Канчэўская Ларыса Георгіеўна. Нарадзілася на в. Сахалін 9 кастрычніка 1946 г. Жыла ў Расіі, у Латвіі. З 1956 г. жыве ў Лідзе. Скончыла філалагічны факультэт БДУ. Была рабочай, лабарантам на заводзе электравырабаў, мастаком-афарміцелем, касірам у банку, малодшым навуковым супрацоўнікам у гарадскім архіве, інструктарам гарвыканкама, інжынерам па эстэтыцы, выкладчыкам у педвучылішчы. Пенсіянерка. Зрэдку друкавалася ў "Лідскай газеце" і газеце "Чистый мир".
ПЕСНІ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ Ты ясная, уся росная, празрыстая, Ля хуткіх пераблытаных рачулак Гайдаеш ціха травы серабрыстыя, Якім даеш гасцінны свой прытулак. На золку, расхінуўшы вочы светлыя Азёраў у пахкай зарасці альховай, Духмянымі лугамі вабіш ветліва, Гукаеш прахалодаю баровай. Ахінутая гонямі, палямі І паскамі спавіта сінярэчнымі, Ты шчодрымі пагоркамі-грудзямі Палеткі поіш сокамі адвечнымі. Прыгожая мая! Вяснова-юная І мудрая ў сівізне зімовай - Спяваеш і вясёлыя, і сумныя Ты песні на сваёй крынічнай мове. ЮРАСЬ Пеўню рана шчэ спяваць… Цёплы дух з авіна… Каля студні пастаяць Выйшаў сын Скарынаў. Варухнецца сонны птах - Храп трасе ўсю хату. Распляскаўся Млечны Шлях У зорах-заранятах. Чуе хлопец нібы звон, Добрыя панове, Божа Слова бачыць ён Ды на роднай мове! І ад тых сівых дымоў У Полацку зімовым Да краін чужых дайшоў У сэрцы з гэтым словам. З хлопца сціплага таго Навуковец стане. І дзівіліся з яго Ведаў італьяне. Не пашаны ён збіраў У тым краі далёкім, А раменьчык завязаў На чале высокім, І пачаў перш друкаваць Не свае трактаты - Закон Божы, каб чытаць У беларускай хаце. Справу, што для нас зрабіў, Толькі Богу змерыць! Усім лёсам ён злучыў Нашу мову з верай. *** Хадземце ноччу ў лес Да казачных здарэнняў, Нябёсных зорных крэс, Юнацкіх летуценняў! Спяшайцеся! Хутчэй!! Да досвітку нам трэба Пералічыць яшчэ Ўсе дыяменты неба. Альховы водар нас Ахутае бы воблак У пачувальны час, Калі палае золак. А птушкі, даўшы ўступ Спачатку нерашуча, Ужо потым запяюць Празрыста і гаюча. І раптам - як штодзень - Павольна, урачыста Свяціла ўзыдзе Над ранкам гэтым чыстым! І родная зямля, І гэты свет чароўны Ствараюць спакваля Суладдзе ў нас цудоўна. Хадземце ў лес!! Хутчэй!!! СПАТКАННЕ І Яна здалёк яго самоту адчувала… Абодва зведаўшы душэўнае пустэчы, Імчаць дзве знічкі ад касмічнае навалы. Падзяка лёсу за імгненную сустрэчу! ІІ І даўшы знакі моўленнем адвечным (Яшчэ ляцець у Сусвет да розных берагоў), У абліччы надзвычайна чалавечым Ледзь затрымаліся сярод зямных снягоў. ІІІ Яна пацалавала яго ў радзіму, у скронь. З пяшчотай подыхам ён грэў яе далонь. БЕЛАСЛУПКІ І Віхура хістае самотную чарацінку На тле снегавой прасторы й барвянага неба… Адбываецца злучэнне беларускай імшарыны З мінімалісцкай выразнасццю японскага мастацтва. ІІ Рукі дрэваў такія моцныя, Што яны намагаюцца дзеля людзей Утрымаць цяжкі восеньскі небасхіл І ўпрыгожыць вясновы свет. ІІІ З маленства любіла я Маю знаёмую блакітную зорку, Нават калі і не чула Ні пра мову, ні пра чалавека, Якія апелі яе. ІV Яна да зморы скардзілася Богу На сваё жыццё І абражалася, што Ён не чуе яе, Не будучы ўдзячнай за тое, што Скончыўся няспынны дождж, Завітала суседка з пачастункамі, Што ласкава завіхаецца котачка каля спадніцы І, наогул, яна сама бачыць, чуе, гаворыць, ходзіць І робіць розную працу. V Пад цяністым палогам Старога дрымотнага дуба на строме Нёмана Мы з сястрой пячом у цяпельцы рыбу. Сонейка зіхаціць на роўнядзі ракі, І чуецца мармытанне струменьчыкаў… Шчасце… VI Усё чакаю і чакаю цябе, Не ведаю, колькі год… Мусіць, ужо не адно жыццё. Прыходзілі… Але гэта ўсё не ты. Напэўна, таксама недзе сумуеш. Пачакайма.