Баборык Ганна Уладзіміраўна, галоўны спецыяліст сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама, нарадзілася 07.08.1959 г. у в. Моцевічы Жалудоцкага раёна Гарадзенскай вобласці. Адукацыя вышэйшая, скончыла ў 1980 годзе Менскі інстытут культуры.
Працоўную дзейнасць пачала ў 1980 годзе на пасадзе метадыста раённага Дома культуры, з красавіка 1999 года працуе на дзяржаўнай службе. У ліпені 2013 года прызначана на пасаду галоўнага спецыяліста сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама.
З'яўляецца салісткай народнага ансамбля народнай музыкі "Гудскі гармонік" Гудскага цэнтра творчасці і вольнага часу, аўтар тэкстаў многіх песень, якія выконваюцца ансамблем, створаных у творчым саюзе з кіраўніком калектыву Колышка А.А., іншымі самадзейнымі кампазітарамі, аўтар урачыстай песні пра горад Ліду.
*** Раніцай, абмытаю расою, Дзень пачаўся новы, малады, Зазвінеў духмяны луг касою, Вербы збеглі гуртам да вады… Поўны сонца, мернага спакою Крочыць дзень працоўны, гаманкі… Дзесьці на пароме, над ракою Заспявалі голасна жанкі. Так прыгожа, велічна ліецца Песня даўніх, дзедаўскіх часоў, І шчыміць ад захаплення сэрца Ад жаночых моцных галасоў. Плешча Нёман хваляю крутою, Навакол як воблакі - сады! Раніцай, абмытаю расою, Дзень пачаўся новы, малады. УСПАМІН АБ РАДЗІМЕ Колькі ўжо раз, ад'язджаючы з дому, Я ўспамінала радзімы куток: Бераг, дзе ўдзень спачывала ад стомы, Стройны, над самым абрывам, дубок. Я ўспамінала жытнёвае поле, Мілыя сэрцу майму васількі, Неба радзімы, што душу спатоліць, Песню, што гуртам падхопяць жанкі. Мусіць, няма ва ўсім белым свеце Гэткай прываблівай свежай красы. Толькі ў нас, можна лёгка прыкмеціць, Колеру жыта ў дзяўчат валасы. *** Яснымі зорамі душы асвечаны, Ночкай чароўнаю песня плыве. З песняй і рутаю-мятай абвенчаны Белыя росы ў духмянай траве. Ветрык прылашчыў бярозку празрыстую, Долу схіліўся высокі чарот, Вогнішча ў неба кідаецца іскрамі - Сёння Купалле святкуе народ! Сіла нячыстая дарма стараецца Наш жыватворны агонь патушыць. Покуль агонь у душы разгараецца, Будзе народ беларускі наш жыць! *** Зноў да сэрца кроў прыхлынула, Мільгацяць у вачах агні. Я далёка цябе адкінула Назаўсёды, і ты гані. Дык навошта ж вяртанне гэтае Цераз столькі гадоў і дум? Ты, як песня мая няспетая - Ад мелодыі тольк сум. Усё забылася, больш не вернецца. Адганю бабу-скруху з вачэй… Пераменіцца, перамелецца Усё ў шэрагу дзён і начэй. *** Клопат матулі, каб дзеці жылі У радасці, у шчасці, у дастатку, Каб прыязджалі часцей, каб маглі Усё давясці да парадку. Моцна стаялі каб на зямлі, З Богам у сэрцы каб ладзілі справу, Чэсна, дастойна, як людзі жылі, Не спадзяваліся, каб на "халяву". Думкі матулі як птушкі ляцяць, Хочуць дзяцей ахіліць ад навалы… Перахрысціла: ляціце ў свет, Добра жывіце, а не як папала. *** Як усмешку тваю пабачу, Жыць становіцца весялей. Для цябе я нічога не значу, Але птушкі пяюць званчэй, Неба робіцца сіняе-сіняе, Як вачэй тваіх сінява, Я бываю тады шчасліваю, Мяне радуе дождж і трава, І каштанавы водар плавае У паветры густым, як мёд, Сонца песціць, такое ласкавае, Лета цягнецца круглы год… Ты ніколі не здагадаешся, Я цябе ні аб чым не прашу, З цеплатою мне ўсміхаешся, Быццам льеш мне жывіцу ў душу. *** Сакавік, сакавік - ты вясны надзея. Ужо зранку снегавік на вачах "худзее" і крыштальнаю слязой са страхі капелі, крык гракоў, што грамадой на галіне селі. Плямаў чорных не відно, снег з зімою заадно, Не згаджаецца на змены. Але ж ад марозу сцены не трашчаць, і сонца ўкрадкай шле прамень у вокны хатаў. Весялей глядзяць палеткі, і лясы чакаюць кветак, гоману і крыку птушак, нават камароў і мушак - бо без іх вясны не будзе. Весялеюць нават людзі. Рух пачаўся ў агародах, а на вокнах ціха ўсходы памідорнае расады кожнаму дзянёчку рады. Кот на лаўцы жмурыць вочы, ён вясны таксама хоча, цягне кіску на каханне, ноч блукае, спіць ад рання. Абуджаецца навокал ўсё, куды ні кінеш вока. *** Калі б магла я зноў пражыць Жыццё сваё ад нараджэння, Скажу папраўдзе, не схлушу, Не глушачы сваё сумленне: Няхай грашыла, ну і што ж - Затое колькі я любіла, Што не надломіць сэрца мне Ніякая ліхая сіла. Я моцы гэтулькі ў душы Па кроплях дробных назбірала, Што, колькі буду жыць, хачу Кахаць, бы я недакахала. Ірвецца ўвысь, струной звініць Мая істота "неручная", Тады магу я толькі жыць, Калі люблю, калі кахаю! *** Пачварны твар пустой надзеі На скрыжаваннях нашых лёсаў, А часу млын нам перамеле І свет, і цемру, дым і росы. Збавення не было й не будзе Такі ўжо лёс наканаваны, На небыццё мяне асудзіць, Хоць і жыла я апантана. Не, не прасіла я спакою, Няведама якога шчасця І хоць няўпэўненай рукою Свой лёс сама хацела скласці. Я знаю, нехта ёсць над намі, Хто з уладай дабравейнай, А свет уздыбіўся рукамі, Што просяць долі безнадзейна. Анёл пацалаваў дзіця, Прыгладзіў валаскоў кудзельку І на маленькую пасцельку Паклаў кужэльны паясок. І быў той паясок дарогай, Якой памалу, напрасткі, Праз ручаі і праз масткі Нечы ў свет пайшоў сынок. *** Сядзіць бусел на страсе - Назіраю, што нясе. Мабыць, дзіцятка тут будзе, Кажуць мне старыя людзі. Прынясе, дык хай нясе Мне бялявенькую ўнучку… Я яму аддзячу добра На ўсю сваю палучку: Мех пшаніцы, то ж яда, Кола з воза для гнязда. Каб над хатаю кружыў, Каб ніколі не тужыў, Каб вяртаўся па вясне У сваё гняздо ка мне. Бусел, бусел - клекатун, Шчасця й радасці вястун. *** Душа ад песні зварухнецца, Духмяным хмелем абвіне, Пяшчотаю аблашчыць сэрца І струны-мроі здрыгане. Ізноў ад паўнаты пачуццяў - Слязінкі непрасохлы след, Яна мне не дае сагнуцца, Які б ні быў непрыхільны свет. З мае пявучае крыніцы Бяру я сілы для жыцця, Мне піць з яе і не напіцца, Яна мне - маці і дзіця. Калі ж агорне адзінота, З чаго няведама туга, Яна мне - радасць і пяшчота, Сама святлікасць, без заган. Пры горы зноў мяне суцешыць, І радасць з песняю паўней, І трапным гумарам пацешыць, Раскажа, што было даўней. Што мы без песні? Недарэмна Нясём яе мы праз вякі, І векавая пераемнасць Зрабіла наш народ такім. Ад кожнай хаты, ад парога, Дзе свой рабілі першы крок, Нас, не забыўшыхся пра Бога, Бабулі ставілі ў "танок". Эх! Песні, пералівы кветак, Радзімы сутнасць, соль зямлі, Вас зберажом для нашых дзетак, Каб гукі родныя жылі. ЖАНЧЫНАМ КУЛЬТУРЫ Культура ў нас на раздарожжы - куды ісці, не знаем самі. Калі ўдарышся ты ў творчасць, наўрад ці выгарыць з грашамі. Калі ж ты сёння выбраў грошы, то ты для ўсіх цяпер харошы: для ўпраўлення, выканкама ты самы добры, любы самы. Калі ж яшчэ жанчына з густам, мужчыны - проста, як ад дусту - пад ногі падаюць без стуку… Жыццё, браток, такая штука - Калючкі мусіш гадаваць І з імі жыць паспрабаваць. *** Каля рэчкі, каля гаю Свайго любага чакаю. Ты прыйдзі хутчэй, каханы, Мой салодкі, мой чаканы. Залюблю, і зацалую, Ды вачыма зачарую, І спляту з расін вяночак, Каб прыгожы быў мой хлопчык. За ракой пяе зязюля. Чую, кліча ўжо матуля. ГІМН АГАРОДУ Люблю хадзіць у агарод, Калі ўсё зеленню буяе: Капуста, морква, буракі, Цыбуля плот пераганяе. У агурковым часцяку Не знойдзеш сам сябе, бывае, Во дзе раздолле агурку - Тут кожны ліст яго хавае. Але ж разгорнеш густату - Вось ён, пупырчаты, пахучы, Жаданы, сочны і хрумсткі, Хаця і крышачку калючы. Зубамі ўп'ешся - нібы ў рай На белым коніку ўязджаеш… Не спрабаваў? Тады, сябрук, Жыцця зусім яшчэ не знаеш. *** Эх, Вася, Вася, як дайшоў Ты, дружа мой, да гэтай кропкі, Што ў самы нараджэння дзень Ты выпіў, можа, дзесяць стопкаў? З сябрамі за здароўе піў, Жадалі моцы ў ручкі, ножкі. А як дахаты прываліў Абняць мог хіба толькі кошку. Падушку моцна прытуліў І з пачуццём свайго вялічча На ложак цела узваліў, Хай жонка нават і не кліча. Назаўтра галава баліць, Ізноў зашкаліў ціск за планку Вось так адзначыў у чацвер Дзень нараджэння ты са шклянкай. ЖАНЧЫНАМ Час міласэрна ставіцца да вас... Не страціўшы жаноцкую прывабнасць, Вы па шляху жыццёваму ішлі, Збярогшы малажавасць, стаць і зграбнасць. Няхай яны застануцца пры вас: І гумар ваш, і розум, і цярпенне, Хай прыкладам жыццёвы будзе шлях Для будучага пакалення!