Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Ганна Рэлікоўская 


Аўтар: Рэлікоўская Ганна,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Рэлікоўская Ганна Леанардаўна нарадзілася 8 ліпеня 1964 года ў в. Кянці Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння васьмігодкі паступіла ў Ваўкавыскае педвучылішча, бо з дзяцінства марыла аб настаўніцкай працы. У 1983 годзе пачала працаваць настаўніцай пачатковых класаў у СШ № 8 г. Ліды. Дыплом гістарычнага факультэта БДУ, атрыманы ў 1991 годзе, дазволіў ёй перайсці на выкладанне гісторыі ў старэйшых класах спачатку у той жа СШ № 8, затым у СШ № 17. На працягу года (1999-2000 навучальны год) з'яўлялася старшынёй прафкама навучэнцаў Лідскага індустрыяльнага тэхнікума. Зараз працуе намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 11 г. Ліды. З юнацтва захапляецца вершамі, лічыць, што менавіта праз рыфму, праз асаблівы рытм, спалучэнне гукаў можна найбольш дакладна перадаць свае пачуцці, свой погляд на навакольны свет. Друкавалася са студэнцкіх гадоў у мясцовых раённых газетах, некалькі вершаў трапілі на старонкі "Настаўніцкай газеты", выбраныя творы ўвайшлі ў зборнікі паэзіі, выдадзеныя ў Лідскім раёне. Тэмы вершаў самыя разнастайныя: ад кахання і настаўніцкай працы да філасофскіх роздумаў.


  
  
  НАКЦЮРН МАТУЛІНЫХ  ПІВОНЬ

Сцірае памяць успаміны 
І поўніць новым пачуццём.
Ды дзень за днём перад вачыма
Мой родны дом, матулін дом.
Пяшчота ў сэрцы не патухне,
Не згасне памяці агонь,
Пакуль пад вокнамі на кухні
Накцюрн матуліных півонь.


НАПЯТАЯ СТРУНА 

Жывём жыццё напятаю струною.
Гучыць мелодыя ў гармоніі з прыродай, 
У сугучнасці і з небам, і з зямлёю,
З самім сабой, з людскім вялікім родам.
Але, бывае, дробязі хапае - 
Нахабны позірк ці абраза - забаліць
І абарвецца нітачка тугая, 
Жыццё - струна, і больш не затрымціць.


ЧАРОЎНЫ КОРАК

Аднойчы прыехаў інспектар у школу,
Заходзіць у клас і здзіўляецца: там
Шум, гам на занятках і рогат вясёлы,
А сціплы настаўнік разгублены сам.
 - Як добра, інспектар, што вы завіталі.
Сам Бог вас паслаў. Дапамогі прашу.
Ніяк не спыню непакорнасці хвалі.
Ніяк не магу глянуць ім у душу.

Інспектар спыніўся, і раптам заўважыў
Ён корак драўляны на крэслах у рад.
- Скажыце мне, дзеці, а хто з вас адкажа,
З чаго гэты корак? Які ж у ім склад?
- Вядома, што з дрэва, - адказваюць дзеці.
- А што яшчэ з дрэва магчыма зрабіць?
- Дом! 
- Кнігі!
- Карыта!
- І лаўкі! 
- І клеці!
- Яшчэ карабель, каб далёка заплыць.
- Куды паплывём? Па якіх акіянах?
У якіх гарадах будзем з вамі спыняцца?
Хто будзе матросам? А хто капітанам?
З туземцамі будзем ці не? сустракацца.

Пытанні. Адказы. Малюнкі. Цікавасць
У вачах выхаванцаў бясконца гарыць.
- Які вы ўрок мне далі! Гэта ж радасць!
Цяпер так, як вы, буду дзетак вучыць, -  
Настаўніка шчырая поўніць падзяка.
Інспектар спакойна прадоўжыў свой шлях, 
Але цераз год у гэту школу, знянацку,
Ён зноў завітаў. І - о Божа ж мой! - жах!
Зноў вучні крычаць, брыдкасловяць, рагочуць.
А той жа настаўнік стаіць у слязах.
Не ведае ён, ну чаго яны хочуць
І як супакоіць іх гулу размах.
- Што тут адбылося? Калоцяцца сцены!
Казалі ж вы мне, что цяпер працаваць
Ужо навучыліся. Дзе ж перамены?
- Я корак чароўны не змог адшукаць!


МАТУЛІ

І зноў табе, старэнькая жанчына,
Якой няма бліжэй і даражэй,
Свой новы верш я прысвяціць рашыла.
А як табе аддзячыць мне яшчэ?
Пяшчотны жаль маю душу сціскае,
Бо дзесьці там, у вёсачцы, адна
Сама з сабой, з каточкам размаўляе
Мая матуля з ранку да цямна.
Пад вечар тупае яна да тэлефона
І набірае лічбы, шэсць ці пяць.
Магчыма, дзеці папрыходзілі дадому,
Ім трэба ўсе навіны расказаць:
Сусед насупраць трэці раз жаніўся,
З кабетай утульным хатні стаў куток.
У хлеў да курачак уночы нехта ўбіўся.
Сабака, можа? Ці які шашок?
Матулечка мая! Цалую рукі.
Твой лашчыць голас, як вясной пялёсткі.
Цячэ размова. Цешаць сэрца гукі.
І хочацца ляцець да роднай вёскі,
За кубкам кавы да стала прысесці з мамай,
Развеяць сум, страх разагнаць паволі,
Назваць яе любімай, мілай самай
І пажадаць шчаслівай, светлай долі!


ЛІДСКІ ЗАМАК

Прывычны для зроку лідзян,
Уздымае ён велічна вежы.
А возера, бы акіян, 
Дзьме ветрыкам-подыхам свежым.

Уздыхнеш каля замкавых сцен,
Абыдзеш перыметр мурожны,
І шэраг мільгаючых сцэн
Усплыве ў галаве асцярожна.
…
Князь-воін на дужым кані.
З Прыбалтыкі рыцары ў латах.
Іх гоніць і б'е Гедымін
Далей ад ліцьвінскіх ад хатаў.
…
Ягайла і Соф'я - сям'я.
Вяселле за сценамі замка. 
Зайздроснікі чуюць здаля,
Як ляскае радасна клямка.
…
Нахлынулі шведы, бы цені.
Бамбардаў шалёны рой.
Лятуць і лятуць каменні.
Разбураны замак-герой.
…
У крушнях на колькі стагоддзяў,
Навокал бур’ян узрастаў,
Але пазабытым ў народзе
Ніколі ён так і не стаў.

Ажыў наш змагар на свабодзе.
І новыя сцены растуць.
Мы сёння да замка прыходзім 
Гісторыю сэрцам адчуць.

  
   
   
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX