Папярэдняя старонка: Ахроменка Уладзіслаў, Клімковіч Максім

Найяснейшая Соф'я 


Аўтар: Ахроменка Уладзіслаў, Клімковіч Максім,
Дадана: 24-07-2012,
Крыніца: pawet.net.



Лібрэта мюзікла


Дзейныя асобы

Соф'я - князёўна гальшанская, каралева польская;

Ягайла - кароль польскі;

Васіль - высакародны рыцар з маскоўцаў на службе ў Ягайлы;

Вітаўт - вялікі князь літоўскі, апякун Соф'і;

Збігнеў Алясніцкі - кракаўскі біскуп;

Нячысцік;

Казімір - непаўналетні сын Ягайлы і Соф'і, спадкаемца трону;

Шынкар

Герольд

Пясняр

Першы гопнік

Другі гопнік

Людзі на могілках, польская і ліцвінская шляхта, прыдворныя дамы, вулічныя дзеўкі.

Дзеянне адбываецца ў XV стагоддзі ў Гальшанах і Кракаве, а таксама ў наш час.


Заўвага:

Соф'я, Вітаўт, Ягайла, Пясняр, Шынкар, Нячысцік, ліцвінская шляхта паміж сабой прамаўляюць па-беларуску.

Васіль карыстаецца выключна рускай мовай.

Ягайла, Збігнеў Алясніцкі, польская шляхта паміж сабой прамаўляюць польскай мовай.

Гопнікі - ролі без словаў.

ПЕРШЫ АКТ

1.

Гатычныя руіны, сярод іх некалькі магільных крыжоў. На замкавай вежы спынены гадзіннік. Уваход-арка ў вежу замураваны вялікімі блокамі. Сярод надмагілляў ходзяць сучасна апранутыя людзі, ставяць запаленыя свечкі.

Паміж тых, хто прыйшоў на могілкі, Пясняр з гітарай альбо з рыляй, у ім пазнаецца сцэнічны вобраз Уладзіміра Мулявіна. Гучыць пранікнёны і ўзнёслы спеў - зварот да залы (Хор і саліст).

Людзі, пакінуўшы запаленыя свечкі, сыходзяць падчас спеву.

З-за руін выбіраюцца Першы і Другі гопнікі - імі кіруе Нячысцік. Паводзяць яны сябе брутальна. Здзекліва прыглядаюцца да Песняра, чапляюцца да яго. Маўляў, нам твае спевы без дайпатрэбы. Гопнікі штурхаюць Песняра, ён падае на блокі, якімі закладзена арка. Блокі рассыпаюцца. За імі пад вежай нерухомы маятнік гадзінніка і жаночая скульптура на пастаменце (Соф'я Гальшанская) - твар схаваны пад капюшонам.

Пясняр кранае маятнік, той хістаецца мацней і мацней. Чуецца іржавае тахканне механізма. Скульптура паволі "аджывае", падымае галаву, капюшон спадае, з-пад яго рассыпаюцца залатыя валасы. Пясняр падае Соф'і руку, вядзе яе праз арку ў глыбіню сцэны.

Зляканыя гопнікі вагаюцца. Нячысцік надзяе сярэднявечны блазенскі каўпак з шархунамі, паказвае на мігі, каб гопнікі ішлі за ім. Усе трое сыходзяць у праломленую арку. Чуецца хрубаст гадзінніка, стрэлкі зрушваюцца, шпарка круцяцца ў адваротны бок.

2.

Сярэднявечны замак у Гальшанах. У двары разгублена азіраюцца Першы і Другі гопнікі. Нячысцік ім паказвае, што дасць ім рады, знікае. Выходзіць Гарольд і абвяшчае, што на запрашэнне вялікага князя літоўскага Вітаўта ў Гальшанскі замак прыехаў ягоны стрыечны брат польскі кароль Ягайла,.

Уваходзіць працэсія польскай шляхты на чале з Ягайлам, побач з ім біскуп Алясніцкі, непадалёк круціцца Нячысцік у блазенскім каўпаку. Насустрач палякам выходзіць Вітаўт у суправаджэнні ліцвінскай шляхты.

Алясніцкі нагадвае Ягайлу, што ён загасцяваўся ў Літве і трэба вяртацца ў Кракаў. Але кароль не зважае на дарадцу. Ягайла па-польску выхваляецца, маўляў, пры ягоным кракаўскім двары сабраныя самыя адважныя рыцары і самыя пекныя паненкі. Караля Польшчы падтрымлівае світа. Вітаўт памяркоўна пярэчыць Ягайлу па-беларуску, нагадвае, што той не паляк, а ліцвін (дуэт Вітаўта і Ягайлы). І, калі ў Польшчы ўсё так добра, чаму ж тады кароль дагэтуль не знайшоў там сабе жонку, якая народзіць яму нашчадка трону? Са словаў Вітаўта ліцьвінскія рыцары не менш адважныя за польскіх, а прыгажосць паненак роўная рыцарскай адвазе тутэйшых мужчын. Ягайла ганарліва прапануе вызначыць спрэчку не словамі, а мячамі. Вітаўт згодны.

Герольд абвяшчае рыцарскі турнір, які і вырашыць, хто з манархаў мае рацыю. І тут на рысталішча знянацку выскоквае Нячысцік апрануты блазнам. Маўляў, ён нічым не горшы за прысутных. Нарадзіўся пры каралеўскім двары, праўда, на кухні і ад распуснай служанкі. Але кожны з прыдворных можа быць ягоным бацькам. Можа, і ў яго жылах цячэ каралеўская кроў? Нячысцік кпліва заяўляе, што ён са сваімі пацанамі-гопнікамі не горшы за рыцараў (арыя Нячысціка).

Браты-манархі і прыдворныя смяюцца, але, калі гопнікі спрабуюць завалодаць рыцарскай зброяй, Вітаўт загадвае прыбраць гэтае быдла прэч з вачэй. Нячысцік і гопнікі ўцякаюць. Ягайла падае знак, і на рысталішча выходзіць Васіль. Герольд прадстаўляе рыцара. Маўляў, Васіль -- з маскоўцаў, на службе ў польскага караля, прыехаў да Кракава навучацца рыцарскім кшталтам. Абараніць гонар Вітаўта шмат ахвочых. Але на рысталішча выходзіць нікому невядомы рыцар ў закрытым шаломе. Вітаўт, надзіва ўсім, абірае менавіта яго. Двубой на мячах. Нечакана для ўсіх перамагае невядомы з ліцвінаў. Пераможаны Васіль жадае ўбачыць, хто ж яго адолеў? Ліцвінскі рыцар здымае шалом, з-пад яго рассыпаюцца залатыя валасы - гэта маладая прыгажуня Соф'я Гальшанская.

Васіль і Соф'я глядзяць адзін на аднога - каханне з першага погляду. Яны не заўважаюць нікога побач. Гучыць пранікнёны дуэт Соф'і і Васіля. Маўляў, закаханыя разумеюць адзін аднога без словаў. Каханне ўсепераможнае. Васіль і Соф'я цягнуць адзін да аднога рукі. Калі яны гатовыя абняцца, паміж імі паўстае Ягайла. Кароль бярэ за руку Соф'ю, углядаецца ёй у твар і кажа: "ты будзеш маёй!" Соф'я вырываецца, уцякае ў роспачы.

3.

Соф'я блукае на самоце. Яна дакляруе, што не здолее пакінуць радзіму, пералічвае тое, што трымае яе тут: родны замак, магілы продкаў, азёры, палі ("Васільковае поле". Каваціна). Усё, што яе атачае - гэта сведкі яе кахання да Васіля. Але лёс пасмяяўся з яе. Васіль служыць каралю Ягайлу. Закаханым і так, і так не быць разам. Удалечыні гучаць галасы, мігцяць паходні. Соф'ю шукаюць, наспеў час ехаць у Кракаў. Да яе выходзіць Вітаўт. Гаворыць Соф'і, што Ягайла афіцыйна сватаецца да яе. Вітаўт пераконвае Соф'ю з пазіцыі свайго ўзросту і стану, што лепш за яе ведае, у чым яе шчасце. Ён жа столькі намаганняў прыклаў, каб Ягайла прыехаў у Гальшаны і пабачыў яго гадаванку. Але Соф'я не пнецца зрабіцца жонкай старога караля (дуэт Соф'і і Вітаўта). Паходні з усіх бакоў абступаюць Соф'ю.

4.

Кракаў. Каралеўскі замак Вавель. Па адзін бок залы -- польская шляхта, па другі -- ліцвінская. Ягайла выводзіць Соф'ю для каранацыі. Чуюцца незадаволеныя галасы польскіх рыцараў. Маўляў, мала таго, што сам кароль Ягайла - з ліцвінаў, дык яшчэ і ў жонкі ліцьвінку ўзяў, каханне канчаткова адняло ў старога розум. (Хор).

Біскуп Збігнеў Алясніцкі марудзіць ускласці на Соф'ю каралеўскую карону (дуэт Алясніцкага і Ягайлы - спрэчка, што важней, інтарэсы дзяржавы, ці каханне?) Ягайла рашуча сам карануе маладую жонку - каханне для яго мацнейшае за дзяржаўныя інтарэсы. Польская шляхта і Алясніцкі вымушаны вітаць новую каралеву. Ліцвіны кпяць з палякаў.

Нячысцік выходзіць да Ягайлы з Соф'яй, ён у каўпаку і плашчы астролага, расшытых зоркамі і кабалістычнымі знакамі (Трыо Ягайлы, Нячысціка і Соф'і). Шалберскімі рухамі фокусніка Нячысцік вымае з роту яйка, хавае яго пад плашч, дастае ўжо большае. Гаворыць, што гэтае цудадзейнае яйка, што расце гадзіна ад гадзіны паслалі зоркі, каб прадказаць будучыню караля і каралевы. Ягайлу цікавіць, ці народзіць Соф'я яму нашчадка трону? Яйка праз Нячысціка адказвае, што сын Соф'і будзе каралём. А больш дакладна сказаць немагчыма, бо напэўна вядомая толькі маці... Соф'ю цікавіць, ці палюбяць яе падданыя. Адзін ужо палюбіў, так адказвае Нячысцік і падводзіць каралеву да Васіля. Той укленчвае перад Соф'яй і Ягайлам.

5.

Кракаўскі шынок. За сталом на самоце сядзіць Васіль, ён трасе кубак, выкідае з яго кубікі-косці - яны выпадаюць не на добрае. У шынок з розных бакоў заяўляюцца дзве ўжо падвяселеныя кампаніі: польскія і ліцвінскія шляхцічы з вулічнымі дзеўкамі. Палякі і літвіны сядаюць за розныя сталы. Нагода для пагулянкі -- нараджэнне каралевіча Казіміра, сына Ягайлы і Соф'і. Выбягае Шынкар са скрыпачкай (танцавальны нумар Шынкара з вулічнымі дзеўкамі). Шляхта п'е, забаўляецца (Рэчытатыўныя рэплікі, маўляў, справа шляхты - біцца, піць, гуляць) Васіль не бярэ ўдзел у святкаванні, тым больш, што пагулянка пераходзіць межы прыстойнасці. Шынкар з п'янай вулічнай дзеўкай удаюць, нібыта яны -- закаханы да бяспамяцтва стары Ягайла і маладая прайдзісветка Соф'я, якая здраджвае мужу (дуэт Шынкара і вулічнай дзеўкі з падпеўкамі шляхты). Непрыстойныя кпіны прымушаюць Васіля выцягнуць зброю. Усчынаецца агульная бойка. Спыняе яе з'яўленне кракаўскага біскупа Збігнева Алясніцкага. Ён паведамляе, што кароль вырашыў дапамагчы брату Вітаўту ў вайне з Масковіей. І польская, і ліцвінская шляхта з радасцю гатовыя ісці на вайну. Васіль жа ў адчаі, бо з аднаго боку Ягайла яго сюзэрн, з другога ваяваць давядзецца супраць супляменнікаў (арыя).

6.

Вавель. Сыход каронных і ліцвінскіх рыцараў на вайну. Іх узначальвае кароль Ягайла (Хор). Разам з усімі збіраецца і Васіль. Ягайла спыняе яго, бо разумее, што таму будзе цяжка ваяваць супраць сваіх. Кароль пакідае Васіля ў Кракаве, каб той бярог спакой і цноты каралевы. У чым Васіль і прысягае каралю (дуэт Васіля і Ягайлы).

7.

Вавель. Алхімічны кабінет. Распалены горн, колбы, рэторты, засушаны кракадзіл, кажаны... На падстаўцы -- вялізнае яйка. У двух вялікіх празрыстых цыліндрах знаходзяцца замбаваныя гопнікі. Нячысцік у скураным фартуху стаіць перад імі. Гопнікі паслухмяна паўтараюць усе ягоныя рухі.

Нячысцік стукае па яйку пазногцем, звяртаецца да некага ў сярэдзіне. Яйка яму адказвае шоргатам і скрыгатам (гучыць кароткая монатэма). З'яўляецца Алясніцкі, скардзіцца: Ягайла і Вітаўт паабяцалі адзін аднаму, што, калі хто з іх загіне, другі зойме яго трон. Маўляў, ніяк не магчыма пазбавіцца ад гэтых ліцвінаў, завалодалі Каронай (рэчтатыў). Алясніцкі з надзеяй глядзіць на вялізнае яйка, пытаецца: "Выгадаваўся?". "Наконт Ягайлы давядзецца пачакаць, а лёс Вітаўта ўжо вырашаны", -- адказвае Нячысцік, робіць пасы рукамі. Яйка запальваецца святлом з сярэдзіны, узнімаецца над падстаўкай, завісае ў паветры. Алясніцкі і Нячысцік нібыта трымаюць яго рукамі ў падважаным стане. Яйка пераліваецца рознымі колерамі, круціцца.

У другім баку сцэны асвятляецца карціна бязгучнага забойства Вітаўта, якое каментуюць рэчытатывам біскуп са сваім памагатым. Найміт падступна забівае вялікага князя і збягае.

Святло згасае.

Яйка ўзлятае ўгару.

ДРУГІ АКТ

1.

Ноч. Вавель, замкавы двор, у спачывальні каралевы гарыць акно. За фіранкай Соф'я, яна кладзецца спаць. Святло ў акне згасае. На вежы з'яўляюцца Алясніцкі і Нячысцік, стаяць, узняўшы далоні. Да іх спускаецца вялізнае яйка, завісае ў паветры, пераліваецца рознымі колерамі.

Нячысцік чаруе - выклікае душу Соф'і, якая зараз спіць. На галерэі, як самнамбул з'яўляецца постаць Соф'і. Алясніцкі і Нячысцік загадваюць ёй здрадзіць мужу. Апелююць да таго, што Ягайла стары і нямоглы, а Васіля Соф'я кахае. Здрада напэўна заб'е Ягайлу, і каралева будзе шчаслівая з каханкам. Постаць Соф'і паслухмяна схіляе галаву (дуэт Алясніцкага і Нячысціка).

Чуецца спеў Васіля, які нясе начную варту ("Мая адзіная", арыя Васіля). Яйка злятае ўгару. Алясніцкі і Нячысцік хаваюцца.

Васіль выходзіць у двор. Яму ў розных месцах мроіцца Соф'я. Яна вабіць яго, але штораз знікае, калі Васіль кідаецца да яе. Постаць Соф'і аддаляецца, Васіль бяжыць за ёй.

Алясніцкі з Нячысцікам выкочваюць празрыстыя цыліндры з гопнікамі. Выпускаюць замбаваных маладзёнаў, даюць ім паходні. Гопнікі падпальваюць каралеўскую спачывальню.

Соф'я праз агонь кліча Васіля.

Васіль ратуе з агню непрытомную Соф'ю, схіляецца над ёй, моліць каханую не паміраць, распускае ёй гарсэт, каб магла дыхаць. Каралева апрытомневае, не ўсведамляе, дзе яна, і што здарылася. Бачыць толькі свайго каханага, які яе абдымае, сама кладзе яму рукі на шыю (дуэт Соф'і і Васіля).

Польскі і ліцвінскі рыцар выносяць на сцэну параненага Ягайлу (гучаць рэчытатыўныя рэплікі). Перад каралём бяжыць Алясніцкі -- абвінавачвае каралеву і Васіля ў здрадзе. Ягайлу засціць розум ад рэўнасці, ён гатовы забіць Васіля проста зараз. Соф'я раскідае рукі крыжам, становіцца паміж імі, клянецца, што яны з Васілём не вінаватыя. Калі ж Ягайла хоча забіць Васіля, то, няхай заб'е і яе.

Ягайла апускае меч, маўляў, усё вырашаць следства і суд.

2.

Катоўня. Да канструкцыі, якая нагадвае дыбу, прывязаны Васіль. Ім займаюцца пераапрануты ў ката Нячысцік, гопнікі. Алясніцкі спрабуе прымусіць Васіля прызнацца, што ён бацька Казіміра -- сына каралевы. Васіль усё адмаўляе.

Пад час катаванняў Соф'я з вялікім ружанцам у руках моліцца на замкавай вежы, просіць нябёсы паслаць знак іх з Васілём невінаватасці (арыёза Соф'і). Ружанец рассыпаецца ў яе руках, драўляныя шары раскочваюцца, падаюць з вежы. І ў гэты момант ломіцца, развальваецца дыба. Непрытомнага Васіля цягнуць са сцэны.

3.

Ягайла каля разваленай дыбы (арыя). Кароль вырашае прызначыць выпрабаванне Васілю і Соф'і.

4.

Замкавы двор. Сабраўся народ, абмяркоўвае тое, што мусіць неўзабаве адбыцца -- выпрабаванне Соф'і і Васіля старадаўнім звычаем -- распаленым жалезам. Маўляў, калі апякуцца, то вінаватыя ("Жалеза скажа праўду". Хор). Нячысцік распальвае меч у горне, гопнікі пампуюць мяхі. Герольд аб'яўляе пачатак выпрабавання.

Соф'ю і Васіля ставяць перад Ягайлам, яны адмаўлюць абвінавачванні ў здрадзе. На прамое пытанне караля Васіль вымушаны прызнаецца, што даўно кахае каралеву. Ягайла не мае рашучасці спытаць пра тое ж Соф'ю (рэчытатывы). Нячысцік у катаўскім каўпаку падносіць распалены меч закаханым. Соф'я і Васіль без ваганняў бяруцца за гарачае лязо. І тут здараецца цуд - меч прарастае ружамі. Алясніцкі крычыць, што гэты цуд ад д'ябла. Ягайла сыходзіць, так і не абвесціўшы прысуд.

Гопнікі выракаюцца Нячысціка, сыходзяць. Яны паверылі ў цуд.

5.

Васіль сядзіць у вязніцы. Соф'я адмыкае дзверы, узяла ключы, пакуль Ягайла спаў. Прапануе Васілю уцячы (дуэт Васіля і Соф'і). Маўляў, Ягайла вырашыў яго забіць. Васіль адмаўляецца: па-першае, ён невінаваты перад каралём, па-другое, калі ён уцячэ, то што будзе тады з Соф'яй?

На замкавай сцяне шоргат тачыльнага каменя, сыплюцца жарынкі - гэта па загадзе караля гостраць меч.

6.

Алхімічная лабараторыя. Алясніцкі і Нячысцік выклікаюць яйка, яно спускаецца да іх згары (гучыць монатэма. Рэчытатывы). Яны ўпэўнены, што цяпер Ягайла не ўратуецца. Яйка пераліваецца святлом, чуецца шоргат. Шкарлупінне раколваецца. З яйка вылупляецца невялікі цмок, кружляе па лабараторыі злятае.

Нячысцік гаворыць, што цмок яшчэ мусіць падгадавацца.

7.

Рыцарская зала. Шляхта мяркуе, што Васіль уцёк (хор). І тут уваходзіць Васіль, усе расступаюцца перад ім. На ўзвышэнне ўзыходзіць Ягайла. Загадвае прынесці сабе меч і кліча Васіля. Праз залу Гарольд нясе на падушцы меч.

У гэты час Алясніцкі адсоўвае за спіной караля заслону. З-за яе з'яўляецца вялізны цмок, ім кіруе Нячысцік. Цмок адкідае Алясніцкага, насоўваецца на Ягайлу. Шляхта спалохана адступае. Васіль хапае з падушкі меч, кідаецца на цмока, б'ецца з ім. Цмок забіты, але ж і Васіль смяротна паранены, выпускае з рукі меч. Ягайла, разумее, што памыляўся (дуэт Ягайлы і Васіля). Кароль бярэ меч і пасвячае Васіля ў рыцары. Васіль памірае.

З'яўляецца Соф'я, кідаецца да нежывога Васіля (каваціна Соф'і).

8.

Ноч. Перавыхаваныя гопнікі на вачах у Ягайлы замуроўваюць у замкавую сцяну Нячысціка, кладуць камяні-блокі, сыходзяць праз арку пад гадзіннікам. Кароль адсылае світу прэч, кажа, што цяпер хоча паслухаць саловак. На самоце кароль раскайваецца ў тым, што падазраваў жонку і вернага яму Васіля. Яны, хоць, і кахалі адзін аднога, але каралю не здрадзілі (Арыя Ягайлы).

Соф'я з каралевічам-падлеткам Казімірам ідзе да Ягайлы, той не бачыць іх, змаўкае, прыкладае руку да сэрца. Каралевіч бяжыць да бацькі. Ягайла ўжо нежывы. Карона з галавы караля падае ў рукі сыну-нашчадку.

Гадзіннік на вежы "ажывае", стрэлкі ідуць наперад.

9.

На сцэне гатычныя руіны з надмагіллямі, паміж імі мігцяць свечкі. Сталая Соф'я, Пясняр і хор ("Дай Божа, нам вады і хлеба і музыку з нябёс пашлі. Бо з музыкай мы дзеці неба..".) Пясняр заводзіць Соф'ю на пастамент і апускае ёй на твар капюшон. Людзі разбіраюць свечкі, сыходзяць з імі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX