Алеся Аляксандраўна Бурак нарадзілася ў 1930 годзе на беларускім Палессі. Скончыла Дукорскую школу на Меншчыне і сталічны педінстытут імя Горкага. З 1954 года настаўнічала на Лідчыне. Аўтар кнігі паэзіі "Прастора дабрыні".
ВАЛОШКІ Лён расціла, кужаль прала, Кросны ўстанавіла, Палатно з любоўю ткала, Потым адбяліла. Сшыла міламу сарочку, Вышыла валошкі, Каб ён да майго садочка Не забыў дарожку. Каб часцей па вечарочках Бег да майго сэрца, Ля валошак на сарочцы Я змагу сагрэцца. Калі ж мілы пацалуе, Назаве харошаю, Дык адразу расцвіту я Для яго валошкаю. ПАСЛУХАЙЦЕ Лячыце раны сэрца Дабром святым, не злобай, Лагоднасцю, любоўю, Даверам сілам неба. Пабойцеся гардыні, Ганіце прэч ляноту, Звяртайцеся да Бога, Адчуўшы адзіноту. Адкрыйце яму душу, Прасіце дапамогі У цяжкія хвіліны Душэўнае знямогі. Шукайце пазбаўлення Ад крыўды, бед, абразы У шчырасці малення Перад святым абразам. АКТАВА Цэлы стос паперы на маім стале, І на бела-белых аркушах паперы Мае вершы зернем у радкі ляглі, Каб нашчадкі заўтра іх спазнаць маглі. Як шкада, патрэбных слоў мне не стае, Каб адзначыць вартасць дабрачынных спраў І акрэсліць еднасць думак і праяў… Цэлы стос паперы на маім стале… *** Радкі маіх вершаў - падмога жыцця, Яны, што нятленная памяць, Мяне падымаюць над звадкай быцця І для няўдач быццам замець. Радкі маіх вершаў - спакусам затор, Бо душу яны ачышчаюць, Мае спадзяванні і думак прастор. У жыцці маім шлях асвятляюць. МАСТОЧАК З ТОНЕНЬКІХ ДАШЧЭЧАК Да калінкі над ракою ў роспачы прыйду, Раскажу я ёй пра нашу спрэчку-злыбяду, А ты ходзіш у сумоце берагам насупраць, Ты пакліч - і басанож я пабягу насустрач Цераз рэчку па масточку з тоненькіх дашчэчак, І не стану больш жаданню я твайму пярэчыць, Цалаваць сябе дазволю, не скажу: "Даволі!", Шкадаваць аб тым не буду, калі страчу волю. Лепш у згодзе і пяшчоце хай гады імчацца, Чым з калінкай над ракою з роспаччу змагацца. Непакоіць нас не будзе рэха даўніх спрэчак - Цёпла ўспомніцца масточак з тоненькіх дашчэчак. НАСТАЛЬГІЯ Чарнобыльскі злавесны чорны попел Павыганяў з-пад стрэх маю радню, Параскідаў яе па розных месцах Жахлівы час, падобны на вайну. А мне ўсё помняцца, успамінаюцца Такія блізкія палескія мясціны І святы, на якіх радня збіраецца У добрай згодзе за сталом гасцінным. У Варатцы святкуем мы Міколу, Баўшы збіраюць родных на Іллю, На Ўзвіжанне сустрэча ў Рудакове, А ў Бабчыне ўслаўляем Пакраву. Палоніць сэрца цеплыня, утульнасць Сярод вясёлай, шчодрай дабрыні, У размове шчырай кожны раз адчуеш, Адкуль ты сам, твае дзе карані. Тых святаў нам сягоння не хапае, Нялёгка ўсіх сабраць за вытканым абрусам, І часта мы другія святы адзначаем… Шкада: знікае адчуванне беларуса. СЯБРАМ - АДНАДУМЦАМ Мая радзіма там, дзе бор сасновы, Духмянасць верасоў і водар чабаровы, Дзе птушкі ўранні весела спяваюць, Дзе сябрукі прыветна сустракаюць. Мне так прыемна бачыць аднадумцаў, Што радуюць сустрэчаю са мною, І на былое прымушаюць азірнуцца Сяброўства даўняе і шчырыя размовы. Так, некалі былі мы, як князёўны-павы, Са станам тоненькім і гордаю паставай, З вачыма яснымі і рамантычнай марай, І не адны хадзілі мы, а ў парах. І цалавалі нам мужчыны рукі... Каханне ж нашае было парукай На долю лепшую і шчасце без падману, Не засціла сляза вачэй туманам. А сёння зніклі нашы стан дзявочы, Празрыстасць позірку... Падоўжыліся ночы... Пачуцці ж нашыя ўсё тыя ж, маладыя, Душа і думкі - светлыя, жывыя. Не гнуць гады нас цяжарам сваім, Хоць многа бед спазналі мы ліхіх, Не трацім гумару, мудрэем мы штодня І дабрыню на сэрцы песцім, як дзіця. Мы радуемся ласкаваму сонечнаму ўсходу І мужна сустракаем кожную нягоду... Нам сілы прыдаюць сябры і вера ў Бога - А гэта ўсё каштуе дарагога. РОДНАЙ ДУКОРЫ Прыпадаю да ніў тваіх, росных лугоў, Прагна п'ю не нап'юся крынічнай вады. Каласы напяваюць мне песні дзядоў. Сустракае пяшчотаю бор малады. Родны змалку куток беларускай зямлі. Першы покліч Радзімы з узлётамі мар. Гора першае стрэла мяне тут, калі Над краінай пачаўся ваенны пажар. На фронт бацька пайшоў, з маці ў бежанцы - мы, Не вярнуўся з вайны ён, былы палітрук, Мы ж прайшлі скрозь пякельнае жэрла вайны, Перамогу вітаў з намі ў небе жаўрук. Хоць чацвёрты загінуў у нашай сям'і І жыццё нам узлегла на плечы траіх, Утрымалі яго. Зноў цвіце на зямлі Буйны колас у полі, як памяць жывых. А дарога жыцця зноў мяне прывяла Ў тое месца, дзе радасць палоніць мой боль. Прызнаюся: у жыцці б я нямнога змагла, Калі б сустракацца не стала з табой. МАТУЛІНА СЭРЦА Без бацькі расла я старэйшай дачкою… Падоўгу адна па-над сіняй ракою Я з горкай калінай на лёс наракала І крыўду ў роснай траве паласкала. Ці то ад ракі ўдалася сінявокай, Ці то ад калінкі - уражліва-тонкай, Ад рос прыгажэла, рабілася чыстай, Ад долі сірочай - пяшчотна-іскрыстай. Цяпер зразумела, як нас ты любіла, Без бацькі, адна, ўзгадавала-ўзрасціла І кожную з нас на жыццёвую сцежку Выводзіла, слёзы хавала за ўсмешкай. І зараз аб нас тваё сэрца баліць, Ад кожнай імкнешся бяду адхіліць. Ты ведай, чакай, мы спяшаем заўжды Да той непаўторна-празрыстай вады, Да сэрца, што нашу бяду забірае, Да белай хусцінкі, што слёзы ўцірае. *** У нас, у беларусаў, вочы шэрыя, Лагодныя і справядлівыя, Разумныя і вельмі шчырыя, Спагадныя, добразычлівыя. ПРАСТОРА ДАБРЫНІ Ужо шмат гадоў на свет гляджу з акна, Але ніколі не бываю я адна… Прастора дабрыні маёй душы Мне дапамагае бачыць існасць Таго, што за акном маім ляжыць, Самотнасць майму сэрцу ненавісна. Я, пэўна, шчаслівейшая з людзей, Бо іншым слова шчырае нясу, Бо радуюся справам дабрадзеяў, Ды і зласлівых зразумець магу. Не трэба ідэаламі нам трызніць, Бо кожны чалавек такі, як ёсць, Галоўнае - нікога не пакрыўдзіць І не прынізіць годнасці сваёй. Люблю жыццё пакутліва, няўтольна І кожнаму заўжды дапамагу Цяплом сардэчным, працаю нястомнай. Вось толькі здрады дараваць я не змагу. Хоць шмат гадоў на свет гляджу з акна, Але ніколі не бываю я адна. Прастора дабрыні - маленькая кватэра, Дзе ўладараць думкі, сэрца, пісчая папера… Прастора дабрыні - мая прастора. Хай абыходзяць яе немач, зло і гора. М. І. Р. Я думала, ты будзеш чыстаю расою, Абмыеш раны ўсе, пачуцці ажывіш, А стаў ты для мяне пякучаю слязою, Якую не прагнаць, з якой нялёгка жыць. І засцілае вочы едка-злым туманам, Страшнейшым за праклён было тваё: "Бывай". Заўжды хварэць табой, і так неспадзявана Мне піць на горычы настоены адчай. *** Сутарэнні думак і пачуццяў І струны душэўнай перапеў Не даюць, перашкаджаюць чуць мне Раніцай птушыны звонкі спеў. І бывае невыноснай скруха І глухая немасць цішыні, Каля скроняў несканчона кружыць Непатрэбнасць моўнай дабрыні. Ачарсцвелі людзі думкай, сэрцам, І ад іх падмогі не чакай. Толькі шчодра грэе на планеце Міласцю вялікай родны край. *** Піша восень існаванне: Яблык поўняю павіс, Выклікае журбаванне Жураўліны клінапіс. З туманамі дружыць поле, Стынуць рэкі, даль імжыць… Восень па-над краем долі Паспяшаецца, бяжыць. Існаванне - журбаванне… Свет - імжа… Любоў - адчай… Ці ж патрэбна нам расстанне Позняй восенню? - Страчай! РОДНЫЯ ПРАСТОРЫ Краскі ў лузе расцвілі, Пахне сокамі зямлі Маладое ў поле збожжа, Дождж прайшоў, і пад вясёлкай, Хваляй чыстай, хваляй звонкай, Рэчка мкнецца ў падарожжа. Даль сінюткая такая, Ветрык лісце чуць гайдае, І смяецца сонца ўладна, А я крочу між палямі, Між лясамі, між лугамі, Прыгажосці падуладна, І шкадую, што не маю Слоў, каб гожасць свайго краю Пераплесці тонкай песняй, Толькі сэрца хвіляй весняй Над прасторамі лунае Ды ўдаль думкі парывае. ПРАБАЧ Алесю Хітруну Прабач, мой дружа ясназоры, Што пра цябе пякуся, Табе я зычу высяў зорных На ўлонні Беларусі. Няхай твой вобраз прамяністы Нахабству, злу пярэчыць, Тваіх памкненняў добрых, чыстых Ніхто хай не аспрэчыць. Прабач за чуласць майго сэрца, За роздум, мо, няўгодны, Хай шчасна свеціць табе сонца, Жыццё будзе пагодным. Малюся за адну хвілінку Размоў, сустрэч са мною. Ты - майго сэрца палавінка, Цяпло жыцця зямнога. НА АРЭЛЯХ МРОІ На арэлях мроі я высока Узлячу, зрок кіну на зямлю, Залюбуюся азёрамі з асокай, Прывітаю рэчак чысціню. Я лясам шумлівым пакланюся І калоссю жытняму ў палях, Хай жывецца мірна беларусам, І прыносіць шчасце белы птах.