» нельга разумець літаральна, бо-ж верш напісаны ў лістападзе 1918 году, калі ўжо больш за год часу Масква ня была царскай. Пад прыметнікам «царская», ужытым анахранічна з увагі на цэнзуру, трэба разумець ня царскую, a іншую - «пралетарскую», «савецкую» або «чырвоную» Маскву. Не зважаючы на гэтую, што праўда, ня хітрую форму мастацкай крыптаграфіі, верш «Наша гаспадарка» не зьявіўся ў ніводным паваенным выданьні Збору твораў Янкі Купалы.
З чаргі згадаем гэта Купалаў верш 1918 году «Крыўда», які апошні раз надрукаваны ў Купалавым зборніку 1922 году «Спадчына». [...]
Антыбальшавіцкая вымова гэтага вершу вельмі выразная. «Раскованы раб» у вершы «Крыўда», зь віны якога «ня ўзьнёсься ў высь дух чалавечы», ды «нявольнік», што «пабратаўся з Крыўдай i ў помач ёй даў свае плечы»- гэта адно й тое самае, што й «раскаваныя рабы», якія «крываўляць» беларускі народ у вершы «На Сход!»- i тут i там тыя-ж самыя бальшавікі. Той жа лес напаткаў напісаны 28 жніўня 1919 году вельмі важны Купалаў праграмны верш «Паўстань з народу нашага...». [...]
Далей неабходна засярэдзіцца на забароненым Купалавым вершы 1919 году «Жыды», які адсланяе яшчэ адзін важны аспэкт Купалавага сьветапагляду ў гэным часе. Верш гэты падпаў пад забарону ня толькі з прычыны забароненага ў Савецкім Саюзе, як зьневажальнага, быццам-бы нацыянальнага назову «Жыды». Дарэчы тут будзе зазначыць, што ў беларускай народнай, як i ў літаратурнай мове, падобна як у ўкраінскай i польскай, нацыянальны назоў «Жыды» зусім нармальны й анічуць не зьневажальны. Галоўная прычына забароны гэтага вершу мусіла быць ідэйна-палітычная - падчыркнутае Купалам падабенства долі й аднолькавых вызвольных імкненьняў абодвых народаў, беларускага й жыдоўскага. [...]
Пра верш «Перад будучыняй», напісаны ў Менску 24 студзеня 1922 году, ведамы дасьледнік на эміграцыі беларускай літаратуры, у тым i творчасьці Янкі Купалы, Р. Склют (Ант. Адамовіч) у сваім уводным артыкуле да выданьня Купалавай п'есы «Тутэйшыя» пісаў наступнае:
Бадай ці патрабуюць якіх-небудзь камэнтараў гэтыя радкі, поўныя нацыянальнага самабічаваньня, што мела мэтай выклікаць водгук нацыянальна-рэвалюцыйнае сьведамасыді й дзеі, скіраваны супраць пагібельнае «чужое апекі». Голас Купалы, як нацыянальнага трыбуна й прарока, даўно ўжо ня гучэў з такою сілаю, зь якой прагрымеў ён тут, у гэтым выкрыцьці й асуджэньні нацыянальнае й ідэйнае бясхрыбетнасьці, «нявольніцтва й жабрацтва», у «клічы бураломным» да духовага распрыгоненьня й «вызвал еньня з пут». Ня дзіва, што бальшавікі пачулі сабе пагрозу ў гэтым творы, большую нат, чымся ў гнеўнай філіпіцы Ко л аса супраць Рыскага падзелу Беларусі ў ягоным вершы «Беларускаму Люду» з тым-жа клічам да «вызваленьня з пут», што зьявіўся ў друку блізу ў тым самым часе (у зборніку «Водгульле»), але ня выклікаў ніякіх канфіскацыйных рэпрэсіяў. Купалаў голас зь нябывалай, бадай, яшчэ сілаю біў па струнах нацыянальнага сумленьня, i небясьпека магчымасьці абуджэньня адпаведнага рэзанансу гэтых струнаў не магла не жахаць тых, хто аграбіў з гонару й кашулі беларускі народ.
Прыведзеную інтэрпрэтацыю вершу «Перад будучыняй» трэба прызнаць найбольш правільнай i пераконлівай, якая калі-небудзь зьявілася ў друку.
Не пабачьша сьвету ў ніводным паваенным выданьні Збору твораў i засуджаная тым самым на поўнае забыцьцё высокамастацкая сатырычная камэдыя Янкі Купалы «Тутэйшыя». Закончаная 31 жніўня 1922 году ды пастаўленая на сцэне Менскага тэатру ў 1926 годзе, ужо на другі дзень, адразу пасьля прэм'еры, была зьнятая з рэпэртуару беларускіх тэатраў. «Тутэйшыя» - апошні твор, друкаваны ў 1924 годзе ў «Полымі» ды ў 1927 годзе перадрукаваны ў 3-м томе Збору твораў, у якім удалося паэту заняць выразна й адкрыта адмоўную пазыцыю ў дачыненьні да бальшавізму й савецкае ўлады.
Дзея «Тутэйшых» разгортаецца ў пару частых зьменаў акупацыйных арміяў i ўладаў на Беларусі ў пэрыядзе 1918-20 гадоў. У творы ня толькі гаворыцца аб савецкай уладзе, як аб чужацкім акупацыйным рэжыме, але нават паказваецца бальшавіцкая акупацыя ў найбольш адмоўным i карыкатурным сьвятле між акупацыямі іншымі, польскай i нямецкай.
На фоне гэтых частых зьменаў акупацыяў i ў сувязі зь імі палітычных курсаў Купала вывеў на сцэну найбольш тыповыя грамадзкія й сацыяльныя пласты жыхарства Беларусі - «тутэйшых». Гэтае жыхарства ў Купалавай п'есе дзеліцца на тры розныя групы: прадстаўнікоў беларускай адраджэнскай інтэлігенцыі ў васобах настаўніка Янкі Здольніка й ягонай былой вучаніцы, а пазьней настаўніцы Аленкі; прадстаўнікоў сялянства ў васобах Аленчынага бацькі Лявона Гарошкі i Ганулі Зношчыхі; прадстаўнікоў тых-жа «тутэйшых», але ўжо «з пароды рэнэгатаў i дэгэнэратаў», як назваў ix Купала, да якіх належыць Мікіта Зносак, ягоны вучыцель «рэнэгацтва» Сьпічыні, Наста Пабягунская, Поп, Дама, Пан, Спраўнік, Усходні Вучоны й Заходні Вучоны.
Дзьве першыя групы паказаныя Купалам у высака пазытыўным сьвятле, як людзі, што рэпрэзэнтуюць асноўную здаровую масу народу й ягоную нацыянальную інтэлігенцыю. Інтэлігенцыя гэтая, падобна, як i сам Купала, ня прыняла Кастрычніцкай рэвалюцыі й накінутай ёю савецкай улады, а жыве надзеяй, што палітычная сытуацыя хутка зьменіцца й тады зьдзейсьняцца ейныя нацыянальна-адраджэнскія ідэялы.
Група трэйцяя, што прадстаўляе сабой «рэнэгатаў дэгэнэратаў» у літаральным значаньні, паказаная Купалам у сьвятле адмоўным. Гэта людзі маральна хісткія, бяспрынцыповыя й ідэйна бясхрыбетныя, што легка прыстасоўваюцца да кажнай новай палітычнай сытуацыі. Зусім не ў балынавіцкім духу ў Купалавай п'есе дадзеная войстрая сатыра на Ўсходняга Вучонага й Заходняга Вучонага. Купала паказаў ix карыкатурнымі прадстаўнікамі гэткай-жа карыкатурнай у сваёй тэндэнцыйнасьці й хвальсыфікатарстве тае расейскае й польскае псэўданавукі, што, дасьледуючы Беларусь, ніяк не магла заўважыць у ёй Беларусаў.
Зь вершаў 1926 году не ўвайшлі ў трэйцяе выданьне Збору твораў тры наступныя: «Ёсьць-жа яшчэ...», «Каб...» i «Акоў паломаных жандар», вершы, безь якіх таксама нельга пазнаць i зразумець ідэйнага профілю Янкі Купалы ў гэным часе.
1926 год, у якім былі напісаныя й надрукаваныя ў нумары шостым часапісу «Полымя», разам зь іншымі, тры названыя вершы, быў годам найвышэйшага нацыянальнага ўздыму ў падсавецкай Беларуci. Нацыянальны НЭП i палітыка беларусізацыі, абвешчаная на XII Усебеларускай партыйнай канфэрэнцыі ў сакавіку 1923 году, дасягнулі ў гэным 1926 годзе свайго кульмінацыйнага пункту, выклікалі сярод беларускае інтэлігенцыі агульнае ажыўленьне й некаторыя рэальныя спадзяваньні на далейшае прагрэсаваньне нацыянальнага разьвіцьця. Гэты нацыянальны ўздым праявіўся i ў беларускай літаратуры, перш-наперш i найбольш у творчасьці Янкі Купалы.
У напісаных у гэным 1926 годзе вершах ня было літаральна ніводнага радка, у якім-бы паэта выхваляў савецкую рэчаіснасьць хоць-бы навет у ейнай нацыянал-камуністычнай форме. Пасьля некаторых ідэйных хістаньняў i зьвіхаў, трэба думаць, няшчырых i чыста каньюнктурных, Купала цяперака ўзноў вярнуўся, дарэчы, апошні ўжо раз, на чыста нацыянальныя пазыцыі. Ды ня толькі вярнуўся, але ўзноў прыняў на сябе ролю народнага трыбуна й змагара за нацыянальныя правы беларускага народу. Найлепш сьветчыць пра гэта напісаны ў 1926 годзе й апошні раз надрукаваны ў падсавецкай Беларусі ў 1930 годзе згаданы верш «Ёсьць-жа яшчэ...». [...]
Ня менш важны й асабліва характэрны штаксама вычыркнуты зь літаратурнае спадчыны Купалы верш 1926 году «Каб...» У вершы гэтым Купала вылівае сваё глыбокае абурэньне супраць усіх формаў паняволеньня роднага краю й народу. У простых словах i традыцыйных формах беларускага фальклёру паэта шле гнеўныя праклёны ўсім былым i цяперашнім прыгнятальнікам i дэнацыяналізатарам народу, усім тым,
Хто сушыў ў няволі
Люд наш працавіты,
Задаваў вужача
Раны непазбыты...
Хто крыўляў нам праўду,
Застаўляў у прыгоне
Бежанцамі гінуць
На бацькоўскіх гонях...
Хто круціў нам сьцежкі
Да жыцьця i славы,
Засьцілаўшы вочы
Туманом крывавым...
Хто для нашых дзетак
Хоча асьляпленьня, -
Бэсьціць чужаніцай,
Думак прасьвятленьне...
Хто над Беларусяй
Хоча распасьцерці
Свой бізун чужацкі
I народ усьмерціць.
На гэтым верш i канчаецца ў 6-м томе Збору твораў Янкі Купалы 1932 году выданьня. Значыцца й тут маем той самы выпадак, што ў вершы 1925 году «Шляхам гадоў», зь якога ў першым паваенным выданьні Збору твораў быў выкінуты з цэнзурных меркаваньняў цэлы радок: «Той за маскоўскім, іншы за варшаўскім раем», пра што ўжо намі згадвалася. Падобна гэтаму, i ў вершы «Каб...» апушчаныя цэлыя дзьве строфкі, якімі ў пачаткавым тэксьце вершу, надрукаваным у 6-м нумары «Полымя» ў 1926 годзе, верш гэты канчаўся:
Каб таго парвала
З сэрцам на тры часьці
I зьвяр'ё збрылося
Мяса параскрасьці,-
Хто быў вінаваты
Нашаму падзелу,
На кускі парваўшы
Маці роднай цела.
Як ведама, да гэтага «падзелу... Маці роднай цела» прычыніліся ў роўнай меры Палякі й бальшавікі, падпісаўшы крыўдны для беларускага народу 18 сакавіка 1921 году Рыскі мір.
Пры гэтай нагодзе карысна прыгадаць, што й Якуб Колас таксама ды яшчэ вайстрэй, чымся Купала, i раней за яго, зарэагаваў на Рыскі мір у ведамым сваім вершы, сяньня таксама забароненым, «Беларускаму люду». Прыводзім чатыры апошнія строфкі з гэтага Коласавага вершу:
Хіба забудзем мы тыя межы,
Што правадзілі без нас?
Раны глыбокі: ох, яшчэ сьвежы!
Помсты агонь не пагас.
Нас падзялілі - Хто? Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту ix межы!
К д'яблу граніцы!
Нашы тут гоні, бары!
Будзем мы самі гаспадарамі,
Будзем свой скарб ратаваць.
Годзе тэй крыўды! У ногу з братамі
Пойдзем свой край вызваляць.
Сьціхні ты, змоўкні, песьня пакуты,
Заварушыся наш край!
Люд вызваляйся!
Рві свае путы!
Новую песьню сьпявай!
У гэтым вершы Якуб Колас, падобна як Янка Купала ў сваім вершы «Каб...», ня робіць ужо ніякай розьніцы паміж Палякамі й балынавікамі ў спрычыненай імі беларускаму народу крыўдзе. I адныя, i другія - тыя-ж самыя «чужаніцы» й такія-ж «цёмных дарог махляры». Мала таго, Колас тут не абмяжоўваецца адным толькі выказваньнем пратэсту, але й заклікае народ «рваць свае путы» й «свой край вызваляць», заклікае нядвузначна да збройнага паўстаньня супраць абодвых акупантаў у вабедзьвюх частках імі падзеленага краю.
У вершы «Акоў паломаных жандар», напісаным 5 чырвеня 1926 году i ў тым-жа годзе надрукаваным у газэце «Савецкая Беларусь», Купала ўдарае ў войстры тон супраць праяваў старога вялікадзяржаўніцтва ў новых чырвоных гаспадароў імпэрыі, а за іхную варожасьць да беларускай мовы ён кідае ім у вочы моцныя словы абурэньня. Ня будзем тут засярэджвацца над канкрэтным выпадкам, які змусіў песьняра напісаць гэты гнеўны верш. Для нас важны сам факт зьяўленьня гэтага вершу, якога нельга не зьмясьціць тут поўнасьцяй, як важнага гістарычнага дакумэнту:
Акоў паломаных жандар,
Сьліўнем зарыўшыся ў нары,
Сядзіць расейскі чынадрал,
«Слуга оцечаству, цару».
Ён сьніць былую моц i шыр:
Цары, царыцы, цэрквы, трон,
Пагромы, катаргі, Сібір...
О, Русь, Прымі раба паклон!
Табе такой служыць па гроб
Ня кіну я, i «расьцярзаць»
Ня дам дзяржаўнасыці «оплот»,
Цябе, «единую», о, маць!
Здарма-ж двуглавы твой арол
Празь векі ў кіпцюрох трымаў
Мільёны ўбогіх хат i сёл,
Рабоў мільёны?. Нездарма!
У твой ланцуг былі, о, Русь,
Уплецены з усіх бакоў Украйна,
Польшча, Беларусь
I сотня іншых «языкоў».
Цяпер, што бачу я кругом?
Пасад маўклівы збуран скрозь...
Рэспублікі!? Ды зь «языком»
Зь ix лезе кожная ўсур'ёз.
А ты, о рускі мой «язык»!
Мой «обіцарускі», што з табой?
Табе слухмян быў мал, вялік,
Быў славен ты сваей кляцьбой.
Табой сам самадзержац цар
Пісаў ланцужны свой закон,
Што маці-Русь есі жандар
Усёй Эўропы! I свой сон
Сьніць далей гэты царадвор,
Калi надыдзе яму дзень,
Ізноў пад лёзгат царскіх шпор
Свой распасьцерці чорны день.
Ён, гэты скінуты сатрап,
Ня знае, што ў свабодзе жыць;
Яму дай вісельню, дый каб
На ёй «языкі» ўсе ўшчаміць.
Не па нутру, як сьмерць, яму,
Што беларускае дзіцё
Бяжыць у сьцюжную зіму
У школку пазнаваць жыцьцё.
Спужаўся, што хлапчук у лапцёх,
Напоўадзеты вёскі сын,
У роднай мове ўчыцца змог?
О, стыдна, рускі «гражданін»!
Язык твой царскі ён табе
Ня выража, спакойны будзь!
Цябе тваім-жа ў кляцьбе
Ён не забудзе памянуць.
Былых ня выклічаш вякоў
І ты, Масквы кароннай гразь,
Парваных ня скуеш акоў,
Зь якой брахнёю ня вылазь!
Дык нічога дзіўнага, што верш «Акоў паломаных жандар» сяньня вычыркнуты зь літаратурнай спадчыны Янкі Купалы, бо сяньня ня толькі ніякі не праступак варожасьць да беларускай мовы, а якраз вялікая заслуга перад «роднай» партыяй i «самай прагрэсіўнай мовай вялікага рускага народу», якой наканавана тэй-жа партыяй заняць месца беларускай мовы ў «сувэрэннай» i «незалежнай» беларускай рэспубліцы.
Падобна як цэнзурная «чыстка» найважнейшых твораў Купалы ў першым паваенным выданьні ягонага Збору твораў мела той практычны вынік, што найвялікшы беларускі паэта быў паказаны ня больш, як паэта сярэдняе якасьці, гэтак i цэнзурная «чыстка» ў трэйцім выданьні Збору твораў непамерна зьнізіла ідэйную й мастацкую веліч нацыянальнага паэты. Але-ж ягоныя творы, забароненыя й сяньня, найлепш паказваюць, на колькі Купала быў прынцыповым i непахісным у наканаванай яму гісторыяй пачэснай ролі духовага правадыра беларускага народу й наколькі годныя жалю й вартыя пагарды ўсе тыя, што гэтую Купалаву ролю бессаромна наважыліся засланіць перад родным яму народам. Гэта таксама паказвае, што ўсе вымушаныя ад Купалы хваласьпевы партыі й савецкай сыстэме былі няшчырай i каньюнктурнай данінай няўмольным патрэбам часу й абставінам ды, як гэткія, яны, хваласьпевы гэныя, ані не абніжаюць нацыянальнай i людзкой годнасьці паэты.
Але Янка Купала на працягу ўсяго савецкага пэрыяду ў сваёй любасьці й вернасьці беларускаму народу быў непахісны. Залатыя словы ягонага вершу «Песьня вольнага чалавека» із зборніка «Жалейка»:
Ці-ж людзі сонца згасіць могуць,
Згасіць, як сьвечку, яснасьць дня?
I волі дэспаты ня змогуць,
Бо воля сонейку раўня.
Душой я вольны чалавек
I гэткім буду цэлы век -
словы гэтыя з поўным правам можна заадрысаваць Купалу ў цэлым падсавецкім пэрыядзе ягонай творчай дзейнасці. Так, Янка Купала заўсёды душою быў вольным чалавекам, гэткім быў ён цэлы свой век!
* * *
Цяпер вядуцца рыхтаваньні да выданьня чацьвертага Збору твораў Янкі Купалы на 100-я ўгодкі ад ягонага нараджэньня, пра што яшчэ ў жніўні 1978 году паведаміла агенцтва БЕЛТА. Ведамы літаратуравед Вячаслаў Рагойша ў сваёй рэцэнзіі на трэйцяе выданьне Збору твораў, зьмешчанай у газэце «Літаратура i Мастацтва», паведамляў i прапанаваў:
У пастанове СНК БССР i ЦК КП(б)Б ад 4 жніўня 1945 году, у якой вызначаны мерапрыемствы па ўвекавечаньню памяці Купалы, была пастаўлена задача выпусьціць у сьвет акадэмічны Збор твораў песняра. Сёньняшні сямітомнік - важны подступ да поўнага Збору твораў Янкі Купалы, куды, у вадрозьненне ад сямітомніка, павінна ўвайсьці літаральна ўсё (падчыркнута Вячаславам Рагойшам. - Ст.Ст.), што было калі-небудзь напісана песьняром вершамі й прозай. Пачаткам выданьня такога сапраўды акадэмічнага Збору твораў найлепей можна было-б адзначыць сотую гадавіну з дня нараджэньня клясыка беларускай літаратуры.
Няма сумлеву, што, выказваючы гэтыя свае, наскрозь справядлівыя й мэтазгодныя прапановы, Вячаслаў Рагойша браў жаданае за магчымае. Аднак гэтае магчымае магло-б стацца рэальным адно ў выпадку радыкальнае зьмены палітычнага курсу ў Савецкім Саюзе ў кірунку далёка пасунутае лібэралізацыі й дэмакратызацыі. Нажаль, з прычыны далейшага скоўваньня свабоды думкі й творчасьці, зьмены гэткае, прынамся да 1982 году, калі будуць ушаноўвацца 100-я Купалавы ўгодкі, чакаць не даводзіцца. Тым ня менш, прапанова Вячаслава Рагойшы заўсёды актуальная й вельмі на часе якраз сяньня. Прапанова гэтая поўнасьцяй адлюстроўвае настроі й жаданьні беларускае нацыянальнае інтэлігенцыі ў падсавецкай Беларусі.
Гэта, аднак, ня вылучае магчымасьці, што ў чацьвертым выданьні Збору твораў Янкі Купалы могуць быць зусім нечаканыя й неспадзяваныя выпадкі, як гэта ўжо сталася з улучэньнем у трэйцяе выданьне Збору твораў вершу «Свайму Народу» або ў другое выданьне Збору твораў вершу «Сын i Маці». Ані ня выключана, што ў чацьвертым выданьні Збору твораў зьявяцца ўжо літаральна ўсе дарэвалюцыйныя Купалавы творы, забароненыя дасюль, між імі навет i гэны найбольш пракудны для палітычнай палітыкі верш Над Нёманам. Калі-б яно гэтак сталася, дык ня трэба думаць, што гэтым партыя дабравольна пайшла напярэймы беларускім нацыянальным патрэбам. Зусім не, гэта сьветчыла-б, што нацыянальныя імкненьні беларускай творчай інтэлігенцыі нагэтулькі моцныя, што зь імі партыя мусіла лічыцца. Сьветчыла-б гэта адно аб тым, што вакол Купалавай літаратурнай спадчыны вядзецца ціхае, але наважанае змаганьне між патрыятычна настроенымі літаратарамі й партыяй ды што ў некаторых выпадках партыя, хоць i не ахвотна, змушаная йсьці на некаторыя ўступкі.