Б. ДРУЦКІ-ПАДБЯРЭСКІ
ПАДРУЧНЫ БЕЛАРУСКА-ПОЛЬСКІ СЛОЎНІК
(15.000 беларускіх слоў, гражданкай i лацінкай)
Пад рэдакцыяй В. Грышкевіча сябры Беларускага Навуковага Т-ва ў Вільні
ВІЛЬНЯ - 1929
«BIЛEHCKAE ВЫДАВЕЦТВА» Б. КЛЕЦКІНА
B. Drucki-Podbereski - Białorusko-Polski Słownik Drukarnia «Wydawnictwo Wileńskie» B. Kieckina, Wilno
ПРАДМОВА
Апрацоўваючы гэты слоўнік мы паставілі сабе мэтай даць практычны, падручны слоўнік, якім можна было-б карыстацца пры чытаньні беларускага друкаванага слова. Дзеля гэтага мы не прэтэндуемо ні на строгую навуковасьць свае працы, ані на паўнату яе. Дый два чалавекі i не маглі-б здавольніць як першую так i другую вымогу, асабліва калі прыняць пад увагу тое, што слоўнік апрацаваны i надрукаваны быў у працягу усяго васьмёх месяцаў. Таксама мы не прэтэндуемо i на чыстату беларускасьці слоў паводле ўласнай кваліфікацыі тых ці іншых слоў.
Наш высілак скіраваны быў на тое, каб даць слоўнік жывой беларускай мовы, на якой гутарыць народ i на якой пішуцца беларускія кніжкі i газэты.
Бяз сумліву ў нашым слоўніку апрача чыста беларускіх слоў знойдуцца i русіцызмы i полёнізмы, якія увайшлі ў жывую народную гутарку, а таксама знойдуцца i новатворы беларускіх філёлёгаў: Я. Станкевіча, Гарэцкага, Ластоўскага i інш., якія ужываюцца ў беларускай літаратуры.
Ведаем добра, што ў нашым слоўніку ёсьць заганы, як з боку апрацоўкі яго, так i вонкавага выкананьня працы - друку.
Заганы ў апрацоўцы слоўніка паходзяць не столькі з нашае віны, колькі з прычыны недахопу адпаведнага матар'ялу.
Прыступаючы да ўкладаньня слоўніка мы мелі пад рукамі толькі «Невялічкі беларуска-расейскі слоўнік» М. Гарэцкага i «Расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік» Ластоўскага. Большасьць слоў узята ўжо намі з жывой мовы i літаратуры.
Толькі ў палове друку слоўніка нам трапіў у рукі «Расійска-Беларускі слоўнік» Некрашэвіча i Байкова, а ўжо ў самым канцы i «Беларуска-расійскі» тых-жа аўтараў. Дзеля гэтага мы толькі часткай маглі карыстацца з гэтых крыніц i з гэтай прычыны ў нашым слоўніку можа кінуцца ў вочы пэўная непрапарцыянальнасьць у апрацоўцы паасобных літар, а іменна - да i пасьля літары «П».
Гэткім чынам нашая праца зьяўляецца не кампіляцыяй толькі, як зазвычай слоўнікі, але ў большай сваёй часьці - працай самастойнай i прытым - першай спробай на Заходня-Беларускім груньце - даць большы зборнік беларускіх слоў; а як «Беларуска-Польскі» - слоўнік наш ёсьць бязумоўна першай i зусім арыгінальнай працай. Гэта таксама часткова тлумачыць заганы, якія мае наш слоўнік.
Што датычыць вонкавага выкананьня - друку то значны лік памылак i інш. паходзяць выключна з прычын хібаў друкарскае тэхнікі.
У мэтах аблягчэньня карыстаньня слоўнікам і тым, якія ня ўмеюць чытаць гражданкай, мы даём беларускія словы i лацінкай. З гэтай-жа мэтай мы дадаем да слоўніка i параўнаўчую табліцу абэцэдаў: беларускай - гражданкай i лацінкай i польскай.
Каб выдзяліць i паказаць як правільна трэба выгаварваць беларускія словы, мы адзначаемо на які склад слова прыходзіцца націск. Націск паказаны курсыўнай літарай.
Пры апрацоўцы слоўніка мы прытрымоўваліся пакуль-што агульна прынятага правапісу Б. Тарашкевіча.
Заўважаныя памылкі папраўлены i абгавораны ў канцы слоўніка.
Аўтар.
Рэдактар.