Папярэдняя старонка: ПАЭЗІЯ

Марыя Масла 


Аўтар: Масла Марыя,
Дадана: 17-03-2016,
Крыніца: Ад Лідскіх муроў № 8; Ліда, 2015.

Спампаваць




Марыя Масла (Брэйва). Нарадзілася 16 верасня 1957 года ў вёсцы Гурыны Дварышчанскага сельсавета Лідскага раёна.

Вучылася ў Гервяніцкай васьмігадовай школе (1964-1970 гг.). Выпускніца Лідскай школы-інтэрната (1974 г.) і Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы (1980 г.).

Працавала ў Няцецкай і Гярвяніцкай васьмігодках, у дзіцячым садзе №17 г. Ліды.

Вершы друкаваліся ў "Лідскай газеце", "Нашым слове", "Гродзенскай праўдзе", "Прынёманскіх вестках", у часопісах "Пралеска", "Вясёлка", "Ад лідскіх муроў".

Вершы гучалі на Лідскім і рэспубліканскім радыё, у час пасяджэнняў літаратурнага аб'яднання "Суквецце", у многіх навучальных установах г. Ліды.


   
   
    ***

У музеі слова сустракаю зноў я
Блізкіх майму сэрцу, дарагіх сяброў.
І пульсуе памяць, і мінае замець
Перажытых зімаў, стомленых гадоў.

У музеі слова - поступ дзеяслова
Мудрасць і дакладнасць нам дарыць гатоў.
Будзь надзейным, слова, шчасцем і высновай,
Спраўджанымі марамі нашых землякоў!

***

Лідчына, ты - нашай долі світанак,
Лідчына, ты - маладосці прыстанак.
Лідчына, ты - залатая падкова,
Лідчына, ты пачуцця трапяткога!


МАЯ "НІВА"

Тут поле рапсава калышацца,
Хвалюе срэбрам сенажаць,
Крылом бусліным песня пішацца,
Здалёк мелодыя чуваць!


МОЛАДЗІ
(Спроба гімна для каледжа)

Адзіны, моцна згуртаваны
Наш маналітны калектыў.
І светлай марай апантаны,
Ліецца песенны матыў.

Урачыста, велічна іграе
У сэрцах нашых маладых.
Знаходкай смелай выспявае,
Лагодзіць, цешыць 
                     дбайны слых.

Пагляд у будучнасць імкнецца,
Цвярдзее ўпэўненасці крок,
Учынкам добрым адзавецца
Надзейнай мудрасці ўрок.

Сяброў трывалаю падтрымкай
Гучыць настаўніцкі наказ:
Сталейце, хлопчыкі, дзяўчынкі,
У добры час, у добры час!


Святлане Цішук паводле кнігі
 "На крылах белай вароны" (2000 г.)

О ты, Белая Варона,
Твая моцная карона!
Ты - мая
Сястра
І Маці.
Цябе буду шанаваці,
За цябе маліцца буду,
Каб ніколі крыўды груды
На шляху
Тваім
Не ўсталі,
Каб уважлівей чыталі
І радкі, і міжрадкоўі,
Разумелі ўсе выслоўі,
Станавіліся
Мудрэй,
І святлей,
І адважней!
З пер'я Белае Вароны -
Незвычайная карона.


Сардэчнае пажаданне жнівеньскім юбілярам

Спелае лета ўсміхаецца,
Лашчыцца на далоні -
Шчасце сваё лаві,
Спознішся - не дагоніш!

Няхай мядовым будзе Спас
І дзеля ВАС,
І дзеля НАС!
У добры час! У добры час!


СІНУСОІДА ШЧАСЦЯ

Мастом над безданню зноў лёс..
Там вадападу страшны плёс,
Там грому рокат,
Там аблом,
Маланкі рогат,
Буралом.
Там навальніцы буйны шквал,
Чарговых справаў перавал -
Так выпрабоўвае любоў,
Гартуе сэрца… Будзь гатоў!


ГАСЦІНЕЦ

Гасцінец высланы абрусам,
І цешыць вока светлы шлях.
Іду шчасліва, без прымусу,
Трапеча сэрцайка ў грудзях.

Вясёлкай граюць мае вочы,
Спявае, цешыцца душа.
Тут нарадзілася аднойчы,
Тут пралягла жыцця шаша.

Завулкі, сцежкі і прыпынкі,
І вуліц цэлы карагод…
Іду я з вамі без упынку,
І сёння доўжыцца мой ход.

Малітву ціха шэпчуць вусны
Аб утрапёнасці святой:
Цярплівай будзь, 
                        як трэба, мужнай,
Захоўвай велічны спакой!

***

Словы "любоў", "таленавітасць"…
Хутчэй за ўсё - гэта Божая літасць,
Каб мы знайшлі дарогу ў Неба.
Вось наш аплатак: будзем з хлебам!


 
 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX