Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Алена Сіманчык 


Аўтар: Сіманчык Алена,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Сіманчык Алена Мікалаеўна, нарадзілася 18 чэрвеня 1991 года ў вёсцы Мажэйкава Лідскага раёна. У 2013 годзе скончыла БДПУ імя М. Танка, факультэт спецыяльнай адукацыі, спецыяльнасць - алігафрэна-педагог; настаўнік-лагапед. Працуе ў горадзе Лідзе па сваёй спецыяльнасці ў сярэдняй школе № 15. Піша ў большасці вершы, час ад часу - невялікія апавяданні.


  
  ***

Я ніколі не буду лепшая.
Я заўсёды буду такая, як ёсць,
Крыху стомленай, крыху смешнаю,
Але буду такая, як ёсць.

Я не зорка, не кветка, не пацерка,
Я - імгла сярод ночы сырой.
Трохі добрая, болей нязграбная,
Але век мне застацца такой.

І раблю шмат чаго непатрэбнага,
І жыву, можа, трохі не так,
Але я - гэта я, трэба так,
Я ёсць я, мне не трэба адзнак.

Я ніколі не буду лепшая,
Я заўсёды буду такая, як ёсць,
Крыху стомленай, крыху грэшнаю,
Я такая, напэўна, вось.

***

Вечар ціха пачынаўся мяцеліцай,
Ціха дровы трашчалі ў печы,
Ну а ён за сваёй безнадзейнасцю
Не заўважваў з дзяцінства знаёмыя рэчы.

Ні матулю ля печы са стравамі,
Ні бабулю за кроснамі вечнымі,
Ні гадзіннік, адно адбіваючы,
І ні спрэчак пра справы адвечныя.

Думкай нёсся ў даліны гарачыя,
Да пяскоў са сваімі завеямі,
І сябе наракаў за няўдачы ён,
Што цяпер тут без справы марнее,

Што дарога дагэтуль не пройдзена,
Што шляхі да канца не разведаны,
Што свет яго мары не знойдзены
І што мала ён робіць, хоць ведае.

Што ў дарогу ён зноў збіраецца,
У свет пясчаны, з дажджамі гарачымі,
Што жыццё яго зноў пачынаецца
І чакаюць пяскі зноў лядачыя.

***

Не вядома нікому з нас,
Што чакае нас сёння, заўтра,
Нам пра гэта раскажа час,
А тады нашто мы жыццё выпіваем залпам?

І нашто мы ідзём туды,
Дзе дарогі няма і шляху,
Дзе няскончаны час нуды,
А зіма назаўжды для страху.

Дзе няма людзей - толькі здань
Або вопратка замест цела,
Дзе галоўнае - боль і жах,
І кахання няма - а цемра.

Мы імкнёмся хутчэй туды,
Дзе няма ні канца, ні краю,
І сябе беражом ад нуды,
Хоць і ведаем, што там усе паміраюць.

Мы вядзём сябе ў цішыню,
Па завулках душу кідаем,
І хварэем сто раз на дню,
І мільёны разоў паміраем.

***

Зрывайце з твараў маскі, людзі!
Ідзіце чыстымі вы ў свет,
І хай ні ў кога подумкі не будзе
Табе сказаць, што ты лухту вярзеш.

І на імгненне хай не будзе
У іх няўпэўненасці той,
Што ты ілжэш, а можа, хлусіш,
Ты, чалавеча, будзь самім сабой.

Хоць поўны ты заганаў розных
І дзесьці дрэнных дум і мар,
Але ідзі ты ў свет цвярозым,
Ідзі ты полем, убач абшар.

Ні перад кім ты не схіліся,
Распраў ты крылы, і ўвысь ляці,
І будзь такім усім на зайздрасць,
Такім, якім з маленства быў!

***

Усім псіхічна здаровым прысвячаецца!

Усе вы, разумныя розумам,
Усе вы, без кропелькі жаласці,
Разважнасці поўныя, дзенняў,
Сумненне не з вамі раджалася.
Жывіце далей ў свеце гэтым Вы,
Шматкроп'е не стаўце Вы, клічнікі,
Хай Ваша разважлівасць гэтая
Спрыяе эгацэнтрычнасці.
А мы - і без розуму добра нам,
Душою хварэем, не падаем,
Мы любім вясёлку з завеямі,
Ну, здзекуйся з нас з радасцю!
Маўклівымі нашымі словамі,
Якія ў радкі ўсё складаюцца,
Мы верым у нешта чароўнае,
Што мары такі збываюцца.
Хай буду псіхічна я хвораю,
Няшчаснаю доляй агрэтая,
Жывіце, псіхічна здаровыя,
А мы пражывём і без гэтага.

***

Усё квітнее - навакол вясна,
І радасць у сэрцы ўсё прыносіць свята вешняе,
І з той вясной квітнее і яна.
У душы яе мільёнамі, напэўна, красак болей,
І кветкі там сабраныя з ўсёй зямлі,
Яна квітнее васільком у полі,
Такія кветкі, пэўна, там ніколі не цвілі.
І сонца промні ўсе на яе накіраваны,
І лёгка так быць самаю шчаслівай на зямлі,
І ўсё святлом нябесным асвятляецца,
Такія кветкі, пэўна, там ніколі не цвілі.

***

Мінуць гады - лісты пажоўкнуць і насенне,
Напэўна, ужо ніколі не ўзрасце,
Мінуць гады - і застануцца цені
Усіх людзей, якіх так добра ведаў ты.

Мінуць гады - і насыпам жвіровым
Схаваешся ад усіх вачэй,
Мінуць гады - і толькі словы
Ніколі не памруць,
А будуць біцца ў сэрцы ўсё хутчэй.

Мінуць гады - і гэта кожны знае,
У імгненне вока праляціць жыццё,
Мінуць гады - ніхто не памірае,
А проста сходзіць ціха ў небыццё.

***

Стары дуб над абрывам стаіць,
Карані пазвісалі над пропасцю.
І бурлівая рэчка шуміць
Ля падножжа яго велічнай постаці.

І на дубе на гэтым старым
Ні лісточка зялёнага колеру,
Па вясне не праходзіць па ім
Сок жыццёвы, не падае сонейка.

І на ім вельмі часта сядзяць
Тыя птушкі, пасланнікі цёмныя,
Яны любяць на ім спачываць,
Зачапіўшыся за галіны сваімі клешнямі чорнымі.

І стаіць гэты дуб, знае ён,
Што рака абмывае карэнішчы,
Засталося яму мала дзён
Да абдымку з рачнымі стварэннямі...

***

Вечар ціхі, летні, цёплы,
Пахне зжатай збажыной,
Наваколле дорыць водар,
У сэрцы зрушвае спакой.

Па надворках і па лаўках
Людзі кучамі сядзяць,
Нехта бульбу есць так смачна,
Хтосьці казку стаў казаць.

Моладзь шумным сваім гуртам
Ужо да вогнішча ідзе,
Слаўка, званы баламутам,
Дзяўчыну за руку вядзе.

Вечар ціхі, летні, цёплы,
Не бывае ўжо такіх...
Не, бываюць, а не кожны
Зразумее, любіць іх…

***

З балкона ён сарваўся ўніз,
Такі ён лёгкі і прыгожы,
Для неба - радасны капрыз,
А для зямлі - пасланнік Божы.

Павольна, лёгка ён ляціць
У промнях сонечнага свету,
І толькі дзень яму хоць жыць,
А для яго не важна гэта.

І гэты ружы матылёк
Ляціць увысь, затым да кветкі,
Адзін дзянёк яму хоць жыць,
А для яго не важна гэта

***

Ціхі летні вечар,
Цішыня наўкол,
Ноч крадзецца ціха,
Шэпат чаратоў.
Сонца ціха сядзе,
Цемната ідзе,
І над вухам ціха
Мірны хрушч гудзе.
У паветры пахі
Кветак ледзь не ўсіх,
Гэты летні вечар
Мне мілей другіх.
Я пайду завулкам,
Полем я пайду
Аж да той рачулкі,
Што салье нуду.
Ціхі летні вечар,
Цішыня наўкол,
Ноч крадзецца ціха,
Шэпат чаратоў.
Ціхі летні вечар
Зберагу для нас,
Ціхі летні вечар,
Нашага з табой кахання час!

  
  
  
 
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX