Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Уладзімір Васько 


Аўтар: Васько Уладзімір,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Уладзімір Васько нарадзіўся ў в. Ліпічанка Шчучынскага раёна. Працаваў у рэдакцыі "Лідскай газеты" (раней - "Уперад") з 1972 па 2000 г. Жыве ў Лідзе. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2007 г.

Друкаваўся ў газетах, часопісах, калектыўных зборніках паэзіі. Аўтар паэтычных кніг "Прасветленасць" (1981), "На схілах берагоў" (1997), "Кругазварот жыцця" (2011), а таксама кнігі прозы "Лясная рапсодыя" (2013).


  
  МАЯ АЙЧЫНА
  
Нічым не замяніць
                маёй Айчыны.
Я пупавінай да яе прырос.
Тут кожны дуб магутны -
                 малайчына,
салодкі водар кліча да бяроз.

Мілуюць сэрца рэкі, пералескі,
пакатыя ўзгоркі ля дарог,
каля крыніц - вясёлыя пралескі,
на полі канюшына і гарох.

Жытнёвых хваль
                 аблічча маладое
кранаецца даверлівай рукі.
А за мяжой?
                   А за мяжой - не тое.
Мы там як адзіночкі -  
                  байструкі.

									
ЧАЛАВЕК-МУРАШКА

Зямля - мурашнік. 
                 Мы ўсе - мурашы.
Ствараем нешта, 
                  нешта здабываем
і зарабляем пэўныя грашы,
якіх удосталь 
                      вельмі рэдка маем.
Не ўсемагутны ўсё-ткі чалавек:
не справіцца з жукамі 
                     з Каларады,
ніяк не можа вылечыць калек,
з эстрады часам 
                     падае да здрады.
Ну й што, што ў космас 
                     неяк сігануў,
але ж да зорак 
                     не дастаў рукамі?
Дык ён яшчэ так мала дасягнуў,
як і мурашка, 
                     што паўзе на камень.
Праз тысячу гадоў мо падрасце,
і падужэе розумам і целам,
калі не стане кучаю касцей
ад зброі, што стварае агалцела.


У ПАНЯМОНЦАХ

Красуюцца над Нёмнам
                      Панямонцы.
Прыпарыла. Сцішала.                  
                      Прыпякло.
І залацяцца плоткі ў лодцы,
якіх навудзіць сонца памагло.
А лілеі, што ўпрыгожылі затоку.
У кожнай з іх дзявочае святло.
І ад яго загадкавага соку
наўкола ўсё тут ярка расцвіло.
Не патрывож, 
                    не напалохай чаплі:
ёй сніцца лёгкі, каляровы сон,
як лебедзь-цар 
                     да берага прычаліў
і ёй адбіў даверліва паклон.
А Нёман тут, 
         як род людскі, - бясконцы.
Чаруе лозаў маладая плынь…
Пабудзь хоць дзень 
                 у вёсцы Панямонцы
і цёплы след 
                   сабе ў душы пакінь.

				   
АДЗІНОКАЯ ВЁСКА

Забытая вёска ў полі,
забітыя вокны ў хатах,
зачынена крама з нядолі:
людзей бо зусім малавата.
Старыя бабулькі - як цені.
Дзядулі - карчамі ля плоту.
Дарога, нібы ў здранцвенні,
чакае прылёту асоту.
Не бачна ніводнай кароўкі,
і зніклі апошнія козы.
Загінеш ты, вёска-палёўка,
і ўсё зараўняе бульдозер.


ДОБРЫ НАСТРОЙ

Заглядзелася сонца ў раку,
асвятляючы вёрткія рыбкі.
Добры дзень спадару рыбаку!
Добрай раніцы, срэбныя блікі!
Добры дзень 
                      стогадовым дубам!
Добры дзень, адзінокая лодка!
Добры дзень, бусляняты, і вам,
і табе, прыбярэжная плотка!
Вось дык раніца!
Вось дык размах!
Вось дзе радасці сінія сховы!
Рады сонцу казяўка і птах,
і шчупак, і пастух, і каровы.
Ну а я? Што казаць пра мяне?
Я на небе бязвоблачным сёмым.
Я ў рэальнасці ці мо ў сне?
Як мне лёгка і хораша сёння!


ПРЫЗЯМЛЕННЕ

Задумаць што-небудзь такое,
каб свет навакольны здзівіць,
каб славай памерацца з Ноем,
галодных усіх накарміць,
у космас забрацца б - на Месяц,
на Марсе хоць раз пабываць.
Ах, думкі! Ах, мары!
                         Як цешаць!
Іх трэба ж практычна  
                         здзяйсняць…
А гэта ўжо мне не пад сілу…
Дык абы пра што не зюзні.
Вазьмі лепш вунь тую кабылу
і з лесу воз дроў прывязі.


СУСЕДЗІ

- Прыкончу, зараза, -
крыкнуў ён злосна.
І морда зрабілася
жорсткай і грознай.
І так наляцеў,
нібы тыгр, на суседа,
як быццам нічога
святога не ведаў.
Набраўся ў тусоўках
па горла благога.
Не верыць у праўду,
не верыць у Бога.
… Ну а сусед
не сварыўся, не біўся,
апошнім кавалачкам
хлеба дзяліўся.
Сумлення свайго
не прапіў за капейкі,
вучыўся жыццю
ў Ігната Дамейкі.
І зла не рабіў
ні бандыту, ні жонцы,
ні бацьку яго,
ні матулі, ні дочцы.
А ён, паглядзі ты,
нажом пагражае…
Пустая істота,
тупая, чужая…


СЯЛЕЦ

Каля Нёмана ціха стаіўся Сялец.
Белых воблакаў лёгкая накіп на небе.
Ты не думай, што вёскам прыходзіць канец,
але думай аб іх, як аб масле і хлебе.
Фестывалі прайшлі ў гэтай вёсцы лясной,
але людзі жывуць і па вуліцах ходзяць,
і цюльпаны цвітуць сакавітай вясной,
і сады, хоць старыя, яшчэ пладаносяць.
Гарадскія ў Сяльцы раскупілі дамы.
І сваіх жыхароў тут жыве палавіна.
І ўпрыгожваюць ранкам дымкі каміны,
і цвіце выпускніцай пры школе каліна.
Мір уплёўся ў кветкі і лёсы людзей.
Ды была тут вайна, і былі партызаны.
І стаяць яшчэ дзоты (адзін у вадзе),
і смыляць у дзядулі даўнейшыя раны.
А чыгуначны мост аднавілі даўно.
Ён глядзіцца карцінна на фоне прыроды.
Эх, каб зняць гэты здатны пейзаж у кіно,
хоць з любой выпадковай і простай нагоды!

 

 
 
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX