Ірына Эрнстаўна Багдановіч (нар. 30 красавіка 1956, Ліда) - беларуская паэтэса і літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук. Скончыла гістарычна-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (1978) і аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН Беларусі (1983). З 1983 працуе ў Інстытуце літаратуры АН Беларусі.
Друкуецца з 1973. Аўтар кніг вершаў "Чаравікі маленства" (1983), "Фрэскі" (1989), "Вялікдзень" (1993), "Сармацкі альбом" (2004), "Прыватныя рымляне" (2006), "Душа лістападу" (2013) манаграфій "Янка Купала і рамантызм" (1989), "Авангард і традыцыя: беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэння" (2001). Укладальнік зборнікаў "Казімір Сваяк. Выбраныя творы" (2010) і "Вінцук Адважны. Выбраныя творы" (2011). Перакладае з польскай мовы.
ТЫ, ХРЫСЦЕ…
Калі душа зусім зняможа,
Здрыгвеюць думак берагі,
Ты паднімаеш мяне, Божа,
Вядзеш праз буры і снягі,
Даеш надзею, ласку дорыш
І наталяеш смяглы дух,
І настаўляеш у пакоры,
Каб захінуць ад завірух.
А я ў жыццёвым калаўроце
Перад спакусамі й маной
Малюся ў сцішанай самоце:
Мой Божа,
будзь заўжды са мной!
Прабач памылкі і правіны,
Жаданні пышных апранах…
Ты, Хрысце, Збаўца наш адзіны,
Жыццё, і Ісціна, і Шлях.
ТЫ - ВЕТРАЗЬ…
Дай, добры Божа, нам пакоры
З Тваёю воляй згодна жыць;
Ты - ветразь у жыццёвым моры,
Дапамажы па моры плыць.
Дай моцы Духу нам, стамлёным
Штодзённай
жорсткай барацьбой,
Каб чуцца нам дабраславёным
У шчырай злучнасці з Табой.
Нас умацуй праз сакрамэнты,
Тваё святое Цела й Кроў;
Святлом сваім на нас прамень Ты
Праз чын ахвярны святароў,
Каб сэрцы мы свае адкрылі
На таямнічыя Дары,
Цябе і бліжняга любілі,
Як і вучыў Ты на гары.
СПЯШАЕ ДЗЕНЬ
Як хутка ночы пралятаюць,
Як шпарка прабягаюць дні!
За імі сны не паспяваюць
І справы ўсе мае, ані…
Як жа прыцішыць, запаволіць
Той шпаркі бег, імклівы рух,
Каб умясцілася ў іх болей
І сноў, і спраў, і завірух,
І спёкі летняй, і вясновай
Красы, і восеньскай слаты…
Спяшае дзень з турботай новай,
З рахункам хвілек залатых.
І я малюся Табе, Божа,
Падзяку шлю за дзень,
што зноў,
Як падарунак найпрыгожы,
Ты даў мне ў шчодрасці сваёй.
ЛЮДЗІ НА УЗВЫШШЫ
Кажуць хлусы: беларусы -
Людзі на балоце,
І балота іх калыска
Ў радасці й самоце.
Але мы тут скажам з верай
Хлусакам увішным:
Беларусы - гэта ўперад
Людзі на Узвышшы!
А калі іх цёмны сілы
У балота цягнуць,
Молім шчыра: Божа мілы,
Выбаў з тае багны!
І праліся ў сэрцы, душы
Ласкаю нябеснай,
Каб нам цешыцца няскрушна
Доляю пачэснай.
Герб горада Ліды, наданы 17 верасня 1590 г.
