Папярэдняя старонка: Станкевіч Ян

Аб беларускіх лаціньніках 


Аўтар: Скарыніч Брачыслаў,
Дадана: 27-02-2013,
Крыніца: Скарыніч Брачыслаў. Аб беларускіх лаціньніках // Спадчына №4-1992. С. 76-83.



Брачыслаў Скарыніч - адзін з псеўданімаў Яна Станкевіча.

За апошнія 3 гады можна зацёміць у беларускай працы дзіўное й шкоднае зьявішча. Справа ў тым, што ў нашым грамадзянстве вытвараецца пагляд на Беларусоў каталікоў, як на часьць Беларускага Народу меней важную пры нашым нацыянальным i гаспадарственным адраджэньні, i шмат меней робіцца дзеля адраджэньня Ян Станкевіч. Беларусоў каталікоў, чымся дзеля адраджэньня Беларусоў праваслаўных. Гэта выклікана дзьвюма прычынамі. Адна прычына тая, што ў апошні час да беларускага руху прыбыло шмат новых сіл з боку абруселае беларускае інтэлігенцыі. Гэтая інтэлігенцыя, жывучы раней маскоўскім жыцьцём, прывыкла была памаскоўку ўважаць усіх каталікоў, у тэй лічбе й каталікоў Беларусоў, Палякамі. Дзеля гэтага часьць ix i цяпер, стаўшыся сьвядомымі Беларусамі, недаверчыва адносяцца да сваіх братоў, Беларусоў каталікоў, меней або й сусім ніякае ўвагі не зварочуе дзеля працы сярод ix i ў гэтым-жа кірунку робіць уплыў (навет паміма свае волі) на тыя беларускія арганізацыі, сябрамі якіх зьяўляюцца, а гэтым i на ўсё грамадзянства. Другая, ня меней важная, прычына тая, што працаваць цяпер паміж беларускага каталіцкага насяленьня, вялізарная большасьць якога жыве на захадзе Беларусі i апынулася ў даную часіну пад польскай акупацыяй, цяжэй, чымся паміж праваслаўнымі Беларусамі пад тэй-жа акупацыяй. Навет несьвядомы праваслаўны Беларус, няхочучы мець польскае, прыкладам, школы, спачатку згаджаецца, а потым, усьвядамляючыся, дамагаецца беларускае школы. Каталік-жа Беларус будзе гэта рабіць толькі тады, калі ён запраўды сьвядомы, бо ў той час, калі дзеля адчыненьня польскае школы ён не патрабуе нічагусенькі рабіць, то, каб адчыніць у сябе беларускую школу, мусіць мець грамадзкую й асабістую адвагу, мусіць перамагчы страх паліцыі, жандармэрыі, быць прыгатаваным сесьці ў турму, як «агітатар», «бальшавік», i гэта ўсё з малой надзеяй, што польская ўлада беларускую школу дазволіць адчыніць. Пры другіх-жа, болей спагадных варунках дзеля ўсьвядомленьня Беларусоў каталікоў, праца паміж ix бываё лягчэйшаю. Пад маскоўскаю ўладаю праца паміж каталікоў была i ё болей удачная, як паміж праваслаўных. Адносіны да Беларусоў каталікоў, як да нейкае меней важнае часьці нашага Народу, не апраўдуюцца ні гісторыяй, ні тым запраўдным значэньнем, якое прыпадае Беларусом каталіком у нацыянальным i дзяржаўным адраджэньні Беларускага Народу.

Гісторыя нам кажа, што заўсёды сярод Беларусоў быў i некаторы % Беларусоў лаціньнікаў.

