І.
Мова, як ведама, служыць сьродкам паразуменьня людзей паміж сабой. Тым большае значэньне мовы, чым большы лік людзей можа гэтай мовай карыстацца.
Пры істнаваньні народаў з рознымі мовамі, дзеля зносінаў паміж гэтымі народамі прыходзіцца вывучаць чужыя мовы. Звычайна народы дужэйшыя, накідаюць сваю мову слабейшым. Такім чынам мова народа-пераможцы робіцца мовай як бы міжнароднай для большага ці меншага кругу народаў. Прыкладам такіх моваў міжнародных у старажытнасьці могуць служыць мовы грэцкая i лацінская. Што датычыць апошняй, то яна i пасьля ўпадку Рымскай імпэрыі зрабіла вялікі ўплыў на народы перамогшыя рымлян, дзякуючы высокай культурнай вартасьці навуковага i прыгожага пісьменства ў гэтай мове. Лацінская мова, як мова міжнародная вучоных, у якой пісалі свае творы вучоныя розных нацыянальнасьцяў, ператрывала блізка паўтары тысячы гадоў пасьля ўпадку Рыму i спатыкалася ў навуковай літэратуры яшчэ ў прошлым стагодзьдзі.
У навейшыя часы i цяпер частковы характар міжнароднасьці мелі i маюць мовы: французская, нямецкая i ангельская.
Аднак мовы гэтыя ахапляюць далёка ня ўсе народы i пераважна пэўныя галіны жыцьця. Французская мова была да апошніх часоў мовай дыплёматыі, нямецкая i ангельская пашырана ў зносінах гандлёвых. Знаёмства з гэтымі мовамі патрэбна людзям займаючымся навуковай працай.
Пры цяперашніх гаспадарчых умовах, ставячых ува ўзаемную залежнасьць народы ўсяго сьвету - патрэба гаспадарчых i культурных зносінаў, a таму i патрэба міжнароднай мовы адчуваецца мацней, прытым ня толькі вучонымі ці дыплёматамі, але i шырэйшымі слаямі грамадзянства. Прытым міжнародная мова павінна ісьці на службу не выключна вышэйшых колаў грамадзянства, але i шырокіх народных масаў.
Дзеля прыняцьця аднэй мовы, як міжнароднай, ёсьць наступныя падставы:
1. Супольная мова памагае знаёмству i збліженьню паміж народамі, аслабляючы варожасьць i магчымасьць войнаў.
2. З пункту гледжаньня культурнага, адзіная міжнародная мова прадстаўляе вялікую экономію. Літэратурныя творы, маючыя вялікшую вартасьць, тлумачацца на іншыя мовы: большую экономію прадстаўляе пералажыць яго на адну мову, чым на колькі, колькінаццаць, ці колькі дзесяткаў іншых. У выпадках, калі няма перакладаў на тыя ці іншыя мовы, прыходзіцца вывучаць мову, на якой гэты твор напісаны. Таму ў школах выкладаецца колькі чужых моваў, з больш багатай літэратурай.
Думка аб прыняцьці аднэй мовы, як міжнароднай, паколькі мы маем дадзеныя (Дрэзэн), налічвае больш трохсот гадоў. Першая прапанова ў агульнай форме адносіцца да 1603 года i належыць да Алекса Тома ў Англіі. Акрэсьлены праект дадзены ўжо французскім вучоным Дэкартам у 1629 годзе. З таго часу гэтых больш-менш канкрэтных прапановаў i праэктаў штучных моваў, налічваецца да 380, ня кажучы аб прапанове прыняць, як мову міжнародную, адну з існуючых натуральных моваў, прыкладам ангельскую, або мову лацінскую.
Гэтыя праекты йшлі у наступных галоўных напрамках: паразумеваньне сыгналамі або жэстамі (целарухамі), мовы са словамі зусім выдуманымі па нейкаму пляну, удасканаленьне аднэй з існуючых натуральных моваў, комбінацыя з двух або неколькіх натуральных моваў, нова-лацінская, або нова-раманская мова, інтэрнацыянальная сыстэма (эспэранто), аб якой будзе сказана ніжэй больш падрабязна i ўрэшце розныя пераробкі, быццам удасканаленьні мовы эспэранто, якія па свайму языковаму i граматычнаму матар'ялу на 10 - 15 проц. розьняцца ад эспэранто.
Да апошняга часу, калі ўжо "эспэранто" здабыла шырокае прызнаньне, сярод староньнікаў адзінай міжнароднай мовы йшлі спрэчкі, якія ня спынілісь i дагэтуль, аб тым, ці такой мовай павінна быць мова натуральная, ці штучная.
