Крысціна Аляксееўна Лялько беларуская пісьменніца, перакладчыца і журналістка.
Нарадзілася 30 сакавіка 1956, на хутары каля в. Хадзюкі, Лідскі раён). Закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», часопісе «Беларусь». Галоўны рэдактар каталіцкіх часопісаў «Наша Вера» і «Ave Maria».
Першыя вершы апублікавала ў 1971 ў лідскай газеце «Уперад». Аўтар кніг прозы «Дарога пад гару», «Світанак над бярозамі» і кнігі паэзіі «На далонях любові». У яе апрацоўцы выйшаў зборнік народных казак «Хітрэй свету не будзеш». Пераклала на беларускую мову нарыс Уладзіслава Сыракомлі «Мінск», кнігі Папы Яна Паўла II «Пераступіць парог надзеі», «Дар і Таямніца», «Устаньце, хадзем!», «Памяць і самасвядомасць», энцыклікі «Fides et ratio», «Ecclesia de Eucharistia», Апостальскі ліст пра Ружанец «Rosarium Virginis Mariae», творы Яна Твардоўскага і іншыя тэалагічныя творы.
* * *
Менскай архікатэдры ахвярую
У гэтым краі, далёкім ад раю,
дзе нішчылі душы і храмы,
дзе шмат руінаў, болю і драмаў,
дзе плачуць так, як спяваюць.
У гэтым краі, далёкім ад раю,
дзе памяць крывавіць, як рана,
дзе гэтулькі знішчана і забрана,
дзе ўзятае рэдка вяртаюць.
У гэтым краі, далёкім ад раю,
насуперак здзекам і кпінам,
сваю святыню ўзняў з руінаў
люд верны роднага краю.
У гэтым краі, далёкім ад раю,
У самым цэнтры сталіцы,
Зайдзі ў святыню,
каб памаліцца
і дакрануцца да раю.
* * *
Заблудзішся ў стольнай Вільні
і выйдзеш да Вострай брамы...
Гэта анёл твой пільны
прыводзіць цябе да Мамы.
Нячутны, нябачны, чуйны, -
заўжды над табой яго крылы:
і ў горадзе непрытульным,
і ў час, калі свет нямілы.
З усіх сцяжынаў-дарогаў
адну для цябе выбірае, -
па ёй - найбліжэй да Бога
і Маці на ёй чакае.
* * *
Каляды. Маленства. Маці.
У ясельках Езус малы.
Так светла ў нашай хаце,
Так блізка да Божай хвалы.
Ялінка зіхціць святочна,
Калядкі спяваем з мамай.
І ў кожным сэрца куточку
Усё для свята прыбрана.
Такая была там казка,
У тым маленстве далёкім!
Дзякуй Богу за ласку,
За зорку ў небе высокім.
Яна й гэты год заззяе
Ў ціхі святочны вечар...
Ды хата стаіць пустая,
Без тых,
што пайшлі ў вечнасць.
* * *
Смалявічы.
Раніца. Белае поле.
Новы год затрымаў новы дзень.
Сэрца б'ецца
з прытоеным болем,
ўсё былое знікае, як цень.
Смалявічы.
Раніца. Белая ціша.
Зорка ў небе азяблым дрыжыць.
І святы Валянцін, і Францішак
дапамогуць любові ажыць.
Смалявічы.
Раніца. У светлай капліцы
светла марыць і светла маўчаць.
І аб самым таёмным маліцца,
і аб самым цяжкім забываць.
Смалявічы.
Раніца. Трэба вяртацца,
трэба думаць пра новы абсяг.
З кім сустрэцца,
а з кім развітацца?..
Новы год.
Новы дзень.
Новы шлях.
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