Яшчэ да агульнага прынятку хрысьціянства ў Беларусі, дзякуючы заходнім i візантскім культурным уплывам, сярод Беларусоў былі паасобныя хрысьціяне лацінскага i грэцкага абраду. Трэба думаць, што тады-ж, дзякуючы арабскаму культурнаму ўплыву, некаторыя Беларусы прыймалі i іслам. Пасьлей, калі з аднаго боку Печанегі й Полаўцы, прыйшоўшы з Азыі i зваяваўшы Хазар, загарадзілі дарогу арабскаскандынаўскаму гандлю па Волзе, які быў найважнейшаю галіною ўсесьветнага арабскага гандлю, i тым спынілі арабскі ўплыў, а з другога боку з Скандынавіі прышлі Русы, Варагі, якія, пабіўшы супольна з тагочаснымі Украінцамі Хазар, навязалі тарговыя i ішыя зносіны цераз вялікую дарогу «з Вараг у Грэкі» з адроджанай тады Візантыяй, - пачынаюцца ў Украіне i Беларусі вялікшыя візантскія ўплывы. З прыняткам візантскага хрысьціянства ў Кіеве 988 г. яно пашыраецца i ў Беларусі. Цікаўна ў нашай старой царкоўнай літэратуры полеміка проці лацінства; з яе відаць, што візантскае хрысьціянства шырылася, адначасна вядучы барацьбу з лацінскім абрадам. Праваслаўная гіерархія натужувала ўсе сілы, каб зьніштожыць лацінства, і, наадварот, лацінства старалася выціснуць уплывы праваслаўныя. Няпрыязныя адносіны паміж Беларусамі i Немцамі, якія пачаліся з пачатку XIII в., ад закладзін Немцамі ў цяпершаняй Лацьвіі Лівонскага ордэну, ад якога часу паміж гэтым ордэнам i Полацкім князьствам вядзецца барацьба за ўладу над Лівоніяй, вытварылі няпрыязьнь да лацінства, якое тады ўважалася ў нас нямецкаю вераю. Зваяваўшы аканчальна лацінства, праваслаўе ў Беларусі стала нацыянальнаю беларускаю вераю. Але й пасьля гэтага, дзякуючы рэлігійнай толеранцыі, якой заўсёды адзначалася незалежная Беларусь, беларусы лаціньнікі, хоць i ў малой лічбе, аставаліся.

Былі Беларусы лаціньнікі i ў часе т. зв. 1-га літоўскага пэрьюду (другі літоўскі пэрьюд трэба лічыць ад Крэўскае уніі 1386 г. да Люблінскае уніі 1569 г.) беларускае гісторыі. У часы князя Гедыміна быў нейкі лік Беларусоў каталікоў, i гэты Вялікі Князь улетку 1323 г. зьвярнуўся да нямецкіх францішканаў саксонскае правінцыі з просьбай прыслаць у Вільню i Новагродак для абслугі манастырскіх касьцёлаў чатырох духоўнікаў, якія ўмелі-б гутарыць i пабеларуску, такіх, «якія цяпер ёсьць i даўней былі». Пасьлей В. Кн. Ягайла-Якаў, перайшоўшы з праваслаўнае веры ў каталіцкую, быў ахрышчаны пакаталіцку адначасна з літоўскімі й многімі беларускімі баярамі i князьмі. Пры гэтым баяры, князі й сам В. князь былі навучаны новае веры ў беларускай мове, якая ўжывалася ўжо й дагэнуль у сьвятынях; пропаведзі казалі ня толькі ў Беларусоў праваслаўных, але i ў Беларусоў каталікоў, на Вялікакнязьскім двары, i стала цяпер ужывацца ў касьцеле В. Князя Ягайлы. В. Князь Ягайла, перайшоўшы ў лацінства сам, рабіў навет значную прынуку дзеля навярненьня праваслаўных Беларусоў на лацінства. У Вільні 1387 г. ён выдаў Унівэрсал аб хрышчэньні Русіноў [1] i надзяленьні свабод каталіцкаму касьцёлу. У тым-жа дакумэнце Ягайла кажа, што, жадаючы адзінай веры ў Літве й Русі, загадвае «omnes natione Lithuanos ułriusque sexus cuiuscumque status, conditionis auł eminentiae existerint in nosłris dominis Lithuaniae et Russiae existentes, ad fidem catholikam et S. Romanae Ecciesiae obedientiam induere, atrahere, convocare; imo compellere in quacunque secta fuerint»: Далей Вял. Князь загадвае: «districte prohibemus, ut numos Lithuanos utriusque sexus Ruteno similiter ułriusque (sexus) matrimonialiter copulentur, nisi prias abedia Romanae Ecciesiae cur effectu» [2].

Пад страхам кары праваслаўная старана ў сямьі мусіла перайсьці на лацінскі абрад. Ня трэба й казаць, што, каб убіцца ў ласку В. Князю, шмат тагочасных выдатных Беларусоў перайшло ў лацінства.

Ян Остроруг, вылічаючы заслугі В. Князя Ягайлы, кажа, што ріеrasque Russiarum regiones а multis superstitionibus retrahit [3]. Гісторык кс. др. Ян Фіялка аб Ягайлу кажа: «...схызматыкаў многа ў прасторных іхніх літоўска-рускіх гаспадарствах прывёў да праўдзівае, якую й сам вызнаваў, веры», іначай кажучы, да лацінскага абраду.

Гісторык Энэаш Сільвіус, у якога наагул Эўропа чытала аб Беларусох, будучы папаю, як Піус ІІ, даведаўся, што Ягайла «прывёў да веры нашае рымска-каталіцкае разныя народы, галоўна народ літоўскі й рускі, першы ўвесь, а другі вялікую часьць, а найменна там, дзе той жыў сярод ліцьвіноў, ці то ў суседзтве ix бліжэйшым, водаль ад біскупстваў усходня-грэцкіх», інакш кажучы, на Палесьсі i ў Беларусі.

Унівэрсал Вітаўта ў справе хрышчэньня Ліцьвіноў (мусіць, з 1392 г.) робіць палёгку ў навярненьні на лацінства тагочасных Беларусоў, бо кажа: «...які Русін будзе, а будзе хацець па сваёй волі хрысьціцца, той хай сабе хрысьціцца, а які ня хоча, хай астаецца ў сваёй веры».

Навярненьне Беларусоў на каталіцтва адбываецца ўвесь XV, XVI вв. i далей. У 1501 г. папа Александр VI ў апрычонай булі да віленскага біскупа дае спосаб прынятку Беларусоў на каталіцызм. «Выказуючы пры гэтым вялікую сваю радасць, папа катэгорычна забараняе аднаўленьня хрышчэньня людзей праваслаўнае веры, якія хочуць злучыцца з рымска-каталіцкаю царквою».

У XVI в. шмат беларускіх паноў перайшло ў лацінства пры пасярэдніцтве рэформацыі (кальвінізму й лютэранства).

У часе Люблінскае уніі Вялікага князьства Літоўскага з Польшчаю 1569 г., калі валынскія паслы, ня хочучы гэнае уніі, не прыяжджалі на прысягу, дык у сойме Палякі прыдумавалі на ix кары. Паміж іншымі, як запісаў адзін Паляк, аўтор соймавага дзеняшніка, хацелі: «рымска-каталіцкаму біскупу Луцкаму Вікторыну Вярбіцкаму двары паканфіскаваць, бо ён ня хоча прыехаці, ані ня відаць з ліста яго, каб ён меў ахвоту прыехаці, бо ён тож Русін». А відаць гэта з таго, што ён напісаў каралю ліст не папольску, але паруску. Кіеўскі рымска-каталіцкі біскуп Язэп Верашчынскі, патрыот Украйны, хадзіў з казакамі ў паход на татар i лятуцеў аб закладзінах Запароскага рыцарскага ордэну, падобнага да Мальтыйскага. Калі ў той час у Украйне, гдзе быў шмат меншы ўплыў лацінства, былі сьвядомыя свае нацьянальнасьці «русіны» каталіцкія біскупы, дык у Беларусі й пагатове. Беларусам, родам з Крайска, цяпер Вялейскага павету, быў у XVI в. віленскі рымска-каталіцкі біскуп Валеріян Протасэвіч-Суткоўскі. Добра характэрызуе той час i тое, што кароль Жыгімонт Аўгуст ІІ вядзе карэспандэнцыю з віленскай капітулай пабеларуску.

Прывяду яшчэ адзін дакумэнт XVII в. аб Беларусох i Украінцах лаціньніках. Ім ёсьць «Суплікацыя», пададзеная Сэнату Рэчы Паспалітае на Сойм 1623 г. усёю праваслаўнаю шляхтаю Вялікага князьства Літоўска-Беларускага i каронных зямель (украінскаю). Вось адрыўкі з гэнае «Суплікацыі»: «Шляхту Народу Рускага сьвятое памяці кароль Яго Міласьць Жыгімонт Аўгуст у прывілеі Народу Рускаму, у часе інкорпорацыі (да польскае кароны) дадзеным, на два яе законы дзелячы, адну закону рымскага, другую закону грэцкага ймянуе. А абодвух гэтых законах Русь усіх свабод, вольнасьцяў, правоў i станаў Кароны Польскае чыніць ён у роўнай меры ўчасьнікамі: восьжа i шляхту закону грэцкага, тую, што за яго панаваньня, так як i Ў мінуўшых сталецьцях, пад паслушнасьцяй Константынопальскага Патрыярха была. Гэтае цяперашняе Русі уніяцкае i правы нашыя ня знаюць, i Кароль Я. М. Польскі ня зналі, бо аб ёй ніякага ўспаміну ў прывілеях Народу Рускаму дадзеных не знаходзім, а гутарка там толькі аб Русі закону рымскага i Pyci закону грэцкага».

«Калі Русь уніяцкая ёсьць Русяй закону рымскага, то яны мусяць прыстаці на правы і вольнасьці Pyci закону рымскаму дадзеныя, а нам, Pyci закону грэцкага, i правом нашым маюць даці сьвяты пакой, бо яны да ix не належаць таму, што яны ня ёсьць Русяй таго закону грэцкага, якога былі тыя, каму гэныя правы дадзены. Калі ж яны горнуцца пад нашыя правы i нашымі вольнасьцямі цешыцца хочуць, то няхай астаюцца таго грэцкага закону Русяй, якога былі тыя, каму гэныя правы й вольнасьці дадзены, значыцца хай астануцца Русяй закону грэцкага пад паслушнасьцяй Патрыярха Канстантынопальскага, а ня Русяй закону рымскага пад паслушнасьцяй Папы Рымскага. Калі-ж яны ані рымскага закону, ані грэцкага, то ім гэтульКІ правы й вольнасьці нашыя рускія служыці маюць, на колькі служаць яны прыбываючым у нашых краёх чужаземцам. А калі яны хочуць быці i таго i другога закону Русяй, то такой Pyci ніякіх правоў i ніякіх прывілеяў у нас няма».

«Бо вольнасьці Народу Рускаму належацца дваякія: таму Народу Рускаму, які ёсьць веры рымскае, паслушнасьці заходняе i таму Народу Рускаму, які ёсьць веры грэцкае, паслушнасьці ўсходняе».

«Русь рымскае веры пры сваёй вольнасьці астаецца, а нам, Pyci веры грэцкае, вольнасьць выдзерта...».

З гэтага дакумэнту бачым, што ня толькі было шмат Беларусоў лаціньнікаў, але i як беларуская шляхта, якая прадстаўляла тады Беларускі Народ, адносілася да ix. Вось-жа бачым, што тагочасныя праваслаўныя Беларусы сусім прызнавалі Беларусоў каталікоў Беларусамі, прызнавалі такімі самымі Беларусамі, якімі былі яны - праваслаўныя Беларусы, прызнавалі няменш, як прызнаюць цяперашніх Беларусоў каталікоў цяперашнія праваслаўныя Беларусы!

Тут прыходзіць у дум адно пытаньне. Чаму Беларусы каталікі, якія карысталіся ў рэлігійным жыцьці сваёю беларускаю моваю i ў вечавы пэрыод беларускае гісторыі, i ўвесь літоўскі пэрыод, i ў XVI в., чаму яны пасьля дапушчаюць польскую мову ў касьцёл i полёнізуюцца ў сваіх вярхох? Адказ можа быць гэткі. Полёнізацыя пачалася ў нас у езуіцкіх калегіях. У ix, тагачаснаю эўропэйскаю мудрасьцяю i ўзгадаваньнем, зацягалі нашых шляхоцкіх дзяцей (наўперад праваслаўных) i вучылі вучоныя эўропэйцы, але дзеля таго, што езуіцкія калегіі закладаліся й забасьпячаліся польскімі каралямі, то нацыянальнае ўзгадаваньне ў ix было ў руках Палякоў i вялося ў польскім нацыянальным духу. Праваслаўны Беларус выходзіў з езуіцкае школы каталіком i чуў сябе паляком. I толькі моцная тагочасная нацыянальная традыцыя ўдзержавала пасьля гэтага многіх яшчэ пры сваёй нацыянальнасьці. Як езуіцкія вучанікі, скончыўшы школу, уваходзілі ў грамадзянства то, займаючы найчасьцей высокае палажэньне ў гаспадарстве i будучы патронамі паасобных каталіцкіх касьцёлаў, якія яны самі ставілі, яны рабілі полёнізацыйны ўплыў на ўсю беларускую каталіцкую царкву. З другога боку, аналёгія таго, што дзеялася з моваю ў праваслаўнай царкве, спрычынілася да завядзеньня польскае мовы ў беларускай каталіцкай царкве. З XIII ст. у нас былі дзьве літэратурныя мовы. Адна была ўтворана адміністрацыяй, купецтвам i ўсім сьвецкім грамадзянствам; гэта была мова актаў, «Літоўскага Статуту» Ураду i ўсяго, што не належыла да царквы. Мова гэтая была абаперта на народнай беларускай мове i была шчыра беларускаю літэратурнаю моваю. Мела яна ў сабе некаторы ўплыў стара-баўгарскае (царкоўна-славянскае) мовы. Але ўжо з самаго пачатку Беларусы стараліся спабыцца стара-баўгарскага ўплыву, творачы новыя беларускія словы, адпавядаючыя тым старабаўгарскім i іншым, якіх ня было тады ў беларускай мове. Гэтак, прыкладам, у гандлёвых умовах з Ганзаю XIII ст. знаходзім заместа стара-баўгарскага слова «благородный» адпавядаючае яму беларускае «дабрародны». З часам, на што былі свае прычыны, гэтая мова прыняла некаторы ўплыў украінскае мовы. Сталі пісаць такою моваю, што яна была супольнаю ўсім Беларусом, адчасьці паўночным Украінцам. Пасьлейжа стаў уплыў i польскае мовы. Але ў праваслаўнай царкве ў службе, дадатковым набажэнстве, кнігах як шчыра рэлігійнага зьместу, так i зьместу рэлігійна-полемічнага - ужывалася стара-баўгарская мова (толькі Ў пропаведзях ужывалі беларускую мову), крыху зьмененая на беларускім грунце, можна сказаць, старабаўгаршчына беларускае рэдакцыі. Толькі др. Франціск-Юры Скарына (сын купца, а ня духоўнага) спрабаваў увесьці да царквы беларускую літэратурную мову, перакладаючы 1517 г. «дзеля лепшага зразуменьня люду паспалітага» біблію на нашу літэратурную мову. За ім пайшоў Васіль Цяпінскі. Але ад часу выданьня ў 1619 г. у Вільні стара-баўгарскае граматыкі Мелеція Сматрыцкага, сфанатызаванае (рэзультат заўзятае тагочаснае рэлігійнае барацьбы) праваслаўнае духавенства стромка варочаецца да старыны i прыдзержваецца выключна старабаўгаршчыны ў царкоўным жыцьці. Дык трудна было невялічкай адносна часьці Беларусоў лаціньнікаў, маючых у сабе пры гэтым найбалей дэнацыяналізаваных вярхоў, удзяржаць i разьвіць у царкоўным жыцьці сваю родную беларускую мову, калі гэтая мова не шанавалася царквою вялізарнае большасьці гэтага народу. Не маглі Беларусь) лаціньнікі завесьці ў сябе ў царкоўным жыцьці стара-баўгарскае мовы, бо яна была адзнакаю ўсходняга абраду, дык памалу ў дадатковае каталіцкае набажэнства пачынае ўціскацца балей зразумеля за лацінскую польская мова. Польская мова, як даступнейшая i спалячанай часьці інтэлігенцыі, была выгаднейшая за стара-баўгарскую ў полемічных выданьнях, аб чым сьведчыць i тое, што пасьлей праваслаўныя, напару, выдаюць свае полемічныя творы папольску.

Бачым у «Суплікацыі» i адносіны да уніі. Адносіны да гэтае новае веры шмат горшыя, чымся да іншае, старое рымскае веры, адносіны праваслаўнае шляхты да уніі сусім благія. Благія яны таму, што, як чытаем далей у «Суплікацыі»: «Ня дзеяцца бяспраўя i ня церпіць вольнасьць паняволеньня, калі Русін рэлігіі грэцкае пакідае яе i стае Русіном рэлігіі рымскае. Бо зьменаю свае рэлігіі не адмяняе ён правоў нашых i вольнасьцяў веры, але, пакінуўшы самахоць тую сваю духовую вольнасьць, якую ён меў у рэлігіі грэцкай, прыймае на сябе вольнасьць духовую рэлігіі рымскае i ёю здавальняецца. Ад такога затое праву нашаму гвалт дзеяцца, ад такога i вольнасьці нашыя церпяць паняволеньня, хто рэлігію нашую грэцкую пакінуўшы, разам з сабою i правы нашыя забірае так, каб ужо правамі тымі ня можна было карыстацца тым, хто пры рэлігіі грэцкай астаўся...

Вось дзе ёсьць бяспраўе, якое нам ад уніятаў дзеяцца. Вось у гэтым ёсьць вольнасьцяў нашых паняволеньня, што яны ня будучы духоўнымі рэлігіі грэцкае паслушнасьці ўсходняе, а толькі плашчом пад назовай рэлігіі грэцкае апрануўшыся, уладыцтвы, належныя духоўным паслушнасьці ўсходнае, пазабіралі, іхныя бэнэфіцыі паабсаджавалі, а нас, у паслушнасьці ўсходняй астаўшыхся i ніўчым ня вінных, чапаюць, прыціскаюць i як мага ў набажэнстве нашым перасьледуюць».

Праваслаўным магнатам, паном, наагул праваслаўнай шляхце балюча i крыўдна цярпець, калі пастаўленыя імі, праваслаўнаю шляхтаю, цэрквы, надораныя ёю праваслаўнай царкве бэнэфіцыі новая вера адбірае сабе.

Нялюба новая вера й сваім нячуваным нейкім дагэнуль дэмакратызмам, непашанаю да стану шляхоцкага, «што мы шляхта, - кажацца далей у «Суплікацыі»,- ад тьіх усякіх Пакасьцяў, Шышкаў, Стэцькаў, Душахватаў, Палісьветаў, Пачапоўскіх i Руцкіх (імёньні тагочасных уніяцкіх духоўных у вялікай большасьці не шляхоцкага паходжаньня), якія цяпер выдаюцца за ўладык рускіх, церпім на зьдзек нашаму стану шляхоцкаму i павінасьці нашай хрысьціянскай - бачыць Бог, ведае Кароль Я. М. Пан наш Міласьлівы, ведаюць i Вяльможнасьці Вашы».

У задачу аўтара гэтае стацьці не ўваходзіць разгляд шкоднасьці ці карысьці уніі, а так сама прычыны яе пашырэньня. Зацемім толькі, што унія шырылася ў Беларусі 200 год i што ня толькі ў канцы большасьць Беларускага Народу да яе належыла, але, як прызнаюць усе гісторыкі, яна сталася ў Беларусі народнаю вераю з дадаткавым беларускім набажэнствам у царкве, з беларускімі песьнямі, пропаведзямі i г. п. Вось гэтую народную веру маскоўскі цар Мікола i скасаваў у 1839 г. адным росчыркам пяра. Уніяты мусілі перайсьці або ў праваслаўе або ў лацінства. Яны так i зрабілі: часьць перайшла туды, а часьць туды. Пераходзіць у праваслаўе змушаў маскоўскі ўрад, але аказалася, што уніяцкія духоўныя добра працавалі над рэлігійным усьвядамленьнем сваіх верных, i мноства уніятаў, ня гледзячы на аднолькавасьць абрадаў, нізавошта не хацелі перайсьці ў праваслаўе, а ня могучы аставацца уніятамі, перайшлі ў лацінства.

У часы перад скасаваньнем уніі да лацінства ў Беларусі належыла большасьць шляхты, ладная частка мяшчанства i невялікая частка сялянства. У сваёй «Суплікацыі» XVII в. праваслаўная шляхта лічыла Народам толькі шляхту, раўнавала беларускую лацінскую шляхту да беларускае праваслаўнае шляхты, i, гэтак прыраўнаваўшы, Беларусоў лаціньнікаў выглядала шмат у XVII в., а яшчэ балей у XIX. Запраўды-ж у адносінах да ўсяго Беларускага Народу Беларусы лаціньнікі яшчэ ў XIX в., да скасаваньня уніі, складалі нязначную меншасьць. Калі-ж зьвярнуць увагу, што як праваслаўе, так i унія з боку нацыянальнага самазахаваньня i нацыянальна-рэлігійнае адзнакі былі аднолькава добрымі для Беларускае Нацыі i прадстаўлялі з гэтага боку адзін усходні абрад, то да скасаваньня уніі можна было гутарыць аб аднаабрадавай, а значыцца, з боку нацыянальнага й аднавернай Беларусі. Лаціньнікі Беларусы складалі якіх-небудзь 10% усяго Беларускага Народу. Як лаціньскі, так i ўсходні абрад прадстаўлялі тады кожны паасобку заднаважаную часьць, ня было перацяганьня ці «перакуляваньня» з аднаго абраду на другі, а значыцца, ня было рэлігійнае звады й ненавіднасьці паміж часьцямі аднаго Народу. Скасаваньнем уніі Беларускі Народ быў падзелены на дзьве няроўныя часьці - Беларусоў праваслаўных усходняга, Беларусоў каталікоў лацінскага абраду, абрады, якія, пачынаючы з XI в., а навет i paней, вялі паміж сабою на ўсім сьвеце, дзе толькі з сабою стыкаліся, заўзятую барацьбу. Лацінская часьць Беларусоў была меншая, але затое ўрадовымі ўціскамі надзвычайна сфанатызавана i праяўляла вялікую актыўнасьць. Касуючы унію, расійскі ўрад адначасна забараніў ужываць беларускую мову ў каталіцкіх касьцёлах i праваслаўных цэрквах i гэтытыя маскалячы адных у праваслаўнай царкве, другіх аддаваў пад полёнізацыю польскай каталіцкай царкве, бо беларуская мова была забаронена. Гэта была нягодная палітыка, якая, дзелячы штучна на дзьве часьці суцэльны Беларускі Народ, адначасна гатавала зваду паміж гэтымі дзьвюма часьцямі, зваду наўперад на грунце рэлігійным за хісьлявыя (найчасьцей у праваслаўных) «уніяцкія душы», а пасьля нат на грунце нацыянальным за маскоўскія й польскія інтарэсы. Беларусы, на думку маскоўскага ўраду, павінны былі стацца разьдзеленымі на два непрыяцельскія табары, янычарамі, якія, бьючыся паміж сабою, мусілі самі сябе зьніштожыць. Скасаваньнем уніі i забаронаю ў касьцёлах i цэрквах беларускае мовы маскоўскі ўрад Міколы I зрабіў над Беларускім Народам праступленьне, роўнага якому няма ў гісторыі Беларусі. Праступленьне гэнае навет шмат вялікшае за тое, якое было зроблена Маскалямі над Беларусамі ў 1915 г. перад наступленьнем Немцаў, калі звыш мільёну беларускага насяленьня Горадзеншчыны, Віленшчыны i Меншчыны былі імі выгнаны ў далёкую маскоўскую чужыню, дзе ўміралі масамі ад голаду, сьцюжы й пошасьцяў; тыя-ж, што неяк перажылі, уміралі сёлета ў 40 % ад голаду ці сьцюжы па бальшавіцкіх i польскіх жалезных дарогах i бараках: шчасьлівыя, якія вярнуліся ў Бацькаўшчыну, цяпер без насеньня i еміны ўміраюць на сваіх спаленых i задзірванелых дзядоўшчынах. Дапаўненьне Міколаўскага праступленьня рабілася ў працягу ўсяго XIX в., асобліва ж у часе Аляксандра II, калі лаціньнікаў Беларусоў розныя князі Хаванскія казацкімі нагайкамі «хрысьцілі з тутэйшых ды ў Палякі», як кажа Мацей Бурачок. А барацьба за «уніяцкія душы» з новаю сілаю ўзьняласася ў 1905-1906 гг., калі ў затручаным i затручаваным ненавіднасьцяй паветры паміж «польскімі» й «рускімі» Беларусамі апошнія масамі пераходзілі ў лацінства.

Гэтак сталася, і паправіць гэта аказаўся здольным i ўсё будзе здальнейшым Беларускі Рух. Ня новым шкоджаньнем, новымі абмылкамі i ненавіднасьцяй, а любоўю i працаю дзеля адраджэньня ўсяго Беларускага Народу, бяз розьніцы абраду, можна направіць вялізарную шкоду, зробленую гэтаму Народу ў мінуўшчыне.

Беларусоў каталікоў цяпер больш 3 мільёнаў, значыцца, яны складаюць адну чверць усяго Беларускага Народу. Ці-ж можа хоць адзін сьвядомы Беларус згадзіцца на загубу чверці свайго народу? Але мала гэтага. Беларусы каталікі не займаюць асобнае тэрыторыі, але жывуць вялікаю лічбаю, перамешаны з Беларусамі праваслаўнымі ў Горадзеншчыне, Віленшчыне i заходняй Віцебшчыне ды малою лічбаю ў усходняй Меншчыне, Магілеўшчыне i навет сустракаюцца ў усходняй Віцебшчыне, Смаленшчыне, Чарнігаўшчыне. Не перамешаны 3 праваслаўнымі Беларусы каталікі жывуць толькі ў Аўгустоўскім пав. Сувальшчыны. Гэткае перамяшаньне Беларусоў двох розных абрадаў ня дасьць магчымасьці ім пры пашырэньні беларускага руху пачуваць сябе двума рознымі народамі, як гэта сталася ў каталіцкіх харватаў i праваслаўных сэрбаў. Але, з другога боку, калі-б пры нашай нядбайнасьці не настала адраджэньне Беларусоў каталікоў, дык немагчыма было-б запраўднае адраджэньне й арганізаваньне праваслаўных Беларусоў заходняе часьці Беларусі, ды яшчэ асталіся тонкія польскія пальцы ў усходняй палавіне Беларусі. Без адраджэньня-ж заходняе палавіны Беларусі, найбалей актыўнае, немагчыма беларускае нацыянальнае i дзяржаўнае адраджэньне наагул. Ня будзем казаць ужо аб тым, што Беларусы каталікі ад самага пачатку беларускага руху прыймалі й прыймаюць у ім вельмі дзейнае ўчасьце i выказалі сябе на ўсіх галінах беларускага грамадзкага й культурнага жыцыдя, кожны, хто знае хоідь крыху беларускае жыццьё, ведае гэта. Дык кожны Беларус мусіць сабе ясна ўцеміць, што ніякае Беларусі аднаабрадавае ці праваслаўнае, ці каталіцкае няма. Хто думае, што прадстаўляе сабе такую Беларусь, той вельмі мыліцца i выказуе гэтым сваю няпоўную сьвядомасьць.

Трудна вымагаць, каб дзеля адраджэньня Беларусоў каталікоў рабілася балей, як дзеля адраджэньня Беларусоў праваслаўных, але мусім вымагаць, каб дзеля каталікоў рабілася пропорцыянальна прыблізна гэтулькі, колькі й дзеля праваслаўных. Асабліва гэта трэба падчыркнуць таму, што за апошнія гады, калі пад польскай уладай міжы праваслаўных Беларусоў лягчэй працаваць, чымся міжы Беларусоў каталікоў, навет сьвядомыя рабачаі, Беларусы з каталікоў, ідуць у кірунку найменшага супраціўленьня i ўмысна выбіраюць сабе працу сярод праваслаўных, абмінаючы каталікоў. Ведама, што, працуючы наагул дзеля беларускае справы, гэтым самым пpaцуецца й дзеля Беларусоў-каталікоў, i трэба старацца, каб паміж Беларусамі розных вер была найвялікшая лучнасьць. Але, працуючы, мы павінны й прытарнавацца да тых варункаў, у якіх жывуць Беларусы каталікі. Паміж Беларусоў лаціньнікаў павінна весьціся адумысловая сыстэматычная арганізаваная праца, пачынаючы ад газэт (хоць-бы спачатку адну народную штодзенную газэту, выдаваную лаціньнікай), папулярных кніжак, друкаваных лацінкаю, далей школы й г. п. Асаблівую ўвагу трэба зьвярнуць спачатку на газэты й кніжкі.

Адроджаныя Беларусы праваслаўныя й каталікі прадставяць адзін цэлы й суцэльна сьвядомы Беларускі Народ, які займе пачэснае месца міжы сваіх суседзяй.

Прага, чэрвень 1922 г.

(часопіс «Крывіч», №2 за 1923 г.)



[1] Тэрмін Русь, Русін, Русіч, рускі (апошняе як прыкмета) ужываўся дзеля абазначаньня Беларусоў i Украінцоў. Апрача таго, дзеля назовы Беларусоў ужываліся яшчэ тэрміны Крывія, Крывіч, крывіцкі, крыўскі; Літва, ліцьвін, літоўскі; Беларусь, Беларус, беларускі, а Украінцоў - Маларусь, Маларус, маларускі; Украіна, Украінец, украінскі. Залежна ад часу той ці Іншы тэрмін быў балей або маней пашыраны. Маскоўшчыну даўней гэтак i называлі: Масква, Маскоўшчына, Маскаль, Масковія, Масковіт.

[2] «Усіх з паходжання Ліцвіноў абаіх полаў, якога б ні было стану, саслоўя або маетнасці, што пад нашай уладай у Літве i на Русі жывуць, належыць прывесці, намовіць, заклікаць да каталіцкае веры, да паслушэнства святому Рымскаму Касцёлу; падпарадкаваць яму, да якога б вызнання яны раней ні належалі»; «...сурова забараняем Ліцвінам абаіх полаў жаніцца з Русінамі абаіх полаў, калі яны не прынялі паслушэнства Рымскага Касцёлу» (пераклад рэдакцыі).

[3] ...багата рускіх земляў ён ад мноства прымхаў уратаваў (пераклад рэдакцыі).

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX