Сідарака Вольга Аляксееўна. Нарадзілася 14 студзеня 1987 года ў горадзе Сянно Віцебскай вобласці. У 1997 годзе з сям'ёй пераехала ў Ліду. Вучылася ў СШ №6 і №14. У 2006 годзе скончыла Лідскі педагагічны каледж. Студэнтка Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, факультэта псіхалогіі. Жыве ў горадзе Лідзе, выхоўвае маленькага сына.
ПЯШЧОТНАЯ ЗІМА Круціць год-калейдаскоп Снежаньскія шкельцы. Ахалоджу шыбай лоб, Ды сагрэю сэрца: Там, на вуліцы, мароз, Лепяць бабу дзеткі… Ты як з казкі мне прынёс Веснавыя кветкі. Кветкам дзівіцца зіма, Іх красе вільготнай. І становіцца сама Ціхай ды пяшчотнай. ПАЛЁТ Жыццё падобна на палёт. Ці згодны вы са мною? Вясной на дахах тае лёд, Становіцца вадою. Сарвецца кропля і ляціць - Такая трапяткая! Жыве імгненне, зіхаціць І на зямлі знікае. Паветраны ж улетку змей Танцуе - ў неба рвецца. Пацягнеш нітачку мацней - Ён да зямлі прыб'ецца. А вось кранае лістапад Галінкі ў пазалоце. І сочыць задуменны сад За лісцем у палёце. І снег амаль спыняе ход Над самаю зямлёю… Жыццё падобна на палёт. Ці згодны вы са мною? СУСТРЭЧА Бывае, што кінеш свой позірк няўмысна На дрэва, якое расце каля дома. А клён той стаіць, як ваяр - непахісны, Прыгожы і моцны… Такі незнаёмы! Ты міма яго яшчэ хлопчыкам бегаў, Пазней - на спатканні хадзіў каля клёна. І ён быў то белы ў даспехах са снегу, То летне-зялёны. Чырвоны шалёна… І толькі цяпер ты як быццам прачнешся. Здзіўленне і радасць у гэтай сустрэчы! З пяшчотай да цёплай кары дакранешся - І клён адгукнецца, зашэпча аб нечым. БАЧЫЦЬ МУЗЫКУ Акорд - і паветра пачне калыхацца. Малюнкі праступяць, прастору запоўняць сабой, Пачнуць у загадкавы, лёгкі арнамент злівацца, Лунаць, вальсаваць і трымцець над тваёй галавой. Акорд - і з мелодыі крылаў празрыстых У сэрца, у душу пылок зіхатлівы ляціць. І музыкі гукаў - такіх далікатных і чыстых - Снапок у паветры, як лісце асінак, дрыжыць.