Перадусім трэба заўважыць, што істнуючыя натуральныя мовы ня ёсьць прыродныя для чалавека - дзіця ня родзіцца з мовай: калі малое дзіцё аддаць у сям'ю якой хаця нацыянальнасьці, ангельскую, французскую ці іншую, то гэтая мова будзе для яго роднай
Па другое, ня ўсе рэчы натуральныя, ёсьць лепшыя за штучныя: пэўне-ж дамы ёсьць лепшыя за пячуры, ў якіх жылі першабытныя людзі, чыгункі ёсьць лепшы сьродак комунікацыі, як свае ці нават конскія ногі.
Прыняцьце за міжнародную аднэй з істнуючых моваў дае гэтаму народу вялікія выгады i прывілеі перад іншымі народамі. Гэтая акалічнасьць a таксама i нацыянальны гонар паасобных народаў не даюць надзеі дабіцца агульнай згоды на прыняцьце мовы аднаго народу, як міжнароднай.
Урэшце само жыцьцё - ўзрост ліку эспэрантыстаў i буйнае разьвіцьце літэратуры ў мове эспэранто - дае адказ на карысьць мовы штучнай.
З усіх праектаў штучных моваў больш значны лік староньнікаў мелі наступныя мовы: Вoляпюк, апублікаваны ў 1879 годзе, са словамі прыдуманымі i зусім чужымі для існуючых моваў. Ён меў значнае пашырэньне перад эспэранто ў г. г. 1880 - 1890. Пасьля зьяўленьня эспэранто шмат староньнікаў яго перайшло да эспэранто i наагул гэтая мова заняпала зусім.
Пасьля паяўленьня эспэранто яго пераробка, апублікаваная ў 1908 г. пад назовам "Ідо", аўтарам якой ёсьць былы эспэрантысты Бофрон, адкалоўшы ад эспэранто да 10 проц. тагачасных яго староньнікаў, згуртавала да двух тысячаў чалавек. "Iдо" істнуе да гэтага часу, мае нават сваю нязначную літэратуру, але шмат яго староньнікаў у апошні час пераходзіць да новай сыстэмы Окцыдэнталь (1922 г.), маючай большую схожасьць з заходня эўропэйскімі мовамі.
Мова Інтэрлінгва, апублікаваная ў 1903 годзе i з'арганізаваўшая сваіх староньнікаў у 1909 годзе ёсьць абноўленая лацінская мова, маючая 200 - 300 староньнікаў сярод вучоных, лаціністаў, каталіцкіх ксяндзоў i інш.; дзьве трэткі ix жыве ў Італіі.
Мова Эспэранто мае багатую літэратуру, як прыгожую так i навуковую, перакладную i арыгінальную. Староньнікі яе лічацца на соткі тысячаў, але яна вымагае i заслугоўвае асобнага больш падрабязнага разгляду.
ІІ.
Аўтарам міжнароднай мовы эспэранто зьяўляецца Лазар-Людвік Замэнгоф, доктар-окуліст нацыянальнасьці жыдоўскай, сын вучыцеля новых моваў у сярэдніх школах.
Л. Замэнгоф радзіўся ў Беластоку ў 1859 годзе. З паўстаньнем эспэранта найлепш знаёміць уласнае яго "Пісьмо аб паходжаньні эспэранто", напісанае ў 1896 годзе; з выняткамі з гэтага пісьма мы i пазнаёмімся.
"Ідэя дзеля здзейсьненьня, якой я ахвяраваў усё сваё жыцьце паўстала ў мяне - сьмешна гэта сказаць - у самым раньнім дзяцінстве i з таго часу ніколі мяне на пакідала: я жыў з ею i нават ня мог уявіць сябе без яе. Гэта акалічнасьць часткова можа вытлумачыць, чаму я, не гледзячы на ўсялякія перашкоды i прыкрасці, не пакідаў гэтай ідэі, як рабіла шмат другіх, працаваўшых на гэтай ніве.
Беласток, гдзе я радзіўся i правёў дзіцячыя гады, даў напрамак для ўсіх маіх пазнейшых імкненняў. У Беластоку жыхарства складаецца з чатырох розных элемэнтаў: рускіх, палякаў, немцаў i жыдоў. Усе гэтыя элемэнты гавораць рознымі мовамі i варожа адносяцца адны да адных.
У гэтым горадзе, больш чым гдзе, ўражлівая натура адчувае цяжар рознамоўнасці i пераконваецца на кожным кроку, што рознасьць моваў ёсьць адзіная, a прынамсі галоўная прычына, якая дзеліць чалавечую сям'ю на варожыя часткі. Меня выхавалі ідэалістам, мяне вучылі, што людзі - браты i адначасна на вуліцы i на панадворку ўсё на кожным кроку змушала мяне адчуваць, што не існуюць людзі, a толькі рускія, палякі, немцы, жыды i г. падоб. Гэта заўсёды мучыла маю дзіцячую душу, хаця шмат хто магчыма усміхнецца над гэтым "болем аб сусвеце" у дзіцяці.
Дзеля таго, што мне здавалася тады, што "дарослыя" маюць нейкую ўсемагутную сілу, я паўтараў сабе, што як зраблюся дарослы, тады ўхілю гэтыя злыдні.
Па-крысе я зразумела пераконваўся, што ўсё ня робіцпа так легка, як гэта прадстаўляецца дзіцяці; я адкідаў адну за аднэй розныя дзіцячыя ўтопіі - адну толькі мару аб аднэй чалавечай мове я ніколі ня мог адкінуць. Неясна мяне цягнула да яе без ніякіх акрэсьленых плянаў. Я не памятаю калі, але ў кожным выпадку досіць рана ў мяне склалася сведамасьць, што адзіная мова павінна быць толькі нейкай нэйтральнай, не належачай да ніводнага з жывучых цяпер народаў. Калі з Беласточкай рэальнай школы (тады яна была яшчэ гімназіяй) я перайшоў у Варшаўскую другую клясычную гімназію, мяне праз нейкі час прынаджвалі старажытныя мовы i я марыў аб тым, што некалі буду ездзіць па ўсяму свету i гарачымі прамовамі схіляць людзей да ажыўленьня аднэй з гэтых моваў дзеля агульнага ўжытку. Пазней, не памятаю ўжо якім парадкам, я прыйшой да моцнага пераконання, што гэта немагчыма, i я пачаў неясна марыць аб новай штучнай мове.
Я часта тады пачынаў спробы выдумляючы найбагацейшыя скланенні, спраженні i г. п. Аднак чалавечая мова са сваей, як здавалася мне бясконцай масай граматычных форм, з соткамі тысячаў слоў, якімі страшылі мяне таўстыя слоўнікі, здавалася мне такой штучнай колёсальнай машынай, што не адзін раз я казаў сабе: "Проч мары! Гэта праца вышэй чалавечых сіл", - аднак я варочаўся да сваёй мары.
Нямецкай i францускай мовы я навучыўся ў дзіцячым веку, калі яшчэ нельга параўноўваць i рабіць вывады, але калі перайшоў у пятую клясу гімназіі, я пачаў вывучваць ангельскую мову; прастата ангельскай граматыкі кінулась мне ў вочы, асабліва дзякуючы крутому пераходу да яе ад граматык лацінскай i грэцкай. Я ўбачыў тады, што багацце граматычных форм ёсьць толькі сьляпое гістарычнае здарэньне, a ня ёсьць неабходнае для мовы.
Пад уплывам гэтага я пачаў адкідаць непатрэбныя граматычныя формы i заўважыў, што граматыка што раз больш, як лёд тае ў маіх руках - i хутка дайшоў да маленачкай граматыкі, якая без шкоды для мовы займала ўсяго некалькі старонак. Тады я пачаў больш сур'ёзна аддавацца маёй мары. Аднак вялізарныя слоўнікі не давалі мне супакою.
Аднойчы быўшы у 7-ай клясе гімназіі я прыпадкова звярнуў увагу на надпіс "Швейцарская", які шмат разоў ўжо бачыў i пасьля на вывеску "Кондитерская". Гэтае «-ская» зацікавіла мяне i паказала мне, што суфіксы (ўстаўкі) даюць магчымасць з аднаго слова тварыць іншыя словы -, якіх ня трэба нанова вывучваць. Гэтая думка захапіла мяне i я пачуяў грунт пад сваімі нагамі. На страшэнныя вялічэзныя слоўнікі ўпаў прамень сьвятла i яны началі раптоўна зьменшацца перад маімі вачыма. Хутка пасьля гэгага я меў напісаную ўсю граматыку i невялічкі слоўнік.
Колькі слоў об матар'яле для слоўніка. Пачаткова я хацеў i да слоў тасаваць прынцып экономіі, выдумляючы найкарацейшыя словы, прыкладам замест слова з 10-х літэраў "размаўляць" можам тую самую думку выказаць якім-колечы 2-літэрным, прыкладам "па". Таму я пісаў математычны рад найкарацейшых лёгка вымаўляных злучэньняў літэраў, кожнаму з ix даючы значаньне акрэсленага слова, прыкладам, a, ab, ас, ad... ba, сэ, da... i г.д. Аднак гэтую думку я зараз жа адкінуў, бо спробы з сабой самым паказалі мне, што гэтыя выдуманыя словы вельмі цяжка вывучыць i яшчэ цяжэй запамятаваць. Тады ўжо я пераканаўся, што матар'ял для слоўніка павінен быць романа-германскі. Стоючы ужо на гэтым грунце хутка я зацеміў, што сучасныя мовы маюць вялікі запас ужо гатовых слоў міжнародных, якія вядомы ўсім народам i твораць скарб для будучай міжнароднай мовы. Зразумела я скарыстаўся гэтым скарбам.
У 1878 годзе мова была ўжо больш-менш гатовая, хаця між тагачаснай "лінгва унівэрсале" i цяперашнім эспэранто была яшчэ вялікая рожніца. Я расказаў аб ёй маім таварышам (тады я быў у 8-ай клясе гімназіі). Большасьць ix прывабіла гэтая ідэя i задзівіла лёгкасць мовы - яны пачалі вывучваць яе. 5-га снежня 1878 г. мы усе разам урачыста святкавалі нарадзіны мовы. Падчас гэтага святкавання мы гаварылі прамовы i пяялі гымн у новай мове, змест пачатку гімна быў: "хай згіне ненавісьць між народамі, уся людзкасць няхай злучыцца ў вадну сям'ю" На стале лежала некалькі перакладаў у новай мове. Праз паўгода пасля свята мьі кончыўшы гімназію ўсе разыйшліся.
Будучыя апостолы мовы спаткаўшы насмешкі дарослых людзей, зракліся яе i я застаўся адзін.
Так скончыўся першы пэрыяд мовы. Быўшы яшчэ за малады, каб выступіць публічна, я рашыў пачакаць гадоў 5-6, каб выпрабаваць мову i апрацаваць яе на падставе практыкі.
У працягу 5½ гадоў прабываныя ў унівэрсытэце я ніколі не гаварыў з кім-колечы аб сваей справе. Змушаны пільна хаваць свае думкі i пляны я амаль нідзе не бываў, у нічым не прыймаў удзелу i найпрыгажэйшы час жыцця - студэнскія гады - былі для мяне найсумнейшыя.
У працягу шасцёх гадоў я працаваў над удасканаленнем i спробамі мовы - i меў даволі працы, хаця ў 1878 годзе мне здавалася, што мова ўжо зусім гатовая.
Скончыўшы унівэрсытэт я пачаў сваю лекарскую практыку. Цяпер я пачаў думаць аб публічным выступе з сваей працай. 3 прычын фінансавых у працягу двух гадоў я не мог знайсці выдаўца i ўрэшце ў ліпені 1887 годзе выдаў сам сваю першую брашуру: "Д-р Эспэранто. Міжнародная мова. Прадмова i слоўнік".
Перад гэтым я адчуваў, што стаю перад Рубіконам i я ведаў, які лёс чакае доктара, залежнага ад публікі, калі гэтая публіка бачыць у ім фантазёра, чалавека, які займаецца пабочнымі справамі; я бачыў, што стаўлю на карту ўвесь будучы супакой i існаванне сваё i сваёй сям'і. Аднак я не мог пакінуць гэтую ідэю, якая ўвайшла ў маё цела i кроў... я перайшоў Рубікон".
Дадамо некалькі падрабязнасцей. Да 1887 году здавалася, што бацька спагадаў яго працы дзеля міжнароднай мовы, але пазней некалькі прыяцеляў напалохалі яго кажучы, што сын хутка звар'яцее, калі пазволіць яму займацца далей гэтай небяспечнай неадчэпнай думкай.
Бацька змусіў сына абяцаць, што той адложыць сваю справу да сканчэння унівэрсытэту i дастаў ад яго ўсе рукапісы. Пасля кіраваны любовяй да сына ён спаліў тайком усе паперы. Аднак Людвік-Лазар ведаў на памяць усю сваю працу i нічога не прапала.
У 1887 годзе (9-га жніўня) Замэнгоф ажаніўся з Клярай Зільбэрнік,. якая памагала i дадавала бадзёрасці мужу ў яго працы. Цесць яго таксама цікавіўся гэтай справай i памог выдаць першыя кніжкі.